Текст книги "Дрэва вечнасці"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 31 страниц)
Бог не кіне тых, хто варты міласэрнасці яго.
Дружна бога ўслаўлялі, уздымалі рукі ўгору:
«Шлеш не зло ты, а збавенне ад цяжкіх і горкіх страт!»
А пасля ўвайшлі ў пячору, з ног і з плеч зляцела змора,
Ад душы іх частавала рознай ежаю Асмат.
Тарыэль прамовіў другу: «Ты ўважліва паслухай,
Раскажу табе пра тайну, што хавае гэты кут.
З той часіны, як пабіў я зграі дэваў – злосных духаў,—
Безліч скарбаў засталося, захаваных імі тут.
Не чапаў я іх ніколі, не было патрэбы пільнай,
А цяпер давай пабачым, што схаваць яны маглі».
І пайшлі ўсе трое ў цемру, несучы з сабой свяцільні,
Сорак сховаў адчынілі, сорак залаў абышлі.
Шмат было багаццяў розных захавана ў тых скарбніцах,
Ззялі грані самацветаў пераліўнаю ігрой.
Там ляжалі перлаў скрыні, дыяменты-бліскавіцы,
Зліткі золата блішчэлі незлічонаю гарой.
Сорак сховаў пад скляпенні там былі дабром набіты,
Шмат вайсковага рыштунку, шмат даспехаў баявых
Там валялася навалам, груд гародніны нібыта,
І вялікасна ўзвышаўся даўні куфар паміж іх.
Надпіс быў на вечку: «Зброя тут найлепшая схавана,
Шлемы, латы і кальчугі, з Басры вострыя мячы.
Як на дэваў пойдуць каджы – смерць ім будзе ўсім дазвання.
Хто ж кране да часу, зробіць царскай гібелі пачын».
Не зважаючы на гэта, куфар віцязі ўзламалі.
Ўсё, што трэба, каб у бітве злыя ворагі ляглі,—
Тры наборы лепшай зброі – стрэлы, коп'і, меч, забрала,—
Нібы муміі ў грабніцы, там пакладзены былі.
На сябе сябры надзелі ўсе даспехі, зброю тую,
Іх трываласці адменнай не зраўняеш ані з чым:
Меч крышыў, нібы паперу, рэч жалезную любую,
З гэткай зброяй іх не здольны аніхто перамагчы.
«Надпіс нам прарочыць поспех! – так яны сабе сказалі.—
Бог, відаць, паслаў на шчасце нам вось гэтую скрыжаль».
І цудоўныя даспехі для паходу ўсе пабралі,
Захапілі й для Прыдона незвычайнай зброі сталь.
Перлаў, золата, каменняў узялі яны з сабою,
Сорак сховаў зачынілі, апячаталі ўваход.
Аўтандзіл сказаў: «Трывала зросся меч з маёй рукою.
Адпачнём, а на світанку заўтра рушым у паход!»
Вось, мастак, ты бачыш прыклад непарушнай братняй дружбы,
Дык ствары ж ты двух міджнураў вобраз светлы і мажны —
Вобраз тых, хто зоркам любым прысягнуў у вечнай дружбе,
За якіх у бой на каджаў заўтра рынуцца яны!
ТАРЫЭЛЬ І АЎТАНДЗІЛ ПРЫЯЗДЖАЮЦЬ ДА НУРАДЗІН-ПРЫДОНА
На світанні падаліся ўсе ўтраіх у край Прыдонаў,
Па чарзе Асмат саджалі да сябе браты ў сядло.
Куш узяўшы не маленькі, даў каня ім невядомы.
Аўтандзіл дарогу ведаў – рушыў смела напралом.
Па дарозе напаткаўся ім табун вялікі коней,
Гналі іх у стэп на пашу Нурадзіна пастухі.
Тарыэль сказаў: «Пацеха будзе добрая сягоння,
Калі мы разгонім жартам скакуноў яго ліхіх.
Цар, пачуўшы, што зладзюгі завяліся тут паблізу,
Вышле войска, вінаватых каб належна пакараць,
А пазнаўшы нас, здзіўляцца будзе з нашага капрызу.
Жарту добраму і горды пасмяяцца заўжды рад».
І, не думаючы доўга, паляцелі ў пагоню.
Запалілі ў знак трывогі пастухі хутчэй лаўжы.
«Хто вы, людзі? – закрычалі.– Стойце! Царскія тут коні!
Цар дазнаецца пра гэта, дык на свеце вам не жыць!»
Але тыя не зважалі, а пабралі лук і стрэлы.
Пастухі мацней ад страху крык і лямант узнялі:
«Людзі добрыя, ратуйце! Нас разбойнікі сустрэлі!»
І аб тым здарэнні весткі да цара, як гром, дайшлі.
Ён адразу рынуў верхам, ледзь паспеўшы зброю выняць,
Войска ўслед ляцела процьма, нібы дзесь шугаў пажар,
А насустрач ім два сонцы, што і ўзімку не астынуць,
Зіхацелі, шлемы зняўшы, каб не быў схаваны твар.
Тарыэль пазнаў Прыдона: «Вось ён, той, хто нам патрэбны!»
Скінуў шлем, святло праліўшы навакол з праменных воч.
«Рыхтаваў замах, выходзіць? – і заліўся смехам срэбным.—
Да гасціннасці такое быў наўрад бы хто ахвоч!»
Тут Прыдон з каня саскочыў, пакланіўся з прывітаннем,
Абняліся з ім героі, нібы з братам родны брат.
Славіў бога цар за шчодрасць, за яго ахвяраванні.
Абдымалі іх вяльможы, кожны быў сустрэчы рад.
І сказаў Прыдон: «Стаміўся я ад доўгага чакання,
Я гатоў з хвіліны гэтай вам сябе ўсяго аддаць».
Нібы месяц і два сонцы ў бліскуча-яркім ззянні,
Так яны, на коней сеўшы, паімчаліся ў палац.
Увайшлі яны павольна ў пышна ўбраныя пакоі,
Пасадзіў з сабою побач Аўтандзіла гаспадар,
Тарыэлю ж трон аддалі, ўвесь аздоблены парчою,
Тут яны цару ўручылі знак адвагі – збройны дар.
І сказалі: «Падарункаў не змаглі прывезці лепшых,
Не дайсці было б, напэўна, з тым багатым скарбам нам».
І, чало схіліўшы нізка, адказаў ім цар мудрэйшы:
«Гэткі слаўны падарунак не паднёс бы я і сам».
Аж да самай позняй ночы не змаўкала баляванне,
Раніцою ж у купальні асвяжыла іх вада.
Даў ім цар з каморы царскай багацейшае ўбранне,
Кубак, поўны буйных перлаў, ім паднёс таксама ў дар.
Ён сказаў: «Быць можа, здамся вам не вельмі я гасцінны,
Што спыняю нечакана сон салодкі малады.
Але ж ехаць без маруды мы ў далёкі шлях павінны;
Каджы вернуцца дадому – не адолець іх тады!
Войска шмат нам не патрэбна, адбяром найбольш адважных,
Трыста коннікаў даволі, каб разбіць варожы стан.
Наляцім, як бліскавіцы, мы на варту злосных каджаў,
Знойдзем тую, хто ў палоне тапаліны губіць стан.
Быў аднойчы я ў Каджэці. Непрыступнай цытадэляй
На скале стаіць высокай, не падступішся ніяк.
Нам туды прабрацца трэба непрыкметна і ўмела,
Вось таму й не трэба многа нам з сабою браць ваяк».
Пагадзіліся ўсе трое з прапановай мудрай тою
І са шчыраю падзякай развіталіся з Асмат.
Трыста коннікаў забралі, роўны кожны з іх герою.
Той заўсёды пераможа, хто цярпець умее шмат.
Пераплыўшы хвалі мора, йшлі браты зямлёй чужою,
Дзень і ноч Прыдон адважны вёў іх сцежкаю крутой.
І сказаў нарэшце: «Мэта наша блізка, за гарою,
Трэба ехаць толькі ноччу, каб не ўбачыў нас ніхто».
Пагадзіўшыся адразу з прапановай мудрай тою,
Дзень, схаваўшыся, чакалі, без прыпынку йшлі ўначы.
Вось нарэшце паказаўся замак грозны за сцяною,
Перагуквалася варта, нібы тыя крумкачы.
Пільнавала брамы ў замак дзесяць тысяч варты строгай,
І, калі срабрысты месяц над цвярдыняй стаў ясней,
Львы сказалі: «Толькі хітрасць можа даць нам перамогу.
Там, дзе розум з сілай дружыць – сотня тысячы мацней».
ПАРАДА НУРАДЗІН-ПРЫДОНА
Цар Прыдон сказаў: «Хачу я даць карысную параду.
Каб адолець моц такую, мала войска ёсць у нас,
Тут, вядома, не памогуць самахвальства і бравада,
Брамы ў крэпасць пазачыняць – сто гадоў марнуй тут час.
Навучыўся я з дзяцінства спрыту, жвавасці і гарту,
Бегаць, лазіць, па вяроўцы мог хадзіць, як той штукар.
Кожны ведаў: нада мною верх узяць няможна жартам,—
Я, на зайздрасць аднагодкам, лёгкай стычкі не шукаў.
Хто валодае з вас добра моцна скручаным арканам,
Каб высокай вежы выступ зачапіў яго пятлёй?
Я прайду па ім спакойна і ў варожым буду стане,
Я мячом сваім змяшаю кроў варожую з зямлёй!
Шчыт і меч з сабой узяўшы, прабяруся я ўпотай,
Са сцяны саскочу, бурай налячу на варты строй,
І, ахову перабіўшы, адчыню я вам вароты,
Вы ж праз іх адразу рушце, як раздасца заклік мой».
ПАРАДА АЎТАНДЗІЛА
Аўтандзіл сказаў Прыдону: «Гавару я без папроку:
Ты, магутны леў і віцязь, не збівайся ў троп крывы.
План твой вельмі небяспечны. Чуеш рэха гулкіх крокаў?
Каля самай вежы чуеш пераклічку вартавых?
Зброі бразгат ненаўмысны раптам вораг злы пачуе,
І аркан з табою разам перацяты будзе ўраз!
Смерць бяссэнсная такая анікога не ўратуе;
Хоць намер твой вельмі смелы,– ён няўдачай стрэне нас.
Зробім так: вы пад скалою будзьце ўсе нябачна ў ценю.
Тут купцоў, відаць, пускаюць, не разглядваючы ў твар;
Вось якраз і апрануся я ў купецкае адзенне,
Пакладу на мула зброю, быццам свой вязу тавар.
Нам утрох ісці не трэба – западозраць нечакана,
Я ж купцом прайду спакойна, не заўважаны нікім.
Зброю ўзняўшы перад імі, мсціўцам грозным я паўстану
І крыві варожай рэкі буду ліць мячом сваім.
Я без цяжкасцей вялікіх знішчу варту ўнутраную,
Вы ж знадворку насядайце, ведучы геройскі бой.
Пазбіваўшы ўсе завалы, вам вароты расчыню я.
Хто не згодзен – прапануе хай найлепшы спосаб свой!»
ПАРАДА ТАРЫЭЛЯ
Тарыэль сказаў: «Адвагай вы сваёй вышэй герояў,
Вашы мудрыя парады – непахіснай волі знак.
Меч не вымеце дарэмна, бачу – прагнеце да бою,
Каджаў нішчыць разам з вамі я гатоў. Скажу, аднак:
Хоць і тут нямала справы, толькі там удар галоўны;
Што, калі, пачуўшы бойку, з вежы ўніз Нестан зірне
І мяне між вас не ўбачыць сваім позіркам чароўным?
Ганьбай вечнаю зняславіць бойка гэткая мяне.
Вось найлепшая парада – ўдачы пэўная аснова:
Возьмем мы людзей па сотні, ледзь займацца дзень пачне,
І да трох варот ахоўных паляцім адначасова,
Вораг выйдзе нам насустрач – скорай кары не міне.
Распачаўшы бой крывавы, мы іх выклічам за браму,
Хай адзін прарвецца ў горад, два пачнуць іх тут сячы,
Кроў пальецца там ракою зграй варожых, бітых намі,—
Толькі хітрасць і адвага могуць нам дапамагчы».
Тут Прыдон сказаў: «Я згодзен, праўду ты, мой дружа, кажаш.
Толькі вось шкада – аддаў я ў дар найлепшага каня.
Ведаў ліха б тое, пэўна сам на ім лупіў бы каджаў,
Ты б каня таго ўбачыў, хай лічыўся б сквапным я».
Так сказаў Прыдон жартоўна. І вясёлую размову,
Спалучыўшы з мудрым словам, доўгі час вялі сябры.
За забавай той, аднак жа, не забыліся асновы —
Рыхтавалі зброю, коней да світальнае пары.
І хоць многа жартавалі, кожны ведаў – справа рупіць.
Тарыэлева рашэнне даспадобы ўсім было.
Узялі па сотні конных, што ў змаганні не адступяць,
І, на коней сеўшы, шлемы апусцілі на чало.
УЗЯЦЦЕ КАДЖЭЦКАЙ ЦЫТАДЭЛІ І ВЫЗВАЛЕННЕ НЕСТАН-ДАРАДЖАН
Бачыў я асілкаў гэтых, нібы сонца прамяністых,
Сямізор'я бляск дзівосны ахінаў усіх траіх.
Вараны пад Тарыэлем капытом выкрэсваў іскры,
Смерць для ворага, для друга ж – асалода выгляд іх.
З чым магу іх параўнаць я? Можа, з горнай ручаінай,
Што пасля дажджу і буры ў злым шаленстве пеніць плынь,
Крышыць скалы, з грозным гулам вырываецца з цясніны
І сціхае, шал суняўшы, цішынёй марскіх глыбінь.
Аўтандзілу і Прыдону на зямлі не знойдзеш роўных,
Хто паспеў бы з Тарыэлем скрыжаваць свае мячы?
Бо святло ярчэйшых зорак цьмяніць сонца ўсё роўна...
Вось паслухайце, расказу я свайму раблю пачын:
Тры ўваходы падзялілі, кожны ведаў месца бою,
Трыста воінаў за імі ў тры атрады ўвайшлі.
Ноч стаялі ў дазоры, не парушыўшы спакою,
А на золку са шчытамі ўсе гатовыя былі.
Як вандроўнікі, спачатку йшлі павольнаю хадою,
Вартавыя не зважалі, з варт не сходзячы сваіх,
Бестурботна пільнавалі сон спакойны за сцяною.
Раптам віцязі, надзеўшы шлемы, рушылі на іх.
Стрымгалоў ляцелі коні, слаўся пошчак бізуновы,
Вось ужо вароты блізка, скрыжаваліся мячы.
З трох бакоў ішла атака, ў сечы падалі галовы,
Гулка білі барабаны, гралі ў трубы трубачы.
Бог угневаўся на каджаў і паслаў ім з неба кару,
Засланіў пахмурны Кронас зіхатлівы сонца бляск,
З небасхілу цень крывавы лёг на змрочныя абшары,
Горы мёртвых не змяшчала паміжгорная зямля.
Гучны голас Тарыэлеў абуджаў спалох жахлівы;
Ён ірваў кальчугі, латы, шлемы ён мячом крышыў.
З трох бакоў браты ў запале наступ свой вялі імклівы,
Кожны злыдням слаў пагібель, суд крывавы свой вяршыў.
Аўтандзіл ільва Прыдона напаткаў у бойцы грознай.
Вораг быў нашчэнт разбіты, скрозь цякла ракою кроў.
Тут сябры, наўкол зірнуўшы, пачалі гукаць трывожна:
«Тарыэле, адгукніся!» Але той не чуў сяброў.
Не знайшлі яго, хоць двойчы прабіваліся да брамы,
Аніхто не адгукнуўся, бо нікога не было;
Скрозь абломкі зброі, латаў бразгаталі пад нагамі,
Дзесяць тысяч злой пачвары ў гэтай бойцы палягло.
Паляглі, нібыта пошасць іх дадолу паваліла,
Целы ў ранах і кальчугі параздзёрты на шматкі,
Брамы звалены з завесаў незвычайнай нейкай сілай,
І сябры пазналі справы Тарыэлевай рукі.
Узышлі яны на вежу, бачаць: вызваліла сонца
Месяц ясны з вежы цеснай, што ахоўваў люты змей.
Тарыэль стаяў без шлема, дзеву ён туліў бясконца,
Шыя з шыяю спляліся, грудзі ніклі да грудзей.
Мілаваліся ў абдымках, вусны з вуснамі злівалі,
Так злучаецца з Муштарам зорка светлая Зуал,
Так світанне аздабляе кветку-ружу ў колер алы,—
Дзе віселі смутку хмары, шчасця промень там заззяў.
Стан да стану, вусны ў вусны, сэрца з сэрцам у суладдзі,—
Ружа з ружаю спляліся, раз'яднацца не маглі.
Тарыэль сяброў заўважыў, хоць і быў у палкім чадзе;
Перад дзевай у паклоне кожны з іх чало схіліў.
Усміхнулася прыветна дзева віцязям чароўным
І з падзякай прывітала вызваліцеляў сваіх,
Абняла, пацалавала, як братоў адзінакроўных,
Ад сардэчнай іх гаворкі паступова гнеў аціх.
Услаўлялі Тарыэля, што зграбнейшы за чынару;
Кожны шчыра з перамогай віншаваў сваіх братоў;
Ран не меў ніводзін – злыдні сталі помсты іх ахвярай,—
Перад сілаю ільвінай кожны быць ягнём гатоў.
З тых трохсот, што выйшлі ў бойку, палягло каля паловы,
І хоць рад быў перамозе, смуткаваў Прыдон па іх.
Супастаты, што ўцалелі, палажылі ўміг галовы,
Пераможцам засталося безліч скарбаў дарагіх.
На тры тысячы вярблюдаў і ў хадзе трывалых мулаў
Склалі жэмчуг, і смарагды, і сапфіры, і рубін,
Кубкі золата; шаўковым шалем дзеву ахінулі
І, прыставіўшы ахову, пасадзілі ў паланкін.
Засталіся ў цытадэлі шэсцьдзесят байцоў дазору,
А астатнія з царэўнай тут жа рушылі ў паход.
«Хоць і доўгі,– разважалі,– шлях да горада ля мора,
Мы за доўг Фацьме заплацім лепшаю з узнагарод!»
ТАРЫЭЛЬ ПРЫЯЗДЖАЕ ДА ЦАРА МОРАЎ
Да цара паслаў з дарогі Тарыэль ганца з пасланнем:
«Тарыэль я. Сведчу гэтым: перамог у барацьбе
І вязу з Каджэці сонца, што вянчае ўсе жаданні,
Як да бацькі, я імкнуся ўсёй душою да цябе.
Я, ушчэнт разбіўшы каджаў, авалодаў іх краінай.
Цар, за ўсё табе я ўдзячны, гэта ты мне дапамог,
Бо Фацьма была, як маці, сонцу ўцехаю адзінай.
Чым аддзякую табе я? Сам не ўцямлю, бачыць бог.
Праз твае ўладанні еду, прагну я з табой сустрэцца,
Царства каджаў я з падзякай падарыць табе хачу.
Ты ўмацуй цвярдыню гэту, войска хай туды збярэцца.
Сустракай мяне. З нявестай я ў свой родны край лячу.
Загадай Усену, жонку хай прышле ён на спатканне
З той, каго ўратавала ад ліхой бяды яна.
Век Фацьме царэўна ўдзячна за паслугу й спачуванне,
З-за яе турбот, як сонца, ззяе зноў краса-вясна».
Цар, пасланне прачытаўшы, быў глыбока ўсхваляваны,
Вестку радасную гэту ён з прыемнасцю прыняў.
І, хвалу аддаўшы творцу за гасцей доўгачаканых,
На каня ўскочыў тут жа і насустрач паімчаў.
Парашыў згуляць вяселле і набраў дабра багата:
І каштоўнае каменне, і ядваб, і аксаміт.
Дзесяць дзён з Фацьмою разам ехаў ён, нібы на свята,
Рады ўбачыць льва і сонца, добры меч і добры шчыт.
Тры сябры пайшлі насустрач, войска стала на прывале,
Абдымаў і цалаваў іх мораў слаўны гаспадар,
Віншаваў ён Тарыэля, ўсе ў адказ цара ўслаўлялі,
Ззяла дзева маладая, нібы ў небе сонца шар.
А Фацьма, сустрэўшы дзеву, пала ніц з рыданнем шчасным,
Рукі, ногі цалавала, слёзы беглі з-пад павек.
Гаварыла: «Дзякуй богу! Змрок святлом азоран ясным,
Зло мінае вокамгненна, а дабро пануе век!»
І, Фацьму абняўшы, дзева ёй сказала пранікнёна:
«Літасць бога абудзіла ў маім сэрцы шчасны след;
Я была, як цемра ночы, ззяю месяцам сягоння,
Так у сонечным праменні ажывае ружы цвет».
Цар спраўляў вяселле пышна, сам ва ўладзе весялосці;
У падзяку за Каджэці цэлы тыдзень баль грымеў;
Шмат раздаў ён падарункаў тым, хто быў ягоным госцем,
Па манетах там хадзілі – браць ніхто іх не хацеў.
Горы шоўку і атласу ў палацы там ляжалі,
Упрыгожыў Тарыэля цар цудоўнейшай з карон,
Лал, сапфір і дыяменты пераліўна ў ёй блішчалі,
Быў яшчэ для Тарыэля залаты пастаўлен трон.
Цар паднёс красе-нявесце ў дар раскошнае адзенне,
Біруза на ім блішчала, пунсавеў чароўны лал;
Селі побач маладыя – з воч лілося зор мігценне,
Выгляд іх прывабна-юны жарам сэрцы распаляў.
Аўтандзіла і Прыдона ашчаслівіў дар багаты:
Конь быў кожнаму падоран і раскошнае сядло,
І адзенне дарагое. І сказалі два сабраты:
«Перад шчодрасцю тваёю нізка хілім мы чало!»
Тарыэль цару марскому словам дзякаваў прыгожым:
«Ты прымі падзяку нашу, о вялікі ўладар!
Быў ты шчодры ў падарунках, ласкай болей мы дарожым,
Гэта шчасце, што сустрэцца нам з табою творца даў!»
Цар сказаў: «О леў адважны! Ты ўсеўладны і магутны,
Ты сустрэчай радасць дорыш, ты разлукай гора шлеш.
Дар мізэрны мой ці варты тваіх подзвігаў славутых?
Без цябе гібець у цемры, а з табой жыць у святле».
Тарыэль Фацьме прамовіў: «Стала ты маёй сястрою,
Маю доўг перад табою. Як табе яго вярну?
Тыя скарбы, што з Каджэці я прывёз сюды з сабою,
Ты вазьмі як майго доўгу толькі частачку адну».
Галаву Фацьма схіліла і з паклонам адказала:
«О ўладар мой! Без цябе я застануся як адна?
Я вар'яткаю зраблюся, патану ў шаленства хвалі;
Быць з табою – гэта шчасце, быць пакінутай – труна!»
І, ад шчасця прасвятлеўшы, так сказалі маладыя,—
Бы крышталь блішчэлі зубы, пунсавеў на вуснах лал:
«Хоць не ў радасць без цябе нам будуць гукі струн жывыя,
Ды з табою развітацца мусім мы, суняўшы жаль.
Ты наш бацька і заступнік, наша вера й спадзяванне,
Карабель і стырнавога мы ласкава просім даць».
Цар сказаў: «Я задаволіць мушу вашае жаданне,
Што ж, плывіце, хоць, папраўдзе, адпускаць мне вас шкада».
І па царскаму загаду карабель падрыхтавалі,
Паплылі на ім па моры госці ў край далёкі свой.
Людзі білі сябе ў грудзі, валасы свае ірвалі,
І ад слёз Фацьмы ўздымаўся мора сіняга прыбой.
Паплылі па моры сінім дружбай злучаныя шчырай,
Клятве верныя заўсёды тры названыя браты.
Жарты з песнямі гучалі ў прасторах морскай шыры
І святлом крыштальным ліўся з вуснаў промень пекнаты.
Да Асмат ганца з дарогі з добрай весткаю паслалі
І ў палац Прыдонаў людзям загадалі перадаць:
«Едзе сонца госцяй знатнай, што зацьміла зор каралі,
Мы, пазнаўшы ноч і сцюжу, рады цёплы дзень вітаць!»
Доўга ехалі ўзбярэжжам, ззяла сонца з паланкіна,
Весяліліся, як дзеці, знікла гора і бяда.
Вось нарэшце і ўступілі ў край цудоўны Нурадзіна;
Песняй славы прывітала іх людская грамада.
Знаць вяльможная ўрачыста іх на лузе сустракала,
І Асмат, прагнаўшы смутак, так царэўну абняла,
Што лязо сякеры вострай нават іх не раз'яднала б,
Бо яна сяброўкай вернай засталася, як была.
І Нестан сваю сяброўку цалавала несупынна:
«Колькі гора,– гаварыла,– напаткалі мы з табой!
Бог цяпер нам дорыць ласку. Чым аддзякаваць павінна
За адданасць твайго сэрца і за шчыры клопат твой?»
Ёй Асмат сказала: «Ружу не скаваў сцюдзёны вецер,
З ласкі божай тайна стала светлай яваю цвісці.
Я цябе шчаслівай бачу – значыць, зніклі здані смерці,
Бо любоў рабыні з паняй – наймацнейшая ў жыцці».
І, схіліўшыся ў пашане, гаварылі ім вяльможы:
«Бачым вас мы з перамогай – радасць гэту бог даў нам.
Згас пякучы боль пакуты, сэрца болей не трывожыць,—
Бог параніць можа сэрца, бог яго загоіць сам!»
Да асілкаў падышоўшы, шмат разоў іх цалавалі.
Тарыэль сказаў: «За справу нашу шмат лягло ахвяр.
Вечнай славаю над імі вее плынь нябёснай далі,
Богам душы іх з'яднаны і глядзяць на нас з-за хмар.
Іх заўчасная пагібель да жалобы ўсіх нас кліча,
Хоць над імі райскім крыллем распасцерта неба сінь».
І заплакаў ён: упала шэрань слёз на снег аблічча,
Астудзіў нарцысы студзень, ахапіла ружу стынь.
Тут жа ўслед прыдворных світа, як адзін, загаласіла,
Па забітых на чужыне плач і стогн гучалі скрозь;
А пасля яму сказалі: «Ты для ўсіх жывых – свяціла,
Дык павінен несці людзям радасць, а не рэкі слёз!
Хто тваёй гароты варты? Хто з табой не дзеліць болю?
Кожны з нас за шчасце лічыць за цябе жыццё аддаць».
Тут Прыдон сказаў: «Суцешся, цар, не трэба смутку болей,
Бог пашле ўцеху, радасць, і сплыве вадой бяда!»
Аўтандзіл сардэчным словам спачуваў цару з пашанай.
І сказалі ўсе: «Даволі, хай журба пакіне нас!
Леў адбіў у цемры сонца, зло навекі пакарана,
Хай жа зменіць холад жалю буйнай радасці вясна!»
І яны, мінуўшы браму, увайшлі ў Мульгазанзары.
Зазвінелі тут кімвалы, загудзела трубаў медзь,
Загрымелі барабаны. Пазбягаліся з базару
Гандляры і гараджане на прыйшоўшых паглядзець.
Перапоўнілі натоўпы плошчу, вуліцы, завулкі,
Варта стрымлівала націск, стаўшы ў шчыльныя рады;
Над людскім імклівым морам разлягаўся гоман гулкі —
Кожны мкнуўся кінуць позірк на герояў маладых.
Вось прыйшлі. Палац Прыдонаў лашчыў вока прыгажосцю,
У залочаных папругах сталі слугі ля варот,
Дыванамі шлях услалі, і па іх ступалі госці,
Грошы жменяй раскідалі, іх падхопліваў народ.
ВЯСЕЛЛЕ ТАРЫЭЛЯ І НЕСТАН-ДАРАДЖАН У ПАЛАЦЫ НУРАДЗІН-ПРЫДОНА
Для заручаных адменны трон стаяў чырвона-белы,
Дзе пунсова-жоўтай стужкай самацветаў бляск ірдзеў.
Аўтандзілу ж чорна-жоўты побач з тронам Тарыэля
Быў пастаўлен. Ад здзіўлення люд прыдворны загудзеў.
Спевакі прыйшлі, і з вуснаў палілася гукаў слодыч,
І адорваў ва вяселлі пышным шоўкам цар гасцей,
І раскошны баль наладзіў, шчасця зычыў ён і згоды,
Ад нявесцінай усмешкі ўсім рабілася святлей.
Дар паднёс шчаслівай пары цар уласнымі рукамі:
Дзевяць перлаў, кожны з яйка, са скарбніц сваіх дастаў,
І ў дадатак, нібы сонца, самацвет – чароўны камень,
Ён свяціўся так, што ноччу маляваць бы мог мастак.
Падарыў яшчэ той пары ён багатыя каралі,
Іх рубінавыя грані пунсавелі, як пажар;
Залаты паднос, што слугі ледзь ад важкасці трымалі,
Аўтандзілу ў знак пашаны цар паднёс як пышны дар.
На падносе тым блішчастым груда жэмчугу ўзнялася,
Цар аддаў яго герою разам з ласкай цёплых слоў.
Быў палац увесь у шоўку, ў хвалях мяккага атласу.
Тарыэль за ўсіх аддзячыў красамоўнейшай з прамоў.
Восем дзён вяселле гэта на хвіліну не сціхала,
Дар падносілі за дарам госцям юным, дарагім,
І ліліся мілагучна гукі арфаў і кімвалаў,—
Так з'яднаўся з дзевай віцязь, дзева – з віцязем сваім.
Тарыэль сказаў аднойчы так з пашанаю Прыдону:
«Сэрцам братнім і адданым ты прагнаў маю тугу.
Ідучы на смерць, вярнуў ты да жыцця мяне з прадоння;
Чым, якім учынкам добрым адплаціць табе змагу?
Аўтандзілавы ахвяры аказалі мне паслугу,
За праяву дружбы гэткай я аддаць усё гатоў.
Ты дазнайся асцярожна, як нам выратаваць друга,
Што, маю бяду згасіўшы, сам гарыць бядою той.
Ты скажы яму, як брату: «Як цябе бяды пазбавіць?
Міласэрны бог паможа сваёй ласкаю табе.
Калі ж я цябе забуду, хай мой лёс мяне зняславіць,
Хай бадзягаю прытулку не знайду нідзе сабе.
Чым карысны быць магу я, ты скажы мне, дружа мілы,
Калі трэба, да арабаў ехаць я з табой гатоў.
Мы сваё здабудзем пэўна ці то ласкай, ці то сілай,—
Не жаню цябе, дык сам я нежанатым стану зноў».
Аўтандзіл, пачуўшы гэта, ўвесь усмешкай засвяціўся
І з удзячнасцю сардэчнай так Прыдону адказаў:
«Мне не трэба дапамога, друг дарэмна клапаціўся,—
Кадж пракляты маёй любай свет няволяй не звязаў.
З ласкі божае жывая, трон займае свой царыца,
Ад людзей пашану мае і не ведае абраз,
Ні вядзьмар ёй не пагроза, ні каджэцкая цямніца.
Дык нашто мне дапамога, другі мілыя, ад вас?
Атрымаць павінен кожны, што каму наканавана
Воляй божаю. Палёгкі сам чакаю я ў цішы.
Ён падорыць сваю літасць – зноў жывы пад сонцам стану,
А датуль – дарэмна буду марнаваць агонь душы.
Вось адказ мой Тарыэлю, я даю яго ад сэрца:
«Цар, падзяк тваіх высокіх я не варты аніяк.
Я адданы твой паплечнік з нараджэння і да смерці,
Ты ўладар мой, загадаеш – прахам лягу ў ногі я!
Ты сказаў: «Табе жадаю я з каханаю сустрэчы».
Чулы голас сэрца друга ў гэтых словах я спаткаў!
Толькі меч там не патрэбен, красамоўства недарэчы,
Дзе кіруе нашым лёсам найвышэйшага рука!
Аднаго табе жадаю, каб вярнуўся на радзіму,
Каб у Індыі на троне зноў ты стаў уладаром,
Каб зіхцеў з табою поплеч бляск праменных воч адзінай,
Каб злачынцаў-супастатаў ты знішчаў, як грозны гром.
І калі я здзейсніў мэту, што душою заўладала,
У Аравію вярнуся сонца-любую спаткаць.
Хай яна патушыць ласкай жар сардэчнага запалу...
Вось і ўсе мае жаданні – не хачу аб іншым дбаць».
Словы гэтыя пачуўшы, Тарыэль сказаў Прыдону:
«Так зрабіць мяне не змусяць нават чары ведзьмака!
Ён мяне вярнуў да шчасця, вырваў з кіпцяў чорных скону,
Дык гатоў на ўсё для друга – вось у тым мая рука!
Перадай яму, будзь ласкаў, словы – сведчанне сумлення:
«Слуг, адданых Растэвану, я калісьці пакараў,
Дык хачу з табой паехаць, каб дабіцца прабачэння;
Супакоены душою, я паеду ў родны край».
Перадай: «Не трэба спрэчак, і дарэмны ўсе размовы.
Заўтра рушу ў край далёкі – Аравійскую зямлю.
Цар забудзецца пра крыўду, прыме дружбы шчырай слова —
Я прасіць яго з'яўлюся, каб на твой згадзіўся шлюб».
Зноў пайшоў Прыдон да друга з Тарыэлевым адказам:
«Непахіснага не схіліш перадумаць вырак свой».
І, ахоплены трывогай, Аўтандзіл згадаў адразу,
Што спаспет цару павінен паслухмяным быць слугой.
Ён прыйшоў да Тарыэля і, чало схіліўшы нізка,
На калені стаў пакорна і сказаў яму з тугой:
«Крыўды даўняй не даруе цар суровы аравійскі,
Дык нашто з абразай новай я з'яўлюся да яго?
Бог не дасць ажыццявіцца недарэчнаму намеру.
Я здрадліваю адплатай не аддзячу за дабро.
Да яго прыйсці павінен я з пакораю і верай —
Меч не можа ўзняць падданы над сваім уладаром!
Як ты высватаць пасмееш мне царыцу ў Растэвана?
Можа гнеў яе і крыўда спапяліць мяне нашчэнт,
І, адрынуты навекі, я загіну без каханай,
І пагасне светлай мары недасяжны дыямент!»
Тарыэль сваёй усмешкай нібы кінуў промні сонца
І падняў сабрата з долу і, абняўшы, так сказаў:
Ты мне даў кахання шчасце – ўдзячны я табе бясконца,—
Я хачу, каб тым жа шчасцем ты і сам цяпер заззяў!
Не люблю, калі цурацца пачынаюць блізкіх людзі
І ў самоце аддаюцца ў рукі скрухі і бяды.
Шчыры друг не здрадзіць дружбе, век да друга ймкнуцца будзе;
Калі ж – не, дык лепш абодвум разлучыцца назаўжды!
Сэрца любай, мне вядома, да цябе павек прыхільна,—
Дык ці будзеш тых цурацца, да каго ляжыць душа?
А цару скажу адкрыта, як імкнуўся я няўхільна,
Каб за даўнія правіны галаву схіліць спярша.
Атрымаўшы дараванне, буду я прасіць пакорна,
Каб аддаў царыцу-дзеву ўласнай воляй за цябе.
Калі шчасце ў з'яднанні – прэч пакуты прывід чорны!
Хараством свайго кахання вы аздобце лепш сябе!»
Аўтандзіл не змог устояць перад воляю ўпартай
І згадзіўся, хоць трывогі пал пякучы не ачах.
Даў Прыдон людзей адменных для надзейнай моцнай варты
І, з сябрамі неразлучны, у далёкі рушыў шлях.
ТРЫ ВІЦЯЗІ НАВЕДВАЮЦЬ ПЯЧОРУ І АДТУЛЬ АД'ЯЗДЖАЮЦЬ У АРАВІЮ
Мудры Дзіўнас вызначае існавання сэнс таемны:
«Бог дабро нам пасылае, бог не родзіць зла людзям,
Ён дабру адводзіць вечнасць, ліху – момант вокамгненны,
Дасканалым быць імкнецца, дасканалы вечна сам».
Тры ільвы, нібы тры сонцы, край Прыдонаў пакідалі
І з сабою везлі дзеву, позірк чый усіх здзіўляў.
На крышталь аблічча крыллем косы чорныя звісалі
І гарэла вуснаў чырвань, быццам бадахшанскі лал.
Дзеву-сонца ў паланкіне людзі неслі ўдзень і ўночы.
Палявалі па дарозе, кроў звярыную лілі;
Дзе праходзілі – усюды асвятляла радасць вочы,
Падарункі людзі неслі, гукі славы ўвысь плылі.
Так было, нібыта сонца між трох месяцаў лунала;
Час мінаў у падарожжы, у размовах дні ішлі.
І нарэшце ў перадгор'і засінелі кручы скалаў,—
Тарыэль пазнаў сцяжынку, па якой блукаў калісь.
Ён сказаў: «Тут жыў я доўга і ў жыццё сваё не верыў;
Гаспадар гасцінны ў доме – вось што сёння я для вас.
Пойдзем, там Асмат падсмажыць нам дзічыну на вячэру,
Падарункі паднясу вам, даражэй усіх акрас».
Злезлі з коней ля пячоры, што чарнела паміж скалаў,
Шмат Асмат нагатавала ім з аленіны яды.
І гаворкаю вясёлай над мінулым жартавалі,
Ласку бога праслаўлялі, што пазбавіў ад бяды.
Абхадзілі ўсе закуткі той вялікае пячоры;
Сховы ўбачылі, што віцязь апячатаў колісь сам,
Каб ніхто не мог убачыць незлічоных скарбаў горы.
Кожны стаў цяпер багаты, бедных больш не стала там.
Шмат раздаў тых скарбаў віцязь – Тарыэль непераможны,
Шчодра ўсіх узнагародзіў ён Прыдонавых ваяк.
Не пакрыўдзіў і астатніх – задаволены быў кожны,
Толькі скарбаў безліч гэтым не паменшыў ён ніяк.
Ён сказаў Прыдону: «Цяжка разлічыцца мне з табою,
Але сказана: «Не згіне той, хто ўмеў дабро тварыць».
З часу гэтага багацці ўсе маёмасцю сваёю
Ты лічы і ў знак павагі ад мяне іх забяры».
Адказаў Прыдон з паклонам свайму другу маладому:
«Цар, не думай, што багаццю я душу сваю прадам!
Тых, хто сілай – дуб магутны, ломіш ты нібы салому,—
Покуль ты са мною побач, я датуль шчаслівы сам».
Караван прыгнаць парожні загадаў Прыдон адразу,
Каб багацці неадкладна перавезці ўсе спярша;
А пасля ў зямлю арабаў дружна рушылі ўсе разам,
Прагла ўбачыць сонца-дзеву Аўтандзілава душа.
Доўга йшлі, пакуль пазналі аравійскіх земляў далі,
Замкі, вежы цытадэляў і бязмежныя палі.
Ў сініх вопратках жалобных жыхары іх сустракалі,
Слёзы ў памяць Аўтандзіла тут даўно ўжо ўсе лілі.
Тарыэль паслаў з дарогі ў палац да Растэвана
Пасланца з наказам: «Вечна ў славе, ў шчасці будзь ты, цар!
Я – ўладар дзяржавы індаў – сам з'явіўся з караванам,
Ружу-кветку свайго саду каб табе вярнуць, як дар!
Дык прабач ты мне за крыўду, што зрабіў пры першай стрэчы,
Але сам дарма хацеў ты захапіць мяне ў палон.
Я, пакрыўджаны, міжвольна многа слуг тваіх знявечыў,
Знішчыў тых, хто ўслед за мною рушыў смела наўздагон.
Да цябе прыйшоў я сёння, збочыў з простага кірунку,
Каб забыў ты грэх мінулы і змяніў на ласку гнеў.
Сведчыць хай Прыдон – не маю дарагіх я падарункаў,—
Сонца свету – Аўтандзіла ў дар прымі ты ад мяне!»
Цар, узрадаваны, слухаў ад ганца паведамленне,
Быў узрушаны глыбока, слова вымавіць не мог.
Цінацін запунсавела рання сонечным ірдзеннем,—
Веек цень на вуснаў лалы, на крышталь аблічча лёг.
Гром літаўраў, барабанаў зліўся з гоманам натоўпу,
Заспяшаліся насустрач войска шчыльныя рады,
Засядлалі коней шпаркіх і памчаліся галопам,
Прывітаць хацеў тут кожны трох герояў маладых.
Цар паехаў верхам, следам палкаводцы паскакалі,
Адусюль людское мора шматгалосае цякло.
Галасы ляцелі ў неба, літасць бога праслаўлялі:
«Хай дабро кіруе намі, хай навекі згіне зло!»
І калі бліжэй пад'ехаў караван, пакрыты пылам,
Тарыэлю задуменна так прамовіў Аўтандзіл:
«Бачыш, хмара наплывае, быццам пыл на небасхіле?
Вось таму палае сэрца, белы свет мне стаў не міл.
Там мой цар – настаўнік, едзе ён паспешна на сустрэчу;
Не пайду туды, мне сорам і душа мая ў агні.
Так, як я, хто мог на свеце страціць гонар чалавечы?!
Памажыце вы з Прыдонам той агонь мне супыніць».
Тарыэль сказаў: «Прыемна, што нясеш цару пашану;
Заставайся тут да часу, я ж пайду туды адзін.
Раскажу яму, якую ты на сэрцы носіш рану,—
Сведка бог – цябе злучу я з ясным сонцам – Цінацін!»
Аўтандзіл шацёр паставіў, сам, як леў, вачамі бліскаў;
Побач з ім – Нестан. Сляпіла вочы ўсім яе краса.
Вейкі так трымцелі квола, нібы іх крануў вятрыска.
Тарыэль сяброў пакінуў, да цара паехаў сам.
З ім Прыдон таксама рушыў па дарозе камяністай.
Цар пазнаў яшчэ здалёку Тарыэля гнуткі стан.
Злез з каня і пакланіўся льву адважнаму ўрачыста,
Па-бацькоўску прывітаўся, ўшанаваўшы царскі сан.
Тарыэль схіліўся нізка, поўны шчырасці і згоды,
Уладар абняў героя і прыціснуў да грудзей.
Цалаваў яго, як сына, ён з вялікай асалодай:
«Сонца – ты, з табой разлука робіць ноччу ясны дзень!»
Цар здзіўляўся з прыгажосці Тарыэлевай ільвінай,
Углядаўся ў твар юначы, сілу рук яго ўсхваляў.