355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 6)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 28 страниц)

4

Неўзабаве Ганна ўжо сядзела каля Хадоські перад комінкам, на якім палала, чадзела лучына. «Канапляначка», схіліўшы галоўку з залацістым пушком над ілбом і каля вуха, па-дзіцячы выпінаючы добрыя губы, старанна вязала рукавіцу. Тут жа, каля комінка, падсунуўшы да агню ўслон, на якім тырчала прасніца з барадой кужалю, сядзела і маці, цётка Аўдоцця. Маці прала – адставіўшы руку, цягнула і цягнула пальцамі з «барады» на прасніцы кужаль, спрытна звівала яго ў нітку. Нітка ўсё даўжэла, бегла і бегла на верацяно, што круцілася, скакала ў яе руках, як бы ў цудоўнай полечцы.

Хадосьчын бацька Ігнат, чарнявы, сіваваты, ускудлачаны, гнуўся трохі ўбаку, час ад часу пакрыкваў на жонку, што мяняла паставу, засланяла святло, – каб адхілілася.

– Ціхо бо ты, старое верацяно! – зазлаваў ён нарэшце.

Жонка адхілілася, прымірэнча сказала:

– Што ты ўсё бурчыш, стары лапаць? Як, скажы ты, іголкі збірае.

– Іголкі не іголкі, а і на лапаць – нібыто – святла трэба…

Ён корпаўся з выслізганым вастрадзюбым подплеткам і лазоваю дзяжкаю – плёў лапаць.

Дзеці, дзве Хадосьчыны сястрычкі і брат, сядзелі на печы, то гаманілі аб нечым, то спрачаліся, але як толькі ў спрэчку ўмешваўся знізу грозны бацькаў голас, адразу ўціхалі…

Можна сказаць, Ганна адна тут была без справы, і яна шкадавала, што не ўзяла нітак: магла б таксама не марнаваць часу, павязаць. Ганна і Хадоська гаварылі мала, навін ні важных, ні дробных не было, гаварыць тут пра сардэчныя клопаты, пра Васіля нельга было, і яны найбольш маўчалі. Ганна то сачыла за тым, як Хадоська вяжа, як цётка Аўдоцця прадзе, то спрабавала пражу, хваліла, то глядзела на іх саміх, параўноўвала. Яны былі вельмі падобныя адна на адну, «канапляначка» і матка. Абедзве нізкарослыя, з кароткімі спрытнымі рукамі, абедзве як бы гладкія, мяккія. «Як булкі», – успомнілася раптам, што сказаў Хадосьцы Яўхім. У абедзвюх на тварах, таксама мяккіх, светлабровых, быў адзін добры, лагодны выраз, толькі ў Хадоські быў ён больш ясны, чысцейшы. І давер'я больш было ў яе вачах, і каса была гусцейшая, цудоўная, русявая, з водбліскам золата каса, што ляжала на плячы… І нейкая радасць, патаемная, шырокая, якую ёй цяжка трымаць. Што за радасць?..

– Ой, Гануля, кеб ты знала!.. – схілілася раптам да Ганнінага вуха Хадоська, ціха-ціха прашаптала: – Я заўтра іду к яму!.. Малаціць!..

Ганна прытулілася да сяброўкі, але не вясёлая, а здзіўленая.

– Я ж – таксамо!.. Адрабіць доўг трэба!

– Ну, і нам – доўг. Але ето ўсё адно! Ён хацеў, штоб прыйшла я!.. Так і сказаў!..

– От і добра! Будзем удзвюх! – спакойна адказала Ганна.

– Што ето вы там шэпчацеся? – лагодна, без крыўды папракнула цётка Аўдоцця. – Ой, чую, пра кавалераў! Не інакш, пра кавалераў: то-та унь мая такая вясёлая, вочы – як тыя вугалькі…

– Скажаце вы, мамо!

– А што ж, дзеўка нібыто ў саку, – азваўся бацька. – Толькі от жаніхоў нешто няма.

– Будуць! Дай выраўняцца! Яблуко ж яшчэ горкае, зялёнае. Вырасце – адбою не будзе, чую!

– Скажаце! – Хадоська пяшчотна тузанула маці за руку, загадала маўчаць…

Вярталася Ганна дамоў тою ж слізкаю дарожкай цераз мокрыя агароды і платы, пад тым жа бясконцым дажджом. У чарнаце ночы думала пра Хадосьчыну радасць, пра заляцанні да абедзвюх. «Глядзі ты, Корч які спрытны: адразу ў дзвюх меціць!..» – мімаволі падумалася ёй, але думку гэтую тут жа змяніла развага: з чаго яна ўзяла, што Корч меціць і ў яе? Паплёўся адзін раз услед – паглядзець, не інакш, хацеў, якая яна бліжэй, ці такая, за якую ўдае сябе. Падступіцца паспрабаваў, як бы па-добраму, каб пасмяяцца потым, а яна, недарэка, паверыла, што ён напраўду ўсё кажа. Разгубілася, як малая, руку вырваць з яго рукі забыла, язык прыкусіла! А ён, можа, вярнуўся ды смяяцца стаў з яе, даверлівай дурніцы. І заўтра смяяцца будзе!..

І ўсё ж, не зважаючы на гэтыя думкі, яна глядзела цяпер на працу сваю ў Карчоў без асаблівай трывогі. Што ёй з таго, што здарылася ў той вечар, хіба ж яна не можа трымацца з Карчом так, як бы ў іх ніякай гаворкі і не было! Нібы яна яго не ведае і ведаць не хоча! А калі трэба будзе, калі ён абсмяяць захоча, хіба яна не знойдзе, што сказаць! Не паглядзіць, што Карчоў сынок!

Да таго ж яна будзе не адна, а з Хадоськай – гэта ўжо само па сабе мяняе многае. «Дзівачка, як яна радуецца, што будзе рабіць у свайго Яўхіма, – як бы не на працу, а на свята збіраецца!» – падумала Ганна, пералазячы цераз мокры, халодны плот, за якім быў ужо родны двор.

Дома ўсе даўно спалі, на яе прыход ніхто не азваўся. Яна вобмацкам, асцярожліва выставіўшы ўперад рукі, дайшла на цыпках да свайго ложка ў куце каля акна, дзе чутно было бесклапотнае сапенне Хведзькі, хутка скінула кофту, спадніцу і нырнула пад коўдру…

На другі дзень Хадоська забегла да Ганны, як было яшчэ цёмна. Ганна, якая акурат уставала з-за стала, хутка надзела старую даматканую паддзёўку, і праз момант яны ўжо ішлі па двары. Вакол было даволі відно, у халаднаватай шэрані добра акрэсліваліся дрэвы наводдаль, хлявы, гумны. Дажджу ўжо не было, толькі мутныя кроплі на жэрдках, на скручаным лісці напаміналі аб ім.

У каляінах на загуменні, якім яны ішлі, усюды холадна бялела вада, там і тут разліваліся лужыны. Вада ў ранішняй шэрані здавалася густой і важкай, як волава.

Вялікае, толькі летась пабудаванае гумно, строгая, роўная страха якога яшчэ нідзе не зелянела мохам, а сцены толькі пачалі цямнець, было адчынена. Дзяўчатам абедзвюм падумалася, што Корч, напэўна, іх даўно чакае, і яны мімаволі заспяшаліся. У той час калі яны падышлі да гумна, адтуль якраз паявіўся Халімон Глушак, маленькі, сухенькі, такі дробны ў параўнанні са сваёй шырокай, самай вялікай у Куранях будынінай.

Ён кінуў на дзяўчат востры позірк тхарыных вачэй, адказаў на прывітанне і дробнай, па-старэчы асцярожнай хадой, цягнучы ногі, падаўся к прываду. «Пляцецца, як бы ледзьве кеўляе, – падумала Ганна, пазіраючы ўслед яму. – Дзьмухне вецер – і, здаецца, паляціць, як пясчынка тая, рассыплецца, бы трухля…» Яна глядзела ўслед, хоць не першы раз бачыла, дзівілася: ведала, што, пэўна, ветру такога ў свеце няма, які б мог не тое што сарваць з зямлі яго, хоць бы з ног збіць!..

У Карча ў руцэ была маслёнка. Ён нахіліўся з ёй над прывадам, там, дзе быў кулачок каля прывадной шасцярні, уткнуўся носам амаль упрытык, агледзеў, падліў масла, нахіліўся над шасцярнёй. Рабіў ён усё не хапаючыся, паважна, нават урачыста, з нейкім набожным выглядам, з якім, мабыць, і ў царкве на малітве стаяў.

Калі Халімон, наўколенцах, згорбіўшыся, штосьці разглядаў у шасцярні, падышоў яго сын Сцяпан, папрасіў:

– Тато, дайце я абгледжу!..

Стары нават не паварухнуўся, не сказаў слова. Такая звычка была: нічога важнага нікому не давяраў, сынам нават, рабіў сам. Тут жа было не што якое, не драбяза, тут было яго багацце, яго гонар – конная малатарня. Ганна чула, што з усяго свайго набытку Халімон найбольш даражыў новым гумном і купленаю ў Мазыры малатарняю. Але гумно ўсё ж было гумно, і ў другіх ёсць гумны, няхай горшыя, а малатарня – рэч, якая тут у аднаго яго на ўсю акругу. Ні ў каго тут, прайдзі сёлы на дзесяткі вёрст між гэтых балот і хмызнякоў, не знойдзеш яшчэ такога. Такое калісьці не ў кожнага і памешчыка вадзілася, а гэта ж трапіла ў гумно к яму…

Сцяпан хвіліну для прыліку пастаяў пры бацьку, паглядзеў на яго працу, падышоў да дзяўчат.

– Усё яму самому хочацца… – сказаў ён ветліва, абы не маўчаць. – Бы я горай зрабіў бы.

Сцяпан выглядаў бледным, хваравітым. «З навукі, пэўне», – падумала Ганна. Ён, было відаць, хацеў трымацца з імі, як дарослы кавалер. Не толькі Хадосьцы, а і Ганне гэта падабалася. «Не грэбуе, значыцца…» Як-ніяк ён быў у сяле самы вучоны, можна лічыць, гарадскі чалавек.

– Надоўга да нас? – запытала Ганна, адказваючы далікатнасцю на далікатнасць.

– Дак от бацько сказаў – пакуль не ўправімся…

– Яно, канешне, не да вучэння, калі дома няўпраўка…

– Канешне, – падтрымала гаворку і Хадоська, якая ўвесь час паглядвала то на вароты ў гумно, то на двор.

– Ты, казалі, у Ёселя жывеш, каторы булкамі таргуе?

– У Ёселя. З Аронам яго ўдваіх. Там закутак е такі, што як паставілі ложкі, дак і размінуцца няма як…

– А які ён да цябе, Ёсель? Не крыўдзіць?

– Не-а. Бацько ж плоціць за мяне. Ён, Ёсель, – засмяяўся Сцяпан, – добры да ўсіх, хто дае зарабіць… Надысь мех пшаніцы завезлі…

– А не нудно там, на чужыне? Аднаму, без маткі?

– Цяпер не-а. А спачатку, калі меншы буў, і без прывычкі, нудзіўся. Проста суботы дачакацца не мог, кеб дадому бегці… А цяпер прывык…

Ганна зірнула на яго хваравіта-бледны твар, прамовіла спачувальна:

– Трудно, мабуць, вучыцца? Сухота адна.

– Не-а. Мне не трудно. Мне лёгко даецца. Асабліва – пісьмо. Па пісьму я самы першы ў класе… Толькі арыхмеціка падводзіць…

– Якая карых… меціка? – адарвала позірк ад двара Хадоська.

– Ну, задачы. Складанне, дзяленне.

Паўз іх назад у гумно прашаргаў ботамі стары з маслёнкай, хутка, але востра, пільна зірнуў на сына, і ўсе прымоўклі.

– Значыцца, жыць там – непагано?

– Не-а. Можно жыць. Толькі адно, што коса глядзяць каторыя…

– Чаму?

– З багацеяў. – Ён пачырванеў, дадаў жорстка: – Кулацкі сынок!

Хадоська спачувальна ўздыхнула, але сказаць нічога суцяшальнага не паспела, бо ўбачыла, што на дарозе ад хлявоў паявіўся Яўхім, а за ім рабаваты хлопец Іван, які парабкаваў у Глушакоў, – вялі коней. Яўхім ішоў першы, трымаючы гладкага, агністага колеру каня на кароткім повадзе, сам такі ж гладкі, дужы, як конь….

– А што мне, трэба яно, етае багацце? – усхвалявана, з нечаканай крыўдай прамовіў Сцяпан. – Што, я яго нажываў? Ды па мне што яно е, што яго няма…

– Скажаце бо!

Яўхім быў ужо зусім блізка. Ганна, і не пазіраючы ў яго бок, чула, як ён падыходзіць, чула яго крокі, фырканне каня і ўсё больш насцярожвалася. Зноў успомніўся той вечар, яго праводзіны, але няёмкасці такой, як раней, ужо не было, мацней за ўсё брала насцярожанасць…

Яўхім, дайшоўшы да іх, дужай рукой прыпыніў неслухмянага каня, весела паздароўкаўся. Вольную руку падаў спачатку Хадосьцы, якая пры гэтым адразу паружавела, потым Ганне. Ён і знаку не паказаў, што між ім і Ганнаю было штосьці асаблівае.

Яўхім стаў толькі на хвіліну, адразу ж павёў каня к прываду. Калі ён запрагаў гнядога, з варот выйшаў стары, павёў вочкамі па хмурным небе:

– Матка калі ж будзе?

– Сабіраліся ўжэ…

– Абедаць трэба будзе, пакуль саберацеся!..

Халімон гаварыў ціха, роўна, але Ганна пачула, што ён вельмі недавольны. Стары Глушак, усе ў Куранях ведалі, любіў парадак, дысцыпліну і ўмеў стрымлівацца. Ніколі не ўзвышаў голасу.

– Пазаві! – ціха кінуў стары Сцяпану.

Але маці ўжо ішла сама. Убачыўшы старога, што стаяў і глядзеў на яе, здагадалася, напэўна, што запазнілася, адразу заспяшалася, пайшла ўподбег. Корч жа як стаяў, так і стаяў, глядзеў ёй насустрач, чакаў, аж пакуль яна не падышла.

– Будзеш са Сцяпанам коней ганяць, – сказаў Халімон загадным тонам. Ён мелькам зірнуў на Сцяпана і, не чакаючы ні ў сына, ні ў жонкі згоды, павярнуўся да Хадоські і Ганны.

– А вы к малатарні. У гумно.

Дзяўчаты пакорліва пайшлі за ім. Глушакова гумно здалося ім не ў меру светлым – і ток вельмі гладкі, чысценька падмецены, і смалістыя новыя плашкі як бы вымытыя. Акуратна абкораныя дубовыя сохі аж паблісквалі, а страха знізу нібы ззяла: жоўценькі паплёт, жоўценькая салома. Палавіна гумна была прасторная, пустая, у застаронку каля сцяны ляжала толькі купа саломы – другую старану цесна, ледзь не да самага вільчыка, поўнілі роўныя рады снапоў. Але самым важным, што асабліва прыцягвала ўвагу, што, можа быць, і надавала гумну святочнасці, – было маленькае ярка-чырвонае дзіва на таку – малатарня…

«Чырвоная, як тая скула, нарываючы…» – прыйшло раптам Ганне.

Стары ўзяў з кутка ля варот вілы, падаў Хадосьцы, сказаў, што яна будзе з Іванам адграбаць салому, а Ганне кіўнуў галавой наверх:

– Палезеш туды!.. Падаваць снапы…

– Не баішся? – спачувальна азваўся Яўхім.

– Чаго?

– Высоко! Галава кеб не закружылася!

Ён зарагатаў і ўраз абарваў смех, перахапіўшы строгі позірк, што кінуў бацька.

– Не на вячоркі пазваны… – прамовіў Халімон.

Яўхім паслухмяна прамаўчаў, паказваючы сыноўнюю пакору.

– Драбіну прынясі!

Яўхім кінуўся на двор. Стаўляючы драбіну к снапам, павёў вокам да бацькі, і калі ўбачыў, што той адвярнуўся, па-прыяцельску падміргнуў Ганне: не бойся, няма чаго!..

– Патрымай трохі, – папрасіла Ганна сяброўку, беручыся за драбіну. – Кеб я часам не забілася!

Драбіна ледзь даставала да верху і стаяла крута. Здавалася – вось-вось адарвецца ад снапоў, стане на момант роўна – і паляціць назад, і Ганна паляціць спіной на застаронак, на вострую яго агароджу з плашак. У яе халадзела ўсярэдзіне, але трэба было лезці і лезці, не марудзіць, бо там, унізе, чакаў стары Корч.

Ледзь яна з палёгкай стала на снапы каля сахі, рабаваты парабак падаў ёй вілы, схіліў набок, узваліў на плечы драбіну, Глушак крыкнуў к прываду пачынаць, і малатарня лёгка і звонка загаманіла. Ганна заспяшалася, падчапіла пад перавясла першы сноп, напружыўшы рукі, узняла і спусціла ўніз к мастку, дзе стаяў побач з бацькам Яўхім. Вілы, аднак, не даставалі да мастка, і сноп прыйшлося скінуць Яўхіму на рукі.

Яўхім, ухапіўшы сноп, мігам развязаў яго, падсунуў па мастку да бацькі, які ўзяў, звыкла разраўняў і пасмай пусціў на барабан. Барабан, што ашалела круціўся, прагна ўхапіў жыта, замалаціў па ім, задаволена, аж надрываючыся, засвістаў, завыў.

З гэтага часу Глушакова гумно было поўна гулу, ляскату, пылу, што разыходзіўся да сцен, падымаўся да Ганны, да вільчыка, вырываўся недзе ў расчыненыя вароты, у шчыліны. Ганна сноп за снопам пад�апляла на вілы, узважвала, кідала Яўхіму, які спрытна хапаў на ляту, клаў на масток. Позіркі іх час ад часу сустракаліся, Яўхім лавіў яе вачыма, ад якіх цяжка, немагчыма было ўцячы. Было ў яго вачах штосьці такое, што напамінала пра той вечар, ад чаго ёй зноў станавілася няёмка, трывожна. Яна старалася паказваць, што не заўважае і не разумее гэтага позірку, помніць цяпер толькі адно, хто яна і для чаго тут – работніца, парабчанка.

Барабан, што выў і выў шалёна, ненасытна, як бы напамінаў Ганне пра яе абавязак, ён не даваў марнавацца. Не да думак лішніх было, не да разваг, трэба было выбіраць снапы, падчэпліваць так, каб не спадалі з віл, кідаць удала ўніз. Вось адзін сноп, ледзь узняла яго на вілах, стаў разлазіцца, аб'язджаць, пэўна, перавясла было нямоцнае ці адкруцілася. Яна хутчэй апусціла сноп, узялася перавязваць яго. Зірнуўшы ўніз, каб кінуць сноп, заўважыла, што стары ўжо чакае, нецярпліва, нездаволена…

Калі брала снапы блізка, пад рукамі, то можна было і не спяшацца асабліва, перадыхнуць хвіліну. Снапы ж, аднак, ляжалі не толькі блізка. Былі і далей, і, можна сказаць, далёка, дзе-небудзь у дальнім кутку, тут ужо нельга было не хапацца, не гнацца. Пакуль данясеш, трымаючы на вілах, стараючыся не паслізнуцца, не спаткнуцца, не вывіхнуць нагі, хадзіць па снапах – гэта не па зямлі, ледзь управішся ў пару. Пахадзіла, пабегала так – дыхаць пачала часта, засаплася, рукі, ногі, спіна наліліся цяжарам утомы…

Але яна як бы і не заўважала ўтомы: не ў навіну гэта. Усе клопаты, усе думкі былі аб адным: не пазніцца, упраўляцца; яе ўзялі рабіць, а рабіць – гэта не цешыцца, не радавацца. Рабіць – гэта: пот плыве на вочы, шыю, спіна чыгунее, рукі ломіць ад натугі, а ты не зважай ні на што, падчэплівай сноп пад перавясла, кідай на масток. На тое Корч і пазваў, а Корч не любіць, каб рабілі абы-як, абы адбыць. Рабіць – гэта рабіць, пакутаваць. У гэтай пакуце адно жыве цярплівае, тупое, салодкае, як мара, жаданне: некалі ж павінна гэта спыніцца, гэты ляскат, гул, гэты гон, і можна будзе разагнуцца добра і пастаяць, і аддацца радасці спачыну. Толькі калі будзе гэта – невядома, адно ведае – няскора, няскора…

Гудзе, грыміць гумно, пыл круціцца, устае да вільчыка.

Сноп, яшчэ адзін… Яшчэ адзін… Яшчэ…

Калі стары махнуў ёй, што падаваць ужо не трэба, Ганна ледзь магла стаяць. Ногі падгіналіся, рукі зняможана дрыжалі, хацелася паваліцца і нічога не бачыць, не чуць. Як праз сон, дайшло да яе, што барабан гудзе ўжо зноў звонка, пуста – не малоціць. Неўзабаве ён і зусім змоўк, гумно як бы амярцвела, адно чуліся галасы за сцяной…

– Пакармі коней! – сказаў стары Глушак сваім роўным, сіплаватым галаском Яўхіму, потым падняў вочы на Ганну. – А ты – злазь ды, пакуль тое, саломы адграбці памажы…

На дварэ было ўжо не так хмурна, як раніцай, праз хмары гатова было вось-вось прарвацца сонца; пасля змроку і пылу ў гумне Ганна аж зажмурылася ад яркага, здалося, святла. Густы, але нямоцны вецер крануў спатнелы твар свежасцю, пагнаў па спіне, па руках халадок, і ёй стала лягчэй.

Амаль адразу ж услед выйшаў і стары Глушак. Запылены, з саломінкай у шырокай, коратка падстрыжанай рудой барадзе, паглядзеў на стог саломы, паморшчыўся:

– Рэпа, расселася… Утаптаць трэба! – Ён заўважыў, што Хадоська хацела штосьці сказаць, напэўна, апраўдацца, апярэдзіў: – Пакуль Іван вернецца!..

Іван павёў з Яўхімам карміць коней. Хадоська заспяшалася пакорліва, супакойваючы:

– Зараз, зараз, дзядзечко!..

Халімон не сказаў больш нічога, ціхай, дробнай хадой падаўся да прывада, нахіліўся над прывадным колам, штосьці стаў разглядаць…

Утоптваючы стог з Хадоськай, Ганна бачыла, як вярнуліся ад хаты старая Глушачыха, што несла чыгун, накрыты латкай, і Сцяпан з лазоваю каробкай за плячыма. Каля гумна ляжала тоўстае ўчарнелае шула, старая паставіла чыгун пры ім, узяла ад Сцяпана каробку, пачала выкладваць на шула хлеб, нож, лыжкі. Калі ўсё падрыхтавала, зірнула на чалавека, што важдаўся каля прывада, але не пазвала, села на шула, стала чакаць. Толькі як Халімон падышоў сам, узяўся рэзаць хлеб, замітусілася:

– Сцяпанко!.. Дзе ты падзеўся?.. Абедаць ідзі! Бацько сядзіць, чакае!.. Дзеўкі! І вы – злазьце бо!.. Пасёрбайце боршчыку!..

Калі ўсе сышліся, паселі, дзе каму ўдалося, – не толькі Ганна і Хадоська, чужыя, але і Сцяпан, і старая, з асцярогай, чынна, – стары Глушак пачакаў, як бы даючы ўсім адчуць важнасць моманту, перахрысціўся.

– Дай Божа!..

Ён узяў лыжку, зачэрпнуў з чыгуна баршчу, тхарынымі вачыма павёў па ўсіх, хто сядзеў. Усе хрысціліся, браліся за лыжкі, такія ж стрыманыя, паважныя, як стары Глушак, нібы стараліся быць падобнымі да яго. На Хадосьчыным твары Ганна заўважыла зачараванне і страх. «Усё адно як не Корч стары, а цар перад ёй!» – мімаволі ўсміхнулася Ганна, але ўсмешка адразу ж і згасла: стары так зірнуў, нібы пачуў яе. «Як, скажы ты, чытае ўсярэдзіне!» – мільганула ў яе галаве.

Абед здаўся ёй нясмачным і доўгім, і яна ўзрадавалася, калі Глушак падняўся: дзякуй Богу, кончылася! Адышоўшы крыху з Хадоськай, пачула, як Глушачыха, збіраючы лыжкі, пажалілася старому:

– Нацягалася я за канём!.. – У голасе яе пачулася пакорлівая просьба: – Хай мо б хто маладзейшы?..

– Ля малатарні ўвішнасць патрэбна! – прамовіў Халімон строга. Ён памаўчаў. – Ну, няхай… Будзеш салому адкідаць…

Глушак пазваў Хадоську, загадаў станавіцца к коням. Іх акурат прывялі з двара, і стары сам пайшоў да іх. Ганна чула, як ён запытаўся, ці добра накармілі, напаілі, бачыла, як ён узяў нагу ў гнядога, памацаў пад капытом. За гэтым ён павёў парабка к шулу, падсунуў яму чыгун, даў хлеб, моўчкі стаяў, калі той, хапаючыся, жаваў і сёрбаў.

Ганна не стала чакаць Глушаковай каманды, пайшла сама ў гумно, хацела паляжаць на снапах у зацішку. Але як толькі ўвайшла, заўважыла, што следам хтосьці ідзе. Гэта быў Яўхім.

– Утамілася?

– Можа буць…

– Я сам запарыўся… Бацько, можа, запарыць усякаго… – Яўхім кіўнуў на снапы, з-за якіх ужо выглядвалі верхнія два рады бярвенняў: – Палезеш? Хочаш – пасаблю?

– Абыдуся!..

Яна чакала, што ён адыдзе, але Яўхім як бы не разумеў ці знарок хацеў збянтэжыць, падсмяяцца. Ганна пастаяла і раптам узлавалася: што ж, няхай стаіць, няхай глядзіць! Ухапілася адной рукой у шчыліну за бервяно, другой – за сноп, абаперлася наскамі аб бярвенні і снапы, стараючыся прытульваць спадніцу, падзерлася наверх. Ужо на снапах азірнулася, перахапіла яго гарачы, прагны позірк.

Але сказаць нічога не ўправілася: у гумно ўваходзіў стары…

5

Да вечара змалацілі ўсё: што значыць малатарня – столькі жыта за адзін дзень увабраць! На другі дзень да самага вечара круцілі веялку, ссыпалі чыстае збожжа ў мяхі, адграбалі мякіну. Стары Корч рабіў усё разам з іншымі, і сам хвіліны не пастаяў, і другім стаяць не даў.

Яўхім рабіў тут жа, каля веялкі. Быў ён, здавалася, такі ж, як заўсёды, і рабіў, як усе. Але калі б хто мог зазірнуць у яго душу, то пабачыў бы, што не жыта, не веялка, іншае зусім цікавіць і трывожыць яго. Дзе б ён ні быў, што б ні рабіў, ён адчуваў, бачыў адну Ганну.

Ён добра ведаў, што не закаханы. Яўхім нават з пагардай думаў пра яе. «Було б аб чым думаць, па чым сохнуць! Дзеўка б була якая асаблівая. А то ж грудзі як грудзі, ногі як ногі… Грудзі – нават дробныя, як яблукі. І ногі танкаватыя, кволыя…» І прыкра было думаць, што з-за гэтых дурных ног заснуць не мог паўночы, бачыў усё іх, смуглую пругкую лытку, голае калена. Лепш бы не глядзеў, калі яна лезла на снапы.

«І так сабой не асабліва відная – драбната. Паглядзець няма на што. І твар – худы, косткі на шчаках выпінаюць… Толькі і красы, што язык як брытва!..» Але колькі ні абгаворваў яе сам сабе, колькі ні хаяў, не памагала ўсё ж – нібы апоены зеллем, думаў і думаў пра яе, сачыў за ёй неспакойным позіркам.

«А чаго – дзело маладое! Наша дзело – не раджаць!» – засмяяўся ён, задаволены такім простым, ясным тлумачэннем. Яўхім быў грубы па натуры, схільны да цынізму, які ён лічыў абавязковай адзнакаю сапраўднага мужчынскага характару. Пры ўсім гэтым вывад яго быў блізкі да праўды: Яўхім тады і сам не верыў у сур'ёзнасць сваёй прыхільнасці да Ганны…

Стары Глушак хутка заўважыў яго позіркі, асцярожныя, нібы незнарок, заляцанні да Ганны, адвёў Яўхіма за рог гумна і стукнуў па галаве лапаткай.

– За што?

– Кеб не рабіў, чаго не трэба. Жарабец дурны!

– Ужэ і пасмяяцца з дзеўкамі няможно!..

– Не для таго пазваны! – адрэзаў бацька і дадаў з папрокам: – Знайшоў каго!

Глушак адаслаў сына з гумна, далей ад дзяўчат, і Яўхім тут за ўвесь дзень больш не паяўляўся. Але калі вечарам стары павёз у свіран апошні мех, калі на гумнішчы засталіся толькі Хадоська і Ганна, якім Халімон загадаў падгрэбці, прыбраць усё, Яўхім паявіўся зноў.

– Ой! – убачыўшы ўпоцемку яго, узрадавалася Хадоська.

Ганна сустрэла едкаватай усмешкай:

– Дзе ето прападаў так доўго?

– Работку даў стары, – адказаў няпэўна Яўхім. І каб змяніць небяспечны кірунак размовы, непрыемныя роспыты, запытаў: – Ну, а вы як тут?

– Дзякуй Богу, – адказала Ганна, – не сумавалі адны!

Хадоська ціха, з дакорам шмарганула яе за рукаў. Яўхім жа як бы не пачуў, не зразумеў кпіны, пастаяў, павёў вачыма па гумнішчы, прамовіў спакойна:

– Цёмно ўжэ!.. Можно і канчаць!.. – Ён раптам папрасіў: – Знаеш што, Хадоська, ідзі ў свіран, мо там бацьку трэба што памагці. А ты, – кіўнуў Яўхім Ганне, – даграбі да стога, ды і дадому…

Але як толькі Хадоська знікла, ён падышоў да Ганны, стаў перад ёю.

– Злая ж ты! – Яўхім памаўчаў, чакаў, што яна скажа. Ганна не сказала нічога. – Ты – век такая?

Ён гаварыў весела, хацеў добрай гаворкі.

– А табе не ўсё адно? – Ганна варухнула граблямі, як бы прасіла адысці, не замінаць грэбці.

– Кеб усё адно, то не пытаўся б.

– Дак не скажу!

– Гарачая ты, мабуць? – Ён узяў Ганніну руку, як у той вечар, але яна спакойна, цвёрда забрала яе.

– Мабуць… Ды адышоў бы ты, грэбці не даеш…

– Управішся!.. Гарачая, значыцца!..

– Для каго як!

– Для каго – як печка, а для каго – лёд?

– Угадаў. Здагадлівы!..

– А для мяне – як?

– Для цябе? Папраўдзе, не думала ніколі… Пэўне, для цябе – ніяк!

– Як ето? Ні тое ні сёе? Сярэдне?

– А так. Ты для мяне – як кукаль на разоры. Што ты е, што цябе няма – адно.

– Бо не знаеш!.. Ты ўсё пра Дзятліка свайго думаеш. Таксамо – кавалера знайшла!

– Які е, абы да душы.

– Попусту сохнеш! Цяпер ён не хутка выберацца! За такія штучкі мало не даюць! Бандзіцізм! За ето так запратораць, што і свету белаго не ўбачыць!.. От птушка: такі з выгляду рахманы, цішэй вады, ніжэй травы, а глядзі – з бандзюкамі знюхаўся!

Ганна абарвала – дадзеў усё ж ёй:

– Не радуйся чужой бядзе!..

Яўхім зразумеў, што перахапіў, схібіў, паспрабаваў паправіцца:

– Я і не радуюся. Шкода проста цябе!..

– А ты не шкадуй! Няма чаго!

– Я чалавек не злы. Спагадлівы… Асабліва да дзевак!.. – Ён жартам стараўся як можна загладзіць памылку, растапіць яе непрыхільнасць, якая стала такой калючай. – Тут час такі – збыту матка не дае! Жаніся ды жаніся!.. От я і прыглядаюся!

– Калі так, то не туды глядзіш. Не выгледзіш тут нічога… У другі бок глядзеў бы. Хадоська вунь ночы не спіць!

– Хадоська…

– Любіць, дурная! За што толькі, даўмець не магу?

– Хадоська… Што – Хадоська? Вада – смаку ніякаго!.. От ты, ты па-мойму, – са смакам!

– Дак яна ж у сто разоў лепей за цябе!

– Ты, па-мойму, – не слухаў яе Яўхім, – як самагонка! Пяршак! – Яўхім раптам схапіў яе за руку, Ганна паспрабавала вырвацца. – Не вырывайся!.. У, а, мабуць, такі гарачая!

– Пусці!

Ганна рэзка крутанула руку і вырвалася. Але ў той жа момант, адкінуўшы яе руку з граблямі, якія яна трымала між сабой і ім, Яўхім абхапіў Ганну аберуч, сціснуў так, што ёй зацяло дыханне. Ад валасоў яе, ад твару пахла Яўхіму ветрам, саломай, нечым такім завабным, жаночым, што ў галаве яго муцілася. Ён адчуваў тугія грудзі яе, жывот, цвёрдыя калені, усё цела яго поўнілася нецярплівай, гарачай прагай, якая ап'яняла, паліла, туманіла развагу.

– Пусці! Чуеш?! Ой, балюча!.. Не цісні, ой… – ірвалася яна, непрыхільная, гнеўная, усё яшчэ трымаючы граблі.

Яе вочы былі блізка, былі добра відны ў поцемках – непакорныя, дзікаватыя, як у птушкі, што б'ецца з сілка. І плечы, і рукі, і ногі яе – уся яна была наліта непакорай, але ён не зважаў на гэта.

– Пусці, чуеш?.. Адыдзі!..

– От, нецярплівая!.. – паспрабаваў ён пажартаваць. – Патрывай бо… трохі…

– Пусці! Закрычу!.. Ей-богу, закрычу!..

Ён не адказаў. Не мог гаварыць, лавіў, лавіў яе рот, а яна не давалася, адварочвалася: перад ім была то скроня, то раскудлачаная галава з хусткай, ссунутай назад. Яўхім, аднак, не адступаўся, усё дужэй сціскаў дзяўчыну, і не было, здавалася, такой сілы, якая б разарвала гэты абдымак.

І раптам у Ганны вырвалася спалоханае, як маланка ўдарыла:

– Бацько!!!

Яўхім адразу выпусціў яе, адскочыў. Трывожна азірнуўся: спачатку на дарогу к свірну, туды, адкуль ён мог паявіцца, але там не было нікога, тады кінуў позірк убок, к суседскаму гумну, на загуменне. Не відаць нікога… Яўхім мімаволі глянуў на яе, як бы просячы яе памагчы, убачыў – яна ўжо стаіць наводдаль, папраўляе валасы і хустку.

– Не шукай! Няма яго!.. – кпліва прамовіла яна.

Ён са злосці аж вылаяўся:

– Т-ты, чорт! – Але тут жа адчуў, што паказваць злосць сваю – значыць, страціць зусім мужчынскую годнасць, стаць проста нікчэмным. Паспрабаваў засмяяцца: – А я – паверыў! Лоўко ты… выдумляеш!..

«Так абдурыла! Так у лужыну пляснула, подлая!.. Дурань!»

– Палахлівы ж ты, аказваецца!

Ад гэтага здзеку ён гатовы быў рынуцца да яе, як разгневаны звер, але яна наставіла граблі, пагрозна папярэдзіла:

– Падыдзі толькі!

Яўхім прыпыніўся, як бы разважаючы. А думаць было цяжка: сэрца шалёна калацілася, у скроні біла кроў, у галаве стаяў важкі туман. Яна ж, хітрая, не траціла часу марна, скарыстала замінку: заўважыла постаць, што праходзіла непадалёк па загуменні, крыкнула:

– Цётка Алена, то вы?

Постаць стала, прыгледзелася да іх.

– Ето я, Аўдоцця, – пазналі абое голас удавы Сарокі. – А то ты, Ганна?

– Аге…

– Пераказаць мо што Алене?

– Не-е. Сама ўжэ скажу…

Яўхім, слухаючы гаворку, аж кіпеў: і гэта ўсё было здзекам з яго. Знарок спыніла жанчыну, смяецца кожным словам. Пачакай, няхай адыдзе толькі…

І трэба ж, знарок, каб чула жанчына, Ганна лагодна прамовіла:

– Дак я ўжэ зрабіла ўсё… Пайду ўжэ?

Ён прасіпеў:

– Ідзі…

Яўхім не глядзеў ёй услед, але чуў яе крокі, чуў, здаецца, смех, які яна несла ў сабе. «І трэба ж даць так абдурыць!» – не мог ніяк супакоіцца ён. Яму было так прыкра, што хацелася лаяцца. Але ён разам з тым адчуваў, што прыкрасць гэта не толькі на тое, што даў ашукаць сябе, але і ад таго, што яна так працівіцца яму, такая непадступная. «Як прынцэса! Каралева зрэбная! Галадранка!..»

Плынь яго думак пра куранёўскую прынцэсу, аднак, тут жа абарвалася, бо на сцежцы ад дому паявілася постаць. Ён пазнаў Хадоську, падумаў мімаволі: «А мо яна тут паблізу была, не захацела падыходзіць, калі я з Ганнай… Бачыла, як Ганна адшыла мяне… Ну і хай, калі на тое, – пляваць мне на ўсё!..»

Хадоська, падышоўшы да Яўхіма, азірнулася:

– А дзе Ганна?

– Пайшла ўжэ…

«Не бачыла, значыцца. Кеб трохі, наляцела б, але – не бачыла…» Яўхім і Хадоська нейкі час стаялі моўчкі, яму проста не хацелася гаварыць, яго яшчэ хвалявала перажытая прыкрасць, а яна як бы чакала чагосьці, што ён павінен быў абавязкова сказаць. Можа, ёй тады было дастаткова аднаго добрага: «Ну, і ты ідзі ўжо, Канапляначка!» – і яна б пайшла, тоячы радасную надзею. Але ён не гаварыў нічога, і яна стаяла, адчуваючы, як цесна робіцца ў грудзях сэрцу, узрушана круцячы пальцам ражок хусткі.

Яўхім заўважыў, як яна круціць, мне ражок, і як бы прачнуўся. Акінуў вачыма ўсю яе – Хадоська стаяла, апусціўшы галаву, добрая, пакорлівая, – і раптам падумаў: чаго ён тлуміць попусту галаву сабе, чаго шукае, дабіваецца? Нашто яму здалася ганарыстая Чарнушкава каралева?

Яўхім абняў Хадоську, адчуў, як яна радасна, аддана прытулілася, аж затрапятала ад шчасця.

– Канапляначка…

Ён пацалаваў, і яна не адвярнулася, адказала доўгім-доўгім пацалункам, такім, што ён ледзь не задыхнуўся.

– Утаміўся я… – сказаў ён, нібы адкрыўся другу ў бядзе. – Пасядзім давай.

Пяшчотна трымаючы яе за стан, Яўхім павёў Хадоську к стогу. Яна ішла спачатку лёгка, з той жа добрай пакорлівасцю, але раптам заўпарцілася.

– Не трэба!.. Я не хочу!..

– Ну, пасядзім трохі! Ногі баляць… Пасядзім, і толькі!..

Ён гаварыў ціха, ласкава, нібы прасіў пашкадаваць. Голас яго пераконваў: нічога баяцца не трэба, нічога кепскага не будзе.

– Глядзі ж, кеб… без глупства!..

Хадоська паслухалася, села каля яго. Ён абняў яе, прыцягнуў, стаў, задыхаючыся, цалаваць, шаптаць штосьці гарачае, бязладнае, разарванае. Яна спачатку, хоць і стрымана, адказвала на яго пацалункі, потым стала трывожна кідацца, стараючыся вырвацца з яго абдымкаў.

– Ой, не трэба! Не хочу!..

– Дурная!.. Ну, чаго ты? Ну, чаго?.. Няўжэ я так не падабаюся табе?.. Такі паганы?

– Не…

– Ну, дак чаго ж ты?

– Баюся я! Устанем лепей!..

– Не любіш, значыцца?

– Устанем давай!..

– Не любіш?

– Люблю…

– А калі любіш… Дурная!.. Канапляначка!.. Канапляначка мая!..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю