355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Дрэва вечнасці » Текст книги (страница 5)
Дрэва вечнасці
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 03:01

Текст книги "Дрэва вечнасці"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч


Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 31 страниц)

Бег па полі, бег па долу слёз нястрыманы паток.


Раптам крык пачуў я, глянуў і заўважыў верхавога,—

Ён імчаўся каля мора, ён стагнаў ад цяжкіх ран,

Ён трымаў мяча абломак, арашаў крывёй дарогу,

Пагражаў камусьці злосна і кагосьці дакараў.


Падганяў ён варанога,– конь той зараз пада мною,—

Ён раз'юшанай віхурай стараною праляцеў.

Я паслаў слугу спытацца: хто разгневаў так героя?

Перадаць «Хачу сустрэцца я з табой, адважны леў!»


Не схацеў размову весці ён, відаць, з маім слугою.

На каня тады я ўскочыў, сам памчаўся даганяць.

Крыкнуў: «Віцязь, прыпыніся, раскажы мне, што з табою?»

Слоў маіх адчуўшы шчырасць, ён спыніў свайго каня.


Глянуў: «Бог цябе, напэўна, надзяліў такой красою!»

І сказаў: «Цяпер паслухай споведзь сумную маю:

Львом мой вораг аказаўся,– я ж лічыў яго казою!

Здрадай ён мяне адолеў – быў бяззбройны я ў баю!»


Адказаў я: «Не хвалюйся, адпачнем у гэтым гаі.

Віцязь мужны не сагнецца пад ударамі мяча!»

Дружна, быццам бацька з сынам, побач ехалі ў тым краі;

Я здзіўляўся прыгажосці і агню ў яго вачах.


Паміж слуг маіх быў лекар. Ён агледзеў пільна раны

І, дастаўшы стрэл асколкі, іх абмыў і завязаў.

Я спытаўся: «Хто ты будзеш? Хто параніў? Кім ты гнаны?»

І тады з журбой і скаргай ён пра ўсё мне расказаў.


«Я не ведаю,– сказаў ён,– хто ты, слаўны спадарожнік.

Ад чаго, як воск, растаў ты? І які раней ты быў?

Ружы шчок чаму зжаўцелі, змерк агатаў зірк трывожны?

Запаліўшы, нібы свечку, бог чаму цябе згасіў?


Я жыву ў Мульгазанзары – горад гэты недалёка.

Нурадзін-Прыдон завуся, я – ўладар над краем тым.

Па маёй зямлі мы едзем – хараство чаруе вока,—

Хоць малое царства гэта, ды жывуць шчасліва ў ім!


Між сынамі дзед мой мудры падзяліў сваю дзяржаву,

Востраў той, што ў моры бачыш,– гэта спадчына мая!

Дзядзька ж мой з сынамі разам захапіў яго без права,—

З імі біўся я сягоння і паранен імі я.


Сакаліным паляваннем сёння я рашыў заняцца,

І таму людзей і лоўчых я нямнога ўзяў з сабой.

Пяць сакольнічых з іх выбраў, рэшце загадаў застацца

І чакаць, калі вярнуся са здабычаю сваёй.


Сеў я ў човен і на востраў пераплыў цераз пратоку.

«Хіба ж могуць,– я падумаў,– мне пашкодзіць сваякі?»

Хоць было іх больш намнога, я не здаў назад ні кроку;

Паляваў. На вокліч гучны мне адказвалі стралкі.


Незалежнасцю такою раззлаваў радню я скора:

Аблажылі яны войскам і мяне й маіх людзей

І, на коней пасядаўшы, шлях адрэзалі да мора,—

Ад пляменнікаў і дзядзькі не чакаў я гэткіх дзей!


Я пачуў іх крык, заўважыў, як мячы ўгары блішчалі,

Сеў я ў човен, ды не ў сілах быў ад берагу адплыць,—

Насядалі іх ваякі на мяне, як буры хвалі,

Затаптаць мяне хацелі, я ж стаяў цвярдзей скалы.


Зноў пайшлі ў наступ войскі, як чмялі, ізноў населі,

Абступілі, бо адолець не маглі, б'ючыся ў лоб;

Адбіваўся ад пярэдніх, сталі ў спіну кідаць стрэлы.

Я за меч – зламаўся меч мой. Стрэл таксама не было.


І калі ўжо так абселі, што не мог абараняцца,—

На кані сваім у мора я з адчаю сігануў.

Тых, хто быў са мной, пабілі. Пачалі за мною гнацца,—

Праглынулі хвалі мора галаву іх не адну.


Бог кіруе ўсімі намі. Будзе так, як ён захоча.

Я за кроў адпомшчу злыдням – хопіць мне на гэта сіл:

Будуць клясці свет нямілы, цемра ім засцеле вочы.

Груганы зляцяцца зграяй на пагоркі іх магіл!»


Спадабаўся мне той віцязь, ён прывабіў маё сэрца.

Я сказаў яму: «Не трэба ў бой спяшацца аднаму.

Я пайду з табою разам – не пазбегне вораг смерці,

Мы адплацім поўнай мерай супраціўніку твайму!»


І дадаў: «Калі б ты ведаў, што гняце мяне журбою!

Раскажу пра ўсё спакойна, як надыдзе лепшы час».

Ён сказаў: «Якая радасць, што сустрэўся я з табою!

Аддаю табе да смерці сілу дружбы і мяча!»


Увайшлі мы ў дзіўны горад – апісаць не знойдзеш слова,—

Выйшлі войскі,– я не бачыў больш нідзе такіх сустрэч:

Ў знак пашаны шчокі дралі, попел клалі на галовы,

Цалавалі ўсе Прыдона і яго зламаны меч.


Тут і я прыпаў да густу – галасы ў адно зліліся:

«Сонца, ззяй, сваёй яснотай нам святло жыцця льючы!»

Мы ішлі – людское мора затапляла ўсю сталіцу,

Ззялі золатам уборы з пурпуровае парчы».


ДАПАМОГА ТАРЫЭЛЯ ПРЫДОНУ

«Акрыяўшы хутка, ўзяўся цар Прыдон ізноў за зброю;

Склікаў войска і да плаву аснасціў свае чаўны,—

Захапленне і здзіўленне выклікаў ён сам сабою.

Раскажу цяпер пра вынік пераможнай той вайны.


Вораг плыў у бой рашучы на васьмі чаўнах вялікіх,—

Латы воінаў блішчэлі, кожны з іх у шлеме быў,—

Падплывала раць чужая. З ваяўнічым грозным крыкам

Я штурхнуў нагой і першы човен тут жа патапіў.


За карму другі схапіўшы, я пусціў яго ў прадонне,

Сеяў смерць я тым, хто выплыў, хто шукаў ратунак свой.

Вораг кінуўся наўцёкі, а здалёк з чаўноў Прыдона

Крыкі радасці ляцелі. Заціхаў павольна бой.


Ледзь да берагу прысталі, вораг нас сустрэў мячамі.

Зноў пачаўся бой крывавы, кроў ракой лілася з ран.

Захапляўся я Прыдонам, ён маланкі слаў вачамі,—

Сам, як леў, з аблічча – сонца, тапаліны меў ён стан.


Прагай помсты апантаны, ён братоў пакідаў долу,

Загадаў у знак адплаты рукі ім да плеч адсеч

І, звязаўшы іх, прымусіў праклінаць няволю-долю,

Сам жа ў радасці вялікай свой паклаў у ножны меч.


Раць разбітая ўцякала, мы іх гналі да знямогі,

Без адзінае ахвяры горад з ходу ўзялі;

Перабілі ім калені, як саф'ян памялі ногі,

Захапілі столькі скарбаў, што сабраць іх не маглі.


Цар Прыдон сваёй рукою апячатаў сховаў дзверы,

Сваякоў сваіх няшчасных у палон цяжкі забраў.

Так за кроў крывёй варожай заплаціў ён помсты меру.

Мне сказаў: «Нам бог на шчасце, кіпарыс, цябе паслаў!»


Мы вярнуліся ў свой горад, люд сустрэў нас урачыста,

Штукары ўсіх пацяшалі здольнай спрытнасцю сваёй.

Услаўлялі нас з Прыдонам песняй-гімнам галасістым:

«Вы сябе пакрылі славай, рукі ж – ворагаў крывёй!»


«Цар Прыдон! – крычалі.– Слава!» Да мяне ж ляцелі крыкі:

«Над асілкамі – асілак, над царамі – першы цар!»

Толькі я па ружы мілай у журбоце быў вялікай

І не мог згасіць прызнаннем сэрца змучанага жар».


НУРАДЗІН-ПРЫДОН РАСКАЗВАЕ ПРА НЕСТАН-ДАРАДЖАН

«Запрасіў мяне аднойчы цар Прыдон на паляванне.

Узняліся мы на строму, што над морам пралягла;

Раптам ён сказаў мне ціха: «Прыгадаў я з хваляваннем,—

Дзівы-дзіўныя хавае гэта чорная скала».


І на роспыт нецярплівы расказаў Прыдон павольна:

«Неяк гэтаю мясцінай праязджаў я на кані,

Што ляціць хутчэй, чым сокал, што плысці, як качка, здольны,—

Тут заўважыў каршуна я, што лунаў у вышыні.


Кінуў позірк я на мора са скалы вось гэтай стромай:

Штось гайдалася на хвалях, ды здалёк не распазнаць,—

А яно плыло ўсё бліжай зданню даляў невядомых;

Сам не ведаў, што падумаць,– прыпыніўся, стаў чакаць.


Я прыгледзеўся і ўбачыў, што не зверам і не птахам —

З'ява гэтая звычайным аказалася чаўном;

А на ім была схавана, пабялелая ад страху,

Сонца яснае – дзяўчына за стракатым палатном.


Бачу: выйшлі два мужчыны чарнатварыя на бераг,

Пасяродку йшла дзяўчына – даўгакосая краса.

Хараству яе дзівіўся я бясконца і без меры,—

Перад бляскам воч-маланак сонца промень пагасаў.


Затрымцела маё сэрца, як пабачыў чараўніцу,

Што была, нібыта сцюжай некрануты ружы цвет.

«Адаб'ю яе з палону,– парашыў,– а варту знішчу».

Думаў: «Знікнуць не паспеюць, калі конь мой рыне ўслед».


Наўгалоп каня пусціў я, толькі голле затрашчала;

Не паспеў, аднак, бо варта апярэдзіла мяне:

Сонца яснае знікала – човен зноў гайдалі хвалі,

Адплыла мая надзея назаўжды на тым чаўне».


Словы гэтыя Прыдона мне былі балючай ранай,

Я на дол упаў ад гора, кулакамі ў грудзі біў,

Шчокі сам сабе скрывавіў і крычаў, як апантаны:

«Горш за смерць, што ў гэты момант я на беразе не быў!»


Я здзівіў цара Прыдона сваім горам нечаканым,

Засмуціўся ён абліччам, у вачах свяціўся жаль.

Суцяшаў мяне, як родны, кляўся другам быць адданым,

І на вейках, я ўбачыў, дыямент слязы дрыжаў.


«Гора мне! – Прыдон усклікнуў.– Я параніў тваё сэрца!»

«Супакойся, цар,– сказаў я,– ты ні ў чым не вінават.

Месяц мой – дзяўчына тая, ёй служыць гатоў да смерці.

Раскажу пра ўсё я шчыра, бо цяпер ты мне, як брат».


І Прыдону расказаў я ўсё пра лёс свой шматпакутны.

«Як не мог я здагадацца,– тут усклікнуў цар Прыдон,—

Што ў няшчасці мне спаткаўся над царамі цар магутны,

Каму лёсам звыш прызначан скіпетр і дзяржаўны трон!


Бог захоча, дык былінку зробіць гонкім кіпарысам,

Ад параненага сэрца адвядзе лязо нажа,

Гаруна адорыць ласкай, ператворыць лёд у прысак,

Гора радасцю заменіць, ясным шчасцем – горкі жаль».


Асушыўшы слёз крышталі, мы ўвайшлі ў Прыдонаў замак.

Я сказаў: «Адважны віцязь, ты ў бядзе мне дапамог,

Ты сваёй высокай дружбай даў жыццю майму напрамак,

Бо такіх высакародных не ствараў на свеце бог.


Назаўсёды тваім другам я застацца буду рады,

А цяпер пакліч свой розум і ў бядзе дапамажы:

Як спаткацца мне з каханай, дай разумную параду,

Бо без той, каго кахаю, не змагу на свеце жыць!»


Адказаў мне цар: «Паслана гэта шчасце мне ад бога,

Што ўладар вялікі індаў – сёння госць пачэсны мой;

Дык ці мог, яму ўдзячны, шчасця я чакаць другога,—

Я стаю, служыць гатовы, нібы раб перад табой.


Горад наш стаіць ля мора, ўсе шляхі сюды прыводзяць

Караблі купцоў заморскіх, процьму чутак і навін;

Можа, вестка аб каханай сцежку ў сэрца тваё знойдзе,

Можа,той пакут пазбавіць, хто глядзіць на нас з вышынь?!


Накіруем мараплаўцаў у заморскія краіны,

Адшукаць ім загадаем неацэнны твой крышталь.

А пакуль – развеяць трэба смутак даўніх успамінаў,—

Так вядзецца: жаль змяняе весялосці гучны баль!»


Загадаў ён тут жа людзям: «Абшукайце ўсе краіны

І знайдзіце тое сонца, што павінна нам свяціць.

Вы не ў сем разоў ці восем павялічыць спрыт павінны,

Можа, ў тысячу і болей ён павінен узрасці!»


Караблі за караблямі паплылі па морскай гладзі,

Каб у землях невядомых адшукаць дзівосны перл.

Вестку добрую чакаўшы, з весялосцю я паладзіў.

Бестурботнасць тую ўспомню – чырванею і цяпер.


Быў пастаўлены ў палацы пышны трон царом Прыдонам.

Ён сказаў: «Прабач сляпому, што раней не распазнаў

Я ў табе цара ўсіх індаў, хто ўладаць вось гэтым тронам

Мае права. Дзе падданы, хто б служыць табе не стаў?»


Сумна мне далей расказваць. Караблі прыйшлі дадому.

Быў дарэмны шлях далёкі вандраванняў тых цяжкіх,—

Не знайшлі, каго шукалі ў краінах невядомых;

Паліліся несціхана слёзы зноў з вачэй маіх.


Я сказаў цару Прыдону: «Цяжка вымавіць мне слова,

Але сам ты бачыш добра, зноў скаваны я журбой.

Без цябе мне поўдзень ясны здасца поўначчу суровай,

Мне астудзяць ветры сэрца, абагрэтае табой.


Раз царэўна не знайшлася, што ж сядзець дарма без справы?

Мне з табою развітацца, уладар і брат, дазволь!»

Цар Прыдон, пачуўшы гэта, абдымаў мяне ласкава:

«Чым жа нашае разлукі загаю сардэчны боль?»


Абкружыла мяне войска і, укленчыўшы, прасіла:

«Мы служыць табе гатовы, віцязь добры, да канца».

І, расчулены ўвагай, адказаў я цераз сілу,

Што іх ласку не забуду, колькі бог пашле жыцця.


Я сказаў ім: «Разлучацца з вамі мне зусім нялёгка,

Ды разлука з любай сэрцу цяжкім каменем гняце:

Як жа кіну паланянку на чужыне дзесь далёкай?

Як магу застацца з вамі і ад смутку вар'яцець?»


І тады на развітанне падвялі мне варанога.

Цар сказаў: «Сонцападобны, гэты сціплы дар прымі.

Мне вядома – ты не возьмеш падарунка дарагога,

Хай хоць конь паслужыць верна, сум разгоніць хоць на міг».


Твар слязамі арасіўшы, развітаўся я з Прыдонам,

Абняліся ў пацалунку, нібы з братам родны брат.

Моўчкі воіны стаялі, гора іх было бяздонным.

Гэтак дзеці пакідаюць родны кут бацькоўскіх хат.


Так пачаў я вандраванні, з краю ў край імкліва рушыў,

Не пакінуў ні куточка, дзе б хоць раз не пабываў.

Не знайшоў я след жаданы ні на моры, ні на сушы,

Жывучы ў звярыным царстве, сам як звер драпежны стаў.


І падумаў я аднойчы, чорнай роспаччу закуты:

«Між звяроў пустэльні дзікай застануся лепш адзін».

І сказаў Асмат і слугам: «Я давёў вас да пакуты,

Вы былі са мною ўсюды, невядом вам быў спачын.


Дык цяпер мяне пакіньце, аб сваёй вы дбайце долі,

Хай не раняць вашы душы слёзы горкія мае».

Адказалі: «Не пакінем мы цябе ў бядзе ніколі,

Будзе хай, што мы не чулі словы гэтыя твае.


Мы не хочам над сабою ўладаром каго другога,

Хай жыццёвай вехай будуць нам каня твайго сляды.

Смерць і тая не разлучыць, бо адна ў нас дарога!»

Лёс зласлівы – зрынуць можа і асілка ў змрок бяды!


Так я зноў застаўся з імі, уступіўшы іх маленням,

І павёў у край пустэльны, дзе зусім няма людзей,

Дзе пасуцца па адхонах статкі дзікія аленяў,

Дзе людской душы не стрэнеш ані ўночы, ані ўдзень.


Так знайшоў пячору гэту, дзе жылі страшыдлы-дэвы.

Меч свой выхапіўшы грозны, рушыў я адразу ў бой.

Двух рабоў маіх забілі, самі ж падалі, як дрэвы.

Зноў адчуў я прывід чорны злога лёсу над сабой.


Крыкі, лямант тых страшыдлаў аж да неба даляталі,

Ад бязлітасных удараў скалануўся небасхіл,

Блякла сонца ў хмарах пылу, дрэў лістота трапятала,

Сотні кідаліся ў бойку – ўсе пагібель тут знайшлі.


З той пары жыву я, браце, у пячоры гэтай цёмнай,

То, як нелюдзень, блукаю, то згасаю ад нуды;

Толькі вось Асмат са мною – як сястра і друг нястомны.

Сам жа смерці я чакаю, каб хутчэй прыйшла сюды.


І таму, што вобраз любай мне нагадвае тыгрыцу,

Гэту тыгравую шкуру на сабе заўжды нашу.

Мне Асмат яе сшывае. Ёй Нестан таксама сніцца.

І з жыццём не ў сілах скончыць, смерці ў бога я прашу.


Сонца-дзеву не ўславіць з мудрых мудры поўнай мерай,

Не забыць мне паланянку, покуль я зямлю тапчу.

Дзе звяры блукаюць толькі – сам бадзяюся я зверам.

Толькі скорага скакання – гэта ўсё, чаго хачу!»


Змоўк і ў твар сябе ўдарыў – ружа шчок прыгожых звяла,

Лал бурштынам стаў раптоўна, пацямнеў крышталь вачэй.

Дзева стала на калені, вусны штосьці прашапталі,

Па абліччы Аўтандзіла слёз гарачых бег ручэй.


І, суняўшы боль сардэчны, Тарыэль сказаў сабрату:

«Расказаў табе я шчыра ўсё, што ведаць ты хацеў.

Ты дасяг жаданай мэты, дык ідзі хутчэй дахаты,

Дзе чакае тваё шчасце, нібы зорка ў цемнаце».


Аўтандзіл сказаў: «Цяжкою будзе гэтая разлука,

Будзе ў сэрцы горкім зеллем несціханая буяць.

Толькі ты мне вер, як другу,– не памогуць шчасцю мукі,

Смерцю, ты сваёй каханай не ўзычыш аніяк!


Так скажу я: калі лекар захварэе нечакана,

Ён хутчэй другога кліча, хоць вучоны мае сан;

Той праверыць пульс, раскажа, дзе хвароба, ў чым загана.

Немач лепш відаць другому, чым таму, хто хворы сам!


Слухай мудрую параду, што дае жыццё нам часта,

Сто разоў правер спачатку, перш чым выбраць хоць адну:

Той, хто верыць толькі сэрцу – рызыкуе страціць шчасце!

Я ж да той вярнуцца мушу, пра каго не сплю – а сню!


Разам з ёю быць павінен, каб каханне не астыла,

Пра тваю бяду і гора раскажу ўсё чыста ёй.

Дык дадзім адзін другому клятву, каб навек злучыла

Дружбай шчырай, непарушнай назаўсёды нас з табой.


Абяцай мне дачакацца, і сюды я зноў вярнуся,

Слову я свайму не здраджу, ў тым зарука – гонар мой.

Зноў табе я другам буду, і абодва мы прымусім

Слёзы высахнуць, а сэрцы не сціскацца больш тугой».


Адказаў другі: «Дзіўлюся. Ты чужому стаў як родны.

Мне з табою разлучацца горш, чым з ружай салаўю.

Век цябе я не забуду. Знаю – прыйдзе дзень пагодны

І цябе, мой горды сокал, да грудзей я прытулю.


Калі зноў галінкай дрэва да мяне свой твар ты схіліш,

Сэрца, як алень здзічэлы, не памчыцца ў стэпаў даль.

Калі я схлушу – хай буду знішчан неба грознай сілай!

Мне тваё вяртанне будзе – той бальзам, што гоіць жаль».


Пакляліся, што ніколі абяцанням тым не здрадзяць,

Бурштыном замест рубіну колер юных твараў стаў,

Ўсё злілося ў дружбе шчырай – боль разлук, спатканняў радасць,

Аж пакуль заранкі-зоркі бляск на золку не растаў.


На світанні абняліся ў астатнім развітанні,

Слёзы горкія змяшалі з пацалункамі сябры.

Тарыэль, скаваны горам, быў разгублены дазвання,

Слёзы ліў, пакуль друг верны не схаваўся ў гушчары.


Доўга йшла Асмат-сяброўка моўчкі ўслед за Аўтандзілам

І, праводзіўшы, прасіла, каб вярнуўся той назад,

І паніклаю фіялкай галаву сваю схіліла...

Адказаў ёй віцязь: «Сэрцам з вамі быць заўжды я рад.


Я вярнуся, не забуду. Доўга дома не прабуду.

Ты ж сачы, каб не бадзяўся Тарыэль між дзікіх скал.

Праз два месяцы, не болей, зноў шчаслівы з вамі буду,

Затрымаць мяне не зможа лёсу грозная рука!»


СКАЗ ПРА ВЯРТАННЕ АЎТАНДЗІЛА Ў АРАВІЮ

Аўтандзіл сяброў пакінуў і, тугою апавіты,

Ружы шчок сваіх скрывавіў – не стрымаў разлукі жах,—

І звяры лізалі прагна след яго, крывёй паліты,

Падганяў свайго каня ён, скарачаў дадому шлях.


Вось ён дома, дзе чакала ўся любімая дружына,

Адусюль спяшылі людзі прывітаць яго як след.

Пасланцы хутчэй пабеглі, перадалі Шармадзіну:

«Той прыехаў, без каго нам быў нялюбы гэты свет!»


Шармадзін насустрач выйшаў, а за імі і царадворцы;

Цалаваў ён, нібы сына, слёзы падалі, як град.

Ён сказаў: «Ці сон, ці яву ты паслаў, вялікі творца?

Я шчаслівы, што жывы ты, цар, вяртаешся назад!»


Віцязь шчыра прывітаўся, як з настаўнікам адданым,

І прамовіў: «Дзякуй богу, што пазбавіў нас бяды!»

Падыходзілі вяльможы, нагіналіся з пашанай,

Быў узрадаваны кожны – і стары, і малады.


Ля палаца люд сабраўся прывітаць яго ўрачыста,

Кожны рад яму засведчыць і пакору і любоў.

На бяседзе ён, як сонца, быў вясёлы, прамяністы.

Апісаць сустрэчу тую не хапае ў мове слоў!


Расказаў ён Шармадзіну, дзе пабыў і што пабачыў,

Як сустрэў ён Тарыэля, як ён другам стаў яму,

І, стрымаць не ў сілах слёзы, Аўтандзіл з тугой зазначыў:

«Без яго й палац раскошны мне нагадвае турму!»


Шармадзін пад час бяседы расказаў пра ўсе навіны;

«Твой ад'езд застаўся ў тайне – ўсё было, як загадаў».

Аўтандзіл, ахвяраваўшы дзень бяседзе і спачыну,

Рушыў конна ў дарогу, толькі золак залунаў.


Ехаў ён без адпачынку ўдзень і поўначчу бяссоннай,

Шармадзін—вястун нястомны – сам паперадзе ляцеў.

За тры дні адолеў віцязь доўгі шлях дзесяцідзённы,

Каб хутчэй спаткаўся з сонцам акрылёны марай леў.


Ён паслаў ганца з пасланнем: «Цар вялікі і магутны!

Зноў убачыцца з табою з ласкі бога зычыць лёс!

Дакладаю, повен шчасця: знойдзен віцязь той славутны,—

Вестку гэтую, як радасць, я табе ў дар прывёз!»


Перад мудрым Растэванам Шармадзін ступіў два крокі

І, схіліўшыся ў пашане, так цару ён дакладаў:

«Аўтандзіл гатоў з'явіцца, доўг ён выканаў высокі!»

Цар сказаў: «Я ўсё ад бога атрымаў, чаго жадаў!»


Цінацін, пачуўшы гэта, пунсавей світанку стала:

Шармадзін сказаў ёй: «Віцязь паспяшаецца да вас!»

І смялей, чым сонца ў небе, тая радасцю заззяла

І багата адарыла пасланца ў той жа час.


Верхам цар насустрач рушыў, каб як след сустрэць героя,

Той пашанаю крануты быў юнак да глыбіні.

Асыпаў адзін другога шчырай ласкаю сваёю,

Некаторых момант гэты нібы хмелем ап'яніў.


Аўтандзіл з каня саскочыў, пакланіўся Растэвану,

Той жа ў радасці вялікай Аўтандзіла цалаваў;

І вясёлыя абодва ў палац пайшлі прыбраны,

І натоўп людскі на плошчы гучна віцязя вітаў.


Пакланіўся сонцу сонцаў леў найпершы над ільвамі.

Ружы шчок, агаты зрэнак асвятліў пяшчот крышталь;

І ярчэй, чым сонца промні, дзева бляск ліла вачамі,

Стаў палац ім вельмі цесны, небасхіл ім дахам стаў.


Цэлы дзень банкетавалі, баль вясёлы йшоў гарою,

Цар, нібы ласкавы бацька, ўсё на віцязя глядзеў;

Ззялі: руж расой – юнацтва, старасць – снегам-сівізною.

Нібы драхмаў, жменю перлаў у гасцінец кожны меў.


Баль закончыўся нарэшце, госці рушылі дадому,

Пасадзіў з сабою побач цар героя і вяльмож.

Слухаў ён, як ездзіў віцязь па краінах невядомых,

Як сустрэў ён незнаёмца, што сабою быў прыгож.


Ён сказаў: «Сумую слёзна, як згадаю Тарыэля!

Дабраты ў ім – як у сонца невычэрпнага святла;

З незямной красой яго я параўнаю сёння смела,—

Толькі стаў ён нібы ружа, што пад восень адцвіла!


Калі блізкага няшчасця мы адчуем раптам крокі,

Дык крышталь шафранам стане, цвет красы з галін спадзе».

Аўтандзіл, згадаўшы друга, арасіў слязамі шчокі,

Як жыве той, расказаў ён, і ў якой цяпер бядзе:


«Ён пабіў пачвараў-дэваў і жыве ў іх пячоры,

З ім – прыслужніца каханай – верны сябра абаіх;

Ходзіць ён у шкуры тыгра, сам згараючы ад гора,

Ні парчы яму не трэба, ні адзенняў дарагіх».


Скончыў ён сваю аповесць пра нягоды Тарыэля,

Як спаткаў ён тое сонца, што чаруе ўсіх красой.

Слухачы яго ўсхвалялі, што знайшоў ён ружу смела:

«Найвышэйшаю адвагай ты пакрыў сябе, герой!»


Цінацін ад той размовы ўся была ў захапленні,

Аўтандзіл, адчуўшы гэта, яшчэ больш вясёлы стаў;

А калі прыйшоў дадому, раб з'явіўся з запрашэннем

Да яе прыйсці – такога шчасця віцязь не чакаў!


Ён пайшоў лагодны, ціхі, гнеў былы змяніўшы ласкай,

Часам так між зграі львінай ціхамірны крочыць леў.

Быў прыгожы ён, нібыта ззяў рубін дзівосным бляскам:

Сэрцу любай сваё сэрца ён аддаць хутчэй хацеў.


Быццам тая кветка рая з берагоў святых Еўфрата,

На раскошным царскім троне ззяла сонца-Цінацін.

Вуснаў лал, узоры броваў, шчок крышталь і кос агаты

Ухваліць пад сілу толькі мудрацам сівым Афін.


Дзева віцязю з сабою сесці побач загадала —

Гэтай радаснай хвіліны кожны з іх даўно чакаў,—

І лагодная гаворка паміж імі загучала;

«Ці знайшоў,– спытала дзева,– ты таго, каго шукаў?»


Адказаў ён: «Калі людзі дасягаюць пэўнай мэты,

Дык ці варта ўваскрошваць цень мінулае бяды?

Адшукаў я кіпарыс той, сонцам поўдня абагрэты,

Што на ружу быў падобны, а цяпер, як снег, бляды.


Ён пазбаўлены надзеі, марна вяне на чужыне,

Памутнеў крышталь аблічча, воч памеркла біруза.

З ім адным агнём палаю па адной і той прычыне».

І пра ўсё, што сам уведаў, віцязь дзеве расказаў.


Расказаў пра ўсе прыгоды, пра вандроўны шлях вялікі,

Як героя ў шкуры тыгра ён здзічэлага знайшоў:

«Свет жыцця яму агідны, ён як звер зрабіўся дзікі

І блукае, як шалёны, сам па стэпах між звяроў.


Хай цябе не дзівіць тое, што кажу пра Тарыэля,

Бо хто раз яго пабачыў, будзе памятаць заўжды,—

Дзіўны бляск яго аблічча позірк промнямі засцеле,

І хоць жоўкне ружа твару – воч святло чысцей вады!»


Расказаў ёй падрабязна, як жыве той валацугам,

Як, нібыта тыгр, пячору палічыў за родны кут,

Як Асмат жыццё з ім дзеліць, стаўшы служкаю і другам.

«Лёс пракляты,– ўсклікнуў,– колькі шлеш ты людзям слёз, пакут!»


Доўга слухала царэўна Аўтандзілаву размову,—

Быў, як месяц ясны ў небе, твар яе, чароўны стан.

«Чым змагу,– яна сказала,– памагчы яму гатова,

Адшукаць гатова лекі для яго балючых ран!»


Адказаў ён: «Легкадумным хто свой лёс даверыць здолен?

З-за мяне згарае віцязь, як яго я падману?

Я пакляўся, што вярнуся з ім дзяліць цяжкую долю,

Я сваім пакляўся сонцам, я табою прысягнуў!


Друг павінен дзеля друга і ў бядзе быць другам спраўным,

Сэрцам сэрцу адгукацца – другу ты, а друг табе!

Так міджнур з міджнурам гора дзеліць, як міджнур сапраўдны,

Калі ж дружбе сваёй здрадзіў, значыць здрадзіў сам сабе!»


Цінацін сказала: «Спраўдзіў сэрца ты майго жаданні:

Ты, па-першае, вярнуўся, чым прынёс мне радасць сам;

Па-другое, Тарыэля ты знайшоў; майму каханню,

Што ў грудзях агнём палала, даў гаючы ты бальзам!


Лёс наш зменлівы, нясталы, як асенняя пагода,—

То на небе сонца свеціць, то нахлыне хмараў тлум;

Зараз радасць паміж намі, зніклі гора і нягоды,—

Калі свет напоўнен шчасцем, дык навошта яму сум?


Добра тое, што ты клятву заўжды выканаць гатовы,—

Не пакіне друг сапраўдны друга добрага нідзе.

Дык усцеш яго надзеяй, падбадзёр сяброўскім словам!

Як жа, сонца, без цябе мне жыць самотнай у нудзе?»


Ён сказаў: «Да сёмай скрухі дорыш восьмую згрызоту

На ваду дарэмна дзьмухаць, дзе скаваў яе мароз;

Не сагрэе тое сонца, што ўжо страціла ясноту. •

Быць з табой – бяда; разлука ж – выклікае мора слёз!


Калі я цябе пакіну і ў бадзяннях буду крочыць,

Ад няшчасных стрэлаў лёсу як мне сэрца ўратаваць?

Дзень мой схіліцца да змроку і павее холад ночы,

І тады душы пакуты непатрэбна ўжо хаваць!


Закаханаму заўсёды зразумелы любай словы:

Дзіды ружы раняць сэрца, з раны свежай кроў цячэ!

Будзь жа сонцам мне ў дарозе, для цябе на ўсё гатовы,

Дай хоць знак якой надзеі ў падарунак мне яшчэ!»


Віцязь стрымана, пяшчотна просьбу выклаў сціплым словам,

Гаварыў ён дзеве-сонцу, поўны смутку і трывог,

І яна дала на памяць падарунак жамчуговы.

Юнаку і дзеве юнай хай даруе шчасце бог!


Як прыемна шчок рубіны сузіраць вачэй агатам,

З кіпарысам побач пальму пасадзіць у халадку!

Прыгажэе ўсё пад сонцам, дзе жыве кахання свята,

А цяжар разлукі гора шле міджнуру-юнаку!


Любаваўся віцязь дзевай, быў у шчасным захапленні,

Потым з любай развітаўся і тужлівы прэч пайшоў.

Праліваў ён у дарозе слёз крывавае струменне,

Гаварыў: «О свет няўмольны, зноў з мяне ты смокчаш кроў!»


Ехаў віцязь, поўны смутку, моцна біў сябе ў грудзі,

Бо каханне прымушае слёзы ліць, мякчэць душой;

Калі хмара ўкрые сонца, над зямлёю цемра будзе,—

Так разлука Аўтандзіла ўкрыла згаслаю зарой.


Слёзы, змешаныя з кроўю, па абліччы ўніз збягалі;

Ён казаў: «Не будзе сонца больш у вочы мне свяціць».

І скрываўленае сэрца вейкі любай праціналі:

«Без яе, о свет нікчэмны, як магу на свеце жыць?!


Быў падобны я на пальму, што расце ў эдэмскім садзе,

А сягоння лёс няшчадны сэрца мне працяў нажом,

Нібы ў вогненных цянётах яно тлее ў заняпадзе,

Тлен – усе людскія справы, марна лезці на ражон!»


Разважаў ён так і плакаў і не мог заснуць да ранку.

Кляў ён злую волю неба, бо не знаў сваёй віны.

Час разлукі пасля стрэчы горш усякай ліхаманкі

Лёс цяжкі! Ніхто не ўнікне века ўласнае труны!


Так вярнуўся ён дадому, сум цяжкі па Цінаціне

Не даваў яму спакою, быў ён з ёю ў чадзе мар;

Твар бялеў, нібы на лісце слаўся сцюжы белы іней,

Вось як хутка ружа ўчула, што скаціўся сонца жар!


Вечна прагне асалоды сэрца прагнае людское,

Каб адолець скрухі мукі дзеля радасці жыцця,

І ніхто яго не спыніць, вечна ўладнае, жывое,

Ні багі ў высокім небе, ні цары без пачуцця!


Так, ахоплены гаркотай, ён схапіў, як апантаны,

Падарунак, што ад любай ён на сэрцы сваім нёс,

І прыклаў яго да вуснаў, быццам рад зубоў каханай,

І была рацэ падобна плынь яго гарачых слёз.


Пасланец прыйшоў уранку і ў палац яго паклікаў,

Віцязь рушыў паслухмяна, хоць хвіліны не паспаў.

Там натоўп ужо сабраўся, гоман там стаяў вялікі,

Рыхтавалі паляванне, гурт музык на трубах граў.


На кані сваім гарачым цар імчаўся стрымгалова,

Скрозь трашчалі барабаны, скрозь скуголілі рагі,

Ў небе сокалы луналі, псы брахнёй глушылі словы;

Шмат крыві звяроў забітых арасіла там лугі.


Цар паклікаў у палацы ўсіх, хто быў на паляванні,

Там былі князі, вяльможы і адважныя стралкі;

Перапоўнілі пакоі, што ў шаўкі былі прыбраны,

Загучалі арфы, лютні, ў лад запелі спевакі.


Цар і віцязь, сеўшы побач, задушэўна размаўлялі,

Пунсавелі вусны-лалы, ззяла перлаў прыгажосць.

Царадворцы і вяльможы ўкруг натоўпамі стаялі,

Аб адважным Тарыэлю тут успомніў кожны госць.


Вось дамоў вярнуўся віцязь, і зайшлося сэрца з гора,

Зноў каханую згадаў ён, як святло агню ўначы:

То ўставаў ён, то лажыўся,– не засне каханнем хворы!

Не знайсці на свеце лекаў, каб яму дапамагчы!


Думаў: «Што ты нарабіла з маім сэрцам, чарадзейка,

Прыгажосць садоў Эдэма, трапіў я к табе ў палон!

Позірк твой мне дорыць радасць, раняць сэрца стрэлы-вейкі,

Калі ў яве не пабачу, дык прыйдзі ты ў позні сон!»


Так, заліўшыся слязамі, ён шаптаў сабе ўпотай:

«Сэрца, будзь спакойна-мудрым, сціхні шалам палымнець!

Бо калі ж сцярпець не зможаш – не адчэпіцца сумота,

Калі ж мудрым быць жадаеш, навучыся перш цярпець!


Не спяшайся разарвацца, сэрца, з крыўды і папроку,

Трэба жыць і жыць для любай, ёй аддаць да кроплі кроў;

А сапраўднае каханне хай нябачным стане воку,

Толькі той кахае шчыра, хто не кажа пра любоў!»


АЎТАНДЗІЛ ПРОСІЦЬ РАСТЭВАНА АДПУСЦІЦЬ ЯГО. ГУТАРКА З ВІЗІРАМ

Развіднела. Апрануўся віцязь. Выйшаў з дому рана.

Думаў: «Як сваё каханне ад людзей стаіць крадком?

Божа, дай цярпення сілу, дух суціш мой звар'яваны!»

На каня ўскочыў спрытна і памчаў к візіру ў дом.


Той яму насустрач выйшаў: «Сонца мне сустрэць прыемна —

Шчасны лёс наваражыў мне ўбачыць госця ясны твар!»

І, схіліўшыся ў паклоне, прывітаў яго ўзаемна:

«Калі госць жаданы сэрцу – ў захапленні гаспадар!»


Дапамог з каня ён злезці, у палац павёў ён госця,

Дыванамі дарагімі ўсланы быў да ганка шлях.

Віцязь сонцам ззяў, святлелі і вяльможы-ягамосьці

І шапталі: «Сёння вецер нам прывеяў ружаў пах!»


Ён прысеў. Прысутных вочы чараваў красой дзівоснай,

Кожны, хто яго пабачыў, быў уражан тым святлом,

Праляталі па натоўпу сотні сот уздыхаў млосных,

Ды пакінуць дом візіра загадана ўсім было.


І, застаўшыся сам-насам, віцязь выклаў свае справы:

«Ты, візір,– цару дарадчык пры двары і на вайне;

Ён ва ўсім з табою згодзен, ты вяршыш усёй дзяржавай,—

Дык прашу твайго ратунку, памажы ў гароце мне!


Я адным агнём палаю з тым, хто мой спакой парушыў,—

Мне ў разлуцы з Тарыэлем свет бязрадасны наўкруг;

Ён душу сваю аддаў мне, адплаціць я тым жа мушу,—

Хто нас любіць бескарысна, той найпершы брат і друг!


Апляло, як сетка, сэрца мне жаданне той сустрэчы,

Сэрца там маё, дзе віцязь, хоць я сам перад табой.

Бог яго заместа сонца ўсім жывым стварыў дарэчы;

Стаў ён братам мне, Асмат жа – стала роднаю сястрой.


Ад'язджаючы, пакляўся быць вялікай дружбе верным:

«Я вярнуся, гляну ў вочы так, што й вораг не ўпікне;

Каб развеяць тваю скруху, я знайду тваю царэўну!»

Я гару агнём чакання – час туды вярнуцца мне!


Я табе скажу ўсю праўду, мне хваліцца не да твару:

Ён мяне чакае марна, я ж насустрач не іду.

Як вар'ят, вар'ята клятвы я не дам хлусні ў ахвяру,—

Бо хто раз парушыў клятву, тройчы трапіць у бяду!


Перадай жа Растэвану, што чакаць я больш не здольны,

Што яго я заклінаю, каб з двара мяне пусціў,

Бо калі не дасць мне волі, дык нашто яму нявольнік?

Будзь заступнікам, каб сэрца я агнём не спапяліў!


Ты скажы яму: «Хто зможа не назваць цябе славутым?!

Хай пакуты майго сэрца сам табе адкрые бог,—

Але ж віцязь той чакае, я ж братэрскай клятвай скуты,

Ад яго ўладарных чараў сваё сэрца не ўбярог!


Цар, без віцязя не міл мне свет з дабротамі сваімі,

Я аддаў яму свой розум, з ім цяпер душа мая!

Памагу яму, дык гэтым я тваё праслаўлю імя,

Не змагу – не здраджу клятве, хоць і сам загіну я!


Хай ад'езд мой не ўстрывожыць сэрца ваша болем злосці,

Хай са мною будзе тое, што жадае бог і час!

З перамогаю хай верне ён мяне да вашай мосці,

А не верне – хай заўсёды абмінае вораг вас!»


І яшчэ сказаў візіру: «Ўсё раскрыў перад табою,

Раскажы ж цару дакладна, што на сэрцы я нашу,

Атрымай дазвол высокі ад яго любой цаною,

Залатых манет сто тысяч я за гэта ўзяць прашу!»


Адказаў візір з усмешкай: «Мне не трэба ўзнагароды!

Хопіць мне й таго, што тайну мне даверыў аднаму!

Бо за тое, што скажу я, цар мяне адорыць шчодра,—

Не да твару, як вядома, скнарай быць цару майму!


Ён не дасць ступіць і кроку – ад рукі яго загіну,

Што мне золата, калі я сам зраблюся мерцвяком?

Дзе на свеце знойдзеш дурня, сам каб лёг у дамавіну?!

Не, нічога не скажу я, хоць забі мяне мячом!


З небыцця назад дарогі да жыцця не знойдзеш новай.

Ён мяне загубіць з крыкам: «Як сказаць мне гэта мог?

Як, вар'ят, паддацца мог ты здрады чорнай хітрай змове?!»

Не, чым быць забітым, лепей не губляць жыцця дарог!


Калі нават цар адпусціць, войска пэўна не захоча

Страціць сонца над сабою; а як здарыцца вайна


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю