355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Дрэва вечнасці » Текст книги (страница 29)
Дрэва вечнасці
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 03:01

Текст книги "Дрэва вечнасці"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч


Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении

Текущая страница: 29 (всего у книги 31 страниц)

Пры нашым з'яўленні бамбіза неахвотна выціснуў усмешку:

– Трэба ж, зноў сустрэліся… А мы сюды па сумачку Веры Сцяпанаўны заехалі. Шукалі вось… Ну, добра, я пайшоў. Да сустрэчы, барадаты…

Мы не спрабавалі яго затрымаць. Аўтамабіль ад'ехаў. Дырэктар вылаяў гарадскіх бандзюг і пачаў нудна выгаворваць Вінцуку наконт дысцыпліны, відаць, спаганяючы злосць, што меў на мяне. Вінцук, не слухаючы начальніка, прамовіў мне абыякавае «дзякуй»і зноў зацяўся, як камень.

– Можа, у міліцыю паведаміць? Ці медыцынская дапамога вам патрэбна?

Вартаўнік моўчкі пахітаў галавой, а Андрэевіч ад маіх слоў усхваляваўся. Навошта шум падымаць? Вартаўнік сам вінаваты: пусціў чужых на аб'ект аховы.

Ну, не трэба дык не трэба… Сёння яны сюды наўрад ці вернуцца. Даме, напэўна, час ванну прымаць. Я не сумнявалася, што ў машыне сядзела «прынцэса».

Адыходзячы, я азірнулася на дом, які ў цемры набываў страчаную веліч. Скрозь дошкі, якія шчыльна закрывалі вокны другога паверха, у адным месцы прабіваўся праменьчык святла. Дзіўна… Можа, падалося? Не, свеціцца, праўда, толькі калі глядзець пад пэўным вуглом.

Дырэктару пра сваё адкрыццё я нічога не сказала. Па дарозе дахаты гаспадар, узрадаваны, што інцыдэнт вырашыўся, распавёў мне пра свайго папярэдніка на гэтай пасадзе. Цудко меў славу дзівака, хаця яго ў акрузе паважалі. Ён з няўрымснай энергіяй збіраў у свой музей старыя збаны і посцілкі, сямейныя архівы і рэшткі архіваў мясцовых устаноў. Калі руйнавалі царкву і касцёл з будынкам семінарыі, выцягнуў адтуль усё, што мог, дакладней, што там засталося. Драўляная скульптура, якую я бачыла, валялася ў сутарэннях касцёла, які з трыццаць дзевятага года і да свайго зруйнавання выкарыстоўваўся як склад. Андрэевіч быў яшчэ маленькім хлопчыкам, але памятаў, як бурылі касцёл, як Цудко ўгаварыў трактарыста і той перацягнуў адтуль да школы некалькі мармуровых скульптур і з дзесятак магільных пліт. З усяго захаваўся ў музеі толькі бачаны мной анёл ды тры надмагільныя пліты князёў Палецкіх. Астатнія, казалі, забрала раённае начальства. Я ведала, што гэта значыць – айчынныя нуварышы купляюць старыя каменныя надмагіллі, знішчаюць надпісы і выкарыстоўваюць для ўшанавання памяці памерлых сваякоў. Добры мармур набыць цяжка. А тут яшчэ і з гатовымі малюначкамі трапляецца. Вартаўнік з'явіўся ў школе два гады таму, Цудко ўладкаваў яго перад самай сваёй пенсіяй. Адкуль той Вінцук узяўся – ніхто не ведае; Цудко сказаў, што гэта ягоны далёкі сваяк. Па Наўі адразу пайшлі чуткі, што сваяк выйшаў з псіхіятрычнай бальніцы. Дый гэта ад пачатку было відаць, што чалавек «з прыветам», – з выгляду, як бадзяга, да сялянскай працы не змусіш, толькі дровы сячэ ды ўлетку траву пакосіць вакол школы. Ні з кім не гаворыць, ніхто да яго не прыязджае. Трэба будзе пераводзіць музей у новую школу, але там усё не змесціцца. Давядзецца аддаць большую частку экспанатаў у раённы музей. Рэчы ёсць прыгожыя, шафка, напрыклад, і вазы. Але без іх спакайней. А тады што з вартаўніком рабіць? І выгнаць шкада – прападзе чалавек, забамжуе.

Размова працягнулася за вячэрай, і гаспадыня, якая прадставілася мне як Мацвееўна, выказала сваю думку, што Вінцук той – блажэнны, бо кожны дзень у царкву ходзіць і нават бацюшку бясплатна дапамагае па царкоўнай гаспадарцы.

– Грашыў, відаць, шмат, – глыбакадумна заключыў Андрэевіч пасля трох чарак самагонкі, якую я адмовілася піць. – Калі чалавека нячысцік мучае, ён абавязкова ў царкву пацягнецца… Сабакам брахаць будзе, змяёй круціцца, але да царквы папаўзе…

Пасля такой эзатэрычнай скіраванасці я зразумела, што час укладвацца спаць.

Перад тым як улегчыся пад пуховую коўдру, таўшчыня якой была прапарцыянальная гасціннасці гаспадароў, я яшчэ раз зірнула на далёкі будынак школы і падумала пра святло на другім паверсе. Несумненна, там і схаваныя самыя каштоўныя экспанаты. Як бы толькі пераканаць вартаўніка пусціць мяне да іх?

4

Раніца выдалася сонечная, з марозам. Гаспадары даўно ўсталі і, відаць, паспелі зрабіць шмат патрэбных, спрадвечных гаспадарскіх спраў, пакуль я песцілася пад іхняй пярынай. Нават да маёй мансарды даносіўся пах аладак.

Андрэевіч падрыхтаваў мне сюрпрыз. Паколькі я ўчора так цікавілася асобай вартаўніка, ён схадзіў у новую школу і прынёс ягоную асабовую справу. І зараз сам вывучаў яе. Я ўзяла ў Андрэевіча шэрую папачку і ледзь не ўпусціла, прачытаўшы надпіс: «Віктар Іванавіч Палецкі, вартаўнік». Я зірнула на дырэктара, той толькі паціснуў плячыма.

– Я і сам не ведаў, што ў яго за прозвішча. Вінцук ды Вінцук. Хутчэй за ўсё, проста аднафамілец княжацкі. Апошнія Палецкія з'ехалі адсюль яшчэ ў трыццаць дзевятым, калі Саветы прыйшлі.

Пра жыццё Палецкіх да рэвалюцыі Андрэевіч ведаў мала. Чуў толькі пра старога князя, які надта любіў гуляць у карты, так што прайграў суседнюю з Наўем вёску нейкаму палкоўніку. Ды яшчэ той князь пад старасць звар'яцеў і пачаў «магілы выварочваць». Ці ён проста руйнаваў помнікі, ці захапляўся некрафіліяй, выкопваў трупы, аповеды не ўдакладнялі.

У асабовай справе аказался зусім няшмат звестак пра вартаўніка. Месца нараджэння – Мінск. У графе «адукацыя» – прочырк. Узрост – трыццаць пяць гадоў, значыць, усяго на пяць гадоў старэйшы за мяне. Спецыяльнасць і працоўны стаж – прочыркі, відаць, лічылася, што гэтага няма, як і хатняга адраса. Сямейнае становішча – халасты. Адзіная адметнасць – адзнака, што не прыдатны да вайсковай службы па стане здароўя.

Сёння пасля абеду мусіў прыехаць нехта з музея. Я спадзявалася на сваю сяброўку Нюту, якая пісала дысертацыю па кераміцы. А тут керамікі досыць.

Вінцук сустрэў мяне ветла. Ён нават змяніў прычоску, калі так можна сказаць пра ягоныя кудлы, – пасмы больш не навісалі над вачыма. Ад гэтага твар змяніўся – высокі лоб, вялікія светлыя вочы і просты нос… Можа, і князь… Ну, чакай, я цябе разгавару!

– Я ведаю, што вы з гэтых Палецкіх.

Вінцук адразу сцяўся, падобна смаўжу, які хаваецца ў ракавіну пры набліжэнні небяспекі. Ага, значыць, праўда!

– Няўжо вы думалі, што такі факт застанецца невядомым? Калі вам не хочацца «рассакрэчвацца», магу паабяцаць, што нікому больш не раскажу. Але я павінна ведаць – вы ж нездарма далі мне пачытаць сямейныя дакументы Палецкіх? Прызнаюся – мяне зацікавіла гісторыя княгіні. І я хачу ведаць працяг. А калі я чым цікаўлюся, не спыняюся ні перад якімі перашкодамі. Лепш, каб вы расказалі мне самі, чым я буду корпацца ў іншых, можа быць, неаб'ектыўных, крыніцах.

Вінцук зацягнуў паўзу на добрых пяць хвілін.

– Я мала што ведаю. Маці, праўда, часта расказвала пра сваю бабулю, якая развялася з мужам, князем Палецкім, і з'ехала ў Санкт-Пецярбург.

– Ну а далей што з ёй было? З яе сынам?

– Сына, майго дзеда, яна забрала з сабой, фактычна выкрала. Скончыла медыцынскія курсы. Усё жыццё працавала фельдчаркай. Замуж болей не выйшла. Князь другі раз ажаніўся, меў дзяцей. Здаецца, нехта з іх роду жыве ў Польшчы. Паколькі пасля разводу князь пазбавіў і былую жонку, і яе сына правоў на спадчыну, я ні на што тут прэтэндаваць не магу.

– Значыць, сюжэт карціны «Шлюб пад прымусам»– пра вашу прабабку?

– Яна сама яе малявала. І партрэт студэнта. Кахала гэтага чалавека яшчэ да замужжа.

– А пра які талісман згадвае ў лісце ваша бабуля?

– Крыж, фамільная каштоўнасць. Пераходзіў старэйшаму ў родзе. Лічылася, што ён прыносіць няшчасце. Прабабка пасля разводу яго выкінула.

Вінцук замаўчаў. Зноў адсутны позірк. Па рукаве княскае выцвілае ватоўкі поўз павучок.

– Цікава, а чаму вы даверылі мне свой сямейны архіў?

– Таму што добра вас ведаў.

– Як? Адкуль?! Альберт Свянткоўскі распавёў?

– Нейкім чынам так. Я партрэт ваш бачыў. А Свянткоўскі – таленавіты мастак, значыць, яго карціна расказвае больш, чым сам мастак мог бы расказаць пра сваю мадэль. Мне вельмі хацелася захаваць памяць прабабкі. Яна сапраўды была выбітным чалавекам. Цяпер, калі ведаеце яе гісторыю, і карціны вас зацікавяць. Упэўнены, недзе вы пра яе згадаеце.

Правільна думае. Шляхціцы з партрэтаў ухвальна глядзелі на Вінцука. Мне на хвілю здалося, што на ім гэткая ж старасвецкая вопратка, як і на іх, і ён таксама аддзелены ад мяне стагоддзямі… Таямнічы палац са схаванымі сямейнымі скарбамі і адданым вартаўніком…

– Што ў вас на другім паверсе? Філія музея? Зноў напружыўся.

– Нічога там няма. Там дах правалены.

А маніць не ўмее. Ненатуральна атрымліваецца.

Вінцук адчыніў дзверы скляпення. На мяне пацягнула волкім паветрам. Анёл утаропіў на нешта жахлівае белыя вочы, рот драўлянага Хрыста зеўрае немым крыкам, дальнія куты патанаюць у цемры… Я папрасіла княскага нашчадка вынесці наверх, у залу, тыя папкі, якія не перагледзела ўчора, і скрыню з чарапкамі. Рэестр экспанатаў, складзены Цудко, ляжаў на стале. Вінцук дапамог зручна ўладкавацца… І тут зусім побач ударыў звон. Зараз з'явіцца прывід Чорнага Манаха ці якой-небудзь Белай Дамы… Але звон ударыў яшчэ раз, гэтак жа адсланёна-няўмольна, і сціх. Я ўспомніла, што побач – царква Святой Параскевы. Значыць, з'яўленне прывіду пакуль адмяняецца.

Вінцук, аднак, занепакоіўся:

– Я пакіну вас на гадзінку? Айцец Павал чакае. Няёмка. Абяцаў дапамагчы яму пасля службы…

– Нічога, нічога, ідзіце, я сама спраўлюся. Праўда, мне яшчэ пра многае хацелася вас распытаць…

Але мае словы яшчэ больш прыспешылі вартаўніка. Праз акно я ўбачыла ягоную высокую, трохі прыгорбленую постаць – ён ішоў хуткім крокам у бок царквы. Вось і добра… У прысутнасці Вінцука я адчувала сябе няпрошанай госцяй. Так, ён абараняў музей ад уладных рабаўнікоў, так, за ягонай ваўкаватай знешнасцю ўгадваўся інтэлігентны – дакладней, былы інтэлігентны чалавек, у прастамоўі – «біч». Але нешта ён хаваў і ад мяне, а я не люблю заставацца ў невядомасці.

Я агледзела дошкі, што перагароджвалі лесвіцу на другі паверх. Гэтым шляхам не падняцца. Але хіба тут толькі адна лесвіца? І ў школе, па правілах пажарнай бяспекі, мусіць быць запасны выхад. Ну а ўжо ў княжацкім доме не можа быць адна лесвіца і для паноў, і для прыслугі. Я рушыла ў другі канец калідора. Аказалася, ён там не канчаецца, а заварочвае. У тупіку я знайшла маленькія дзверы без шыльды. Тузанула ручку… Тэхнічнае памяшканне. Я праціснулася між паламанымі партамі… Дзверы з павольным рыпеннем прычыніліся. Добра, ліхтарык з сабою. Ля сценкі – школьная дошка. Можа быць, я выйшла б з гэтага няўтульнага памяшкання, каб не ануча. Звычайная сухая ануча, якой колісь выціралі крэйду, пасля паклалі на палічку ўнізе дошкі, і яна так і прысохла. Чамусьці махры гэтай анучы матляліся, як ад моцнага павеву. Я з цяжкасцю ссунула дошку ўбок. За ёй пачыналася вузкая, як ход шашаля, вінтавая лесвіца, ад яе цягнула холадам. Урэшце, гэта мне цяжка адсоўваць дошкі, а дужы мужчына зробіць такое адным рухам.

Доўгі калідор на другім паверсе наводзіў на сумныя думкі – мусіць, так выглядаюць будынкі пасля бамбёжак. Чорныя бэлькі столі там-сям абрушыліся, пахіліліся да падлогі, быццам штандары перад жалобным шэсцем. Аднекуль сыпаўся дробны снег. Я прыкінула, дзе вечарам бачыла святло: трэцяе акно справа, адчыніла дзверы ў цёмны пакой і скіравала ўнутр прамень ліхтара… І аслупянела. Я знаходзілася ў майстэрні мастака. Звычайнай майстэрні, з маім улюбёным вэрхалам, з пахам фарбаў і пукамі пэндзляў у збанках і гаршэчках. Але не гэта ўразіла мяне. На мальберце стаяла няскончаная карціна. Я ніколі не бачыла нічога падобнага. Яе аўтар меў свой, адметны стыль – фантасмагарычны, з незвычайнымі спалучэннямі колераў, ясны і адначасова туманісты. На фоне начнога зімовага пейзажу, у якім угадваліся краявіды сучаснага Наўя, ляцела прывідная кавалькада паляўнічых – дамы ў сукенках з доўгімі вузкімі шлейфамі, у мехавых шапачках, вышытых перлінамі, з сокаламі на пальчатках, мужчыны ў чугах з пералівістых тканін, з павінымі пёрамі на шапках, узброеныя даўжэзнымі стрэльбамі з раструбамі на канцах. Гэта было захапляючае, вясёлае і трывожнае відовішча. Коні слізгалі па паветры, дамы смяяліся, а над соннай вёскай цягнуліся срэбныя ніткі правадоў электралініі, пакрытыя шэранню.

Ля сцен, павернутыя фарбаванай паверхняй ад гледача, стаялі іншыя карціны. Я пачала іх пераварочваць. Несумненна, яны належалі пэндзлю аднаго мастака, і гэта быў выбітны мастак. У святле ліхтарыка ўзнікалі новыя і новыя сюжэты. Якая фантазія! Якое майстэрства! Я так захапілася разглядваннем, што не зрэагавала ў час – дзверы раптоўна адчыніліся і святло ліхтарыка, ярчэйшага за мой, скіравалася проста мне ў твар і на некалькі імгненняў асляпіла. Калі б у мяне яшчэ былі сумнівы наконт уладальніка падпольнай майстэрні, цяпер іх не мусіла заставацца. Вочы Вінцука з-пад насупленых броваў гарэлі праведным гневам.

– Вы…вы… як вы маглі! Шпіёніць… Паверыў вам… Артыкулам вашым, партрэту… Шчыра збіраўся дапамагчы… А вы…

У небаракі аж рукі трэсліся ад абурэння. Зусім перастаў маскіравацца пад бажаволака. Але я не збіралася адступаць.

– Вы чакаеце, што я зараз пачну прасіць прабачэння і сцвярджаць, што я тут выпадкова, што я не хацела і таму падобнае? Памыляецеся. І апусціце нарэшце ліхтар, а то свеціце мне ў вочы, як на допыце.

Вінцук сумеўся ад майго ваяўнічага тону і скіраваў святло ліхтарыка ўбок, памацаў рукою недзе ў куце, і на столі запалілася лямпа дзённага асвятлення. А я працягвала сваю «псіхатэрапію»:

– Калі вы чыталі мае артыкулы, дык не маглі не зразумець, што я з сябе ўяўляю. Цікаўнасць – неад'емная частка маёй прафесіі. Я ніколі не спынюся на паўдарозе. Неінтэлігентна з майго боку? Магчыма. Мне не раз даводзілася неінтэлігентна дабівацца ісціны, як бы патэтычна гэта ні гучала. Вы, дарэчы, таксама неінтэлігентна мне зманілі, калі я спытала пра другі паверх. І, калі хочаце ведаць, мне вас ніколькі не шкада, і ніякай загадкі для мяне вы не ўяўляеце. Сярод маіх знаёмых дастаткова таленавітых няўдачнікаў-іпахондрыкаў. У мінулым годзе адзін паэт аб'явіў, што кідае пісаць вершы, купіў хутар і шукае там праўду жыцця. А ягоная жонка, мая каляжанка, акрамя дадатковых лекцый яшчэ і нешта рэдагуе па начах да страты прытомнасці, абы дзіцяці на лекі ад алергіі ды спецыяльную дыетычную ежу хапала. Хочаце, раскажу вашу жыццёвую гісторыю ў агульных рысах? Вы падавалі вялікія надзеі, вучыліся… не бяруся па вашай творчай манеры вызначыць, дзе, але ў вышэйшай творчай установе. Вас спасцігла вялікае расчараванне, мусіць, звычайная подласць з боку калег – такога хапае ў нашым блаславёным асяродку. Пасля гэтага вы не сталі зноў стукацца ў дзверы вялікага мастацтва, а вырашылі стварыць яго ўласную філію, гэткую рабінзанаду непрызнанага генія. Выяўляеце з сябе бясшкоднага вар'ята з пакалення «брамнікаў і вартаўнікоў», спажываеце разварыстую вясковую бульбачку і з горкай, але салодкай помстай у душы пішаце палотны, якія свет не заслужыў пабачыць. Вось вам «еще… минчук в Гарольдовом плаще».

Я нагаварыла шмат несправядлівасцей і чакала новага выплеску абурэння і абвінавачванняў у адрас недасканалага свету, персаніфікаванага ў маёй сціплай асобе, але я недаацаніла свайго знаёмца. Маю тыраду ён слухаў сапраўды трохі нервова, пакусваючы вусны, але пад канец супакоіўся і камічна развёў рукамі:

– Здаюся, здаюся. Меа сulра, меа массіма сulра.[24] Вы сапраўды менавіта такая, якой я сабе ўяўляў. І я… напэўна, у нечым такі, як вы гіпатэтычна апісалі. Але нечага вы пра мяне не ведаеце. Таму давайце зачынім маю падпольную… дакладней, паддашную майстэрню і пойдзем уніз, у больш спрыяльныя для гутаркі ўмовы.

– Так, узімку вы сапраўды ціхі,– «ушчыкнула» я інтэлектуальнага вартаўніка.

Ён рассмяяўся так шчыра, па-дзіцячы, што я не магла таксама стрымаць смех. Магчыма, да паранойі тут справа не дайшла.

5

На інкруставаным ломберным століку, пакрытым выцвілай цыратай, дыміліся кубачкі з гарбатай на зёлках, у грубцы (шкада, камін не захаваўся) патрэсквалі дровы, з партрэтаў паглядалі вусатыя шляхціцы і шляхцянкі ў карункавых каўнярах, а насупраць мяне сядзеў у фамільным крэсле князёў Палецкіх прыроджаны Палецкі ў падранай ватоўцы. Што праўда, ягонае аблічча істотна змянілася. Зніклі ваўкаватасць і пустыя позіркі паўзверх субяседніка, змянілася і запаволеная гаворка. Вінцук з відавочным задавальненнем вяртаўся да манер выхаванага чалавека, элегантна адпіваючы гарбату з парцэлянавага кубачка з вензелем. Але што мяне найбольш падкупіла – ён працягваў размаўляць на беларускай мове, вельмі натуральна і прыгожа.

– Вядома, я «падаваў надзеі». Яшчэ б. Матуля з дзяцінства ўбівала мне ў галаву, што я незвычайнае дзіцё, што я мушу стаць вялікім чалавекам і гэтак далей. Акрамя мяне ў яе нікога на свеце не было, і ўсю энергію яна траціла на тое, каб «вывесці мяне ў людзі». Ізастудыя, спартыўная секцыя, музыка… Поўнае кола пакутаў юнага вундэркінда. Ад бацькі я нават прозвішча не ўспадчыніў – маці лічыла, што мне пасуе толькі княжацкае імя.

– Ну што вы, – рассмяяўся мой суразмоўца. – Усяго хапала. Я па натуры чалавек адкрыты… некалі быў. Да таго ж я ў дастатковай ступені валодаю самаіроніяй. Калі б не ўмеў час ад часу пасмяяцца над сабой, даўно б зламаўся. Карацей, рос такі мамчын сынок, удзельнічаў у выставах і конкурсах дзіцячага малюнка, пасля з лёгкасцю паступіў у акадэмію мастацтваў. Усё ў мяне было самае лепшае – верныя сябры, выбітныя перспектывы, і каханне было самае цудоўнае… Прыгажуня, якіх на свеце больш няма. Юная, пяшчотная, узвышаная… Як кветка. У кветкавай краме я яе і напаткаў. Яна стаяла за прылаўкам… Слова «прадаўшчыца» ці «гандлярка» занадта грубае. Багіня з ружамі. Я так і маляваў яе. Пажаніліся. У нас з маці была двухпакаёўка ў цэнтры, праўда, на першым паверсе, з відам на пункт прыёму шклатары. Віта мела толькі прыгажосць і цвёрды характар. Сапраўды цвёрды. Заўсёды ведала, чаго хоча, і ўмела гэтага дабіцца. Я верыў, што хутка пабудую для сваей багіні палац. На жаль, з маёй маці адносіны ў іх не склаліся ад самага пачатку.

– Чаму?

Вінцук уздыхнуў.

– Думаю, мама пагадзілася б толькі на нявестку з каралеўскага роду, і тое наўрад ці. Напэўна, і я быў вінаваты – па маладосці не надаваў значэння многім, як лічыў, дробязям. Віта вырашыла, што мы будзем здымаць кватэру. Тым часам я скончыў акадэмію, мне далі месца ў майстэрні, разам з двума крыху старэйшымі мастакамі. Будучыня мусіла быць цудоўнай. Але яе трэба было чакаць. А Віта чакаць не ўмела. Колькі трэба часу, каб мастаку дабіцца славы? Пяць гадоў? Дзесяць? Дваццаць? Я хацеў працаваць на мастацтва, Віта хацела, каб я працаваў на сямейны дабрабыт.

– Па-мойму, законнае жаданне ўсіх жонак, – не змоўчала я.

– Напэўна… Але тады я быў невыносным ідэалістам. І вось аднойчы прыходжу дадому, а мая багіня ляжыць, бледная, на ложку і плача. Абследаванне выявіла рэдкую смяротную хваробу. Тэрмінова патрэбна правесці курс ін'екцый. Лякарства такога ў нашых аптэках няма, толькі на чорным рынку можна купіць. Каштуе каля дзвюх тысяч долараў. Ні ў мяне, ні ў маіх сяброў такіх грошай пакуль не мелася. Ляжыць жонка, развітваецца са мною. Я пачаў меркаваць, у каго пазычыць, што прадаць. Ледзь не звар'яцеў. І тут якраз тэлефануюць. Прапаноўваюць выканаць адзін невялікі заказ для прыватнага калекцыянера, які заплаціць у валюце, і вельмі добра. Я расцаніў гэта як добры знак і заглынуў нажыўку разам з кручком. На шыкоўным лецішчы, пасля шампанскага з лёдам, прыветныя дзядзечкі ў гальштуках і белых кашулях паказалі мне абраз. Візантыйскі ўзор, чатырнаццатае стагоддзе. Цуд, а не работа! Пытаюцца: «Можаш копію зрабіць? Адзін дзівак замежнік хоча такі мець, а іх вывозіць нельга. Вось ён шукае, хто б напісаў падобны. Намалюеш – дзве тысячы баксаў твае».

– Божа мой, Віктар, і вы пагадзіліся?

– Не стану сцвярджаць, што быў настолькі наіўны, што не адчуў некаторую… падазронасць справы. Тым больш працаваць мяне папрасілі на тым жа лецішчы, ды яшчэ нікому пра сваю працу не расказваць, – замежнік, маўляў, ганарлівы, не хоча, каб ведалі, што ён копію дамоў вязе. Непрэстыжна гэта яму. Двое сутак не разгінаўся – зрабіў абраз, нахваліцца заказчыкі не маглі. Уручылі мне мае срэбранікі, і я палунаў да сваёй багіні… Было позна, я ўвайшоў ціха, каб не пабудзіць хворанькую маю, а яна па тэлефоне размаўляе… Я паслухаў і… Вядома ж, усё адбылося па сцэнарыі.

– Кантрабандысты?

– Так… І самага высокага палёту. Знайшлі да мяне верны ход. Віта толькі плячыма паціснула: чым, маўляў, кепска, грошы верныя, працы няшмат. Каб меў хоць крыху клёпак у галаве, каб можна было са мною па-дзелавому размаўляць, – не спатрэбілася б спектакль разыгрываць. Так што ўсё для маёй жа карысці. Цяпер увойдзем да дзялкоў у «долю». Я буду толькі маляваць, а ўсе «тэхнічныя падрабязнасці» – апрацоўка пад старажытнасць, кліентура, збыт, бяспека – справа «фірмы». А на мае перасцярогі ды ўшчуванні адно: «дах» гэтай «фірмы» так высока, што ніводзін міліцыянт у іх справы нос не суне. Будзем жыць прыпяваючы катэдж сабе пабудуем, машыну купім і гэтак далей. У маёй кветачніцы, аказваецца, быў распрацаваны падрабязны план на шмат гадоў наперад, калі мы што набудзем, калі народзім дзяцей, куды будзем ездзіць… І першы крок па яго выкананні ўжо зроблены. Я выслухаў і… пайшоў у міліцыю.

Я магла толькі развесці рукамі.

– Ваша мама сапраўды выхоўвала вас ідэалістам. Вас пасадзілі?

– Са мной ветліва пагаварылі, запісалі каардынаты лецішча, на якім я працаваў над абразом, прыкметы асоб, якія мяне наймалі… Вядома, пра ролю жонкі я не сказаў ні слова. Зманіў, што сам шукаў заробку і выпадкова натрапіў на гэтых людзей. Потым я доўга сядзеў у кабінеце следчага. Раптам заходзіць мая жонка з натуральным сумам на твары, за ёй некалькі жлабоў у белых халатах. Багіня са слязьмі ў голасе кажа ім, што я пакутую псіхічнымі адхіленнямі і апошнім часам знаходжуся ў дэпрэсіі. Перапрацаваўся, небарака, перахваляваўся… Мне ўшпільваюць супакойваючы ўкол, і… я апынаюся ў дурдоме. Я мімаволі жахнулася:

– Божа мой, сапраўдны дэтэктыў. Вінцук сумна ўсміхнуўся:

– Толькі без высакароднага сышчыка.

– Ну а потым, пасля лячэбніцы…

Твар майго субяседніка нібыта пацямнеў.

– Вы думаеце, гэтае «потым» настала так хутка? Для мяне гэта была вечнасць. Два гады. Што цікава, менавіта ва ўстанове для ідыётаў я нарэшце пачаў усведамляць, якім быў ідыётам да таго, як туды трапіў. Усведамляў, праўда, урыўкамі, у тыя моманты, калі маім мазгам было дазволена працаваць без транквілізатараў. Дарэчы, жонка некалькі разоў прыходзіла да мяне. Угаворвала далучыцца да «фірмы». Нават плакала. І я не ведаю, ці можна яе асуджаць. Ці можна асуджаць чалавека за тое, што ў яго іншыя погляды, чым у цябе, і ён перакананы ў сваёй праваце?

Жартуе, ці што?

– Ну, Вінцук… Віктар Іванавіч, з такой паблажлівасцю можна зайсці вельмі далёка. Злачынствы нельга апраўдваць тым, што злачынцы былі перакананы, што робяць правільна.

– Але ж Віта сапраўды нічога благога мне не хацела, – сур'ёзна патлумачыў Вінцук. – Яна шчыра верыла, што ўсяму віной – толькі мая упартасць. Думаю, я не быў ёй зусім абыякавы. Варта мне было пагадзіцца, і я выйшаў бы на волю і меў бы такое жыццё, якое Віта натхнёна абяцала мне. Але я сапраўды ўпарты. Ёсць межы, якія я не магу пераступіць проста таму, што перастану паважаць сябе. А з усіх няшчасцяў гэта для мяне – самае страшнае. Можна часам ненавідзець сябе, можна сумнявацца ў сабе… Але страціць унутраную павагу – нельга, гэта смерць, пачатак духоўнай пустэчы.

Апошнія словы прагучалі так, як павінны гучаць словы выпакутаванай веры.

Вінцук памаўчаў, адкінуў з ілба пасмачку валасоў і працягваў спакойным голасам:

– Апошні год Віта не прыходзіла. Са мной пачалі абыходзіцца менш жорстка. Я лічыўся ціхапамешаным, маляваў насценгазеты для ўсяе бальніцы, нават зрабіў роспіс у сталовай. І вось выйшаў я на волю. За той час, што быў фактычна ізаляваны ад свету, памерла маці – інфаркт.

Кубачак у руках Вінцука здрыгануўся, і ён паставіў яго на стол. Прымружыўся, як ад стрыманага болю…

– Сябры расказвалі, што яна прыйшла ў бальніцу адведаць мяне, ну ёй і паказалі сыночка – прывязанага да ложка, з пенай на губах і вачыма, што глядзелі ў розныя бакі. Наўшпільвалі ў мяне, напэўна, багата ўсялякай поскудзі… Я пасля бальніцы тры месяцы не мог чытаць. Проста не ўспрымаў сэнсу літар.

Вінцук зноў замаўчаў і раптам спытаў неяк дзіўна абыякава, гледзячы ўбок:

– Вам не надакучыла выпадкам мая споведзь?

У мяне перахапіла голас ад усведамлення, што ён, магчыма, першы раз камусьці ўсё гэта расказвае. Але я разумела, што гэты чалавек не хоча, каб яго шкадавалі. Таму толькі моўчкі пахітала галавою – маўляў, не надакучыла…

– Ну, што ж… Тады давайце налью вам яшчэ гарбаты… Тым больш дэтэктыўная частка сюжэта тут заканчваецца. Калі ажаніўся, Віту прапісаў да сябе, і аказалася, што цяпер у мяне н яма кватэры. Яе на законных падставах прадала па даверанасці клапатлівая жонка, і жылі там зусім іншыя людзі. Госць з дурдома зрабіў на іх тужлівае ўражанне. Людзі аказаліся някепскія, аддалі тое, што засталося з маіх асабістых рэчаў. Спакаваў я чамаданчык і пайшоў… Куды? Прыйшоў у сваю былую майстэрню. Сярод нашага брата хапае кліентаў псіхбальніцы, адзін Ван Гог чаго варты… Так што адхрышчвацца ад мяне не сталі, так я і пачаў жыць – у кутку. Нехта прыцягнуў старую канапу, нехта падзяліўся зімовым адзеннем… Кожны дзень прыходзіў хто-небудзь міласэрны з бутэлькай суцяшальнага рэчыва і, даведаўшыся, што я не п'ю, шматзначна ківаў галавою: ну так, «зашыўся» у бальніцы…

– А як жа карціны? – спытала я. – Чаму нідзе раней не бачыла вашых твораў? Іх немагчыма не запомніць, на любой выставе я іх вылучыла б…

– Карціны… – задумліва паўтарыў Вінцук. – Вядома, мне хацелася зноў пісаць, як хочацца выпрастаць доўга прывязаную ў сагнутым становішчы руку… Але я згубіў веданне – для чаго павінен гэта рабіць. Мусіць, я проста перарос самога сябе былога, як рак-пустэльнік перарастае сваю ракавіну… Тады ён выпаўзае з яе і, безабаронны, мяккацелы, паўзе і шукае новую, большую. Так зрабіў і я. Тым больш, пакуль я лячыўся ад наіўнасці, маё месца ў майстэрні было паабяцана аднаму графіку. Някепскі графік, дарэчы, толькі зануда. А тут я з'яўляюся… Графік палічыў, што гэта спецыяльна падстроена, каб яго пакрыўдзіць. Пачаў дабівацца справядлівасці. Палецкі, маўляў, хворы чалавек, нічога не піша, творча скончыўся, а яго выкарыстоўваюць, каб не даць развіцца магутнаму таленту графіка. П'янкі ўчыняюць кожны дзень, тлум… Пакрыўджаны нават прывёў цесляроў, каб яму адгарадзілі законную трэць майстэрні. Так што маю канапу не было ўжо дзе ставіць. Пасмяяўся я над гэтым змагаром і пайшоў у рэстаўрацыю.

– А як прозвішча графіка?

– Радаслаў Дудкоўскі.

Мне стала горача. Ну, Радзік, абаронца ісціны… Хаця… Хто абагаўляе мяшчаначку з кветкамі, хто захапляецца грамадзянскай пазіцыяй дробнага эгаіста…

Вінцук працягваў:

– Рэстаўрацыя – добрая школа. Я шмат ездзіў па краіне, па блізкім замежжы, працаваў у закінутых храмах, на вышыні, пад купаламі, калі, здаецца, за табой зблізку назіраюць вочы нябесных сіл. Стаў думаць пра Бога. І неяк па-новаму пераацаніў усё, што са мной адбылося. Я адчуў, што паступова набываю апірышча. Адчуў у сабе сілу пісаць… Але ніякага жадання вяртацца ў багемны асяродак у мяне не было. Знаёмая паэтка неяк казала мне: ёсць тры рэчы, якія нельга набыць стараннем. Мудрасць, мужнасць і пакора. Яны толькі даюцца нам звыш. У спрыяльны перыяд свайго жыцця я нічога з пералічанага не меў. Цяпер у мяне ёсць падставы чакаць, што мне нешта дасца. Прынамсі, пакора як абыякавасць да кар'еры ў любым выглядзе. Падчас працы ў адным з кляштараў Гродзеншчыны да мяне падышоў жвавы дзядзечка ў гадах. Пацікавіўся, ці я – Віктар Палецкі. У іх мястэчку быў княжацкі род з такім прозвішчам, можа, я маю адносіны да тых князёў… Гэта быў Нічыпар Хведаравіч Цудко. Нехта з мастакоў расказаў яму пра мяне, колішняга таленавітага юнака, які «загрымеў» у псіхушку, а цяпер зусім апусціўся. Слова за слова, і я пагадзіўся на месца вартаўніка школы і Наўеўскага краязнаўчага музея з правам мець майстэрню ў тэхнічных памяшканнях будынка. Нічыпар Хведаравіч быў душэўны чалавек, ён паабяцаў не афішыраваць, што я – з тых Палецкіх і што я – мастак, выдаў за сваяка, дапамог пазбегнуць некаторых фармальнасцей. Затое я не хацеў хаваць сваё мінулае. Цудко і сам лічыў мяне псіхам, ад якога няшмат толку. Напачатку я маляваў у сутарэннях. Потым, калі дах зусім абваліўся і школу перавялі ў новы будынак, абсталяваўся бліжэй да неба.

Я моўчкі глядзела на спакойны твар вартаўніка. Мне падалося, што дом Вінцуковых продкаў таксама задумліва маўчыць, нібыта ахоўваючы спакой свайго апошняга ўладара… На жаль, гэта была ненадзейная ахова. І прывідная ўлада.

– Слухайце, калі б вы пачалі прадаваць гэтыя свае карціны, вы б маглі купіць кватэру ў горадзе.

– А навошта?

– Тады дом у вёсцы, – раззлавалася я. Падумаеш, незразуметы Дыяген у бочцы з-пад мазуту.

Вінцук толькі ўздыхнуў:

– Справа ў тым, што мая эпапея яшчэ не скончаная. Але гэта доўгая гісторыя… А вам трэба працаваць. Ды і мне таксама.

Ну вось, зараз зноў замкнецца ў сваіх таямніцах… Я запэўніла вартаўніка, як магла, у сваёй шчырай зацікаўленасці. Або ён усвядоміў, што ад мяне не адмаўчыцца, або сапраўды яму трэба было выказацца, але зноў наліў у кубкі гарбаты і працягваў аповед.

– Цудко быў «завернуты» на адкрыцці мастацкіх шэдэўраў.

– Ведаю, нацярпелася ад яго энтузіязму.

– Ён натрапіў на след сапраўды каштоўнай, унікальнай рэчы. Ён жа збіраў сямейныя архівы, і сярод іх быў архіў павятовай паненкі Анэлі Дубовіч, сардэчнай сяброўкі маёй прабабкі Даратэі Вяржбіцкай.

– Гэта тыя паперы, што вы давалі мне чытаць?

– Так. Нічыпар Хведаравіч вычытаў у іх пра сямейны талісман Вяржбіцкіх – залаты крыж з вялікай чорнай перлінай.

– Пра перліну вы мне нічога не гаварылі, – пакрыўдзілася я.

– Зразумейце, чаму… Крыж падарыла аднаму з маіх продкаў, лоўчаму з-пад Наўя Грыню Вяржбіцкаму, сама каралева Бона. Нібыта за тое, што падчас палявання спыніў ашалелага каня, які ледзь не скінуў каралеву. Але была адна тагачасная плётка… Не ведаю, наколькі праўдзівая… Быццам на самай справе Грынь дагадзіў каралеве інакш. Узяў у яе маленькую бутэлечку з бясколернай вадкасцю і прыхапіў з сабою на баль да пана старосты мсцібогаўскага Рыгора Валовіча, які пра каралеву-італьянку дужа кепскія размовы вёў. Пасля таго балю пан Валовіч «смерцію хуткаю памрэ».

– Цалкам магчымая гісторыя, – пацвердзіла я. – Бона – з роду Сфорцаў, майстраў атручваць. І на нашыя землі прывезла італьянскія звычаі. Паатручвала ворагаў багата!

– Не ведаю, за забойства ці за выратаванне быў падораны крыж, але Грынь Вяржбіцкі загадаў пакласці каралеўскі падарунак сабе ў магілу. А ўдава была практычнай жанчынай… І крыж пачаў пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Вось толькі шчасця не прыносіў. Род заняпаў, і ў дзевятнаццатым стагоддзі сапраўды дайшоў амаль да жабрацкага становішча. Крыж з перлінай быў фактычна адзіным пасагам прабабкі. Калі прадзед прайграўся ў карты дашчэнту, то прымушаў маладую жонку прадаць ейны крыж ці хаця б перліну з яго. Сума была б і на тыя часы досыць вялікая. Прабабка адмовілася. Яна была гордым чалавекам. Падобна на тое, што яна паклала крыж у магілу Грыня Вяржбіцкага, як той і наказаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю