355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Дрэва вечнасці » Текст книги (страница 8)
Дрэва вечнасці
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 03:01

Текст книги "Дрэва вечнасці"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч


Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 31 страниц)

На адбітым судне скарбы ўсе агледзелі дакладна,

Хоць злічыць усё да рэшты і за суткі не змаглі;

Іх купцы сабе на судна перанеслі неадкладна,

Карабель чужы спаліўшы, самі ў далеч паплылі.


Перадаў Усам падзяку ад купецтва Аўтандзілу:

«Засаромеў нас, нясмелых, ты адвагаю сваёй;

Што ў нас ёсць – табе належыць, бо тваёй здабыта сілай,

Мы ж за тое ўдзячны будзем, што дасі сваёй рукой».


«Не, браты,– сказаў ім віцязь,– скарбаў вашых мне не трэба.

Я ж казаў: на вашы слёзы кінуў вока бог сваё!

Вам не я прынёс ратунак, вам дало ратунак неба!

Непатрэбны мне багацці, толькі конь – дабро маё!


Калі б я шукаў багаццяў, я б даўно іх меў ці мала,

І да тых, што маю дома, я б і гэтыя дадаў.

Я часовы спадарожнік ваш да першага прычала,—

Іншым мэтам-летуценням думкі я свае аддаў.


З незлічоных тых багаццяў, толькі што здабытых з боем,

Возьме кожны хай, што хоча,– не шкадую, аддаю;

А да вас хачу звярнуцца сам я з просьбаю такою:

Я сваё імя між вамі, калі можна, утаю.


Не кажыце вы нікому, што ёсць віцязь паміж вамі,

Старшынёю каравана я прашу мяне лічыць.

Па-купецку апрануся, гандляваць пачну з купцамі.

Я прашу ў імя сяброўства тайну гэту зберагчы».


Да душы купцам прыйшлася Аўтандзілава размова:

«Каб не ты, надзея наша, нас жывых бы не было.

Самі мы сказаць хацелі, што служыць табе гатовы,—

Будзь над намі ты галоўным, наша сонца і святло!»


І, вандруючы па моры, з тых мясцін яны адплылі,

І надвор'е ім спрыяла, і папутны дых вятроў.

Аўтандзіла ўсе ўслаўлялі, перлы буйныя дарылі,

Што былі адценнем кволым маладых яго зубоў.


АЎТАНДЗІЛ ПРЫЯЗДЖАЕ Ў ГУЛАНШАРА

Віцязь, мора пераплыўшы, з-пад рукі на бераг глянуў.

Ён убачыў горад белы, што ў вянках садоў стаяў;

Кветак там было багата і патыхваў водар п'яны;

Хто не бачыў, дык не можа і ўявіць тых дзіўных з'яў.


Сталі зрэшты на прычале, дзе цвілі сады наводдаль.

Аўтандзіл перапрануўся, як і трэба гандляру.

З карабля насіць тавары ўзяў ён грузчыкаў з народа,

І тавараў самых розных нагрувасцілі гару.


Вось садоўнік з тога саду паказаўся нечакана,

Заглядзеўся ён на госцеў прыгажэйшы ў свеце твар.

Аўтандзіл яго спытаўся, кім сюды той быў пасланы:

«Хто вы, людзі, і адкуль вы? Тут які кіруе цар?


Раскажы мне падрабязна, ці ў купцоў тут шмат тавару?

У якой цане тканіны, што з тавараў тут танней?»

Адказаў той: «Ты – як месяц, што блішчыць з-за цёмнай хмары;

Раскажу ўсё падрабязна, толькі вы паверце мне.


Царства нашага марскога і за год ты не аб'едзеш,

А сталіца Гуланшара – ўсёй краіны цуд-краса.

Адусюль вязуць тавары чужаземныя суседзі,

Уладар Мялік-Сурхава краем тым кіруе сам.


Тут старыя маладзеюць, калі ў госці завітаюць,

Вольны час мы любім бавіць у бяседзе за сталом;

У садах прыморскіх ружы цэлы год не адцвітаюць;

Край цвіце на нашу радасць – злому ворагу назло.


Гандляры тут багацеюць, не клапоцяцца аб стратах,

Тут і купля, тут і продаж расквітнелі ў добры час;

Тут бядняк за месяц роўна можа стаць купцом багатым;

Хто прыйшоў з пустой кішэняй – разжывецца тут жа ў нас.


Я ў славутага Усена і наглядчык і садоўнік.

Над купцамі, гандлярамі ён галоўны тут здаўна.

Ён купцоў з краін заморскіх сустракае ўсіх цудоўна,

Сам тавары аглядае, бачыць, што ім за цана.


Хто прыедзе, той Усену сам падносіць падарункі,

Свой тавар яму пакажуць – больш нікому і ніяк.

Для цара тавар найлепшы ён складае ў пакункі,

А пасля гандлююць вольна і чужынец і сваяк.


Для такіх, як вы, шаноўных, хто знянацку завітае,

Загадае даць пакоі і з пашанаю прыняць.

Ды Усен па нейкай справе раз'язджае дзесь па краі,

А як вернецца шчасліва, будзе рад цябе спаткаць.


Тут Фацьма-Хатун пры доме маладая гаспадыня,

Дабразычлівая вельмі, асабліва да гасцей.

Толькі скажаш ёй – адразу стрэне ветла і гасцінна,

Да яе праводзяць – толькі кіне месяц срэбны цень».


Аўтандзіл сказаў: «Я згодзен. Хай ідзе сюды, хто хоча».

І збянтэжаны, спацелы да Фацьмы слуга прыбег.

Ён сказаў: «Да нас у госці завітаў на схіле ночы

Той, хто здасца ясным сонцам, ясназорая, табе.


Сам з купцоў ён знакамітых, уладальнік каравана,

Быццам месяц сямідзённы, мае зграбны тонкі стан.

У халаце ён шаўковым і чалме залататканай,

Ён пра цэны і тавары распытаў увесь майдан».


Запрасіць купца ў палацы дзесяць слуг Фацьма паслала

І пакласці загадала ў караван-сарай тавар.

Увайшоў ружоватвары ў бляску лала і крышталю,

Сам на льва хадой падобны, як у тыгра – ў зрэнках жар.


Навіну пачуўшы гэту, хутка ўвесь сышоўся горад.

«Як бы нам яго пабачыць?» – гаварылі ўсе вакол.

Аўтандзіла асыпалі словы ласкі, смех бадзёры,

Ад мужоў збягалі жонкі, быў парушаны спакой.


Тут Фацьма на ганак выйшла, госця ветліва спаткала,

Зазірнула яму ў вочы і ў пакоі павяла;

За сталом з сабою побач пасадзіла, частавала

І таму сама вясёлай і ўзбуджанай была.


Хоць сама не маладая – маладою быць хацела.

Станам зграбная, вачамі рассыпала палу жар,

Паважала песні, танцы і віна шыпучы келіх,

Строі пышныя, памаду ўжывала дзеля чар.


За бяседай-пачастункам да паўночы прасядзелі,

Віцязь ёй паднёс пачціва падарунак – дзіва дзіў.

Вельмі міла гаварыла, і агеньчыкі мігцелі

У вачах Фацьмы. Нарэшце развітаўся Аўтандзіл.


Раніцой расклаў тавары, выбраў лепшыя ўзоры

І паслаў цару марскому, каб парадаваць таго.

А купцам сказаў паціху: «Вы гандлюйце без дакору

І як след хавайце тайну вы паходжання майго».


Віцязь быў адзеты сціпла ў купецкае адзенне;

Або ён Фацьму наведваў, або йшла яна сама.

У спакусах і гаворках час ляцеў, як вокамгненне,

Як кахала Віс Раміна, так і віцязя Фацьма.


КАХАННЕ ФАЦЬМЫ ДА АЎТАНДЗІЛА

Як мага далей трымайся ад спакусніцы-жанчыны!

Завалодае душою, сэрца ласкаю спаўе,

А пасля кахання слову здрадзіць раптам без прычыны.

Патаемныя сакрэты лепш хавай ты ад яе.


Захапляцца Аўтандзілам пачала Фацьма знянацку,

А пасля агонь кахання апаліў яе наскрозь.

Не змагла яна адолець чараў воч яго юнацкіх;

«Дзе знайсці мне паратунак?» – і ліла струменне слёз.


«Мне самой яму прызнацца – можа з'ехаць прэч у крыўдзе.

Змоўчаць – сіл няма, бо сэрца жарам-полымем смыліць.

Не, прызнаюся, хоць, можа, тут мая пагібель прыйдзе,—

Не паможа таму доктар, хто не скажа, дзе баліць!»


ЛЮБОЎНАЕ ПІСЬМО ФАЦЬМЫ ДА АЎТАНДЗІЛА

І пісьмо да Аўтандзіла, смутку поўнае, паслала.

Пра пякучы жар сардэчны, пра кахання боль цяжкі.

Пісьмы гэткія любое сэрца сціснулі б ад жалю,

Мы ж іх часта не шануем, а ірвем дарма ў шматкі.


«О праменны! Божай воляй сонцам стаў ты ў небасхіле!

Хто разлучаны з табою, таму цемра засціць зрок;

Хто з табою побач – паліш ты яго агнёвай сілай,

Ты прывабіў нават зоры, што глядзяць праз ночы змрок.


Хто хоць раз цябе пабачыў, той уражаны навекі.

Ты, як ружы цвет, прывабны, прытуляеш салаўя.

Як і я, перад табою нікнуць долу нават кветкі;

Ты пашлі свой промень-позірк, без яго загіну я.


Бог пасведчыць, як мне цяжка пра сваё пісаць каханне,

Але што зрабіць магу я, паратунак дзе знайду,

Калі чорных веек стрэлы сэрца раняць несціхана?

Не даводзь жа да вар'яцтва, а прыходзь і пашкадуй.


І пакуль на ліст мой гэты я чакаць адказу буду —

Ці ажыць маёй надзеі, ці загінуць марна ёй,

Я датуль сябе стрымаю ад смяротнага прысуду.

Смерць або жыццё? Рашае хай адказ чаканы твой!»


І Фацьма паслала тут жа гэты ліст да Аўтандзіла.

Абыякава чытаў ён, нібы вестку ад сястры.

Думаў: «Скуль Фацьме дазнацца, хто навекі сэрцу мілы,

Параўнаць яе ці ж можна мне з царыцаю царыц?!


Не, зраўняць варону з ружай – гэта проста немагчыма,

Хоць яшчэ салоўка з песняй над той ружаю не млеў.

Ўсё агіднае заўсёды непрыстойнасці прычына,

Дык нашто лухту ўсю гэту мне Фацьма бязглузда шле?»


І нядоўгія ваганні ён адкінуў прэч імкліва.

Беглі думкі: «На чужыне хто мне зможа памагчы?

Калі ўзяўся я для друга адшукаць красуню-дзіва,

Скарыстаць я ўсё павінен, не пагрэбаваць нічым.


Часта гэтая жанчына падарожных сустракае,

З імі весткі ў дом прыходзяць адусюль з чужых краёў.

Ён скарыўшыся, быць можа, след знайду, які шукаю,

Дапаможа мне – гатоў я адплаціць належна ёй.


Бо калі пажар кахання ахапіў жанчыну шалам,

Сорам, ганьбу – ўсё губляе, абы з любым разам быць,

Таямніцы ўсе раскрые, ўсё раскажа ў запале;

Лепш паддацца ёй, да мэты каб хутчэй свой шлях прабіць.


Мы таго дабіцца можам, што пашле нам лёсу сіла.

Свет заўжды сябруе з цемрай – вось дзе змен яго выток!

Што шукаем – не знаходзім, што дасягнута – не міла.

Толькі тое выцеч можа, што наліта ў збанок».


АДКАЗ АЎТАНДЗІЛА НА ПІСЬМО ФАЦЬМЫ

Ён пісаў: «Твае ўсхваленні прачытаў я з хваляваннем:

Апярэдзіла мяне ты – тым агнём згараю сам.

Палка хочам мы абое ўзаемнага кахання.

Дзе суладна б'юцца сэрцы, шчасце вечна свеціць там».


Як адказ Фацьму ўзрушыў, расказаць не маю сілы!

Зноў пісьмо паслала: «Годзе мне ў самоце слёзы ліць;

Ты прыходзь, як толькі змеркне, мой жаданы сокал мілы,

Буду я чакаць, каб шчасце нам з табою падзяліць».


Толькі ён ісці сабраўся на той заклік палымяны,

Як упоцемку натрапіў на слугу, што вестку нёс:

«Не магу,– Фацьма пісала,– быць з табою ў час чаканы».

Ускіпеў ён: «Што за глупства зноў мне шле пачварны лёс!»


І без жаднай засцярогі рушыў сцежкаю знаёмай.

Увайшоў. Фацьма ў трывозе, чымсьці ўзрушана была.

Ён адразу ўбачыў гэта. Хоць сядзела нерухома.

Але страх кахання сіла ў той жа міг перамагла.


Селі разам, абняліся, цалаваліся ў экстазе;

Раптам нейкі юны віцязь ля дзвярэй нібы застыў,

А за ім нявольнік следам меч і шчыт прынёс адразу;

Аўтандзіл скалой каменнай ім дарогу заступіў.


Госця ўбачыўшы, ад страху палюбоўніца збялела.

Той зірнуў на іх пяшчоты і сказаў нарэшце так:

«Не спыню тваёй забавы, асалоду пі ў пасцелі,

Толькі заўтра паспрабуеш ты атруты горкі смак!


Ты, распусніца, схацела, каб застаўся я ў няславе?

Заўтра я табе адпомшчу – будзе страшны мой разлік;

Ты дзяцей сваіх ад страху загрызеш, як звер крывавы.

Калі ж гэта я не здзейсню, хай адсохне мой язык!»


Бараду скубнуўшы злосна, знік нязваны госць з пакоя.

Твар пазногцямі крывавіць стала ў роспачы Фацьма.

Як вар'ятка, галасіла, слёз струмень паплыў ракою:

«Хай заб'юць каменнем людзі – горшай кары мне няма!


Праз мяне загінуць марна добры муж, малыя дзеці,

Я згубіла ўсе багацці, разбурыўшы ўсё датла.

Зганьбаваная раднёю, без сяброў, адна на свеце —

Я сама сябе ад шчасця да няшчасця давяла!»


Аўтандзіл жанчыну слухаў са здзіўленнем, поўны жалю:

«Што з табою, адкажы мне, не хавай у сэрцы боль;

Хто ён, злосны гэты віцязь, і за што ён пагражае

Помстай лютай і расправай над няшчаснаю табой?»


«О мой леў, я вар'яцею! – так Фацьма яму сказала.—

Не пытайся пра прычыну – не магу сказаць, павер!

Я дзяцей сваіх згубіла і сябе я пакарала

Тым, што горача кахаю аднаго цябе цяпер!


Кара неба спасцігае тых, хто стаў на шлях аблудны,

Хто трымаць не можа тайны да патрэбнае пары.

Хоць і літасці прашу я, але бачу лёс свой згубны,—

Хто сваёй крыві жадае, тых не лечаць дактары.


З двух адно ты выбраць мусіш, я прашу цябе аб гэтым.

Мсціўца, што мяне абразіў, сёння ж ты забі ўначы,

А як вернешся – раскрыю ўсіх пакут маіх сакрэты.

Толькі ворага крывёю зможаш ты мне памагчы.


А калі не здзейсніш гэта, дык збяры сваю паклажу

І пакінь пад сховам ночы назаўсёды гэты край.

Пра мае цяжкія мукі хай ніхто табе не скажа,

Як мяне й дзяцей бязвінных той злачынец пакараў».


Аўтандзіл, пачуўшы скаргу, ускіпеў ад абурэння,

Горды, смелы і прыгожы, зброю ў рукі ён схапіў

І сказаў ёй: «Не хвалюйся, душагуба смерць сустрэне!

Хто ў бядзе жанчыну кінуў – лёс над тым бы вечна кпіў!


Дапамога непатрэбна, толькі дай мне чалавека,

Каб дарогу да злачынца без памылкі паказаў.

Будзе знішчан, хто жанчыне пагражае лютым здзекам;

Ты чакай мяне спакойна, волі не давай слязам!»


Толькі служка той з'явіўся, віцязь рушыў у дарогу,

А Фацьма ўслед прасіла: «Жар гарот маіх згасі,

Помсту здзейсні, і маліцца буду я табе, як богу.

На руцэ ў яго мой персцень, ты яго мне прынясі!»


Аўтандзіл прайшоў праз горад, хутка ўбачыў бераг мора;

З пліт чырвоных і зялёных узвышаўся там палац.

Над тэрасаю тэраса нібы самі беглі ўгору,

Лашчыў вока нечакана хараства дзівосны лад.


Аўтандзіл з маўклівым служкам падышлі да агароджы,

Той шапнуў: «Вось гэта тое, што цікавіць зараз нас».

І дадаў: «На той тэрасе ўладара знайсці ты зможаш.

Ён, напэўна, спачывае, самы зручны гэта час!»


Два ахоўнікі драмалі ціхамірна каля брамы,

Аўтандзіл цішком падкраўся і за горлы іх схапіў,

І, ад долу адарваўшы, так ударыў галавамі,

Што разбіў ім вокамгненна на кавалкі чарапы.


Гаспадар ляжаў на ложку, не паспеў вачэй прымружыць,

Як раз'юшаны, ўварваўся віцязь выпэцканы ў кроў.

Кінуў вобзем чачнагіра ён сваёй рукою дужай

І працяў кінжалам вострым сэрца ворага наскрозь.


Для сяброў падобны сонцу, для непрыяцеля ж – гора,

Ён адсек з пярсцёнкам палец, як дамоўлена было,

І з размаху кінуў цела праз акно ў хвалі мора,

Каб нідзе сабе магілы ў тым бяздонні не знайшло.


Так вось помста адбылася пад начным туманным сховам;

Ружы пах салодкі ў цемры клаў нябачаны свой след,—

Гэта, здзейсніўшы прысуд свой і крывавы і суровы,

Аўтандзіл знаёмай сцежкай прабіраўся ў імгле.


Быццам леў у бляску сонца, да Фацьмы вярнуўся віцязь

І сказаў ёй: «Злыдзень гэты больш не будзе пагражаць.

Ён забіты – раб твой сведка – і не можа больш з'явіцца;

Вось пярсцёнак разам з пальцам, вось – скрываўлены кінжал.


А цяпер ты растлумач мне, ў чым журбы тваёй прычына?

Пагражаў чаму юнак той жорсткай караю табе?»

Нізка ўкленчыўшы, герою адказала так жанчына:

«Ты ад мук мяне пазбавіў, сэрца ж раніў мне глыбей.


Ты прынёс нам адраджэнне – дзецям мілым, мне і мужу,

Смерцю ворага ліхога ты вярнуў жыццё ўсім нам.

Чым аддзякаваць магу я, чым цябе ўславіць мушу?

Раскажу я ўсё дакладна, ты ж мяркуй, як можаш, сам».


ФАЦЬМА РАСКАЗВАЕ ПРА ЛЁС НЕСТАН-ДАРАДЖАН

«Дзень Наўроза мы спраўляем, калі год страчаем новы:

Гэты дзень усе святкуюць, нават гандаль не вядуць.

Прыхарошваюцца людзі ў адмысловыя абновы

І ў палац на пачастунак урачыста ўсе ідуць.


Падарункі дарагія мы, купцы, ў палац прыносім,

Цар адорвае таксама ўсіх паводле іх заслуг;

Дзесяць дзён гучаць кімвалы, льецца лютняў сугалоссе,

На арэне – песні, гульні, конскі тупат, процьма слуг.


Да цара Усен з купцамі мусіць у палац з'явіцца;

Я адказваю за жонак паважаных тых купцоў.

Ці бяднячка, ці багачка – ўсе нясуць дары царыцы,

І пасля пачосткі добрай мы вяртаемся дамоў.


Вось аднойчы ў дзень Наўроза мы наведалі царыцу,

Ёй паднеслі падарункі – адарыла нас яна.

Забаўляліся, спявалі ў царыцынай святліцы,

А пасля ў маіх пакоях мы гулялі да цямна.


На змярканні ў сад мы выйшлі, там былі тады са мною

Жонкі нашых багацеяў, музыканты, спевакі.

Доўга слухалі мы спевы, пацяшаліся ігрою,

Распляталі свае косы і прымервалі вянкі.


Той цудоўны сад цяністы ўпрыгожвалі альтанкі,

Праз адчыненыя вокны чуўся хваляў ціхі шум.

Я туды ўвайшла з гасцямі, мы працягвалі гулянку,

Каб віно, ласункі, фрукты праганялі з сэрца сум.


Частавала я сябровак, як сястра, была гасціннай,

Потым смутак нечакана моцна ўразіў душу мне.

Мой цяжкі настрой адчуўшы, разышліся ўсе жанчыны,

І адна я засталася пры адчыненым акне.


Мне былі відаць навокал неаглядныя прасторы,

Павяваў лагодны вецер і прыносіў мора пах.

Але што гэта? Далёка мільганула штосьці ў моры,

Не магла я здагадацца: ці то звер які, ці птах?


Ды ні тое, ні другое – падплываў там човен дзіўны,

У грабцоў, чарней за сажу, скура цёмная была.

А між імі, пасяродку, на чаўне была жанчына,

Позірк свой ад той красуні адарваць я не магла.


Вось, да берагу прыстаўшы, двое выйшлі ў сад паціху,

Азірнуліся навокал і пайшлі назад ізноў.

У чарноце ночы цёмнай не заўважылі ні ліха.

Я ж іх добра разглядзела з-за раскідзістых кустоў.


Чарнаскурыя на бераг паланкін цішком згрузілі,

І з яго красуня выйшла – быццам месяца святло.

З-пад фаты мільгнулі вочы – цемру ночы асвятлілі,

Ізумруднае адзенне так да твару ёй ішло.


Як зірнула ў наваколле, асвятліла нават скалы,

Небасхіл зачырванеўся ад яе пунцовых шчок.

Незраўнанае аблічча пекнатою асляпляла,—

Я рукой прыкрыла вочы, пазіраючы здалёк.


Чатыром рабам сказала я, паклікаўшы ў альтанку:

«Трэба выведаць, як месяц трапіў к чорным у палон.

Запытайце, колькі возьмуць за красуню-паланянку?

Дыямент адкупім гэты – ўсіх багаццяў варты ён!


А прадаць не пажадаюць – забярыце дзеву сілай.

Прывядзіце месяц ясны, ён у нас павінен ззяць».

Шмат разоў хадзілі слугі, таргаваліся, прасілі,—

Не маглі ніякай рады чарнаскурым злыдням даць.


Я з акна глядзела. Бачу, што дарэмна ўсе размовы,

І забіць іх загадала, слугі споўнілі загад.

Чарнаскурых паскідалі ў хвалі мора безгаловых,

А дзяўчыну-прыгажуню прывялі ў густы мой сад.


Каб праславіць сонца ў небе, гімнаў складзена не мала,

Толькі сонца засланяла дзева юнаю красой.

Чарадзейка і вядзьмарка вобраз той не змалявала б,

І цяпер аддаць гатова я жыццё ў ахвяру ёй!»


І, размову прыпыніўшы, тут Фацьма загаласіла,

Аўтандзіл таксама плакаў, ахапіў героя жаль.

Як шалёныя, абое слёз стрымаць не мелі сілы,

Растапілі слёз патокі шчок аснежаны крышталь.


Аўтандзіл сказаў з папрокам: «Ты не ўсё мне расказала».

Адказала: «Пры сустрэчы не заснула я ўсю ноч.

І самотную красуню цалавала, мілавала

І ў каморцы прытуліла ад людскіх зайздросных воч.


Я спыталася ў красуні: «Ты з якой, скажы, краіны?

Хто цябе – такую зорку – і адкуль да нас прывёз?»

Ды маўчала таямніча змардаваная дзяўчына,—

Ліўся з воч у сто струменяў вадаспад пякучых слёз.


Надакучыла, відаць, я сваім роспытам дзяўчыне,—

Ад рыданняў несуцешных цяжка ўздрыгвала яна.

Слёз крышталь з вачэй-нарцысаў падаў градам на рубіны,

Роспач гэту супакоіць сіл не мела я адна.


Зрэшты мне яна сказала: «Даражэй ты маці роднай;

Дык нашто прыгоды-казкі пра мае нягоды знаць?

Вандраваць па белым свеце мне прызначыў лёс гаротны;

Не пытайся больш – ці варта нам на бога наракаць?!»


Парашыла я: не трэба больш чапіцца да дзяўчыны.

Нават сонечная ўвага апаляе часам нас.

Каб разведаць таямнічасць, трэба зручная хвіліна,—

Аб усім спытацца можна ў належны толькі час.


Тую, што падобна сонцу, ад цікаўных я хавала;

Ды хіба ж схаваць магчыма бляск прамення залаты,

Хоць фіранкамі я вокны і старанна засланяла?

З веек сцюжны віхар веяў, ружы цвет на шчоках стыў.


Гэту дзеву-чараўніцу, станам – стройную таполю,

Пасяліла непрыкметна я ў пакоі патайным,

Каб ніхто не мог дазнацца, хто ў няволі мімаволі,

Каб маглі пра гэта ведаць мы са служкаю адны.


Расказаць пра гэта цяжка, як марнела дзева з часам,

Як і ўдзень і ўноч няўцешна слёзы горкія ліла.

Заціхала ж на хвілінку, як была са мной сам-насам;

Без яе, сама не знаю, як дагэтуль дажыла.


Я ўваходзіла – і слёзы, як азёры, зіхацелі,

Над бяздоннем іх таемным веек-стрэл гушчар чарнеў,

Як агатавыя кубкі, вочы вільгаццю мігцелі,

Паміж лалаў-губ бялелі зубы-жэмчугі, як снег.


Дапытацца не змагла я з-за журбот яе няспынных,

Хто яна, адкуль паходзіць, у якой бядзе цяпер.

У адказ – адно маўчанне, слёз струменістыя плыні,

У каго не сэрца – камень, толькі той бы ўсё сцярпеў.


Непатрэбен быў ёй ложак, хусткай плечы ўкрывала,

Вэлюм чорны ад старонніх прыгажосць яе хаваў.

Пад шчаку руку падклаўшы, так, нябога, і драмала,

Ледзь упросіш, каб што з'ела, не краналася да страў.


Расказаць хачу асобна пра ўбор яе і вэлюм;

Хоць усякае раскошы перабачыла я шмат,

Але гэткае не знойдзеш, хоць шукай у свеце цэлым,—

І танчэй ядваб заморскіх, і мацней жалезных лат.


Многа дзён у нашым доме я самотніцу хавала.

Расказаць не смела мужу пра сакрэты я свае,

Бо яго я добра знала як пустога самахвала;

І з трывогай патаемна я наведвала яе.


Непакоіла турбота: калі я ўтрымаю тайну,

Чым, не ведаючы справы, ёй адна дапамагу?

Муж дазнаецца – у стане апынуся я адчайным,—

Як, падобную да сонца, ад пагрозы зберагу?


Што ж, аднак, зраблю адна я,– непакоіла трывога,—

Можа,лепш пра ўсё Усену мне па шчырасці сказаць?

Хай мне толькі паклянецца, што ўтрымае тайну строга:

Не захоча здрадай клятве д'яблу ён душу прадаць.


Вось кажу яму аднойчы я, набіта выпадкова:

«Рэч адну сказаць хачу я, толькі ты кляніся мне,

Што пра гэту таямніцу не раскажаш ані слова».

Ён сказаў: «Прагаваруся – хай пярун заб'е мяне!


Я клянуся – што раскажаш, не дазнаюцца пра тое

Ні дружбак, ні вораг люты, ні стары, ні малады!»

І адкрыла я Усену ўсё са шчыраю душою;

Запрасіла: «Калі гэтак – сонца ўбачыш ты тады».


І калі прыйшлі мы разам да красуні ў святліцу,

Здрыгануўся ён, нібыта ў вочы біў нясцерпны бляск.

Крыкнуў: «Што за дзіва бачу? Гэта ява ці мне сніцца?

Быць не можа, каб такое нарадзіць магла зямля!»


Я сказала: «Невядома мне самой пра гэта дзіва

Звыш таго, што расказала я па шчырасці табе.

Хай сама пра ўсё раскажа – запытаемся пачціва,—

Свет чаму ёй стаў нямілы, слёзы лье чаму ў журбе?»


І звярнуліся да дзевы мы з вялікаю пашанай:

«Ты праменнем палымяным нашы душы апякла.

Як зрабіць, скажы, каб месяц зноў мігцеў без ценяў цьмяных?

Як сагнаць шафранны колер і вярнуць на шчокі лал?»


Ці пачула, ці не ўчула – не сказаў пагляд суровы,

Ружы-вусны пахавалі белых перлаў роўны рад.

Змеі кос на персях пышных варушылі шаль шаўковы.

Так дракон хавае сонца, бо святлу яго не рад.


Не дабіліся ні слова мы ні ласкай, ні спагадай

Ад тае, што, як тыгрыца, паглядала з-пад ілба.

Толькі вусны прашапталі, слёз суняўшы вадаспады:

«Не скажу нічога, йдзіце!» – І на твар лягла жальба.


Мы заплакалі абое, сеўшы з дзевай беднай поплеч,

Шкадавалі, што дарэмна словы трацілі свае,

Суцяшалі, як дачушку, асушалі слёзаў кроплі,

Садавінай спелай марна частавалі мы яе.


Тут Усен сказаў: «Не будзем мы яе дарма трывожыць,

Гэтых вуснаў промень сонца дакрануцца б толькі мог;

Даражэй яе на свеце быць ніхто зусім не зможа,

Калі дзеці даражэй мне, забярэ няхай іх бог!»


Хараством сваім дзівосным нас яна зачаравала,

Сустракацца з ёю – шчасце, расставацца – сум і страх.

Ад турбот і спраў надзённых з ёю мы адпачывалі,

Трапяталі нашы сэрцы, нібы ў сетцы кволы птах.


Час ішоў хадой павольнай, праміналі дні за днямі.

Абвясціў Усен аднойчы: «Я ў цара не быў даўно.

Ты парай: ці не паехаць мне ў палац яго з дарамі?»

Я сказала: «Так ці йначай – ехаць трэба ўсё адно».


Ён набраў у падарункі перлы дзіўныя, рубіны.

Я сказала: «П'яных будзе многа сярод вас, на жаль.

Дык глядзі: ніводным словам не абмоўся пра дзяўчыну!»

Ён пакляўся: «Не скажу я – хай пратне мяне кінжал!»


У палац Усен з'явіўся; там банкет ішоў гарою.

Як заўсёды, да Усена быў прыхільны ў дзень той цар.

Падарункі ўзяў і побач пасадзіў яго з сабою.

Даў віна: падпіў адразу неразважлівы гандляр.


Добра госці выпівалі, так заведзена спрадвеку,

І збанамі падавалі віны розныя к сталу.

Ды, напіўшыся, забыўся, ў чым пакляўся, недарэка!

Для чаго вароне ружа? Рогі для чаго аслу?


Цар звярнуўся да Усена; той даўно быў добра п'яны:

«Чым аддзякую за перлы, што так шчодра дорыш нам?

За рубіны-самацветы, што іскрацца палымяна?

Заплаціць за ўсё не зможа нават царская казна».


Адказаў Усен з паклонам: «О вялікі ўладар мой!

Ты, як сонца, ўсім нам дорыш і пражытак і жытло.

Дык чые ўсе багацці?! Дык чые ўсе тавары?

Тут усё, што маю зараз,– ты нам даў, свяціл святло!


Цар, ці варта захапляцца гэтым сціплым маім дарам?

Для царэвіча нявесту бог Усену дараваў!

Ты мне ўдзячны будзеш болей, калі ўбачыш сам чынару;

Вось сапраўдны падарунак, што хачу паднесці вам!..»


Так мой муж святую клятву, слова гонару парушыў,

Расказаў ён пра дзяўчыну – зорку светлую між зор.

Цар быў вельмі задаволен, што Усен развесіў вушы.

Загадаў, каб сонца-дзеву прывялі на царскі двор.


Я адна сядзела дома і не мела думак чорных,

Ды ганец з'явіўся раптам, пакланіўся да зямлі.

Больш паўсотні кап'яносцаў ён прывёў з сабой прыдворных.

Зразумела я адразу, па каго яны прыйшлі.


Прывітаўшыся, сказаў ён: «Вось, Фацьма, загад высокі:

Цар сказаў прывесці тую, што Усен аддаў у дар.

Возьмем мы яе з сабою, да палаца тут два крокі!»

Здрыгануўся свет вялікі, бліскавіцы ззялі ў твар.


Я ізноў перапытала: «Хто яна? Каго вам трэба?»

Адказаў ён: «Трэба тую, што Усен цару аддаў».

Я са страху ачмурэла, мне з аўчынку стала неба,

Не магла ні ўстаць, ні сесці, нехта мову адабраў.


Да красуні ўвайшла я. На вачах – крышталі-слёзы.

Я сказала ёй: «О сонца, здрадзіў нам пракляты лёс!

Пакараў ён нас няшчадна і паслаў бяду-пагрозу:

Выкрыў муж мой тайну нашу – ў сэрцы рану мне нанёс!»


Адказала: «Не здзіўляйся, я другога не чакала,

Нарадзіла мяне маці, мабыць, толькі на бяду.

Мала бачыла я шчасця, болей гора прыпадала,

Ліха большага, сястрыца, мне здаецца, не знайду!»


А з вачэй яе, як перлы, не сціхалі слёзы ліцца.

І, ўжо розніцу забыўшы паміж шчасцем і бядой,

Горда ўстала, быццам нечым раззлаваная тыгрыца,

І закрыла твар прыгожы валасянаю чадрой.


Я да скарбніцы пабегла, дзе ляжалі скарбы ў сховах,

Дарагіх каменняў-перлаў жменю поўную ўзяла.

За такія скарбы можна горад цэлы ўзяць без слова.

Дзеве ў пояс іх паклала – чым магла, дапамагла.


Я сказала: «Можа, гэта ўсё спатрэбіцца ў палоне?»

І павёў красуню-дзеву царскіх воінаў атрад.

Цар насустрач дзеве выйшаў уладарна з залы троннай,—

У палац ішла красуня, долу ўтупіўшы пагляд.


Бег услед натоўп за ёю, скрозь гучалі гоман, крыкі.

Не магла стрымаць ахова хваляў тых людскіх напор.

Станам стройным, як чынара, быў уражан цар вялікі.

Ён здзівіўся: «Скуль ты, сонца, што зацьміла сотні зор?»


Хто зірне – прымружыць вейкі, асляплялі бляскам вочы.

Цар сказаў: «Такіх прыгожых не было яшчэ нідзе.

Бог паслаў нам вобраз гэты – ён здзівіць смяротных хоча,

Хто яе міджнурам стане – звар'яцеўшы, прападзе!»


Пасадзіў з сабою поруч і сказаў такія словы:

«Раскажы мне, хто ты будзеш і адкуль сюды прыйшла?»

Не адказвала красуня, быццам хто пазбавіў мовы,

І, схіліўшыся маўкліва, галавы не падняла.


Што казаў ёй цар – не чула, боль сціскаў ёй сэрца жорстка;

Думкай, бедная, ляцела ў краіны роднай даль.

Бо застыла кветка-ружа – не раскрыліся пялёсткі;

Сэрцы тых, хто бачыў гэта, ахапіў вялікі жаль.


Цар сказаў: «Дазнацца праўды трэба зараз неадкладна.

Ёсць тут, пэўна, дзве прычыны – разгадаць іх трэба нам:

Або некага кахае – вобраз нечы ёй прынадны,—

А ўсё іншае не міла затуманеным вачам;


Або сутнасць дзевы – мудрасць яснабачанняў глыбокіх,

Дзе не ўбачыць шчасця ў шчасці, з болем боль не спалучыць;

І над радасцю і горам думка ўздыме так высока,

Што, нібыта ў казцы голуб, у інакшы край імчыць.


Вось прыедзе сын з паходу пераможцам і героем;

І тады нявеста-зорка ахіне яго святлом

І раскажа ўсё сардэчна, ў чым прычына непакою.

Хай жа месяц пасмуткуе, покуль сонца не ўзышло!»


Царскі сын – скажу па праўдзе – віцязь смелы быў і добры:

Станам зграбны, тварам мужны, аб ваяцкай славе дбаў.

Баявой заняты справай, з дому з'ехаў ён надоўга,

Для яго з нявест нявесту клапатлівы цар прыдбаў.


У раскошнае адзенне пачалі ўбіраць дзяўчыну,

Заблішчалі дыяменты на тканіне дарагой.

Залаты вянец надзелі, што гарэў агнём рубінаў,

І крышталь заззяў над ружай небывалаю красой.


Цар сказаў: «Адпачывальню прыбярыце ёй прыгожа».

Быў пастаўлены ў пакоі, ў залатой аздобе, трон.

Надышла пара – падняўся цар, за ім усе вяльможы

І з пашанаю ў харомы правялі яе на сон.


Дзевяць еўнухаў паставіў да дзвярэй яе пазменна,

Сам жа зноў пачаў бяседу, віны царскія п'ючы.

Залатою ўзнагародай ён аддзякаваў Усену;

Грукацелі барабаны, гралі ў трубы трубачы.


Доўга там яшчэ гулялі, елі, пілі да паўночы.

Ясназорая шаптала: «Ад пакут душа дрыжыць:

За каго мяне аддасць ён, хто красу маю растопча?

Як няволі мне пазбегнуць, як змагу ў палоне жыць?


Не хачу згубіць, як ружа, я дзявочай прыгажосці,

Разарву я – бог паможа – кола хітрых іх задум.

Той, хто мае розум светлы – не заб'е сябе са злосці,

Мудрасць мудраму паможа знішчыць чорную бяду...»


І, паклікаўшы, сказала дзева строгай варце ў вочы:

«Вы, ў палон мяне забраўшы, паддаліся на падман.

Цар стары памылку робіць, што мяне ў нявесткі хоча,—

І дарэмна граюць трубы і грукоча барабан.


У мяне шляхі другія – я не буду ў вас царыцай,

Хай жаніх, як сонца, будзе,– у мяне інакшы лёс.

Дык нашто мяне ўпрошваць? Не магу я пагадзіцца,

Бо ў пакоях гэтых царскіх я памру ад горкіх слёз.


І калі ў няволі гэтай сэрца я праб'ю кінжалам,

Цар адразу загадае вам галовы адсячы.

Лепш вазьміце пояс срэбны, ў ім і жэмчугі і лалы,—

Мне ж дазвольце вы адгэтуль непрыкметна ўцячы».


Развязала дзева пояс і каштоўнасці дастала,

З галавы зняла ў рубінах літы з золата вянец.

І, аддаўшы варце прагнай, «Адпусціце,– прашаптала,—

Творца свету вам заплаціць ласкай божай за мяне!»


Затлуміліся галовы ад нябачаных багаццяў,

І нявольнікі забылі абавязак вартавых.

Парашылі патаемна дзеву вывесці з палаца.

Вось што золата ўчыняе – корань д'яблавай травы!


Прага золата ніколі асалоды не давала,

Прагны ў скрогаце зубоўным сустракае сваю смерць.

Хоць багаццем пухне прагны, ўсё яму здаецца мала;

Скарб сардэчны – вось багацце, ды не кожны можа мець!


Абяцанням паланянкі кожны з еўнухаў паверыў.

Даў ён раб сваё адзенне, дапамог перапрануць.

Калі ў зале ўсе сп'янелі, дзева выбегла праз дзверы,

І не змог дракон пачварны месяц ясны праглынуць.


Хто куды, за ёю слугі паўцякалі ўслед употай.

Раптам чую: аклікае хтосьці ціха з-за акна.

Я пабегла ёй насустрач, абняла сваю ясноту,

Ды зайсці, хоць на хвіліну, не пасмела ў дом яна.


«Падарунак твой,– сказала,– адкупіў мяне ад варты.

Я маліцца богу буду, каб табе аддзячыў ён.

Дай каня хутчэй, паеду, больш марудзіцца не варта,

Цар, дазнаўшыся, за мною вышле войска наўздагон».


Я адразу, не чакаўшы, прывяла каня са стайні,

І ў сядло дзяўчына села з горда ўзнятай галавой.

Захад сонца так знікае ў сузор'і Льва звычайна,

Так прапала, не даспеўшы, плёну добрага жніво.


Горад войска акружыла, сталі ўсюды гойсаць коні,

Неўзабаве верхавыя ўварваліся ў наш дом.

«Калі знойдзеце ўцякачку,– я сказала,– па закону

Галавою адкажу я перад тронам і царом».


Не знайшлі яе і следу, хоць аблазілі ўсе сховы.

На цара і на прыдворных лёг журботы змрочны цень.

Крэп жалобны ўсе надзелі замест сукняў пурпуровых,

Быццам хмары пахавалі сонца яснага прамень.


Пра дзяўчыну покуль годзе! Што было, скажу, са мною.

Чачнагір – вяльможа юны, прыгажун быў – проста цуд!

Ён казлом маім быў добрым, я была яго казою.

Так, распуста жонку ганьбіць, мужа губіць – перапуд.


Быў мне муж нялюбы, кволы, як пасля цяжкой хваробы,

Чачнагір жа быў прыгожы, пры цары служыў даўно.

Хоць любіла я вяльможу – не нашу па ім жалобы,

Кроў яго мне ўсё здаецца, быццам моцнае віно.


Палюбоўніку пра дзеву ўсё сказала я, дурніца,

Як яна ўцякла адважна, як яе і след прастыў.

Пагражаў ён часта выкрыць гэту нашу таямніцу,

Ды цяпер, табой забіты, для мяне ён – гук пусты.


Паспрачаемся – адразу пагражаў ён мне ад злосці.

Неяк ездзіў ён кудысьці, я ж паслала па цябе.

Ён вярнуўся. Я ж ад страху, што ў мяне сустрэне госця,

Загадала, каб слуга мой да цябе з той весткай бег.


Ты ж, мяне не зразумеўшы, завітаў, як ясны сокал;

Потым ён, як звер драпежны, нечакана ўбег у дом.

Я спалохана стаяла, не спускала з яго вока,—

Смерці ён жадаў мне сэрцам, а не толькі языком.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю