355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Дрэва вечнасці » Текст книги (страница 14)
Дрэва вечнасці
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 03:01

Текст книги "Дрэва вечнасці"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч


Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 31 страниц)

– Стой!..

І хмара раптам спынілася. Падняла здзіўлена край, абаперлася, як конь на заднія ногі, заклекатала ўнутраным гневам, адчаем бяссілля і ўжо прасіла:

– Пусці! Дзе я падзенуся?

– Не пушчу!

– Пусці, бо гінем! – малілі жаласна душы, згінаючыся пад цяжарам перапоўненых градам мяшкоў.

– Ага! Цяпер ты просіш!.. Я цябе заклінаю: ідзі ў невядомасць, у прорву, куды коні не даржуць, каровы не дарыкаюць, авечкі не дабляюць, вораны не даляцяць, дзе хрысціянскага голасу не чуваць... Тады адпускаю цябе...

І – дзіўная рэч – хмара скарылася, пакорліва павярнула налева і развязала мяшкі над ракою, засыпаючы густым градам жвірысты бераг. Белая заслона закрыла горы, а ў глыбокай даліне штосьці клекатала, ламалася і глуха шумела. Юра ўпаў на зямлю і цяжка дыхаў.

А калі сонца прадрала хмару і мокрыя травы ўраз усміхнуліся, Юра нібы ў сне ўбачыў, што да яго бяжыць Палагна. Яна ззяла ўся прыветна, як сонца, калі нагнулася над ім з клопатным пытаннем:

– Ці з табой, Юрачка, не сталася чаго ліхога?

– Нічога, любая Палагначка, нічога... Сюды! Я адагнаў буру...

І працягнуў рукі да яе...

Так Палагна стала Юравай палюбоўніцай.


***

Іван дзівіўся з Палагны. Яна і раней любіла пышна адзявацца, а цяпер быццам нешта найшло на яе: нават у будзень насіла шаўковыя хусткі, дарагія і мудра расквечаныя, надзявала бліскучыя, каніцеллю тканыя панёвы, а цяжкія пацеркі са срэбных манет гнулі ёй шыю.

Часам знікала з дому і вярталася позна, чырвоная, раскудлачаная, нібыта п’яная.

– Дзе ты ўсё валочышся? – злаваўся Іван. – Глядзі, гаспадыня!

Але Палагна толькі смяялася.

– О-ёй! To ўжо мне і пагуляць няможна?.. Я хачу здаволіцца! Адзін раз жывём на свеце!..

Што праўда, то праўда, жыццё наша кароткае – блісне ды і згасне. Іван і сам так думаў, але ж Палагна занадта зарывалася. Штодня яна запівалася ў карчме з Юрам, знахаром-ведзьмаром, прылюдна цалавалася і абнімалася з ім, не хаваючыся нават, што мае палюбоўніка. Хіба яна першая! Спрадвеку не было такога, каб толькі аднаго трымацца.

Усе гаварылі пра Палагну і Юру, чуў і Іван, але ўспрымаў усё абыякава. Знахар дык знахар. Палагна цвіла і весялілася, а Іван нудзіўся і сох, трацячы сілу. Ён сам здзіўляўся з той перамены. Што сталася з ім? Сілы пакідалі яго, вочы, нейкія разгубленыя і вадзяністыя, глыбока запалі, жыццё страціла смак. Нават жывёла не давала колішняй уцехі. Ці яму падрабілі што, ці хто ўрок? Не меў да Палагны жалю, нават крыўды не чуў у сэрцы, хоць біўся за яе з Юрам. Не са злосці, а для прыліку, калі людзі звялі. Калі б не Сямён, яго пабрацім, што заступіўся за Івана, можа б, нічога і не было. А то, сустрэўшыся аднаго разу ў карчме, Сямён садануў Юру ў твар.

– Ах ты, гультай, ты што да Палагны прыстаеш, не маеш сваёй жонкі?

Тады Івану сорамна стала. Ён скочыў да Юры:

– Глядзі за сваёй Гафіяй, а маёй не руш! – і замахаў тапарком у Юры перад самым носам.

– Ты купіў яе на рынку? – ускіпеў Юра.

Яго тапарок таксама мільгаў перад Іванавымі вачыма.

– Каб цябе пранцы паелі!..

– Бандзіта кавалак!..

– На, бяры заробленае!

Іван выцяў першы, проста ў лоб. Але Юра, умываючыся крывёй, паспеў секануць Івана паміж вачэй. Аслеплі абодва ад хвалі гарачай крыві, што залівала ім вочы, а ўсё ж красалі тапарком аб тапарок, усё цэлілі адзін аднаму ў грудзі. Яны танцавалі смяротны танец, гэтыя чырвоныя маскі, з якіх паравала гарачая кроў. У Юры была ўжо скалечаная рука, але ўдалым ударам ён раптам зламаў папалам Іванаў тапарок. Іван сагнуўся, чакаючы смерці, ды Юра на бягу ўгаманіў сваю лютасць і прыгожым, велічным рухам адкінуў убок свой тапарок.

– На безаружнага з тапарком не іду!..

Тады яны схапіліся загрудкі.

Іх ледзь разбаранілі.

Ну што ж, Іван абмыў свае раны, пафарбаваўшы Чарамош крывёй, дый пайшоў да авечак. Там знайшоў свой спачынак і ўцеху.

Аднак бойка не памагла. Усё асталося, як і было.

Гэтаксама Палагна не трымалася хаты, гэтаксама марнеў Іван. Асталіся ад яго скура ды косці, вочы запалі яшчэ глыбей, яго трэсла ліхаманка, ён стаў раздражнёны і неспакойны. Ён нават страціў ахвоту да ежы.

«Не інакш як знахарскія штучкі, – горка думаў Іван, – на маё жыццё замахнуўся, хоча са свету звесці, дык і сушыць...»

Ён хадзіў да варажбіткі, тая адварожвала – не памагло: відаць, знахар мацнейшы.

Іван нават упэўніўся ў гэтым. Праходзячы неяк паўз Юраву хату, ён пачуў Палагнін голас. Няўжо яна? Яму заняло дыханне.

Прыціснуўшы сэрца рукою, Іван прыклаў вуха да брамы. Не памыліўся. Там была Палагна. Шукаючы дзіркі, каб зазірнуць у двор, Іван ціха пасоўваўся ўздоўж паркана. Нарэшце яму ўдалося знайсці нейкую шчыліну ў плоце, і ён убачыў Палагну і знахара. Юра, сагнуўшыся, трымаў перад Палагнаю гліняную ляльку і тыцкаў пальцамі ў яе ад ног да галавы.

– Забіваю калок тут, – шаптаў злавесна, – і сохнуць рукі і ногі. У жывот – мучыцца жыватом, не можа есці...

– А калі б у галаву забіў? – з цікаўнасцю пыталася Палагна.

– Тады гіне ў той жа момант...

Гэта ж яны на яго змаўляліся!..

Усведамленне гэтага туманам шыбанула Івану ў галаву. Вось каб пераскочыць цераз плот і абязвечыць абаіх на месцы! Іван сціснуў рукою тапарок, змераў вачыма паркан, але раптам звяў. Бяссілле і абыякавасць зноў абнялі ўсё яго цела. Нашто? Дзеля чаго? Так ужо, напэўна, яму суджана на вяку. Яму адразу стала холадна, ён бездапаможна апусціў тапарок і пасунуўся далей. Ішоў апустошаны, не чуючы зямлі пад нагамі, не бачачы сцежкі. Чырвоныя кругі ляталі ў яго перад вачыма і расплываліся па гарах.

Куды ён ішоў? Не мог нават прыгадаць. Бязмэтна блукаў, узлазіў на горы, спускаўся і паднімаўся, куды ногі неслі. Нарэшце ўбачыў, што сядзіць над ракою. Яна клекатала і шумела ў яго пад нагамі, гэтая зялёная кроў зялёных гор, а ён углядаўся бяздумна ў яе быстрыню, нарэшце ў яго ператомленым мозгу засвяцілася першая думка: гэтаю мясцінаю ішла калісьці Марычка. Тут яе забрала вада. Тады ўжо ўспаміны самі пачалі выплываць адзін за адным, напаўняць парожнія грудзі. Ён зноў бачыў Марычку, яе мілы тварык, яе прастату і шчырую ласкавасць, чуў яе голас, яе каламыйкі... «Мяне ўспомні, мой міленькі, хоць разок адзіны, а я цябе прыгадаю сем раз на гадзіну...» І вось цяпер нічога таго няма. Няма, і не вернецца, як не можа ніколі вярнуцца на рацэ пена, якая сплыла па цячэнні. Калісьці Марычка, а цяпер ён... Ужо яго зорка ледзьве трымаецца на небе, гатовая скаціцца. Бо што наша жыццё? Як бляск на небе, як чарэшневы цвет... нетрывалае і кароткае.

Сонца схавалася за горы, у ціхім вячэрнім сутонні задыміліся гуцульскія хаты. Сіні дым віўся праз шчыліны стрэх, густа ўхутваў хаты, што квітнелі на зеляніне гор, як вялікія блакітныя кветкі.

Жаль абнімаў Іванава сэрца, душа тужыла па нечым лепшым, хоць і невядомым, імкнулася ў іншы, лепшы, свет, дзе можна б спачыць.

А калі надышла ноч і чорныя горы заміргалі святлом самотных паселішчаў, як пачвары злымі вачыма, Іван адчуў, што варожыя сілы мацнейшыя за яго, што ён ужо зламаны ў барацьбе.


***

Іван прахапіўся.

– Уставай, – будзіла яго Марычка. – Уставай, і хадзем.

Ён глянуў на яе і ані не здзівіўся. Добра, што Марычка нарэшце прыйшла.

Устаў і пайшоў з ёю.

Яны моўчкі падымаліся на гару, і, хоць была ўжо ноч, Іван выразна бачыў яе аблічча. Пералезлі цераз жэрдкі, што адгароджвалі царынку ад лесу, і ўвайшлі ў густы ельнік.

– Чаго ты так змарнеў? Ці не захварэў? – загаварыла Марычка.

– Па табе, любая Марычка... па табе тужыў... – Не пытаўся, куды ідуць. Яму было так добра з ёю.

– Ці памятаеш, маё сэрцайка Іванка, як мы сыходзіліся тут, у гэтым лесе: ты мне іграў, а я ўскідала свае рукі табе на шыю дый цалавала кучарыкі любыя?

– Ой, памятаю, Марычка, і век не забуду...

Ён бачыў перад сабою Марычку, але яму дзіўна, бо ён разам з тым ведае, што гэта не Марычка, а маўка. Ішоў поруч з ёй і баяўся пусціць Марычку наперад, каб не ўбачыць крывавую дзірку ззаду ў яе, скрозь якую відаць сэрца, вантробы і ўсё, што там у маўкі ёсць. На вузкіх сцежках ён туліўся да Марычкі, каб ісці побач, каб не астацца ззаду, і чуў цяпло яе цела.

– Даўно я хацела ў цябе папытацца: за што ты ўдарыў мяне па твары? Тады памятаеш, як біліся нашы старыя, а я калацілася пад возам, бачачы кроў...

– Ты пабегла пасля, я ўкінуў твае каснікі ў ваду, а ты дала мне цукерку...

– Я цябе пакахала адразу...

Яны ўсё паглыбляліся ў лес. Чорныя елкі дабрадушна прасціралі над імі свае калматыя лапы, нібы бласлаўлялі. Скрозь панавала строгая, замкнутая ў сабе ціша, і толькі ў далінах разбівалася шумам пеністая сваволя патокаў.

– Аднойчы я хацела цябе напалохаць і схавалася. Закапалася ў мох, зашылася ў папараць і ляжала ціхенька. Ты клікаў, шукаў, ледзь не плакаў. А я ляжала і душыла ў сабе смех. А калі нарэшце знайшоў, то што ты зрабіў са мною?..

– Ха-ха!

– Ага... бессаромнік такі...

Міла надзьмула губы і хітравата паглядзела на яго.

– Ха-ха! – смяяўся Іван.

– Ха-ха! – смяяліся абое, прытуліўшыся адно да аднаго.

Яна прыгадала яму ўсе іхнія дзіцячыя забавы, халод-

ныя купанні ў ручаях, жарты і песні, страхі і пацехі, гарачыя абдымкі і мукі ростані. Усе тыя мілыя дробязі, якія грэлі ім сэрцы.

– Чаму ты так доўга не вяртаўся з паланіны, Іванка? Што так доўга там рабіў?

Іванку карцела ёй расказаць, як голасам Марычкі клікала яго ў паланіны лясная русалка, але ён абмінуў той успамін. Свядомасць яго дваілася. Адчуваў, што каля яго Марычка, і ведаў, што Марычкі няма на свеце, што гэта нехта іншы вядзе яго ў бездань, на дзікія вяршыні, каб там загубіць. Аднак жа яму было добра, ён ішоў за яе смехам, за яе дзявочым шчабятаннем, не баючыся нічога, лёгкі і шчаслівы, як і некалі.

Усе ягоныя клопаты і турботы, страх смерці, Палагна, варожы знахар – усё кудысьці знікла, усё адляцела, нібы ніколі нічога такога і не было. Бесклапотная маладосць і радасць зноў вадзілі яго па гэтых бязлюдных вяршынях, такіх мёртвых і самотных, што нават лясны шэпт не мог утрымацца там і сплываў у даліну шумам патокаў.

– А я цябе ўсё выглядала і ўсё чакала, калі з паланіны вернешся. Не ела, не спала, каламыйкі пагубляла, свет нямілы стаў... Пакуль мы любіліся, сухія дубы цвілі ўсе, а як перасталі, сырыя павялі...

– Не кажы такога, Марычка, не кажы, любая... Цяпер мы ўжо разам і давеку не разлучымся...

– Давеку? Ха-ха...

Іван уздрыгнуў і спыніўся. Сухі злавесны смех разануў яму па сэрцы. Недаверліва зірнуў на яе.

– Смяешся, Марычка?

– Што ты, Іванка! Я не смяялася. Гэта табе прычулася. Ты ўжо прыстаў? Табе цяжка ісці? Хадзем яшчэ трошкі. Хадзем!..

Яна прасіла – і ён пайшоў далей, моцна прытуліўшыся плячом да пляча, з адным жаданнем – ісці так, каб не астацца ззаду і не пабачыць, што ў Марычкі замест адзежы, замест спіны... Э, што там... не хацеў думаць.

Лес усё гусцеў. Прэлы дух гнілых пнёў, пах ляснога могільніку патыхаў на іх з гушчыні, дзе трухлелі мёртвыя елкі і гнездзіліся воўчыя грыбы – бледныя паганкі і мухаморы. Вялікія камяні халадзелі пад слізкім мохам, голыя яловыя карані запляталі сцежкі, укрытыя слоем шыльніку.

Яны ішлі далей і далей, забіраліся ў халодную і непрыветную глыбіню лясістых вяршынь.

Прыйшлі на палянку. Тут было трохі святлей, яліны быццам замкнулі за сабою чарнату глыбокай ночы.

Раптам Марычка ўздрыганулася і стала. Выцягнула шыю і прыслухалася. Іван заўважыў, як трывога слізганула па яе твары, звяла яе бровы. Што сталася? Але Марычка нецярпліва спыніла яго пытанне, паклала палец на губы, каб маўчаў, і тут жа знікла. Усё сталася так неспадзеўна і дзіўна, што Іван не паспеў апамятацца.

Чаго яна напалохалася, куды і нашто ўцякла? Ён пастаяў крыху на месцы, спадзеючыся, што Марычка падыдзе зараз, але калі яе доўга не было, ён ціха паклікаў:

– Марычка!..

Мяккае покрыва яловага галля праглынула той покліч, і зноў стала ціха.

Іван затрывожыўся. Хацеў шукаць Марычку, але не ведаў, у які бок ісці, бо не прыкмеціў, куды яна знікла. Яшчэ гатова заблудзіцца дзе-небудзь у лесе або сарвацца ў прорву. Ці не раскласці вогнішча? Убачыць агонь і будзе ведаць, куды вярнуцца.

Іван накідаў сухога галля і падпаліў. Агонь патрашчаў крыху спадыспаду і пагнаў дым. А калі дым замітусіўся над агнём, загойсалі цені каструбаватых ялін і ажывілі палянку.

Іван сеў на пянёк і агледзеўся. Уся паляна была завалена трухлявымі пнямі, калючаю сеткаю вострых сукоў, між якіх шчаміўся дзікі маліннік. Ніжнія яловыя лапкі, тонкія і пасохлыя, звісалі долу, як рудая барада.

Туга зноў ахапіла Івана. Ён зноў быў адзін. Марычка не ішла. Закурыў люльку і ўглядаўся ў агонь, каб хоць чым-небудзь скараціць чаканне. Мусіла ж нарэшце прыйсці Марычка! Яму нават здавалася, што ён чуе яе хаду і трэск галінак пад нагамі. О! Нарэшце яна... Хацеў устаць і пайсці ёй насустрач, але не паспеў.

Сухое голле рассунулася ціха, і з лесу выйшаў нейкі чалавек.

Ён быў неадзеты. Мяккае цёмнае валоссе ўкрывала ўсё яго цела, акаймоўвала круглыя і добрыя вочы, закліньвалася на барадзе і звісала на грудзях. Ён склаў на вялікім жываце зарослыя рукі і падышоў да Івана.

Тады Іван адразу яго пазнаў. Гэта быў вясёлы чугайстыр, добры лясны дух, што бароніць людзей ад мавак. Ён быў смерцю для іх: зловіць і раздзярэ.

Чугайстыр дабрадушна ўсміхнуўся, хітравата падміргнуў і папытаў у Івана:

– Куды пабегла?

– Хто?

– Маўка.

«Гэта ён пра Марычку, – са страхам падумаў Іван, і сэрца моцна затахкала ў яго ў грудзях. – Вось чаму яна знікла!..»

– Не ведаю... Не бачыў, – абыякава адказаў Іван і запрасіў чугайстыра: – Сядайце.

Чугайстыр сеў на пянёк, атрос з сябе сухое лісце і выцягнуў ногі да агню.

Абодва маўчалі. Лясны чалавек грэўся каля вогнішча ды расціраў сабе круглы жывот, а Іван натужна думаў, якім бы чынам даўжэй затрымаць чугайстыра, каб Марычка як найдалей магла ўцячы.

Але чугайстыр сам памог.

Падміргнуў Івану хітраватым вокам і абазваўся:

– Можа б, мы трошкі разам патанцавалі?

– А чаму б і не? – радасна ўсхапіўся Іван.

Падкінуў у вогнішча ялінніку, зірнуў на пасталы, абцягнуў на сабе кашулю і стаў да танца.

Чугайстыр узяўся ў бокі і ўжо пагойдваўся:

– Ну, пачынай!..

Што ж, як пачынаць дык пачынаць.

Іван тупнуў на месцы, выкінуў нагу, страпянуўся ўсім целам і паплыў у лёгкім гуцульскім танцы. Перад ім смешна выдыгаў чугайстыр. Ён прыжмурваў вочы, пацмокваў языком, трос жыватом, а яго ногі, аброслыя, як у мядзведзя, нязграбна тупалі на адным месцы, згіналіся і разгіналіся, як тоўстыя абады. Танец, відаць, яго саграваў. Ён падскокваў ужо вышэй, прысядаў ніжэй, падбадзёрваў сябе вясёлым бурчаннем і соп, нібыта кавальскі мех. Пот кроплямі выступаў вакол вачэй, сцякаў струменьчыкам з ілба да рота, пад пахамі і на жываце ў яго блішчала, як у каня, а чугайстыр ужо разышоўся.

– Гайдук раз! Яшчэ раз! – крычаў Івану і біў пятамі ў зямлю.

– Ды крывы!.. Ды сляпы!.. – паддаваў жару Іван. – Го-го!

Як танцаваць – дык танцаваць!

– Хай будзе так! – пляскаў у ладкі чугайстыр, і прысядаў да зямлі, і круціўся кругом сябе.

– Ха-ха-ха! – пляскаў сябе па сцёгнах Іван. Хіба ён не гадзіцца ўжо да танцаў?

Вогнішча разгаралася вясёлым агнём і аддзяляла ад танцораў цені, што курчыліся і біліся на залітай святлом палянцы.

Чугайстыр стаміўся. Штохвіліны падносіў да лба руку з бруднымі пазногцямі, абціраў пот і ўжо не скакаў, а толькі дробна дрыгаў валасатым целам на месцы.

– Можа, годзе ўжо? – соп чугайстыр.

– Э, не... яшчэ трошкі.

Іван і сам ледзь не млеў ад стомы. Упарыўся, увесь быў мокры, яму балелі ногі, а грудзі ледзьве лавілі паветра.

– Я яшчэ сыграю танец, – падбадзёрваў ён чугайстыра і выхапіў флаяру з-за пояса. – Ты яшчэ такога не чуў, нябожа...

Ён зайграў песню, якую падслухаў у лесе ў зніча: «Ёсць мае козы!.. Ёсць мае козы!..» – і чугайстыр, ажыўлены гукамі песні, зноў вышэй падкідаў пяты, заплюшчваў ад задавальнення вочы і нібы забыўся на стому.

Цяпер Марычка магла быць спакойная.

«Уцякай, Марычка... не бойся, любая... твой вораг танцуе», – спявала флаяра.

Поўсць прыліпла ў чугайстыра да цела, быццам ён толькі што вылез з вады, сліна струменьчыкам сцякала з рота, адкрытага ўцехаю рухаў. Ён увесь блішчаў пры агні, а Іван паддаваў яму жару вясёлай ігрою і, нібы ў бяздум’і, у знямозе і ў забыцці, біў аб камень нагамі, з якіх абляцелі пасталы...

Нарэшце чугайстыр знямогся:

– Ну і наскакаўся я сёння... Годзе, не магу...

Упаў на траву і цяжка соп, заплюшчыўшы вочы. Іван зваліўся на траву побач з чугайстырам. Аддыхваліся разам.

Нарэшце чугайстыр ціха хіхікнуў:

– Ну і наскакаўся я сёння...

Пагладзіў задаволена круглы жывот, пакрактаў, разгладзіў на грудзях валоссе і пачаў развітвацца:

– Вялікі дзякуй за танец!..

– Пайдзі здаровы!

– Аставайся здаровы!

Рассунуў сухое яловае голле і нырнуў у лес.

Палянку зноў абступілі змрок і цішыня. Дагараючы, вогнішча лыпала ў цемры адзінокім чырвоным вокам.

Але дзе ж Марычка?

Іван меў шмат чаго ёй расказаць. Ён адчуваў патрэбу расказаць ёй пра ўсё сваё жыццё, пра сваю тугу па ёй, бязрадасныя дні, сваю самотнасць сярод ворагаў, нешчаслівую жаніцьбу... Але дзе ж яна? Куды падалася? Можа, налева? Яму здалося, што ён бачыў яе апошні раз з левага боку.

Іван пайшоў налева. Тут быў гушчар. Елкі так шчыльна збіліся ў купу, што цяжка было праціснуцца між іх шурпатых камлёў. Сухія галінкі калолі твар. Але ён ішоў. Лез у густой цемры, спатыкаўся і ўвесь час натыкаўся на ствалы. Часам яму здавалася, што хтосьці яго кліча. Спыняўся, зацяўшы дыханне, і прыслухоўваўся. Але лес напаўняла такая глыбокая цішыня, што шоргат сухіх галінак, аб якія цёрся плячом, здаваўся яму гучным трэскам падсечанага тапаром дрэва. Іван ішоў далей, выцягнуўшы наперад рукі, нібы сляпы, які ловіць рукамі паветра, баючыся напароцца на перашкоду.

Раптам да яго вуха даляцела ціхенькае, ледзь улоўнае дыханне:

– Івась!..

Голас ішоў ззаду, аднекуль з глыбіні, быццам прабіваўся скрозь мора ігліцы.

Значыць, Марычка была не тут.

Трэба было вяртацца назад. Іван спяшаўся, стукаўся каленямі аб елкі, адхіляў рукамі галінкі і жмурыў вочы, каб не напароцца на хвою. Ноч нібыта чаплялася яму за ногі і не пускала, а ён валок яе за сабою і распіхваў грудзьмі. Блукаў ужо доўга, а не знаходзіў палянкі. Цяпер зямля ў яго пад нагамі пачала спускацца ў даліну. Вялікія камяні перагароджвалі яму шлях. Ён іх абыходзіў, коўзаючыся па слізкім моху, спатыкаючыся на цупкіх каранях, прытрымліваючыся за траву, каб не сарвацца.

І зноў з цясніны, у яго з-пад ног, дайшоў да яго слабенькі покліч, заглушаны лесам:

– Іва-ась!..

Ён хацеў адгукнуцца на Марыччын голас, але баяўся, каб не пачуў чугайстыр.

Цяпер ён ужо ведаў, дзе павінен яе шукаць. Падацца ўправа і спусціцца ўніз. Але тут было яшчэ круцей, і здавалася дзіўным, як магла спусціцца Марычка. Дробнае каменне сыпалася з-пад ног у Івана, з глухім шумам падала ў чорную глыбіню. Але ён, лоўкі і звыклы да гор, умеў спыніцца на краі прорвы і зноў асцярожна шукаў апоры нагам. Усё цяжэй станавілася спускацца. Раз ледзь не сарваўся, ды ўхапіўся за выступ скалы і павіс на руках. Не ведаў, што пад ім, але адчуваў холад і злавеснае дыханне бяздоння, якое разявіла на яго сваю ненажэрную пашчу.

– Іва-ась! – стагнала Марычка дзесьці з глыбіні, і быў у тым голасе покліч кахання і мукі.

– Іду, Марычка! – біўся ў Іванавых грудзях адказ, баючыся вылецець адтуль.

Ён ужо забыўся пра асцярожнасць. Скакаў па камянях, як горны казёл, ледзьве ловячы паветра адкрытым ротам, калечыў рукі і ногі, прыпадаў грудзьмі да вострай скалы, траціў часамі грунт пад нагамі і скрозь гарачы туман жадання, у якім скочваўся ў даліну, чуў толькі, як яго прыспешвае дарагі голас:

– Іва-ась!..

– Я тут! – крыкнуў Іван і адчуў раптам, што яго цягне бяздонне. Ухапіла за шыю, перагнула назад. Хапаў рукамі паветра, лавіў нагою камень, ёю ж адарваны, і чуў, што ляціць уніз, поўны халадку і дзіўнай пустаты ў целе. Чорная цяжкая гара развінула крылы ялін і ўмомант, як птах, пырхнула над ім у неба, а вострая смяртэльная цікаўнасць апякла мозг: аб што стукнецца галава? Пачуў яшчэ трэск касцей, востры нясцерпны боль, што спаралізаваў цела, – і ўсё расплылося ў чырвоным агні, у якім згарэла яго жыццё...

На другі дзень знайшлі пастухі ледзь жывога Івана.


***

Сумна апавяшчала трамбіта гарам пра смерць.

Бо смерць тут мае свой голас, якім прамаўляе да самотных кічэраў. Білі капытамі коні па камяністых сцежках, і пасталы шаргацелі ў цемрадзі ночы, калі з людскіх логавішчаў, закінутых у гарах, паспяшаліся суседзі на познія агні. Згіналі перад целам калені, клалі на грудзі нябожчыку грошы – на перавоз душы – і моўчкі садзіліся на лавы. Перамешвалі сівізну валасоў з агнём чырвоных хустак, здаровы румянец з жоўтым воскам зморшчаных твараў.

Хаўтурнае святло сплятала сетку аднолькавых ценяў на мёртвым і на жывых абліччах. Студзянела валлё ў багатых гаспадынь, ціха ззялі старэчыя вочы перад павагай смерці, мудры спакой яднаў жыццё і смерць, і грубыя спрацаваныя рукі ляжалі ва ўсіх на каленях...

Палагна папраўляла палатно на нябожчыку, а яе пальцы адчувалі холад астылага цела, тады як цёплы саладкавы дух воску, што сцякаў па свечках, падымаў з грудзей, падкочваў да горла жаласць.

Трамбіты плакалі пад акном.

Жоўты Іванаў твар спакойна ляжаў на палатне, затаіўшы ў сабе штосьці толькі яму вядомае, а правае вока хітравата глядзела з-пад узнятага крыху павека на кучку медных грошай, на складзеныя рукі, у якіх гарэла свечка.

У галавах ціха, нябачна спачывала душа: яна яшчэ не магла вылецець з хаты. Палагна звярталася да яе, да той самотнай мужавай душачкі, што сіратліва гарнулася да нерухомага цела.

– Чаму не загаворыш да мяне, не паглядзіш, не загоіш рану на маім сэрцы? А ў якую дарожку выбіраешся, мой голубе, адкуль жа цябе выглядаць? – галасіла Палагна, і грубы яе голас зрываўся на жаласных нотах.

– Файна галосіць... – ківалі галовамі старыя суседкі і чулі ў адказ уздыханні, што расплываліся ў шуме людскіх галасоў.

– Мы разам пасвілі на паланіне... Раз неяк пасём сабе авечак, а тут раптам адкуль ні вазьміся сівер, нібы зімою... Такая віхура круціць, што свету божага не відаць, а ён, нябожчык... – апавядаў адзін з суседзяў другім. А ў тых вусны варушыліся ад сваіх згадак, бо трэба было пацешыць засмучаную душу, разлучаную з целам.

– Ты пайшоў, а мяне адну-аднюсенькую пакінуў... З кім жа я буду цяпер жыці, з кім жа буду скацінку даглядаці?.. – пыталася ў мужавай душы Палагна.

У адчыненыя дзверы, проста з цёмнай ночы, ступалі ў хату ўсё новыя госці. Згіналіся перад целам калені, звінелі медныя грошы на грудзях у Івана, і пасоўваліся на лавах людзі, каб даць месца новым.

Тоўстыя свечкі паціху раставалі, аплываючы воскам, нібыта слязамі, бледнае полымя лізала ўдушлівае паветра, і сіні чад, змяшаўшыся з нудным пахам воску і выпарэннямі цел, вісеў над глухім гоманам у хаце.

Рабілася цесна. Твары схіляліся адзін да аднаго, цёплае дыханне перамешвалася з іншым дыханнем, упараныя лбы лавілі на сабе бляск хаўтурнага святла, што клала водбліскі на панёвах, чэрасах і табіўках. А хата ўсё напаўнялася новымі гасцямі, якія ўжо тоўпіліся каля парога.

Цела псавалася. Бледныя плямы, як лішаі, паўзлі па ім ледзь прыкметным ценем.

– Мужычок ты мой родненькі, а на каго ты мяне пакінуў... – жалілася Палагна. – Не будзе каму ні ў горад пайсці, ні прынесці, ні даць, ні ўзяць, ні прывезці...

А за акном апавяшчала пра тое самае трамбіта, дадаючы ёй жалю.

Ці не багата ўжо суму мела бедная душа?

Такая думка, відаць, таілася пад цяжарам гнятлівага смутку, бо ад парога пачынаўся ўжо рух. Яшчэ нясмела тупацелі ногі, піхаліся локці, грукаў часам услон, галасы рваліся і мяшаліся ў глухім гомане натоўпу. І вось раптам высокі жаночы смех востра рассек цяжкае покрыва суму, і стрыманы гоман, нібы агонь, выбухнуў з-пад шапкі чорнага дыму.

– Гэй ты, насаты, купі ў мяне зайца! – басіў з сярэдзіны малады голас, і ў адказ яму пакаціўся прыдушаны смех:

– Ха-ха! Насаты!..

– Не хачу!

Пачыналася забава.

Тыя, што сядзелі бліжэй да дзвярэй, адвярнуліся ад цела, гатовыя далучыцца да гульні. Вясёлая ўсмешка разгладзіла ім твары, хвіліну перад тым зведзеныя ў смутку, а заяц пераходзіў усё далей і далей, захопліваў шырэйшае і шырэйшае кола і ўжо дабіраўся ажно да нябожчыка.

– Ха-ха, гарбаты!.. Ха-ха, кульгавы!..

Святло хісталася ад смеху і чадзіла дымам.

Адзін за адным госці ўставалі з лавак і разыходзіліся па кутках, дзе было весела і цесна.

На твары ў нябожчыка ўсё разрасталіся плямы, нібы затоеныя думкі варушылі яго, бесперастанку мяняючы выраз. У паднятым куточку губ як быццам застыла горкае меркаванне: што наша жыццё? Як бляск на небе, як чарэшневы цвет...

У сенцах ля дзвярэй цалаваліся.

– А каго выбіраеш?

– Аннычку чарнявую.

Аннычка нібыта не хацела і ўпіралася, але дзесяткі рук выпіхалі яе з цеснага гурту, і гарачыя вусны паддавалі ахвоты:

– Ідзі, дзеўчынка, ідзі...

І Аннычка абнімала за шыю таго, хто яе выбраў, і смачна цалавала ў губы пры агульных радасных крыках.

Пра цела забыліся. Толькі тры бабулі засталіся пры ім і з тугою глядзелі шклянымі вачыма, як па жоўтым застылым твары лазіла муха.

Маладзіцы ліплі да гульні. З вачыма, у якіх яшчэ не паспела згаснуць хаўтурнае святло і не паспеў сцерціся вобраз памёршага, яны ахвотна ішлі цалавацца, абыякавыя да мужоў, якія, сваёю чаргою, абнімалі і тулілі чужых жонак.

Звонкія пацалункі ляскалі па хаце і спляталіся з плачам сумнай трамбіты, што ўсё расказвала далёкім гарам пра смерць на самотнай кічэры.

Палагна не галасіла болей. Ужо было позна, і трэба было прыняць гасцей.

Весялосць усё распалялася. Рабілася душна, людзі парыліся ў аўчынных безрукаўках, дыхалі потам, нудным чадам цёплага воску і пахам трупа, што ўжо псаваўся. Усе гаварылі ўголас, нібы забыліся, чаго яны тут, расказвалі пра свае прыгоды і рагаталі. Махалі рукамі, ляпалі адзін аднаму па спіне і падміргвалі жанкам.

Тыя, што не змесціліся ў хаце, расклалі на падворку вогнішча і спраўлялі вакол яго вясёлае ігрышча. У сенцах патушылі святло, дзеўкі дзіка пішчалі, а хлопцы душыліся ад смеху. Забава трэсла сценамі хаты, біла хвалямі крыкаў у спакойнае ложа мерцвяка.

Жоўты агонь свечак прыцьмеў у густым паветры.

Нават старыя забаўляліся. Бесклапотны рогат падтрасаў іх сівыя валасы, разгладжваў маршчыны і агаляў гнілыя пні зубоў. Яны памагалі маладзейшым лавіць жанок, наставіўшы дрыжачыя рукі. Звінелі каралі ў маладзіц на грудзях, жаночы віск раздзіраў вушы, грукацелі ўслоны, зрушаныя з месца, і стукаліся аб лаву, дзе ляжаў мярцвяк.

– Ха-ха!.. Ха-ха!.. – кацілася ад покуці да парога, і людзі клаліся ад смеху, трымаючыся за жываты.

Сярод піску і цеснаты нясцерпна трашчаў дзесьці «млын» сухім драўляным трэскам.

– Што малоць будзеш? – заўзята выгукваў «млынар».

– Кукурузу... – ціснуліся да яго дзеўкі, і сварыліся паміж сабою «жыды», прычапіўшы доўгія бароды з пакулля.

Туга скручаны ручнік, мокры і доўгі, з лопатам хадзіў па спінах направа і налева. Ад яго ўцякалі з рогатам і крыкам, узнімаючы пыл і псуючы паветра. Падлога дрыжала ў хаце пад цяжарам маладых ног, і скакала на лаве цела, трасучы жоўтым тварам, на якім усё яшчэ блукала загадкавая ўсмешка смерці.

На грудзях ціха пазвоньвалі медныя грошы, скінутыя добрымі душамі на перавоз.

Пад вокнамі галасілі трамбіты.

Вацлаў Ластоўскi

Лабірынты

Здольнасць вызначыць не толькі геаграфічныя, але і гістарычныя каардынаты Бацькаўшчыны, разабрацца ў яе складаных, часам трагічных пуцявінах-лабірынтах Ластоўскі-празаік бліскуча прадэманстраваў у аповесці «Лабірынты». Гэта самая яркая мастацкая рэч у літаратурнай спадчыне В. Ластоўскага.

І

Ад некалькіх гадоў стала ў мяне звычаем выязджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для апазнання роднай старасвеччыны. Мяне даўно маніў к сабе наш сівагорбы Полацак сваім рамантычным мінулым, сягаючым у легендарныя часы, і гэтага году я пастанавіў сабе пару вольных летніх тыдняў правесці ў Полацку. На маю пастанову астаточна заважыў ліст, атрыманы з Полацка ад тамтэйшага аматара-археолага Івана Іванавіча, які даносіў, што каля яго ўтварыўся кружок любіцеляў старасвеччыны з мясцовых жыхароў. «У нашых вячорніх вольных бяседах сапраўды ажываюць мінулыя вякі ў казках, легендах і фантазіях...» – пісаў ён мне ў сваім лісце.

Вечарам таго ж дня я сеў у вагон у Вільні, а на другі дзень раніцай ужо ішоў старымі вуліцамі Полацка, шукаючы сабе памяшчэння ў гасцініцах.

Днём пабываў у Івана Іванавіча, дзе аглядаў цікавыя кахлі і металёвыя бляшкі, паходзячыя з раскопак у даўняй княжай сялібе – Бельчыцах. Пазнаёміўся ў яго з двума ўчаснікамі, як яны называлі, «Археалагічнай вольнай контэрфратэрніі». Адзін з іх быў мясцовы чыноўнік, абруселы немец, якога я знаў з брашуры, напісанай ім калісь, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкай кар'еры русіфікатарства. У гэнай брашуры ён задаваўся мэтай давесці, што па-расійску трэба пісаць названне гораду не «Полоцк», а «Полотск» і што быццам у гэтым пераменаванні прастарой назовы крыўся сам цэнтр «абрусення краю». Вынікам яго брашуры сталася тое, што ў расійскай мясцовай пісоўні завёўся хаос, бо некаторыя пачалі, сапраўды, пісаць «Полотск», «полотскій» і т.д., а іншыя пайшлі яшчэ далей і пісалі – «Полотеск», кансерватары ж і мясцовыя жыхары асталіся пры старой назове.

Пры цяперашняй, асабістай з ім знаёмасці я даведаўся, што ён ужо 40 гадоў збірае матэрыялы і дакументы да гісторыі краёвай, што ў яго два пакоі бітком набіты гэтымі матэрыяламі, сярод якіх маюцца неашацаванай вартасці рэчы.

Другі быў колішні акалічны памешчык, які злажыў гаспадарку, распрадаў зямлю і цяпер жыў у Полацку, у сваім уласным доміку з садам, з гатовага граша. Бацька яго меў нейкія блізкія адносіны да васільянаў, а ён сам цікавіўся галоўна дэманалогіяй, кабалістыкай і г.п. Меў, як зарэкамендаваў мне яго Іван Іванавіч, у сябе «чарнакніжную бібліятэку», якой нікому не паказваў і не даваў чытаць. Знаў ён гэбрайскую мову і любіў час ад часу пайсці ў жыдоўскую сінагогу падыскутаваць.

Мы ўмовіліся сустрэцца разам з іншымі яшчэ ўчаснікамі «вольнай контэрфратэрніі» на кватэры ў Івана Іванавіча.

Вечарам прыбыло яшчэ двое. Мясцовы полацкі мешчанін Грыгор Н., маўклівы, сівавусы старац, які ўпарта гаварыў толькі па-беларуску, а часам прытвараўся, што не разумее некаторых слоў па-расійску і, па некалькі разоў перапытаўшы, паўтараў слова ў перакладзе на беларускую, з асаблівым на яго націскам. Мне яго зарэкамендавалі пад найменнем Падземны чалавек, спецыяльнасцю яго было знанне розных фантастычных легенд аб падзямельных ходах і дзівах, скрытых у іх, якія ён умеў апавядаць з паражаючым рэалізмам, але на заканчэнне заўсёды дадаваў: «Так пераказуюць, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды».

І, урэшце, апошнім учаснікам «контэрфратэрніі» быў сярэдніх гадоў вучыцель гарадской школы, які цікавіўся галоўна мясцовай гісторыяй да прыняцця хрысціянства крывічамі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю