355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 18)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 28 страниц)

2

Праз дзень Чарнушка завёз воз бульбы аж за Прыпяць, у Нароўлю, а ў нядзелю стаў выпраўляцца ўжо ў Юравічы, на кірмаш.

Ён устаў яшчэ да ўсходу позняга ў гэту пару сонца, запрог каля павеці каня, вынес адну за адною дзве звязаныя авечкі, прывязаў у задку воза да ручак. Калі пад'ехаў да хаты, жонка пачала з Ганнай зносіць і ладаваць у возе тое, што было падрыхтавана на кірмаш. Нізкі сушаных грыбоў, уюны, густа начапляныя на дубцы, лутавая каробачка з сухімі чарніцамі, гаршчок з маслам – усё клалі ў сена, загортвалі, рыхтавалі к дарозе.

Чарнушка ўнёс з прыгрэбніка мех бульбы, уладаваў у задку.

– Ну, от можно і выпраўляцца, – сказаў бацька і стаў адвязваць лейцы.

Мачыха павярнулася к Хведзьку, які хмурна сачыў з ганка за ладункам к дарозе, – яго не хацелі браць, пакідалі дома аднаго, за вартаўніка і гаспадара:

– Дак глядзі ж, кеб з хаты нікуды! І ў хату нікога чужога – зачыніся і не пускай! І – барані Бог з вугольчыкамі балувацца!

– Не б-буду!.. – Хведзька ледзь стрымліваўся, каб не заплакаць.

– Дазнаюся, дабра не чакай! Шкуру спушчу!.. – Мачыха загадала напаследак: – Ідзі ў хату і зачыніся!

Хведзька неахвотна, расчаравана падаўся ў сенцы…

Ехалі ўтраіх: ззаду на коўдры бацька і мачыха, спераду, звесіўшы ногі цераз драбінку, Ганна. Конь цераз сяло бег трушком, парыпваў гужамі, калёсы часта і дробна сакаталі на мёрзлай зямлі. На вуліцы было цёмна, толькі дзе-нідзе цьмяна, варухліва выглядвалі вокны. Гэта былі водсветы ад агню ў печах. За сялом абхапіў іх з усіх бакоў адзін змрок; цёмная дарога, цёмнае поле, чорныя паскі лесу, якія каля балота падышлі ўсутыч, сціснулі з двух бакоў і не выпускалі да самых Алешнікаў.

Дажджоў яшчэ не было, і цераз падсохлую за лета дарогу за няскончанай грэбляй перабраліся без асаблівага страху. На алешніцкім полі змрок стаў паволі радзець, адыходзіць, а калі выбраліся на шлях, пакацілі між радоў згалелых рослых бяроз, няяркае і негарачае сонца зачырванела ўжо ў дымным, як бы туманным небе.

– Базар, мабуць, будзе непаганы… – прамовіў бацька, бачачы, што калёсы на Юравічы цягнуцца і наперадзе і ззаду.

– Паганы ці непаганы – будзе відно, калі паедзем дадому, – асцярожна зазначыла жонка.

Неўзабаве ўехалі ў лес, невялічкі і голы, але цудоўна прыгожы нават у гэтую пару: нібы спрачаючыся адзін з адным, уздымалі высока ў неба, магутна раскідвалі ў бакі крывое голле асілкі-дубы і вязы.

– Унь там наша поле було. За Перавельскімі кругамі, – сказала мачыха.

Ад лесу пачыналася ўжо глінішчанскае поле.

– Зямля тут, мабуць, не тое што ў нас…

– Параўняў! Такой у Куранях і каля цагельні няма!

Ганна бачыла, што ў лесе там і тут тырчалі шырокія жылістыя пні, круглыя вярхі якіх былі чорныя, шэрыя, белаватыя і зусім белыя, свежыя, – і ёй стала шкада: столькі тут высечана ўжо гэтых дубоў і вязаў. Лес быў рэдкі – між дрэваў за недалёкім узлескам добра віднелася куп'істае балота.

За ляском зноў ціха, задуменна шумелі бясконцыя рады бяроз, тужліва, загадкава гаманілі правады. Яны гулі ўвесь час – і калі збоку адыходзіла дарога на Глінішчы, і калі мяняліся вузенькія, шэрыя, дзе-нідзе весела падзелянёныя рунню палоскі. Мусіць, ад гэтай загадкавасці і тужлівасці гулу правадоў Ганне рабілася таксама тужліва, станавілася шкада чагосьці вельмі добрага, дарагога, што, здавалася, назаўжды адыходзіла з дарогай.

Калі праехалі рудую грэбельку над вадавіцкім балотам, шлях пачаў паволі ўздымацца, і неўзабаве не так ужо і далёка забялела юравіцкая цэркаўка. Цэркаўка гэта, як звычайна, абудзіла ў Ганне чулую, бесклапотную згадку пра маленства. Даўно-даўно, дробненькай дзяўчынкаю ўбачыла яе ўпершыню – убачыла быццам незвычайнае, недасяжнае, дзівоснае. І з той пары, хоць ужо вырасла, пасталела, кожны раз, як убачыць зноў, той дзіўна чулы ўспамін нібы зноў вяртае чароўнасць маленства. Тады, першы раз, таксама ехалі на кірмаш. Які цудоўны быў ён ёй, той кірмаш! Царква, спуск з юравіцкай гары, якая здавалася высачэзнай, страхотнай, радасць, што нарэшце спусціліся, што конь не панёс, вір столькіх людзей на плошчы, салодкая боязь застацца адной без бацькоў, згубіцца. А вакол цуды цудныя: хусткі адна за другую прыгажэйшыя, каснікі, белыя-прабелыя булкі, пернікі, абаранкі. Адзін абаранак прынёс ёй бацька – яна толькі трошкі паспытала і схавала за пазуху: шкада было адразу застацца без такога дзіва!..

Царква ўсё набліжалася. Вось падышла ўжо горка-гарбок, курган з бурай някошанай травой і маладымі дубкамі. Бацька, праязджаючы паўз курган, як і раней кожны раз, казаў:

– Разбойнік ляжыць… Асілак. Першы на ўвесь свет буў, казалі… Людзей перавёў – мільён!..

Мачыха трывожна перахрысцілася. У дарозе, далёка ад дому, яна заўсёды прыкметна гублялася, мякчэла і ціха, лёгка прызнавала бацькаву сілу і ўладу.

За курганам, за полем, перарэзаным крывымі маршчынамі яроў, абчэпленым там і тут кучарамі кустоў, купкамі дрэваў, узвышша, адчувалася, спадала ў нявідную шырозную лагчыну. Сіняя града з чорнай істужкай лесу ўздымалася за лагчынай у далёкай, прытуманенай смугою далечы. Ганна стала ўзірацца ў сіняватую смугу перад градою, выглядваць жаданую ясную паску, якая іншы раз на момант выблісквала з-за ўзвышша. Яна ўбачыла гэты цуд у той далёкі дзень, калі першы раз ехала тут. "Што ето?" – здзіўлена шмарганула яна бацьку за рукаў. Бацька абыякава павёў позіркам: "А, рэчка… Прыпяць…" Ганна аж ускочыла: "Прыпяць?" Прыпяць – рака-казка, легенда! Яна той раз і засталася легендаю, загадкавая Прыпяць, – бліснула на міг прамяністаю паскай і знікла, колькі ні ўглядалася Ганна, не паказалася зноў… Як тады, Ганне цяпер захацелася зноў убачыць знаёмую вясёлую паску, але ракі не было відаць: затуманеная далеч хавала яе.

Каля царквы бацька суняў каня, і ўсе злезлі з воза. Пачынаўся той самы, калісьці такі страшны, спуск у мястэчка.

Як заўсёды, бацька адчапіў вяроўку з задка калёс, прывязаў кола за спіцу да галавашкі, каб яно не круцілася. Беручы каня за аброць, загадаў жанчынам:

– Паддзержувайце калёсы!

Ён пайшоў наперадзе, трымаючы закілзанага каня за аброць так, што конь як мог задзіраў галаву, шчэрыўся жоўтымі зубамі і аж прысядаў на заднія ногі, прыпыняючы калёсы, што наязджалі на яго. Дарога была мёрзлая, гліняная са жвірам, і нерухомы жалезны вобад кола, які цёрся аб яе, аж вішчаў. Ён пакідаў за сабой роўную бліскучую стужку з белымі меткамі на каменьчыках.

– Чш! Тпру! Тпру-у… – супакойваў бацька каня.

Што гэта была за дарога – незвычайная, дзіўная, не падобная на ўсе іншыя дарогі ў балотнай старане! Паволі паварочваючы, яна ішла ўніз і ўніз, абрэзаная з бакоў двума глыбокімі раўчукамі, па якіх дажджлівымі днямі раўлі патокі вады. Разам з тым як дарога спадала глыбей і глыбей, абапал яе раслі і раслі горы з размытымі дажджом берагамі, з дрэвамі, што віслі, выстаўляючы карэнне. Уздымаючыся, горы ўсё больш і больш затулялі неба, здавалася, падпіралі яго – і кусты, і дрэвы, што раскідвалі галіны свае, як крылы, як бы збіраючыся паляцець, былі ўжо не на зямлі, а на небе.

Над самай высокай стромай гары тырчаў з пяску вялікі аблізаны камень, гатовы кожны момант рынуцца ўніз, і Ганне стала жудасна: а што, калі ён цяпер?

Але камень і на гэты раз не зваліўся. Як толькі праехалі пад ім, выглянула ў росступе гор крывая чарада местачковых хат, што сыходзілі з прыгорка, абступалі вуліцу. Дапаўшы да раўнейшага месца, непадалёк ад драўлянага дома на два паверхі, у якім была "воласць", бацька зноў спыніў каня, адвязаў кола, і далей паехалі ўжо на возе, з выгляду строгія, важныя, а ў душы нясмелыя, занепакоеныя: не сваё сяло, горад вялікі, чужына. Як і належыць, каня бацька сцебануў, пагнаў трушком, – уз'ехаўшы на брук галоўнай вуліцы, калёсы пакаціліся са страшэнным грукатам і ляскатам, пакуль не ўткнуліся ў чаргу вазоў, што цягнуліся к рыначнай плошчы.

На плошчы, акружанай драўлянымі і каменнымі будынкамі – крамамі і крамкамі юравіцкіх гандляроў і кааперацыі, было ўжо даволі густа вазоў і людзей. Людзі варушыліся, хадзілі, і вазы ў гэтым людскім возеры, здавалася, танулі, паказваючы адно дзе-нідзе задраныя аглоблі ды конскія галовы. Чарнушкі ўехалі ў гэтую мітусню, як у неспакойнае, шырокае разводдзе.

Справа, злева, наперадзе іх былі цяпер людзі, людзі – маладыя, пажылыя, зусім старыя, жанчыны і мужчыны – адусюль абкружалі іх світы, кажухі, каптаны, шапкі, апаноўваў шматгалосы гоман, бэльканне авечак, парасячы віск. Чарнушка, узняўшыся на коленцы, выгледзеўшы вольнае, зручнае месца, пакрыкваючы на тых, хто лез пад каня, стаў паволі праціскацца з Ганнай, з мачыхай, з авечкамі, з усім сваім скарбам на возе да прыпынку.

3

Калі воз спыніўся, мачыха сказала, што стаяць тут нядобра: не на віду, сюды мала хто і падыдзе, але Чарнушка заявіў на гэта:

– Каму трэба, той і ў чорта за пазухай знойдзе, – і, не раздумваючы, пачаў распрагаць каня.

– От, скажы ты, саранча-людзі! – не стала спрачацца, мірна паскардзілася мачыха. – Усюды захопяць дзе лепей! Ніколі не ўправішся за імі!

Яна зірнула на авечак – тыя ціха ляжалі сабе ў задку воза, ужо даўно звыкшыся з прывязкаю, страціўшы якую-небудзь надзею вырвацца на волю, – толькі вушамі ўздрыгвалі пры блізкіх воклічах.

– Вукапай усё, што ў сене, да раскладзі на коўдры!.. – сказала мачыха Ганне, абтрэсваючы з андарака травінкі. – А я пайду, колькі што каштуе, дазнаюся…

Пакуль Ганна ладавала на коўдры гаршчок з маслам, нізкі грыбоў, сушаныя ўюны, мачыха вярнулася расчараваная:

– Дзешаво ўсё, дзешаво!.. Дарам, можна сказаць, хочуць!..

Нейкі час усе ўтраіх стаялі моўчкі, сачылі за тымі, хто падыходзіў блізка, глядзеў на іх дабро. Сачылі па-рознаму: Ганна амаль абыякава, сумна-затоена; бацька спакойна, час ад часу папраўляючы сена, якое цягнуў мяккімі губамі конь; мачыха ж проста лавіла позіркі, нецярпліва маліла – вось гэты, вось гэты. Але, як на злосць, падышоўшы, амаль ніхто нават не пытаўся пра цану – прабяжыць вачыма па коўдры і адыдзе, як бы багацей які, як бы яму нічога не трэба. А калі запытаецца, то толькі так, для прыліку, бо сам нават не прыгледзіцца добра, а кідае позіркам ужо далей.

– От табе і добры базар! – не ўтрывала мачыха.

Яна, каб не тырчаць попусту, стала прыбіраць каля авечак.

– Ето шчэ не базар, – пераканана прамовіў Чарнушка. – Базар шчэ будзе!.. Купцы самыя шчэ чай дома п'юць…

Народу, і праўда, прыбывала: плошча запаўнялася вазамі, людзьмі ўсё гусцей і гусцей, станавілася ўсё цясней, рос шум, гоман, крыкі. Зусім блізка, каля суседняга воза, сталі таргаваць карову – жанчына, завязаная зрэбным шмаццём замест хусткі, і мужчына ў абношанай, абадранай свіце, напэўна, муж і жонка. Нясмела, неяк падазрона аглядвалі, абгладжвалі, мацалі рудую "рагулю", недаверліва слухалі другіх жанчыну і мужчыну, якія расхвальвалі свой скарб. Хваленне гэтае, было відаць, не толькі не ўлагоджвала "купцоў", але нават павялічвала іх недавер'е – яны слухалі і прыглядваліся да каровы ўсё з большай падазронасцю, а неўзабаве адступілі і зусім, пабраліся між людзей, пра нешта шэпчучыся…

Неўзабаве яны, з той жа недаверлівасцю, прыдзірлівасцю, разглядвалі, мацалі другую карову. "Купцоў" снавала ўсё больш і больш – шукалі, пыталіся, таргаваліся, ішлі далей – руху, гоману было хоць адбаўляй, але гандаль ішоў вельмі скупа, ва ўсякім разе, тут, дзе стаялі Чарнушкі са сваім возам. Усе прыглядаліся, пыталіся, і амаль ніхто не купляў. Ні Ганну, ні бацьку яе такое становішча ніколькі не здзіўляла – яны былі самі такія ж, як людзі, што снавалі перад імі, – някідкія, разважлівыя палешукі, ледзь не кожны з якіх сто разоў прыцэніцца, перш чым купіць. І чаго тут было здзіўляцца, калі прадаўцоў так многа, а грошай у "купцоў" лічаныя капейкі…

Не здзіўлялася і мачыха, толькі ж вельмі сумна было стаяць ёй ды чакаць попусту. І, нудзячыся, пакутуючы, злуючыся, яна як бы не магла ўжо бачыць, што чакае попусту, марнее не адна, што так жа марнеюць амаль усе. Бачыла добра яна толькі воз, які, нібы знарок, тырчаў перад вачыма і на якім завабліва чырванелі гаршкі, макатры, міскі – ёй так трэба добры гаршчок і хоць бы дзве міскі! Трэба, а купіць не купіш! Не бяруць нічога!

– Пакуль тут прадасі што-небудзь, ніводнаго не застанецца!

Трэба ж такое: там, як на ліха, ціснуцца жанкі, круцяць перад ёй недаступную чырвань гаршкоў, быццам дражняць.

– Застануцца! – абыякава сказаў Чарнушка. – Не етыя, дак другія!

Мачыха не магла ўтрымацца:

– Швэндаюцца, швэндаюцца – разявы! Толькі з панталыку збіваюць другіх! Тут хіба дабрацца з-за іх купцу!..

– Дабярэцца, калі паявіцца…

– Дабярэцца! Аге!..

Мачыха не верыла. Не верыла яна і тады, калі "купец" гэты нарэшце падышоў, хоць чула, што ён не разявака, што пытаецца, пачым уюны, не так сабе, купіць хоча. Яна ведала: уюноў блізка не прадаюць, заламала – паўрубля за нізку. "Купец" здзівіўся:

– Паўрубля?!

– А што ж? Дораго, можа?! – Яна прамовіла так, нібы гаварыла, – ды ці павернецца язык у каго-небудзь сказаць такое, – а сама са страхам сачыла, ці хоць не напалохаўся, не збіраецца адступіцца. Стараючыся не выпусціць, заспяшалася мякка і лагодна: – Вы ж паглядзіце, колькі іх тут, у адной нізцы! Бачыце, колькі! Я і палічыць не палічу! Столькі за цэлы дзень не набярэш! Яны ж, як забярэцца ў твань каторы, капай, капай, пакуль вукапаеш!.. Тут жа мяса таго – толькі што яны сушаныя! А мяса якое – ето не якая там смярдзючая рыба! Уюн!

– Уюн-то ўюн… – "Купец" яўна збіраўся адыходзіць.

Мачыха бачыла гэта: надзея гатова была вось-вось прапасці. Чарнушчыха з адчаем падалася да "купца":

– Ну, добра! Дораго! А вы скажыце сваю цану!

– Па дзевятнаццаць…

– Па дзевятнаццаць?! Дык ето ж!.. Я ж вам і так, можно сказаць, за нішто аддавала! – Мачысе зноў трапіўся на вочы воз з гаршкамі. – Ну, няхай! Бярыце!.. Колькі штук?

Ён браў усе дзесяць нізак: хопіць, мабыць, і на гаршчок, і на дзве міскі! Павінна хапіць!

– Ешце на здароўе!

Ледзь чалавек адышоў, затульваючы нізкі рукавом паліто, мачыха, сціснуўшы грошы ў кулаку, хутчэй заспяшалася да воза з гаршкамі і міскамі. Яшчэ, здаецца, не позна, не ўсё прададзена. Толькі хутчэй трэба, ужо зусім мала астаецца! А жанчыны ідуць і ідуць!..

Яна вярнулася назад паспакайнелая, шчаслівая.

– От, прыдбала! – Мачыха пазваніла па гаршку сухімі костачкамі пальцаў, паслухала. – Гамоняць, як званы! Посуд дабрэнны, толькі што – дарагавізна!..

Абгарнуўшы міскі і гаршчок сенам, укладвала іх у возе так, каб, барані Бог, не разбіліся ці каб не ўкраў які-небудзь лайдак-злодзей, якіх тут бадзяецца процьма. Калі зноў пачала выглядваць "купцоў", заўважыла неспадзявана – у натоўпе паявіўся Яўхім. Ён ішоў з Ларывонам, павольна, штурхаючыся, з папяроскай на губе, паглядваў на ўсіх з задаволенай і задзірлівай усмешачкай – эх вы, людзі, мурашкі мітуслівыя, драбяза!

"П'яны? Ці так проста схмялеў? Малады, багаты… Удалы… Усё ўдаецца, абы захацеў… Зачапіць, мабуць, хочацца каго-небудзь, кеб паказаць… які ён?" Мачыха замахала яму рукой:

– Яўхімко-о!

Ён заўважыў Чарнушкаў, пайшоў да іх.

– Ну, як торг? – голасна, зухавата запытаўся Яўхім, акідваючы позіркам тое, што ляжала на возе. – Э, ды вы тут з авечкамі, няўрокам, баіцеся разлучыцца? – Ён зарагатаў.

– Не бяруць авечак, грэц яго, – спакойна сказаў Чарнушка.

– І не глядзяць, Яўхімко!..

– А мы думалі, што разлучыцца баіцеся! – падтрымаў Яўхіма Ларывон. Ён як бы чакаў, што і Ганна засмяецца на жарт, але ў той нават кончыкі губ не варухнуліся.

Яўхім стрымаў рогат. Глядзеў усё ж весела.

– Дак, кажаце, авечкі прадаяце? Дак чаго ж іх не купляюць? Купцоў – унь колькі!

– Ат! Купцы – сказаў!.. Разявакі ето, Яўхімко, а не купцы!

– Е разявакі. А е – і купцы! Трэба толькі ўмець знайсці іх! Ды зачапіць на кручок!

– Зачэпіш іх!

Яўхім раптам адарваў прыклееную цыгарку, кінуў пад ногі, рашуча сказаў прыяцелю:

– Ларывон, трэба купцоў знайсці на авечак!

– Ну, калі трэба, дак…

– Хадзем!

Зірнуўшы на Ганну, Яўхім спрытна павярнуўся і ўрэзаўся ў натоўп. Каршуковым позіркам азірнуўся, пашукаў, – штурхаючыся, адціскаючы ўбок тых, хто трапляўся на дарозе, рушыў з Ларывонам, які верна дыбаў услед, у мітусню між вазоў. На іх адварочваліся, лаялі іх, а яны і не азіраліся – вось прысталі да адной групкі людзей, паслухалі, да другой прыблізіліся…

Вярнуліся з гарадскім чалавекам у кароткай паддзёвачцы з заечым каўняром і ў пальчатках – спачатку ўдваіх: "купец" і Ларывон. Яўхім падышоў толькі пасля таго, як чалавек паглядзеў авечак і стаў прыцэньвацца. Падышоў, нібы незнаёмы, падміргнуўшы Чарнушкам, каб маўчалі, сур'ёзна, голасна запытаўся:

– Чые авечкі?

Ларывон адказаў:

– Ды тут ужэ е купец…

Яўхім грубавата штурхнуў чалавека, як бы адціскаючы яго:

– Мало што е! Мы паглядзім шчэ, хто лепшы купец!.. – Ён зірнуў на Чарнушку. – Вашы авечкі?

– Мае.

– Не лезь! – як бы зазлаваў Ларывон. – Тут ужэ е купец! Ён першы прыйшоў! Яго чарга – першая! Не сунься, чуеш! Не замінай!

– Першы – ды горшы! Ён год таргавацца будзе! – Яўхім, здавалася, хацеў што б ні было перахапіць авечак.

Ён нават палез рукой пад паддзёўку, як бы хочучы дастаць грошы. Але калі скоса зірнуў на "купца", убачыў расчаравана – той і не думаў хапацца браць авечак! Аддаваў сваё права Яўхіму не спрачаючыся, нават ахвотна! "Не зачапілі!" – падумаў Яўхім.

Не ўдалася гэтая выдумка і з другім "купцом", якога прывёў Ларывон, і толькі трэці – задзірысты кірпаносы вясковы хлопец у расшпіленым шынялі, – калі Яўхім нахабна ўлез у яго гаворку з Чарнушкам, абурана загарэўся:

– Авечак я напытаў!

– Мало што напытаў! Напытаў – не купіў… – Яўхім палез к Чарнушку. – Пачым прадаяце?

Хлопец, раззлаваны, адрэзаў:

– Я бяру авечак!

Ён ашалела выхапіў з кішэні гімнасцёркі кашалёк, стаў адлічваць акуратна згорнутыя рублі, важкія медзякі. Рукі яго, з крывымі, неспакойнымі пальцамі, непаслухмяна дрыжалі…

– Эх, дзешаво прадалі! – "пашкадаваў" Яўхім уголас. – Я болей даў бы!

Ён падміргнуў Ганне, якая сачыла за ўсім дзіўна сумна, і адышоў, быццам бы незадаволены. Аднак, як толькі хлопец у шынялі, ведучы ўжо сваіх авечак, адышоў ад Чарнушкі, ён вярнуўся да воза, гарэзна, голасна зарагатаў.

– Усё-такі адзін папаўся!

Мачыха, павесялелая, амаль шчаслівая, глянула на яго з захапленнем: вось жа малайчына, зух!

– От дзякуй табе, Яўхімко! Выручыў ты нас, выратаваў просто! Бо мы тут да вечара пратырчалі б! І то ці збылі б!

– Глядзець ніхто не хацеў! – згодна адгукнуўся Ганнін бацька.

Яўхім адказаў сціпла:

– Ат, чаго тут дзякуваць! Як чужому ўсё адно!.. Свае ж цяпер, сказаць, адна сям'я!..

– Свае. Праўда, Яўхімко!

Яўхім закаханымі вачыма зірнуў на Ганну.

– Дак мо пройдзем, паглядзім, дзе што робіцца?

– Аге! Ідзіце, ідзіце! – ахвотна падтрымала яго мачыха.

Ганна не пярэчыла: не толькі таму, што нявесце нядобра было б пярэчыць жаніху, свайму будучаму гаспадару, але і таму, што даўно хацелася ёй у людскую мітусню, якая, здавалася, таіла ў сабе столькі цікавага. Стоячы каля воза, яна бачыла так мала, ды і стаянне гэта надакучыла да ліха!

– Гануля!.. – Бацька адазваў яе ўбок, цішком, як вялікі дарунак, даў скамечаны, потны рубель. – Можа, захочаш купіць што-небудзь.

Ганна падзякавала, загарнула паперку ў насоўку, пад аховай двух дужых хлопцаў рушыла к другім вазам, у мітусню і гоман людскіх натоўпаў.

4

Першы час побач з Яўхімам чула яна сябе няёмка: як бы не дзяўчына ўжо, не вольная, жонка яго. Але няёмкасць гэта неўзабаве прыціхла, адышла, увагу, думкі яе захапілі відовішчы кірмашу. Вось дзед стаіць, абапёршыся на воз, – мабыць, чужы, – стаіць, нібы дрэмле. На плячах дзеда вісне нізка звычайных лазовых лапцяў – здаецца, не прадаў ні аднаго, а колькі корпаўся з імі, як, пэўна, натаміўся, цягнучыся сюды старымі нагамі? Жанчына, таксама немаладая, хваравітая, трымае на руках ношаную, пафарбаваную лушпайкамі цыбулі, зрэбную сарочку, яшчэ адна – за возам – са скруткам палатна… Хлапчанё, бялявае, з насцярожанымі дзікаватымі вачыма, прадае шапку-кубанку – скураны верх яе вышмараваны да белага…

– Украў? – падскочыў раптам да яго Яўхім.

– Сам ты ўкраў!

– А от зараз праверым! От зараз – у міліцыю!

– Заві! – Хлапчук глядзеў адважна.

Потым – неспадзеўкі, яны і варухнуцца не ўправіліся: мільг – і знік між вазоў і людзей!

– От шпана! – пакруціў галавою Яўхім, рагочучы з адабрэннем. – Як верабей!.. З дзетдома, мабуць!..

Яўхім і цяпер ішоў штурхаючыся, весела, задзірыста пакрыкваючы, каб расчысціць дарогу, там і тут спыняўся каля вазоў, каля людзей, якія прадавалі, разглядаў жывёлу і тавар, быццам прыцэньваўся.

– Цётка, пачом шкілета етаго прадаеш? – запытаўся ён, паказваючы на карову, што задуменна жавала сена.

Карова была як карова, не вельмі і худая, і цётка пакрыўдзілася:

– Сам ты шкілет! Байструк салдацкі!

– Я не байструк, цётка! У мяне і тато і матка е! От яны знаюць!.. – Яўхім кіўнуў на Ганну і Ларывона.

Ларывон пацвердзіў:

– Е.

– От, чуеце! А пра шкілет – я так, смешкамі! А вы ўжэ і ругацца! Хіба ж я не бачу, што карова ў вас – хоць на выстаўку! Малака, мабуць, дае – заліцца!.. – Жанчына глянула недаверліва, прамаўчала. Але Яўхім не адступіўся, вельмі сур'ёзна, дзелавіта запытаў: – Дак пачым жа прадаяце?

Жанчына завагалася.

– Трыццаць – як аддаць!

– Дораго! – Яўхім аж губы падціснуў: столькі заламала!

– А ты – сколькі б даў?

– І бясплатно не ўзяў бы! Такую здыхляціну!

Ён зарагатаў проста ў вочы ашалелай жанчыне і пайшоў сабе далей. Ларывон падаўся ўслед, таксама душачыся рогатам:

– От упёк! Упёк дак упёк!..

Толькі Ганна не смяялася – ёй было нават шкада жанчыны.

– Нашто табе ето? – сказала яна Яўхіму з дакорам.

– А чаго ж не пасмяяцца? Дзе і пасмяяцца, як не тут!..

Дурэючы, ён ціха заспяваў:

Мы на гора ўсім буржуям

Міравы пажар раздуем!..

Міравы пажар ў крыві…

Госпадзі, благаславі!..

Яму, відаць, гэтая песенька здавалася пацешнаю, як і Ларывону, які гудзеў за ім. Ганна ж быццам і не чула іх гарэзнага спеву, поўнячыся ўся адчуваннем вялікага чалавечага віру.

– Цабры, цабры каму?! Цабры новыя, асінавыя, сасновыя! Дзежкі, бочкі!! Дзеж-кі, дзеж-кі!..

– Абады, абады каму? На сто гадоў ездзіць! Дзецям і ўнукам хопіць!..

– Падсвінка прадаю! Нядораго! Падсвінка!.. Можна карміць, можна забіць!..

– Рыба свежая! Сягоння з рэчкі! Толькі што вылавілі!..

– Дзёгаць! Дзёгаць! Дзёгаць!

– Рыба! Рыба! Рыба!

Усё было дзіўна перамешана: вазы, каля якіх драмалі пакорліва і сумна "падласыя" і "рагулі", ціснуліся з вазамі, на якіх бялелі цабры, бочкі; наравістыя бараны і неспакойныя свінні варушыліся між вазоў з лазовымі каробкамі, кашамі і кошыкамі, коламі, абадамі. Мяшаліся галасы – беднае жывёльнае зборышча ўплятала ў людскі гоман рыканне, іржанне, бэльканне, рохканне, прарэзлівы віск.

– Казу! Казу прадаю! Каму казу трэба? – крычаў нехта.

– А дзеўкі няма? – зарагатаў Ларывон. – Мне б – дзеўку!

– Венікі! Венікі! Бярозавыя венікі! Хоць хату падмесці, хоць памыцца!..

Чаго тут толькі няма – і граблі, і зубы ў граблі, і нават лаза, верчыкі лазы на лапці! Усё, што можна і няможна, сцягнулі людзі сюды, каб прадаць, агораць капейку, памяняць на нешта. І колькі ж іх, гэтых людзей, колькі клопатаў, жаданняў, надзей ходзіць, гамоніць, кліча – і з гэтага боку Прыпяці, і з другога, зарэчнага! Тым, якія за ракой, цераз вялікую ваду перабірацца прыйшлося, перад паромам выстойваць, лодкі шукаць, а ўсё ж прабіліся, сышліся з гэтым берагам, зліліся ў адным гаманлівым разліве на юравіцкай плошчы!..

– Ёмкі, качэргі не трэба? – таямніча запытаўся дзядзька з абсмаленым вусам, мусіць, каваль.

– Не трэба! Не жаніўся шчэ! – адмахнуўся Яўхім.

За кавалёвым возам ціснуліся цікаўныя: чародка гарачых цыганоў абкружыла дзядзьку, які трымаў порсткага жарэбчыка. Цыганы наперабой аглядвалі і абмацвалі каня, так жа наперабой лаялі яго, пагардліва паказвалі на яго калені, тыцкалі пальцамі ў капыты. Яны крычалі так дружна, што цяжка было зразумець словы. Гаспадар, вялізны, нязграбны, слухаў іх моўчкі, як бы і не чуў, і цыганоў гэта злавала, яны насядалі яшчэ гарачэй. Дробны, цагляна-чырвоны, старэйшы, відаць, між іх, і раз, і другі хвацка працягваў руку, чакаў, што той падасць сваю на згоду, але селянін усё стаяў, як глухі. З натоўпу вакол сыпаліся падчэпістыя воклічы, чуўся рогат, цыганы ж не заўважалі нікога, толькі старэйшы азірнуўся, тыцнуў пагардліва пальцам на селяніна, просячы ў людзей падтрымкі сабе, потым плюнуў і рушыў прэч, ведучы і ўсю хэўру…

– Вазьмі мяне! – крыкнуў Ларывон, і цыган, не разумеючы, спыніўся. – За жарабца вазьмі! Да сваёй! Да цыганкі!..

Цыган штосьці сказаў па-свойму і пайшоў далей пад крыкі, рогат натоўпу.

Мінуўшы натоўп, падышлі да вазоў, над адным з якіх тырчала фанерная шыльда – "Камуна "Росквіт жыцця"". Хоць прадавалі тут бульбу, капусту і яблыкі, пабадзяліся між вазоў, паглядзелі ўсё з асаблівай цікавасцю – пра камуну хадзіла столькі гаворак!

– Капуста ўрадзіла! – сказала здзіўлена Ганна, любуючыся вялізным лабастым качаном.

– Зямля ў іх – не наша! Панскую забралі! Як масло – зямля!.. – растлумачыў Яўхім.

Чалавек у ватоўцы, абветраны, з аблупленым носам, ухмыльнуўся з-за воза:

– Зямля панская, ды капусты такой у пана – не було!

– Такой, можа, і не було, – згадзіўся, здавалася, Яўхім. – Дак була не такая, лепшая!

– Не було ні лепшай, ні такой! – зноў ухмыльнуўся чалавек у ватоўцы.

Яўхіма ўсмешка гэта чамусьці ўзлавала.

– Канешне! Не було! Пан ваш буў дурны як лапаць! А вы – разумныя! І вам бог камунаўскі памагаў! Кажуць, у камунаўцаў таксама бог е і яму кожны дзень моляцца?

Ларывон зарагатаў. Ганна таксама засмяялася, гледзячы мімаволі на капусту: ну і качаны ж!

– Е, канешне, Бог! А як жа! Не без Бога! Усё, кажуць, ад Бога!

– А! – узрадаваўся Ларывон. – А як яго завуць, вашаго бога? Па-парцейнаму! Карло Маркс?

– Навука завуць яго. Агратэхніка.

– Ха-ха! Абрацехніка! Як жанчыну, ці што?!. – Ларывон хацеў яшчэ штосьці сказаць гарэзнае, але, зірнуўшы на Яўхіма, які не думаў смяяцца, перамаўчаў.

– Ерунда! Агратэхніка ваша ета! Зямля – от што бог! Е зямля добрая, дак і ўсё будзе!..

– А качаны етыя выраслі ў нас, між іншым сказаць, і не на зямлі. – Чалавек ухмыльнуўся яшчэ хітрэй. – На балоце!

Ганна не паверыла:

– На яком балоце?

– На звычайным. На дрыгве, у якой коні тапіліся… Асушылі – і от, калі ласка, качаны!..

Ганна зірнула на чалавека – смяецца, напэўна, байкі гаворыць. Але той не смяяўся, трымаўся так, нібы ўсё праўда. Як бы хочучы дазнацца, праўду ці няпраўду сказаў чалавек у ватоўцы, узяла на рукі качан, узважыла – важкі ж які! – памацала. Не качан, а дзіва! І на балоце, падумаць!

Яўхім узяў яе за локаць, пазваў. Адыходзячы, кінуў чалавеку:

– Прыязджайце к нам капусту садзіць! У нас балото вялікае!

Ларывон засмяяўся. За камунаўскімі вазамі яны наткнуліся на будачку, збітую з дошчак, над якой на чырвоным палатне былі намаляваны дзве рукі ў поціску і надпіс: "Горад і вёска – злучымся!" Ніжэй палатна была прыбіта шыльдачка: "Саўгас "Шлях да камунізма"". У ларку прадавалі мяса. Сек і важыў мяса малады хударлявы хлопец у белым халаце. Усе трое, убачыўшы гэты халат, сталі.

– Як дохтар! – не ўтрываў Ларывон. – Як усё адно ў бальніцы якой!

Яўхім коса зірнуў на Ганну, працадзіў:

– К-культура!.. Шлях да камунізма!..

Яны былі ўжо з краю плошчы, каля будынкаў, у якіх мясціліся крамы. Яўхім успомніў, як бацька даваў Ганне грошы, запытаў:

– Табе, здаецца, купіць нешта трэба?

– Ат, дробязь розную… Я потым, з мачыхаю… – Ёй не хацелася, каб Яўхім стаяў, бачыў, як яна будзе выбіраць гузікі, аплічкі, інтымныя дзявочыя драбніцы.

– Ну, дак, можа, сюды зайдзем? – Яўхім кіўнуў ёй і Ларывону на дзверы, па баках якіх на высокіх і вузкіх шыльдах былі намаляваны міскі, лыжкі, бутэлькі і чаркі. Шыльды былі вельмі падобны на тыя, што віселі на дзвярах у шаўцоў і краўцоў, толькі што тут замест ботаў ды шапак красаваліся міскі і бутэлькі. Над аблезла-сінімі міскамі клубіліся шэрыя воблакі, чаркі таксама былі поўныя нечым шэрым.

– А што там рабіць нам?! – запярэчыла Ганна.

– Ну, што!.. Тое, што і другія! – Яўхім падміргнуў Ларывону. – Ну, морсу вып'ем!.. Сушыць нешта ў горле!..

Яўхім амаль сілком увёў Ганну ў памяшканне, у якім за столікамі сядзела нямала людзей, што пілі, елі, гаманілі. Яўхім знайшоў каля століка ў кутку два вольныя зашмальцаваныя табурэты, прынёс сабе яшчэ адзін і пайшоў к буфету. Пралезшы цераз чародку людзей, якія таўкліся там, ён пагаварыў аб нечым з тоўстым паголеным чалавечкам, гаспадаром "сталоўкі" Ёселем, і вярнуўся да стала з трыма налітымі шклянкамі.

– Ето нам, – паставіў ён шклянкі з гарэлкаю сабе і Ларывону, потым урачыста паднёс шклянку з віном Ганне. – А ето – табе!

Ганна сказала, што піць ёй не хочацца.

– Хочацца не хочацца, а трэба выпіць, калі ўгашчаюць! Ад угашчэння адказувацца няможно! – Ён засмяяўся. – Прывыкай! Прыйдзецца шчэ папіць!

Хлапчук, Ёселеў сын, прынёс хлеба, закускі: гуркоў, катлеты з патоўчанаю бульбай. Сам Ёсель, рухавы, увішны, з чорнымі вясёлымі вачыма, падбег з талерачкай, на якой быў ружовы брусок нейкага печыва, міргнуў Яўхіму, як знаёмаму.

– Калі ласка! Для дамы!.. Вам, па заяўцы вашаго кавалера! – Ёсель паставіў талерачку. – Яўхім, можа, яшчэ чаго трэба?

Яўхім па-сяброўску ляпнуў Ёселя па плячы.

– Пакуль хопіць етаго! – Калі Ёсель адбег к буфету, Яўхім, задаволены, што можа ўразіць Ганну такою навінкай, прамовіў: – Пірожнае! Для жанчын шляхетных робіцца спіцыяльна!

Ганна паглядзела на нявіданы брусочак, зацікаўленая: які ён на смак? З чаго яго зрабілі, чаму толькі для жанчын? Але запытацца стрымалася: гэта яе магло б прынізіць перад ім!..

Яўхім узняў шклянку, паднёс да Ганнінай.

– Вып'ем, кеб усё добра було!

Ганна паспытала – віно было прыемнае, салодкае, не тое што куранёўская самагонка.

– Усё, да дна! – напаў на яе Яўхім, калі яна намерылася паставіць шклянку. – Не пакідаць зла!

Каб не спрачацца дарэмна, не выклікаць лішне ўвагі да сябе тых, хто сядзеў побач, паслухалася, выпіла ўсё.

– А цяпер от вазьмі каклету ці гурка! – Яўхім выдаваў сябе за гасціннага, клапатлівага гаспадара.

Ад віна хутка стала цёпла і лёгка, хмарныя думкі зніклі: не было ўжо ні шкадавання аб дарагім, што назаўсёды траціла, ні трывогі пра тое, як будзе далей. Узяла пірожнае, паспытала – аказваецца, салодкае, само нібы ў роце растае! Мабыць, з белай, марымонскай мукі, з яйкамі і цукрам!

– Мо шчэ вып'ем? – нахіліўся Яўхім.

Яна рашуча захітала галавой: не, – заспяшалася ўстаць. Калі выйшлі разам з ветлівым Ёселем, які правёў на ганак, прасіў не забываць дарогі к яму, кірмаш здаўся вясёлым святам, і ўсё навокал выглядала бесклапотным, бясхмарным, святочным, і верылася: ёй будзе добра, будзе добра!

Зноў патаўкліся трохі ў людской мітусні каля вазоў, гледзячы на дабро, раскладзенае на сене, зайшлі ў адну, другую краму, у якіх таксама ціснулася багата народу, больш за ўсё, відаць, разявак.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю