412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Габрыэль Маркес » Каханне падчас халеры » Текст книги (страница 2)
Каханне падчас халеры
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Каханне падчас халеры"


Автор книги: Габрыэль Маркес



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 26 страниц)

I сапраўды, сёлета 23 студзеня ён дажыў да шасцідзесяці, вось тады ён прызначыў сабе апошні тэрмін – прысвятак Сёмухі, бо на яе прыпадаў фэст горада, чыім заступнікам уважаўся Святы Дух. Тады ўначы ў паводзінах любага чалавека не было аніводнае драбязы, якой бы яна не ведала загадзя, бо ж яны часцяком размаўлялі пра гэта, пакутавалі разам у няўрымслівай плыні дзён, якой ні ён, ні яна ўжо не маглі спыніць. Ерэмія дэ Сэнт-Амур любіў жыццё аддана і прагна, ён любіў мора і каханне, яе і свайго сабаку, і з набліжэннем прызначанага дня ён згасаў ад адчаю, нібыта смерць ішла да яго не па ягонай волі, а як непазбежнасць лёсу.

– Сыходзячы ўчора ўначы, я ведала, што ён ужо не на гэтым свеце, – уздыхнула яна.

Жанчына хацела забраць сабаку, але ён паглядзеў на жывёліну, што драмала каля ягоных мыліцаў, пагладзіў яе, ледзь крануўшы пальцамі, і сказаў: «Шкада, але містэр Вудра Уілсан[5] пойдзе са мною». Ерэмія папрасіў прывязаць сабаку да ложка, а сам узяўся за ліст, і жанчына зрабіла несапраўдны вузел, каб сабака мог вызваліцца. Гэта была яе адзіная праява нявернасці, якую яна апраўдвала тым, што хацела прыгадваць Ерэмію, гледзячы ў халодныя вочы ягонага сабакі. Доктар Урбіна перапыніў яе аповед і сказаў, што сабака не вызваліўся. Яна адказала: «Значыць, не захацеў». І ўзрадавалася, бо давядзецца прыгадваць каханага так, як ён прасіў мінулай ноччу, калі адарваўся ад пачатага ліста і паглядзеў на яе ў апошні раз.

– Згадвай мяне з ружай, – сказаў ён ёй на развітанне.

Яна вярнулася дадому за поўнач. Запаліла і легла ў вопратцы, падпальвала цыгарэту ад недакурка папярэдняй, нібыта даючы яму час на ліст, бо ведала, што пісаць ён мусіць доўга і цяжка; недзе а трэцяй, калі завылі сабакі, яна паставіла на пліту ваду для кавы, апранулася ў чорнае і на золку зрэзала ў палісадніку першую ранішнюю ружу. Доктар Урбіна адчуваў, што будзе ненавідзець вобраз гэтае разважлівае жанчыны, і, здавалася, ведаў на тое прычыну: толькі чалавек без прынцыпаў здольны прымаць боль так абыякава.

Перад тым як сысці доктар яшчэ болей упэўніўся ў гэтай думцы. Яна сказала, што не пойдзе на пахаванне, бо так абяцала каханаму, хоць доктар Урбіна быццам бы ўлавіў штосьці супрацьлеглае ў адным з абзацаў ліста. Яна не пралье ані слёзкі, не змарнуе рэшты гадоў жыцця і не давядзе сябе на марудным агні ў булёне ўласнай памяці, а таксама не пахавае сябе сярод гэтых сцен, каб шыць да скону асабісты саван, як гэта заведзена сярод мясцовых удоў. Яна думала прадаць дом Ерэміі дэ Сэнт-Амура, які з гэтага дня належаў ёй, і ўсё, што там было, згодна з пісьмовым тастаментам, а далей збіралася жыць, як і дасюль, без адзінай скаргі на лёс у гэтай марыльні для бедных, дзе яна некалі была шчаслівай.

Усю дарогу дахаты гэтая фраза не выходзіла з галавы доктара Хувэналя Урбіна: «марыльня для бедных». Гэта былі не пустыя словы. Ягоны горад працягваў жыць, як колісь, па-за часам, і быў такім жа – спякотна-бясплённым горадам яго начных жахаў і самотных радасцяў падлетка, дзе нават іржавелі кветкі і псавалася соль, але нічога не здарылася за апошнія чатыры стагоддзі, калі не лічыць павольнага старэння сярод даўно павялага лаўравага кустоўя і гнілое дрыгвы. Узімку імгненныя і разбуральныя навальніцы размывалі прыбіральні, тады вуліцы выглядалі, як смуродныя багны. Улетку нябачны і, нібыта распаленая вапна, шурпаты пыл працінаў нават заканапачаныя шчыліны ўяўлення, уздымаўся шалёнымі вятрамі, якія зрывалі дахі і зносілі паветрам дзяцей. У суботу бедныя мулаты гучна пакідалі свае кардонна-бляшаныя хаты на беразе багны, бралі з сабою быдла, нейкія старыя рэчы, ежу і пітво і радасна захоплівалі камяністыя пляжы каланіяльнага раёна. Да нядаўняе пары яшчэ сустракаліся старыя з каралеўскім кляймом раба – след распаленага дабяла жалеза на грудзях. Напрыканцы тыдня яны таньчылі да знямогі, напіваліся ўшчэнт самагонкай, кахаліся ў кустах Ікакі і апоўначы ў нядзелю псавалі ўласнае свята крывавымі бойкамі, у якіх біліся ўсе супроць усіх. Гэта быў той самы гаманлівы натоўп, які ў астатнія дні тыдня запаўняў завулкі і пляцы старых кварталаў, натоўп, які купляў і прадаваў што заўгодна, вяртаў жыццё мёртваму гораду, прыдаючы яму нястрымнасць гучнага базару, над якім заўжды лунаў пах смажанай рыбы.

Незалежнасць ад іспанскае кароны, а потым і адмена рабства спрыялі пашырэнню шляхетнага дэкадансу, у асяроддзі якога і нарадзіўся доктар Хувэналь Урбіна. Вялікія і магутныя роды таго часу гінулі ў цішы некалі багатых дамоў, што патроху развальваліся. На стромкіх брукаваных вулках, якія так дапамагалі хавацца ў часе войнаў ці высадак піратаў, пустазелле спадала з балконаў, прадзірала шчыліны ў каменных сценах нават найлепш дагледжаных палацаў, і адзіным знакам жыцця а другой гадзіне дня былі млявыя практыкаванні на піяніна ў прыценні сіесты. У прахалодзе спальняў, прапітаных пахам ладану, жанчыны хаваліся ад сонца, нібыта ад дурное заразы, і нават да ранішняй імшы надзявалі мантыллю, каб схаваць твар. Каханне іхнае было лянотна выпакутаванае, часцяком трывожнае ад баязлівых прадчуванняў, і жыццё ім здавалася бясконцым. На схіле дня, у гнятлівае імгненне, калі знікае святло, над балотамі ўздымаліся хмары маскітаў-жываедаў, і лёгкі смурод людскіх экскрэментаў, цёплы і сумны, варочаў у душы разуменне непазбежнай смерці.

Само жыццё каланіяльнага горада, якое часта ідэалізаваў малады Хувэналь Урбіна падчас парыжскіх прыступаў меланхоліі, было ўсяго толькі ілюзіяй памяці. У гандлі горад дасягнуў вышыні і апярэдзіў іншыя гарады Карыбскага ўзбярэжжа ў XVIII стагоддзі, перадусім дзякуючы сумнеўнай перавазе быць найбуйнейшым у Амерыцы рынкам афрыканскіх рабоў. Да таго ж, тут была сталая рэзідэнцыя віцэ-каралёў Новай Гранады, якія лічылі за лепшае ўладарыць адсюль, з берагоў сусветнага акіяну, а не з далёкай і змерзлай сталіцы, дзе векавечныя залевы засцілі адчуванне рэальнасці. Некалькі разоў на год у бухце збіраліся флатыліі галеонаў з багаццямі Патасі, Кіта, Веракруса; менавіта тады горад перажываў часы сваёй славы. У пятніцу 8 чэрвеня 1708 года а чацвёртай папоўдні галеон «Сан-Хасэ», які толькі што адплыў у порт Кадыс з каштоўнымі камянямі і металамі на паўмільярда тагачасных песа, быў затоплены ангельскай эскадрай каля выхаду з гавані, і за доўгія дзвесце гадоў ніхто не здолеў падняць скарб. Ён ляжаў на каралавым дне, як і скрыўленае цела капітана, што нібыта дасюль калыхалася ад зрухаў вады на мосціку, і прыгадваўся толькі гісторыкамі ў якасці сімвала горада, прыдушанага цяжарам успамінаў.

На другім беразе бухты, у арыстакратычным квартале Ля-Манга, дом доктара Хувэналя Урбіна жыў нібы ў іншым часе. Ён быў вялікі і халодны, аздоблены порцікам і дарычнымі калонамі на знешняй тэрасе, адкуль відны былі міязматычныя воды бухты з рэшткамі разбітых караблёў. Падлогу склалі з белых і чорных плітаў у шахматным парадку ад уваходных дзвярэй да кухні, і гэта часта лічылі праявай асноўнай жарсці доктара Урбіна, бо людзі ўжо не помнілі пра такую самую слабасць каталонскіх архітэктараў, якія збудавалі гэты квартал нуварышаў на пачатку стагоддзя. Гасцёўня была прасторнай, з высокай, як і ва ўсім доме, столлю, мела шэсць вялікіх вокнаў, што выходзілі на вуліцу, і аддзялялася ад ядальні шклянымі дзвярыма з віньеткамі, якія адлюстроўвалі лазу з гронкамі вінаграду і дзяўчат, спакушаных жалейкамі фаўнаў у бронзавых гушчарах. Мэбля тут, як і гадзіннік з боем, нібыта вартаўнік з няўрымслівым сэрцам, уся была ангельская, канца XIX стагоддзя, а слёзкі на люстрах – з горнага крышталю; паўсюль упрыгожвалі залу падлогавыя і настольныя сеўраўскія вазы, алябастравыя статуэткі і карціны з паганскімі ідыліямі. Аднак у астатніх пакоях еўрапейскі дух знікаў, плеценыя крэслы суседнічалі з венскімі качалкамі і скуранымі зэдлікамі работы мясцовых рамеснікаў. У спальнях, акрамя ложкаў, былі выдатныя гамакі з Сан-Хасынта, з вышытым шаўковымі ніткамі і гатычным шрыфтам імем гаспадара. Меншая зала каля ядальні, якая першапачаткова задумвалася пад урачыстыя прыёмы, служыла музычным салонам, дзе прыезджыя слынныя выканаўцы давалі канцэрты для вузкага кола асоб. Таму там мазаічная падлога хавалася пад турэцкімі дыванамі: іх набылі на сусветнай выставе ў Парыжы, каб дасягнуць большай цішыні; тут жа, каля паліцы з раскладзенымі кружэлкамі, знаходзіўся артафон апошняй мадэлі, а ў кутку, пад манільскім покрывам, стаяла піяніна, на якім доктар Урбіна ўжо шмат гадоў не граў. У доме адчуваўся мудры дагляд жанчыны, якая цвёрда стаяла на зямлі.

Аднак не было ў доме ніводнага месца, такога да апошняй дробязі ўрачыстага, як бібліятэка, храм доктара Урбіна да глыбокай старасці. Бацькоўскі арэхавы пісьмовы стол і мяккія, як пярына, скураныя крэслы стаялі сярод шкляных паліц: ён загадаў заставіць імі сцены і нават вокны. На паліцах, у маніякальна ідэальным парадку месціліся тры тысячы кніжак у аднолькавым пераплёце з цялячай скуры, якія мелі залатую манаграму на карэньчыках. Астатнія пакоі пакутавалі ад шуму і дурных пахаў з порту, бібліятэка ж хавала цішу і застойны дух абацтва. Доктар Урбіна з жонкай напачатку пачуваліся няўтульна ў замкнёнай прасторы, бо нарадзіліся і выраслі пад уплывам карыбскага забабону, які патрабаваў трымаць адчыненымі дзверы і вокны, каб пускаць у дом прахалоду, хоць яе насамрэч не было. Але з часам іх упэўнілі перавагі рымскага метаду абароны ад спякоты, згодна з якім удзень дом заставаўся зачыненым і пры жнівеньскай спякоце, каб у пакоі не лезла з вуліцы гарачае паветра, а ўначы вокны і дзверы расчыняліся насцеж. З тае пары іх дом быў самым прахалодным пад палючым сонцам Ля-Мангі, і шчасцем было бавіць сіесту ў паўзмроку спальні, а ўвечары – сядзець у порціку, назіраючы за нью-арлеанскімі грузавымі караблямі попельнага колеру і за калёснымі рачнымі параплавамі з ілюмінацыяй, якія свежымі ручайкамі музыкі ачышчалі бухту ад застойнага смуроду. Дом таксама лічыўся самым абароненым са снежня і да сакавіка ад паўночных пасатаў. Яны зрывалі дахі і ўсю ноч, быццам галодныя ваўкі, круціліся вакол кожнага будынка, шукаючы хоць дробненькую шчыліну, каб улезці ў пакоі. Нікому не прыходзіла да галавы, што для сямейнай пары, якая збудавала жыццё на такім грунтоўным фундаменце, магло існаваць штосьці, здольнае азмрочыць шчасце.

Але, ва ўсялякім выпадку, тым ранкам доктар Урбіна шчаслівым сябе не адчуваў. Да дзясятай ён вярнуўся дадому ў дрэнным настроі пасля двух візітаў, з-за якіх не толькі прапусціў Сёмушную імшу, але над ім яшчэ навісла пагроза жыццёвых зменаў у тым веку, калі ўсё здавалася ўжо перажытым. Ён хацеў правесці сабачую, гэта значыць, няўчасную сіесту да ўрачыстага абеду ў доме доктара Лясыдэса Алівэллі, але прыслуга страшэнна мітусілася: усе спрабавалі злавіць папугая, які зляцеў, калі яго даставалі з клеткі, каб падрэзаць крылы, і цяпер сядзеў на самай высокай галіне мангавага дрэва. Папугай той быў паабскубаным вар’ятам: ён не размаўляў, калі яго прасілі, затое даваў волю языку ў самых нечаканых сітуацыях, прычым з такім чыстым вымаўленнем і здаровым сэнсам, на якія здольны не кожны чалавек. Яго выдрэсіраваў сам доктар Урбіна, і гэта надало папугаю такія прывілеі, якіх не меў ніхто ў сям’і, нават дзеці, калі былі малымі.

Папугай жыў з імі больш за дваццаць гадоў, і прадавец, калі яго набывалі, не ведаў ягонага веку. Штодня пасля сіесты доктар Урбіна сядаў з ім на тэрасе – самым прахалодным месцы ў доме – і цярпліва праяўляў неверагодныя мажлівасці свайго педагагічнага таленту, пакуль папугай не навучыўся размаўляць па-французску, як акадэмік. Потым, з чыстага энтузіязму, ён навучыў папугая паўтараць на памяць харальныя тэксты набажэнства на лаціне і выбраныя фрагменты з Евангелля ад Мацвея. Аднак спроба ўбіць птушцы ў голаў механічнае веданне чатырох арыфметычных дзеяў скончылася няўдала. З адной з апошніх вандровак у Еўропу доктар прывёз першы фанограф з трубой і мноства кружэлак з запісамі модных мелодый і твораў сваіх улюбёных класічных кампазітараў. Дзень пры дні на працягу некалькіх месяцаў ён пракручваў папугаю песні Івэты Гільбэр і Арыстыда Бруана, якія пакарылі французскую публіку мінулага стагоддзя, пакуль папугай не вывучыў іх на памяць. Ён спяваў жаночым голасам альбо тэнарам у залежнасці ад таго, хто спяваў на кружэлцы, і заканчваў спевы нахабным гогатам – люстэркавай копіяй смеху мясцовых прыслужніц, калі тыя слухалі ягоныя спевы па-французску. Слава пра папугаевы таленты зайшла так далёка, што часам пабачыць яго прасілі дазволу слынныя вандроўнікі, якія прыплывалі з цэнтральных раёнаў краіны на рачных караблях, а ангельскія турысты, якія шмат вандравалі на нью-арлеанскіх бананавых суднах, аднойчы паспрабавалі набыць папугая за любы кошт. Аднак самы слаўны для птушкі дзень настаў, калі дом адведаў прэзідэнт рэспублікі дон Марка Фідэль Суарэс з кабінетам міністраў у поўным складзе і таксама захацеў упэўніцца ў праўдзівасці чутак. Яны прыйшлі прыкладна а трэцяй, задыхаючыся ад палючага жнівеньскага паветра, бо былі ў сурдутах і цыліндрах – нябогі не здымалі іх на працягу трох дзён афіцыйнага візіту. Але з’ехалі яны такімі ж заінтрыгаванымі, як і прыехалі, бо папугай не выдаў ані слова, нягледзячы на мальбу, пагрозы і публічны сорам доктара Урбіна, які рызыкнуў запрасіць высокіх гасцей, не зважаючы на мудрыя папярэджанні жонкі.

Папугай захаваў свае прывілеі і пасля гістарычнага фіяска, што канчаткова пацвердзіла ягоную суверэннасць. Ніякія іншыя жывёліны ў дом не дапушчаліся, за выключэннем хіба што земляной чарапахі, якая зноў з’явілася на кухні пасля трох альбо чатырох гадоў адсутнасці, калі ўсе лічылі, што яна знікла назаўжды. Але на чарапаху не глядзелі як на жывую істоту, а, хутчэй, як на скамянелы амулет на шчасце, і ніхто не мог сказаць дакладна, дзе яна поўзае. Доктар Урбіна не хацеў прызнацца ў гідлівасці да жывёлінаў, спасылаючыся на самыя розныя навуковыя байкі і філасофскія высновы, якія шмат каго ўпэўнілі, толькі не ягоную жонку. Ён тлумачыў, што аматары жывёлы здольныя на самую неверагодную жорсткасць у адносінах да людзей. Ён казаў, што сабакі не так адданыя, як паслужлівыя, каты – апартуністы і здраднікі, пава – вяшчун смерці, чырвоны ара – залішняе ўпрыгожанне, трусы даводзяць да хцівасці, малпы перадаюць гарачку юрлівасці, а на пеўнях – праклён, бо праз іх людзі тройчы выракліся Хрыста.

Але Фэрміна Даса, яго сямідзесяцідвухгадовая жонка, у якой тады ўжо знікла мінулая і надта жаноцкая хада аленіхі, да шаленства любіла трапічныя кветкі і хатнюю жывёлу, а ў першыя гады шлюбу, карыстаючыся з палкага кахання мужа, заводзіла жывёлінаў без усялякай меры і здаровага сэнсу. Спачатку набыла трох далмацінцаў, названых імёнамі рымскіх імператараў, – яны разадралі адзін аднаго з-за сучкі, якая цалкам апраўдала сваю мянушку – клікалі яе Месалінай, – бо яна яшчэ не паспявала ашчаніцца дзевяццю шчанюкамі, а ўжо была цяжарная дзесяццю іншымі. Затым у доме з’явіліся абісінскія коткі з арліным профілем і норавамі егіпецкіх фараонаў, касавурыя сіямцы, палацавыя персы з аранжавымі вачыма, якія блукалі па доме, як прывіды, і распуджвалі ноч віскатаннем падчас сваіх оргій. На ланцугу каля мангавага дрэва, што расло ў двары, некалькі гадоў трымалі амазонскую малпу-ўістыці, якую шкадавалі, бо з твару была падобная да сумнага арцыбіскупа Абдуліё-і-Рэя, з той жа цнатлівасцю ў вачах і красамоўем рук. Але не з гэтае прычыны Фэрміне Дасе давялося пазбыцца малпы: гэны самец меў дурную звычку спаталяць сваю прагу, пазіраючы на сеньёраў.

У калідорах віселі клеткі з рознымі гватэмальскімі птушкамі, бугаямі-вестунамі, балотнымі чаплямі з даўгімі жоўтымі лапамі, а таксама жыло аленянё, якое савала пысу ў вокны і жэрла антурыі ў вазонах. Напярэдадні апошняй грамадзянскай вайны, калі ўпершыню загаварылі пра мажлівы візіт папы рымскага, з Гватэмалы выпісалі райскую птушку, якую вельмі доўга везлі. Потым дазналіся, што абвестка пра вандроўку папы была прыдумкай ураду, які меркаваў спудзіць змоўшчыкаў-лібералаў, і тады райскую птушку вярнулі на радзіму хутчэй, чымся даставілі адтуль. Іншым разам у кантрабандыстаў з Курасао, якія дабіраліся да бухты пад ветразямі, набылі драцяную клетку з шасцю спецыяльна надухмяненымі крумкачамі – такія ж мела Фэрміна Даса ў маленстве, у бацькоўскім доме, і яна захацела мець іх побач зноў. Аднак ніхто не здолеў цярпець іхнае бесперапыннае пляскатанне крылаў, што разносіла пах пахавальных вянкоў. Была ў іх і чатырохметровая анаконда, чый свіст па начах трывожыў цемру спальняў, хоць ад яе была і карысць: ад смяротнага подыху анаконды паўцякалі з дому кажаны і саламандры, як і мноства шкодных насякомых, якія бралі дом штурмам у сезон дажджоў. Доктару Хувэналю Урбіна, тады звышзанятаму працай, паглыбленаму ў ажыццяўленне сваіх грамадскіх і культурных праектаў, было дастаткова думаць, што сярод гэтых мярзотных істот ягоная жонка была не толькі найпрыгажэйшай, але і найшчаслівейшай жанчынай на Карыбскім узбярэжжы. Але адным дажджлівым вечарам, пасля цяжкога працоўнага дня, доктар Урбіна прыехаў дамоў, і жахлівы разгром ашаламіў яго, змусіў павярнуцца тварам да рэчаіснасці. Ад гасцёўні і па ўсім доме, наколькі хапала вока, ляжалі і плавалі ў крыві забітыя жывёліны. Служанкі паўзлазілі на крэслы, не ведаючы, што рабіць і не ў сілах вызваліцца ад жаху гэтай бойні.

Здарылася так, што адзін з нямецкіх догаў у раптоўным прыступе шаленства разадраў на кавалкі ўсё жывое, што трапілася на ягоным шляху да таго, як суседскі садоўнік праявіў мужнасць і засек яго сваім мачэтэ. Было невядома, каго няшчасны дог пакусаў, а каго й заразіў зялёнай слінай, таму доктар Урбіна загадаў забіць пазасталых жывёлаў і спаліць целы ў полі як мага далей ад жытла, а затым ён папрасіў супрацоўнікаў шпіталя Міласэрнасці правесці ў доме грунтоўную дэзінфекцыю. I толькі шчаслівая чарапаха ўратавалася, бо ніхто пра яе ў тым вэрхале не прыгадаў.

Фэрміна Даса ўпершыню пагадзілася з мужам у справе, якая мела дачыненне да хатняе гаспадаркі, і доўгі час засцерагалася гаварыць пра меншых братоў чалавека. Яна цешыла сябе каляровымі ілюстрацыямі да Лінеевай «Гісторыі прыроды», уставіла іх у рамы і развесіла на сценах залы, – мажліва, з цягам часу яна б страціла надзею пабачыць жывёлу ў доме, але аднойчы на золку нейкія злодзеі выбілі акно прыбіральні, улезлі ў дом і вынеслі срэбныя прыборы – спадчыну пяці пакаленняў. Доктар Урбіна паставіў падвойныя замкі на вокнах, умацаваў дзверы жалезнымі засаўкамі, паклаў каштоўныя рэчы ў сейф і набыў запозненую вайсковую звычку – спаць з рэвальверам пад падушкай. Аднак ад набыцця сабакі-вартаўніка адмовіўся, няхай і з прышчэпкай ад шаленства, няхай і на ланцугу, сказаўшы, што не пойдзе на гэта, нават калі злодзеі пакінуць яго ў чым маці нарадзіла.

– Ніколі ў дом не ўвойдуць пазбаўленыя мовы істоты, – сцвердзіў ён, каб скончыць з хітрыкамі жонкі, якая зноў упарта схіляла яго да набыцця сабакі. Ён не мог сабе ўявіць, што за непрадуманыя словы можна паплаціцца жыццём. Фэрміна Даса, чый неўтаймаваны характар прымаў з гадамі нечаканыя адценні, імгненна злавіла мужа на словах: колькі месяцаў пасля пакражы яна зноўку падышла да караблёў кантрабандыстаў з Курасао і набыла каралеўскага папугая з Парамарыба. Папугай ведаў толькі адборную матроскую лаянку, але вымаўляў яе так па-чалавечы, што, далібог, каштаваў заплочаных за яго грошай – дваццаці сентава.

Папугай быў гожы, важыў менш, чымся здавалася на першы погляд, меў ярка-жоўтую галоўку і чорны язычок, менавіта колер язычка адрозніваў яго вонкава ад мясцовых папугаяў з мангровых лясоў, якіх немагчыма было навучыць размаўляць нават з дапамогаю шкіпінарных свечак. Доктар Урбіна ўмеў прайграваць, ён схіліў голаў перад светлым розумам жонкі і здзівіўся таму, што яму прыемна адзначаць поспехі падахвочванага прыслужніцамі папугая. Увечары, калі разгульвалася навальніца, папугай весяліўся, адчуваючы прахалоду, і гэта развязвала яму язык, ён паўтараў фразы з даўніх часоў, з-за чаго можна было падумаць, што ён выглядаў маладзейшым, чым быў насамрэч. Супраціў доктара Урбіна канчаткова праваліўся аднойчы ўначы, калі злодзеі зноў спрабавалі ўлезці ў дом праз дахавае акно, а папугай імгненна разагнаў іх бульдогавым брэхам, такім, якім не брахаў бы ніводзін сапраўдны злы сабака, а ўслед пракрычаў: «Злодзеі, злодзеі, злодзеі!» – такім штукам ён не мог навучыцца ў гэтым доме. Вось тады доктар Урбіна пачаў займацца птушкай, загадаў прыладзіць пад мангавым дрэвам жэрдку з дзвюма пасудзінамі, адной – для свежай вады, а другой – для спелых бананаў; апрача таго, папугаю зрабілі трапецыю для заняткаў акрабатыкай. Са снежня і да сакавіка, калі ўночы халаднела і непагадзь рабіла жыццё невыносным, бо дзьмулі паўночныя вятры, папугая ўносілі ў дом, і ён спаў у клетцы з покрывам, хоць доктар Урбіна падазраваў, што яго хранічны сап мог стацца шкодным для нармальнага подыху людзей. На працягу многіх гадоў папугаю падрэзвалі крылы, выпускалі на волю, і ён тупаў, колькі заўгодна, хадою старога кавалерыста. Аднойчы папугай паказваў акрабатычныя эцюды на бэльках кухні, нечакана ўпаў у каструлю, у якой гатавалі поліўку з гародніны, і пачаў раўці розную матроскую бязглуздзіцу кшталту: «Ратуйся, хто можа!» Аднак абышлося: кухарка паспела злавіць яго чэрпалкай, абваранага і амаль без пер’я, аднак жывога. З тае пары ён жыў у клетцы нават днём, насуперак паўсюдным прымхам, нібыта папугай у клетцы забывае ўсё, чаму яго навучылі. Яго выпускалі толькі а чацвёртай пасля абеду, калі свяжэла, і доктар Урбіна пачынаў з ім заняткі на тэрасе. Ніхто своечасова не заўважыў, што крылы надта выраслі, і тым ранкам, калі збіраліся падразаць іх, ён зляцеў і апынуўся на вяршыні мангавага дрэва.

Тры гадзіны яго не маглі дастаць. Прыслужніцы і іхныя сяброўкі з суседніх дамоў прыдумвалі ўсялякія хітрыкі, каб папугай спусціўся, але ён упарта заставаўся на недасягальнай адлегласці, смяяўся як шалёны і крычаў: «Хай жыве ліберальная партыя, хай жыве ліберальная партыя, каб вас!», а гэты адважны вокліч ужо каштаваў жыцця не аднаму вясёламу п’янтосу. Ледзь бачачы папугая ў лістоце, доктар Урбіна спрабаваў угаварыць яго па-іспанску і па-французску, нават на лаціне, а папугай адказваў яму на тых самых мовах, з такою ж пыхай і тым жа тэмбрам голасу, але так і не паварушыўся. Доктар Урбіна ўпэўніўся, што ніхто папугая пераканаць не здолее, і загадаў паклікаць на дапамогу пажарную каманду, якая была апошнім ягоным захапленнем.

Фактычна, да нядаўняе пары, пажары гасілі добраахвотнікі, у ход ішлі мулярскія лесвіцы, а вёдры з вадою цягнулі, адкуль маглі, і спосабы гашэння былі такія недарэчныя і прымітыўныя, што часам прыносілі больш шкоды, чым уласна пажар. Але з мінулага года, дзякуючы збору сродкаў, праведзенага Таварыствам грамадскага ўпарадкавання, ганаровым старшынёй якога быў сам Хувэналь Урбіна, горад меў прафесійную пажарную каманду, машыну з цыстэрнай, сірэнай і звонам, а таксама два брандспойты. Пажарныя сталі настолькі папулярнымі, што школы, калі ў цэрквах пачыналі біць трывогу, спынялі заняткі, каб дзеці пабачылі, як яны вядуць барацьбу з агнём. Напачатку яны толькі гэтым і займаліся. Але доктар Урбіна распавёў вышэйшым муніцыпальным чыноўнікам, што ў Гамбургу бачыў, як пажарныя вярталі да жыцця амаль змерзлае немаўля, якое знайшлі ў сутарэнні пасля трохдзённага снегападу. Ён таксама бачыў у адным неапалітанскім завулку, як яны спускалі труну з балкона дзясятага паверха, бо лесвіцы старога дома былі надта пакручастыя і сям’я не магла вынесці нябожчыка на вуліцу. Гэтак і тутэйшыя пажарныя пачалі рабіць іншыя тэрміновыя паслугі насельніцтву: узломвалі замкі або забівалі атрутную змяю, а Школа медыцыны наладзіла для іх адмысловыя курсы першай дапамогі пры лёгкіх траўмах. Так што нічога заганнага не было ў просьбе спусціць з дрэва знанага папугая з не меншымі заслугамі, чым у якога паважанага кабальера. Доктар Урбіна прамовіў: «Скажыце ім, што папрасіў я». І пайшоў у спальню пераапрануцца да святочнага абеду. Праўду кажучы, ён быў разбіты лістом Ерэміі дэ Сэнт-Амура, і лёс папугая не вельмі турбаваў яго.

Фэрміна Даса ўбралася ў шырокую шаўковую сукенку з падоўжанай таліяй, каралі з натуральных перлінаў у шэсць даўгіх, але няроўных нітак і атласныя чаравікі на высокіх абцасах, якія трымала для самых урачыстых выпадкаў – узрост не дазваляў ёй апранацца так без дай прычыны. Модны строй нібыта быў не да твару бабулі паважных гадоў, але ёй усё гэта пасавала: яна была высокай, яшчэ хударлявай і асаністай, на гнуткіх руках не было ніводнай старэчай радзімкі, валасы, падстрыжаныя пад вуглом на роўні шчакі, паблісквалі стальным блакітам. Адзінае, што заставалася ў ёй ад вясельнага партрэта, – гэта вочы колеру светлых мігдалаў і ўласцівая ёй годнасць, а тое, што адымаў узрост, кампенсавалася характарам і яшчэ стараннасцю. Яна пачувалася добра: далёка ззаду засталіся часы жалезных гарсэтаў, зацягнутай таліі і прыўзнятага хітрыкамі мадыстак азадка. Свабоднае цела цяпер дыхала, як хацела, і дэманстравалася такім, якім яно было. Няхай сабе і ў семдзесят два гады.

Доктар Урбіна знайшоў яе за туалетным столікам, яна сядзела пад лянотнымі лопасцямі электравентылятара, і якраз надзявала капялюш-звон, аздоблены пільсцёвымі фіялкамі. Спальня была вялікай і светлай, над ангельскім ложкам ружавеў тонкі полаг ад маскітаў, два адчыненыя акны выходзілі ў зеляніну двара, адкуль далятала цвырканне цыкадаў, ашалелых ад прадчування дажджу. Вопратку для мужа з тае пары, як яны вярнуліся з вясельнае вандроўкі, Фэрміна Даса абірала ў адпаведнасці з надвор’ем і выпадкам, каб усё было напагатове, калі ён выйдзе з ваннага пакоя. Яна не магла прыгадаць, калі пачала дапамагаць яму апранацца, і з якой пары цалкам апранала яго, і разумела, што напачатку рабіла гэта з кахання, а ў апошнія пяць гадоў так ці іначай змушаная была займацца ягоным гардэробам, бо сам ён ужо з гэтым не спраўляўся. Яны ўжо адзначылі залатое вяселле, і не маглі жыць адно без аднаго альбо не думаць адно пра аднаго, а з наступленнем жорсткае старасці заставацца ў самоце рабілася проста немагчыма. Hi ён, ні яна не маглі сказаць, на каханні ці на практычнай звычцы трымаецца іх узаемапрывязанасць, але яны ўсяляк унікалі задавацца гэтым пытаннем, бо абое лічылі за лепшае не ведаць сапраўднага адказу. Яна паступова адкрывала для сябе няўпэўненасць мужавага поступу, зменлівасць ягонага настрою, правалы памяці, а летась для яго стала звычкай плакаць у сне. Тым не менш, яна ўспрыняла гэта не як беспамылковыя адзнакі старэчае іржы, а як шчаслівае вяртанне ў маленства. Таму яна не ставілася да яго як да старога з мярзотным характарам, а, хутчэй, як да састарэлага дзіцяці, і гэты самападман быў для іх ласкай божай, бо ратаваў ад знявагі ўзаемнага шкадавання.

Зусім іншым было б жыццё, калі б яны своечасова дазналіся, што нашмат лягчэй унікнуць вялікіх сямейных катастроф, чым штодзённай непрыемнай драбязы. Але, калі яны чаму і навучыліся разам, дык гэта таму, што мудрасць прыходзіць да нас, калі яна ўжо ні на што не патрэбная. Фэрміна Даса шмат гадоў запар цярпела, як стрэмку ў сэрцы, шумнае абуджэнне мужа на золку. Яна чаплялася за апошнія ніткі сну, каб не сутыкацца з новым ранкам у прадчуванні бяды, а ён расплюшчваў вочы з нявіннасцю немаўляці: кожны новы дзень быў яшчэ адным днём, выйграным у лёсу. Яна чула, як ён прачынаўся з пеўнямі, і першай адзнакай жыцця быў натужны кашаль, нібыта ён кашляў знарок, каб і яна прачнулася. Затым яна чула ягонае бурчанне – ён рабіў гэта наўмысна, абы патурбаваць яе, калі шукаў навобмацак пантофлі, якія заўжды стаялі каля ложка. Яшчэ яна чула, як ён ішоў у прыбіральню, таксама навобмацак, у цемры. За гадзіну, што ён пасля праводзіў у кабінеце, яна паспявала заснуць, але крыху пазней зноўку чула яго: ён вяртаўся ў спальню апранацца, хоць і не запальваў святла. Аднойчы, падчас адной салоннай гульні, на просьбу вызначыць сябе самога, ён адказаў: «Я чалавек, які апранаецца ў цемры». Яна чула яго і ведала, што ніводзін нібыта выпадковы шум не можа быць апраўданы, ён шумеў знарок, удаючы адваротнае, як і яна ўдавала сон. Яго матывы былі празрыстымі: ён ніколі так не адчуваў патрэбы ў ёй, у ейным жыватворным святле, як у хвіліны патаемнае трывогі.

Наўрад ці хто спаў прыгажэй за яе – яна ляжала ў позе грацыёзнага танца, прыціснуўшы далонь да ілба, – але таксама наўрад ці хто-кольвек быў больш раз’юшаным, калі ёй заміналі адчуваць сябе ў сне, хоць яна ўжо не спала. Доктар Урбіна ведаў, што яна нервуецца праз ледзь чутны шоргат і нават цешыцца, што можна на кагосьці ўзваліць віну за бяссонне ад пятай рання. Даходзіла да таго, што зрэдчас, калі яму насамрэч даводзілася шукаць пантофлі навобмацак, бо іх не было на месцы, яна раптам гаварыла нібы скрозь сон: «Учора ты пакінуў іх у ваннай». І тут жа злосна бадзёрым голасам дадавала:

– І самае горшае, што ў гэтым доме ніколі не даюць паспаць.

У такіх выпадках яна раптоўна варочалася ў ложку і, ужо не шкадуючы сябе, запальвала святло, задаволеная перамогай на пачатку дня. Па сутнасці, гэта была іхная гульня, злая містыфікацыя, але менавіта яна прыносіла задавальненне: гэта была небяспечная асалода ўтаймаванага кахання. Але аднойчы такая трывіяльная гульня ледзь не паклала канец трыццацігадоваму шлюбу, бо ў ваннай не аказалася мыла.

Пачалося, як заўжды, будзённа і проста. Доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся ў спальню, а гэта былі яшчэ тыя часы, калі ён прымаў ванну без дапамогі, і стаў апранацца ў цемры. Яна, як вялося ў той час, знаходзілася ў цеплыні эмбрыянальнага стану: вочы заплюшчаныя, подых лёгкі, а рука паднятая над галавой, як у рытуальных скоках. Але ўсё ж яна драмала, так было заўжды, і ён гэта ведаў. Ладна пашоргаўшы ў цемры накрухмаленай ільняной вопраткай, доктар Урбіна сказаў нібыта сабе самому:

– Пэўна, ужо цэлы тыдзень мыюся без мыла, – так ён сказаў.

Вось тады яна прачнулася канчаткова, успомніла і задрыжэла ад злосці на ўвесь белы свет, бо сапраўды забылася пакласці мыла ў ваннай. Што мыла няма, яна заўважыла тры дні назад, калі ўжо стаяла пад душам, і вырашыла прынесці кавалак пазней, але потым забылася да наступнага дня. Тое ж здарылася і назаўтра. Насамрэч мінуў не тыдзень, як ён гэта сказаў, каб падкрэсліць яе вінаватасць, але тры недаравальныя дні – так, і злосць узнікла, бо яе выкрылі ў няўважлівасці, і гэта вывела яе з сябе. Як звычайна, яна пачала абараняцца нападаючы:

– Але я мылася ўсе гэтыя дні, – закрычала яна, ужо не стрымліваючы сябе, – і мыла заўсёды было на месцы.

Хоць ён і ведаў ужо ейныя метады вядзення вайны, на гэты раз не змог стрымацца. Прыдумаўшы падставу, штосьці накшталт таго, што трэба, маўляў, паназіраць за станам хворых, доктар перабраўся жыць у інтэрнат пры шпіталі Міласэрнасці, дзе былі пакоі для персаналу, а дома з’яўляўся толькі пад вечар, каб пераапрануцца для візітаў. Толькі пачуўшы, што ён прыехаў, яна тут жа сыходзіла на кухню, прыкідвалася занятай, і заставалася там, пакуль з вуліцы не далятаў тупат капытоў, і мужава пралётка не аддалялася. Усе спробы пакончыць з разладам за тры месяцы толькі раздзьмулі полымя злосці. Ён не збіраўся вяртацца, пакуль жонка не прызнае, што мыла ў ваннай не было, а яна адмаўлялася прымаць яго, пакуль ён не пацвердзіць, што свядома схлусіў, каб насаліць ёй.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю