355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 15)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 28 страниц)

2

Ідучы побач з возам, які важка ўціскаў колішнюю раллю і пожню, крактаў, небяспечна калыхаўся, Яўхім увесь час сачыў за ім: то падтрымліваў рукой, то падпіраў плячом. Толькі выбраўшыся на дарогу, на выезджаныя каляіны, адступіў ад воза, пайшоў спакайней, лягчэй.

Калі воз пад'ехаў да Чарнушкавай паласы, Яўхім скоса зірнуў туды, дзе сядзелі купай, гаманілі аб нечым Чарнушкі і Дзятлы, падумаў: «Іч, злятаюцца!.. Усё адно як сваякі!..»

Воз жаваў коламі пясок і пыл каляін, шастаў добра змазанай воссю, конь рыпеў гужамі, а Яўхім як бы не бачыў нічога, не чуў, разварушана думаў – ужо каторы раз – пра сваю прыкрасць-хваробу.

Хто б мог падумаць, што так завяжацца. Лічыў спачатку: глупства, драбніца, падурэю з ёй, саб'ю ахвоту і кіну. І спачатку ж ішло быццам бы так, як хацеў: хіліцца быццам бы да яго пачала. Калі вярнуўся з турмы Дзятлік, думаў: паглядзіць хай, недарэка, пазайздросціць яму, Яўхіму, што адбіў каханую. Яўхім быў упэўнен, што Ганна – не дурная ж, бачыць жа, хто такі ён і хто Дзятлік, – прытуліцца да яго, Яўхіма, самага віднага, самага разумнага, першага на ўсе Курані хлопца. Ён тады нават часам думаў з асцярогай: каб хоць не прыліпла вельмі, не звязала…

І вось жа – нб табе, Яўхім дасюль не можа спакойна ўспомніць: як толькі ўбачыла Дзятліка – зноў хітнулася да гэтага няўклюды, галяка гэтага! Ад яго, ад Яўхіма! Гэта здалося такім недарэчным, дурным, што Яўхім спачатку проста не паверыў, што яно – моцна, надоўга: мала якая дурасць можа ўляцець раптам у дзявочую галаву, міне дзень-другі – адумаецца. Але Ганна не адумвалася. Тады Яўхім не вытрываў, яўна паступаючыся мужчынскай годнасцю, сам пайшоў да яе, паспрабаваў перахапіць зноў, вярнуць. І так падступаўся, і так, чаго толькі ні нагаварыў, праводзячы дахаты, трымаючы сілком каля ганка, – хоць бы трошкі змянілася. Каля ганка – ледзь дойдзеш – у яе толькі і клопату: хутчэй нырнуць у сенцы, спаць заўсёды спяшаецца… Абняць за плечы нават не далася!..

Самае крыўднае – бачыць усё, разумее ды яшчэ пасміхваецца, гуляе з Яўхімам, як кот з мышшу! Нібы і не гоніць зусім, нібы надзеі трохі пакідае: хадзі, дурань Яўхім, валачыся за ёй, зайздросць, як яна да Дзятліка туліцца.

Не, Яўхім не зусім страціў гонар – хадзіў, хадзіў за ёй, злаваў, ды, урэшце, рашыў: усё, канец гэтаму глупству, гэтаму здзеку, адзін раз і назаўсёды. Як рашыў, так і зрабіў – выкінуў з душы, з памяці, нібы і не ведаў ніколі такой…

Як на шчасце, паявілася леснікоўна. Вясёлая, гаваркая, прынадная дзяўчына як з неба звалілася разам з бацькам сваім, новапрызначаным лесніком. Праўда, звалілася трохі далекавата – вёрст пяць з гакам у адзін бок, але што Яўхіму былі гэтыя пяць вёрст! Была б ахвота мераць іх, а ахвота гэтая тады поўніла яго: як ашалелы, ляцеў лесам, балотнай сцежкай да Верачкі.

Верачка была зусім іншая. Праўда, не кідалася радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. За лесніковай пасадай так пахнуў смалою, млеў бор; у бары, без бацькі і маткі, што вельмі ж прыглядваліся да Яўхіма, Верачка неяк асабліва ружавела і чамусьці ўздыхала, уздыхала. Калі Яўхім прытуліў яе да сасны і абняў, яна не адштурхнула – сінія вочы Верачкі былі цёмныя, як вада перад навальніцай, губы прагныя… Здавалася, усё перамянілася. Няма больш хваробы гэтай, Ганны, ёсць толькі Верачка, адна – лагодная, пяшчотная, радая яму. І вось жа аказалася раптам, што ўсё гэта мана – нішто, аказалася, не перамянілася. Хвароба як была, так і асталася. І ўсё гэта адкрылася неспадзявана, умомант, у добрую ясную раніцу.

Колькі разоў успаміналася Яўхіму гэтая раніца, гэта сустрэча… Выпусціўшы з-пад шапкі з блішчастым казырком, ссунутай набок, хвацкі чуб, ішоў Яўхім па вуліцы. Ішоў к Верачцы. Не глядзеў ні на кога, рукі ў кішэнях сініх фарсістых галіфэ, папяроска ў ганарліва прыкрыўленым роце, нёс на казырку, на глянцы ссунутых гармонікам шыкоўных хромавых ботаў, адзіных у Куранях, сляпучы зырк сонца – быццам сам зырчэў. Ішоў – першы жаніх на ўсё сяло. Ззяла залітая святочным сонцам вуліца, ззяла і душа, поўная адчування маладосці, хараства свайго, сілы. Добра было ведаць, што блізка сустрэча на ганку лесніковай хаты, гарачы бор, Верачка, якая ружавее і ўздыхае…

І раптам усё знікла. Уміг. Як і не было. І бесклапотна-салодкае прадчуванне ўцехі, і леснікоўна, і ганарлівая сіла. І было б ад чаго: убачыў – проста яму на дарозе стаіць Ганна, таксама па-святочнаму вясёлая, у святочнай паркалёвай кофце з кветачкамі. Стаіць, жмурачы вочы ад сонца, лузгае семкі. Кагосьці, мусіць, чакае.

– Добры дзень! – павіталася з усмешачкай, гуллівай і хітрай, якая заўсёды дзіўна яго калола.

Яўхім, нібы незнаёмай, абыякава адказаў, намерыўся прайсці.

– Куды ето такі… наваксаваны?

Яўхім хацеў зрэзаць:

– Мабуць, не к табе!

– Уга! Я так і думала! – Яна засмяялася задзірыста. – Глядзі ты, усё адно як згаварыліся! І я не цябе чакаю!.. Да леснікоўны? – прытворна лагодна пацікавілася яна.

– Можа, да яе. А табе што? Зайздрасць бярэ?

– Канешне!.. Такі кавалер!.. Толькі – вочы ў яе, кажуць, у розныя бакі глядзяць. Праўда?

Яўхім зірнуў на яе як мог пагардліва і ўбачыў: яна задаволена смяялася – дадзела, раззлавала! Не ўправіўся Яўхім сказаць што-небудзь, каб яна прыкусіла язык, адвыкла назаўсёды кпіць з яго, як Ганна, азірнуўшыся, весела войкнула, спрытна і лёгка подбегам падалася прэч. На вуліцы паявіўся Дзятлік.

Яўхім плюнуў і, як бы нічога не здарылася, пайшоў сваёй дарогай. Ішоў, здавалася, як і дасюль, весела і бесклапотна, усё так жа пасмоктваў куплёную папяроску, думаў, што гэтая яе балбатня – пустое і сама яна нішто яму цяпер. І ўсё ж, падыходзячы да могілак, не вытрываў, азірнуўся – яна стаяла з Дзятлікам і чагосьці смяялася. З чаго, з каго?

Зайшоўшы за могілкі, за якімі яго нікому ў сяле не было відаць, Яўхім спыніўся, сеў на траву. Ісці да леснікоўны раптам расхацелася…

«Круцёлка языкатая! – не першы раз падумаў цяпер Яўхім, ступаючы побач з возам, што важка пакалыхваўся і рыпеў гужамі. – Ходзіць у зрэб'і падраным, а дзержыцца – як пані якая!»

Адсюль думкі Яўхіма пайшлі іншым кірункам. Думаў – як гэта недарэчна, бязглузда бывае часам у жыцці: адзін чалавек усёй душой табе прыяе, любіць бы яго ды любіць, а – не любіш, ён, дабрадзей, хіліцца да цябе, а ты абыходзіш, уцякаеш ад яго. А на другога і глядзець бы не трэба, не тое што блізка быць з ім, а ты і глядзіш, і сам ліпнеш душой да яго. І дзіўна, і прыкра было ўспамінаць: калі Ганна была ў полі, хоць і стараўся не глядзець у той бок, вочы як бы самі сабою сачылі за ёй. Бачыў, як жне, хутка, спрытна, як, разагнуўшыся, зморана ўзняўшы рукі, перавязвае хустку, як ідзе – памалу, але ганарліва – да біклажкі, п'е. Не мог глядзець абы-як – быццам абдымаў яе ўсю: увішныя голыя рукі, гнуткі, як у вужакі, стан, усё яе спрытнае, жаданае цела. Хоць не блізка была – чуў, як асабліва, горача пачынае біцца кроў, як сохне ў роце.

Трэба ж было дайсці да такога – з-за гэтай задзірлівай ганарліўкі вечарамі не сядзіцца ў хаце, начамі не спіцца. Выходзіш вечарам з адной думкай – як бы штосьці асобае – пабачыць, пачуць яе, і шкадуеш, злуешся, што яна рэдка ў гуртах дзяўчат і хлопцаў паяўляецца. Без яе як бы і вечар не вечар, і ноч не ноч. Калі ляжыш адзін у душнай хаце, сэрца аж гарыць, як падумаеш, што яна гэтым часам, можа, дзе-небудзь з Дзятлікам грэецца…

І трэба ж было, каб так усё павярнулася. Калі так далей пойдзе, то на Яўхіма, чаго добрага, пальцамі паказваць стануць, смяяцца… І сама яна, можа, найпершая, разам з гэтым недарэкам Дзятлікам… Не, хай толькі паспрабуюць ці яна, ці хто-небудзь – пабачаць!.. Ён і так даволі цацкаўся з ёй, хопіць далікацтва, трэба нарэшце ўзяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Узяцца так, каб дух ёй зацяло. Моцна, як мужчына!

«Прыціхне адразу. Памякчэе… Буць не можа, што не памякчэе!..» – падумаў Яўхім, раптам заўважыўшы, што пад'ехаў ужо к свайму гумну.

Сцяпан адчыніў вароты, і грузны воз пачаў асцярожна ўцісквацца ў зяпу гумна. Яўхім ішоў цяпер наперадзе воза, збоч каня, паглядваў, як уціскваецца воз, – і на момант на вочы яго насунулася цемра: воз закрыў святло, што біла з двара. Калі воз стаў сярод гумна, цемра ўжо як бы апала – святло зноў ішло ў вароты.

Пасля гарачага пяску і пылу дарогі нагам прыемна было чуць гладкі і цвёрды, як лёд, халадок току, свежую, прапахлую зямлёю і збажыною прахалоду гумна, што хутка сушыла пот на целе і адзенні.

Яўхім адматаў вяроўкі, што завязвалі рубель ззаду, кінуў іх на ток, зняў рубель і стаў падаваць віламі снапы Сцяпану, які стаяў цяпер ускрай сцірты, што стромка падымалася ў застаронку. Снапы ляжалі роўнымі радамі ўжо да палавіны страхі, а яшчэ не ўсё было звезена. Яўхім з радасцю падумаў, што поле каля цагельні і ў гэты год не падманула, урадзіла ўсім Кураням на зайздрасць.

«Палавіну на продаж пусціць можно… У еты год, мабуць, у цане будзе – нават у Алешніках не вельмі ўрадзіло… Як спрытно прадаць, то разжыцца можно непагано! Каня купіць у Юравічах дабрэннага можно, цяліцу і шчэ й на лес адлажыць грошай… Бо як ні кажы, а будавацца прыйдзецца… Калі жаніцца, то і будавацца, не інакш… На сваю волю, на сваю гаспадарку, што б там ні было!..

А жаніцца б – пара! Даволі пагайсаў, пагуляў – не да сівых жа валасоў жарабцом бегаць… Мо тады і зараза етая – Ганна – з галавы выйдзе… Выйдзе, канешне, – у пустом полі ўсякая трасца расце!..»

Калі ехалі са Сцяпанам назад, пад порсткі ляскат драбінак Яўхім уявіў, як прыедзе з жонкай, маладой, багатай, якую ён прывязе аднекуль – можа, з саміх Юравіч, бо ў Куранях пад пару яму, вядома, нікога няма, – як павядзе яе на свой ганак пад зайздрослівыя позіркі куранёўскіх нявест… «І кеб яна, канешне, була пры етым, бачыла маю радасць, маю перамогу!» – зноў згадаў Яўхім Ганну.

Але радасці ён і тут не пачуў – нешта не было ахвоты ўводзіць у хату гэту невядомую жонку. Не радасць, а сум нейкі лажыўся на душу, шкадаванне – нібы з гэтым вяселлем не набываў, а траціў. Як ні хацеў, не мог уявіць гэтую сваю будучую жонку, чуў, бачыў адну Ганну…

Плынь думак ураз абарвалася, калі конь выкаціў калёсы к павароту дарогі, за якім можна было ўбачыць Чарнушкаву паласу. Яўхім з нецярплівасцю, з хваляваннем зірнуў – як там Ганна, яшчэ з Дзятлікам?

Дзятліка ўжо не было на Чарнушкавай паласе, а Чарнушкі ўсе жалі. Яўхім убачыў Ганну, што вязала сноп, і паспакайнеў.

3

Кладучы снапы на воз, Яўхім заўважыў, што Ганна адышла ад сваіх, узмежкам падалася да лесу.

«Адна!.. Куды яна? – мільганула ў ім цікаўнасць. – Па маліны, ці што?..»

Яўхім хвіліну сачыў за ёй, як бы чакаў адгадкі. Ён пачаў хвалявацца.

– Ты што? Аслеп? Не бачыш? – крыкнуў Яўхіму стары Корч, трымаючы на вілах сноп.

Яўхім схамянуўся, але думка пра тое, куды пайшла Ганна, ужо не адыходзіла. Стараючыся класці снапы ў час, ловячы тыя моманты, калі стары адварочваўся, каб узяць сноп, Яўхім падсачыў, куды пайшла Ганна, – думаў, як бы хутчэй далажыць воз, як адчапіцца ад бацькі, вырвацца туды, услед за ёю.

– Ну, хопіць! – нарэшце сказаў Глушак-стары, і Яўхім, зачапіўшы рубель, які яму падаў Сцяпан, з радасцю саскочыў на пожню, стаў борзда ўціскаць воз.

– Яшчэ разок! Яшчэ!.. Г-гах!.. – камандаваў Яўхім Сцяпану, цягнучы вяроўку так, што аж гарэлі рукі. Тузануўшы вяроўку апошні раз, Яўхім, каб не развязалася, некалькі разоў спрытна зашмаргнуў канец яе на выцертым да бляску рублі, пляснуў брата па плячы.

– Да самаго Мозыра можно везці!..

Ён тут жа нагнаў на сябе выгляд паслухмянасці і пакоры, насцярожана зірнуў на старога.

– Арэшынкі нагледзеў надысь… На абручы акурат… – Яўхім чуў, як маці ўранку прасіла старога набіць новыя абручы на бочку.

– Арэшынкі! Знайшоў час… – нязгодна прабурчаў стары.

– Час не час – да ненарокам ссякуць!.. Удалыя вельмі!..

Стары памаўчаў, і Яўхім зразумеў: хітрасць удалася! Можна пайсці!

– Бяры лейцы! – сказаў ён Сцяпану ўсё з той жа паслухмянасцю, нібы перадаваў бацькаў загад. – Не адвыкай ад навукі мужыцкай! – на ўсякі выпадак нагадаў ён брату звыклую бацькаву параду.

Стары не адгукнуўся на гэты сынаў хітрык.

– Кеб не бадзяўся там вельмі! Вернешся, абгледзь тут – мо калоссе дзе-небудзь засталося, падбяры!

– Добра…

Яўхім пачакаў, калі бацька загадае ехаць, – упёршыся ззаду ў снапы, памог каню крануць воз, пасля таго як воз крактануў, хітнуўся, рушыў, яшчэ некалькі крокаў прайшоў услед, усё памагаючы плячом.

Калі ж адстаў, Яўхім кінуў на бацьку зладзейкаваты позірк і, ледзь стрымліваючы вялікі прыліў нецярплівасці, хутка пайшоў к лесу. Ішоў ён не проста туды, дзе схавалася Ганна, а бліжэй к сваёй паласе – асцерагаючыся лішне цікаўных людскіх вачэй, думаў падабрацца к Ганне нявідна, лесам.

Чым бліжэй падыходзіў да лесу, тым мацнелі ў яго гарачае хваляванне, неспакой і нецярплівасць, якія гналі яго – хутчэй, хутчэй! У яго ледзь хапіла развагі, каб не пабегчы. Хутчэй, пакуль не адышла далёка, не прапала ў зарасніку: зойдзе, залезе ў гушчар – век не знойдзеш!..

Ледзь дапаў да лесу, парывіста нырнуў у жаданую засень: нарэшце можна пабегчы, не асцерагацца людскіх вачэй. Хацеў быў адразу ж кінуцца ў зараснікі і раптам хіснуўся назад, як бы наткнуўся на дрэва: насустрач – трэба ж, каб так не ў час! – выскачыла Хадося.

– Яўхімко! – кінулася Хадоська к яму.

Гэта было так неспадзявана і недарэчна, што Яўхім момант як бы нічога не цяміў.

– А-а!.. Ты… чаго тут?..

– Так, зайшла от! Захацелася от, сама не знаю чаму! Я і зайшла! Нібы чуло сэрца!.. – Яна гаварыла з радасцю, але Яўхіму чуўся ў яе голасе нейкі затоены сум. І праўда, яна паскардзілася ўслед: – Я ўжэ так нудзіцца пачала!

Губы Хадоські вінавата скрывіліся. З гэтай журботнай, дзіўна застылай усмешкай яна ступіла да Яўхіма, хацела, відаць, прытуліцца да яго, але Яўхім адкаснуўся, павёў вачыма ўбок:

– Т-ты чаго?!. Людзей не сорам?

– А што мне – людзі!.. – адказала яна раптам з адчаем і нейкай рашучасцю, якая насцярожыла яго.

– Калі табе ўсё адно, то мне – не ўсё адно!..

Яўхім заўважыў, што твар яе блеклы, нездаровы, вочы запалі, шчокі адвіслі – нібы не дзяўчына, яблыка наліўное, а чэзлая падалка. І ўся яна – як ён дасюль не бачыў? – была нейкая зморшчаная, як бы хворая без надзеі, як бы без крыві – непрывабная, непрыемная. Нават агідная.

Нашто ён звязаўся з ёю, даў ёй хадзіць з ім, ліпнуць? Ну, што было тады ў саломе, тое было, бедаваць няма чаго. Але чаму ён пасля яшчэ важдаўся з ёю, плаціў за рэдкія ўцехі з ёю такой вялікай цярплівасцю, слухаў яе бясконцыя страхі, папрокі, напамінкі, суцішаў слёзы. Замест таго каб адразу адрэзаць, адшыць. Бачыў жа, як ліпне!.. Дык не ж, вясной трэба было яшчэ і ў свіран ноччу прывесці! Добра, што не падгледзеў ніхто!.. Дурань, дурань!..

– Не хадзі за мной! – сказаў Яўхім строга. – Хопіць!

– А ці ж я хаджу!..

– І так жанкі языкі чэшуць!..

– І ніхто не чэша!.. Выдумляеш ты!.. Здаецца табе! Ніхто нічога не кажа!

– Не хадзі!

Даўно б, здаецца, час зразумець, што не пара яму, што кончана ўсё, дык не ж – бегае, як сабака! І глядзіць, як сабака!

– Забудзь!

Ён хацеў пайсці далей. Але яна ўхапілася за руку, спалохана крыкнула:

– Яўхімко-о!

– Адыдзі, сказаў!

Яўхім хацеў узяць ад яе руку, яна не пусціла. Ухапілася другой за пінжак.

– Яўхімко, я… я… – Хадоська захліпвалася ад слёз.

– Пусці!

– Яўхімко! Я… Я – грубая*!

* Цяжарная.

Як ні быў рашуча настроен Яўхім, ён на момант абмяк.

– Што?

Яўхім паглядзеў на яе, зразумеў: кажа праўду. Вочы пачырванелыя ад слёз, скрыўлены болем рот, мокрыя, дрыготкія, як студзіна, шчокі – ва ўсім было відаць вялікае гора. Яна ўся курчылася, дрыжала ад бяды, ад пакуты. Вось, значыцца, чаму яна такая хваравітая!

Дабегаўся, дагуляўся! Дакруціўся так, што далей ужо няма куды! Як і выкруціцца, невядома! «Добра, што ніхто не бачыў, як у свіран хадзілі!» Убачаць, усе ўбачаць!.. Не адышоў у свой час, дурань!

Як жа цяпер быць? Што рабіць?..

– Нагуляла, значыцца?.. Цяпер шукаеш, хто вінаваты?..

– Яўхімко! – застагнала Хадоська. – Бойся Бога! Ці ж я шчэ з кім, акрамя цябе?

– А хто знае! Толькі – ад мяне не магло!

– Яўхімко!

Але Яўхім не хацеў ужо слухаць. Кінуўшы яе ззаду, ён, аднак, неўзабаве прыпыніўся, вярнуўся да яе, што ляжала, уткнуўшы галаву ў траву, захліпаючыся ад адчаю, прамовіў мякчэй:

– От што! Вазьміся за розум, калі не хочаш, кеб людзі смяяліся! – Ён пачакаў, калі Хадоська сціхне, але зразумеў, што не дачакаецца, азірнуўся, сказаў нецярпліва: – У Глінішчах е знахарыха…

Хадоська як бы і слухаць не хацела яго шчырай парады. От і жадай ты дабра ёй, спрабуй памагчы гэтай слязліўцы! Усё ж са злосцю дагаварыў:

– Яна ето ўмэнт!.. Выкіне!.. Чуеш?

Хадоська ў адказ толькі прастагнала. Яўхім пастаяў трохі, потым, як бы пабачыўшы, што важдацца больш няма ніякай карысці, пайшоў сваёй дарогай. «От чорт! – думаў ён, прадзіраючыся праз хмызняк. – Трэба ж, кеб так выйшло! Було ж кеб што асаблівае, кеб любоў там якая, ці што. Кеб хоць сох так, як па етай, па Ганне! Дак не ж, балаўство адно… А цяпер от думай! Чакай, чым кончыцца!..»

Настрой быў цяпер зусім не такі, як да сустрэчы з Хадоськай, сапсаваны быў настрой. Яўхім ад гэтага неўзабаве нават стаў у зарасніку, задумаўся: ісці ці не ісці цяпер шукаць Ганну? Ужо як і не было нядаўняй нецярплівасці і лёгкасці – да ўсяго прыйшла неспакойная думка: «Кеб хоць не расплакалася етая слязліўка перад Ганнай… Яны ж як-ніяк прыяцелькі…»

Але думаў, трывожыўся Яўхім нядоўга. Хадоська – то адно, а Ганна – зусім іншае. Што ж яму цяпер – і глядзець ні на кога няможна? Манахам стаць у маладыя свае гады? Ад таго, што нейкая дурніца прыліпла?

І наогул, хіба гэта мужчынская справа – за дзеўку думаць? Сама прыдбала, сама няхай і думае, як збыць!..

Яўхім палез далей праз зараснік – азірнуўся, прыслухаўся, дзе яна, неадчэпная Чарнушка?

4

Ганна, убачыўшы яго, не здзівілася, не занепакоілася – зірнула абыякава і зноў стала выглядваць, выбіраць маліны. Кусты былі цёмныя, густыя – яна разводзіла лісце, даставала ягаду за ягадай, клала ў жменю. Яўхім пастаяў, чуючы ў сабе недарэчную нясмеласць, падышоў да Ганны, сказаў лагодна:

– Памагці, можа?

– А мне і самой не трудно! – адказала яна, разумеючы яго няхітры подступ. Яна нават не зірнула на яго – як і раней, выглядвала, выбірала маліны.

Яўхім побач з ёй таксама пацягнуўся за ягадай.

– Усё-такі з памочнікам спарней!

– Гледзячы які памочнік!..

– А хіба – паганы? – паспрабаваў ён пажартаваць.

– Добры, значыцца?.. Любіць аржаная каша сама сябе хваліць!

– А чаго і не пахваліць сябе, калі другія не хваляць. Можа ж, і е за што!

– Уга! – толькі і сказала яна з насмешкай.

Яўхіму кінулася ў вочы, пад парванай ніжэй пляча зрэбнай кофтай, паска смуглай скуры, і горла перахапіла гарачая рэўнасць.

– Дзятлік твой, можа, лепей?

Ганна адказала спакойна:

– Як для каго…

На загарэлай, аж чорнай шыі яе пад зборам павязаных паркалёвай хустачкай чорных, з бляскам валасоў віўся лёгкі, дзіўна светлы пушок.

– Ні да чаго ўсё ето! – прамовіў ён як мог весела, бесклапотна.

– Што – ні да чаго?

– Выдумляеш, сама не знаеш што! Усё адно не выкруцішся!

– Ад цябе?

– Ад мяне.

– Уга! Спужаў! – Ганна засмяялася, і смех гэты распаліў упартасць у ім.

– А што ты такое асобае? Не дзеўка хіба?

– Дзеўка-то дзеўка. Ды і куры, кажуць, не ўсе рабыя. Не адзінакія… Не адзінакія, можа, і дзеўкі?.. Не ўсе ж, мабуць, як… Хадоська?!

Яўхім ад нечаканасці аж анямеў. «Знае? Знае ўжэ! Чаму яна ўспомніла? Выказала ета слязліўка?»

Трэба было ўсё ж нешта рабіць, выбірацца з пасткі. Можа, яна гэта проста так, незнарок сказала? Можа, яна і не ведае ўсяго?

– Хадоська – што? – прамовіў ён насцярожана. – Хадоська, канешне… дзеўка… непаганая… Не супроць… Толькі – не да душы…

– Ужэ не да душы?

– А калі яна була да душы?.. Так толькі, што хілілася ка мне, а крыўдзіць шкода було… Не гнаў… Няхай хіліцца, мне што?..

Ганна зірнула на яго, як бы хацела пабачыць – праўду ці няпраўду кажа, – але не прамовіла ні слова, і Яўхім паспакайнеў: не знае.

Колькі часу рвалі маліны моўчкі. Як і Ганна, ён набіраў поўную жменю, ссыпаў у гладышку, што стаяла каля яе ў траве. Яна не хваліла яго, не пярэчыла, як бы і не заўважала. Калі-нікалі было так, што рукі іх сутыкаліся, і, хоць яна адразу ж адхіляла свае, як бы дакрануўшыся да чагосьці непрыемнага, Яўхім чуў, як у ім горача, нецярпліва дрыжыць усярэдзіне, сохне ў горле. Яна была так блізка, такая завабная, такая жаданая нават у сваім абшматаным зрэб'і.

Чым больш Яўхім крадком глядзеў на яе, тым больш сохла ў горле, цяжэй было зноў завязаць гаворку.

– Ты от – не такая… Другая!.. – выціснуў ён, стараючыся гаварыць як бы жартам. – І што ў цябе такое, кеб знаць? Чым ты мяне прысушыла?

– Відаць, што высах! Адны шчэлепы!

– А хіба – не?.. Ты, мабуць, у глінішчанскай знахаркі зелле такое ўзяла!

– Пляцеш немаведамо што!

– Я пляту? Сказала!..

Яўхім раптам абхапіў яе, адной рукой за плечы, другой – за шыю, неспадзеўкі горача зашаптаў:

– Ганна!.. Гануля!..

Ён хацеў прытуліць да сябе, але Ганна ўперлася яму локцем у грудзі.

– Ты – чаго ето?!. Пастой!

– Не, цяпер ужэ не абдурыш! – Ён паспрабаваў усміхнуцца, але ўсмешка выйшла невясёлая, крывая.

– А нашто мне абдурваць? – Яна паморшчылася, як ад болю. – Не цісні!.. Дыхнуць няма як!.. Чуеш?!.

– Усё адно – не пушчу…

– Дурны ты, гляджу я… – прамовіла яна, цяжка дыхаючы. – Ей-богу… Так з выгляду – галава, не качан… а розуму – як у дзіцяці…

– Пазычаць не стану… Хопіць на мяне…

Яна адразу ўхапілася за яго словы:

– Малавато… Не шкодзіла б і пазычыць… Вырас да неба, а як да каторай дзеўкі падысці – не знаеш… Думаеш, сілаю ўсё можно…

– А чаго ж – калі сіла е…

Яўхім пацягнуўся пацалаваць яе, але яна адкінула галаву – не дастаць.

– «Чаго, чаго»! – з насмешкай, як старэйшая, прамовіла яна. – То-та і відно, што розуму аж лішне…

Як ні цяжка было думаць Яўхіму, ён заўважыў, што гаворыць яна не таму, што ёй хочацца гаварыць гэта, што за насмешліва-павучальнай гаворкай яе тоіцца незразумелая хітрасць. З панталыку збіць хоча, ці што?

– Ну, ну, хопіць! Позно вучыць!..

– А не шкодзіло б! – зноў падхапіла яна. Укалола: – Бо, мабуць, другія не навучылі?.. Хочаш, навучу?..

– Дарэмно стараешся! – сказаў ён тонам пераможцы, які добра бачыць чужыя хітрыкі.

– Хочаш, скажу, як… да мяне падступіцца?..

– Да цябе?

Хоць Яўхіму здалося, што і тут тоіцца нейкі разлік, словы гэтыя ўсё ж зацікавілі яго.

– Сказаць? – Ганна паварухнулася, папрасіла: – Ты пусці, а то так няёмка…

– І не думай!.. Ну, дак што трэба, кеб ты палюбіла?

– Што? Скажу!.. – Яна цвёрда зірнула яму ў вочы. – Адно – дабрата! Па-добраму кеб!

– А-а… А я думаў, чорт знае што! – засмяяўся Яўхім.

Ён моцнай сваёй далоняй прыціснуў да сябе яе галаву, хацеў пацалаваць.

– Людзі!.. – жахнулася яна, як бы кагосьці заўважыўшы.

Але Яўхім і не азірнуўся:

– Вучаны! Не абдурыш!

Ён сілком пацалаваў яе ў шчаку. У той жа момант Ганна так ірванулася, што Яўхім ледзь утрымаў яе, але ўсё ж утрымаў. Бачачы, як пацямнеў ад натугі і злосці смуглы твар яе, ён з гордасцю ўхмыльнуўся: што, паспрабавала падужацца?

– Пусці!.. – глянула яна на Яўхіма гарачымі, поўнымі нянавісці вачыма.

Калі ён убачыў гэты яе позірк, у яго раптам як бы паслабелі рукі: можа, і праўда пусціць? Можа, лепей па-добраму з ёй? Але хто гэта ў Куранях з добрых, сапраўдных хлопцаў саступаў дзяўчатам, рабіў, як яны хочуць? Мужчына ёсць мужчына… Яўхім бачыў, як б'ецца часта-часта жылка ў яе на шыі, адчуваў плечы, грудзі, усё яе пругкае, дужае, жаданае цела, што столькі часу неадольна трывожыла, не давала ні ўдзень, ні ўночы спакою. Ён столькі трызніў аб гэтай хвіліне, і вось нарэшце Ганна – не ў сне, а ў яве – у яго руках!..

Не, хай хоць што, ён не пусціць яе! Хай знае, што такое Яўхім, яго абдымкі, другі раз, можа, будзе мякчэйшая, шанаваць больш стане. Ап'янелы ад яе блізкасці, Яўхім жыў цяпер нейкім дзікім шалам, дзікай радасцю сваёй сілы, улады над здабычай сваёй…

– Пусці!.. Плюну!..

Што яна магла яшчэ зрабіць, чым заступіцца за сябе, бяссільную перад ім? Бачачы, што ён, як і раней, не паслабляе рук, поўная крыўды, злосці на сваю бездапаможнасць, на яго перавагу, Ганна з роспаччу і нянавісцю плюнула яму ў твар, проста ў тхарыныя вочы!

Яўхім, як бы яго ўдарылі, тузануўся, гнеўна прахрыпеў:

– А, дак ты!.. – са ўсёй сілы, з ярасцю сагнуў яе ў стане, кінуў на траву.

Яны ўпалі разам – Ганна, горача дыхаючы, задыхаючыся, спрабавала вырваць з яго абдымкаў рукі, упіралася, як магла, у грудзі яму, збіраючы ўсю сваю сілу, білася адкінуць. Хто б мог падумаць, што яна такая дужая, гэтая ганарлівая Чарнушка, – распалены злосцю, яе гарачай блізкасцю, Яўхім ледзь-ледзь мог утрымаць яе.

Ён усё больш шалеў ад яе блізкасці, ад барацьбы з ёю. Ужо ні аб чым не думаў, у галаве быў нейкі гарачы, важкі туман. Было толькі адно тупое жаданне – не даць ёй вырвацца, не выпусціць, адужаць…

У шале барацьбы – сам не ведаў, як гэта здарылася, – на момант узняў руку, каб выцерці вочы: чаму тады захацелася зрабіць гэта, ён і потым зразумець не мог. Можа быць, што вочы туманіў пот. А можа, нават пасма чуба ўпала на іх, не мог прыпомніць. Усё было як у трызненні. Ды і як тут успомніць, калі ў наступны момант здарылася такое, што ўраз забылася ўсё на свеце.

Ён управіўся яшчэ заўважыць, як яна спрытна выхапіла руку з-пад яго, але апярэдзіць яе не змог. Не змог уцяміць нічога, як нос хруснуў. Ад болю аж зацяло дыханне. Яўхім мімаволі адхіснуўся – боль сляпіў, ламаў пераносіцу, лоб. Хапіўся рукамі, спалохана памацаў нос – думаў, пераламала. Не, нос быў цэлы, але ж боль, боль які ішоў!.. Трывожна мацаючы твар, як бы шукаючы, Яўхім знайшоў над губамі штосьці ліпкае – ішла кроў.

«Кеб трохі, твар пакалечыла б, гадаўка!» – падумаў Яўхім, кідаючы на Ганну люты позірк. Яна была ўжо наводдаль, сядзела наўколенцах, трымала напагатове сук. Глядзела насцярожана, непадступна, гатовая ўскочыць, адбівацца, гатовая на ўсё.

Кофта ад пляча да грудзей была разадрана, і яна, перахапіўшы Яўхімаў позірк, прыклала да смуглай голай паскі руку.

Ледзь толькі Яўхім варухнуўся, Ганна прыпаднялася, ускінула сук.

– Падыдзі толькі!

Яўхім абыякава сеў.

– Трэба ты мне!..

Ён не маніў: яму і праўда не хацелася ўжо зноў пачынаць валтузню з ёю. Раптам прапала ўсякая цікавасць да Ганны.

– Як сабаку пятая нага, так ты мне трэба!..

– Рукі ледзь не папераломваў, кныр паганы!.. Засляпіў вочы і лезе, жарабец дурны!.. Думае, усё яму можно!.. Захацелася, дак пашукай кабылу, а ка мне не лезь!.. – Яўхім, і не гледзячы на яе, адчуў на сабе пагрозлівы позірк. Прамаўчаў. – Кохту парваў усю!.. У сяло хоць не паказувайся!..

– Кеб трохі, вока магла б выбіць!

– Магла б! Не лезь!..

«Чым яна ўдарыла? – прайшло ў Яўхімавай галаве. – Сука ў яе не было, сук яна потым узяла. Локцем, мабуць… Ніколі не думаў, што так можна ўдарыць локцем. Як шворнем усё адно!..» Яўхім падняўся, стаў абтрэсваць зямлю, травінкі са штаноў, з рукавоў. Ганна таксама ўжо стаяла, як і раней, наводдаль, усё з тым жа сукам.

– «Не лезь»! – пагардліва скрывіўся Яўхім. – За вярсту не падыходзь!.. Падумаеш – каралева!

– Каралева не каралева, а не лезь!

– Не етакіх бачыў…

– Дак і ідзі да етых, да лепшых! Чаго ж лезеш?

– І пайду! Па табе, думаеш, сохнуць буду! Аге, чакай! Дачакаешся, можа, – на том свеце!

– От і добра! Хоць раз штось разумнае сказаў!

Яўхіма, здаецца, мала ўзрадавала гэтая пахвала. Ён кінуў абтрэсвацца, выцершы кроў з-пад носа, сказаў, злуючыся:

– Ну, от што вы такое, Чарнушкі, што нос дзярэце? Ну, от што вы перад намі? Нішто, ноль, можна сказаць! Галота дзіравая…

– От і ідзі да багатых! Можа, і знойдзеш каралеву!

– І пайду! Дазволу не папытаюся! У Глінішчы, у Юравічы пайду, куды захочу! Такога цвету па ўсяму свету, і не такіх, як ты! Любая на багацце – як муха на агонь! Ідзі, выбірай, абы толькі ахвота була!

Ганна не ўтрывала, падчапіла кпліва:

– Ахвота ж, здаецца, е!

Яўхім прамаўчаў, як бы паказваючы, што на ўсякае глупства не хоча звяртаць увагі. І ўсё ж кончыць гаворку тым, што ён толькі што сказаў, здалося яму мала – няхай не пасміхваецца, не думае, што ўзяла верх, што ён паддаўся ёй, адступаецца зусім.

– Захочу – будзеш маёй! Усё адно не выкруцішся!

– Уга! Спужалася! – засмяялася Ганна, але адразу ж змоўкла, заўважыўшы, як грозна зірнуў Яўхім.

– Глядзі! – папярэдзіў ён і пайшоў ад яе, важка топчучы траву.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю