Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 26 страниц)
Згублены сярод наіўнага натоўпу, які заспяваў нацыянальны гімн, калі паветраны шар пачаў набіраць вышыню, Флярэнтына Арыса пагадзіўся з чалавекам, які каментаваў у натоўпе, што падобная авантура не пасуе жанчыне, тым больш, у веку Фэрміны Дасы. Дарэчы, вандроўка выявілася не такой ужо небяспечнай. Прынамсі, было болей прыгнечанасці, чым небяспекі. Паветраны шар даляцеў да пункту прызначэння без перашкодаў, палёт быў спакойным, неба – неверагодна сінім. Яны ляцелі добра і вельмі нізка з прыемным спадарожным ветрам, спачатку над заснежанымі вяршынямі ўзгор’я, а пасля над бясконцаю багнай Сіенагі-Грандэ.
З нябёсаў яны бачылі, як бачыць іх Бог, руіны старажытнага і гераічнага горада Картахэна-дэ-Інд’яс; гэта быў найпрыгажэйшы горад у свеце, пакінуты жыхарамі ў паніцы перад халерай, хоць да таго яны цягам трох стагоддзяў трывалі блакады ангельцаў ды флібусцьерскія набегі. Яны бачылі некранутыя муры фартэцыі, пустазелле на вуліцах, умацаванні, ахінутыя дываном з братак, мармуровыя палацы і залатыя алтары, віцэ-каралёў, што згнілі жыўцом ад халеры ў сваіх даспехах.
Яны ляцелі над старажытнымі забудовамі на палях Трохас-дэ-Катакі, пафарбаванымі ў вар’яцкія колеры, угледзелі фермы, дзе разводзілі ігуанаў на мяса, гронкі бальзаміну і вадзяныя астры ў садовых сажалках. Сотні голых дзяцей кідаліся ў ваду. Яны былі радасна ўзбуджаныя ад азартных выклікаў і скакалі з вокнаў, ляцелі ў ваду з дахаў дамоў, а таксама з лодак, якімі яны кіравалі з дзівосным спрытам. Яны сноўдалі ў вадзе, нібыта рыбіны-шалёнкі, каб злавіць торбу з вопраткай, флакон з пілюлямі ад кашлю, харчы – гожая жанчына ў капелюшы з плюмажам кідала ім усё гэта з гандолы паветранага шара.
Яны ляцелі, пакідаючы за сабой бананавыя плантацыі, падобныя да акіяна, поўнага таямніцаў і ценяў, і ціша ўздымалася да іх выпарэннямі смерці. Фэрміна Даса прыгадала сябе малой дзяўчынкай – ёй было тры, сама больш чатыры гады, калі яна шпацыравала па змрочным лясным гушчары за руку з маці. Маці таксама выглядала зусім маладой сярод дам у муслінавых строях, як і яна, у газавых капелюшах і з белымі парасончыкамі. Аэранаўт, які кіраваў паветраным шарам, праз бінокль разглядаў наваколле. «Яны як мёртвыя», – раптам сказаў ён. І перадаў бінокль доктару Хувэналю Урбіна, і той убачыў калёсы сярод раллі з упрэжанымі валамі, межавыя слупы ўздоўж чыгункі, застылыя ірыгацыйныя каналы, і паўсюль, дзе толькі спыняўся позірк, ён бачыў раскінутыя целы людзей. Хтосьці сказаў, што зноў халера спусташае паселішчы ў раёне Сіенагі-Грандэ. Доктар Урбіна адказаў, не адводзячы вачэй ад бінокля:
– Гэта мусіць быць вельмі спецыфічны від халеры, бо ў кожнага чалавека ў патыліцы – след ад «кулі міласэрнасці».
Трохі пазней яны праляцелі над успененым морам і без асаблівых прыгодаў завершылі пасадку на спякотным пляжы, які паліў жывым полымем: уся зямля наўкола была раз’едзеная салетраю. Там іх сустрэлі прадстаўнікі мясцовых уладаў, што бараніліся ад сонца адно звычайнымі парасонамі. Вучні пачатковых школ размахвалі сцяжкамі ў такт гімна. Каралевы прыгажосці, з упрыгожаннямі з павялых красак і ў залатых каронах з кардону, пакутавалі ў чаканні, а побач стаяла гаспадыня папаевай плантацыі з заможнай сялібы Гайра, якая ў тыя часы была найлепшай на Карыбскім узбярэжжы. Фэрміна Даса хацела толькі пабываць яшчэ раз у роднай вёсцы, каб параўнаць існае з самымі даўнімі сваімі згадкамі, аднак ім не дазволілі гэтага зрабіць з-за халеры. Доктар Хувэналь Урбіна ўручыў гістарычнае пасланне губернатара, якое пазней назаўсёды згубілася сярод нікому не патрэбных паперак, а дэлегацыя ў поўным складзе ледзь не задыхнулася ад спякоты ды манатоннасці прамоў. Пры канцы ўрачыстасці гасцей павезлі на мулах да самае прыстані ў Пуэбла-Б’еха, дзе багна сыходзілася з морам, бо бартавы інжынер не здолеў зноў узняць паветраны шар. Фэрміна Даса была ўпэўненая, што зусім малой яна з маці праязджала па гэтым шляху ў фурманцы, запрэжанай валамі. Калі Фэрміна падрасла, яна неаднойчы распавядала бацьку пра гэта, але бацька так і памёр, перакананы, што яна ніяк не магла прыгадаць штосьці падобнае.
– Я насамрэч згадваю тую вандроўку, – сказаў ён, – але гэта было, найменей, за пяць гадоў да твайго нараджэння.
Удзельнікі экспедыцыі на паветраным шары вярнуліся ў родны порт праз тры дні, адпакутаваўшы ад жорсткага начнога шторму, і былі сустрэтыя, як героі. У натоўпе, зразумела, стаяў і Флярэнтына Арыса, які на твары Фэрміны Дасы ўгледзеў сляды змучанасці. Аднак крыху пазней, удзень, калі ён зноўку назіраў за ёю на выставе ровараў, таксама арганізаванай яе мужам, Фэрміна Даса выглядала так, нібыта стому рукой зняло. Яна праехала на неверагодным ровары, які б больш падыходзіў для цыркавых відовішчаў, з задужа высокім пярэднім колам, над якім яна сядзела, і з маленькім заднім, якое ледзьве спраўлялася з роляй апоры. З гэтай нагоды яна апранула шаравары з разрэзам і чырвонай аблямоўкай, што выклікала асуджэнне старэйшых дам і канфуз сярод мужчын, аднак ніхто не застаўся абыякавым да ейнага спрыту.
Гэты вобраз любай жанчыны, як і мноства іншых, якія раптоўна ўзнікалі цягам столькіх гадоў у памяці Флярэнтына Арыса, калі тое было заўгодна лёсу, ды гэтак жа раптоўна знікалі, развярэдзіў ягонае сэрца. Аднак успаміны тыя сталіся тычкамі на яго жыццёвым шляху, бо ён зведваў жорсткасць часу не гэтак праз старэнне ўласнага цела, як праз незаўважныя змены, якія ён адкрываў у Фэрміне Дасе пры кожнай сустрэчы.
Аднойчы ўвечары Флярэнтына Арыса зайшоў у «Шынок дона Санча» – рэстарацыю найвышэйшага кшталту ў каланіяльным стылі – і сеў за самы аддалены столік, як звычайна рабіў, калі самотна заходзіў сюды, каб з’есці яшчэ адзін птушыны падвячорак. І тут раптам ён убачыў Фэрміну Дасу ў вялікім люстры на задняй сцяне залы – яна сядзела за сталом з мужам і яшчэ дзвюма парамі, ды пад такім вуглом, што ён мог любавацца адлюстраваннем Фэрміны Дасы ва ўсёй яе прыгажосці. Яна вяла застольную гамонку грацыёзна, ейны смех выбухаў, нібы святочны феерверк, а гожасць здавалася ярчэйшай пад вялікай крышталёвай люстрай: Аліса зноў прайшла скрозь казачнае люстэрка.
Флярэнтына Арыса любаваўся ёю – глядзеў, стаіўшы подых, як яна ела, як ледзь пакаштавала віно, як жартавала з праўнукам дона Санча, заснавальніка рэстарацыі; Флярэнтына Арыса пражыў разам з ёю імгненне яе жыцця за сваім самотным столікам, тое імгненне, якое цягнулася цэлую гадзіну, ён няспешна прайшоўся, бы нябачны прывід, па запаветным краі яе прыватнага жыцця. Пасля выпіў яшчэ чатыры філіжанкі кавы, каб расцягнуць час, пакуль не заўважыў, што Фэрміна Даса са сваёй кампаніяй выходзіць з рэстарацыі. Яны прайшлі так блізка ад яго, што ён вылучыў водар парфумы Фэрміны Дасы сярод парфумаў ейных сябровак.
З гэтага вечара і амаль на працягу года Флярэнтына Арыса ўпарта трымаў у асадзе ўладальніка рэстарацыі, прапаноўваючы яму, што заўгодна, гатоўкай альбо ў іншым выглядзе на выбар, толькі б той прадаў яму люстэрка. Гэта было не так проста, бо чацвёрты ў радаводзе ўладальнікаў рэстарацыі стары дон Санча верыў у легенду пра тое, што нібыта разбяная рама, справа рук венскіх чырванадрэўшчыкаў, была ідэнтычнай раме, якая належала Марыі Антуанэце і знікла бясследна: размова ішла пра дзве ўнікальныя каштоўнасці. Калі ўладар рэстарацыі нарэшце здаўся, Флярэнтына Арыса павесіў люстэрка ў зале свайго дома, але не з прычыны непераўзыдзенай гожасці рамы – яго скарыла ўнутраная прастора люстэрка, якую любы вобраз займаў цягам цэлых дзвюх гадзін.
Амаль заўсёды, калі Флярэнтына бачыў Фэрміну Дасу, яна ішла пад руку з мужам у поўнай гармоніі, яны нібыта рушылі ў асаблівым полі у дзівоснай звязцы, уласцівай хіба што сіямскім блізнятам, якая парушалася, толькі калі віталі Флярэнтына. Сапраўды, доктар Хувэналь Урбіна паціскаў яму руку з сардэчнай цеплынёй і нават часамі дазваляў сабе папляскаць яго па плячы. Затое Фэрміна Даса прысудзіла яго да абыякавага рэжыму прынятых фармальнасцяў і ніколі не зрабіла ні найменшага жэсту, які дазволіў бы падазраваць жанчыну ва ўспамінах часоў яе дзявоцтва. Яны жылі ў адрозных сусветах, аднак калі ён спрабаваў скарачаць адлегласць паміж імі, яна не рабіла ніводнага кроку насустрач. Прайшло шмат часу перад тым, як ён насмеліўся падумаць, што абыякавасць Фэрміны Дасы магла быць толькі ахоўнай бранёй ад пачуццяў, якія яе пужалі. Гэтая думка ўзнікла раптам на цырымоніі хрышчэння першага рачнога карабля, які быў збудаваны на мясцовай верфі. З нагоды афіцыйнай цырымоніі Флярэнтына Арыса таксама ўпершыню прадстаўляў дзядзьку Леона XII у якасці першага віцэ-прэзідэнта параходнай кампаніі. Гэтае супадзенне надало святу асаблівую ўрачыстасць, і на караблі прысутнічалі ўсе, хто хоць нешта значыў у жыцці горада.
Флярэнтына Арыса прымаў гасцей у галоўным салоне карабля, які яшчэ захоўваў пахі свежае фарбы і бітуму, калі прычал выбухнуў воплескамі і духавы аркестр зайграў трыумфальны марш. Ён з цяжкасцю схаваў даўнія пачуцці, якія былі з ім амаль аднаго ўзросту, калі пабачыў жанчыну сваёй мары пад руку з мужам, гожую ў сваёй спеласці, якая праходзіла, нібыта каралева іншых часоў сярод ганаровага каравула ў параднай форме, пад яркімі стужкамі серпанціну і дажджом з жывых пялёсткаў, якія кідалі з вокнаў. Яны салютавалі ў адказ, аднак Фэрміна Даса была настолькі асляпляльнай, што, здавалася, стаіць адна перад натоўпам у залацістай вопратцы, якую насілі толькі манархі, у чаравіках на высокіх абцасах, з чарнабуркай на шыі і ў модным капелюшы, падобным да звона.
Флярэнтына Арыса чакаў іх на мастку побач з уладамі правінцыі, пад гукі музыкі, выбухаў феерверку і трох моцных гудкоў карабля, якія абдалі парай увесь прычал. Хувэналь Урбіна павітаў уладных асоб з толькі яму ўласцівай натуральнасцю, якая кожнага прымушала думаць, што доктар шануе яго неяк асабліва. Першым стаяў капітан карабля ў параднай форме, за ім паказаўся арцыбіскуп, далей былі губернатар з жонкай, алькальд, таксама з жонкай, і вайсковы камендант горада, які толькі што прыехаў з андыйскай правінцыі. Апошнім стаяў Флярэнтына Арыса ў строі цёмнага колеру, амаль непрыкметны сярод такіх вядомых асоб. Павітаўшы вайсковага каменданта, Фэрміна нібыта завагалася перад працягнутай рукой Флярэнтына. Вайсковец ужо быў гатовы іх прадставіць адно аднаму, і спытаў яе, ці яны знаёмыя. Яна не адказала ні так, ні не, але падала руку Флярэнтына з салоннай усмешкай. Тое ж самае здаралася двойчы ў мінулым і мусіла здарацца наперад, і Флярэнтына Арыса прымаў гэта як паводзіны, уласцівыя характару Фэрміны. Аднак на караблі ён раптам спытаў сябе, паддаючыся сіле свайго запаленага ўяўлення: ці не ёсць жорсткая абыякавасць папросту ўлоўкай, каб схаваць ад яго любоўныя пакуты?
Сама ідэя гэтага абудзіла ягоныя жарсці. Ён зноўку бадзяўся каля дома Фэрміны Дасы ў такім жа рамантычным парыве, як і шмат гадоў таму ў Евангельскім скверыку, аднак намер быў іншым: не прайсці, каб яна запрыкмеціла яго, а проста ўбачыць каханую, каб ведаць, што яна яшчэ жыве на белым свеце. Аднак пад тыя часы там цяжка было заставацца незаўважным. Квартал Ля-Манга быў ледзь не паўпустэльным востравам, аддзеленым ад гістарычнага цэнтра горада каналам, па якім цяклі пазелянелыя воды, з кустоўем ікака па берагах, дзе ў каланіяльныя гады па нядзелях знаходзілі прытулак закаханыя пары. Апошнім часам там разабралі каменны мост, збудаваны яшчэ іспанцамі, паставілі новы з бетону з шарападобнымі ліхтарамі і запусцілі па ім трамвай на мулах. Напачатку жыхарам Ля-Мангі давялося цярпець пакуты, не прадугледжаныя праектам, – яны спалі паблізу першае ў горадзе электрастанцыі, – яе вібрацыя нагадвала няспынны землятрус. Нават доктар Хувэналь Урбіна з усёй ягонай уладай не здолеў дабіцца, каб станцыю перанеслі ў такое месца, дзе б яна нікому не замінала, пакуль не ўмяшалася Воля Нябёсаў, спрычыненасць доктара да якой была агульнавядомым фактам. Аднойчы ўначы кацёл станцыі выбухнуў, праляцеў са страшнай сілай над новымі дамамі, перасёк паўгорада і разваліў вялікую галерэю старажытнага манастыра Святога Юліяна Гасціннага. Стары будынак быў закінуты яшчэ да выбуху і пуставаў цэлы год, але кацёл забіў адразу чатырох вязняў, якія той ноччу ўцяклі з мясцовай турмы і хаваліся ў капліцы.
Ціхае прадмесце з добрымі традыцыямі кахання перастала быць прывабным для закаханых з таго часу, як ператварылася ў квартал багацеяў. Вуліцы пыліліся ўлетку, ператвараліся ў багну ўзімку і былі пустэльнымі круглы год, рэдкія дамы патаналі ў зеляніне садоў, мазаічныя тэрасы, нібыта зробленыя наўмысна, каб патаемныя закаханыя ўпадалі ў адчай, замянілі сабой лёгкія балконы з каванай аздобай. На шчасце, тады сталася модным наймаць старажытны экіпаж, перароблены пад аднаго каня, і катацца ўвечары. Маршрут завяршаўся на ўзгорку, адкуль можна было назіраць нібыта разадраны кастрычніцкі захад сонца лепш, чым з вежы маяка, і людзі бачылі асцярожных акул, якія сачылі за пляжам семінарыстаў, а ў чацвер – аграмадны белы трансатлантычны карабель, да якога можна было амаль дакрануцца, калі ён праходзіў па канале порта. Звычайна Флярэнтына Арыса наймаў экіпаж пасля працоўнага дня ў канторы, але ён не апускаў верх, як было прынята ў сезон спякоты, а заставаўся ў глыбіні сядзення, нябачны ў цяні, заўсёды самотны, заўжды мяняючы маршрут, каб не ўзбудзіць дурных думак у рамізніка. Насамрэч шпацыры цікавілі Флярэнтына адным: партэнонам з ружовага мармуру, які хаваўся сярод густой зеляніны платанавых дрэў і кустоўя манга, партэнонам, які бездапаможна паўтараў ідылічныя палацы сярод бавоўнавых плантацый Луізіяны. Дзеці Фэрміны Дасы вярталіся дамоў а пятай альбо крыху раней. Флярэнтына Арыса назіраў, як яны набліжаліся да дома ў фамільнай пралётцы, потым бачыў, як доктар Хувэналь Урбіна выязджаў на штодзённыя візіты да хворых, але амаль за год ягоных назіранняў ні разу не ўгледзеў вобраз, пра які марыў.
Аднойчы ўвечары ён настаяў на самотным катанні, нягледзячы на чэрвеньскую навальніцу, якая вось-вось мусіла пачацца. Тады конь паслізнуўся ў гразі ды ўпаў. Флярэнтына Арыса з жахам усвядоміў, што яны знаходзяцца дакладна перад домам Фэрміны Дасы, і маліў рамізніка прыдумаць што-кольвек, упусціўшы, што яго адчай мог выдаць сапраўдную мэту шпацыру.
– Толькі не тут, малю вас, – усклікнуў ён, – дзе заўгодна, толькі не тут!
Здзіўлены трывожным голасам кліента, рамізнік спрабаваў узняць кабылу, не расперазаўшы яе, і колавы стрыжань экіпажа трэснуў. Флярэнтына Арыса выйшаў, як мог, церпячы сорам пад моцным дажджом, і людзі з іншых экіпажаў прапаноўвалі адвезці яго дамоў. Пакуль ён чакаў, пакаёўка сям’і Урбіна ўгледзела чалавека ў мокрай вопратцы, які боўтаўся па калена ў вадзе, і вынесла яму парасон, каб ён перачакаў на тэрасе. Флярэнтына Арыса не мог і марыць пра такую ўдачу ў сваіх неўтаймаваных мроях, аднак тады лепш было б памерці, чым паказацца Фэрміне Дасе ў гэткім выглядзе.
Калі яны жылі ў старой частцы горада, кожную нядзелю Хувэналь Урбіна з сям’ёю хадзілі пешшу ў кафедральны сабор на ранішнюю імшу а восьмай. Гэта была, хутчэй, свецкая, чым рэлігійная звычка. Пазней, калі яны пераехалі ў новы дом, то ездзілі на экіпажы некалькі гадоў запар, і часам затрымліваліся з сябрамі пад пальмамі парку. Але праз нейкі час у межах квартала Ля-Манга семінарыя збудавала храм з закрытым пляжам і ўласнымі могілкамі, і сям’я ўжо ездзіла ў кафедральны сабор толькі ў асабліва ўрачыстых выпадках. Не ведаючы пра гэта, Флярэнтына Арыса чакаў некалькі нядзеляў на тэрасе Прыходскай кавярні і назіраў за выхадам паствы з кожнай імшы. Урэшце ён зразумеў сваю памылку і з’ездзіў у новы касцёл, які доўга заставаўся ў модзе, і там знайшоў доктара Хувэналя Урбіна з дзецьмі, яны прыходзілі дакладна а восьмай усе чатыры нядзелі жніўня, але Фэрміны Дасы з імі не было. У адну з нядзеляў ён наведаў новыя могілкі, якія месціліся побач, дзе жыхары Ля-Мангі будавалі свае шыкоўныя пантэоны, і ягонае сэрца здрыганулася, калі ён угледзеў найлепшы з пантэонаў пад раскідзістымі сейбамі, ужо завершаны. Флярэнтына Арыса бачыў гатычныя вітражы і мармуровых анёлаў, надмагільныя камяні ўсёй сям’і з надпісамі золатам. Сярод іх, зразумела, было і надмагілле донны Фэрміны Дасы дэ Урбіна дэ ля Калле, а затым і ейнага мужа, але з агульнай эпітафіяй: «Разам і ў Божым спачыне».
Да канца года Фэрміна Даса не з’явілася ні на адной з грамадскіх урачыстасцяў. Не з’явілася і на калядных святкаваннях, на якіх яна разам са сваім мужам зазвычай былі ганаровымі галоўнымі ўдзельнікамі. Але асабліва заўважнай стала яе адсутнасць на інаўгурацыі опернага сезона. Падчас антракту Флярэнтына Арыса заспеў людзей, якія, безумоўна, гаварылі пра Фэрміну Дасу, не называючы яе. Гаварылі, што хтосьці бачыў, як апоўначы аднаго з дзён чэрвеня мінулага года яна паднялася на борт трансатлантычнага карабля фірмы Кунард, які накіроўваўся ў Панаму, што на ёй быў цёмны вэлюм, каб ніхто не заўважыў псоты ад саромнае хваробы, што жэрла яе. Другі спытаў, якая страшная хвароба асмелілася прыстаць да жанчыны з такой уладай, на што атрымаў злосны адказ:
– Слынная дама здольная захварэць толькі на сухоты.
Флярэнтына Арыса ведаў, што багацеі ягонай зямлі не хварэлі па дробязях. Яны альбо раптоўна паміралі, амаль заўсёды напярэдадні вялікага свята, якое адмянялася з прычыны жалобы, альбо згасалі ад доўгіх і мярзотных захворванняў, інтымныя падрабязнасці якіх, зрэшты, даходзілі да публікі. Зняволенне ў Панаме было амаль абавязковым пакаяннем у жыцці багацеяў. Яны скараліся Божай волі ў Адвентысцкай лякарні, у вялізным белым бараку, забытым сярод дагістарычных навальніц Дар’ена, дзе хворыя гублялі лік дням рэшты жыцця; у самотных пакоях з зацягнутымі фіранкамі ніхто не мог ведаць пэўна, сімвалам чаго з’яўляецца пах карболавае кіслаты – жыцця альбо смерці. Тыя, хто паправіўся, вярталіся з цяжарам выдатных падарункаў і раздавалі іх шчодра, нават з адчаем, нібыта перапрашаючы за тое, што засталіся жывыя. Некаторыя вярталіся з жахлівымі шрамамі на жываце, нібыта іх зашыў шавец. У гасцях яны ўздымалі кашулі, паказвалі швы на целе, параўновалі са шнарамі тых, хто памёр у тумане наркозу, стойваючы подых ад шчасця. І да смерці бясконца распавядалі пра з’яўленні анёлаў, якіх яны ўгледзелі пад уздзеяннем хлараформу. Аднак ніхто ніколі не апавядаў пра бачанне тых, хто не вярнуўся, хто памёр выгнаннікам у аддзяленнях для сухотнікаў, хутчэй ад суму, што наганяў дождж, чым ад непрыемнасцяў хваробы.
Флярэнтына Арыса не ведаў, якая бяда зачапіла Фэрміну Дасу. Аднак перадусім ён хацеў праўды, якой бы яна ні была невыноснай, і ён яе шукаў, але дарэмна. Было неверагодна, што ніхто не можа падказаць хоць след у сцверджанні пачутае версіі. У свеце рачных караблёў, то бок у ягоным свеце, не было таямніцаў альбо канфідэнцыйных ведаў, якія надоўга заставаліся такімі. Тым не менш, ніхто не пачуў ні слова пра жанчыну пад чорным вэлюмам. Ніхто нічога не ведаў у горадзе, дзе ўсё заўсёды было вядомым, дзе часцяком даведваліся пра падзеі нават раней, чым яны адбываліся. Асабліва, калі справа тычылася вышэйшага грамадства. Аднак ніхто не здолеў вытлумачыць знікненне Фэрміны Дасы. Флярэнтына Арыса, як і раней, бадзяўся па квартале Ля-Манга, як чужы слухаў імшу ў базыліцы семінарыі, прысутнічаў на грамадскіх мерапрыемствах, якія б ніколі не зацікавілі яго, будзь ён у іншым душэўным стане, але з цягам часу ў яго толькі расла вера ў версію пра хваробу каханай. У доме Урбіна ўсё выглядала нармальна, калі не лічыць адсутнасці Фэрміны Дасы.
У сваіх пошуках Флярэнтына Арыса сутыкаўся з невядомымі яму раней фактамі, і сярод іх была вестка пра смерць Лярэнса Дасы ў роднай кантабрыйскай сялібе. Зяць, які не адбыўся, згадваў, што доўгія гады сустракаў яго падчас шумных шахматных баталій у Прыходскай кавярні, дон Лярэнса ахрып ад бясконцай балбатні, ён стаўся мажным і ўсё больш грубым, пагружаючыся ў зыбкія пяскі нешчаслівай старасці. Яны ні разу не размаўлялі пасля кілішка анісавай падчас незабыўнага сняданку яшчэ ў мінулым стагоддзі, і Флярэнтына Арыса быў упэўнены: Лярэнса Даса ўсё яшчэ памінаў яго ліхам, як і ён – цесця, які таксама не адбыўся, нават пасля таго, як дон Лярэнса дабіўся жаданага – багатай партыі для дачкі, што было адзіным сэнсам яго жыцця. Аднак Флярэнтына Арыса так хацеў знайсці беспамылковую інфармацыю пра здароўе Фэрміны Дасы, што зноў наведваў Прыходскую кавярню, каб спытацца ў бацькі, і гэта мела месца пад той час, калі разыгрывалі гістарычны турнір, у якім Ерэмія дэ Сэнт-Амур змагаўся адзін супраць сарака двух шахматыстаў. Менавіта тады Флярэнтына Арыса дазнаўся, што Лярэнса Даса памёр, дазнаўся і ледзь не ўзрадаваўся, нават разумеючы, што цаной ягонай радасці можа быць жыццё без праўды пра Фэрміну Дасу. З цягам часу ён усё ж паверыў у варыянт пра лякарню і несуцешна паўтараў выслоўе: «Хворая жанчына– вечная жанчына». У дні адчаю ён задавальняўся думкаю пра тое, што вестка пра смерць Фэрміны Дасы, калі такі ейны лёс, крый Божа, так ці інакш дойдзе да яго без асаблівых перашкодаў.
Але гэтая вестка ніколі да яго не прыйшла, бо Фэрміна Даса была здаровая і жыла ў маёнтку кузіны Ільдэбранды Санчас, забытая, як яна думала, усім светам за паўлігі ад сялібы Флёрэс-дэ-Марыя. Фэрміна Даса з’ехала без скандалу і са згодаю мужа, бо яны з ім заблыталіся, як юнакі, у адзіным сур’ёзным крызісе, які ўзнік за дваццаць пяць гадоў стабільнага сямейнага жыцця. Бяда заспела іх неспадзявана падчас спакою і спеласці, калі яны ўжо лічылі, што мінулі ўсе рыфы і засады лёсу, а дзеці былі дарослыя і атрымалі добрае выхаванне, будучыня вымалёўвалася без хмараў, і яны маглі цалкам засвоіць навуку старасці без горычы. Гэта было так нечакана для іх, што яны не схацелі выпраўляць становішча крыкамі, слязьмі і пасярэднікамі, як гэта было прынята ў Карыбскім басейне. Яны аддалі перавагу мудрасці еўрапейскіх нацый, але будучы не зусім карыбцамі ды не зусім еўрапейцамі, яны загрузлі ў стане, хутчэй, інфантыльным і не звязаным з характарам людзей якога-кольвек рэгіёна. Зрэшты, яна вырашыла сысці, нават не ведаючы, чаму і навошта, яна кіпела ад чыстае злосці, і ён не здолеў яе адгаварыць, бо замінала ўсведамленне ўласнай вінаватасці.
Фэрміна Даса сапраўды ступіла на борт карабля апоўначы з усімі перасцярогамі для захавання інкогніта, схаваўшы твар жалобным вэлюмам. Аднак гэта не быў трансатлантычны карабель фірмы Кунард, які трымаў шлях на Панаму, а толькі рэйсавы караблік у Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу, сялібу, дзе яна нарадзілася, жыла ў маленстве, і куды вяла настальгія па родных мясцінах, якая з гадамі рабілася невыноснай. Супроць волі мужа і звычак эпохі яе суправаджала толькі адна пятнаццацігадовая дзяўчына, якую яна ўдачарыла, яна выхоўвалася разам са служкамі, але капітаны рачных караблікаў і ўлады ўсіх портаў следавання былі папярэджаныя пра вандроўку сеньёры. Калі Фэрміна Даса прыняла неабдуманае рашэнне, яна абвясціла дзецям, што збіраецца адпачыць у цёткі Ільдэбранды, аднак сама мела намер застацца ў сялібе назаўсёды. Доктар Хувэналь Урбіна добра ведаў цвёрдасць яе характару і пакутаваў за тое, што прыняў ад’езд Фэрміны Дасы з пакорай, нібыта Божую кару за цяжкі грэх. Аднак яшчэ не паспелі растаць у змроку агні рэйсавага карабліка, як абое ўжо каяліся і кідалі праклёны ўласным слабасцям.
Нягледзячы на фармальную перапіску, якая тычылася дзяцей і іншых хатніх спраў, прайшло амаль два гады, але ні яна, ні ён не знаходзілі шляху да яе вяртання, які б не быў замінаваны ганарлівасцю. Дзеці паехалі ў Флёрэс-дэ-Марыя на другія ў жыцці школьныя вакацыі. Фэрміна Даса зрабіла немажлівае, каб паказацца задаволенай новым жыццём. Ва ўсялякім разе, так зразумеў Хувэналь Урбіна, які меркаваў пра стан жонкі па лістах сына. Апрача таго, у тыя дні праехаў праз сялібу біскуп Рыёачы, які выязджаў да паствы пад паліюмам на слыннай белай муліцы з вышытай золатам папонай. За ім валам сыпалі паломнікі з самых далёкіх сялібаў, музыкі, што гралі на акардэоне, бадзяжныя гандляры ежай і амулетамі. На працягу трох дзён маёнтак быў набіты калекамі і цяжка хворымі, якія насамрэч ішлі за біскупам не з тым, каб слухаць мудрыя казанні і прасіць пра адпушчэнне грахоў, а каб дабіцца міласці ад муліцы, пра якую гаварылі, што яна творыць цуды ўпотайкі ад гаспадара. Біскуп быў блізкі да дому Урбіна дэ ля Калье з тае пары, калі пачаў службу шараговым ксяндзом, і вось аднойчы апоўдні ён уцёк ад цэлага кірмашу, што сачыў за ім, каб паабедаць у маёнтку Ільдэбранды. Пасля абеду, калі гаварылі толькі пра зямныя справы, біскуп адклікаў Фэрміну Дасу і прапанаваў ёй споведзь. Яна адмовілася далікатна, але цвёрда і аргументавала адмову тым, што ёй няма ў чым каяцца. Хоць яна не надумала канкрэтнае мэты, прынамсі, свядома, усё ж засталася з думкаю, што яе адказ абавязкова дойдзе да адпаведнага адрасата.
Доктар Хувэналь Урбіна звычайна гаварыў не без долі цынізму, што тыя два гады жыцця аказаліся надта горкімі не з яго віны. Усё здарылася праз дурную звычку жонкі, якая нюхала вопратку ўсёй сям’і і нават уласную, каб вызначыць па пахах, ці не час іх аддаць у пральню, хоць на першы погляд вопратка выглядала чыстай. Яна рабіла так з маленства і ніколі не думала, што гэта заганна, пакуль муж не заўважыў за ёю гэтай звычкі ў першую шлюбную ноч. Ён таксама ведаў, што жонка паліла не менш як тройчы на дзень, замыкаючыся ў ванным пакоі, але не звяртаў увагі на гэта, бо жанчыны ягонага кола зазвычай паводзілі сябе так у кампаніі, каб пагаманіць аб мужчынах, а часамі нават распівалі бутэльку ці дзве вінаграднай гарэлкі і валяліся на падлозе, п’яныя, бы муляры. Аднак манера абнюхваць любую вопратку, якая трапляла ёй пад руку, здавалася доктару не толькі недарэчнай, але і небяспечнай для здароўя. Яна прымала яго заўвагі за жарт, як усё, што не жадала абмяркоўваць, і гаварыла, што Бог уганараваў яе выдатным носам івалгі не для аздобы твару. Аднойчы раніцой, калі яна выйшла купіць чагосьці, хатняя прыслуга падняла на ногі ўвесь квартал у пошуках яе трохгадовага сына, бо не здолела знайсці яго ў доме. Фэрміна Даса прыйшла, дазналася аб прычыне панікі, пакружляла трохі па доме, нібыта натрэніраваны сабака, і знайшла сына, які заснуў у шафе, дзе ніхто і не дадумаўся шукаць. Здзіўлены муж спытаўся ў яе, якім чынам яна яго знайшла, і жонка адказала:
– Па паху серункоў.
Насамрэч нюх служыў ёй не толькі для вызначэння ступені чысціні вопраткі і пошуку зніклых дзяцей: гэта быў сродак каардынацыі ва ўсіх аспектах жыцця, і перадусім у свецкіх справах. Хувэналь Урбіна назіраў феномен з моманту нараджэння іх сям’і, і найбольш яскрава яго ўздзеянне праяўлялася на самым пачатку. Фэрміна Даса была чужынкай у коле, якое было настроенае супраць яе, – яна плыла сярод вострых, як нож, густых каралаў непрыязі, не сутыкаючыся ні з кім, і трымалася перад арыстакратыяй з такім самавалоданнем, што прычынай мог быць толькі звышнатуральны інстынкт. Страшэнны талент, вытокамі якога маглі быць тысячагадовая мудрасць продкаў альбо хіба што каменнае сэрца, успыхнуў бядой аднойчы ў нешчаслівую нядзелю перад імшой, калі Фэрміна Даса панюхала па звычцы вопратку, што муж надзяваў напярэдадні ўдзень, і перажыла трывожнае адчуванне, нібыта ён спаў з іншай жанчынай. Напачатку яна абнюхала пінжак і камізэльку. Выцягнула са штрыфеля кішэнны гадзіннік, дастала асадку, партманет і некалькі дробных манетак з кішэняў. Потым склала ўсё на начным століку: кашулю, зняўшы заціск для гальштука і запінкі з тапазамі, а таксама залаты гузік і ўстаўны каўнерык. Пазней – штаны, дастаўшы бірульку з адзінаццаццю ключамі і ножычак з перламутравай ручкай. Нарэшце ўзялася за сподняе, шкарпэткі з чыстай бавоўны і з вышытай манаграмай. Ужо не заставалася ні ценю сумневу: кожная рэч выдавала пах, якога яна ні разу не адчула за гады і гады сумеснага жыцця. Гэта быў пах, які не паддаваўся вызначэнню, бо не меў нічога агульнага з кветкамі альбо штучнымі эсэнцыямі і быў больш блізкі да чалавечай прыроды. Яна нічога не сказала, пах сустракаўся ёй не кожны дзень, але Фэрміна Даса ўжо нюхала вопратку мужа не дзеля таго, каб ведаць, ці час яе праць, – яе мучыў непакой, які нібыта грыз душу.
Пакутліва было тое, што Фэрміна Даса не магла апазнаць гэты пах і суаднесці яго з распарадкам дня мужа. Паміж ранішняй лекцыяй і абедам гэтага быць не магло, бо, як яна лічыла, ні адна жанчына ў здаровым розуме не пойдзе на паспешлівую сувязь у той час, калі трэба прыбраць дом, заправіць ложкі, схадзіць на кірмаш ды згатаваць абед. А тут яшчэ страх, што раптам прывядуць дзіця са школы раней, напрыклад, праз тое, што хтосьці параніў яго кінутым у галаву каменем, і недарэка заспее маму аголенай аб адзінаццатай раніцы, у непрыбраным пакоі ды яшчэ ў абдымках доктара. З іншага боку, Фэрміна Даса ведала, што доктар Хувэналь Урбіна аддаваў перавагу любові ўначы, у поўнай цемры, у крайнім выпадку перад сняданкам пад першае птушынае буркаванне. Пазней за гэтую гадзіну, як ён казаў, цяжэй за ўсё распранацца і нанава цалкам апранацца, і гэта знішчала асалоду ад любові ўдзень. Так што вопратка магла насыціцца пахамі толькі падчас наведвання хворага альбо ўвечары, калі ён нібыта хадзіў у кіно альбо гуляць у шахматы. Гэта было цяжкавата высветліць, бо ў адрозненне ад іншых жонак Фэрміна Даса была надта ганарлівай, каб шпіёніць за мужам альбо прасіць каго-кольвек займацца гэтым для яе. Час наведвання хворых здаваўся найбольш прыдатным для здрады, і гэта было найлягчэй адсачыць, бо доктар Хувэналь Урбіна вёў падрабязныя нататкі пра стан кожнага кліента і сумы ганарару за лекаванне з першага агляду і да развітання з ім на гэтым свеце апошнім жагнаннем і кароткаю малітваю за спачын душы.
Праз тры тыдні Фэрміна Даса не выявіла чужога паху ў вопратцы мужа. Пах адсутнічаў некалькі дзён. Пах вярнуўся тады, калі яна менш за ўсё чакала, прычым цяпер ён быў больш яскравы, чым калі раней, і трымаўся цягам некалькіх дзён запар, хоць адзін з тых дзён, якраз нядзеля, супаў з сямейным святам, падчас якога яна і ён не адлучаліся ні на імгненне. Неяк удзень яна аказалася ў кабінеце мужа супраць сваёй волі і нават уласнага жадання, нібыта не яна, а іншая рабіла тое, чаго ніколі сабе не дазваляла, – разабрала нататкі пра візіты апошніх месяцаў скрозь зграбную бенгальскую лупу. Упершыню яна ўвайшла адна ў кабінет, насычаны парамі крэазоту, поўны кніг у пераплётах са скуры невядомых жывёлаў, з выцвілымі гравюрамі, якія адлюстроўвалі школьныя групавыя партрэты, з ганаровымі граматамі з пергаменту, са старажытнымі астралабіямі і фантастычнымі кінжаламі, якія ён калекцыянаваў здаўна. Яна ўлезла ў патаемнае свяцілішча, якое заўсёды заставалася адзінай сферай прыватнага жыцця яе мужа, куды ўваход ёй быў забаронены, бо гэта не вязалася з сямейным жыццём, яны бывалі там толькі разам, і тое зрэдчас, па мімалётных і нязначных справах. Яна адчувала, што не мае права ўваходзіць у кабінет адна, тым больш для патаемнай праверкі, якую сама ж лічыла несумленнай. Аднак яна была там. Хацела знайсці праўду і шукала яе з неўтаймаваным імпэтам, які можна было параўнаць хіба што з жахлівым страхам перад тым, што яна, крый Божа, знойдзе. Фэрмінай Дасай кіраваў бескантрольны парыў, больш патрабавальны, чым яе прыроджаная ганарлівасць і нават годнасць: гэта была захапляльная пакута.








