Текст книги "Дрэва вечнасці"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 31 (всего у книги 31 страниц)
– На мяне глядзі! На мяне! Яшчэ раз шокерам яго!
– Мадам захапляецца садамазахізмам? – я проста кіпела. – Магу падказаць адрасок аднаго мінскага клуба, дзе хапае вычварэнцаў, якія будуць лізаць вам боты. Яшчэ і грошыкі заробіце на калготы ў сетачку. А тут неяк непрыгожа выглядае…
Думаю, яна зрэагавала не столькі на сэнс маіх слоў, колькі на з'едлівы тон.
– Яшчэ адна «вумная»… Прыгод шукае на сваю… (тут была выдадзена чарговая порцыя лаянкі, якую не хочацца цытаваць). Зараз скажу Дзімычу, каб ён цябе задаволіў. Проста тут.
Прыгажунчык Дзімыч паглядзеў на мяне і расплыўся ва ўсмешцы:
– Як загадаеце, Вера Сцяпанаўна. Я гатовы.
Я зразумела, што гэта не жарты. Спадзяюся, мой твар захаваў выраз спакойнай грэблівасці.
– Крыж сапраўды існуе, – цвёрда сказаў Вінцук. – Ён у магіле Грыня Вяржбіцкага. Пад тым месцам, дзе стаяў мармуровы анёл. На плошчы, дзе рэшткі фундамента касцёла, прыблізна метр ад металічнага слупа…
– Той анёл, што ў скляпенні? – удакладніў антыквар. – Я так і думаў, што неабходна яго агледзець. На ім ці надпісы нейкія засталіся, ці таемныя сховішчы… А то важдаліся, далікатнічалі… – апошнія словы гучалі мяккім дакорам на адрас гаспадыні.
– Вера Сцяпанаўна, я ведаю! Яны там сёння паўгадзіны тырчэлі, пальцам у тое месца тыцкалі. Я добра запомніў, – радасна азваўся чырванаморды.
– Адпусціце яго, – загадала «прынцэса».
Вінцук, хістаючыся, падняўся. Відаць, Вера Сцяпанаўна спадзявалася, што яго словы – першы крок да згоды… З якімі ж нікчэмнасцямі яна мела справу, калі верыла, што прыніжэнне спараджае сімпатыю да больш моцнага! Вінцук зноў з каменным тварам утаропіўся ўдалеч. Гэты выраз, які сапраўды мог давесці да шаленства, відаць, быў добра знаёмы «прынцэсе» – яна зласліва прыкусіла губу і адвярнулася.
– Гаспадыня, выкапваць трэба, – азваўся адзін з наёмнікаў. Яго падтрымаў антыквар:
– У мяне ёсць план касцёла, дзе пазначаны надмагільны помнік у выглядзе анёла, так што заарыентуемся да сантыметра. Вера Сцяпанаўна, у нас жа самае сучаснае абсталяванне, найменшую металёвую рэч на адлегласці трох метраў вылічым. Зробім ціха і хутка. Паставім сцяжкі і шыльду: «Рамонт цепласеткі». Заўтра ж могуць набегчы розныя…
Антыквар ажно ўспацеў. «Хлопчыкі» таксама захваляваліся ад блізкасці грошай і цяпер на месцы не маглі ўстаяць, гатовыя бегчы і зубамі грызці мерзлую зямлю. Вера Сцяпанаўна паддалася неадольнаму прыцягненню дармовага багацця.
– Паехалі. Ягоная прабабка не магла ж капаць на тры метры. Недзе зверху на магілку, дурніца, кінула, каменьчыкам прыціснула, пясочкам прысыпала… А гэтых нельга выпускаць, пакуль не знойдзем. Дзе ключы ягоныя?
Чырванаморды паказаў гаспадыні звязак ключоў, якія звычайна віселі ў Вінцука на шыі.
– Падбярыце, які з іх ад скляпення…
9
За намі бязлітасна грымнулі дзверы. Я пачула, як Вінцук цяжка падымаецца, намацвае выключальнік. Запалілася святло. Я зноў пабачыла стэлажы, драўляныя фігуры, мармуровага анёла…
– Вы ўсё-ткі ім сказалі…
Вінцук памаўчаў, пасля прысеў на перакуленую драўляную святую Барбару.
– Там нічога няма.
Я са здзіўленнем глядзела на ягоны спакойны твар.
– Адкуль вы ведаеце?
Вінцук вытрымаў паўзу, павольна падняўся, узяў з падлогі жалезную штуковіну, відаць, таўкач ад старажытнай ступы, падышоў да мармуровага анёла і з сілай ударыў яго ў грудзі, у тое месца, што прыкрывалі складзеныя далоні. Я падышла і пабачыла, што там утварылася трэшчына. Але гэта ж немагчыма… Мармур не можа так трэскацца. Вінцук ударыў яшчэ некалькі разоў, пасыпаўся друз, і на грудзях анёла зазеўрала рана. Там нешта бліснула.
– Вось вам і крыж, і праклён роду Вяржбіцкіх разам з ім. Я аж захлынулася ад абурэння і здзіўлення.
– І вы ўсё ведалі?
– Даўно. Я заўважыў у гэтым месцы трэшчынку. Прыгледзеўся – аказалася, раствор. Некалі тут было акенца для лампады. Уяўляеце – анёл з палаючым сэрцам над магілай грэшніка? Але акенца замазвалі некалькі разоў. Відаць, мясцовыя святары палічылі, што дзірка ў скульптуры – нейкая кашчунная трактоўка, і загадалі заляпіць яе. Я ніколі не думаў, што прабабка, вытанчаная паненка, магла раскопваць магілы. Яна проста адбіла тут стары раствор, ці, хутчэй за ўсё, у ім ужо была трэшчына. Паклала крыж і замазала зверху новым слоем. Нездарма ж спрабавала сябе і ў скульптуры. А апошні раз закрываў гэтае месца я, два гады таму. Закамуфляваў так, каб не было магчымасці адрозніць ад іншай паверхні. Тым больш камень стары, вышчарблены.
– І вы не сказалі мне раней?..
– А навошта? Я застаюся пры сваёй думцы: такія рэчы толькі спараджаюць спакусу. Ад іх належыць пазбаўляцца. Не дарую сабе, што пасентыментальнічаў і не знішчыў гэтую штуку.
Я засунула руку ў рану на грудзях анёла і дастала крыж. Ён не быў вялікі – можа сантыметраў пяць у даўжыню. Упрыгожаны дробнымі каменьчыкамі, здаецца, аквамарынам. І ў цэнтры, як мёртвае вока, цьмяна паблісквала перліна памерам з вішню. Часта жэмчуг траціць сваю каштоўнасць у неспрыяльных умовах. Але перліна, на якую я глядзела, нават на мой неспрактыкаваны позірк, была цудам. Здавалася, з яе срабрыста-чорнай сферы выпраменьваецца сама цемра.
Я працягнула крыж Вінцуку:
– Што ж з ім цяпер рабіць? Перахаваць?
– Паглядзім…
Вінцук сунуў крыж у кішэню нагавіцаў.
– Я вельмі шкадую, Кацярына Аляксееўна, што вы патрапілі ў такую гісторыю. Гэта ўсё з-за таго, што я затрымаў вас дзеля карціны. Сапраўды, мастакі – эгаісты.
– Сама вінаватая. Прыйшла ў госці без запрашэння. Дарэчы, завіце мяне Касяй, не тыя абставіны, каб цырымоніцца.
– Добра, Кася… Даруйце, дарэчы, за тое, што я вам тады нагаварыў, пра чашу Грааля. Можа быць, гэта проста ад усведамлення, што ў мяне няма ніякіх шанцаў.
– Па-мойму, у нас абаіх цяпер аніякіх шанцаў… – прабурчэла я, прысаджваючыся на перакуленую скульптуру. – Як там абяцала ваша Віта, на кавалачкі нас настругаюць? І чаго вы прыбядняецеся наконт шанцаў? Такая жанчына вас любіць, ад кахання шалее. Праўда, з элементамі садызму, але ў гэтым можна нават своеасаблівую прывабнасць знайсці. Вінцука перасмыкнула.
– Не варта так жартаваць. Тым больш што… што я пакахаў іншую. Хаця апошнія восем гадоў не верыў, што гэта магчыма. Як у Булгакаўскага Майстра – каханне выскачыла з-за кута, як забойца, і ўдарыла нажом у сэрца… Не памятаю дакладна. Ну, нейкая такая рамантычная лухта. Ды не палохайцеся, Кася, я не збіраюся ўчыняць сцэну. І не хвалюйцеся, хутка ўсё скончыцца, вы вернецеся ў свой свет, напішаце доктарскую дысертацыю і наўеўскі дзікун выпарыцца з вашай памяці. Толькі не ўздумайце шкадаваць мяне. Я абсалютна самадастатковы.
Я хацела аджартавацца, але даўкі камяк перасеў у горле. А са мной што адбываецца?! Госпадзе, я ведаю яго ўсяго два дні!
«Самадастатковы»ў парванай кашулі стаяў каля стэлажоў, разглядаючы пыл на іх. Ды яшчэ пасля бойкі ён застаўся ў адным галёшы… Рамантычны, пасінелы ад холаду герой з ліхтаром пад вокам.
– Вось што, шаноўны князь у адной галёшы, калі вы не хочаце ў дадатак да кухталёў атрымаць які плеўрыт, прысаджвайцеся сюды і не пагрэбуйце накрыцца паловай майго футра. А то мяне ваш прывід па начах замучае.
Ссінелы князь Палецкі нейкі час павагаўся, пасля прысеў побач, абхінуўся маім футрам. І абняў, прыціснуў да сябе… Я адчула, як шалёна калоціцца яго сэрца… А можа, гэта стукае маё? Ці мы зрабіліся нечым адным, і сэрца ў нас адно, і адзін боль, і адно жыццё?..
…Толькі б гэтае імгненне ніколі не канчалася!
Наверсе бразнуў засоў.
– Сядзяць, як галубочкі… Давай, барадаты, выходзь, магілка твайго прадзеда даўно да нас абшуканая. І без фокусаў, у мяне электрашокер.
Мы зноў апынуліся пад позіркамі музейных партрэтаў – відаць, «прынцэсе» імпанавала арыстакратычная абстаноўка. Але я ўжо была іншай. Гэты дом і гэтыя партрэты не былі мне чужымі. Я стаяла каля дзвярэй, за маёй спінай дыхаў «прынцэсін» «хлопчык». Было страшна, вядома, але страх чамусьці згасаў перад дзіўным адчуваннем таго, што ўва мне ёсць нешта такое, што непадуладна нікому, агеньчык, які нельга загасіць нічым, нават смерцю…
Вінцук, зноў каменна-абыякавы, прытуліўся да грубкі. Языкі полымя, здавалася, хацелі выскачыць з адчыненых дзверцаў.
– «Прынцэса» злосна зірнула на Вінцука:
– Ты сказаў, што крыж ёсць. Некалі ты не ўмеў маніць. Навучыўся, ці што?
Ды ўжо наўрад ці навучуся, – спакойна сказаў Вінцук, раптам рэзка дастаў з кішэні руку з заціснутым крыжам, на імгненне затрымаў – каб усе пабачылі, што гэта, і кінуў крыж у агонь.
«Прынцэса» ахнула, «хлопчыкі»з лаянкай кінуліся да грубкі, але Вінцук нейкі час «трымаў абарону», адкідваючы іх прэч. Нарэшце яны, загіпнатызаваныя відовішчам знішчэнна багацця, уцямілі, што найперш трэба нейтралізаваць абаронцу. Зноў паўтарылася брыдкая сцэна з крутых дэтэктываў. Чаму я ніколі не займалася ўсходнімі адзінаборствамі! Чарнявы падонак! Я паспрабавала адцягнуць яго ад Вінцука, але ён адшпурнуў мяне, як кацяня. Тым часам падаспеў антыквар з нейкім прэнтам, пашарыў у вуголлях, і на падлогу ўпаў пачарнелы, аплаўлены крыж, з вугальком пасярэдзіне…
– Позна… – выгукнуў антыквар, падбег да паваленага Вінцука і з усяе сілы даў яму нагой у бок. – Паскуда!
«Прынцэса» маўчала. У яе быў нейкі разгублены выгляд. Я раптам убачыла, што яна ўжо не такая маладая і не такая ўпэўненая ў сабе… Яна глядзела на агонь, не ў змозе ўсвядоміць, што адбылося, як гэта чалавек спаліў трыста тысяч баксаў. Глядзела з нейкай наіўнай крыўдай, як дзіця, на вачах якога лопнуў цудоўны паветраны шарык. Нават рот у яе адкрыўся…
Можа, ад нерваў, не ведаю, але я рассмяялася. Вінцук прыўзняў галаву ад падлогі, паглядзеў падбітымі вачыма вакол, на твары, перакрыўленыя бяссільнай злосцю, і таксама засмяяўся. Так мы і хіхікалі, як два ідыёты, і не ведаю, чым бы скончылася гэтая сцэна, але ў дзвярах пачуўся магутны вокліч:
– Кася! Ты тут? Зноў прыгод шукаеш на сваю галаву? О, а народу колькі!
Гэта была Нюта, мая дарагая Нюта. Як яна пасля мне распавяла, сядзелі яны з Андрэевічам і Мацвееўнай да гадзіны ночы, прычым Нюта добра-такі апрацавала новага дырэктара наконт каштоўнасці музея і прэстыжнасці яго для ўсяго раёна, школы і Андрэевіча ў прыватнасці. І толькі калі Нюта пайшла класціся спаць, убачыла, што мяне няма. Андрэевіч успомніў, як учора я пацягнула яго ў музей ганяць гарадскіх бандытаў. Нюта ўстрывожылася. Безумоўна, пайсці ў такі позні час і так надоўга я магла толькі ў княскі дом. Але тут між Нютай і гаспадарамі разгарэлася спрэчка, ці я там бандытаў ганяю, ці ў мяне рамантычная прыгода, і іх прысутнасць будзе, мякка кажучы, залішняй. Мацвееўна была перакананая, што з кудлатым бажаволкам рамантычных пачуццяў у гарадской прыгажуні быць не можа. Нюта, з аднаго боку, ведала, што я не схільная да фліртаў і бегаць па начах на спатканні да малавядомых мужчын не ў маім характары. А з другога боку, перад ёй жа Вінцук выявіў сябе як адукаваны, хаця дзіўны чалавек. Яна нават лічыла яго цікавым. Нарэшце Мацвееўна паглядзела ў акно і сказала, што ў бок княскага дома едзе машына. І Нюта з Андрэевічам рушылі на выручку. Прычым Андрэевіч, якому надта не спадабалася фізіяномія ўчарашняга бамбізы, прыхапіў з сабою заспанага кума-ўчастковага.
«Прынцэса» на развітанне паглядзела на збіты твар свайго колішняга прынца, неяк сумна, тужліва паглядзела, і сур'ёзна прамовіла:
– Нешта не атрымліваецца ў мяне з табою. Мусіць, характары не супадаюць.
Гумарыстка. І пайшла на сваіх высокіх абцасіках у атачэнні панылай світы.
Вінцук нясмела зірнуў мне ў вочы – шукаў адказу: ці тое, што раптоўна нарадзілася між намі, яшчэ мае для мяне значэнне?
Паглядзеў, супакоіўся, нават заўсміхаўся.
А Нюта тым часам шчыра лаяла мяне, бязмозгую, за тое, што ўсё ў мяне не па-людску, усё я нарываюся на нейкія здарэнні і ніколі мне не пачаць нармальнае жыццё…
Мы ўгаварылі Вінцука пераначаваць у Андрэевічавага кума. Тым больш кум вельмі ўсцешыўся, што мы не збіраемся судзіцца з гарадской магнаткай, і абяцаў «спісаць» пабітыя вазы на няшчасны выпадак. Я вельмі баялася, каб бандзюгі не вярнуліся ды чаго не ўтварылі. Кум-міліцыянт уласнаручна зачыніў музей, засведчыўшы, што рэчы на месцы, агонь у грубцы патушаны, электраправодка ў парадку. Мы нават забілі акно, ля якога нас злавіў чырванаморды.
10
Раніцай падаў лёгкі снег, свяціла зімовае сонейка. Мы – Нюта, я і Андрэевіч – кіраваліся да панскай сядзібы. Насустрач нам няспешна, здзекліва няспешна праехала машына з зацемненымі вокнамі. Раптам у доме нешта выбухнула. З разбітых шыбаў паплыў чорны дым, такі недарэчны на фоне бліскучага снегу і блакітнага неба.
Мы на нейкую хвілю аслупянелі, пасля кінуліся бегчы… Я чамусьці была ўпэўненая, што Вінцук – там… Як жудасны акорд бязлітаснасці, ударыў царкоўны звон. Ад царквы бегла, спатыкаючыся ў снезе, знаёмая постаць… Вінцук! Ён быў на ранішняй службе! Дзякуй Табе, Госпадзе! І яшчэ дзякуй, што на вачах столькіх сведкаў – вартаўнік невінаваты! Ім не ўдасца «павесіць» на яго гэты пажар.
– Бензінам палівалі, сволачы, – безнадзейна заўважыў Андрэевіч.
Мы стаялі і глядзелі на полымя, якое высоўвала д'ябальскія языкі адначасова з усіх вокнаў. Вінцук паспрабаваў адчыніць дзверы і забегчы ў дом, але гэта было немагчыма. Заставалася стаяць побач і назіраць. Другі паверх, там, дзе знаходзілася майстэрня, ужо ўвесь выгарэў.
Я баялася глядзець на Вінцука. Яшчэ адзін удар пад дых… Ці вытрымае?.. Мне здавалася, ён зараз кінецца ў агонь. На ўсялякі выпадак я моцна ўхапіла яго за рукаў ватоўкі.
Вінцук адарваў позірк ад палаючага дома, абняў мяне за плечы.
– Скляпенне застанецца цэлым, там дзверы жалезныя. Забярэш і анёла, і скульптуру, і чарапкі.
Я зірнула яму ў вочы. Яны былі ясныя… Ён нават паспрабаваў усміхнуцца:
– Я ўсё роўна цябе намалюю. І не трэба зноў глядзець на мяне, як на няшчасную ахвяру. Я нічога не страціў. Усё – ува мне, са мною. Калі, вядома, ты… Ведаеш, ты мела рацыю. Унутраная воля – гэта глупства. Я пазбавіўся яе – і не шкадую, цяпер у мяне ёсць тое, што я баюся страціць, вельмі баюся.
Ага, сумняваецца! Вось і добра, у мужчыне нельга знішчаць паляўнічы інстынкт, боязь згубіць тваю прыхільнасць. Асабліва калі спадзяешся пражыць з гэтым мужчынам доўга-доўга, да канца зямнога жыцця – і сустрэцца ў нябесным. Ды калі яшчэ маеш справу з выбітным талентам. Ох, нялёгка мне з ім давядзецца…
Так што Нюта мела рацыю.
Якое там нармальнае жыццё…
Радаслаў Дудкоўскі, калі даведаўся, за каго я выйшла замуж, цэлы год аплакваў маю легкадумнасць ва ўсіх кампаніях. Праўда, другая жонка ад яго паспела ўжо за гэты час збегчы, так што ён хутчэй плакаў па сабе, незразуметым. Альберцік жа толькі канстатаваў:
– Я так і ведаў, што мне не давядзецца перапісваць сваю «Князёўну» ў зялёных колерах. Хаця, магчыма, і варта было б…
2000
notes
Заўвагі
1
Кічэра – бязлесная гара (аўт.).
2
Царынка – абгароджаная сенажатка недалёка ад хаты (аўт.).
3
Астрыва – сухая яліна з галінамі, на якіх сушыцца сена (аўт.).
4
Чугайстыр – міфічная істота, добры лясны дух.
5
Флаяра – гуцульская дудка, якая, як і сапілка, выразаецца з дрэва і нагадвае беларускую жалейку.
6
Чэрас – полая скураная дзяга, у якой носяць грошы.
7
Табіўка – скураная сумка, якую носяць цераз плячо на рэмені.
8
Гугля – верхняе суконнае адзенне накшталт каўказскай буркі.
9
Дзёбня – суконная сумка, якую носяць цераз плячо на шлейцы.
10
Капчуры – від зімовых штаноў у гуцулаў.
11
Паланіна – высакагорны луг.
12
Варынне – агароджа з драўляных жэрдак (аўт.).
13
Стая – драўляны шалаш, у якім жывуць аўчары і робяць сыр (будз, брынзу) (аўт.).
14
Струнка – паветка, дзе дояць авечак (аўт..).
15
Козар – казіны пастух (аўт.).
1
Ад выдавецтва. Мы даручылі кіраўніку нашага выдавецтва праверыць паданае тут аб Зямельчыцу, які даў нам такую спраўку: «Сказанае аб Зямельчыцу вядома немаль усім старасвецкім пісьменнікам: Herodotus IV, 93, 94; Arian expedit Aleksandri lib I; Hellanikus (etymolog. magn. voce; Pomp. Mela II, 2; Strabon VII, 2977). Аб славянскім народзе (...) гаворыцца, што гэта наймужнейшы і найсправядлівейшы народ спаміж славянаў; вераць, штопа смерці ідуць да свайго бога Zamolxisa, які лічыцца імі за тую ж істоту, што і Gebeleisis (Herodot). Некаторыя грэкі даводзілі, што Zamolxis – Зямельчыц быў Піфагоравым нявольнікам і піфагораўскую навуку аб загробным жыцці пашырыў паміж сваіх аднапляменцаў – гетаў (Strabon). Што, безумоўна, памылкова, бо Зямельчыц жыў куды раней за Піфагора, найменш сто ці паўтараста гадоў. Памылкова такжа сцверджанне Герадота,што геты Gebeleisisa (Найвельшага – Optimus) мелі за адну і тую ж асобу з Зямельчыцам, які пашыраў навуку аб адзінай першапрычыне. а знача быў толькі абагомленым чалавекам. З навейшых пісьменнікаў аб Зямельчыцу (Zamolxis) пісалі: de Brosse i d'Anville ў memoires de l' acad. des inscript. T.XXXV et XXV ды Ernest Gotfried Grodeck у развагах, de immortalitatis quam Getis persuasisse dicitur Zamolxo ratione; а так-жа ў яго: Graecorum de Zamolxide fabule.
2
Ад выдавецтва. З пісьменніка Меандра (323 г. да Н.Х.) даведваемся, што Зямельчыц пашыраў навуку вельмі падобную, у агульных рысах, да будызму, але вынікаўшую з недраў мыслі дака-гецкага племя.
3
Kronos (грэц.) – час. Кон – круг, круг гадавы; як нямецк. Gott – год.
19
Атрамант (уст.) – тое, што і чарніла.
20
Саят-Нова (сапр. Аруцюн Саадзян; 1712—1795) – армянскі паэт, буйнейшы прадстаўнік армянскай свецкай сярэдневяковай паэзіі.
21
Вуаль – лёгкая празрыстая тканіна.
22
«Сатырыкон» – штотыднёвы часопіс сатыры і гумару ліберальна-буржуазнага кірунку; выдаваўся ў 1908—1914 гг.
23
Гэты і два наступныя куплеты песні ў арыгінале апавядання даюцца па-польску (рэд.)
24
Мая віна, мая вялікая віна (лац.).