355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Дрэва вечнасці » Текст книги (страница 23)
Дрэва вечнасці
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 03:01

Текст книги "Дрэва вечнасці"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч


Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении

Текущая страница: 23 (всего у книги 31 страниц)

– Езус літасцівы! Ратуй маю душу!

...Калісьці вясковага падлетка, апранутага ў святочную сярмягу, за руку прыводзіла сюды маці, ён кленчыў каля дзвярэй гэтай каплічкі і з трывогай, што змагалася з захапленнем, узнімаў чыстыя блакітныя вочы на вялікае распяцце і на конніка з кап'ём, намаляванага на лісце паперы...

Чалавек патушыў ліхтарык. Выйшаў з каплічкі, пакінуўшы дзверы насцеж, і, не затрымліваючыся ні на хвіліну, зноў паволі пайшоў, высокі нават сярод высокіх соснаў, вялікімі крокамі пераступаючы цераз кусты і магілы.

З могільніка чалавек выйшаў на дарогу, перайшоў на другі бок і апусціў руку на брамку першай з краю вясковай сядзібы. Перш чым адчыніць брамку, ён паглядзеў напружаным позіркам на хату, што стаяла далей на панадворку, і яшчэ раз пачулася працяглае:

– А-а-а!

Чалавек паківаў галавой, нібы ён глыбока, бязмежна здзіўляўся. Рыпнулі вароты, дробны цень сабакі з гучным брэхам пакаціўся ад парога па двары; за акном, што паблісквала ў цемры чырвоным агеньчыкам, чуўся нізкі, моцны, але па-маладому свежы голас, які хутка, доўга і няспынна пра нешта гаварыў, гаварыў, гаварыў...


***

Гэта была сядзіба старога Сымона Мікулы, які цяпер, у прасторнай і нізкай хаце, сядзеў на зэдліку і прытрымліваў каля рота вялікую гліняную люльку з кароткім цыбуком. Было яму, відаць, за шэсцьдзесят, аднак зусім не быў ён падобны да тых бацькоў, якіх б'юць сыны, або да тых, каго, як ужо непатрэбнага, выганяюць з хаты. На фоне задымленай сцяны, да якой ён прыхіліўся шырокімі, толькі крыху ссутуленымі плячыма, у цьмяным святле лямпы з высокім шклом, што стаяла на стале, вырысоўваліся магутныя абрысы чалавека, апранутага ў белую вопратку; густыя клубы дыму, якія ён раз-пораз выпускаў з рота, то засланялі, то адкрывалі вялікую, над ілбом палыселую, а ззаду сівую галаву, буйныя рысы прадаўгаватага, румянага твару, на якім тапырыліся густыя пругкія вусы і паблісквалі мудрыя вочы, што пазіралі з-пад абвіслых броваў са спакойнай энергіяй, востра, пранізліва. Рукі яго, адна засунутая пад чырвоны паясок, якім была падперазана кашуля, а другая з люлькай каля вуснаў, былі вялікія, моцныя, жылістыя, яны выдатна захавалі і здольнасць да працы, і жалезную хватку. Лёгка было здагадацца, што калі гэты стары ўстане на ўвесь рост і скажа сваё слова, усе прысутныя паспешліва і старанна зробяць усё, што б ён ім ні загадаў.

А людзей у хаце было многа, і ўсе яны ў гэты момант сядзелі або стаялі, нерухома застыўшы ад цікаўнасці і ўвагі да таго, пра што расказвалася.

Старэйшы Мікулаў сын, бондар, мужчына каля сарака, абапёрся на лаву рукою з гэблікам, якім толькі што абгладжваў зуб ад бараны, унурыў галаву, а быў такі аброслы, што толькі чорныя агністыя вочы паблісквалі, як іскры ў зарасніку. Яго жонка, амаль у тых жа гадах, стаяла каля камінка, на якім гарэў агонь, асвятляючы ўсю яе – высокую, дужую, з горда ўзнятай галавой і складзенымі на грудзях рукамі. Адразу ж за гэтай самавітай, з прыгожымі рысамі, статнай гаспадыняй, крышку далей, у ценю за высокай прасніцай калаўрота, сядзела Мікулава дачка. Яна толькі што прала, а цяпер застыла, узняўшы руку да жаўтлявай кудзелі, чырвоныя вусны яе раскрыліся, і ўся яна, прысадзістая, з цёмнымі рукамі, кірпатым носам, румянымі шчокамі, блакітнымі вачыма і трохі рыжаватымі валасамі, што рассыпаліся па нізкім ілбе, уся замерла, нібы зачараваная, ад здзіўлення і жаху. Такі самы жах, але яшчэ большая цікаўнасць ахапілі невялікую, шчуплую бабулю, што нізка сядзела на перавернутых ночвах, а перад ёю стаяла поўнае рэшата струкоў фасолі. З недалушчанымі струкамі ў касцістай, моцнай руцэ, яна павярнула да святла галаву ў круглым, нібы прыклееным, чырвоным чапцы, а водбліскі агню дзіўна румянілі яе зморшчаны лоб і твар, запальвалі мігатлівыя іскры ва ўпалых, але быстрых вачах. Таксама ахопленая здзіўленнем, сядзела маладзенькая, свежая, стройная, як бярозка, жонка малодшага Мікулава сына. Сядзела яна ў святле, насупраць панурага бондара, і каля грудзей, прыкрытых сіняй кофтай, калыхала немаўлятка. Вялікі лазовы кошык, у якім спала яшчэ адно малое, звісаў з задымленай бэлькі на тоўстых вяроўках, побач з шырокім тапчаном, засланым па сене дзяругай. Дзве дзявочыя галоўкі, аслоненыя пасмамі льяных валасоў, схіляліся з высокай і шырокай печы. З-за шырокіх бондаравых плячэй высунуўся светлагаловы падлетак, на каленях якога ляжалі клубкі шнура, а ў руках была ігліца, якою плятуць венцяры. Хто ў поўным асвятленні, хто ў хісткім прыцемку – усе гэтыя дванаццаць чалавек, жанчыны і мужчыны рознага веку, нерухома застылі ў нізкай хаце, у якой шмат месца займаў гаспадарскі посуд, рыбацкія прылады і шырокія кросны.

Пасярод хаты стаяў той, хто расказваў. Гэта быў маладзейшы з двух Мікулавых сыноў, высокі, статны трыццацігадовы мужчына. Яго пастава і вопратка гаварылі пра ўпэўненасць і імкненне да некаторай элегантнасці. Ён, відаць, толькі што вярнуўся з дарогі, бо яшчэ не скінуў спраўнага кажушка, над чорным авечым каўняром якога рэзка выдзялялася рыжаватая, коратка пастрыжаная барада і румяны твар. Залатыя, з рыжаватым адлівам валасы, адкінутыя назад, адкрывалі святлейшы за твар лоб, смелы і разумны. У руках мужчына ўсё яшчэ трымаў пугу, якой падганяў у дарозе коней, і вось, размахваючы рукамі, ён расказваў:

– Далібог, праўду кажу! Каб я здох, калі лгу! Увесь свет быў сёння ў мястэчку, і ўсе так пра гэта гаварылі, што і гандлю ніякага не было. Усе гавораць, што гэта Бонк, той самы, які дзесяць гадоў таму назад разам з супольнікамі, каб ім дабра не было, зарэзаў траіх чалавек...

– Жыдоў, здаецца, ці каго? – прамармытаў, узнімаючы руку да валасоў, пануры бондар.

– Але, – пацвердзіў расказчык, – двух жыдоў і адну бабу, што тады ў іх начавала, забілі, ды ўсяго толькі трыццаць рублёў знайшлі ў іх. Тады яго злавілі і ўбачылі, што гэта быў той самы Бонк, які некалькі гадоў дзесьці далёка ад нас вычвараў... Крамы рабаваў і грошы падрабляў, і толькі таго, што не забіваў яшчэ... А тут ужо і забіваць пачаў!.. Ажно тут яго ў суд і на катаргу асудзілі, навечна ў Сібір, а ён з турмы ўцёк. Уцёк, злыдзень, пераапрануўся і рабочым на нейкую хвабрыку пайшоў... Пайшоў рабочым на нейкую хвабрыку і колькі гадоў жыў там з падробленым пашпартам... Ажно і там яго злавілі і білі за тое, што ўцякаў, не на жартачкі білі, кажуць, сто бізуноў злыдзень атрымаў.

– Ай, – жаласліва войкнула маладая жанчына, што закалыхвала на руках малое.

– А-а-а! – здзіўлена паківала галавой баба. Падлетак, што пазіраў з-за бондаравых плячэй, шырока расплюшчыў вочы, яснасць і чыстату якіх замуціла трывога.

– Вытрымаў! Ах ты, Божа ж мой, усё ж вытрымаў! – заўважыла гаспадыня, не мяняючы не паставы і не разнімаючы рук.

– Але! – выгукнуў расказчык. – Чорт не ўзяў яго душы! У бальніцы трохі паляжаў, і ў Сібір яго пагналі. Загналі далёка, ажно на край свету, каб ужо другі раз не ўцякаў. А ён узяў-такі ды ўцёк...

– З катаргі ўцёк? – вымаючы з рота люльку, упершыню азваўся стары Мікула.

– Але, татка, з катаргі. Прабыў ён там год, два гады, тры гады, а потым ужо шмыгануў у свет вочы! Кажуць, па ўсёй імперыі разаслалі паперы. І губернатарам, і паліцмайстрам, і станавым, і ў валасныя канцылярыі разаслалі паперы, дзе гаворыцца, што такі-сякі ўцёк з катаргі і што загадана ўсім жывым шукаць яго і лавіць... Кажуць, па ўсёй імперыі шукалі, ды вось табе!.. Каб яго ваўкі задушылі... тут яго знайшлі...

– Ай, – азвалася з-за калаўрота Ганулька.

Гаспадыня расчапіла рукі, і ўпершыню задрыжалі ад страху яе прыгожыя, усё яшчэ чырвоныя вусны.

Дзе? – зноў аказаўся Мікула. – Дзе знайшлі? Адзін дурань гаворыць, другія дурні цешацца...

– Далібог, татка, – выгукнуў расказчык, размахваючы рукою з пугай, моцна пакрыўджаны бацькавым недаверам. – Каб на мяне хвароба, калі я лгу! Тут знайшлі.. За дзве мілі ад нас сядзеў... На невялічкай хвабрыцы зноў рабочым з падробленым пашпартам быў... Вось і фальшывы пашпарт пазналі, вось ужо лавіць меліся, а ён не дурны, узяў ды зноў уцёк... злыдзень гэты... які разумны! Ха, ха, ха!

Смяяўся ён адзін, іншыя маўчалі, а Мікула, насупіўшы бровы, спытаўся:

– А ты не брэшаш, Аляксей? А ты не выдумаў гэтага, каб баб напалохаць?.. А ты спрабаваў калі бацьку маніць? Га?

Малады мужчына, зірнуўшы на старога крыху ўстрывожана, з крыўдай у голасе адказаў:

– Калі я лгу, дык і пісар ілжэ. Ад пісара я найбольш і наслухаўся пра гэтую авантуру, бо ў канцылярыю прыйшла папера, што ён толькі што тут быў і зноў прапаў... Але, відаць, яшчэ далёка не зайшоў, дык каб яго шукаць... Такая папера прыйшла...

– Можа, і хватаграфію ў канцылярыю прыслалі? – спытаўся бондар.

Аляксей пагардліва махнуў рукою:

– З такіх, як ён, хватаграфіяў не рысуюць... З іншых рысуюць... Але пісар гаварыў, што папера прыйшла. Шукайце, кажа, калі ў Бога верыце, шукайце, а то, кажа, усяму свету вялікая бяда будзе... Разбоі будуць, кажа, зладзейства, рабункі будуць! Так і так будзе... А калі яго хто зловіць, дык зараз жа ў турму адашлём, кажа... Цяпер, кажа, ужо не сто бізуноў, як раней, а дзвесце яму ўлепяць за тое, што другі раз уцякаў. У кайданы жалезныя, моцныя закуюць і на ўсё жыццё на катаргу запрагуць... Вось як!

Ніхто не паварухнуўся, усе маўчалі. Здавалася, нібы па гэтай хаце, такой спакойнай, цёплай і люднай, праплыў пануры прывід з акрываўленай спіною. Мікула, нарэшце, выпрастаў плечы, пастукаў люлькай аб край стала, вытрасаючы попел, працягнуў руку па грошы, якія сын, прывёзшы з кірмашу, палажыў на стол.

– Правільна, – сказаў стары. – Так з кожным злыднем трэба рабіць. Няхай не сваволяць; чужога не чапаюць, нявіннай крыві не марнуюць, бо так рабіць забараніў сам пан Бог Найвышэйшы, а ўсім нявінным людзям павінна быць абарона ад крыўды і несправядлівасці, павінна быць бяспека. Годзе!

Ён засунуў пад кашулю некалькі памятых асігнацыяў, абвёў сыноў, нявестак, дачку і ўнўкаў сваімі бліскучымі вачыма, і позірк яго стаў суровы і цвёрды. Высокі лоб перарэзалі глыбокія маршчыны. Увесь ён, здавалася, быў пранізаны адной нявыказанай думкай, што калі б хто-небудзь з тых, на каго ён глядзеў, узышоў на такі ганебны шлях, дык ён, Мікула, першы і няўмольны апусціў бы на яго вось гэтую вялікую, жылістую, нібы з бронзы выкаваную, руку...

Годзе! – сказаў ён і працягнуў руку па капшук з тытунём.

Усе маўчалі, бо ведалі, што калі ўжо стары сказаў гэтае слова, то ўсе спрэчкі і справы, як сямейныя, так і іншыя, лічацца поўнасцю вырашанымі.

Аляксей прысланіў пугу да сцяны, падышоў да жонкі і, нахіліўшыся, адной рукой гладзіў яе па плячах, а пальцам другой рукі вадзіў то па сонным тварыку, то па чырвонай шапцы на галоўцы немаўляці. Бондар правёў гэблікам па недагабляваным зубе ад бараны; затарахцеў Ганульчын калаўрот; гаспадыня даставала з печы чыгун з гарачай вадой...

Рыпнулі дзверы, у хату спачатку ўварваўся з брэхам кудлататы сабака, і неўзабаве з парога пачулася прывітанне:

– Хай будзе пахвалёны!

Голас быў нізкі, хрыплы, чалавек дыхаў цяжка.

– На векі! – адказалі прысутныя.

Мікула, прысланіўшы рукою вочы, пазіраў на дзверы; гаспадыня адвярнулася ад агню, застыў бондараў гэблік, спыніўся Ганульчын калаўрот.

– Пан гаспадар і пані гаспадыня, – гаварыў з парога нізкі і хрыплы голас, – я падарожны, ласкі вашай прашу. Дазвольце гадзінку пасядзець у цёплай хаце. Пагрэюся і далей пайду... Не надакучу вам.

– Калі ласка! Уваходзьце і пасядзіце, – адказаў стары.

– Чаму ж нельга? Уваходзьце, калі ласка, пагрэйцеся, – ветліва запрасіла гаспадыня.

Чалавек ступіў наперад, у шырокую, асветленую агнём паласу. Гэта быў рослы, плячысты мужчына, аднак вельмі худы. На ім былі грубыя порткі, засунутыя ў боты, і сурдут з даволі тонкага сукна, моцна парваны на адным плячы. Вопратка гэтая не надта падыходзіла для падарожжа ў завірушную зімовую ноч. І таму, можа, доўгі касцісты твар чалавека быў бледны, падобны на тонкую жаўтлявую паперу. Таксама падобны на пакамечаную паперу быў і высокі, з залысінамі лоб, над якім блішчалі рыжаватыя валасы. Рыжаватыя вусы прыкрывалі тонкія вусны; прадаўгаватыя вочы адлівалі такім блакітам, што здалёк прыцягвалі да сябе ўвагу. Быстрым позіркам ён акінуў усё ў хаце.

– Сядайце, калі ласка, адпачніце! – не адыходзячыся ад печы, сказала гаспадыня. – Ясік, – паклікала яна сына, – падай пану зэдлік.

Яна назвала яго панам, бо на ім быў сурдут, і хоць з парога чалавек загаварыў на мове, на якой гаварылі ў гэтай хаце, адчувалася, што звычайна ён ёю не карыстаўся.

Госць сеў на зэдліку, паставіў паміж каленяў тоўсты, з жалезным наканечнікам кій і пачаў расціраць вялікія, чырвоныя, з агрубелымі пальцамі далоні. Прыўзняўшы галаву, ён усміхнуўся, і ўсмешка гэтая, хоць і вясёлая, здавалася недарэчнай.

– Ой, холадна, холадна... – заенчыў. – І голадна! – дадаў, аднак жартаўлівая ўсмешка не сышла з яго твару. Можна было падумаць, што наракае ён жартам.

– Вецер сёння такі, што не дай табе Божа, – сказаў Аляксей.

– Хочаце есці? – спытаўся бондар, адарваўшыся ад работы і з цікаўнасцю разглядаючы госця.

Той зноў пачаў расціраць рукі:

– З'еў бы, вядома з'еў бы, калі б што было, але нічога з сабою ў дарогу не ўзяў...

Ён пасміхаўся весела, нібы жартаўнік, што хоча развесяліць кампанію і сваёй весялосцю заваяваць яе прыхільнасць, але яго хрыпаты голас рыпеў, як непадмазанае кола, а вочы прагна ўглядаліся ў печ.

– Два дні ў дарозе... – зноў загаварыў госць. – Ды дзе там!.. Памяць мая ў галаве замерзла, ці што? Ужо два тыдні ў дарозе... Іду вось, іду ды шукаю, чаго не згубіў, і невядома толькі, ці знайду... Ха, ха, ха!

Гаварыў ён голасна, яшчэ больш голасна смяяўся. Кій высунуўся з-паміж каленяў і ўпаў. Чалавек вельмі ж хутка і спраўна нахіліўся і падняў яго.

Усе маўчалі. Ніхто тут апрача бацькі нічым не распараджаўся. Мікула абыякава глядзеў на госця, а потым павольна павярнуў галаву ў бок старэйшай нявесткі.

– Хрысціна! Маеш што есці? Калі маеш, дык пачастуй госця...

– Камякі з макам ёсць, – адказала яна.

Стары ахутаўся дымам.

– Здалёк? – спытаўся.

Госць напружана глядзеў на яго.

– З Прусаў, – адказаў.

– Відаць, на нейкую хвабрыку. Бо найбольш немцаў ідзе на хвабрыкі...

– Вы немец? – тонкім голасам, вельмі зацікаўлена спытаўся пятнаццацігадовы падлетак.

– Я не немец, аднак іду з Нямеччыны... На фабрыку іду... Дзе палатно робяць, бо, кажуць, заработак добры... А недалёка адсюль, кажуць, казармы будуюць, можа, туды наймуся, бо я і ў мулярстве кемлю... Абы зарабіць, абы жыць беднаму чалавеку. Абы зарабіць, абы жыць...

– Ой, праўда гэта! Беднаму чалавеку – абы зарабіць... абы жыць, – з поўным разуменнем пацвердзіла некалькі галасоў.

Хрысціна паставіла на стол поўную місу камякоў, шэрых ад дамешанага туды маку, такіх застылых, зацвярдзелых, што хоць нажом іх рэж. Яна палажыла каля місы нож і добрую лусту чорнага хлеба. Хадзіла па хаце павольна, з сур'ёзным тварам, горда ўзняўшы галаву. Можа, становішча галоўнай у гэтай люднай хаце, можа, зладжанае жыццё з мужам і шчаслівае мацярынства прыдавалі ёй рысы сур'ёзнасці і асабістай годнасці. Да таго ж яна была і ветлівая.

– Ешце, калі ласка, – запрашала госця.

Доўгія, худыя рукі схапілі спачатку хлеб, паднеслі яго да рота, але неспакойныя вочы, здавалася, шукалі яшчэ нечага на стале.

– Не гневайцеся, пан гаспадар, але я вельмі ж змёрз... Каб гэта гарэліцы чарачку... Гарэліцы!

Прагна жуючы хлеб, ён зноў, нібы вяселы жартаўнік, пачаў паціраць рукі.

– Чаму ж нельга? Можна! – спакойна адказаў гаспадар. – Хрысціна! Дай гарэлкі!

Бондар узняў галаву ад работы, і вочы яго прагна заблішчалі.

Хрысціна прынесла бутэльку і чарку з тоўстага, зеленаватага шкла. Гаспадар наліў да палавіны і, несучы яе да рота, пакланіўся госцю.

– За ваша здароўе! – сказаў і выпіў, цягнучы павольна, як па кропельцы.

Калі госць узяўся за поўную чарку, яго агрубелыя пальцы дрыжалі.

– На шчасце! – адказаў ён і ўліў у горла шчодрую мерку.

Бондар паглядзеў на старога і крыху нясмела працягнуў руку па бутэльку. Стары маўчаў. Бондар выпіў і падаў бутэльку брату.

Пі, Аляксей!

Не хачу, не буду піць, жонка забараніла, – адмовіўся малады мужчына і голасна, на ўсю хату зарагатаў. – Далібог, забараніла! Як прычапілася: «Не пі, Аляксей, не пі! Калі ты мяне хоць трошкі любіш, калі Бога святога баішся, не пі! Пакляніся, што не будзеш піць, перад крыжыкам пакляніся!» Бачу я, што нельга адчапіцца ад бабскага языка, узяў ды пакляўся, і ўжо, мусіць, з год будзе, як гарэлкі не каштаваў. Можа, не так, Аленка, га? Ці, можа, я зманіў?

Маладзіца сардэчна засмяялася, паказваючы белыя зубы, і пагладзіла мужа па твары:

Каб ты скіс, калі ты праз мяне піць перастаў!.. Сам такі вялікі вырас, дык і розуму набраўся...

Баба ўстала з ночваў, падышла да стала.

– Пі! – сказаў ёй стары.

З чаркай у руцэ яна пакланілася ўсім навокал і, выпіўшы, выцерла рукавом кашулі ўпалыя вусны. Госць утаропіў у яе вочы, быццам намагаючыся ўспомніць, распазнаць рысы яе твару. Ён хапаў вялікія кавалкі камякоў, ссыпаў у рот жменяю крошкі, і, па меры таго, як аціхаў голад, чалавек усё больш цікаўна і настойліва прыглядаўся да ўсяго і да ўсіх. Часамі здавалася, што ён як быццам нешта ці некага шукае. Пазіраў на тапчан, потым на печ, потым зноў на тапчан. І раптам спытаўся:

– А жонка ваша, пан гаспадар, жыве?

– Даўно памерла... Гадоў ужо з дзесяць будзе, як памерла... – ахвотна пачала баба, падмацаваная чаркай. – У тое лета якраз памерла, як мяне з маёнтка адправілі... Тады мяне Сымон прыгарнуў, хай яму Бог ва ўсім памагае. «Хрысціне, кажа, гаспадарыць памагай...»

– Памерла, – перапыніў яе госць, а нерухомыя вочы яго зноў утаропіліся ў твар балбатлівай бабы. – А вас, маці, Настуляй завуць... Вы ў маёнтку служылі.

– Але ж, – усцешана згадзілася баба.

– А вы адкуль пра гэта ведаеце? – спытаўся Аляксей.

Але госць не пачуў гэтага пытання, а можа, не захацеў на яго адказаць. Ён вадзіў вачыма па сценах...

– А вы, пан гаспадар, даўно пабудавалі гэтую хату? – спытаў ён.

Стомлена, абыякава Мікула адказаў, што хата старая, а толькі нядаўна ён падняў яе трохі, падлажыў новыя падваліны, выразаў большыя вокны...

– Я ж гляджу, што хата быццам не зусім такая, як была...

– А вы што – былі тут калісьці? – спытаўся бондар.

Госць зноў не адказаў. Ён прагна еў, азіраўся навокал. Доўга глядзеў на бондара, на Аляксея і раптам неяк дзіўна сказаў:

– Вось яно як. Старое ўжо няма!

А пачакаўшы – зноў спытаўся:

– І Ясіка няма?

– Якога Ясіка? – спытаўся стары, вымаючы з рота люльку і востра пазіраючы на госця.

– Якога! – засмяяўся госць. – Ды вашага ж трэцяга сына, пан гаспадар!

– Вы, мабыць, тутэйшы, што так пра ўсё ведаеце? – абазвалася Аленка.

– Мусіць, вы тут былі калісьці! – загаварыла баба, утаропіўшы ў яго бляклыя, пад чырвонымі павекамі, аднак цікаўныя вочы.

– Відаць па ўсім, вы тут не ўпершыню, – азваўся Мікула.

Госць, закіданы гэтымі пытаннямі, нахіліўся да стала, а потым глуха, неяк злосна прабурчаў:

– Ну, быў, быў... Ну, дык што з таго, што быў?

Аднак хутка пераадолеў сваю злосць ці нецярплівасць і ўжо спакойна загаварыў:

– Быў я тут, працаваў, наймаўся, калі будавалі новы панскі дом... Я працаваў на будове новага панскага дома...

– Даўно гэта ўжо было, гадоў, можа, з дваццаць таму назад, – заўважыў Мікула.

– Больш за дваццаць, – паправіў яго госць.

– Многа тады чужых людзей прыходзіла на гэтае будаўніцтва... – умяшаўся бондар.

– Ды шмат. І я прыходзіў.

Стары ўважліва паглядзеў на госця.

– Нешта мне мроіцца ў вачах, – то здаецца, што я вас ведаю, а то здаецца, што не ведаю...

– Далібог, – загаварыла баба, – каб я з гэтага месца не ўстала, калі ў мяне не таксама... То здаецца, што я вас ведаю, то здаецца, што не ведаю... Відаць, вы калісьці са мною гаварылі, як былі на будаўніцтве новага дома.

Госць усміхнуўся і з дзіўнай настойлівасцю глядзеў на яе высахлыя, маршчыністыя, жоўтыя, нібы воск, рукі.

– Ой, гаварылі вы са мною, маці, – пачаў ён, – гаварылі не раз, не два і не дзесяць разоў. Ой, прыносілі вы мне вось гэтымі сваімі рукамі хлеб, памазаны мёдам ці маслам, якія вы крадком бралі з панскага свірна. Ха, ха, ха!

Госць голасна смяяўся, задраўшы галаву, а вочы яго гарэлі.

Каб мяне сёння ноччу ўдушыла, калі я што памятаю. Не памятаю... ці я з вамі гаварыла, ці не гаварыла, ці вам калі хлеб давала, ці не давала – нічога не памятаю. Толькі мне здаецца, што быццам я вас ведаю. Ці не – не ведаю... А ўсё ж ведаю! А ўсе ж не ведаю!.. Ах, ды што ж гэта?

Дзве пары вачэй пазіралі на госця, адна нібы пранізвала з-пад сівых, навіслых броваў, а другая – паблісквала ад цікаўнасці, жыва бегала пад чырвонымі павекамі. Госць занепакоіўся, зноў стаў паціраць рукі, неяк бяздумна засмяяўся і, падняўшыся з зэдліка, пайшоў шырокім крокам да печы. Тут ён выпрастаўся на ўвесь свой рост, залажыў рукі за спіну і зверху зірнуў на дзяўчыну. А тая, перастаўшы прасці, ці то ад страху, ці ад сораму апусціла рукі на калені. Пазіраючы на яе зверху, госць спытаў:

– А ты гаспадарова дачка?

Адварочваючы ад яго пачырванелы твар, яна прашаптала:

– Але. Дачка.

– Відаць, наймалодшая? Табе, мабыць, дваццаці яшчэ няма...

– Ды няма.

– А старэйшая сястра, Марыська, жыве ці памерла?

– Жыве.

– Яна замужам?

– Замужам.

– Дзе яна? У гэтай вёсцы?

– У Дубраўлянах, у мужавай хаце сядзіць...

– Ага! У мужавай хаце. У сваёй хаце. Гэта добра. Ах, ах, ах...

Грудзі госця ўзняліся ад раптоўнага, кароткага ўздыху. Ён змоўк.

За доўгім сталом ішла гаворка. Пятнаццацігадовы Ясік жартам нападаў на бабу, што тая крадком выпіла другую чарку, а баба біла кулаком у грудзі і крычала:

Брэшаш, як сабака! Каб мяне халера схапіла, калі я выпіла!

Бондар гаварыў нешта жонцы, якая брала каля сцяны калаўрот. Аленка голасна смяялася з Ясікавай спрэчкі з бабай. Адны толькі вусны маўчалі там, паволі цягнучы дым з кароткага цыбука, і адна пара вачэй пранізліва глядзела з-пад сівых, навіслых броваў, няспынна глядзела праз лёгкі дым на госця, што стаяў каля печы.

Раптам над гоманам узняўся зычны, самаўпэўнены Аляксееў голас. Ён шырока сядзеў на зэдліку, бокам да стала, як заўсёды ганарліва адкінуўшы галаву, і звярнуўся да госця:

– А пра Бонка вы нічога не чулі, ходзячы па свеце, га?

Усе зацікаўлена змоўклі, але і госць добрыя паўхвіліны маўчаў. Потым ён адказаў спакойна:

– Чаму ж не чуў? Чуў. Увесь свет толькі пра яго і гаворыць.

– Ды гавораць, не дай Бог нікому, каб так пра яго людзі гаварылі! – выгукнуў малады мужчына. – А як вы думаеце: зловяць яго ці не зловяць?

– Можа, зловяць, можа, не зловяць, – лена адказаў госць.

– Добра было б, каб злавілі, а то пісар кажа, што калі, крый Божа, не зловяць, усім бяда будзе... Разбой, кажа, будзе, рабункі будуць, так і так, кажа, будзе. Што злыдзень гэты, калі на волі застанецца, ці мала яшчэ людзям бяды наробіць...

– Чорт яго зловіць, калі ён такі спрытны, – сказаў бондар, які крыху павесялеў ад другой чаркі, – два разы ўцякаў, дык і цяпер уцячэ.

– Мяне больш за ўсё цікавіць, як ён мог тады, дзесяць гадоў таму назад, уцячы з турмы. Я ж не раз і не два разы быў у горадзе і турму бачыў. Такія сцены, божухна ты мой! Усюды салдаты са штыкамі. Птушкай трэба быць, а не чалавекам, каб вылецець адтуль. А ён вылецеў... Каб яго... Ну ж і спрытны! Зубамі сцяну перагрыз, ці што?

– Ды не, – перапыніў госць.

– Тады як? Бо калі б і краты жалезныя распілаваў, усе роўна праз акно не мог бы выскачыць, праз такое высокае... Калі б на каменне з чацвёртага паверха пляснуўся, дык душа з цела адразу ўцякла б...

Цяпер чалавек, які стаяў каля камінка, залажыўшы рукі за спіну, пачаў свабодна пакалыхвацца ў бакі, злёгку пераступаючы з нагі на нагу. Пераступаннем гэтым ён нагадваў гарадскога франта. Зверху глядзеў на маладога хлопца, які звяртаўся да яго.

– Ён не выскачыў праз акно, ён вылецеў... – сказаў з кплівай усмешкай.

– Хіба на тых крылах, якія яму чорт прычапіў, – абурыўся бондар.

– Не на крылах ён вылецеў...

– Дык, можа, на ведзьмінай лапаце, – пажартаваў Аляксей.

Жанчыны і падлетак Ясік засмяяліся таксама.

– На парасоне, – сказаў госць.

Усе змоўклі. Госць пакалыхваўся каля печы яшчэ больш свабодна і зверху вадзіў позіркам па ўсіх прысутных. Можа, так вось гарадскія фанфароны выхваляюцца перад натоўпам у шынку сваёй высокай вучонасцю, уменнем разбірацца ў сусветных падзеях.

– Глупства, – гаварыў ён, – для невука гэта здаецца цудам, а для таго, хто ведае, глупства, драбніца! Вось як ён зрабіў, гэты Бонк, калі ўцякаў з турмы...

Ён узяў свой кій, што стаяў побач, прыслонены да печы, і, адпаведна памахваючы ім, пачаў расказваць:

– Бонк узяў парасон, такі вялікі парасон, раскрыў яго, перавярнуў яго вось так, уніз, і разам з парасонам шусь праз акно... Калі б без парасона, дык паляцеў бы потырч галавой і звярнуў бы сабе карак... Але парасон апускаў яго ўніз памаленьку, памаленьку, бо вецер яму хутка ляцець не даваў, і так апусціўся да самай зямлі. А Бонк толькі выцягнуўся на бруку ды носам аб камень ударыўся. З носа кроў пацякла, і косці страшэнна забалелі. Ды што там! Ногі за плечы і падаўся ў свет! Тры гады яго потым шукалі. Парасон каля турмы знайшлі, а яго тры гады дарма шукалі.. Ха, ха, ха!

Пакуль ён расказваў, увесь яго доўгі, касцісты твар свяціўся амаль дзіцячай весялосцю. Чалавек быў падобны на хлапчука, які з хітрай усмешачкай расказвае пра ўдалае свавольства.

Усе хатнія прыўзнялі галовы і паразяўлялі ад здзіўлення раты. Сярод агульнага маўчання з-за клубоў дыму пачуўся нізкі, суровы голас:

– А адкуль жа вы ведаеце, як гэта было?

Гэта ж праўда! Адкуль вы ведаеце? – паўтарыла пытанне некалькі галасоў.

Нібы адчуўшы ў гэтых настойлівых пытаннях варожы выклік, госць зухаватым рыўком узняў галаву і з-пад броваў, якія пагрозліва сышліся, павёў вакол палымяным позіркам.

– І ведаю! Ну і што, калі ведаю! Разумны гаворыць, дурны дзівіцца... А-а-а! Паразяўлялі раты! Адкуль я ведаю? А ці ж гэта ў людзей языкоў няма, ці не расказваюць?.. Яны расказвалі, а я слухаў. Цьфу!

Ён плюнуў і раптам зноў занепакоіўся, кінуў навокал устрывожаны позірк, пацёр рукі. Аляксей дзёрзка глядзеў у яго вочы.

– Нешта вы, пане, – пачаў ён, – зашмат ужо ведаеце пра гэтага Бонка. Можа, вы яго калі бачылі?

Той абыякава паціснуў плячыма:

– А дзе я мог яго бачыць? Не бачыў. Я з Прусіі іду... Больш за дваццаць год не быў у гэтым баку.

– Шкада, бо калі б вы яго бачылі, дык сказалі б нам, як ён выглядае. Лягчэй было б злавіць... Ой, злавіў бы я яго, з вялікай ахвотай злавіў бы, і пакуль тая паліцыя даведалася б пра яго, сам бы з яго палосамі скуры надраў!..

– Бач, такі малады, а ўжо гатовы людзям скуру са спіны спускаць! – пасміхнуўся госць.

– Дык ён жа разбойнік! – выгукнуў, усхапіўшыся з лавы, малады задзірысты мужчына. – Сам пісар сёння казаў: «Крамы рабаваў, грошы падрабляў, а самае горшае, – казаў, – што трох чалавек забіў са сваімі супольнікамі...» Дык што – шкадаваць такую звяругу? Ой, я б з яго скуру здзёр! Няхай іншых не забівае!..

І ён падняў пагрозліва кулак.

– Ціха, Аляксей! Сціхні, не крычы так! – супакойвала яго маладая жонка, цягнучы за крысо расшпіленага кажуха.

Бондар замахнуўся гэблікам:

– Каб яму так добра на свеце не было, як ён нявінных людзей загубіў...

– Ой! – войкнула Ганулька. – Можа, і цяпер ён пачне буяніць.

– Вядома ж, пачне, – загаварыла баба. – Такі злыдзень, што ў людской крыві выкупаўся...

Каб яму косці пакруціла... Каб яго паралюш разбіў...

– Ці пачне, ці не пачне, – панура азваўся бондар, – а лавіць яго трэба, бо яшчэ шайку сабе падбярэ і коні пачне красці...

– Не дачакаецца! – выгукнуў Аляксей. – Будзе ён красці коні, калі кат яму дзвесце бізуноў у спіну ўлепіць...

– Ой, ой! – запішчала Ганулька.

– А табе што? – накінуўся на яе Аляксей, але зірнуў на жонку, якая, нахіліўшы свой тонкі стан, таксама пачала галасіць.

– Ай-я-ёячкі!..

Баба Настуля падперла сухую шчаку рукою і голасна ўздыхала:

– Божа ж ты мой, Божа! Ой, божа ж літасцівы!..

Пятнаццацігадовы Ясік стаяў, нібы акамянелы, вылупіўшы вочы, а потым закрыў рот рукамі і дрыготкім голасам зароў:

– Гу-гу-гу!..

– Во напалохаліся, што разбойніку пападзе бізуноў! – засмяяўся Аляксей.

Госць не стаяў ужо так ганарліва, як раней. Калі Аляксей упершыню напомніў пра бізуны, відаць было, як пад тонкім сукном парванага сурдута заварушыліся і паволі палезлі ўгару яго лапаткі, а карак, як ад раптоўнага ўдару, апусціўся долу і барада дакранулася да грудзей.

– Цікава, ці вытрымае злыдзень? – прабурчаў бондар.

– Ого! Яшчэ як вытрымае! – гаварыў сваё Аляксей. – Яшчэ потым у кайданах на край свету пойдзе. А калі прыйдзе туды, дзе жыць загадаюць, дык ад цямна да цямна будзе пад зямлёю молатам біць або тачкі цягаць...

– Ой, бедны ён, такі бедны! – уздыхнула Аленка і яшчэ мацней прыціснула да грудзей малое.

– І навошта яму было на гэты свет прыходзіць? Навошта Бог Усявышні паслаў яго на гэты свет? – уздыхала баба Настуля.

– Я, здаецца б, не вытрымала. Узяла б і ўтапілася... – вяла сваё Ганулька.

Хрысціна, пакінуўшы мыць посуд, выпрастала высокі, моцны стан, зноў склала рукі на грудзях і заглядзелася на агонь сваімі цёмнымі вачыма. Зморшчыліся яе прыгожыя вусны, сышліся цёмныя бровы. Калі ўсе змоўклі, пачуўся яе нізкі, глыбокі голас:

– А і гэтага ж некалі маці на руках насіла і калыхала...

Госць раптоўна павярнуўся да яе.

Ён доўга глядзеў на яе, нахіліўся амаль да самага твару і амаль са свістам прашаптаў:

– Добра пільнуйце свайго сыночка, ой, добра пільнуйце свайго Ясіка, каб ён ніколі не быў такім няшчасным...

Здзіўленая і крыху напалоханая жанчына адхіснулася ад яго. А госць хутка павярнуўся ў другі бок хаты, туды, дзе каля сцяны сядзеў за сталом гаспадар. Мікула ўвесь час маўчаў. Як звычайна, ён спачатку даваў усім хатнім магчымасць выказацца, а потым канчаў спрэчку сваім словам. Ён падняў угару руку з люлькай і паволі, спакойна пачаў:

– Правільна. Такіх і сам Бог не казаў шкадаваць. Правільна. Ужо нам добра-такі надакучылі гэтыя канакрады, рабаўнікі, махляры і іншыя злыдні. Ці ж гэта нявінныя людзі дзеля таго петуюць, каб тыя карміліся ды паіліся іхнім дабром, а то, крый Божа, і крывёю? Нявінным людзям патрэбна абарона ад усякай страты, павінна быць бяспека, а каб за такія цяжкія грахі ды не было ніякага пакарання, дык не, гэта – нельга. Годзе!

Госць так пільна глядзеў на гаспадара, з такім напружаннем слухаў, што ажно вусны яго разышліся, рысы твару акамянелі, адны толькі вейкі часта-часта міргалі над нерухомымі зрэнкамі. Стары змоўк, а той яшчэ некалькі хвілін глядзеў, глядзеў, слухаў, нібы хацеў пачуць нейкае нявыказанае слова. І раптам яго кашчавы твар пачырванеў, а вочы засвяціліся. Ён махнуў рукой.

Годзе! – паўтарыў і коратка, рэзка засмяяўся. – Добра вам, гаспадар, казаць: годзе! А таму, каго, як дзікага звера, ганяюць па свеце, каб, дагнаўшы, збіць да паўсмерці, а потым на катаргу ўпячы, – таму годзе ці не годзе? Пра гэта ён сам толькі ведае, праклінаючы ўвесь свет, людзей і дзень свайго нараджэння! Кожнага чалавека можа бяда напаткаць, і ніводная маці не ведае, каго яна... на руках калыша...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю