Текст книги "Дрэва вечнасці"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 26 (всего у книги 31 страниц)
Амелія. Дзякуй вам за дабрыню і клопаты, дзядзечка! Няхай дапамагае вам Бог у дарозе і ў справах. А я праводжу вас да брамы.
Выходзяць з пакоя. Праз нейкі час з чорных дзвярэй з'яўляюцца пан Альберт і Чарнакніжнік.
Альберт. Дзіўныя рэчы паказаў ты мне, Чарнакніжнік. Ніколі не забуду, як звычайныя чалавечыя валасы, абрэзаныя і кінутыя ў ваду, таньчылі, спявалі і спляталіся ў кубло, як вужакі. Калі, аднак, у маіх кішэнях зазвіняць залатыя манеты? Ўсе грошы маёй жонкі пайшлі на сплату падаткаў і даўгоў, мне засталіся толькі яе дакоры і слёзы.
Чарнакніжнік. Хутка, вельмі хутка ўсё пераменіцца і ў тваім лёсе, і ва ўсім краі. Адкрыю табе таямніцу – мая гаспадыня, Белая Сарока, збіраецца далучыць ваш край да сваіх уладанняў.
Альберт. А хто такая Белая Сарока?
Чарнакніжнік. О, Белая Сарока мудрасцю свет здзіўляе, твар яе – цуд прыгажосці, постаць велічная, адзенне з каштоўных дыяментаў і перлаў, жыве ў палацы, якога ты яшчэ ніколі не бачыў. Ёй кланяюцца багацейшыя паны і магутнейшыя ўладары на свеце, духі па яе загаду здабываюць скарбы з зямлі і мора, дзікіх мядзведзяў прывучыла яна да сябе, і тыя, як пакорлівыя сабакі, ляжаць ля яе трона. А часам гэтая чараўніца ўбіраецца ў пёры белае птушкі, калі хоча пабачыць тых, хто спрыяе ёй, і іх узнагароджвае, робіць шчаслівымі.
Альберт. Што ж, мне ўсё роўна, каму прадаваць сваю душу: д'яблу ці Белай Сароцы. А можа, гэта адна і тая ж асоба? Калі ты рэкамендуеш мяне сваёй гаспадыні?
Чарнакніжнік. Шмат хто з тваіх суседзяў-паноў хацеў бы пабачыць Белую Сароку ў сваім маёнтку, узняць у яе гонар келіх і пракрычаць «віват». Абяцаю, што ты будзеш не апошні сярод іх. Але спачатку трэба падрыхтавацца да сустрэчы вялікай уладаркі, а таму зрабі тое, аб чым я цябе надоечы прасіў. (Накіроўваецца да свайго пакоя.)
Альберт(неахвотна). Ах, так, вясковыя могілкі... Няўжо гэта сапраўды патрэбна?
Чарнакніжнік. Неабходна! I не забудзься пра Глухое возера. (Знікае за чорнымі дзвярыма.)
Альберт(кліча лёкая). Карпа!
З'яўляецца лёкай Карпа.
Карпа. Слухаю пана!
Альберт. Ты прывёў Тамаша?
Карпа. Тамаш ад самага ранку чакае на двары вашага загаду, пане.
Альберт. Пакліч яго сюды!
Карпа выходзіць. Праз нейкую хвіліну з'яўляецца Тамаш, а ўслед за ім – пані Амелія.
Тамаш. Слухаю вас, паночку.
Альберт. Ці быў ты калі на Глухім возеры, недалёка ад Нешчарды?
Тамаш. Давялося два разы, а болей – крый Божа. Акружана тое паганае возера з усіх бакоў цёмным лесам, нават у самае добрае надвор'е не відаць у тым возеры ані сонца, ані воблакаў на небе, ані зорак, ані месяца. Там заўжды вада каламутная, ніколі там не плаваў човен, ніводны рыбак не закідваў там сеці.
Альберт. Заўтра збірай людзей, адпраўляйцеся на Глухое возера і закідвайце там нерат. Калі з пракаветных часоў там ніхто ніколі не лавіў, дык, мусіць, шмат будзе рознае рыбы.
Тамаш. Адкуль тое пану? Шмат навакол прыдатных для лоўлі рэк і азёраў, няхай пан толькі скажа – і мы сёння ж прынясем рыбы колькі трэба.
Альберт. Будзеце рабіць тое, што вам загадана!
Тамаш. То няхай пан перш папросіць святара, каб пасвянціў нерат, бо ў тым возеры даўно пасяліўся нячысцік.
Альберт. Ды хіба ты яго бачыў, што плявузгаеш?
Тамаш. Пане, запытайся ў людзей – кожны ведае, якія там бываюць дзівосы ўначы: пачвары снуюць па беразе, чуваць з-пад вады енк і смех. Аднойчы я сам, калі гнаў коней на начлег, бачыў, як ляцела ў той бок нейкае страшыдла, з шумам рассыпаючы вакол сябе іскры, нібы распаленае жалеза пад молатам каваля, і над самым возерам распалася на дробныя часткі.
Альберт. Калі яшчэ раз пачую падобную лухту, дык загадаю ўсыпаць сорак бізуноў. Заўтра, што б там ні было, бярыце нерат і закідвайце на Глухім возеры.
Тамаш. Не пасвянціўшы ваду?
Альберт. Няма такое патрэбы. I якую б дзіўную рыбіну вы ні злавілі – не палохайцеся, а прыносьце сюды.
Амелія(не стрываўшы). Альберт, чаму ты прымушаеш людзей рабіць рэчы, супраціўныя іх душы? Бедны Тамаш страшэнна засмучаны, ён шчыра перакананы, што ў возеры жыве нячысцік. Ведаю, што забабоны ад невуцтва, але ж ці маем мы права так жорстка абыходзіцца з сялянамі толькі таму, што яны цёмныя і неадукаваныя?
Альберт(гнеўна). Як я бачу, і ты падобна да гэтага неразумнага селяніна, падахвоцілася глупствы бараніць! Але марнае будзе тваё заступніцтва. Людзі мае, як хачу, так і будзе. (Да Тамаша.) А ты слухай другі загад. На страшэнна няўдалым месцы знаходзяцца вашыя вясковыя могілкі. З майго акна заўсёды відаць драўляныя крыжы і старая каплічка. Наведаюць мяне неўзабаве госці, а гэтыя крыжы ды каплічка ўсё перад вачыма, кожнага могуць давесці да самотных думак і меланхоліі. Таму загадваю сялянам выбраць месца пад могілкі недзе каля лесу, каб не так часта чалавечае вока іх бачыла. А тут я ў хуткім часе пабудую новы дом, і цэгла з капліцы якраз пойдзе на падмурак.
Амелія(усхвалявана). Альберт, аднак жа бацьку твайму і дзеду гэтыя крыжы і магілы не заміналі і не наводзілі жахлівых думак. Не раз яны, мусіць, калі заходзіла сонца, старанна маліліся там за душы сваіх продкаў, а пасля смерці і самі знайшлі спачын на гэтых могілках.
Альберт. Не лезь не ў сваё! Я ведаю, што раблю і смяюся з вашае дурноты: занадта вы ўважлівыя да тых, каго ўжо даўно няма на гэтым свеце. Ідзі лепш у свой пакой і чытай бязглуздыя кніжкі!
Амелія. Не ведаю, скуль узяў ты гэтую жахлівую задуму, але памятай, Альберт: Бог усё бачыць і чуе!
Пані Амелія, пакрыўджаная і ўсхваляваная, знікае за белымі дзвярыма.
Тамаш(разгублена). Ох, паночку, бязбожную справу задумалі вы ўчыніць: нельга нішчыць святыні кранаць тое месца, дзе спачывае прах нашых і вашых продкаў. Вялікі грэх бярэце на сваю душу!
Альберт. Парады тваёй не прашу! Слухай, што загадваю, і выконвай!
Заклапочаны Тамаш, пачухаўшы патыліцу, выходзіць. Пан Альберт накіроўваецца да дзвярэй, завешаных чорным мошастам, але, павагаўшыся, перадумвае і знікае ў сваіх пакоях. Пераканаўшыся, што нікога з гаспадароў няма, уваходзіць лёкай Карпа і пакаёўка Агапка з гітараю. Агапка сядае ў крэсла, грае на гітары і спявае, Карпа з іранічнай усмешкай на твары слухае песню.
Агапка.
Божа, ты ў працы вялікай шчыруеш —
Лёсам, зямлёй і народам кіруеш;
Слухай жа ўласнай жабрачкі прычыны —
Беднай дзяўчыны.
Хіба прашу я дажджу ці пагоды,
Плодных палёў ці дзяржаўнае згоды?
Што мне інтрыгі вайскоўцаў дасужых —
Мне трэба мужа.
Пан над панамі, прашу я ў Пана:
Дай мне, каб хлопец, што мной пакаханы,
Быў маёй радасцю, шчасцем і краскай —
З панскае ласкі!
Карпа. Навошта, Агапка, прасіць мужа ў Бога, ці не лепш пашукаць яго побач з сабой на зямлі?
Агапка. Ах, зноў ты, Карпа, за сваё. Ну, сам падумай, які з цябе муж? Я – дзяўчына гожая, спраўная, калі прыходжу на кірмаш, і дудар для мяне ахвотней грае, і кожны з малойцаў лічыць за гонар са мной паскакаць. А ў цябе – ані грошай, ані ўласнае гаспадаркі, ні спадзяванняў на будучыню. Пашукаю я сабе лепш мужа багатага ды заможнага, не з прыслугі і не з сялян, а з месцічаў ды шляхты. А можа, і якому маладому, нефанабэрыстаму панічу прыпаду на вока, калі пашэнціць.
Карпа. Не, Агапка, трэба карыстацца часам, пакуль у жыцці вясна, пакуль маладое пачуццё робіць прыемнымі нашыя забавы.
Агапка. Вясна, лета і восень людскога жыцця маюць свае аздобы толькі тады, калі чалавек не ведае беднасці і мае чым задаволіць свае патрэбы і жаданні.
Карпа. Ты любіш, як бачу, грошы?
Агапка. Хто ж не любіць тое, што абавязкова патрэбна? Без грошай і каханне стыне.
Карпа. Эх, вужака золата і гонару зусім звяла цябе, Агапка.
Агапка. Што ж ты да мяне тады ўвесь час чэпішся? Ці, можа, ты сам не любіш грошы? А я хоць і пакаёўка, а за простага лёкая замуж не пайду. Разбагацееш – тады і пагаворым.
Ганарліва ўзняўшы галаву, Агапка выходзіць з пакоя.
Карпа. «Разбагацееш – тады і пагаворым». Разбагацееш тут за панам, які ўвесь у даўгах і толькі марыць, дзе б знайсці скарб ці якое золата з дапамогаю злога духа! А можа, і мне пашукаць які скарб? За чатыры вярсты ад маёнтка ляжыць на пагорку сярод яловага лесу Змяіны Камень. Распавядалі старыя людзі, што аднаго разу ў ціхую, пагодлівую ноч з поўначы на поўдзень ляцеў, палаючы агнём, Цмок, нёс нібыта з сабою шмат золата і срэбра грэшніку, які прадаў д'яблу душу. Знячэўку раскалолася блакітная цвярдыня неба, разлілося вялікае святло, а Цмок, выцяты нябесным промнем, здранцвеў увесь, паваліўся на пагорак і паратварыўся ў камень. Скарбы ж, якія ён нёс з сабою, на тым самым месцы закапаліся ў зямлю, і кажуць, калі хто асмеліцца ля гэтага каменя заначаваць, таму тыя скарбы і здабыць наканавана. Можа, паспытаць шчасця, схадзіць пакланіцца нячысціку, каб даў грошы? Хаця навошта ісці за чатыры вярсты, калі можна звярнуцца да таго Чарнакніжніка, які патаемна жыве ў пана і вынаходзіць золата? Паслухаем, што ты тады заспяваеш, Агапка!
Карпа падыходзіць да дзвярэй, завешаных чорным мошастам і, крыху павагаўшыся, знікае за імі. Але неўзабаве выходзіць адтуль, трымаючы ў руках алхімічную рэторту з нейкай густой чырвонай вадкасцю. Разглядае рэторту на святло, не заўважаючы, што ўслед за ім з пакоя крадком выходзіць Чарнакніжнік.
Карпа. Няма ў тым чорным пакоі ні золата, ні нячысціка, толькі мноства дзіўнага посуду з рознымі вадкасцямі і парашкамі. Ага, на дне гэтай шклянкі аселі нейкія блішчосныя крупінкі! Можа, яны – залатыя?
Чарнакніжнік(выхоплівае рэторту). Гэта твой гаспадар навучыў цябе залезці ў мой пакой і ўзяць рэторту для алхімічных вопытаў?
Карпа(спалохана). Даруй, даруй мне, пане! Не па гэтую пасудзіну я забраўся ў пакой, я шукаў цябе!
Чарнакніжнік(іранічна). Навошта тады ўзяў рэторту? Можа, цябе вабяць навукі?
Карпа(асмялеўшы). Не навукі даюць шчасце чалавеку, а багацце. Шмат хто на свеце не гібее над кніжкамі, а жыве раскашуючы. Жыць так, як хочаш, нічога сабе не забараняючы, – вось пра што я мару.
Чарнакніжнік. Чуў я, чуў нешта падобнае ад твайго гаспадара. Таксама казаў мне, што марыць жыць так, як хоча, а хоча, на самай справе, толькі грошай. Табе таксама патрэбны грошы, лёкай? А ці ведаеш ты, што, атрымаўшы іх, ты страціш душу?
Карпа. А навошта ў гэтым свеце душа, калі няма грошай?
Чарнакніжнік. Добра, я навучу цябе, як стаць багатым. Пойдзеш сёння ноччу ў старую капліцу на могілках. Пабачыш там тры труны. Апоўначы нябожчыкі пакінуць свае труны і разбрыдуцца па вёсцы. Ты забярэшся ў крайнюю злева труну і будзеш чакаць яе гаспадара.
Карпа. Бр-р-р!
Чарнакніжнік. Калі ты такі баязлівец, забудзься на грошы, на Агапку і заставайся ўсё жыццё лёкаем.
Карпа. Не-не, кажы далей, пане!
Чарнакніжнік. Напрыканцы ночы нябожчыкі вернуцца, каб зноў залезці ў труны. Агледзеўшы, што яго месца занятае, твой нябожчык пачне прасіць цябе вызваліць труну. Ты ж не пускай яго, пакуль не скажа, дзе ён закапаў перад смерцю скарб. Быў пры жыцці багатым, але сквапным чалавекам, і як памёр – дзецям не пакінуў ні шэлега.
Карпа. Дзякуй табе, пане! Хоць і боязна мне, але зраблю ўсё так, як ты параіў. (Выходзіць з вітальні.)
Чарнакніжнік(задаволена рагоча). Як казала мая гаспадыня, Белая Сарока, не грэбуй ні душой пана, ні душой лёкая, бо па сваёй сутнасці яны аднолькавыя. (Знікае ў сваім пакоі.)
Заслона
Карціна трэцяя
Поўнач. Старая капліца. У паўзмроку відаць тры труны. Уваходзіць, крадучыся, Карпа, хаваецца за мармуровы надгробак. Неўзабаве дзве труны «ажываюць», з іх выходзяць два нябожчыкі, зачыняюць за сабой века.
Першы нябожчык. Эх, слаўная выдалася ночка, разамнем свае косцейкі!
Другі нябожчык. Ух, здаецца мне, жывым чалавечым духам тхне. Давай паклічам ваўкалака, няхай ён пашукае.
Першы нябожчык. Ахвота табе час марнаваць. Што жывому чалавеку рабіць ноччу ў капліцы. Жывыя людзі ноччу лічаць грошы.
Другі нябожчык. Альбо мілуюцца з чужымі жонкамі. Ах, сапраўды, пайду пагляджу, з кім сёння забаўляецца мая кабеціна.
Другі нябожчык(шэптам). А я пайду праверу, ці не дабраўся які шылахвост да майго скарбу.
Сыходзяць. З-за мармуровага надгробка высоўваецца збялелы Карпа.
Карпа. Ну і жахі, лепш бы я пайшоў да Змяінага каменя. Добра яшчэ, што ваўкалака не паклікалі... Пачакай, а дзе ж Трэці нябожчык? Здаецца, іх было два, а Чарнакніжнік казаў пра трох. (Чакае хвіліну, затым выходзіць з-за надгробка і аглядае труны.) А можа, ён меў на ўвазе тры дамавіны, а не трох нябожчыкаў? Можа, трэцяя дамавіна – пустая? Ага, адзін з нябожчыкаў пайшоў пільнаваць закапаны скарб. Вось у ягоную дамавіну мне і трэба залезці. Т-а-а-к, павінна яна быць трэцяю злева. (Стоячы спіной да ўваходу ў капліцу, паказвае левай рукой на крайнюю труну.) Гэтая. (Падыходзіць бліжэй, раптоўна задумваецца, паварочваецца тварам да ўваходу: зараз левая рука паказвае на іншую труну.) А цяпер – гэтая. Гм, якая ж з іх? (Разглядае труны.) Мусіць, усё ж такі гэтая – яна прыгожа аздобленая, што выдае на багатага гаспадара.
Карпа здымае века і зазірае ў труну. Насустрач яму з труны ўзнімаецца нябожчык. Нейкае імгненне яны асалапела глядзяць адзін на аднаго, затым разлятаюцца ў розныя бакі.
А-а-а-а! Нябожчык! (Хаваецца за мармуровы надгробак.)
Трэці нябожчык. У-у-у-у! Чалавек! (Выбягае з капліцы.) Браткі, тут жывы чалавек!
Карпа(высоўваецца з-за надгробка, спалохана). Ну ўсё, зараз налятуць! Трэба ўцякаць, д'ябал з ім, з тым скарбам. (Бяжыць да выхаду, але, зірнуўшы за дзверы, вяртаецца назад.) Не паспеў – яны вярнуліся! Што ж рабіць? (Азіраецца.) Эх, была не была! (Забіраецца ў труну Трэцяга нябожчыка, зачыняе за сабой века.)
З'яўляюцца ўсе тры нябожчыкі.
Першы нябожчык. Дзе ён?
Трэці нябожчык. Толькі што быў тут!
Другі нябожчык. Схаваўся, нягоднік!
Пачынаюць шукаць і знаходзяць Карпу ў труне.
Трэці нябожчык(зняўшы з труны. века, абурана). Ён залез у маю труну! Цяпер яна ўся прапахне чалавечынай!
Другі нябожчык. Гэй, жывы чалавек! Ты навошта залез у труну? Жывыя людзі па начох павінны ляжаць у ложку і лашчыць сваіх жонак.
Карпа(сабраўшы рэшткі мужнасці, сядае). Не выйду, пакуль не скажаце, дзе закапалі скарб.
Першы нябожчык(істэрычна). Ага, ён ведае пра мой скарб! Нельга выпускаць яго адсюль жывым!
Карпа з перапуду зноў падае ў труну. Другі нябожчык спрытна зачыняе труну векам.
Першы нябожчык забівае некалькі цвікоў.
Другі нябожчык(Трэцяму нябожчыку). Ты пільнуй труну, а мы пойдзем шукаць ваўкалака.
Першы нябожчык. Ён адаб'е ахвоту ў гэтага шылахвоста шукаць чужыя скарбы!
Першы і Другі нябожчык і сыходзяць. Трэці сядае на века труны. Раптоўна тая пачынае грукатаць і падскокваць – ачуняў Карпа.
Трэці нябожчык. Гэй, чалавеча, хіба так паводзяць сябе ў дамавіне?
Труна грукоча і падскоквае яшчэ мацней.
Трэці нябожчык. Ну хочаш сабе грукаць – дык грукай. Дамавіна ўсё роўна вытрымае – сам рабіў, ведаю. (Труна супакойваецца.) Рабіў на заказ важнаму пану, а тут смерць прыйшла і самому давялося легчы.
Карпа(з труны). Дык гэта ты, цясляр Пётра?
Трэці нябожчык. Я – Пётра, а ты хто такі?
Карпа. Я – лёкай Карпа, твой былы сябрук. Здымі века, размова ёсць.
Трэці нябожчык(здзіўлена). Карпа?! Вось не думаў, што давядзецца з табой яшчэ раз сустрэцца! (Вымае цвікі і адчыняе труну.) Мы, нябожчыкі, з цяжкасцю пазнаем жывых.
Карпа(сядае ў труне). Я ж на тваіх памінках мора гарэлкі выпіў, каб табе на тым свеце добра жылося, а ты па начох з дамавіны выходзіш і людзей палохаеш!
Трэці нябожчык. Эх, Карпа, з-за гарэлкі ўсё і сталася, з-за яе, паганай. Прынёс я неяк пляшку гарэлкі дахаты і схаваў ад жонкі за бэльку. А назаўтра памёр, не паспеўшы ні выпіць яе, ні жонцы аддаць. I так мне гэтая пляшка ў душу запала, што вось ляжыць яна за бэлькаю і ніхто пра яе не ведае – не магу на той свет пайсці, пакуль пляшку маю не знойдуць і не вып'юць. Марнуюся вось тут з двума грэшнікамі, адзін з якіх скарб свой вартуе, а другі – сваю распусную жонку.
Карпа(знешне абыякава). А табе ён не паказваў?
Трэці нябожчык. Каго – жонку?
Карпа. Ды не, той першы не паказваў табе, дзе скарб схаваны?
Трэці нябожчык. Ты што, ён ні жывым, ні мёртвым не давярае!
Карпа(прыслухоўваецца). Слухай, Пётра, выпусці мяне адсюль.
Трэці нябожчык. Як гэта – выпусці?
Карпа. Я тую пляшку з-за бэлькі дастану і разам з тваёй радзінай вып'ю, каб ты не пакутаваў болей на гэтым свеце.
Трэці нябожчык. Збавіцель ты мой! I пасля смерці свайго сябра ў бядзе не пакідаеш! (Прыслухоўваецца.) Але тады хутчэй уцякай, бо, здаецца мне, суседзі-грэшнікі вяртаюцца. А я ў труну палезу, спадзяюся, на гэты раз назаўсёды. (Хаваецца ў труну, з якой вылез Карпа.)
Карпа. Бывай, Пётра! (Выбіраецца з капліцы.)
На авансцэну выбягае лёкай Карпа і налятае на захутанага ў чорны плашч Чарнакніжніка.
Чарнакніжнік(расхутвае плашч). Куды бяжыш, Карпа? Можа, выкопваць скарб?
Карпа. Ах, гэта ты, пане! Ну і нацярпеўся я жаху з твае ласкі! Скарбу не знайшоў, а жыццё ледзь не страціў. Лепш бы я пайшоў да Змяінага каменя ды пашукаў Цмока.
Чарнакніжнік. Ва ўсім вінаватыя твая няўважлівасць і баязлівасць. Што ж, хочаш Цмока – будзе табе Цмок. (Вымае нешта з кішэні.) Вазьмі гэтыя чырвоныя зярняты. Калі не маеш свайго чорнага пеўня, дык расстарайся дзе-небудзь, накармі яго гэтым зернем, і ён знясе яйка, не большае ад курынага. Праз колькі дзён вылупіцца з яйка крылаты Цмок, які будзе выконваць усе твае загады. Ноччу ў чорным абліччы прынясе табе жыта, пшаніцы і іншага збожжа, а калі прыляціць, палаючы агнём, – будзе мець пры сабе золата і срэбра.
Карпа. Дзякуй табе, пане! Займець уласнага цмока – куды лепш, чым жыўцом у труну лезці. (Бярэ зярняты, кланяецца і адыходзіць.)
Чарнакніжнік(ціха). А вось гэта яшчэ невядома, хлопча. (Зларадна смяецца і знікае.)
Карціна чацвёртая
На Глухім возеры. Пахмурнае надвор'е, туман. Возера зарасло зялёным багавіннем і толькі пасярэдзіне свеціцца невялічкае вадзяное акенца. Трывожна азіраючыся і да ўсяго прыслухоўваючыся, Тамаш і двое рыбакоў рыхтуюць невад. Тамаш – за старэйшага, таму ён вымушаны падбадзёрваць іншых, хоць сам баіцца не менш за іх.
Першы рыбар(аглядае возера). Ну і змрочная тут мясціна! I чаму гэта ўздумалася пану паслаць нас на Глухое возера?
Тамаш. Казаў, што калі ад пракаветных часоў тут ніхто не лавіў, дык шмат будзе рознае рыбы.
Першы рыбар. Хоць я ніколі і не лавіў тут, але чуў, што ляжаць на дне гэтага возера вялізныя карчы: можам папсаваць нерат.
Другі рыбар. Што – карчы, сам нячысцік завёўся ў гэтым возеры! Ох, не скончацца дабром сённяшнія ловы! Вялікі грэх бярэм на сваю душу.
Тамаш. Грэх на сваю душу ўзяў наш гаспадар, які нас сюды даслаў. Мы – людзі паднявольныя і вымушаны выконваць ягоны загад.
Другі рыбар. Думаеш, Тамаш, на святым судзе нехта будзе разбірацца?
Над возерам пралятае вялізны чорны крумкач і сядае на дрэва непадалёк ад рыбароў.
Першы рыбар. Глядзіце, зноў гэтая жахлівая птушка! Усю дарогу ляцела за намі і цяпер прысуседзілася. Трэба адагнаць яе прэч. (Шукае камень,)
Другі рыбар. Не чапай крумкача, Родзька. Не будзі ліха, пакуль яно ціха.
Не паслухаўшыся, Першы рыбар шпурляе камень у крумкача. З клёкатам крумкач падае з дрэва і забіваецца ў хмызнякі.
Першы рыбар. Ага, патрапіў! Не будзе шпегаваць за намі!
Тамаш(здымае шапку). Ну, браткі, памолімся ды за працу! Памажы нам, Божа!
Другі рыбар(змрочна). Не, у такой справе Бог нам не памочнік.
Рыбары ўсё ж здымаюць шапкі і ўслед за Тамашом шэпчуць пацеры. Затым бяруць невад і закідваюць у возера.
Ледзь не ўсё возера багавіннем зарасло, да чыстай вады не падступіцца.
Першы рыбар. Ох, папсуем мы ўвесь нерат на гэтых карчах.
Раптоўна чуецца нейкая музыка, на сярэдзіне возера нехта грае на дудзе і спявае:
Пацяраў я дуду, іх-вох,
На паповым лугу, іх-вох,
А не дудка была, іх-вох,
Весялуха была, іх-вох,
Весяліла мяне, іх-вох,
На чужой старане, іх-вох.
Тамаш. Што гэта – нехта ў возера грае на дудзе і спявае? Ці мне падалося?
Другі рыбар. Ды не, я таксама чую музыку і спевы!
Першы рыбар(паказвае рукой на сярэдзіну возера). Зірніце – цуд нябачаны – на вадзе сядзіць нячысцік, чорны, як вугаль, рукі доўгія, галава велізарная, грае на дудзе і спявае страшным голасам!
Другі рыбар. Дзе, дзе, я нікога не бачу!
Тамаш. I мне не відаць, адно ранішні туманп паўзе над вадой.
Першы рыбар(праводзіць па вачах далоняй). Зараз і сам нічога не бачу праз туман. Можа, прымроілася?
Другі рыбар. Няхай бы так. Лепей прымроіць нячысціка, чым пабачыць яго наяве.
Тамаш. Выцягваем, хлопцы, нерат і даем адсюль ходу. Што злавілася – тое злавілася, занясем пану Альберту, а па другому разу закідваць не будзем.
Пачынаюць выцягваць нерат, які паддаецца з цяжкасцю.
Другі рыбар. Ого, багаты ўлоў чакае гаспадара!
Рыбары цягнуць мацней, нерат паддаецца болей. Але раптоўна ўсчыняецца нейкі шоргат, сыканне, дзікі піск, ад якога рыбарам робіцца ніякавата.
Што гэта за дзікі піск? Ажно мурашкі па целе пабеглі!
Першы рыбар. Нібыта там тысячы гадаў б'юцца паміж сабою!
Тамаш. А можа, проста трапілася сціжма ўюноў? Ну-тка, выцягваем з вады ўвесь нерат.
Выцягваюць нерат і бачаць поўную сець маленькіх пачвараў: адны – накшталт ракаў з чорнаю поўсцю, другія – як павукі, кожны з ката, трэція – падобныя да шчанюкоў, з нагамі незвычайнае даўжыні. Пацукі, яшчаркі, кажаны поўзаюць па беразе, б'юцца ў сецях з жахлівым крыкам, сыканнем і піскам.
Рыбары. А-а-а-а! Нячысцікі! (Кідаюць нерат і ўцякаюць.)
Тамаш(адступае да лесу). Д'яблава кубло!
З хмызняку выбіраецца Чарнакніжнік. Ён кульгае, левая нага ягоная перавязана.
У руках трымае вялізны кош, куды пачынае збіраць маленькіх нячысцікаў. Тамаш знікае сярод дрэў, паспеўшы, аднак, заўважыць Чарнакніжніка.
Чарнакніжнік(назбіраўшы поўны кош). Багаты ўлоў, цудоўны ўлоў! Якраз тое, што патрэбна. (У бок возера.) Дзякуй табе, братка, што выгадаваў мне столькі памочнікаў.
У адказ на ягоныя словы з возера даносіцца гранне дудкі. Чарнакніжнік з кашом нячысцікаў у руках накіроўваецца да лесу, але, спатыкнуўшыся, хапаецца за параненую нагу і ўскрыквае ад болю.
Ну папомніш ты ў мяне, ёлуп, як кідацца каменнямі! (Знікае за дрэвамі.)
Глухое возера зацягваецца густым, непраглядным туманам, недзе ў глыбіні туману нябачны нячысцік грае на дудзе і спявае:
Пацяраў я дуду, іх-вох,
На паповым лугу, іх-вох,
А не дудка была, іх-вох,
Весялуха была, іх-вох,
Весяліла мяне, іх-вох,
На чужой старане, іх-вох.
Заслона
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
Карціна пятая
Вітальня панскага дома ў маёнтку Магільна. Вечар. За сталом сядзіць пан Альберт, паліць люльку і раскладвае карты. За спіной яго з'яўляецца Чарнакніжнік і непрыкметна кіруе раскладкай картаў.
Альберт. Сёння нейкі асаблівы вечар, ніколі карты не клаліся так удала. Мусіць, здарыцца нешта незвычайнае. Між тым сніў мінулае начы дурны сон: падаў я ў бездань, а здалёк мой бацька ўздымаў рукі да неба і маці млела, бо не маглі мне дапамагчы.
Чарнакніжнік(з-за спіны Альберта). Маеш рацыю, здарыцца сёння вечарам нешта надзвычайнае.
Альберт(падскоквае). Заўсёды ты з'яўляешся нечакана і палохаеш мяне. Не магу глядзець без агіды на твой страшны твар.
Чарнакніжнік. Слабыя нервы маеш. Калі будзеш глядзець на ўсё без прыкрасці і страху – лепш уладкуешся на свеце. Хачу цябе ўзрадаваць – пабачыш нарэшце маю гаспадыню – Белую Сароку. Ты добра падрыхтаваўся прыняць госцю, зараз яна прыляціць. Пастарайся ёй спадабацца і будзь у размове паважлівым.
Альберт прыбірае карты, прыводзіць сябе ў парадак, стаўляе на стол келіхі і віно.
Чарнакніжнік падыходзіць да акна.
Альберт. Столькі чакаў гэтае хвіліны, а цяпер вось прабірае мяне нейкі холад і жудасць.
Чарнакніжнік(глядзіць у акно). Хмары, здаецца, разышліся, толькі вецер шуміць. Надвор'е спрыяе нашым задумам.
Толькі сказаў гэта – залятае ў акно сарока, большая і зграбнейшая ад іншых сарок, пёры на ёй белыя, як снег, вочы чорныя. Апусцілася на падлогу – і ў міг вока стаіць пасярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні зіхацядь дыяменты і каштоўныя камяні. Чарнакніжнік схіляецца ў паважлівым паклоне, пан Альберт аслупянела глядзіць на госцю, слова вымавіць не асмельваецца.
Вітаю цябе, шаноўная гаспадыня! Дазволь прадставіць табе нашага новага сябра, пана Альберта.
Белая Сарока. Здалёк спяшалася сюды, Альберт, спадзеючыся знайсці ў табе зычлівага прыяцеля і аднадумцу. Не памылілася ў спадзяваннях: бачу, што добра падрыхтаваўся да сустрэчы са мной і нават старыя могілкі перанёс падалей ад дому.
Альберт(прыходзіць у сябе). Так, пані, імя ваша нязменна было на маіх вуснах. Перад вамі – найшчырэйшы прыхільнік, зачараваны вашай прыгажосцю.
Белая Сарока сядае ў крэсла, якое паслужліва падсоўвае ёй Чарнакніжнік.
Уладкаваўшы гаспадыню, Чарнакніжнік бярэ віно і разлівае яго ў келіхі.
Белая Сарока. Ты мне падабаешся, Альберт. Ведай, я ўмею цаніць вернасць і паслужлівасць, і несупынна клапачуся пра шчасце сваіх падданых. Ахвярую табе гэты падарунак, каб быў верны сам і суседзяў сваіх заахвоціў служыць мне. (Узнагароджвае Альберта прыгожым дыяментам на стужцы.)
Чарнакніжнік. Вып'ем за здароўе нашай гаспадыні. (Раздае келіхі.)
Альберт. Няхай жыве пані Белая Сарока!
Альберт і Чарнакніжнік выпіваюць свае келіхі да дна, Белая Сарока каштуе віно і ставіць келіх на стол.
Белая Сарока. Калі ляцела, дык бачыла прыгожыя горы і лясы, шмат азёраў у гэтым краі.
Альберт. Так, пані. Нашыя мясціны прырода адарыла ўсім, што патрэбна чалавеку. Не дала толькі такой мудрай і пекнай гаспадыні, як вы.
Белая Сарока. Я даўно мелася пабываць тут, спазнаць гэты край і яго жыхароў. Спадзяюся, тутэйшыя жыхары ахвотна пойдуць пад маю ўладу.
Альберт. Шмат хто будзе мець за шчасце славіць пані.
Белая Сарока(да Чарнакніжніка). А ты што скажаш? Ці ўсё падрыхтавана да майго з'яўлення?
Чарнакніжнік. Моладзь на нашым баку, гаспадыня, а вось старыя людзі не хочуць зразумець свайго шчасця. Балбочуць нешта пра запаветы продкаў, пра сумленне і веру ў Бога.
Белая Сарока(ускоквае з крэсла, гнеўна). А што ты зрабіў, каб падарваць гэтую веру, знішчыць запаветы?!
Чарнакніжнік(адступае на некалькі крокаў, кланяецца). Рассылаю ва ўсе бакі нячысцікаў і пачвараў, якія намаўляюць людзей на збродні і ашуканствы, падбіваюць на здраду і злачынства.
Робіць знак у бок свайго пакоя, чорныя дзверы адчыняюцца, адтуль выглядае некалькі пачвараў. Белая Сарока сядае, задаволена кіўнуўшы галавою. Чарнакніжнік узмахвае рукой, пачвары хаваюцца.
Вось з запаветамі цяжэй, гаспадыня. Падслухалі мае памочнікі, што недзе пад руінамі старога замчышча схаваны свяшчэнныя рэліквіі і пісьмёны, але знайсці і знішчыць іх пакуль не ўдаецца.
Белая Сарока. Загадваю вам зрабіць гэта да нашае наступнае сустрэчы! Неўзабаве зноў наведаю твой дом, Альберт. А зараз мушу спяшацца ў свой палац: ужо цямнее, а дарога далёкая.
Чарнакніжнік зноў напаўняе келіхі віном. Белая Сарока каштуе віно, ставіць келіх на стол і, перамяніўшыся ў птушку, вылятае з пакоя.
Чарнакніжнік(наўздагон). Няхай жыве пані Белая Сарока!
Альберт падыходзіць да акна і глядзіць туды, дзе схавалася ў начной цемры дзіўная птушка. Вярнуўшыся да крэсла, на якім сядзела прыгажуня, падымае некалькі сарочых пёраў. Разглядае пёркі, пасля – падараваны госцяй дыямент.
Ну як, табе спадабалася мая гаспадыня?
Альберт. Колькі жыву, не бачыў, нават на дасканалых і дарагіх карцінах, такіх высакародных і прыгожых кабет! Цяпер яе дзівосны воблік заўсёды будзе стаяць перад маімі вачыма.
Чарнакніжнік. Кладзіся адпачываць, а я пайду паваражу па сваёй чароўнай кнізе і падумаю, як нам выканаць загад уладаркі.
Разыходзяцца па сваіх пакоях.
Праз нейкі час у вітальню заходзіць пануры Тамаш з малатком і жалезным бруском у руках. Паклаўшы малаток і брусок ля дзвярэй, запальвае некалькі свечак, жагнаецца на абразы, дастае свянцоныя зёлкі і кадзіла і акурвае пакой. Даходзіць да дзвярэй у пакой Чарнакніжніка. Павагаўшыся, падносіць кадзіла пад самыя дзверы. Нечакана дзверы прыадчыняюцца, адтуль высоўваецца агідная пачвара. Імгнеяне аслупянелы Тамаш і нахабная пачвара глядзяць адно на аднаго, у гэты час на двары чуецца брэх сабак, грукат у браму, нечы голас. Пачвара выхоплівае з рук Тамаша кадзіла і знікае за дзвярыма. Тамаш закрывае рот рукой, каб не закрычаць ад жаху, і кідаецца прэч з вітальні. Але ў парозе сутыкаецца з увайшоўшым шляхціцам Завальнёй.
Завальня. Тамаш?
Тамаш(узрадавана). Няўжо гэта вы, пане Завальня?
Завальня. Што ты тут робіш у такі позні час?
Тамаш. Адбываю сваю чаргу начнога вартаўніка. Ах, пане дабрадзею, я ўжо думаў, што не дачакаюся вас і памру без суцяшэння.
Завальня. Не кажы глупствы, Тамаш, ты зусім не стары чалавек, і яшчэ не вырасла дрэва табе на дамавіну. А затрымаўся я таму, што пан Альберт даслаў мне наўздагон ліст з некалькімі новымі даручэннямі... Але распавядзі мне, што адбылося за гэты час у маёнтку, і растлумач, куды падзелася старая капліца з могілак? Калі пад'язджаў да маёнтка і не ўбачыў ні здалёк, ні зблізку срэбнага крыжа на капліцы, падумаў спачатку, што збіўся з дарогі.
Тамаш. Няма ні срэбнага крыжа, ні капліцы, няма і могілак. Пан Альберт загадаў знесці могілкі, каб пабудаваць на тым месцы дом, загадаў разбурыць капліцу, каб пакласці цэглу ў падмурак.
Завальня. Божа літасцівы! Зусім звар'яцеў пан Альберт, калі ўзняў руку на магілы продкаў.
Тамаш. Думаю, што яго намовіў той страшны чалавек, які невядома адкуль з'явіўся ў нашым маёнтку: худы, бледны, з вялізным носам, нібы дзюба ў драпежнае птушкі, у дзіўных чорных апранахах, зусім не такіх, як носяць пан ці ксёндз. Калі я адбываў мінулага разу начную варту ў маёнтку, бачыў, як акурат апоўначы ў пакоі госця гарэла святло і ён чымсьці там з панам бавіўся, а над дахам дома снавалі кажаны. Напалохаўся я, таму і прынёс сёння свянцоныя зёлкі і кадзіла, якімі святар параіў акурваць пакоі.
Завальня(азіраецца). А дзе ж тваё кадзіла?
Тамаш асцярожна глядзіць на чорныя дзверы. Нібы наўмысна тыя прыадчыняюцца, з'яўляецца брыдкая валасатая лапа, якая шпурляе згаслае кадзіла ў Тамаша і знікае, грукнуўшы дзвярыма.
Тамаш(прыгінаецца). Сцеражыцеся, пане Завальня!
Шляхціц Завальня хапаецца рукой за тое месца, дзе калісьці ў яго, відаць, вісела шабля. Тамаш адно жагнаецца, але не рашаецца тлумачыць і толькі адводзіць аканома далей ад д'ябальскіх дзвярэй.
Завальня. Жахлівыя рэчы, бачу, адбываюцца ў гэтым доме. Веру, што Бог злітуецца і ўсё пераменіць на лепшае, але бяда таму, хто, прагнучы багацця, прадае душу д'яблу!
Тамаш(пераходзіць на шэпт і раз-пораз азіраецца на чорныя дзверы). А каб вы пабачылі, васпане, што мы вылавілі ў Глухім возеры. Крый Божа такое і ў сне бачыць!
Завальня. Вы лавілі ў Глухім возеры? Але ж там ніхто ніколі не лавіў, сяляне як мага далей абыходзяць гэтую змрочную мясціну.
Тамаш. Куды падзенешся, нам загадаў пан Альберт. Выцягнулі – страх успомніць – поўны нерат маленькіх нячысцікаў. Не маючы сілы глядзець на страшыдлаў, кінуліся мы ўцякаць, але паспеў я заўважыць таго Чарнакніжніка, які хуценька збіраў маленькіх нячысцікаў сабе ў кош. I яшчэ – у яго была перавязана нага!