355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 19)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 28 страниц)

– Скажы, што табе хочацца купіць – такое, кеб даўно хацелася! – сказаў Яўхім, акідваючы вачыма палічкі, на якіх было раскладзена і развешана мноства ўсякіх прынад.

Вядома, Яўхім не быў бы Яўхімам, каб у яго словах не пачула яна пахвальбы – магу што хочаш купіць, – але Ганна больш заўважыла цяпер тое, што яму хочацца зрабіць ёй добры дарунак. Яна бачыла, што яму вельмі хацелася, каб яна папрасіла. Ганна на міг завагалася. І ўсё ж штосьці стрымала яе.

– Нічога.

Ганна адразу ж сабралася ісці з крамы, але ён не пусціў.

– Пастой! Няма чаго выдумляць! Не чужыя ж!.. Ты не нагледзела, дак я нагледзеў!.. – Яўхім крыкнуў прадаўцу: – Падайце хустку тую!

Ён сам накінуў ёй хустку на плечы, падвёў к люстру, прыбітаму да сцяны. Якой ні спакойнай здавалася Ганна хвіліну назад, але калі зірнула ў люстра, твар яе, смуглявыя, крыху выпнутыя шчокі заяснелі зачаравана: ах, якая квяцістая, якая вогненна-яркая, цудоўная, век такой хусткі не насіла!

– Акурат да твару! – узрадаваны, таксама зачараваны, сказаў Яўхім. Ён, задаволены, пайшоў к прадаўцу.

Жанчыны, якія стаялі за ёй, глядзелі з зайздрасцю, гаманілі, хвалілі: добрая хустка, да твару, нічога не скажаш. Ганна ж не магла вішнёвых воч сваіх адарваць ад люстра, ашчасліўленая, замілаваная: ці яна гэта, такая незнаёмая, такая паглядная, такая… Штосьці раптам занепакоіла, штосьці нібы дакранулася да чулай шыі, дзіўна халоднае і гарачае. Яна, не разумеючы, мімаволі павяла няцямным позіркам, і гарачая чырвань умомант заліла яе твар. Васіль! Калі ён увайшоў ці, можа, быў ужо між людзей тады, калі яны з Яўхімам паявіліся, Ганна не ведала і не думала пра гэта – яе ўсё поўніла неспадзяванае відовішча – Васіль! Яны глядзелі адно на аднаго, позіркі іх у люстры скрыжоўваліся.

Толькі момант было гэта – Васіль знік з люстра гэтак раптоўна, як і паявіўся. Але хоць яго не было відно, яна не магла варухнуцца. Ён нібы скаваў яе. І не бачачы яго, яна чула дзікаваты, важкі і разам з тым разгублены позірк спадылба, крыўду і роспач на яго самалюбных губах. Гарачынь, чырвань сораму ўсё не сыходзілі з яе твару. І якое недарэчнае было тое, што сказаў, вярнуўшыся, Яўхім:

– Ну, от і канцы з канцамі! Відно, што нявеста! – Яе абразіў яго смех. – Падарыў, а ўсё адно як сабе! Не з хаты, а ў хату!..

Ад гэтага смеху Ганне захацелася плакаць. Выходзячы з Яўхімам, яна падумала пра Васіля – тут ён яшчэ ці пайшоў, але, поўная неперажытага хвалявання, азірнуцца не пасмела. Быў Васіль ці не быў у краме, а ёй здавалася, што ён каля яе, сочыць за ёй.

На ганку, стараючыся не сустракацца позіркам з Яўхімам, яна сказала, што трэба ісці назад: бацька і мачыха даўно зачакаліся.

– Хай прывыкаюць! Не столькі шчэ чакаць прыйдзецца!

Ён заўважыў, што яна спахмурнела, незразумела перайначылася, але распытваць не стаў. У яго быў па-ранейшаму бесклапотны настрой, непадатны для падазрэнняў ці якіх-небудзь непрыемных думак…

– Я дайду ўжэ адна, – сказала Ганна, калі ён трохі правёў яе.

Яўхім не запярэчыў, не здзівіўся ці зрабіў выгляд, што не здзіўляецца, моўчкі адышоў. Яна была рада, што ён лёгка адстаў.

Увесь час, пакуль стаяла з бацькамі каля воза, не сціхаў у ёй успамін пра Васіля, пра яго паяўленне, пра яго позірк – трэба ж, каб так здарылася! Думала, усё з ім кончана, застаецца толькі забыць, і вось жа – сустрэча гэтая! Як зачырванелася, не згарэла ледзь! Нібы з крадзеным злавілі!.. Застаўшыся адна, без Яўхіма і Васіля, яна старалася абдумаць усё, вярнуць сабе разважлівую яснасць: не-не, ёй няма чаго саромецца! Усё, што было з Васілём, кончана. Проста не прывыкла яшчэ. Але – прывыкне!

З-за думак сваіх яна амаль не чула ні зайздрослівага мачышынага войкання – вой, якая хустка! – ні бацькавага неспакою аб тым, што людзі ўжо раз'язджаюцца, а мех бульбы так і ляжыць.

Бацька запрог каня, каб ехаць дамоў, калі к ім падышла чарнявенькая кволая дзяўчына ў кароценькім гарадскім паліто і шапачцы, запыталася, ці не маюць яны бульбы. Бацька так узрадаваўся гэтаму, што не стаў і таргавацца.

– Ужэ і не думаў, што купец знойдзецца! Як Бог паслаў, на шчасце! Дак хай і вам карысць будзе!..

"Богам пасланы купец" папрасіў, каб бульбу завезлі на кватэру. Калі ехалі, мачыха з вясковай гаварлівасцю паведаміла:

– Грошы вельмі трэба. Дачку от замуж аддаём…

Белы, нездаровы тварык дзяўчыны павярнуўся да Ганны.

– Віншую!.. Добры хлопец, мусіць?..

– Да як сказаць. Не гарбаты, не кульгавы. Не горшы за другіх, здаецца.

– Добры. Красівы, багаты, – умяшалася мачыха. – Яўхім Глушакоў!

– А! – прамовіла дзяўчына далікатна. Зірнула на Ганну пільнымі, дзіўна строгімі вачыма. – Вы любіце яго?

Ганна не адразу адказала, падумала: "Худзенькая якая, нібы нядужая. Вецер, здаецца, падніме і панясе, як пушынку… А вочы – такія строгія!.. Люблю ці не люблю?!"

– Ці ўсім канешне любіць, выходзячы?.. Кеб усе ішлі толькі тыя, што любяць, дак болей за палавіну ў дзеўках век сядзела б!

– І ўсё-такі – як жа жыць без кахання?

– А так і жывуць… Сцерпіцца – злюбіцца, кажуць…

Дзяўчына прамовіла, любуючыся і дзіўна спачуваючы:

– Вы такая прыгожая!

– За Яўхімам пражыве прыпяваючы! – зноў умяшалася мачыха. – Само шчасце, сказаць, у рукі ёй прыйшло!..

Дзяўчына не адказала на гэта, запытала з той жа строгасцю:

– Харошае сяло ў вас?

– Нічого. Грыбоў процьма. Маліны, ягады ўсякай. Канешне, не тое што Глінішчы, а ўсё-такі – нічого… – Мачыха пацікавілася: – А вы – хто самі будзеце? Нешто не бачылі мы вас ніколі!..

– Я ў Мозыры жыву. Вучуся. А тут у дзядзькі ў гасцях. – Строгія вочы памякчэлі. – Настаўнічаць к вам от прыеду. На той год канчаю. – У яе аказалася такая мілая ўсмешка, пяшчотная, з ямачкамі. І рот прыгожы, маленькі, добры.

– Прыязджайце… Толькі – школы ў нас няма…

– А-а… – пашкадаваў добры раток.

Дзяўчына – мачыха дазналася ўжо, што яе завуць Параска, – прывяла воз на двор "воласці", сказала, што яна жыве тут, на першым паверсе, з боку двара. Ледзь толькі ўехалі, як на ганак выйшаў Апейка, і дзяўчына радасна крыкнула яму:

– Ну, от я купіла! – Яна гарэзліва пахвалілася: – І нядораго!..

Пакуль Чарнушка наматваў лейцы на ручку, Апейка паставіў мех і, прысеўшы, пачаў прыладжвацца плячыма, каб лаўчэй узяць на сябе. Чарнушка не чакаў такога: як-ніяк валасное начальства, няхай сабе і з простых людзей, паспрабаваў быў паправіць становішча:

– Дайце ўжэ я!.. Кеб не падарваліся з непрывычкі!..

– Не падарвуся! – адказаў Апейка, з натугай падымаючы мех.

Чарнушка памог яму, ніякава пайшоў услед, падтрымліваючы мех ззаду. Калі яны вярнуліся на ганак, Апейка гаварыў:

– Дак вы з Куранёў! То-та – твар знаёмы… Картопля добра ўрадзіла?

– Картопля – непагано. А жыта, можна сказаць, няма…

– З жытам, з пшаніцай пагана ў нас у многіх сёлах. Цяжкая зімка будзе. І вясна… Ага, – успомніў Апейка, – тут у нас быў пад арыштам з Куранёў… Дрозд, здаецца… Не, Дзяцел яго прозвішча. – Ганна замерла, стала ўслухоўвацца. – Як ён жыве?

– А што? Нічого. Жыве сабе…

– Добра, сумленна жыве?

– Нічого. Як усе…

Ганна яшчэ не сцішыла хвалявання, якое выклікаў раптоўны напамінак пра Васіля, як з дому выбегла Параска, строга і сур'ёзна падала штосьці загорнутае ў газету:

– Гэта вам ад мяне. К вяселлю… Нічога другога няма. Студэнтка!.. Кніжка добрая!.. – Яна схамянулася: – Чытаць вы ўмееце?

– Можно сказаць – не…

Параска задумалася: што ж рабіць? Памог Чарнушка, сказаў Ганне:

– Бяры да дзякуй!

Едучы назад, Ганна трымала ў руцэ кнігу, везла ў памяці апошні строгі і жаллівы дзявочы позірк. "Вы любіце яго? Як жа можна жыць не любячы!.." – "А так і жывуць! Многія жывуць!.." – быццам спрачалася яна са строгай, наіўнай дзяўчынай. Яна ведала гэта, была пераканана, што так было і будзе, але калі згадвала, як хадзіла з Яўхімам, Васілёва паяўленне, – на душу важка лажылася трывога…

5

Клопаты, клопаты. На другую раніцу Чарнушка зноў выправіўся ў дарогу – цяпер ужо купляць Ганне на кофту. Дарога была недалёкая, хоць і даводзілася яшчэ ехаць у аб'езд, – напрасткі пакуль толькі хадзілі, – і гадзіны праз паўтары Чарнушкавы калёсы круціліся ўжо ў глінішчанскую вуліцу.

Дом Нохіма стаяў каля краю сяла, на самым людным месцы, якое чамусьці называлася "коварат" і ў якім сыходзіліся канец вуліцы, дарога з Алешнікаў і дарога на юравіцкі шлях.

Крама была ўжо ў прыбудоўцы да вялікага старога дома, і Чарнушка, прывязваючы каня к штакеціне, мімаволі адзначыў: "Перабраўся ўжэ!.. Багацее Нохім!.." Едучы нядаўна ў Юравічы, Чарнушка бачыў, як клалі зруб прыбудоўкі, а вось ужо нб табе – крама. Ды і сам дом ці даўно з часоў польскай навалы стаяў пусты, без вокан, і сад за ім – недагледжаны, абшарпаны, ці даўно туліўся. А вось нб табе – як ні глянь, дык навіна: то крама ў доме, то паравік, то прыбудоўка… Яблыні новыя, маладыя ў садзе…

"Багацее, хітры сабака…"

У краме, што пахла ўсярэдзіне свежым дрэвам, селядцамі і газаю, стаяў за прылаўкам старэйшы Нохімаў сын Іцка. Акрамя яго было толькі двое глінішчанцаў, якія прыйшлі, мабыць, пагаманіць, бо купляць нічога не збіраліся. І Іцка адразу навастрыўся позіркам на Ганну і Чарнушку.

Чарнушка па даўняй сваёй звычцы спярша пачаў браць розную драбязу, што дзешавей: тры карабкі запалак, пяць фунтаў солі, два фунты мокрых, з едкім пахам селядцоў. Ён ужо намерыўся падступіцца да самага важнага і цяжкага, да самай вялікай траты, калі паявіўся і сам Нохім.

– А, Чарнушка! Здароў быў! – радасна, як добрага знаёмага, прывітаў ён. Нохім ведаў амаль кожнага не толькі ў Глінішчах, але і ў бліжэйшых вёсках.

– Здароў буў і ты.

– Багаты будзеш, чуў я! Дачку аддаеш замуж?

– Аддаю…

Нохім умомант абмацаў Ганну такім пільным позіркам, што яна пачырванела.

– Красуня! Яўхім толк у бабах знае! Сам бы жаніўся на такой, каб маладзейшы быў. І не жыд. Бо ты б не аддаў за жыда, а?

– Стары ты, Нохім. Грэх такое гаварыць.

– Стары? Я – стары? – Нохім зірнуў на Іцку, які весела засмяяўся, потым на сялян.

Адзін з іх падтрымаў:

– Самы сок! Акурат жаніцца!

– О, чуеш, Чарнушка! А ты кажаш: Нохім стары!.. – Ён адразу ж, амаль тым жа тонам прамовіў: – Але ты, мабыць, прыехаў ка мне не толькі для таго, каб паказаць дачку? Купіць што хочаш?

– Перкаль, кажуць, у цябе на кохту е… – наважыўся бацька. – Дзеўка надысь бачыла…

– Е. Трохі яшчэ засталося. О, твая дзеўка, Цімох, бачу, ведае, што добра, а што дрэнна…

Нохім падаў невялікі скрутак. Калі Чарнушка мяў паркаль кручкаватымі, як сухое алехавае карэнне, чорнымі пальцамі, чамусьці разглядваў на святло, Нохім параіў:

– Ведаеш, Цімох, што я табе скажу. Калі ў цябе ўжо такое свята, то я дам, чаго нікому не даваў. Саціна ў мяне е атласная. З Кіева самога. Блішчыць, пераліваецца, як шоўк. Прыбраўшыся ў яе, дзеўка твая будзе чыстая каралева!

– На каралеўскае, Нохім, у мяне, грэц яго, кішэня малая…

– Эге! У яго на саціну кішэня малая! Саромеўся б, Цімох, казаць такое! Ну, добра, як хочаш: бяры не бяры – я не набіваюся. Паглядзі хоць, што яно такое!

– Да што глядзець, калі ўсё адно не вазьму…

– А ты паглядзі! Я за разгляд грошай не бяру!

– А што глядзець, калі яно дораго.

– Дорага? Вы чуеце, ён кажа – дорага! Ён яшчэ не бачыў крам, не знае, колькі каштуе, а ўжо кажа – дорага! Яго яшчэ ніхто не рэжа, а ён крычыць – ратуйце!

Нохім спрытна падкаціўся да Ганны, далікатна схіліўся перад ёй:

– Прашу прабачыць, грамадзяначка, але трэба прыраўняць крам да вашага твару, каб ваш бацька пабачыў усё натуральна! Бо мужык такі, што не паверыць, пакуль не пабачыць сам! – Нохім прыклаў разгорнуты край белага саціну да Ганніных плеч і шыі. – Глядзі, Цімох, калі е вочы! І калі ты дабра хочаш дачцэ! Калі ты хочаш, каб яна была першая красуня на вяселлі! А не, даруй, задрыпанка якая!

Бацька пачухаў патыліцу: і праўда ж, крам, ліха яго матары, цудоўны, так і пераліваецца, як вада на сонцы, Ганна ў ім нібы ўжо і не Ганна – красуня з казкі! І ёй, відаць, крам даспадобы вельмі: бач, як вочы зіхцяць, хочуць, просяць. Але ж – капейкі ўсе лічаны.

– Не дораго, кажаш? Колькі ж яно?..

– Не бойся. У цябе застанецца яшчэ капа грошай!

– Смяешся ты ўсё, Нохім. Кеб хоць хапіло!

– Хопіць, кажу. – Нохім перастаў смяяцца. – Я знаю, Цімох, што ў цябе зараз няўпраўка. Сам жаніўся і знаю, што такое вяселле! І хоць ты не пазавеш мяне, я табе дам палёгку! Вялікую палёгку! Можаш цяпер, Цімох, не плаціць усяго. Заплоціш толькі рублёў якіх тры, а астатняе можаш і зусім не плаціць. Адробіш якой-небудзь дробяззю. З'ездзіш зімою ў Мозыр па крам і адзін раз у Юравічы…

Чарнушка пачухаў патыліцу: тры рублі, грошы такія пакласці, ды яшчэ потым у Мозыр і Юравічы халадэчаю перціся! І ўсё ж, пэўна, трэба ўзяць – вельмі ж Ганне да твару!

– Але ж – дораго, страх. Столькі і грошай і язды – жартачкі сказаць!

– Ой, які ты скупы, Цімох! Ну, добра, яшчэ капеек дваццаць скіну! Калі ўжо ў цябе расход такі – вяселле!

Што ні кажы, не ўсё плаціць адразу, якая ні ёсць, палёгка. А там – Бог бацька. Пакуль, дай Бог, вяселле агораць. Чарнушка выняў з-за пазухі латку, раскруціў яе, стаў лічыць грошы.

– Ну, мерай ужэ.

Нохім спрытна крутнуў пак, разгарнуў, адмераў драўляным аршынам, адрэзаў. Перш чым злажыць адрэзанае, ён правёў яго па сваёй далоні, каб усе бачылі, як зырчыць-пераліваецца тканіна, акуратна загарнуў у паперу.

– Насіце на здароўе, мадамазель-дзяўчына! І будзьце шчаслівая ў гэтай кофце!

З Нохімам ужо загаварыў другі пакупнік, але калі Чарнушка пайшоў да дзвярэй, гандляр перапыніў гаворку, пацікавіўся:

– А дзе ты, Цімох, шыць будзеш? Такі крам сапсаваць – не штука!

– Да от, думаю, к Годлі…

– Ідзі к Годлі. Штоб ёй на тым свеце сто трыццаць тры разы перавярнуцца кожны дзень! За яе паганы язык, якім яна менціць усякую несусвеціцу на Нохіма. Але Нохім не злы, не помсціць. Ён прадае крам і сам пасылае людзей, каб падтрымаць гэту дурную бабу, якая гатова нізашто ўтапіць свайго чалавека… Так і скажы, што паслаў сам Нохім!

Годля жыла блізка, у чорнай, паточанай шашалем хатцы з чорнай саламянай страхой і дробнымі акенцамі. Чарнушка ведаў, што хата гэта дасталася ёй ад глінішчанскага бедняка, які падаўся ў прымы. Купіла хату яна гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася, сама прывезла з Нароўлі галодных дзяцей разам з ціхім, нявідным чалавекам сваім Элем. Але найбольш выклікала людской цікавасці, чуў Чарнушка, дзіва, якое ўнесла ў хату: дзіўны столік на жалезных ножках, з бліскучым колцам і мудрымі шпянькамі. Дзіва гэтае, якое звалася нажной швейнай машынай і падобнага якому не было нічога не тое што ў Глінішчах, але і ў другіх сёлах, куды дасягалі глінішчанцы, ужо само па сабе паставіла Годлю на паважанае месца між людзей. Яшчэ больш павага гэта вырасла, калі пабачылі, як хітра Годля ўпраўляецца з мудрай сваёй машынай, якія ўдалыя аддае дзяўчатам і хлопцам спадніцы і сарочкі.

Чарнушку шыць у Годлі не даводзілася: абыходзіліся, дзякуй Богу, самі – самі і пралі, і ткалі, і шылі, – але Годлю ён добра ведаў. Вельмі ж асаблівая была яна сярод вясковых жанок: хуткая, мітуслівая, ніколі не пройдзе ціха, а ўсё бегам, бегам. Адзінае вока яе таксама хуткае, жвавае, усё заўважае, усё разумее. І да ўсяго яшчэ такая дзіўнасць, пра якую было гаворкі па ўсёй акрузе: усю зіму – і ў мароз, і ў мяцеліцу – без хусткі, толькі "гуга" тырчыць на патыліцы, і хоць бы калі прастудзілася!

Уваходзячы ў сенцы, у цемры якіх залапаталі куры, Чарнушка ўвагнуў галаву: дзверы нізкаватыя, нядоўга і гузак на лоб паставіць.

Годля, цэлячыся ў печ, з якой варушыліся водсветы агню, падграбала пад чыгун жар. Паставіўшы качаргу ў кут, яна адказала на Чарнушкава прывітанне, хутка акінула адзіным вокам бацьку і Ганну, скамандавала:

– Соня, дай госцю табурэтку! А вы… – Яна кінула позірк на Ганну і раптам крыкнула: – Фаня, вазьмі свае латкі з услона!

Чарнушка зняў шапку, але сесці не захацеў: не расседжвацца прыйшоў.

– Нічога, пастаім… Я тут з дачкой па справе…

– К Годлі ўсе прыходзяць не гуляць. Кохту пашыць ці спадніцу?

Чарнушка падаў ёй свой пакунак, успомніў пра наказ Нохіма.

– Нохім сам паслаў.

– Ой, які ён добры, – прамовіла кпліва Годля. – Сам паслаў к Годлі! Вы чулі? – бліснула яна вокам на печ, дзе сядзелі дзеці. – Сам паслаў ка мне! А да каго ж яшчэ ён пашле, калі тут адна Годля і шые?

Яна звыкла і спрытна паглядзела на сацін, запытала, колькі заплацілі Нохіму.

– Абдзірала, ой абдзірала! – пакруціла яна галавой з "гугаю". – Абдзярэ чалавека, голым, без сарочкі, даруйце, адпусціць, ды яшчэ – дзякуй яму скажыце! І такім круцялям савецкая ўлада волю дала, такім паганым нэпманам! Трэба было рэвалюцыю рабіць, кроў праліваць, каб Нохім абдзіраў людзей! – Яна кінула позірк да печы, крыкнула: – Эля, там малако выходзіць!

Эля падбег к печы, стаў завіхацца з вілкамі каля агню. Годля дастала са скрыначкі ў машыне мерку, але толькі запыталася, які Ганне фасон хочацца, як Чарнушка, перахапіўшы Ганнін адказ, прадбачліва завёў гаворку пра плату. Можа, яшчэ і не старгуемся, чаго ж тады агарод гарадзіць! Баяўся, што Годля заломіць і многа і грашыма.

Ён прыкметна памякчэў, калі Годля сказала, што можа ўзяць мукою ці бульбаю. Але, хоць Годля брала і нядорага, як яму і казалі тыя, у каго ён выведваў загадзя, Чарнушка ўсё ж патаргаваўся. Не таму, што чуў у гэтым неабходнасць, а таму, што так было заведзена ва ўсіх. Усе так рабілі. Годлю таксама не злавала спрэчка-торг, не першы раз такія гаворкі вяла. Як толькі згода была ўстаноўлена, яна, быццам і не спрачалася зусім, спакойна і дзелавіта пачала хадзіць вакол дзяўчыны з меркай.

Хоць меранне яе выглядала збоку вельмі проста, у тым, як яна рабіла яго, маўкліва і сур'ёзна, як, памераўшы, прыплюшчваючы вока, углядалася ў лічбы меркі, было штосьці таямнічае, недаступнае. Гэта мімаволі прымушала сачыць за ёй з увагай і пашанай. Уражанне незвычайнасці дапаўнялася самой абстаноўкаю ў хаце, якая рабіла хату ўсярэдзіне непадобнай на вясковыя. Праўда, і ў Годлі стол і ўслоны былі такія, як ва ўсіх, самаробныя, не фарбаваныя нават, але затое ля сцяны стаяла няхай абадраная, абабітая, а ўсё ж гарадская чырвоная камода. І ложкі былі, і на ложках не рыззё, не коўдры дамашнія, а пярыны з чырвоным сподам. Пярыны – таксама старыя, абшмараваныя. І нават карціны на сценах віселі старыя, заседжаныя мухамі…

– Небагато ж, грэц яго, і ты жывеш, Годля!

Годля якраз мерала, адказала не адразу.

– А з чаго мне быць багатай?

– Машына свая. Шыць умееш…

– Многа толку з той машыны! – адгукнулася Соня, старэйшая дачка. – Калі ў месяц прыедзе з паўволасці тры чалавекі, то яна і рада!

– Соня, памаўчы! Не пухнем, як у Нароўлі, з голаду!

– Не пухнем, бо агарод свой, куры, карова!

– Соня, ты стала вельмі разумная!

Кончыўшы мераць, Годля агледзела Ганну заклапочаным вокам, нібы праверыла, ці не памылілася, абмяраючы, у чым-небудзь, нечакана сказала:

– У горадзе жанчыны ліфчыкі на грудзях носяць. А ў вас, не для мужчын кажучы, лепей, як у каторай з ліфчыкам…

Ганна пачырванела, але не ўтрывала, няўпэўнена запыталася:

– Якія… ліхчыкі?

– Якія?!. Канешне, адкуль вам знаць! Ліфчык – ета от тут такія, як лепей сказаць… такія кошыкі з краму, на пасках…

– А-а… – не зразумела Ганна.

– Яны, каб грудзі былі прыгожыя, як у дзяўчат, каб не віселі. А то, бывае, у каторай грудзей і саўсім няма, дык яна напхае ў ліфчык ваты. І ходзіць, як з сапраўднымі грудзямі!..

– Ето чуў я ў салдатах, – грэбліва прамовіў Чарнушка. Ён плюнуў з агідай: – Распуста!..

Ён коса зірнуў на Ганну: няёмка было слухаць такую гаворку з дачкою, але Годля заўважаць нічога не хацела.

– Канешне, у нас не дзіва, што жанчына, прабачце, дзяўчына пытаецца, што такое ліфчык. У нас у Глінішчах ці Куранях, можа, мала хто знае і што такое райтузы. Дак райтузы – жаночыя штаны. А іх не знаюць, бо ніхто іх, не для мужчын кажучы, не носіць!

– Чаго не хапала, каб жанкі ў штанах хадзілі.

– Канешне, нашым глінішчанскім ці куранёўскім жанкам і так добра! Нібы ім саўсім не холадна, як гарадскім!

– З распусты прыдумалі ето гарадскія! – пярэчыў Чарнушка.

– Ой, не кажыце, дзядзька Чарнушка! Бо я тады забуду, што тут ваша дачка, і скажу вам такое!.. – Эля, які моўчкі сачыў за гаворкай, весела засмяяўся. Годля дзелавіта запыталася ў Ганны: – Вам, канешне, трэба скора пашыць?

– Да суботы кеб…

– Усе просяць, каб я спяшалася як на пажар. Усім трэба хутчэй! Ну, добра, няхай будзе, як вы хочаце! Да суботы дак да суботы! У пятніцу можаце забраць!

Калі выйшлі на вуліцу і сталі ладавацца на возе, Чарнушка сказаў задаволена:

– Ну от, будзе ў цябе кохта! Не сорам будзе перад людзьмі паказацца! Хоць Глушак, хоць Бог сам!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю