355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 16)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 28 страниц)

5

Пад вечар мачыха ўбегла ў гумно, задыханая, раскудлачаная, яшчэ з варот кінула ўзрушана:

– Чуў?

Чарнушка, што падмятаў ток, азірнуўся, спакойна запытаўся:

– Што?

– Што?! Пытаешся!.. Усё сяло гудзе! Адзін ты не знаеш нічога! Сядзіш тут, як сляпая сава!..

– Дык што такое? Скажы толкам!

– Што? А табе б самому знаць трэба! Ды мне расказаць – не мая дачка, твая!.. Бацько!.. Глядзеў бы лепей, дак не пытаўся б!

– Ды можаш ты сказаць па-людску?

– Па-людску? Ой, Божа ж! Язык просто не паварочваецца!.. – Мачыха ледзь не залямантавала: – Яўхім Карчоў – Ганну…

– Чаго пляцеш?

– Пляцеш? Кінь мятлу ды выйдзі на вуліцу, паслухай!.. Хто дзе стаіць – каля плота, каля калодзезя – ва ўсіх толькі і гаворкі!.. Адзін ты – як цецярук!

Чарнушка адразу спахмурнеў, згорбіўся.

– Калі ў лес па маліны хадзіла… – паясніла мачыха. – Бачыў, якая прыйшла?.. Кохта якая була?..

Чарнушка слухаў, як нямы. Як у тумане, згадалася яму, які дзіўны выгляд быў у Ганны, калі вярнулася з лесу. Твар узрушаны, вочы неспакойныя, чамусьці адводзіла іх убок, старалася трымацца асобна. Калі вязала сноп, рукі як бы не слухаліся, і звязала пагана: ён сказаў ёй, каб перавязала… І кофта, кофта была падраная, ён сам бачыў. Праўда, яна сказала, што за сук знянацку зачапілася, але – хіба яна не магла зманіць?..

– Горачко ж, гора, – залямантавала ціха, каб не чулі злыя людзі, Чарнушчыха. Яна, аднак, тут жа перайшла на іншы, рашучы лад: – Але хай ён не радуецца, Корч руды! Хай не думае, што як ён багацей, то яму і ўсё можно! Мора яму па калено! Закаецца! Закаецца ён – жыць я не буду! У суд, у суд на яго! У цюрму яго, кныра рудога! У цюрму! У Сібер!

Цімох нарэшце нібы ачнуўся, запытаў:

– Дзе Ганна?..

– Ганна?.. Пайшла па картоплю… накапаць…

Чарнушка кінуў у куток мятлу, выйшаў з гумна; хутка, з не ўласцівай яму паспешлівасцю рушыў на загуменне – так што мачыха ледзь упраўлялася за ім. Выйшаўшы за гумно, за пустую загуменную дарогу, ён на другім баку агарода каля самага жардзянога плота ў першым цёплым поцемку ўбачыў дзве постаці, што корпаліся на бульбянішчы.

Ганна была не адна, побач стаяла Хадоська, але Чарнушка быццам і не заўважыў яе. «Усё адно, нашто хаваць, калі ўсе Курані гавораць…» Ды калі б было і так, што ў сяле ніхто не ведаў бы, Чарнушка, відаць, усё роўна не спыніўся б ад таго, што побач хтосьці чужы, – ён не мог чакаць ні хвіліны.

– Праўда ето? – грозна стаў ён перад дачкой, якая здзіўлена трымала корч бульбы.

– Пра што вы, тато?..

– Пра што? – Чарнушка неспадзявана абмяк, жаласна скрывіўся. Губы яго пакрыўджана і бездапаможна задрыжалі – пра што? Хацеў сказаць і не мог, замест слоў адно пачулася ў горле пакутнае бульканне.

На падмогу прыйшла мачыха:

– Сяло ўсё кажа, што Яўхім Карчоў цябе… ссільнічаў…

Бульбяны корч выпаў з Ганніных рук. Яна збянтэжана зірнула на Хадоську, якая раптам стала белая, як нежывая. «Усе знаюць! Усё сяло кажа… – праплыло ў галаве ў Ганны. – Ссільнічаў!.. Але як яна пабялела, Хадоська!.. Ссільнічаў, кажуць!..»

– Няпраўда. Плёткі ўсё, – нарэшце ціха прамовіла Ганна.

Бацька нібы не паверыў.

– Плёткі?

– Плёткі. Брэшуць.

Бацькавы губы перасталі дрыжаць. Ён паспакайнеў.

– Ну, калі так…

– А кохту хто парваў? – не паверыла мачыха.

– Хто ні парваў – толькі не було таго. Брэшуць.

– Не було, значыць?

– Брахня, кажу.

– А можа, ты баішся? – не здалася, як бы пашкадавала, што ўсё аказалася толькі плёткай, мачыха. – Мо ён пастрашыў?.. То ты не бойся! Цяпер не тое, што колісь, цяпер – парушыў дзеўку, дак жаніся, не адкручвайся! А не – дак перададзім у суд. Так прыпаяюць, што на том свеце каяцца будзе!

– Не було, кажу!

– Не було?..

– От бо! Што ж мне, бажыцца трэба!

– Калі не було, то не було! – адказаў прымірэнча, з палёгкай бацька. Гэтыя словы больш адносіліся ўжо не да Ганны, а да мачыхі: бацька канчаў прыкрую гаворку. – От табе і «ўсё сяло гаворыць»! Мало што выдумаюць, калі язык засвярбіць!.. Хадзем!

Ён пайшоў па сцежцы к гумну ўжо ціха, спакойна. Мачыха ж брыла без ахвоты, як бы не высветліўшы ўсяго…

Пасля таго як яны адышлі, Ганна і Хадоська трохі стаялі моўчкі. Ганна ўспамінала размову з бацькам, з мачыхай, не магла супакоіцца – трэба ж, каб нагаварылі на яе такога! Ссільнічаў! – ахвота ж людзям языкамі плясці!.. Хацеў, спрабаваў, ды, мусіць, і цяпер нос свой мацае… І ўсё ж хоць і не вінавата была, думаць, што ідзе, паўзе па сяле такая слава пра яе, было крыўдна: нібы гразёю ні за што ні пра што абпэцкалі!

Яна раптам заўважыла, што твар у Хадоські вельмі ўзрушаны, няшчасны, і ёй стала шкада «канаплянкі».

– Не було нічога. Праўду сказала.

– А я думала – мо… бацькі баішся?.. – вінавата сказала Хадоська. Яна выціснула: – А хто ж… кохту парваў?..

– Ён – Корч еты…

– Такі… чапляўся?..

– Чапляўся. Толькі – не дабіўся нічога.

– Чапляўся!..

Хадоська неспадзеўкі адвярнулася, закрыла твар далонямі, затрэслася.

– Ну, чаго, чаго ты! Не було ж нічога… Ей-богу, не було… Раўнуеш? От, дзівачка!.. Не трэба ён мне! Падумаеш, дабро якое!.. Бяры яго сабе!..

Яна ўжо не ведала, што сказаць: Хадоська не слухала, аж заходзілася ад плачу. Са слязьмі яна раптам і пайшла ад Ганны, не выбіраючы сцежкі, спатыкаючыся на бульбоўніку, пералезла цераз плот і ценем пасунулася па полі. «І трэба було мне вякнуць, што чапляўся ён!» – пашкадавала Ганна, з трывогай сочачы за яе постаццю…

Абтрэсваючы зямлю, абабіраючы бульбіны з нітак-карэнняў, яна думала то аб тым, якое недарэчнае гэта Хадосьчына каханне, то – найбольш – пра непрыемную плётку. Было ці не было, а гразь гэтай плёткі, чула яна, надоўга прыліпне, не хутка і не ўсе павераць, што нічога не было, што Яўхім ды не дабіўся. Паспрабуй дакажы, што няпраўда, – будуць гадка пасміхвацца, абзываць будуць, глядзець, як на абпэцканую. Не сама запэцкалася, дык другія запэцкалі, а гразь усё ж на табе. І будзеш з ёю. І не змыеш. Хто паверыць, той паверыць, а хто не, той – не!..

І няхай не верыць, хто не хоча! Што яна – жыць не будзе, калі хто будзе думаць пагана! Што ёй – жыць не жыць ад дурной плёткі? Як людзі да яе, так і яна да іх! Добра – дык добра, а не – дык не! У яе свой гонар ёсць!..

Ганна ўзяла лазовую каробку, закінула за плечы і цвёрда пайшла сцежкай к загуменнай дарозе, к гумну, к хаце. Так, бедаваць попусту яна не будзе! Не будзе гараваць без віны, не дурная! А людзі – як хто да яе, так і яна да іх! Сумная яна не будзе. Не з такіх!

Усё ж, як яна ні хацела, трывога не пакідала яе, прымушала глядзець наперад з непакоем і аберажлівай насцярожанасцю. Ужо не так проста, як дагэтуль, не лёгка і не бесклапотна думалася пра тое, што вось раптам хто-небудзь сустрэнецца, – як паглядзіць на яе, як яна – на яго? Раней пра гэта яна наогул не думала, а цяпер, падыходзячы к дарозе за гумнамі, нават прыцішыла хаду – пачула, хтосьці едзе на кані.

Зводдалек пазнала – трэба ж так здарыцца – ехаў на Гузе Васіль. Хвалюючыся, выйшла на дарогу, пачакала, пакуль не пад'едзе. Сустрэчы з Васілём і чакала і баялася: ведала, які раўнівы, асабліва да Яўхіма. І вось, звесіўшы босыя ногі, бялеючы адзежай, Васіль акурат ехаў.

Чуў ці не чуў ён? А калі чуў – ці паверыў? Няўжо мог паверыць?.. «Мог – раўнівы, недаверлівы!..» – прайшла ў галаве ў Ганны неспакойная думка. Але другая адразу ж запярэчыла: «Не, не мог, не павінен верыць другім». Ёй – адной – верыць павінен! Калі не паверыць, не супакоіць яе ён, хто ж тады?

Бачыла, што і ён ужо заўважыў яе, занепакоіўся, першы момант знянацку нават каня прыпыніў. Потым строга штурхнуў каню ў бок нагою, панура, не гледзячы на яе, стаў набліжацца. Ганна насцярожылася.

Калі Васіль пад'ехаў, Ганна раптам убачыла, што ён не збіраецца спыняць каня – гаварыць нават не хоча! Яна ступіла наперад каню, спыніла.

Васіль, як і раней, не глядзеў на яе. Маўчаў. Маўчала трохі і яна, пакрыўджаная, абражаная.

– Чуў? – сказала нарэшце з выклікам.

– Чуў…

– Знаеш усё, значыцца?.. Паверыў?

– Гавораць – дак штось е… Дыму без агню не бувае…

– Аге, значыць, було ўсё?

– А можа, не? – ён не пытаўся, ён быў упэўнен.

– Дак ты лепей знаеш!

– Лепей не лепей. Другія бачылі, сказалі…

– Хто – другія? Хто – бачыў?!

– А не ўсё адно? Хто бачыў, той бачыў.

Ганна не знайшла што і сказаць. Ад крыўды, ад злосці на яго ў грудзях паліла, думкі блыталіся.

– Дак, можа, ужэ і не прыйдзеш? – сказала як бы з насмешкай.

Ён трохі памаўчаў.

– А чаго хадзіць?.. Няхай другія цяпер ходзяць!.. – Ён скрывіўся з крыўдай і, заўважыла яна, з гідлівасцю. – Багацейка! Карчыха!..

– Дурань!!!

– Канешне. Дурны. Усе бедныя дурныя. Корч – разумны!..

– Разумнейшы! У сто, у тысячу разоў!

– То-та і круцілася ля яго! І дакруцілася!

– Не твой клопат! Не твая бяда! А мне, можа, – анігадкі! Я, можа, і рада?!

Яна ўзрадавалася, калі ўбачыла: такі ўкалола. Аж засоп важка ад крыўды. Так яму і трэба!

– А то гавораць, – прамовіў ён, нібы спрачаючыся з некім. – Можа, не па сваёй ахвоце? Можа, ён сілаю?.. – Васіль хмыкнуў. – Сілаю!..

– Па-добраму, па згодзе ўсё було! – пацвердзіла яна. І раптам не вытрывала, сказала шчыра, з болем, з пагрозай: – Я етаго табе не забуду! Прыпомню калі-небудзь!

Яна адразу адвярнулася і пайшла з дарогі на гумнішча. Васіль і не зірнуў, ткнуўшы босай нагой у бок Гуза, падумаў са злосцю: «Бач, шчэ грозіцца: „Не забуду!“ Пакрыўдзілася шчэ!.. Сама такое вытварыла, а шчэ крыўдзіцца!..»

Ён не заўважыў, як конь прайшоў загуменную дарогу, як завярнуў на ўзболатак. Успамінаў слова за словам яе гаворку, тое, што казаў Зайчык Іван, зазірнуўшы к яму ў гумно: «Не першы раз ето! Даўно ўжэ склешчыліся, толькі што не бачыў ніхто… Шчэ як у Юравічах сядзеў, пачалося!..»

«От, хітрая! – успаміналіся Зайчыкавы развагі. – І з ім круцілася, і табе галаву дурыла. Думала, пэўне, як не той, дак еты!..» Калі згадваў гэта, сэрца пякло крыўднае, брыдкае: а ён верыў ёй, верыў усяму, што гаварыла! Казала – паганы Корч, насміхалася нават, а сама тым часам меціла на Карча, круціла з ім. Замуж не інакш сабіралася…

«Па-добраму, па згодзе ўсё було!» – прыйшлі яму на згадку Ганніны словы, і ён аж плюнуў: і з ім, з Васілём, абдымалася ды цалавалася, і з другім таксама – «па-добраму, па згодзе»! – І шчэ крыўдзіцца! Шчэ грозіцца!.. Сучка ты, сапраўдная сучка – не што іншае!.."

Спутаўшы Гуза на куп'істым узболатку, Васіль махнуў аброццю на каня, адагнаў яго трохі і ўжо звыклай хуткай хадою накіраваўся ў сяло, калі прыкры, цвярозы одум запыніў яго: спяшацца сёння не было куды. Спяшаўся ён другія вечары да яе.

Ён пастаяў, падумаў, што лепш было б, каб у Курані можна было і не ісці зусім. Застацца тут, на ўзболатку, накрыцца світай і заснуць, забыць пра ўсё на свеце. Ён панура павёў вачыма па знаёмых цёмных стрэхах, неспадзеўкі спыніў позірк на вострых абрысах дрэваў ускрай сяла – то былі Чарнушкавы грушы, – і ўжо не гнеў, не злосць, а шкадаванне, цёплы боль ляглі знянацку на душу. Боль страты. Яна ўжо не яго, яна – чужая. Ён страціў яе. Ён адзін, зусім адзін.

"Ну і няхай! – як бы запярэчыў ён сабе, свайму шкадаванню. – Е аб чым бедаваць! Хто яна мне такая? Пагуляў, пастаяў каля плота – і ўсё. Мало з кім пастаяць можно – дзевак у сяле вунь колькі!"

"Усё адно ніякаго толку не було б ад етаго стаяння… Не пара яна мне, усё адно. Толькі і дабра таго, што краса, – а хіба з той красы жыць будзеш, пабагацееш!.. Е аб чым гараваць – захачу, заўтра хоць з Верай Пракопавай загуляю. Не ёй, не Ганне, раўня: нешто прывязе ў хату. Зямля каля цагельні, мо перападзе трохі…"

Так, шкадаваць не было чаго, гэта Васіль ведаў. І ўсё ж гора страты – як ні дзіўна – не прападала. І хоць дзяўчат многа было, і нават лепшыя, не знікала адзінота. І было прыкра глядзець на цёмныя знаёмыя стрэхі, і не хацелася ісці ў сяло. І не пайшоў бы. Але помніў: там выглядае, чакае маці, дзед Дзяніс прыслухоўваецца, ці не чутны яго крокі. І Васіль нявесела пацягнуўся к сялу.

Стары Глушак, затоены, надзьмуты, маўчаў праз усю вячэру; толькі скончыўшы есці, памаліўшыся на абразы, кінуў на Яўхіма грозны позірк:

– Доўго шчэ будзе ето?

– Што?

– Па дзеўках доўго гайсаць будзеш?

– Хіба ўжэ і падысці няможно?

– Падысці! Блізко вельмі падыходзіш, жарабец гуляшчы!

Яўхім прамаўчаў на гэту абразу, каб не гнявіць старога, які больш за ўсё не цярпеў пярэчанняў, але Глушака маўчанне сына ўзлавала, здаецца, не менш. Стары аж прасіпеў ад злосці:

– Гайсаеш, пакуль не прынясе ў пялёнках байструка! На пацеху бацьку і матцы!

У Яўхіма ўсярэдзіне пахаладзела. "Дазнаўся пра Хадоську! Не інакш!.. Выказаў хто-небудзь ці сама, можа, расплакалася!.."

Тоячы пільны позірк, чакаючы, што будзе далей, Яўхім прамовіў стрымана:

– А вы не слухайце ўсяго – мало хто чаго напляце…

– Праўду кажуць! – абрэзаў яго стары Глушак. – Сам знаю!

Яго грубы тон: "Як з парабкам гаворыць!" – запаліў Яўхіма.

– Дак, можа, вы болей за мяне самога знаеце?

Глушак дзіўна, з сутаргай каўтнуў, як бы хацеў і не мог пракаўтнуць штосьці, – аж маршчыністы сухі кадык напружыўся. Грозна крыкнуў:

– Жаню!!!

Яўхім пачуў, як у ім расце злая ўпартасць.

– Можаце жаніць. Толькі не крычыце, як на парабка!

– Зараз жа!

– Можно і зараз. Мне ўсё адно… Я і сам думаў ужэ…

Маці, якая, прыбіраючы пасля вячэры посуд, сачыла за іх гаворкай з трывогай, адразу ўзрадавана адгукнулася:

– Пара! Дзякуй Богу, узяўся за розум! – Было відаць, што ёй вельмі хочацца патушыць спрэчку – пахваліўшы сына, яна тут жа лагодна падтрымала старога: – А то і праўда, дакуль слухаць бацьку гаворкі етыя, што Яўхім тое ды Яўхім другое? Думаць ды перажываць за цябе на старасці!.. – Яна тут жа параіла: – Матруну Хвелькаву з Алешнікаў! Прыдання скрыня поўная! Карову даюць! Хвельчыха сама казала!..

– Пастой! Раскудахталася! – спыніў яе Глушак. Ён наставіў пранізлівыя тхарыныя вочы на Яўхіма. – Значыць, надумаў?

– Надумаў…

Глушак быў ужо гатоў памірыцца з сынам, але Яўхім, як бы стараючыся ўхіліцца дачаснага прымірэння, папярэдзіў:

– Жанюся. Толькі – адно…

– Што?

– Толькі – кеб з тым, з кім хочу!

Глушак насцярожыўся:

– Дак, можа, і выбраў ужэ?

– Выбраў…

– Аге. – У хаце стала вельмі ціха, Глушачыха каля прыпечка, Сцяпан за сталом глядзелі то на аднаго, то на другога. – Цяпер такія парадкі, што слухаць бацькоў не трэба! Лішняе – слухаць бацькоў!.. Каго ж выбраў?

Бацькаў позірк чакаў, патрабаваў і разам з тым – загадзя – асуджаў, і Яўхім, хоць у думках гатоў быў да гэтай размовы, нечакана адчуў, што баіцца. Ён, аднак, адагнаў боязь – як рабіў звычайна, цяжкі вузел рассек адразу:

– Ганну!..

– Якую?

– Чарнушкаву…

Глушак не паверыў:

– Чарнушкаву?!

– Яе.

Глушак глянуў на сына, як на звар'яцелага. Рука сама сабой перахрысцілася на абразы.

– Ету?.. – Глушак каўтнуў кадыком, хацеў знайсці слова, каб назваць яе, як трэба, і не знайшоў, быццам не было такіх слоў. – У цябе… усе капылы? – запытаўся ў сына.

– Не згубіў.

Па тым, як сказаў Яўхім, было відаць, што ён будзе цвёрда трымацца свайго.

– Ты доўго думаў?

– Доўго. Адну яе хачу.

– Адну яе! – Глушак загарэўся, закіпеў: – Разарыць захацеў! Пусціць па свету! З торбай!..

– Тато! – хацеў супакоіць яго Яўхім, але старога Глушака гэта толькі ўзлавала.

– Па свету! З торбай дранай! "Дайце, людзі!.. Скарыначку!" На старасці!..

– Не кажыце, чаго не трэба!

– Маўчы! Указ знайшоўся! Рано ўказваць стаў! Шчаня!.. – Глушак так зірнуў, што Яўхім мімаволі прамаўчаў. – Дажыў! Выгадаваў! Гадаваў, ждаў падмогі! І выгадаваў! Даждаўся!

Злосць яго на Яўхіма змянілася здзіўленнем і крыўдай.

– Абкруціла! Узяла! Галадранка, а абкруціла як!.. І рукі, і ногі звязала! Бейбусу такому!

– Я сам выбраў. Яна шчэ і не знае.

– Не знае. Абкруціла, прыбрала! Дый не знае!

– Не знае. Шчэ, можа, і не пойдзе.

– Не пойдзе! Даўно, пэўне, не спіць, глядзіць! Калі на чужое дабро ўссесці!.. Толькі ж – не дажджэцца!

– Аддзяліце, калі хочаце. Але – адну яе.

– Ету круцёлку!.. – зноў прарвала Глушака. – Ету пакідуху! К сабе ў хату! На сваё дабро!.. Блудніцу ету!

– Яна – не блудніца! – заступіўся за Ганну Яўхім.

Сцяпан сказаў горача, непахісна:

– Яна – бедная, праўда. Але лепей за яе ў сяле – няма!

– Няма! Маўчы ты, смаркач! – уз'еўся Глушак ужо на Сцяпана. – Не ўтыкай нос, куды не просяць!

– Бо вы, тато, нізашто нагаворваеце!

– Нізашто! Я – нізашто? Чулі? – Глушак паправіўся, кінуў позірк на старую. – Чула?!

– Ціхо ты, Халімонко! – паспрабавала адно супакоіць жонка. – Людзі пачуюць!..

– І няхай чуюць! Няхай усе знаюць, якія дзеці ў Глушака Халімона!.. Каго выгадаваў на сваім хлебе! На радасць сабе!

Ніхто нічога не адказаў. І ад таго, што ўсе ўжо маўчалі і спрачацца не было з кім, стары таксама прыціх. Але спакой, з якім сказаў ён апошнія словы, толькі лепш выдаваў цвёрдасць яго адказу Яўхіму:

– Аб етай кеб і не думаў! На ету дазволу майго, бацькаваго, не будзе!

Раздзел пяты
1

Маўклівая вайна ў Глушаковай хаце, якая пачалася з таго вечара, калі Яўхім аб'явіў, што хоча жаніцца з Ганнаю, ішла без перамір'я некалькі тыдняў. Ні стары Глушак, ні Яўхім, ні хто іншы не заводзілі больш спрэчак, але маўклівасць, якая цяпер заўсёды была ў хаце, нядобрая маўклівасць і ўпартыя цвёрдыя позіркі, якімі часам перакідваліся бацька і сыны, лепш за ўсё гаварылі аб непрымірымым размежаванні ў сям'і.

Вайна, якую вялі Глушакі, была вайной нерваў, вайной цярплівасці. І трэба сказаць, што абодва бакі – і Яўхім, якога горача падтрымліваў брат, і бацька – вялі яе са ўсёй упартасцю, з усіх сіл, верачы, што другі бок адумаецца нарэшце, здасца. Гэтая маўклівая ўпартасць усё ж найбольш адбівалася на маці, якая то схілялася да старога, то да дзяцей, хацела і не магла прымірыць іх і часта плакала ўпотай.

Здавалася, што міру ў хаце ніколі ўжо не будзе, але неспадзявана ўпарты стары не вытрываў, скарыўся.

– Хай будзе па-твойму, – памаліўшыся, адышоўшы ад абразоў, сказаў ён Яўхіму. – Не мне, а табе жыць з ёю!..

Жонка, пачуўшы гэта, узрадавана павяла вачыма на сына, як бы хацела парадавацца разам з ім. Але Яўхім нават не варухнуўся – як стаяў каля люстэрка, прычэсваючы чуб, так і застаўся стаяць.

Маці перахрысцілася на абразы:

– Дзякуй Богу!..

Яна не наважылася сказаць больш ні слова і нават пайшла з посудам к печы нясмела, асцярожна, баялася лішнім словам, няўдалым рухам узлаваць затоенага старога.

– Чаго маўчыш? – кінуў Глушак сыну.

– А чаго гаварыць. Я ж казаў ужэ.

– Казаў! – Глушак не ўтрываў, каб не папракнуць: – Няма таго, кеб як у людзей – у хату дабро несці!.. Дак – з хаты!..

– Нічога з хаты не пойдзе.

– Не пойдзе! Пусці толькі адну галячку, дак адразу наляціць цэлая гайня! І не агледзішся, як расшматаюць усё! Распетраць умэнт!

– Не распетраць!..

– Не мог узяць, як людзі, – не хацеў ніяк супакоіцца бацька, – каб з дабром якую!

Слухаючы бацькавы скаргі і папрокі, Яўхім адчуваў, што бацька саступіў яму, здаўся зусім, што сіла і права цяпер на яго, Яўхімавым, баку. Нараканні старога толькі больш выяўлялі яго слабасць. Разумеючы гэту сваю сілу, Яўхім тонам загаду перарваў старога:

– Хопіць ужэ! Лепей падумайце – каго за сватоў узяць!

– Аге, праўда! – нясмела, але ахвотна падтрымала Яўхіма маці.

– Сватоў – етаго дабра – знойдзецца!..

– А ўсё ж абы-каго ўзяць – не гонар!

– Возьмем не абы-каго!.. За сватоў будуць Пракоп і Аўдоцця, – сказаў бацька, як гавораць пра тое, што ўжо вырашана, і Яўхім адзначыў сам сабе: стары загадзя аб усім падумаў.

– А калі – у сваты? – запытаў Яўхім усё тым жа патрабавальным тонам.

– Не церпіцца дужа? Перахопяць, можа?

– Перахопяць не перахопяць. Адкладуваць – не рацыя!

– А, усё адно! Хоць – у ету суботу!

Стары надзеў шапку, злосна патупаў у кутку каля лаўкі, чагосьці шукаючы, – не знайшоў, памкнуўся пайсці на двор. Каля дзвярэй затрымаўся:

– Мо так і трэба. Цяпер усё – не па-людску!..

Выходзячы, ён моцна стукнуў дзвярыма.

2

Ганна ўбачыла Глушакоў з агарода, на якім брала буракі, – як выпрасталася, трымаючы бурак у руцэ, так і засталася стаяць, не зводзячы здзіўленых вачэй з двара. Хоць не пыталася, з аднаго позірку здагадалася, зразумела, чаго прыйшлі неспадзяваныя госці. Ды і як жа было не зразумець: Глушакі ішлі ўдвух, бацька і сын, – Яўхім красаваўся святочнай паддзёўкай, блішчаў прылізаным чубам, стары трымаўся так важна, што здалёк было відаць – чалавек ідзе не па абы-якой справе. І пры іх – пануры барадаты маўчун Пракоп і Сарока Аўдоцця – сваты, не інакш!

Ганна бачыла, як на ганку Сарока штосьці сказала старому Глушаку, але той толькі кіўнуў, каб не затрымлівалася, заходзіла хутчэй, і яна, нагнаўшы на сябе выгляд чалавека бывалага і сур'ёзнага, – можаце, маўляў, не сумнявацца, справу сваю ведаю, – упэўнена падалася ў хату. За ёй увайшлі і іншыя.

Здзіўленне прыходу Глушакоў у сваты было для Ганны першы момант такое вялікае, што яна як бы забылася на ўсё, не было нават заклапочанасці ці неспакою. Але за гэтым яна заўважыла на вуліцы некалькі маладзіц, што мігам зляцеліся к яе хаце, паглядвалі на вокны, перагаворваліся ўражана, – убачыла сябе як бы збоку, пад чужымі позіркамі, і ёй стала неспакойна. Прыцягнуліся – нешта трэба рабіць з гэтым, нешта сказаць… Трэба будзе ў хату ісці, паказвацца, стаяць перад імі… Перад сватамі, перад старым Карчом, перад Яўхімам!.. Стаяць, чакаць, што надумаюць бацька, мачыха, якую долю вызначаць ёй!..

Чым лепш даходзіў да Ганны сэнс таго, што звалілася на яе, тым трывожней станавілася на яе душы – клопат здаваўся ўсё больш важкім, усё больш грозным. Яна не толькі не хацела гэтага неспадзяванага сватаўства, ёй цяпер было страшна падумаць пра замужжа з Яўхімам, якога яна пасля здарэння ў лесе – хоць нізашто не паказала б яму – дзіўна баялася! Яе асабліва трывожыла тое, што Глушакі сваты былі не абы-якія, ім не так проста даць гарбуз, паказаць, як ісці туды, адкуль прыйшлі, ні з чым, – з Карчамі ў Куранях усе лічыліся, і бацька і мачыха таксама…

Як жа адступіцца ад гэтых сватоў, ад бяды гэтай, – каб бацька зразумеў, ухваліў яе, каб мачыха не асудзіла? Захопленая думкамі-трывогамі, узрушаная невядомасцю, якая прыйшла к ёй разам з Карчамі, Ганна ўсё стаяла на агародзе, апусціўшы рукі з закасанымі рукавамі, не выпускаючы бурака.

Яна ўбачыла, што з хаты выйшаў, ідзе да яе бацька, мімаволі азірнулася ў той бок, дзе жыў Васіль. На той час, здалося, забыла абразлівую спрэчку, гатова была дараваць усё, такім любым пабачыла раптам бераг, ад якога адрывала, несла яе кудысьці злая плынь. Вечары з туманам на балоце, вільготны плот, нецярплівае цяпло яго абдымку!..

Але на Васілёвым селішчы нікога не было.

Бацька падышоў ціхі, разгублены, хвіліну маўчаў, не ведаў, як пачаць.

– Кінь буракі ды прыбярыся… Сваты там… – Ён не адразу дадаў: – Корч і яго Яўхім…

Ганна не адказала. Бацька паглядзеў на яе з любоўю, са шкадаваннем, уздыхнуў:

– Сядзяць за сталом… Цябе ждуць…

Ён гаварыў так, што было чуваць – шкадуе яе і спачувае, але не ведае, што параіць, як памагчы. Ліха ж яго ведае, што прынясе дачцэ гэтае багацейскае сваяцтва, пра якое і не думалася і не гадалася, – як яно там будзе ў іх з карчоўскім хлопцам? На дабро, на шчасце ці на паганае?

– Не хачу я… – шчыра сказала Ганна.

– Баішся?

– Не хачу… Не хачу ісці…

– От прыперлася яно!.. – як бы сам сабе, раздумліва прамовіў бацька. – І кеб хто другі, а то ж – Карчы!..

Ганна, якая заўсёды так добра чула бацькаў настрой, заўважыла: за клопатным роздумам пра яе таілася ў бацьку ганарліва-задаволеная думка – завіталі, кланяюцца, просяць, багацеі! Ёсць, значыцца, і ў яго скарбы, не горшыя за кублы Карчовы!

– Дак што ж рабіць? – нібы папрасіў парады ён. – Што сказаць!

– Тое і скажыце, што думаю.

– Не згодна, значыць?

Але ён нават не крануўся ісці пераказваць яе словы сватам, вялікі клопатны роздум па-ранейшаму панаваў у ім.

– А можа, яно… і нічога? А?.. Можа, мы дарэмно ето?.. Яўхім хлопец такі… любая б за яго…

Ён не так раіў ці казаў пра свае думкі, як пытаўся. Чарнушка ўбачыў – Ганна нязгодна, нецярпліва кінула позіркам на яго, зразумеў, што яна слухаць не хоча, і ўраз абарваў развагі. Няёмка, як бы вінавацячыся, уздыхнуў:

– Эх, кеб знаць, як яно потым бувае!..

Ганна нічога не сказала, яна заўважыла: з хаты выбегла мачыха, подбегам, рашуча рушыла да іх. Яшчэ зводдалі было відаць: мачыха ўгневана.

– Ты што ж ето! Кінуў гасцей – і ні слыху ні дыху! Зваць пайшоў, называецца! – Яна перавяла дыханне, напала на Ганну: – І ты добрая! Такіх сватоў чакаць застаўляеш!

– Можа, бегці трэ было насустрач?

– Бегці не бегці, а і строіць з сябе няма чаго!.. Радавацца б трэба! Такое шчасце!

– Уга, шчасце!

– Шчасце! Першыя гаспадары на сяле!.. Няхай цяпер і пішуць, што галадранцы – улада! Няхай пішуць! А багацеі булі і будуць першыя!

– А мне што з таго? Першыя ці апошнія?.. Булі б да сэрца…

– Да сэрца! Старцам жыць, з перцам есці! Захацела!.. Ды ці Яўхім – не да сэрца? Да ці е ў Куранях хоць адна, кеб не сохла па ім! Штоб не хацела, кеб да яе прыйшоў!

– Мабуць-такі, е.

– А калі е, то – дурная! Бо ніхто другі не раўня яму! І ў Алешніках няма такога! І ў Глінішчах! Нідзе!.. Пражывеш век, гора не паспытаеш! У малацэ ды ў масле купацца будзеш!

Ганна адчувала, як гарачы шэпт мачыхі гоніць бацькавы нерашучасці, сумненні, – старая добра ведала, што трэба рабіць цяпер, ведала нават, што і як будзе заўтра.

– Ты от не любіш, калі я пра Дзятліка кажу. Дак я і не буду! Толькі от скажу – калі на тое выйдзе, калі ён і прывядзе сватоў і ты пойдзеш за яго, усё адно шчасця не бачыць табе! Не будзе яго!

– Вы ўсё наперад знаеце!

– Не будзе! От памянеш маё слова! І сама б знаць павінна! – наступала мачыха, не перадыхаючы і не даючы запярэчыць Ганне. – Што яму, беднаце горкай, трэба найперш? Красы, можа, тваёй? Кеб глядзець, як на ікону, не раўнуючы? Аге! Вельмі рады будзеш красе, калі згаладаешся!.. Скрыню добрую – от і ўся краса, якая трэба яму!

– І ўсё вы знаеце! – сказала Ганна з пагардай, стараючыся не паддавацца ўгавору мачыхі: ведала, як многа ў яе словах праўды.

– А то, можа, не?! – адразу рынулася зноў у наступ мачыха. – Можа – не?!. Мо па красе тваёй сохне!.. Чаго ж ён тады круціць пачаў? То ад двара нашаго не адыходзіў, воч не спушчаў, а то – і глядзець не глядзіць! За вярсту аббягае!..

Мачыха заўважыла, як пры гэтых словах нядобра пацямнеў Ганнін твар (дайшло-такі, у самае сэрца трапіла!), – спалохана, баючыся лішне раззлаваць, перамяніла гаворку, прамовіла супакойліва:

– Ну, добра, добра! Не буду, калі не даспадобы!.. Пра нас, пра бацьку падумала б!.. Як яму дажываць век, у нішчымніцы?.. Не малады ўжэ, не тыя часы, калі рабіць мог, ні дня, ні ночы не чуючы. Пакосіць сена да паўдня, дак спіна – крукам, тыдзень потым стогне. Сноп на вілы падыме – рукі, як галінкі сухія, дрыжаць. Скора ўжэ і саўсім на печ ляжа – хто скарынку падасць, старому?..

Бацька адгукнуўся з папрокам:

– Ну, от бо, завяла!

– Завяла! Праўду кажу!.. І пра браціка, пра Хведзьку, не грэх падумаць! Усё ж такі не чужы табе – бацькава кроў, родная!.. Дзяліць – калі што якое, прымак там ці хто прыстане – няма чаго!.. Зямелькі – далонька… Ды і тая… Не табе… казаць!..

Мачыха не дакончыла, губы яе горка скрывіліся: ах, што гаварыць гэтай каменнай дзяўчыне, у якой ні шкадавання ні к каму, ні нават клопату аб сабе! Яна адвярнулася, закрыла вочы ражком хусткі, худыя плечы яе задрыжалі…

– Ну, от, етаго шчэ не було! – паморшчыўся бацька, які трываць не мог слёз. Ён хмурна і лагодна крануў Ганну за локаць: – Хадзем ужэ! Пакажыся!

Ганна кінула бурак, выцерла рукі аб спадніцу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю