355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 1)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 28 страниц)

Іван Мележ
Людзі на балоце

Бацьку, маці,

бацькоўскай зямлі


Частка першая

Раздзел першы
1

Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў – аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп'істая дрыгва ды моклі панурыя лясы.

Вёска тулілася ля берага вострава – платы агародаў дзе-нідзе забягалі на куп'ё ўзболатка. З другога боку, на поўнач, балоты крыху адступалі, дорачы людзям пясчанае поле. Адступалі балоты і на заходнім баку, дзе рунелі ці жаўцелі да краю лесу палі, таксама скупыя, няўдзячныя, хоць у іх глебе і было менш пяску. З поўдня балоты зноў падбіраліся да саламяных, замшэлых радоў стрэх, але ў гэты бок ішла найбольш сувязь са светам, і тут па дрыгве была намошчана дарожка. Што гэта за дарожка, можна меркаваць хоць бы з таго, што ездзілі па ёй смела толькі ў маразы, калі і непралазная твань навокал рабілася цвёрдая, як ток, ці ўлетку, калі дарожка перасыхала.

Большую частку года востраў быў як бы адасоблены ад іншых вёсак і мястэчак. Нават у непаганыя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся сюды ў паляшуцкай торбе нялёгка – каму было прыемна лазіць па гразі без вельмі важнай прычыны, – але і гэтая нямоцная сувязь са светам пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Восенню ці вясной яна перарывалася на цэлыя месяцы: багна, што страшна разбухала ад слоты і разводдзя, адразала востраў ад свету мацней, чым гэта маглі б зрабіць абшары вадзянога прастору. Многія дні людзі жылі, як на плыце, які злая нягода адарвала ад берага і занесла ў мора, – трэба чакаць адно, калі спадарожны вецер ці лёс зноў падгоніць да зямлі.

Але такое становішча тут не палохала, людзям на востраве яно здавалася зусім звычайным. З усіх бакоў, блізка і далёка, ведалі яны, – такія ж самыя выспы сярод бясконцых багнаў, дзікіх зараснікаў, што разлегліся на сотні вёрст з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход. Людзям тут трэба было жыць, і яны жылі. Аднастайныя, нудныя дажджы, што месяцамі лілі на мокрыя стрэхі, сцюдзёныя вятры, што люта білі ў замерзлыя вочкі-шыбы завеямі, цёплае сонца, што ўставала ў пагодныя дні над купамі алешніку, – усё бачыла гэты востраў заклапочаным, у няспыннай, штодзённай руплівасці. Людзі заўсёды чым-небудзь былі заняты: уранку і ўвечары, летам і зімою, у хаце, на двары, у полі, на балоце, у лесе…

Жылі ўжо Курані і ў гэту чэрвеньскую рань. Калі сонца выпырснула першыя праменні між вяршынь Церамоскага лесу, з каміноў на куранёўскіх стрэхах віліся ціхія ранішнія дымочкі, у расчыненых хлявах там і тут чулася цырканне малака ў даёнкі, лагодныя і строгія покрыкі жанчын. У некалькіх дварах гукі гэтыя перабіваў чысты, працавіты клёкат жалеза аб жалеза – касцы ладзілі, адбівалі малаткамі косы, рыхтаваліся ісці на балота. На пустой вуліцы, з торбай цераз плячо, ніжучы босымі нагамі цёмны след на падбеленай расой траве, ішоў, размахваў доўгай вераўчанай пугай яшчэ санлівы хлопец-пастух. Ён час ад часу звонка ляскаў пугай і аднастайна, хрыпата пакрыкваў:

– Ка-ро-вы!.. Ка-ро-вы!.. Ка-ро-вы!..

Голас яго пасля сну быў нямоцны, высільвацца яму не хацелася, і ён як бы памагаў сабе лянівым, але звонкім ляскам пугі. Вароты на вуліцу хутка расчыняліся, каровы павольна, са шляхецкай паважнасцю сыходзіліся ў статак, які багацеў рыкам, пярэсціўся, шырэў на ўсю вуліцу. Калі ён дайшоў да краю сяла, з апошняга двара высунулася рудая, з белай лысінкай карова, якую падганяла чарнявая дзяўчына з дубцом. Далучыўшы карову да статка, дзяўчына з дубцом подбегам вярнулася ў хату, але не выпаўз яшчэ статак з вуліцы, як яна ўжо з драўляным вядром у руцэ паявілася зноў на двары. Яна падышла да зруба калодзежа, які другім бокам выходзіў на суседні двор, бразнула, начапіла дужку вядра на крук вочапа. Журавель варухнуўся, падаўся вочапам да вады, задаволена, радасна зарыпеў.

Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася, аслабіла рукі. Нахіліўшыся больш над калодзежам, прытрымліваючы рукой вочап, каб не вагаўся, стала глядзець уніз, чакаць, калі вада супакоіцца. Яна хацела, мусіць, паглядзецца ў ваду, але з хаты раптам пачуўся нездаволены крык:

– Ганно-о! Дзе ты, нячыстая сіла?!.

– Я – зараз!.. Нясу ўжэ!..

Дзяўчына заспяшалася, хутчэй зняла вядро з вочапа і, разліваючы на пясок ваду, падалася к хаце…

На суседнім двары, каля хлява, завіхаўся пры калёсах барадаты, у палатнянай доўгай сарочцы дзядзька – квачом з дзёгцем, што маслена пабліскваў ад сонца, мазаў восі. Поблізу яго, прывязаны да плота, стаяў нязграбны галавасты конь, ляніва штосьці шукаў у траве… У двары, што быў за гэтым, жанчына несла зелле свінні і падсвінку, якія рохкалі і вішчалі так прагна, што віск іх на час заглушыў усе іншыя гукі куранёўскай раніцы.

– Ціхо! Няма на вас угамону! – крыкнула на іх жанчына, падаючы спажыву, на якую свінні адразу накінуліся, душачыся, адпіхваючы адно аднаго і кусаючыся. Асабліва лютавала худая свіння, і жанчына пашукала вачыма дручка, каб супакоіць яе, адагнаць ад падсвінка. Але дручка не было, і яна злосна таўханула свінню парэпанай нагой, прыгразіла:

– Вось я зараз цябе!..

З кожнай хвілінай Курані ўсё больш поўніліся людскімі галасамі, людскім рухам – на адным двары маці клікала сына, на другім плакала, залівалася слязьмі не ў час разбуджанае дзіця. У двор каля ліпы пажылы чалавек уводзіў з пашы каня, з двара насупроць выганялі парасят, і ішло за імі пакорлівае мурзатае дзіця, як старое, угінаючы плечы…

У такі час з хаты, недалёка ад той, дзе дзяўчына брала ваду, выйшаў на ганак, пацягваючыся, хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма, з калматай не то русявай, не то цёмнай чупрынай, з упартымі губамі.

Маці пашкадавала будзіць яго раней. Але і цяпер прачынацца яму было нялёгка – калі яна будзіла, у галаве некаторы час мяшаліся і малюнкі перарваных дзіўных відовішчаў, і словы маці, і назойлівы бусліны клёкат… Жмурачыся ад сонца, на ганку Васіль успомніў пра гэты клёкат, паслухаў – хтосьці блізка адбіваў касу – клё, клё, клё. У галаве варухнулася абыякавая думка, што гэта і быў той клёкат, які ў дрымоце здаўся за бусліны.

За гэтым на памяць прыйшлі яму словы, якімі маці будзіла: «Устань, сынок… Устань, бо ўсе ўсталі… Позно будзе…» Ён зірнуў на сонца – дзе яно, нізка ці высока – і на момант аслеп ад яго бляску. Ён, было добра прыкметна, адразу як бы ажыў, занепакоіўся – сонца ззяла, яму здалося, высока.

«Не разбудзіла па-людску! Калі ўсе ўставалі! – падумаў нездаволена, нават узлавана пра маці і тут жа заклапочана падаўся з ганка. – Каня трэ хутчэй прывесці!.. А то выберашся пазней за ўсіх цераз ету матку!.. Сорам будзе!..»

Ён подбегам падаўся да ўзболатка, дзе пасціўся перад алешнікам спутаны конь. Калі ён уехаў зноў на двор, убачыў сутулаватага, з жоўтай лысінай дзеда Дзяніса, які корпаўся пры калёсах. Дзед колькі дзён таму, ловячы рыбу, вымак і прастудзіўся – учора пластам ляжаў на печы, а сёння – нб табе, таксама падняўся.

– Мо паправіліся ўжэ? – кінуў Васіль, саскочыўшы з каня.

– Эге, паправіўся! – панура пакруціў галавой дзед. – Тым часам, як дзіця, якое першы раз устало…

– Дак леглі б пайшлі.

– Улежыш тут! У етакі дзень! – Дзед правёў худой рукой пад пузам каня. – Наеўся непагано!

– Наеўся.

Васіль прывязаў каня да падмазаных яшчэ ўчора звечара калёс і ўвайшоў у хату; маці стаяла пры печы, варушыла ў ёй качаргою. Пачуўшы сына, не азіраючыся, стала завіхацца хутчэй, і Васілю ад гэтага маўклівага знаку матчынай увагі і пашаны да яго стала весялей. Ён, аднак, не паказаў, што заўважыў гэта, – чаму тут здзіўляцца, калі ён ужо не хлапчук які, а гаспадар, – кінуў ёй дзелавіта:

– Збірайся… Чарнушкі ўжэ едуць…

Ён вярнуўся ў каморку, зняў адбітую дзедам касу, паспрабаваў, як вучыў Чарнушка, ногцем вастрыё – хоць гэта ён ужо рабіў учора некалькі разоў, – выцягнуў з-пад палацяў лапці і стаў абувацца. Валодзька, малы бялявы брат, што спаў на палацях, раптам заварушыўся, расплюшчыў вочы, зірнуў на Васіля і мігам ускочыў.

– Вась, а Вась, – і я?!

Васіль прамовіў:

– Ляжы ты, нуда! Чаго ўспёрся ні свет ні зара!

– Вась, вазьмі мяне… з сабою!..

– Трэба ты мне!

– Ну, вазьмі-і!

Дарэмна Валодзька чакаў адказу, пазіраючы на брата вачыма, якія прасілі і малілі, ніяк не хочучы верыць у братнюю чэрствасць. Васіль маўчаў. Ён быў непахісны. Абуўшыся, Васіль заклапочана пашаргаў у хату, па-ранейшаму нібы не заўважаючы брата, што, як прывязаны, патупаў услед.

Калі маці падала на стол аладкі і нават – дзіва! – скавародку з салам, Валодзька амаль не аддаў гэтаму ўвагі, па-ранейшаму чакаў.

– Ну, Вась?

– Дай, тым часам, паесці чалавеку, – сказаў дзед, які ўжо гарбата сядзеў каля стала, нічога не браў у рот. – І сам еш.

– Глядзі от, – ласкава прыступілася маці.

Яна знарок паклала перад Валодзькам аладку і кавалачак рудога сала, зірнуўшы на якое, Валодзька не ўтрываў і на час адстаў ад брата. Маці падала яму яшчэ кавалачак, дадала некалькі ласкавых слоў, і сэрца малога палагоднела ад гэтай дабраты. Але неўзабаве яму давялося адчуць, што гэтая матчына дабрата была ўсяго-наўсяго хітрасцю, бо ледзь толькі Валодзька пад'еў, маці мякка, ласкава сказала:

– Ты, сыночак, будзеш з дзедам, хату пасцеражэш. Ды глядзі добранько – усё дабро тут на вашых руках!.. Не дай Бог што-небудзь учыніцца – згалеем зусім!

– Я на балото хачу! – заявіў упарта малы.

Выціраючы аладкай скавародку, Васіль жорстка кінуў:

– Мало што ты хочаш!

З якой зайздрасцю і непакоем пазіралі Валодзькавы вочы, як каля хлява запрагаў старэйшы брат рудога Гуза, пагрозна пакрыкваючы, як дзед укладваў касу, як маці прывязвала торбу з харчамі і абгортвала ўкінутай у воз травою дубовую біклажку з вадой. Сачыў малы то за маці і дзедам, то за братам, нахмурыўшы шаўкавістыя, выцвілыя на сонцы броўкі, ніяк не мог паверыць у чалавечую бессардэчнасць, чакаў з тайнай надзеяй жаданай перамены.

Васіль тузануў вераўчанымі лейцамі Гуза, і калёсы паволі пакаціліся па двары на вуліцу. Тут Васіль азірнуўся – на ўсёй вёсцы, амаль каля кожнай хаты, стаялі калёсы, касцы, жанчыны і дзеці. На ўсёй вуліцы было на рэдкасць людна, яна ўся жыла добрай чалавечай заклапочанасцю.

Маці чамусьці яшчэ раз забегла ў хату, потым сказала дзеду, каб ён не высільваўся, пайшоў лёг, стала наказваць Валодзьку, што яму трэба і чаго няможна рабіць: каб быў пры хаце, каб слухаўся дзеда, каб не дурэў з агнём, – і Валодзька адчуў, што апошнія яго надзеі прападаюць.

– Не хачу! – адказаў адным словам Валодзька.

– А етаго во – хочаш? – памахаў яму пугай брат.

Валодзька толькі яшчэ больш нахмурыў бровы. Маці ж усё не траціла надзеі дамовіцца па-добраму:

– Я табе кулеш у чыгунку ў печцы паставіла. Смачны, з малаком… А ў прыпечку яечко вазьмі!.. Можаш узяць!

– Едзьце бо! – сказаў дзед. – Угаворваюць, ей-бо, як пісара валасного!..

Маці падабрала даматканую сваю спадніцу і звычна села на калёсы, спусціўшы з драбінак босыя парэпаныя ногі.

– Дак глядзі ж, кеб пільнаваў добра! Бо ўвечар я прыеду!

Валодзька, здаецца, нічога не хацеў слухацца: ні матчыных добрых слоў, ні дзедавай строгасці, ні братавай пагрозы пугай.

Ледзь калёсы рушылі па вуліцы, ён, набычыўшыся, падтрымліваючы рукой штонікі, што спадалі, маўкліва падаўся ўслед.

– Вярніся, неслух! – пачуў ён дзедаў загад, але і не падумаў спыніцца.

Валодзя ведаў, што дзед не любіў неслухмянасці і што маці таксама не дай Бог увесці ў гнеў, але яму так хацелася ехаць на балота, што і страх не ўтрымліваў, – Валодзька адно для бяспекі трымаўся наводдаль ад воза. Калі калёсы прыпыніліся і брат паказаў, што збіраецца саскочыць, малы адразу стаў таксама, гатовы да ўсяго. Васіль пагразіўся:

– Толькі пайдзі ўслед!

Калёсы спыняліся яшчэ разы тры, і кожны раз то маці, то брат загадвалі вярнуцца, не на жарт абяцалі набіць, і, можа, Валодзька адолеў бы сваё вялікае хаценне, калі б не ўбачыў, што на другім возе, які выехаў услед з сяла, сядзіць разам з бацькам яго найбліжэйшы прыяцель, супольнік ва ўсіх шкодах, Хведзька. Гэта надало Валодзьку порсткасці, і ён яшчэ смялей кінуўся за калёсамі.

– А-а, – закрычаў, душачыся слязьмі, ён, – вазьміце!

Маці злезла з калёс.

– Вярніся! Ідзі дамоў, чуеш!

– Не пайду!

– Не пойдзеш?

Праз некалькі хвілін ён ляжаў на мяккай раллі між кусцікаў бульбы блізка ад дарогі, і ўзлаваная маці моцна і гучна пляскала яго па голых паружавелых палавінках.

– Вернешся?.. Вернешся?.. Вернешся?..

Валодзька, рыючы лбом пульхную зямлю, выў і роў ад болю, ад крыўды, ад злосці, але не гаварыў нічога.

Маці пайшла ад яго, так і не дачакаўшыся хоць слова.

Седзячы ў бульбоўніку, ён цераз завалоку слёз зверавата пазіраў, як яна ішла да воза, як села і паехала, грозна глянуўшы на яго. «Кеб ты… кеб табе… немач!» – кіпела ў ім няўтольная злосць.

Паўз малога па дарозе ехалі і ішлі мужыкі, і амаль кожны падсмейваўся з яго бяды: «Што, усыпалі?» Гэта распальвала яго крыўду. Невясёлы, адзінокі і, як мала хто ў свеце, няшчасны, пацёгся ён дамоў, пацёгся цераз бульбоўнік, цераз агароды, толькі б нікога не сустракаць, нікога не бачыць!..

Калёсы, на якіх сядзелі Васіль і маці, ужо ўязджалі ў лес. Пасля поля тут было ад гушчыні маўклівых, нібы прытоеных, хмурных хваін цемнавата і сыра, хоць лясок і рос на пясчаніку. Ранішняе сонца, што чырвоніла хвойнік угары, яшчэ не магло прабіцца да нізу, да зямлі, і на рэдкай траве тут мутна трымалася раса, а на пяску значыліся вільготныя цемнаватыя плямы. Не зважаючы на расу і сырасць, адчувалася ўжо набліжэнне дзённай задухі.

– Душно будзе, – сказала маці.

Неўзабаве яны дагналі Чарнушкаў. Можна было б ехаць за імі, аддаючы знак пашаны дзядзьку Цімоху, як старэйшаму, і, можа, у іншых абставінах Васіль так і зрабіў бы, але побач з дзядзькам сядзела задзіра Гануля, яго дачка, Васілёва равесніца. Гэтая задзіра ў апошні час Васілю проста жыць не давала, пры кожнай сустрэчы, калі б ні трапіўся ён – смяялася ці нават здзекавалася з яго. От жа толькі пазаўчора пры ўсіх абсмяяла. «Васіль, а чаму ето ў цябе вочы не адзінакія – адно, як вада, светлае, а другое – як жалудок! І валасы унь – ззаду як не чорныя, а спераду – рудзенькія! Як у цяляці рабого». Стаяла і рагатала пры ўсіх! Каб не праўду казала, яшчэ б нішто, а то ж праўда ўсё – розныя вочы, як на грэх, і валасы ад сонца наперадзе зарудзеліся! Усё нялюдскае нейкае!..

Ці ж мог пасля ўсяго гэтага Васіль паслухмяна цягнуцца за Чарнушкамі? Ледзь маці ўправілася сказаць дзядзьку Цімоху, што, мусіць, будзе задуха, як Васіль, тузануўшы Гуза лейцамі, чапляючы калёсамі за нізкае галлё падлеску, порстка аб'ехаў Чарнушкаў, пакінуў ззаду. Ён знарок не паглядзеў на Ганну, але і не пазіраючы на яе, Васіль адчуваў сябе ў поўнай меры шчаслівым. Вось як ён «абступіў» яе, задзіру.

Хто яна, гэта ганарліўка, якая так абыходзіцца, нібы яна не толькі нараўне з ім, а Бог ведае што. Каб яна была і праўда кім-небудзь асаблівым, тады б і трываць можна было б, а то ж хто – усяго бацькава дачка. І гэтак абыходзіцца з ім, з чалавекам самастойным, гаспадаром! Што ж, ён паказаў ёй!..

Тут, калі Васіль быў увесь напоўнен слодыччу адплаты, стары, вельмі пацёрты хамут раптам разышоўся, і аглобля зашоргала па рудых Гузавых нагах. Васіль трывожна саскочыў. Нічога страшнага не было: проста парвалася супоня.

Васіль хутчэй звязаў парваныя канцы, але калі паспрабаваў, пацягнуўшы з усяе сілы, ці моцна завязаны вузялок, той разышоўся. Прыйшлося зноў звязваць. Калі, паружавеўшы ад натугі, сцягваў супоню на хамуце, побач зарыпелі калёсы дзядзькі Цімоха.

– Што такое?

– Супоня… з-зараза…

Гануля весела зіркнула.

– Ён… супоню дома забуў!

Васіль ад такой абразы аж перастаў сцягваць хамут. Калёсы дзядзькі Цімоха, а на іх дзядзька, Хведзька і здаволеная Гануля, прайшлі паўз Васіля і сталі пакрыху аддаляцца.

– Ну, ты знаеш!..

Васіль не ведаў, што сказаць.

– У чужое просо не ўтыкай носа!..

Ён прамовіў гэтыя словы ціха, больш для маці ды для сябе, каб супакоіцца. І наогул, хіба добра было б яму, няхай і маладому чалавеку, але ж мужчыну і гаспадару, старшаму ў сям'і, звязвацца з нейкай дзяўчушкай? Але ні словы, ні думкі гэтыя не вярталі яму спакою і раўнавагі.

Васіль ехаў цяпер пануры, паглыблены ў свае думкі. Ён наогул быў схільны да развагі, не любіў вельмі адкрываць сваю душу, асабліва калі ў ёй варушыліся думкі, невясёлыя і нядобрыя. Пахістваючыся, крыху горбячыся, хмурачы яшчэ дзіцячы лоб, ён міжвольна прыгадваў, дзе і калі яна казала што-небудзь крыўднае, думаў, як аддзячыць ёй. У думкі гэтыя хутка ўпляліся іншыя – спачатку пра старую, патлелую ў зямлі супоню, стары хамут, потым пра небараку Гуза, якога калісьці кінулі балахоўцы, не маючы на яго, мусіць, ніякай надзеі. І праўда ж, конь тады дадыхаў, і не было веры, што ён яшчэ ўстане на ногі. Колькі з ім папаваждаліся, каб падняць зноў. Ён устаў, але як няпэўна ходзяць па зямлі слабыя яго ногі. А што ж з яго карысці, з такога каня, які не мае сілы!

Калі б быў у Васіля хоць такі канёк, як у Чарнушкі. Таксама не Бог ведае што, не раўня таму, якога прывёў стары Корч з мазырскага кірмашу зімою, а ўсё-такі конь як конь. Аснова.

Дарога пачала паніжацца, і сыпкі пясок яе змяніўся мяккім, падатным забалочаным грунтам, на якім вырэзваліся дзве чорныя вільготныя каляіны. У каляінах часта віднеліся вылузганыя жылы карнявішчаў, было многа ям, і калёсы амаль увесь час падскоквалі, моцна хісталіся з боку на бок. Камлі дрэваў часам сунуліся паўз самыя драбінкі, і маці перасцярожліва схавала ногі ў воз. Васіль жа сядзеў па-ранейшаму, час ад часу, нібы ў гульні, перакідваючы ногі цераз драбіны.

Турботы было не толькі нагам, але і рукам: вакол хмарамі звінелі, апаноўвалі асатанелыя камары, амаль безупынна даводзілася адмахвацца ад іх, біць. Маці закрыла хусткай ледзь не ўвесь твар, падкурчыла ногі, але ратунку і так не было. Камарэча даставала цераз вопратку, залазіла ў рукавы, за каўнер.

Гуз адбіваўся-адбіваўся хвастом, галавой, не вытрымаў, патрухаў уподбег. Але гэта не памагло, і ён зноў пайшоў, круціў хвастом, матляў грывай, стрыг вушамі…

Лес тут быў зусім іншы, як на пясчаніку. Рослыя, з чорнымі, быццам абпаленымі, камлямі, з дзіўна паточанай карой, старыя алешыны танулі знізу ў густым балотным разнатраўі, у маладой пораслі алешын, у гнілым, асклізлым ламаччы. Алешнік вельмі часта мяшаўся з лазняком, што рос моцнымі дружнымі купамі, уздымаючы ў лясны прыцемак шызыя кучары пераплеценага галля.

У лесе буяла мноства злой, палючай лясной крапівы, што дзе-нідзе ўздымалася загонамі ў чалавечы рост. «Глядзі ты, колькі выперлася яе, етай поскудзі! – мімаволі праплыло ў галаве ў Васіля. – І якая – як каноплі!..»

З-за павароту ён зноў убачыў наперадзе Чарнушкавы калёсы, белую Ганніну хустачку, і думкі яго вярнуліся к дзяўчыне: «Я етаго табе не забуду! Пабачыш!»

2

Калі Васіль пад'ехаў да сенажаці, Чарнушка ўжо выводзіў з аглабель распрэжанага каня. Хведзька, прысеўшы наўколенцы, штосьці зацікаўлена разглядаў у траве, а Ганна перакладвала пад калёсы біклажку. Васіль знарок адвярнуўся, каб не глядзець у яе бок, але міма яго ўсё ж не прайшло ні тое, што яна рабіла, ні тое, як яна зірнула на яго. Зірнула з усмешачкай, і Васілю здалося, што з яе язычка зноў сарвецца штосьці кплівае, крыўднае.

Яна прамаўчала.

– Васіль, а мо тут станем? – прамовіла маці. – Разам з імі? Мясцінка, глядзі, якая…

Надзелы Чарнушкаў і Васілёвай маці былі побач. Васіль у іншы час так і зрабіў бы, як казала маці, – гэта было зручна і выгадна: спакайней было б і за коней, і за калёсы, за якімі назіралі б і Чарнушкі. Але сёння сын панура заўпарціўся:

– Мясцінка як мясцінка…

Ён суняў каня далей, крокаў праз трыццаць, ля куста маладога арэшніку. Азірнуўся, акінуў позіркам даволі вялікае, акружанае з усіх бакоў лесам балота. На балоце там і тут кучаравіліся кусты лазы, якія дзе-нідзе зрасталіся ў цэлыя астраўкі. Але Васіль не даў ніякай увагі гэтым астраўкам, яго больш зацікавіла, што на балоце яшчэ было многа вады, часам цэлыя разводдзі. Вада была і на яго надзеле. «Чорт бы яе пабраў!» – падумаў Васіль.

Пры ўзлесках амаль усюды стаялі калёсы, завіхаліся людзі. Нямала людзей было і на балоце – ужо дзе-нідзе касілі.

Стрыножыўшы Гуза, Васіль пусціў яго пасвіцца, вярнуўся к калёсам і выцягнуў касу. Ён развязаў анучку, абгорнутую вакол нажа касы, і, ускінуўшы касу на плячо, перапоўнены гонарам, стрымана, паважна падаўся да сенажаці.

Маці, маўклівая і паслухмяная, пайшла ўслед за ім.

– Тут. Нашае – адсюль і унь датуль, дзе калок, – сказала яна.

Яна магла б і не гаварыць гэтага, бо Васіль і сам ведаў свой надзел, – відаць, ёй проста было няёмка стаяць каля сына.

Васіль заўважыў на яе твары, у складцы родных губ выраз нейкага шкадавання і вінаватасці і строга прамовіў:

– Знаю.

Уваткнуўшы канец касся ў мяккую зямлю, трымаючы моцна рукой тупы край касы, Васіль стаў мянташыць. Адмахнуўшыся ад камароў, коса зірнуўшы на Чарнушкаў, убачыў, што Цімох яшчэ корпаецца каля воза, і задаволена падумаў, што пачынае раней.

Расставіўшы па-мужчынску ногі, моцна ўпінаючыся ў грунт, ён размашыста правёў касой, і трава шыркнула, паслухмяна лягла злева акуратнай купкай. Ён правёў другі раз, трэці, трава злева стала выцягвацца ў вільготны зялёны рад. Хутка ногі яго ступілі на пакошу, перад ім быў ужо лапік чыстага, скошанага ім. Хто гэта казаў, што ён яшчэ зялёны касіць? Што яму, быццам, кашы яшчэ многа трэба! Кашы, можа, каму-небудзь і трэба, толькі – каму іншаму. Але не яму, не Васілю. Праўду кажуць, што касіць – справа не абы-якая, мужчынская справа, тут трэба і сіла, і спрыт, умець трэба. Але ў Васіля ўсё гэта ёсць. Глядзіце, як ладна шыркае ў яго каса, як кладзецца, даўжэе рад!

«Ш-шырк, ш-шырк», – згодна прамаўляла ў лад Васілёвым думкам каса.

Ён адчуваў, што ззаду стаіць маці, пазірае ўслед, ласкавая і гордая, і ад гэтага ў руках і нагах сілы быццам большала. Разам з маці, акрамя яе, ён адчуваў за спіной яшчэ адну істоту, зусім іншую, чым маці, кплівую і нядобрую, якая, можа быць, таксама сочыць за ім сваім падсцярожлівым позіркам. Што ж, няхай сочыць, яму гэта ніяк не абыходзіць!

Васіль заўважыў, што дзядзька Цімох таксама пачаў павольна, мерна махаць касою. Ён ідзе паціху, крыху горбячыся. Васіль таксама крыху прыгорбіўся – так ходзяць усе сталыя людзі. Убачыўшы, як дзядзька ідзе, успомніў, што галоўнае пры касьбе – не спяшацца, не высільвацца, каб не змарыцца да пары.

Задумаўся, не асцярогся, і каса знянацку з усяго маху ўрэзалася ў нешта цвёрдае. Купіна, каб яна правалілася! Васіль хутчэй выцягнуў касу і коса зірнуў да Чарнушкаў – ці не заўважылі.

– Што там, Вась? – адгукнулася маці.

– Нічога.

Ён сказаў рэзка, нездаволена, спагнаў на ёй прыкрасць. Няхай не крыўдзіцца, няма чаго стаяць ды глядзець, калі чалавек заняты!

Маці нібы здагадалася пра яго думкі.

– Я пайду к каню… Памагай табе Бог!

Яна перахрысціла яго, блаславіла і, уздыхнуўшы, пайшла к калёсам. Васіль, не нагінаючыся, каб не паказаць, быццам нешта здарылася, агледзеў касу і супакоіўся. Каса была цэлая. Ён зноў правёў па траве, каса ішла добра, як і раней. Касіў ён цяпер асцярожней, сачыў за куп'ем, якое пачынала трапляцца ўсё часцей і часцей.

Трава была тут небагатая, найбольш асака. «Эх, удзялілі дзяляначку, растуды іх…» – падумаў ён і ўспомніў, як крыўдавала маці, вярнуўшыся дамоў пасля падзелу. «Ведамо, адна, без чалавека. Няма каму пастаяць… Нічога, ето апошні раз. Цяпер я вазьмуся, няхай паспрабуюць зрабіць яшчэ так!.. Праўда, у Чарнушкі таксамо надзел не лепшы. Што ж, ён сам вінаваты! Ціхі занадто. Яму хоць палец у рот пакладзі!.. Няхай сам абабіваецца, калі такая ўрода!..» А Васіль не дасць, каб клалі палец у рот! Не папусціцца!..

Нагам стала мокра. Спачатку вада толькі чулася, дзе пасталы ўціскалі пакошу, потым стала хлюпаць між куп'я. Неўзабаве Васіль ужо ўвайшоў у ваду, якая абступіла, нібы нанова абгарнула ногі. Анучы ўраз прамоклі, калошыны знізу таксама сталі мокрыя, і ногі зрабіліся важчэйшыя, быццам самі набраклі вадою. Ад намоклай тканіны ногі першы час, пакуль не прывык крыху, непрыемна казытала. Але Васіль амаль не звярнуў на ўсё гэта ўвагі – хадзіць па балоце даводзілася ўжо нямала, і ў пасталах і без пасталоў, і ўсе такія дробныя прыкрасці здаваліся звычайнымі. Горш было тое, што скошаны рад цяпер лажыўся ў ваду. Трэба будзе зграбаць у вадзе, несці на сухое і раскідваць там, каб прасохла. Столькі лішняга клопату.

Вось што добра – вада цёплая. Не студзіць ног, не гоніць дрыжыкаў па целе, як у іншыя дні ўвосень або зімою, калі ад халодных мокрых ануч аж дух займае. Цёплая вада, і – дзякуй Богу. Ідзі, хлюпай пасталамі, вядзі касой мерна, роўна, справа – налева, справа – налева. Праўда, трохі цяжэй стала ісці – касу трэба амаль увесь час трымаць навісу, многа вады. Касіць тут не тое, што на сухім месцы. Запытай любога куранёўца, і ён табе скажа, што Мокуць – чортава месца, гіблае для касца.

«А чаго яе, етую сенажаць, так завуць? Мокуць… – падумалася Васілю. – Хіба ж толькі таму, што недалёко сяло, якое называецца Мокуць? Пэўна, кеб сухо тут було, то на сяло не паглядзелі б, далі б лугу мянушку не такую. А так от – „мокуць“ і „мокуць“, мокрае, гіблае месца…»

Часам каса чапляла ваду, уздымала, раскідвала пырскі – яны разляталіся, весела паблісквалі на сонцы. У вадзе каса шыркала інакш, як без вады, гушчэй, важчэй, працяжней.

Усё мацней угравала. Пот мачыў цвёрдыя, двух колераў валасы, поўз на лоб, абпалены сонцам, засцілаў вочы, цёк на кволыя, яшчэ амаль дзіцячыя грудзі, прыклейваў да спіны ўшчэнт змакрэлую сарочку.

Каса станавілася ўсё цяжэйшая. Рукі наліваліся ўтомаю, балелі ў локцях і плячах, слабелі, нагам было млосна. Млосць расплывалася і па ўсім целе. Хацелася сесці. З цягам часу жаданне гэтае не толькі не адыходзіла, а ўсё мацнела. Сесці, хоць на купіну, хоць у ваду. Пасядзець трохі, адпачыць, а там можна зноў устаць, зноў ісці.

Але Васіль не сеў. Ён трываў. Гэта было ўжо не ў навіну – цярпець, адольваць стому, адганяць прываблівую спакусу пагуляць, паленавацца. Зялёны гэты хлопец ужо з найпершага маленства адчуў, што жыццё – не вясёлае, бесклапотнае свята, а найбольш доўгі і клопатны будзень, што трэба цярпець. З усіх мудрасцей жыцця ён, як адну з найпершых, уведаў – трывай, цярпі! Усім цяжка бывае, усе церпяць, цярпі і ты!

Гэтаму яго вучыла маці, вучыў небагаты і немалы горкі вопыт. І ён цярпеў. Аблізваў салёны пот з губ, выціраў валасы, выцягнуў ніз сарочкі са штаноў, каб ветрык мог дайсці, астудзіць. І ўсё ж якая цяжкая была цяпер каса, як цяжка было адганяць млосць і слабасць у руках і ў нагах! І як хацелася сесці! Проста дзіва!

Ужо ні пра што не думалася, ні пра тое, дзе цяпер дзядзька Цімох, перагнаў ці не, нават пра тое, што вось ён, Васіль, не зялёны, а сталы чалавек, гаспадар…

Толькі калі знямогся зусім, калі дрыготкія, бяссільныя рукі апусцілі страшэнна важкую касу і не маглі ўжо скрануць, уваткнуў кассё ў купіну, падаўся да калёс. Ішоў важка, павольна, цягнучы ногі, што хлюпалі ў цёплай вадзе. З выгляду гэта быў падлетак, худы, даўгарукі, з тонкай шыяй, а па хадзе, па прыгорбленай постаці – мужчына.

Васіль ішоў нібы напіцца. Маці, завязаўшы хустку па-дзявочы, як касынку, – камары ўжо не назалялі, горача, – зграбала траву, абярэмкамі на граблях зносіла на сухое. З травы цякла вада, і маці старалася трымаць абярэмак і граблі перад сабою. На сухой пакошы ўжо было крыху разасланай травы.

Кінуўшы траву, яна зірнула на яго, і Васіль заўважыў, як на твары яе з'явілася шкадаванне. Хмурная, страсянула мокрую спадніцу.

– Перадыхні!.. Паляжы вунь там, у цяньку… Управімся, нідзе не дзенецца… трава етая.

Калі ён паваліўся ў траву каля воза, нахілілася, пяшчотна пагладзіла па галаве.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю