355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Дрэва вечнасці » Текст книги (страница 25)
Дрэва вечнасці
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 03:01

Текст книги "Дрэва вечнасці"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч


Соавторы: Сяргей Кавалёў,Міхайла Кацюбінскі,Эліза Ажэшка,Шата Руставелі,Алесь Наўроцкі,Барыс Мікуліч,Вацлаў Ластоўскі,Людміла Рублеўская
сообщить о нарушении

Текущая страница: 25 (всего у книги 31 страниц)

– Ссяку я гэтую вішню і зраблю з яе дудачку.

Ссек ён вішаньку, зрабіў з яе дудачку, едзе сабе ды грае, а дудачка тая спявае:

Не грай, паночку, не грай,

Сэрцайка майго не разрывай,

Мяне браты забілі,

Нож у сэрца ўсадзілі,

Чарапком вочы накрылі,

Пясочкам засыпалі,

Вішаньку замест крыжа пасадзілі...

[23]


Дзівіцца гэты пан, дзівіцца, а дудка просіць ды просіць, каб ён на ёй не граў...

– Ага-а! – зноў перапынілі старую некалькі здзіўленых галасоў.

– Так і спявала гэтая дудка, так і прасіла! Ну!..

Вочы бабы Настулі блішчалі, як сярэбраныя іскры, завялыя губы, здавалася, што раз, то больш дрыжалі ад жаху. Успёршыся на калені локцямі і расставіўшы рукі, яна баяла далей:

– Прыехаў пан у тую вёску, дзе жылі дурнявыя браты і бацька, ночка застала яго ў дарозе, дык ён прыйшоў да іх і просіць, каб дазволілі пераначаваць. Дазволілі яму пераначаваць, выпраг ён каня, увайшоў у хату і кажа гаспадару:

– Ехаў я, – кажа, – цераз такі ды такі лес, гляджу – ажно стаіць сабе вішанька, такая роўная ды высокая. Я гэтую вішаньку ссек і дудку з яе зрабіў. А каб ты ведаў, як гэтая дудка грае! Я ніколі яшчэ не чуў, каб дудка так грала. Вазьмі, стары, ды пайграй трошкі.

Узяў мужык дудку, пачаў на ёй граць, а яна спявае:

Не грай, татуля, не грай,

Сэрцайка майго не разрывай,

Мяне браты забілі,

Нож у сэрца ўсадзілі,

Чарапком вочы накрылі,

Пясочкам засыпалі,

Вішаньку замест крыжа пасадзілі.


Здзівіўся стары і даў дудку сынам сваім, каб яны на ёй зайгралі. Граюць яны, а дудка спявае:

Не грайце, брацікі, не грайце,

Сэрцайка майго не разрывайце,

Гэта вы мяне забілі,

Нож у сэрца ўсадзілі,

Чарапком вочы накрылі,

Пясочкам засыпалі,

Вішаньку замест крыжа пасадзілі.


Тады ўсе здагадаліся, што разумныя забілі дурня. Пайшлі на магілку, адгарнулі пясок і ўсё так знайшлі, як расказала дудка.

Тады гэтых братоў у канцылярыю забралі і ў турму пасадзілі.

Баба змоўкла, і ніхто і словам не аказаўся. Калаўроты круціліся паволі, паволі, а праз ціхае іх тарахценне чулася цяжкое ўздыханне. Здавалася, што з расказанай казкі выплылі прывіды забойства і пакарання і нябачнай хмарай павіслі ў духаце гэтай хаты. Адзін Аляксей, заўсёды ганарысты і вясёлы, з'едліва пасміхаўся і шаптаў Дзям'яну на вуха:

– Вось напалохаліся бабы! Ну, я ж ім яшчэ большага страху наганю!

Ён выйшаў ціха ў сені, а праз дзве хвіліны з трэскам расчыніў дзверы і гукнуў на ўсю хату:

– Людзі, ратуйце! Хто ў бога верыць, ратуйце! Бонк ідзе! Разбойнік Бонк ідзе! Вось-вось ужо прыйшоў! З вялікім вострым нажом прыйшоў! Гу, гу, гу!..

Дзяўчаты закрычалі і пахаваліся за прасніцы. Нават Хрысціна ўздрыгнула і з трывогай зірнула на дзяўчатак, што сядзелі каля яе ног. Ясік пранізліва завішчаў і схаваўся за шырокія бацькавы плечы. Мужчыны, хоць некалькі з іх і спалохаліся спачатку, хутка зразумелі, што гэта жарт, і грымнулі смехам. Гэта супакоіла і жанчын. Сур'ёзная Хрысціна абурылася:

Не дурыся, Аляксей! – прыкрыкнула яна на дзевера. – Ахвота табе людзей палохаць! Пасаромеўся б!

Аднак паніка прайшла не адразу. Відаць, усе прысутныя чулі ў той дзень пра Бонка. Хлопцы прывезлі з кірмашу страшныя гісторыі пра яго. Жанчыны наслухаліся іх. Ганулька прыціскала руку да сэрца.

– Б'ецца, ой як б'ецца і не можа ўтаймавацца! – стагнала яна.

Мажная Ульяна выцірала пот, што кроплямі выступіў на лбе.

Усе яны наракалі:

А каб цябе, Аляксей!.. Каб такога страшнага чалавека супраць ночы ўспамінаць... Яшчэ, крый Божа, і прыгаворыш! Яшчэ сапраўды калі прыйдзе...

– А што, і прыйдзе! З такім вялікім вострым нажом прыйдзе! – пацвельваўся мужчына.

– Ай! – зноў закрычала некалькі галасоў.

Годзе! – цвёрда сказала Хрысціна і, крутнуўшы мацней калаўрот, дадала: – От, заспявайма лепш.

Голас яе быў прыгожы, звонкі, сур'ёзны, як і сама яна. Усе ведалі, што хоць яна ўжо шаснаццаць год замужам, аднак вельмі любіць спяваць. Паволі ведучы з кудзелі доўгую, роўную нітку, яна звонка, спаважна завяла:

Ой, валы мае, ды палавыя,

Чаму ж вы не араце,

Ой, леты мае, леты маладзенькія,

Чаму ж вы марна ідзяце...


Хор галасоў – розных: серабрыстых і чыстых, пісклявых і фальшывых – ураз падхапіў:

Каб валам маім ды паша была,

То яны пааралі б,

Каб летам маім ды раскоша была,

То яны пагулялі б...


Песня лілася ў душнай хаце доўга, то ўздымалася, то ападала, нібы хваля. Калаўроты ўторылі ёй роўным, але павольным, прыцішаным тарахценнем. У святле лямпы залаціліся выведзеныя ніткі. Часамі на дзявочых грудзях пазвоньвалі каляровыя нізкі пацерак. Над дзяўчатамі віўся, узнімаўся ў комін блакітны дым папяросаў, што паблісквалі ў ценю, як іскры, а ў паўзмроку віднеліся касматыя галовы і вясёлыя вочы дзецюкоў. Дзве дзяўчынкі, што сядзелі абапал Хрысціны, выцягнулі голыя ногі бліжэй да агню, палажылі на матчыны калені галовы, закрытыя пасмамі льняных валасоў. Чырвоны Настулін чапец калыхаўся то ў адзін бок, то ў другі, ажно ўрэшце прыпаў да краю печы. Баба заснула.

Але якраз у гэты момант стары гаспадар, што адзін моўчкі сядзеў каля сцяны, расплюшчыў вочы. Нібы з нейкіх глыбіняў, аднаму яму вядомых, вынеслі яго на паверхню хвалі песні. Ён прыўзняў павекі і з аслупянелай упартасцю пачаў углядацца ў супрацьлеглы бок хаты. Нядаўна, калі Аляксей з трэскам адчыніў дзверы і гукнуў: «Бонк ідзе! Разбойнік Бонк ідзе!» – госць, які сядзеў побач з Аленкай, закалаціўся ўсім целам і ўсхапіўся, нібы падкінуты мінай. Настуліну казку ён слухаў з яшчэ большай увагай, чым раней загадкі, вачэй не зводзіў з бабы, пасміхаўся толькі часамі, пабліскваючы вачыма. Аляксееў крык вырваў яго з задумы. Госць усхапіўся, моцна сціснуў свой кій, што стаяў паміж каленяў. Кінуўся да дзвярэй. Але тут раптам пачуўся рогат, якім дзецюкі даводзілі, што яны прынялі за жарт Аляксеевы словы. Госць затрымаўся каля парога і нейкую хвіліну вадзіў па хаце памутнелымі вачыма. Ён глядзеў на сцены, на столь, на яркі агонь камінка, пакуль не спыніў позірк на старым, што нерухома сядзеў каля сцяны. Госць пачаў паволі апускацца долу. Ён прысеў за бочкай на таку, відаць, на хвіліну толькі прысеў, трымаючы свой кій у апушчаных руках. Увесь ён схаваўся за бочкай, пад якой толькі ўздымалася яго галава, а збоку пабліскваў сталёвы наканечнік кія. На гэтую галаву зірнуў Мікула, прыўзняўшы павекі, і ўжо не адрываў ад яе аслупянелых вачэй. У святле, што наўскос падала на яе ад агню, галава гэтая, акружаная прыцемкам, здавалася, вісела ў паветры і ўпарта, нерухома глядзела на старога Мікулу. Стары падняў руку да лба і раптам прашаптаў:

– У імя Айца і Сына...

Потым рука яго паволі пачала апускацца долу, абяссіленыя пальцы расчапіліся, ажно люлька высунулася з іх і ўпала на зямлю. Ён гэтага не заўважыў.

– Божа літасцівы! – зашаптаў ён зноў і, падаўшыся наперад усім целам, пазіраў на твар, які з другога канца хаты глядзеў на яго і рабіўся ўсё больш падобны на трагічную маску, худую, змарнелую. Косці на шчоках выпіралі пад упалымі скронямі. Твар гэты, поўны бязмежнай тугі, нібы застыў у ціхім рыданні. Скрыўленыя вусны былі моцна сціснуты, аднак ён гаварыў, выразна гаварыў старому:

«Татачка, ці вы пазнаеце мяне? Ох, татачка, успомніце, які я быў калісьці, і паглядзіце, які я цяпер!»

– Божа літасцівы, злітуйся над намі! – прашаптаў стары.

Каля печы зноў хорам выводзілі песню:

Ой, узыдзі, узыдзі, ясны месячэньку,

Як млыновае кола,

Выйдзі, дзяўчына, сэрца адзіна,

Прагавары да мяне слова...


Твар над бочкай, які нібы вісеў у паветры, выразна гаварыў старому:

«А памятаеш, тата, ой, ці памятаеш той летні сонечны дзянёк, калі ты на гару ўзыходзіў, на плячах несучы сетку з рыбай, а я за табою босы бег, і па пяску скакаў, і так крычаў ад радасці, што голас мой званочкамі разлятаўся па вёсцы, паміж соснамі над магілкамі?.. Памятаеш, татка, ой, ці памятаеш?..»

Песня каля печы пад шум калаўротаў мацнела, нарастала, здавалася, што сцены разнясе:

Як мне да цябе выйсці,

З табой гаварыці,

Калі людзі смяюцца,

Што мне з табой не жыці...


Галава над бочкаю, галава, што нібы павісла ў паветры, пачала паволі трэсціся, падміргваючы старому Мікуле вачыма.

«Не жыць мне з табою, тата, не жыць мне ў гэтай хаце, дзе хлеба заўсёды хапае і людзі ў згодзе жывуць, на вясёлыя вячоркі сыходзяцца і весяляцца. Я выпадкова сюды зайшоў, сам не ведаючы, куды іду, абы толькі далей зайсці, уцячы ад таго, што мяне падганяе, ой, так падганяе, ажно мароз па спіне ходзіць, а то агнём пячэ... Я выпадкова сюды прыйшоў і не вытрываў, у хату зайшоў. Ды мне тут не жыць... Я устану зараз і пайду, бо шмат грахоў на свеце нарабіў, дык нельга, каб за іх ды не было ніякага пакарання, тата... Ты ж сам сказаў і асудзіў, што нельга...»

Услед за галавой, што трэслася за бочкай, пачала трэсціся таксама галава старога. Як быццам адказвала, паўтарала:

«Нельга, сынок, ніяк нельга!»

Раптам стары, але дужы Мікула правёў вялікай, жылістай рукой па вачах і пачаў шаптаць заклінанне:

– То і згінь, прападзі, калі ты такі... Цьфу, прывід з таго свету! Якая нячыстая сіла водзіць цябе па свеце? Згінь, прападзі!

Ён павярнуўся шырокімі плячыма да хаты, а да сцяны – тварам, такім змрочным і грозным, нібы навальнічная хмара.

– Згінь і прападзі, калі ты такі... – паўтарыў ён.

Стары прыхіліўся да сцяны вялікім аблыселым ілбом, на якім сабралася можа сотня маршчын і складак. Ён ужо нічога не хацеў ведаць.

Вясёлая, гарэзлівая песня напоўніла хату:

У полі крыніца,

У ёй вада сачыцца,

Малады малойчык

Вельмі лайдачыцца.

Рабіць ён не хоча,

Ані працаваці,

Толькі піць-гуляці,

Дзевак намаўляці.


На гэты раз спявалі адны жанчыны. Дзецюкі не толькі не ўторылі ім, як раней, але нават і спеву іхняга не слухалі. Можа, пакрыўдзілі іх жарты з «маладога малойчыка»? Ці, можа, больш пільная, чым песні, справа прыйшла ў іхнія галовы? Яны сабраліся цеснай грамадой, шапталіся пра нешта паміж сабою, часамі выкрыквалі паасобныя словы. Раптам песня абарвалася на палавіне страфы, нібы хто стужку нажом перарэзаў, і ў цішыні, што агарнула хату, пачуўся смелы, ганарысты Аляксееў голас:

– А пашпарт, пане, у вас ёсць? Пакажыце, пане, пашпарт, каб мы ведалі, хто вы такі!

Стары Мікула зноў павярнуўся тварам да хаты, палажыўшы на калені вялікія рукі, сядзеў выпрастаны і з-пад цяжкай хмары маршчын пазіраў на тое, што рабілася ў хаце.

Амаль каля самых дзвярэй шэсць мужчын акружылі бочку, над якой некалькі хвілін таму назад уздымалася толькі госцева галава. На чале мужчын стаяў Аляксей, у расшпіленым кажусе, з папяросай у зубах. Ганарыста адкінуўшы галаву, ён звяртаўся да госця. Іншыя паўтаралі за ім:

– Пашпарт пакажыце! Цяпер без пашпарта нікому не дазволена валачыцца па свеце...

– Можа, ты Бог ведае хто, – груба, панура крыкнуў бондар, – а мы адказваць будзем за тое, што цябе не злавілі...

– Можа, ты той самы Бонк, якога ловяць за нявінную людскую кроў, – намагаючыся перакрычаць іншых, загаварыў Дзям'ян. Нездарма называлі яго разумным Дзям'янам. Гэта ён першы, зірнуўшы на госця, што сядзеў за бочкай, шапнуў Аляксею і бондару, нібы загадваючы новую загадку:

– А можа, гэта Бонк?

З-за бочкі ўсхапіўся чалавек. Люта, як у загнанага звера, заблішчалі яго вочы, ноздры раздзьмуліся, ён моцна вылаяўся. Усхапіўся, кій з жалезным наканечнікам падняў і, размахваючы ім шырока, кінуўся да дзвярэй. Але хлопцы ўмомант схапілі яго за рукі. Пачуліся крыкі:

– То ты такі! Замест пашпарта кій нам паказваеш! Ого-го! Добрая ты, відаць, птушка...

– Бонк, напэўна, Бонк! Лавіце, трымайце!

– Трымайце, людзі, хто ў бога верыць, не пускайце яго!

Перапалоханыя, анямелыя ад жаху дзяўчаты збіліся чародкай каля печы, нібы авечкі. Ульяна ад страху нават на печ палезла. Дзве дзяўчынкі прыпалі да зямлі і схавалі тварыкі ў матчынай спадніцы; маці стала перад агнём і, склаўшы на грудзях рукі, глядзела цёмнымі, задуменнымі вачыма на тое, што рабілася каля дзвярэй. Толькі баба Настуля нічога не бачыла і нічога не чула. Прысланіўшы да печы галаву, яна спала, часам толькі нешта мармычучы ці падпяваючы.

Каля дзвярэй ішла тузаніна. Госця не так лёгка было схапіць. Моцны, пругкі, хоць і худы, натрэніраваны ў бойках, ён вырываўся з рук, што хапалі яго, біў нападаючых локцямі і нагамі. Ад гэтага яшчэ больш расла іх заўзятасць. Хлопцы крычалі і лаяліся. Нарэшце Аляксей першы, а за ім бондар – самыя заўзятыя або самыя дужыя – абхапілі яго так моцна і спраўна, што той і паварушыцца не мог.

– Пастронкі! – крычалі яны. – Гэй, бабы, пастронкі давайце!

Хрысціна аднак не расчапіла рук. Яна глядзела, глядзела, а задуменныя вочы нібы паўтаралі:

«Такі ж і гэтага маці калісьці на руках насіла і калыхала!»

Ад печы пачуўся дрыготкі голас соннай бабы Настулі:

Не грайце, браточкі, не грайце,

Сэрцайка майго по разрывайце...


А з чарады мужыкоў пачуўся пакорлівы, умольны голас, што дрыжаў ад страху:

– Пусціце мяне, людзі добрыя, калі ёсць бог у вашых сэрцах. Я вам нічога дрэннага не зраблю, пайду адсюль, адразу пайду навечна, з вачэй прападу, толькі пусціце. Ой, пусціце!..

Мужчыны зарагаталі здзекліва, пагрозліва і зноў загадвалі бабам прынесці пастронкі. Але старога Мікулу гэты дрыготкі, умольны голас, што даносіўся ад дзвярэй, нібы чароўнай сілай падняў з лавы. Гаспадар устаў ва ўвесь рост, замахаў рукамі, разявіў рот і, нічога не сказаўшы, зноў сеў на лаву. Баба Настуля зноў ціха заспявала праз сон:

Не грай, татачка, не грай,

Сэрцайка майго не разрывай,

Мяне браточкі забілі...


Аляксей пабег у сені, відаць, па пастронкі, якіх жанчыны не падавалі. Злоўлены зноў пачаў тузацца і трохі выхіліўся з рук, што акружылі яго. Ён змалеў, скурчыўся, плечы ў яго хадзілі, і галава была ўтулена ў плечы, нібы скура яго ўздрыгвала пад ударамі бізуноў. Твар смяртэльна збялеў, вусны скрывіліся, скура па лбе захадзіла – то паднімалася да залацістых валасоў, то ападала да вачэй, якія кідалі навокал умольныя позіркі. Здавалася, што пакуты ўсяго свету ўвасобіліся ў ім, гэтым убогім гаротніку.

– Я выпадкова да вас зайшоў, – задыханым голасам гаварыў ён, – выпадкова, на гадзінку, без ніякага дрэннага намеру... Каб толькі адпачыць... І я адразу пайду... пайду... Нічога дрэннага не зраблю... Толькі пусціце мяне, калі ў вас бог у сэрцы ёсць, калі хоць кропля літасці... Дзеля збавення душы... пусціце... Дзеля пакут Хрыста нашага... Ой, людзі!..

Хрысціна ўголас прагаварыла:

– А такі ж і гэтага маці калісьці на руках насіла і калыхала...

А побач, амаль каля самай зямлі, сонная баба Настуля мармытала напеўна:

Браточкі мяне забілі,

Нож у сэрца ўсадзілі...


– Годзе! – пачуўся над усімі галасамі голас, прызвычаены загадваць. – Годзе! Пусціце яго, расступіцеся і пусціце!

Мікула зноў устаў з лавы, ды ўжо не апаў на яе, як раней, але цяжкі, вялікі, у белай вопратцы, падперазанай цвёрдым поясам, выпрастаны, хоць і апусціўшы да грудзей галаву, ён выйшаў на сярэдзіну хаты.

– Пусціце яго і расступіцеся! – паўтарыў ён.

Пастаяўшы хвіліну, здзіўленыя мужчыны нерашуча расступіліся. Адзін Аляксей, які вяртаўся з вяроўкамі з сяней, паспрабаваў супраціўляцца:

Гэта ж Бонк, бацька! Далібог, Бонк!

Стары змрочна зірнуў на яго.

– Маўчы! – сказаў ён і падняў свае бліскучыя ад гневу вочы на чалавека, што стаяў, згорбіўшыся, перад ім.

Ідзі, – сказаў ён, – ідзі...

Хвіліну пазней ён закончыў:

І больш не грашы!

Аднак той не ішоў. Глядзеў на старога, а потым, ступіўшы шырока наперад, рынуўся на зямлю і прыпаў вуснамі да вялікай, босай, запыленай Мікулавай нагі. Слёзы гарохам каціліся па шчоках старога. Мікула хутка засунуў руку за кашулю, у руцэ яго зашамацелі паперкі. Ён нахіліўся да ляжачага і адразу выпрастаўся.

Больш не грашы! – паўтарыў ён і настойліва, нібы ад страху, прагаварыў некалькі разоў:

Ідзі... ідзі ж... Хутчэй ідзі...

Праз момант, сплятаючы вялікія рукі, дакончыў шэптам:

З Богам!..


***

Ноч была цёмная, неба закрывалі хмары, не свяцілася ніводная зорка. Гойсаў свавольны вецер, круціў, уздымаў угару слупы грозных шумаў, стогнаў, завыванняў, посвісту, спяваў у глыбокай катлавіне, на дне якой ляжала шырокае рэчышча замерзлай ракі. Нізка над самым рэчышчам зноў ішоў чалавек, зусім самотны.

На цьмяным фоне снегу ён быў падобны на тонкую рысу, якая хутка перасякала густую, аднак не такую чорную, як яна, цемру. Высокія сцены, што ўзвышаліся паабапал катлавіны, рабілі чалавека яшчэ меншым. Ён здаваўся маленькай драбніцай, якая плыла па моры бязмежнай велічыні. Вялікае мора ночы і адзіноты абдымала яго з усіх бакоў. Моцны, шумлівы вецер, здавалася, нясе яго па гэтым шырокім, дзікім, змрочным свеце, перад сілай, пагрозай і веліччу якога ён быў кропляй, крушынкай, зярняткам пяску, каліўцам травы, якое ўпала ў бездань...

1887

Сяргей Кавалёў

Звар'яцелы Альберт

П'еса-містыфікацыя ў дзвюх дзеях па матывах твораў Яна Баршчэўскага

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Пан Альберт.

Пані Амелія.

Шляхціц Завальня.

Селянін Тамаш.

Лёкай Карпа.

Пакаёўка Агапка.

Чарнакніжнік.

Белая Сарока.

Цмок-Малойца.

Нікітрон – Дух агню.

Плачка.

Рыбары.

Нябожчыкі.

Пачвары.

Прывіды.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Карціна першая

Вітальня панскага дома ў маёнтку Магільна. Стол, крэслы і іншыя хатнія рэчы з бярозы, простыя, але зручныя. На сценах у ракітавых асадах – абразы Збавіцеля і Маткі Божае. Некалькі дзвярэй у суседнія пакоі.

За сталом сядзяць шляхціц Завальня і селянін Тамаш, п'юць гарбату і вядуць нетаропкую, душэўную гаворку.

Тамаш. Што дзеецца на свеце, пане Завальня! У суседняй вёсцы ў селяніна нарадзіўся сын, дык адразу сеў і гучным голасам закрычаў: «Дайце есці!» Перапалохаліся ўсе, аднак жа адрэзалі яму паўбохана хлеба, а ён, вокамгненна ўсё з'еўшы, плюхнуўся ў кадзь з вадой. Бацькі кінуліся ратаваць, а выцягнулі рыбіну. Пабеглі да святара, той ураз прыехаў і калі перажагнаў гэтую рыбіну, дык яна зноў ператварылася ў немаўля. Старыя людзі кажуць, што калі прасіў есці, дык не хлеба трэба было даваць яму, а камень, бо інакш будзе неўраджай і голад.

Завальня. Неўраджай і голад у нашым краі – апошнім часам не навіна, Тамаш. Заўсёдная нядоля да таго запала ўсім у памяць, што ўсё незразумелае ў нас – знак няшчасця.

Тамаш. А яшчэ распавядалі мне ўчора пра адну выкрутлівую карчмарку, якая не трымала ніякак жывёлы, але спраўна прадавала масла і сыры ў мястэчку. Пасля адкрылася, што шляхам варажбы забірала яна малако ад кароў з навакольных вёсак: апоўначы вешала белы ручнік на плот, падстаўляла вядро і з двух канцоў гэты ручнік даіла. Малако лілося ў посуд, і карчмарка хутка напаўняла ўсе збанкі сырадоем.

Завальня. Цяперашнія няшчасці і безвыходнасць – урадлівая глеба для з'яўлення злых духаў і варажбітоў. Калі б падняўся з магілы хтосьці з нашых прадзедаў і ўбачыў сучасныя звычаі, дык не пазнаў бы свае бацькаўшчыны. Яму б здалося, што ўстаў з мёртвых недзе ў чужой краіне – да якіх часоў дажывуць нашыя дзеці?

Тамаш. Гэх, зараз паны не дбаюць, каб іх людзі былі набожныя і жылі сумленна, бо самі забыліся на веру і абавязкі хрысціянскія. Вось стары пан Марагоўскі дбаў пра сваіх сялян, ведаў, як хто працуе, як хто рупіцца пра зямлю, і таму кожны меў увесну столькі насення, колькі яму трэба было. А калі пан Альберт па смерці свайго бацькі ў маёнтку заўладарыў, усе мы гора зазналі.

Завальня. Як палёр бацька, вырваўся пан Альберт у свет, бавіўся на балях і пагулянках, са сваімі прыяцелямі гуляў у карты і тыя спрытна вызвалялі яго кішэні ад грошай. Хацеў здзівіць суседзяў сваёю раскошаю, меў лёкаяў колькі хацеў, меў добрых коней, выпісваў модныя карэты, дарагія замежныя віны...

Тамаш. Пзўна, новы гаспадар не прыслухоўваўся да парадаў пана Завальні, якія з удзячнасцю прымаў стары пан Марагоўскі.

Завальня. Пан Альберт не слухаўся ні маіх парадаў, ні просьбаў свае нарачонае паненкі Амеліі. I вось сёння маёнтак увесь у даўгах, даймаюць нас праз суд шмятлікія крэдыторы, вымагае нясплочаныя за колькі гадоў падаткі ўрад. Паненка Амелія, якая з маленства выхоўвалася ў доме пана Марагоўскага і была яму за родную дачку, у роспачы і адчаі пакінула нас і з'ехала ў маёнтак свайго дзядзькі, пана Фрацкевіча. Але самае жахлівае тое, што пан Альберт не шукае сумленных шляхоў, каб выкараскацца з даўгоў, а спадзяецца на шчаслівую фартуну і пры выпадку не адмовіцца ад круцельства і ашуканства. Ніколі не ведаеш, дзе ён бадзяецца да позняе ночы сёння, што прыйдзе яму на розум заўтра.

На двары нехта грукае ў браму, брэшуць сабакі, чуюцца галасы. Забягае лёкай Карпа.

Карпа. Пан Альберт вярнуўся! (Выбягае.)

Тамаш. Пра пана памоўка, а пан на парог!

Шляхціц Завальня выбіраецца з-за стала, каб павітаць гаспадара, Тамаш хаваецца ў глыб пакоя. Уваходзіць пан Альберт, услед за ім – лёкай Карпа. Карпа дапамагае пану Альберту распрануцца, той знакам загадвае лёкаю выйсці. Карпа пакідае пакой.

Завальня. Маё шанаванне пану! Як пан правёў вечар і што новага пабачыў у свеце?

Альберт(ківае галавой у адказ на прывітанне). Вечар прайшоў сумна і нецікава, як і заўсёды, калі не шанцуе ў карты, а даўгі не змяншаюцца, а павялічваюцца. Нічога новага ў свеце я сёння не пабачыў, затое пачуў нешта вартае ўвагі. Памёр стары пан Фрацкевіч.

Завальня. Божухна, зусім сіратой засталася паненка Амелія! Спачатку смерць прыбрала яе бацькоў, а цяпер вось і дзядзьку, царства яму нябеснае.

Альберт. Даведаўся я, што па тэстаменту да Амеліі адышла ўся маёмасць нябожчыка і дзве тысячы талераў. Хачу ўзяць з Амеліяй шлюб і атрымаць за ёй багаты пасаг. Таму збіраюся заўтра ў адведзіны да яе і прашу пана аканома мяне суправаджаць. Спадзяюся, мая нарачоная забудзецца на старыя крыўды і непаразуменні.

Завальня. Ці да таго зараз няшчаснай дзяўчыне? Звычай патрабуе пасля смерці блізкага не спяшацца з вяселлем. Лепш пану Альберту пачакаць з залётамі.

Альберт. Я б пачакаў, але не хочуць чакаць мае крэдыторы. У іх іншыя правілы.

Завальня. Не магу адмовіць гаспадару, але папярэджваю: калі б паненка Амелія спытала парады ў мяне, мой адказ быў бы не на карысць пану Альберту. Бог даў гэтай дзяўчыне не толькі пекную знешнасць, але і глыбокі розум, чуйнае сэрца – думаю, яна зразумее вашыя сапраўдныя інтарэсы і не дасць згоды на шлюб, хоць у глыбіні душы, мажліва, кахае вас з маленства.

Альберт. Ну што ж, прыйдзецца мне пашукаць іншага памагатага ў гэтай справе. А разам з тым – і новага аканома.

Завальня. Пан Альберт ведае, што ў маёнтку мяне трымае апошнім часам толькі слова, дадзенае паміраючаму пану Марагоўскаму: не пакідаць яго сына ў цяжкую гадзіну.

Альберт. Ах, няўдалая гульня стаміла мяне і ўшчэнт сапсавала настрой. Не звяртайце ўвагу на мае словы, пане Завальня, збірайцеся ў дарогу, і будзем лічыць, што я пажартаваў... на гэты раз. А зараз пакіньце мяне, трэба перад заўтрашнім днём адпачыць.

Пан Альберт сядае за стол, абхапіўшы галаву рукамі. Завальня і Тамаш, на якога ўсе забыліся, накіроўваюцца да выхаду.

Завальня(ціха). Няшчасце чакае паненку Амелію, калі, крый Божа, дасць згоду гэтаму ветрагону. Хаця і ёсць прыказка: хто ажэніцца, той пераменіцца.

Тамаш(шэптам). Не, пане дабрадзею, кажуць людзі, што калі родзіцца жарабя з лысінкай, дык з той самай лысінкай і ваўкі з'ядуць.

Выходзяць.

Пан Альберт узнімае галаву і аглядае апусцелы пакой.

Альберт. Фартуна канчаткова адвярнулася ад мяне. Зусім нядаўна без шкадавання раскідваў жмені грошай направа і налева, а зараз вымушаны шукаць шлюбу толькі дзеля таго, каб атрымаць дзве тысячы талераў і сплаціць частку даўгоў і падаткаў. А што, калі ганарлівая дзяўчына сапраўды адчуе няшчырасць, пра ўсё здагадаецца і не дасць свае згоды на шлюб? Ах, падзякаваў бы і д'яблу, калі б паспрыяў ён мне ў справах і дапамог здзейсніць задуманае!

На далёкай вежы б'е дванаццаць, адмярае поўнач гадзіннік у куце вітальні, патухаюць на імгненне васковыя свечкі, і ў пакоі невядома адкуль з'яўляецца худы, бледны незнаёмец у доўгай чорнай вопратцы.

Чарнакніжнік. Пачуў я твае памысныя словы і гатовы табе дапамагчы.

Альберт(спалохана). Вох! Які жахлівы твар! Відаць, перада мною злы дух!

Чарнакніжнік. Не крычы, я падобны да цябе і магу табе шмат карыснага зрабіць.

Альберт. Хто ты?

Чарнакніжнік. Я – Чарнакніжнік. Я днём спачываю, а пасля захаду сонца блукаю па свеце і выведваю, пра што людзі думаюць, пра што гавораць, што ядуць і п'юць. Маю вока зыркае, а слых такі тонкі, што нават за мураванаю сцяною магу чуць шэпт. Па рысах твару пазнаю характары людзей, змушаю іх гаварыць паміж сабою і памятаю пра ўсё. Заходжу праз маленькую шчылінку, і дзверы не рыпяць, калі іх адчыняю, а сабакі не брэшуць, калі праходжу паўз іх.

Альберт. А сюды чаго ты прыйшоў?

Чарнакніжнік. Я дапамагу табе пабрацца з Амеліяй і атрымаць за ёй маёнтак і дзве тысячы талераў.

Альберт. А якую ўзнагароду запатрабуеш ты за свае паслугі?

Чарнакніжнік. Я чалавек беспрытульны, а для алхімічных вопытаў мне патрэбны невялікі пакойчык. Дазволь мне пасяліцца ў тваім доме, пра астатняе ж не клапаціся.

Альберт. Заўтра збіраюся ехаць да Амеліі з прапановаю шлюбу...

Чарнакніжнік. Тады – за справу. Мы зробім так, што паненка абавязкова дасць сваю згоду. Чорныя духі дапамогуць нам. Нічога не бойся і нічому не здзіўляйся.

Чарнакніжнік вымае са складак адзення вялізную, у старадаўняй вокладцы кнігу і кладзе на стол. Малюе на падлозе крэйдай магічнае кола, цэнтр пазначае трохкутнікам. Пасля вымае чорную свечку, крывы нож і вяроўку, падыходзіць да пана Альберта.

Чарнакніжнік. Для варажбы спатрэбіцца кропля твае крыві.

Альберт(насцярожана). Дзіўныя і богапраціўныя рэчы вырабляеш ты, Чарнакніжнік! Ці не будзе мне ад гэтага якой шкоды?

Чарнакніжнік. Шкоды ад гэтага не будзе ніякае. Ты ж такі, як і я. Пабачыш і не такія дзівосы, калі бліжэй пазнаёмішся з чорнай магіяй.

Чарнакніжнік праводзіць лязом нажа па руцэ пана Альберта. Кладзе акрываўлены нож і вяроўку ў цэнтр магічлага кола, стаўляе туды чорную свечку. Схіляецца над раскрытай кнігай і варожыць над ёй.

Свечка загараецца сама па сабе яркім полымем, валіць куродлівы дым, раптоўна чорная свечка гасне, разам з ёй і ўсе астатнія свечкі ў пакоі.

Пана Альберта і Чарнакніжніка паглынае цемра.

Калі змрок крыху рассейваецца – узнікае спачывальня паненкі Амеліі. Вакол ложка дзяўчыны снуюць у паўзмроку розныя прывіды, народжаныя варажбой Чарнакніжніка. Паволі іхняя хаатычная мітусня афармляецца ў асэнсаваны сюжэт: ігральныя карты накідваюць вяроўку на шыю пана Альберта і збіраюцца яго павесіць.

Голас Альберта. Амелія, я гіну. Дапамажы мне, Амелія. Ты, толькі ты можаш выратаваць мяне...

Паненка Амелія на імгненне прачынаецца, прывіды хаваюцца па цёмных кутах спачывальні, знікаюць.

Амелія. Божухна, які кашмарны і ў той жа час рэальны сон! Няўжо нешта здарылася з Альбертам? Гэтыя карты хацелі яго задушыць, а ён клікаў мяне на дапамогу. Але што я магу зрабіць, калі ён сам адштурхнуў мяне і насмяяўся над маімі пачуццямі?

Стомленая Амелія засынае. А вакол ложка зноў пачынаюць снаваць прывіды, але цяпер іх мітусня афармляецца ў іншы сюжэт: пана Альберта, апранутага ў акрываўленую, разарваную кашулю, акружаюць раз'юшаныя вярцепныя фурыі з крывавымі нажамі ў руках.

Голас Альберта. Амелія, я паміраю. Не пакідай мяне, любая, даруй былыя крыўды, выратуй каханнем і чысцінёй сваёй...

Паненка Амелія са стогнам прачынаецца, прывіды разбягаюцца, знікаюць.

Амелія. Маці Божая, што за жудасны сон! Распусныя кабеты замахваліся крывымі нажамі на Альберта, і кашуля яго была ў крыві. Назваў мяне «любаю» і прасіў не пакідаць яго. Як мне выратаваць цябе, Альберт, як вырваць з аблуды і маны, вярнуць да чысціні і цноты? (Зняможаная, падае ў ложак і засынае.)

Новае з'яўленне прывідаў. На гэты раз прывід пана Альберта стаіць, звязаны над складзеным вогнішчам, вакол яго мітусяцца пачвары, якія перадаюць адно аднаму палаючую паходню і ўсё бліжэй пасоўваюцца да вогнішча, вось-вось падпаляць яго.

Голас Альберт а. Маліся за мяне, Амелія. Паглынае душу маю холад, а цела – агонь, і ўсе адступіліся ад мяне. Няўжо і ты, каханая, пакінеш мяне, не падасі рукі сваёй...

Паненка Амелія ўсхопліваецца з ложка, прывіды знікаюць, спачывальню залівае ранішняе святло. Амелія сядзіць на ложку, абхапіўшы галаву рукамі, хістаецца то ў адзін, то ў другі бок. У спачывальню ўрываецца ўсхваляваная пакаёўка Агапка.

Агапка. Паненка Амелія, паненка Амелія! Уставай-е хутчэй, гаспадыня! Прыехалі пан Альберт прасіць вашае рукі!

Амелія. Так, рукі... Вось мая рука, любы!

Заслона

Карціна другая

Праз месяц у вітальні панскага дома ў маёнтку Магільна. Дзверы ў адзін з суседніх пакояў завешаны чорным мошастам, дзверы ў другі – белым ядвабам. З белых дзвярэй выходзіць самотная пані Амелія з кніжкай у руках, сядае за стол і спрабуе засяродзіцца на чытанні.

Амелія(адрываецца ад кнігі). Дзіўна, колькі ні бяру я ў рукі гэты томік вершаў – заўсёды трапляю на радкі, сугучныя маім маркотным думкам і настрою. (Чытае ўголас):

Гэты свет мне пустэльняю дзікай здаецца,

Ні душу, ані вока няма чым спатоліць;

Жаль у сэрцы, а думка бязлітасна б'ецца

У бяссонныя ночы, а ўдзень яшчэ болей.



Уваходзіць шляхціц Завальня, прыслухоўваецца да верша, што чытае пані Амелія.

Завальня. Што я чую: у такой маладой, прыгожай пані такія невясёлыя, змрочныя думкі!

Амелія. Ах, гэта вы, пане Завальня! Мусіць, каб не было ў гэтым доме вас, я б даўно звар'яцела тут ад адзіноты і холаду. Але, бачу, вы сабраліся ў дарогу і хутка пакінеце мяне?

Завальня. Так, зайшоў развітацца. Выпраўляюся ў горад па даручэнні пана Альберта. Вязу грошы, каб сплаціць скарбавыя падаткі і вярнуць крэдыторам частку даўгоў. У гэтую бяздонную прорву знікне ўвесь твой пасаг, дачушка.

Амелія. Не шкада мне гэтых грошай, шкада свайго жыцця, загубленага з-за іх. Ах, як я магла так падмануцца, паверыць нейкім дзіўным снам, спадзявацца на каханне пана Альберта! Заўсёды ён неспакойны і злосны, мая рэдкая ўсмешка здаецца яму здзеклівай і падазронай, маю прагу да кніжак ён называе дзівацтвам і глупствам. Малітвы, якім навучыла мяне маці, гучаць яму дакорам і даводзяць да шаленства.

Завальня. Прызнаюся, і мяне здзівіла тады твая згода, бо шкадаваў цябе і спадзяваўся, што адмовіш пану Альберту. Бачу цяпер, што, ажаніўшыся, мой гаспадар не змяніўся ў лепшы бок. Праўду казаў Тамаш: калі радзілася жарабя з лысінкай, дык з той самай лысінкай і ваўкі з'ядуць.

Амелія. А мне кожнае начы сняцца кашмары, кожную ноч з'яўляецца ў сне нейкі чорны чалавек: худы, бледны, з вялізным, вострым носам, як у драпежнае птушкі, з густымі брывамі, з валасамі, чорнымі, бы крумкачовыя пёры, з поглядам такім пранізлівым і калючым, што цяжка вытрымаць, калі глядзіць табе проста ў вочы. I толькі калі я прачынаюся і, спалоханая, жагнаюся – жудасны прывід знікае і тае начы болей не прыходзіць...

Завальня. Нейкая чорная меланхолія зацьміла тваю душу, дачушка. Не сумуй і не бяры ўсё так блізка да сэрца. Буду ў горадзе, зазірну ў краму і набуду табе колькі новых кніжак грэкаў ды рымлянаў, якіх ты так любіш чытаць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю