355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 22)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 22 (всего у книги 28 страниц)

Глушак аж зубы сцяў ад гэтых слоў. "У каго лішне!" Ледзь утрываў, каб не закрычаць: чуў, ведаў, што ўсё адно ніхто не падтрымае. "Лішне! Кеб табе за ето лішняе ўвесь век на тым свеце гарэць!"

– Дак от, ад такіх людзей мы павінны адрэзаць. – Голас Міканора як бы пацвярдзеў. Рашуча, непахісна абвясціў: – Ад Глушака Халімона – пяць дзесяцін!..

– Ого, распарадзіўся! – першы адгукнуўся Яўхім, які стаяў недзе ў сенцах.

Старога Глушака душыў гнеў. Ледзь адолеў задуху, раз'ятрана выціснуў:

– Ты д-даваў мне іх, ет-тыя п-пяць дзесяцін?! Што распараджаешся!

– Ето – рашэнне камісіі.

– Камісія твая дала нам ету зямлю? – крыкнуў Яўхім.

– Савецкая ўлада дала! – заявіў Зубрыч.

Глушак, ашалелы, хацеў мацюкнуцца, але ў час стрымаўся. Яўхім выбраўся з сенцаў, праціснуўся на сярэдзіну хаты – гатоў быў, здавалася, рынуцца к сталу ў бой.

– Савецкая ўласць дала, – загаварыў, закрычаў ён, – дак яна дала яе, ету зямлю, не на тое, штоб вы яе адбіралі!

– А мы і не адбіраем! Мы абразаем лішняе!

– А ты пытаўся ў мяне, лішняя яна ці не? – трасучыся, прасіпеў Міканору стары.

– Мы і так знаем.

– Як жа ето ты дазнаўся?

– З савецкага закону.

– Вельмі ты знаеш етыя законы, грамацей! – стаяў, пырскаў слінаю стары.

– Нічого! – прамовіў упэўнена і разам з гразьбою Яўхім. – На вас таксама ўправа е!

Дужы, шыракаплечы, у кепцы, хвацка ссунутай на вуха, ён павярнуўся спінаю да стала і цвёрда, рашуча, тоячы нейкую пагрозную ўпэўненасць, рушыў зноў к сенцам. Стары Глушак захінуў кажух і, чуючы, што ўсярэдзіне ўсё яшчэ дрыжыць ад гневу і лютасці, сеў. Заўважыў, як ціха стала ў хаце. Калі і трэба было ціснуцца, прэць тут у гэтай духаце, то хоць бы для гэтага моманту. Усе няхай бачаць, што ён так сабе не папусціцца, не дасць занішто абабраць сябе!

"Яўхім – маладзец: так удало выйшаў! І пра ўправу ў час сказаў! Унь як, астылі многія – усё-такі баяцца! – У Глушака зноў ажыла надзея. – Можа буць, не асмеляцца браць, адмовяцца… Сарвецца ўсё, можа?.."

Міканор сабраўся гаварыць зноў, але яго апярэдзіў Зайчык:

– Е тут няяснасць адна!

– Якая няяснасць?

– А такая. Ты, Міканорко, мабуць, прасветліш яе. Як старшыня. З зямлёю етай, заадно, Міканорко, коней не прырэжуць?

Дураслівае пытанне гэта абазвалася смешкамі, асабліва сярод моладзі, дзе Зайчык-штукар быў у не абы-якой пашане. Смяяліся не толькі таму, што ён ужо сказаў, але загадзя і таму, што яшчэ выкіне: ведалі, што Зайчык вымудрыў нешта!

Міканор, захоплены спрэчкай з Глушакамі, не адразу зразумеў дзіўнае пытанне і смяшок.

– Пра што ето вы, дзядзько?

– А от пытаюся: коней тым, каторым прыразаюць землю, не прырэжуць заадно?

Пад смешкі Зайчык растлумачыў:

– Каму, маўляў, каня. Каму – паўканя. Каму – чвэртку. Каму – хвост, а каму – грыву…

– Дзяцел, тут табе не вячоркі! – строга аб'явіў яму Дубадзел.

– Дак я і сам бачу, што не вячоркі.

– Бачыш, дык няма чаго крыўляцца. Сур'ёзнае дзело разбіраем. Ето табе не камедзія!

– А хто кажа, што кумедзія! Кумедзія – ето от уся гаворка пра землю, пра перадзел. – Зайчык не даў Дубадзелу перапыніць сябе: – Што мне тая зямля, як я, каня не маючы, усё адно абрабіць яе не магу!..

Глушак асцярожна, але задаволена кіўнуў. "Стрымаў сваё слова Зайчык, заступіўся! І таксамо – у пару!"

Ён падумаў, што трэба будзе неяк аддзячыць за гэта, каб падахвоціць на другі раз. Тут жа, праўда, адзначыў сабе: у тым, як казаў Зайчык, чулася не так жаданне памагчы яму, як боль за сваю няўдачу. Але Глушак гатоў быў дараваць гэта. Усё-такі памог…

– Чым я засяваць яе буду, ету вашу землю, калі дзеці ад вясны з дубовай кары пухнуць? – светлыя Зайчыкавы вочы па чарзе прабеглі па Міканору, Дубадзелу, Зубрычу.

– Дак кеб не пухлі яны, зямлі трэба, следавацельно, – павучальна адгукнуўся Андрэй Руды.

– Ето мне напамінае байку пра таго дурня, што купіў залатую – як у пана – міску. Сеў каля яе і думаў, што яна сама карміць будзе! Яна, зямля, як карова – дасі ёй, накорміш, дак і яна табе дасць! А што мне зямля етая, калі з яе – нічога!

У хаце згодна загаманілі. Глушак падумаў: "Рады булі б, кеб да зямелькі ды шчэ й коней дадалі і насення! – Пажадаў зларадна: – Трасцы вам, а не коней! Падавіцеся вы етай зямлёю, палыном ды лебядою абсяваючы!"

Радасці, аднак, не было: увайшоў у душу неспакой – каб, барані Бог, хэўру гэтую ненажэрную на коней і на насенне яго не напусцілі! У трывозе зірнуў на Зайчыка інакш, з падазрэннем: памочнік, называецца, – адной рукой, здаецца, выцягвае, а другой – як бы ўтапіць гатоў!

– Дзядзько правільно кажа, – згадзіўся з Зайчыкам Міканор. – Набыўшы зямлі, не сакрэт, з бяды не выкруцішся. Дак от жа я і казаў, што, кеб адолець ліхо етае, згуртоўвацца трэба, разам, усёй грамадою ваяваць. Таварыство арганізаваць на ўсё сяло, насенне, якое ў каго е, разам сабраць! Сабраць грошы са ўсіх і разам коней купіць!..

Міканор гаварыў горача, пераканана, але слухалі яго большасць людзей ці недаверліва, ці нават непрыхільна. Чым больш ён гаварыў, тым больш рос нездаволены гоман. Пачуліся воклічы:

– Зноў – етыя таварыствы!.. Як не надакучыць, ей-богу!

– Грэблю не кончылі, а шчэ – таварыство!

– От скажы ты, прычапілася да чалавека!

– Прыйдзе Маслак – ён "арганізуе" табе таварыство! – крыкнуў нехта.

– На тым свеце закаешся!

Думка пра Маслака, мабыць, увесь час на сходзе жыла між людзей, бо пры напамінку пра бандыта ўсе заварушыліся, загаманілі толькі аб ім.

Міканор паспрабаваў перасіліць гамонку.

– Усё ето з таварыствам страшно толькі таму, што яшчэ не спробувалі. А як паспробуем, пажывём, дак, кеб хто хацеў, патом ад таварыства не адарваў бы! – Ён апярэдзіў шум пярэчання: – А што да Маслака, то тут, не сакрэт, нечая выдумка!

– Сумно некаму без Маслака! – звонкім голасам падтрымаў Міканора Хоня.

– Ажывіць захацелася! – дадаў Алёша Губаты.

– Брахня! – заявіў і Дубадзел.

– От як заявіцца сюды – пакажа брахню!

– Чыкацца не будзе!

Чарнушка папрасіў:

– Няхай прадстаўнік з воласці растлумачыць пра Маслака!

Зубрыч устаў, усміхнуўся:

– Я проста здзіўлены тым, якую ўвагу вы аддаяце нейкаму пігмею! Нейкаму адшчапенцу, які туляецца ў балоце!

– Няма нікога тут! – заявіў зноў Дубадзел. – Плёткі ўсё ето, што Маслак жывы!

– Я таксама лічу, што плёткі. Ды калі б і праўда была, калі б сапраўды ён дзейнічаў тут, ніякіх падстаў для панікі, для страху ўсё роўна няма. Ён – адзін, іх – нікчэмныя адзінкі, а вас – легіён. За вас уся краіна, армія, народ. Ёсць каму за вас заступіцца!..

– Заступіцца-то заступяцца…

– Ды пакуль тая заступка прыйдзе!..

– І раней заступнікі булі!

– От бо перапужаліся ўсе! – пакпіў Хоня.

– Аднаго духу Маслаковаго!

– Значыць, у воласці, та-скаць, нічого неізвесно пра ету асобу, пра Маслака, і яго атрад? – хацеў дабіцца яснасці Руды.

– Я, шчыра кажучы, не цікавіўся гэтымі весткамі… Але думаю, што калі б яны былі, то мяне папярэдзілі б. Аднак, вярнуўшыся, я праверу іх і, калі будзе патрэба, абяцаю прыняць адпаведныя меры…

– Пакуль вы етыя меры прымеце, дак ён спраўдзіць сваю гразьбу!

– Сказаў, накорміць зямлёй – і накорміць!

– Няўжо вы, – лагодна здзівіўся Зубрыч, – настолькі напалохаліся здані нейкага Маслака, што ад землеўпарадкавання, ад таго, каб навесці парадак у карыстанні зямлёй, гатовы адмовіцца!

– Калі з-за етай лапіны зямлі губіць сябе, то хай яе чорт бярэ!..

– Дружыну сарганізаваць трэба! – крыкнуў хтосьці з хлопцаў. – Не паткнуўся б!

– А паткнуўся б, дак далі б па зубах!

Зубрыч пахваліў хлопцаў, потым мякка, з дакорлівай усмешкай загаварыў пра тое, што абы-як адносіцца да землеўпарадкавання, як некаторыя тут, на сходзе, – гэта паказваць поўную сваю несвядомасць, непавагу да дзяржаўных інтарэсаў. Дзяржава даўно хоча навесці парадак у землекарыстанні, знішчыць анархію і самавольства, і абавязак кожнага сумленнага грамадзяніна – усямерна памагаць ажыццяўленню гэтай вялікай мэты.

Глушака аж злосць узяла: так стараўся за дзяржаву валасны ўпаўнаважаны.

"Усё толькі і знае, што дзяржава ды дзяржаўныя інтарэсы!.. Як знаў, угадаў: бацьку роднаго для дзяржавы сваёй не пашкадуе!.."

Гаварыў упаўнаважаны лёгка, прыгожа: відаць было, разумны, вучаны чалавек. Слухалі яго ўважліва, даверліва, але чым больш слухалі, тым больш станавіліся маўклівыя, асцярожныя да гэтай не так мужыцкай, як дзяржаўнай справы – землеўпарадкавання. І як ні хваліў упаўнаважаны яе і дзяржаву, асцярожлівасць не толькі не прападала, а мацнела. Вядома, тут былі нямала вінаваты чуткі пра Маслака, але і прыезджы, заўважыў Глушак, таксама даў хібу: перастараўся, заступаючыся за дзяржаўныя інтарэсы. Як ні высільваўся, не так паправіў становішча, як астудзіў, затуманіў людзей.

"Старацельны ты вельмі, – падумаў Глушак. – Распінаешся за сваю савецкую ўласць, а таго не знаеш, як да мужыка падступіцца, чым спакусіць…"

– Усё-такі, мабуць, з етым перадзелам пачакаць лепей, – прамовіў разважліва Чарнушка, і ў Глушака зноў ажыла надзея.

– Не чакаць, а канчаць трэба! – крыкнуў Хоня.

Яму не давялося сказаць больш ні слова, бо раптам ускочыў нецярплівы, ашалелы Васіль.

– Чакаць, чакаць! Усё – чакаць! – Крыўда, роспач і лютасць кіпелі ў яго ляманце. – Дакуль жа ўсё ето будзе! Чакаць ды чакаць!.. Усе ўсюды даўно ўжэ парабілі ето! А мы ўсё – чакаць! Дак дакуль жа мы будзем мучыцца?!

– Каму-каму, а табе можно було б і памаўчаць, – заявіў Ларывон. – Забуў, як вадзіў?

– Забуў не забуў, а толькі… Дакуль жа ето ўсё будзе? Добра каторым – зямля як зямля! А ў мяне – пясок адзін! Зелле і тое расці не хоча! Нічого!

– А ў мяне – дак лепей? – падтрымаў яго адзін голас.

– А ў мяне?

– Праўду кажа!

– Ну от! – як бы ўзрадаваўся Васіль. Ён увесь аж гарэў, гатоў быў, здавалася, люта кінуцца на кожнага, хто стане насуперак. Падтрымка людзей паддала яму смеласці, і ўжо не роспач, не крыўда, а абурэнне пачуліся ў яго голасе: – Дакуль жа ето мы будзем гнуцца на адным пяску! А другія будуць сабе, як паны, раскошувацца! Ето хіба так трэба? Ето – па савецкіх законах?

У хаце заківалі галовамі, загаманілі згодна. Многія слухалі са здзіўленнем: першы раз бачылі Васіля такім, чулі такога на людзях. Глушака поўніла злосць: адчуваў – надзея зноў гіне…

– Няхай хто што там думае, а толькі, па-мойму, трэба, кеб пароўну ўсім було! Кеб і ў нас була зямля як зямля, а не пясок! – Людзі зноў зашумелі, і ён збіўся. Хацеў быў сесці, але выпрастаўся, ціха, рашуча аб'явіў: – Як хто, а я ад зямлі не адмаўляюся!

Глушак бачыў, як гарэлі вочы ў хлопца і пасля таго, як ён змоўк, сеў. Старога аж душыла ад гневу, ад бяссілля: мала каго за сваё жыццё ён ненавідзеў так, як гэтае хлапчанё, шчанё гэтае прагавітае! "От гадзяня, няма на цябе кала!" – думаў пра Дзятліка.

Ніякай надзеі на ўдачу цяпер не было, і лютасць, нянавісць яго мяшаліся з болем…

Пасля таго як Міканор дачытаў, колькі ў каго знойдзена лішняй зямлі, спрэчак аб тым, калі пачынаць перадзел, ужо не вялі. Амаль усе адразу згадзіліся: заўтра.

Упаўнаважаны з воласці аб'явіў, што слова мае каморнік.

Раздзел трэці
1

Васілю гэтыя дні далі таксама багата трывогі. Было яе многа да сходу, жыла яна, білася ў ім на сходзе, з ёю ж падаўся ён і дадому, несучы ў сабе цэлую буру сумненняў, неспакою, недавер'я.

Трывога, спачатку няпэўная, няясная, перамешаная з радасцю, з добрымі марамі, з'явілася ў ім, калі ён пабачыў, што камісія пайшла па хатах. Цешачыся тым, што жаданы перадзел усё ж збудзецца, гадаючы, колькі пяройдзе яму зямлі, ён разам з тым непакоіўся, каб як-небудзь не абышлі яго, не схітравалі і не абдзялілі. І на людзей, абраных у камісію, ён глядзеў з надзеяй і асцярогай, як бы гадаў, што яны прысудзяць яму. Сярод гэтых людзей найбольш турботных думак даваў яму Ганнін бацька, які, здавалася Васілю, цяпер не можа быць, каб не стаў заступацца за Карчоў, сваякоў сваіх, падрываць Васілёвы шанцы на ўдачу…

Камісія не абмінула Васілёвай хаты, перамерала і яго поле. Васіль сам гаварыў, калі яны запісвалі, колькі ў яго зямлі і якая сям'я, хадзіў побач, калі перамервалі паласу. У тыя дні, як ніколі, была ў яго ахвота пасябраваць з Міканорам, і не праходзіла дня, каб Васіль раз, а то і два не зазірнуў да свайго суседа. Але Міканор дома сядзеў цяпер рэдка, не раз даводзілася гаманіць адно са старым Дамецікам, ад якога не было ніякай карысці. Праўда, і ад сустрэч з Міканорам добрага было не многа больш: Міканор неяк заважнеў, нешта таіў у сабе, не выказваў вельмі зычлівасці. Толькі і дазнаўся Васіль, што ў каго-нікаго знайшлі лішкі, што яму павінны прырэзаць з паўдзесяціны, але якія будуць гэтыя паўдзесяціны – зямля ці пустэча, – так і не ўведаў. У Міканора на ўсе выпыты быў адзін адказ: сход збярэцца, камісія памяркуе, і Васілю было відаць, што на якую-небудзь асаблівую прыхільнасць спадзявацца не трэба. Гадаючы, якім бокам павернецца да яго доля, прызвычаены чакаць горшага, ён у думках не раз, не два нядобрым словам памінаў Міканора.

Са злой радасцю цешыўся Васіль гаворкам, што асабліва багата павінны абрэзаць зямлі ў Глушакоў. Некаторыя гаварылі, што павінны пакараціць глушакоўскія палі не менш як напалавіну, другія – што нават больш. Былі і такія гаворкі, што калі ўжо абразаць, то лепш было б, каб абрэзалі не абы-якую зямлю, а тую, каля цагельні. Праўда, потым за гэтымі гаворкамі папаўзлі чуткі, што зноў аб'явіўся Маслак, гразіўся карміць зямлёй усіх тых, хто яе вельмі прагне, і гаворкі пра перадзел прыціхлі.

Канешне, і малому кожнаму было вядома, што калі людзі цяпер і менш гаварылі пра перадзел, то думалі, мусіць, яшчэ больш. Думаў і Васіль. Чуткі пра Маслака, якія нагадвалі яму не такую далёкую страшную ноч, гразіліся хлопцу, напэўна, вастрэй, як каму другому. Яму і цяпер, здавалася, чуўся на спіне дотык бандыцкага абрэза, і цяпер, пры адным напамінку, халадзела сэрца ад страху. І ўсё ж надзея на зямлю, што стала была такой блізкаю, не хацела гінуць, тачыла і тачыла яго. Страх і надзея мяшаліся ў душы, змагаліся адно з адным, то прымушалі маўчаць, таіцца, то поўнілі хлопца адчайнай смеласцю, адвагай, гатовай на ўсё.

Гэтыя пакорлівасць і бунтарства, страх і адвага біліся ў ім асабліва горача тады, калі ён сядзеў на сходзе, сачыў, як то набліжаецца, то адступае яго шчасце. Ён праз увесь сход і не думаў гаварыць. Спадзяваўся, што і без яго абыдзецца, але раптам дрыгва, здалося, разарвалася і пад ім. Ён пачуў, што гіне. Надзеі ні на каго не было. Трэба было ратавацца, ваяваць за сваё жыццё самому. І ён ускочыў, рынуўся ў бой. Закрычаў, не помнячы, не баючыся нічога…

Цяпер ён ішоў па цёмнай вуліцы, мясіў куранёўскую гразь і патроху астываў пад сырым, халаднаватым ветрам з балота. Непадалёк брылі людзі, была чутна гамонка, але ён не далучаўся ні да каго і нічога не чуў, жыў сваім хваляваннем, сваімі клопатамі. Было трывожна ад таго, што от не ўтрываў, выскачыў супроць Маслака, і невядома, што цяпер будзе. Але ні страх, ні каянне не бралі, цвярдзелі ў душы ўпартая непахіснасць і рашучасць. "Ну і няхай, няхай грозяцца! Што ж мне – ад зямлі самому адракацца! Так можно і без нічога астацца, калі баяцца ўсяго!.. Няхай шчэ самі падумаюць, як бы іх хто-ніхто зямлёй не накарміў!.." У гэтую хвіліну не толькі Міканор і другія куранёўцы, але і Харчаў з Шабетам прыгадваліся без крыўды, не як няпрыяцелі, а як супольнікі. "І вельмі можа буць, што "накормяць" маслачкоў. Харчаў, мабуць, толькі і чакае, цікуе дзе-небудзь. Няхай толькі паткнуцца!.."

Побач апынуўся Ігнат, Хадосьчын бацька, пайшоў нараўне.

– Багато шчэ малаціць?

– Да ўжэ хутко. Мо з капу якую…

– І мне небагато. Лёгко ў етым годзе…

– Аге. Не важко…

Далей тупалі моўчкі, але Васіль чуў, што чалавек не так сабе падышоў, трымаецца побач не так сабе – шануе, паважае. Напэўна, за смеласць сённяшнюю, за тое, што не пабаяўся, выказаў праўду перад усімі!

Калі Ігнат збочыў на свой двор, у Васіля засталася аб гэтым згодным сяброўскім маўчанні добрая, лагодная радасць.

Дома дымела, трашчала лучына і каля прыпека варушыўся ў камізэльцы дзед Дзяніс. Васіль бачыў яго на сходзе і не ведаў, як стары ўправіўся вярнуцца раней: мабыць, не дабыў да канца.

– От і гірой наш! – задаволена сказаў дзед. Ён весела загадаў маці: – Дай бо чаго пад'есці!

Паставіўшы міску з расолам і чыгун з картопляй, маці прысела на лаўку і доўга глядзела на Васіля вачыма, поўнымі трывожнасці і шкадавання.

– Ну, чаго вы! – не вытрываў, няласкава буркнуў Васіль. – Усё адно як не бачылі век!

– Боязно мне, сыночак. Нашто табе було выстаўляцца?..

– А што було, тым часам, рабіць, калі ўсе маўчалі, як вады ў рот набраўшы? – адобрыў Васіля дзед.

– Усё адно. Кеб, барані Бог, паганаго чаго не выйшло.

– Ну, от бо! – Васіль, узлаваны, гатоў быў кінуць лыжку. – Вечно вы!

– А ты не кіпі! – строга зірнуў на яго дзед. – На тое яна матка, штоб за дзіця баяцца!.. І ты, – ён папракнуў ужо маці, – лезеш са сваім стогнам не ў пару, пад'есці не дасі!

Ужо калі леглі, дзед Дзяніс прамовіў упоцемку з печы:

– Етаго старога Карча аж трасучка ўзяла, як ты гаварыў. Разарваў бы, кеб прымеў! Не пападайся яму цяпер ці Яўхіму! Але ты, тым часам, не бойся! Не вельмі-то і папускацца трэба! І нікому папускацца не трэба! Ніхто за цябе не заступіцца, як сам не заступішся. Дак няхай, тым часам, знаюць, што і ў цябе зубы е!

Памаўчаў трохі, пакруціўся на печы, уладжваючыся: мабыць, пёк чарэн. Як бы чытаў Васілёвы думкі, калі параіў:

– І заўтра, тым часам, не драмлі. Як будуць дзяліць, скажы – абы-якой зямлі не трэба! Штоб людскую ўдзялілі, патрэбуй! Не папускайся, адным словам! Не папускайся!

2

Васіль прачнуўся рана, да першых пеўняў. У хаце ўсе яшчэ спалі, адно Валодзька на печы штосьці гаманіў у сне. Гэтая гаворка, мусіць, і разбудзіла Васіля. Ён ужо гатоў быў зноў задрамаць, але ў санлівую бесклапотнасць яго раптам пранізалася згадка-турбота: сёння! Сёння павінна пачацца!..

Толькі дайшоў сэнс згадкі, як спакою нібы і не было. Успомніліся спрэчкі на сходзе, страх, што адкладуць перадзел, успомніліся, закружыліся, запяклі зноў гарачыя свае словы, якія вырваліся былі на сходзе. Зноў нібы гаварыў, крычаў, нападаў на тых, хто асцярогай, баязлівасцю ледзь не сарваў перадзелу, заступаўся за сябе, за свае паўдзесяціны. "Добра вам казаць, калі е з чаго пракарміцца: удосталь зямлі, і такой, што як кінеш, дак вырасце нешто! А як мне, на адным пяску, на пустэчы етай? Як?!" З гэтымі думкамі-крыўдамі перапляталіся зноў напамінкі пра Маслаковы пагрозы, але і цяпер страху не паддаваўся: "Самі няхай не вельмі вылазяць, калі хочуць цэлыя буць, вужакі балотныя!"

Што б ні ўспамінаў, разам з усім, ні на момант не прападаючы, жыла ў ім, цешыла і вярэдзіла душу турбота пра зямлю. Да ўчарашняга дня ён толькі марыў пра яе, а цяпер яна была ўжо ледзь не ў яго руках. І не жменька, не дробязь якая – больш за паўдзесяціны! Калі б пашанцавала пры дзяльбе ды людскі кавалак прырэзалі, урадлівы, то гэта было б усё роўна што ўраз пабагацець!

Не першы раз прасіў, маліў у думках: той бы, што каля цагельні, якую ў Карча абрэжуць!

Марыў, а сам паліў сябе, прадракаў упэўнена, як ведаў загадзя: "Аге, чакай, так табе і дадуць яе! Пабачыш, як свае вушы! Многа там дурных такіх у камісіі ці з тых, што каля яе аціраюцца, кеб такі ласы кавалак аддаць некаму другому!" Ён амаль на свае вочы бачыў, як гэты – такі жаданы, даўно-даўно аблюбаваны – кавалак пераходзіць у нечыя іншыя, спрытныя, хітрыя рукі. "На ласы кавалак лаўцоў тут аж занадто. І не агледзішся, як выхапяць з-пад носа! З кішэні і то, кеб ухаваць можно було, выцягнуць лаўцам етым – як плюнуць!"

Трывожачыся, поўны лютасці да лаўцоў, праз якіх ніколі не абярэшся ад крыўды, Васіль як бы чуў дзедава павучанне, якое яшчэ больш гарачыла, падбівала на смеласць: "Не папускайся! Няхай знаюць, што і ў цябе зубы е!"

Добра сказаць: не папускайся! Васіль гатоў быў узлавацца на дзеда Дзяніса: няхай сам паспрабаваў бы не папусціцца, з такімі людзьмі жывучы!

І ўсё ж Васіль не хацеў і не мог папусціцца: вельмі ж вабіў яго гэты ласунак, што каля цагельні! Вельмі ж шкода было б выпусціць дабро такое, даць, каб спажыў яго нехта чужы!

Яно ж так блізка, дабро гэта. Амаль у руках. Толькі б не прамаргаць, не даць выхапіць яго другім. Самому хапіць раней! Не чакаючы, пакуль хто з камісіі прыбярэ! Ён раптам пахаладзеў: а можа, пакуль ён думае попусту, той кавалак хто-небудзь ужо і прыбраў! Не аднаму ж яму пастанавілі даць зямлю! "Устаў от поначы і – захапіў! І чакае толькі, калі падыдуць другія, – кеб паказаць!"

"А чаго ж – прыедзе з плугам, заарэ – і гаспадар ужэ! І ніхто нічога не зробіць яму!"

Васіля так устрывожыла гэта думка, што ён не мог ужо ляжаць. Ускочыў і стаў хутка адзявацца. Не падумаў нават, што можа разбудзіць матку ці дзеда – не да таго было. Але ніхто і не прачнуўся. Ім і клопату мала, што ў гэты момант нехта, можа быць, з-пад рук выхапіў іх багацце!

На двары, чорным і ціхім, толькі шапацеў па саламянай страсе, булькаў па нявідных лужынах дождж. Ціха было і ва ўсім сяле, ніводзін агеньчык не жаўціў цемры. Але Васіля не супакоіла гэта цішыня: хітрыя лаўцы робяць свае справы цішком. Не такі ён дурань, каб паверыць, што калі ў сяле нібы ціха, то ўсе і спяць.

Асклізваючыся на мокрай дарожцы, Васіль выбраўся агародамі к прыгуменню, не вагаючыся, рушыў у шапаткую дажджавую чарнату. Ён то ішоў, то трусіў уподбег, думкі, як авадні, апаноўвалі, пераконвалі: запазніўся, правароніў, занялі ўжо. Захапіў нехта. Захапіў – і нічога яму ніхто не зробіць. Будзе панаваць сабе на такім дабры…

У Васіля шчымела зайздрасць да гэтага невядомага, які так абхітраваў яго. Не проста зайздрасць, а зайздрасць з непрыхільнасцю, якая ўсё мацнела, станавілася ўсё больш злая. І як жа інакш: амаль што з-пад рук выхапіў хапун гэты! Каму ж, як не Васілю, павінен належаць гэты кавалак, даўно-даўно нагледжаны, аблюбаваны, абмілаваны? Яшчэ ніхто і думаць не думаў нічога, як Васіль выбраў яго. І вось – выхапілі, лічы, проста з рук, і ніхто не ўстановіць справядлівасць, ніхто не згоніць хапуна, заразы гэтай: па закону, скажуць, забраў – на сходзе ж, маўляў, усе чулі, што прырэзаць належыць! От бо людзі! Чаго толькі ні нацярпішся, пажыўшы з такімі!

Хоць было цёмна, яшчэ зводдалек улавіў: на Глушаковым полі пуста, спакойна. Нікога быццам няма. Ён, аднак, не паверыў: прыцішыўшы хаду, асцярожліва, пільна прыгледзеўся, павёў позіркам па суседніх загонах, прайшоў па мокрай пожні да краю паласы, вярнуўся. На душы палягчэла: нікога не было!

Ён нейкі час стаяў тут, поўнячыся радасцю, – зямля не была захоплена, вольная была. Ён мог забраць яе, стаць яе гаспадаром, уладаром яе. Тут, адзін сярод поля, сярод цемры, адзін са сваімі марамі, не абмежаваны нічым і нікім, ён у шчаслівы міг пабачыў, што не толькі можа, а што ўжо стаў гаспадаром і ўладаром жаданай гэтай зямлі, усяго, што яна таіла пад мокрай пожняю, пад цемрай.

Усё ж Васіль быў чалавекам, які звычайна добра чуў навакольную рэальнасць, ён вельмі хутка вярнуўся да яе і ў гэты шчаслівы міг. Стала няўтульна, цёмна і клопатна, і радасць умомант выпарылася з яго душы, як і не было. І ўжо як і не было і зямлі гэтай дзівоснай, і ўсяго дабра, што яна абяцала. Ён пацягнуўся назад з такім настроем, нібы яму паабяцалі, нават далі скарбы, але толькі для таго, каб пасмяяцца, – раптам ухапілі назад, ашукалі, абрабавалі. Але ён не хацеў быць абрабаваным, не хацеў і не мог: нават драбніцы не любіў выпускаць Васіль, калі яна трапіла ў рукі.

І цяпер думкі яго ўпарта не адступаліся ад зямлі, якой ён, няхай у марах, міг валодаў. Чаму ж ёй быць чыёй-небудзь, а не яго, калі ніхто столькі не прагнуў яе, калі нікому ў свеце яна так не патрэбна? Ды і па закону хіба не належыць яму? Хіба ж не аб'явілі на сходзе перад усімі, што больш за паўдзесяціны павінны прырэзаць?

Чаму ж яна мусіць дастацца некаму другому, а не яму?

Але і так можна падумаць: чаму абавязкова сядзець склаўшы рукі ды чакаць, што вымудруюць тыя, каторыя ў камісіі, якім самім не церпіцца лепшы кавалак адхапіць? І чаму гэта нехта павінен выбіраць яму, нібы ён сам сляпы, дурны, выбраць не можа?

На момант прыгадалася, як ляжаў на саломе ў юравіцкай каморачцы, дробнае акенца ўгары, грозны Шабета, непадступны Харчаў, узяла боязнасць: каб зноў не прычапіліся? Але зямля каля цагельні так вабіла, так вярэдзіла душу неспакоем – як бы не выкаўзнула з рук, – што страх адступаў, глух: не прычэпяцца. Васіль нагадваў сабе: "Помніш, што казаў Апейка, выпускаючы з-пад варты: "Хочаце, штоб за вас усё рабілі, а самі і за сябе пастаяць не хочаце!" І хоць Апейка гаварыў гэта пра іншае, аб чым Васіль добра ведаў, згадка пра Апейкавы словы зусім супакойвала…

"Дзед праўду сказаў: не трэба папускацца! Будзеш папускацца – век будзеш у дурнях! Век зубамі з голаду ляскаць будзеш ды голым целам свяціць!.."

У цемры, на мокрай шэрасці неба, абазначыліся чорныя хібы стрэх – прыслухоўваючыся, прыглядаючыся, Васіль пайшоў між гумнаў. У сяле, як і раней, не блішчала ні аднаго агеньчыка, не чутно было ні аднаго голасу, а хлопцу ўсё ж стала трывожна. З'явілася адчуванне небяспекі.

Але ён не паддаўся страху, не спыніўся. У яго душы была цвёрдасць, рашучасць: ён зойме, заарэ зямлю каля цагельні, акурат столькі, колькі вызначылі. Заарэ, пакуль не агледзеўся ніхто з камісіі. А як заарэ – няхай паспрабуюць скруціць! Хочаш не хочаш, а дадуць! Быць не можа, каб не далі!..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю