355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 5)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 28 страниц)

2

Дзяўчаты і хлопцы, што хвіліну назад бачылі і слухалі адну яе, цяпер ураз як бы забылі аб ёй, загаманілі кожны пра сваё. Ганна, адчуўшы, што за ёй ніхто асабліва не сочыць, ужо хацела прытуліцца да Хадоські, запытацца аб тым, што трывожыла, калі Хадоська раптам горача абняла яе, голасам, поўным бязмежнага спачування і жалю, абпаліла:

– Бедная… Бедная ты мая, Ганулечка… Няшчасная…

«Значыцца, няма, не вярнуўся Васіль», – здагадалася Ганна і раптам зноў успомніла, як ён ішоў па вуліцы, не гледзячы ні на кога, дзікаваты, злосна мясіў гразь… Шабету ўспомніла з канём на повадзе, твары людзей, якія ўсё бачылі – Васілёву і яе ганьбу. Прыкрасць і жаль, сорам і боль зноў ажылі ў ёй, замуцілі свет… Чаму ўсё так сплялося?

– Забралі яго? – як бы не паверыла, ціха прашаптала Хадосьцы.

– Павезлі. У Юравічы, кажуць…

Ганна нічога больш не пыталася, нічога не гаварыла. Ёй не хацелася і думаць нічога – усё было такое незразумелае, блытанае. Доўгі час яна і не заўважала нічога навокал, не магла слухаць. Як бы праз туман, прайшлі праз яе смутную прыгнечанасць першыя словы, якія нечым кранулі ўвагу, прымусілі яе адгукнуцца.

– І цяпер калачуся, як успомню!.. – пачула Ганна. Яна мімаволі, нявесела стала слухаць. – Бацько сам едзе ні жывы ні мёртвы… Хрысціцца сам сабе… Губы сашчапіў, не варухне губамі… кеб той, крый Божа, не пазнаў, што малітву бацько робіць… не ўгнявіўся…

– Аб чым ето яна? – не зразумела Ганна.

– Ведзьмака сустрэлі, – ціха, з асцярогай прашаптала Хадоська, неспакойна азірнулася ў цемру, быццам баялася, што іх слухаюць. Яна перахрысцілася. – Не дай Бог, пачуе!..

Ганна зразумела яе страх, ведала, што ведзьмакі не любяць, калі іх так завуць, помсцяць за гэта. Ведзьмакі хочуць, каб іх звалі чараўнікамі.

– Чараўніка?! – здзівілася Ганна. – Якога? Што ў Хвоенцы?

– Аге ж.

– Усю дарогу калаціліся, – апавядала гарбатая Прося. – Як, скажыце, жывыя з лесу выбраліся!.. Лес той – то буў ціхі, а то зрабіўся страшны – гудзе, скуголіць, як на хаўтуры… А ў тым гудзе – чую – як бы костачкамі стукае мярцвяк… Ідзе, ідзе за намі, блізенько, рукой дастаць, і – стукае… Стук-стук… Стук-стук…

– Страхоцце якое! – жахнулася адна з дзяўчат.

– Мабуць, пачуў, што бацько моліцца… Ён і раней, мабуць, чуў, таму і злаваў, пужаў, стукаў костачкамі… А падысці баяўся, ці малітва не давала…

– Е такія малітвы, што як пачуе ён, дак як ліст затрасецца, – сказаў нехта тонам знаўцы. – Толькі трэ знаць яе, тую малітву… І казаць, не пужацца – хоць што! Бо ён, хоць і пужае, а баіцца яе… Не любіць – страх!..

– А конь – што?! – перабілі «знаўцу». – Ідзе сабе?

– Аге, ідзе! – адгукнулася Прося. – Ідзе!.. І ён сам не свой! Хістаецца, як п'яны, – як не падае. Вушы наставіў, грыву натапырыў і вачмі ўсё – зірк, зірк. А вочы – круглыя, перапуджаныя!.. Але, дзякуй Богу, – хоць хістаецца, а ідзе і ідзе! Толькі ён і выратаваў!.. А то б там і – канец наш!

– Добра шчэ, што пбмараку на каня не нагнаў, – зноў загаварыў «знаўца». – А то, бувае, як нагоніць чараўнік памараку, то конь ідзе і ідзе, ды толькі не туды, куды трэба. А то і так бувае: здаецца, ідзе, ідзе ён, а сам – на месцы!..

– Дзякуй Богу, што пачуў малітву! Пачуў і заступіўся!.. – сказала Хадоська.

Чысты хлапечы голас, у якім чуўся прытоены смех, раптам уварваўся ў ціхую гаворку дзіўна весела і звонка:

– Бог? А знаеце, дзе ён цяпер?

Ганна пазнала: пытаўся Хоня, па-вулічнаму – «Бацько і матка». Хадоська даверліва пацікавілася:

– Дзе?

– У Нароўлі ў воласці! За сакратара!

– Кеб табе язык адсох! За такія твае словы…

– Праўда – у Нароўлі! Бачылі яго! Ён, праўда, не прызнаецца, баіцца, кеб не прагналі з работы!.. Бо не пралетар сам!..

Хлопцу не далі дагаварыць – мусіць, нехта закрыў рот. Дзяўчаты абурана гаманілі, клялі адступнікаў ад Бога, ад якіх, казалі, усе няшчасці ў сяле. У гэтым гомане і Прося, якая расказвала пра сустрэчу з ведзьмаком, не адразу зноў заваявала ўвагу.

– Прыехалі… Паклаліся спаць… Бацько ўсё жагнаецца, ніяк супакоіцца не можа. І я – як гляну ў цемру – усё бачу яго: вочы, як тыя вугалі, зырчаць! Агнём!.. Страх!

– Прыйшла б да мяне ў павець, я супакоіў бы! – зноў уварваўся Хонеў голас.

Хлопцы зарагаталі. Зарагаталі куды больш дружна, чым тады, калі іх таварыш асмеліўся зачапіць Бога. Дзяўчаты, бясконца зняважаныя недалікатнай парадаю іхняй прыяцельцы, заступіліся за яе, пачалася вясёлая валтузня з няшчырымі пагрозамі, з нязлоснымі дакорамі, між якіх былі чутны мяккія ўдары дзявочых рук па хлапечых спінах.

– Добры які аб'явіўся! – сказала Прося.

Дзяўчаты падтрымалі Просю кпінамі з хлопцаў і смехам. Але не апаў яшчэ гэты смех, як яго працяў такі прарэзлівы віск дзяўчыны, быццам ёй пусцілі за пазуху вужа.

– А-ай! Дзевачкі! – За гэтым пачуўся часты пляскат рук па твары.

– Ну, ну, кабулка! Не брыкайся!..

– Ай!.. Памажыце!.. – Алена Зайчыкава аж заходзілася ад рогату. – Не шлакачы… чорт… паганы!.. Ой! Чуеш? Не лезь!..

– Пятро! Дзе ты ёй шлакочаш, што яна так смяецца?.. – пацікавіўся адзін з хлопцаў.

– У якім месцы? Бо мы не знаем!

– А ты ж знайшоў такое!

Ганна слухала гэтыя гарэзныя смешкі, спрэчкі, але ні разу, ніводным словам не адгукнулася на іх. Яна, звычайна і сама ахвочая да кпін-спрэчак, задзірыстая, слухала цяпер, сачыла за ўсім так, як сочаць дарослыя за дзіцячай гульнёй. Бесклапотны смех як бы не даходзіў да яе, не кранаў душы.

Ганна была здаволена, калі ў хвіліну зацішку, які прыйшоў на змену рогату, Хадоська завяла:

Шумяць вербы ў канцы грэблі,

Што я пасадзіла…

Галасок яе быў нясмелы, кволы – здавалася, ён, лагодны, задуменна-журботны, з недарэчнай скаргай. крыўдай, вось-вось патоне ў выбуху рогату, але хвіля за хвіляй ішлі, а ён не тануў. Ён, праўда, і не мацнеў, нейкі час усе маўчалі, як бы слухалі-чакалі, як бы не ведалі, не здагадваліся, пра што шумелі-жаліліся вербы. Раптам скарга, якая на момант сціхла, прапала ў вячэрнім змроку, загучала зноў, але ўжо мацней, балючай, на многія галасы:

Няма таго міленького,

Што я палюбіла…

Ганна заспявала разам з усімі, заспявала звыкла, не думаючы асабліва пра словы песні, – даўно-даўно была знаёмая Ганне гэтая песня. Але не даспявала дзяўчына і першых слоў, як яе знянацку ўразіў новы, нязнаны сэнс іх, такі блізкі, такі балючы:

Няма таго міленького!

Абуджаныя гэтымі словамі сум, крыўда зноў ажылі, горкай хваляй падступіліся к горлу…

Няма яго, дай не будзе,

Паехаў у Адэсу…

«Паехаў… Павялі ў Юравічы…» – Ганна ў вялікім наплыве журботы змоўкла, сціснула губы, слухала так, як бы гэта была і не песня, даўняя, чужая, а яе скруха, яе бяда. Калі яна маркотна далучылася да ўсіх, здалося, што не спявае яна, як раней, як усе, а нібы думае ўголас, гамоніць з сабою:

Плачце, вочы, плачце, кары, —

Така ваша доля.

Палюбіла казачэньку,

Пры месяцы стоя…

У гэты час перад гуртам дзяўчат і хлопцаў зацямнела некалькі постацей, і зухаваты, не ў меру радасны голас убіўся ў песню, перарваў яе.

– Хто тут каго палюбіў?

«Корч прыпёрся», – пазнала Ганна і раптам пачула, як усхвалявана трапеча прытуленае да яе Хадосьчына плячо.

– Яўхім! – шчаслівая, прашаптала Хадоська.

Другая постаць паздароўкалася далікатна, ветліва, і Ганна пазнала Яўхімавага брата Сцяпана, які вучыўся ў Юравічах у школе.

Сцяпан сціпла прысеў на бервяно, а Яўхім, схіліўшыся, стаў узірацца ў твары дзяўчат. Паказытаў адну, жартам звонка цмокнуў перад другой, абышоў, абгледзеў, хто сядзеў тут, спыніўся перад Хадоськай.

– А, Хадзюля! Канаплянка! – прамовіў ён весела, падсмейваючыся з яе твару, абсеянага, як канапляным насеннем, рабацінкамі.

– Якая е! – знарок непадступна строга адказала Хадоська, млеючы ад чакання.

Яўхім спакойна, упэўнена абняў яе за плечы і тады заўважыў побач Ганну. Ён выпусціў Хадоську, прамовіў стрымана:

– А, і Чарнушка тут! Прыйшла!

– Можа, папытацца трэ було?

– Пытацца няма чаго, месца хапае! Не цесно!.. Толькі ж даўно нешта не было відаць!

– А табе што, карцело?

– Па праўдзе сказаць, не дужа. – Ён зарагатаў.

Ганна, якую зачапіў гэты, здалося, нядобры рогат, заўважыла, што дзяўчаты і хлопцы прыціхлі і прыслухоўваюцца да іх. Яўхім усюды выклікаў да сябе ўвагу: відны быў хлопец, з норавам, паважалі і пабойваліся яго – мала хто з дзяўчат адважваўся пярэчыць. Ведалі ўсе, што і ў Ганны – характар, не саступіць. Маўчалі, чакалі, што будзе.

– А я цябе – дак з ранку да вечара выглядала! – лагодна, з прытоенай яхіднасцю сказала Ганна.

– Ну? Вот не знаў! – у тон ёй здзівіўся Яўхім.

– Шкада! Вельмі ж бо трэба було!..

– Няўжэ? Нашто?

– Вераб'і насядалі на жыто, кеб на іх немач! Пужаць не було каму!

– А Дзятлік – хіба не мог? – падчапіў Яўхім.

– Не баяліся яго! Чуб не такі!

Хтосьці з дзяўчат прыдушыў смех. Уцэліла Ганна! Лепш нельга было ўцэліць: Яўхім сваім чубам ганарыўся, фарсіў ім, чуб быў яму святой мужчынскай красою. І вось з красы гэтай – такі здзек!

Яўхім на момант як бы анямеў ад гэтай абразы. Усе чакалі, што ён выбухне злоснай лаянкай, можа, ударыць Ганну, але ён нават не варухнуўся.

– Часу, пэўне, у Дзятліка не було, – сказаў ён як мог спакойна. – Ён жа ўсё па начах… То з дзеўкай, то – шчэ з кім!

Тут ужо Ганна не адразу знайшла, што адказаць.

– Шчэ невядома, ты з кім… – пачулі ўсе як бы пагрозу.

– Я – з такімі, як ён, не ваджуся. Я – з людзьмі.

– Людзі розныя буваюць!..

– Па загуменнях не хаджу!

Яўхім кінуў апошнія словы так, што ўсе адчулі: яму надакучыла гэтая нудная, непатрэбная гаворка. Ён зноў весела абхапіў рукамі Хадоську.

– Канаплянка! Мяккая ты, як булка Ёселева! – Яўхім зарагатаў.

– Шчэ што скажаш! – задаволена запярэчыла Хадоська.

– Магу і шчэ сказаць! Хочаш – скажу?

– А што?

– Хадзем ка мне ў свіран!

– Чаго ето? Сказаў!

– Просо таўкці!

Хлопцы засмяяліся. Хадоська паспрабавала вырвацца, але Яўхім не адпусціў яе, з лагодным дакорам сказаў, што не трэба ж быць такою ганарліваю. І пасмяяцца нельга – ён жа і не думаў крыўдзіць яе, проста язык з нуды пачасаць хацелася. Слухаючы яго добры, вінаваты шэпт, Хадоська перастала рвацца, пакорліва схіліла галаву.

– Я страх як не люблю, калі вы… чэшаце языкі… – ціха прамовіла яна. – Ахвота вам… паскудство ўсякае… казаць.

– Далікатная вельмі ты…

– Якая е!..

Хадоська зняла яго руку з плеч, але мякка, так, для прыліку, таму што так трэба было на людзях, такі быў звычай. Ганна адчувала, што Хадоська ўжо супакоілася, зноў сядзіць шчаслівая. Мімаволі са здзіўленнем, з прыкрасцю думала: што яна, добрая, ласкавая «канаплянка», знайшла ў Карчу гэтым – аж млее, калі ён сядзіць побач! У ім жа нічога прывабнага, багацце хіба адно, бацькам нажытае, боты хромавыя з рыпам ды чуб! У гэты вечар, пасля спрэчкі з Яўхімам, Ганне нават яго хараство, упэўненасць, дасціпнасць здаваліся агіднымі.

Пасядзеўшы яшчэ, колькі трэба было, каб злыя языкі не сказалі, што яна паддалася, уцякла ад Яўхіма, Ганна ўстала. Успомніла, што гаварыла, калі прыходзіла ў гурт, спакойна прамовіла да Хадоські:

– Мабуць, ужэ заўтра пагаворым. Я прыйду ўвечары…

– Аге. Прыходзь, Гануля…

Ганна, хоць і не глядзела ў той бок, дзе сядзелі прыяцелька і агідны Корч, заўважыла раптам, як Яўхім выпусціў Хадоську з абдымку, варухнуўся з нейкім намерам.

– Ты чаго ж адна?

– А мне і адной не пагано!

Яна знарок павольна, паважна пайшла з гурту. Ужо адышоўшы, пачула ўслед, як ён сказаў:

– Хлопцы, няўжэ ніхто не хоча правесці?..

Ёй здалася ў словах яго насмешка, хоць прамовіў ён здзіўлена і неспакойна. За гэтым Ганна пачула за сабой паспешлівы хлюпат ботаў па гразі, які ўмомант нагнаў яе. Хоць па-ранейшаму не глядзела на таго, хто ішоў побач, ведала, адчувала: гэта Яўхім. Ганна насцярожылася, падрыхтавалася да абароны, да любой неспадзеўкі, а ён ішоў і ішоў, маўклівы, ціхі, не дабіваўся нічога, нічога не гаварыў. Яе, аднак, гэта не супакойвала, яна чакала, што ён тоіць нешта незразумелае, хітрае…

– Гарачая ты, ей-бо! – прамовіў Яўхім раптам лагодна. – Наравістая! Слово табе не скажы супроць!..

Ганна не адказала, ішла строгая, непадступная, паказвала гонар свой, але мацней за клопат аб гонары з'явілася цяпер у яе здзіўленне: гэта Яўхім так гаворыць з ёй? Так мякка, нават вінавата?..

«Так ён і Хадосьцы гаварыў! – знарок нагадала яна сабе. – Гаворыць, прыкідваецца, а сам, можа, смяецца…» Але нагадвала яна гэта дарэмна, адчувала, бачыла: Яўхім не прыкідваўся.

– Каса на камень найшла! – усміхнуўся ён па-сяброўску. – Я і сам – як жарабец неаб'езджаны! Мне кеб – хто пярэчыў?! Ды шчэ дзеўка!.. Ну, і – акрамя таго: не магу ж я на людзях паказаць, што я перад дзеўкай… разумееш?.. Ну, ніц, значыць, перад дзеўкай! Нішто, нуль! Уцяміла?.. – Ён шчыра, ад душы зарагатаў: – Смяяцца з мяне будуць усе! Сабакі па завуголлю, і тыя!.. Дайшло?

Яна паслізнулася і ўпала б, напэўна, але Яўхім спрытна падхапіў яе за локаць.

– Не падай! Гразь халодная! – пажартаваў ён і паслухмяна выпусціў Ганніну руку.

Неўзабаве прыйшлося ісці адно за адным, паўз самыя платы, бо пасярэдзіне былі глыбокія, поўныя гразі ямы.

– Скарэй бы замерзло, – прамовіў Яўхім, – хоць бы хадзіць па вуліцах можна було!.. – Ён сказаў, адчувала Ганна, толькі для таго, каб завязаць гаворку, але яна прамаўчала. Калі нарэшце стала можна ісці побач, Яўхім нагнаў яе. – Ну, не злуй. Ей-бо, не злуй!.. Ты ж сама – варонім пудзілам мяне паставіла, а я, бач, смяюся!.. Ну, на міравую, а?

Яўхім сам узяў яе далонь, паціснуў. Здзіўленая ўсім сяброўскім ладам яго гаворкі, нечаканай добрай шчырасцю, яна цяпер не вырвала руку.

Калі дайшлі да Ганніных варот, Яўхім папрасіў яе пастаяць трохі, але Ганна ў адказ адступіла ад яго, узяла руку. Яе здзівіла, што і тут ён не стаў дабівацца свайго, сказаў «спакойнай ночы» і, ціха пасвістваючы, пайшоў у змрок гразкай вуліцы.

Ступаючы па двары, Ганна хвіліну думала пра яго, думала здзіўлена, як пра загадку. У той жа час калі ў галаве варушыліся гэтыя думкі, вочы яе выбралі з цемры абрысы плота, калоў. Там было пуста, сумна, як каля свежай магілы. Грудзі яе апаліў боль: «Васіль, Васіль…»

3

Вечарам, памыўшыся над цэбрам, выціраючыся, бацька сказаў мачысе:

– Буў Яўхім Карчоў… Малаціць сабіраюцца… Казаў, кеб за просо адрабілі…

– Ужэ ж адрабілі. На касавіцу, – адгукнулася мачыха.

– Тры дні адрабілі. А два шчэ засталося…

Бацька пагладзіў парэпанай рукой рэдкія, ад сівізны ўжо зямлістыя валасы, зморана згорбіўшыся, сеў на лаўку. Мачыха, выцягваючы з печы чыгун, не ўтрывала:

– От, Корч стары! Ето ж – пяць дзён за жменю!

– Жменя не жменя! – Бацька разважліва зазначыў: – Не хацела, дак не брала б! Ён не набіваўся!

– Не набіваўся! Кеб жа не трэба було!

– От то-та ж!

– Дак жа гараваць за жменю колькі!

– Думаеш, другі дзешавей даў бы! Аге, вазьмі!

Бацька ўзяў скібу хлеба, стаў нецярпліва жаваць: прагаладаўся вельмі. Але мачысе ўжо не так лёгка было забыцца пра Карча. Думала яна марудна і была заядлая, упартая, так што, калі што ўбівалася ў галаву яе, выходзіла адтуль не хутка. Вось і цяпер, наліваючы боршч з чыгуна ў вялікую гліняную міску, як бы падумала ўголас пра старога Глушака:

– Не памалаціў шчэ свайго. Малатарню маючы!..

– Сваё нікуды не дзенецца. Зарабіць хацеў. У Алешніках траім памалаціў…

– Крываротаму, кажуць, дзень стараўся! – успомніла Ганна, кладучы на прыпек наколаную лучыну. Агонь, што ледзь асвятляў хату чырвоным, мігатлівым святлом, гатоў быў вось-вось згаснуць, і яна падлажыла ў яго смалісты сук.

– Якому Крываротаму? – зацікавіўся, нібы не паверыў бацька.

– Таму, што ў сельсавеце за старшыню…

– Ну, на етым не вельмі пажывіцца!

– Не пажывіцца? – едка адгукнулася мачыха. – Аге! Стаў бы ён задарам старацца!

– Чаму ты думаеш, што задарам! Табе хто казаў, што задарам? – бацька паглядзеў на Ганну, як бы чакаў, што яна пацвердзіць яго словы.

– А хоць бы ніхто й не казаў, што задарам – мачыха кінула ўпарты позірк, – я ўсё адно знаю, што не ўзяў ён грошай, Корч! Не ўзяў, хай мне хоць руку адсякуць!.. – Яна паставіла на чорны, без абруса, вышчарблены ад старасці драўляны стол міску, адну на ўсіх, села побач з бацькам.

Бацька ўзяў шчарбатую драўляную лыжку, такую ж чорную, як і стол, прамовіў прымірэнча:

– Не ўзяў, не ўзяў… Ахвота табе пляскаць, грэц яго…

– Бо знаю, што не ўзяў! От пабачыш!.. Тут свая выгада! Начальство!.. Я – табе, ты – мне. Я табе памалачу, а ты мне аддзячыш сваёй ласкай. Падатак там збавіш ці шчэ што…

– Я – табе, ты – мне! Цяпер ето не так просто у сельсавеце… не пры цары…

– Калі пры цары було яно, то цяпер і казаць няма чаго!

– Хітры, тхор! – сказала Ганна, адчуваючы, што мачыха, напэўна, не памыляецца ў здагадках пра старога Глушака.

– Аге! – адразу адгукнулася мачыха і, як звычайна, не ўтрывала, каб разам не ўпікнуць і свайго чалавека. – Еты свайго не ўпусціць.

За тым, што яна сказала, яшчэ як бы чулася: «Не тое што ты».

Бацька прамаўчаў на гэты яўны ўпік, і гаворка абарвалася. Цяпер было чуваць толькі дружнае, працавітае сёрбанне, трэск і шыпенне смаляка, ад якога ў хату ішоў пах дыму і смалы, што перамешваўся з пахам грыбнога баршчу. Святло ад прыпечка не магло тут ніяк саўладаць з чырванаватым прыцемкам, які то крыху слабеў, адступаў, то зноў насоўваўся так, што трэба было напружваць вочы, каб бачыць, што бярэш у місцы, што ў лыжцы нясеш. Можа, таму такія сур'ёзныя, заклапочаныя былі твары ва ўсіх чатырох Чарнушкаў, нават у Хведзькі, які, седзячы між бацькам і Ганнай, ледзь даставаў лыжкай да міскі. Разам з заклапочанасцю на тварах была відна ўтома, нейкая пакорлівасць абавязку – як бы вячэра была не радасцю, не ўзнагародай, а таксама абавязкам, працай. З усіх толькі Хведзька сядзеў неспакойна, еў хапаючыся, усё выцягваў шыю, стараўся зазірнуць, што там у місцы, ці няможна падчапіць грыбка, – але, навучаны немалым вопытам, тут жа спасцярожліва паглядваў на маці і пад яе строгім позіркам прыціхаў.

Ад цьмянага, сумнага святла ўсё ў хаце здавалася сумным, суровым, нават святыя з абразоў у кутку глядзелі з-пад ручнікоў так, быццам гразіліся за смех страшным судом…

Выцягнуўшы з міскі лыжку, Хведзька ўжо намерыўся паднесці яе к роту, калі ў вачах яго мільганула цікаўнасць. Ён момант разглядаў лыжку, потым сказаў здаволена:

– Прусак!..

– Цыц ты за сталом! – крыкнула была Ганна, думаючы, што ён жартуе: Хведзька ўжо неаднойчы пацяшаўся з яе гідлівасці.

Але сёння ён не смяяўся: у лыжцы сапраўды быў вараны прус.

– Уваліўся, – спакойна прамовіла мачыха і загадала Хведзьку: – Вынесі, вылі ў цэбар! – Калі Хведзька вылез з-за стала, знарок трымаючы лыжку з прусаком бліжэй перад Ганнай, мачыха сказала безнадзейна: – Развялося пошасці етай! Надысь ноччу ўстала, падпаліла лучынку, дак яны па падпрыпеку – шась, як войска якое!..

– То-та я гляджу – боршч сягоння смачны, – паспрабаваў бацька перавесці гаворку на жарт. – Як бы з салам!

– Скажаце, ей-богу! – папракнула Ганна, устаючы з-за стала. Яна ўжо не магла есці.

Бацьку гэта павесяліла.

– Хранцузы – тыя жаб ядзяць! Жывых, не тое што вараных!.. Ядзяць дай шчэ – дзякуюць! Ім жаба – што качка!

– Жаб? Цьфу ты! – гідліва скрывілася мачыха. – Нехрысці, пэўне?

– Нехрысці…

Ганна ўжо надзела жакетку, сабралася ісці, калі бацька, скручваючы цыгарку, напомніў пра пачатак гаворкі:

– Дак Корч прасіў, кеб з жанчын хто прыйшоў. Ці ты, старая, ці мо Ганна.

– Няхай Ганна… – Мачыха забрала са стала міску, падалася ў куток, дзе стаяў посуд. Бацька згодна кіўнуў, лічачы, што гаворка скончана.

Але Ганна стаяла каля парога.

– А мо б лепей мне тут, пры хаце астацца?

– Чаму ето?

– Так… Нядобра мне к Карчам…

Яна заўважыла, што бацька чакае, каб яна растлумачыла, чаму ёй нядобра ісці, і адчула – цяжка дагаварыць усё. Як тут раскажаш – пры мачысе – пра ўчорашняе заляцанне Яўхіма, ад якога засталіся ў душы асцярога да яго ды віна перад Васілём. Яна дала яму, гэтаму Карчу, ісці з сабой, дала трымаць руку, нібы абнадзеіла…

Мачыха абурана паглядзела на Ганну, потым на бацьку, як бы чакаючы падтрымкі сабе.

– Унь бач! Яна не пойдзе, – не вытрывала старая, не дачакаўшыся Цімохавай падтрымкі. – Хай матка старая лепей! Ёй нядобра, бачыце, не даўпадобы ёй!

Чарнушка паморшчыўся на гэтыя словы, лагодна, спачувальна сказаў:

– Трэба ісці, Гануля… І так еты доўг – як скула…

– Ці ж яна разумее!

Ганна ведала, што працівіцца больш няма сэнсу: мачыха ўсё роўна не адступіцца. Каб скончыць гаворку, прамовіла мякчэй:

– Ну, хай ужэ! Пайду, калі вам так страшно…

На дварэ ціха церусіў нявідны дождж. Ён ішоў з мінулай ночы амаль безупынку, то драбнеючы, то зноў спарнеючы, і на вуліцы яшчэ ўдзень было столькі страшнай, ліпкай гразі, што ніводзін куранёвец не наважваўся вылазіць. Людзі хадзілі цяпер толькі праз мокрыя слізкія гароды ці па загуменню. Два рады хат былі адарваны адзін ад аднаго, ды можна сказаць, што адасоблены былі і многія хаты: каму ахвота была лезці ў такую макрату без вялікай патрэбы?..

Цяпер, у цемры, гэтая макрата была страшнейшая. Уся вёска, вялікія і малыя, жанкі і мужчыны туліліся бліжэй да цёплых чараноў, да дымных агнёў на прыпечках, хаваліся, драмалі па цёмных, задушных сваіх норах. Маўчалі каровы, не бэлькалі нідзе авечкі, не перагаўкваліся сабакі, хоць бы адзін гук дайшоў ад блізкага лесу, з балот – цішыня, важкая, чорная, стыла ў нячутнай сяўбе дажджу над сялом, над звадзянелымі дрыгвянымі абшарамі, над светам…

«Ну і чарнеча ж! Хоць вока выкалі! – падумала Ганна, падымаючы каўнерык жакеткі. – Чысто – сусветны патоп!» Яна асцярожна, каб не паслізнуцца, саступіла з ганка і пайшла ў цемру.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю