Текст книги "Дрэва вечнасці"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 16 (всего у книги 31 страниц)
Мазаіка памосту пакрыта была сімвалічнымі знакамі, значэнне якіх я не знаў і не адважыўся спытаць аб іх.
– А цяпер, – сказаў Іван Іванавіч, – каб пасунуцца далей у лабірынты, нам трэба сесці ў гэтыя крэслы.
ІV
Зачараваны веліччу абразоў, развінутых Іванам Іванавічам, я спытаў яго:
– Чаму ж усё гэта заняпала, чаму забыта?
І Іван Іванавіч сказаў:
– Герадот апавядае, што паўночныя краіны Эўропы былі найлюднейшымі пасля Індыі. Паўночныя народы, якіх звалі гіпербарэйцамі, займаліся лавецтвам, скацежніцтвам і ратайствам. Зналі рамёслы і асабліва любаваліся ў вызнанні прыроды, а дзеля гэтага былі носьбітамі высокай веды. З берагоў Герадотаўскага мора, цяперашняга палескага краю, паходзіў вялікі індускі рэфарматар – Рама. Ален-гіпербарэец вывеў з поўначы калонію вучоных, якія сталіся ў Грэцыі кастай святароў і асновапаложнікамі чэсці Апалона і Дыяны ў Дэласе.
З поўначы, са славяна-гецкай зямлі, прыбыў у Грэцыю Арфей, заснавец гарадоў, вучыцель мастацтва і рамёслаў. З поўначы прынёс Праметэй святло, за што быў неміласэрна пакараны.
Праметэй, першы цывілізатар Грэцыі, прыкаваны за гэта да Каўказскай скалы, паводле слоў Эсхіла, жаліўся: «Багі, мне дзеецца крыўда! Паслухайце, што я даканаў дзеля смяротных. Дзякуючы мне са звярат, якімі былі, сталіся людзьмі. Сляпыя, глухія, як мары, яны туляліся без правоў і ладу, не ўмелі будаваць дамоў, пячоры былі ім адзіным прытулкам, цягнулі жыццё няпэўнае, не разрознівалі часу і пор году. Я першы навучыў іх пазнаваць ход гвёздаў, навучыў іх знакаў пісьма, знакаў лічэння, абдарыў іх памяццю, маткаю муз, навучыў іх лавецтву. За што ж карае мяне завісны Зеўс? Ці ж бы за святло, збліжаючае людзей да багоў?»
Грэцкія пісьменнікі самі сведчаць, што жыўшыя на поўнач ад іх паўночныя народы занеслі ў Грэцыю не толькі некаторыя мастацтвы, але і цэлую рэлігійную сістэму, навукі і ўмеласці. Славянскія народы, як, прыкладам, – курэты, квірыты, або крывіты, – ужывалі рунічнага пісьма задоўга да прыбыцця ў Грэцыю феніцыянскага Кадмуса. Іхнія будоўлі напаміналі цыклапічныя, адзначаючыся незвычайнай трываласцю. У першых іхніх сялібах, прыкладам, на гарах Алімпійскіх, Геліконскіх і Пандэйскіх насамперш зараджаюцца рэлігія, музыка і філасофія, якой пасля славілася Грэцыя. Згэтуль выходзіць Апалон, які займаўся тут пастырствам. Арфей (orfeos – цёмны), праўдападобна сляпы, як Гамер, сваёй вымоўнасцю аблашчываў дзікіх звяроў і лагодзіў дзікасць тыбульскіх барбараў. На чароўны, акудны гуд яго ліры палі змяняюцца ў гарады (грэцкае: горад – paleis). Ален, Тамарыс і Лінэй, таксама, як Арфей, сваімі прамовамі скланяюць тубыльцаў пакінуць людскія ахвяры багам, а здаецца, і вырачыся людаедства.
Але ёсць народы, як і паасобныя людзі, прызначаныя быць не толькі месіямі чалавецтва, але і яго адкупіцелямі. Да гэткіх належыць народ гетаў, з усімі яго галінамі. І мы бачым: Праметэя за яго дабрадзействы, выказаныя людзям, распялі на каўказскай скале. Арфея раздзерлі п'яныя, упаўшыя ў шал, кабеты. Фасційскія пелазгі за недаверства паганізму былі пабіты грэкамі і патоплены ў моры. Троя, славянская сяліба між грэкаў, збурана грэкамі. Урэшце грэкі, падбіўшы сваіх даўных вучыцялёў і цывілізатараў, нішчучы, стараліся іх зняславіць перад гісторыяй, няслушна прыпісваючы ім нялюдскія абычаі і чараўніцтва.
Перш чым стаўся носьбітам веды і задаўся мэтамі месіянізму, народ гетаў павінен быў прайсці сам рад унутраных пераабражэнняў і рэформ.
Першым рэфарматарам быў Зарада. Да яго існавала ў гетаў супольнасць кабет і маёмасці. Народ займаўся толькі лавецтвам. Ён вучыў рамяству і завёў свабодны выбар жон і жонамі мужоў, раз кожнага году. Штогодна меў права муж змяніць жонку і жана мужа. Дзень гэты быў названы Купаллем, дзеля таго, што ў гэты дзень павінны былі кандыдаты на жаніцьбы адбыць ачышчэнне праз агонь і купанне ў вадзе. Кожная пара магла мець сваю ўласнаць і аддзяліцца ад грамады. Ніхто не мог карыстацца чужой працай. Кожны пільнаваў ладу ў сваёй сям'і і дома быў поўным суверэнам. За крыўды, зробленыя суседу, караў сход суседзяў. Але сем'і пачалі множыцца, і бацькі мала-памалу ўстанавілі патрыярхат, неабмежаную нічым уладу галавы сям'і над усімі сем'янінамі. Прычым патрыярхі неахвотна выпушчалі каго-колечы з сям'і, і сем'і разрасталіся да 100-200 душ. Уласнасць у сем'ях сталася сямейнай уласнасцю, або, іначай кажучы, уласнасцю патрыярха, як і ўсе кабеты сям'і. Пайшло агульнае нездаволенне.
У гэтым часе аб'явіўся другі рэфарматар – Багавей, які высунуў на першы план касту святароў. Апавешчана была святарская дыктаратура; зямля, як належачая да Бога, была аддадзена на ўласнасць галоўнай святыні, а з яе рамення патвораны былі па ўсім краю правінцыянальныя святыні. Усе жыхары, і бацькі і дзеці, павінны былі нараўне працаваць для багоў і святынь. Як найсвяцейшая праца была палічана праца ратарская. Сімвалам яе ўстаноўлен быў белы бык, які атрымліваў асаблівую пашану пры святынях. Пры гэтым ладзе хутка ратар сам стаўся паніжан да безгалосай скацежыны, за якую думае гаспадар. Каб патушыць нарастаючую рэвалюцыю, святары пайшлі на ўступкі: прызналі роўнае права з сабой галовам родаў. Утворан быў духоўна-арыстакратычны ўрад, які, прыкрываючыся воляю багоў, выдаваў ад іх імені свае загады, маючы перш за ўсё на мэце свае карысці. Гэта тройца – духавенства, старшыны і багі – моцна і надоўга села на карк рэшты народа. Але ў гэтым часе пачалі адбывацца напады суседніх качавых народаў, абарона ад якіх вытварыла мала-памалу трэці стан – вайсковы. У суполку – багі, святары, старшыны – павінны былі быць прынятымі і вайскоўцы.
Калі мы прыгледземся да зместу нашых народных казак, то гэту гісторыю мы знойдзем там, перададзеную ў сімвалах. У сялянскай сям'і, прыкладам, родзіцца які-небудзь Кацігарошак, найсільнейшы за ўсіх, якія існуюць сілачы ў свеце. Падросшы, ідзе нішчыць зло на зямлі і памалу дабірае сабе яшчэ двух, а часам трох асілкаў, якія ўрэшце робяць паміж сабой змову, каб загубіць яго, і закідаюць у бяздонную, безвыходную пропасць. Але Кацігарошак раней-пазней дабываецца з пропасці і, пасаромеўшы сваіх сяброў, бярэ ў свае рукі кіраўніцтва над светам, якому дае спакой і шчасце.
Пад панаваннем старшын і духавенства, змацаваным вайскоўцамі, ратары ў грэцкай сімволіцы прыбіраюць постаць аднавокага цыклопа, а пазней дурнога і сляпога Паліфема.
Але яшчэ не канец на гэтым. Чужаземцы, прыманыя спярша як госці, пачалі панявольваць славянскія народы і памалу абяртаць у сваіх нявольнікаў. Вышэйшыя класы, арыстакратыя і духавенства, зліліся з пануючымі прыходцамі.
Тут мы маем такую самую гісторыю, як і ў Італіі, дзе, за многа гадоў да заснавання Рыму, жыў высокакультурны народ этрускі. Чужаземныя дружыны паняволілі іх, абярнулі ў сваіх нявольнікаў і, пераняўшы ад іх культуру, ачарнілі этрускаў перад гісторыяй як дзікіх і нічога не вартых людзей. Аб дзівах мастацтва, промыслаў і навук, аб стане высокай асветы ў этрускаў мы сягоння даведваемся толькі з раскопак іхніх магілішч і гарадзішчаў. Цывілізацыя этруская загінула ў войнах прыходцаў з мясцовым жыхарствам. А пасля, за часоў Сцылія, безміласэрна, разам з выдатнейшымі мясцовымі людзьмі, былі нішчаны ўсякія помнікі этрускай культуры, іх кнігі і творы іхнага генія. І этруская культура заняпала навекі. Рым пакрыў яе маўчаннем або сыпаў лаянкай і знявагай.
Пад ударамі чужаземскіх наезнікаў заняпала і наша культура, а асабліва ў часе хрышчэння нарманамі славянаў.
Трэба памятаць, што міфалогія многіх народаў нічога супольнага з тэасофіяй не мае, як прыклад можа служыць лацінская міфалогія. Лічу патрэбным гэта зазначыць дзеля таго, каб стала відней, што з нашае міфалогіі належыць да тэасофіі, а што з'яўляецца толькі сімвалам пройдзенай народам гісторыі.
Ёсць апавяданне аб Сатурне, што за яго панаванне быў на зямлі залаты век. Сатурн – бог патрыцыяў. Легенду гэтую, ведама, улажылі патрыярхі, спамінаючы сваё даўняе і безгранічнае панаванне. І дармо некаторыя хочуць бачыць у гэтым песімізм класічных народаў, якія, кладучы спярша век залаты, пасля сярэбраны, мядзяны, урэшце – зялезны, хацелі быццам зазначыць, што – чым далей, тым горш на свеце. Не, гэту гісторыю трэба паставіць у зусім другую плашчыню.
Сатурн пачаў есці сваіх дзяцей.
Гэту басню выдумала ўжо каста святароў, спіскуючы1 супраць усеўладнага патрыярхату. Устаноўлены лацінскімі святарамі пазнейшы лад аддаваў уладу ў рукі багатых сямей, «абдарыў старшых братоў правам боскім і людскім» – jus pater (згэтуль Юпітэр), крыўдзячы і вызываючы з правоў малодшую, ратарскую браццю. Утварыліся патрыцыі (паны) і плебейцы (мужыкі).
Патрыцыі тонуць у збытках і раскошах, плебей у заплату і падзяку за крывавую працу мае бізуны і розгі. І вось у лацінскім богабайніцтве апавядаецца, што Венера, жонка плебейскага Вулкана, стала задавацца з патрыцыянскім Марсам. Вулкан, не могучы знесці гэткай знявагі, абвівае спячых – Венеру і Марса – сеткай, падложанай пад іх, і выкідае іх на святло, каб яўным ужо сталася, што плебс змаўляецца і бяскарна пасягае на правы патрыцыяў. Гэта быў дакор, зроблены Апалону, вартаўніку права. Увесь Алімп устрывожаны. Апалон памярцвеў са знявагі. Адны багі смяюцца, а другія выказваюць злосць і абурэнне. Юпітэр страшліва загрымеў – quos ego!..2 Бачачы, аднак, прыгожую Венеру гэтак зняважанай, кажа: «Годзе ўжо ён... На Вулкана няма спосабаў – quem ego!..3 За мяшанне ў маю спрэчку з Юнонай у справе надання правоў плебеям нядаўна так піхнуў яго я нагой на зямлю, што аж нагу ён зламаў».
У трудным палажэнні Юпітэру аж галава трашчыць. Як пагадзіць нязгоду ў народзе, пры ўсёўзрастаючых дамаганнях чэрні, пры заўзятай упорчывасці патрыцыянскіх багоў?
– Вулкан і Меркуры не даюць мне спакою ад таго часу, калі Марса з Венерай удалося прылавіць у сетку.
– Чатырох нас, – кажа Меркурый, – стань, Найвышэйшы, па нашай старане, і народная справа будзе выйграна.
– Найвышэйшай рады багоў не перагаласуем, шэсць галасоў супраць пяці, – адказаў Юпітэр. – Што рабіць? Галава трашчыць, што рабіць! Тут мяне рве, ствару Мінерву. Вулкан, валі молатам у галаву во тут, тут!
Вулкан выпаўняе загад. А калі, спужаныя відовішчам бацькаўбійства, багі збягаюцца, бачаць нованароджаную багіню, узброеную ад ног да галавы, выходзячую з патыліцы Юпітэра. Вось і багіня мудрасці – Мінерва.
– Плебейцы дапамінаюцца правоў, – кажа Меркурый.
Сталі галасаваць. Шэсць супраць шасці!
– Мне належыцца падвойны голас! – крыкнуў Юпітэр.
І справа народа была выйграна.
– Дык занясі ім зямельнае права! – крыкнуў Юпітэр. – Сам пагавару я з Юнонай і думаю, што яна дазволіць такжа права вольнай жаніцьбы.
Меркурый, які спаўняў абавязкі паштара, панёс весць на зямлю. І плебейцы атрымалі правы людскія і цывільныя. А ўсё гэта сталася вынікам неперасцерагання правоў бажкамі, залётнасцю Венеры і праз папусціцельства Юпітэра, – тлумачылі святары.
Меркурый, бог купецтва і прамысловасці, носіць світу нараспашку, служыць усім, хто плаціць: багом і людзям, небу і зямлі. Апякуецца злодзеямі і ашуканцамі. Пад яго апекай вырастае новая арыстакратыя – грашовая. У рады яе ўходзяць усе, кім апякуецца Меркурый. І на правы для гэтага стану багі, ад імені сваіх кліентаў, патрыцыяў, павінны былі згадзіцца.
Нягледзя на тое, што даўно па-свойму рашыў Юпітэр зямельнае права, права гэта да сягоння несправядлівае. І будзе датуль актуальным, пакуль кожны народ не станецца гаспадаром у сваім краі, пакуль кожны, хто палівае сваім потам загон, не будзе праўным, прызнаным і ўсвячоным правам яго валадаром.
Гэты ж час ужо недалёк!
V
У гэты момант, калі, скончыўшы гутарку, прымоўк Іван Іванавіч, а я аддаўся размышлянню, нас акружыла маўклівая ціш, скрозь каторую знекуль стаў даходзіць да вуха ціхі харальны спеў. Спярша гэты спеў быў такі ціхі, што зліваўся з тутненнем сэрца і крыві ў жылах. Але ў меру таго, як я, натужаючы свой слых, услухаўся, ён усё рос і ўрэшце набіраў штораз больш выразістасці. Калі спеў гэтых многіх галасоў стаў набліжацца, я пытаюча глянуў на Івана Іванавіча.
– Гэта пяюць нашыя старцы, – сказаў ён спакойна.
– Як! Дык хіба ж гэты падзямеллі заселены людзьмі? – здзівіўся я.
– Так. Жыццё ў гэтых падзямеллях ідзе старое, даўняе. Вам жа хіба прыходзілася чуваць ад народа дый чытаць у так званай этнаграфічнай літаратуры аб праваліўшыхся гарадах, цэрквах, манастырах. Хіба ж вы не чулі аб невідомым горадзе Багоцку, во тут, каля Полацка? Другі такі горад, што каля Гомеля, апісаў расейскі пісьменнік пад найменнем Кіцежа. На землях, якія ў апошнія часы ў дакрывіцкую эпоху засялялі готы, гэткія гарады існуюць...
Я здзіўлена ўзіраўся на Івана Іванавіча і сам не ведаў, што аб усім гэтым судзіць, гэтак было ўсё, чутае і бачанае, незвычайным для майго разумення, што я павёў рукой сабе па абліччы, каб пераканацца, ці ўсё гэта не галюцынацыя, не сон... Але чоў мой мяне не ашукваў...
Іван Іванавіч пры гэтым устаў і, адчыніўшы дзверы ў сцяне, павёў мяне доўгім і шырокім праходам, аж урэшце мы апынуліся ў вялікай і светлай салі. Не было там ні свечак, ні лямпаў, святло як быццам само сабой стаяла ў салі. Сцены былі запоўнены ўсякімі кнігамі і звіткамі рукапісаў. Падышоўшы да адной з паліц, Іван Іванавіч зняў пергамінны рукапіс, кажучы:
– Во гэта сведчанне падарожнага, які бываў у нашым краю за некалькі сот лет да арабскага пісьменніка Масудзі, які яго сведчанне асобным раздзелам (Маруджа, 62) са старых кніг упісаў у свае кнігі. Тут мова аб гарадах і святынях славянскіх. Руін гэтых гарадоў і святынь цяперашняя археалогія не знаходзіць на зямельнай паверхні, бо яны дзіўнай умеласцю старабытных нашых інжынераў апушчаны ў глыб зямлі, як вось і гэта наша святыня, у часці будынкаў якой мы цяпер з вамі знаходзімся. У гэтай кнізе вось што аб ёй напісана:
«З гэтых святынь адна пабудавана на гары, гэта дзіва свету, а як кажуць знаўцы, прыклад архітэктуры і распарадкавання разнаякага камення, ужытага да гэтай будоўлі. Сабраны там дарагія каменні невыказанай цэннасці, а такжа знакі, паказуючыя будучыню».
– Усё, што тут напісана, – шчырая праўда! – казаў Іван Іванавіч, складаючы кнігу. – Цяпер жа я пайду на момант да нашых старцаў, а Вы агледзьце радчайшую ў свеце бібліятэку.
– Прашу вас, скажыце, хто гэта такія старцы і як яны жывуць тут?
– Гляньце на гэту салю, – сказаў Іван Іванавіч, – вы тут не ўбачыце нідзе ніякіх прылад да асвятлення, а ў салі светла і цёпла. Гэта таму, што сцены гэтай салі пакрыты элементам, падобным да радыю, з якога пабудована сонца. Пад гэтым святлом і расціны і людзі могуць жыць без ушчэрбку для свайго здароўя. Гэты элемент тут ужыты як маса да тынкавання сцен, акром святла і цяпла мае яшчэ і другія дзействы: хто знаходзіцца заўсёды пад уплывам яго святла, не падлягае старасці, якая паходзіць ад звапнення кроваточных начынняў у людскім арганізме. Пад уплывам гэтага святла вапна не можа ў арганізме зацвердзяваць, а дзеля гэтага чалавек застаецца назаўсёды ў адным веку, а як вынік гэтага – не падлягае смерці. Мы з вамі цяпер знаходзімся на глыбіні каля тысячы метраў ад паверхні зямлі, і аднак жа вы аддыхаеце лёгкім паветрам, гэта таму, што элемент гэты, які завецца гетынам, мае ўласнасць паглынаючую лішкі кіслых газаў. Вось жа старыя вучоныя, сышоўшы з поля дзікага змагання на зямлі, жывуць тут, працуючы над навукай і ўмеласцямі ў сваіх абшырных і добра абстаўленых бібліятэках і лабараторыях. Працуюць, чакаючы часу, калі ім прыйдзецца ізноў выйсці да свайго народа. Адным з важнейшых адкрыццяў, якія імі тут зроблены, ёсць крывін, пры помачы якога кожную рэч можна разлажыць на першапачатковыя высхады і з першапачатковых высхадаў злажыць любую рэч. Прыкладам: з высхадаў паветра і вады можна вытварыць камень, золата, хлеб, тлушч і, наадварот, кожную рэч можна перамяніць у другую. Прыкладам, той жа бруковы камень можна змяніць у хлеб ці золата, у паветра ці любога смаку сталовае масла. Бо першапачаткавы высхад ва ўсім ёсць адзін і той жа, залежыць толькі ад таго, які надаецца кірунак руху яго праатамам. Гэтае вялікай вагі адкрыццё, зробленае нашымі старцамі, развяжа на зямлі сацыяльнае пытанне... Пытанне пракорму людзей.
У гэты момант недзе здалёк пачуўся званок, і Іван Іванавіч, падаўшы мне на развітанне руку, выйшаў у праход, які пачынаўся з левай стараны салі, сказаўшы:
– Вам, аматару кніг, думаю, маркотна тут не будзе.
Я, не трацячы часу, стаў разглядаць кнігі. Аддзел бібліятэкі, у якім я знаходзіўся, складаўся з помнікаў старасвецкіх арабскіх, грэцкіх, індускіх і эгіпецкіх пісьменнікаў. Аграмадныя фаліянты, пісаныя на пергаміне і шоўкавых тканінах, залягалі ўсе сцены: унізе, каля сцен, у дубовых, абіваных сярэбранай бляхай скрынях разложаны былі звіткі, пісаныя на розных мовах. З плану бібліятэкі, які быў выабражаны на мармурнай дошцы сярод салі, відаць было, што аддзел славянскіх кніг знаходзіўся ў трэцяй салі, ідучы налева. Я паспяшыў туды.
У гэты момант нейкі лёгкі быццам звон угары звярнуў маю ўвагу. Я падняў галаву і ўбачыў, што са сцяны выступае масіўны каменны блок, у кшталце стала, з глыбокімі ўнізе выемкамі. На стале быў расстаўлены цэлы рад жоўтага металу стылёвых міс, а на іх разложаны свежыя фрукты і закускі, пасярод жа красавалася бутэлька са «Старкай». Падышоўшы да стала, я ўбачыў картку, пісаную рукою Івана Іванавіча, гэткага зместу: «Паважаны Дружа. Усё, што знойдзеце на гэтым стале, толькі што прыгатавана пры помачы высхаду крывін. Спрабуйце, ці годна да ўжытку. Ваш Іван Іванавіч».
Я сеў пры стале і ў часе яды пераканаўся, што пададзеная закуска вызначалася вялікім кулінарным мастацтвам. Пячэння была гарачая і сочная, з прыемным водарам дымляніны; фрукты мелі дзіўную свежасць; «Старка» цягнулася з бутэлькі, як аліва, і разыходзілася па арганізме хвалямі прыемнага цяпла.
Перакусіўшы, я скіраваўся ў славянскі аддзел бібліятэкі. Багацце, якое я тут убачыў у звітках і фаліянтах, прост не паддаецца апісанню. Тут я бачыў не толькі фаліянт полацкай летапісі, пісанай рукой княжны Еўфрасініі, але і летапісы шмат ранейшых перыядаў існавання нашага народа. Убачыў сабранне навукі Зямельчыца, якое складалася з чатырох кніг, разбітых кожная на семдзесят два раздзелы. На змест кнігі злажыліся: маральнае права, цывільнае і дзяржаўнае права, гісторыя народа і анталогія лепшых тагачасных літаратурных твораў. Цэлы аддзел бібліятэкі складаўся з кніг, пісаных глаголіцай, якая, як я тут пераканаўся, была шмат старэйшай бадай на добрую паўтысячу лет славянскай граматай, знакі якой развіліся з славянскіх герогліфаў. Старанна апрацаваныя табліцы развіцця пісьменных славянскіх знакаў паказвалі не толькі перамены ў формах знакаў, але давалі адначасна і храналагічныя даныя, з якіх відаць было, што пачаткі пісьменнасці славянскай трэба аднесці на канец чацвёртага тысячалецця перад нашай эрай. Цікава было слядзіць па гэных табліцах, як з людской фігуры (рысаванай у герогліфах поўнасцю) вытварыўся знак «аз» – «я», нашае цяперашняе вялікае «А», у каторым з людской постаці засталіся ўнізе толькі дзве палкі, а ў папярэчцы памяць аб рысаваным калісь паясе. Як цвёрда трымаўся цэлыя тысячалецці знак змяі і дахаваўся да нашых часоў у славянскай літары «зело», а такжа знак жука ў літары – «ж», які сягоння яшчэ напамінае сабой кузурку.
У аддзеле архітэктуры бачыў я дзіўнай прыгожасці стылёвыя будоўлі так званага гецкага стылю. У аддзеле пісьменнасці хрысціянскіх часоў з асаблівай пашанай перахоўваліся тут рукапісы першых хрысціянскіх апосталаў Кірылы і Мяфодзія, аб якіх трэба, аднак, на аснове пачэрпнутых мною ў бібліятэцы даных сказаць, што хоць яны сапраўды пераклалі Святое пісьмо на славянскую мову, але ў пісьменнасці славянскай, так званымі кірылаўскімі літарамі, на добрыя чатыры сталецці іх папярэдзілі розныя хрысціянскія сектанты, а перадусім маніхейцы, паўлікіянцы і мэсальянцы. Усе гэтыя сектанты пісалі грэцкімі літарамі па-славянску, дапасоўваючы іх да славянскай мовы. І пераклад кананічных кніг на славянскую мову папярэдзілі розныя сказанні, як, прыкладам: : «Сказанне аб Адаме», «Кнігі Эноха справядлівага», «Сказанне аб Ламэху і Мэльхіседэху», «Запаветы дванаццаці патрыярхаў», «Пасланне Абраама да Хрыста», «Евангелле Хамы», «Евангелле Нікадымава» і шмат іншых.
Урэшце, змучаны пераглядам кніг, я надумаў абысці бібліятэку, і з гэтай мэтай выйшаў у другую салю, а з другой у трэцюю і гэтак далей. Прайшоўшы дзесяткі два саль, напоўненых кнігамі, я апынуўся перад глыбокай нішай, у якой была памешчана фігура чалавечая з бліскучымі вачыма. У меру збліжэння да яе, вочы фігуры штораз ярчэй свяцілі, прычым чулася ў іх нейкая прыцягальная сіла. Калі я быў на адлегласці метраў дзесяць ад фігуры, я ўжо не меў сілы стрымаць сябе, нешта незразумелае, непаборнае цягнула наперад, і высілкам усёй волі я не мог спыніць сябе, каб не ісці далей. Фігура была з жоўтага металу, утрая большая ад натуральнага чалавечага ўзросту. Ад сіняватага бляску святла вачэй фігуры, які быў скіраваны прост ў мае вочы, я чуў, як цела маё млела. У гэты момант фігура правай рукой ударыла тры разы ў шчыт, які быў у яе на левай руцэ. Аглушаючы патройны гук дарэшты спаралізаваў мяне, і я страціў прытомнасць.
VІ
Калі я адкрыў вочы, то ўбачыў, што ляжу ў гатэлі на сваёй пасцелі ў адзежы. Праз вакно ярка свяціла сонца і двума агністымі стаўпамі клалася на памост перад маім ложкам.
У гэты момант нехта пастукаў у дзверы.
– Але! Прашу! – сказаў я.
Адчыніліся дзверы, і я ўбачыў на парозе Падземнага чалавека. Ён падышоў да мяне і, паздароўваўшыся, сеў пры ложку. Глянуўшы на яго, я ўбачыў шырокую блізну на левай шчацэ, ад вуха да падбародка. Мне зразу ўспомнілася падзямелле, і я ўскочыў з ложка. Стары глядзеў нейкім цвёрдым сталёвым поглядам мне ў вочы. Гэты яго погляд наводзіў на мяне нейкі забабонны страх, і я зноў сеў на ложку.
Стары моўчкі пачаў капацца ў падысподным кішэні сваёй спанцэркі і па нейкім часе выняў адтуль даволі пакомканы канверт, падаючы які мне, сказаў:
– Гэта вось вам цэдулка ад Івана Іванавіча.
Я паспешна схапіў канверт і, раздзёршы яго, дабыў запіску, у якой было напісана:
«Паважаны Дружа, заўтра мае імяніны, а сягоння вечарам свята Купалле. Загляньце вечарком, пагаворым ізноў аб мілай старасвеччыне. Стол я прыгатаваў паводле сваіх рэцэптаў. Спрабуеце, ці годная мая кулінарыя да ўжытку. Ваш Іван Іванавіч.
Полацак, 23 чэрвеня».
Я хутка глянуў на сцяну, две вісеў адрыўны каляндар, там віднелася дата 20 чэрвеня.
Гэта быў дзень, калі я прыехаў у Полацак і вечарам гасціў у Івана Іванавіча.
– Якая сягоння дата? – спытаў я ў Падземнага чалавека.
– А якая ж, то ж ведама – 23 чэрвеня, – адказаў ён, пасміхаючыся.
– А калі я ў вас быў?
– То ж вы заўчора былі ў нас, у аўторак, а сягоння мы маем, дзякаваць Богу, чацвер, заўтра будзе пятніца, святога Яна.
Голас Падземнага чалавека здаўся мне нейкім скрыпучым, уплываючым на нервы, як пілаванне па зялезу.
Мяне агарнуў ізноў забабонны страх, і я пастараўся чым хутчэй пазбыцца гасця. На адходным, замест звыклых слоў пры развітанні, ён сказаў:
– Мы яшчэ ўбачымся.
Застаўшыся адзін, я прыпамінаў абраз па абразе ўсё мной бачанае ад часу павароту дамоў з гасціны ад Івана Іванавіча.
Не, я не сніў. Думаў, перадумваў і ўзноў прыходзіў да пераканання, што ўсё гэта было наяве, усё гэта было рэальнасцю. «Можа, я пераблытаў даты», – глянуў я і, каб пераканацца, выняў з кішэні запісную кніжку. Так, праўда: выехаў я з Вільні вечарам 19 чэрвеня, раніцай дваццатага быў у Полацку. Я пазваніў.
Калі прыйшоў нумарны, я спытаўся ў яго, якая сягоння дата?
Перш чым адказаць на пытанне, ён хутка загаварыў:
– Добра, што вы, панічу, вярнуліся, а то ўчора прынеслі вам тэлеграму, а як вас не было, то я не ведаў, што рабіць з ёю. Дата ж, панічыку, сягоння дваццаць трэцяе. Але дзе гэта вы, паніч, бавілі так доўга? Як мне сказалі, што вы выехалі ў госці, то я, прызнацца, і не прыбіраў, – і ён заклапаціўся каля ўмывальніка.
– Хто табе сказаў, што я выехаў у госці? – спытаўся я парывіста.
– Ды ж во гэты самы, што быў цяпер у вас, панічыку, Падземнік, як яго ў нас называюць.
А пасля ён спахапіўся і борзда пабег па тэлеграму.
Тэлеграма была з дому:
«Прыязджай назад першым поездам, важныя справы», – пісалася ў тэлеграме. Я крэпка занепакоіўся, бо, выязджаючы, ніякіх «важных справаў» не правідзелася. Што там? Хвароба? Няшчасце? Чаму не сказана, якія там справы?
І, гэтак раздумваючы, я пачаў складаць свае рэчы. Пасля сеў і адпісаў Івану Іванавічу на яго запросіны, што з прычыны клічучай дамоў тэлеграмы не буду ў яго на імянінах, і, пажадаўшы яму ўсяго лепшага, закончыў лісток.
Таго ж дня, позным вечарам, быў я ўжо дома. Аказалася, ніякіх важных спраў дома не было і ніхто з дамовых мне тэлеграмы не высылаў. Хоць на белягу выразна было памечана: «Выслана з Вільні, прынята ў Полацку».
У ранічнай газеце 24 чэрвеня я прачытаў тэлеграму з Полацка гэткага зместу: «Учора, 23 чэрвеня, вечарам, памёр мясцовы полацкі археалог і гісторык Іван Іванавіч».
[1923]
Барыс Мікуліч
Развітанне
І
Тонкая песня самавара, быццам струмень вады, што прабіў сабе шлях праз каменне, далятае са сталовай у яго пакой. Акрамя гэтай песні – ні гуку. Цішыня і нерухомасць пануюць ва ўсім доме. Гэта лепш. Добра, што мінуў перыяд, калі сваякі, ахопленыя спачуваннем і жалем, рабілі шмат непатрэбнага, слухаючы дактароў. Ад гэтых клопатаў было яшчэ цяжэй хвораму, нервы напружваліся, і вось-вось, здавалася, павінен быў наступіць фінал. Хворы ішоў да сябе ў пакой, дзе былі маўклівыя і на першы погляд безуважныя, але сапраўдныя сябры – кнігі. Усё чакалі сваякі, што скончыцца вайна і што можна будзе адвезці яго ў Крым ці на кумыс, а можа – за мяжу. Але вайна ішла, водгукі яе дакатваліся і сюды, няўхільна лезлі ўгору цэны на харчы, раслі разбэшчанасць, разгул, карупцыя, ажыятаж спекулянтаў, а канца не было. Першы, хто зразумеў, што хвораму трэба даць спакой ад надакучлівых клопатаў, быў бацька, Адам Юр’евіч. Ён, як і сын, разумеў, што хвароба невылечная, што толькі цуд можа спыніць яе страшную плынь... Але ў гэты цяжкі час ні бацька, ні сын у цуд не верылі. Сяброў было мала, але і яны паступова перасталі наведваць дом: адны пайшлі ў армію; другія з поспехам ажыццяўлялі набытыя ў ліцэі веды, рабіліся «падаючымі надзею» юрыстамі; трэція ўжо цалкам акунуліся ў вір жыццёвых дробязей, і песня іхняя была прапета; чацвёртым... Сярод сяброў быў толькі адзін – Павел Курнатоўскі, які не прымаў яго «славянафільства», але кпіў мякка, і было відаць, што кпіць ён больш, каб толькі кпіць, чым па сутнасці. Гэты юнак аднаго разу зацягнуў Максіма на патаемны сход, які адбываўся ў невялікай хатцы на самым беразе ракі. Было цёмна, асенні дробны дождж ліў на зямлю, з ракі рваў халодны вецер. Як вяртаўся з гэтай сходкі, кашаль разрываў грудзі, балела ў ключыцы, і ледзьве дабраўся дадому, доўга сядзеў над лістом і зрабіў тады першы накід аднаго са шматлікіх роспачных вершаў пра «цёмнае ліха», якое развеецца ад утульнай, «тонкай і ціхай» песні самавара... Не, для барацьбы арганізм яго быў занадта слабы – сухоты перамаглі юнацкія сілы...
Так, яму значна лягчэй, калі ён адзін, у сваім пакоі, дзе паліцы з любімымі кнігамі, дзе на лямпе зялёны кружок, А на паперах, на шырокім пісьмовым стале светлы круг ад лямпы, спакойны, утульны. Ёсць запаветнае месца ў пісьмовым стале, тут складзены ліст «Нашай нівы», кніжкі далёкіх таварышаў, некалькі экземпляраў «Вянка»,– пасланцы далёкай радзімы!.. Вянок, якім вянчаюцца поспехі? Ці вянок на магілу? А можа, на маладосць, пакрамсаную сухотамі? Купала, як выйшаў «Вянок», сказаў словы захаплення. Першакласны паэт, з літаратурным імем Ясакар, пісаў, што кніжка прынесла яму многія хвіліны асалоды. У адным з лістоў пераказвалі думку Цёткі пра тое, што яго «Вянок» ззяе кветкамі беларускага летняга поля...
І ў памяці паўстаў вобраз гэтай энергічнай жанчыны і паэтэсы. Тое, як яна залівіста смяецца, як дасціпна скача з крышку няўклюдным і сарамлівым Янкам Купалам. І тое, як падышла яна да яго, дакранулася рукой да форменнай тужуркі і сказала: «Трэба прыехаць да нас назаўсёды, зняць гэтую скуру, і хвароба пройдзе». Ці пройдзе?
Набягае яно
Вечарамі, начамі,
Адчыняе акно
І шамрэе кустамі...
Ён заўсёды слухаўся свайго натхнення, цалкам аддаваўся ўладзе музыкі, якая ўзнікла ў ім, ніколі не заціскаў яе, не стрымліваў, не абмяжоўваў. Лісткі пакрываліся дробным, але вельмі выразным почыркам, яны адкладаліся адзін да аднаго, парамі, з цягам часу ён вяртаўся да іх. Тады пачыналася праца, шліфоўка, праверка рытму, замена слоў. Яго мякка папракнулі ў кніжнасці мовы. І цяпер, апрацоўваючы вершы, ён заўсёды помніў гэты папрок. А думкі музычнай хваляй цяклі і адліваліся ў пяшчотныя, у запаветныя радкі:
І гавора адну
Старадаўнюю казку —
Аб любоў і вясну,
І жаночую ласку...
І хваля праходзіць, музыка сціхае. І зноў у полі ўвагі цячэ тонкая песня самавара. Пра што гэта? Пра каханне? Пачуццё тугі па радзіме, якое саграе, суцяшае, абнадзейвае. «След нагі на пясочку» – гэта ж з песень беларускіх, уласцівы народнай песні вобраз. Ён з кнігі? З Шэйна? Ці з запісаў бацькі? Няхай. Але гэты вобраз ён бачыць перад сабой, гэта вобраз радзімы, вярбы, ціхай люстранай ракі і жоўтага пясочку на беразе, на якім ледзь вільготныя сляды...
А як лепш – «старадаўнюю» ці «старажытную»? Гэта трэба апрацаваць. Развага ўжо ўзяла перавагу над пачуццём. Адкласці. Атрамант[19] высахне, пачуцці астынуць, у яго вялікае ўмельства глядзець на свае вершы староннім позіркам, халодным позіркам чытача і крытыка. І таму яго вершы маюць такую выдатную форму.
Новыя кнігі, часопісы, альманахі ляжаць перад ім. З іх ён выбера тое, аб чым напіша чарговую рэцэнзію ў мясцовую газету. Гэта яго пасільны заработак, які амаль цалкам ідзе на тыя ж кнігі. У дваццаць пяць гадоў трэба было б жыць самастойна, зарабляць не толькі на сябе, але і на сям’ю. Колькі разоў узнікалі гутаркі аб гэтым! Але такт Адама Юр’евіча, бацькі, згладжваў вострыя куты. Аб гэтым будзем думаць, калі льга будзе паправіць здароўе...
Максім раскрывае кнігу. Быў час, калі захапленне сімвалістамі было вельмі моцнае. Але скора ён пачаў добра разбірацца, дзе пачыналася тут сапраўдная паэзія, а дзе апускалася заслона перад прорвай, за якой – пустата. Блока і асабліва Брусава ён даўно вылучыў з плеяды агулам ахрышчаных «дэкадэнтамі» паэтаў, вылучыў за тое, што яны выйшлі ў свет сапраўднага жыцця і мастацтва, а не спыніліся перад гэтай заслонай. Захапленне Брусава армянскімі паэтамі падзяляў і ён, Максім. Але тое, што ён чытаў цяпер, уразіла яго не толькі хараством формы і глыбінёй думкі, а нечым яшчэ большым.