355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 14)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 28 страниц)

– Я думаю, што вы, дзядзько Андрэй, дарэмно баіцеся! – цвёрда заявіў Міканор.

Руды загарэўся:

– Я – дарэмно? Уся новая навука, та-скаць, етай думкі трымаецца! А тое, што робіць Пракоп, ето – шкоднае заблуждзеніе!

Міканор нейкі час рабіў з імі. Тое, што ён быў побач, стрымлівала абодвух, але Міканор адчуваў, што як толькі ён адыдзе, спрэчкі і нелады пачнуцца зноў. Трэба было паставіць некага тут за старшага.

Да Андрэя як да чалавека ў Міканора было больш веры: робіць шчыра, ад усёй душы, Пракоп жа ў вочы ніколі проста не зірне, тоіць нешта, здаецца. І ўсё ж Міканор выбраў за старшага Пракопа: гэтага будуць слухацца! У гэтага будзе лад.

Яшчэ раней заўважыў Міканор, што зямля з бакоў грэблі асыпаецца ў канаву, і падумаў, што трэба сплесці пляценьчык.

– Работа е ў мяне для вас, дзядзько Андрэй, – сказаў Рудому. – Важнецкая, акуратная!..

4

Васіль быў між тых, якія масцілі грэблю. Ён трымаўся Пракопа і, было відаць, стараўся дагадзіць яму. Люба было бачыць Міканору, як хлопец стараўся. Нібы і не ён хацеў быў адкруціцца, паслаць дзеда. Але хутка Міканору кінулася, што Пракоп злосна зіркнуў на свайго памочніка – Дзятлік нібы не бачыў таго, што рабіў. Тады Міканор і заўважыў, што хоць Васіль увіхаўся каля старога са ўсёй нібы душой, ён не так памагаў, як замінаў. Куды больш, чым за Пракопам, Васілёвы вочы сачылі за Ганнай Чарнушкавай. Іншы раз, мусіць, адну яе і бачыў.

Хітраваў, таіўся і тут: глядзеў спадылба, зладзейкавата, як бы асцерагаўся, што хто-небудзь паквапіцца, абкрадзе яго. Няпроста было хаваць гэта: увесь аж гарэў то нястрымнай цікаўнасцю, то нецярплівым чаканнем. Чакаў недарэмна, нярэдка яна сустракалася з ім вачыма, вясёлымі, прыхільнымі, – і Васіль хораша, радасна яснеў. Толькі міг відно было гэтае шчасце, бо тут жа галава асцярожліва схілялася…

Міканор бачыў, як насцярожыўся, спахмурнеў Васілёў твар, калі да Ганны, фарсіста водзячы плячыма, з папяроскай на губе, падышоў Яўхім Глушак, стаў смешкам штосьці гаварыць, памагаць цягнуць алешыну. Ганна хацела была адабраць алешыну, але ён не аддаў, з гуллівай усмешачкай ішоў разам, пакуль не данеслі да Пракопа, да Васіля, які нават вачэй не падняў. Са смехам пайшоў Яўхім з Ганнай назад, а Васіль, разгублены, ваўчкаваты, стаў памагаць так няўдала, што Пракопа прарвала:

– Аслеп ты, ці што!

Васіль словам не павінаваціўся, не захапаўся, толькі яшчэ больш затаіўся. «Раўнівы! Ну ж, раўнівы!» – падумаў Міканор. Ён з увагай зірнуў на Ганну, як бы шукаючы адгадкі, чаму да яе так ліпнуць: і Яўхім чапляецца, і Васіль сохне. Зайчык і той не пройдзе блізка, каб не падурэць. Хадоська ж чамусьці надзьмулася… Столькі неспакою ад адной Чарнушкі!

«Перавесці трэба, куды-небудзь далей. К Сароцы, капаць зямлю, ці што…» – падумаў Міканор.

Ён больш не тлуміў сабе галавы гэтым. Жыў іншым – вялікай, шырокай уцехай. Работа ішла ўсё раўней і дружней. Ужо ледзь не ўсе Курані завіхаліся на грэблі і каля яе. Ускідваліся і ўскідваліся рыдлёўкі, чвякала і чвякала, падаючы, мокрая твань; з шорхатам, метучы торф, цягнуліся за людзьмі дрэвы і галлё; парыпвалі калёсы са свежай зямлёю, хораша жаўцелі ўсё новыя горкі, якія неўзабаве прападалі, рассыпаліся ў роўнядзі чыстай паласы, што ўсё даўжэла і даўжэла.

Тут пад нагамі была ўжо не падатная багна, не клятая-пераклятая чорная гразь, а цвёрды, надзейны грунт, пад якім чулася прыемная моц дрэваў. Перамяшаная з пяском зямля напаверх жаўцела весела, святочна…

Маладыя і пажылыя, мужчыны і жанкі, белыя і фарбаваныя зрэбныя сарочкі, кофты, паркалёвыя хусткі – калі яшчэ было, каб столькі людзей у Куранях сышліся разам, адзін к аднаму, на адзін клопат, на адно дабро. Міканор бачыў – на другім баку такія ж постаці, такія ж сарочкі і хусткі.

От, каб сабраць усіх так – і на балота. Ды каб не толькі з Куранёў і Алешнікаў, каб яшчэ з Глінішчаў, з Мокуці, з Хвойнага. От бы лугоў нарабілі, от бы зямлі прыдбалі – ураз бы лягчэй стала дыхаць. Толькі ж цемната якая: ты іх, як той казаў, тварам у малако тыкай, усё роўна не дадуць веры. Як бы не хочуць бачыць дабра свайго!..

Сонца ўгравала ўсё мацней, было душна і парна. Твары заплывалі потам, сарочкі не высыхалі. Усе праглі піць – Міканору прыйшлося паслаць падводу прывезці бочку вады. Яшчэ да таго, як падвода вярнулася, ляснік Міця вылез з канавы, аб'явіў не як просьбу, а як патрабаванне:

– Трэба перадыхнуць!

Некалькі галасоў дружна падтрымалі яго. За Міцем пачалі выбірацца з канаў, абціраць твань з рук, з твараў другія, і Міканор даў каманду зрабіць перадышку.

Усе сыходзіліся на грэблі: большасць мокрыя вышэй пояса, з абляпанымі тванню сарочкамі, з тварамі, бруднымі, чорна-рудымі, хто стаяў, курыў, хто садзіўся на мяккую, яшчэ не раскіданую горку, хто разлягаўся проста на зямлі. Гаманілі, жартавалі. Зайчык нібы незнарок прытуліўся да Ганны, раптам ушчыкнуў яе за бок.

Дзяўчына няласкава штурханула Зайчыка, але старога жартаўніка гэта толькі павесяліла.

– Вы б, дзядзько, етыя штучкі з якой равесніцай сваёй! З цёткай Сарокай бы!

– Ахвота мне – з Сарокай! З етым старым дзеркачом!

– Дак і вы ж, здаецца, не кавалер малады!

– Малады ці не малады, а на маладое – цягне!

– Вас ужэ на печ цягнуць павінно!

– Цягне і на печ. І да дзевак! Страх! – Падахвочаны агульнай увагай і смешкамі, ён зноў памерыўся ўшчыкнуць Ганну, але яна пагразіла:

– Дзядзько? Таўхану – дык у балото палеціце!

– Аге? – Зайчык ухмыльнуўся, а ўсё ж адступіў. – Злая ж, ліхо на яе! Таўхане – і праўда, у балоце выкупаешся!

Ледзь толькі ён, крыўляючыся, адышоў ад Ганны, да яе рушылі Яўхім з Ларывонам. Але тут, насцярожаны і строгі, падступіў і Васіль.

– От, кумедзія! – паківаў галавой Андрэй Руды. – Як каршакі, та-сказаць, – удваіх каля адной!

– Хто – удваіх? – не зразумеў Міканор.

– Дзятлік і Глушак еты! Удваіх, як каршакі, следавацельно. Каля адной!

– Дарэмна ён круціцца, Глушак… Не выйдзе ў яго нічого!

– Ето шчэ, та-скаць, віламі на вадзе пісано!..

Міканор толькі мелькам зірнуў на Васіля і Ганну, яму не здалося гэта такім цікавым, як Рудому. Уся ўвага Міканора была з Пракопам, які, уткнуўшы бараду ў шырокія расхрыстаныя грудзі, важка сунуўся ўсцяж канавы, панура аглядаў, штосьці думаў. Дзіўны, звераваты чалавек – заўсёды, здаецца, штосьці тоіць нядобрае. А сам жа нібы і не злы, і не паганы…

– Чаго глядзіце? – не вытрываў Міканор.

Лясун схаваў вочкі пад густой чарнатой броў.

– Так… Нічого…

– Глядзіць, ці не лепей на канаву перабрацца! – падчапіў Зайчык. – Работа там – зайздрасць бярэ!

– Каб яе рукі не чапалі, работу такую! – вылаяўся Нібыто-Ігнат, што сядзеў на капцы зямлі. – Рыешся ў гразі, нібыто чорт лазаты!

– Лето, та-сказаць, не зіма. І ў балоце, следавацельно, не так, як зімой. Цёпло, мякко, – хацеў пажартаваць Руды.

– А от пакапайся ў етым мяккім!

– А нашто яму! Яму і тут непагано.

– Я там раблю, куды, следавацельно, пастаўлены! – не здаўся Андрэй.

– Заўтра і ідзі! А я – нібыто – на сваё месца!

– Правільно! Па чарзе!..

– Але ж і вы перарабіліся, – загарэўся Міканор. – Толькі, можно сказаць, улезлі ў балото, намачылі пасталы…

– А ты ж і таго не пабуў!..

– Чаго ён не астаўся там – і дурань знае! – заступіўся за Міканора Хоня.

Хоню ніхто не запярэчыў, і Міканор пачуў, што чалавек сказаў крыўднае яму ад таго, што самога пакрыўдзілі.

«Не трэба было так кідацца, мякчэй трэба было», – папракнуў сам сябе Міканор. Ён загаварыў, нібы апраўдваючыся:

– Канешне, не сакрэт – у твані не соладко! Ніхто не скажа, што рай! Дак хіба ж мы не ў твані етай з дня ў дзень!

– То-та і яно! І без етаго ачарцело! – Ігнат дадаў: – Грэбля ета нам – нібыто белая булка, калі і чорнага хлеба не бачыш!

– Як хто, а я дак і ад етай бяды – ад белай булкі не адмовіўся б, калі ўжэ няма хлеба! – сказаў весела Хоня, якога падтрымалі дружныя смешкі. Калі смешкі аціхлі, ён прамовіў задуменна, сур'ёзна: – Кален не памачыўшы, мабуць, нічога не дабудзеш! Ні булкі, ні хлеба чорнаго!

– Ето праўда! Ніхто ў рот не пакладзе! – падтрымаў Алёша Губаты.

– Усё-такі, грэц яго, нешта ўрабілі ўжэ, – Чарнушка глядзеў на жаўтлявую паласу грэблі. – Небагато пабулі, а ўжэ – сказаць – відно трохі!

– Не вельмі – нібыто – і відно. Ето – як жменька скошанаго на вялікім лузе…

– Работы – не сакрэт – багато, – згадзіўся Міканор. – А толькі ж – не попусту яна, на карысць – і людзям, і сабе! От што, па-мойму, галоўнае…

– Патом, канешне, нічого не скажаш – анігадкі будзем! Абы – от агораць усё! – Алёша Губаты заклапочана задыміў цыгаркаю.

– У тым-то і соль уся – штоб агораць! А патом – патом, канешне, маючы сваю грэблю, – анігадкі!..

– Агораем! – Хоня разлёгся на горцы пяску, пацягнуўся дужа. Жмурачыся ад сонца, сказаў весела: – Ето толькі пачынаць страшно! – На мурзатым ад твані твары зубы бліснулі бела, ярка.

– Усё выканаем, калі людзей сарганізуем! Трэба, Міканор Дамецевіч, перапісаць усіх, каторыя не явіліся, і, та-сказаць, заставіць у абавязковым парадку!

– Ето правільно! – прабубнеў Пракоп Лясун. – Штоб усе рабілі!

Міканор паабяцаў, што сёння ж з Грыбком, як членам сельсавета, абыдзе людзей, якія не прыйшлі на грэблю, і даведаецца, чаму каго не было, і калі трэба будзе – перадасць прозвішчы іх у сельсавет.

– Як ето ў другіх сёлах у камуны паўступалі! – падумаў уголас Хоня, што жмурыўся на сонца. – І робяць, і жывуць разам, дружно, не ядзяць адзін аднаго!

– Усяляк, мабуць, і там, Хартонко, бувае, – сказаў Зайчык. – Не людзі хіба там?

– Людзі-то людзі. Да ў нечым, можа, і не такія…

– Там – та-сказаць – як сям'я, каторая дружно жыве! – кінуўся тлумачыць Андрэй Руды. – Усе, следавацельно, – як браты дружныя!..

Міканор перабіў яго:

– Там галоўнае – не сакрэт – сумленно робяць і сумленно жывуць адзін з адным! На свядомасці ўсё!

– Я ж і кажу – як дружная сям'я! – Андрэй, што трымаў цыгарку далікатна, кончыкамі пальцаў, адмыслова ж, тоненькім струменьчыкам выпусціў дымок цераз ноздры, прамовіў філасофскі, павучальна: – У балоце, між лесу гібеем. Та-сказаць, як звяры якія. От і дзікасць ад таго, следавацельно!..

– Ето праўда, грэц яго, як ваўкі якія. Толькі і розніцы – што ў ваўка бярлога…

– А ў цябе дак палац?

– Гора ўсё людское, нястача, – уздыхнуў Грыбок. – З бяды людзі крывуюць адзін на аднаго, з'есці адзін аднаго гатовы…

– А па-мойму – ад цеснаты ўсё! – Чулася, што Хоня перакананы ў гэтым да канца. – Куды ні кінься – лес, пясок, балото. Разгарнуцца, дыхнуць няма як!

– Жытка, маць яе…

– Жытка-то жытка, ды і самі вінаватыя!

Курылі, моўчкі думалі кожны пра сваё, той-сёй з дзядзькоў драмаў. Зайчык першы разбіў думную маўчанку:

– То ж, мабуць, шчэ ніколі не було, штоб столькі сыходзілася на якую работу разам! Як у Юравічы на добры базар, дзетачкі!

– Праўду казалі – галава еты Апейко! І алешніцкіх – на помач!

– У етым, грэц яго, уся рацыя, штоб народ падняць! А як народ паднімецца, дак усё зробіць!

– От жа, кеб можно було тое, што Міканор на сходзе казаў, – з юначым захапленнем загаварыў Алёша. – Кеб асушыць балото. Ды жыто і авёс і ўсё другое пасеяць! Ето ж зямлі було б!

– Сказаў! Вазьмі яе!

За Алёшу адгукнуўся Хоня:

– Бяруць жа некаторыя!

Людзі не вельмі спрачаліся – чулася гарачыня і стомленасць. Міканора і самога хіліла на дрымоту, і ён падумаў, ці не на дождж санлівасць гэта паказвае; але неба было пакуль чыстае, з рэдкімі белымі хмаркамі, што, здавалася, таксама драмалі ў нерухомай, гарачай высі.

Не вельмі думалася ў спякотнай дрымотнасці, але і цераз яе Міканор чуў: настрой у людзей змяніўся, як бы і самі людзі змяніліся. Адарваліся ад стаянкі, крануліся і вось – ідуць і ідуць; і хоць чорныя ад твані, хоць млеюць ад спёкі, дарога ўжо не такая непрыемная нібы, не палохае ўжо. Цікавая нават дарога – вабіць, бадзёрыць, весяліць людзей, кліча зазірнуць, што там далей на ёй…

«І нашы куранёўцы не горай за другіх, – плылі паволі думкі ў Міканора. – І з нашымі можно рабіць… Абы толькі падняць ды павесці… А так яны пойдуць… Людзі як людзі… Нічого, мы шчэ пакажам з етымі людзьмі!..»

Ён весела адагнаў млоснасць, устаў першы.

– Дак, можа, – перадыхнулі ўжэ?

– Перадыхнулі, – устаў і Чарнушка. – Можно ехаць.

За імі пачалі ўставаць і другія…

Амаль два тыдні дзень у дзень збіраліся куранёўцы на грэблі, капалі канавы, цягалі галлё, вазілі, раскідалі зямлю. Пад канец другога тыдня грэбля вымяралася ўжо не дзесяткам-другім крокаў: без малога на вярсту між балотных алешнікаў, беразняку, шызых купчастых лазнякоў напрасткі ішла жаўтлявая цвёрдая паласа, па якой так лёгка, так радасна было і ісці і ехаць возам.

Дні гэтыя былі ці не самыя турботныя і, мусіць, самыя шчаслівыя ў Міканоравым жыцці. Яшчэ б які тыдзень-другі – і абодва канцы грэблі маглі б сысціся, яны былі ўжо як дзве рукі, што вось-вось павінны былі злучыцца. Але акурат у гэты час жыццё на грэблі стала хутка ўціхаць. Што ні дзень людская ўвішнасць тут спадала і спадала, усё менш і менш прыходзіла на грэблю. Людзі жылі іншым клопатам.

І як ні шкада было Міканору, гэтага ніяк няможна было змяніць: падступіла касавіца. А за касавіцай блізілася жніво: значыцца, сціхала на грэблі не на дзень, не на два – надоўга.

Сціхала, і нічога няможна было зрабіць, трэба было і самому ісці касіць. Касіць і чакаць, калі зноў прыйдзе час для грэблі, чакаць доўга. Да позняй восені, да зімы.

Раздзел чацверты
1

Ішоў жнівень. Дні плылі спякотныя, неба глыбілася нязмерна высокае, неабсяжнае, сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Трава на вільготных узлессях, купы і купкі хмызняку на падсохлых узболатках, асіны каля цагельні буялі, былі ў пары самага росквіту. Узлессі, палянкі поўніў неўтаймоўны, руплівы гул, звон незлічоных дробных насельнікаў добра ўвагрэтай зямлі. Звон гэты і шматгалосы птушыны спеў у шчодрых, пранізаных сонцам зарасніках сплеценага галля і лісця чуліся тут цудоўнай песняй жніўня.

Поле жыло ўжо іншым настроем, ціхай, шчымлівай журбою. Журба гэтая ішла не толькі ад таго, што поле галела, што ў ім адчуваўся нядобры, пагібельны подых недалёкай восені. Знакі звядання там і тут прыкметна прабіваліся ўжо і ў лесе. Чэзлыя, рэдкія бабкі, што нядружна ўставалі пад сумныя, падобныя на ціхае галошанне песні жанок-жней, былі як страшныя знакі марнасці, няспраўджанасці чалавечых надзей. Сіратлівыя бабкі гэтыя выглядам сваім як бы казалі: вось усё, на большае не спадзявайся, большага не будзе, гэта ўсё, чым магла адплаціць за працу няшчодрая на аддарункі тутэйшая зямля…

Спявала, дажынаючы паласу, і Ганна, якой час ад часу памагала, падгалошвала мачыха.

– Да перастаньце вы ўжэ, – не вытрываў нарэшце Чарнушка. – Усё роўна як на могілкі сабраліся везці!..

– А не падабаецца, дак не слухаў бы, – адказала, аціраючы з гарачага твару пот, мачыха. – Грошай не просім жа!..

– Грошай… Да кеб булі грошы, дак не пашкадаваў бы, заплаціў, штоб не гулі, памаўчалі… І так маркота, а тут – як на хаўтуры!..

Бачачы, што мачыха не жне, Ганна паклала зжатую жменю белаватых чэзлых сцяблоў на разгорнутае на пожні перавясла і таксама разагнулася. Хвіліну стаяла так, выпрастаная, нерухомая, у выцвілым зрэб'і, з падаткнутым фартухом, з хустачкай, казырочкам насунутай на бровы, – чакала, калі перастане ныць, памякчэе здранцвелая спіна. Стаяла, нічога не бачыла, нічога не думала, жыла ціхай радасцю: можна трохі перадыхнуць. Потым, калі села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля костачкі, выставіла яе, смугла, да чарнаты загарэлую, распісаную да кален белаватымі пісягамі і закарэлымі плямкамі крыві, паслініла палец і прыклала да паколіны. Паглядзела на рукі – яны таксама былі чорныя, з белаватымі пісягамі і знакамі сляпнёвых укусаў.

У галаве яшчэ стаяў шорхат жытнёвых сцяблоў, мернае жыканне сярпа. Стомлена жмурачыся ад зіхотнага сонца, яна перавяла позірк на поле: нібы ўпершыню заўважыла, як сумна спусцела навокал апошнімі днямі. Рэдкія бабкі тырчаць, дзе-нідзе віднеюцца вазы. На адны з іх складваюць снапы, другія, перавальваючыся з боку на бок, як жоўтыя жукі, цягнуцца к Кураням.

Нямала палос ужо зжата зусім, на другіх жыта яшчэ млее маленькімі і большымі купамі. На кожнай паласе, дзе толькі стаяць бабкі ці расце жыта, варушацца людзі: хлопцы, жанкі, дзяўчаты, мужчыны, дзеці; шарэюць, бялеюць сарочкі, хусткі – усе Курані, здаецца, перабраліся ў поле. У каторых дзеці малыя, тыя прыехалі з калыскамі. Унь Хадора падышла да калыскі, што вісіць на састаўленых дручках, узяла малое, расшпіліла кофту, не садзячыся, прытуліла дзіця да грудзей…

Карчы ладуюць воз. Яўхім чапляе перадок рубля за вяроўку… Хадоська жне ўтраіх, з бацькам і маткаю. Хутка ўжо кончаць – стараюцца, з самага рання ідуць не разгінаючыся, руплівыя. Ім сёлета пашанцавала: жыта ў іх не такое паганае, як у іншых, будзе хоць што змалаціць.

А ў Дзятлікаў, у Васіля яе, жыта таксама нікчэмнае, мэндлікаў столькі і такія, што і глядзець горка. Як і ў іх, у Чарнушкаў…

Васіль ужо таксама блізка да канца паласы. Жнуць удваіх, маці з сынам. Жне і не азірнецца, сагнуўся, утаропіўся ў зямлю, бачыць толькі жытнёвыя сцяблы ды перавясла – хоць бы раз кінуў вокам на яе, на Ганну. Дык не ж…

Няўжо ж такі і не павернецца да яе, не гляне? – ужо раўніва думае Ганна, не сярдзіта, а больш лагодна, цікаўна, і не зводзіць вачэй з Васіля. Ну, калі не азірнецца, не адкажа позіркам, няхай дабра не чакае!.. Ганна думае ўжо, чым адпомсціць яму на такую няўвагу, але ў гэты момант Васіль, што звязаў сноп, як бы пачуў яе думкі, пагрозы – зірнуў на яе.

Ага, спужаўся! Не хоча, значыцца, каб злавала!.. Ганна сочыць цікаўна: Васіль не толькі азірнуўся, а стаіць ужо, думае штосьці, як на раздарожжы. Паклаў серп, шоргаючы нагамі па пожні, з усмешкай і радаснай і, як заўсёды перад яе бацькам, вінавата-сарамяжай ідзе да іх. Васілёва маці таксама перастала жаць, глядзіць услед сыну…

Такі як бы сарамяжы, рахманы, а колькі гонару, строгасці колькі ў ім! Ганне ўспомнілася, як хмурна глядзеў Васіль на яе зімою, вярнуўшыся з Юравіч, калі спаткаліся першы раз адны. Як раўнаваў, дзівак, да Карча! І хоць бы слова сказаў – стаяў, апусціў непадступна жорсткія вочы, капаў лапцем снег… Толькі губы ад крыўды крывяцца, дрыжаць… Аб чым яна тады гаварыла?.. Помніцца толькі, што спачатку было няёмка, як бы грэшная перад ім была, а потым неспадзеўкі стала смешна. Ледзь стрымалася, каб не засмяяцца: баялася, што зазлуе, пойдзе ад яе!

Недарэмна хацелася смяяцца: з той раніцы колькі вечароў, начэй былі разам, грэліся ў маразы, у завірухі, тулячыся да вугла яе хаты. А вясна – голадна было, кару ў муку падмешвалі. Другім свет нямілы, здавалася, – ці да кахання, а ні аднаго вечара, мусіць, не ўседзелі асобна!..

Толькі Корч часам прыб'ецца, прыстане, нагоніць хмурнасць на Васіля, але Ганна ўмее ўжо разганяць гэту хмурнасць. Не ўгаворамі, а смешкамі – кплівая ўсмешка ўраз нішчыць Васілёву падазронасць.

Вось і цяпер Ганна ловіць Яўхімаў позірк – на хвіліну перастаў увязваць воз, глядзіць, як Васіль падыходзіць да яе, як сустрэнуцца. І да чаго ж упарты гэты Корч! Усё роўна як прыліп! Чым больш гоніш яго, тым, здаецца, больш ліпне. Ды яшчэ злуе – праўда, не паказвае, усмешачкай хавае злосць. Але Ганна ўсё чуе: думаў, кожная, абы толькі зірнуў, растане адразу, а тут раптам – дуля. Ну, цяпер ужо, мусіць, адчэпіцца, паспрабаваў, апёкся… Недарма ж да новай леснікоўны зазіраць стаў.

– Што ето вы, дзядзько, паселі ўсе? – сказаў Васіль, абы сказаць. – Сама пара рабіць, а вы – як на свято.

– Дак і ты ж, здаецца, не робіш?

– А я, гледзячы на вас!..

– І што ты, грэц яго, знайшоў ва мне, што ўсё глядзіш да глядзіш, – як бы пажартаваў бацька, але прамовіў сур'ёзна: – Упадабаўся я табе, ці што?

– А то – не, думаеце? – Васіль падміргнуў Ганне і разам з ёй засмяяўся.

– Пажаніць бы іх! – падышла Васілёва маці. – А то ж, сказаць, не днюе, не начуе дома. Схуднеў – адны шчэлепы тырчаць!

– Мамо, што ето вы нас усё жэніце? Толькі падыдзеце – пажаніць ды пажаніць!..

– Пажаніць, можно і пажаніць, – сказаў Чарнушка. – Дык ты ж, мабуць, не аддасі Васіля ў прымы? – Ён зірнуў на маці хітра, але ўсё з той жа панурасцю.

– А нашто ў прымы? Ці ў мяне хата поўна дзяцей?

– Поўна не поўна, а і мне без Ганны не выходзіць. Без Ганны я – як без рук…

– Дак то ж хіба далёко пойдзе? – спрачаецца не на жарт маці. – Як трэба будзе, дак яна ж тут як тут. Зробіць вам усё, што трэба!..

– Ето, як той казаў, пакуль: косю, косю – да ў аглоблі. – Чарнушка не даў сказаць Васілёвай маці, прамовіў панура: – Есці от што яны будуць? Што мы будзем? Ёй не тое што замуж ісці, а, можа, кеб з торбай па хатах не прыйшлося!

– Што ты кажаш, суседко! Перажывем неяк. Перагораем, буць не можа. Прывыклыя…

– Ето такая прывычка, што здохнуць нядоўга… І калі яно ўсё кончыцца! Усё думаеш: от-от узаб'ешся на хлеб, жылы рвеш, і – нб табе! – Чарнушка плюнуў.

– Кеб усім зямлі пораўну, адзінакавай, то маглі б і перабіцца. А то ж аднаму густо, а другому – пусто, – адгукнулася мачыха. – Савецкая ўласць, называецца…

– Упарадкаванне абяцалі, а нешто і носу не паказуваюць…

– А хто табе яго будзе рабіць? – адказвае Васілю Чарнушка. – Улада што? Яна дае закон, а закон той – як дышло… Закон той людзі прымерваюць. Як людзі людзьмі, то і закон – закон. А як маўчаць кожны будзе ды сядзець склаўшы рукі, дак і ўлада не паможа!

– Дак а чаго ж крычаць без толку?

– Чаго без толку? Трэба з толкам!

– Дак дзе ж той толк?

– Жалувацца трэба ў воласць! У другіх ці парабілі ўпарадкаванне зямлі ці робяць, а ў нас – ні слыху ні дыху! Жалувацца! Няхай прыязджаюць! У тым годзе бандзіты папужалі, а цяпер жа, дзякуй Богу, ціхо!

– Кажуць, у Мокуці булі ўжэ зноў.

– Кажуць, кажуць! Брахні ўсякай ходзіць!.. – Чарнушка раптам сказаў непрыхільна: – І што за зямля тут: то балото, гразюка такая, што канца-краю не відно, то пясок, што ў самого чорта нічога не вурасло б! Праклятае якоесь месца!

– Не падабаецца, дак паехаў бы на Ўкраіну сваю хвалёную! – не вытрывала, раўніва прамовіла мачыха. – Не дзержыць ніхто.

– Не дзержыць… Кеб не дзяржало!.. – Ён сказаў задуменна, загадкаю: – Балото як возьме ногу, зассе, зацягне ўсяго. Душу зацягне…

– Хто ж цябе дзержыць? Хто?

– Мо – хто, а мо і – што! Тут нутром разумець трэба, а не расказуваць… Не малая сама…

– Не малая, а не знаю. «Кеб не дзяржало»! Ну, хто цябе дзержыць?

– Ты! – прамовіў Чарнушка такім голасам, у якім амаль не было чутна жарту. – Як жа я з табой выпраўлюся ў такую далёкую дарогу? А пакінуць – адвагі не хапае. Там жа другой такой, мабуць, не знойдзеш!..

– Ну дак і маўчаў бы, не вякаў попусту, – як старэйшая, разумнейшая, сказала мачыха.

Васіль, перахапіўшы змоўніцкі Ганнін позірк – вось бачыш, якія ў нас гаворкі бываюць, – паспрабаваў разагнаць нядобрую маўклівасць.

– Усюды, кажуць, добра, дзе нас няма… Нічого! Пераб'ёмся пакуль як-небудзь. А там – зімой – у лес, на нарыхтоўкі. Глядзі, і завядзецца капейка. А як трэба будзе яшчэ, то вясной і на сплаў можно!..

– Сплаўшчыкам, гавораць, плацяць добра…

– Гавораць… – Лагодны Чарнушка сёння яўна быў не ў настроі, і, каб не ўлазіць у непатрэбныя спрэчкі, ніхто не стаў яму пярэчыць.

Памаўчалі трохі для прыліку і сталі разыходзіцца.

Толькі Чарнушка сядзеў яшчэ нейкі час, унурыўшыся, думаў пра штосьці сваё – пра жыта, можа, ці пра амаль забытую Чарнігаўшчыну, ці пра жонку, якая не разумее, што яго тут трымае. А можа, пра дзіўную, пакрыўджаную Богам зямлю гэту, якая выратавала некалі ў галодны год, назаўсёды забрала сабе душу яго.

Зямля, зямля – бяскрайнія разлівы гнілой твані ў нізінах, зыбучыя пясчаныя хвалі на ўзгорках! Яркая, шчодрая і залатая з выгляду, зманлівая, няласкавая да дзяцей сваіх красуня, – колькі жніўняў такіх бачыш ты гэтыя рэдкія, бедныя бабкі на сваіх палосах, слухаеш страшныя думкі куранёўскіх жанцоў і жней!

Колькі жніўняў яшчэ слухаць будзеш?..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю