Текст книги "Дрэва вечнасці"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 27 (всего у книги 31 страниц)
З чорных дзвярэй ненрыкметна выслізгвае Чарнакніжнік, хаваецца ў цёмным куце пакоя і падслухоўвае размову.
Завальня(неўразумела). Перавязана нага?
Тамаш. Усю дарогу да самага возера за намі ляцеў вялізны чорны крумкач. На беразе рыбар Родзька падпільнаваў птушку і патрапіў у яе каменем. Паранены крумкач схаваўся ў хмызняку, а пасля адтуль з'явіўся, кульгаючы, Чарнакніжнік з перавязанай нагой! Разумееце, васпане, у чым справа?
Завальня. Жах які!
Тамаш. Самы жах наперадзе – тае ж ночы Родзька памёр. (Змаўкае.)
Завальня. О Божа! (Задумліва.) Стары пан Марагоўскі, ведаючы легкадумны нораў сына, прасіў мяне не пакідаць маёнтак, што б ні здарылася. Але ці думаў ён, што пан Альберт захаўрусуе з Чарнакніжнікам, выкінуўшы з могілак бацькавы косці на здзек крумкачам?
Тамаш(згадаўшы). А па начах бачылі мы з аднавяскоўцамі на замчышчы нейкую кабету, якая плакала так жалосна, нібы гаротная маці па сваіх нешчаслівых дзецях. Старыя людзі кажуць, што яе так і завуць – Плачка, і што на месцы яе з'яўлення схаваны старажытныя скарбы і рэліквіі, а часам знаходзяць там чалавечыя косці і зброю. Вы, пане Завальня, чалавек вучоны і самі іншым разам нешта запісваеце ў кніжачку, ці не ведаеце, хто тая Плачка і што прадвяшчае яе з'яўленне?
Чарнакніжнік, з надзвычайнай увагай выслухаўшы Тамаша, знікае ў пакоях пана Альберта.
Завальня. У старых хроніках даводзілася мне чытаць, што Плачка з'яўляецца ў нашым краі перад разбуральнымі войнамі, перад голадам і паморкам, нібы хоча папярэдзіць сваіх дзяцей, каб рыхтаваліся да вялікіх няшчасцяў. I я здагадваюся, аб якім няшчасці папярэджвае нас Плачка зараз.
Тамаш. Ах, васпане, не палохайце беднага чалавека, кажыце лепш адразу, што ведаеце.
Завальня. У горадзе ходзяць чуткі, што магутная ўладарка, Белая Сарока, упадабала наш край і хоча сілай ці хітрасцю далучыць яго да сваіх бязмежных уладанняў.
Быццам збіраецца даслаць сюды сваіх бязлітасных ваяроў, і што быццам сярод нашых паноў шмат хто патаемна падтрымлівае з ёй сувязь і хоча добраахвотна перайсці пад яе карону.
Тамаш. Божухна, што з намі будзе, хто абароніць нас на гэтай зямлі, калі самі нашы гаспадары наводзяць на нас ворагаў?!
Нечакана расчыняюцца дзверы і на парозе свайго пакоя з'яўляецца пан Альберт. З-за спіны ягонай выглядае Чарнакніжнік.
Альберт(са злавеснай усмешкай). Добры вечар, пане аканом! Ці выканалі вы мае даручэнні, што так хутка вярнуліся?
Завальня. Вечар добры, пане Альберт. Вярнуўся, бо з даручэнняў выканаў толькі тыя, на якія хапіла грошай пані Амеліі.
Альберт(да Тамаша). А ты што тут робіш у гэткі позні час? I навошта прынёс кадзіла, чаду ад якога я не выношу?
Тамаш(спалохана). Я, паночку, адбываў чаргу начнога вартаўніка, абыходзіў усе пабудовы, стукаючы малатком аб жалезны брусок і вось сустрэў пана аканома. А кадзіла мне даў святар, загадаў, каб я акурыў пакоі ў панскім доме.
Альберт. Тут загадваю я, а не святар! Каб болей я гэтага чаду ў сваім доме не чуў! (Супакойваецца.) Зрэшты, не пра гэта зараз размова. Казалі мне (азіраецца на Чарнакніжніка), што сустракаў ты на замчышчы кабету, якую завуць Плачкай. Што гавораць людзі пра месца, дзе з'яўляецца тая кабета?
Тамаш(неахвотпна). Рознае гавораць, паночку, хіба ўсё запомніш?
Альберт. Не прыкідвайся дурнем, лайдак! Ты ведаеш, што на месцы з'яўлення
Плачкі схаваны каштоўныя скарбы і старажытныя рэліквіі. Правядзеш мяне і майго прыяцеля да замчышча і пакажаш, дзе бачыў Плачку. Можа, і пан аканом пойдзе з намі?
Завальня. Не, пан Альберт, не таму нас вучыць Святое пісанне, каб мы слухаліся бязбожных парадкаў Чарнакніжнікаў, нішчылі магілы продкаў і шукалі прывідных скарбаў! З'яўленне Плачкі – гэта папярэджанне людзям, каб выправілі свае норавы. Але людзі цяпер ніякім прароцтвам ке вераць, ім патрэбны скарбы, каб, не працуючы, мець усё, што заманецца. Яны за золата прададуць усё тое, што нашы продкі шанавалі даражэй за жыццё!
Альберт. Бачу, пан Завальня болей ахвочы чытаць свайму гаспадару маралі, чым выконваць яго загады. Прыйдзецца, відаць, мне сапраўды шукаць новага аканома.
Завальня. Працы я не баюся, а хто сумленна працуе – таму і Бог дапамагае. Але ніколі не зраблю я ўчынку, ад якога потым на душы цяжка!
Альберт. Ну што ж, возьмем з сабою лёкая. (Кліча.) Карпа!
З'яўляецца сонны лёкай Карпа.
Завальня. Апамятайцеся, пан Альберт, іменем вашага нябожчыка-бацькі заклінаю!
Альберт. Пойдзеш з намі, Карпа, і будзеш сачыць за гэтым лайдаком-селянінам, каб у поцемках не збег па дарозе. Захопім рыдлёўку, мяхі і ліхтар. Пачакаем, пане Завальня, што вы скажаце, калі я вярнуся з поўнымі мяхамі золата.
Пан Альберт, Карпа і Тамаш выходзяць. Услед за імі чорным ценем выслізгвае Чарнакніжнік.
Завальня(услед). Спыніцеся, неразумныя людзі! Слёзы і нараканні Плачкі абяцаюць вам не золата і дыяменты. Кабета тая плача на парозе забытае вамі святыні. Вы думаеце толькі пра багацце, а вас чакаюць няшчасці і пакуты! (У адчаі выходзіць з пакоя на панадворак.)
Карціна шостая
У вітальні панскага дома ў маёнтку Магільна. Уваходзіць пакаёўка Агапка, набліжаецца да стала, вымае з фартуха чорнае яйка.
Агапка. Куды гэта яны выбраліся проці ночы? Узялі рыдлёўкі, мяхі. (Задаволена смяецца.) Карпа нават не паспеў схаваць ад мяне чароўнае яйка. (Кладзе яйка на стол.)
Няўжо ад гэтага яйка сапраўды залежыць нашае шчасце? (Уладкоўваецца ў крэсле, але пры гэтым незнарок штурхае стол.) Ой!
Чароўнае яйка падае са стала на падлогу, разбіваецца і ператвараецца ў слуп дыму. Калі дым рассейваецца – перад Агапкай стаіць прыгожы малойца ў чорным уборы з чырвоным пасам і ў чырвоных ботах, на руках – мноства каштоўных пярсцёнкаў. Зрэшты, ён не стаіць, ён увесь час увіваецца вакол Агапкі, рухі яго нагадааюць адмысловы танец.
Цмок. Кланяюся маладой гаспадыні! Прыемна будзе выконваць жаданні такой пекнай паненкі.
Агапка. Няўжо ты і ёсць той Цмок, які павінен быў вылупіцца з яйка, знесенага пеўнем, і прыносіць Карпу збожжа і золата?
Цмок. Можа быць. А хто такі Карпа?
Агапка. Лёкай пана Альберт і мой жаніх.
Цмок(здзіўлена). Як, у такой шляхетнай паненкі жаніх – лёкай?
Агапка. Але калі ты прынясеш яму грошы, ён заплоціць гаспадару выкуп, стане вольным і багатым.
Цмок(смяецца). Ну і што ён зробіць са сваім багаццем? Купіць хату, кавалак зямлі, жывёліну і зоймецца гаспадаркай, калі ахвочы да працы. А калі лайдак – будзе дзень і ноч гуляць у карты ды піць гарэлку. Хіба халоп зможа карыстацца шчасцем, хіба ён здолее ацаніць пекнату паненкі і зразумець усе яе таемныя жаданні? (Бярэ Агапку за рукі і таньчыць разам з ёй.)
Агапка(заварожана). Ах, праўду ты кажаш, я і сама неаднойчы пра гэта думала.
Цмок. Дык навошта нам з табой нейкі лёкай Карпа? Я не толькі прыношу збожжа і золата, я магу і цуды тварыць. Пабудую такі палац, пра які апавядаюць у казках, што ўвесь свеціцца золатам і срэбрам, з багатымі пакоямі ў люстэрках і крышталі. (Кружыць Агапку.)
Агапка. Ах!
Цмок. Развяду сад, дзе будуць спець залатыя і срэбныя яблыкі, спяваць райскія птушкі, расці прыгожыя кветкі, ярчэйшыя, чым зоркі на небе. (Кружыць Агапку.)
Агапка. Ах!
Цмок. З'едзецца шмат знакамітых паноў паглядзець на тыя цуды. Ты будзеш мець лепшыя на свеце ўборы і ўпрыгожванні, жыць лепш за каралеву! (Раптоўна спыняе танец.)
Агапка(хістаецца). Спакуслівая твая прапанова, і, прызнаюся, сзрца маё салодка замірае ў прадчуванні шчасця, калі я слухаю твае абяцанні!
Цмок. Ты маладая, прыгожая, спадзяюся, што і разумная. Пачынай жа сама гаспадарыць, а я буду дапамагаць табе, і мы здзівім свет!
Цмок дастае жменю пярсцёнкаў, завушніц, пацеркаў і ўпрыгожвае Агапку.
Агапка(у захапленні). Ах, я гатова ісці за табой хоць на край зямлі!
Цмок(задаволена рагоча). Пад зямлю! Пад зямлю!
Дамогшыся свайго, Цмок хапае Агапку і знікае разам з ёй у слуле дыму, з якога з'явіўся. Як заўсёды ў падобных выпадках, пахне серай і першародным грахом. З свайго пакоя выходзіць устрывожаная пані Амелія.
Амелія. Агапка! Дзе ты, Агапка? (Аглядае апусцелы пакой.) Дзіўна, пабудзіў мяне голас Агапкі, падалося, што яна размаўляе з кімсьці ў вітальні. Але тут нікога няма. (Уздрыгвае ад холаду, зноў азіраецца.) Такое адчуванне, нібы я засталася адна ва ўсім доме.
Пані Амелія бярэ са стала свечку і ідзе ў пакоі пана Альберта. Затым абыходзіць усе астатнія пакоі, раз-пораз з'яўляючыся ў вітальні. Нарэшце спыняецца ў нерашучасці перад чорнымі дзвярыма.
Што здарылася? У такі позні час няма ні служак, ні Альберта. Можа, ён у гэтым жахлівым пакоі, куды забараніў мне ўваходзіць?
Павагаўшыся, пані Амелія прыадчыняе чорныя дэверы і зазірае ў пакой. Нясмела ўваходзіць, праз нейкі момант вяртаецца з вялізнай, у старадаўняй вокладцы, кнігай.
Стаўляе свечку на стол, кладзе кнігу.
I там нікога няма. Але што за дзіўны пакой – увесь застаўлены шклянкамі з нейкімі вадкасцямі, посудам з парашкамі, а на стале ляжала гэтая старадаўняя кніга. Альберт не казаў мне, што цікавіцца навукамі і чытае кнігі. (Разгортвае кнігу.) Першы раз у жыцці бачу белы друк на чорнай паперы. Цікава, пра што напісана ў гэтай кнізе? (Чытае ўголас.)
«Дух Нікітрон, пакінь агонь, да мяне з'явіся, чалавекам абярніся!» (Спалохана.) Ой, што я чытаю!
Полымя свечкі, што стаіць на стале, раптоўна ўзнімаецца высока ўгору, з яго ўзнікае лёгкая і гнуткая чалавечая постаць, саскоквае на падлогу, і вось ужо над Амеліяй узвышаецца вялізны мурын у пунсовай вопратцы. Ад нечаканасці Амелія ледзь не страчвае прытомнасць і падае ў крэсла.
Нікітрон. Навошта ты выклікала мяне, няшчасная?
Амелія. Я не хацела, гэта атрымалася выпадкова...
Нікітрон. Ты ўзяла кнігу варажбіта, прачытала магічнае заклінанне – і вось я з'явіўся. Кажы, чаго хочаш?
Амелія. Ты – Нікітрон?
Нікітрон. Так, я дух агню Нікітрон. А ты – Амелія. Я ведаю цябе, бо дапамагаў Чарнакніжніку наслаць на цябе той дзіўны сон, паверыўшы якому, ты выйшла замуж за тутэйшага гаспадара?
Амелія(закрывае твар рукамі). Ах, які брудны падман! Я думала, што сапраўды мая дапамога, маё каханне выратуюць Альберта, што выходжу за яго па Божай волі...
Нікітрон. Не згадвай пры мне Бога, жанчына! Кажы хутчэй, якое ўчыніць зло, і я выканаю тваё жаданне.
Амелія(адымае рукі ад твару). Учыніць зло? Навошта? Калі ты хочаш для мяне нешта зрабіць, – вярні мне Альберта, прасвятлі яго розум, змякчы сэрца.
Нікітрон(абурана). З такой просьбай ты звяртаешся да мяне, духа агню, утаймаванага Чарнакніжнікам дзеля таго, каб насылаць на людзей хваробы і няшчасці?!
Амелія(холадна). Калі ты не хочаш і не можаш рабіць дабро, – вяртайся туды, адкуль прыйшоў. Я шкадую, што выпадкова цябе патурбавала.
Нікітрон(рагоча). Ты шкадуеш і думаеш – гэтага дастаткова? (Урачыста.) Ведай жа: калі ты выклікала мяне і нічога не загадала, – я вымушаны забіць цябе.
Амелія(абыякава). Забі.
Нікітрон(расчараваны абыякавасцю Амеліі). Ты не баішся смерці, няшчасная?
Амелія. Пасля таго, што я даведалася, я не хачу жыць. Калі ты заб'еш мяне – ты зробіш добрую справу.
Нікітрон(аслупянела). Што?! Я зраблю добрую справу? Яле гэта немагчыма.
Амелія. Аказваецца – магчыма.
Нікітрон(у нерашучасці). Як жа быць? Забіць – нельга, не забіць – таксама нельга. Што б тут загадаў Чарнакніжнік?
Амелія(задумліва). Нікітрон, а чаму ты служыш Чарнакніжніку?
Нікітрон. Таму што ён – гаспадар гэтае кнігі, а ў кнізе напісаны заклінанні, якім падпарадкоўваюся я і сем маіх братоў: Ярон, Ірон, Кітрон, Фараон, Фаразон, Лідон і Сталідон. (Узрадавана.) Слухай, жанчына, прачытай заклінанне і выклічы аднаго з маіх братоў – няхай ён з табой разбіраецца!
Амелія. Твае браты таксама не могуць рабіць добрых спраў?
Нікітрон. Мы можам рабіць толькі тое, што напісана ў гэтай кнізе. А ў кнізе нічога не напісана пра добрыя справы, яна створана для зла.
Амелія. Не, не хачу я выклікаць тваіх братоў... Нікітрон, а чым вы займаліся да таго, як была напісана гэтая кніга?
Нікітрон. О, шчаслівыя то былі часы! Мы лёталі ў касмічных сферах, сярод зорак і планетаў, дзе няма ні дабра, ні зла, зямныя справы нас не датычылі, і мы пачуваліся свабоднымі.
Амелія. Значыць, трэба знішчыць жудасную кнігу і ты зноў станеш свабодным.
Нікітрон. Гэта было б цудоўна, толькі хто ж адважыцца на такое?
Амелія. Ну вось я вазьму зараз і спалю яе. (Падносіць раскрытую кнігу да свечкі.)
Нікітрон(спыняе Амелію). Пачакай, неразумная жанчына!.. Кніга згарыць, але, па-першае, Чарнакніжнік можа аднавіць заклінанні і напісаць новую кнігу, а па-другое...
Амелія. Што – па-другое? Кажы, чаму змоўк?
Раптоўна магутныя грымоты скаланаюць дом, на двары ўсчынаецца навальніца. Невядома скуль на стол спадае некалькі чорных крумкачыных пёраў, апаленых і смярдзючых.
Голас Плачкі(рэхам). Нікчэмныя стварэнні... нікчэмныя стварэнні... кожны з вас будзе пакараны... адпаведна сваім грахам і ўчынкам... Адпаведна сваім грахам і ўчынкам...
Голас Тамаша(рэхам). Божая кара... Божая кара нарэшце напаткала злога Чарнакніжніка і варажбіта... Чарнакніжніка і варажбіта...
Амелія(заціскае вушы). Што гэта, Нікітрон?
Нікітрон бярэ са стала крумкачыныя пёры, разглядае іх, паказвае Амеліі.
Нікітрон. На небе ёсць перуны, магутнейшыя за Чарнакніжніка, мусіць, яны спапялілі яго. (Звяртаецца ў прастору.) О, браты мае, Ярон, Ірон, Кітрон, Фараон, Фаразон, Лідон, Сталідон! Няма ўжо таго варажбіта, што пры дапамозе заклінанняў зняволіў нас і прымушаў выконваць сваю волю!..
Амелія тым часам падносіць разгорнутую кнігу да свечкі, падпальвае і кідаеў камін. Нікітрон, пералічваючы імёны сваіх братоў, занадта позна заўважае гэта.
Няшчасная, што ты нарабіла! Я не паспеў сказаць табе: таго, хто знішчыць чароўную кнігу, чакае смерць!
Амелія(глядзіць на дагараючую кнігу). Я ўсё роўна спаліла б яе... Ах!..
Амелія знясілена хістаецца, Нікітрон хоча падтрымаць яе, але тут дзверы адчыняюцца і ў вітальню ўваходзіць прамоклы шляхціц Завальня з ліхтаром у руках. Нікітрон адыходзіць у глыб пакоя, і Завальня не заўважае яго.
Завальня. Што з табой, Амелія?
Падбягае да Амеліі, але не паспявае падхапіць яе, і тая, страчваючы сілы, апускаецца на падлогу. Завальня нахіляецца, прыўзнімае Амелію, абняўшы яе за плечы.
Табе блага, дачушка?
Амелія. Я спаліла кнігу Чарнакніжніка і цяпер паміраю... Але скажыце, дзядзечка, гэта дапаможа Альберту?
Завальня. Твае пакуты, тваё каханне, дзіця маё, вымольваюць у Бога выбачэнне ягоных грахоў...
Амелія памірае на руках у шляхціца Завальні.
О, Божа, яна памерла!
Нікітрон(глядзіць угару). Яе душа ляціць на нябёсы так хутка, што нават мне, духу агню, яе не дагнаць. (Знікае.)
Заслона
Карціна сёмая
Тае ж начы на замчышчы. Святло ліхтара ў руках пана Альберт а выхоплівае з цемры постаці Тамаша і Карпы, якія, адкінуўшы ўбок рыдлёўкі, нешта намацваюць і шукаюць у разрытай яміне. З-за спіны пана Альберта назірае за вынікам пошукаў Чарнакніжнік.
Альберт. Ну што вы там марудзіце! Хвіліну назад я выразна чуў, як рыдлёўка скрабнула па жалезе. Мусіць, гэта куфар з золатам і каштоўнымі каменнямі!
Карпа. Не, гаспадар. Гэта цяжкі жалезны панцыр, які прыкрывае грудзі шкілета, а побач ляжаць іржавы меч і шалом. Паўсюль тут шкілеты: косці іх рук і ног у цяжкіх кайданах.
Тамаш. Бог не даруе нам здзек над магіламі гэтых няшчасных. Няма тут, паночку, ніякага скарбу, а калі ёсць – дык зачараваны, яго немагчыма дастаць, бо ён будзе ўсё глыбей і глыбей апускацца ў зямлю.
Альберт. Брыдка слухаць тую лухту, якую ты пляцеш, неразумны мужык!
Тамаш(упарта). А яшчэ я чуў, што недзе дасталі з зямлі зачараваны скарб і калі нехта ўзяў адтуль толькі пенязь, таму чалавеку нейкая невядомая хвароба скруціла абедзве рукі.
Альберт. Мне ніякі пенязь не зашкодзіць. Бяры рыдлёўку і выкідвай з яміны гэтыя спарахнелыя косці да д'ябла!
Пры гэтых словах пана Альберта магутныя грымоты скаланаюць зямлю, яркая маланка асвятляе велічную постаць кабеты ў белым як снег строі з чорным уборам на галаве, у чорным плашчы на плячах. Кабета трымае ў руках агнёвы меч, які рассякае паветра.
Плачка. Нікчэмныя стварэнні! Золату і срэбру прадалі вы свае душы. Думаючы адно пра багацце, вы зняважылі прах героя, які са славаю скончыў тут сваё жыццё. Прыйдзе час узняцца з магіл мёртвым і вы будзеце зганьбаваныя перад усім светам!
На Чарнакніжніка грымоты, маланкі і словы Плачкі аказваюць жахлівае ўздзеянне.
Пры кожным раскаце цела яго працінае сутарга, твар перакошваецца ад страху, злосці і бездапаможнасці. Спачатку ён спрабуе схавацца сярод руінаў, пасля – абяртаецца ў крумкача... Але Плачка ўзнімае агнёвы меч, з неба спадае імклівая маланка і спапяляе чорную птушку.
Спалоханы Карпа ніцма падае на зямлю. Пан Альберт слупянее і страчвае мову. Тамаш богабаязна жагнаецца.
Голас Амеліі(рэхам). Што гэта, Нікітрон?.. што гэта, Нікітрон...
Голас Нікітрона(рэхам). На небе ёсць перуны, магутнейшыя за Чарнакніжніка... на небе ёсць перуны, магутнейшыя за Чарнакніжніка...
Тамаш. Божая кара нарэшце напаткала злога Чарнакніжніка і варажбіта!
Плачка(звяртаецца да людзей, гнеўна). Шукаеце скарбаў у маім падземным палацы? Ад вашае хцівасці нідзе мне няма спакою. Няхай кожны з вас будзе пакараны адпаведна сваім грахам і ўчынкам!
Тамаш. Прабач мне, высакародная пані Плачка! Я не прагнуў багацця, не хацеў скарбаў – злая воля гаспадара прывяла мяне на замчышча.
Плачка(да пана Альберта). О, няшчасны! Ты ўчыніў здзек над магіламі бацькоў, ты ўвайшоў у змову з ворагам і здрадзіў айчыне, зняславіў імя сваіх продкаў. Прагнуў раскошы і прывіднага багацця і не заўважыў побач з табой багацця сапраўднага – шчырага, адданага кахання. Жыў як вар'ят, дык стань жа сапраўдным вар'ятам да канца дзён сваіх!
Пан Альберт з роспачным крыкам кідаецца прэч з замчышча.
(Да Карпы.) Ты, служка, варты свайго гаспадара, хацеў купіць каханне за грошы і прадаў дзеля гэтага сваю нікчэмную душу д'яблу. Вяртайся ж дадому і даведайся, што ўчыніла ганарлівая дзяўчына, дзеля якой ты загубіў сваю душу.
Карпа ўзнімаецца з зямлі і панура брыдзе ўслед за панам Альбертам. (Да Тамаша.) Дарую табе, бо прыйшоў ты сюды не па сваёй волі. Ідзі і скажы прагным да багацця людзям: «Не дадуць вам шчасця скарбы, калі міласэрнасць не змякчыць вашае сэрца». А сумленным, цнатлівым сынам маім скажы, што насоўваецца на наш край чорная хмара і толькі мужнасць і любоў да бацькаўшчыны дапамогуць выстаяць на гэтай зямлі сярод няшчасцяў і прыгнёту.
Тамаш схіляецца ў паклоне і пакідае замчышча.
Няма каму даверыць таямніцу сэрца майго!
Захутваецца ў чорны плашч і знікае сярод руінаў.
3аслона
Карціна восьмая
Вітальня панскага дома ў маёнтку Магільна праз месяц. Шляхціц Завальня збіраецца ў дарогу, аглядае шаблю і пісталеты. Селянін Тамаш дапамагае яму сабраць немудрагелістыя рэчы.
Тамаш. Ах, пане дабрадзею, на каго вы пакідаеде гэты дом, дзе раскашуюць няшчасді і смерць? Звар'яцелы гаспадар сядзіць нерухомы ў сваім пакоі і размаўляе толькі з ценем на сцяне. Добрая душа пані Амеліі не знайшла шчасця на зямлі і паспяшалася на нябёсы. Агапка збегла з нейкім малойцам, а Карпа, калі даведаўся пра гэта, павесіўся ў стайні.
Завальня. Не вярэдзь раны майго сэрца, Тамаш. Шкада мне пана Альберта, хаця і справядліва пакараны ён Богам за свае цяжкія грахі. А няшчасная пані Амелія, цнатлівая і светлая, бы анёлак, яна за што пакутавала? Цяжка ўспомніць, што адбывалася ў гэтым доме. (Уздыхае.) Але яшчэ цяжэй чуць пра жахлівыя падзеі за яго сценамі. Спраўдзіліся папярэджанні Плачкі: ваяры Белае Сарокі ўварваліся ў наш край, рабуюць і забіваюць людзей, апаганьваюць святыні. А заможныя паны толькі пра тое дбаюць, каб застацца пры багацці і раскошы, ашукваюць блізкіх і саміх сябе, балбочуць пра веру і любоў да бацькаўшчыны, а самі пільнуюць зручнага моманту, каб з выгадай перайсці на бок ворага. Ці ж можна ў такі час заставацца дома шляхціцу, рукі якога яшчэ не развучыліся трымаць зброю?
Тамаш. Што будзе з намі ўсімі, васпане, з нашай зямлёй, жыццём, верай? Няўжо няма ніякіх надзей на лепшае?
Завальня. Шмат наш край зазнаў розных пераменаў шчасця і няшчасця. Веру, што знікнуць чорныя хмары, закрасуе вясна, прыйдзе радасць і на нашыя лугі і палеткі. Вось толькі ці дажывём мы да таго часу, ці нашыя дзеці, ці ўнукі – не ведаю... Аднак, Тамаш, развітаюся з табой. Аддаю сваё жыццё ў божыя рукі. Можа, і давядзецца яшчэ пабачыцца на гэтай зямлі. Пакідаючы на цябе хворага пана Альберта, спадзяюся на тваю цярплівасць і міласэрнасць.
Тамаш. Няхай дапамагае вам Езус Хрыстус і Матка Боска! А я праводжу вас да ваколіцы, пане Завальня.
Завальня і Тамаш знікаюць за дзвярыма. З свайго пакоя выходзіць звар'яцелы гаспадар маёнтка, зацкавана азіраючыся. Цяжка пазнаць у гэтым хворым, разгубленым чалавеку ранейшага самаўпэўненага і жорсткага пана Альберта.
Альберт. Бачыце слёзы на маіх вачах? Іх вы раней ніколі не бачылі, вось якая перамена са мною. Цяпер іншыя маю погляды: тады б чалавек мог зрабіцца шчаслівым, калі б ператварыўся ў камень, калі б засыпаў яго пясок і нічога б не чуў і не бачыў, што дзеецца на свеце. Распавёў бы вам шмат, але баюся, бачыце: мухі ўсюды вакол нас лётаюць. Гэтыя прыкрыя стварэнні залятаюць і вылятаюць у адчыненае акно. Яны ўсё разнясуць па свеце, што ў нас чыніцца, як жывём, пра што гаворым, дзе і як молімся. А вы не зважалі, якія гэтыя мухі страшныя? Я сяджу самотны ў сваім пакоі, а яны снуюцца вакол, са страхам паглядаю на іх, бо бачу, як яны перамяняюцца ў дзіўных монстраў, гэтыя іх страшныя крылы здаюцца фракамі на нязграбных людзях, а твары іхнія размаітае формы: адны круглыя, шырокія, з крывымі плямамі, другія – сухія з востраю бародкаю і доўгімі валасамі. I ўсе гэтыя страшыдлы глядзяць на мяне: адны здзекліва, другія пагрозліва. Мухі, мухі, паўсюль гэтыя мухі... (Змаўкае.)
Пад час маналога пана Альберта дом ахутвае паўзмрок, з усіх дзвярэй і акон у вітальню набіваюцца прывіды, у якіх няцяжка пазнаць удзельнікаў вешчага сну Амеліі, а таксама нябожчыкаў, пачвараў і нават Белую Сароку і Чарнакніжніка (зрэшты, апошнія не выдзяляюцца з агульнага натоўпу, а Белая Сарока да таго ж не выглядае прыгожай і велічнай).
(Сядае на падлогу.) Сніўся мне дзіўны сон: бачыў я Амелію, быццам пераходзілі мы з ёй праз нейкую пустэльню, дзе шмат было страшных гадзюк. Яны ўвесь час заступалі нам шлях, нібыта хацелі ўтнуць. На захадзе ў чорных хмарах гасла сонца і шумеў голы лес Амелія, не кажучы мне ані слова, усё далей і далей ішла, журботная, сярод нейкіх руінаў.
З'яўляецца душа Амеліі, бязважкая і светлая.
Я ўбачыў недалёка ад дарогі яшчэ нейкіх жахлівых звяроў і закрычаў: «Амелія, давай вернемся дахаты. Нас напаткала цёмная ноч, а падарожжа небяспечнае». Яна адказала мне, плачучы...
Амелія. О, доўгая і страшная будзе ноч! (Становіцца за Альбертам, кладзе рукі яму не плечы.) Хутка звон і ранішняя малітва прывітаюць узыход сонца і разгоняць змрок. Гэтых звяроў я не баюся, але цябе яны могуць загрызці, дык не адыходзь ад мяне.
На авансцэну выходзяць шляхціц Завальня і Плачка. Не, гэта толькі а к ц ё ры, якія іх ігралі. Бо сам спектакль скончыўся. Акцёры чытаюць «Малітву за Беларусь», і па меры чытання святло ўсё больш разліваецца па сцэне, адсоўваючы змрок і жудасныя прывіды ў самы куток вітальні панскага дома ў маёнтку Магільна.
Акцёр. Божа ўсемагутны, адхіні напасці ад Бацькаўшчыны нашае Беларусі, захавай на вякі вечныя край вольным, зямлю плоднай, як маці вагітная, паветра чыстым, ваду здаровай, нетры непарушанымі, каб цешылася з ласкі Твае ўсё жывое: і чалавек, і птушка, і жывёліна, і рыба, і малая казурка.
Акцёрка. Уладару Нябесны, дабраслаў на еднасць і ўзаемадапамогу люд беларускі ў кожным месцы зямлі Тваёй, накіруй на шлях дабра і справядлівасці, спагады да блізкіх і далёкіх нашых.
Акцёр. Захавай ад варожага ўціску, вайны, голаду, мору, агню пякельнага, патопу, чорнае д'ябальскае сілы, а таксама ад брацкае нязгоды.
Акцёрка. Памажы нам захаваць у сэрцах веру нашую і славіць Святое імя Тваё на святой мове нашай роднай беларускай.
Акцёр. Дай спазнаць літасць Тваю, выбач нам грахі нашыя: зласлівасць і гультайства, распусту і хцівасць, а роўна ж і абыякавасць да лёсу Беларусі і да гора людскога.
Акцёрка. Адвядзі нас ад спакусы здрады і нявернасці, крывой прысягі, слоў аблудных і іншых учынкаў, што губяць душы нашыя і нясуць сорам Краю нашаму.
Акцёр. Сцеражы нас, Божа, ад грэху халуйства, ад прыніжэння годнасці Бацькаўшчыны і нашага народа беларускага.
Акцёрка. Не карай нас бяспамяцтвам і не дай забыцца святое мовы нашае беларускае, гісторыі, традыцыяў нашых, а дай сілы і шчырасці з адданай любоўю і пашанаю прымнажаць сцрадвечнае і высакароднае, што стварылі для нас продкі нашыя.
Акцёр. Божа магутны, Божа літасцівы, пашлі нам сілы і цярпенне ў стараннях нашых аб росквіце і волі Бацькаўшчыны нашай і дай нам бязмерную любоў, каб мы бясконца любілі святую Беларусь, і захавай яе нам на векі вечныя.
Акцёрка. У імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Аман.
Заслона
Людміла Рублеўская
Сэрца мармуровага анёла
1
Люблю вандраваць.
Часам гэтая схільнасць ублытвае мяне ў авантурныя падзеі, якія не да твару такой самавітай асобе, як я, з навуковай ступенню кніжкамі і працай у сталічным музеі… Ды не, гэта я перабольшваю наконт маёй самавітасці. Па-ранейшаму не паважаю сур'ёзных паседжанняў і павучальных размоў, увогуле цярпець не магу тое, што называецца «ўпарадкаванасцю». Акуратныя стосікі аркушаў і кніг на пісьмовым стале выклікаюць у мяне адно жаданне – зараз жа раскідаць іх. Утульна я адчуваю сябе толькі ў мастакоўскіх майстэрнях – там, дзе састаўленыя ўздоўж сцен кераміка і палотны, дзе на паліцах аскепкі невядомых пасудзін і дзівосныя букеты з сухіх кветак і птушыных пёраў… Дзе можна знайсці зусім нечаканыя прадметы – ад чалавечага чэрапа да ліхтара, з якім у мінулым стагоддзі абходчык чыгункі сустракаў цягнік… Дзе ў паветры, прапахлым алейнымі фарбамі, нібыта празрыстыя мятлушкі, лунаюць душы ненапісаных карцін. У антыкварныя філіжанкі нальецца кава, і пойдзе размова – пра Мастацтва…
Я – з тых, хто пры мастацтве… Як я хацела быць у ім! Але калі зразумела, што не магу быць сярод лепшых мастакоў, перавялася з мастацкага на мастацтвазнаўчае аддзяленне. Не ведаю, можа, і ўчыніла глупства… Але і на сваёй цяперашняй дзялянцы спрабую нешта зрабіць. «Жанчына з неўладкаваным лёсам» – так, здаецца, гавораць пра такіх, як я? Бліжэйшая сяброўка Нюта сцвярджае, што мой характар і вобраз жыцця проста не выцерпіць ніводзін нармальны мужчына. Цікава, хто, на яе думку, «нармальны мужчына»? Я – не ведаю.
Мае першае і самае моцнае каханне – Альберт Свянткоўскі, мастак. Пазнаёміліся мы з ім на першым курсе. Таленавіты быў вельмі. За талент яму ўсё прабачалі – і пропускі заняткаў, і дробныя хуліганскія ўчынкі кшталту намазанага фосфарам чэрапа ў лабаранцкай. Альберт і сказаў мне наконт маіх перспектыў у мастацтве. Гэта ў яго стылі – гаварыць, што думае, і рабіць, што хоча. Я не была настолькі амбіцыйнай, каб пакрыўдзіцца, тым больш ён зусім не хацеў мяне крыўдзіць. Каханне наша трывала да пятага курса. Да гэтага часу Свянткоўскі паспеў усвядоміць, што я абсалютна непрыдатная для таго, каб грэць яму пантофлі, падаваць каву ў ложак і прабачаць лёгкія флірты дзеля натхнення. Мая «незямная» прыгажосць засталася занатаваная на яго палотнах, а ў мяне застаўся ягоны стары эцюднік, якім я часам карыстаюся. Развіталіся па-сяброўску, ён нават зрэдку тэлефануе мне – па справах, зразумела. Адгадаваў бараду, дабіўся вядомасці, два разы развёўся і тры разы жаніўся… Але Бог з ім, з Альберцікам… Мы былі занадта маладыя, каб грунтоўна псаваць адно аднаму жыццё. А вось наступнае – і апошняе – каханне, Радаслаў Дудкоўскі, ледзь не пахіснуў маё аптымістычнае светаўспрыманне. Пасля таго як Свянткоўскі апошні раз выпіў у маім пакоі філіжанку кавы і дэманстратыўна памыў яе на развітанне – працэдура, якая ніколі дагэтуль не адбывалася без майго напамінку, – я падрыхтавалася да пажыццёвай самоты. Але Радаслаў, Радзік, быў поўнай супрацьлегласцю абцяжаранаму ўласнай геніяльнасцю Альберціку. Ён таксама мастак, і нават някепскі. У адрозненне ад шматколернага Альбертавага буйства Радзік успрымаў свет ахраматычна. Яго гравюры па-свойму стыльныя – акадэмічна правільныя і ў той жа час з нейкай дзівінкай, няўлоўнай няправільнасцю, ад якой звычайныя відарысы ператвараюцца ў снабачанні. Радзік пераканаўча давёў мне, што я – ідэал жанчыны ўвогуле і ягоны ідэал у прыватнасці. Ён прыходзіў у маю аднапакаёвую «хрушчоўку», якая засталася мне ад бабулі, з букетамі ружаў. Варыў украінскі боршч на пліце, якую я ўключала толькі дзеля таго, каб згатаваць гарбату. Заварваў зёлкі, калі я хварэла… Ну і, зразумела, занатоўваў для вечнасці маё аблічча ў чорна-белым варыянце. Карацей, усе сяброўкі і сваякі адзінадушна вынеслі вердыкт, што дурная буду, калі такога мужыка адпрэчу. З Радзікам мы дайшлі нават да загса… І тут пачалося. Высветлілася, што акрамя гаспадарчых здольнасцей, у майго мужа хапае комплексаў і неўрозаў, і я мушу штодзень падтрымліваць яго ў бязлітаснай і няўдзячнай барацьбе – «Радзік – супраць усяго свету». Таму што навокал усе былі зайздроснікі, паклёпнікі, хітруны, ілгуны, спрытныя бездары і кар'ерысты. Над імі ўзвышаўся, кшталту антычнай статуі Немезіды, бездакорны Радзік. Кожны дзень я мусіла выслухоўваць скаргі і жахлівыя падрабязнасці гэтай барацьбы. Цэлы год я ўспрымала мужа ўсур'ёз, як магла, спачувала, падтрымлівала, падзяляла абурэнне… Пакуль аднойчы не паназірала за ім сярод ягоных калег. Пасля я паспрабавала тлумачыць бескампраміснаму змагару, што спадар Н., магчыма, зусім не хацеў яго пакрыўдзіць, а спадарыня К. не падбіраецца да яго пасады… У такія моманты я з адзінага саюзніка ператваралася ў аднаго з ворагаў. І Радзік бег у сваю майстэрню – яна была якраз непадалёк, зачыняўся там і маляваў. Потым з'яўляўся задаволены, млявы і паблажліва дараваў мне. Відаць, для творчага натхнення яму неабходны быў выплеск адмоўных эмоцый. Колькі я перажыла – усё маё… Ён ваяваў з маім «мастацкім вэрхалам» і ўдзелам у экспедыцыях, напачатку нават штовечар пералічваў грошы ў маім кашальку і высвятляў, куды я столькі патраціла. І гэта можна было б дараваць, але Радзік не хацеў мець дзяцей. Ён лічыў, што свет занадта недасканалы, каб ствараць на пакуты яшчэ адну нявінную істоту. Спатрэбілася два гады, каб я ўсвядоміла, што маю справу з неўротыкам і эгацэнтрыстам, нягледзячы на тое, што ён варыў украінскі боршч і падносіў мне пантофлі.
Радзік павёў сябе высакародна і пакінуў мне прас і радыёпрыёмнік «Гарызонт». Астатнюю бытавую тэхніку і частку мэблі перавёз да маці, якая была на сёмым небе ад таго, што любы сыночак нарэшце пакінуў «гэтую змяю і п'яўку ў адной асобе».
Забылася згадаць, што часам Дудкоўскі забягае да мяне, каб упэўніцца, што без яго я не магу даць рады гаспадарцы і ўвогуле прападаю.