Текст книги "Каханне падчас халеры"
Автор книги: Габрыэль Маркес
Жанры:
Магический реализм
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 21 (всего у книги 26 страниц)
Так ці інакш, ахвярапрынашэнне выявілася дарэмным. Памяць пра мужа-нябожчыка была трывала гарачай, не гарэла ў полымі вогнішча, не пераўтвалася ў попел з хадой дзён. Горш за тое, пасля спалення вопраткі Фэрміна Даса не толькі працягвала сумаваць па ўсім, што любіла ў ім, але таксама па тым, што больш за ўсё раздражняла: па шуме, які ён заўсёды рабіў, калі ўставаў раніцой. Гэтыя ўспаміны дапамаглі ёй выйсці з мангавага кустоўя яе жалобы. Перадусім яна прыняла цвёрдае рашэнне працягваць жыць, прыгадваючы мужа, нібыта ён быў жывы. Фэрміна Даса ведала, што ёй будзе цяжка прачынацца штораніцы без яго, але з кожным днём яна адчувала гэта менш і менш.
Напрыканцы трэцяга тыдня яна пачала бачыць першыя праменьчыкі святла. Але паступова, як нарастала яснасць, яна ўсвядоміла, што шлях яе жыцця перайшоў прывід, які не пакідаў ёй ні хвіліны спакою. Гэта быў не той прывід, варты жалю, які сачыў за ёю ў Евангельскім скверыку, якога яна, бывала, згадвала нават з пяшчотай на схіле гадоў, – гэта быў мярзотны прывід у сурдуце ката, які прыціскаў капялюш да грудзей, чыё нягеглае нахабства так яе раз’юшыла, што ўжо немажліва было не думаць пра яго. Здаўна, з моманту адмовы яму ў васямнаццаць гадоў, яна была ўпэўненая, што пасеяла ў ім зярняткі нянавісці, якія з часам прараслі і разрасталіся. Яна адчувала ягоную нянавісць у паветры, калі прывід узнікаў паблізу, адзін ягоны выгляд прыгнятаў яе, страшыў да такой ступені, што яна страчвала натуральнасць паводзінаў, калі ён прысутнічаў. Той ноччу, калі ён зноўку пакляўся ў каханні амаль каля ложка нябожчыка мужа пры яе завялых кветках, якія напаўнялі дом сваім водарам, яна не здолела ўцяміць, што гэтая дзёрзкі выбрык наагул не быў першым крокам д’ябальскага намеру, звязанага з жахлівай помстай.
Упартасць успамінаў аб ім узмацняла яе гнеў. Калі на наступны дзень пасля хаўтураў яна прачнулася, думаючы пра яго, яна здолела выгнаць яго з памяці простым рухам волі. Але ён нанава вяртаўся, і неўзабаве Фэрміна Даса ўсвядоміла, што жаданне забыць яго стала наймацнейшым стымулам да адваротнага – да згадак пра яго. Тады яна, адоленая настальгіяй, упершыню адважылася скарыцца ўспамінам пра далёкія часы яе ірэальнага кахання. Фэрміна Даса спрабавала прыгадаць дакладней, як тады выглядалі скверык, мігдалавыя дрэвы з паламанымі галінкамі, лава, дзе ён сядзеў, закаханы, бо там нічога не захавалася ў былым выглядзе. Усё змянілася: спілавалі і вывезлі дрэвы, так што не відаць ёй больш дывана з пажоўклай мігдалавай лістоты. Замест помніка абезгалоўленаму герою паставілі манумент іншаму чалавеку ў параднай форме без імя і жыццёвых дат, якія б апраўдвалі само існаванне помніка на вялізным і пышным пастаменце. Унутры пастамента змантавалі электрашчыт, які абслугоўваў квартал. Стары дом Фэрміны Дасы, прададзены шмат гадоў таму, ператвараўся ў руіны ў руках урада правінцыі. Ёй цяжка было ўявіць, якім быў тады Флярэнтына Арыса. Тым больш, яна не здолела зразумець, што сумны юнак, які выклікаў шкадобу тым, што дзеля адзінага погляду на яе гадзінамі мок пад дажджом, і спарахнелы стары, з’едзены моллю, які ўзнік перад ёю без усялякай павагі да яе стану, без пашаны і разумення яе болю, які абпаліў ёй душу пякельнай абразай, – што гэтыя двое былі адной і той жа асобай.
Неяк кузіна Ільдэбранда Санчас прыехала да яе пагасцяваць. Гэта было пасля вяртання Фэрміны Дасы з маёнтка Флёрэс-дэ-Марыя. Якраз перад прыездам Ільдэбранды Фэрміна Даса сустрэла Флярэнтына Арысу ў кіно з сеньярытай Касіяні. Кузіна стала мажнай, пастарэла, але была шчаслівая, яе суправаджаў старэйшы сын, вайсковы палкоўнік, як і ягоны бацька, але якога сын асуджаў за бессаромны ўдзел у расстрэле рабочых на бананавай плантацыі Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі. Стрыечныя сёстры сустракаліся не раз і заўсёды бавілі час ва ўспамінах эпохі іх першага знаёмства. Апошнім разам Ільдэбранда аддалася настальгіі, як ніколі, і ўсё ж адчувала цяжар уласнага ўзросту. Каб зведаць большую асалоду ад успамінаў, яна прывезла копію даўняга партрэта дзвюх старасвецкіх дам, якіх здымаў фатограф-бельгіец, калі малады Хувэналь Урбіна ўразіў вольналюбівую Фэрміну Дасу. У Фэрмінавым доме фота знікла, Ільдэбрандава копія была не з удалых, аднак яны здолелі разгледзець сябе: маладыя і гожыя, якімі яны ўжо ніколі не будуць.
Ільдэбранда не магла не гаманіць пра Флярэнтына Арысу, бо заўсёды атаясамлівала ягоны лёс з асабістым. Яна згадала дзень, калі Флярэнтына Арыса даў сваю першую тэлеграму следам за Фэрмінай Дасай, – такім ён застаўся ў сэрцы Ільдэбранды: нібыта сумная птушка, якую прысудзілі да забыцця. Фэрміна, са свайго боку, бачыла Флярэнтына час ад часу, але, зразумела, не загаворвала з ім і не магла ўявіць, што гэта той самы юнак першага кахання. Да яе даходзілі весткі пра яго, бо рана ці позна яна ведала ўсё, што тычылася хоць крыху значных людзей горада. Гаварылі, што ён не ажаніўся, быў іншай арыентацыі, але яна не ўважала на гэта, часткова таму, што не прыслухоўвалася да ўсялякіх чутак, а часткова праз тое, што падобнае гаварылі пра шмат якіх мужчын, якія былі па-за падазронасцю. Аднак ёй здалося дзіўным, што Флярэнтына Арыса ўпарта працягваў насіць старамодную містычную вопратку, карыстаўся дзіўнымі ласьёнамі, заставаўся таямнічым чалавекам і пасля таго, як праклаў сабе шлях у жыцці сенсацыйным, але сумленным чынам. Яна не магла паверыць, што гэта адзін і той жа чалавек, і заўсёды здзіўлялася, чуючы ўздыхі Ільдэбранды: «Бедны, бедны, як ён напакутаваўся!» Фэрміна Даса глядзела на яго, не адчуваючы болю ўжо здаўна: для яе гэта быў выкраслены з жыцця цень.
Аднак увечары, калі яна сутыкнулася з ім у кіно, а гэта было неўзабаве пасля вяртання з Флёрэс-дэ-Марыя, штосьці дзіўнае адбылося ў яе сэрцы. Яе не здзівіла, што ён быў з жанчынай, да таго ж, негрыцянкай. Здзівіла, што ён так добра захаваўся, што паводзіў сябе даволі натуральна. Ёй не прыйшло да галавы, што гэта, напэўна, не ён, а яна сама змянілася з разбуральным уваходжаннем у асабістае жыццё сеньярыты Лінч. З тае пары і на працягу дваццаці гадоў яна глядзела на яго больш міласэрнымі вачыма. Уначы напярэдадні хаўтураў мужа ёй не толькі была зразумелая ягоная прысутнасць, але яна нават успрыняла гэта як натуральную прапанову міру, як акт даравання, калі забываюцца абразы і крыўды. Таму здалося такім нечаканым меладраматычнае сцверджанне ягонага кахання, якога для яе ніколі не існавала, ды яшчэ ў такім узросце, калі ні Флярэнтына Арыса, ні яна сама ўжо нічога не маглі чакаць ад жыцця.
Лютая злосць не прайшла пасля сімвалічнай крэмацыі мужа, яна тым больш расла і разгаліноўвалася, чым менш Фэрміна Даса была здольная авалодаць сабою. Горш за тое, прастора памяці, якая вызвалілася ёю ад мужа, паступова і неадольна займалася макавым долам, дзе калісьці яна пахавала ўспаміны пра Флярэнтына Арысу. Яна думала пра яго міжволі, і чым больш думала, тым мацней злавалася, і ўжо сама злосць змушала абярнуць думкі на яго. Гэта стала настолькі невыносным, што яна ледзь не страціла розуму. Тады яна і села за пісьмовы стол нябожчыка-мужа і напісала Флярэнтына Арысу ліст на трох шалёных старонках, дзе абсыпала яго лаянкай і подлымі інсінуацыямі, якімі аблегчыла душу, хоць і ўсведамляла, што пайшла на самы нягодны ўчынак у сваім доўгім жыцці.
Флярэнтына Арыса таксама пражыў тры тыдні ў пакутах, нібыта ў агоніі. Пацвердзіўшы сваё каханне да Фэрміны Дасы, ён выйшаў з яе дома і бадзяўся ўначы без мэты па вуліцах, якія патаналі ў вечаровай навальніцы, і пытаў сябе ў жаху, што рабіць са шкураю тыгра, забітага ім пасля паўстагоддзя аблогі. Горад, які згвалціла навальніца, жыў у стане трывогі. У некаторых дамах напаўаголеныя мужчыны і жанчыны спрабавалі ўратаваць ад патопу хоць бы тое, на што будзе Божая воля, і ў Флярэнтына Арысы ўзнікла такое ўражанне, што ўсеагульная бяда нейкім чынам звязана з ягонай бядою. Але паветра стала ціхім, і карыбскія зоркі ззялі спакойна. Нечакана ў поўнай цішы Флярэнтына пазнаў голас чалавека, які ён і Леона Касіяні чулі шмат гадоў таму, ён спяваў на тым жа перакрыжаванні вуліц: «Ад моста я вярнуўся, абліты слязьмі». Песня нейкім дзіўным чынам – уначы і толькі для яго – мела адносіны да смерці.
Як ніколі, яму была патрэбная Трансыта Арыса, ён жадаў яе мудрых слоў, хацеў бачыць яе галаву, заўсёды поўную каралеўскіх досціпаў, якую ўпрыгожвалі папяровыя кветкі. З гэтым нічога нельга было зрабіць: кожны раз, калі ён знаходзіўся на мяжы катаклізму, яму трэба было знайсці прытулак у жанчыны. Так што ён дайшоў да педагагічнай школы ў пошуках даступнай сустрэчы і ўгледзеў святло ў доўгай чарадзе вокнаў, а менавіта – у спальні Амэрыкі Вікунне. Яму прыйшлося сабраць усю сілу волі, каб не ўпасці ў шаленства і не забраць яе а другой ночы, цёплую ад сну, у начной кашулі ды яшчэ з пахам дзіцячага ложка.
У супрацьлеглым баку горада жыла Леона Касіяні, самотная і свабодная, гатовая, зразумела, прытуліць яго і а другой ночы, і а трэцяй – у любы час і пры любых абставінах. Гэта быў не першы раз, калі ён званіў у яе дзверы, пакутуючы ў пустэльні бессані, аднак ён уцяміў, што яна надта разумная, і што яны надта любілі адно аднаго, каб плакацца ёй у камізэльку, не адкрываючы прычын свайго стану. Ён доўга раздумваў, бадзяўся, як самнамбул, па пустэльным горадзе, пакуль не прыйшоў да думкі, што ні з кім не адчуе сябе лепш, чымся з Прудэнсіяй Пітрэ, Удавою Двух. Яна была на дзесяць гадоў маладзейшая за яго. Пазнаёміліся яны ў мінулым стагоддзі і перасталі сустракацца толькі таму, што яна ўпарцілася, не дазваляла бачыць сябе, якой яна стала, напаўсляпой і напаўразбуранай старасцю. Як толькі Флярэнтына Арыса згадаў Прудэнсію Пітрэ, ён вярнуўся дамоў на вуліцу Вэнтанас, кінуў у торбу дзве бутэлькі партвейна і слоік марынаванай гародніны і пайшоў да яе, нават не ведаючы, ці знойдзе яе ў яе старым доме, ці адна яна, ці наагул жывая.
Прудэнсія Пітрэ не забылася на ўмоўны сігнал – два разы драпнуць пазногцем па дзвярах, – якім ён абвяшчаў пра свой прыход, калі яны лічылі сябе маладымі, хоць такімі ўжо не былі, і адчыніла без слоў. Вуліца была ў цемры, яго цяжка было заўважыць у чорнай вопратцы, цыліндры і з парасонам-кажаном у руцэ. Яна магла бачыць яго толькі пры поўным асвятленні, але пазнала па водбліску металічнай асады акуляраў. Ён быў падобны да забойцы з яшчэ крывавымі рукамі.
– Патрабуецца прытулак для беднага сіраты, – сказаў ён.
Толькі гэта прыйшло яму да галавы, каб сказаць хоць што-небудзь. Ён здзівіўся, як моцна яна пастарэла з часоў іх апошняй сустрэчы, але тут жа ўцяміў, што і яна глядзіць на яго такім жа чынам. Яны суцешыліся тым, што пройдзе момант, і абое адыдуць ад першага ўдару, а затым менш будуць уважаць на хібы, нанесеныя жыццём, і зноў пабачаць адно аднаго маладымі, якімі яны пазнаёміліся сорак гадоў таму.
– Ты нібыта на пахаванне, – сказала яна.
Ён якраз і быў на хаўтурах. Яна таксама прастаяла каля акна з адзінаццатай, як амаль увесь горад, каб паназіраць за самым шматлюдным і багатым пахавальным картэжам з часоў спачыну арцыбіскупа дэ Люна. Падчас сіесты яна прачнулася ад артылерыйскіх грымотаў, што трэслі зямлю, ад дысанансу вайсковых аркестраў, ад блытаніны хаўтурных спеваў, ад званоў усіх касцёлаў, якія званілі па нябожчыку безупынна з мінулага дня. З балкону яна бачыла вершнікаў у параднай форме, рэлігійныя прыходы, школы ў поўным складзе, доўгія чорныя лімузіны з танаванымі вокнамі, за якімі хавалася ўлада. Яна бачыла жалобны экіпаж, коней з плюмажамі на загрыўках і папоны, што паблісквалі золатам, жоўтую труну на лафеце гістарычнай гарматы, якую ахінулі нацыянальным сцягам, і, нарэшце, – чараду старажытных адкрытых пралётак, якія захоўваліся толькі для сумнага цяжару жалобных вянкоў. Яны прайшлі пад балконам Прудэнсіі Пітрэ апоўдні альбо крыху пазней. Адразу ж з нябёсаў рынуўся патоп, і картэж разбегся шпарчэй за бліскавіцу.
– Як бязглузда ён памёр, – сказала яна.
– Смерць не ведае, што такое бязглуздасць, – адказаў ён, і дадаў: – Асабліва ў нашым узросце.
Яны сядзелі на тэрасе каля самага мора, назіраючы за поўняй з арэолам, які займаў паўнеба, і бачылі рознакаляровыя агні караблёў каля лініі гарызонту, адчувалі асалоду ад цёплага і духмянага брызу, як заўсёды пасля буры. Яны пілі партвейн і елі гародніну з горным хлебам, які Прудэнсія Пітрэ накроіла на кухні. Разам яны пражылі шмат такіх начэй, як гэтая, пасля таго, як яна аўдавела, не нарадзіўшы дзяцей, у трыццаць пяць гадоў. Флярэнтына Арыса сустракаўся з ёю, калі яна была гатовая прымаць любога мужчыну, які гэтага хацеў, нават калі б прыйшлося плаціць яму пагадзінны тарыф. Ім удалося наладзіць больш сур’ёзную і працяглую сувязь, чым ёй здавалася мажлівым.
Не дазваляючы сабе і намёку, Прудэнсія Пітрэ тады была гатовая пайсці з ім пад вянец трэцім разам. Яна ведала, што будзе няпроста падначаліцца ягонай сквапнасці, крыўдлівасці дачаснага старога, маніякальнай жарсці да парадку, звычцы браць усё, не аддаючы нічога. Але затое не было мужчыны, які б дазволіў так сябе апякаць, як ён, бо не было на свеце іншага чалавека, якому так патрэбна было каханне. Але не было й больш слізкага за яго, у тым сэнсе, што ён не дазваляў каханню з кім-кольвек пераходзіць тую мяжу, за якой адчувалася б небяспека ягонай свабодзе дзеля Фэрміны Дасы. Тым не менш, іх сувязь доўжылася шмат гадоў. Нават пасля таго, як Флярэнтына ўсё ўладкаваў, каб яна змагла пайсці ў шлюб з камерцыйным агентам, які прыязджаў да яе на тры месяцы, а потым знікаў на такі ж тэрмін. Яна нарадзіла таму агенту дзяўчынку і чацвёра сыноў, прычым адзін з іх, як яна клялася, быў ад Флярэнтына Арысы.
Яны гаманілі, не думаючы пра час, бо абое прызвычаіліся раздзяляць бессань змоладу, і таму ў старасці гэта не было для іх надта цяжка. Флярэнтына Арыса, які амаль ніколі не дазваляў сабе больш за два келіхі, нават не перавёў дух пасля трэцяга. Пот па ім струменіў, і Удава Двух сказала, каб ён зняў пінжак, камізэльку, штаны, што захоча, чорт пабяры, бо ўрэшце яны лепш ведалі адно аднаго аголенымі, чым у вопратцы. Ён адказаў, што згодны, калі яна зробіць тое самае, але яна не захацела, бо ўжо даўно, убачыўшы сябе аголенай у люстэрку шафы, зразумела, што ёй не хопіць смеласці паказацца аголенай ні перад ім, ні перад кім-кольвек іншым.
Флярэнтына Арыса, у стане экзальтацыі, не здолеў супакоіцца нават пасля чатырох келіхаў партвейну, і працягваў гамонку пра мінулае, аддаўшыся ўспамінам, якія здаўна складалі яго адзіную тэму, бо ён жадаў і шукаў у мінулым патаемны шлях да палёгкі. Менавіта гэта яму патрабавалася: выгаварыцца. Калі Флярэнтына Арыса заўважыў першыя водбліскі золку на гарызонце, ён паспрабаваў падысці да галоўнага і спытаў, нібыта зусім выпадкова: «Што б ты зрабіла, калі б табе раптам прапанавалі пайсці пад вянец сёння – удавой і ў тваіх гадах?» Яна засмяялася зморшчаным старэчым смехам і раптоўна адказала пытаннем:
– Ты маеш на ўвазе ўдаву Урбіна?
Флярэнтына Арыса забываўся, калі гэтага ніяк нельга было рабіць, што жанчыны думаюць больш пра патаемны сэнс пытанняў, чымся пра іх просты сэнс, а Прудэнсія Пітрэ – больш за каго-кольвек. Агаломшаны яе кемлівасцю, ён ажно здрыгануўся і вырашыў выйсці са становішча праз несапраўдныя дзверы: «Я кажу пра цябе». Яна зноў засмяялася: «Ідзі, жартуй з сучкай, якая цябе нарадзіла, пухам ёй зямля». Затым яна настаяла на тым, каб ён сказаў, што меў на ўвазе, бо добра ведала: ні ён, ні любы іншы мужчына не падняў бы яе а трэцяй ночы толькі дзеля таго, каб выпіць партвейну і закусіць горным хлебам з гароднінай у марынадзе. Яна дадала: «Так паводзяць сябе, калі шукаюць, каму б паплакацца». Флярэнтына Арыса вырашыў неяк збіць яе з тропу.
– У першыню ты памыляешся, – адказаў ён. – Гэтая ночка, хутчэй, схіляе мяне да спеваў.
– Тады давай заспяваем, – падтрымала яна.
Добрым, цёплым голасам яна заспявала модную песню: «Рамона, без цябе я не магу жыць». Гэта было заканчэнне ночы, ён не адважыўся гуляць у забароненыя гульні з жанчынай, якая вымоўна давяла, што ад яе не схаваеш адваротнага боку поўні. Ад яе ён выйшаў ужо ў зусім іншы горад, ад апошніх чэрвеньскіх вяргіняў паветра здавалася разрэджаным, па вуліцы яго юнацтва ўдовы ішлі скрозь туман на пяцігадзінную імшу. Але не яны, а ён перайшоў на другі бок вуліцы, каб тыя не бачылі ягоных слёз, якіх ён ужо не мог стрымаць, і гэта не былі слёзы, якія душылі яго апоўначы, як яму напачатку здалося, а зусім іншыя, якія заселі ў горле пяцьдзясят адзін год, дзевяць месяцаў і чатыры дні таму...
Флярэнтына Арыса страціў адчуванне часу і раптам прачнуўся, не разумеючы, дзе ён знаходзіцца, каля асляпляльна вялізнага акна. Голас Амэрыкі Вікунні, якая гуляла ў мяч са служанкамі ў садзе, вярнуў яго да рэальнасці: ён ляжаў на ложку маці, чыю спальню захоўваў без зменаў, дакладна, як пры яе жыцці, дзе звычайна спаў, каб адчуваць сябе менш самотным у тых рэдкіх выпадках, калі пакутаваў ад адзіноты. Насупраць ложка вісела вялікае люстэрка з карчмы дона Санча, дастаткова было зірнуць, калі ён прачынаўся, каб угледзець Фэрміну Дасу, адлюстраваную ў глыбіні. Ён здагадаўся, што была субота, бо ў гэты дзень кіроўца забіраў Амэрыку Вікунню з інтэрната і прывозіў яе дамоў. Ён усвядоміў, што спаў, не здагадваючыся пра гэта, бо яму снілася, што ён не можа заснуць, усхваляваны гнеўным тварам Фэрміны Дасы. Ён памыўся, абдумваючы свой наступны крок, няспешна надзеў найлепшую вопратку, надухмяніўся, намазаў сівыя, з вострымі кончыкамі вусы фіксатарам, выйшаў са спальні і ўгледзеў на калідоры другога паверха гожую істоту ў школьнай форме: дзяўчына лавіла мяч з грацыёзнасцю, якая хвалявала яго штосуботы, але толькі не той раніцой. Ён сказаў, каб яна ішла з ім, і, седзячы ў аўто, дадаў без асаблівай патрэбы: «Сёння мы не будзем займацца гэтымі штучкамі». Ён павёз яе ў кавярню «Амерыкана», у той час перапоўненую бацькамі, якія елі марозіва з дзецьмі пад вялікім стольным веэнтылятарам. Амэрыка Вікунне замовіла слаёнае ў вялікай крэманцы, усе слаі былі рознага колеру, яна любіла гэты гатунак, бо ад яго ішлі якіясьці чарадзейныя выпарэнні. Флярэнтына Арыса выпіў кавы, гледзячы моўчкі на дзяўчыну, пакуль яна ела марозіва доўгаю лыжкай, што даставала да дна крэманкі. Не адводзячы вачэй, раптам сказаў ёй:
– Я збіраюся ажаніцца.
Яна вылупілася на яго з бляскам недаверу ў вачах, затрымаўшы лыжку ў паветры, але тут жа ачомалася і ўсміхнулася.
– Падманваеш, – вывела яна, – старыя не ідуць да шлюбу.
Увечары ён адвёз яе ў інтэрнат да званоў пад моцнай навальніцай. Да гэтага яны схадзілі на лялечнае прадстаўленне ў парку і паабедалі ля кіёскаў над хвалярэзамі, дзе пакаштавалі смажанай рыбы. Затым глядзелі на драпежнікаў у клетках цырку, які толькі-толькі з’явіўся ў горадзе. Каля брамы набылі ўсялякія прысмакі, каб яна ўзяла іх з сабой у інтэрнат. Праехалі некалькі разоў па горадзе ў аўто з апушчаным верхам, каб яна прызвычаілася да думкі, што ён яе апякун, а не каханак. У нядзелю ён накіраваў ёй аўто – раптам яна пажадае пакатацца з сяброўкамі, але сам не захацеў яе бачыць, бо з мінулага тыдня цалкам усвядоміў розніцу ва ўзросце. Уначы ён вырашыў напісаць Фэрміне Дасе ліст і прасіць прабачэння хоць бы дзеля таго, каб не капітуляваць, але, падумаўшы, пакінуў мерапрыемства на наступны дзень. У панядзелак, да зыходу трэцяга тыдня пакут, ён увайшоў у дом, мокры ад дажджу, і за парогам знайшоў ліст.
Гэта было а восьмай вечара. Служанкі ўжо адпачывалі, пакінуўшы ў калідоры, як заўсёды, лямпу, якая дазваляла Флярэнтына Арысу дайсці да спальні. Ён ведаў, што сціплая вячэра чакае яго на стале ў ядальні, што было вельмі дарэчы пасля выпадковай ежы апошніх дзён, але голад адступіў перад хваляваннем ад ліста. Флярэнтына Арыса ледзьве запаліў агульнае святло ў спальні, – так дрыжэлі ягоныя рукі. Ён паклаў мокры ліст на ложак, уключыў начнік на століку і, прыкідваючыся спакойным, што было яго асабістым спосабам не трывожыцца, зняў мокрую камізэльку і павесіў яе на спінку крэсла. Затым зняў пінжак і склаў яго акуратна паверх камізэлькі, зняў стужку з чорнага шоўку і цэлулоідны каўнерык, які здаўна выйшаў з моды ва ўсім свеце, расшпіліў кашулю да пояса, каб лягчэй дыхалася, і, нарэшце, павесіў сушыць капялюш ля акна. Раптам ён спужаўся, бо забыў, куды паклаў ліст, ён быў настолькі знерваваны, што вельмі здзівіўся, знайшоўшы яго на ложку, але пры гэтым не памятаў, як яго туды паклаў. Перад тым як распячатаць, ён абсушыў канверт сваёй насоўкай, імкнучыся не размазаць атрамант, якім яна напісала ягонае імя. Пакуль Флярэнтына Арыса рабіў гэта, ён здагадаўся, што ўжо не існуе таямніцы двух людзей. Прынамсі, цяпер гэта была таямніца траіх. Хто б ні прынёс ліст, ён абавязкова звярнуў увагу, што ўдава Урбіна напісала чалавеку яе свету, ледзьве мінулі тры тыдні пасля смерці мужа. Напісала ў такой спешцы, што не накіравала ліст поштай, а паслала з кімсьці. Прычым, відаць, загадала засцерагацца і не аддаваць ліст у рукі, лепш пакінуць пад дзвярыма, як ананімку. Яму не давялося распячатаць канверт – клейстар распусціўся дажджом, але ліст захаваўся сухі: тры шчыльна спісаныя старонкі, без загалоўка, падпісаныя шлюбным прозвішчам.
Флярэнтына Арыса прачытаў ліст шпарка, седзячы на ложку, заінтрыгаваны, хутчэй, тонам, чым зместам, і перад тым, як пачаць чытанне зноў, ён ужо ведаў, – гэта быў той абразлівы ліст, якога ён чакаў. Ён паклаў разгорнутыя старонкі на начным століку пад святлом начніка, сцягнуў мокрыя чаравікі і шкарпэткі, падышоў да выключальніка каля дзвярэй і патушыў агульнае святло, затым насунуў замшавыя тапачкі і прылёг у штанах і кашулі – дзве вялізныя падушкі дазвалялі чытаць у вельмі зручным становішчы. Ён перачытваў ліст слова за словам, разглядваючы кожную літару, каб пранікнуць у тое, што было за радкамі, потым прачытаў ад пачатку і да канца яшчэ чатыры разы, ды так пранікнёна, што словы паслання пачалі страчваць сэнс. Нарэшце паклаў ліст у скрыню начнога століка, лёг на спіну, сашчапіў рукі пад галавой, і на працягу чатырох гадзін безупынна глядзеў, стаіўшы дыханне, на прастору вялікага люстэрка, у якім калісьці пабывала яна. Роўна апоўначы схадзіў на кухню, згатаваў каву, густую, як сырая нафта, і пераліў яе ў тэрмас. Потым вярнуўся ў спальню і кінуў зубны пратэз у шклянку з растворам борнае кіслаты, якая заўсёды была напагатове ля ложка. Зноў прылёг і ляжаў у позе мармуровай скульптуры, час ад часу адпіваючы каву, пакуль служанка не ўвайшла да яго а шостай раніцы з другім, поўным тэрмасам.
У тую гадзіну Флярэнтына Арыса ўжо ведаў, якія будуць яго наступныя крокі. Насамрэч яе абразы не прынеслі болю, ён і не думаў аспрэчваць незаслужаныя абвінавачанні, яны маглі быць больш жорсткімі, калі ўлічыць характар Фэрміны Дасы і істотнасць матыву. Ліст зацікавіў яго тым, што сам па сабе дапускаў мажлівасць, прызнаваў ягонае права на адказ. Больш за тое, ліст патрабаваў адказу. Так што жыццё ўваходзіла ў рэчышча, у якое ён і хацеў яго ўвесці. Астатняе залежала ад яго, і ён быў абсалютна ўпэўнены, што пекла на паўстагоддзя яшчэ рыхтуе яму шмат смяротных выпрабаванняў, і быў гатовы супрацьстаяць ім з большай жарсцю, болем і каханнем, чым папярэднім іспытам, бо гэтыя будуць апошнія.
Праз пяць дзён пасля атрымання ліста ад Фэрміны Дасы Флярэнтына Арыса прыйшоў у кантору і адчуў, нібыта лунае ў нязвыклай пустэчы друкарак, гук якіх, падобны да гуку дажджу, быў менш прыкметны за іхнае маўчанне. Адбылася кароткая паўза. Калі пошум усчаўся зноў, Флярэнтына Арыса зазірнуў у кабінет Леоны Касіяні, яна сядзела за персанальнай друкаркай, якая слухалася падушачак яе пальцаў, нібыта жывая. Яна адчула ягоны погляд, павярнулася да дзвярэй, усміхнулася яму гожай сонечнай усмешкай, але не дадрукавала абзац да канца.
– Скажы мне, ільвіца маёй душы, – пачаў Флярэнтына Арыса, – як бы ты паставілася да любоўнага ліста, надрукаванага на гэным ламаччы?
Яе нішто ўжо не магло здзівіць, і, тым не менш, жэст у адказ быў поўным шчырага здзіўлення.
– Карамба! – усклікнула яна. – Я б ні за што не дадумалася!
Яна не магла адказаць інакш. Флярэнтына Арыса таксама не думаў пра гэта дасюль, і вырашыў рызыкнуць да канца – павёз дамоў адну з канторскіх друкарак пад зычлівыя жарты падначаленых: «Стары папугай гаварыць не навучыцца». Леона Касіяні, энтузіяст у любой справе, прапанавала хатнія заняткі машынапісу. Аднак ён быў супраць метадычнага вучнёўства з тае пары, як Лятары Тугут імкнуўся навучыць яго граць на скрыпцы па нотах, пагрозліва сцвярджаючы, што трэба адзін год дзеля засваення асноў, пяць, каб граць у больш-менш прафесійным аркестры, і шэсць гадзін штодня цягам усяго жыцця, каб граць добра. Тым не менш, Флярэнтына Арыса ўгаварыў маці, каб набыла яму скрыпку з тых, якімі карысталіся сляпыя, і, засвоіўшы пяць асноўных правілаў, якія выдаў яму Лятары Тугут, менш чым за год набраўся смеласці граць у кафедральным хоры і пасылаць серэнады Фэрміне Дасе з могілак для бедных, карыстаючыся спадарожным ветрам. Калі гэта было магчыма ў дваццаць гадоў з такім складаным інструментам, як скрыпка, ён не бачыў прычын, якія маглі б перашкодзіць яму паўтарыць подзвіг у семдзесят шэсць, але з інструментам, на якім ён мог граць адным пальцам, – з друкаркай.
Так яно і атрымалася. За тры дні ён вывучыў расклад літар, за шэсць навучыўся думаць і друкаваць адначасова, а яшчэ тры дні спатрэбіліся, каб скончыць першы ліст без памылак, папярэдне звёўшы паўстоса паперы. Ліст пачынаўся ўрачыстым зваротам: «Сеньёра». Ён падпісаўся адным ініцыялам, літарай «Ф», як зазвычай падпісваў духмяныя допісы ў юнацтве. Ён накіраваў ліст поштай у канверце з жалобнымі віньеткамі, як трэба, калі ліст адрасаваўся нядаўна аўдавелай жанчыне, і без імя адпраўніка на адвароце.
Ліст быў на шасці старонках і не меў нічога агульнага з тым, што ён пісаў калісьці. Ён быў пазбаўлены тону, стылю і рытарычнага подыху першых гадоў кахання, яго аргументы былі такімі рацыянальнымі і памяркоўнымі, што водар гардэніі быў бы зусім недарэчы. Пэўным чынам ліст набліжаўся да камерцыйных пасланняў, якія ў яго раней ніколі не атрымліваліся. Некалькі гадоў пазней надрукаваны ліст успрыняўся б як абраза, але тады яшчэ друкарка лічылася выключна канторскай жывёлінай, пазбаўленай этыкі, утаймаванне якой для прыватнага ліставання не было прадугледжана, а значыць, не было асуджана ў падручніках добрага тону. Мабыць, больш за ўсё ліст быў падобны да твора смелага мадэрнізму. Відаць, менавіта так быў зразуметы ліст Фэрмінай Дасай, бо ў другім лісце да Флярэнтына Арысы пасля атрымання ста сарака з лішнім ягоных пасланняў яна пачала з прабачэнняў за заганы свайго почырку; яна, маўляў, не мае больш прасунутых прыладаў для пісьма, чым простае сталёвае пёрка.
Флярэнтына Арыса нават не згадваў у сваім пасланні пра яе першы жахлівы ліст, а з самага пачатку выбраў іншы метад спакусы, без якой-кольвек згадкі пра мінулае каханне, наагул пра мінулае: ён нібыта падвёў рысу і адкрыў новы рахунак. Гэта быў перадусім доўгі роздум пра жыццё на падставе ягоных думак і вопыту ў адносінах паміж мужчынам і жанчынай, які аднойчы ён задумаў напісаць як дадатак да «Дапаможніка для закаханых». Толькі гэтым разам ён усё ахінуў аўрай патрыярхальнага стылю, уласцівага ўспамінам старога чалавека, каб не надта прыкметнае было тое, што насамрэч ліст быў сведчаннем ягонага кахання. Спярша ён накрэмзаў шмат чарнавікоў на стары манер, якія доўга, нібыта чужым чалавекам, перачытваліся і затым бязлітасна спальваліся. Ён ведаў, што любая неасцярожнасць, любая нядбайная настальгічная ўзгадка можа выклікаць раздражненне мінулым, і, хоць прадбачыў, што яна верне яму сто лістоў перад тым, як асмеліцца распячатаць першы, ён жадаў, каб гэтага не здарылася ніколі. Так што ён прадумаў ліст да апошняе драбязы, як план фінальнага бою: усё мусіць быць іншым, каб запаліць новую цікаўнасць, задумацца пра новыя крокі жыцця, абудзіць новыя спадзевы ў жанчыне, якая пражыла ўжо амаль усё жыццё шчасліва і ў дабрабыце. Ён мусіць наладаваць яе шалёнай ілюзіяй, здольнай ускружыць ёй голаў адвагай, каб яна кінула на звалку прымхі таго класа, да якога першапачаткова не належала, хоць за мінулыя гады і сталася першай дамай грамадства. Ён мусіць навучыць яе думаць пра каханне як пра найвышэйшую міласць, якая не была б сродкам для дасягнення якіх-кольвек мэтаў, а сама была б крыніцай і мэтай у сваёй сутнасці.
Яму хапіла розуму не чакаць хуткага адказу і задавальняцца тым, што Фэрміна Даса не вяртае ягоных лістоў. Яна, насамрэч, не вярнула ні першы ліст, ні пазнейшыя. Дні ішлі, і ягонае хваляванне, якое сілкавалася чаканнем, узмацнялася, бо чым больш дзён мінала без вернутых лістоў, тым больш расла надзея, што адказ ён атрымае. Частата ягоных лістоў была звязаная са спрытам пальцаў: напачатку адзін ліст штотыднёва, потым два, а пазней – ліст штодня. Ён узрадаваўся прагрэсу пошты з тых часоў, калі ўздымаў сцяг, абвяшчаючы людзям, адкуль прыйшлі лісты, бо не мог рызыкаваць і паказвацца штодня ў паштовай канторы, каб кінуць ліст, адрасаваны адной і той жа асобе, як і не мог карыстацца кур’ерам, які б усё разнёс па ваколіцы. Затое лёгка было накіраваць клерка па маркі на цэлы месяц, і затым кідаць лісты ў любую з трох паштовых скрыняў у старой частцы горада. Неўзабаве рытуал стаўся звычайным: ён выкарыстоўваў бессань, каб напісаць ліст, а на наступны дзень, па дарозе ў кантору, прасіў кіроўцу спыніцца на хвілю каля паштовае скрыні на перакрыжаванні вуліц і сам апускаў ліст, ні разу не дазволіўшы кіроўцу зрабіць гэта за яго, як той аднойчы дажджлівай раніцой прапанаваў. Час ад часу Флярэнтына Арыса прыбягаў да канспірацыі і накіроўваў некалькі лістоў адначасна, каб усё выглядала больш натуральна. Кіроўца не ведаў, зразумела, што ў гэтых дадатковых лістах былі пустыя аркушы, якія Флярэнтына Арыса накіроўваў сабе самому. Бо ён ніколі не перапісваўся ў асабістых справах ні з кім, калі не лічыць справаздачы, якую ён пісаў як апякун напрыканцы кожнага месяца бацькам Амэрыкі Вікунні. Гэта былі асабістыя ўражанні пра здароўе, паводзіны і настроі дзяўчыны і пра яе поспехі ў навучанні.
Флярэнтына Арыса пачаў нумараваць лісты праз месяц, і кожны новы ліст меў сціплае рэзюмэ папярэдняга, як газетныя раманы з працягам, каб Фэрміна Даса не блыталася ў іх паслядоўнасці. Калі лісты сталіся штодзённымі, ён замяніў канверты з жалобнымі віньеткамі на іншыя, белыя і даўгія, што, зрэшты, надавала ім нейтральнасць камерцыйных лістоў. На самым пачатку перапіскі Флярэнтына Арыса быў гатовы набрацца цярплівасці, прынамсі, да поўнае яснасці, што ён проста губляе час арыгінальным спосабам, які сам прыдумаў. Насамрэч Флярэнтына Арыса чакаў. Чакаў без жахлівых пакутаў, што маюць за чыннік мроі маладосці, але з жалезабетоннай упартасцю старога, якому не было пра што думаць альбо штосьці рабіць у параходнай кампаніі, бо яна ў той час плыла сама са спадарожным ветрам. Флярэнтына Арыса чакаў і верыў, што будзе жывы і захавае сваю мужчынскую годнасць і заўтра. У кожным разе, пакуль Фэрміна Даса дарэшты не ўпэўніцца, што яе трызненням самотнай удавы няма іншага выйсця, як апусціць перад ім пад’ёмны мост яе замка.








