355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 13)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 28 страниц)

Раздзел трэці
1

Глядзелі, як асядае, чарнее, вадзяніцца снег, як цурчаць, пераліваюцца сонечнымі зайчыкамі ручаіны, як паруе, сохне пахучая красавіцкая зямля. Хадзілі да знямогі за плугам, чуючы пад босымі нагамі сыраватую мяккасць растрывожанай зямлі. Аралі, баранавалі, сеялі…

Як і ўсе, з ранку да вечара быў у полі Міканор. Араў, сеяў, як усе, але думка пра грэблю не давала спакою яму нават у гэтыя дні. Чакаў Міканор, калі падступіць тая часінка, у якую можна будзе адарваць куранёўцаў ад поля, прывесці на грэблю, часінка зацішку пасля таго, як пасеюць, і да таго, як пачнецца сенакос.

Чакаў нецярпліва. Не раз, не два хадзіў на ўзболатак, ад якога павінна была пачынацца грэбля, стаяў, узіраўся ў халоднае шырокае разводдзе, з якога адно вылазілі чорныя дзеркачы кустоў, чэзлых бярозак і алешынак. Вада, што разлівалася аж да самай выспы, на якой віднеліся з-за хмызняку некалькі крайніх алешніцкіх хат, хавала не толькі балота, але і амаль усю дарогу разам з мастком. Першымі днямі здавалася, што разводдзе не спадае зусім і, можа быць, утрымаецца не толькі ўвесну, але, як бывала іншы год, дастаіць да сярэдзіны лета. Многа дзён сышло, пакуль не ўбачыў, як пачалі выглядваць на пацяплелай, поўнай сонца, люстранасці першыя купіны, вясёлыя, сакавіта-зялёныя грыўкі травіцы на іх.

Дзень за днём на сонечнай вадзе купін вылазіла больш. То тут, то там выбіраліся грэцца на паверхню ўжо цэлыя астраўкі. І ўсюды, на кожнай купінцы, на кожным астраўку, проста на вадзе – зялёная радасць. Зелянела асака, зелянела лаза, усё гусцей зелянелі алешнікі.

Сыходзіла вада і з дарогі, але адступала неахвотна – пакідала ўсюды равы і ямы з лужынамі, чорную ліпучую гразь, што ніяк не хацела падсыхаць. Нельга было і думаць, каб пераехаць ці нават перабрацца пешкі. Са смуткам і нецярплівасцю пазіраў Міканор на такую нібы недалёкую, але недасяжную выспу, на якой былі Алешнікі. Ужо трэці месяц ні адтуль не прыходзіў ніхто, ні туды ніхто не дабіраўся. Трэці месяц не чутно было нічога з сельсавета, з воласці, не было газет…

Пасля паўдня цёплым майскім днём Міканор наважыўся дабрацца да жаданай выспы. Выпраўляючыся з хаты, узяў даўно ўжо не ношаныя салдацкія чаравікі з абмоткамі: нядобра ж было паказвацца ў чужым сяле, як дома, у лапцях. Чаравікаў, аднак, не надзеў, – звязаўшы шнуркі, перакінуў цераз плячо, праз свае Курані, па даволі падсохлай дарозе пайшоў басанож.

Ішоў весела і лёгка, толькі перад балотам спыніўся, выбраў з кучы галля, складзенага зімой, добры, моцны дручок, зламаў верх і абламаў сучкі. Удваіх з гэтым спадарожнікам, які павінен быў памагаць мацаць глыбіню гразі і лужын, а дзе трэба, і стаць апірышчам, Міканор смела рушыў на балота.

Гразь, дзе было яе неглыбока, ужо ўгрэлася, але калі ногі ўязджалі па калені ці глыбей, костачкі нылі ад холаду. Міканор як бы і не заўважаў гэтага холаду – душа была поўная клопату: дарога ўвесь час запыняла, ашуквала. Што ні крок, то загадка – сачы, мерай, выбірай, не хіб. У некалькіх месцах дарога была ўпоравень з дрыгвою, твань і рудая вада падступалі так высока пад грудзі, што ўсярэдзіне халадзела.

Вымак і ўтаміўся, пакуль дабраўся да мастка. Калі стаў на мастку аддыхацца, здзіўлена азірнуўся – столькі фарбаў было ў гэтым бліскучым дні: у бляску азёрцаў на балоце, у зеляніне травы і асакі, у россыпе красак. Колькі ж іх, красак, жаўцела ўсюды, аж вочы сляпіла, як ад сонца.

Бярвенні на мастку былі цёплыя, гразь на іх падсохла, і зямля сыпалася ў шчыліны. Ужо напалову струхлелыя дрэвы ляжалі нетрывала, ездзілі пад нагамі. Адно бервяно было праламана, і край яго вісеў над вадою. Міканор бачыў: вада не цурчала, стаяла – цячы не было куды. Разводдзе даўно ўсталявалася роўна…

Ён агледзеў сваю вопратку: штаны і нават ніз гімнасцёркі былі аблеплены тванню. «Мыць трэба будзе і сушыцца», – заклапочана падумаў ён і зноў палез у балота.

Перабраўшыся на другі бок, Міканор падступіўся к лужыне, змыў гразь, выціснуў ваду, сеў абсушыцца. Але сядзеў нядоўга, карцела хутчэй пайсці ў сяло. Не абсохшы як след, стаў абуваць чаравікі, накручваць абмоткі. «Пакуль дайду, якраз высахну!..»

2

Спачатку зайшоў у хату, дзе жыў Гайліс, сакратар ячэйкі. Не застаў – на двары адно грэлася слепаватая старая, якая злосна буркнула: «У полі». Міканор і без слоў ведаў, чаму яна злуе: нядзеля, божы дзень, грэх рабіць. Міканор пайшоў к сельсавету.

Сельсавет размяшчаўся ў былым папоўскім доме, што стаяў сярод ладнага садку. Побач з сельсаветам была крама, а за садам, акружаная бярозкамі і клёнамі, – алешніцкая цэркаўка. Прысады да цэркаўкі ішлі паўз самы цяперашні сельсавецкі дом, які стаяў як бы на дарозе веруючых, што густа цяклі ў царкву святочнымі днямі.

Па другі бок вуліцы, таксама сярод саду, стаяў яшчэ будынак, накрыты гонтай, з пабеленымі аканіцамі – школа. Калі дадаць, што ў сельсавецкім доме, акрамя самога сельсавета, які займаў два пакоі, у бакоўцы мясцілася такая важная ўстанова, як пошта, то можна сказаць, што тут быў самы цэнтр і сяла і ўсіх сёл, якія падпарадкоўваліся сельсавету.

Дружны лад новых устаноў, што сабраліся тут на невялікім пляцы зямлі, вядома, псавала старая цэркаўка, але з яе суседствам даводзілася мірыцца як з нежаданай, але неадхільнай спадчынай…

У гэтым цэнтры неўзабаве і ішоў Міканор. Крама, на якой яшчэ чырванеў першамайскі лозунг, была адчынена. Каля крамы, як звычайна ў нядзелю, тоўпілася нямала святочнага народу.

Людзі стаялі, гаманілі і каля сельсавета. Пазнаўшы куранёўца, спынілі, сталі распытваць, якая дарога ў Курані, што ў іх чуваць, як жывуць сваякі, знаёмыя. У будынку сакратар сельсавета і стары паштар ігралі ў шашкі. Абодва так былі гэтым захоплены, што, адказаўшы на прывітанне, і не зірнулі на Міканора.

Толькі дагуляўшы партыю і пасадзіўшы сакратара ў «адхожае месца», без меры шчаслівы, урачысты стары дастаў Міканоравы газеты – цэлы стус «Беларускай вёскі». Многія лісты газеты аж пажоўклі ад даўнасці. Стары намерыўся быў пайсці да сакратара, што зноў расставіў шашкі, але ўспомніў, пакорпаўся ў століку, падаў Міканору пісьмо.

– Два месяцы з гакам чакала-с, – сказаў ён, з асалодай кіруючы да шашак.

Міканор паклаў газеты на канапу, разгарнуў трохкутнік. «Пісьмо ад былога твайго суседа па ложку і аддзялённага, а цяпер курсанта Івана Мароза», – не прачытаў, а пачуў, здаецца, ён вясёлы голас свайго таварыша. І нібы зноў вярнуўся ў казарму, дзе побач галава к галаве спалі на нарах іх аддзяленні, дзе столькі разоў разам ускоквалі, завіхаліся на знак начной «трывогі». Зноў нібы пачуў павеў вольнага ветру на мазырскіх кручах, рып дошак на мосце пад нястройным крокам аддзялення, цурчанне пяску, што асыпаўся ў мелкія акопчыкі між лазняку ля Прыпяці…

«У першых радках майго пісьма, – гаварыў Іван, – спяшаюся паведаміць табе, што я, не сакрэт, канчаю курсы і скора паеду на новую сваю работу, а куды – гэта ўжо сакрэт…» Міканор нібы пабачыў гарэзную Іванаву ўсмешачку – і тут, прычэпа, не ўтрываў, каб не пакпіць з любімага Міканоравага слоўца! І не забыў пра гэта слоўца, помніць!

З радасцю сустрэчы з таварышам няпрошаная, кволая заныла зайздрасць: цікавая праца будзе ў Івана. Некалькімі радкамі ніжэй таварыш, як бы незнарок, намякнуў, што будзе служыць на граніцы. І ён, Міканор, мог бы з ім быць, і яму ж казалі ісці на тыя курсы. Ды ён не згадзіўся – снілася, звала дамоўка…

Яшчэ раз сум і зайздрасць варухнуліся, калі ў канцы кароценькага пісьма прачытаў: «Ледзь не забыў! Прывітанне табе ад Кісяля! Нядаўна прыслаў вестку – таксама дома заварочвае. Камуну арганізаваў!.. От табе і Кісель!»

«Камуну… А тут – і з грэбляй ніяк не дасі рады!» – папракнула Міканора думка.

Вуліца пачала стракацець белымі, чырвонымі, блакітнымі кофтамі і хусткамі, хлапечымі сарочкамі і світкамі. Людзі ўсё выходзілі і выходзілі з-за хаты. Нізалася мірная гамонка старых, гаспадароў, вясёлы гаварок моладзі. Ва ўсім чуўся спакой святочнага дня і радасць волі: мабыць, кончылася царкоўная служба.

Міканор успомніў бацькаў наказ – паглядзець, ці не прадаюць кос, – і ўжо намерыўся падацца ў краму, калі к дому ціха падкаціла тачанка з Апейкам. Апейка кіраваў сам, вітаўся з людзьмі, што здароўкаліся з ім і кланяліся. Каля плота, калі ён стаў прывязваць каня, некалькі чалавек акружылі яго, пачалі аб нечым раіцца, распытваць. Міканор пастаяў поблізу, але Апейку было не да яго, і ён сеў на парозе пачакаць, калі старшыню адпусцяць.

– А! Якраз дарэчы! – узрадаваўся Апейка, убачыўшы Міканора. – Успамінаў ужо, думаў, як бы дабрацца! Толькі як дабярэшся? Аэрапланам хіба, дык не далі! – Ён загаварыў клопатна: – Болей за паўволасці адарвана. Кіраванне, называецца!.. Ну, што ў вас? Сяўбу скончылі?

– Пасеялі.

– Настрой які ў людзей? Чутак ніякіх не ходзіць, страшных? Пра вайну, пра чарцей балотных?

– Ды не, ціхо. Іншы раз хіба Маслака прыпомняць, матка якая сына пастрашыць. А так – ціхо.

– Спакойна. Гэта добра. Пара і вашым к спакою прывыкнуць. За грэблю калі возьмешся?

– Дак от думаю цяпер.

– Самы час. Бярыся, не валаводзься попусту. Упусціш момант – не сабярэш нікога.

– Дак от, кеб Алешнікі не запазніліся. Кеб у адзін дзень. Зразу з абодвух бакоў.

– Абяцалі, што не падвядуць. Ну, але калі такі неспакой у цябе, сам пасачу, каб не спазніліся… Жалезнякі і сякеры атрымаў?

– Дак дзе там! Першы раз чую, што яны е. Нікога ж шчэ не бачыў… – Было відаць, што Міканора вельмі ўзрадавала гэта навіна.

– Рабочыя з Рэчыцы прыслалі… Трэба будзе падмога якая ад мяне – прыязджай у любы час! Чым магу – памагу!

– Хіба, калі папужаць каго трэба будзе, налегці.

– А ты не сілаю, а свядомасцю старайся браць. Актывістаў арганізуй, каб памаглі. Падбяры групу талковых, сумленных, пагавары шчыра. Паднімі іх над балотнай тванню, выведзі з царства затхласці, пакажы – што навокал робіцца, што наперадзе будзе! Ты ж бачыў многа сам, ведаеш нямала! Зацікаў жа другіх, запалі іх!

– Спробуваў.

– І што? Не паддаюцца? – вочы Апейкі кальнулі.

– Туго. Нецікаўны нейкі народ у нас. Цёмны, ведамо…

– Усе цёмныя, пакуль не стануць светлымі. Працаваць нам трэба з імі, па-ленінску – цярпліва, з верай у іх, з любоўю! З ленінскай любоўю! Не адчайвацца зразу, працы тут не на дзень і не на год!

Падбег зачырванелы Дубадзел. Апейка загаварыў да яго:

– От тут Міканор збіраецца брацца за грэблю і непакоіцца, каб не падвялі Алешнікі.

– Выйдуць усе. Як адзін, – пакляўся Дубадзел, зірнуўшы на Міканора так, нібы той абразіў яго.

Неўзабаве Апейка з Дубадзелам падаліся ў сельсавет, а Міканор, развітаўшыся з абодвума, пайшоў у краму. Яшчэ перад крамай яго зноў спынілі, падступілі з роспытамі пра дарогу, пра куранёўскія навіны. У краму ледзь уціснуўся. У духаце, перамешанай з пахамі дзёгцю, газы, поту, калыхалася святочная гамонка, вісеў тытунёвы дым. Пакуль Міканор праціснуўся к прылаўку, і сам узмакрэў, хоць выкруці сарочку.

Кос не было. Дзядзькі, падхапіўшы Міканорава пытанне, сталі лаяць кааперацыю – што за крама, калі ў ёй касы перад касавіцай не дастаць, – здзіўляцца Нохіму, у якога заўсёды ўсё ёсць, няхай сабе даражэй, але затое без паю. Крамнік, дробны, касавокі дзядзька, відаць, даўно прывыклы да такіх размоў, толькі галавой весела пакруціў: от ахвота часаць языкі без толку…

Купіўшы запалак, кніжачку «Што трэба зрабіць, каб добра расло жыта», Міканор зноў выбраўся на волю, на сонца. Зноў пакіраваў к дому, дзе жыў Гайліс; нельга ж было пайсці з сяла, не пабачыўшыся з ім. Калі ён і цяпер у полі, то прыйдзецца папытацца ў старой злюкі дарогу і падацца туды…

Але Гайліс быў ужо дома, толькі што выпраг каня з калёс, на якіх ляжаў плуг. Хударлявы, доўгі, з сухім, вуглаватым тварам і чубком жоўтых валасоў, ён адразу пайшоў насустрач, трохі пакульгваючы, але разам з тым па-вайсковаму зграбна. Сінія вочы глядзелі мякка і нават нібы сарамяжа, а поціск рукі быў дужы, рашучы.

– Даўно ўжэ не было! – засмяяўся ён вачыма.

Гаварыў Гайліс з акцэнтам. Словы, якія ён толькі што сказаў Міканору, выйшлі ў яго так: «Тафно фжэ не было». Куранёвец ведаў, што з Гайлісавай гаворкі нямала хто падсмейваўся, але Міканор нібы і не заўважыў акцэнту, такую павагу ў яго выклікаў дзіўны латыш, які браў мяцежны Кранштат і бачыў блізка Леніна…

– Сядай, – запрасіў Гайліс. Яны селі на бервяно каля хлява. Гайліс зноў пяшчотна засмяяўся: – Даўно ўжэ не былё! Тры месяцы?

– Тры…

– Даўно. Бірук у лесе! А мы тут, брат, такія справы заварочваем! Па-першае, у Алешніках і Глінішчах – машынныя товарыствы. У Алешніках – яшчэ і малочнае! – Дзіцячай радасцю сінелі добрыя вочы.

Міканора гэта таксама радавала. Але, як і тады, калі ў Марозавым пісьме чытаў пра Кісялёву ўдачу, да радасці прымяшалася зайздрасць, смутак: зноў нібы пачуў дакор сабе.

– Клуб стаў клубам. Кожны вечар адчынены. Бібліятэка. Гурткі: агранамічны, антырэлігійны, драматычны. Падрыхтавалі смешны спектакль. Называецца «Прымакі». Напісаў Янка Купала. Вельмі смешная штука – людзі жываты папарвалі! Мы этот спектакль вазілі паказваць у Глінішчы і Княжыцу. Таксама смеху было!

– К нам бы прыехалі!..

– Прыехалі б. Дык, д'ябал яго знает, як дабрацца! Артысты могуць патапіцца! Наогул, брат, твае Курані мне – як зуб баліць. Вельмі баліць. Як скула. У кааперацыю палавіна не ўступіла!

Калі гаворка пайшла пра грэблю, з хаты выйшла дужая, лагодная маладзіца з поўнымі голымі рукамі, паклікала абедаць. Міканор, хоць бачыў яе не ўпершыню, чуў сябе трохі няёмка: не ведаў добра дасюль, кім яна была Гайлісу, гэтая прынадная ўдавіца-салдатка, што прытуліла бяздомнага, добрага латыша. Жонка не жонка, усе навокал гаварылі, што вяселля не гулялі, а вось жа – цяжарная, праз месяц-другі народзіць…

Дзіўнае было іх жыццё, дзіўнае і знаёмства. Толькі адзін вечар пабыў у Любы-Харытоніхі ўзводны Гайліс, калі гналі за Прыпяць банду Балаховіча, але і праз год сярод усіх сваіх ваенных дарог не забыў сцежкі да яе хаты. Вярнуўся, асеў каля ўдавіцы…

Хаця – куды ж падацца было яму, маладому, адзінокаму, калі родны кут застаўся недзе там, па другі бок мяжы…

Гайліс запрасіў і Міканора паабедаць. Але Міканор сказаў, што няма калі, – трэба дабірацца назад, пакуль светла. Дамовіўшыся аб усім, што датычыла пачатку работы пры грэблі, ён ускінуў на плечы дзве важкія нізкі сякер і жалезнякоў, якія Гайліс вынес з сенцаў.

– Ето груз! Як пакаўзнешся ў воду – зразу на дно! – засмяяўся Міканор. Праз хвіліну, згорблены, ён тупаў ужо к балоту.

3

Заходзіў на двары, у хаты, у хлявы, на прыгуменні – дзе каго мог пабачыць, – загадваў заўтра ісці рабіць грэблю. Побач пакорліва цягнуўся Грыбок, то падтрымліваў нясмелым «аге», то зусім маўчаў.

Прыйшлося зноў Міканору не аднаго ўгаворваць, не з адным нават лаяцца. Нібы і не было ніякага сходу, ніякай пастановы – хоць ты пачынай усё спачатку. Праўда, Чарнушка, да якога Міканор з Грыбком збочылі найперш, сам слова не сказаў супроць, але затое жонка яго так накінулася, кленучы і балота, і грэблю, і сход дурны, што Міканор выйшаў з хаты, не даслухаўшы ўсяго.

Васіль Дзяцел на Міканораў загад нездаволена засоп, адвёў вочы ўбок:

– Тут са сваім няўпраўка… І без таго, як шкурат, круцішся…

– Пазней горай будзе адарвацца на грэблю.

– Горай-то горай… Да і цяпер…

Іван Зайчык сустрэў весела, ахвотна сказаў, што прыйдзе, – калі толькі Міканор з Грыбком пачастуюць гарэлкай.

– Пастаў, Міканорко, бочку гарэлкі, дак не тое што я – усе прыпусцяць навыперадкі! Ей-богу, Міканорко, прыляцяць, от пабачыш! Толькі скажы, і прыляцяць!.. Можно, канешне, тую гарэлку і не везці, а толькі паабяцаць – будзе, маўляў! А потым, як сабяруцца, скажаш – няма!.. Вот смеху будзе!

Ларывон, якому трэба было прыехаць з канём, заявіў наадрэз:

– Што я – гарбаты? Другія – без коней, а мне дак каня губіць!..

– Прыходзь без каня! – ускіпеў Міканор. – У балото палезеш, канаву капаць!

Здавалася, пасля ўсіх гэтых спрэчак, усёй прыкрасці такім прыемным павінна было б прыйсціся ветлівае абыходжанне Глушака, які не толькі сказаў адразу, што абавязкова прышле Яўхіма з канём, але нават пахваліў, што добрую справу ўзяліся рабіць. Хоць таксама ж ветліва, без лішняй гаворкі, правёў Глушак іх за вароты, у Міканора было такое адчуванне, як бы даткнуўся да чагосьці слізкага, халоднага.

Усё сяло абышоў Міканор, ні аднаго двара не мінуў. Вяртаўся дахаты ўжо ў добрых поцемках, стомлена, узрушана думаў: зноў столькі прыйшлося ўгаворваць, упрошваць, дакараць – нібы гэта грэбля не ўсім, а яму аднаму трэба.

«Вот жа людзі! Што б ні сказаў зрабіць – усё насуперак. Як бы бяду якую ім рыхтуеш…»

Раніцай, ледзь у расхрыстанай зрэбнай сарочцы, басаногі, выйшаў на ганак, кінуў вачыма навокал, прыслухаўся: збіраюцца на грэблю ці не збіраюцца? Убачыў за плотам Васіля, які паіў з жолаба каня, па халаднаватай, роснай траве падышоў да хлопца, паздароўкаўся.

– На грэблю сабіраешся?

Васіль адвёў вочы ўбок, буркнуў, як адмахнуўся:

– Пойдзе нехто…

– Чаго ето – нехто?

– Ну, мабуць, дзед пойдзе.

– Чаму – дзед? А ты?

– А мне тут работы – па горло.

– Усім дома работы багато. Не сакрэт. Дак калі кожны будзе дзядоў ды баб пасылаць, а сам дома сядзець – вот грэблю зробім!

– А тут ты за мяне рабіць будзеш?

– І тут, і там ніхто за цябе рабіць не будзе! – Міканор загаварыў грозна, загадна: – Тут – як сабе хочаш рабі: хоць дзеду, хоць Валодзьку паручай, а на грэблі – кеб буў сам!

Міканор павярнуўся і злосна, цвёрда пакрочыў дахаты. «От жа – натура: так і глядзіць, кеб збоку пераседзець! – ледзь не лаяўся ён, думаючы. – Аж калоціцца, кеб не перарабіць за другога! Малако шчэ матчынае не абсохло на губах, а ўжэ за ўсіх хітрэй буць хоча! – Не першы раз успомніў вайсковую службу: – Папаўся б ты мне там такі! Я цябе б – не сакрэт – умэнт чалавекам зрабіў бы!»

Нічога, нічога, дайце час – ён, Міканор, і тут каго-нікаго па-людску рабіць навучыць!

На грэблю выехаў удвух з бацькам не вельмі рана, каб адразу ўслед пацягнуліся і іншыя. Але праз тыя паўсяла, што ехаў вуліцаю, давялося ехаць адным, ніхто не далучыўся ні на калёсах, ні пешкі. Так адны і выехалі ў поле. Усё ж не трывожыўся – бачыў, што людзі збіраюцца, раней ці пазней падыдуць. Душу поўніла святочная радасць: вось ён, той даўно чаканы дзень!

Дзень выдаўся як на заказ. На лагодным, агромністым прасторы неба не было ні адной хмурынкі, толькі зіхацела вясёлае, іскрыстае сонца. Агароды, куп'істы выган, на якім Чарнушкавых Хведзька сцярог аблавухую свінню, ціхія зараснікі за сажалкаю, поле, што выходзіла з-за зараснікаў, – усё радасна, святочна праменілася, нібы таксама ведала, які сёння ранак.

Усё-ткі чым бліжэй пад'язджаў да грэблі, чым далей, азіраючыся на хаты, не бачыў нікога следам, настрой хмурнеў. Калі ж праехаў цагельню і спыніў каня на ўзболатку, пачуў сябе зусім ніякавата. Камандзір без войска!

Праўда, на другім баку, дзе віднеліся на выспе алешніцкія стрэхі, таксама не было ні душы. Нават Гайліс яшчэ недзе збіраўся. Міканор заўважыў, што над тванню, над іржавай балотнай вадзіцай яшчэ дыміцца пара. Паспрабаваў супакоіць сябе: рана выкаціўся…

Каб не траціць попусту час, ён паслаў бацьку вазіць пясок, а сам стаў размячаць пачатак грэблі. Паставіў некалькі вешак, пралажыў канаўкі, згадаўшы, што такія канаўкі рабіў летась, калі паказваў, як капаць акопы. За гэтым заняткам ён і ўбачыў дзве постаці, што ішлі к грэблі, аб нечым гамонячы. Зводдалек пазнаў Сароку і Зайчыка.

Каля Міканора Сарока як бы схамянулася, агледзелася.

– Бегла, баялася – кеб не спазніцца, а прыбегла – адна мая спадніца!

– Спадніца – адна, а штаноў – трое! – паспрабаваў падтрымаць яе жарт Зайчык.

– І спадніца адна, і штаноў мала – нешта Курані заспалі!

Слухаючы яе вясёлую гамонку з прымаўкамі, Міканор заўважыў: каля цагельні паявіліся яшчэ калёсы. Ужо калі яны былі блізка і Міканор добра бачыў, што едзе Чарнушка з дачкою, з-за цагельні выплішчылася яшчэ постаць з жалезняком. Міканор яшчэ здалёк разгледзеў: Хоня ідзе.

– Пакуль парадак у табары сваім навёў, – загаварыў Хоня, як заўсёды жвава, бадзёра, – думаў, спазнюся саўсім! Вочы пазычаць, баяўся, прыйдзецца! Аж не – хоць ты задавацца пачні, – ледзь не першы!

– Калі б так у арміі цягнуліся, дак камандзір так на цыгундар узяў бы, што не рады булі б! – сказаў Міканор.

– А ты б і тут ўзяў бы, а! – параіў Зайчык. – Даў аднаму штрап, другога – у кутузку! Забегалі б, нябойся!

– Хто забегаў бы, а каго не вельмі-то і падагнаў бы! – разважліва прамовіў Хоня. – Вучоныя ўсе! Воля, знаюць!

– Дзісцыпліны трохі – непагано б, не сакрэт, – сказаў Міканор.

Курылі, гаманілі, то пазіралі ў бок цагельні, ад якой паўзлі яшчэ калёсы ды ішлі, хісталіся ў хадзе некалькі постацей дзядзькоў, то аглядваліся на той бераг, дзе збіраліся алешнікаўцы: там таксама людзей было нягуста.

– А сонца, бач ты, прыпякае! Высоко ж узлезло!

– Хто мяне выпер са двара ні свет ні зара! – пашкадавала Сарока. – Шчэ б магла і свінням зварыць, і тое-сёе другое зрабіць!

– Усяго не пераробіце, цётка Аўдоцця!

– Тое-сёе шчэ б ухапіла, чым тут тырчаць няміла!

– А вы б падрамалі, як каторыя, – адазвалася са смехам Ганна, зірнуўшы на некалькіх дзядзькоў, што разлегліся ў траве.

Хоць сабралася людзей пакуль небагата, Міканор адчуў: нельга болей марнавацца. Хто прыйшоў, з тым і пачынаць трэба. Няхай прывыкаюць да парадку: і тыя, хто тут ужо, і тыя, якія прыйдуць. Будуць ведаць, як пазніцца.

– Ну што ж, валаводзіцца няма калі! – як бы ажыў Міканор. Нуда чакання адразу адступіла. – Пачнём! – Ён зірнуў на Чарнушку і на бацьку, які прывёз і ссыпаў воз зямлі: – Вы, дзядзько, і вы, тато, будзеце вазіць землю… Цётка Аўдоцця, вам – капаць землю і накідаць на вазы. – Міканор не даў ёй слова сказаць, павярнуўся к Андрэю Рудому. – Вы, дзядзько Андрэй, – Міканор глянуў на барадатага Пракопа, – будзеце з дзядзькам Пракопам, дзядзькам Іванам і Васілём масціць грэблю. – Міканор спаткаўся вачыма з Ганнай, улавіў кпінку: бач, як раскамандаваўся! Выгляду не падаў, што зніякавеў трохі, прамовіў цвёрда: – Ганна і Хадоська будуць вам памагаць!

Міканор мелькам заўважыў, што бацька не едзе, раўніва сочыць за ім, як бы баіцца, што ён, Міканор, у чым-небудзь памыліцца, ці не ўпэўнен, што паслухаюцца яго. І разам з тым – збоку відаць – ззяе шчасцем: бачыць сына на чале столькіх людзей – усіх, лічы, Куранёў!

Міканор паказаў на дзве вялікія вехі, пастаўленыя яшчэ зімой, на радкі дробных вешак, якія ўткнуў толькі што.

– От так, ушыркі. Тут – пасярэдзіне – грэбля. Тут – па баках – канавы, штоб вада сцякала… – Ён угледзеўся ў другі бераг. – Там, на тым баку, відно вешкі. Відно? Там – канец грэблі. Туды трэба весці грэблю. Роўна, як штык! Ясно?

Міканор і сам адчуў, што на долю яго выпала не абы-якая роля. Гэтае адчуванне было ў ім не ўпершыню, было яно і на сходзе, калі яго назначылі, і потым, калі думаў пра грэблю; але цяпер справа, якую раней толькі ўяўляў, станавілася ўжо дзеяннем не аднаго яго, а многіх людзей, і важнасць гэтай ролі як бы вырастала. Не на каго іншага, а на яго, Міканора, глядзелі людзі, чакалі загаду, куды ісці, што рабіць; ад яго залежала размеркаваць, паставіць усіх так, каб работа пайшла добра, суладна. І няхай тут небагата сабралася, але ж не адзін тут такі, што ў бацькі яму годны гадамі, і камандаваць усімі, што ні кажы, цяжэй, чым аддзяленнем, якое б яно ні было…

За службу пабачыў Міканор, што свет навокал вялікі, але ў гэтым свеце не было для яго нічога большага, як гэтая купка людзей, як грэбля, якую яму належала пракласці цераз балота.

– Ну от, – сказаў ён строга, як бы паказваючы, што загады, якія ён толькі што даў, ёсць не што іншае, як загады. – Астатнім – капаць канавы!

Ён адмераў кожнаму дзялянку, не вагаючыся, не закасваючы штаноў, як бы кідаючыся ў атаку, рынуўся ў рудую з прозеленню твань – уехаў аж па грудзі. Чуючы, як мякка і цёпла ахінула цела балотная гушча, Міканор амаль без націску ўсадзіў у твань рыдлёўку, узняў на ёй бліскучую аладку, з якой весела цурчала вада, шмякнуў наводмаш. У ямцы, толькі што зробленай рыдлёўкай, было ўжо ледзь не даверху вады. Міканор зноў уваткнуў рыдлёўку, побач ямкі, зноў узняў аладку твані, кінуў цераз плячо.

Хутка ўжо не адна, а дзесятак рыдлёвак ускідваліся, пляскалі мокрым цестам твані. Міканор чуў гэты пляскат, лавіў позіркам узмахі рыдлёвак, і яго брала весялосць. Быў неяк асабліва дужы. Хацелася спрачацца з другімі сілаю, спрытам – гнацца навыперадкі. Браў і браў балотнае цеста, кідаў і кідаў наводмаш.

Успаміналася: вось так жа капаў акопы, толькі што яны былі ці ў сухіх хвойніках надпрыпяцкай грады, ці ў пяску між вербалозу. Там, на градзе, ладная вайсковая рыдлёўка часта скрыгатала аб каменне. А тут – багнаватая мяккасць, і не чуеш, як улазіць жалеза… Багна аплывае з беражка. Пясок таксама аб'язджаў…

Як ні заўзята кідаў рыдлёўкай, на дарогу ад цагельні ўсё ж паглядваў – цягнулася яшчэ купка куранёўцаў. У ёй Ларывон і Яўхім Глушак. Як звычайна ўжо, убачыўшы іх, пачуў прыкрасць: не дабіўся суда над Ларывонам і Яўхімам за калядную бойку! Выкруціліся неяк – Хадоська, казалі, памагла: кінулася выручаць свайго Яўхімку, падгаварыла глінішчанскага бедака – той сам стаў за іх старацца!.. Ну, нічога, цяпер і без таго думаць будуць, перш чым у бойку лезці! А ўлезуць – другі раз не выкруцяцца!..

– Пазнавато, героі! – сустрэў іх Хоня.

– Нічога, паспеем! – Ларывон магутнай рукой лёгка пакруціў рыдлёўку. – Не вельмі-то нарабіў ты без нас, што разяўляешся!

– Зрабіў трохі!

Яўхім кінуў позіркам на Ганну, буркнуў строга Ларывону:

– І ты – языком не пляскай! – Ён папрасіў Міканора ветліва, паслухмяна: – Дак які загад будзе?

Міканор уткнуў у твань рыдлёўку, у мокрым, зарудзелым адзенні вылез на дарогу, пайшоў мераць дзялянку. Ларывону страх як не хацелася перціся ў твань: гэта было добра відно па яго гладкім, панурым твары. Яўхім жа, пабачыўшы сваю дзялянку, зарагатаў:

– Ето работка! І наробішся, і накупаешся!

З тым жа вясёлым, бесклапотным рагатком ён шухнуў у твань, гарэзна пазваў Ларывона:

– Лезь, не мніся! Каяцца не будзеш!.. Ну лезь жа хутчэй! А то, бач, колькі другія ўрабілі! Не дагоніш!..

З Ларывона пачалі пасмейвацца. Ён злосна мацюкнуўся, схіліўся закасваць штаны…

Марудна, нядружна, хто сам сабою, хто з канём і калёсамі, куранёўцы ўсё ж сыходзіліся. Міканору не раз і не два даводзілася вылазіць з балота ад пракапанай канаўкі, мераць дзялянкі, паказваць, дзе што рабіць.

– Э, начальнік, адстаеш! – сказаў яму Хоня, які капаў побач.

Другія падтрымалі:

– Няма з каго прыклад браць!

– Няма!

– Ето шчэ пабачым! – задзірыста крыкнуў Міканор, беручыся за рыдлёўку.

Але толькі пракапаў з паўтара метра, як зноў давялося вылазіць: прыцягнулася яшчэ трое.

Акурат уз'ехаў на грэблю з возам зямлі Чарнушка. Воз падрыгваў на бярвеннях і на галлі, што трашчала пад коламі. Чарнушка абмінуў некалькі горак, якія свежа жаўцелі на грэблі, спыніў каня і выцягнуў з-за ручак воза дошкі. Трохі зямлі абвалілася. Ён узяў з воза рыдлёўку і стаў скідаць астатняе – пачала расці яшчэ адна горка.

Міканор назначыў тых, што падышлі цяпер, раскідаць горкі, раўняць, утоптваць. Ён ужо хацеў быў узяць зноў рыдлёўку, калі Хоня, які вылез з канавы, запыніў яго:

– Пастой! Знаеш, што я падумаў. Ні да чого ето, брат, што ты за жалязняк бярэшся! Табе б – увесь час людзей бачыць, знаць, хто што робіць. Кеб кожны чуў, што пад кіраўніцтвам, пад наглядам, значыць. А не сам па сабе, як авечка якая. А то ты рыешся там, як крот, а – не крыўдуй – таго не бачыш, як другія капаюць – ці глыбоко, ці па лініі.

– Ето – не сакрэт – я і сам думаў, – прызнаўся Міканор. – Дак гаварыць будуць: гуляю, маўляў.

– Няхай пляскаюць, каму хочацца. А калі ўжэ ўзяўся кіраваць, дак кіруй!

Яшчэ раней такую параду даваў яму Руды Андрэй, але Міканор і слухаць яго не стаў. Хацелася ўзяцца за самае цяжкае, каб бачылі, як рабіць трэба. Думаў, што ўсюды ўправіцца. Цяпер слова не сказаў супроць парады, бачыў – яны мелі рацыю. Не сачыў амаль за другімі, не кіраваў.

– Дакапай тут, дзядзько, – сказаў лесніку Міцю, – бо я толькі і раблю, што лезу ў канаву да вылажу…

– А – здаўся! – падчапіў дзядзька Ігнат.

– Здаўся…

І хто б мог падумаць: калі тое пачалі, а ўжо столькі рабілася не так як трэба. Адзін, аказалася, звужае канаву, другі ўзяў мелка, трэці бераг павёў няроўна. Не вельмі прыемна папраўляць дзядзькоў, але нічога не зробіш, трэба: парадак павінен быць. Дзядзькі, мабыць-такі, бачылі ў ім начальства, амаль не спрачаліся, паслухмяна рабілі тое, што ён казаў. Толькі іншы раз апраўдваліся вінавата, але слухаліся, папраўлялі.

– Мелко! – сказаў Міканор Ларывону.

Той нібы не бачыў, не чуў, ляніва шмякнуў пад ногі Міканору тванню.

– Глыбей трэба! Не меней як паўтара аршыны…

– І так добра!.. – Ларывон зноў кінуў гразі.

– Паўтара аршыны, не меней.

– Правільно! Капай, капай, Ларывон! Не лянуйся! – зарагатаў Яўхім.

Ларывон адрэзаў:

– І етаго хопіць!

– А я кажу – мелко! – не саступаў Міканор.

Ларывон уткнуў рыдлёўку ў твань, нязграбна, рашуча палез з канавы.

– Сам капай, калі мелко!

– Я за цябе капаць не буду! А ты – прыйшоў, дак рабі! Як трэба!

– А не хочаш, дак каціся адсюль! – падтрымаў Хоня. Ён падчапіў весела: – Ды матку за сябе прышлі!

Міканор бачыў, як злосна пачырванеў Ларывон: дапякло ўсё-такі! Толькі знайшоў Бугай у адказ, што мацюкнуўся, але Міканор ужо кончыў спрэчку, ішоў далей. Пачуў яшчэ ўслед за сабой вясёлы рагаток Яўхіма.

Спыніўся між тых, якія масцілі грэблю. Іх цяпер было багата больш, як спачатку. Міканор знарок не назначыў тут старшага, бо ведаў, што і без прызначэння кіраваць ухопіцца Андрэй Руды. І праўда, яшчэ з канавы бачыў Міканор, як Руды завіхаўся, бегаў, камандаваў… Вось і цяпер пануры Пракоп абсякаў сякерай з алешынкі галлё, а Руды мітусліва, горача штосьці даводзіў яму. Але Пракоп, здалося, слухаць не хацеў, адвярнуўся. Андрэй забег на другі бок, наперад.

– Аб чым спрэчка?

– Да от, та-скаць, галіны не ўсе адсякае, – кінуўся з надзеяй к Міканору Руды. – Тыя, каторыя тырчаць уніз ці ўверх, – сячэ. Яны, та-скаць, мяшаюць пакласці дзераво на землю, тырчаць. Ён, следавацельно, ссякае, і – правільно, што ссякае.

Пракоп ужо стаяў, панура сціскаў валасатай рукой сякеру, маўчаў. Міканор перабіў Рудога:

– Дак аб чым жа спрэчка?

– А аб тым, што счышчае галлё ён не ўсё. Тыя, каторыя зверху і знізу, ссякае, а тыя, каторыя па баках, та-скаць, – абсякаць не хоча! Думае, следавацельно, – можно масціць на іх другія друкі і паплеціны. Што, та-скаць, саўсім няправільно!

– Чаму няправільно?

– Дак па іх патом будзеш ехаць, як на спружынах! Падкідваць будзе!

Пракоп з пагардай плюнуў. Было відаць: тое, што казаў Руды, ён лічыў такім глупствам, што і гаварыць не хацеў. Міканор стаяў між іх і адчуваў, што абодва чакаюць яго слова, абодва ўпэўнены ў сваёй перамозе. Яму ніколі не даводзілася масціць грэблю, але тое, што казаў Руды, здалося яму выдумкай. Чаму нельга пакідаць галля, калі з ім дрэвы толькі будуць лепш чапляць адно за адно? «Жыць не можа, кеб не вымудрыць чаго-небудзь!» – падумаў пра Рудога.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю