355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 23)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 23 (всего у книги 28 страниц)

3

Дабраўшыся да свайго двара, у хату, як усе іншыя ў сяле, чорную, маўклівую, не пайшоў, а адразу падаўся ў павець, выцягнуў плуг. Ціха зарыпелі вароты ў хлеў: лагодна гладзячы па шыі, вывеў паслухмянага Гуза, стаў запрагаць. Адчыніў ужо вароты, за якімі была дарога на прыгуменне, калі паблізу заўважыў постаць. Маці.

"Вечно яна прыйдзе, калі не трэба!"

– Дзе ты буў? – хрыпата ад сну прамовіла яна. Васіль прамаўчаў. – Ты куды ето?

– Да от… Гуза правяду. Застаяўся…

– А плуг нашто?

"От прычапілася! Як Шабета. Усё ёй знаць канешне!.."

– Там трохі… з далонь засталося…

– Дак уночы нашто? – Яна, здаецца, не паверыла яму. Пачула штосьці дзіўнае.

– Не даараў надысь…

– Дак удзень хіба няможна б?

– Удзень, удзень! Скора ўжэ і дзень!..

– Світаць шчэ не пачынае.

– Пакуль даеду ды пабуду трохі…

– Не едзь! – папрасіла яна. Васіль пачуў у яе голасе трывогу. На міг у душу яго ўвайшло сумненне: а можа, і праўда не ехаць? – Удзень паедзеш, – дадала яна.

Васіль раптам ускіпеў:

– Удзень, удзень! – Ён узяў лейцы. – Прыліпла!

– Не ўдумай, барані Бог, чаго паганаго! Са свету зжывуць!

– Сам знаю.

– Глядзі ж, Васілько! Ужэ ж і так паплакала!

– Ат!

Васіль вывеў каня за вароты. І к прыгуменню, і асабліва ў поле Гуз плёўся неахвотна, яму яўна не падабалася, што выцягнулі з цяпла такой ранню, гоняць у цемры, пад дажджом. Яго, як п'янага, час ад часу вадзіла ў бакі. "Спіць, падла, ніяк не прачнецца! – злаваў Васіль. – Жэрці дак падавай яму самае добрае, а рабіць дак не разбудзіш яго!" Са злараднасцю думаў хлопец, што, як толькі ўзаб'ецца на капейку, прадасць гэту падлу якому дурню, набудзе хоць бы жарабя!..

Злосць на каня брала тым больш, што і сам ішоў без ранейшага імпэту. Трэба было спагнаць злосць на некім: кудысьці прапала нядаўняя нецярплівасць, выпарылася невядома як і куды смеласць. У душу лезла кволая асцярога, упаўзала ліпкая, як балотны туман, боязнасць: ужо не ценямі нежывымі, а грознымі непрыяцелямі раслі ў памяці Яўхім, Маслак, Глушак стары.

Ён глушыў маладушнасць, гнаў страх. Але яму было самотна. Ён быў перад невядомасцю адзін. Ніхто не памагаў, не падтрымліваў нават. Таму і брала злосць на каня, які толькі і ведае, што есці ды спаць. І пра матку са злосцю думаў: таксама не знайшла зрабіць чаго іншага, як развярэдзіць душу! Прыцяглася не ў час, і няма таго, каб, як каторая іншая матка, падахвоціць, падбадзёрыць, дык яна – са стогнамі сваімі: "Глядзі ж! Ужэ ж і так паплакала!"

І без таго на душы брыдка, а тут – хоць бы слова добрае. Як жа тут не возьме злосць. На матку, на нездаляку-каня, што нават ісці як трэба не ідзе!

Але ні адзінота, ні страх, як ні цяжка лажыліся яны ў душу, усё ж не змагалі яго. Хоць часам і з'яўлялася жаданне спыніцца і, не зважаючы на нядаўнія прыціхлыя мары, павярнуць назад, ён ішоў і ішоў. Цяжар важкіх думак і пачуццяў разам з тым узмацняў у ім упартасць. З горкага свайго вопыту ён не тое што ведаў, але даўно лічыў як бы законам жыцця, што, каб чаго-небудзь дасягнуць, трэба адольваць кволасць, неахвоту, страх. Усё жыццё, прывык ён лічыць, – гэта неспакой, непрыемнасці, цяжар працы і змаганне з бясконцымі перашкодамі.

Злуючыся на маці, Васіль як бы браў на падмогу дзеда Дзяніса. Праўду казаў дзед, падбадзёрваў сябе хлопец: не трэба папускацца! І ён, Васіль, не папусціцца! Не аддасць так проста дабра свайго! Толькі не трэба лішніх страхаў выдумляць! Смялей ісці трэба, і ўсё будзе добра!

Як мог, Васіль гнаў трывогу, падахвочваў сябе, падбадзёрваў. Але трывога не адыходзіла. Неадчэпна ішла яна з ім да Глушаковай паласы, была ў ім, калі ён, чуючы нядобры халадок усярэдзіне, паставіў нарог на Глушаковай мяжы, калі павёў разору.

Ідучы за плугам, кіруючы ручкамі, ён у звыклым клопаце працы на час амаль супакоіўся. Але калі пачало развідняць, трывога зноў заныла. Чым больш святлела, чым шырэй разыходзіўся далягляд, тым больш мацнела і трывога. Яна шчымела нават ад саміх разор, праведзеных на чужым полі, ад хады Гуза, які павольна, але цягнуў і цягнуў плуг, уперад і ўперад.

Цяпер Васіль ужо не так сачыў за разораю, як за дарогаю, за полем у баку сяла. Хат амаль не было відаць за алешнікам каля сажалкі, адно выглядвалі стрэхі, над якімі варушыліся, паўзлі к нізкім, сіняватым хмарам дымкі. Дымкі гэтыя таксама дадавалі трывогі. Яны нібы глядзелі на яго, паказвалі яго людзям.

Да Васіля даходзіў з сяла віск свіней, рык кароў. Можа, таму нават выгляд пустой дарогі, пустога поля каля алешніку не супакойваў – паглядваў туды з непакоем, чакаў: вось-вось паявяцца людзі. Калі яны зачарнелі – купка павольных постацей, – халадок трывогі яшчэ памацнеў.

Ён зрабіў выгляд, што не цікавіцца імі. Але амаль кожную хвіліну кідаў у іх бок касыя позіркі. З меркай ідуць – значыць, мераць выправіліся. Адкуль пачнуць, куды адразу пакіруюць? Да цагельні, дзе ён робіць круг, ці – пад лес, на другі бок поля? Заўважылі ці не заўважылі яго?

Купка яшчэ далекавата збочыла к лесу. На другое поле падаліся, не спыніліся, не звярнулі ўвагі. Але позірк цікаваў – то гэтую купку, то выток дарогі каля алешніку. Недарэмна зіркаў: вось яшчэ вылезлі з-за алешніку тры постаці. Ціха плятуцца, мабыць, не спяшаюцца. Адзін з іх вельмі рослы, здалёк відаць, другія два ледзь па плячо яму. Рослы, пэўна, Ларывон, здагадаўся Васіль і з непакоем навастрыўся позіркам: а хто ж другія два? Можа – Яўхім там ці стары? Постаці ўсе сунуліся па дарозе, тым жа кірункам, што і папярэднія. Можа, збочаць, не заўважаць? Не, заўважылі, спыніліся, прыглядваюцца.

Хвіліну пастаялі, гледзячы на яго. Потым адзін падаўся за першай купкай, а два – Васіль насцярожыўся – рушылі проста да яго. Ларывон і Зайчык. Сталі наперадзе, чакалі, калі ён падыдзе…

Не абмінуць. Хочаш не хочаш, а трэба ісці, бліжэй і бліжэй. Ну і няхай, ён падыдзе, знаку не падасць, што пабойваецца! Толькі вось на ўсякі выпадак – калі гэты дурань Ларывон кінецца за свайго дружка біцца – падрыхтавацца трэба. Каб не заспеў знянацку. Васіль з усёй сілы сціснуў пугаўё – няхай паспрабуе толькі!

– Здароў, Васіль! – весела крыкнуў Зайчык.

Васіль паздароўкаўся ў адказ, але не спыніўся.

– Добры кавалак табе ўдзялілі! – пахваліў, падчапіў Зайчык.

Васіль не адказаў. Праз хвіліну ён пачуў, што яго даганяюць: па тупанню ботаў пазнаў, што гэта – Ларывон, сціснуў пугаўё.

Ларывон падыбаў побач. Вось-вось замахнецца, дасць пудовым кулаком.

– Табе ето – выдзелілі? – сказаў, трохі задыханы.

Васіль спасцярожліва зіркнуў на яго, прамаўчаў. Упарта таптаў свежую зямлю ў разоры.

– Гэ! – зразумеў нарэшце Бугай. – Разумны! – Ён мацюкнуўся і адстаў.

Дайшоўшы да павароту, Васіль убачыў – Зайчык падаўся да тых, што мералі, а Ларывон дыбае да сяла. "К Яўхіму!" – здагадаўся Васіль, і яго зноў узялі одум, страх. Захацелася кінуць загон, зямлю, якая не так прыцягвала, як палохала, гразілася бядою. Але ён не кідаў, ішоў і ішоў баразною.

Зямля як бы трымала яго. Ногі прыліпалі да яе, маглі ісці толькі роўнай канаўкай разоры. Не мог кінуць, бо пачатак быў ужо зроблены. Бо яго ўжо бачылі тут, бачылі, што ён зрабіў. Адступаць не было куды, дарога была толькі ўперад.

"Усё адно: пачаў – дак рабіць да канца!.. Не папускацца! – Васіль паспрабаваў прыдушыць страх, супакоіць сябе: – Шчэ пабачым, чыя возьме! Мало што ён прыбяжыць! Няхай паспрабуе сагнаць, калі пастанавілі абрэзаць! Няхай паспрабуе сунуцца! Пабачыць!"

4

Васіль заўважыў – людзі з сяла ўсё цягнуцца і цягнуцца. Некаторыя, як і Зайчык з Ларывонам, спыняюцца, глядзяць у яго бок, але потым ідуць к тым, што мераюць. Там народу ўсё большае. Васілёў позірк сочыць не так за імі, як за дарогаю, за тымі, якія паяўляюцца з-за арэшніку…

Адна постаць збочыла, хутка прастуе да яго. Гэта не ён, не Яўхім. Гэта – як Васілю не пазнаць здалёк! – маці. Не пяшчоту, не радасць выклікае яна, а прыкрасць: век не ў час прыйдзе! Век паявіцца тады, калі не трэба!

Клуначак у руках – есці нясе. Успомніла! Самая пара зараз – рассесціся, узяць у рукі скібу хлеба ды гурок! Акурат зручны момант – калі вось-вось чубаты ці стары Корч прыпруцца!

Як прыблізілася, пабегла. Нібы на пажар бяжыць. Спатыкнулася, ледзь не ўпала. Стала, здзіўлена, разгублена азіраецца. Як усё роўна не бачыць, не разумее ўсяго!

– Чаго прыйшла?! – хмурна сказаў ён, прыпыняючы каня.

– Есці от вазьмі! Прагаладаўся ж, мабуць!.. – лагодна ступіла маці да яго.

Васіль нядобра таўхануў працягнуты клунак назад ёй. Як малога, ашукаць хоча! Паддобрыцца, а там пачне сваё…

– Ідзі! – загадаў ёй строга.

Яна не кранулася. Цень трывогі прабег па яе твары. Не таілася ўжо:

– Сыночак! Што ж ето ты? – Васіль адвярнуўся, каб не бачыць яе. Як агнём, пякло кожнае слова: – Удумаў!.. Чужое! Дазнаюцца ж – бяды!.. Не абярэшся!

У гэты момант здалёк прыкмеціў: збочыла з дарогі, рушыць напрасткі яшчэ постаць. Яўхім! Усярэдзіне ў Васіля пахаладзела, пачуў сябе, як ніколі, кволым, адзінокім. Злосна абарваў матчын стогн:

– Ціха бо! Прыперлася! Ідзі дадому!

Не чуў ужо, плача ці не плача яна. Сачыў толькі за Яўхімам. Спрабаваў падбадзёрыць сябе, вярнуць смеласць. Няхай бяжыць, няхай! Пабачыць! Сам не ведаў, чым гразіўся, – што Яўхім можа пабачыць. Да болю сціскаў ручкі плуга, пугаўё. Пугаўё было яго адзінай зброяй.

Чубаты ўсё бліжэй, бліжэй. Ужо добра відаць: твар чырвоны, люты. Злы, зямлі пад сабою не чуе… Васілёвы ногі прыкра паслабелі, як не падагнуцца…

– Васілько! – заўважыла Карча, жахнулася маці. – Не пярэч! Саступі!..

Васіль не зварухнуўся. Нібы не чуў. Не зводзіў вачэй з чубатага, падахвочваў сябе: "Няхай бяжыць, няхай! Пабачыць!.." Здзіўляўся: трэба ж, каб так паслабелі ногі!

Маці раптам кінулася насустрач чубатаму, крыкнула, молячы:

– Яўхімко!.. Яўхімко!.. Родненькі!.. Не сярдуй, даражэнькі!..

Ён, як бег, таўхануў яе так, што яна і не войкнула – тузанулася, упала на бок. Клуначак адляцеў далёка. Чубаты наскочыў на Васіля. З ходу дужа рвануў за плячо. Васіль упусціў плуг.

– Т-ты… ш-што ето? – Яўхім, задыханы, цяжка соп. Рот злосна крывіўся, шчэрыўся. Зараз, здавалася, пена на губах забялее. – Т-ты ш-што?!. – Ён грозна мацюкнуўся.

– А ты – што?.. – адважыўся Васіль. Натапырыўся, як малады каршачок, гатовы біцца.

– Ш-што?! – Глушакоў твар яшчэ больш наліўся крывёю. – Прэч! – раптам шалёна, з віскам, закрычаў ён. – Зараз жа!!! Штоб духу твайго смярдзючага не було!

– Васілько! Саступі! – кінулася да Васіля маці. Ухапіла за руку, хацела адвесці. Ён вырваў руку. Заявіў Глушаку:

– Ето шчэ пабачыць трэба – у каго дух смярдзючы!

– Васілько!..

– Ты – удод жаўтароты, шчэ спрачаешся! Вымятайся ўмэнт! Пакуль не позно!

– Васілько! Ідзі! Сыночак!..

Васілю было не тое што боязна, а страшна. Разумеў, што лепш было б паслухацца, адступіць, але не мог перамагчы сябе. Ганарлівасць, злосць на Глушака за зямлю, за Ганну, за ўсё заўпарціліся, запоўнілі яго. Не далі і выгляду паказаць, што баіцца.

– Унё! Напужаў!..

– Васілько, сыдзі! Не чапайся!

– Ат! – адпіхнуў Васіль матку.

– Не пойдзеш?! Н-ну, глядзі ж!

Васіль пільна сачыў: вось-вось чубаты рынецца, ударыць. Ён мімаволі сціснуў пугаўё. Адпіхваючы маці, глушачы страх, хітруючы, сказаў:

– Хто ты такі? Штоб загадваць!..

– Хто? Не пазнаеш? Паказаць, можа?

– Яўхімко! – Маці кінулася к Глушаку, загарадзіла Васіля. – Даражэнькі! Ты – разумнейшы!..

Чубаты таўхануў яе, зноў закрычаў шалёна Васілю:

– Паказаць?! На чыю землю ўспёрся?! Чыё поле паганіш?!! Не бачыш?!! – Яўхім хапіў Васіля збгрудкі так, што стала цяжка дыхаць.

Але Васіль каўтнуў, прахрыпеў:

– Було… вашае…

– Було?! – Чубаты матнуў плячом, адштурхнуў Дзятліху, якая ўчапілася, як кіпцюрамі, намагалася адарваць ад сына.

– Було… Цяпер – наш-шае…

– Вашае?.. Брэшаш, гад!! – Яўхім колькі змогі сціснуў Васілёў каўнер, кінуў хлопца з такой сілай, што таму здалося, нібы тулава ў яго адарвалася ад ног.

Васіль так грымнуўся патыліцай аб зямлю, што ў галаве загуло.

– Тваё? Шчэ лезці будзеш?

– Буду… Не тваё!..

– Звер ты, звер! Корч пракляты!.. – учапілася зноў у чубатага Дзятліха.

Васіль выдыхнуў зларадна, помсліва:

– Напанаваліся ўжэ!.. Скончылася вашае!..

Яўхім адкінуў Дзятліху, загадаў люта:

– Маўчы!.. Прэч, шчаня! Пакуль цэлы!

– Пляв-ваць мне!.. – Васіль стаў на карачкі, намерыўся падняцца.

Яўхім рынуўся на яго.

– Пляваць? – Шалёны ўдар зноў кінуў Васіля на пожню. Аж нібы трэснула шыя. – Не пойдзеш?

– Гад ты, гад! – наляцела каршуніхай маці, учапілася ў руды чуб, стала ашалела рваць, матаць яго.

Гэта ўратавала Васіля. Выкарыстаўшы момант, ён ускочыў, з пугаўём, пра якое толькі цяпер успомніў, важка пайшоў на Глушака. У гэты час чубаты злаўчыўся, ударыў маці каленам у жывот. Яна енкнула, скурчылася ад болю, асела. Васіль і Яўхім сустрэліся тварам у твар. Яўхім апярэдзіў, моцна ўдарыў пад сківіцу.

Боль у сківіцы, у роце, ва ўсёй затуманенай галаве, няўдача дадалі Васілю лютасці. Крыўда, усе крыўды, што даўно палілі, чакалі адплаты, цяпер ураз ажылі, запяклі зноў разам, усяго напоўнілі адным жаданнем: дастаць, размалаціць гэту ненавісную пысу з чубам.

Адкуль толькі ўзяўся, неспадзеўкі наляцеў стары Глушак, ірвануў руку з пугаўём.

– Ты што ето, смурод!.. Кінь!!!

Ледзь не выкруціў руку. Адкуль і сіла ў нездалякі старога знайшлася, каб трохі, сагнуў бы Васіля. Дзякуй маці, выратавала – кінулася да старога, учапілася ў каршэнь, затузала, закляла – і стары пусціў хлопца.

Каля Яўхіма апынуўся брат яго, Сцяпан. Але замест таго, каб памагчы Яўхіму, чамусьці пацягнуў яго назад, чубаты адразу зазлаваў, даў Сцяпану па твары. Выйшла так, што Яўхіму давялося біцца не толькі з Васілём, але і з братам!

Васіль ухапіў момант – трэснуў Яўхіма пугаўём па галаве так, што той зароў. Ашалелы ад болю, чубаты ўраз адарваўся ад Сцяпана, не асцерагаючыся, як раз'ятраны дзік, ірвануўся да Васіля. Васіль мелькам заўважыў пачырванелыя, бязлітасныя вочы, адчуў, што Яўхім прагне ўжо не толькі помсты – смерці яго. Заб'е, не пабаіцца нічога. Такая дзікая лютасць кіпіць, па вачах відаць. Васіль адскочыў і даў яму яшчэ пугаўём. Даў так, што ад тоўстага дубовага пугаўя застаўся ў руцэ толькі кончык.

– Ах т-ты!.. – Яўхім хапіўся за галаву, зноў, з яшчэ большай лютасцю, рынуўся на Васіля. Васіль замалаціў па ненавіснай пысе канчуком пугаўя, кулаком. Але адбіцца не змог: Яўхім дапаў, схапіў за каўнер, наваліўся. Васіль тузануўся, спрабуючы вызваліцца, – Яўхім не ўстаяў, і яны ўпалі. У наступны момант абодва качаліся па пожні, па свежай раллі, крывянілі адзін аднаму твары, шматавалі сарочкі.

Глушак вырваўся нарэшце з рук Дзятліхі, кінуўся на падмогу Яўхіму, учапіўся ў Васілёву галаву, сілячыся прыгнуць к зямлі. У той жа час Сцяпан схапіў брата за плячо, за руку, стаў з усёй сілы цягнуць ад Васіля.

Дзятліха напала зноў на старога, але ўбачыла скрываўлены твар сына, пачула, як ён хрыпіць, з жаху, з роспачы ўскінулася, забегала позіркам па полі, залямантавала:

– А бо!.. Людцы-ы!!! Ратуйце-е!!! Забіва-аюць!!!

Яна пабегла насустрач куранёўцам, што каля лесу ўчулі яе кліч. Бегла і ўсё лямантавала, падганяла:

– Забіваюць!!! Забіваюць!!! Ратуйце!!!

Недалёка адбегла, схамянулася, зноў кінулася да сына. Адбіваючыся ад яе, Глушак заўважыў мужчын, што падбягалі з Міканорам наперадзе, сагнуўся цярпліва, пакорліва. Трываў удары асатанелай Дзятліхі, аж пакуль яна не здаволілася, учапілася ў Яўхіма.

– От бо, як пакруціліся! – паскардзіўся па-старэчы Глушак, калі людзі прытупацелі. – Расчапіце бо, дурняў етых!.. Сцяпанко, адыдзі! Без цябе ўжэ абыдуцца!..

Мужчыны, між якіх быў і Ларывон, кінуліся разнімаць тых, хто біўся. Сцяпан сам адступіўся, Дзятліху таксама лёгка адцягнулі, а Васіль і Яўхім не даваліся, хапаліся адзін за аднаго, малацілі кулакамі, хрыпелі, гразіліся.

– Эх, ваякі! – гнуў назад Яўхіму руку Міканор. – Не выпускай! – загадаў ён Хоню, што трымаў Яўхіма ззаду.

– Як чэрці! Нядоўго й да смерці! – бегала навокал спалоханая Сарока. Яна крычала, склікала: – Сюды! Забіваюць!

У гарачцы Васіль Андрэю Рудому, які адрываў яго ад чубатага, так стукнуў у сківіцу, што той заенчыў і адскочыў, са страхам мацаючы сківіцу далонямі…

Сямёра мужчын ледзь адарвалі іх адзін ад аднаго. Але і адцягнуўшы, з цяжкасцю маглі ўтрымаць: Яўхім і Васіль праглі зноў счапіцца; ірваліся адзін да аднаго, крычалі:

– Глядзі ж… Пападзіся цяпер, удод! Запарву дзе-небудзь!..

– Сам глядзі, кныр! Штоб… сам не папаўся!..

– Эх, бранзбойта няма з халоднай вадой! – сказаў Хоня. – Штоб астудзіць!

Маці ламала рукі, лямантавала каля Васіля, як каля нябожчыка:

– А сыночак мой!.. А Божачко ж!.. А што ж яны з табой зрабілі ж!.. А дзіцятко ж ты маё!..

– Яўхімко, будзь хоць ты разумны! – параіў сыну Глушак стары: усе па яго выгляду маглі бачыць, як іх пакрыўдзілі. І як яму непатрэбна бяда гэтая – толькі ж хіба яго віна тут!

Дзятліха аж сумелася:

– Ах ты, гнілая зараза! "Разумны"! Біць памагаў, а цяпер – разумны! – Яна загаласіла: – Сыночак ты мой!..

– Не чапай, Яўхімко! Бяды не абярэшся! Бачыш!.. – трываў няпраўду ад Дзятліхі Глушак. – Самі ж пачалі і самі ж вінавацяць.

Але Яўхім не слухаў нічога, гразіўся:

– Памочыш шчэ крывёй землю, удод!..

– Корч пранцаваты! Сам глядзі!..

Народу вакол збіралася ўсё больш. Падышлі Дубадзел і Зубрыч, праціснуліся наперад. Дубадзел – рашуча, важна, Зубрыч – лагодна, далікатна.

– Што тут такое? – строга акінуў вачыма Васіля, Яўхіма, іншых Дубадзел.

– Кеб трохі – дак пазабівалі б адзін аднаго! – выскачыла першая Сарока. У тым, як яна сказала, як паматала галавой, чутно, відно было: такі жах, такі жах!

– Ад чаго выйшло ето? – Дубадзелаў позірк загадваў Васілю адказваць.

Кроў цякла Васілю на вочы. Ён адпіхнуў маці, якая лезла памагчы, выцер лоб чорнай далонню, пачуў, як шчыміць парваная скура. Боль мяшаўся з крыўдай, са злосцю, якія палілі цяпер, здаецца, яшчэ больш, як да бойкі.

Адказаў за яго Глушак стары:

– Чужое поле хацеў захапіць гвалтам! Супроць савецкага закону! Супроць сельсавету!..

– Адразу ўжэ і супроць савецкай улады! – падчапіў яхідна Міканор.

– Не супроць! – адгукнуўся Васіль.

– А кеб і супроць! Кеб і паараў сам! – накінулася на Глушака Дзятліха. – Дак за ето біць трэба? Забіваць да смерці?!

– Ніхто яго не забіваў! Сам ён Яўхіма чуць на той свет не адправіў!

– Сам? – Дзятліха забожкала, загаласіла, як толькі магла. Усе разумелі, што галошаннем сваім яна спрабуе абараніць, выратаваць сына.

– Сціхніце, цётко! Шчэ не знаеце, што будзе! – паспрабаваў супакоіць яе Хоня, але яна загаласіла мацней.

Зайчык улучыў момант, весела ўплёў:

– От і пачаўся, дзетачкі, перадзел!

Засмяяўся толькі Ларывон. Але і ён тут жа зірнуў на Яўхіма і змоўк. Нікому больш Зайчыкаў жарт, мусіць, не здаўся смешным.

5

– Мо няхай етыя пойдуць па хатах, – сказаў Дубадзелу і ўпаўнаважанаму Міканор. – Патом разбяромся. А то ж – пачалі абрэзваць, сабралі столькі народу. Давесці б да ладу абрэзку.

– Правільна! Час – дарагі! – падтрымаў яго ўпаўнаважаны, і Дубадзел са ўсёй строгасцю загадаў Васілю і Яўхіму:

– Заўтра штоб булі ў сельсавеце! Рано! На расследуванне!

– Я толькі павінен на некалькі хвілін затрымаць іх, – умяшаўся раптам зноў – лагодна і разам з тым цвёрда – упаўнаважаны. – Для папярэдняга высвятлення акалічнасцей і прычын. – Ён кіўнуў Міканору і Дубадзелу: – Прадаўжайце пакуль без мяне.

Як толькі людзі пачалі разыходзіцца, Дзятліха, якая была прыціхла, прыслухоўваючыся, што кажуць пра лёс Васіля, адразу загаласіла зноў. Зубрыч, як мог, дапытаў яе хутка, перабіваючы, ківаючы згодна: так, так, зразумела, мякка сказаў, што яна можа ісці. Дзятліха, аднак, не паслухалася, пачала лямантаваць зноў, і ўпаўнаважаны прыгразіўся, што плачам сваім яна толькі пашкодзіць справядліва разабрацца ва ўчынку сына. Пашкодзіць сыну…

Услед за гэтым упаўнаважаны таксама ж, здагадліва ківаючы, хутка дапытаў Сцяпана і старога Глушака, таксама дазволіў ісці. Але ніхто з іх, як і Васілёва маці, у сяло не пайшоў, адступіліся толькі на якую сотню крокаў і сталі, назіраючы за тым, што будзе далей…

Ім не было чуваць, пра што гаварыў упаўнаважаны Васілю і Яўхіму. Але, здавалася ім, трымаўся ён з абодвума інакш, не ківаў галавою: засунуўшы рукі ў кішэні, выпрастаўся важна, строга і ўсё нібы нечым гразіўся, непадступны, нелітасцівы. І Дзятліха, і Глушак не на жарт трывожыліся.

Упаўнаважаны, застаўшыся адзін з Васілём і Яўхімам, загаварыў не адразу. Засунуўшы рукі ў кішэні, пільна, аж неяк пранізліва разглядваў спачатку аднаго, потым другога і не спяшаўся выкладваць тое, што таілася ў яго галаве. Доўга-доўга, здавалася абодвум, маўчаў – аж трываць цяжка стала маўчанку.

– Ну-с, значыць, так, – расшчапіў нарэшце губы ўпаўнаважаны, – самі пачалі землеўпарадкаванне!

Т-так!..

Яўхім запярэчыў:

– Я не пачынаў… Ён ка мне ўлез! Я толькі за сваё дабро ўступіўся!..

– Було тваё!.. Паўдзесяціны цяпер мае!.. Паўдзесяціны мне выдзелілі!..

– Етыя табе выдзелілі?

– А якія? Мо такія, якія ты сам выбераш?

Зубрыч адрэзаў строга, жорстка:

– Спыніць спрэчку! Тут не дыскусія! Я дапытваю вас! І будзьце ласкавы слухаць мяне! І адказваць тады, калі я запытаюся! – Ён зірнуў на Васіля, раптам ударыў пытаннем: – Сядзеў ужо?

У Васіля ў грудзях пахаладзела.

– Ну, чаго маўчыш?

– М-мяне адпусцілі…

– Можам вярнуць назад! – Васіль глядзеў, не пазнаваў упаўнаважанага: калі тут была ўсмешка! Не твар, а камень. – Зноў захацеў туды?!

Васіль быў разбіты.

– Усё адно! – абураўся ўпаўнаважаны. – Што хачу, тое бяру! Законы яму – нішто! Нуль!.. Савецкія законы яму не пісаны!.. Анархізм поўны! Не анархізм, а разбой! Разбой сярод белага дня! Адкрыты бандытызм!..

– Я не… бандзіт…

– Не бандыт, дык бандыцкі паслугач!

– І не… паслугач…

– Мы ўсё помнім! Мы не забылі, як вы Маслака вадзілі пад вокны савецкіх дэпутатаў!

– Дык яны ж заставілі! Абрэз уткнулі ў жывот!.. – Васіль гатоў быў зараўці ад крыўды.

– Абрэз! Хто вам паверыць! Дурняў знайшлі! Вы ж і цяпер – толькі Маслак, апякун ваш, аб'явіўся – зноў расперазаліся! На законы савецкія плюяце! Думаеце, пры Маслаку ўсё дазволена! – Упаўнаважаны гнеўна паківаў пальцам перад Васілёвым тварам: – Не, рукі кароткія! Савецкая ўлада не такіх уціхамірвала! Не такіх абсякала!..

Зубрыч з тымі ж пагрозай і гневам загадаў:

– Ідзіце! Ды чакайце, як мы вырашым!.. – Ён заўважыў, што хлопец і не глядзіць на Гуза, які мірна дрэмле. Крыкнуў услед: – Каня забярыце!

Васіль схамянуўся, паплёўся да Гуза.

Маці, радая, што допыт скончыўся так хутка, што Васіля адпусцілі, хоць і бачыла, што сын вельмі ж паныла горбіцца, выцерла слёзы, сказала весела:

– А я баялася, што, барані Бог, заарыштуе! Аж не, пусціў!! І не мучыў доўго! – Яна, відаць, хацела супакоіць сына. – Добры, кажуць, справядлівы ён! Кеб Крывароты, не дай Бог, той пападзержаў бы!..

"Добры! – аж запякло Васілю ад матчыных слоў. – Штоб яму на тым свеце, такому добраму, – не знаю што!.. Усе яны добрыя, справядлівыя такія, няхай іх сарочка не чапае… Маслака прыплёў! У паслугачы Маслаковы запісаў, справядлівы такі!.. Помнім, кажа. Не забылі. Не дакапаліся толькі… Але – дакапаюцца. Выкапаюць усё, чаго і не було ніколі. Абы толькі захацелі – выкапаюць. Набрэшуць, а ты паспробуй дакажы, што няпраўда! Такім дакажаш!.."

Не бачыў, як дабраўся да загуменнай дарогі, пацёгся між восецяў, гумнаў, платоў. З-за Чарнушкавых варот да яго кінуўся радасны Валодзька з Хведзькам, але Васіль нават не зірнуў на брата. Хведзька адразу ж адстаў, паскакаў назад, а Валодзька доўга ішоў моўчкі, таіў у сабе турботу.

– Ты даў яму? – не вытрываў, запытаў ён ужо каля павеці. – Праўда, даў?

– Што? – не зразумеў Васіль.

– Етаму Карчу – даў?

Васіль зазлаваў:

– Ідзі ты, спрос… – Адумаўся: – Даў, канешне…

– Я так і знаў, – узрадаваўся Валодзька. Ён сказаў з захапленнем, з зайздрасцю: – Ты – дужы!..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю