Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 26 страниц)
У жніўні таго ж года разгарэлася новая грамадзянская вайна – з роду тых, што спусташалі краіну ўжо больш за паўстагоддзя, і ўрад увёў законы ваеннага часу і каменданцкую гадзіну ад шостай вечара ў штатах Карыбскага ўзбярэжжа. Хоць ужо здараліся беспарадкі і войска ўсяляк злоўжывала ўладай, здзяйсняючы карныя акцыі, Флярэнтына Арыса жыў сваімі мроямі і не ведаў, што робіцца ў свеце; аднойчы вайсковы патруль заспеў яго на золку, калі ён парушаў спрадвечны сон нябожчыкаў дзёрзкай п’есай пра каханне. Ён цудам пазбег імгненнага пакарання паводле абвінавачвання ў шпегаванні і перадачы пасланняў караблям лібералаў, што баразнілі прыбярэжныя воды.
– Які, да д’ябла, шпіён! – узрушана пратэставаў Флярэнтына Арыса. – Я просты закаханы!
Тры ночы ён спаў у кайданах у карцары мясцовага гарнізона. Але калі Флярэнтына выпусцілі на волю, ён адчуў пагарду з-за замалога тэрміну зняволення, і нават у старасці, блытаючы ў памяці шматлікія мінулыя войны, працягваў думаць, што ён быў адзіным чалавекам у горадзе, а мо і ў краіне, што цягаў пяціфунтовыя кайданы за каханне.
Ужо набліжаўся да канца другі год палкае перапіскі, калі Флярэнтына Арыса ў адным кароткім лісце зрабіў Фэрміне Дасе афіцыйную прапанову. За шэсць папярэдніх месяцаў некалькі разоў ён дасылаў ёй белую камелію, але яна вяртала яе разам з адказам, каб ён не сумняваўся – яна мае перапісвацца з ім і наперад, аднак не можа абяцаць нічога сур’ёзнага. Насамрэч Фэрміна Даса ўспрымала перасылку камеліяў адно аднаму як гарэзлівую гульню, бо не лічыла кветку за вызначальны знак лёсу. Але, атрымаўшы афіцыйную прапанову, яна ўпершыню адчула дыханне смерці. Запанікаваўшы, яна ўсё распавяла цётцы Эскалястыцы, і тая параіла ёй з такой смеласцю і яснасцю розуму, якімі не валодала ў дваццаць гадоў, калі сама паўстала перад такім самым рашэннем.
– Скажы яму «так», – вымавіла яна цвёрда. – Няхай ты і паміраеш зараз ад жаху, але інакш потым будзеш раскайвацца, усё жыццё шкадавацьмеш, калі яму адмовіш.
Аднак Фэрміна Даса патанала ў блытаніне пачуццяў, і ёй спатрэбілася адтэрміноўка для прадумвання адказу. Спачатку папрасіла месяц, затым яшчэ адзін і яшчэ, і калі сыходзіў чацвёрты месяц, яна зноўку атрымала белую камелію разам з рашучай заявай пра тое, што гэтая камелія апошняя: зараз альбо ніколі. Цяпер ужо Флярэнтына Арыса адчуў подых смерці, пакуль чакаў адказу ўвечары, і, нарэшце, атрымаў канверт з палоскай старонкі, адарванай ад школьнага сшытка, адказ займаў адзін радок і быў напісаны простым алоўкам: «Добра, я выйду за вас замуж, толькі абяцайце, што не прымусіце мяне есці баклажаны».
Флярэнтына Арыса не быў гатовы да такога адказу, але ягоная маці – так. З тае пары, як ён упершыню загаварыў пра намер ажаніцца, а здарылася гэта шэсць месяцаў таму, Трансыта Арыса распачала адпаведныя клопаты: яна вырашыла на будучыню зняць увесь дом, які датуль дзяліла з дзвюма сем’ямі. Гэта быў двухпавярховы будынак XVII стагоддзя, дзе падчас іспанскае ўлады месцілася тытунёвая фабрыка, – гаспадары збанкрутавалі і здавалі будынак па частках, бо не мелі сродкаў на яго ўтрыманне.
Дом складалі дзве часткі: адна, адкуль калісьці вёўся гандаль цыгарамі, выходзіла на вуліцу, а другая знаходзілася ў глыбіні двара, там месціліся сама фабрыка ды вялікая стайня, якой цяперашнія жыхары карысталіся для прання і сушкі бялізны. Трансыта Арыса займала першую частку, найбольш зручную дый у лепшым стане, хоць яна і саступала другой па плошчы. У зале, проста каля варотаў, дзе раней гандлявалі цыгарамі, знаходзілася ейная галантарэйная крама, а побач, у кладоўцы, якая праветрывалася адно праз маленькае акенца, спала Трансыта Арыса. Ад крамы драўлянай перагародкай аддзялілі памяшканне, дзе стаяў стол і чатыры крэслы, якое служыла для ежы і пісання, і там Флярэнтына Арыса нацягваў свой гамак, калі золак не заспяваў яго за крэмзаннем чарговага ліста. Месца хапала на дваіх, але не на траіх, тым больш, калі трэцяй будзе дзяўчына, якая вучылася ў школе З’яўлення Святое Дзевы, чый бацька адрадзіў набыты ім дом з руінаў, зрабіў яго зусім новым, у той час як сем’і з сямю тытуламі клаліся спаць у жаху, бо столь магла абваліцца на іх падчас сну. Так што Трансыта Арыса дамовілася з гаспадаром дома, каб той дазволіў заняць таксама галерэю ўздоўж двара, за што яна абавязалася ўтрымліваць дом у парадку на працягу пяці гадоў.
Сродкаў на гэта хапала. Апроч рэальных прыбыткаў ад галантарэйнай крамы і ад продажу корпіі лякарням, дастатковых на сціплае жыццё, яна множыла прыбыткі, даючы пазыкі вялікай кліентуры сарамлівых новых жабракоў, якія гатовыя былі плаціць значныя працэнты ў абмен на захаванне таямніцы. Пані з выглядам каралеўнаў, але без залішняй у такіх выпадках прыслугі, выходзілі з экіпажаў каля дзвярэй крамы, нібыта для набыцця галандскіх карункаў ці ўзорыстай аблямоўкі і ледзь не ў слязах закладвалі апошнюю мішуру страчанага раю. Трансыта Арыса выручала іх з такой павагай да паходжання кліентак, што многія з іх сыходзілі з большай падзякай за пашану, чым за паслугу. Яна займалася гэтым на працягу амаль дзесяці гадоў і ведала як свае фамільныя каштоўнасці, выкупленыя і са слязьмі наноў закладзеныя шмат разоў, а калі сын вырашыў, нарэшце, ажаніцца, то прыбытак, за які яна набывала золата найвышэйшай пробы, быў схаваны ў гліняным збане пад ложкам. Тады яна ўсё прыкінула і зразумела, што здольная не толькі ўтрымліваць дом цягам пяці гадоў, але, калі ёй не здрадзіць вёрткасць дый крыху пашанцуе, мо і набыць дом да таго, як памрэ, дзеля тузіна ўнукаў, пра якіх вельмі марыла.
Флярэнтына Арыса, са свайго боку, атрымаў прызначэнне першага асістэнта тэлеграфіста з выпрабавальным тэрмінам, і Лятары Тугут збіраўся ўладкаваць яго кіраўніком канторы, як толькі сам пяройдзе кіраваць Школаю тэлеграфнай сувязі і магнетызму, якую меліся адчыніць у наступным годзе.
Такім чынам, практычны бок шлюбу знайшоў сваё вырашэнне. Аднак Трансыта Арыса была разважлівай жанчынай, таму яна паставіла сыну дзве ўмовы. Першая: дазнацца дакладна, хто такі насамрэч Лярэнса Даса, чый акцэнт не пакідаў сумневу адносна яго паходжання, але пра ягоную асобу і крыніцы сродкаў для існавання ніхто нічога не ведаў канкрэтна. Другая: яны мусяць сустракацца з нявестай доўга, каб дасканала зведаць адзін аднаго асабіста і пры гэтым захоўваць таямніцу, пакуль яны не будуць упэўненыя ў грунтоўнасці ўзаемных пачуццяў. Яна давяла, што добра было б дачакацца канца вайны. Флярэнтына Арыса лёгка пагадзіўся з тым, што трэба трымаць усё ў таямніцы – тут адыграла ролю замкнёнасць ягонага характару. Ён таксама пагадзіўся з тым, што трэба пачакаць, але тэрмін падаўся яму надта няпэўным, бо за паўстагоддзя незалежнасці краіна не ведала ні аднаго дня грамадзянскага міру.
– Мы ссівеем, чакаючы, – запярэчыў ён.
Ягоны хросны, гамеапат, што выпадкова браў удзел у гамонцы, не думаў, што войны могуць быць перашкодай. Ён лічыў, што гэта ўсяго толькі канфлікт жабракоў, падганяных, як быдла, гаспадарамі зямлі, супраць босых салдатаў, падганяных урадам.
– Вайна ідзе ў гарах, – тлумачыў ён. – З тае пары, як я помню сябе, у горадзе нас забіваюць не кулямі, а ўказамі.
Зрэшты, маладыя самі вырашылі гэтыя асобныя пытанні ў лістах на наступным тыдні. Фэрміна Даса паслухалася парады цёткі Эскалястыкі – пагадзілася на двухгадовы тэрмін, як і на ўмову абсалютнае таямніцы, і падказала Флярэнтына, што лепей будзе прасіць яе рукі, калі яна скончыць сярэднюю школу, падчас калядных вакацый. Прыйдзе час, і яны дамовяцца пра тое, як афіцыйна абвясціць пра заручыны, праўда, гэта будзе залежаць ад бацькі, але яна даб’ецца ягонай згоды. А пакуль яны працягвалі ліставанне з той жарсцю і частатой, што і раней, толькі без ранейшай трывогі, і лісты паступова прымалі сямейны тон, яны ўжо перапісваліся, як муж з жонкаю. Нічога не парушала іхныя мары.
Флярэнтынава жыццё змянілася. Раздзеленае каханне надало яму датуль нязведанай упэўненасці і моцы, што паўплывала і на ягоную працу. У выніку Лятары Тугут без асаблівых намаганняў прабіў яму прызначэнне – ён стаўся Тугутавым намеснікам, але ўжо без выпрабавальнага тэрміну. Тады праект стварэння Школы тэлеграфнае сувязі і магнетызму праваліўся, і немец прысвяціў вольны час тым справам, якія сапраўды любіў, – ён граў на акардэоне і піў піва з маракамі ў порце, а вечары заканчваў у матроскім гатэлі. Прайшло шмат часу, пакуль Флярэнтына Арыса здагадаўся, што ўплыў Лятарыя Тугута ў публічным доме меў вось якую прычыну: з гадамі ён стаўся ягоным гаспадаром і, апроч таго, імпрэсарыё ўсіх партовых птушак. Ён шмат гадоў запар назапашваў грошай, каб набыць гэтую ўстанову, хоць даверанай асобай быў хударлявы аднавокі чалавечак з валасамі шчоткай і такім добрым сэрцам, што ніхто не мог уцяміць, як ён спраўляецца з абавязкамі адміністратара. Але адміністратарам ён быў добрым. Прынамсі, так здавалася Флярэнтына, калі той сказаў яму без якойсьці папярэдняй просьбы, што ў гатэлі ёсць вольны пакой не толькі для вырашэння праблем з пожаддзю, калі ён захоча іх вырашыць, а таксама каб у яго было ціхае месца, дзе ён мог бы чытаць і пісаць амурныя лісты. Так што пакуль цягнуліся доўгія месяцы, якія заставаліся да абвяшчэння заручын, Флярэнтына Арыса бываў больш там, чым у паштовай канторы альбо дома, і былі перыяды, калі Трансыта Арыса бачыла яго толькі ў тыя хвіліны, калі ён з’яўляўся, каб пераапрануцца.
Ён стаў праглынаць кнігі адну за адной. З тае пары, як ён навучыўся чытаць, маці набывала яму ілюстраваныя кніжкі скандынаўскіх аўтараў, якія прадаваліся як дзіцячыя казкі, але насамрэч былі жорсткімі і юрлівымі, што больш падыходзіла для іншага ўзросту. Флярэнтына Арыса ведаў іх на памяць з пяці гадоў, чытаў іх падчас заняткаў і школьных вечарын. Але гэта не пазбаўляла яго страху перад гэтымі кнігамі. Зусім наадварот. Таму пераход да паэзіі адкрыў яму ціхую гавань. У юнацтве ён праглынаў усе тамы «Народнае бібліятэкі», як толькі тыя з’яўляліся ў продажы: маці набывала іх у прадаўцоў танных кніжак каля Натарыяльнае брамы, і там было ўсё, што заўгодна – ад Гамера да самага сціплага мясцовага паэта. Але Флярэнтына было ўсё адно: ён прачытваў чарговы том, нібыта па наканаванні лёсу, і ўсіх гадоў чытання выявілася замала, каб разабрацца ў тым, якая кніга сапраўды добрая, а якая не. Адно толькі было ясна: ён перадусім аддаваў перавагу паэзіі, а дакладней, вершам пра каханне; Флярэнтына запамінаў іх міжволі, варта было пару разоў перачытаць іх, а лягчэй гнездаваліся ў памяці найбольш дакладныя што да рыфмы і рытму, а таксама найбольш драматычныя.
Яны і былі першакрыніцай першых лістоў да Фэрміны Дасы, у якіх паўтараліся слова ў слова не ператраўленыя ім тэксты іспанскіх паслядоўнікаў рамантызму; яны і заставаліся першакрыніцай, пакуль рэальнае жыццё не прымусіла яго звярнуцца да спраў больш зямных, чымся пакуты сэрца. Ужо тады ён зрабіў крок у бок слязлівых чытанак і іншай, не менш нізкапробнай прозы таго часу. Ён навучыўся плакаць разам з маці, чытаючы мясцовых паэтаў, чые кніжкі прадаваліся на пляцах і каля гарадской брамы ў выглядзе брашур за два сентава. Але адначасна ён мог чытаць на памяць самую вытанчаную кастыльскую паэзію Залатога веку. Наагул, ён чытаў усё, што трапляла ў рукі, і гэтак дайшоў да такой скрайнасці, што пасля цяжкіх гадоў свайго першага кахання, ужо немаладым, ён прачытаў ад першай старонкі і да апошняй усе дваццаць тамоў «Скарбонкі юнацтва», поўны збор класікаў выдання братоў Гарнье ў перакладзе, а таксама самыя лёгкія рэчы, што выдаваў дон Вісэнтэ Бляска Ібаньес у серыі «Праметэй». І ўсё ж яго юнацкія гады ў матроскім гатэлі не зводзіліся да чытання і рэдагавання палкіх лістоў, ён зведаў і таямніцы кахання без кахання. Жыццё ўстановы пачыналася апоўдні, калі сяброўкі-птушкі ўставалі, у чым маці іх нарадзіла, а Флярэнтына Арыса заканчваў працу на пошце; ён трапляў у палац, населены голымі німфамі, якія голасна абмяркоўвалі гарадскія таямніцы, што давяралі ім надта балбатлівыя кліенты. На іх голых целах віднеліся сляды мінулага: шнары ад удару стылетам у жывот, шнары-зоркі ад кулі, барозны ад нажа раўнівага каханка, мясніцкія швы ад кесаравага сячэння. Удзень да некаторых прыводзілі дзяцей – горкі плён падману альбо маладой бесклапотнасці, і птушкі распраналі іх, толькі тыя пераступалі парог, каб не адчувалася розніцы з жыхаркамі раю ў стылі ню. Кожная птушка гатавала сабе ежу асобна, і ніхто не еў лепей за Флярэнтына Арысу, бо ён выбіраў самае смачнае ад кожнай стравы. Гэта было штодзённае свята, якое цягнулася да вечара, калі ўсё мянялася: голыя птушкі чародкай цягнуліся да прыбіральні, пазычалі ў сябровак мыла, зубную шчотку, нажніцы, рабілі адна адной прычоскі, апраналіся ў пазычаныя адна ад адной рэчы, размалёўваліся, нібыта змрочныя паяцы, і выходзілі на начное паляванне. Тады гатэль станавіўся безасабовым, пазбаўленым чалавечнасці, якую цяпер можна было набыць толькі за грошы.
Не было іншага месца, дзе б Флярэнтына Арысу жылося лепш з дня знаёмства з Фэрмінай Дасай, таму што адно там ён не звяртаў увагі на самоту. Толькі там ён адчуваў сябе так, нібыта быў з ёю. Мажліва, з той самай прычыны жыла ў гатэлі элегантная немаладая жанчына з гожымі срэбнымі валасамі, якая не ўдзельнічала ў будзённым жыцці голых птушак, што свята яе шанавалі. Заўчасны жаніх прывёў яе маладзенькай у гатэль, салодка жыў з ёю пэўны час, а потым кінуў на волю лёсу. Аднак, нягледзячы на кляймо, яна здолела ўдала выйсці замуж. Калі ж яна засталася адна, два сыны і тры дачкі аспрэчвалі шчасце забраць яе жыць да сябе, але яна не знайшла больш годнага месца, чым гэтае жытло пяшчотных грэшніц. Асобны пакой тамака быў яе адзіным домам, і гэта раптам неяк зблізіла яе з Флярэнтына, пра якога яна паўтарала, што ён будзе вядомым на ўвесь свет навукоўцам, бо ведае, як узбагачаць душу чытаннем нават у раі пожадзі. Флярэнтына Арыса, са свайго боку, настолькі прывязаўся да яе, што хадзіў з ёй на рынак, і ўвечары часам гаманіў з ёю. Ён думаў, што яна была жанчынай мудрай у пытаннях кахання, – яна дала яму шмат выдатных парад, хоць ён і не раскрыў ёй сваёй таямніцы.
I да знаёмства з Фэрмінай Дасай ён не спакушаўся на блуд, а цяпер пагатоў не адступіў бы ад уласных прынцыпаў, бо быў заручаны з ёю. Флярэнтына Арыса жыў пад адным дахам з птушкамі, перажываў іхныя радасці і злыбеды, але ні ён, ні яны і не думалі пайсці далей. Нечаканая акалічнасць умацавала ягоную пазіцыю. Аднойчы а шостай увечары, калі птушкі апраналіся, каб прыняць першых вечаровых кліентаў, да яго ў пакой увайшла прыбіральшчыца паверха – маладая, аднак дачасна састарэлая і бледная жанчына, бы апранутая грэшніца на пакаянні сярод голых птушак. Ён бачыў яе штодня, хоць жанчына нікога не заўважала, абыходзячы пакойчыкі з венікам, вядром для смецця і анучай для збірання ўжываных кандомаў. Яна ўвайшла ў закуток, дзе Флярэнтына Арыса чытаў, і, як заўсёды, асцярожна, каб не замінаць яму, падмяла падлогу. Раптам яна падышла да ложка, і ён адчуў ейную цёплую і пяшчотную руку ў сябе на жываце, унізе, яна знайшла, што шукала, і стала расшпільваць гузікі. Ейны подых нібы запаўняў увесь пакойчык. Ён доўга ўдаваў, што чытае, але ў пэўны момант не здолеў трываць болей і рэзка адхіліўся ў бок.
Яна спужалася, бо, прымаючы яе на працу прыбіральшчыцай, яе сур’ёзна папярэдзілі, каб і не спрабавала заляцацца да кліентаў. Гэта было залішняе папярэджанне, бо яна была з тых, хто думаў, што прастытуцыя – гэта калі кладуцца ў ложак не за грошы, а з незнаёмцамі. У яе было двое дзетак ад розных мужоў, і прычынаю былі не выпадковыя прыгоды, проста жанчына не здолела знайсці чалавека, які вяртаўся б да яе пасля трэцяй ночы. І да таго дня яна нібыта не адчувала неадольных жаданняў, быццам бы прырода навучыла яе чакаць без адчаю. Аднак жыццё ў гэтым доме падточвала ейны нораў і цярплівасць. Яна пачынала працу а шостай увечары і ўсю ноч хадзіла з пакоя ў пакой, падмятаючы падлогу чатырма ўзмахамі веніка, збіраючы кандомы, мяняючы прасціны. Цяжка было ўявіць тое, што пакідалі мужчыны пасля кахання. Гэта былі зразумелыя ёй ваніты і слёзы, але яны пакідалі і досыць загадкавыя рэчы: лужыны крыві, кучкі экскрэментаў, шкляныя вочы, залатыя гадзіннікі, зубныя пратэзы, медальёны з залацістымі пасмамі, лісты кахання і спачування, камерцыйныя дакументы. Некаторыя вярталіся па забытае, але бальшыня рэчаў заставалася незапатрабаванай, і Лятары Тугут трымаў іх пад замком, разлічваючы, што рана ці позна пакінуты Богам палац з тысячамі забытых рэчаў станецца музеем кахання.
Праца жанчыны была цяжкой, дый плацілі ёй замала, але яна выконвала свае абавязкі сумленна. Толькі не магла цярпець стогнаў, ляманту, спружыннага скрыгату ложкаў, якія пранікалі ў ейную кроў з такім жарам і такім болем, што на золку яна ледзь стрымлівала жаданне пераспаць з кім трапіла, хоць з вулічным жабраком альбо з заблукалым п’яніцам, які зрабіў бы ёй ласку без прэтэнзій і залішніх пытанняў. З’яўленне самотнага мужчыны, якім быў Флярэнтына, маладога ды чыстага, было для яе міласцю нябёсаў, бо яна ад самага пачатку здагадалася, што яму, як і ёй, не стае кахання. Але іхныя жаданні не супалі. Ён захоўваў сябе ў цноце дзеля Фэрміны Дасы, і не было на белым свеце нічога, што б прымусіла яго збочыць з абранага шляху.
Гэтак ён жыў да таго дня, калі за чатыры месяцы да прызначанай даты публічных заручын Лярэнса Даса прыйшоў а сёмай раніцы ў кантору пошты і спытаў, дзе ён. Яго яшчэ не было, і Лярэнса Даса пачакаў, седзячы на лаўцы да дзесяці хвілін на дзявятую, здымаючы з аднаго пальца і насоўваючы на іншы цяжкі залаты пярсцёнак з высакародным апалам, а калі заўважыў Флярэнтына каля ўвахода, адразу здагадаўся, што гэта менавіта ён, і ўзяў яго за руку.
– Хадзем, юнача, – сказаў ён. – Нам з вамі трэба пагутарыць пяць хвілін, як мужчына з мужчынам.
Флярэнтына Арыса, пазелянелы як нябожчык, пайшоў за ім. Ён не быў падрыхтаваны да гэтай сустрэчы, бо Фэрміне Дасе не было як папярэдзіць яго. Рэч была ў тым, што ў мінулую суботу сястра Франка дэ ля Люс, настаяцельніца школы З’яўлення Святой Дзевы, увайшла ў клас падчас заняткаў касмагоніі цішэй за вужаку і, віжуючы за вучаніцамі ззаду, выявіла, што Фэрміна Даса зусім не канспектуе ўрок, а піша ліст каханаму. Паводле статута школы гэткі ўчынак караўся выключэннем. Лярэнса Даса, тэрмінова выкліканы ў рэктарат, угледзеў нарэшце прабоіну, праз якую кропля за кропляй выцякаў ягоны жалезны рэжым. Фэрміна Даса з уласцівай ёй годнасцю прызнала вінаватасць, але адмовілася выдаць асобу патаемнага жаніха, не зрабіўшы гэтага нават перад трыбуналам Святога Ордэна, чым канчаткова вынесла сабе прысуд. Аднак бацька абшукаў спальню, якая да тае пары лічылася месцам недатыкальным, і ў падвойным дне куфра знайшоў пакункі з лістамі за тры гады, якія былі гэтак любоўна захаваныя, як і напісаныя. Подпіс не выклікаў сумневу, але Лярэнса Даса не здолеў паверыць ні тады, ні калі-небудзь пазней, што дачка ведала пра патаемнага жаніха ўсяго толькі тое, што ён працуе на тэлеграфе і грае на скрыпцы.
Упэўнены ў тым, што падобная сувязь была мажлівай толькі пры саўдзеле сястры, Лярэнса Даса нават не захацеў слухаць ейных выбачэнняў і тэрмінова пасадзіў на шхуну, што адплывала ў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага. Фэрміна Даса ўсё жыццё несла цяжар апошняга ўспаміну пра цётку: як яна развітвалася з ёю каля брамы, згараючы ад ліхаманкі ў бурай сутане, кастлявая, з попельным колерам твару, як знікала пад імжою ў скверыку, трымаючы ўсё, што заставалася ёй у жыцці: вузел з адзежай і грошай на месяц, што былі загорнутыя ў насоўку, якую яна сціскала ў руцэ. Адразу пасля вызвалення ад бацькавай улады Фэрміна Даса стала шукаць цётку па ўсіх правінцыях Карыбскага ўзбярэжжа, пытаючыся ва ўсіх, хто мог яе ведаць, але не знайшла ані вестачкі, ані следу на працягу трыццаці гадоў, пакуль не атрымала ліст, які прайшоў праз шмат якія рукі, дзе паведамлялася, што цётка Эскалястыка памерла ў лазарэце мястэчка Агуа-дэ-Д’ёс. Лярэнса Даса не думаў, што дачка так зацята зрэагуе на несправядлівае пакаранне, чыёй ахвярай сталася цётка Эскалястыка, хоць і ведаў, што дзяўчына заўсёды атаясамлівала яе з маці, якую наўрад ці памятала. Фэрміна Даса зачынілася на засаўку ў спальні, не ела й не піла, і калі бацька, спачатку пагрозамі, а потым дрэнна прыхаванай мальбою, дабіўся, нарэшце, каб яна адчыніла яму, ён убачыў параненую пантэру, якой ніколі ўжо не будзе пятнаццаць гадоў.
Бацька ўсяляк спрабаваў супакоіць дзяўчыну, тлумачыў ёй, што каханне ў ейным узросце – міраж, запэўніваў па-добраму ў тым, што яна мусіць вярнуць лісты, вярнуцца ў школу і, укленчыўшы, папрасіць прабачэння, даваў слова гонару, што дапаможа ёй знайсці шчасце з годным прэтэндэнтам. Але ён нібы размаўляў са сценкай. Адчуўшы паразу, ён выйшаў, нарэшце, з сябе падчас абеду ў панядзелак і зайшоўся лаянкай ды праклёнамі, і ў адказ на гэта яна прыставіла мясны нож сабе да горла, без драматызму, але ўпэўнена, – рука не дрыжэла, адно зрэнкі пашырыліся, – і бацька не адважыўся кінуць выклік яе рашучаму погляду. Вось тады ён і рызыкнуў пагаманіць, як мужчына з мужчынам, з нахабным малойцам, якога не ўяўляў з твару і які ў нядобры час паўстаў на ягоным шляху. Перад выхадам ён, як звычайна, узяў з сабой рэвальвер, але здагадаўся схаваць яго пад кашуляй.
Флярэнтына Арыса не паспеў перавесці дух, як Лярэнса Даса правёў яго пад руку праз Кафедральны пляц да арачнай галерэі прыходскай кавярні, і прапанаваў прысесці за столікам на тэрасе. Іншых кліентаў не было, і старая мурынка мыла кафляную падлогу вялікае залы з пыльнымі, сям-там пабітымі вітражамі, дзе перагорнутыя крэслы яшчэ стаялі на мармуровых століках. Флярэнтына Арыса часта бачыў там дона Лярэнса, дзе той гуляў у косці і піў віно з бочкі разам з астурыйцамі, што гандлявалі на гарадскім рынку, сварыўся з імі да хрыпаты з-за хранічных войнаў, якія не мелі аніякага дачынення да краіны, у якой яны жылі. Усведамляючы, да чаго ўрэшце прывядзе яго каханне, Флярэнтына Арыса часцяком думаў пра тое, якой будзе сустрэча з бацькам дзяўчыны, калі яна ўсё ж рана ці позна адбудзецца, бо ніхто ў свеце не мог ад яе пазбавіць, яна была наканаваная лёсам. Ён прадбачыў няроўную спрэчку, і не толькі таму, што Фэрміна Даса папярэджвала ў лістах пра бацькаву неўраўнаважанасць, а таму што і сам заўважыў – ягоныя вочы гатовыя былі ўспыхнуць гневам, нават калі ён рагатаў за столікам падчас гульні. Абліччам Лярэнса Даса ўвасабляў грубасць: непрыстойна вялікі жывот, загучная мова, бакенбарды, як у рысі, грубыя рукі і тут жа масіўны пярсцёнак з апалам на безыменным пальцы. І толькі адну прыемную рысу заўважыў у ім Флярэнтына Арыса, калі ўпершыню ўбачыў яго на шпацыры, – гэта была тая ж паходка газелі, што і ў дачкі. Аднак, калі Лярэнса Даса паказаў на крэсла каля сябе за столікам, Флярэнтына Арыса не знайшоў яго такім грубым, якім ён падаваўся, і наагул ён адчуў сябе лепш, калі Лярэнса Даса прапанаваў выпіць па чарцы анісавай. Флярэнтына Арыса ніколі раней не піў а восьмай раніцы, але пагадзіўся з удзячнасцю, бо гэта было яму неабходна, і як мага хутчэй.
Сапраўды, Лярэнса Дасу хапіла і пяці хвілін на тлумачэнне, ён зрабіў гэта з такой шчырасцю, што Флярэнтына Арыса, абяззброены, быў агаломшаны. Пасля заўчаснай смерці жонкі, Лярэнса Даса паставіў перад сабой адну-адзіную мэту: зрабіць з дачкі даму вышэйшага грамадства. Шлях быў доўгі і няясны. Бо хто ж яе бацька? Колішні гандляр муламі, які не ўмее ні чытаць, ні пісаць, з рэпутацыяй канакрада, праўда, не так даказанай, як распаўсюджанай у правінцыі Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага. Лярэнса Даса запаліў танную цыгару – такія паляць пагоншчыкі мулаў – і паскардзіўся: «Горш за дрэннае здароўе толькі дурная слава». Аднак, сказаў ён, сапраўдная таямніца ягонага багацця крылася ў іншым: ніводзін мул не працаваў гэтак самаахвярна і мэтанакіравана, як ён сам, нават у самыя горкія часіны грамадзянскае вайны, калі вёскі прачыналіся зруйнаваныя, а палі – разрабаваныя. Хоць дачка ніколі не рушыла ў такт з прадвызначэннем свайго лёсу, яна быццам спрыяла памкненням бацькі. Яна была разумнай і стараннай да такой ступені, што навучыла бацьку чытаць, як толькі навучылася сама, а ў дванаццаць гадоў ужо так шмат ведала пра жыццё, што свабодна і проста змагла б кіраваць хатняй гаспадаркай без дапамогі цёткі Эскалястыкі. Ён уздыхнуў: «Залатая мулачка». Калі дачка скончыла пачатковую школу на «выдатна» па ўсіх прадметах ды з ганаровай граматай, якая была ўручаная ёй на выпускной вечарыне, бацька зразумеў, што асяроддзе Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага цеснае для ягонай мары. Тады ён прадаў землі, быдла, і пераехаў, поўны энтузіязму, трымаючы ў валізцы семдзесят тысяч песа золатам, у гэты напаўразвалены горад, чыю славу даўно зжэрла моль, але дзе жанчына, гожая ды адукаваная на стары манер, яшчэ мела мажлівасць наноў нарадзіцца праз багаты шлюб. Умяшальніцтва юнака было непрадбачанай перашкодай на шляху дзёрзкага плана. «Так што я прыйшоў да вас з вялікай просьбай», – сказаў Лярэнса Даса. Ён знячэўку згасіў цыгару ў чарцы з анісаўкай, зацягнуўся без дыму і сумным голасам падвёў рысу:
– Сыдзіце з нашага шляху.
Флярэнтына Арыса слухаў яго, адпіваючы паціху анісаўку, і так засяродзіўся на адкрыцці мінулага Фэрміны Дасы, што не паспеў прыдумаць, што адказаць. Але калі надышоў час, ён зразумеў, што ад ягоных слоў залежыць ягоны ж лёс.
– Вы размаўлялі з ёю?
– Гэта не вашая справа, – адказаў Лярэнса Даса. Я пытаюся, – працягваў Флярэнтына Арыса, – бо мне падаецца, што вырашаць мусіць яна.
– Яшчэ чаго, – запярэчыў Лярэнса Даса, – гэта справа мужчынская і вырашаецца паміж мужчынамі.
Тон быў пагрозлівы, адзін з кліентаў за суседнім столікам нават павярнуўся на голас і зірнуў на іх. Флярэнтына Арыса загаварыў цішэй, але з усёй рашучасцю, на якую быў здольны.
– Так ці інакш, – сказаў Флярэнтына, – я не магу адказаць, не ведаючы, што думае яна. Гэта было б здрадай.
Тады Лярэнса Даса, у якога імгненна пачырванелі вільготныя павекі, адкінуўся на спінку крэсла, пры гэтым левае вока нейк крутанулася і ледзь не выскачыла з арбіты. Ён таксама панізіў голас.
– Не прымушайце мяне застрэліць вас, – дадаў ён.
Юнак адчуў, як ягоныя кішкі напоўніліся сцюдзёнай пенай. Аднак голас не задрыжэў з перапуду, больш за тое, ён адчуў, што яго натхняе Святы Дух.
– Застрэльце, – сказаў ён, кладучы руку на сэрца, – няма большага гонару, чым памерці за каханне.
Лярэнса Даса быў змушаны глядзець на яго бокам, бы папугай, каб засяродзіць на ім сваё касое вока. Ён не вымавіў, а быццам бы выплюнуў словы склад за складам:
– Су-чын-ты-сын!
На тым самым тыдні ён павёз дачку ў вандроўку, каб расстанне дапамагло ёй забыць Флярэнтына. Бацька нічога не тлумачыў, а раптам заляцеў у спальню з бруднымі ад жаванага тытуню і раз’юшанасці вусамі і загадаў ёй збірацца. Яна спытала, куды яны едуць, на што ён адказаў: «Па смерць». Яна спужалася, бо адказ быў дужа падобны на праўду, і паспрабавала супраціўляцца рашуча, як мінулымі днямі, але ён зняў дзягу з вялікай меднай спражкай, наматаў яе на руку і так ляснуў па стале, што гук працяў дом, бы вінтовачны стрэл. Фэрміна Даса добра суразмервала ўласныя сілы, так што паспяшалася сабраць торбу – дзве цыноўкі і гамак – і дзве валізы з усёй вопраткай, упэўненая ў тым, што гэтае падарожжа будзе без вяртання. Перад тым, як апрануцца ў дарогу, яна зачынілася ў прыбіральні і паспела напісаць каханаму кароткі развітальны ліст на шматку туалетнай паперы. Затым садовымі нажніцамі адрэзала касу, уклада яе ў футарал з расшытага залатымі ніткамі аксаміту і паслала яму ўсё разам з лістом.
Вандроўка была вар’яцтвам. Толькі першы этап з караванам андыйскіх паганятых доўжыўся адзінаццаць дзён – вершнікі ехалі на мулах па стромкіх сцежках Сьера-Нэвады, мазгі варыліся ад пякельнага сонца ці размякалі пад жудаснымі кастрычніцкімі навальніцамі, ледзь прытомныя ад жаху перад ледзяным подыхам бездані ўнізе. На трэці дзень шляху адзін мул, ашалеўшы ад аваднёў, кінуўся ў бездань разам з вершнікам і пацягнуў за сабою цэлую звязку жывёлін: лямант чалавека і гронка з сямі звязаных міжсобку мулаў біліся аб звонкія стромы ўступаў і шчылінаў некалькі гадзін запар, і рэха тое гучала доўгія гады ў памяці Фэрміны Дасы. Увесь ейны багаж грымнуўся ў бездань разам з муламі, але ў момант здарэння, што доўжыўся стагоддзямі, пакуль дзесь далёка ўнізе не заглух крык жаху, яна не думала пра беднага паганятага альбо пра звязку сканалых мулаў – яна кляла лёс за тое, што ейны мул не быў у той звязцы. Яна ехала верхам упершыню, аднак жах і мноства цяжкасцяў вандроўкі не здаваліся б ёй гэтак горкімі, калі б не ўпэўненасць у тым, што яна больш ніколі не пабачыць каханага і назаўсёды пазбаўленая таго, што магло яе суцешыць, – ягоных лістоў. З самага пачатку шляху яна ні разу не звярнулася да бацькі, і ён быў такім засмучаным, што гаварыў з ёю толькі ў непазбежных выпадках альбо перадаваў, што трэба, праз паганятых. Калі шанцавала, ім траплялася прыдарожная таверна з горскай кухняй, ад якой яна адмаўлялася, і давалі напракат брызентавыя ложкі, прапітаныя потам і мачою. Часцей за ўсё, аднак, яны праводзілі ноч у індзейскіх паселішчах, дарожных начлежках пад адкрытым небам, якія былі абсталяваныя наўзбоч шляху і выглядалі, як шэрагі падпорак, крытых лісцем горкае пальмы, дзе кожны вандроўнік меў права прыпыніцца да золку. Фэрміне Дасе не ўдалося паспаць ніводнай ночы, яе прабіваў пот, калі яна чула ў цемры мітусню таямнічых вандроўнікаў, якія прывязвалі сваіх мулаў да падпорак і вешалі гамак, дзе было вольнае месца.
Увечары, калі падыходзілі першыя караваны, месца было спакойнае, і ніхто не замінаў, але бліжэй да золку здавалася, што яна на кірмашовым пляцы: скручаныя гамакі віселі на розных узроўнях, горцы-аруакі спалі, седзячы на кукішках, прывязаныя козы бляялі, байцовыя пеўні спявалі ў вялізных кашах, а мясцовыя сабакі пагрозліва маўчалі, адвучаныя брахаць з-за ваеннага становішча. Такія цяжкасці былі звычныя для дона Лярэнса, які прагандляваў у гэтым раёне паўжыцця і на золку заўжды сустракаў старых сяброў. Для Фэрміны гэта было бясконцае катаванне. Нясцерпны смурод салёнай зубаткі, якую ўсё везлі і везлі, ды яшчэ і страта апетыту ад расстання змусілі забыцца на нармальны рытм харчавання, і яна не звар’яцела ад адчаю толькі таму, што прыгадвала любага Флярэнтына і ў тым знаходзіла палёгку. Яна не сумнявалася – гэта была сапраўды зямля спрадвечнага расстання, дзе ўсё забываецца.
Вайна таксама была крыніцай бясконцага жаху. З самага пачатку шляху яна чула размовы пра небяспеку сутыкнення з патрулямі, і паганятыя мулаў навучылі іх розным спосабам дазнавацца, да якога боку яны належаць, каб паводзіць сябе адпаведна. Часцяком сустракаліся аддзелы коннікаў на чале з афіцэрам, якія займаліся папаўненнем асабістага складу і бралі рэкрутаў, накідваючы на скаку на чалавека ласо, нібы на якога бычка. Прыгнечаная жахам, Фэрміна Даса сапраўды ўжо забылася на таго, хто цяпер здаваўся ёй, хутчэй, легендарным, чым блізкім чалавекам, а аднойчы ноччу патруль невядомай прыналежнасці захапіў двух вандроўнікаў з іхнага каравана і павесіў іх на дрэве кампана[12] за два кіламетры ад сялібы. Лярэнса Даса не меў да іх ніякага дачынення, але загадаў зняць і пахаваць па-хрысціянску ў знак падзякі за тое, што яго абмінуў страшны лёс. Як жа не быць удзячным. Раніцой бандыты абудзілі яго, тыцнуўшы руляй стрэльбы ў жывот, і камандзір у лахманах, са счарнелым ад копаці тварам, асвяціў яго ліхтаром і спытаў, ліберал ён альбо кансерватар.








