355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Дрэва вечнасці » Текст книги (страница 9)
Дрэва вечнасці
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 03:01

Текст книги "Дрэва вечнасці"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч


Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 31 страниц)

Калі б ты, мой госць цудоўны, не прыкончыў злога ката,

Ён бы ўсё цару са злосці патаемна разбубніў.

Цар, разгневаны дашчэнту, дом спаліў бы мой багаты,

Пакараў бы лютай смерцю і дзяцей маіх пабіў.


Чым аддзякаваць магу я? Памажы мне ў гэтым, божа,

Больш пужаць мяне не будзе крыважэрны, хцівы гад.

Свой шчаслівы лёс жаночы толькі зараз бачу, можа:

Абмінула смерць; каханне, прадчуваю, ладзіць лад!»


Аўтандзіл сказаў: «Спрадвеку толькі мудрасць праўду мерыць:

Вораг з ворагаў найгоршы, хто, як друг, увойдзе ў дом.

Тайну сэрца не раскрыўшы, мудры хлусу не паверыць.

Той цяпер жыхар бяздоння, хто плаціў за ласку злом!


Раскажы, якія весткі аб каханай ты сабрала,

Дзень і ноч я аб сустрэчы бога добрага малю».

Тут Фацьма замест адказу нечакана зарыдала:

«Знікла сонца, што праменнем упрыгожвала зямлю!»


ФАЦЬМА РАСКАЗВАЕ АЎТАНДЗІЛУ ПРА ТОЕ, ЯК НЕСТАН-ДАРАДЖАН ТРАПІЛА Ў ПАЛОН ДА КАДЖАЎ

Лёс пракляты! З д'яблам толькі ты зраўняешся маною!

Хто твайго каварства межы мог адолець хоць бы раз?

Што зрабіў ты з той, што сонца зацьмяваць магла сабою?

Бачу: ўсё на свеце тленам стане ў вызначаны час.


Зноў Фацьма апавядала: «Знікла сонца, што свяціла

Над маім жыццём і домам сваім ласкавым святлом.

З той часіны я губляю на агні пакутным сілы,

Слёзы лью крынічнай плынню, кленучы нядолі зло.


Мне абрыдла ўсё на свеце, мне нямілы сталі дзеці,

Днём я мару аб красуні, ўночы сніцца мне яна.

А Усен, што здрадзіў клятве, знік з вачэй, блукае дзесьці;

Чым дзяліць з брыдою ложак, застануся лепш адна.


Неяк ціхім надвячоркам, калі захад стаў ружовым,

Я праходзіла прадмесцем, дзе ўбаку стаяў шынок.

З жалем дзеву прыгадала, і зляцелі з вуснаў словы:

«Хто мужчынскай клятве верыць – кліча той бяды знарок!»


Бачу: раб з трыма сябрамі ўваходзіць у харчэўню;

Раб па-ратнаму адзеты, тыя – ў грубае радно.

Накупляўшы страў на драхму, елі ў смак. І ў час вячэрні

Палілася ў іх гаворка, мне было ўсё чутно.


Гаварыў адзін: «З дарогі адпачыць нам – асалода.

Мы сышліся ў гурт адзіны, ўсе чужыя між сабой.

Дык няхай раскажа кожны пра сваё жыццё й прыгоды,

Раз адна звяла дарога пад агульнаю страхой».


Пацяклі апавяданні; і калі чарга прыспела,

Раб сказаў: «Кіруе намі воля бога з вышыні.

Вы тут слоў кідалі проса, я ж пасею толькі перлы;

Той уцяміць мае словы, хто не любіць балбатні.


Я адданы раб і воін ўладара ўсяе Каджэці,

Ды хваробаю цяжкою падкасіла смерць цара.

Шмат дабра рабіў ён людзям. Засталіся ў яго дзеці,

І сірот на выхаванне ўзяла яго сястра.


Дулардухт – царыцу звалі – кіравала ўсёй краінай,

І ніякі вораг блізка падысці да меж не смеў.

А з сірот Расана й Родзьі павыросталі мужчыны,

І надзейную апору трон яе магутны меў.


Раптам вестка: дзесь за морам у яе сястра сканала;

Зажурыліся візары, як сышліся на савет:

Як паведаміць царыцы – будзе енку тут не мала,—

І тады вяльможам знатным так сказаў Рашак-спаспет:


«Не магу, хоць рэжце, слухаць я жаночы плач і лямант,

Лепш паеду чыстым полем па здабычу на разбой —

Як вядома ўсім, багацце не было ніколі плямай,—

А вярнуся – у царыцы слёзы зменяцца журбой».


Крыкнуў ён: «Выходзь наперад, хто гатоў ісці за мною!»

Сто ваяк найлепшых выбраў і павёў іх за сабой.

Рабавалі ўдзень і ўночы мы, не ведаўшы спакою,

Зніштажалі караваны, скарб багаты рос гарой.


Неяк ехалі мы ў полі, засцілала ночка далі,

Раптам бачым: палілося з цемры дзіўнае святло.

«Як, хіба праменні сонца ў змроку ночы запалалі?»

Мы губляліся ў здагадках, і канца ім не было.


Той казаў, што гэта месяц, той – што сонца залатое,

І на прывід гэты дзіўны ўсе мы кінуліся ўраз,

Абкружылі луг шырокі, скуль святло лілося тое;

Раптам голас чысты й звонкі даляцеў адтуль да нас.


«Хто вы, коннікі? – пытае.– Адыдзіце прэч з дарогі!

З Гуланшара ў царства каджаў я, ганец, трымаю шлях!»

Мы на голас той злучылі найцясней рады аблогі,

Бачым конніка ў бляску – ахапіў нас дзікі страх.


Бліскавіцай прамяністай твар яго здалёк пабліскваў,

Ззяў, як сонца, светлы вобраз, азарыўшы ўсё вакол.

І хоць гукі слоў расталі – гневу цень пакрыў аблічча,

І бліснулі ў цемры зубы, як жамчужны частакол.


Мы глядзелі, што за дзіва перад нашымі вачамі,

Не ганец ён – быў адразу ўвесь падман яго відзён.

Тут Рашак заўважыў раптам, што дзяўчына перад намі,

Ён схапіў каня за повад і забраў яе ў палон.


Мы распытвалі дарэмна: «Адкажы нам, хто ты, сонца?

Скуль ты родам? Шлях трымаеш да якіх, скажы, зямель?»

Не адказвала нічога, толькі плакала бясконца,—

Цяжка бачыць, калі месяц паглынае люты змей.


Не схацела нам прызнацца паланянка маладая,

Хто блукаць яе прымусіў на чужыне па начах,

У разбойным атачэнні толькі змрочна паглядала,

Ды пагарда палымнела ў разгневаных вачах.


Даў загад Рашак: «Даволі! Прымушаць яе не будзем,—

Пра бяду сваю расказваць тут не месца і не час!

Бог, відаць, царыцу нашу парашыў уразіць цудам

І дзівосны падарунак пасылае ёй праз нас.


Незвычайным гэтым скарбам ашчаслівім мы царыцу,

Будзе шчодраю ўдзячнасць нам за службу ў адказ.

А схаваем – лютым гневам яе сэрца загарыцца

І, як кара за злачынства, гэты гнеў падзе на нас».


Мы спрачацца не схацелі і спынілі ўсе размовы,

Разам з дзевай падаліся ў Каджэці нацянькі,

Дакучаць ёй не схацелі, не прамовілі ні слова,

А яна слязьмі зганяла алы колер са шчакі.


Я звярнуўся да Рашака: «Папрашу твайго дазволу —

З'ездзіць мне да Гуланшара, хутка буду я назад».

Даў ён згоду, я памчаўся, каб сабраць з рабункаў долю,

І цяпер вось з пакам шоўку даганяю свой атрад».


Сказ праслухаўшы цікавы, я адчула блізкасць мэты,

Слёзы высахлі адразу, расхінулася імгла,

Бо ў расказаным пазнала дзевы мілыя прыкметы,—

Ажыла надзея ў сэрцы, нібы скарб які знайшла.


Загадала, каб з'явіўся да мяне апавядальнік,

І сказала: «Ты яшчэ раз мне пра дзеву раскажы».

Паўтарыў усё дакладна аб сустрэчы ён нядаўняй,

І, знясіленая смуткам, захацела зноў я жыць.


Мела двух я чорных служак, двух сапраўдных чарадзеяў,

Што нябачнымі для вока па жаданню стаць маглі.

Я ў Каджэці іх паслала, не губляючы надзеі,

Каб хоць след палоннай дзевы ў царстве тым яны знайшлі.


Праз тры дні мне расказалі ведзьмары пра ўсё ахвоча.

Там збіраецца царыца ў чужы заморскі стан.

Сонца-дзева там марнее, іскры гневу сыплюць вочы,

Бо прызначан царскай воляй нарачоным ёй Расан.


Дулардухт сказала ўладна: «Ажаню яе з Расанам,

Як жалобны тэрмін скончу і назад прыбуду к вам,

А пакуль няхай чакае скоры дзень майго вяртання».

Еўнух там пільнуе вежу, сонца-дзева чэзне там.


Узяла з сабой царыца войска з каджаў-чарадзеяў,

Бо нялёгкі шлях праходзіў небяспечнай стараной,—

Уладанні ж засталіся пад аховаю надзейнай,

Слёзы лье цяпер царыца над сястрыцынай труной.


Неадольны горад каджаў пільнаваў няспынна межы,

На скале высокай горда, як цвярдыня, ён стаяў.

У скале ж той ход падземны быў пракладзен аж да вежы,

Дзе, нібыта сонца з неба, твар красы дзівоснай ззяў.


Патаемны ход у горад варта пільна вартавала,

Дзесяць тысяч за сцяною войска добрага было,

Па тры тысячы атрады каля трох варот стаялі...

О жыццё, да горкай мукі ты мне сэрца давяло!»


Вестку гэтую пачуўшы, Аўтандзіл ажыў, нябога,

Хоць сваіх пачуццяў буру ў глыбіні душы трымаў.

За вялікія даброты ён аддаў падзяку богу

І сказаў: «Якую радасць ты прынесла мне, Фацьма!


Ты майго кахання варта, суняла ты ў сэрцы скруху,

Летуценняў патаемных ты адкрыла свет шырэй,

Але ты скажы па праўдзе, калі каджы – гэта духі,

Дык нашто ім плоць людская і навошта тлумны рэй?


Абудзіла ты спагаду да палонніцы бязвіннай,

Але што ім, бесцялесным, ад жанчыны за карысць?»

У адказ Фацьма сказала: «Растлумачыць я павінна.

Каджы – людзі, ў гэтых скалах пасяліліся калісь.


Людзі каджамі празвалі іх за цёмнае вядзьмарства,

Каджы могуць, калі схочуць, нас усіх заваражыць;

Не адолець іх, баяцца людзі злоснага каварства,

Біцца з імі – значыць, марна галаву сваю злажыць.


Вычвараць умеюць цуды, асляпляць умеюць вочы,

Уздымаць у моры буры, ў бездань кідаць караблі;

Не тануць – ісці па хвалях, дзень змяняць на цемру ночы,

Неба цёмнае паўночы дзённым бляскам асвятліць.


Вось таму і назву каджаў нездарма далі ім людзі,

Хоць на справе маюць самі, як і мы, такую ж плоць».

Аўтандзіл сказаў: «О шчасце! Жаль не цісне болем грудзі!

Ты агонь мой патушыла і пазбавіла ад слот!»


Аўтандзіл усёй істотай услаўляў скрозь слёзы бога:

«Божа, ты ў зямной юдолі шлеш збавенне, гоіш боль,

Вечна існы, недасяжны, асвятляеш нам дарогу,

Дорыш ласку нам дзясніцай, мы рабы перад табой!»


Так хвалу ўзносіў богу віцязь радаснай хвілінай,

Ды жаданнем прагавітым загарэлася Фацьма;

І хоць ён хацеў стрымацца, ды адолела жанчына

І з гарачым пацалункам абняла яго сама.


І ўсю ноч дзяліла ў ложку асалоду з Аўтандзілам,

Ён хоць моцна абдымаўся, сам жа думаў аб другой,

Цінаціну прыгадаўшы, сам сабе ён стаў нямілы,

І звярэла сэрца, нібы паляўнічы чула гон.


Аўтандзіл употай плакаў, утварылі б слёзы мора,

І чаўны вачэй-агатаў патаналі ў вір-падман.

«Гляньце,– думаў,– на міджнура, як ён здрадзіў любай скора,—

Не салоўка сеў на ружу, а на смецце сеў груган».


Раскрышыла б і каменне слёз няспыннае струменне,

Дзе гушчар цяністых веек бегу іх не мог пазбыць.

Салаўём Фацьма спявала – скуль з'явілася натхненне?

Побач з ружай і варона салаўём жадае быць!


Выйшла сонца на світанні ўмыцца свежаю вадзіцай,

І Фацьма яму паднесла ў дар адзенняў розных шмат,

Трункаў пахкіх і бялізны – ўсё упрошвала згадзіцца

Апрануць, што больш да твару, з тых шаўковых пышных шат.


Аўтандзіл рашыў: «Даволі мне прыкідвацца купчынай!»

Зняў гандлярскае адзенне і ранейшае надзеў.

Апрануўшыся, як віцязь, ён здзівіў сабой жанчыну;

Так у выглядзе геройскім стаў, як сонца, юны леў.


Розных страў Фацьма прынесла, запрасіла на сняданне.

Увайшоў прыгожы віцязь у даспехах, як герой,

І Фацьма, яго сустрэўшы ў спаспетавым убранні,

Лепятала: «О чароўны, хто ўстаіць перад табой?»


Захаплялася бясконца госцем зграбным і прыгожым,

Толькі ён на гэта моўчкі пасміхаўся сам сабе:

«Хто ў сапраўднасці такі я, распазнаць яна не можа.

Мне ж няма другога выйсця, покуль будзе друг гібець».


А пасля бяседы сытнай разышліся. Захмялелы,

У сваім пакоі пышным ён забыўся ўва сне.

Як прачнуўся надвячоркам, нібы ўсё заружавела,

Да Фацьмы паслаў ён служку: «Быць прашу я ў мяне».


І Фацьма прыйшла адразу і прамовіла ў запале:

«Ты – альяс мой любамілы, я загіну без цябе!»

Пасадзіў з сабою побач, і на момант ціха стала,

І на ружаў сад чароўны цень з хацінкі веек збег.


Ён сказаў: «Цябе паклікаў я на шчырую размову,

Хоць яна змяёй атрутнай сэрца, можа, і пратне.

Не сказаў табе дагэтуль аб сабе я праўды слова:

Чорны лес інакшых веек паланіў навек мяне.


Прытварыўся, што гандляр я – гаспадар над караванам.

Не, над войскам я начальнік у славутай старане,

Трону царскаму апора і ўлюбёнец Растэвана,

Скарбаў сховішчы і зброя падуладны толькі мне.


Ты майго даверу варта, я скажу табе ўсю праўду:

Мае цар дачку, што з твару нібы ясная зара,

З-за яе агнём згараю, і ніхто не дасць мне рады,

Па яе жаданню тут я, кінуў войска і цара.


Я шукаю ўсюды дзеву, што была ў цябе схавана,

Абышоў амаль паўсвета, каб знайсці царыцу дзіў.

Бачыў я таго міджнура, што тугою па каханай,

Нібы леў, стралой працяты, галаву сваю схіліў».


Расказаў Фацьме дакладна Аўтандзіл пра ўсе прыгоды:

Як таго, што ў шкуры тыгра, моцна гора абвіло.

Ён сказаў: «Ты маеш сродак, што скасуе ўсе нягоды,

Што ўратуе веек чорных крумкачынае крыло.


Удваіх, Фацьма, з табою, адшукаўшы дзеву тую,

Памаглі б двум зоркам зліцца ў непадзельную адну.

І з удзячнасцю нашчадкі слалі б нам хвалу людскую,

Што вярнулі закаханым мы шчаслівую вясну.


Дык пакліч ты чарадзея, мы пашлём яго ў Каджэці,

Хай пра ўсё раскажа дзеве, што ўведаць мы змаглі.

І яна сваёй парадай дапаможа нашай мэце:

Знішчыць каджаў, каб ніводзін не застаўся на зямлі».


«Бачыць бог,– Фацьма сказала,– разагнаў ты смутку хмары,

Справа тая, што надумаў, шле збавенне, а не страх».

Быў паклікан раб адразу ж; той з'явіўся чарнатвары.

«Паспяшайся,– загадала,– да Каджэці доўгі шлях!


Мы пабачым сілу чараў і вядзьмарскага сумлення,

Ці пазбавіш нас ад болю, ці патушыш сэрцаў жар.

Перадай у вежу дзеве, хай чакае вызвалення».

«Будзе зроблена, чакайце весткі»,– ім сказаў вядзьмар.


ПІСЬМО ФАЦЬМЫ ДА НЕСТАН-ДАРАДЖАН

У пісьме Фацьма пісала: «Ты, як сонца, свеціш свету,

Хто разлучаны з табою, палымнее той жальбой;

Льецца голас твой крыніцай, хараством тваім сагрэты;

Лал з крышталем злучан цесна, ззяе ўсмешкаю тваёй!


Хоць пра лёс свой невясёлы ты сказаць не захацела,

Мне вядома ўсё, і гору спачуваю я твайму.

Каб вар'яцтва ён пакінуў, шлі ты вестку Тарыэлю,

Хай табе ён будзе ружай, ты ж фіялкаю яму.


Ратаваць цябе з'явіўся Тарыэлеў брат названы.

Аўтандзілам ён завецца, войска мужны правадыр,

Ён пры троне Растэвана віцязь слаўны і адданы,

Дык парадуй весткай мудрай, наша сонца, наш кумір!


Да цябе ганца паслалі, ты пра ўсё яму раскажаш:

Ці вярнулася царыца, колькі войска разам з ёй,

Ці вялікая ахова ля ўваходу ў горад каджаў,

Хто над вартаю галоўны, хто вартуе замак твой?


Ты пра ўсё, што ўдасца ўведаць, напішы нам падрабязна,

І мінджнуру прывітанне не забудзь ты перадаць.

Хай забудуцца бядоты, шчасцем свеціць даль выразна,

Бог паможа нам дабіцца, каб навекі вас з'яднаць.


Паляці, пісьмо, да мілай вестуном, даўно чаканым!

Як табе не пазайздросціць – лал і перлы ўбачыш ты,

Будуць ласкавыя вочы сузіраць цябе ў чытанні...

Пашкадуй жа, сонца свету, і пазбаў нас цемнаты!»


І Фацьма ганца пазвала і пісьмо яму ўручыла:

«Паланянцы яснатварай з рук у рукі перадай».

Той, зялёнаю накідкай махануўшы, нібы крыллем,

Па-над дахамі ўзняўся, знік у небе, нібы здань.


З лука пушчанай стралою паляцеў у вокамгненне

І дасяг Каджэці, толькі слацца стаў у полі змрок;

Праз вароты і праз варту праслізнуў нябачным ценем,

Каб аддаць палоннай дзеве весткі шчаснае лісток.


Ён прыйшоў да дзевы ў вежу, абмінуўшы ўсе завалы,

Цёмнатвары, валасаты, нечаканы, быццам здань.

Ахапіла дзеву боязь, нерухомая чакала —

Заблакітнелі фіялкі, ружа стала, як шафран.


Пасланец сказаў: «Не бойся, я не прывід з апраметнай,

Да цябе сюды з'явіцца загадала мне Фацьма.

Вось пісьмо! Яго прынёс я без затрымкі непрыкметна.

Заквітнееш хутка ружай, згіне прэч з вачэй турма!»


Не было канца здзіўленню ад раптоўнага здарэння,

Воч міндаліны трымцелі, цень на іх агат прынёс,

І, схапіўшы ліст, чытала ўсхваляваная царэўна,

І скаціліся дадолу дыяменты-росы слёз.


У ганца яна спытала: «Хто ж такі мяне шукае?

Што яшчэ хаджу жывая, хто дазнацца быў ахвоч?»

Адказаў ён: «Падзялюся ўсім, што ў розуме трымаю:

З той пары, як ты прапала, светлы дзень змяніла ноч.


З той пары працяты грудзі ў Фацьмы кап'ём пакуты,

Слёзы лье яна няспынна, кленучы пракляты лёс.

Я ёй тайну гэту выкрыў аб табе, няволяй скутай;

Бачыць бог, з тае часіны не ўсыхае лівень слёз.


Ды з'явіўся нейкі віцязь, станам зграбны, як таполя,

І Фацьма яму сказала пра тваю нуду-бяду.

Ён прайшоў амаль паўсвету, каб цябе вярнуць на волю,

Імі я сюды пасланы і да іх назад іду!».


Адказала дзева: «Веру, што прыйшоў ты без падману,

Але як маглі дазнацца вы пра горкі мой палон?

Пэўна, той жывы, хто грэе сэрца жарам палымяным.

Напішу, як сэрца цісне торкай долі злы праклён».


ПІСЬМО НЕСТАН-ДАРАДЖАН ДА ФАЦЬМЫ

Адказала сонца-дзева: «Даражэй ты мне за маці.

Бачыш, чым мяне спаткала доля злая ў горкі час?

Чым я вінна, што прымусіў бог мяне з няволяй знацца?

Мне прынесла толькі ўцеху вестка добрая ад вас.


Ад напасці нечаканай ты мяне ўратавала,

Але трапіла да каджаў выпадкова я ў палон.

Сцеражэ мяне ўсё войска, ўся варожая навала.

Дзе знайду цяпер уцеху, зменіць хто цяжкі мой кон?


Пра напасці і журботы мне яшчэ пісаць не варта.

Не вярнулася царыца, з ёю безліч каджаў там,

Хоць і тут на кожным кроку ўсюды ўзброеная варта.

Не, каб вызваліць адгэтуль, немагчыма й думаць вам.


Хто шукаць мяне сабраўся, той дарэмна траціць сілы,

Той дарэмна труціць сэрца, на агні пакут гарыць.

Аднаму зайздрошчу толькі – быў ён побач з сонцам мілым,

Без якога не пабачыць мне шчаслівае зары.


Аб сваім каханні палкім расказаць табе не смела,

Не хацела слёз дарэмных, не хапала сіл раней.

А цяпер прашу я слёзна папярэдзіць Тарыэля,

Каб жыццё сваё ў ахвяру не прыносіў з-за мяне.


Бо даволі ўжо няшчасцяў,. турбаваць не варта неба,

Не чакаю вызвалення – бог, відаць, мяне забыў.

Тарыэль памрэ, дык двойчы мне тады памерці трэба,

Застануся жыць – каменнем ты мяне тады забі!


Просіш ты, каб Тарыэлю я паслала знак кахання;

Шлю істужку я ад шаля, што калісь мне ў дар прынёс,

Бо ягоны падарунак сэрца цешыў спадзяваннем,

Хоць і мае чорны колер, нібы мой пракляты лёс!»


ПІСЬМО НЕСТАН-ДАРАДЖАН ДА КАХАНАГА

З плачам горкім і няўцешным да каханага пісала,

Слёзы жар душы гасілі, абуджалі толькі жаль.

Тым пісьмом любому сэрца вострым болем працінала,—

Скрозь пялёсткі ружы кволай мігацеў душы крышталь.


«Любы мой! Радкі прызнання я сваёй рукой пісала,

Быў пяром мне стан мой гнуткі, а чарнілам жоўць і кроў.

А паперай – тваё сэрца, што з маім сама з'яднала.

Дык нашто ты рвешся, сэрца, з тых чароўных ланцугоў?


Бачыш, любы, свет існуе скрозь няпраўдаю адною!

Як бы сонца ні свяціла – праглыне яго імгла.

Мудрацы, жыццё пазнаўшы, асудзілі ўсё зямное!

Гора мне! З табой разлука ў труну ледзь не звяла.


Разлучылі нас з табою свет і час, даўно пракляты.

Радасць нам не давялося ў згодзе між сабой дзяліць.

З сэрцам, што тваім каханнем, як кап'ём, наскрозь працята,

Што зраблю я? Хай твой розум дасць параду, як мне быць!


Я клянуся сонцам светлым, што не марыла жывога

Напаткаць цябе і сілам я не верыла сваім.

Зараз я ад шчасця плачу, праслаўляю літасць бога,—

Гора знікла, стала дыхаць я з табой жыццём адным.


Мне яно надзеяй свеціць, больш нічога і не трэба,—

Хоць параненае сэрца спапяліў агонь нягод.

Пра мяне ўспамін сардэчны хай табе згадае неба,

Я ж кахання рунь жывую зберагу ад непагод.


Што яшчэ ў пісьме скажу я, мой каханы і адзіны?

І язык стаміцца можа, і паверыць цяжка ў зло.

Мне Фацьма дала ратунак – вызваленне з рук двух злыдняў,

А цяпер па волі лёсу зноў няшчасце надышло.


Спалучыўшы з горам гора, свет дадаў пакут мне болей,—

Палічыў, відаць, што мала ён няшчасця мне прынёс:

Я да злых і дужых каджаў зноў патрапіла ў няволю.

Бачыш, любы, не шкадуе нам сваіх праклёнаў лёс!


Я сяджу ў высокай вежы, недасяжнай нават воку,

Патаемны ход пільнуюць вартавыя дзень і ноч,—

Далятаюць гулкім рэхам да мяне цяжкія крокі,

Смерць нясуць яны любому, хто прайсці сюды ахвоч.


Ты не думай, што іх войска ваяваць па-людску здольна!

Не шукай бяды,– загінеш, значыць, больш і мне не жыць.

Калі ўбачу нежывога – я згару, як трут, павольна;

Будзь скалы цвярдзей, трымайся, да спаткання каб дажыць!


Ты адкінь, каханы, думку, што, знясіленая горам,

Станам зграбным, як таполя, дастануся каджам злым;

Без цябе я жыць не буду, не зламлюся я ў пакоры,—

Або нож пратне мне сэрца, або рыну са скалы.


Сонцам я клянуся – месяц твой другому не засвеціць,

Хоць прыйшлі б тры сонцы разам, каб красу яго сустрэць.

Лепш я кінуся ў бяздонне,– хай спрадвечны змрок прывеціць,

Хай душа ўзляціць на крылах,– ты ж даруй мне гэту смерць!


За мяне маліся богу, каб паслаў мне вызваленне,

Каб не даў ператварыцца пачуццю ў агонь і тло,

Каб мне крылы даў узняцца і тваім зрабіцца ценем,

Сузіраць цябе, нібыта сонца яснага святло.


Без цябе не будзе сонца, бо ты сам яго часцінка.

Неаддзельны спадарожнік, ты навекі зліты з ім!

Вобраз твой я ў ім убачу – задрыжыць слязы расінка;

Горка мне жылося – стань жа, смерць, салодкім сном маім!


Я, душу табе аддаўшы, смерці ў твар без страху гляну;

Але вечна ў нашых сэрцах дух кахання будзе жыць.

Хоць разлука ранай свежай да другой кладзецца раны,

Ты не плач па мне, каханы, памяць сэрца зберажы.


Лепш у Індыю спяшайся, бацька там без дапамогі

Не адолее асады ордаў ворагаў ліхіх.

Падтрымай яго ў нядолі, за мяне пазбаў трывогі,

Пра мяне згадай, пра рэкі несціханых слёз маіх!


Наракаць на долю годзе! Досыць скаргаў і праклёнаў!

Ведай: з сэрца – проста ў сэрца слова праўды пападзе.

За цябе памру – хай трызну мне пракаркаюць вароны,

Я жывая – буду плакаць па табе ў цяжкой нудзе!


На ўспамін я шлю істужку ад падоранага шаля,

Ты калісь, як знак кахання, мне той шаль з вайны прывёз.

Хай згадае нашы мары ён табе ў хвіліну жалю,—

Закружылася над намі кола ўсіх сямі нябёс!»


Дзева скончыла пасланне, перапоўненае смуткам,

І адрэзала ад шаля на ўспамін адзін шматок.

Абвілі, як змеі, плечы валасоў тугія скруткі,

І, нібы з таполі стройнай, пах даносіўся здалёк.


Чорны служка з Гуланшара зноў памчаўся ў дарогу

І Фацьме дакладна ў тэрмін вестку гэтую прынёс.

Пра палонную пачуўшы, Аўтандзіл уславіў бога,—

Поўны ўдзячнасці і шчасця, ён праліў нямала слёз.


Ён сказаў Фацьме: «Я рады, што збылася гэта справа.

Чым аддзякую табе я за стараннасць і дабро?

Ехаць трэба мне адразу да таго, хто з гордай славай

Разаб'е праклятых каджаў, нібы з неба грозны гром».


«Леў,– Фацьма яму сказала,– стаў агонь крыві пажарам,

Больш святло не льецца ў сэрца – прадчуваю змрок нуды.

Але ты павінен ехаць, затрымаць цябе не мару,

Бо раней прыбудуць каджы – не адолець іх тады!»


Віцязь склікаў слуг адданых, што належалі Прыдону,

І сказаў: «Ад сна нябыту ўсе мы зараз ажылі.

Доўга весткі мы чакалі – маем мы яе сягоння:

Час прыйшоў, і будзе вораг кроў сваю няшчадна ліць!


Перадайце гэту вестку вы свайму цару Прыдону,

Я спяшаюся і зараз немагчыма стрэцца нам.

Хай склікае гучным клічам войска вернага калоны.

А цяпер усё, што маю, вам да каліва аддам.


Паслужылі вы мне добра, вам я многа вінаваты:

Як сустрэнуся з Прыдонам – ўсё да рэшты заплачу.

А цяпер бярыце скарбы, што здабыў я ў піратаў,

І скупым не палічыце, скнарай быць я не хачу!»


Карабель аддаў багаты, з ім тавары ўсе і рэчы,

Хоць быў сам ён на чужыне і не меў багаццяў шмат.

Загадаў: «Цару Прыдону вы пры першай жа сустрэчы

Гэты скрутак перадайце, я пісаў, як брату брат!»


ПІСЬМО АЎТАНДЗІЛА ДА ПРЫДОНА

Ён пісаў: «Прыдон магутны, цар шчаслівы над царамі,

Сілай сэрца – леў сапраўдны, сонца нашага краса!

Кроў варожую чужынцаў льеш ты ў бойцы ручаямі!

Я, твой брат малодшы, гэта прывітанне напісаў.


За няшчасці ўзнагароду атрымаў я цалкам сёння:

Ўсё, аб чым я доўга марыў, да мяне цяпер прыйшло.

Я дазнаўся, што царэўна чэзне ў каджаў у палоне,

Што было б ільву ўцехай, калі б шчасце іх звяло.


Сонца тое бляск губляе, бо жыве ў высокай вежы,

Нам туды дайсці не цяжка па акрутных схілах гор.

Лье з нарцысаў дождж крыштальны, з ружы вее пахам свежым.

Хоць не шмат там зараз каджаў, але пільны іх дазор.


Сум развеяўся мой цяжкі, я ад шчасця толькі плачу.

Там, дзе ты і брат старэйшы,– не прадбачыцца нягод.

Бо заўсёды сустракала ў кожнай справе вас удача;

Што вам вораг? Перад вамі не існуе перашкод.


Ты прабач, што не заеду, ў іншы бок мая дарога,

Вызваляць хутчэй красуню павяду я свой атрад.

Буду рад з табой і братам я сустрэцца без трывогі.

Што яшчэ табе скажу я? Памажы, як брату брат!


Заплаціць рабам пакорным я дасюль не мог як трэба,

Тым усцешу, што служылі мне яны ўсёй душой.

Хто з табой быў разам, варты пахвалы самога неба.

«Добры – добрых нараджае»,– мудрасць кажа нам парой!»


І, пісьмо скруціўшы ў скрутак, перадаў слузе Прыдона.

Сам, нібы фіялка з ружай, дзіўным колерам заззяў.

І дадаў, каб перадалі вусна ўсё, што ім вядома;

І блішчалі перлы-зубы між каралавых апраў.


Карабель знайшоў ён хутка з Тарыэлевай мясціны,

Зноў падаўся ў дарогу – сонца яснага святло!

Пакідаў Фацьму з журбою – так шкада было жанчыны;

На праводзінах нямала слёз гарачых там цякло.


І Усен з Фацьмой, і слугі – ўсе няўцешна галасілі:

«Сонца наша, ты заўсёды слаў праменнае святло!

Дык чаму разлукі цемру пасылаеш з небасхілу?

Без цябе, нібы ў магіле, вочы ўсцеле нам імглой».


АД'ЕЗД АЎТАНДЗІЛА З ГУЛАНШАРА І СУСТРЭЧА ЯГО З ТАРЫЭЛЕМ

Пераплыўшы цераз мора, Аўтандзіл прыстаў да сушы,

І ў настроі ціхамірным ехаў верхам ён далей;

З весткай радаснай, гаючай на сустрэчу з другам рушыў,

Уздымаў да неба рукі ў маленні і хвале.


А вясну змяніла лета, стракацелі ў лузе краскі,

Надыходзіў росквіт ружаў, набліжаў спаткання час.

Перасек сузор'е Рака сонца шлях агністым бляскам,

Уздыхаў глыбока віцязь, хоць агонь вачэй не гас.


Трос нябёсы гул грымотаў, з хмар ліліся рос крышталі,

Ружай вуснаў ружу-кветку стаў ён палка цалаваць,

Гаварыў: «Сваёй красою ты мне тую нагадала,

З кім я мару, як з табою, дзень шчаслівы напаткаць».


З думкай добрай пра сабрата праліваў ён слёз нямала,

Пракладаў свой шлях нялёгкі да няходжаных мясцін

Праз магутныя дубровы, рэкі шпаркія і скалы,

Паляваў на львоў і тыграў у прывозерным трысці.


Ён здаля пячору ўбачыў і сказаў: «Мой мілы дружа,

Тут з табой мы бедавалі, разам слёзы тут лілі;

Весткай шчаснай разганю я дум тваіх самотных сцюжы,

А няма цябе – дарэмна, значыць, пошукі былі.


Толькі ён наўрад ці будзе бавіць час у адзіноце,

Пэўна гойсае па стэпу, як загнаны дзікі звер;

Лепш паеду я тудою, дзе шумяць вятры ў чароце».

І пусціў каня праз рэчку, праз асокі ды аер.


Ехаў віцязь памаленьку, а душа ў яго спявала,

Клікаў друга ён уголас – рэха слалася наўсцяж;

Раптам бачыць, нібы сонца над гушчарнікам заззяла,—

Тарыэль абліччам светлым там стаяў сярод трысця.


Побач леў ляжаў забіты – бездыханная ахвяра,—

Па лязу мяча сцякала кроў гарачая яго.

Тарыэль пачуў той вокліч, што ляцеў, як гром з-за хмары,

Схамянуўся, распазнаўшы друга вернага свайго.


Меч адкінуў і насустрач паляцеў да пабраціма,

Той з каня саскочыў шпарка, тварам сонца зацямніў.

І сплялі крыж-накрыж шыі пацалункамі сваімі —

Гук пялёсткаў спелых ружаў саладзейшы мёду быў.


І гучалі красамоўна Тарыэля нараканні,

Чырваніў ён слёзнай плынню веек стрэльчаты агат:

«Без цябе хіліўся долу, як альяс, я, стройны станам,

Прэч зляцелі жаль і смутак, як з табой сустрэўся, брат!»


Аўтандзіл на скаргі тыя адказаў усмешкай яснай —

Праз каралы вуснаў ззялі перлы чыстыя зубоў:

«Вестку добрую прынёс я – вырак лёсу нам не страшны,—

Тая ружа, што завяла, зацвіла цяпер ізноў».


Тарыэль сказаў: «Даволі мне й таго, што ты са мною,

Ты прынёс душы ўцеху, камень важкі з сэрца зняў,

Хай жаданняў нашых мэта прамільгнула стараною;

Што чакаць дарэмна шчасця, калі бог яго не даў!»


Аўтандзіл здзівіўся вельмі недаверу Тарыэля,

І паспешна ад палоннай ён пасланне перадаў,

Разам з ім істужку шаля. Той узяў усё нясмела,

Паглядзеў і здрыгануўся, бо пазнаў свой даўні дар.


І, дашчэнту ўсхваляваны, прытуліў ён іх да твару,

І патух агонь у зрэнках, ахінуў яго туман,

Кінуў чорны лес агатаў цень на белы твар ахвяры,—

Мук такіх не ведаў Каіс, не стрымаў бы й Саламан.


Аўтандзіл убачыў гэта і пабег на дапамогу,

Тарыэль ляжаў, як мёртвы, нерухома на зямлі.

Ды не мог ніякай сілай друга ён падняць на ногі,—

Дар каханай нечаканы дух міджнура спапяліў.


Плач, як песні гук працяжны, ліўся з вуснаў Аўтандзіла,

І над ружай твару ўзняўся цень журботнага крыла.

І струменнем алым слёзы шчок крышталі баразнілі,

Бо гранёным дыяментам быў рассечан яркі лал.


Ён з адчаю драпаў шчокі і лічыў сябе няшчасным:

«Як я мог, вар'ят бяздумны, друга страціць задарма!

Хіба ж можна так раптоўна ліць ваду ў агонь нязгасны,

Столькі радасці ці ж зможа сэрца беднае стрымаць?


Загубіў свайго сабрата я ўчынкам неразумным,

І за гэтую правінку я караю сам сябе.

Лепш развагі поступ цвёрды, чым даніна спешцы тлумнай,

Лепш павольны рух наперад, чым на месцы шпаркі бег».


Тарыэль не варушыўся, нібы скон крануў здранцвеннем,

Аўтандзіл шукаў дарэмна – хоць бы дзе вада цякла;

Льва забітага пабачыў і, крыві набраўшы ў жменю,

Другу грудзі акрапіўшы, цела сінь змяніў на лал.


Кроў ільвіная вярнула льву патрачаныя сілы,

Задрыжалі вейкі дружна, як вайсковых коп'яў лес.

Тарыэль расплюшчыў вочы, ўбачыў вобраз друга мілы,

І ў яскравым бляску сонца промень месяца збялеў.


Ружы кволыя пялёсткі ад зімовай гінуць сцюжы,

Летам іх спякота сушыць, асыпае ветравей.

Хоць пяшчотна аб каханні салавей спявае ружы,

Ні ад спёкі, ні ад сцюжы не ўратуе салавей.


Так і сэрца чалавека раўнавагі не здабудзе:

То ад радасці квітнее, то завяне ад бяды,

То надзеяй светлай цешыць, то трывогай б'ецца ў грудзі;

Той, хто верыць зменам свету – вораг сам сабе заўжды.


Тарыэль абняў вачыма словы той, каму да скону

Прысягнуў служыць, і позірк засцілаў туман яму,

Ён з-за слёз не бачыў свету, сэрца стукала шалёна;

Аўтандзіл сказаў з дакорам другу лепшаму свайму:


«Так трымацца не павінен той, хто розум мае ўласны,

Не рыдаць – смяяцца трэба, калі ўдача надышла.

Дык хутчэй жа пойдзем, дружа, мы туды, дзе сонцам ясным

Свеціць тая, што чакае быць арліцай у арла.


Хай не слёзы, толькі радасць цешыць зараз нашы сэрцы,

Дык хутчэй сядлайма коней і ў Каджэці паляцім.

Пракладуць мячы дарогу і заплацяць каджы смерцю

За пакрыўджаную дзеву, будзе страшнай помста ім».


Ачуняўшы ад, шаленства, Тарыэль зірнуў навокал —

Чорна-белая маланка мільганула ў вачах,

І, як лал пад сонцам ясным, залівала чырвань шчокі.

Толькі вартаму шле неба міласэрнасці ачаг.


Адказаў ён Аўтандзілу: «Для падзякі слоў не маю,

Каб цябе належна ўславіць, трэба слова мудраца.

Як вада крынічкі чыстай ажыўляе кветку мая,

Так ад слёз вачэй нарцысы асушыў ты да канца.


Я аддзякаваць за гэта не змагу, відаць, ніколі,

Бог сваёй дзясніцай шчодрай хай пашле дабротаў шмат».

І на коней пасядалі і памчаліся праз поле

Да пячоры, дзе ў самоце час праводзіла Асмат.


У адной кашулі сподняй дзева сумная сядзела

І ўбачыла раптоўна – едуць віцязі ўдваіх,

Нібы пошчак салаўіны, песні радасна звінелі;

І Асмат, пра ўсё забыўшы, з крыкам рушыла да іх.


Незвычайным ёй здалося бачыць гэткім Тарыэля,—

Быў заўсёды ён у смутку, а цяпер вясёлым быў;

І Асмат ад з'явы гэтай раптам нібы анямела,

І збягаў паволі з твару след мінулае журбы.


А сябры дарылі ўсмешкі – белізною перлы ззялі.

«Гэй, Асмат! – яны крычалі.– Бог паслаў нам шчасны дар!

Здабылі мы цуд нязнаны, ў цемры месяц адшукалі,

Што змяніў на радасць гора, патушыў маркоты жар».


Аўтандзіл з каня саскочыў, як сястру, абняў ён дзеву,

Як да стройнае чынары, прытуліла тая стан,

Шчокі, шыю цалавала, ў сэрцы песціла надзею:

«Адкажы мне, я чакаю весткі добрай пра Нестан!»


І ад той, што, нібы месяц, нікне цьмяна перад раннем,

Ён з далёкае чужыны перадаў Асмат пісьмо

І сказаў: «Ад гаспадыні вось прыветнае пасланне,

Узыходзіць наша сонца, чэзне морак чорных змоў».


Выхаванкі мілай почырк па пісьму Асмат пазнала,

Задрыжала так, нібыта страх яе наскрозь працяў,

І, знямеўшы ад здзіўлення, ўсё збянтэжана пытала:

«Калі праўда ўсё, дык будзе ёй канец або працяг?»


Адказаў ёй віцязь: «Страху хай не будзе болей месца,

Адляцела наша гора, радасць светлая прыйшла,

Знікла цемра над зямлёю, вадаспадам сонца льецца;

Дабрата не мае межаў, перамогшы сілу зла!»


Індаў цар з Асмат вясёла між сабою гаварылі,

Абдымаліся, злучыўшы гукі голасу свайго.

Росы слёз цяклі на ружы з веек, нібы з чорных крылляў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю