Текст книги "Дрэва вечнасці"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 31 страниц)
Перазнаёміўшыся, расселіся мы за сталом на выгодных т.зв. клубных крэслах, глыбокіх і мяккіх, з шырокімі поручамі. На стале вясёла шумеў самавар, і красавалася бутэлька, запарушаная пылам і плесню, з водкай «старкай». На талерках панадна была параскладана ўсякага гатунку дымляніна: кумпячына, сальцісона, каўбасы, якія не маюць роўных сабе ў свеце, калі бываюць прыгатаваны паводле старасвецкіх рэцэптаў рукамі беларускіх гаспадарных кабет.
Пасля другой-трэцяй чаркі Падземны чалавек пахінуўся да мяне і пачаў даводзіць, што гара, на якой стаіць Верхні замак, – насыпная. Што першапачаткава гэта была толькі магіла знамянітага валадара ўсёй пабалтыцкай «ратайскай» Скіфіі, а пазней яе дасыпалі, і на ёй стаяла бажніца, пасвячоная Дзеве-Сонцу, якую чцілі тут у постаці агністага птаха з дзявочай галавой. Пры гэтым ён сягнуў у кішэнь і падаў мне бронзавы медаль са стылізаваным рысункам, характэрнага вельмі, але нябачанага мной дагэтуль стылю. На адной старане медалю быў змеявік, а на другой – Дзева-Сонца, у постаці птаха з людской галавой, акружанай аўрэоляй.
– Гэткія медалі даўней знаходзілі часта каля гары, а гэты – я сам выкапаў у пясочку.
У нашу размову ўмяшаўся вучыцель, які сказаў:
– Я бачу, што вас застанаўляе закончаны стыль рысунка. І я пэвен, што вы думаеце – вот сабе грубы прымітыў! Людзі імкнуліся нешта адтварыць, але не маглі перабароць тэхнікі, а дзеля гэтага зрабілі быццам цень падобнасці да рэальных змеяў. Вось акурат у гэтым крыецца нашае самае грубае неразуменне старасвеччыны. Паслядзіце за развіццём мастацтва ў Грэцыі: там пасля груба рэалістычных скульптураў Фідзія і яго сучаснікаў, пасля вульгарнага класіцызму настае перыяд пазнейшы – візантыйскі. Стыль візантыйскі – гэта не ёсць упадак мастацтва, а яго вышэйшая ступень. Першы перыяд належыць, як і ў развіцці рэлігіі, да богатворання прыроды, другі – да тварэння прыроды па свайму замыслу і хаценню. У першым перыядзе чалавек няпэўны сваіх духовых сіл, і яму здаецца, што звер не толькі фізычна, але і духова сільнейшы за яго, яму імпануе зверачы свет, і ён пачынае яго багоміць. А таму ахвотна прыбірае сваю галаву бычачымі рагамі, цела акрывае мядзведжымі скурамі або размалёўвае на ім падабізны імпануючых яму звярат і гадаў. Калі ж ходам развіцця культуры чалавек даходзіць да пазнання самога сябе, да ацэны сваіх духовых сіл ён разам з бычачымі рагамі скідае з сябе і багомленне рэальных форм у мастацтве. Пачынае сам тварыць неіснуючыя формы, устанаўляе канон мастацтва. Візантыйскае мастацтва – гэта ёсць мастацтва вышэйшай фармацыі, чым грэцкі класіцызм, бо гэта ёсць мастацтва не натуралістычнае, а кананічнае. Тое, што мы бачым у Грэцыі, паўтараецца ўсюды, дзе толькі цывілізацыя людская даходзіла да вышэйшых ступеняў: і ў Асірыі, і ў Вавілоніі, і ў Эгіпце, і ў Індыі, у Кітаі і Японіі...
Гэты медаль сведчыць нам, што і мы, на гэтай зямлі, у гэтым краю, праходзілі ўжо раз росквіт высокай самаістай культуры, якая загінула, якой астанкі, вельмі рэдкія, з'яўляюцца пакуль што для нас таёмнымі крыптанімамі, даступнымі толькі рэдкім, як я сказаў бы, пасвячоным людзям. Нашае няшчасце ў тым, што край наш не абладае ні годным да будовы каменнем, ні капальнямі мінералаў, а з гэтай прычыны адзіным, годным да будовы матэрыялам было дрэва, нашы мастацкія будоўлі былі драўляныя, малатрывалыя. Нашыя пісаныя памятнікі не на камянях высякаліся, але на бяроставых пластках былі крэслены, якія лёгка запаляліся і гнілі. Скажыце, каб у Эгіпце, Індыі, Вавілоне была драўляная культура, то ці ведалі б мы сягоння што-колечы аб ёй? Не.
– Маеце слушнасць, – сказаў памешчык. – Нашы продкі перажылі стадыю высокай культуры. Як довад магу прывесці, што дагэтуль сярод нашага простага народа, які паўтысячы лет ходзіць у чужым ярме, дагэтуль маюцца ўласныя назовы важнейшых нябесных знакаў. Напрыклад, гвязду Венеру дасягоння сяляне называюць Чагір. Пад найменнем Чагір фігуруе Венера ў супрасльскім календары ХVІІІ ст., дзе аб ёй гаворыцца: «Гвезда Чагір між усімі гвездамі 10 месц у кожным месяцы мае, а па трыкрот прыходзіць на кожнае месца кожнага месяца». Вялікую Мядзведзіцу называюць Стажарамі; Плеяды – Сітцом, або Вуціным Гняздом; Арыёнаў пояс – Кігачамі; тры гвязды каля Млечнай Дарогі называюць Праллямі, або Жалезны Абруч; у галаве Млечнай Дарогі знаюць Касьбітоў, а саму Млечную Дарогу называюць Вайсковым Станам. Назоў гэтых захавалася многа. А што гэта знача? Гэта знача, што быў калісь час, калі ў нас працвітала астралогія, глыбокае знанне якой з'яўлялася прывілеем класа вучоных, але была адначасна, мабыць, ведай, даступнай для ўсіх станаў.
Тут яго перапыніў стары чыноўнік, кажучы:
– Сярод маіх сабранняў меў я карціны кніг, пісаных на бяросце незразумелымі знакамі, падобнымі да рунічнага пісьма. Я маю даныя цвердзіць, што т.зв. ятвягі не былі асобным племем, як памылкова ўтрымліваюць, а гэта ёсць названне класа святароў паганскіх часоў. Тых зорнікаў і зораведаў, а па-цяперашняму астраномаў, якія адначасна былі і класам святароў, духоўнікаў. Прашу звярнуць увагу на падобнасць паняцця, уложанага ў словы «ятвяг» і «жрэц». Там і тут да ўтварэння слова ўзята паняцце яды – жорці, есці. Выйдзеце з гэтага пакою на рынак і спытайце, дзе прадаюць ядомыя рэчы? Усякі вам адкажа – у ятках. У старапольскай мове жэртва называецца «objata», ізноў-такі тое самае паняцце яды ўложана ў слова. Наш селянін дагэтуль кажа на страву «ятво», славянскае – яство, яства. Па-польску пішацца «jadzwingowie», дык і тут ёсць карэнь «яд», «яда»...
У даўныя часы паміж словамі «ятвяг» і «жрэц» была акурат такая розніца, як у цяперашнім нашым разуменні паміж словамі «святар» і «жрэц». Для ваюючага і нішчачага ўсё паганскае хрысціянізму, усе старой веры і святары, і грубыя шаманы, і варажбіты – былі агульна пагарджанымі жрацамі. Гэта стараверная, з высокай культурай інтэлігенцыя брыдзілася змагацца забойствамі з новай верай і эмігравала ў глухія пушчы на пагранічча старавернай і аднавернай з імі Літвы. Як іх там тропілі і нішчылі немаль штогод, палячы будоўлі і выразаючы людзей, сведчаць ужо расійскія і польскія летапісцы. Разам з тым, калі загінулі ятвягі, загінула і старая дахрысціянская наша культура.
Тут ізноў узяў слова Падземны чалавек:
– Я там не ведаю, якое названне насілі святары дахрысціянскіх часоў. А што яны займаліся астрономіяй – гэта пэўнае. Ваша, хіба ведаеш, – звярнуўся да мяне, – Богінскае возера? Цікавы закутак! Уся ваколіца поўна старога жыцця. На возеры ёсць паўвостраў Богіна, а таму Богіна, што там былі знамянітыя бажніцы. У канцы возера ідуць валатоўкі бронзавага веку, на пясчыстым урочышчы; гэта месца – жалю, смутку, па-нашаму – могілкі – носіць найменне Жаль-Бор. На востраве, яшчэ да скасавання паншчыны, трымаўся высокі капец, у сярэдзіне каторага была старой веры бажніца з адзіным аконцам, праз якое прамень сонца ўсярэдзіну падаў толькі роўна ў поўдзень. Капец гэты ўзарвалі маскалі ў часе польскага паўстання, думаючы, што гэта нейкая крэпасць. Там, у Богіне, ёсць такжа падземныя хады, як і ў нас, пад Верхнім замкам, у сярэдзіне гары. Старая веда і старая культура не загінулі. Кажуць людзі, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды, пад Верхнім замкам, за магілай невядомага валадара, ёсць склады з багаццямі вялікімі. Кажуць, у абход абшырнай грабніцы, направа, ёсць мураваны праход крокаў 60 даўжыні, і праз яго ўходзіцца ў сховы са старымі кнігамі. Часцю пісаны яны на дасочках, часцю на бяроставых пластках. Зложаны кнігі ў каваных серабром скрынях, усярэдзіне абітых скурай. З гэтай кніжні пракавечнай ёсць ход у скарбец... Толькі дужа страшна ісці там.
Голас яго абарваўся спазмай у горле, ён сам неяк згарнуўся ў крэсле, а вочы застыглі, быццам угледжаныя ў няведамую даль.
На момант спынілася размова, а пазней памалу перайшла на знамянітую полацкую бібліятэку, якой, здабываючы Полацак у 1572 годзе, шукаў Іван Грозны і не знайшоў. Якую даручаў папа Грыгор ХІІ Пасевіну знайсці і пераслаць у Рым. Усе аднагалосна ўтрымлівалі, што бібліятэка гэта была тады добра схавана і сягоння ёсць недзе ў падземных полацкіх лёхах. Іван Іванавіч расказаў, што ўласнымі вачамі чытаў у старых метрычных кнігах , у архіве віцебскай лютэранскай кірхі запісь на белягу аб тым, што ігумен Бельчыцкага манастыра, перад аблогай горада Масковіяй, злажыўшы ўсе манастырскія скарбы і кнігі, паплыў уніз Дзвіны, каб захаваць усё гэта ў падзямеллях Верхняга замка. Стары чыноўнік вылічаў, якія кнігі маюцца ў захаванай бібліятэцы.
– А найперш ёсць там, – казаў ён, – летапіс Полацкага княства, пісаная рукой св. Еўфрасініі, праўдзівы экземпляр «Повесці врэменных лет», бо дахаваўшыяся да нашых дзён копіі пераблутаны і далёкі ад арыгінала, далей – уласнаручныя пісанні братоў Кірыла і Мяфодзія, візантыйскія хранографы і г.п.
Памешчык сказаў:
– Васільяне ведалі, дзе захавана бібліятэка, але, баючыся, каб яе не забралі езуіты і не знішчылі, хавалі месца яе знаходжання ў сакрэце.
Гутарка зацягнулася да познай ночы.
Развітаўшыся, мы разышліся кожны ў свой бок.
Мой пакой у гасцініцы быў на другім паверсе, і вакно выходзіла ў сад, за якім, на мураваным доме, красаваўся агаловак коміну ў кшталце кароны. Полацкія старажылы кажуць, што даўней больш было гэткіх аздобных комінаў у горадзе, з часам яны вывеліся, і я пашкадаваў у душы заміранню роднай старасвеччыны. У стылю агалоўка было нешта няўхватнае, што напамінала мне стыль нядаўна бачанага медалю, які паказваў Падземны чалавек. Ці ж бы рэшткі стылю яшчэ жылі? Я пахінуў галаву на абраменне вакна і задумаўся. Перада мной, у фантазіі, стаў расці стылёвы горад з аграмаднымі дзіўнымі будоўлямі...
ІІ
Першы мой сон стрывожыў ціхі стук у вакно. Я ўскочыў з ложка і, падышоўшы, пабачыў у вакне вусатае аблічча Падземнага чалавека. Ён даваў мне знакі рукамі, каб адчыніць яму вакно, прычым клаў палец на вусны, даючы гэтым знак, каб я не нарабіў гоману.
Калі вакно было адчынена, ён сеў на падваконнік, зажыў з сярэбранай табакеркі і пачаў гаварыць шэптам:
– Я даўно ўжо ведаю ход у схаваную бібліятэку, але сам не рухаў яе і нікому не паказваў, маўчаў, баючыся, каб не заграбілі ў нас і гэта наша апошняе багацце. Адзявайцеся, пойдзем! Я ўзяў з сабой свечку, ліхтарню і ўсё патрэбнае...
Няма што казаць аб тым, як хутка я быў апрануты і гатовы ў дарогу.
Мы сышлі па драбіне ўніз, аднеслі яе ў старану і паклалі на зямлі, а самі цішком вымкнуліся з брамы і скіраваліся ў старану Верхняга замка. Мінут за 20 мы былі на месцы. На гары, у старану Дзвіны, тады стаялі яшчэ руіны замкавых будынкаў, у якіх да 1839 года месціўся Васільянскі вуніяцкі манастыр.
Замак быў, як апавядаюць, зруйнаваны ўсяго толькі ў 40-х гадах. Спярша, па загаду цара Мікалая І, з яго знялі мядзяны дах і адправілі ў Пецярбург на будову Ісакіеўскага сабора, а пазней нехта ці запарушыў няўмысна, ці мо ўмысна падпаліў будынак. Пасля пажару ён больш паўсталецця пакінуты быў на руйнаванне сіламі прыроды. Урэшце руіны, каля 1913 г., прадаў расійскі ўрад нейкаму маскалю-падрадчыку на цэглу, які, разабраўшы шацоўныя муры, сплавіў лайбамі цэглу ў Рыгу.
Але тады, калі мы ўходзілі ў будынак, часць яго, а найменна, левы вугал у ніжнім паверсе, меў яшчэ цэлыя скляпенні. Мы пацёмку дабраліся да вялікай вуглавой, у скляпах, салі, сцены якой і столь былі пакрытыя старымі фрэскамі, месцамі асыпаўшыміся, месцамі сцёртымі і павыдзіранымі. Справа, між двух атворын ад дзвярэй, была круглая ніша да самага памосту.
– Во тут ход у падзямелле, – сказаў мой павадыр і пачаў рукамі адгартаць насыпаны на добрага паўаршына друз. Супольнымі высілкамі мы ачысцілі дно нішы, якое было зроблена з адной, у квадратовы метр, каменнай пліты.
– Гэта дзверы, – сказаў Падземны чалавек і, засунуўшы ў шчалугу між камянёў загнуты жалезны прут, з высілкам павярнуў яго. Нешта глуха храснула, і пліта адной стараной пачала апускацца ўніз. Адкрыліся вітыя мураваныя сходы, якімі мы пры слабым святле сляпой ліхтарні пачалі сыходзіць уніз. Калі нашыя галовы зраўняліся з канцом павісшай пліты, то пліта сама сабой паднялася ўверхі, зашчоўкнулася пры помачы прыладжанага да яе механізма.
– Акром мяне, з жывых ніхто не ведае аб гэтым ходзе. Ты другі будзеш ведаць аб ім і перадасі патомным. Але перш чым увайсці ў тайныя ходы, у якіх нашы празорлівыя прадзеды захавалі не толькі свае культурныя, але і вялікія матэрыяльныя багацці, ты павінен даць абяцанне, злажыць прысягу на вечную тайну, – казаў стары ўрачыстым голасам, з націскам на кожным слове.
Я выказаў сваю згоду, і ён рушыў далей. Ішлі мы мінут 10 вузкім, з пачарнеўшымі сценамі ходам, маючым многія павароты, але ўсцяж пахіляючымся ўніз. На адным з паваротаў мой павадыр стрымаў мяне, кажучы:
– Памятай, пасля сёмага вугла ёсць запастка.
Перад намі, уровень цаглянаму памосту, была на сажань даўжыні і ва ўсю шырыню хода ўпраўлена ў памост дубовая дошка.
– Гэта дошка на вяртугу ўстроена, хто не ведае, ступіць на яе, то і зваліцца ў глыбокі калодзезь, а дошка сама сабой стане на месца.
Пры гэтым, хочучы паказаць, як гэта адбываецца, ён націснуў палкай на канец дошкі, і тая віхнулася ўніз, адкрываючы чорную пропасць скрытага пад ёю калодзезя. Праваднік патрымаў гэты рухомы мост, а мне загадаў выцягнуць засунутую за жалезныя скобкі, з боку мураванай студні, дошку, паклаўшы якую на мост, мы перайшлі на другі бок яго і схавалі дошку ізноў, з другой стараны.
Прайшоўшы некалькі крокаў, мы знайшлі ў сцяне нізкія чорныя дзверцы, за якімі была рухомая сценка, адсунуўшы каторую, увайшлі ў даволі абшырны пакой, з мураванымі лавамі каля сцен і высокім падмуркам пасярэдзіне, на каторым стаяла старасвецкая труна, знаная яшчэ данядаўна месцамі ў Беларусі пад назовам «корста». Гэта – тоўстая калода з высечаным усярэдзіне дуплом, у якое клалі нябожчыка; верх закрывалі плашкай ад такой жа калоды. У асабліва важных здарэннях, хаваючы багатых або заслужаных людзей, корст пакрывалі смалой і «берасцілі», г.зн. густа спаясывалі доўгімі паяскамі бяросты ўсю труну, як бандажам, а наверх шчытна акручвалі яшчэ добра прасмоленымі вяроўкамі. Гэтак прыгатаваны корст мог соткі гадоў ляжаць у зямлі, не паддаючыся буцвежы. Гэткія корсты бачыў я раней, калі адной вясны Дзвіна падмыла старое магілішча, і вада то зносіла ўніз, то прыбівала да берагу іх, а сяляне вылаўлівалі, каб нанова закапаць у зямлю.
– Гэта корст, у якім ляжыць той, хто дабудаваў гэтыя ходы, – сказаў мне праваднік. – Тут ты і зложыш прысягу, а на знак датрымання слова пацалуеш у чало гэтыя шацоўныя астанкі.
Пры гэтым ён запаліў тоўстую, як добрая бэлька, васковую свячу, што стаяла ў канцы труны. Кнот трашчэў і дыміў, але памалу ўгарэўся, і я пабачыў на труне зробленую ў акружнасці надпісь глаголіцкімі літарамі. Надпісь гаварыла: «Я, Ярамір, ходы гэтыя працай многай утварыў і дэманаў пяці моцай слоў тайных на пільнаванне давечнае ўвязаў тут. Хай унасячага сюды прапусцяць, а на вынасячым споўніцца слова».
Мы адкрылі корст, і маім вачам паказаўся забальзамаваны нябожчык з густой сівой барадой, адзеты ў злататканую павалоку. Ляжаў ён, крыху на правы бок павернуты, адна рука яго была пад галавой, другая ляжала на пазлацістым паясе; левая нага крыху паднята ў сагнутым калене. Выглядала, што гэта не нябожчык, а заснуўшы старац з шэра-папялістым абліччам.
Падземны чалавек сказаў мне стануць у нагах, а сам стануў каля галавы на ступеньках падмурка. Ад руху, калі ён праходзіў, закалыхалася полымя свечкі, і мне здалося, нябожчык змігнуў вачыма.
Сярод неапісанай цішы прагучэлі ўрачыстыя словы формулы прысягі, якую чытаў мне праваднік з узятага з-пад галавы нябожчыка звітку пергаміну.
Словы былі так урачысты, закляцці такія страшныя, акружэнне так незвычайнае і нечаканае, што мне закружылася галава. Мой праваднік таксама стаўся бледны і ўвесь дрыжэў. Раптам ён, як быццам аступіўшыся, зваліўся ўніз, адначасна падсвечнік з грукатам рынуў на памост, гасячы свячу. Запанавала непраглядная цемень і ціш. Я пачаў клікаць яго. Глухое маўчанне ды нягулкае рэха былі адзінай адповеддзю на мой кліч.
Свігавіцай праз мысль прабеглі страшныя абразы з легенд і сапраўдных здарэнняў, а такжа той факт, што пры мне няма серчыкаў. Я чуў, што ў гэтай нямой цішы і чорнай, да болю ў мазгах, цемні, пад уражаннем свежага страсення нерваў знаходжуся на самым рубе да ўтраты прытомнасці. У мазгах інстынктыўна і распачліва пачала біцца адна-адзіная думка: трэба быць спакойным, трэба быць спакойным! Я чуў, разумеў, што цяпер адзіны ратунак у захаванні спакою. І, як лунатык, з працягнутымі наперад рукамі, пайшоў у старану, шукаючы бачаных мной пад сценамі мураваных лавак.
Я сеў на лаўку і пачаў глыбока ўдыхаць паветра. У вушах званіла цішыня, пры якой чыканне гадзінніка ў кішэні чулася, як рытмічны ход паравой машыны, ды глухое тутненне крыві ў шыі і вісках. Як доўга я сядзеў – змеркаваць нельга, магла гэта быць адна мінута, як і цэлая вечнасць.
Урэшце надумаў пайсці шукаць майго правадніка і пры ім серчыкаў і ліхтарні. З гэтай мэтай я ссунуўся з лавы і папоўз на руках і каленях к сярэдзіне. Хутка нашчупаў падмуроўку, на якой я нядаўна стаяў, і папоўз кругом яе, бо не мог змеркаваць, з якой стараны знаходжуся. За другім паваротам рука натрапіла на нешта мокрае і клейкае. Я падумаў, што гэта кроў, што недзе тут блізка ляжыць мой праваднік, і асцярожна выцягнуў руку наперад, якая наткнулася спярша на масіўны металічны падсвечнік, а пасля на людское цела. Я падаўся яшчэ бліжэй, шукаючы рукі. Пульс не біўся, галава яго была мокрая і сцюдзёная. У бакавой кішэні курткі яго я нашчупаў серчыкі і з радасцю хапіўся паліць іх, але рукі мае былі мокрыя і дрыжэлі, серчыкі ламаліся або толькі давалі іскры. Перапсаваўшы штук з дзесяць, я спахапіўся, што іх у скрынцы не шмат, і сілай волі стаў паўстрымліваць сябе, каб не псаваць болей дарэмна. Высілак над самім сабой даў найлепшыя вынікі, з увагай выняты серчык і пацерты аб скрыначку загарэўся, асвятляючы страшэнны абраз: перада мной ляжаў наўзнач мой праваднік з разбітай і акрываўленай галавой. Ад правага вока і да вуха зіяла страшэнная крывавая рана. Сернік дагарэў і згас. Цяпер я толькі заўважыў, што, акром сернікаў, у мяне больш няма нічога. Куды паставіў праваднік ліхтарню, якую згасіў пасля таго, як запаліў свечку, я не заўважыў. Сернікаў было ўсяго толькі некалькі ў скрыначцы, і я пастанавіў ужыткаваць іх з мудрай асцярожнасцю. А дзеля гэтага ізноў папоўз па памосце. Па доўгіх шуканнях была знойдзена і запалена ліхтарня. Пры святле ліхтарні я сцвердзіў сумны факт смерці майго правадніка. Ён такі сапраўды аступіўся, зыходзячы, і, падаючы, ударыўся віском аб востры выступ падстаўкі ліхтарні, якую цягаром свайго цела абярнуў.
Паднімаючы цяжкі ліхтар, я заўважыў на ім унізе надпіс: «Объятопрыімчэ, прыймі другога с чары тайн піўшага».
ІІІ
Прачытаўшы дзіўную надпісь, я стараўся ўцяміць яе значэнне, і мне здалося, што яна напамінае на права, пануючае ў гэтых падзямеллях. Ці ж бы Падземны чалавек згодна гэтаму праву павінен быў за раскрыццё мне тайны заплаціць сваім жыццём? Аднак факты гаварылі, што ён стаўся «другім, піўшым з чары скрытай веды». Мяне агарнула забабонная багавейлівасць да акружаючых мяне муроў і рэчаў. Я пачуўся агорнутым з усіх старон таёмнымі, свядомымі сваіх чынаў, сіламі. І гэтыя цёмныя пракаветныя сцены і чорны дубовы корст з астанкамі невядомага мне, аднак безумоўна геніяльнага духа, і гэта таёмная надпісь, і ўрэшце труп малавядомага, аднак чамусьці мне блізкага і дарагога чалавека, апутвалі душу тысячамі кволых, але цягучых ніцяў, невядомых мне тайнаў.
А галоўнае, я быў тут, у гэтых лабірынтах, адзінай жывой істотай. Я абярнуўся, каб яшчэ раз глянуць на мілае старэчае аблічча Падземнага чалавека. І якое ж маё было здзіўленне, калі я яго не ўбачыў на зямлі, дзе момант таму назад ён ляжаў. Гэта апошняе страшэнна стрывожыла і парушыла мяне да апошніх глыбінаў усёй маёй істоты. Я яшчэ больш пачуўся бяспомачным і бязрадным у путах невядомага. Уражаны новай тайнай, я, шукаючы свайго правадніка, падняў уверх ліхтарню, аглядаючы склеп, але нідзе не было цела, якога я шукаў. Затое я толькі цяпер заўважыў, што памяшчэнне, у якім я знаходжуся, мае трохкутную форму, трылук якой, звужаючыся, зыходзіўся ўверсе высокім скляпеннем. Мне прыпомнілася чытанае некалісь апісанне славянскай святыні ў Рэтры, якая была збудавана трыбочнай фігурай, як і сама сяліба пры ёй, якая мела з трох старон агароду і тры брамы: на ўсход, поўдзень і поўнач. Спомнілася мне адна дыскусія ў кружку маладзёжы і як паважаны вучоны, які быў сярод нас, даводзіў тады, што таксама ў трыкутную фігуру была будаваная слаўная апяяная Гамерам Троя, што ўсе бажніцы, ці то багоды, старой славянскай веры, пасвячоныя Найвельшаму, бацьку багоў, зваліся Троямі. Але хутка мысль мая вярнулася ізноў да майго незавіднага палажэння ў гэтых скляпах. І я толькі быў прыняў у сабе пастанову вяртацца назад той самай дарогай, як раптам нешта скрыгнула за мной. Пахопліва абярнуўшыся назад, я ўбачыў рассунутую сцяну і паміж дзвюх яе палавіц, на асноведзі аксаміста-чорнай цемры праходу – чалавечую постаць у белай вопратцы і ў белым мітрападобным клабуку на галаве. Я стаяў як амярцвелы і пэвен быў, што гэта галюцынацыя. А тым часам белая постаць з павагай пачала да мяне набліжацца. Узіраючыся расшыранымі вачыма на яе, я з немалым здзіўленнем распазнаў аблічча Івана Іванавіча. Першым маім водрухам было выразіць сваю радасць і падзяліцца перажытымі трывогамі, але ён, як быццам згадаўшы маю мысль, урачыстым падняццем рукі стрымаў мой парыў, кажучы:
– Не рушай павагі месца гэтага мовай сваіх турботаў. Хадзі за мной!..
І мы моўчкі скіраваліся ў праход, з якога выйшаў Іван Іванавіч. Ён ішоў наперадзе, а я за ім. Цяпер я толькі разгледзеў, што белая яго вопратка была ў форме доўгай шырокай кашулі з шырокімі пурпуровымі шлякамі на падоле і рукавах; клабук быў таксама падбіты знізу, на адваротах брыля, пурпуровай тканінай. Ішлі мы размернай, роўнай поступпю, лукавыгібістым шырокім праходам, на сценах якога меліся павяўшыя ад часу малюнкі і нейкія надпісы, абкружаныя арнаментамі. Памост быў заложан з чатырохкантовых каменных плітаў. Гэтак у маўчанні прайшлі мы не менш за 200 крокаў, калі ўрэшце сталі перад глухой сцяной, якой канчаўся праход.
Іван Іванавіч падняў руку ўверх і ляскай, на якую апіраўся, моцна націснуў на разетку над круком, упраўленым у скляпенне. Глухая сцяна, перад якой мы стаялі, спярша дрыгнула, а пасля пачала звольна апускацца наперад, і перад намі адкрылася круглая саля, сцены і столь якой пакрыты былі рысункамі, а памост – мазаікай. Саля была саўсім пустой, толькі з правай стараны, пры сцяне, стаялі тры каменныя седзішчы.
– Во тут, на гэтых сценах, – пачаў Іван Іванавіч, – забразавана істота нашай старой веры, якая апіралася на траістасці ўсяго існуючага. Уверсе – выабражаны сілы нябесныя, усярэдзіне – жыхары зямлі з іх турботамі, унізе – загробны свет з яго валадарамі і жыхарамі. Кожны з гэтых светаў, паводле старой навукі, распадаўся ў свой чарод на тры істотныя характары. Усе сістэмы рэлігійныя, ад пачатку існавання ў чалавецтве сведамай мыслі, прызнавалі гэтую траістасць рэчаў. Халдэя-вавілонскія святары, якія за многа тысячалеццяў да нас слылі лепшымі ў свеце астраномамі, лепшымі пры гэтым знаўцамі матэматыкі, без якой немагчыма астраномія, і да гэтага – старэйшымі носьбітамі веды людской, – у лік сваёй Тройцы ставілі багоў Ану, Эа і Бела. Ану – гэта валадар гвяздзістага неба, першародны, старэйшы, бацька багоў. Эа – мудрэйшы, лепшы з багоў, прасвяціцель і праваднік усяму смяротнаму. Бела – сын Эа, каторы вывеў зямлю з цемры і хаосу, аддзяліў адны ад адных усе постаці і адмены, з каторых злажыўся смяротны свет, якім мы яго цяпер знаем.
У Індыі Тройцу складаюць Брама, Вішну, Шыва; функцыі, прыпісываныя асобам гэтай Тройцы, тыя ж самыя, што і ў халдэйцаў. Не чужа было і грэцкай мыслі паняцце траістасці сілы, уладаючай светам, чым галоўна цікавілася школа платонікаў, ад якіх догма Тройцы перанята была хрысціянствам.
Пасля гэтага ўступу Іван Іванавіч падняў руку ўверх, паказваючы на малюнак, і сказаў:
– Пасярэдзіне скляпення бачым мы тут тры постаці славянскай, а лепей – дака-гецкай Тройцы. Першая з іх ёсць Найвельшы (Optimus), бацька багоў, не маючый наймення. Імёны, даваныя яму рознымі народамі: Баг, Бог, Дэос, Дзевае, Гот, Элохім, Алах-Адонай – гэта ўсё яго прыметнікі, як і нашае Найвельшы, бо імені яго нельга вымавіць. Чэсць яго ў нашым народзе сягае ў вельмі глыбокую мінуўшчыну. Можна сказаць, што большасць грэцкіх мітаў цесна звязана з нашымі прашчурамі гетамі, з якімі на берагах Дуная грэкі вельмі рана саткнуліся і, наўзаемна, дзяліліся тайнамі веды. Нават наш сягонняшні край быў вядом грэкам у той час, калі тварыліся ў іх першыя міты. Відаць гэта з Гамера і іншых паэтаў старой Грэцыі, асабліва ж з аповесцяў аб Апалоне і сыне яго Фаэтоне, якую аповесць перадаў нам пекным вершам рымлянін Вергілій, з мітаў аб Праметэю, Арфею, Эскулапу і інш. От жа ў старагрэцкіх пісьменнікаў знойдзем, што славяне верылі ў загробнае жыццё і па смерці сваёй мелі надзею бытаваць разам з Зямельчыцам[16], рэлігійным рэфарматарам, які жыў за 600-650 гадоў да нараджэння Хрыста[17].
Другая асоба славянскай Тройцы, адпавядаючая халдэя-вавілонскаму Эа, індускаму Вішну, – гэта Правечны Кон, які даў усяму жывому законы жыцця, назначыў кон, долю і акрэсліў канец, скон[18]. Як і ўсе багі, Правечны Кон меў многа розных эпітэтаў, якія няведамі прымаліся часам за яго ўласныя імёны. Да гэткіх імён яго належаць: Прова, Права, Тур. У адной старадаўнай саксонскай кроніцы маюцца малюнкі стараславянскіх багоў з часоў хрышчэння славянаў, між імі – рысунак стода з подпісам «Prouo». Гэты рысунак сведчыць, як хрысціянскія апосталы таго часу былі пранікнуты мазаізмам ды вавілонскімі харубамі і шайтанамі, а як мала ведалі тое, што нішчылі. Бо Кон-Прова-Тур не меў стодаў: яму пасвячаліся святыя дубы і гаі. У гэткія месцы, абгароджаныя і маючыя двое наўсупроцьных варотаў, сходзіліся ў канодныя дні старшыні народу спраўляць суды. У здарэнні, калі каго праследавалі, мог скрыцца ў загароду, хоць бы ён быў ворагам, яго ніхто не смеў крануць: бо права, праўда не на перавазе фізічнай сілы, ані на гвалце грунтуецца.
Трэцяя асоба славянскай Тройцы, адпавядаючая вавілонскаму Белу і індускаму Шыве, – ёсць Сіціўрат, Сіва. Халдэйцы лічылі Бела богам апраметнай, царства вечнай цемры, дома, «у які ўсе ўходзяць, але скуль ніхто не выходзіць». Індусы Шыву называюць мсціцелем. Цікава пры гэтым адмеціць адну асаблівасць, гэта тое, што індусы аддавалі чэсць Шыве – Ішвары ў мясцовасці Рудры, а славяне – Рэтры.
І каб мы не ведалі аб тым, што дака-гецкія міты праз грэкаў сягалі да Вавілоніі і Эгіпту з адной стараны, а да Індыі з другой, – то можна было б падзіўляць незвычайную прыпадковасць у сугуччы.
У санскрыце маецца эпітэт, даваны Шыве, – Гары, які вельмі сходзен з нашым Яры, Ярыла, Яравід. Сімвалам Сіціўрата (жыццявароту) – Ярылы быў нязгасны агонь – Жывец, Жынч, Зніч (знікомы), які меў свае вечныя алтары паўсюдна, куды сягала вера славянская. Летапісы ўпамінаюць аб такіх вечных агнях у Вільні, Вялікім Ноўгарадзе, а ў заходніх славянаў у Жніне, Гнезне і Жуліне на Паморы. Усюды, дзе існуюць або існавалі першыя хрысціянскія святыні, пасвячоныя прароку Іллі, яны былі будаваны на месцах вечнага агню. Бо Ілля заступаў у пачатках хрысціянства Ярылу. Цэрквы такія былі ў Менску, Віцебску, Смаленску, Полацку і іншых гарадах. Святары, служыўшыя Яраму, называліся ведунамі, вядачамі, вятачамі, вяцвягамі, бо яны прарочылі будучае. Няхай не дзівіць, што сіле мсцівай надаваўся эпітэт белага, яркага. Гэта дзеля ўласкаўлення яго. Бо ж дагэтуль, па старой памяці, народ называе агонь – багач, цяпло, святло, каб не ўквяліць грознай сілы. У мысль гэтага страшны Лясун носіць эпітэты Дабрахот, Зялун, а чорны балотны дух – Бялун, той, гэты і, ужо пад уплывам навейшага светагляду, нячысцік.
Сіле першапрычыннай, Найвельшаму, належыць пашана ад усяго жывога. Ён асновапаложнік, ён той, аб каторым пяе брамін у сваіх гімнах:
Я носьбіт і дарога, сведка і князь,
Айчына, прыяцель, прытулак;
Першапрычына, і цэль, і істасць рэчаў,
Я і захоўнік, і вечнае семя.
Калі Арфей, які быў з народаў гетаў, сяліўшыхся пад той час у Фракіі, панёс у Грэцыю навуку аб адзіным Найвельшым, то грэкі пыталі аракула, што такое Бог, якога прапаведуе Арфей? І аракул назваў Найвельшага святлом (rad), мыслю-словам (logos) і крыніцай жыцця (pneuma), якія імёны азначаюць – адзіную першапрычыну, святло духа, радасць без мучэння, першакрыніцу веды, увенчаную вышэйшай праўдай.
Правечны Кон даў права, закон людзям, звярам, птахам, полазам, рыбам, расцінам і наогул усяму, што жыве, родзіцца і памірае. Устаноўленыя ім законы вечны і непарушны. Галоўнае месца ў нашым краі, дзе складалі яму чэсць, быў Тураў і мясцовасць Скрыгалава, недалёка ад Турава, дзе дагэтуль захаваліся рэшткі так званых цыклапічных будоўляў у форме аграмадных каменных блокаў. Сімвалам справядлівасці ў славянаў лічыўся белы бык – тур.
І хоць даўным-даўно забылі нашы людзі старых багоў, але палеская (горадзенская) зямля дагэтуль мае ў сваім гербе тура, сімвал Правечнага Кону.
Пад гэтай Тройцай бачым мы, ніжэй, сем асоб з іх сімваламі: гэта ёсць сем галоўных сіл, уладаючых светам. Першая – Кон, Конязь, і яго сімвал сонца; другая – Княжыч, або Месяц, з сімвалам сваім – месік у маладзіку; трэцяя – Ярыла, і сімвал яго – гвязда Марс; чацвёртая – Радзігост, і яго сімвал – гвязда Меркурый; пятая – Пярун-Грамавік; шостая – Грамавіца, і яе сімвалы – гвязда Венера і пташка зязюля; сёмая – Лада, Ладон, і яго сімвал – гвязда Сатурн. Кожнай з гэтых сямёх асоб пасвячаны адзін дзень тыдня, аб чым сведчаць рунічныя надпісы пад кожнай асобай: нядзеля – соўнік, панядзелак – месіч, аўторак – ярэц, серада – радаўнік, чацвер – перунец, пятніца – грамніца, субота – ладзіч. Ніжэй гэтых сямёх асоб маецца дванаццаць сімвалаў, азначаючых 12 знакаў Задыяка, а пад імі – чатыры вятры, бытуючыя на чатырох канцах зямлі: Усток, які сухасцю тхне; Ірэй, прыносячы цяпло; Сутон, навяваючы хмары і дождж; Сівер, прыносячы сцюжу.
Сярэдні шлях малюнкаў завіраў у сабе сцэны з жыцця людзей, звяроў, птахаў, рыб, раслінаў і іншых на зямлі, у паветры, у вадзе з іх пераменамі і бытам.
У самым нізе было выабражана царства смерці, дом вечнай цемры з яго жыхарамі. На першым плане былі дзве галоўныя фігуры: Люцец, Люты (Pluto), або Кашча Бяссмертны, і яго жана – Марва. Першы выяўляў сабой худую, з вострымі людскімі рысамі і злымі вачыма пачвару, другая – мела старэчую жаночую галаву, на якой замест валасоў звіваліся сыкучыя змеі. Яе мясістае тулава апіралася на чатырох лапах і заканчвалася драконаўскім хвастом. Па-за гэтымі галоўнымі постацямі віднеліся пачварныя духі краіны смерці і бесканечны лік бледных людскіх постацей.