Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 24 (всего у книги 26 страниц)
Яна мела прычыны дзякаваць Флярэнтына Арысу, бо ў сувязі з мярзотнымі артыкуламі ён накіраваў у «Справядлівасць» гнеўны ліст пра этычную адказнасць прэсы і павагу да гонару і годнасці ўсялякага чалавека. Ліст не быў надрукаваны, але аўтар перадаў копію ў «Камерцыйную газету», найстарэйшую і найсур’ёзнейшую на Карыбскім узбярэжжы, і тая надрукавала ліст на першай паласе. Ён падпісаў ліст псеўданімам «Юпітэр», тэкст быў настолькі зграбным, колкім і поўным здаровага сэнсу, што яго нават прыпісвалі знакамітым пісьменнікам правінцыі. Гэта быў самотны голас сярод акіяна, але разышоўся ён глыбока і шырока. Фэрміна Даса здагадалася, хто быў аўтарам ліста, без усялякай падказкі, бо пазнала пэўныя думкі і нават цэлую фразу з разважанняў Флярэнтына Арысы на маральную тэматыку. Так што яна прыняла яго з адноўленым пачуццём прыхільнасці ў беспарадку яе закінутасці.
У той самы час аднойчы ў суботу Амэрыка Вікунне аказалася адна ў спальні на вуліцы Вэнтанас і чыста выпадкова знайшла ў шафцы, якая не зачынялася на ключ, машынапісныя копіі роздуму Флярэнтына Арысы і адказы Фэрміны Дасы, напісаныя ад рукі.
Доктар Урбіна Даса ўзрадаваўся ўзнаўленню візітаў, якія так натхнялі маці. Наадварот, ягоная сястра Афэлія вярнулася першым гандлёвым караблём з Нью-Арлеана, які прыбыў з грузам садавіны, як толькі дазналася, што Фэрміна Даса падтрымлівае старое сяброўства з чалавекам, чыё маральнае аблічча было небездакорным. Яе трывога дасягнула крытычнай мяжы з першых дзён, калі яна шмат пра што здагадалася па ступені фамільярнасці, па ўпэўненасці, з якой трымаўся Флярэнтына Арыса ў доме маці, заўважыла шэпт і спрэчкі па дробязях, нібыта паміж жаніхом і нявестай, на працягу ўсяго візіту, то бок да глыбокае ночы. Toe, што для доктара Урбіна Дасы было здаровым сваяцтвам душ двух самотных людзей на схіле гадоў, для яе выглядала грахоўнай формай патаемнага сужыцця. Такой была заўсёды Афэлія Урбіна, больш, чым да маці, падобная да донні Блянкі, бабулі па бацьку, нібыта яна была яе дачкой. Зграбная і ганарлівая, як бабуля, яна жыла ва ўладзе прымхаў, была няздольная ўявіць сабе цнатлівага сяброўства між мужчынам і жанчынай ні ў пяць гадоў, ні тым больш у восемдзесят. У ваяўнічай спрэчцы з братам яна сказала, што для поўнага суцяшэння маці толькі і не хапае, каб Флярэнтына Арыса залез ў ложак удавы. Доктару Урбіна Дасу не ставала мужнасці, каб супрацьстаяць сястры, але ягоная жонка ўмяшалася, спакойна заступіўшыся за каханне, якому пакорныя ўсе ўзросты. Афэлія страціла цярплівасць.
– Каханне абсурднае нават у нашым узросце, – крыкнула яна, – але ў іхным узросце – гэта свінства.
Яна так раз’юшана патрабавала выгнаць Флярэнтына Арысу з дома, што гэта дайшло да вушэй Фэрміны Дасы. Яна паклікала Афэлію ў спальню, дзе звычайна вяла размовы, якіх служанкі не мусілі чуць, і папрасіла паўтарыць яе абвінавачанне. Афэлія паўтарыла, не падсалоджваючы, яна была ўпэўненая, што Флярэнтына Арыса, чыя слава дэгенерата агульнавядомая, пераследаваў двухсэнсоўныя мэты гэтай сувяззю, больш шкоднай для добрага імя сям’і, чым ўсе махлярскія выхадкі Лярэнса Дасы і ўсе наіўныя прыгоды Хувэналя Урбіна. Фэрміна Даса выслухала яе моўчкі, нават не міргнуўшы, але калі дачка скончыла гаварыць, яна ўжо была іншай жанчынай, якая вярнулася да жыцця.
– Адно мне балюча, што няма сіл адлупцаваць цябе па заслугах за дзёрзкасць і абразлівую падазронасць, – сказала яна. – Але ты зараз пойдзеш з гэтага дома і, клянуся касцьмі сваёй маці, не пераступіш парог пакуль я жывая.
Не было сілы, здольнай пераканаць яе ў іншым. Афэлія перабралася ў дом брата і адтуль пасылала ўсялякія мольбы праз высокапастаўленых эмісараў. Але марна. Нават пасярэдніцтва сына і ўмяшальніцтва сябровак нічога не далі. Нявестцы, да якой Фэрміна Даса заўсёды ставілася паблажліва, раптам выдала шчырасць трапнымі словамі лепшых яе часоў: «У мінулым стагоддзі мне спаскудзілі жыццё з гэтым бедным чалавекам, бо мы былі занадта маладыя, а зараз вы хочаце ўсё паўтарыць, бо мы занадта старыя». Яна запаліла цыгарэту ад папярэдняй і выліла ўсю атруту, якая раз’ядала душу.
– Ды пайшлі яны ў сраку, – сказала Фэрміна Даса. – Калі мы, удовы, маем хоць якуюсьці перавагу, яна ў тым, што ўжо няма каму намі камандаваць.
Ніхто нічога не здолеў зрабіць. Калі ўрэшце Афэлія ўпэўнілася ў бясплённасці сваіх намаганняў, яна вярнулася ў Нью-Арлеан. Толькі таго і дабілася, што маці развіталася з ёю, а Фэрміна Даса пагадзілася на гэта пасля слёзных просьбаў, але не дазволіла ёй прайсці ў дом: яна паклялася касцьмі маці, а ў тыя змрочныя дні для яе толькі яны заставаліся чыстымі.
Падчас аднаго з першых візітаў, кажучы пра караблі, Флярэнтына Арыса зрабіў Фэрміне Дасе фармальныя запросіны на вандроўку па рацэ. Яшчэ адзін дзень цягніком, і яны дабраліся б да сталіцы рэспублікі, якая называлася імі, як і бальшынёй карэнных карыбцаў іхнага пакалення, імем, якое горад насіў у мінулым стагоддзі: Санта-Фэ. Але яна яшчэ захоўвала антыпатыі, перанятыя ад мужа, і не хацела бачыць сцюдзёны і змрочны горад, дзе жанчыны выходзілі на вуліцу хіба што дзеля таго, каб наведаць імшу а пятай. Жанчыны не мелі права ўваходзіць у кавярні альбо ў дзяржаўныя ўстановы. Таксама, як гаварылі, у горадзе часцяком узнікалі жахлівыя заторы на вуліцах ад пахавальных працэсій. Там ішоў дробны нудны дождж з тае пары, як іспанцы падкавалі першага мясцовага мула, і дождж быў пакутлівым, горшым, чым у Парыжы. З іншага боку, Фэрміна Даса адчувала моцную цягу да ракі, хацела бачыць, як кайманы грэюцца пад сонцам на вялізных пясчаных адхонах берага, прачнуцца ўначы ад жаночага плачу ламанцінаў. Але сама думка пра такую вандроўку ў яе гады, да таго ж, з улікам яе ўдовінага стану, была нерэальнай.
Флярэнтына Арыса паўтарыў запросіны пазней, калі Фэрміна Даса ўжо разважыла працягваць жыццё без мужа, і тады думка падалася ёй усё ж мажлівай. Пасля разладу з дачкой, засмучаная абразамі ў бок бацькі, двудушнай ліслівасцю Люкрэсіі дэль Рэаль, якую столькі гадоў лічыла сваёй найлепшай сяброўкай, яна адчула сябе лішняй ва ўласным доме. Аднойчы ўвечары яна піла свой універсальны настой, глядзела на вялізную лужыну ў двары, дзе ніколі больш не будзе расці дрэва яе няшчасця, і раптоўна сказала яму:
– Я больш за ўсё хацела б пакінуць гэты дом, пайсці проста наперад і ніколі не вяртацца.
– Чаму б не на караблі? – рызыкнуў Флярэнтына Арыса.
Фэрміна Даса зірнула на яго задумліва.
– Што ж, цалкам мажліва, – адказала яна.
За імгненне да гэтага яна і не думала ні пра што падобнае, але варта было ёй усвядоміць рэальнасць прапановы, каб вырашыць: сказана – зроблена. Сын і нявестка сустрэлі яе рашучасць з захапленнем. Флярэнтына Арыса паспяшаўся патлумачыць, што Фэрміна Даса будзе ганаровай госцяй на адным з ягоных караблёў са спецыяльнай каютай, дзе яна будзе як дома, з выключным сэрвісам, і капітан асабіста зоймецца яе бяспекай і дабрабытам. Ён прынёс мапы маршрутаў, каб падтрымаць яе энтузіязм, прапанаваў паштоўкі з неверагоднымі захадамі сонца, паэмы, што апявалі першародны рай на рацэ Магдалене, якія напісалі слынныя вандроўнікі альбо тыя, хто стаўся слынным дзякуючы выдатнай паэзіі. Яна праглядала іх, калі была ў добрым настроі.
– Не трэба падманваць мяне, як немаўля, – казала яна. – Калі я паеду, гэта таму, што я так вырашыла, а не праз цікавасць да краявідаў.
Калі сын прапанаваў, каб з маці паехала ягоная жонка, Фэрміна Даса адрэзала, як па-жывому: «Я ўжо не маленькая, і пільнаваць мяне не трэба». Яна сама рыхтавала для вандроўкі ўсё да драбязы і адчувала вялізную палёгку ад думкі, што пажыве восем дзён на караблі, пакуль ён пойдзе ўверх па рацэ, і яшчэ пяць дзён, якія трэба на адваротны шлях. Узяла з сабою толькі самае неабходнае: паўтузіна строяў з бавоўны, рэчы туалету і гігіены, пару чаравікаў для пасадкі і высадкі, хатнія тапачкі на дарогу і больш нічога: гэта была мара яе жыцця.
У студзені 1824 года камандор Еган Бэрнард Эльбэрс, піянер рачной навігацыі, узняў сцяг над першым параходам, які накіраваўся па рацэ Магдалене, – гэта была прымітыўная пасудзінка на сорак конскіх сілаў, якая мела назву «Вернасць». Больш за стагоддзе пазней, сёмага ліпеня а шостай вечара, доктар Урбіна Даса і ягоная жонка праводзілі Фэрміну Дасу да сходняў карабля, на якім яна ўпершыню ад’язджала ў вандроўку па рацэ, і гэта быў першы карабель, збудаваны на мясцовай верфі, Флярэнтына Арыса назваў яго ў гонар слыннага папярэдніка «Новая Вернасць». Фэрміна Даса не магла паверыць, што шматзначная для іх назва была насамрэч гістарычнай выпадковасцю, а не новай праявай хранічнага рамантызму Флярэнтына Арысы.
У кожным разе, у адрозненне ад іншых рачных караблёў, старажытных і сучасных, «Новая Вернасць» мела дадатковую каюту, даволі прасторную і камфартабельную, побач з жытлом капітана. Каюта складалася з гасцёўні, у якой была бамбукавая мэбля вясёлага колеру, шлюбнай спальні, дэкараванай кітайскімі матывамі, ванны і душа, і вельмі ўтульнай крытай веранды, аздобленай папараццю. З каюты адкрываўся краявід па хадзе і абодвух бартах карабля. Яна мела сістэму бясшумнага ахалоджвання паветра, якая аберагала вушы ад вонкавага грукату і стварала ў каюце вечную вясну. Гэтая каюта люкс, вядомая як прэзідэнцкая, бо ў ёй да таго часу ўжо вандравалі тры прэзідэнты рэспублікі, не пераследавала камерцыйных мэтаў і рэзервавалася для прадстаўнікоў найвышэйшай улады і асаблівых гасцей. Флярэнтына Арыса задумаў гэтую навінку для падняцця ўласнага іміджу, як толькі быў прызначаны прэзідэнтам параходнай кампаніі, аднак з патаемнай упэўненасцю, што рана ці позна каюта станецца шчаслівым прытулкам для ягонай вясельнае вандроўкі з Фэрмінай Дасай.
Настаў дзень, і Фэрміна Даса насамрэч прыняла прэзідэнцкую каюту на правах гаспадыні. Капітан карабля прыняў на борт Урбіна Дасу з жонкай і Флярэнтына Арысу як ганаровых гасцей – з шампанскім і вэнджаным ласосем. Яго звалі Дыега Самарытана, ён быў у белай форме, бездакорнай фуражцы з эмблемай кампаніі, вышытай золатам, і, як большасць капітанаў рачнога флоту, ён вылучаўся ўмеранай паўнатой, уладным голасам і манерамі фларэнтыйскага кардынала.
А сёмай вечара далі першы сігнал да адплыцця, такі гучны, што ён выклікаў у Фэрміны востры боль левага вуха. Мінулай ноччу яна бачыла сны, поўныя дрэнных знакаў, якія яна не адважылася расшыфраваць. Раніцой яна загадала адвезці яе да пантэона духоўнай семінарыі, які знаходзіўся блізка, і які называлі могілкамі Ля-Мангі, і замірылася з нябожчыкам мужам; стоячы перад крыптай, яна выліла ў маналогу слушныя папрокі, якія сядзелі ў горле. Затым распавяла яму падрабязнасці вандроўкі і развіталася з ім ненадоўга. Яна больш нікому не сказала пра вандроўку, бо амаль заўсёды рабіла так, калі накіроўвалася ў Еўропу, каб пазбегнуць пакутлівых развітанняў. Нягледзячы на тое, што Фэрміна Даса шмат ездзіла, яна была ўсхваляваная так, нібыта выпраўлялася ў дарогу ўпершыню, прычым з сыходам дня неспакой павялічваўся. Калі яна паднялася на борт, то адчула такі прыступ самоты і суму, што ёй захацелася пабыць адной і выплакацца.
Прагучаў апошні сігнал. Доктар Урбіна Даса з жонкай развіталіся з Фэрмінай Дасай без драматызму, і Флярэнтына Арыса праводзіў іх да сходаў. Доктар Урбіна Даса хацеў прапусціць яго следам за жонкай і толькі тут здагадаўся, што Флярэнтына Арыса таксама ўдзельнічае ў вандроўцы. Доктар не здолеў схаваць занепакоенасці.
– Але ж мы так не дамаўляліся, – сказаў ён збянтэжана.
Флярэнтына Арыса шматзначна паказаў яму ключ ад сваёй шараговай каюты, якая месцілася на палубе агульнага класа. Але гэта не падалося доктару Урбіна Дасу дастатковым доказам цнатлівасці ягоных намераў. Ён паглядзеў на жонку поглядам чалавека, які перажывае крушэнне карабля ў адкрытым моры, ён шукаў хоць якісьці пункт апоры, але сутыкнуўся з яе ледзянымі вачыма. Жонка сказала яму ціха-ціха, суворым голасам: «Ты таксама?» Так, ён таксама, як і ягоная сястра Афэлія, думаў, што ў вельмі сталым узросце каханне мяжуе з непрыстойнасцю. Аднак доктар праявіў своечасовую рэакцыю і на развітанне паціснуў руку Флярэнтына Арысу, хутчэй, з замірэннем, чым з удзячнасцю.
Флярэнтына Арыса бачыў, што яны ўжо на беразе, з веранды салона. Як ён чакаў і жадаў, доктар Урбіна Даса з жонкай павярнуліся для развітальнага пагляду, адчыняючы дзверцы аўто, і ён махнуў ім рукой на развітанне. Яны адказалі яму тым самым. Ён заставаўся на верандзе, пакуль аўто не знікла ў пыле грузавога двара, і затым накіраваўся ў каюту, каб пераапрануцца ў больш адпаведную вопратку для першай вячэры на борце ў прыватнай гасцёўні капітана.
Капітан Дыега Самарытана прыправіў знамянальную ноч цікавымі аповедамі пра ягоныя сорак гадоў на рацэ, але Фэрміне Дасе давялося прыкласці немалыя намаганні, каб выглядаць вясёлай. Нягледзячы на тое, што апошні сігнал да адплыцця быў дадзены а восьмай вечара, калі тыя, хто суправаджаў пасажыраў, сышлі на бераг і трап быў падняты, карабель не зрушыўся з месца, пакуль капітан не павячэраў і не ўзняўся на мосцік, адкуль кіраваў манеўрам. Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса засталіся на верандзе агульнага салона сярод шумных пасажыраў, якія спрабавалі пазнаць месцы горада паводле агнёў, што паступова аддаляліся. Потым карабель пакінуў бухту, увайшоў у нябачнае рэчышча ракі, мінаючы мелі і агні рыбацкіх лодак, што гойдаліся на хвалях, і задыхаў на поўныя грудзі на вольным паветры вялізнай ракі Магдалены. Тады духавы аркестр грымнуў моднай народнай песняй, і пасля выбуху радасці пасажыраў пачаліся скокі.
Фэрміна Даса сказала, што хацела б застацца адна. За вечар яна не вымавіла ні слова. Флярэнтына Арыса дазволіў ёй заглыбіцца ў роздум і перарваў яго толькі дзеля таго, каб развітацца каля ўвахода ў яе каюту. Але яна не жадала спаць, ёй проста было холадна, і яна прапанавала пасядзець крыху на адкрытай верандзе каюты і палюбавацца ракой. Флярэнтына Арыса выкаціў на веранду два лазовыя крэслы, патушыў святло, накінуў ёй на плечы плед з воўны і прысеў побач. Яна скруціла цыгарку з тытуню, які ён ёй падараваў, прычым зрабіла гэта дужа спрытна, запаліла з расцяжкай і моўчкі, нібыта дым быў надта гарачы, затым скруціла яшчэ дзве і паліла іх без перапынку. Флярэнтына Арыса паступова выпіў два тэрмасы горкай кавы.
Агні горада зніклі за гарызонтам. З цёмнай веранды пяшчотная ды ціхая рака, а таксама пашы ўздоўж берагоў пад поўняй ператварыліся ў даліну, якая свяцілася сама па сабе. Час ад часу паказваўся саламяны будан каля вогнішча, там прадавалі дровы для параходных катлоў. Флярэнтына Арыса захоўваў цьмяныя ўспаміны пра вандроўку ў маладыя гады, і вобразы ракі ажывалі ў ім асляпляльнымі парывамі памяці, нібыта гэта было толькі ўчора. Ён сёе-тое прыгадваў услых, спрабуючы ўплываць на настрой Фэрміны Дасы. Яна адстаронена паліла з такім выглядам, нібыта жыла ў іншым вымярэнні. Флярэнтына Арыса спыніў успаміны і пакінуў Фэрміну Дасу сам-насам з сабой. Яна запальвала цыгарэты адну ад адной, пакуль тыя не скончыліся. Музыка спынілася апоўначы, шум на танцавальнай пляцоўцы сціх, распаўся, перайшоў у паўсонны шэпт, і два сэрцы засталіся ў цемры веранды, адлічваючы ўдары ў такт уздыхам карабельнай машыны.
Праз пэўны час Флярэнтына Арыса зірнуў на Фэрміну Дасу і праз ззянне ракі ўбачыў яе прывіднай, профілем падобнай да статуі, якая сама выпраменьвала ледзь заўважнае блакітнае святло. Ён здагадаўся, што яна бязгучна плача. Але замест таго, каб вымавіць суцяшальныя словы альбо чакаць, пакуль яна выплача ўсе слёзы, паддаўся паніцы.
– Хочаш, каб я пайшоў? – спытаў ён.
– Калі б я гэтага хацела, то не запрасіла б цябе, – ціха адказала Фэрміна Даса.
Тады ён працягнуў у цемры сцюдзёныя пальцы, пачаў шукаць навобмацак яе руку, знайшоў і знерухомеў у чаканні. Абое былі досыць цвярозыя і зразумелі імгненна, што рукі, на жаль, не тыя, якія жылі ў іхным уяўленні, а рукі старыя і кашчавыя. Аднак тут жа абое абудзіліся. Яна загаманіла пра нябожчыка мужа не ў мінулым, а ў цяперашнім часе, нібыта ён яшчэ жыў, і Флярэнтына Арыса тут жа ўсвядоміў: для яе таксама настаў час спытаць сябе годна, велічна і з нястрымнаю прагай жыцця, што рабіць з каханнем, якое засталося без гаспадара.
Фэрміна Даса кінула пагаслую самакрутку, каб не адпускаць ягонай рукі. Яна разгубілася, не ў змозе нешта разумець. Нельга было ўявіць лепшага мужа, чым нябожчык, але яна знаходзіла больш цяжкога, чым светлага ва ўспамінах аб пражытым: занадта было ўзаеманепаразуменняў, бессэнсоўных сварак, незабытых крыўдаў. Раптам яна ўздыхнула: «Неверагодна, адкуль такое шчасце цягам столькіх гадоў сярод незлічоных сварак і калатнечы, халера на яго. І я не ведаю, ці было гэта сапраўдным каханнем, ці не». Ледзь яна аблегчыла сваю душу, як хтосьці патушыў поўню. Карабель ішоў, нібыта робячы крок за крокам, ставячы спярша адну нагу, і толькі потым другую, як драпежнік, які высочвае ахвяру. Фэрміна Даса нібыта вярнулася з краіны жаданняў.
– А зараз ідзі, – сказала яна.
Флярэнтына Арыса сціснуў яе руку, нахіліўся, спрабуючы пацалаваць яе ў шчаку. Аднак яна адвяла яго пяшчотным хрыплаватым голасам:
– Ужо не трэба – ад мяне патыхае старасцю.
Яна чула, як ён выйшаў у цемры, як крокі аддаляліся па лесвіцы – да наступнага дня. Запаліла яшчэ адну самакрутку, і пакуль яе паліла, ёй бачыўся доктар Хувэналь Урбіна ў бездакорным лёгкім строі, прафесійна суворы, вельмі сімпатычны, закаханы, – ён махнуў ёй на развітанне белым капелюшом з іншага карабля мінулага. «Мужчыны – гэта вартыя жалю рабы прымхаў, – колісь сказаў ён. – Але калі жанчына вырашыла пераспаць з мужчынам, няма перашкодаў, якія яна не можа пераадолець. Няма крэпасці, якую яна не возьме. Няма маральных установак, якія не зруйнуе дашчэнту. Адным словам, няма для яе Бога». Фэрміна Даса праседзела нерухома да золку, думаючы пра Флярэнтына Арысу не як пра нязменнага вартаўніка Евангельскага скверыка, бо ў памяці ён не запальваў ужо ні найменшага промня настальгіі, а як пра старога і кульгавага, але рэальнага чалавека, які заўсёды быў побач і якога яна здолела распазнаць. Пакуль карабель вёз яе, задыхаючыся, да ружовага золку, яна маліла Бога толькі пра адно: няхай бы Флярэнтына Арыса здолеў пачаць наступны дзень як трэба.
Ён здолеў. Фэрміна Даса загадала прыслузе не турбаваць яе, пакуль яна не выспіцца як след, і калі прачнулася, на начным століку ўгледзела вазу са свежай белай ружай, яшчэ з кроплямі расы, а побач – ліст Флярэнтына Арысы, які меў столькі старонак, колькі ён паспеў напісаць з моманту іх расстання. Гэта быў спакойны ліст – ён толькі спрабаваў выказаць настрой, які ахапіў яго ўначы, – і лірычны, як папярэднія, і рытарычны, як усе ягоныя пасланні, але ён грунтаваўся на рэчаіснасці. Фэрміна Даса прачытала тэкст, саромеючыся за неўтаймоўны галоп свайго сэрца. Ліст завяршаўся просьбай перадаць праз слугу, калі яна будзе гатовая, бо капітан чакае іх на мастку, каб паказаць, як функцыянуе карабель.
Фэрміна Даса была гатовая аб адзінаццатай. Выходзячы з ваннага пакоя, яна пахла кветкавым мылам і апранула вельмі просты ўдовін строй з шэрай бавоўны. Адчуваючы, што цалкам узнавілася пасля начных пакут, яна папрасіла слугу ў бездакорнай белай уніформе, які абслугоўваў асабіста капітана, прынесці лёгкі сняданак, і ні слова пра тое, каб па яе прыйшлі. Яна паднялася сама пад асляпляльна чыстым небам і знайшла Флярэнтына Арысу, які гаманіў з капітанам на мастку. Ён выглядаў інакш, чым зазвычай, не толькі таму, што яна пазірала на яго іншымі вачыма, – ён і насамрэч перамяніўся. Замест заўсёднай хаўтурнай вопраткі ён надзеў вельмі зручныя белыя чаравікі, лёгкія штаны і кашулю з чыстай бавоўны з расшпіленым каўняром, кароткімі рукавамі і манаграмай на нагруднай кішэні. Апрача таго, ён насіў берэт белага колеру і мудрагелістую прыладу з цёмнымі шкельцамі ад сонца паўзверх спрадвечных акуляраў блізарукага чалавека. Вопратка была новая, напэўна, набытая спецыяльна для вандроўкі, за выключэннем старога бурага рэменя: Фэрміна Даса прыкмеціла яго з першага погляду, нібыта муху ў талерцы поліўкі. Пабачыўшы Флярэнтына Арысу такім прыбраным, прычым, зразумела, апранутым дзеля яе, яна не здолела стрымаць чырвань. Яна павітала яго сарамліва, і ён засаромеўся яшчэ больш, адчуўшы яе стан. Яны ўсведамлялі, што паводзяць сябе, як жаніх з нявестай, і гэта давяло іх да такога стану, што капітан Самарытана глядзеў на іх са шкадобай. Выйсце са становішча ён знайшоў у тым, што на працягу дзвюх гадзін тлумачыў, як кіраваць і карыстаццамеханізмамі карабля. Яны марудна плылі па бязмежнай рацэ, якая залівала пустэльныя долы да гарызонту. Вада каля бухтаў была каламутнай, а на адкрытай рацэ плынь была маруднай і празрыстай, з металічным бляскам пад неміласэрным сонцам. У Фэрміны Дасы склалася ўражанне, што яны праплываюць па дэльце з пясчанымі астравамі.
– Гэта ўсё, што застаецца ад нашай ракі, – пацвердзіў капітан.
I Флярэнтына Арыса быў здзіўлены пераменамі, і яшчэ больш здзівіўся на наступны дзень, калі плыць стала цяжэй. Ён зразумеў: рака Магдалена, адна з самых вялікіх рэк у свеце, засталася ўсяго толькі ілюзіяй, часткай ягонай памяці. Як тлумачыў ім капітан Самарытана, гэта варварскае знішчэнне лясоў пакончыла з ракой за пяцьдзясят гадоў. Карабельныя катлы зжэрлі непралазныя сельвы і каласальныя дрэвы па берагах, якія прыгняталі Флярэнтына Арысу памерамі падчас першай вандроўкі. Фэрміна Даса не пабачыць звяроў, пра якіх марыла: паляўнічыя, якія прадавалі шкуры ў Нью-Арлеан, перабілі кайманаў, якія некалі заміралі на доўгія гадзіны з разяўленымі пашчамі ля берагавых адхонаў, каб злавіць якога матыля; шумныя папугаі і шалёна крыклівыя малпы гінулі па меры таго, як высякаліся спрадвечныя гушчары; ламанціны з вялікімі жаночымі грудзямі, якія кармілі малых і плакалі голасам самотнай жанчыны на водмелях, сталіся ахвярамі аматараў палявання.
Капітан Самарытана любіў ламанцінаў амаль па-мацярынску, ён лічыў іх жанчынамі, якія пакутуюць праз нераздзеленае каханне. І верыў у легенду, паводле якой ламанціны былі адзінымі самкамі без самцоў у жывёльным свеце. Ён ніколі не дазваляў страляць з борта карабля, што звычайна рабілі паляўнічыя насуперак закону. Аднойчы паляўнічы з Паўночнай Караліны, які меў сапраўдную ліцэнзію, не паслухаўся яго і разнёс галаву самцы ламанціна, што ляжала на беразе з дзіцем, адным трапным стрэлам з свайго «Спрынгфілда». Малая, ашалелая ад болю, лямантавала каля цела забітай маці. Капітан загадаў падняць сірату на борт, стаў яе апекуном, а паляўнічага кінуў на пустэльным беразе каля рэштак ламанціна. Шэсць месяцаў правёў капітан за кратамі ў выніку дыпламатычнай ноты пратэсту і ледзь не пазбавіўся правоў навігацыі і звання, але выйшаў з турмы з рашучасцю рабіць надалей гэтак сама, як толькі гэта спатрэбіцца. Аднак эпізод увайшоў у гісторыю: малеча вырасла і жыла шмат гадоў у заапарку для рэдкіх жывёлаў у Сан-Нікаляс-дэ-ляс-Баранкас і стала апошнім ламанцінам, якога бачылі на рацэ.
– Штораз, калі мой карабель праплывае ўздоўж гэтага адхону, – сказаў ён, – я малю Бога, каб той грынга[33] зноў захацеў павандраваць з намі. Навошта? Каб з задавальненнем яшчэ раз пакінуць яго на беразе.
Нельга сказаць, каб Фэрміна Даса так ужо сімпатызавала капітану, але ўсхваляваны волат так узрушыў яе сваім аповедам, што з тае раніцы заняў прывілеяванае месца ў яе сэрцы. Вандроўка толькі пачыналася, і было колькі заўгодна часу, каб сцвердзіцца ў думцы: яна не памылілася ў ім.
Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса заставаліся на капітанскім мастку да абеду, незадоўга да якога яны мінулі сялібу Калямар, дзе да нядаўняй пары жыццё было спрадвечным святам, а цяпер там засталіся толькі порт у руінах ды пустэльныя вуліцы. Адзінай жывой істотай, якую яны заўважылі з карабля, была жанчына ў белым, якая махала хусткай. Фэрміна Даса не зразумела, чаму яе не хочуць падабраць, але капітан патлумачыў, што гэта прывід тапеліцы, уяўная дзяўчына падавала зманлівыя сігналы, каб караблі збіваліся з курсу і траплялі ў небяспечныя віры ля супрацьлеглага берага. Карабель праходзіў так блізка, што Фэрміна Даса добра разгледзела яе пад промнямі сонца, але ні на хвілю не засумнявалася, што перад ёю сапраўды прывід, хоць твар здаўся ёй знаёмым.
Дзень быў доўгім, спякота знясільвала. Пасля абеду Фэрміна Даса вярнулася ў каюту, каб там правесці абавязковую сіесту, але не магла спаць ад болю ў вушах, які ўзмацняўся, калі «Новая Вернасць» абменьвалася вітальнымі гудкамі з іншым караблём кампаніі, з якім сустрэлася за некалькі лігаў вышэй ад паселішча Баранка-Віеха. Флярэнтына Арыса заснуў імгненна, седзячы ў галоўным салоне, дзе бальшыня пасажыраў, якія не мелі месца ў каютах, спала, нібыта апоўначы. Яму снілася Расальба, а дзея адбывалася якраз непадалёк ад таго месца, дзе яна колісь узнялася на борт. У сне Расальба вандравала адна ў старамоднай вопратцы мінулага стагоддзя, і менавіта яна, а не немаўля, спала падчас сіесты ў лазовай клетцы, што вісела пад столлю. Сон Флярэнтына Арысы, таямнічы і цікавы, пакінуў у ім асаблівы прысмак на цэлы дзень, пакуль ён гуляў у даміно з капітанам і двума знаёмымі пасажырамі.
Спякота спала з захадам сонца, і карабель ажыў. Пасажыры з’яўляліся, нібыта пасля летаргічнага сну, умытыя, пераапранутыя, і займалі салонныя крэслы, чакаючы на вячэру: кухар абвесціў яе а пятай, пад воплескі і жарты ён абыходзіў палубу з капеланскім званочкам. Падчас ежы духавы аркестр граў народныя мелодыі, і вячэра ператварылася ў прэлюдыю да скокаў, якія завяршаліся апоўначы. Фэрміна Даса не захацела вячэраць праз боль у вушах і прысутнічала пры першай загрузцы дроў для карабельных катлоў каля голае стромы, дзе не было нічога, акрамя нагрувашчання ствалоў ды старога, які кіраваў пагрузкай. Здавалася, нікога няма ў акрузе на адлегласці безлічы лігаў. Для Фэрміны Дасы пагрузка зацягнулася і выклікала нуду: на еўрапейскіх трансатлантычных волатах падобнае немагчыма было б і ўявіць; спякота рабілася невыноснай і адчувалася нават на закрытай верандзе. Але карабель паплыў, зноў падзьмуў свежы вецер сельвы, і музыка ўжо здавалася весялейшай. У сялібе Сытыё-Нуэва гарэла святло толькі ў адным акне, з партовай канторы не падалі ўмоўнага сігналу пра наяўнасць грузаў альбо пасажыраў, так што карабель праплыў без гудкоў. Увесь дзень Фэрміна Даса спрабавала здагадацца, да якіх сродкаў звернецца Флярэнтына Арыса, каб сустрэцца з ёю, не грукаючы ў дзверы яе каюты, і дзесьці а восьмай вечара ўжо не магла стрымаць жаданне быць з ім. Яна выйшла ў калідор са спадзевам сустрэць яго быццам бы выпадкова, і яе разлік тут жа апраўдаўся: Флярэнтына Арыса сядзеў на лаве ў калідоры, маўклівы і сумны, як калісьці ў Евангельскім скверыку, пытаючы ў сябе другую гадзіну запар, што рабіць, каб яе пабачыць. Яны выказалі здзіўленне аднолькавымі жэстамі, абое разумеючы іх няшчырасць. Яны прайшліся разам па палубе першага класа, перапоўненай маладзёнамі, у асноўным студэнтамі, якія балявалі, каб як след адзначыць апошнія дні вакацый.
У бары Флярэнтына Арыса і Фэрміна Даса выпілі па бутэлечцы прахаладжальнага напою, седзячы за стойкай, як студэнты, і раптам яна ўбачыла сябе ў страшнай сітуацыі. Яна ўсклікнула: «Які жах!» Флярэнтына Арыса спытаў, чым выклікана падобнае ўзрушэнне.
– Я прыгадала тых бедных старых, – шапнула яна, – забітых ударамі вясла.
Абое пайшлі спаць, ледзь скончылася музыка, пасля доўгай гутаркі, якая вялася без перашкодаў у цемры веранды. Уначы не выйшла поўня, неба схавалася за густымі аблокамі, недзе каля гарызонту выбухалі бліскавіцы без грому, яны асвятлялі карабель на кароткія імгненні. Флярэнтына Арыса скручваў ёй цыгаркі, але яна не выпаліла і чатырох, пакутуючы ад болю, які часам знікаў, каб узмацніцца, калі карабель рыкаў пры сустрэчах з іншым караблём альбо плыў уздоўж соннай сялібы ці сцішаў хаду, зандуючы рачное дно. Флярэнтына Арыса распавёў Фэрміне Дасе, з якою любоўю глядзеў на яе падчас Паэтычных гульняў, перад палётам на паветраным шары, калі яна каталася на ровары для акрабатаў, і як палка чакаў вялікіх святаў, толькі б пабачыць яе. Яна таксама бачыла яго часцяком, але ні разу ёй і да галавы не прыйшло, што ён з’яўляўся на людзях толькі дзеля яе. Аднак год назад, чытаючы ягоныя лісты, яна раптам спытала сябе, як здарылася, што ён ніколі не ўдзельнічаў у Паэтычных гульнях: безумоўна, ён бы перамог. Флярэнтына Арыса схітрыў: ён, маўляў, пісаў толькі для яе і ні для каго іншага. Тады яна пашукала ў цемры ягоную руку, якая не чакала сустрэчы, як мінулай ноччу не чакала яе, – цяпер яго заспелі знянацку.
– Якімі дзіўнымі бываюць жанчыны, – ціха сказаў ён.
Яна засмяялася грудным пяшчотным смехам і зноў падумала пра старых у лодцы. Так ёй было наканавана ад нараджэння: той вобраз будзе пераследаваць яе заўсёды. Фэрміна Даса, мабыць, збляднела, але схавала гэта ў цемры веранды, бо адчувала сябе добра і спакойна, як зрэдчас здаралася ў жыцці, – яна была чыстая ад усялякай вінаватасці. Так бы і прасядзела да золку моўчкі, трымаючы ягоную руку, што звільгатнела ад сцюдзёнага поту, калі б не боль у вушах. Скончылася музыка, і сціхлі пасажыры агульнага класа, якія нацягвалі гамакі ў салоне. Фэрміна Даса ўцяміла, што боль мацнейшы за жаданне быць з ім. І ведала: варта сказаць яму пра боль, і боль адступіць, але не сказала нічога, каб не трывожыць яго. Яна ўжо ведала яго, нібыта пражыла з ім усё жыццё, і верыла, што ён здольны загадаць вярнуцца ў порт адплыцця, калі б гэта магло суцішыць боль.
Флярэнтына Арыса прадбачыў, што ўначы ўсё складзецца менавіта так, як склалася, вырашыў пайсці да сябе. Ужо каля дзвярэй каюты ён вырашыў развітацца пацалункам, але яна сама падставіла левую шчаку з такой какетлівасцю, якой ён не ведаў за ёю, нават калі яна была школьніцай. Тады ён пайшоў далей, і яна, з хваляваннем да глыбіні душы, прыняла ягоныя вусны, а затым паспрабавала схаваць трымценне за смехам, забытым ёю з шлюбнае начы.
– Божа мой, – выгукнула яна, – я вар’яцею на караблях!
Флярэнтына Арыса здрыгануўся: насамрэч, як яна папярэдзіла, адчуваўся горкі пах старасці. Аднак пакуль ён прабіраўся да сваёй каюты па лабірынце сонных гамакоў, ён суцяшаў сябе думкай, што сам, напэўна, мае такі самы пах, ён жа старэйшы за яе на чатыры гады, і яна мусіла адчуць гэты ягоны пах з такім самым уражаннем. Гэта быў пах чалавечага старэння, які ён таксама адчуваў у сваіх старых палюбоўніц, і які яны адчувалі ад яго. Назарэцкая ўдава, якая нічога не замоўчвала ў жыцці, сказала пра гэта даволі жорстка: «Смярдзім ужо, як грыфы». Абое цярпелі, бо былі нароўні ў спаборніцтве дурных пахаў. Наадварот, ён засцерагаўся Амэрыкі Вікунні, яна пахла пялюшкамі, узбуджала ў ім бацькоўскія пачуцці, але яго непакоіла думка, што дзяўчыну калісьці адштурхне смурод старога распусніка. Але ўсё ў мінулым. Галоўнае, што ўпершыню з таго дня, як цётка Эскалястыка пакінула малітоўнік у тэлеграфнай канторы, Флярэнтына Арыса не адчуў такога шчасця, як гэтай ноччу на караблі, настолькі працінальнае было шчасце, што яно выклікала страх. Пад раніцу Флярэнтына Арыса ўжо засынаў, калі на рэйдзе каля порта Самбрана карабельны бухгалтар пагрукаў у дзверы і ўручыў тэрміновую тэлеграму. Яна была падпісаная Леонай Касіяні напярэдадні, і ўвесь яе жах месціўся ў адным радку: «Амэрыка Вікунне памерла ўчора. Матывы невядомыя». Аб адзінаццатай ён дазнаўся ад тае ж Леоны Касіяні падрабязнасці шляхам тэлеграфнага дыялога, падчас якога Флярэнтына Арыса асабіста сядзеў за перадатчыкам упершыню за шмат гадоў, якія аддалялі яго ад службы. Амэрыка Вікунне ўпала ў смяротную дэпрэсію з-за правалу на выпускных іспытах і выпіла цэлы флакон опіуму, скрадзены ёю ў школьным медпункце. Флярэнтына Арыса ў глыбіні душы адчуў, што сведчанні былі няпоўнымі. Але не, Амэрыка Вікунне не пакінула нават допісу, які б дазволіў вінаваціць кагосьці ў яе самагубстве. Да гэтага часу, атрымаўшы звестку ад Леоны Касіяні, яе блізкія ўжо выехалі з Пуэрта-Падрэ. Пахаванне адбудзецца сёння а пятай вечара. Флярэнтына Арыса ўздыхнуў. Адзінае, што ён мог зрабіць, каб не памерці ад пачуццяў, што нахлынулі на яго, гэта адрынуць пакуты ўспамінаў. Так ён і зрабіў. Сцёр яе вобраз назаўсёды, хоць да канца жыцця яна часам раптам ажывала без дай прычыны, нібыта імгненны кінжальны боль ад старой раны.








