355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Дрэва вечнасці » Текст книги (страница 3)
Дрэва вечнасці
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 03:01

Текст книги "Дрэва вечнасці"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч


Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 31 страниц)

З іх ніхто цябе не ўбачыў. Іншы лёс мяне спасціг.


Загадала мне царыца – летуценняў чараўніца:

«Знойдзеш віцязя – і сэрца заваюеш ты маё!»

Тры гады дала на пошук – тры гады ў слязах нудзіцца,

Сам дзіўлюся, што жывы я без каханае сваёй.


Не спаткаў, аднак, нікога, хто б цябе хоць раз пабачыў;

Толькі тых, што захацелі ў палон цябе забраць.

Аднаго ты так параніў, што сканаў ён, не іначай,

Два астатніх расказалі, як цябе мне адшукаць».


Тарыэль згадаў пра бойку, што нядаўна адбылася:

«Памятаю той выпадак, ваяўнічы іх запал;

І цябе з царом згадаў я, хоць з вачэй тады лілася

Рэчка слёз па той, чый вобраз у душу маю запаў.


Што штурхнула вас раптоўна распачаць пагоню тую?

Вы з ахвотай палявалі, вочы мне пякла сляза.

Цар нявольнікаў за мною гнаў, як хортаў зграю злую,—

Давялося ж не са мною – з мерцвякамі йсці назад.


Пакараць я мог бы жорстка ўладара твайго старога,—

Царскі сан пашкадаваў я і схаваў у ножны меч;

Ані слова не сказаўшы, прыпусціў я варанога

І, растаўшы, нібы прывід, наўгалоп памчаўся прэч.


Нібы віхар легкакрылы, конь панёс мяне далёка,—

Ад зласліўцаў ён заўсёды выратоўвае мяне;

Як хатайцаў тых, караю ўсіх я караю нялёгкай,

Хто мне чыніць перашкоды, хто пагрозы слаць пачне.


Ты ж прыйшоў, як друг жаданы, з сэрцам чыстым і адкрытым,

Станам роўны кіпарысу, ўсе нягоды перамог,

Хоць пакут замнога бачыў; хоць нямала перажыў ты,—

Ды не знойдзеш чалавека, на каго б забыўся бог!»


Аўтандзіл сказаў: «О віцязь, я не варты слоў узнёслых,

Мне з табой не зраўнавацца, хоць таго й хацеў бы я,—

Ты ж, як вечны вобраз сонца, што ўзняло заранку вёслы,

Свеціш людзям, бо й пакутам не зламаць цябе ніяк!


Я парву сягоння чары той, аб кім так летуценіў,

Я служэнне ёй пакіну, ты вядзі з сабой мяне;

Не, крышталь чысцей заўсёды, чым каштоўнае каменне,—

Быць з табой да самай смерці – больш нішто не міла мне!»


Тарыэль прамовіў: «Сэрца ты маё крануў спагадай,

За любоў тваю і ласку чым аддзякаваць змагу?

Ёсць закон: міджнур міджнуру – дапамога і парада,

Адарваўшы ж ад каханай – чым табе дапамагу?


Ты шукаў мяне па свеце, як царыца загадала,

І знайшоў, да гэтай мэты ідучы смялей за ўсіх;

Як пра лёс мой расказаць мне, поўны горкасці і жалю,

Як мне полымя пакуты ў сэрцы бедным пагасіць?»


Тут Асмат сказала ціха: «Ручаіна слёз не зможа

Патушыць агонь кахання. Вось паслухайце, прашу:

За цябе гатоў памерці віцязь слаўны і прыгожы,

Дык, параненую цяжка, ты адкрый яму душу.


Ён прасіў мяне аб гэтым, шчырай думкаю сагрэты,

Каб, уведаўшы прычыну, памагчы ў бядоце мог.

Можа ўцеху прынясе ён, да тваёй наблізіць мэты,—

Хараство не слепіць вока, калі шле яго нам бог!»


Тарыэль маўчаў, хоць сэрца несціхана палымнела,

А пасля сказаў: «Была ты мне заўжды радней сястры.

Толькі вылечыць не можна дух, не падуладны целу;

Мне шкада, што й гэты віцязь, як і я, ў агні гарыць.


Як знайсці людское шчасце, калі бог яго не творыць?

Ад тугі дранцвее сэрца, як успомню пра яе;

Я даўно са шляху збіўся, сеткай лёг на вочы морак,

Бурка ды бярэмя сена – вось здабыткі ўсе мае.


Але той, хто шле нам сонца, надзяляе мужнай сілай,

Двойчы дар мне пасылае з недасяжнай вышыні:

Першы: я злучу навекі Цінацін і Аўтандзіла;

Па-другое: сам, быць можа, не згару ў тым агні».


І сказаў ён: «Слухай, віцязь, хто сабрату стаў сабратам,

Смерці той не пабаіцца, не разгубіцца ў імгле.

Слухай жа расказ мой сумны, так пакутамі багаты,—

Бог адным даруе шчасце, а другім няшчасце шле.


Сядзь і ты, мая сястрыца, набяры вадзіцы чыстай,

Апануе непрытомнасць – акрапі сваёй рукой.

А сканаю – не журыся, памяні слязой агністай,

Закапай глыбей, калыскай будзе хай зямля бацькоў».


Расхінуў каўнер на шыі, скінуў з плеч магутных шкуру

І сцямнеў, нібыта сонца, што схавалі зграі хмар,

Вусны сціснуў, скамянеўшы, доўга так сядзеў пануры

І, глыбока ўздыхнуўшы, слёз пякучых не стрымаў.


«О каханая,– рыдаў ён,– дзе цябе я адшукаю?

Ты жыццё маё і шчасце, ты вачэй маіх краса!

Хто падсек цябе пад корань, быццам дрэва ў шатах раю,

Хто спустошыў маё сэрца, спапяліўшы думак сад?»


ТАРЫЭЛЬ РАСКАЗВАЕ АЎТАНДЗІЛУ ПРА СВАЁ ЖЫЦЦЁ

«Расказаць пра ўсё гатоў я, хоць язык мой і нямее;

Будзь жа ўважлівы і слухай споведзь сумную маю!

Я спагады не чакаю ад тае, па кім шалею

І па кім у скрусе цяжкай горкіх слёз патокі лью.


Сем цароў было ў індаў – гэта кожнаму вядома;

Над шасцю ўладарыў спраўна ўсемагутны Парсадан.

Горды, шчодры і багаты, ён даваў адпор любому,—

Меў запал ён ваяўнічы, твар, як сонца, львіны стан.


Сёмым быў, на страх зласліўцам, шанаваны ўсімі бацька;

Сарыданам непахісным называўся ўсюды ён.

Не асмельваўся з ім стрэцца вораг яўна ці знянацку.

Паляванню і забавам аддаваў ён многа дзён.


Толькі быць заўжды ў самоце не хапала бацьку моцы,

Ён сказаў: «Зямель нямала змог я ў ворага забраць.

Ёсць і слава і багацце, а жыву я ў адзіноце.—

Вось і вырашыў я ўладу Парсадану перадаць».


Загадаў адразу ж ехаць ён паслу да Парсадана,

Перадаць яму: «Уладар мой, зычу век у славе жыць.

Прызнаю тваю магутнасць і над Індыяй ўладанне,

І, як верны твой падданы, я хачу табе служыць».


Цар бясконца быў шчаслівы незвычайным тым здарэннем,

Адказаў: «Я, цар краіны, сёння славіць бога рад,

Што прыняў, са мною роўны, ты мудрэйшае рашэнне,—

Прыязджай – і ты мне будзеш госць найпершы, родны брат!»


Атрымаў мой бацька царства разам з чынам амірбара,

Амірбар жа ў індыйцаў разам з тым і спасалар.

Кіраваў і жыў шчаслівы, меў усё, аб чым ні марыў,

Толькі кесарам не быў ён – а ў астатнім той жа цар.


Парсадан сябе паводзіў з бацькам так, як роўны з роўным;

Гаварыў: «Найлепшы ў свеце амірбар дастаўся мне!»

Быў ён першы ў паляванні, з перамогай вёў ён войны,

Да яго я непадобны, як ніводзін да мяне.


Цар з царыцай гаравалі – пераемнік не радзіўся,

І народ увесь і войска гаравалі горам тым.

Хай пракляты дзень той будзе, калі я на свет з'явіўся!

Цар сказаў: «Не маю сына – будзе сынам ён маім».


Стаў я жыць у іх палацы. Мудрацы мяне вучылі,

Дзе быць добрым і ласкавым, дзе выказваць царскі гнеў,

Каб, дарослым стаўшы, быў я ўладаром у поўнай сіле.

Так і рос я, смелы й горды, тварам – сонца, станам – леў.


Сведкай будзь, Асмат, я праўду ані словам не парушыў:

Быў я хлопчыкам прыгожым, пунсавеў, як ружа, твар:

Забаўляючыся, тыграў я душыў, як дробных птушак,

Любаваўся кожны мною, задаволены быў цар.


Ты, Асмат, пацвердзіць можаш, як марнею я з адчаю;

Быў яснейшы я за сонца, як за ноч яснейшы дзень.

Мне, зайздросцячы, казалі: «Зграбны, як таполя раю».

Ад таго, кім быў раней я, зараз бачыш толькі цень.


Пяць гадоў было мне. Раптам зацяжарала царыца.

Неўзабаве ж нарадзіла і наследніцу цару...»

І самлеў. Яго ў прытомнасць прывялі вадой з крыніцы.

Ён дадаў: «Я ўбачыў змалку ў ёй бліскучую зару.


За пісьмом ляцелі пісьмы: нарадзілася царэўна!

За ганцом ганец імчаўся вестку гэту расказаць.

Сонца з месяцам ад шчасця асвятлялі дол нядрэмна.

Ахапіла ўрачыстасць двор і войска, люд і знаць.


Хараство яе ўславіць не знайду я слоў прыгожых.

Парсадан у гонар свята пышны баль апавясціў.

Папрыходзілі з дарамі і цары і іх вяльможы.

Цар жа ўласнымі дарамі шчодра ўсіх узбагаціў.


Мы выхоўваліся разам з той дзяўчынкай-чараўніцай.

Трэцяй часткай бляску сонца ўжо тады яна была.

Абаіх, як роўных родных, нас любілі цар з царыцай.

Назаву цяпер я тую, з-за якой згарэў датла».


І, сказаўшы гэта, віцязь паў, самлелы, долу ніцма;


Аўтандзіл заплакаў следам,– жаль у сэрцы забуяў.

Тут Асмат яму на грудзі ўзліла вады з крыніцы.

Апрытомнеўшы, сказаў ён: «Блізка, мабыць, смерць мая!


Дараджан-Нестан дзяўчынка называцца хутка стала,

Сем гадоў было, а розум віўся казачным руном,

Месяц ясны ёй зайздросціў, сонца нават раўнавала.

Не стрымаць разлукі сэрцу, хоць алмазам будзь яно!


Стала дзева ўжо дарослай, я ж хадзіў на подзвіг ратны,

Цар заўважыў, што царэўна ўжо царыцай можа быць,

І вярнуў мяне да бацькі. Я ж да гульняў вельмі здатны,

Мог хадзіць на паляванне, як ката, ільва забіць.


Безааравую вежу па загаду Парсадана

Для красуні збудавалі ў квітнеючым садку,

Дзе журчалі несціхана каляровыя фантаны,

Дзе пад шатамі царэўна спачывала ў халадку.


У курыльніцах курыўся мірт пахучы. Птахі пелі.

То сядзела ў вежы дзева, то гуляць ішла ў сад.

А Давар – сястра царова, што ў Каджэці аўдавела,

Мудрай мудрасці вучыла, берагла ад чорных звад.


Аксаміт залататканы пры ўваходзе быў заслонай,

Каб ніхто яе не ўбачыў з-за расквечаных тых шат.

Харашэла дзева станам, нібы пальма Габаона,

Ёй прыслужвалі старанна дзве служанкі і Асмат.


Мне пятнаццаць год мінула, цар лічыў мяне за сына,

Быў я з ім удзень і ўночы, ён дамоў не адпускаў.

Кіпарыс садоў Эдэмскіх – уладаў я сілай львінай,

І дакладна цэліў з лука, і адменна ў мяч гуляў.


Я збіваў стралою птаха ці драпежніка ляснога,

А на плошчы ўсіх прысутных я здзіўляў гульнёю ў мяч,

За бяседаю застольнай марнаваў я часу многа,—

А цяпер крышталь рубінаў замяніў мне жаль і плач.


Нечаканае раптоўна ўсё закрыла чорнай хмарай:

Бацька мой памёр. Забавы загадаў нам цар спыніць.

Быў бязмежна рады вораг, што баяўся спасалара,

Войска ж вернае ў жалобе стала слёз патокі ліць.


Цэлы год не мог пакінуць я жалобнага адзення,

Гараваў я дні і ночы, розум мой у цемры гас.

Атрымаў ад Парсадана раптам я паведамленне:

«Тарыэль, пакінь самоту, скончан твой жалобны час!


Як і ты, мы ў смутку цяжкім, што загінуў з намі роўны».

Абяцаў ён мне сто скарбніц, загадаў жалобу зняць.

«Сын,– сказаў,– заняць павінен месца бацькава на троне,

Амірбара сан таксама я загадваю прыняць!»


Сэрца жальбаю смылела, апякалі ўспаміны.

Я скарыўся волі царскай – дзень над цемрай развіднеў.

Быў наладжан баль вялікі з гэтай радаснай прычыны,

Абдымалі, цалавалі цар з царыцаю мяне;


Пасадзілі каля трона, шанавалі пры народзе,

Тут жа мне прапанавалі месца бацькава заняць.

Не згаджаўся я спачатку – боль за бацьку не праходзіў,

Ды прымушан быў згадзіцца амірбарам верным стаць.


Год нямала прамінула, шмат пра што даўно забыта.

Вось табе мая аповесць, хоць і цяжка гаварыць!

Свет хлуслівы зло заўсёды творыць скрыта і адкрыта,—

Іскрай ён апёк калісьці, а й цяпер душа гарыць».


ТАРЫЭЛЬ РАСКАЗВАЕ, ЯК ЁН УПЕРШЫНЮ ПАКАХАЎ

Сказ далей працягваў віцязь, перамогшы сэрца мукі:

«Неяк едзем з палявання, раптам мне гаворыць цар:

«Пойдзем, віцязь, да царэўны разагнаць яе дакуку».

І цяпер, як толькі ўспомню,– ахіне смяротны жар.


Сад з чароўнай прахалодай бачыў я перад сабою,

Мілагучны хор птушыны гучна славіў наш прыход,

Вока вабілі басейны з чыстай пахкаю вадою,

Аксамітам у пакоі быў. заслонены ўваход.


Цар сказаў аддаць царэўне настраляную дзічыну,

Апаліў чароўны позірк бліскавіцаю мяне.

З тых часін плачу я моўчкі смутку горкую даніну.

Бо хіба кап'ё з алмазу сэрца з каменю пратне?!


Прыгадаўшы, што царэўну цар хавае, нібы скнара,

Затрымаўся я наводдаль, цар жа полаг адхінуў

І сказаў рабыні строга ўзяць здабычу ў амірбара.

Я знямеў, нібы знянацку ў бездань раптам зазірнуў.


Тут Асмат насустрач выйшла. За заслонай расхінутай

Я на міг пабачыў тую, позірк чый працяў кап'ём.

Узяла Асмат дзічыну, я ж стаяў, здзіўленнем скуты.

Гора мне! З часіны гэтай сэрца ў полымі маё!


Дзе ж яна, што воч мігценнем блікі сонца засланяла?»

І, падкошаны ўспамінам, віцязь галаву схіліў.

Аўтандзіл з Асмат рыдалі – абуджала рэха далі:

«О пакуты, як аслабіць сілу дужых рук змаглі?»


Тут Асмат вадой крынічнай твар змярцвелы асвяжыла:

Ачуняў ён, хоць тугою сэрца сціснута было.

І, з зямлёй змяшаўшы слёзы, ён прамовіў цераз сілу:

«Мне згадаць яе – пакута, для якой замала слоў.


Той, хто верыць безразважна ў свет жыцця, ў яго праявы,

Паспытае неаднойчы горыч здрадніцтва спярша;

Хто ж ідзе на бой са здрадай, той адчуе слодыч славы.

Дык паслухай, покуль цела не пакінула душа.


Я аддаў Асмат дзічыну, а ў самога змерклі вочы,

І, самлеўшы нечакана, ніцма я ўпаў на дол;

Апрытомнеў: чую лямант, галашэнне, плач дзявочы,

Між натоўпу сам, як човен, што абкружаны вадой.


Я ляжаў у пышным ложку пасярод вялікай залы.

Цар з царыцаю няўцешна галасілі нада мной,

З гора дзерлі свае шчокі; мукраў склікалі. Сказалі

Тыя хорам: «Д'ябал, мусіць» заўладаў яго душой!»


Толькі я расплюшчыў вочы, цар абняў мяне, як бацька,

І сказаў: «Сынок, жывы ты? Слова мне скажы адно».

Я ж дрыжаў, як апантаны, моўны дар згубіў знянацку,

Адказаць не змог нічога, бо прытомнасць страціў зноў.


Абступілі тут мой ложак магі-мукры і мулімы

І радкі свяшчэннай кнігі ўсё гамзалі ў вушы мне,

Каб нячыстага адолець заклінаннямі пустымі;

Я тры дні без перапынку лютым жарам палымнеў.


Зрэшты лекары сказалі: «Тут не маюць сілы лекі,

Бо ў яго баліць не цела, а душа агнём гарыць».

Як вар'ят, кідаўся з ложка я ў трызненні дзікім нейкім

Слёзы, што ліла царыца, мору не змясціць.


Так тры дні ў гарачцы гэтай я прабыў зусім змярцвелы

І, нарэшце ачуняўшы, авалодаў сам сабой.

Я падумаў: «Божа мілы, калі я застаўся цэлы,

Памажы цяпер акрэпнуць мне параненай душой!»


Я сказаў уголас: «Божа, дай мне сілы стаць на ногі

І пазбаў пакут сардэчных, каб пакінуць мог палац.

Сам сябе магу я выдаць, калі зваліць зноў знямога».

І пачуў мяне ўсявышні – сталі сілы прыбываць.


Сеў на ложак я... І слугі ўраз цару аб тым сказалі;

Бачу – подбегам царыца да мяне хутчэй спяшыць,

А за ёю цар без шапкі сам з'явіўся ў пышнай зале,

Услаўляў ён літасць бога на ўвесь голас, ад душы.


Пасядалі каля ложка, з рук сваіх пітво давалі.

Я сказаў цару: «Ўладар мой, стаў здаровы я зусім.

Я б хацеў праехаць верхам, беражком у стэпаў далеч».

Падвялі нам добрых коней і паехалі мы з ім.


Мы праехалі праз поле, каля рэчкі, па ўзбярэжжы.

Цар мяне дамоў праводзіў, сам жа прэч каня пагнаў.

Дома горш мне стала – сэрца зноў заныла ранай свежай.

Я сказаў: «Ратунак можа даць мне толькі смерць адна».


Твар крыштальны стаў шафранным, бо абмыты быў слязою,

Дзесяць тысяч вострых коп'яў сэрца мне пратнулі зноў.

Вартавы прыйшоў, паклікаў ён дварэцкага з пакоя;

Я падумаў: «Той ці гэты, хто з іх прыйдзе з навіной?»


Ад Асмат слуга з'явіўся. Я ў палац яго паклікаў.

Увайшоў і даў мне ў рукі ён любоўнае пісьмо.

Прачытаў яго – здзівіўся, сум на сэрцы быў вялікі:

«Як дзяўчыне гэтай сэрца я спаліць знянацку мог?»


Дзівам дзіўным мне здалося гэта смелае прызнанне.

Прамаўчаць жа – непачцівым быў бы гэткі ўчынак мой.

Ды ці мог губіць надзею я ў тым сэрцы на каханне?

І ў адказ паслаў адразу я прыязнае пісьмо.


Дні міналі. Разгараўся пачуцця агонь спякотны,

Не выходзіў я да войска, пазбягаў зусім людзей;

Не з'яўляўся да цара я, скуты хворасцю маркотнай,—

Так, знясілены, даніну я плаціў жыццю штодзень.


Лекары мне ўсе абрыдлі. І ніхто не мог дазнацца,

Што каханнем – не хваробай я захоплены ў палон.

Кроў пусціць мне цар параіў. З ім не мог я не згаджацца,—

Мне сапраўдную прычыну так хаваць лягчэй было.


Кроў пусцілі. Ў спачывальні я ляжаў, журбой скаваны.

Раптам зноў ганец з'явіўся. Загадаў яго прыняць.

Ад Асмат ён быў. Здзівіўся я з тае, кім быў пасланы

Той слуга. «Навошта,– думаў,– ёй такая мітусня?»


Ён аддаў пісьмо мне ў рукі. Прачытаў яго: дзяўчына

Неадкладна запрашала на спатканне ў ім мяне.

Адказаў я: «Да спаткання я гатовы штохвілінна.

Загадай – і я з'яўлюся, толькі змрок гусцець пачне».


Сэрцу ж я сказаў: «Выходзіць гэта ўсё не вельмі складна.

Мне, цару і амірбару, чэсць за ўсё вышэй мая.

Сто разоў мой грэх правераць і, закону падуладны,

За знявагу царскай чэсці ў выгнанні буду я».


Ад цара слуга з'явіўся пра здароўе запытацца.

Ведаць цар хацеў, парада мне ці памагла яго.

Адказаў я, што здаровы, што лічыць буду за шчасце

Быць заўжды перад вачамі ў заступніка свайго.


Цар сустрэў мяне вясёлы: «Ну,– сказаў,– хварэць даволі!»

На каня дазволіў сесці без даспехаў і без стрэл.

Сакаліным паляваннем загудзела наваколле,

Кожны там сваю ўдачу з крыкам радасці сустрэў.


А пасля ўладар паклікаў на застольную бяседу.

Там ліліся гукі струнаў, песні лепшых спевакоў.

Падарункаў гэткіх шчодрых рой прыдворны йшчэ не ведаў,

Што раздаў усім дазвання Парсадан сваёй рукой.


А туга сціскала сэрца, не давала мне спакою,

Вобраз мілы і каханы бачыў я перад сабой.

Запрасіў сяброў я блізкіх да сябе тады ў пакоі,

Каб за келіхам сяброўскім заглушыць сардэчны боль.


Раптам мне шапнуў дварэцкі: «Ваша мосць, ля агарожы

Незнаёмая жанчына вельмі хоча бачыць вас,

Хоць пад вэлюмам схаваны, але ж твар такі прыгожы...»

Загадаў я ў пакоі незнаёмую пазваць.


Тут збянтэжаныя госці пачалі дамоў збірацца.

Я сказаў ім: «Вы гуляйце, зараз я вярнуся зноў».

Рушыў сам у спачывальню. Ля дзвярэй рабу застацца

Загадаў. І, баючыся, каб не ўпасці ў грэх, пайшоў;


У дзвярах спыніўся. Дзева прытуліла рукі к персям.

«Слава той,– сказала, ўстаўшы,– хто паслаў мяне сюды!»

Я здзівіўся, што міджнуру дзева кланяецца першай,

Парашыў: нязграбнасць гэта ўласціва маладым.


На тахту прысеў я, дзева ж адышла ўбок з пашанай,

Паказаўшы, што нягожа быць нароўні ёй са мной.

Я сказаў: «Чаму ўцякаеш, ты ж хацела быць каханай?

Што ж маўчыш? Скажы мне праўды ты слаўцо хаця адно!»


Адказала: «Засцілае мне дзявочы сорам вочы:

Ты падумаў, што каханай захацела быць тваёй?

Бог, відаць, мяне бароніць, пакараць дарма не хоча,

Бо трымаешся пачціва ты, як з роўнаю, са мной.


Я хвалююся ад страху перад веліччу тваёю.

Не сама прыйшла – царэўны да цябе загад прывёў.

Гэта сэрца гаспадыні поўна смеласцю такою.

Вось пісьмо: яно даскажа ўсё, на што не маю слоў».


ПЕРШАЕ ПІСЬМО НЕСТАН-ДАРАДЖАН ДА СВАЙГО КАХАНАГА

«Я ад той пісьмо ўбачыў, што агнём спаліла сэрца.

Мне пісаў праменьчык: «Леў мой, раны боль схавай глыбей;

Я твая, але ж ты ведай: хто ў вар'яцтве прагне смерці,—

Вораг мне. Асмат раскажа пра астатняе табе.


Смерць і роспач за каханне – ў гэтым выхад твой адзіны?

Не! Для любай лепш, калі ты – мужны воін і герой!

Падуладны край хатайцаў зрокся нам плаціць даніну,—

Ты свавольства непакорных пакарай сваёй рукой!


Быць тваёй шчаслівай жонкай – пешчу я даўно жаданне,

Ды не мела я выпадку, каб цябе спаткаць раней.

Я цябе з-пад балдахіна неяк бачыла нядаўна

І адразу зразумела: вар'яцееш ты па мне!


Вось і праўда і парада – слухай ты маю гаворку:

Руш у бойку на хатайцаў, сілай іх перамажы!

Гэта лепш, чым ружу-кветку паліваць слязою горкай!

Жджэш чаго яшчэ ад сонца, што прагнала змрок імжы?»


Сарамлівасць адагнаўшы ўсё Асмат мне расказала.

Што сказаць? Душу без меры радасць хваляй заліла!

Сэрца білася, трымцела і ад шчасця замірала;

Твар мой стаў чысцей крышталю, шчокі сталі нібы лалі»


ПІСЬМО ТАРЫЭЛЯ ДА СВАЁЙ КАХАНАЙ

«Тым пісьмом я вочы ўсцешыў, даў адказ усхваляваны:

«О мой месяц, хіба сонца вобраз твой перасягне?

Бог не шле няхай мне тое, што з табой не знітавана.

Я ажыў і сам не веру, што існую не ўва сне».


Я Асмат сказаў: «Як мог я, так і выказаў пачуцці.

Перадай ёй: «Ты, як сонца, што світаннем гоніць змрок,

Да жыцця мяне вярнула з небыцця падманнай муці;

Аддаю з хвіліны гэтай я табе свой кожны крок!»


Мне Асмат сказала: «Слухай, вось загад ад Дараджаны:

«Ты на людзях сцеражыся, лішніх слоў не гавары;

Прытварыся, каб лічылі, што ў Асмат ты закаханы.

Тайна сэрцаў нашых зможа прычакаць сваёй пары».


Быў я рад парадзе мудрай той, адзінай ва ўсім свеце,

З кім спрачацца нават сонца і на момант не магло,

Ад каго пачуў я радасць, паслухмяны яснай мэце,

Перад кім і поўдзень светлы разгубіў сваё святло.


Даў Асмат я поўны кубак даражэйшага камення.

«Не,– яна мне адказала,– я такога маю шмат».

Узяла пярсцёнак толькі, што вагою драхмы меней,

На ўспамін, каб не забыўся я – сардэчных спраў вар'ят.


Так, кап'ё з грудзей дастаўшы, залячыла маю рану

Дзева юная, што знікла, асвятліўшы смутку змрок.

Я ж вярнуўся на бяседу да гасцей маіх зазваных,

Раздаваў ім падарункі, частаваў, чым толькі мог».


ПІСЬМО ТАРЫЭЛЯ ДА ХАТАЙЦАЎ

«У Хатай з пісьмом памчаўся мой ганец на ўсходзе сонца.

Я пісаў: «Пасланы богам на зямлю індыйскі цар.

Для галодных – ён карміцель, для адданых – абаронца,

А для здраднікаў падступных – кары грознае цяжар.


Цар і брат! Каб не з'явіцца паміж нас і ценю звады,

Прыязджайце неадкладна, як загад вяшчае мой.

Калі ж не – прыедзем самі, хоць не будзеце вы рады,—

Лепш згадзіцца, чым заліцца вам уласнае крывёй».


Адаслаў ганца, і сэрцу весялей адразу стала,

І пагас агонь нясцерпны, і настрой узняўся сам.

Свет жыцця майго мне шчасце зырка ў час той азарала,

А цяпер са мной, вар'ятам, нудна нават і звярам.


Я імкнуўся ў вандраванні, ды спыняў развагі голас;

Я з сябрамі ў пагулянках неаднойчы бавіў час,

Ды агонь пачуццяў палкіх пазбаўляў уцех вясёлых,

І ў тузе вялікай долю праклінаў каторы раз».


НЕСТАН-ДАРАДЖАН ЗАПРАШАЕ ДА СЯБЕ ТАРЫЭЛЯ

«Неяк я прыйшоў з палаца, увайшоў у спачывальню,

Лёг і, любую згадаўшы, я заснуць ніяк не мог,

Перачытваў з асалодай змест чароўнага паслання.

Раптам следам за дварэцкім хтось ступіў на мой парог.


Гэта быў слуга з пасланнем ад Асмат. Яна пісала,

Што мяне чакае тая, нож чый сэрца мне працяў.

Радасць цемру з воч сагнала, смутку путы разарвала;

Я ішоў, маўчаў, скаваны паўнатою пачуцця.


Увайшоў я ў засень саду. Там Асмат мяне чакала;

Усміхнуўшыся, сказала, як насустрач падышла:

«Я адважна з твайго сэрца дзіду вострую дастала,—

Увайдзі, зірні на ружу, што не звяла – расцвіла».


Адхінуўшы цяжкі полаг, прапусціла мяне ў залу,

Дзе ў рубінах бадахшанскіх узвышаўся балдахін;

Там пад ім сядзела тая, што наўкол праменне слала,—

З воч-азёраў бліснуў позірк, як з агатавых глыбінь.


Доўга я стаяў маўклівы. Не сказала мне ні слова,

Толькі ветліва глядзела з цёплай ласкай на мяне.

«Ты ідзі,– Асмат шапнула,– не чакай дарма размовы».

І ад слоў тых нечаканых я ізноў запалымнеў.


Сумны я пакінуў залу, ўслед Асмат пайшла за мною.

Я падумаў: «Свет імклівы, толькі што ты даў бальзам,—

Ты надзеяй сэрца ўсцешыў, дык нашто разбіў журбою?

Дзве душы злучыў – навошта ж зноў рассек іх папалам?»


Мы ішлі праз сад. Сказала мне Асмат спагады словы:

«Расчыні для шчасця дзверы, гора стогны заглушы;

Ты не муч сябе дакорам, што была яна суровай,—

Сарамлівасць прыкрывае гордасць юнае душы!»


Я сказаў: «Бальзам для сэрца маеш толькі ты, сястрыца,

Дык не дай з душой расстацца, весткі шлі штодзённа мне;

Боль душы яны суцішаць, як гаючая крыніца.

Што пачуеш – вестка тая хай мяне не абміне».


Ехаў верхам я дадому, слёзы беглі, як расінкі.

Увайшоў у спачывальню ды не мог заплюшчыць воч.

Спахмурнеў крышталь аблічча – стаў сіней, чым колер сінькі;

Стаў нямілы мне заранак, стала мне ратункам – ноч».


ПІСЬМО, НАПІСАНАЕ ЦАРОМ ХАТАЙЦАЎ У АДКАЗ ТАРЫЭЛЮ

«Пасланец вярнуўся ў тэрмін, ён прывёз адказ хатайцаў.

З ганарыстаю пагардай перадаў хатайскі цар:

«Мы зусім не баязліўцы, крэпасць наша вам не здасца,

Мы не хочам нават ведаць, хто такі ваш гаспадар».


Ён пісаў: «Шле Тарыэлю свой адказ Рамаз Вялікі:

Я чытаў пісьмо, здзіўляўся з непачцівасці тваёй,—

Як пасмеў ты слаць загады мне, цару дзяржаў шматлікіх?

Не жадаю болей бачыць пісьмаў, пісаных табой!»


Я намеснікаў адданых разаслаў сабраць дружыны.

Раць індыйская сышлася – неба мае меней зор! —

З месцаў блізкіх і далёкіх войскі йшлі ды йшлі няспынна:

Занялі палі, даліны і цясніны дзікіх гор.


Без затрымкі, без дакору пакідалі сем'і, хаты;

Я агледзеў на парадзе строй атрадаў баявых,

Пахваліў байцоў бадзёрых, выгляд смелы, зухаваты,

Зброю сталі харазмійскай, шпарканогіх коней іх.


Я высока ўзняў над плошчай царскі сцяг чырвона-чорны,

Загадаўшы войску рушыць, як пачне займацца ўсход.

Сам жа месца не знаходзіў – так было на сэрцы горна:

«Калі сонца не пабачу, як змагу ісці ў паход?»


А прыйшоў дамоў – заныла сэрца, сціснутае скрухай,

Пацяклі струменнем слёзы, быццам хваля змыла гаць.

«Што ты робіш, доля злая? – паўтараў я, паўшы духам.-

Што ўздыхаць таму па ружы, хто не змог яе сарваць?»


СУСТРЭЧА ТАРЫЭЛЯ З НЕСТАН-ДАРАДЖАН

«У пакой слуга з пасланнем увайшоў неспадзявана,

Мне, ахопленаму смуткам, ад Асмат пісьмо ўручыў.

«Ты прыходзь,– яна пісала,– кліча месяц твой жаданы,—

Гэта лепш, чым горка плакаць, лёс няўдалы кленучы».


Быў я рады так, як можа гэта толькі закаханы,

Зноў пайшоў у сад знаёмы, хваляванне ледзь трываў;

І Асмат на тое ж месца падышла ў час чаканы

І з усмешкаю сказала: «Месяц там чакае льва!»


Павяла мяне па ўсходах, дзе ўзвышаліся тэрасы;

Глянуў: выйшаў месяц ясны, ўсё наўкол заліў святлом;

Шоўк зялёны ўбораў пышных ахінаў дзівос акрасай

Стан дзявочы непаўторны. Быў узрушан я суздром.


На дыван ступіў нясмела. Пачала згасаць трывога,

Знік сумнення морак; радасць узышла, як слуп святла:

Там сядзела дзіва-дзева, сонца хто ярчэй намнога,

Твар схавала, толькі ў бок мой мелькам вокам павяла.


І прыслужніцы сказала: «Дай прысесці амірбару».

Мне Асмат дала падушку, сеў я побач каля той,

Хто магла быць сонцу парай, перад кім знікалі хмары.

Я дзіўлюся, як дагэтуль не расстаўся я з душой.


«Ты даруй,– яна сказала,– мне за гонар мой дзявочы,

Што прымусіла маўчаннем стрэчы шчасны міг забыць,

Што лілі ад крыўды гэтай слёз паток нарцысы-вочы,—

Але ж дзеве з амірбарам вельмі сціплай трэба быць.


І хоць стрыманай жанчына быць павінна пры мужчыне,

Але горш хаваць пачуцці, калі гора ў сэрцы шмат.

Так і я прыкрыла ўсмешкай гора тайнага прычыну;

Вось таму я і паслала да цябе сваю Асмат.


З тых часін, як пакахалі мы з табой адзін другога,

Аднаму табе належу – клятвы слоў не забывай!

І на тым стаяць нязменна буду я па волі бога;

Калі ж здраджу – хай мне пекла дасць прытулак, а не рай!


Дык ідзі, мой віцязь мілы, ў бой рашучы на хатайцаў;

Дай жа бог, каб з перамогай ты вярнуўся, як герой.

Як мне выцерпець разлуку, як цябе мне дачакацца?

Сэрца мне сваё пакінь ты, а маё вазьмі з сабой!»


Адказаў: «Дзеля цябе я галаву гатовы скласці;

Ты жыццё мне захавала, каб з нуды не спапялеў;

Ты вачэй маіх свяцільня, ты нязгасны промень шчасця!

Дык пайду я на хатайцаў, як адважны грозны леў!


Так, як я табой адоран, не пасмеў ніхто б і марыць,

Бог цябе паслаў, каб вечна быў пазбаўлен я трывог,

Ты вачэй агністым бляскам разагнала ў сэрцы хмары,

Твой я – покуль не разверзне ў гневе нетраў бездань бог!»


Мы над кнігай вечнай клятвы пакляліся з ёю разам,

А яна ў сваім каханні прысягнула двойчы мне:

«Калі я парушу вернасць, хай абрушыцца адразу

Кары грозная дзясніца гневам божым на мяне!»


Хутка час прабег кароткі ў гаворцы задушэўнай,

Паміж слоў салодкіх елі мы салодкія плады.

У хвіліну развітання грудзі боль сціскаў страшэнны,

Ліўся ў сэрца бляск праменны з воч каханай маладых.


Цяжка мне было не бачыць твар з крышталю і рубінаў.

У шточасным аднаўленні лашчыў вока свет дзівос,

Мне эфір струменіў сонца праз блакітныя глыбіні.

Сам дзіўлюся, што разлуку перанёс, як буру ўцёс».


ПАХОД ТАРЫЭЛЯ Ў ХАТАЙ І ВЯЛІКАЯ БОЙКА

«На каня я сеў уранку, загадаў: «Трубіце ў трубы!»

Апісаць табе не ў сілах, як ішлі мы ў той паход.

Нібы леў, я з войскам рушыў,– не мінуць хатайцам згубы! —

Мы ішлі па бездарожжы, не збаяўшыся нягод.


За індыйскія ўладанні перайшлі мы неўзабаве.

Хан Рамаз паслаў насустрач нам ліслівага пасла;

Ён сказаў, каб гнеў наш зменшыць, той штукар у хітрай справе:

«Можа пасці воўк хатайскі ад індыйскага казла!»


Ад Рамаза перадаў ён падарункі дарагія

І сказаў: «Хан слёзна просіць: не знішчай ты нас усіх!

Мы ж і так сваёй пакорай моцна скручаны за шыі,—

Згодны мы аддаць без бою скарб увесь, дзяцей сваіх.


Ты даруй за грэх. Схіляем мы павінныя галовы:

Не вядзі, пабойся бога, войскі ўсе свае сюды!

Каб унікнуць руйнавання, мірным шляхам здаць гатовы

І малому твайму войску нашы замкі, гарады».


Склікаў я сваіх візіраў, пасадзіў усіх з сабою.

Мне сказалі: «Віцязь юны, ты старых паслухай нас:

Вораг хітры – смерць-расправу ён рыхтуе над табою,—

Сцеражыся, каб наўперад папярэдзіць здрады час.


Ты збяры найбольш адважных, з імі руш у край варожы,

Войска пойдзе следам. Весткі хай ганцы шточасна шлюць.

Будуць шчырымі хатайцы – хай клянуцца імем божым,

Калі ж не – хай помста спаліць непакорную зямлю!»


Спадабаліся парады, што далі мае візіры.

Адказаў: «Рамаз, я згодзен з прапановаю тваёй:

Лепш, чым ад мяча загінуць, жыць у злагадзе і міры;

Да цябе іду без войска, я з аховаю адной».


Трыста воінаў надзейных у паход я ўзяў з сабою,

Войска ззаду прыпыніўшы, сам падаўся ў добры час.

Загадаў: «Куды б ні йшоў я, вы ідзіце ўслед за мною,

А падыдзе небяспека, я адразу клікну вас».


Мы тры дні ішлі. Сустрэўся нам другі пасол ад хана;

Ён прыслаў шаўкоў нямала і пярсцёнкаў залатых.

Перадаў Рамаз: «Сустрэцца вельмі з вамі пажадана,

Вас чакае тут багата падарункаў дарагіх».


І дадаў: «Пасол гаворыць ад майго імя ўсю праўду.

Сам табе насустрач еду я без воінаў адзін».

Адказаў я: «Бог мне сведка, прапанове гэтай рады,—

Мы сустрэнемся з табою так, як з бацькам родны сын».


Спачывалі мы аднойчы на густым лясным улонні;

Зноў паслы прыйшлі з пашанай нізка-ўгодлівай сваёй,

Мне прыгналі ў падарунак маладых стаенных коней.

«Сапраўды,– сказалі,– прагне цар пабачыцца з табой!»


І дадалі: «Дакладае цар табе: «Я дом пакінуў

І насустрач еду, шчасны заўтра ўбачыцца з табой».

Я паслоў прыняў гасцінна, даў шатры ім для спачыну,

Дываны паслаў, увагай ашчаслівіўшы сваёй.


Справа добрая падзякі заслугоўвае звычайна,—

З тых паслоў адзін употай у шацёр пракраўся мой:

«За дабро,– сказаў, і ласку я табе адкрыю тайну,—

Хай яна цябе ўратуе ад пагібелі ліхой.


Выхаванцам твайго бацькі быў калісь я паслухмяным.

Зараз я пачуў пра змову і сказаць табе прыбег.

Ці ж магу цябе, як ружу, бачыць мёртвым, растаптаным?

Ты паслухай – падрабязна раскажу я ўсё табе:


Ведай, віцязь, хан хатайскі для цябе рыхтуе здраду,—

Ён схаваў у лесе дзесьці свой стотысячны атрад,

Трыццаць тысяч жа схавана ў іншым месцы ў засаду,—

Калі ты не будзеш пільным, дык не вернешся назад.


Цар цябе сустрэне з ласкай – ты прыемны для пагляду,—

Будзе сыпаць лёсткі; сам жа з войска вылучыць свайго

Лепшых воінаў. Па знаку тыя рынуць для нападу,—

Калі тысяча насядзе – перамогуць аднаго!»


Я сказаў, удзячны вельмі за такую засцярогу:

«Азалочаны ты будзеш, калі смерць мяне міне.

Каб не выклікаць здагадак, ты сваіх трымайся строга.

Калі ж я цябе забуду – пракляні тады мяне!»


Не даверыў я нікому той сакрэтнае размовы:

Што павінна быць, дык будзе, ўсе парады тут дарма!

Толькі ўсё ж ганца паслаў я: войску быць напагатове

І кірунак свой адразу мне на выручку трымаць.


Склікаў я ганцоў хатайскіх і паслаў адказ Рамазу:

«Выязджай насустрач госцю – да цябе, як брат, іду!»

Зноў паўдня ішоў паходам, страху не адчуў ні разу:

Дзе падзецца, калі доля на цябе нашле бяду?


На пагорак стаў: за пылам войска ўбачыў я адразу

І падумаў: «Хан падступны расстаўляе мне сіло;

Дык няхай кап'ё і меч мой знішчаць здрадніка Рамаза!»

І пра ўсё сказаў я войску, што вядома мне было.


Я сказаў: «Браты, адолець хоча вораг нас падманам!

Хай не слабнуць вашы рукі лютых здраднікаў сячы!

За цара хто смерць сустрэне, той святым на небе стане!

Дык у бой! Хіба дарэмна носім мы з сабой мячы?!


Гучна даў загад я строгі: ўсім надзець кальчугі, латы;


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю