Текст книги "Людзі на балоце"
Автор книги: Иван Мележ
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 28 страниц)
Апейка не памыліўся, Васіль, слухаючы яго, і праўда думаў аб адным: пусцяць ці не пусцяць? У ім, як ніколі за апошнія дні, забруілася, затрапятала надзея: «Можа, пусцяць?» Усю ноч, слова за словам, думка за думкаю, успамінаў, перабіраў ён гаворку ў кабінеце Харчава, нібы нанава перажываў яе. Гадаючы пра свой лёс, ён адчуваў, што трымаўся не так, як трэба, маўчаў, не апраўдваўся, і цяпер лаяў сябе за маўклівасць: такі зручны момант упусціў, недарэка! Адно толькі, што пакланіўся, добра: знак пашаны, канешне, даспадобы начальству…
Спраўдзіў-такі Хвошчык сваё абяцанне, пайшоў да валаснога начальніка. Значыцца, не брахаў, што з самім Апейкам знаёмы – як сваяк той. Глядзі, як сігануў! І што ў камсамольцы запісаўся, таксама, відаць, праўда чыстая… Дзякуючы ў думках таварышу, мімаволі пазайздросціў: «Выскачыў Хвошчык, хітры!.. Усе Хвашчы хітрыя!» Пазайздросціў не са злосцю, не з абурэннем, а добра: хітрасць – як тыя грошы, як удача, шчасце…
Думкі ад Косціка непрыкметна перабеглі да Апейкі. Згадаў дробную, ціхую постаць старшыні, здзівіўся: такі нявідны, а столькі ўлады ў руках трымае, начальнік усёй воласці! І што асабліва ўражвала: маючы такую ўладу, разам з тым – просты і абыходлівы!
Як толькі падумаў пра Апейку, ажыло зноў, затрывожыла неадступнае, жаданае: «Можа, пусцяць?.. Сказаў жа: „Ты – не бандыт!.. Не бандыт, знаю“, – сказаў… Ён жа не хто сабе, а начальнік воласці, улада, слова яго штосьці значыць… Не бандыт! А калі не бандыт, то не павінны трымаць. Няма такога закону…» Але думкі гэтыя, добрыя спадзяванні тут жа мяшаліся з халодным, звыклым сумненнем: «Наўрад… Так цябе і пусцяць, чакай!.. Харчаў маўчаў, не згодны, канешне… Ды і гэты ж таксамо – лаяў, злаваўся…»
Васіль успомніў, як сярдзіта, непрыязна кінуў яму Апейка папрок: «Крот, баязлівец», – і на змену трывозе аб тым, пусцяць ці не, прыйшла ўпартая злосць: «Прыставілі б табе абрэз да грудзей, паглядзеў бы я, што б ты запяяў! У мясцечку, у кабінетах, за спінамі міліцынераў усе вы смелыя!»
Вунь як яно ўсё павярнулася, як знарок, – усё супроць яго. Нават перадзел зямлі і той нібы ад яго залежаў, нібы ён не за перадзел, дабра сабе не хоча! Ад шчасця свайго, ад зямлі адмаўляецца! І вось жа паспрабуй, дакажы тут, што не вораг сабе. Учапіліся, ведаюць адно: вадзіў, памагаў – і ведаць, здаецца, іншага не жадаюць…
«Маслакі праклятыя, – узяла іншы кірунак думка Васіля. – Трэба ж було налезці ім якраз на мяне, увесці ў такую бяду!» Ён думаў пра маслакоўцаў апошнімі днямі не ўпершыню, думаў з непрыхільнасцю, з тайнай, неадступнай надзеяй адплаты, помсты. Сёння, аднак, да яго думак прымяшалася і іншая: «А чаго ім перадзел еты не даспадобы? Чаго яны свой нос сунуць?»
«А мо яны не самі?.. Мо – папрасілі іх?» – уразіла Васіля адкрыцце. І тут жа прыйшла загадка, якая потым жыла ў ім многа дзён: «А калі папрасілі, то – хто?»
На гэта ў яго не было адказу. Ён не ведаў, мог адно рабіць здагадкі. Але здагадкі для Васіля былі нішто, ён цаніў толькі тое, што ведаў, што бачыў…
Гэтыя Васілёвы развагі перамешваліся з гарачымі і трывожнымі згадкамі пра Ганну – ён нібы зноў стаяў каля плота, чуў шум груш на Чарнушкавым агародзе, брэх сабак, бачыў цьмяную шэрань туману над балотам. Калі ў мары-ўяве браў яе рукі ў свае, гарнуў да сябе, пытанне, якое так трывожыла, пачынала паліць неспакойна, нясцерпна.
«Пусцяць ці не?»
Пытанне гэтае жыло ў ім і ўвесь наступны дзень, у які ён зноў пілаваў дровы каля млына. Шоргаючы пілой, з самага ранку Васіль быў асабліва маўклівы, рабіў з нейкай рэдкай лютасцю, да знямогі. Нават Мітрахван не вытрываў, пад вечар паскардзіўся:
– Замучыў ты мяне, хлопец. Нашчэнт…
Дзень быў няроўны: то пасвятлее, то зноў насунуцца нізкія кужэльныя хмары, абложаць усё неба так, што стане цёмна, як вечарам. Адзін раз парывісты вецер, шалёна круцячы, кінуў на двор хмару снежных высевак, абсыпаў траву, дровы, дыхнуў халадэчай. Такі няроўны, як гэты дзень, быў і настрой у Васіля, у якім мяняліся добрыя спадзяванні і злыя сумненні.
«Не пусцяць», – рашыў ён, вяртаючыся. З маленства прызвычаены да крыўды, да злога, ён знарок рыхтаваў сябе на горшае, трымаў у душы недавер'е да таго, што можа адбыцца жаданае. І калі пасля звароту хлопец-вартавы загадаў яму збірацца, Васіль прымусіў сябе не паверыць, што гэта і ёсць тая чаканая хвіліна. Ён спакойна надзеў світу і, як звычайна, хмурна ссутуліўся, чакаючы загаду. Толькі калі вартавы сказаў, каб узяў і рэчы, сэрца Васіля дробна, соладка затрымцела.
– І торбу? – перапытаў ён, баючыся, што памыляецца.
– Усё, – адказаў вартавы.
Васіль, беручы торбу, заўважыў, што рукі дрыжаць.
– Ну, ядры яго, бувай! – залапатаў канакрад. – Адлежаў! Адбыў, мазалёў не нажыўшы! Лёгка!.. Бувай, ядры яго! Не памінай ліхам!
Барадаты Мітрахван прабурчаў толькі:
– На мароз бярэ!..
На ганку Васіль знянацку натрапіў не на каго іншага – на самога Харчава. Грозны начальнік міліцыі, не зважаючы на моцны, халодны вецер, стаяў у гімнасцёрцы, на якой, як заўсёды, быў ордэн. Убачыўшы яго, Васіль мімаволі насцярожыўся.
– Ну? Дадому?
– Ды… не кажуць куды…
– Дадому! Адпушчаем!.. Толькі глядзі, другі раз будзь разумнейшы! Зноў зробіш так – не спадзявайся на ласку! Так і ведай!
– Ведаю…
Харчаў памаўчаў, адхіліўшы галаву ад моцнага напору ветру.
– У вас там хтось шахер-махер Маслаку робіць, пасабляе!
– Можа, пасабляе…
– Не можа, а точна. Скажы там у сяле, што Маслаку і ўсёй яго хэўры хутка труба будзе! Скажы, што я, Харчаў, паабяцаў! Так і перадай!
– Перадам!
Харчаў павярнуўся і, важка, моцна ступаючы, падаўся ў пакой.
Нават калі Васіль адзін пайшоў па вуліцы, галоўнай местачковай вуліцы, яму яшчэ добра не верылася, што ўся тая недарэчная, прыкрая гісторыя скончылася, што ён ужо не пад прыглядам варты, не арыштант, а вольны казак, што можа ісці туды, куды хоча, куды вядзе сэрца. Ён і не агледзеўся, як прайшоў вуліцу з радамі дробных крамак, з разнастайнымі шыльдамі і шыльдачкамі, як павярнуў к гары і паўз двухпавярховы дом «воласці» пачаў борзда ўздымацца па чырвонаглінянай каляіністай дарозе. І гару, увесь немалы, круты ўздым, адалеў ён ураз, не прыпыняючыся, не аддыхваючыся, поўны незвычайным адчуваннем нецярплівай, крылатай лёгкасці ў сабе.
Узляцеўшы на гару, убачыў перад сабой знаёмую дарогу з пабурэлым курганам справа, з голымі дубкамі, наводдаль, у цемнаватай хмурнай далечы – нізкую роўнядзь палёў, што ішлі пад самыя Глінішчы, пад хмызнякі і балоты, за якімі таіліся родныя, жаданыя Курані, – і стаў як бы больш верыць у рэальнасць таго радаснага, якое толькі што адбылося. Мітрахван казаў праўду: брала на мароз. Удзень гэта амаль не адчувалася, а цяпер, з надвячоркам, мароз вельмі прыкметна мацнеў. Па гары спераду наўкася кідаўся густы вецер, сек дробным снегавым крупіннем, абцінаў холадам, быў такі пранізлівы і дужы, што зрэбныя Васілёвы штаны і нават рудая світа, якая ліпла да ног, амаль не бераглі. Але Васілёў настрой ад гэтага не ападаў. Васіль як бы і не заўважаў холаду, борзда тупаў прадранымі лапцямі па ўкамянелай камякаватай храпе, што біла ў падэшвы, у пяткі, грэўся добрымі, вясёлымі думкамі. Думаў пра Косціка, які так удала налучыўся і – хто б мог сказаць загадзя? – так памог! Думаў пра маці: як яна там адна, як спаткае? Згадваў Валодзьку: што робіць, гарэза? Вельмі хацелася хутчэй пабачыць Гуза – ці спраўны, ці добра даглядалі гэты час, без гаспадара? Ці навезлі з балота сена – трэба заўтра ж праверыць стагі, можа, не дай Бог, расцягваюць іх злодзеі… А над усім гэтым, над неспакойнаю, бязладнаю мітусянінай думак, была радасць спаткання з Ганнай. Калі думаў пра яе, ногі самі сабой паддавалі хады, брала моцная нецярплівасць: ах, каб хутчэй пабачыць, сустрэцца, памірыцца! Ён быў так акрылены радаснай пераменай, што, насуперак сваёй звычайнай насцярожанасці, мог думаць толькі пра шчасце. Трывога да яго амаль не даходзіла, пра заляцанні Яўхіма думаў спакойна, нават бесклапотна. Што яму той Яўхім!
Пакуль падышоў да Вадавіч, насунуліся поцемкі. Мусіць, каб не снег, навокал была б густая чарната, але снег адганяў цемру, бяліў усё. Ён ужо, як соллю, поўніў ямкі ў храпе, каляіны, канаўкі, і дарога выглядала нібы па-святочнаму падбеленай. Маляр, які фарбаваў дарогу беллю, зрабіў не ўсё, але і так, і ў бела-цёмным роспісе, радавала яна вочы.
Рэчка за Вадавічамі, што перарэзвала балота і падкову грэблі, з берагоў ужо была забрана лёдам, снег, які лёг на яго, бялеў роўна, чыста. Між гэтай некранутай белі вада пасярэдзіне здавалася густой і чорнай, як дзёгаць. Калі Васіль паглядзеў на яе, зрабілася нібы яшчэ халадней.
Хоць ішоў хутка, ветраны холад абцінаў усё мацней, усё злей, асабліва ногі ў каленях. Хлопец стаў, пацёр калені далонямі, потым, каб сагрэцца, пабег, знарок па-заечы падкідваючы нагамі і прытупваючы. Перамяніўся на хаду толькі за балотам, можа, праз вярсту.
Неўзабаве, каля Глінішчаў, сышоў са шляху, узяўся проста на Курані. Хоць мог ісці і сялом, знарок абмінуў яго, каб не сустракацца з людзьмі, падаўся сцежкаю па полі, паўз могілкі. Абышоў падмерзлым узболаткам і Алешнікі, зрэзаў вялікі круг. Снег ужо начыста выбельваў сцежку і дарогу, на якую выбраўся за ўзболаткам, – хмызнякі па баках цямнелі незвычайна рэзка. Тут ветру не было, стала цяплей. Вакол панавалі цішыня і чысціня, хараство першых зазімкаў, якія асабліва хвалююць і радуюць, – і Васіль паддаваўся ўладзе гэтага хараства: недаверлівае, насцярожанае сэрца больш і больш поўнілася шчасцем. Ганна, маці, Гуз, стагі – усё было ў гэтым шчасці.
Калі наблізіўся да Ганнінага селішча, прыпыніў гон, пайшоў цішэй, гулка закалацілася сэрца: вунь плот той, тыя грушы! У хаце свяціліся вокны – праз шыбу ўбачыў мачыху каля печы і Хведзьку, які корпаўся на ўслоне. Ганны не было.
«Мабуць, к дзеўкам пайшла…»
Адарваўся ад шыбы, падаўся ў сяло. Яшчэ амаль усюды свяціліся жоўтыя, варухлівыя агні – водсветы лучыны. Сярод іх асабліва блізкі, родны вылучыў агеньчык сваёй хаты. Гарыць лучына – значыцца, маці дома, не спіць. Можа, думае пра яго, сумуе і не ведае, што ён каля парога… Васіль ужо быў блізка ад хаты, калі пачуў наперадзе Ганнін голас, мяккі шорхат крокаў.
Ён памкнуўся падацца да яе і адразу ж убачыў: яна не адна. Здалёк, праз прыцемак адчуў, хто гэты другі. Яшчэ не думаючы нічога, хутка ступіў да ясакара, што быў побач, стаяў за ім, разгублена сачыў за постацямі. Гэта была такая неспадзяванасць для яго нядаўняй радаснай бесклапотнасці.
Яны ішлі па другі бок вуліцы. Ішлі асобна, не вельмі блізка адно ад аднаго, Яўхім не хапаў яе нават за руку, ішлі проста як знаёмыя. І ўсё ж і гэта апаліла Васіля гарачай рэўнасцю, пякучай крыўдай: яна ідзе з яго супернікам, яго непрыяцелем, у такі дзень, калі ён так ірваўся да яе. Яна так сустракае!
Яўхім і Ганна набліжаліся. Ганна ішла, апусціўшы галаву, ці то хавала твар ад марозу, ці то глядзела на дарогу, на снег. Яўхім ступаў разваліста, засунуўшы рукі ў кішэні паддзёўкі, збіваючы калі-нікалі наском бота мёрзлыя камякі. Упоцемку чырвоным вочкам зырчэла цыгарка. Нават у тым, як ішла Ганна, абыякавая да ўсяго і, здавалася, таксама да яго, да Васіля, у тым, што на яго хваляванне яна нават брывом не варухнула, ішла, нібы нічога не было, вартага якой-небудзь яе ўвагі, бачылася Васілю вялікая крыўда. Тое ж, як спакойна, прывыкла трымаўся каля яе Яўхім, яго ўпэўненая, развалістая паходачка – нібы ўсё на зямлі належыць яму, – яго ганарлівая цыгарачка, ускінула ў хлопцу буру нянавісці.
«Корч… задавака… Думае, як багацце ў яго, дак і ўсё…» Яго нянавісць была тым большая, што ён лічыў, ведаў, што багацце – сапраўды ўсё, што ён – нішто перад Яўхімам. Ён адчуваў, што Яўхіму, калі захоча, – проста як чхнуць адбіць у яго Ганну. «Усе дзеўкі на багацце падкія…»
Калі праходзілі каля ясакара, Яўхім заўважыў Васіля. Ён вырваў з кішэні руку і ўхапіў цыгарку, так здзівіўся, пазнаўшы. Але гэтае здзіўленне было толькі момант, спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Адышоўшы некалькі крокаў, нахіліўся да яе, сказаў штосьці.
– Ідзі!.. Не брашы! – пачуў Васіль яе адказ. Ганна раптам засмяялася.
Смех гэты пранізаў сэрца. Васіль недарэчна, разгублена паправіў торбу і, не цямячы больш нічога, не бачачы, як сляпы, выступіў з-за ясакара.
Частка другая
Раздзел першы
1Калі Васіль прачнуўся, у хаце яшчэ ўсе спалі. Але як толькі ён стаў, сапучы, усцягваць адзежу, маці ўсхапілася, пачала завіхацца каля комінка. Лучынка ад вугольчыка, выкапанага ў печы, разгаралася неахвотна, і Васіль выправіўся на двор, не дачакаўшыся, калі агонь асветліць хату.
На ганку ён аж захлынуўся ад халоднага, нейкага прасторнага паветра. Было не цёмна, не так, як мінулымі начамі, а шаравата, і ў гэтай шэрані кідалася ў вочы, якое ўсё навокал белае, чыстае, як бы прыбранае на свята. Гэтая чысціня весяліла, як бы сама абяцала радасць: Васіль пачуў прыліў незвычайнай, бесклапотнай бадзёрасці. Ён гатоў быў ужо молада, як выпушчаны на волю жарэбчык, скочыць з ганка, калі ўсярэдзіне заныў такі жывы неспакой, замутніў чысціню, святочнасць напамінкам: Ганна ідзе з Глушаковым Яўхімам… Яўхім нахіліўся да яе, штосьці сказаў – засмяялася… Ён, Васіль, за ясакарам з торбай…
Васіль ціха сышоў на снег, паволі, важка патупаў к хляву. Гуз, пачуўшы яго крокі, з надзеяй заржаў, дзьмухнуў у твар цеплынёю. Васіль пачухаў яму за вухам, вобмацкам прабраўся ў закутак, прынёс у абярэмку сена. Калі Гуз пацягнуўся к сену, захрумстаў, Васіль, памякчэлы, лагодны, пастаяў побач, слухаючы мілае хрупасценне, цешачыся родным пахам хлява.
Гэтыя дарагія праявы глушылі сум па Ганне, вярталі, хоць і не бесклапотную ўжо, асцярожную, радасць. Хіба ж можна было ніяк не адгукнуцца на тое, што збылося-такі жаданне: зноў, бач, тут, у родным цяпле, сваім хляве, сваёй гаспадарцы, на волі. Учора, калі заходзіў сюды, усё гэта здавалася яшчэ нібы непраўдзівым, цяпер жа радасць была яснейшай і як бы больш трывалая…
Пад павеццю снегу амаль не было, бо вецер дзьмуў з другога боку, і зямля тут цямнела, як на балоце. Ён перацягнуў калёсы к сценцы і высунуў з кутка сані, уставіў у завертні аглоблі. Калі закручваў аглоблі, завертні так трашчалі, што здавалася – вось-вось лопнуць. «Саўсім рассохліся за лето. Рыпяць, усё адно як не хочуць служыць…»
Ён успомніў учарашнюю матчыну скаргу, што няма чым паліць у печы, і зірнуў у куток, дзе складвалі дровы: там і праўда ляжала толькі некалькі галінак ды тоўсты, сукаваты смаляк, абшчапаны з бакоў. На смаляку было многа знакаў ад сякеры – відаць, маці або дзед спрабавалі пасекчы, але не маглі саўладаць.
«Трэба будзе па дровы з'ездзіць», – варухнулася клопатная думка.
Васіль намерыўся ўжо вярнуцца ў хату, узяць сякеру, як паявілася, перамагло іншае жаданне: паглядзець гумно. Адчыніў варотцы, лёгка, нецярпліва пайшоў белай сцежкай к прыгуменню. Калі ўбачыў цёмныя абрысы гумен, што цягнуліся ў ранішняй шэрані маўклівым, панурым радам, зноў ажыла трывожнасць, страшная ноч нібы зноў наблізілася. На момант аж затаіўся, ці не чутно крокаў ззаду, дотыку абрэза. Усё ж халаднаваты, нейкі асабліва свежы пах саломы з гумна, зычны рып паслухмяных гуменных варот не прайшлі міма ўвагі, устрывожаная душа адгукнулася на гэтыя родныя праявы ціхай, затоенай радасцю. Ён не зачыніў варот, і шэрань знадворку азначыла падмецены ток з горкай мякіны ў кутку, ладунак снапоў у адным застаронку і салому ў другім. Снапоў немалочаных было ўжо менш, як тады, калі ён малаціў апошні раз. Ён ведаў, што матка і дзед Дзяніс рабілі тут без яго. Васіль скінуў, разаслаў некалькі снапоў, намацаў павешаны на сук сахі цэп, размахнуўся, весела выцяў бічом па калоссі. Даўно-даўно не чуў ён у руках, ва ўсім целе такой радаснай сілы – канца, меры, здавалася, не было ёй, аж дзіва, колькі накапілася яе за тое дурное абібоцтва ў юравіцкай міліцэйскай баковачцы. Як згаладалы за акрайчык хлеба, учапіўся Васіль у выслізганае дубовае цапільна, дзівячыся з лёгкасці біча, ударыў яшчэ раз, другі, стаў махаць, махаць, біць і біць. Адно было нядобра: цемнавата ў гумне, біць даводзілася наўздагад. Як ні шкада, а хочаш не хочаш, трэба вешаць цэп зноў на саху. Да таго ж успомнілася, што пад павеццю – непасечаны смаляк: маці, мабыць, няма чаго запаліць у печы…
На астатак не ўтрываў, памахаў цэпам, як пастух пугаю, проста так, для забавы. Зноў выйшаў на белую сцежку, чуючы моц у целе, павесялелы. Пад павеццю люта накінуўся з сякераю на смаляны корч, лупіў па карчы і карчом аб калодку так, што аж у жар кідала самога. Кінуў світу на сані, у белай сарочцы біў, разламваў корч датуль, пакуль не засталіся ад яго крывулі ды трэскі.
Неўзабаве ён ужо ішоў з драўляным вядром да калодзежа, які быў на мяжы яго і дзядзькі Дамеціка сяліб. Трэба было напаіць каня. Вядро на кручок вочапа Васіль не павесіў, а кінуў, кручок не стаў зашчапляць – і так не сарвецца, не патоне. Ва ўсім тым, што ні рабіў цяпер, як бы хваліўся хвацкасцю сваёй, спрытам.
Выцягваючы вочап з калодзежа, з якога знаёма пахла мохам, старым мокрым дрэвам і вадою, ён пачуў, што з суседняга двара нехта падыходзіць, і азірнуўся. Гэта быў не Дамецік, ішоў плячысты, з васпаватым тварам малады мужчына ў вайсковай вопратцы і зімовай шапцы з вострым верхам.
– А, арыштант заявіўся! – павітаўся мужчына, здалося Васілю, з насмешачкай.
Васіль мелькам заўважыў: у таго, што падыходзіў, ад чаравікаў да самых калень былі накручаны чорныя анучы, і ногі ў іх былі падобны на вялізныя граковыя.
«Надзеў чаравікі – і хварсіць!» – з асуджэннем падумаў Васіль. Ён не так пазнаў, як здагадаўся, што васпаваты вайсковы – Міканор, Дамецікаў сын, які вярнуўся са службы. Маці ўчора між іншых вясковых навін памянула і гэту.
«Арыштант! Ну і – арыштант! А табе які сабачы клопат да етаго!» – адгукнуўся думкаю на суседава прывітанне пакрыўджаны Васіль. Міканор жа, нібы нічога і не сказаў такога, здзівіўся:
– Ты чаго – ваўкаваты такі?
– А таго… Лепей буць ваўкаватым, як авечкаю… Кеб не кусало ўсякае…
Васіль узяўся за дужку вядра, не гледзячы, сунуў вочап у бок Міканора, намерыўся ісці.
– Пастой! – паспрабаваў затрымаць Васіля Міканор. – Нядобра так, не па-суседску. Шчэ і двума словамі не перакінуліся, а ўжо грызціся сабраўся…
– А я так да другіх, як яны да мяне…
І Васіль, паказваючы, што гаварыць больш не хоча, падаўся з вядром да хлява. «Не па-суседску, бач! А ты са мной – па-суседску?.. Думае – як чаравікі ды шапку ваенную надзеў, дак і абзываць усякім словам вольна яму! Думае – калі чалавек з арышту прыйшоў, то і пляваць на яго можно!..» Васіль пагразіўся: «Скажы шчэ раз такое, плюнь! Пабачыш!»
2Так Васіль і затаіў бы злосць на суседа, адрэзаў бы сябе ад яго, калі б гэтай сустрэчаю цяперашняе знаёмства іх і закончылася. Але пад вечар, калі Васіль прыцягнуўся з лесу з возам дроў, маці пераказала яму, што прыходзіў Міканор і прасіў зайсці пагаманіць. Васіль на гэта запрашэнне не сказаў нічога, але па тым, як нездаволена матнуў ён галавою, маці здагадалася, што яно не спадабалася сыну.
Маці не стала дапытвацца, што ж такое ўчынілася між сынам і суседам, – ведала, што Васіль усё роўна не скажа, – але не ўтрывала, каб і раз, і другі не перадаць Міканорава запрашэнне, знарок дадаючы ад сябе розныя выдумкі, якія маглі б усцешыць сынава сэрца. Сказала, што вельмі хваліў Васіля за гаспадарлівасць і прасіў, каб ён за нешта не злаваў… Дзед Дзяніс падтрымаў яе: не адведаць суседа, не ўважыць ласкай такую радасць, як прыход са службы, нягожа…
Усё ж пайшоў Васіль к Міканору неахвотна: так, абы не пакрыўдзіць маткі і не паказаць непашаны да суседа. Рашыў – пасядзіць трохі для прыліку, пагаворыць пра тое-сёе, споўніць матчын наказ і вернецца сабе…
Васіль спаткаў Міканора на двары – той нёс з сенцаў ражку.
– Заходзь. Зараз прыйду… – сказаў Міканор, ідучы.
Ён вярнуўся ў хату, атрэсваючы чырвоныя, мусіць, толькі што памытыя, рукі.
– От, брат, за гаспадарку бяруся… – Міканор выцер рукі ручніком, засмяяўся. – Забуў усё, што ўмеў. Спачатку вучыцца трэба!
– Не кажы! – запярэчыла Дамеціха, што поралася каля печы. – Чалавек падумае, што і праўда! Не слухай яго, Васілько, смяецца ён…
– Аге, смяюся! Добрыя смешкі! Паранку рабіць ужэ не знаю як!..
– Не слухай яго, Васілько. Умее, усё ўмее…
Дамеціха стала збіраць вячэру. Перад тым як сесці за стол, Міканор запрасіў і Васіля, але той адмовіўся. Некалькі хвілін потым угаворвала далучыцца да ўсіх і Дамеціха, аднак Васіль і на гэты раз цвёрда ўстаяў, даводзячы, што толькі што вячэраў дома, наеўся, аж лішне. Дамецікавы селі адны. Тады надышла цішыня: дамашнія вячэралі, а Васіль, з выгляду важны, сталы, стараючыся трымацца ўпэўнена, з вельмі ж пільнаю ўвагаю разглядваў карткі на сцяне.
Акрамя той пажоўклай ад даўнасці карткі, на якой Дамецік, малады і хвацкі, у страшнай, калматай, як стог, шапцы цягнуўся побач з нейкім незнаёмым, – картку гэту, казалі, стары Дамецік прывёз яшчэ з японскай вайны, – было тут і некалькі Міканоравых здымкаў. З іх Васіль раней бачыў толькі адзін – Міканор, стрыжаны, у гімнасцёрцы з шыракаватым каўняром, нечым як бы напалоханы. Васіль, калі пабачыў гэты здымак першы раз, аж здзівіўся: што гэта магло так напужаць хлопца? Цяпер побач з гэтымі здымкамі было некалькі новых – на кожным Міканор з невядомымі таварышамі, усе апяразаныя рамянямі, у блішчастых ботах, з шашкамі.
– Ето маё аддзяленне… – сказаў Міканор, сёрбаючы боршч.
Васіль усё ж чуў сябе ніякавата, чужым, і, разглядаючы карткі, чакаў адно той пары, калі можна будзе, не рызыкуючы прыстойнасцю, вырвацца сабе на волю. Агледзеўшы карткі і раз, і другі, ён ужо намерыўся сказаць Дамецікавым, што трэба падацца дадому, зрабіць яшчэ сёе-тое, калі на двары пачулася гамонка, крокі. Першы ўвайшоў, шумліва і весела, Хоня – «Бацько і матка». Ён быў у падранай свіце і ў падранай шапцы, але і ў гэтым звычайным сваім убранстве ўдаваў проста-такі фарсуном: так спрытна вісела напашкі світа, так смела ліпла да макаўкі шапка.
– Вечар добры ў хату! Кеб жылося і кеб вялося! – сказаў ён звонка і цвёрда. – І табе, Васіль, добры вечар! – дадаў ён такім тонам, нібы толькі ўчора бачыліся.
За Хонем паявіліся яго прыяцелі – чорны, пануры, як бацька, Пятро Пракопаў і куранёўскі гарманіст Алёша Губаты. Пятро толькі штосьці буркнуў пад нос і стаў у парозе – шырокай спіною амаль зусім затуліў Алёшу.
– От – у самы час! Бы, скажы ты, чулі – на вячэру акурат! – прамовіў усё з той жа вясёласцю Хоня і, не чакаючы запрашэння, як дома, падаўся да лаўкі, сеў шырока, вольна.
Дамеціха і Дамецік, як трэба было па звычаю, запрасілі хлопцаў к сталу, але Хоня за ўсіх адказаў:
– Дзякуем! Не спадзяваліся, што так добра прыбудзем, дак дома натапталіся картоплі!..
– Пад'елі, – пацвердзіў Алёша, прымошчваючыся каля Хоні.
– Пад'елі ці не пад'елі, а пасядзелі б от разам, паспробувалі б, чаго Бог паслаў… – пачала было Дамеціха, але чалавек перабіў яе разважліва:
– Було б спробуваць чаго, дак, нябось, угаварылі б як-небудзь! А то от расол адзін да картопля! Чарка хоць бы дзе завалялася!
– Апазніліся! – засмяяўся Міканор. – Што було – выпілі!..
– Багато там таго і було! – сказала Дамеціха. – Дзве пляшкі якіх!..
– Ды мы знаем, што ахвотнікаў на гарэлку знайшлося! Дак ад етаго мы не вельмі-то зразу і ляцелі! – Хоня хітра зірнуў на Міканора, павёў гутарку на іншае: – Хочам от Міканора з дзеўкамі нашымі пазнаёміць, бо ён жа, мабуць, забуўся! Дай дзеўкі, сказаць, збуту просто не даюць: прывядзі ды прывядзі!
– Аге, вазьміце яго, Хартонко! – ухапілася ахвотна Дамеціха. – Няхай пагуляе!
– Толькі баімся, што ён можа цяпер да гарадскіх болей прывучаны! – сказаў Алёша Губаты, адольваючы нясмеласць, відаць, стараючыся патрапіць Хоню.
– Не було калі прывыкаць там! – заявіў Міканор.
– А ўсё-такі, пэўне, завёў якую-небудзь мармазелю? – учапіўся Хоня.
– Да не. Так, праўда, гуляў сколькі разоў па берагу ці ў парку. І то – з хлопцамі, з Марозам, з Кісялём…
– Аге, з Марозам! Кажы! Так табе і паверым!
– З Кісялём, кажа, гуляў!
– Пабачыць бы нам таго Кісяля!
Васіль з гэтай гамонкай і смешкамі стаў чуць сябе ў Дамецікаў ямчэй. Ужо не хацелася асабліва ісці дадому, можна было і тут пасядзець, паслухаць; ужо амаль супакоіўся, гатоў быў забыцца на ўсе страхі, калі дзверы адчыніліся і ў пройме іх – як злы напамінак, як пагроза – паявілася постаць Грыбка. Васіль ад неспадзеўкі аж пахаладзеў: больш за ўсё не хацеў, баяўся сустрэцца з Грыбком, і нб табе – твар у твар!
Васіль увесь сціснуўся, насцярожыўся, чакаючы самага паганага. На момант з'явілася падазрэнне – ці не знарок, ці не для гэтай сустрэчы запрасіў Міканор? Няўжо знарок падстроіў? Але паглядзець на Міканора, хоць бы вачыма праверыць падазрэнне, не мог, нязводна сачыў за Грыбком.
Нічога страшнага як бы і не было: Грыбок толькі зірнуў на Васіля нядобра і сеў на другую лаўку. Ні слова не сказаў Васілю, але ў маўчанні яго хлопцу яшчэ больш чулася непрыхільнасці і дакору. Цяпер Васіль быў нібы прыкаваны да сцяны: каб і паспрабаваў, не змог бы, здаецца, адарвацца. Ён папракнуў сябе моўчкі: даў жа зарок не хадзіць ні да кога, не бачыцца ні з кім, дзень цэлы перабыў без якіх-небудзь прыкрых сустрэч. І трэба ж было прыперціся сюды!
Ён зноў пачуў у сенцах крокі, павёў вачыма к дзвярам: каго там яшчэ нясе?
Увайшоў Чарнушка. Гэтага толькі і не хапала тут! Васіль, здавалася, уліп вачыма ў картку, але не бачыў яе, чакаў адно: што ж далей будзе?
Васіль заўважыў: павітаўшыся, Чарнушка адразу ўгледзеў, вылучыў з усіх яго.
– І Васіль тут! – прамовіў ён як бы давольны, але Васілю ад гэтага не стала вальней.
Дамеціха адгукнулася:
– Зайшоў па-суседску к таварышу, дзякуй яму!
– Ты ці не ўчора ўвечары прыбуў? – не хацеў адступіцца ад Васіля Чарнушка.
– Учора…
– Увечары? Уцямнело ўжэ добра, як прыбуў?
– Уцямнело… Дак што?
– Да нічого. Бачыў я – нехта ўчора поцемкам падыходзіў да хаты, – сказаў Чарнушка. – Як бы падобны на цябе, я ля хлява акурат ішоў. А сягоння чую: і праўда, прыбуў… Дак я і падумаў, што ты…
Васіль прамаўчаў.
– Дак зайшоў бы няхай. Я ето не сказаў тады нічого, бо не пазнаў добра. Не паверыў, грэц яго. А то ж такі, мабуць, ты буў!
Васіль варухнуў плячом, як бы хацеў адчапіцца.
– Не-а…
Гаворка, на шчасце, пайшла пра Міканора. Грыбок сказаў, што Міканор, няўрокам кажучы, спраўны вельмі з выгляду – непагана, мабыць, на службе было.
Міканор засмяяўся:
– Да сказаць, што пагано, – грэх…
– Адкарміўся, як бугай. Выгуляўся, – пахваліў Міканора Хоня.
– Да кеб гуляў вельмі, не сказаць. Було так, не сакрэт, што пасля паходу іншы раз і сам, і конь пад табою – як у мыле.
– Калі ідзеш, ногі адна за адну чапляюцца? – зарагатаў Хоня, за ім – Алёша і Пятро.
– Ледзь дацягнешся, бувало. Зноў жа – на варце стоячы. У мароз, на ветры як папакалееш – дак аж, здаецца, душа заходзіцца. Кажух такі да пят – тулуп – давалі, як на варту ісці. Дак і тулуп еты не паможа – усё адно халадзеча дабярэцца!..
– Уга, да пячонкі дабярэцца!
Стары Дамецік толькі пачаў быў казаць: гэта што, от у Маньчжурыі мароз дык мароз, на ляту ўсё жывое нішчыць, – як у хату ўвалілася яшчэ некалькі дзядзькоў. Між іх быў і Руды Андрэй, акуратна паголены, з далікатнымі тоненькімі вусікамі-крылцамі агністага колеру, у фасоністай гарадской шапцы, – першы ў Куранях палітык і прамоўца.
Руды падышоў апошні, паздароўкаўся з Міканорам не так, як усе, нязграбна і сарамяжа, а, зняўшы фасоністую сваю шапку, адмыслова пакланіўся. Ціснучы руку, павіншаваў:
– Са шчаслівым вазврашчэннем, Міканор Дамецевіч!.. Рады ўсе вас, та-скаць, бачыць зноў на нашай куранёўскай почве…
Дзядзькі не першы раз дзівіліся з далікацтва яго абыходжання, але ніхто не спрабаваў рабіць, як ён: не кожнаму спрыт такі дадзен!
– Унцер у нас на батарэі буў, – успомніў Грыбок. – Ну і унцер: кулакі па пуду! Як дасць каму – той зразу з капытоў вобзем!.. А цяпер, праўда, не бувае, кеб каго білі?
– Няхай бы ўдарыў, хоць які камандзір. Дак яго так бы ўдарылі, што навек закаяўся б!
– А калі ж бувае, што каторы не слухаецца? – убіўся Хоня. – Камандзір яму адно, загадвае яму што-небудзь зрабіць, а ён – не буду і не буду! Не бувае хіба такіх?
– Бувае ўсякае. Толькі ўсё адно не б'юць нікога. Другім бяруць метадам. Тлумачаць найбольш, што да чаго. Што такое значыць служба ў Чырвонай Арміі, і каму мы служым…
– А калі ён не слухаецца ўсё адно? – не адступаў Хоня. – Не судзяць?
– Судзяць. А толькі болей – на свядомасць б'юць.
– Чуў я, што аж пад Менскам на манеўрах быць даводзілася? – апярэдзіў нейкае новае пытанне надакучлівага Грыбка Андрэй Руды.
– Буў. На акружных вучэннях.
Андрэй Руды хацеў распытацца пра гэтыя вучэнні, але тут умяшаўся Чарнушка, пераблытаў усё.
– Як там зямля, пад Менскам?
– Зямля як зямля, – паспрабаваў быў вярнуць Міканора к вучэнням Руды, аднак Міканор запярэчыў:
– Да і не сказаць, кеб такая, як наша. Сушэй багато… Балот дак рэдко, можно сказаць, болей – палі, палі ды лес. І лес, можно сказаць, інакшы – без канца чысты сасняк… Багато вельмі горак. Бувае так, што як глянеш з каторай, дак толькі і бачыш: горкі і горкі, з полем ды з лесам. Аж пакуль відно…
Хоня запытаў:
– Мо такія, як у Мозыры?
– Меншыя. Такіх, як у Мозыры, няма! – Міканор сказаў гэта як бы з гонарам: ён служыў у Мазыры.
Гаворка цяпер ужо зацікавіла Васіля. Ніколі за ўсё жыццё не быў далей Хвойнага, толькі раз дапаў аж да Мазыра, які здаўся такой далеччу, быццам там адразу канец свету. А людзей унь і далей заносіць, і аж дзіва – і там зямля, і там жывуць!..
– І як ето яно: зямля без балота! – нібы не паверыла Дамеціха. – Як ето яно можа буць, штоб без балота!
– От, баба! У Маньжурыі, дак не то што балота, а і кусточка на сто вярстоў не пабачыш. Гола, як падлога…
– У нас, у Міхайлаўцы, таксама зямля була! Як масло, грэц яе! Вазьмі на хлеб ды маж, – пахваліўся Чарнушка паўзабытай Чарнігаўшчынай.
– А тут куды ні кінь – дак балото ды балото! – пашкадаваў Губаты Алёша. – Купіны ды жабы!
– Без жаб там, мабуць, сумно! – Хоня, а за ім Алёша і Пятро зарагаталі. – Без такіх песень!
– Чуў я, – прамовіў Міканор, – адзін вучоны ў Мозыры казаў, да нас прыязджаў з дакладам: на балоце зямля, казаў, – першы сорт. Без гною радзіць можа!..
– Толькі асушы – і сей, – падтрымаў Андрэй Руды. – Асабліва любяць ету зямлю авёс, каноплі, усякая цехнічаская культура.
– Асушы! Калі етай твані канца-краю няма.
– Генерал тут колісь буў – нібыто, – прыгадаў Ігнат, Хадосьчын бацька, якога за звычку да месца і не да месца ўстаўляць «нібыто» празвалі – Нібыто-Ігнат.
Андрэй Руды пацвердзіў:
– Істарычаскі хвакт. Інхванцерыі генерал Жылінскі. Лічны друг цара…
– Друг ён ці не друг, не знаю. А толькі – нібыто – вучоны дужа, інжынер. Ды і то сказаць: хоць цара і скінулі, і генералаў разам з ім, а ўсё ж такі генерал – не наш цёмны лапаць… Усе навукі прайшоў!..