Текст книги "Людзі на балоце"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 24 (всего у книги 28 страниц)
Прасачыўшы, як хлопец пляцецца да каня, упаўнаважаны доўгім позіркам зноў паглядзеў на другога віноўніка бойкі. Паглядзеў ужо не так пільна, але з нейкай патайнай, вострай усмешачкай, за якой хавалася, як пачуў Яўхім, штосьці пагрознае. Упаўнаважаны, здавалася, гатоў быў нечым ударыць у любы момант. Але, як і спачатку, ён не спяшаўся: яму нібы прыемна было бачыць ахвяру, якой усё роўна няма куды дзецца.
"Няхай паспрабуе… Я яму не Дзятлік!.." – абнадзеіў сябе Яўхім, рыхтуючыся адбівацца ад усяго. Але рыхтаваўся ён дарма: неўзабаве і ён, як перад тым Дзятлік, быў у дужых руках таварыша ўпаўнаважанага…
Зубрыч усміхнуўся ўжо адкрыта, сказаў з нейкім гуллівым папрокам:
– Што ж гэта, таварыш Глушак? Кулачкамі права сваё абараняеце?.. Я разумею вас – і нават, можна сказаць, хвалю… За тое, што заступаецеся за сваё дабро. Не аддаяце паслухмяна, як пакорлівае цялё!.. Гэта з пункту гледжання барацьбы за існаванне – правільна! Трэба трымацца, ваяваць за сваё права жыць пад сонцам!.. Але ваяваць – не кулачкамі! Нават калі яны такія, як у вас!.. Кулачкамі ў наш час многа не даб'ецеся! Гэта – атавізм, аджыло!.. Тым больш што слова "кулак" цяпер і не вельмі добра гучыць!
Чым больш Яўхім слухаў яго, тым больш не разумеў: "Нашто ён вярзе, разводзіць ету анцімонію?.. У нерат завесці дурнем хоча, ці што?.."
– Ці не на гэтыя кулачкі, – з той жа гуллівай усмешачкай сказаў упаўнаважаны, – вы разлічвалі, калі гразіліся на сходзе: "І на вас управа ёсць!" Гэта значыць – на камісію па землеўпарадкаванню, на прадстаўнікоў сельсавета і воласці?..
Яўхім насцярожыўся: "От, от яно, тое, да чаго вёў ён!.. Кажа такое – і смяецца, хоць бы што! А прызнайся – дак упячэ, што і не выберашся!.. Э, на тое мы табе адкажам як трэба!.."
Але адказаць не давялося. Зубрыч апярэдзіў, адказаў сам:
– Не на кулачкі? А, ведаю! Ведаю – спадзяваліся на савецкія законы?.. Савецкая ўлада не дасць у крыўду працоўнага чалавека!..
– Па савецкаму закону не паложано етаго. Штоб браць ад чалавека, што ён зарабіў сваім мазалём…
– Не паложана! Па савецкаму закону!.. – Упаўнаважаны хітра, недаверліва хмыкнуў. Гулліва засмяяўся: – Брэшаце! Па вачах відаць, што брэшаце! Не ўмееце ілгаць!..
– Вы мяне не разыгрувайце! – з годнасцю, рэзка сказаў Яўхім. – Я етых смешак не люблю.
– Не любіце! Што ж, пахвальна! – Упаўнаважаны перастаў смяяцца. – Хоць мне і даводзіцца жартаваць, я таксама люблю сур'ёзныя размовы! Сур'ёзных людзей… Будзем гаварыць як сур'ёзныя, сталыя людзі!.. – Спакойны, нібы задуменны, ён разам з тым уважліва глядзеў на Яўхіма, як бы хацеў дазнацца, што той думае на яго словы. Гэты нязводны позірк трымаў Яўхіма ў насцярожанасці. – Калі вы згодны, я вам магу адразу і ясна заявіць: мне добра вядома, што значыла ваша пагроза! У мяне няма ніякіх сумненняў у тым, на каго вы спадзеяцеся! – Упаўнаважаны скоса павёў позіркам па полі, прыцішыў голас: – Атаман Маслак!
Яўхім зніякавеў, але не падаў выгляду. Бач, падступае, на кручок бярэ! "З ГПУ! Па ўсім відаць, з ГПУ падасланы!.."
– Вы мяне не блытайце! – сказаў Яўхім. – Калі вам так хочацца, то – вазьміце сабе етаго гада!..
Ён убачыў: упаўнаважаны выслухаў з іроніяй, ні аднаму слову не паверыў. На спіне Яўхіма лёг холад. "Знае штось…"
– Гад! М-да! Вось як – гад! – У голасе ўпаўнаважанага пачуўся здзек. – Быў друг, надзея, збавіцель, стаў – гад!.. Якія зігзагі лёсу!..
Яўхім зноў пахаладзеў, спакойная, здзеклівая ўпэўненасць упаўнаважанага пераконвала: "Знае! Штось знае!.."
Упаўнаважаны памаўчаў, сказаў з роздумам:
– А ўвогуле, калі гаварыць па шчырасці, мне ваша асцярожлівасць зусім зразумелая: ад гэтага небяспечнага тыпа цяпер трэба ўсяляк адхрышчвацца! Гэта, бясспрэчна, разумна! Асцярожнасць такога роду можа быць толькі на карысць!.. А між тым гад гэты цікавіўся вамі… Чуб!
Яўхіма пранізала страхам: "Прапаў! Канец!" Маслак часта зваў яго Чубам… Дык Маслака, праўда, не забілі? Жыве ён?! Але ж як жа тыя чуткі, што забіты быў?
– Не знаю я яго. У вочы не бачыў нават…
– Не бачыў! Цёмна было! Дзе вы сустрэліся апошні раз? Калі вы ўгаварылі яго прыйсці, прыгразіць таму-сяму з ахвотнікаў да землеўпарадкавання?.. Не каля могілак?
Рэшткі надзеі прапалі ў Яўхіма. "Знае ўсё! Думаў – ні адной душы невядома. Як дрыгвой зацягнула, думаў. Аж – нб табе, знаюць! І хто – упаўнаважаны, ГПУ, лічы!.."
– Хто ето… наплёў такого?
– Усё вядома. Гэты Дзяцел, з якім я толькі што дзякуючы вам пазнаёміўся, калі не памыляюся, быў у тую ноч нечаканым памочнікам? Гэта ж на яго вы так хітра навялі? Ведае ці не ведае ён, каму павінен удзячны быць за тую ноч, за юравіцкую каталажку?..
– Усё ето выдумка… – абы не маўчаць, сказаў разбіты ўшчэнт Яўхім.
"І адкуль ён узяўся, Маслак, – як уваскрос, скажы ты!.. Уваскрос – ды не дзе-небудзь, а можа, у камеры турэмнай! Высачылі ды знянацку наскочылі, скруцілі рукі? Дапыталі?.. Выказаў усё, што було?.. Пагібелі няма на чорта!"
Упаўнаважаны раптам зазлаваў:
– Кінь! Не мялі лухту! Брыдка слухаць! Дарослы чалавек! – Ён глядзеў на Яўхіма з пагардай. – Бачыш жа – усё ведаю! У гэтай тайне для мяне няма нічога тайнага! Усё – яўнае, усё вядомае! Кінь лухту!
– Адкуль жа вы… дазналіся пра ето? – пайшоў на рызыку Яўхім. – Хто ж ето выказаў?
– Гэта ўжо дзелавая мужчынская размова! – пахваліў упаўнаважаны. – Паведаміў той, хто падарыў табе польскі карабін.
– Костка? – Так бандыты часам велічалі Альховага, Маслаковага супольніка.
– Ён.
– Дзе ён?
– Жыве. Удваіх з атаманам. А дзе – лічы: не ведаеш…
Яўхім пачуў, што выплыў на паверхню з халоднага, цёмнага дна, дзе бачыў сябе ўжо тапельцам. Страх, трывога, праўда, яшчэ жылі ў ім, гнялі, але ўжо не так, як некалькі хвілін перад гэтым.
– Хто вы такі?.. Я ж век бы не падумаў!.. – як бы павінаваціўся ён упаўнаважанаму. – І цяпер не верыцца неяк…
– Я – супрацоўнік валвыканкома. Прашу запомніць. Савецкі служачы, – строга сказаў Зубрыч. – На людзях – мы незнаёмыя. Мы не толькі нічога не ведаем пра нейкага адшчапенца па прозвішчу Маслак, але і адзін аднаго. Я не ведаю вас, вы – мяне. За выключэннем таго, што я меў непрыемную для вас сутычку як супрацоўнік валвыканкома. Ясна?
– Ясно. Не малы…
– Не забывай. – Зубрыч загаварыў мякчэй, з давер'ем: – Ведай таксама: цябе помняць, калі будзе неабходна, к табе прыйдуць. І ты павінен зрабіць, што належыць!.. Ну, што яшчэ? Яшчэ – карысна вось што мець на ўвазе: ты, кажучы кудравым штылем, не адзін! Нас – многа!.. У сёлах, у мястэчку, у горадзе, за мяжой!.. Так, так – многа! Мы маўчым да пары! Да каманды, якая пачне ўсё!.. Яна можа быць не скора, але яна будзе! Калі прыйдзе гэта пара, для нас пачнецца іншае, сапраўднае жыццё. Не жменька – уся зямля навокал будзе наша! Поле, лес, лугі – усё!
Зубрыч захапіўся, і Яўхіму слухаць яго гаворку было – як добрую казку. У гэтай казцы Яўхіма надзялялі не палоскай нейкай – цэлымі абшарамі зямлі, лясамі, рабілі яго гаспадаром вялікага дома, кароўнікаў, стайняў. У гэтых кароўніках і стайнях такая драбяза, як Дзятлік, рабіць лічылі за шчасце. Яны трапяталі пад адным позіркам Яўхіма, лавілі на ляту кожнае яго жаданне. Ён быў валадар і бог…
Яўхіму было прыкра, што Зубрыч хутка перарваў гэту казку, і суха, аддзяліўшы ўраз сябе ад яго, Яўхіма, загадаў:
– А пакуль – канспірацыя і канспірацыя!.. І калі выдасі каго-небудзь з нашага легіёна, – ведай: галавы – не знасіць! Нідзе не ўхаваешся!
– Вы ето мне не гаварыце! – пакрыўдзіўся Яўхім. – Мне ето – лішняе!
Зубрыч нібы не пачуў яго крыўды. Заклапочана, дзелавіта сказаў:
– Чалавек, які прыйдзе ад нас, спытаецца ў цябе: "Ці не бачылі вы чорнага каня, што кульгае на заднюю нагу?" Гэта будзе з нашых. Ясна?
– Ясно…
– Ну, от і ўсё. – Ён напомніў: – Мы па-ранейшаму незнаёмыя. Я толькі гразіўся табе на полі. – Зубрыч холадна, кіўком галавы развітаўся, павёў вачыма ў бок сяла, коратка, па-вайсковаму загадаў: – Ідзі!
Яўхім, ідучы побач са старым Глушаком і Сцяпанам, сказаў, што ўпаўнаважаны вельмі сварыўся за бойку, пагражаў нават судом, і стары слоў не знаходзіў, кленучы ўпаўнаважанага. З кляцьбою ён і адстаў ад Яўхіма і Сцяпана, пацягнуўся да натоўпу, што брыў па полі з меркаю…
Ад радасці ісці Яўхіму было лёгка, жартаваць хацелася. Але калі, перавейваючы за Сцяпанам жыта, стаў перабіраць зноў усё ў памяці, раптам ажыў неспакой: а што, калі ён – падасланы, гэты ўпаўнаважаны, і выведаў толькі для ГПУ? Вельмі ж дзіўна, нечакана ўсё прыйшло.
Ён перабіраў у памяці, што бачыў, калі гэты чалавек сядзеў у прэзідыуме, калі праціснуўся праз натоўп у полі, калі крышыў Дзятліка, гразіўся яму, Яўхіму. Перабіраў у думках усё, што чуў ад яго. Спакой, упэўненасць не прыходзілі: вельмі ж многа было нязвычнага, незразумелага. Розныя, зусім розныя словы, розныя ўчынкі. Нібы розныя людзі. Зусім не падобныя адзін на аднаго, нават непрыяцелі. Канешне, у жыцці не раз даводзіцца гаварыць адно, а рабіць другое – Яўхіму самому ці мала прыходзілася душой крывіць. Але ў самім сабе добра відно, дзе праўда, а дзе мана. Ды і ў другіх куранёўцаў гэта не так ужо і цяжка было аддзяліць. А тут, як тут спакойна чуць гэтых розных людзей у адным чалавеку, ведаць, што адзін з іх дакапаўся да такой тайны!
Хацелася верыць, што ашуканства няма, баяцца не трэба. І верыў часам, супакойваўся. Але спакой быў нядоўга, выпаўзала іншая трывога: каб не стала ўсё гэта вядома каму не след. Калі гаворка з Маслаком і Альховым, якой ніхто, акрамя іх трох, не чуў, дайшла аж да Юравіч, то чаму не могуць уведаць пра гэта другія? Калі ён, гэты юравіцкі, і не з ГПУ, то хто можа паручыцца, што ён не наткнецца дзе-небудзь на іх? А там, як прыціснуць, хіба не вылажыць усё? Вылажыць як міленькі, усё выверне, абы за саломінку ўхапіцца! Няўжо ж пашкадуе яго, Яўхіма?
Добрыя казкі баяў ён. А толькі казкі – не для дарослых. Казка ёсць казка, а жыццё – жыццё. Як бы, паверыўшы ў байкі тыя, пагнаўшыся за тым жураўлём у небе, не страціць і тое, што яшчэ засталося. Пагана ці не пагана, а ўсё ж такі жывеш! Якая там ні ёсць, а гаспадарка не горшая, як у людзей, – не ходзіш па свеце з торбай. А можаш пайсці – скарынцы чэрствай будзеш рады дзе-небудзь у Салаўках!..
І радасці няпэўнай было, і трывогі. І лішняга клопату, нязвыклай, неадчэпнай турботы думкам – перад самым вяселлем! Але калі думаў пра бойку з Дзятлікам, цешыўся: "Прыйдзе пара – паенчыш, удод жаўтароты!" Не раз, не два ўспамінаў сустрэчу на могілках, жалкаваў: трэба было тады так даць маху! Чаго тады было не коцнуць смаркача! Не падказаў ім, дурань!..
Многа неспакою было чалавеку перад самым вяселлем!
7На наступную раніцу Васілёва маці, увайшоўшы з двара, паставіла пустую ражку, сказала занепакоена:
– Божа! Етаго шчэ не хапало!
– Чаго ты там? – адгукнуўся дзед, што вырэзваў з кляновага бруска лыжку.
– Ідзіце на ганак, паглядзіце.
Васіль выйшаў першы, не апранаючыся, у белых портках і сарочцы. Хоць яшчэ развіднела не зусім, было ўжо добра відаць на дзвярах вялікі чорны крыж. Дзёгаць дзе-нідзе падцёк, папоўз ніткамі да масніц.
– Маслакі? Няўжэ – маслакі? – падумала ўголас маці, калі ўсе зноў сышліся ў хаце.
Яна верыла і не верыла: стрыманая, разважная, яна была зусім іншая, як учора ў полі. Была такая, як звычайна.
Дзед узяў кляновы абрэзак, таксама падумаў:
– Маслак-то, можа, Маслак. Толькі, тым часам, можа буць, што жыве ён не ў балоце і не за балотам…
– Карчоў ето работа! – заявіў Васіль.
– Етыя цяпер не дадуць спуску!..
– А няхай не даюць! – абарваў матчыну гаворку Васіль. – Пляваць мне.
– Пляваць, тым часам, не вельмі наплюешся!.. Ето такая зараза… А тут, калі ў яго шчэ хэўра…
– У сельсавет бы на іх! Штоб упяклі ў Юравічы!
– Аге! Упяклі! Не даказаўшы!.. Не злавіла – не кажы, што злодзей!
– А можна було б і падлавіць!
– Падлаві, тады і кажы! – Дзед падумаў: – Чуе і мая душа, тым часам, што той Маслак, і праўда, блізко. І тое можа буць…
Маці апала духам:
– Можа буць. От жа вужака, ніяк не прыціснуць, штоб не выкруціўся!
– Памагаюць гаду якіясь…
– Асцерагацца трэба, – дзелавіта разважыла маці. Як малому, сказала Васілю: – У лес адзін штоб не ездзіў! З дзедам, са мною ці з кім з добрых таварышаў! І са стрэльбай дзедавай!
– Ну, от – вучыце!
– А і вучу! Вучыць трэба! Рано ад матчынай навукі адбіцца захацеў – от і выходзіць такое!.. Увечары штоб не хадзіў позно. І ўночы – штоб не выпіраўся на ганак!
– Дак, можа, мне і… Як малому ўсё адно.
– А і ў хаце. Ці ў сенцах, калі ўжэ так сорамно. Пан, унь, кажуць, Аскерко, дак ніколі поначы не выходзіў. Не то што ў холад, а і ў лето…
– Пан! От бо сказала! Куры падохнуць ад смеху!
– Глядзі, штоб сам жывы буў! – строга сказала маці. Дадала мякчэй: – А што такое: што дома – знаць ніхто не будзе. Не думай.
– Усё адно!
– Не ўсё адно! Пад кулю няма чаго лезці!
– Праўду кажа, – кіўнуў дзед.
Васіль плюнуў са злосцю, выйшаў з хаты.
У той жа дзень, трохі пазней, Яўхіму выпала яшчэ раз спаткацца з Хадоськай. Падсачыла за агародамі, выткнулася тварам у твар. Яўхім ускіпеў:
– Чаго чапляешся! Знаеш жа, што ўжэ кончылася ўсё! Вяселле ўжэ гуляць сабіраюся!..
– Знаю. А толькі скажу, – горка пракаўтнула яна, – скажу: няхай табе на тым свеце будзе так, як мне – на етым…
Не ўтрывала, губы задрыжалі, на вачах замутнелі слёзы. Але апярэдзіла яго, кінула неспадзявана цвёрда:
– От і ўсё маё слово! Астатняе! – У яе голасе пачулася столькі нянавісці, што ён зніякавеў. – Болей – не прычаплюся! Можаш не баяцца!.. І не пабачыш болей!
Яна адразу ж адвярнулася, пайшла першая, незнаёмая, страшная. "Астатняе? Не пабачу!.." Яўхім правёў яе позіркам. Яна ішла цвёрда, мусіць, не маніла. Ад нядобрай здагадкі на сэрца лёг неспакой: ведае ці не ведае хто пра ўсё? А што, як дойдзе да Ганны?
Трэба ж столькі прыкрасці перад вяселлем!
Раздзел чацверты
1Хадоська была ў роспачы. Што рабіць? Думала, думала – і не магла прыдумаць нічога, не прыходзіла да чаго-небудзь добрага.
Дзіця… Радавацца, здаецца, трэба б. Мілае, дарагое стварэнне нарадзіцца павінна. Яе дзіця, не чыё-небудзь. Яна так любіць дзяцей, нават чужых, як жа любіла б яна сваё! І як хацела б яго – пабачыць, палашчыць, пагушкаць! З якім зачараваннем часам думала пра яго, якое, яна ведала – хоць і не заўсёды верылася неяк, – ужо дзіўна завязалася ў ёй. Завязалася невядомае нікому, толькі ёй ды Яўхіму…
Павінна была б радавацца! Але тое, што было ў ёй, не толькі не радавала, але і спакою не давала, жыццё ўсё захмарыла, заблытала ўсё. Тое, што жыло ў ёй, не было такое, як усе іншыя, з Божай ласкі, тое было ад грэху, могуць сказаць нават – страшна падумаць пра гэта – ад блуду! Як ні балюча, а выходзіць – грэх быў, як ні мяркуй, а цяпер, калі Яўхім адмовіўся, дык і думаць не думай другога – дзіця грэшнае!..
Адмовіўся. Нагуляла з нейкім, кажа. Як бы яна, і праўда, блудніца якая! Як бы не прасіла, не маліла яго, як бы не прыпамінала яму Бога, як бы не з ім адным, Яўхімам, Бога не паслухалася – а ён угаварыў, дабіўся, пацешыўся ды яшчэ кажа такое! А цяпер от – змовіны згуляў, зусім забыў, што абяцаў ёй, адрокся зусім. Раней хоць надзея нейкая была, што сумленне возьме яго, адумаецца, дзіця сваё пашкадуе, а цяпер – дык нічога, ніякай надзеі! Кінуў, і грэх ужо толькі яе грэх, яе бяда…
Цяпер усякі скажа: грэх, блуд – і не абаронішся, не апраўдаешся. Усякі можа, як Яўхім, сказаць: "Нагуляла з нейкім", любы можа блудніцай назваць, хоць і не блудніца ніякая, паверыла проста, спадзявалася, думала – праўда, возьме!
Крыўдна. Ой як крыўдна. Ад крыўды слёзы ўсе выплакала. А боль пякучы ў грудзях не ўціхае, не ападае. Чула часам – нельга болей такой пакуты трываць; цярплівасць, роспач змяняліся злосцю, прагай помсты: а што, калі пайсці да Ганны ды выказаць усё? Няхай ведае, што было ў яго, з чым пасватаўся, які ён!
Былі хвіліны, калі думкі прабіваліся далей: да старога Карча пайсці, расказаць. Ён слухаецца Бога, па-божаму жыць стараецца, няхай і рассудзіць па-божаму! Тады, калі думала пра гэта, пануры Корч, якога баялася раней, здаваўся ўжо добрым, чулым другам, родным бацькам, збавіцелем. Гэты збавіцель нібы паклікаў да сябе, хуценька сабралася, амаль уподбег, задыхаючыся, з радаснай палёгкай падалася па вуліцы да Карчовай хаты. Сэрца так калацілася, што гатова было вось-вось выскачыць, надзея, што раптам успыхнула, білася ў ім, гнала, гнала хутчэй да старога. Але як толькі дапала да хаты Карчоў, прыпынілася разгублена – надзея кудысьці знікла, падступіў страх! Корч зноў зрабіўся суровы, непадступны – слухаць не стане, раззлуецца, выганіць. Не асмелілася зайсці, заміраючы, прайшла міма…
Схуднела, затаілася панура, перастала смяяцца. Не спала начамі – думкі і апоўначы не давалі спакою. Днём хадзіла па хаце, па двары, як хворая, увесь час забывалася пра тое, што трэба было рабіць. Вочы як бы не заўважалі нікога, не цямілі.
Бацька, маці трывожна пыталіся, што з ёй. Яна хмурыла брыво, казала, каб адчапіцца:
– Нічого… Нездаровіцца трохі…
А што яшчэ магла яна сказаць!
Ёй было так цяжка. Так трэба было ёй расказаць каму-небудзь пра бяду, хоць трохі суцішыць збалелую душу – проста паплакаць перад кім-небудзь. Ёй памагло б адно слова суцяшэння, не тое што парада! Але ёй даводзілася маўчаць, таіцца ад бацькоў, ад дзяўчат, ад усіх. Ад адной думкі, што гэта можа адкрыцца, яна гатова была памерці.
Яна несла ў сабе сваю бяду, сваю горкую тайну адна, адна кідалася, шукала з роспаччу: што рабіць? Білася, шукала – і не знаходзіла, збавення не было. Яе чакала ганьба. Людская пагарда і ганьба. Калі яна бачыла ў думках гэты час, у яе так балела душа, што смерць здавалася ёй радасцю. Скінуць адразу гэту пакуту, гэту безнадзейнасць! Усё адразу знікне, як і не было. Не будзе бяды, сораму, лёгка, добра будзе!.. Яна ахвотна, нецярпліва абдумвала, дзе і як зрабіць гэта. Утопіцца ў рэчцы за Міхалевым. Не, у возеры ля Глінішчаў… У рэчцы вада хуткая, вір адразу зацягне… Бераг высокі. Можна скочыць… Скочыш – і ўміг закруціць, зацягне… Уміг… Падумаць не ўправішся… Ураз…
Але за хвілінамі гарачага, хваравітага трызнення ўпаўзаў разважлівы одум: губіць сябе – божы грэх, няможна гэтага! А больш за ўсё хвалявала згадка: татачка, мамка – як ім будзе, калі дазнаюцца, што дачка рукі на сябе налажыла! Як яна сама прывядзе ім такую бяду!
Толькі ж і так, калі жыць застанецца, дабра ім ад яе ўсё роўна не бачыць! Сорам, ганьба на ўсё сяло, на векі вечныя!..
А можа, яшчэ што-небудзь можна прыдумаць? Прыдумаць! Што прыдумаеш?! Адна надзея хіба што на Захарыху, глінішчанскую знахарку. "Яна ўмэнт зробіць", – казаў Яўхім. Чула, бывала, і ад іншых, што Захарыха тайна рабіла жанкам такое. Мабыць, рабіла, нездарма ж гаворка ідзе між людзей, канешне, рабіла – Захарыха і не такое ўмее! Толькі ж – як пайсці да яе, як сказаць, адкрыцца, чужой зусім, вядзьмарцы! Дазволіць учыніць ёй такое, зноў узяць сабе грэх, такі грэх!..
Што ж зрабіць? Што зрабіць!
У яе яшчэ не было яснасці, яшчэ не ведала добра, што зробіць, калі стала збірацца ў дарогу. Быў толькі страх перад тым, што, адчувала яна, скора, неадменна ўчыніць над сабою: канец яе бядзе, яе пакутам блізка! Сёння яна ўсё зробіць, што б ні было. Страшачыся таго, да чаго збіраецца, тоячыся, яна знарок спакойна сказала маці:
– Мамачко, я хачу к цётцы наведацца…
Маці нават узрадавалася:
– Ідзі, ідзі! Пагуляй! Развейся!..
Хадоська заўважыла, як яна глянула – з пяшчотай, з жалем, – пашкадавала! Ёй, мусіць, захацелася суцешыць дачку:
– Можа, каня запрэгці?
– Не-е. Дайду… Недалёко…
– Ну, ідзі!
"Ой, мамачко, кеб ты ведала, куды ты мяне, дачку сваю няўдалую, з такой ахвотай выпраўляеш!" Маці кудысьці заклапочана выйшла – Хадоська надзела хустку лепшую сваю, забрала са скрыні прыхаваныя грошы – усё, што зберагла, збірала не адзін месяц, – з брацікамі, з сёстрамі развіталася; цалавала быццам бы спакойна, а сама думала: можа, ужо і не пабачымся ніколі! Агледзелася навокал – нізкія, цёмныя лаўкі, прагнілая падлога ў кутку, з якога лазілі мышы, шыбкі на чорных акенцах – запацелыя, як бы заплаканыя, – усё здалося такім мілым, такім дарагім!
Маці ўнесла нізку сушаных грыбоў, загарнула ў латку.
– На от гасцінец цётцы занясі… Нядобра без гасцінца…
Хадоська ўзяла. Калі сабралася выходзіць, маці перахрысціла яе. Хадосьцы здалося, быццам яна чуе, што дачка штосьці нядобрае затаіла, – так глянула, адпускаючы ад сябе. Але гэта, мусіць, толькі здалося, бо маці ні словам не перасцерагла.
Усё ж вочы яе – жаласць, трывога і любоў – запалі ў сэрца. І пакуль ішла вуліцаю і дарогаю к грэблі, матчын позірк паліў душу. А ісці старалася знарок спакойна, каб і падумаць ніхто не падумаў нічога. Ведала, глядзець могуць на яе, сачыць…
Дзень быў халодны, пануры, брудная, памерзлая трава на ўзбочынах дарогі была ўжо быццам пасыпана соллю. "Зіма скора, – прайшло ў яе галаве. Чамусьці падумала сумна, як бы з зайздрасцю: – Вячоркі скора добрыя…" Больш ужо не заўважала нічога: ні дарогі, ні грэблі, якая потым пачалася, ні чэзлага алешніку і лазняку, што падступіў усутыч, глядзела тупа, спакутавана, невідушчымі вачыма, а ў галаве было такое ж тупое, цьмянае: што рабіць?
Перабраўшыся цераз падмерзлую грэблю, за якой блізка чарнелі алешніцкія хаты, пайшла не сялом, а па ўзболатку, сцежкаю. Нікога не хацелася бачыць, хацелася быць адной са сваім клопатам, са сваёй тайнай. У галаве так і не яснела, так і не ведала пэўна, што зрабіць. Было вядома толькі адно: трэба зайсці да цёткі, матка прасіла…
Вось ужо глінішчанскія могілкі, глінішчанскія хаты. Агароды з аднаго боку лезуць у балота. Позірк мімаволі пашукаў лясок за другім канцом сяла, пачула, як тужліва стала ў грудзях: там Захарыха. Хата асобна, у хмызняку. Адна, як лясун… А трохі далей – возера, страшнае "вока"…
Хадоська пайшла да цёткі, стараючыся зноў жа аб адным – каб не заўважылі нічога, не падумалі нядобрага.
Цёткі дома не было. Паехала з дзядзькам на луг. У хаце толькі дзеці гулялі. Хадоська выняла з хусткі гасцінчык, дала кожнаму па сушанай грушцы, спраўдзіла матчыну волю – паклала на стол нізку грыбоў. Пагаварыўшы, сама не помніла, аб чым, пагладзіла галоўку меншаму і стала збірацца зноў у дарогу.
Яна спачатку пайшла не ў той бок, дзе было возера і дзе жыла знахарка, а нібы ў Курані. За глінішчанскім выганам збочвала ў балотны хмызняк сцежка, па якой прабіраліся ў Курані, калі падсыхала на балоце, – па ёй да Куранёў было многа бліжэй. Хадоська і пайшла па гэтай сцежцы. Але вярсты праз паўтары яна з гэтай сцежкі перабралася на другую, што вяла ўжо да рэчкі. Паўз рэчку, хмызняком, яна і надумалася ісці к возеру, к Захарысе.
"Пайду лепей да Захарыхі, – рашыла яна. – Зробіць, і знаць ніхто не будзе… Як і не було…" Супакоіўшы сябе, яна ішла ўжо лёгка і хутка, з той яснасцю і пэўнасцю, якая бывае, калі вядома, што трэба рабіць. Але чым бліжэй падыходзіла яна да месца, дзе жыла знахарка, тым больш лёгкасць гэта і пэўнасць знікалі. Мацнеў страх: Захарыха з нячыстай сілай, казалі, знаецца. З ведзьмакамі бачыцца…
Яна пайшла цішэй. Які непрыветны дзень, які нядобры гэты голы, чорны балотны хмызняк! Густая, халодная вада ў рэчцы, трава, памерзлая, мокне ў вадзе. Аж самой холадна робіцца. Холадна і непрытульна. Думаць не хочацца, нічога не хочацца… "Не пайду к вядзьмарцы… Грэх – у вядзьмаркі…"
З-за чэзлага алешніку выглянула вольная, з рэдкімі купамі кустоў прагаліна, чубы чароту. На прагаліне там і тут лужыны, цёмная паска вады між чароту. Мімаволі прыпынілася. Возера.
Адразу, як ступіла на прагаліну, пачула, як апала, зазыбалася пад нагамі дрыгва – вось-вось прарвецца. Тут ужо звычайна стаіць вада, проста за лета сышла крыху, сухмень быў такі! Халады прыхапілі лужыны лядком, купіны пацвярдзелі – асядаючы, патрэскваюць, лядок крэкча, лопаецца. Чуючы, як угінаецца дрыгва, пайшла мімаволі асцеражней: каб не праваліцца. Схамянулася адразу ж, падумала цьмяна: цяпер усё роўна, прарвецца не прарвецца – баяцца няма чаго. І ўсё ж ступала асцярожна…
Ну, от і ўсё. Зараз… Там, за чаротам… А чарот – перад тварам… Крок, яшчэ крок… Цішыня якая. Нідзе ні душы… Ніхто ведаць не будзе… "Не памінайце ліхам, мамачко, татко!.. Не карай, Божачко, ты бачыш, іначай няможно!.." Ішла, як у сне, правалілася адной нагой па калена, ледзь утрымалася на купіне, пасунулася далей. От ужо чарот, ён амаль усюды ў вадзе. Трэба пашукаць сухога купіння, падабрацца да глыбіні…
Там, дзе "вока", правалілася, кажуць, царква. Было роўнае, сухое месца, а правалілася царква, і стала "вока" – возера. Не такое, як усюды, без дна…
От тут, каля лазовага куста, сушэй. Можна падабрацца, за беражком – чыстая вада. Глыбіня… Пачула, як калее, гарыць нага: зірнула, на лапцях, на лытцы чорная твань стыне. Выцерла краем світы – скура чырвоная, аж заходзіцца ад холаду! І вада, пэўна, сцюдзёная!.. Не стаяць, не думаць, хутчэй – туды!..
Дрыгва ўгнулася глыбей. Вось-вось прарвецца. Якая ж яна чорная, жахлівая, глыбінь "вока"! Дзіва – без дна! Усе рэчкі і азёры маюць дно, а тут – без дна! Таму яно такое чорнае, страшнае! Недарма чэрці любяць яго!.. Толькі два-тры крокі… І ўсё. І бездань!.. Здалося раптам – штосьці цягне туды, у бездань. Галаву кружыць!.. Жах напоўніў грудзі, скаваў холадам. Хадоська ўхапілася рукой за дубцы куста, толькі б утрымацца!
Здалося, пачула: адплывае, паўзе ўніз мярэжка… А тое, невядомае, страшнае, усё вядзе, цягне к глыбіні, усё кружыць галаву…
Хацела сысці, адбегчы – і скрануцца не магла. Тое, страшнае, нібы трымала за рукі, за ногі!.. "Мамачко, татко!" – застагнала, закрычала, але і голасу не пачула. Голасу не было. Нібы анямела!..
Яна кранулася, яшчэ не цямячы нічога. Чула, што хтосьці глядзіць услед, баялася азірнуцца. Страх поўніў усю яе, але яна ішла. Дрыгва апаўзала, гнулася, трашчала, Хадоська ніяк не думала пра тое, што можа праваліцца. Чула за сабой толькі страшнае, што цягнула ў глыбінь…
Яна ўжо была блізка ад алешніку, што ішоў вакол прагаліны, калі пачула раптоўны трэск. Трэснула сухая галіна, але яна не зразумела, што гэта. Неспадзяванасць як бы вярнула ёй прытомнасць, яна страпянулася і дзіка рынулася к лясочку…