412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Габрыэль Маркес » Каханне падчас халеры » Текст книги (страница 19)
Каханне падчас халеры
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Каханне падчас халеры"


Автор книги: Габрыэль Маркес



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 26 страниц)

– Гэта так – сказаў афіцэр, – Бог таксама ўдасканальвае свае метады.

Адлегласць ад Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі да старажытнай сялібы цукровага завода Сан-Пэдра-Алехандрына складала ўсяго дзевяць ліг. Жоўтаму цягніку, каб пераадолець іх, патрабаваўся ажно цэлы дзень, бо машыніст сябраваў з заўсёднымі пасажырамі, і яны часам прасілі яго спыніцца, каб размяць ногі, шпацыруючы па палях для гольфа, якія належалі бананавай кампаніі. Мужчыны купаліся аголеныя ў празрыстых і сцюдзёных рэках, што сцякалі з гор; праехаўшы яшчэ адну ці дзве лігі і адчуўшы голад, некаторыя выходзілі з вагонаў і даілі кароў, што пасвіліся побач. Фэрміна Даса даехала ў жаху, і ў яе ледзь хапіла часу, каб палюбавацца велічнымі тамарындамі, на галінках якіх Вызваліцель вешаў гамак ужо на мяжы смерці, і пабачыла ложак, на якім ён памёр, і, як ёй і казалі, ён быў малы не толькі для такога слыннага чалавека, але і для неданошанага дзіцяці. Аднак другі наведнік, які нібыта ўсё добра ведаў, патлумачыў, што ложак – толькі падробка, бо, на самай справе, паплечнікі Айца Радзімы кінулі яго аднаго паміраць на падлозе. Фэрміна Даса была прыгнечаная тым, што пабачыла і пачула з моманту адплыцця з дому. На зваротным шляху, які яна праехала ў экіпажы, ужо не адчувалася асалода ўспамінаў аб той даўняй вандроўцы, як да гэтага марылася. Наадварот, яна старалася абмінаць сялібы, з якімі была звязаная яе настальгія, ратуючы сябе ад расчаравання. Яна чула акардэоны са сцежак, па якіх уцякала ад нудоты, чула спевы байцовых пеўняў у загонах, вінтовачныя і рэвальвэрныя стрэлы, якія маглі аднолькава сведчыць пра бойку і пра свята, і калі мусіла перасекчы сялібу, хавала твар за мантылляй і заплюшчвала вочы, каб прыгадаць усё такім, якім яно было раней.

Аднойчы ўвечары Фэрміна Даса, якая пазбягала сустрэч з мінулым, усё ж прыбыла ў маёнтак стрыечнай сястры Ільдэбранды. Яна пабачыла яе і ледзь не страціла прытомнасць: гэта было як глядзець на сябе ў люстэрка праўды. Кузіна стала мажнай і пастарэла. Нарадзіла некалькі неўтаймаваных дзяцей, прычым не ад чалавека, якога па-ранейшаму кахала безнадзейна, а ад вайсковага адстаўніка, з якім пайшла пад вянец з прычыны расчаравання і крыўды, хоць вайсковец кахаў яе да шаленства. Але ў душы, у глыбінях старога цела кузіна заставалася такой жа, як у юнацтве. За некалькі дзён на шпацырах з Ільдэбрандай Фэрміна Даса прыйшла ў сябе ад уражанняў, якія яе прыгняталі. Яна патанала ў прыемных успамінах, але імкнулася не выходзіць далей за паркан маёнтка, калі не лічыць традыцыйных паходаў у касцёл на нядзельную імшу. Туды Фэрміна накіроўвалася з унукамі незацугляных сябровак юнацтва, з увішнымі хлапцамі на выдатных конях, з гожымі і добра апранутымі, як колісь іхныя маці, дзяўчатамі. Яны ехалі стоячы на пралётках, запрэжаных валамі, і спявалі хорам ажно да місіянерскага касцёла ў глыбіні даліны. Фэрміна Даса прайшлася толькі па сялібе Флёрэс-дэ-Марыя, дзе не была з часоў папярэдняй вандроўкі, бо і не падумала, што сяліба можа ёй спадабацца, але там адчула захапланне. Яе бяда альбо бяда сялібы была ў тым, што раней ёй ніяк не ўдавалася прыгадаць, якой была сяліба сапраўды, а ўяўленне прадстаўляла яе ў скажоным выглядзе.

Доктар Хувэналь Урбіна вырашыў ехаць за жонкай пасля паведамлення біскупа Рыёачы. Выснова была такой: жонка затрымлівалася наагул не таму, што не хацела вярнуцца, а таму што не ведала, як адолець перашкоды ўласнае ганарлівасці. Так што доктар Урбіна пусціўся ў шлях без папярэджання, абмяняўшыся з Ільдэбрандай лістамі, з якіх высветліў, што жончына настальгія нібыта вывернулася, цяпер яна думала толькі пра дом. Аб адзінаццатай раніцы Фэрміна Даса была на кухні, гатавала фаршаваныя баклажаны, калі пачула радасныя выкрыкі сялян, іржанне коней, стрэлы ў паветра, а затым – рашучыя крокі ў вітальні і голас мужа:

– Лепш самому прыехаць своечасова, чымся быць запрошаным запозна.

Фэрміна Даса думала, што памрэ ад радасці. Неяк памыла рукі і шапнула: «Дзякуй, Божа мой, дзякуй за тваю дабрыню», шкадуючы, што яшчэ не прыняла ванну праз клятыя баклажаны; іх замовіла Ільдэбранда, якая, дарэчы, не сказала, хто запрошаны на абед. Фэрміна пакутавала ад думкі, што яна старая і непрыгожая, з аблезлым ад сонца тварам і што муж пашкадуе аб сваім прыездзе, калі пабачыць яе ў такім нядобрым стане. Але яна зноў жа выцерла рукі фартухом, крыху прывяла сябе ў парадак, сабрала ўсю ганарлівасць, з якой маці нарадзіла яе на свет, каб суняць ашалелае сэрца, і пайшла насустрач мужу салодкай паходкай аленіхі. Ішла з паднятай галавой і светлым позіркам, з кірпатым носам івалгі, і дзякавала лёсу за аграмадную палёгку, якую ёй давала вяртанне дамоў. Усё гэта муж, зразумела, прыняў за чыстую манету. Тым часам яна для сябе вырашыла абавязкова разлічыцца за горкія пакуты, якія ледзь не пазбавілі яе жыцця.

Амаль праз два гады, якраз пасля вяртання Фэрміны Дасы, адбылася адна з неверагодных выпадковасцяў, якую Трансыта Арыса назвала б Божымі жартамі. Флярэнтына Арыса не надта цікавіўся такім вынаходніцтвам, як кіно, але Леона Касіяні адвяла яго без супраціву на нашумелую прэм’еру «Кабірыі», чыя слава трымалася на дыялогах, напісаных паэтам Габрыелем д’Анунцыё. Вялікае патыё пад адкрытым небам у дона Галілеа Даконтэ, дзе ўначы больш захапляла прыгажосць зорак у небе, чым нямая любоў на экране, было перапоўнена гледачамі з найвышэйшага грамадства. Леона Касіяні сачыла за акалічнасцямі сюжэта, амаль не дыхала. Флярэнтына Арыса, наадварот, драмаў, усыплёны кіношнай драмай. За ягонай спінай нейкая жанчына нібыта разгадала ягоныя думкі і ўскрыкнула:

– Божа мой, гэта цягнецца даўжэй за любы боль!

Яна сказала толькі гэта, бо яшчэ не прышчапіўся звычай суправаджаць нямыя кінастужкі п’есамі на піяніне, а з цёмнае залы толькі чулі, быццам шэпт дажджу, пошум праектара. Флярэнтына Арыса прыгадваў Бога толькі ў найцяжэйшых сітуацыях, але на гэты раз ён дзякаваў Яму ад усёй душы. Бо нават у дваццаці пядзях пад зямлёй ён адразу ж пазнаў бы гэты голас з глухім металічным тэмбрам, які хаваў у душы з таго дня, калі, гледзячы на пажоўклую лістоту ў пустэльным скверыку, яна сказала яму: «Цяпер ідзіце і не вяртайцеся, пакуль я не паведамлю». Флярэнтына Арыса ўцяміў, што яна сядзіць за спінай, побач з непазбежным мужам, ён адчуў яе цёплы ды роўны подых і дыхаў адным з ёю паветрам, нібыта ўзбагачаным, поўным здароўя, кахання. Ён адчуваў, што яе не зжэрла моль смерці, як часцяком уяўлялася яму за апошнія месяцы яе адсутнасці, і зноўку прыгадаў Фэрміну Дасу ў светлым і шчаслівым узросце, акругленую цяжарнасцю першынцам пад тунікай Мінервы. Ён уяўляў яе так, нібыта глядзеў ёй у твар, і ўсе жарсці, якія мелі месца на экране, былі яму зусім чужымі. Ён адчуваў асалоду ад водару мігдальнай парфумы, якая вяртала яму інтымнае жыццё, і хацеў зведаць яе думку адносна таго, як улюбляюцца жанчыны ў кіно, каб іх каханне прыносіла менш пакутаў, чым у сапраўдным жыцці. Яшчэ да канца фільма ён раптам здагадаўся ў пробліску радасці, што ніколі не быў так доўга і блізка да жанчыны, якую кахаў спрадвечна.

Калі запалілі святло, Флярэнтына Арыса даў час падняцца іншым гледачам. Затым павольна ўстаў, рассеяна павярнуўся, звыкла зашпільваючы камізэльку, і ўсе чацвёра аказаліся твар да твару, ды так блізка, што міжволі мусілі павітаць адно аднаго, няхай нават хтосьці з іх і не хацеў гэтага. Хувэналь Урбіна павітаў спачатку Леону Касіяні, якую добра ведаў, а потым са звычайнай вытанчанасцю працягнуў руку Флярэнтына Арысу. Фэрміна Даса накіравала ім усмешку ветлівасці. Ва ўсялякім разе, гэта была ўсмешка жанчыны, якая часцяком бачыла іх, ведала, хто яны такія, і ёй не трэба было, каб іх ёй прадставілі. Леона Касіяні адказала з грацыёзнасцю мулаткі. Затое Флярэнтына Арыса не ведаў, як паводзіць сябе, ашаломлены выглядам Фэрміны Дасы.

Гэта была іншая жанчына. Флярэнтына Арыса не знайшоў ні следу ад страшнай і моднай хваробы на яе твары, ні слядочку ад іншых і яму вядомых захворванняў, цела Фэрміны Дасы захоўвала прыкметы прыгажосці лепшых часоў, але было відавочна, што апошнія два гады даліся ёй за дзесяць. Ёй была да твару кароткая стрыжка з выгінам крыла каля шчакі, але колішні мядовы колер валасоў ужо стаўся алюмініевым, гожыя пранізлівыя вочы страцілі палову свайго святла праз бабульчыны акуляры. Флярэнтына Арыса бачыў, як яна аддалялася пад руку з мужам у натоўпе, што пакідаў залу кінематографа, і здзівіўся, што Фэрміна Даса з’явілася на вачах у публікі ў старой хустцы і хатніх чаравіках. Аднак больш за ўсё яго ўсхвалявала, што мужу трэба было трымаць яе за локцік, каб накіраваць да выхаду, і нават так яна не разлічыла вышыні прыступак перад дзвярыма і ледзь не ўпала.

Флярэнтына Арыса быў вельмі чулы да гэтых цяжкасцяў сталага веку. Яшчэ ў маладосці ён перапыняў чытанне вершаў у скверыках горада і назіраў за парамі старых людзей, за тым, як яны дапамагалі адно аднаму перайсці вуліцу, і гэта была навука жыцця, якая дазваляла яму спрычыняцца да законаў немінучай уласнай старасці. Ён падумаў, што ва ўзросце доктара Хувэналя Урбіна, якім ён бачыў яго ў кіно, мужчыны нібыта квітнелі восеньскай маладосцю. Яны здаваліся больш высакароднымі з першай сівізной, выпраменьвалі спакуслівасць дасведчаных мужчын. Асабліва ў вачах маладых жанчын, а іх завялыя жонкі шукалі апору ў руцэ мужа, каб не спатыкацца нават аб уласны цень. Праз некалькі гадоў, аднак, перад мужамі раптоўна раскрывалася бездань жахлівай старасці цела і душы. Тады ачунялыя жонкі вялі іх за руку, як сляпцоў, што стаяць на цвінтары, і шапталі ім на вуха, каб не раніць іх мужчынскую годнасць, просячы быць уважлівым, маўляў, наперадзе – тры прыступкі, а не дзве, пасярод вуліцы вялізная лужына, а той пак, што ляжыць на ходніку, гэта памерлы жабрак. І жанчыны, няхай з цяжкасцю, дапамагалі ім перайсці вуліцу, нібыта знаходзілі адзіны брод у апошняй рацэ жыцця. Флярэнтына Арыса неаднойчы глядзеў на сябе ў тым люстэрку, ён больш за ўсё баяўся страшнага ўзросту, калі жанчына вяла б яго пад руку. Ён ведаў, што тады і толькі тады мусіць адмовіцца ад надзеі, імя якой Фэрміна Даса.

Сустрэча ў кіно яго абудзіла. Замест таго, каб адвезці Леону Касіяні на пралётцы, ён праводзіў яе пешшу праз старажытную частку горада, дзе крокі гучалі, нібыта капыты па брукаванцы. Часам з адчыненых балконаў даносіліся абрыўкі фраз, алькоўныя шчырасці, усхліпы любові, перабольшаныя прывіднай акустыкай і цёплым водарам язміну ў сонных завулках. Яшчэ раз Флярэнтына Арыса мусіў сабраць усе сілы, каб не распавесці Леоне Касіяні пра каханне да Фэрміны Дасы. Яны ішлі пад руку марудным крокам, нібыта здаўна заручаныя, яна думала пра пякноты Кабірыі, ён – пра ўласнае няшчасце. На адным з балконаў Мытнага Пляца спяваў мужчына, і песня паўтаралася ў прасторы ланцугом адгалоскаў: «Калі я прайшоў па хвалях бязмежнага мора...» На вуліцы Каменных Святых, якраз перад развітаннем на парозе яе дома, Флярэнтына Арыса папрасіў Леону Касіяні, каб яна запрасіла яго на кілішак брэндзі. Ён прасіў пра гэта ў падобнай сітуацыі двойчы. Упершыню, дзесяць гадоў таму, яна адказала: «Калі ты ўвойдзеш зараз, мусіш застацца назаўсёды». Тады ён не ўвайшоў. Аднак на гэты раз ён так ці інакш выкарыстаў бы прапанову, нават калі б давялося парушыць дадзенае слова. Аднак Леона Касіяні запрасіла яго без якіх-кольвек умоў.

Вось так ён зусім нечакана апынуўся ў свяцілішчы любові, якая была знішчаная яшчэ да свайго нараджэння. Яе бацькі памерлі, адзіны брат стаў багацеем на Курасао, і яна жыла адна ў старажытным фамільным доме. За некалькі гадоў да гэтага, калі Флярэнтына Арыса яшчэ не адмовіўся ад спадзеваў стацца яе палюбоўнікам, ён зазвычай наведваў яе па нядзелях са згоды бацькоў, часам заходзіў позна ўначы. Ён так часта рабіў унёскі ў падтрыманне састарэлага дома, што ўрэшце лічыў яго ледзь не сваім. Але гэтай ноччу пасля кіно адчуў, што гасцёўня ўжо не тая, якая жыла ў ягоных успамінах. Мэбля была расстаўленая інакш, на сценах віселі іншыя хромалітаграфіі, і ён падумаў, што такія каардынальныя змены не адбыліся самі па сабе, яны былі здзейсненыя, каб замацаваць упэўненасць у тым, што яго ніколі не існавала. Кот не пазнаў яго. Спужаны жорсткасцю гэтага забыцця, ён сказаў: «Ён ужо мяне не памятае». Але яна адказала, стоячы спінай да яго і наліваючы брэндзі: «Калі гэта цябе хвалюе, можаш спаць спакойна, каты не здольныя прыгадваць нікога».

Адкінуўшыся на спінку канапы, седзячы побач, яны гаварылі пра тое, якімі былі абое да таго дня Бог ведае якога года, калі сустрэліся ў трамваі, які цягнулі пакорлівыя мулы. Іх жыццё працякала ў суседніх службовых пакоях, і да гэтае пары яны ніколі не гаманілі адно з адным ні пра што, што не датычылася б звычайнай працы.

Пакуль ішла гамонка, Флярэнтына Арыса паклаў ёй руку на калена, стаў лашчыць яе пяшчотна, як дасведчаны спакуснік, і яна не замінала яму, але не адказала нават лёгкім знакам узаемнасці. Толькі калі ён зайшоў занадта далёка, яна ўзяла ягоную руку і пацалавала далонь.

– Паводзь сябе добра, – сказала яна, – я даўно здагадалася, што ты не той, каго я шукаю.

У раннім юнацтве дужы ды спрытны чалавек, твару якога яна так і не разгледзела, раптам паваліў яе на хвалярэзе, распрануў, нібыта ўдарамі драпежных лап, і авалодаў ёю імгненна і жарсна. Кінутая на камянёх з драпінамі па ўсім целе, яна хацела аднаго: каб мужчына застаўся з ёю назаўсёды і дазволіў ёй памерці ад кахання ў ягоных руках. Леона не разгледзела твару, не пачула і голасу, але верыла, – яна пазнае яго сярод тысяч па фігуры, росце і моцы любові. З тае пары яна гаварыла ўсім, хто згаджаўся яе слухаць: «Калі ты раптам пазнаеш вялікага ды моцнага чалавека, які згвалціў бедную негрыцянку на вуліцы Хвалярэза Тапельцаў аднойчы а палове на дванаццатую ночы 15 кастрычніка, скажы яму, дзе ён зможа мяне знайсці». Яна казала гэта звычайна, і столькім людзям, што ўрэшце засталася без надзеі. Флярэнтына Арыса слухаў яе кароткі аповед столькі разоў, колькі чуў па начах развітальныя гудкі параходаў. Да другой гадзіны па поўначы яны выпілі па тры кілішкі брэндзі, і ён ужо ведаў напэўна, што не ёсць тым доўгачаканым мужчынам, і гэта яго ўзрадавала.

– Малайчына, ільвіца, – сказаў ён, сыходзячы, – нарэшце мы забілі тыгра.

На гэтым ноч не скончылася. Злыя плёткі пра лякарню для сухотнікаў спудзілі ягоныя мроі, бо пасеялі ў ім падазрэнне, што Фэрміна Даса таксама смяротная і ёй нішто не замінае памерці раней за свайго мужа. Але калі ён убачыў, як яна спатыкнулася каля выхаду з кіно, Флярэнтына Арыса зрабіў яшчэ адзін крок насустрач бездані, адкрыўшы раптам, што не яна, а ён сам можа сысці ў іншы свет першым. Гэта і быў жахлівы знак, бо пацвярджаўся рэальнасцю. Ззаду засталіся гады бязглуздага чакання, спадзеваў на шчасце, але на гарызонце бачылася толькі бяздонная багна ўяўных хваробаў, супакаяльныя кроплі ў перадзолкавай бессані, штодзённая смерць увечары. Флярэнтына Арыса падумаў, што кожнае пражытае імгненне, якое раней здавалася сябрам і абавязковым саюзнікам, цяпер уступала ў змову са смерцю супраць яго. Пару гадоў назад ён ішоў на сустрэчы з бояззю перад лёсам, дзверы былі не зачыненыя, каб ён увайшоў бязгучна, але ў апошнюю хвілю ён раскаяўся, збаяўшыся спрычыніць лагоднай чужой жанчыне непапраўную шкоду, памершы ў ейным ложку. Так што ён меў права думаць, што самая каханая на зямлі жанчына, якую ён чакаў яшчэ з мінулага стагоддзя без адзінага ўздыху расчаравання, ледзь паспела б узяць яго пад руку на вуліцы пад поўняй, дзе вецер заблытвае сцяблінкі макаў на клумбах, каб дапамагчы яму без трывогі перайсці на той бок да ягонае смерці.

Праўда хавалася ў тым, што паводле крытэрыяў тае эпохі Флярэнтына Арыса ўжо ўступіў у межы старасці. Яму было пяцьдзясят шэсць гадоў, і ён лічыў, што пражыў іх добра, бо гэта былі гады любові. Аднак тады не было мужчыны, які б згадзіўся выклікаць агульны смех, выглядаючы маладзей за свой узрост, нават калі гэта было так, альбо калі ён верыў, што гэта так; і ніхто б не адважыўся прызнаць без сораму, што ён яшчэ плача ўпотайкі праз сваю зняважаную любоў, якая мела месца ў мінулым стагоддзі. Гэта былі не лепшыя часы для маладых: кожны ўзрост меў уласны стыль вопраткі, але старэчы стыль пачынаўся адразу пасля юнацтва і захоўваўся да скону. Гаворка ішла не столькі пра ўзрост, колькі пра грамадскую годнасць. Юнакі апраналіся, як іхныя дзяды, дачасна надзявалі на пераноссе акуляры, якія надавалі ім рэспектабельнасць, кій выглядаў салідна ўжо ў трыццаць гадоў. Для жанчын існавалі толькі два ўзросты: шлюбны, які ніколі не сягаў за дваццаць два гады, і ўзрост вечных незамужак, незапатрабаваных. Першыя з іх – жонкі, маці, удовы, бабулі – складалі асаблівы від, які звязваў уласны век не з пражытымі гадамі, а з набліжэннем смерці.

Флярэнтына Арыса, са свайго боку, сутыкнуўся з хітрыкамі старасці жорстка і дзёрзка, хоць ён ведаў, што дзіўны лёс зрабіў яго падобным да старога ўжо з маленства. Напачатку гэта было неабходна. Трансыта Арыса разбірала вопратку, падкінутую ягоным бацькам, і перашывала сыну, так што ён хадзіў у пачатковую школу ў сурдутах, якія падмяталі падлогу, калі ён садзіўся, у міністэрскіх капелюшах, якія спаўзалі на вушы нягледзячы на тое, што маці змяншала іх памер, набіваючы вату пад падкладку. Апрача таго, ён насіў акуляры ад блізарукасці з пяці гадоў, а яго валасы былі непаслухмяныя, як у маці, грубыя, як конскі волас; выгляд Флярэнтына Арысы ні аб чым не казаў. На шчасце, пасля неверагоднага вэрхалу ў калідорах улады з прычыны шматлікіх грамадзянскіх войнаў, якія ішлі адна за адной, школьныя крытэрыі былі не асабліва суворымі, дзеці розных сацыяльных становішчаў перамяшаліся ў дзяржаўных школах. Яшчэ зусім зялёныя малыя прыходзілі ў клас з пахам барыкаднага пораху, у форме паўстанцкіх афіцэраў са знакамі адрознення, якія былі заробленыя пад свінцовымі кулямі ў сумнеўных баях, з уласнай зброяй, якая тырчала з-пад пасу. На перапынках яны ладзілі перастрэлкі пры самай малой спрэчцы, пагражалі настаўнікам за благія вынікі на іспытах. Адзін з іх, вучань трэцяга класа ў школе Ля-Салье, ён жа палкоўнік апалчэнцаў у адстаўцы, лоўкім стрэлам забіў пробашча Хуана Эрэміта за тое, што на занятках катэхізіса той сказаў, нібыта Бог быў дзейсным сябрам кансерватыўнае партыі. Аднак дзеці збяднелых слынных сямей апраналіся, нібыта старажытныя прынцы, а найбяднейшыя з іх хадзілі босымі. На фоне ўсіх гэтых дзівосаў Флярэнтына Арыса займаў месца ўсё ж у трупе найбольш экстравагантных школьнікаў, хоць не настолькі, каб звяртаць на сябе чыюсьці пільную ўвагу. Самае крыўднае, што ён чуў на свой адрас, было кімсьці кінутае на вуліцы: «Бедны, брыдкі, да салодкага кідкі». Так ці інакш, вопратка магільшчыка ўжо тады і да канца жыцця найбольш пасавала да яго загадкавай натуры і змрочнага характару. Калі Флярэнтына Арыса ўпершыню ўступіў на высокую пасаду ў параходнай кампаніі, ён замовіў строі ў тым жа стылі, што і бацька, які яму згадваўся старым чалавекам, хоць памер у ганаровым узросце Хрыстовым – трыццаці трох гадоў ад нараджэння. Флярэнтына Арыса заўсёды выглядаў старэйшым, чым быў насамрэч. Настолькі, што языкастая Брыхіда Сулета, мімалётная каханка, якая заўжды гаварыла праўду, сказала яму, не задумваючыся, што з першага дня ён больш падабаўся ёй, калі распранаўся, бо аголеным Флярэнтына Арыса скідваў дваццаць гадоў. Аднак ён не здолеў пазбавіцца ад старой звычкі, па-першае, праз свой густ, які не дазваляў апранацца інакш, а па-другое, праз тое, што ніхто толкам не ведаў, які стыль вопраткі патрабуецца, каб выглядаць маладзейшым у дваццаць гадоў, хоць адкрый шафу і апрані кароткія штонікі, дзіцячую бесказырку. Да таго ж, ён сам не мог абыходзіцца без усведамлення свайго ўзросту, так што калі ён заўважыў, што Фэрміна Даса спатыкнулася каля выхаду з кіно, яго ўзрушыла цалкам натуральная думка, нібыта бліскавіца жаху, – гэтая блядская смерць немінуча пераможа ў жорсткай вайне за каханне.

Якраз тады Флярэнтына Арыса ўжо завершыў другую баталію не за жыццё, а за смерць, і ён прайграў яе бясслаўна, бо змагаўся ні з чым іншым, як з аблысеннем. Ён упершыню прыкмеціў зблытаныя валасы на грабеньчыку, і ўсвядоміў, што асуджаны на пекла, пакутаў якога не разумеюць тыя, хто гэтага не перажываў. Флярэнтына супраціўляўся гадамі. Не было мазяў і супрацьгрыбковых сродкаў, якіх бы ён не выпрабаваў і ў якія б ён не верыў, не было пакутаў, якіх бы ён не перажыў, абараняючы кожную цалю галавы ад ненажэрнага спусташэння. Ён вывучыў на памяць інструкцыі «Брыстальскага альманаха сельскай гаспадаркі», бо аднойчы чуў ад кагосьці, што рост валасоў непасрэдна залежыць ад тых самых цыклаў, што і ў збожжавых раслін. Ён перастаў хадзіць да свайго сталага цырульніка, валадара шыкоўнае лысіны, і памяняў яго на замежніка, які нядаўна прыехаў у горад і стрыг толькі ў тыя дні, калі месяц уваходзіў у чвэрць маладзіка. Новы цырульнік ужо давёў выдатнае ўздзеянне сваёй рукі, як раптам высветлілася, што яго шукае паліцыя некалькіх антыльскіх краін за згвалтаванне паслушніцы. Яго звезлі ў кайданах.

Флярэнтына Арыса выразаў усялякія абвесткі, якія друкаваліся ў газетах Карыбскага басейна: побач два партрэты аднаго і таго ж чалавека, у першым выпадку ён быў лысым, як дыня, а ў другім – з густой капной ільва: пасля прыёму надзейных лекаў. На працягу шасці гадоў ён выпрабаваў сто семдзесят два такія сродкі, калі не лічыць дадатковых метадаў, якія рэкламаваліся на бірках кожнага флакона. З дапамогай аднаго з гэтых сродкаў ён абзавёўся толькі экзэмай на галаве. Яна выклікала сверб і смярдзела. Святошы з Мартынікі назвалі гэтую хваробу паўночным ззяннем, бо ў цемры чэрап выпраменьваў фасфарычны бляск. Флярэнтына Арыса звярнуўся, нарэшце, да зёлак, якімі індзейцы гандлявалі на кірмашы, да магічных сродкаў і ўсходніх напояў, якія прадаваліся каля Натарыяльнай брамы. Але калі ён усё ж упэўніўся, што яго падманваюць, на макаўцы ўжо ззяла манашая танзура. У нулявым годзе, калі Тысячадзённая грамадзянская вайна паспела як след абяскровіць краіну, па горадзе прайшоў італьянец, які на замову рабіў парыкі з натуральных валасоў. Парык каштаваў зашмат, а майстра не адказваў за сваю працу пасля трох месяцаў носкі, аднак мала хто з лысых багацеяў устаяў перад спакусай. Флярэнтына Арыса быў адным з першых. Ён прымерыў парык настолькі блізкі па колеры да яго натуральнага, што баяўся, а раптам гэты парык заварушыцца на ім ад змены настрою, але ўсё-ткі не здолеў змірыцца з думкай пра тое, што носіць на галаве валасы нябожчыка. Натуральным суцяшэннем сталася ненажэрнасць лысіны, яна не дала яму часу пазнаць колер уласнае сівізны. Аднойчы вясёлы п’янтос, які сустракаўся яму і раней на рачной прыстані, але гэтым разам быў у стане раскрыцця пачуццяў больш, чым зазвычай, абняў Флярэнтына Арысу, калі той выходзіў з канторы, зняў з яго капялюш, выклікаўшы смех грузчыкаў, і звонка пацалаваў у лоб.

– Лысы прыгажун! – крыкнуў весялун яму следам.

Тады Флярэнтына Арыса, якому было сорак восем гадоў, загадаў выстрыгаць слабы пушок, які заставаўся на скронях і патыліцы, і цалкам прыняў лёс абсалютна лысага чалавека. Да такой ступені, што ўранку перад душам намазваў пенай не толькі падбародак, але і тыя часткі чэрапа, дзе зноўку з’яўляўся пушок, і здымаў яго небяспечнай брытвай, ператвараючы галаву у азадак немаўляці. Да тае пары ён не здымаў капялюш нават у канторы, бо лысіна выклікала ў ім пачуццё амаральнай аголенасці. Аднак, усвядоміўшы становішча, ён прыпісаў гэтую аголенасць да ліку мужчынскіх годнасцяў, пра што раней чуў са знявагай, бачачы ў падобных высновах плён уяўлення ўжо аблыселых фантазёраў. Пазней ён успрыняў новы звычай, не стрыг валасы каля правай скроні і перачэсваў іх цераз лоб улева. На гэтым Флярэнтына Арыса спыніўся. Аднак ён працягваў насіць капялюш, заўсёды ў хаўтурным стылі, нават пасля таго, як увайшлі ў моду капелюшы тартарыта – такой была мясцовая назва французскіх канацье.

Страта ж зубоў не была звязаная з натуральнай хваробай, наадварот, чыннікам паслужыла бязладная памылка прышлага дантыста, які надумаў выразаць жыўцом элементарную інфекцыю. Страх перад борам, які круціўся нажной педаллю, не дазваляў яму наведаць зубнога лекара, нягледзячы на стабільны боль, пакуль той не стаўся невыносным. Маці спужалася, пачуўшы ўначы несуцешныя стогны з суседняга пакоя, ёй здавалася, што паўтараюцца развеяныя туманом памяці часы яго першага кахання, аднак, загадаўшы яму адкрыць рот, каб зірнуць, скуль гэты боль, яны знайшла, што ўсе дзясны былі пакрытыя гнайнікамі. Дзядзька Леон XII накіраваў яго да доктара Франсіса Аданая, негрыцянскага волата ў ботах і галіфэ, які плаваў на рачных параходах з поўным зубным кабінетам у дарожнай сумцы і больш быў падобным на коміваяжора, што наводзіў жах у прырэчных сялібах. Доктар зазірнуў у рот і адразу вызначыў, што Флярэнтына Арысу трэба выдаліць нават здаровыя зубы, каб уратаваць яго ад наступстваў запушчанасці. У параўнанні з воляй на змаганне з аблысеннем, аслінае лекаванне далося яму лёгка, калі не лічыць натуральнага страху перад катаваннем без анестэзіі. Яго таксама не палохала думка пра зубныя пратэзы, перадусім праз настальгію па маленстве. Ён часцяком згадваў кірмашовага штукара, які здымаў сківіцы, клаў іх на стол, і яны працягвалі размаўляць самі; апрача таго, ён уцяміў, што аперацыя пакладзе канец зубному болю, ад якога ён пакутаваў з дзяцінства, амаль такога ж жорсткага, як пакуты ад кахання. Гэта не падавалася яму такім страшным ударам старасці, як аблысенне. Флярэнтына Арыса быў пэўны, што, нягледзячы на рэзкі пах вульканізаванага каўчука ад устаўной сківіцы, ён будзе выглядаць лепш з артапедычнай усмешкай. Такім чынам, ён без супраціву скарыўся абцугамі доктара Аданая і перанёс выздараўленне з аслінай цярплівасцю.

Дзядзька Леон XII займаўся дэталямі аперацыі, нібыта рэзаць збіраліся яго. Ён меў асаблівую цікавасць да зубных пратэзаў, якая ўзнікла падчас яго першых вандровак па рацэ Магдалене, праз яго маніякальнае захапленне бэльканта. Аднойчы пад поўняй на падыходзе да порта Тамары дзядзька Леон XII пайшоў у заклад з нямецкім каморнікам, маўляў, ён абудзіць жыхароў сельвы неапалітанскім рамансам з капітанскага мастка. І ледзь не выйграў. У рачным змроку ўзляцелі чаплі над багнай, раздаліся ўдары каймана хвастом па вадзе, з перапуду біліся рыбіны-шалёнкі, нібыта спрабавалі скочыць на бераг, аднак на самай высокай ноце, калі пасажыры баяліся, што ў яго ад напругі лопнуць артэрыі, зубны пратэз быў выкінуты з рота сілай заключнага выдыху і патануў у вадзе.

Карабель затрымаўся ў порце Тэнэрыфэ на тры дні, пакуль яму тэрмінова рабілі другі пратэз. Ён падышоў выдатна. Аднак на зваротным шляху, спрабуючы патлумачыць капітану, як ён згубіў папярэдні пратэз, дзядзька Леон XII набраў поўныя лёгкія гарачага паветра сельвы і выдаў найвышэйшую ноту, на якую быў здольны, зноўку нагнаўшы страх на кайманаў, якія загаралі, гледзячы неміргаючымі вачыма на карабель, што праходзіў міма, і... зноў плынь аднесла новенькі пратэз. З тае пары ён трымаў дублікаты пратэза паўсюль – у розных месцах дома, у скрыні пісьмовага стала і на борце кожнага з трох караблёў кампаніі. Апрача таго, калі абедаў дзе-кольвек па-за домам, запасныя зубы заўсёды былі пры ім у скрыні з-пад таблетак ад кашлю, бо аднойчы пратэз трэснуў, калі ён спрабаваў разжаваць скварку на пікніку. Баючыся, што пляменнік стане ахвярай падобных непрыемнасцяў, дзядзька Леон XII загадаў доктару Аданаю зрабіць адразу два пратэзы: адзін з таннейшых матэрыялаў на кожны дзень і другі для выхадных і святаў – з залатымі іскрынкамі на карэнных зубах, якія б упрыгожвалі ўсмешку і прыдавалі твару пляменніка выраз шчырасці. У вербную нядзелю, усхваляваны святочнымі перазовамі званоў, Флярэнтына Арыса нарэшце выйшаў на вуліцу ў новым абліччы, і беззаганная ўсмешка пакідала ў яго пачуццё, нібыта яго месца заняў нехта іншы.

Якраз у той час памерла маці, і Флярэнтына Арыса застаўся адзін у доме, у кутку, які як найлепш падыходзіў для кахання, бо хаця вуліца і была досыць далікатная, мноства вокнаў усё ж змушала думаць пра лішнія вочы за фіранкамі. Аднак у доме ўсё было зроблена дзеля шчасця Фэрміны Дасы, і толькі яна дачакаецца яго, так што Флярэнтына Арыса палічыў за лепшае страчваць шматлікія мажлівасці на працягу самых плённых гадоў, але не запляміў дом іншай любоўю. На шчасце, кожная новая прыступка у параходнай кампаніі прымяркоўвала новыя прывілеі, перадусім негалосныя, і самая карысная з іх была ў мажлівасці выкарыстоўваць офіс уначы альбо ў выхадныя і святочныя дні з маўклівае згоды вартаўніка. Аднойчы, калі Флярэнтына Арыса быў ужо віцэ-прэзідэнтам, ён любіўся з дзяўчынай, якая дзяжурыла ў нядзелю, на канторскім крэсле, калі раптам адчыніліся дзверы. Дзядзька Леон XII зазірнуў, нібыта пераблытаўшы офісы, і паглядзеў на спужанага пляменніка паўзверх акуляраў. «Карамба, – сказаў дзядзька без здзіўлення, – ты такі ж, як твой бацька! – І перад тым, як зачыніць дзверы, дадаў з рассеяным паглядам: – А вы, дзяўчына, працягвайце. Клянуся сумленнем, я не бачыў вашага твару».

Пра гэта больш не гаманілі, але ўвесь наступны тыдзень у кабінеце Флярэнтына Арысы немажліва было працаваць. У панядзелак з’явіліся чародкай электрыкі, каб прыладзіць лопасны вентылятар да столі. Слесары прыйшлі без папярэджання і нарабілі шуму, уразаючы новы замок, каб дзверы зачыняліся знутры. Сталяры знялі меркі, не тлумачачы, навошта, мэбляры прынеслі ўзоры тканіны і праверылі, ці пасуюць яны да шпалераў кабінета, а праз тыдзень даставілі аграмадную дзвюхспальную канапу, абіўку якой упрыгожвалі пышныя кветкі. Канапа ўсё-ткі не ўлезла ў дзверы, і давялося зацягваць яе праз акно. Людзі працавалі ў самы нечаканы час, паводзілі сябе нахабна, як здалося Флярэнтына Арысу, – на любы яго пратэст адказ быў адзіны: «Гэта загад генеральнай дырэкцыі». Ён губляўся ў здагадках, ці было падобнае ўмяшальніцтва ветлівасцю дзядзькі і паблажлівага стаўлення да яго бурлівых любоўных прыгодаў, альбо ва ўласцівай яму манеры ён даваў зразумець, што не ўхваляе легкадумных паводзінаў. Флярэнтына Арысу нават да галавы не прыйшло, што дзядзька Леон XII заахвочваў яго, бо да яго таксама дайшлі чуткі, што пляменнік не падобны да бальшыні мужчын у сваіх сэксуальных звычках, і гэта наганяла сум на дзядзьку, перашкаджаючы пляменніку на шляху да лёсу адзінага пераемніка.

Леон XII Ляайса быў супрацьлеглым свайму брату, пражыў шэсцьдзесят гадоў у стабільным шлюбе і вельмі ганарыўся тым, што ніколі не працаваў у нядзелю. Ён меў чацвёра сыноў і дачку. Усіх ён рыхтаваў да атрымання высокіх пасадаў ва ўласнай імперыі, але жыццё падкінула шэраг выпадковасцяў, звычайных для раманаў таго часу, хаця ніхто не верыў у мажлівасць падобнага ў сапраўдным жыцці. Сыны памерлі адзін за адным па меры таго, як прызначаліся на новыя ўладныя пасады, а дачка была цалкам пазбаўленая рачнога прызвання і адышла ў іншы свет, назіраючы за чужымі караблямі на Гудзоне праз акно на вышыні пяцідзесяці метраў. Гэта настолькі ўразіла людзей, што нават пайшлі чуткі, нібыта Флярэнтына Арыса, заўсёды змрочна апрануты, з чорным парасонам у руцэ – вампір дый годзе – штосьці такое нарабіў і справакаваў ланцуг выпадковасцяў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю