Текст книги "Дрэва вечнасці"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 24 (всего у книги 31 страниц)
Ён зірнуў на Хрысціну і Аленку, папярхнуўся, праглынуў сліну і змоўк.
– З кожным можа здарыцца бяда, – спакойна і паволі азваўся Мікула. – Аднак той найгаршэйшы, хто другога чалавека забівае...
– Найгоршы, найгоршы... – паўтарыў госць. – А ці ведаеце вы, пан гаспадар, што найгоршае бывае часамі побач, ойяк блізенька каля найлепшага... І калі б не выпадак які або нешта там іншае, чаго не палічыш, можа, замест найгоршага было б найлепшае...
У горле яго перасохла. Ён шырокім крокам падышоў да стала, наліў чарку гарэлкі, праглынуў яе і вярнуўся да печы.
– Годзе! – пачаў ён зноў, увесь час звяртаючыся да старога Мікулы – Добра вам гаварыць: годзе! А ці ведаеце вы, якім чынам гэты Бонк, за якім цяпер гоняцца, нібы за дзікім зверам, каб затаўчы да паўсмерці, ці ведаеце, як ён першы раз трапіў у бяду? Можа, ён першы раз папаўся за такую драбніцу, што і плюнуць не было на што! А бяда трасе таго, хто на ёй едзе. Ой як трасе, пан гаспадар! Так трасе, што душа наверх падкладкай выварочваецца. Ва ўсіх душа з падкладкай, толькі ў аднаго яна выходзіць навыварат, а ў другога не... Вось як!
Ён зноў падышоў да стала, але гарэлкі ўжо не піў. Машынальна працягнуў руку да бутэлькі, але, не крануўшы яе, зноў вярнуўся да печы. Ноздры яго захадзілі, бровы то паднімаліся, то ападалі. Увесь ён, парывісты, дзёрзкі, адчайны, бліскаў панурымі вачыма, грудзі яго часта ўздымаліся. Аднак ён зноў засмяяўся, спыніўшыся каля печы.
– Годзе! – паўтарыў ён яшчэ раз, нібы гэтае, сказанае старым Мікулам, слова вастрыём сваім упівалася ў яго, вярэдзіла рану. – Каб жа гэта кожны мог сказаць «годзе!» усім тым д'яблам, што раздзіраюць чалавечую душу, і каб яны так ужо ад гэтага аднаго слова паразбягаліся! У адным гэтыя д'яблы спяць, а ў другім прачнуцца і валакуць яго на вечныя пакуты. А можа, вы думаеце, пан гаспадар, што калі д'яблы вядуць людскую душу на вечныя пакуты, дык нехта паможа ёй выратавацца? Ха, ха, ха! Саломінкі ніхто не падасць, каб чалавек за яе ўхапіўся ды з ямы вылез. Або калі чалавек пакаўзнецца і, як тая свіння, уваліцца ў гной, ці знойдзецца на ўсім свеце хоць адзін, што злітаваўся б над ім і вывеў бы на сухое месца? Ого! Ніхто нават не азірнецца, а калі і азірнецца, дык толькі каб нагою кашкануць! Часамі і самому агоркне гэты смурод... Чалавек захоча ўцячы ад яго, але дзе там! Не дадуць! Бяры яго! Як ганчакі за лісою, панясуцца, пакуль назад у гной не загоняць, і скубуць, катуюць, пакуль той зноў не пачне кусацца да крыві! А што яму застаецца? Калі вайна, дык вайна! Калі прападаць, дык хоць спачатку добра пад'есці, напіцца, а калі і па мазгаўні каму стукнуць прыйдзецца, ну дык і што? І так і так пагібель... Дык няхай жа хоць ворагі запомняць... А хто вораг? Увесь свет вораг, калі ніхто і не падумае ратаваць, а кожны прагне загубіць...
Склаўшы на грудзях рукі, ён зноў падышоў да стала і, крыху нахіліўшыся, зірнуў у Мікулавы вочы. Стары ўжо некалькі хвілін, падаўшыся наперад усім сваім магутным корпусам, так пранізліва глядзеў на свайго госця, што ажно рука, у якой была люлька, апала на лаву. Яны ўпершыню паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Стары адхіснуўся назад, прыхіліўся плячыма да сцяны. Госцеў голас сарваўся, нібы парваная струна. Чалавек адвярнуўся, зноў падышоў да печы, але ноздры яго ўжо не рухаліся. Значна цішэй, чым дагэтуль, ён пачаў гаварыць:
– Хіба ж кожны так ужо адразу і ляціць у глыбокую яму? Не, не кожны. Можа, і гэты Бонк не адразу забіваў людзей. Цікава, што там у яго за жыццё? Дзе ён нарадзіўся, у якім кутку свету маці яго насіла на руках і калыхала? Відаць, тады ён яшчэ не быў разбойнікам, відаць, ён па нейкіх драбінах спускаўся, пакуль не спусціўся туды, адкуль ужо ні бог, ні чорт яго не выцягнуць. Не ведаю, што ён там такое рабіў, пакуль праліў чалавечую кроў, аднак, кажуць, калі праліў, дык самога сябе спалохаўся і, уцёкшы з турмы, на хвабрыку працаваць пайшоў. А ці далі яму спакойна працаваць? Не далі. Злавілі і зноў у смурод загналі... Ён зноў уцек, а ўцякаючы, калі яму хто наўпоперак дарогі стаў, можа, ён і другі раз, хто яго ведае, праліў чалавечую кроў... А потым, казалі, на хвабрыцы зноў два гады спакойна прасядзеў. Вельмі, відаць, спужаўся самога сябе і той кары, што яго чакала. А ці хто калі цікавіўся, пра што ён там думаў, куды імкнуўся? Чорт хіба цікавіўся, больш ніхто...
Дагэтуль усе слухалі моўчкі, здзіўленыя і зацікаўленыя тым, што ён гаварыў, спачатку дзёрзка і палка, а потым усё больш ды больш жаласліва. Ды Аляксей ужо не змог больш маўчаць.
– Гэй, гэй, панок! – выгукнуў ён. – Нешта ж вы ўжо занадта абараняеце разбойнікаў!
Госць зноў выпрастаўся і зірнуў маладому мужыку проста ў вочы.
– Ой, ой! – сказаў ён з'едліва, ківаючы галавою. – Улез у цёплы кажух і рады, што яму добра! А таго, з якога і скуру хутка здзяруць, дык ужо і зусім пашкадаваць не трэба?
Стары Мікула адняў люльку ад рота і, насупіўшы густыя, касматыя бровы, цвёрда, коратка, сурова сказаў:
– Не трэба.
Здавалася, што стары кінуў два гэтыя словы госцю проста ў твар, і госць адчуў гэта, бо вельмі хутка павярнуўся ўсім целам да Мікулы, ступіў некалькі шырокіх крокаў і з ціхім смехам сеў побач з ім.
У гэты момант зноў рыпнулі дзверы, увайшло некалькі чалавек, і каля печы пачалася гутарка. Аднак госць як быццам і не заўважыў гэтага; ён сеў на зэдліку побач з гаспадаром, павярнуўся на хату спіною, шырокаю, але надта худой, ажно лапаткі вытыркаліся з-пад сурдута; успёршыся на стол локцем, ён наблізіў свой твар да твару старога. Каля іх нікога не было. Аленка з дзіцем, якое прачнулася і заплакала, села насупраць каля сцяны, Аляксей голасна верхаводзіў каля печы, бондар на другім канцы стала корпаўся з тым зубам ад бараны. Толькі баба Настуля, у бяззубым роце якой непрыкметна для ўсіх знікла тры чаркі гарэлкі, хуценька падсунулася амаль пад самую госцеву руку і з прагнай цікаўнасцю падставіла вуха.
Неўзабаве яна пачула словы, сказаныя амаль шэптам:
– Пан гаспадар, а што чуваць пра вашага Ясіка?
– Пра якога Ясіка? – суха спытаўся стары.
– Ды пра сына вашага, трэцяга... Два вось тут, а трэцяга няма. Ці вы ўжо зусім пра яго забыліся, пан гаспадар?
За плячыма госця моцна пляснулі нечыя рукі і пачуўся пісклявы бабскі голас:
А каб я веку свайго не дажыла! Каб мой язык апруцянеў! Каб мае рукі пакруціла, як галіны на той вярбе, калі я пра яго забылася, пра Ясіка майго любага, саколіка майго няшчаснага... Гэта ж я яго, калі ён на свет нараджаўся, ад маткі прымала. Гэта ж я яго на руках сваіх не раз і не дзесяць раз насіла... Сваіх дзяцей не было, але ён быў, і палюбіла я яго, як сыночка родненькага.
Бабіна галава ў чырвоным чапцы, з касмылямі белых валасоў на маршчыністым ілбе, з пачырванелымі ад гарэлкі шчокамі, калывалася над госцевым плячом, дыхала яму амаль у вуха смярдзючым перагарам. А ён, адхіліўшыся крыху, падпёр рукой галаву і, прыжмурыўшы вочы, слухаў, як яна заводзіла. Але неўзабаве перапыніў яе пытаннем:
– Дык вы, пан гаспадар, зусім ужо Ясіка не памятаеце? Ён жа ваш першы быў, старэйшы...
Нібы сілаю адарваны ад сваіх думак, стары змрочна адказаў:
– Чаму ж не памятаю? Памятаю... А вы яго добра ведалі?
– Яшчэ як добра! Добры быў хлопец, кемлівы, смелы...
– Занадта смелы, – буркнуў стары, выбіваючы з люлькі попел. – А вы чулі, што з ім здарылася?
Відаць, нягледзячы на змрочны настрой і пранізлівыя позіркі, якія стары час ад часу кідаў на госця, яму ўсё больш хацелася пагаварыць пра старэйшага сына. Але баба Настуля зноў завялася:
– Ой, гора яго напаткала, горачка! Ды каб ім пан Бог грахоў не дараваў, як яны яму, маладзенькаму ды дурненькаму, тады не даравалі! Загубілі яны яго, як сабаку, змарнавалі... Нябожчыца маці яго даводзілася мне пляменніцай. А ён мяне бабулькай называў...
Госць спытаўся ў старога Мікулы:
– А што ж з ім такое здарылася?
Стары з паўхвіліны варушыў сківіцамі, нібы перажоўваў нешта цвёрдае. І не хацелася яму раскрываць душу перад гэтым чужаком, але пагаварыць ахвота брала.
– От, – пачаў ён, – з драбніцы пачалося... Можа, ён першы раз і за справядлівасць пакутаваў. Суд супраць нас пачалі дубраўлянскія суседзі, каб ім дабра не было... Ну, мяне грамада выбрала ўпаўнаважаным, я ў горад ездзіў і з гадвакатам гаварыў, з тым, значыцца, што на судзе нас бараніў. Я Ясіка з сабою ў горад браў і да гадваката браў, так сабе, без дай прычыны, надта ж я яго любіў, а калі таму чаго вельмі ж захочацца, дык я ўсе яму дазваляў. Можа, Бог усемагутны мяне не пакарае за тое патуранне...
Баба зноў улезла ў яго гаворку:
– Ой, любілі яго, галубілі, песцілі ўсе добрыя людзі і ўсё яму дазвалялі, бо надта ж ужо міленькі быў і ласкавы... Ручкамі, бывала, абдыме за шыю і туліцца да чалавека, як тое ягнятка, а вочкі былі – што тыя васількі ў жыце...
Стары не звяртаў увагі на бабскае прастарэкванне, ён усё больш ахвотна выцягваў з памяці даўнія падзеі.
– Вельмі ён быў разумны, але ж надта дзёрзкі і зусім не такі, як іншыя хлопцы... Ані ў яго работа, ані гульня не былі такія, як ва ўсіх... Калі працуе, дык нібы той конь гарачы, а калі гуляе, дык так, што рады не дасі... Бывала, за шыю абдыме і цалуе, чуць не задушыць, а іншым разам занаровіцца і, каб там немаведама хто, – асой у вочы кідаецца. Лаяў я яго добра, лаяў, але найбольш патураў... Але нічога дрэннага ён тады не рабіў.
Стары задумаўся, паківаў галавою.
– На пагібель браў я яго тады ў горад і да гадваката, – працягваў, разгаварыўшыся, стары.
– Ён слухаў, пра што мы паміж сабою гаварылі, слухаў, а калі вярталіся, бывала, і кажа: «Тата, я заб'ю таго, хто несправядліва прыйдзе забіраць нашу зямлю!» Я толькі смяюся. Маладое, дурное, думаю. Зямля па справядлівасці наша была, але даўнасць зайшла, і суд мы прайгралі. Калі мы суд прайгралі, дубраўлянцы прыйшлі зямлю забіраць, а мы заўзяліся не аддаваць. Не аддамо і не аддамо. Усёй грамадой, бывала, выйдзем і тых захопнікаў, каб ім Бог грахоў не дараваў, праганяем. Усе сваволілі, сваволіў і Ясік. Ну, няхай сабе, думаю. Калі ўсе, дык няхай сабе і ён. Ажно вясною, кажуць, ураднік прыедзе і дубраўлянцам зямлю аддаваць будзе. Бяда! З ураднікам не тое што з мужыкамі. Мы рукой махнулі. Няхай будзе і так! Няхай будзе наша крыўда. Пан Езус больш адпакутаваў. Аднак не ўсё мы як трэба ўлічылі. Не ўлічылі мы гэтых маладых, а надта ж дзёрзкіх, што сваім розумам разважылі і змову зрабілі... Прыехаў нейкі высокі ўраднік і двух ніжэйшых з сабою прывёз, і давай яны па полі хадзіць, таму тое, гэтаму другое выдзяляць... А нашы хлопцы як выскачаць з косамі, з граблямі ды каламі! Можа, з дваццаць іх было, а мой Ясік спераду, як які генерал!.. Ураднікаў прагналі...
Бабу Настулю раптам ахапіў страшэнны гнеў. Яна крычала, стукаючы кулаком адной рукі па далоні другое:
– Каб яму пан бог не дараваў за тое, што ён быў такі дзёрзкі! Каб ён праз зямлю праваліўся, як ён сам сябе змарнаваў!..
– Ён праваліўся ўжо, не праклінайце, бабуля, – цыкнуў госць на ап'янелую бабу і зноў пачаў пільна слухаць старога.
А стары ўжо добра-такі разгаварыўся. Можа, ён і не думаў пра таго, каму гаварыў; гаварыў, бо даўні, амаль забыты боль грыз яго сэрца, а ўспаміны пра старэйшага, страчанага сына разганялі туман мінулых гадоў.
– Значыцца, – гаварыў ён далей, – бунт. Значыцца, супраціўленне ўладзе. Ну, пасадзілі іх у турму, судзілі іх. Іншых выпусцілі або сяк-так пакаралі, а яго на тры гады турмы асудзілі. Зачыншчык, кажуць. Ну, добра. Тры гады – не век. А яму тады толькі васемнаццаты гадок пайшоў... Не вельмі я тады і гараваў, што ён там тры гады пасядзіць. Розуму, думаю, навучыцца, пакорлівасці навучыцца.
– Навучыўся? – спытаўся госці, – Ха, ха, ха! Што ж, ці навучыўся? Га?
Стары, пазіраючы долу, паківаў вялікай галавой.
– Якраз навучыўся! Каб гэтак чэрці злыя душы вучылі! Калі вярнуўся дахаты, дык ужо і дня спакойнага ў хаце не было. Сядзе, бывала, і расказвае, як зладзеі ўначы ходзяць красці і ўсе замкі адмыкаюць. «На ўсё ёсць спосаб, а я ўсе спосабы ведаю». Або кажа: «Ахвота ж гэта людзям у такіх хатах сядзець, бедаваць, калі на свеце столькі багацця і да яго такім лёгкім спосабам можна дайсці». Я яго кулаком па спіне: «Вось табе, – кажу, – лёгкі спосаб не думаць пра зладзейства і ўсялякую поскудзь». А ён у адказ: «Не бі, татка, бо ўцяку і толькі ты мяне бачыў». За шапку і ў карчму. Піць навучыўся. Раней не піў, вядома, дзіця, яму ж ледзь семнаццаць гадкоў споўнілася. А там і гэтага навучыўся. Нап'ецца, бывала, і буяніць на ўсю вёску: з хлопцамі б'ецца, дзяўчат ловіць... Я да яго па-добраму: «Ці табе, Ясік, не сорамна? Ці ты пана Бога не баішся?» А ён смяецца: «Эх, татка, – кажа, – ці я такое бачыў? Ці я пра такое наслухаўся, калі там быў? Вы, дурныя, сядзіце ў сваёй вёсцы і нічога не ведаеце, а я цяпер вучоны!» Ох, вучоны ён зрабіўся, пабыўшы тры гады ў турме, вучоны! Каб тых губернёраў, што яго там вучылі...
Госць доўга смяяўся ціхім грудным голасам. Пасля паківаў галавой:
– Ох, пане гаспадар, сядзіце вы ў сваёй вёсцы, рукамі зямлю сваю дзераце і нічога не ведаеце! Каб вы пабачылі тых губернёраў ды каб пачулі, як яны вучылі вашага сыночка, то вас бы, пане гаспадар, можа, толькі ад аднаго страху паралюш разбіў бы...
Стары рэзка ўзняў галаву і зноў уважліва, як і некалькі разоў раней, паглядзеў на госця. Ў голасе, якім той вымаўляў апошнія словы, чуліся нейкія гукі, што з асаблівай сілай кранулі яго слых.
– Што ж гэта? – сказаў ён павольна. – Ці я вас калісьці ведаў, ці не ведаў... Замарок нейкі. Хто вы такі?
Але ў гэты момант госць занепакоіўся і павярнуўся да печы, каля якой цяпер пачынаўся ўсё большы ды большы рух і гоман. Там ужо замест двух, Ганульчынага і Хрысцінінага, калаўротаў аказалася цэлых пяць. Дзве дзяўчыны ўвайшлі раней і селі з калаўротамі абапал Ганулькі, а цяпер толькі што прыйшла яшчэ адна, з якою Аляксей якраз жартаўліва вітаўся, а Хрысціна ветліва запрашала, каб яна садзілася побач з ёю. У Мікулавай хаце пачыналіся зімовыя вячоркі, гаманлівыя і – да поўначы.
Госць акінуў быстрым позіркам людзей каля печы і зноў павярнуўся да старога. Але Мікула зноў сядзеў моўчкі, з люлькай у роце, апусціўшы галаву. Твар яго амаль зусім схаваўся за дымам, што вылятаў з люлькі, часамі толькі стары ківаў галавою, разгублена думаючы пра штосьці, нечаму здзіўляючыся. Затое баба Настуля ўсё больш гарнулася да госця, каб пагаварыць. Бутэлька з рэшткай недапітай гарэлкі нейкім дзіўным чынам, непрыкметна зноў аказалася побач з яе локцем. Зноў заблішчалі слязлівыя вочы, жывей захадзілі сухія рукі. Яна, нібы абцугамі, ухапілася за палу госцевага сурдута.
– Дык вы ведалі нашага Ясіка, – ужо не заводзячы, як раней, але хутка і ціха пачала яна, – мусіць, вы яго тады ведалі, калі новы панскі двор будавалі... Ой, бедны ж ён, бедны! Напакутаваўся ён, нацярпеўся ад роднага бацькі, пакуль навечна ў свет пайшоў...
Яна кінула позірк на старога Мікулу і, сцішыўшы голас, таямніча працягвала:
– Біў ён яго, як сабаку якога, рукамі, калом, чым папала... Каб я з гэтага месца не ўстала, калі маню... Як раней патураў і галубіў, так пазней, калі нябога з турмы вярнуўся, біў... За балбатню пра зладзеяў, і за п'янства, і за лайдацтва, за ўсё, бывала, б'е ды б'е... «Я яму, – кажа, – выб'ю і з цела і з душы ўсю тую поскудзь, што ён адтуль прынёс!» Бывала, маці за адну руку учэпіцца, а я за другую і крычым: «Ой, не катуй ты, Сымоне, роднага дзіцяці, не бяры грэх на душу, бо калі хлопец зусім азлобіцца, з хаты ўцячэ і душу сваю загубіць!» А ён нас, як тую бульбу, з рук атрасе і, як звер, толькі сапе ды бурчыць: «Пападзе яму калі-небудзь ад мяне, ох як пападзе, калі не выправіцца! Заб'ю, але не дазволю, каб навек злыднем застаўся!» І з іншымі сынамі ўжо інакш пачаў, і для іншых ужо набраўся строгасці: «Патураў я, – кажа, – старэйшаму, дык вось што з яго вырасла... А малодшым ужо аніякай патолі ад мяне не будзе». Ох, і пекла ж было тады ў хаце!.. Маці, бывала, плача, плача, ажно зняможацца і зляжа, а бацька, як той звер раз'юшаны, толькі вачыма за Ясікам водзіць, каб на чым яго злавіць і пакараць. Малодшыя хлопцы, як тыя зайцы, вушы стуліўшы хадзілі, а Ясік-небарака цярпеў, цярпеў, на трэску высах, як тая хмара цёмная зрабіўся, і ўжо, здаецца, крышку паспакайнеў, нібы крыху абдумаўся... Перад бацькам скарыўся, скарыўся перад родным, слухацца пачаў... Ажно раптам узяў ды ўцёк... Не вытрымаў-такі ды ўцёк. Можа, ён ад бацькавай рукі, што літасці да яго маладосці не мела, уцёк... Можа, ад прызыву, каб яго ў салдаты не забралі, уцёк... Можа, яго нехта, з кім ён у турме пазнаёміўся, падгаварыў... Узяў ды ўцёк... І вочы нашы ўжо яго больш, галубочка, не бачылі, і вушы нашы галасочка яго сярэбранага не чулі... Маці па ім плакала, і сястра плакала, Марыська, старэйшая, бо гэтай, Ганулі, яшчэ на свеце не было, і, здаецца, па сценах вось гэтай хаты, хацінкі яго роднай, цяклі тыя слёзкі... Адзін бацька ніколі пра яго не загаварыў, ніколі не злітаваўся, сыночка свайго родненькага, найстарэйшага, ніколі не пашкадаваў... Такі ўжо ён, наш Сымон, суровы!
Цяжка было сказаць, ці слухаў госць, ці не слухаў гэтую загадкавую, з напеўным прыгалошваннем балбатню ахмялелай бабы. Паставіўшы на стол локаць, ён падпёр галаву доўгай касцістай рукой і заплюшчыў вочы... Можна было падумаць, што ён задрамаў і цяжкія прывіды блукаюць у яго соннай галаве, бо вусны надзьмуліся, ажно рыжаватыя вусы натапырыліся. Раптам ён зусім нечакана працягнуў руку па бутэльку і, прыклаўшы рыльца да вуснаў, прагна дапіў апошняе. Грукнуўшы дном пустой бутэлькі па стале, ён засмяяўся і кпліва паглядзеў на старую.
– Ну і дурная ж ты, бабуля! Калі ён так ні разу не пашкадаваў, дык чаму ж старэйшага ўнука Ясікам назваў? Га? Мусіць, калі яго старэйшы ўнук на свет прыйшоў, дык ён пра старэйшага сыночка ўспомніў? Га?
Мікула нібы прачнуўся з роздуму, люльку адняў ад рота, нахіліўся ўсім сваім мажным тулавам да госця, а правую руку падняў да лба.
– У імя Айца і Сына... – прашаптаў ён.
Але госць падняўся, адсунуў з грукатам зэдлік, на якім сядзеў, шырокім крокам накіраваўся да супрацьлеглай сцяны і сеў там у цяні, побач з Аленкай, якая карміла малое.
У той самы момант дзверы раптоўна адчыніліся і зачыніліся з трэскам. У хату ўварвалася высокая, плячыстая дзеўка, задыханая, з васпаватым тварам, які пачырванеў ад хуткага бегу. Паставіўшы каля парога калаўрот, яна закрычала:
– Ратуйце! Дзяўчаты, калі бога любіце, ратуйце, хлопцы ідуць!
За акном пачуўся моцны тупат, смех і крык. Нехта забарабаніў па шыбе, ударыў кіем па сцяне. Дзяўчаты з віскам паўсхопліваліся і кінуліся да дзвярэй.
– Ой, божухна! Замыкайце! Дзверы замыкайце! Не пускайце! Адразу ж кудзелю паліць і лухту ўсялякую вярзці пачнуць! Людзі, ратуйце! Не пускайце гэтых разбойнікаў!
Дзяўчаты сцяною пасталі каля дзвярэй, як мага трымаючы засаўку. Адна з дзяўчат схапіла з камінка галавешку і, трымаючы яе, нібы вогненны сцяг, заняла абаронную пазіцыю. Другая ліла ваду з вядра на ток, трэцяя прыцягнула зэдлік і падперла ім дзверы. Дзеўкі так моцна захапіліся неабходнасцю адбіць напад, што ў іх піску чуваць быў ужо сапраўдны страх. Ганулька, чырвоная ад натугі, з якой яна прыціскала засаўку, пачала дрыжаць. Дзве дзяўчынкі, старэйшая гадоў дзесяці, абуджаныя крыкам, скаціліся, як калодачкі, з высокай печы і, дапамагаючы старэйшым, крычалі больш за ўсіх. Іх босыя ногі, як матылі, мільгацелі паміж клятчастых дзявочых спадніц, пасмы льняных валасоў то ўзнімаліся, то ападалі на белыя кашулі і на ружовыя ад сну тварыкі.
Ды найбольш крычала і мацней за ўсіх размахвала сухімі, але пругкімі рукамі баба Настуля. Яна ўбілася ў дзявочы гурт, лезла да дзвярэй.
– Пусціце! – крычала яна. – Што гэта за мода – хлопцаў на вячоркі не пускаць? Якія ж гэта вячоркі, калі на іх хлопцаў няма? Дый завошта вы іх караеце? А завошта вы іх, небаракаў, на марозе трымаеце?
Яна адпіхнула Ганульку, расчыніла насцеж дзверы і, узяўшыся ў бокі, крыкнула ў цёмныя сені:
– Хадзіце, хлопцы! Ну, хутка, хадзіце!
Сені напоўніліся цяжкім тупатам, і праз дзверы праціснуліся чатыры дзецюкі. Дзяўчына, што трымала галавешку, крыкнула другой:
– Ульяна, лі ваду! Лі, калі бога баішся!
Вялізная васпаватая Ульяна нахіліла да зямлі вядро; вада шырока разлілася па таку. Але для нападаючых гэта ўжо не было перашкодай. Яны з грукатам перавярнулі зэдлік, а адзін з іх ужо выдзіраў з рук дзяўчыны галавешку.
– Ай, людзі! – крычала яна. – Людзі, ратуйце!
– А будзеш гаварыць «лі», а будзеш на злое падбухторваць?
Ён падсунуў агонь да першай з краю кудзелі. Пасыпаліся іскры з лёну, прасніца засвяцілася, як свечка. Ульяна заплакала ўголас. Гарэла яе кудзеля.
– Ой, каб вас бог за маю крыўду пакараў! Каб вы...
– А будзеш ваду ліць? А будзеш людзям ваду пад ногі ліць? – пацвельваліся хлопцы з заплаканай дзяўчыны.
Бондар і Аляксей умомант затушылі рукамі агонь. Хрысціна суцяшала пакрыўджаную, ідучы ў бакоўку па новую кудзелю. Дзяўчына адразу ж супакоілася і разам з усімі села за калаўрот.
Баба Настуля зачыніла дзверы, бо холад ішоў з сяней у хату. Хлопцы – хто ў кажусе, а хто ў сівай сярмязе, усе ў цяжкіх ботах – толькі цяпер пакланіліся гаспадару.
– Добры вечар! – гукнулі яны хорам.
Стары не адказаў. Няўжо ён задрамаў? Усе, аднак, ведалі, што стары Мікула не быў санлівым, ён любіў познія, шумныя вячоркі і ветліва адказваў, калі госці віталіся, а нават часамі, хоць і рэдка, смяяўся грубым смехам услед за моладдзю. Сёння ён маўчаў. Рука з люлькай павісла каля грудзей, усе маршчыны на вялікім ілбе апусціліся ўніз, нібы цяжкая хмара павісла над касматымі бровамі. Спаў ці думаў? Гневаўся ці ўспамінаў? Хлопцы адышліся да камінка і, стаўшы за дзяўчатамі, пачалі закурваць. Баба Настуля зноў села на перавернутыя ночвы і гаварыла, гаварыла, размахваючы сухімі рукамі. Калаўроты затарахцелі: перамагаючы іх тарахценне, узняўся шумны, вясёлы гоман. У хаце зрабілася вельмі горача і душна.
Каля сцяны, насупраць той, дзе сядзеў стары Мікула, у ценю, на лаве, у канцы якой стаяла бочка з квашанай капустай, ішла размова, прыглушаная гоманам і тарахценнем калаўротаў. Госць сядзеў там побач з Аленкай, якая не прымала ніякага ўдзелу ў свавольствах і жартах, што напоўнілі хату, – яна спачатку карміла, а потым калыхала на руках сваё малое.
– Вясёлыя ў вас вячоркі, – пачаў госць.
– Ды вясёлыя, – адказала Аленка.
– Ты даўно выйшла за Аляксея?
– Ды на Пятра будзе ўжо чатыры гады.
– А колькі ж табе цяпер гадоў?
Яна ўсміхнулася і сарамліва нахіліла галаву:
– Або я ведаю? Мусіць, на Юр'я дваццаць споўніцца...
– Фіі! – свіснуў госць – Старая ты ўжо кабеціна. Ну, а добра табе тут жывецца?
– Чаму ж не добра? Вельмі добра. Дай Божа, каб так да веку было...
– Аляксей добры? Не б'е?
Яна пачырванела:
– Гэтага яшчэ не хапала!
– А любіць?
Яна захіхікала ціха і, замест адказу, моцна пацалавала малое ў лоб.
– Хлеб у хаце заўсёды ёсць?
– Дзякуй Богу, ёсць. Яшчэ таго не было, каб хлеба не хапала. Чаго іншага няма, а хлеб заўсёды ёсць.
– Бондар, напэўна, шмат зарабляе?
– Ды зарабляе. І мой зарабляе, і бацька зарабляе. Калі на гаспадарцы няма работы, дык ён з Ясікам рыбу ловіць і ў мястэчку прадае; раней адзін хадзіў рыбачыць, а цяпер ужо гады са два з Ясікам ходзіць...
– З Ясікам ходзіць, – паўтарыў госць і, апусціўшы вочы, змоўк.
Каля печы з шумам калаўротаў і гоманам змяшаўся хруст разгрызаных арэхаў і лузганне семачак. Хлопцы даставалі з-за пазухі гнілаватыя дзічкі і частавалі імі дзяўчат; тыя манежыліся, адпіхалі паднесеныя да іх твараў жмені з ласункамі, а потым нібы нехаця прымалі, елі і, у сваю чаргу, кідалі хлопцам арэхі і семачкі. Кожны раз, калі каму-небудзь пападала ў лоб або ў шчаку арэхам ці калі жменя семачак рассыпалася па чыім-небудзь аўчынным каўняры, з-за калаўротаў выбухаў смех. Адзін з дзецюкоў, што ўвесь час стаяў за Ганулькай, амаль не ўдзельнічаў у жартах, а ўсё нешта шаптаў дзяўчыне на вуха. Ульяна, што верхаводзіла паміж дзяўчат, гукнула яму, каб загадаў якую-небудзь загадку. Бо ніхто ж не ведае столькі цікавых загадак, як каржакаваты Дзям'ян, галава якога зарасла такімі чорнымі ды кучаравымі валасамі, што яны амаль зліваліся з чорным каўняром кажуха. У гэтым чорным гушчары чырванелі толькі поўныя шчокі і паблісквалі чорныя вочы.
– Калі загадкі, дык няхай будуць загадкі, – адказаў ён настойлівым дзяўчатам. А сам выпрастаўся, адкашляўся на ўсю хату, яшчэ больш надзьмуў шчокі і, руку ўпёршы ў бок, пачаў:
Еду, еду —
Ні дарогі, ні следу,
Каня бічом паганяю,
На смерць паглядаю.
Ён змоўк. І ўсе маўчалі. Спынілася некалькі калаўротаў.
– Ну, што гэта? – здзекліва спытаўся разумны Дзям'ян.
Ніхто не змог разгадаць. Дзяўчаты заклапочана зіркалі адна на адну, а хлопцы нібы зусім абыякава курылі і прытупвалі наскамі ботаў. Дзям'ян узяўся ў бокі аберуч.
– Ды гэта ж човен! – пагардлівым тонам сказаў ён.
– І праўда! – пачулася адразу некалькі галасоў, і ўсе дзівіліся, паўтараючы словы загадкі.
– Ага! – еду, ні дарогі, ні следу – вядома, па вадзе, каня бічом паганяю – значыцца, вяслом па вадзе... Ага! І праўда – гэта ж човен.
– Чаму ж ты, Дзям'ян, не шапнуў мне, што гэта такое! Калі б ты сказаў, я адгадала б, – ціха прагаварыла Ганулька.
– Добра, то я яшчэ адну загадаю.
Ён зноў надзьмуў шчокі, кашлянуў і пачаў:
Повен хлявец
Белых авец,
Адзін баран бляе.
Скончыўшы, ён нагнуўся, нібы паднімаючы з зямлі арэх, і шапнуў Ганульцы ў самае вуха:
– Язык!
– Язык! – сярод агульнага маўчання выгукнула дзяўчына.
– Ага! – зноў здзівіліся ўсе. – Праўда! Нічога не скажаш, праўда! Во разумная! Такая маладзенькая, а такая разумная! А можа, табе Дзям'ян падказаў? Відаць, падказаў? Праўду скажы!
Пачырванелая, як півоня, дзяўчына хавалася за кудзелю і ўмольна пазірала на разумнага хлопца.
– Я не гаварыў! – выгукнуў Дзям'ян. – Брэшаце! Нічога я не гаварыў...
І, нібы жадаючы адагнаць новыя пытанні, што пасыпаліся на яго і каханую дзяўчыну, адразу дадаў:
– Калі хочаце, дык яшчэ адну скажу!
Тоўстыя шчокі яго раз'ехаліся ад хітраватай усмешкі, чорныя вочы смяяліся.
Маленькая, чарненькая,
Усю калоду варочае.
– Ну, што гэта? – спытаўся ён, закрываючы жменяю рот.
Баба Настуля засмяялася, шырока разявіўшы свой бяззубы рот, і замахала на яго рукамі:
– Ой, каб ты скіс з такою загадкаю! Ой, не раз і не два чула я ўжо гэтую загадку! Гэта ж блыха!
Прыглушаным голасам, праз пальцы, якімі ён закрываў рот, Дзям'ян пацвердзіў:
– Ну але, блыха!
А чорныя вочы блішчалі над вялікай рукой, смяяліся і пераможна пазіралі па вясёлых дзяўчат. Другою рукою ён крадком абдымаў тонкі Ганульчын стан, абцягнуты сіняй кофтай.
Госць, седзячы побач з маўклівай Аленкай, неяк асабліва пільна прыслухоўваўся да жартаў і загадак. Ён успёрся рукамі на калені і, падаўшыся наперад, пачаў усміхацца, спачатку слаба, невыразна, а потым з усё большым задавальненнем. Як толькі хто каля печы выкрыкваў разгадку, ён падтакваў, ківаючы галавой. Калі б хто-небудзь тады на яго паглядзеў, дык мог бы падумаць, што чалавек гэты добра ведае ўсё, пра што гаворыцца, толькі ўсё гэта забылася і цяпер прыгадвалася настойліва, ведучы за сабою рой іншых успамінаў. Але ніхто цяпер не звяртаў на яго ўвагі, дык неўзабаве і сам ён перастаў пасміхацца, зноў паглядзеў на суседку.
– Чаму ж ты не ідзеш туды весяліцца разам з усімі?
Яна адказала, пакалыхваючыся разам з дзіцем:
– Не хачу... Няхай забаўляюцца на здароўе!
– А толькі казала, што табе добра жывецца... Чаго ж ты тады сумуеш? Відаць, Аляксей нядобры, га? Відаць, нядобры? Мусіць, ужо так у іхнім родзе павялося, што ўсе нядобрыя?
Ён з прагнай цікаўнасцю ўпіўся позіркам у маладзіцу. А яна, пазіраючы некуды міма яго, не перастаючы калыхацца, адказала:
– Ды не. І Аляксей добры, і ўсе добрыя, толькі я ніяк свайго Міколку не магу забыць...
– Якога Міколку?
– Ды сыночка...
І яна ціхім, але напеўным голасам пачала расказваць, што некалькі месяцаў прайшло, як памёр яе старэйшы, паўтарагадовы сынок. Якое гэта было цудоўнае дзіця! Хадзіў ужо, гаварыў – не жартачкі, які ўжо быў разумны. Усе па ім плакалі, нават і дзед, хоць ён такі суровы, плакаў. А потым забыліся, нават бацька родны забыўся. Адна толькі яна ніяк не можа забыцца. Яна нахілілася над малым і цішэй закончыла:
– Вядома, дзіця, такое маленькае, нібы тая ягадка, скацілася са свету... Як тая парушынка, лягло ў зямлю...
Буйная сляза пакацілася па яе поўнай ружовай шчацэ і, бліснуўшы, як брыльянт, упала на сінюю кофту.
У гомане, што напаўняў хату, расказ маладой маці звінеў, як тонкая, нясмелая страла, а сляза яе ўпала ў смех і гоман, нібы ціхая кропля расы ў свавольныя, шумныя хвалі ракі. Госць пазіраў вялікімі вачыма на свежы, як раніца, засмучаны твар маладзіцы, сачыў за бліскучай слязой, пакуль яна не пагасла вільготнаю плямкай на сіняй шарсцяной кофце. Відаць, нешта незвычайнае ўразіла яго, здзівіла, абудзіла ў ім нейкую трывожную струну, якой ён, відаць, дагэтуль ніколі ў самім сабе не чуў. Яго шырокія, упалыя грудзі ўзняліся, як ад раптоўнага подыху ветру:
– Ох, ох, ох!
А з твару маладой маці смутак раптам знік, яна ажывілася і вясёлымі вачыма, што заблішчалі ад цікаўнасці, пазірала на вясёлую чародку моладзі каля печы.
– Ой, – крыкнула яна, – казкі будзе баяць! Настуля казкі будзе баяць!
Яна рыўком павярнулася да госця:
– Паслухайце толькі, мой жа ж вы даражэнькі, вы толькі паслухайце! Яна цудоўныя казкі бае! Ой, такія цудоўныя!..
Баба, што каля самай зямлі сядзела на перавернутых ночвах, паміж двума калаўротамі, выцягнула да агню галаву ў чырвоным круглым чапцы і пачала расказваць. У агульным маўчанні, пад шум калаўротаў, голас яе – стары, працяглы, шапялявы – разыходзіўся па ўсёй хаце:
– Жылі сабе тры браты: два разумныя, а трэці дурань. Павырасталі яны, і прыйшла ім пара жаніцца. Бацька іх і пытае:
– Каторага з вас, сыны, першага жаніць?
Першы кажа:
– Мяне, бо я старэйшы.
Другі кажа:
– І мне, татка, пара ўжо.
А дурань таксама:
– І мне ўжо даўно была б пара.
– Ну, – кажа бацька, – ідзіце вы ўсе ў лес, а хто найхутчэй ды найбольш ягад назбірае, таго я першага і ажаню.
Пайшлі яны ўсе ў лес і так збіраюць ягады, так збіраюць, што нават не разгінаюцца, каб як найхутчэй набраць. Разумныя да дурня падышлі і пытаюцца:
– Ну што, дурань, – ты многа ягад назбіраў?
– Ого, – кажа дурань, – я ўжо дахаты хутка пайду. Пазайздросцілі разумныя дурню, узялі ды забілі яго, нож у сэрца ўсадзілі...
– Ой! – войкнула некалькі жаночых галасоў.
– Ну, ну, так ужо адразу ўзялі і забілі! – усумніўся хтосьці з хлопцаў.
Баба Настуля з поўнай упэўненасцю паўтарыла, трасучы галавой:
– Узялі і забілі, нож у сэрца ўсадзілі, у зямлю закапалі, пяском засыпалі, замест крыжыка вішню ў галавах пасадзілі і пайшлі дахаты.
А тут па гэтай самай дарозе едзе пан. Убачыў ён вішню і думае сабе: