355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 9)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 28 страниц)

– Навукі тыя яго булі не пралетарскія! – запярэчыў Руды.

– Якія яны там ні булі, а ўсё-такі навукі, – сказаў Нібыто-Ігнат. – Дак ён – нібыто – дваццаць гадоў біўся з балотам, ссівеў, ссох, як трэска, а чаго дабіўся? Капае, капае, – не ён, канешне, а людзі прыведзеныя, – а яно, балото, пакуль у адным месцы выкапаюць, у другім ужэ раскай зарасло.

– Ето ж пад Загаллем пакапалі тады, – прамовіў Дамецік. – Там, мабуць, і знаку няма…

Дамеціха падтрымала:

– Што Бог даў, тое адзін Бог і перамяніць можа! А не чалавек, казяўка.

– Ето вы дарэмно, Халімонаўна. Перадавыя вучоныя яшчэ пры царскім рэжыме, та-скаць, пра чалавека другое вучылі. Не кажучы пра цяперашняе, пра бальшавікоў, вучылі: чалавек – не казяўка!

– Не знаю, чаму там вучылі, а толькі казяўка буў, казяўка і е…

– Ето гледзячы – які чалавек! – запярэчыў Хоня. – Адзін, бувае, – казяўка, а другі – герой!

– Чалавек – сушчаство. Так сказаць, ён і мошка, і ён – валадар, цар прыроды! Ето шчэ вучыў паэт Някрасаў, а такжа Талстой, Леў Мікалаевіч!

– Чалавек – мошка і валадар, ето праўда, – падхапіў Алёша.

Міканор сказаў:

– Калі ён адзін, як той каласок, што забулі ў полі, ён, канешне, не сакрэт – усё адно што мошка ці казяўка. А калі етых мошак полк сабярэцца ці дзівізія, то етая мошка ці казяўка свет перавярнуць можа…

– Дак то дзівізія, а то – мужыкі, – падумаў уголас Хоня.

– Няхай сабе і мужыкі. Калі сарганізавацца ўсім, дружно ўзяцца, будзе ўсё адно што тая дзівізія. Што хочаш, адалее.

– Дружно ўзяцца! Дак дзе ж ето було, штоб усё сяло ды дружно што-небудзь рабіло?

– Тут хто ў лес, а хто па дровы! – як бы пашкадаваў Хоня.

Дзядзькі згодна падтрымалі яго, заківалі галовамі.

Калі ўсе змоўклі, адно смалячы цыгаркі, Чарнушка прамовіў раздумліва:

– Дый яно, сказаць, – тут і так, грэц яго, сілы няхватка. Кеб з тым, што ў гаспадарцы, управіцца.

– У другіх не меней, як у нас, клопату, – нібы не спрачаючыся, а таксама разважаючы, шануючы старэйшых, сказаў Міканор. – А от жа неяк робяць і іншае, сабе на дабро!.. – Міканор дастаў з кута газету, разгарнуў: – От пішуць: балота асушылі – луг зрабілі.

– Далёко ето?

– Ды не сказаць, каб вельмі. Вярстоў пятнаццаць мо за Нароўлю. Там блізко нашы лагеры стаялі, дык я, можно сказаць, ведаю тыя мясціны. Усё такое, як і ў нас. А хіба б у нас паганую сенажаць можно було б за Церамоскім зрабіць?

– Можно б то можно, да от паспробуй! – сказаў Хоня.

– Усё адно як не знаеш нашых! – павучальна прамовіў Грыбок.

– Міканорко, не кажы чаго не трэба! – лагодна, але цвёрда сказала і маці. – Пустое ўсё!

– Чаму ето пустое? – загарачыўся Міканор. – Другія ж робяць, а мы што – горай за ўсіх?

Невядома, як пайшла б гаворка далей, калі б Чарнушка, які страх не любіў спрэчак, знарок не пажартаваў:

– Жаніць цябе, Міканор, мабуць, грэц яго, трэба!..

Хоня весела падхапіў:

– Ужэ і жаніць зразу! Дайце хоць хлопцу, пакуль тое – на дзевак паглядзець, выгуляцца!

– Ахвоту хлапечую сагнаць! – падтрымаў Алёша.

Хоня тут жа спрытна, не трацячы зручнага моманту, пазваў Міканора на вуліцу – пабачыць, дзе што робіцца на вячорках. І, мусіць, Міканор у ахвоту падаўся б з ім, калі б Дамеціха не запярэчыла:

– Нягожа ето яму, Хартонко! Тут госці, а ён – шась з хаты, бы яны не даўпадобы!.. У другі раз няхай ужэ! – Яна, нібы чакаючы ўхвалы, зірнула на сына.

Міканор па-прыяцельску кіўнуў хлопцам:

– Пэўне-такі, у другі раз паглядзім…

– У другі дак у другі! – Хоня ўстаў, прыляпіў да макаўкі шапку, падмігнуў таварышам сваім: – А мы – павалім! Бо кеб дзевак нашых не пахваталі якія!

– Дай штоб не пасохлі без нас з нуды! – сказаў Алёша.

Калі ўсе трое выйшлі, у хаце маўчалі, здавалася, слухалі жвавую гамонку спачатку са двара, потым з вуліцы. Калі гамонка прыціхла, Дамеціха чутна ўздыхнула, загаварыла з журботнасцю, з замілаваннем:

– От хлопец! – Хоць яна не сказала імя Хоні, усе зразумелі, кім захапляецца і па кім журыцца. – Ето ж трэба – бяда такая! Матка – як дзераво зрэзанае, з ложку не ўстае, дзяцей чарада на яго руках, накармі ўсіх, дагледзь!..

– І за бацька і за матку адзін – ето праўда, грэц яго!

– А от – нібыто – і не бядуе! Нібыто – і гора мало!

– Не паказуе! Усярэдзіне, следавацельно, хавае!..

Зноў памаўчалі, потым гаворка пайшла пра тое, што цяпер асабліва турбавала кожнага, пра маслакоўцаў.

– Адкуль яны, грэц яго, прылезлі! То ж усюды, чутно, ціхо стало, а тут – сычаць і сычаць…

– Балото, ведамо, – адгукнуўся Дамецік. – Гаду ўсякаму ў балоце – рай!

Можа, і самі таго не заўважаючы, гаварылі цяпер цішэй, як бы асцерагаліся, каб не пачуў той, каму не трэба. Грыбок слова не выціснуў, сядзеў неспакойна, мімаволі прыслухоўваўся да гукаў на вуліцы, на якой недзе дурэла, гаманіла моладзь.

Васіль таксама маўчаў, ледзь толькі загаварылі пра Маслака, чакаў, што не абмінуць, упікнуць яго. Падрыхтаваўся, каб адрэзаць як належыць, калі хто-небудзь зачэпіць.

– З-за граніцы перакідаюць, з Польшчы. – Руды, як тайну, даверыў: – Так сказаць, агентура.

– Нібыто, балахоўшчыкі ўсялякія…

– Балахоўшчыкі ці не, а от жа, грэц яго, і цераз граніцу прашываюцца. І мало таго – шчэ і тут хэўру знаходзяць!

– І ў нас жа з некім зналіся…

– Зналіся…

Дымілі цыгаркамі, думалі аб нечым сваім, але гаворкі пра Маслака ўжо не вялі: не ў ахвоту гаворка гэта, рызыкоўная, лепш язык за зубамі патрымаць. Ажылі, загаманілі наперабой, калі пайшлі ўспаміны, меркаванні пра вайну, пра вайсковую службу…

Разыходзіліся познім вечарам. Ціхі, мяккі снег казытаў шчокі, ляпіўся на шапкі, на кажухі і світы, здавалася, спяшаўся хутчэй забяліць усё. Не толькі ўзболатак, агароды за хлявамі былі схаваны замеццю.

– Нібыто ўжэ і зіма, – зазначыў Хадосьчын бацька.

– Зіма! Толькі гразі лішняй, грэц яго, наробіць!..

– Па прэдсказанію – таяць не павінно… – дайшло да Міканора і Васіля ўжо з вуліцы.

Міканор стаяў на ганку ў расхрыстанай гімнасцёрцы. Падаўшы Васілю руку, згадаў весела:

– Думаў я, што ты сказаў каля калодзежа. Лепей, маўляў, буць воўкам, як авечкай. А па-мойму – дак лепей буць чалавекам. Толькі, канешне, – Міканор засмяяўся, – чалавекам з зубамі!

Васіль прамаўчаў. Але лежачы ўжо, успомніў Міканоравы словы, падумаў: «Чалавекам ці не чалавекам – усё адно, а зубы, канешне, трэба мець! Без зуб не ўцалееш цяперашнім часам. З'ядзяць, і не агледзішся…» Ён згадаў Міканораву гаворку пра балота, падумаў, як старэйшы: дзівак – асушыць, кажа, сенажаць зрабіць! Такое і ў сне ў Куранях, каб і хацеў, не сасніш! Думкі перабеглі да гаворак пра маслакоўцаў, і ўсярэдзіне закіпела: «Кеб знаў, хто ето іх навёў, задушыў бы гада!.. А дазнацца можно ж. Курані – не горад які, адна вуліца, хата кожная, можно сказаць, на віду. Толькі прыгледзься, дак заўважыш нешта, як бы той ні круціў. А там, толькі не пашкадуй часу ды не пабойся, і да большага, да ўсяго дойдзеш! Не ўхаваецца!.. Толькі б прысачыць добра!..»

3

Сінім снежным адвячоркам Грыбок хадзіў ад акна да акна па сяле, загадваў ісці ў Ігнатаву хату на сход.

Збіраліся доўга, нядружна: то ўваліцца некалькі чалавек амаль адразу адзін за адным, то за цэлыя паўгадзіны хоць бы хто пастукаў ботамі ў сенцах, бразнуў клямкаю. Праўда, тыя, хто быў ужо ў хаце, такім непарадкам не толькі не абураліся, але нібы і не лічылі яго вартым увагі: сышоўшыся ў купкі, дзядзькі і хлопцы смалілі цыгаркі, гаманілі. Гамонка, ды і рухі былі найбольш павольныя, мірныя, і прычынай гэтаму была зіма: калі і пасядзець, пагаманіць уволю, як не зімой, ды яшчэ перад сходам.

Дым плыў угару, хмаркаю віс вакол лямпы, якая ціха сіпела і хліпала.

У кожнай купцы бавілася свая гамонка. Іншы раз гамонка ў гэты вечар спадала да ледзь чутнага нават блізкім шэпту: пераказвалі няпэўную чутку пра тое, нібы Маслакова гайня нарэшце далазілася. Распетрылі ў пух, каго пабілі, каго арыштавалі, адзін Маслак, здаецца, і выкруціўся. Другія гаварылі, што Маслака таксама ці то схапілі, ці то застрэлілі, але больш веры давалі таму, што гаду і на гэты раз удалося выкаўзнуць. Няпэўнасць пра лёс Маслака як бы павялічвала няпэўнасць саміх чутак: дзе-дзе, а ў Куранях добра ведалі цану чуткам! Таму гаварылі пра банду ўсё ж з недавер'ем, з асцярогай і, як звычайна, хутка змаўкалі ці пераходзілі на розныя дамашнія навіны ці меркаванні.

Барадаты Пракоп у сваёй купцы, дзе сядзеў і гаспадар хаты, Хадосьчын бацька, і Глушак, важка, басавіта бухаў пра тое, што хтосьці абадраў стог сена ў гале.

– Болей за паўвоза нацягаў, вурад!..

Пракоп да гаворак ахвотнік не вялікі, гаворыць так, нібы воз сена падымае. Тым, каму даводзіцца слухаць яго, хочацца аж памагчы чалавеку. Ён і цяпер бухнуў некалькі важкіх слоў і змоўк – толькі па тым, як панура выглядваюць вочы з-пад зарослых броў, відаць, што злуе вельмі.

– Судзіць такіх трэ було б, – заявіў Ігнат. – У Сібір ссылаць, кеб ахвоты не було на чужое.

– Строгасці мало. Бога забылі. Разбалуваліся. Усё ад етаго, – павучальна адгукнуўся стары Глушак.

У кутку пад абразамі Андрэй Руды насядаў на лысага, ціхага настаўніка з Алешнікаў:

– А я чуў, што ў Кітаі – та-скаць – рэвалюцыянеры бяруць верх і б'юць генералаў – аж пух ляціць.

– Можа буць. Чутак усялякіх… багато… – Настаўнік азіраецца, як у пастцы.

Яму, відаць, нялёгка з куранёўскім палітыкам. Сам ён, хоць яго часам і велічаюць па імю і па бацьку, Сцяпан Уласавіч, амаль нічым не розніцца ад іншых дзядзькоў – ні гаспадаркай, ні адзеннем. У Алешніках у яго свая хата, карова, нават конь свой і плуг. Арэ і косіць сам. Рукі ў яго шурпатыя, чорныя, прывыклыя капацца ў зямлі. Ён тут свой сярод сваіх, хоць гэта каму-нікаму не даспадобы: хіба ж гэта настаўнік? От у Бярозаўцы – пан, а не дзядзька нейкі!..

– А ёсць, та-скаць, ізвесція, – не адстае Руды, – што гоняць іх, генералаў етых, да мора, і як дагоняць, следавацельно – патопяць усіх да аднаго…

– Патопяць… – Сцяпан Уласавіч расшпільвае замурзаны кажух, з-пад якога выглядае зрэбная пафарбаваная сарочка, – горача ад куранёўскага палітыка!

– І няхай топяць! – весела ўрываецца ў гаворку Міканор. – Табе хіба шкода? – смяецца ён Рудому, відаць, хоча памагчы настаўніку.

Але Андрэй жартаваць не збіраецца, глядзіць у адказ холадна: не лезь, куды не просяць.

Аднак тут у гаворку ўступае Чарнушка:

– Дай ты чалавеку перадых! Прыстаў з етым сваім Кітаем! Кітай ды Кітай! Тут і са сваім, не то што з Кітаем, няма як разабрацца. От, дай рады, Сцяпан, – сажа ярыну аж губіць. Праўда, што кеб сінім каменем пратравіць, дак можно б выбавіцца?

– Можно – сінім каменем, – ажывае настаўнік, – а можно – фармалінам. Памагае добра…

У купцы жанчын, што ціснуліся каля ложка, гамонка ішла такая ціхая, што збоку амаль нічога не было чуваць. З гэтага неразборлівага гуду час ад часу вырываўся задзёрысты галасок гаварлівай удавы Сарокі, дужай, вяртлявай жанчыны, якая, перамаўляючыся, кідала вострыя позіркі на мужчынскія купкі, на ўсё, што ні рабілася ў хаце. Вочы яе проста бегалі, лавілі, праглі – чаго-небудзь цікавага! Такая ўвага да навакольнага зусім не замінала ўдаве сачыць за жаночым шапятаннем, разам удзельнічаць у гаворцы. І трэба сказаць, што ўдзел гэты не быў абы-які, фармальны. Часта цётка Сарока забівала сваёй гаворкай астатніх чатырох, якія нямелі ад патоку дасціпных прымавак і жартаў. Прымаўкі вязала яна лёгка, спрытна, без утомы, адкуль толькі і браліся!

Таму, хто пазіраў за імі збоку, гаворка ў жанок магла б здацца такой, як бы там рыхтавалі нейкую змову ці, па крайняй меры, давяралі адна адной сакрэты надзвычайнай важнасці. А сакрэты былі такія, што ў Грыбка цяліцу нехта ўракнуў і яна ні есці, ні піць не бярэ; што Міканорык Дамецікаў з пошты прынёс газету, а ў той газеце прапісана – цераз тыдзень будзе зноў вайна з палякамі; што Ганна Чарнушкава ўжо і глядзець на Дзятлікавага Васіля не хоча…

– Картоплю з гуркамі топча, а ўжэ не хоча якога хлопца! Давай караля з заморскага карабля!

– Завідкі на дабро глушакоўскае ўзялі! Мачыха, пэўна, падгаворвае!

– Не мачыха! Пасварыліся яны, Васіль і Ганна! – запярэчыла Хадосьчына маці.

– Аге, пасварыліся! А чаго?

Цётка Сарока толькі сабралася выказаць прычыну, як у купку ўбіўся гарэзны Зайчык, закруціўся, чапляючыся да кожнай, быццам лезучы цалавацца.

– Дзевачкі мае, кветачкі! Занудзіліся, мабуць, без кавалера!

– Аге ж! Трэба ты нам, стары пень, як учарашні дзень!

– А не, не трэба, Сарока-белабока? А чаго ж ты, як на людзях, дак «стары пень», а як адны пабачымся, дак і «кветачка» і «ягадка»! – Зайчык перабіў Сароку. – Шчэ і ў восець нанач звала!

Мужчыны, хлопцы, усе ў хаце глядзелі цяпер на Зайчыка, смяяліся, падначвалі яго і Сароку.

Цётка ўпікнула:

– Дзяцей поўны хорам, а сам, як малы – і не сорам!

У Зайчыка дзяцей і праўда – поўная хата, голыя, галодныя, і сам ён хваравіты, худы, аж шчокі ўваліліся, кажух такі, што і латаць няма чаго – дзірка на дзірцы, на спіне, на рукавах, усюды тырчыць поўсць. Але нішто як бы і не турбуе – скінуў з лысай галавы шапку, лезе, дабіваецца ад Сарокі: чаго ж запрашала ў восець?

Падурэўшы з Сарокай, уваліўся раптам у гурток дзяўчат – адну абняў, другую цмокнуў у шчаку, некага ўшчыкнуў. Сярод дзяўчат ускінуліся крыкі, па Зайчыкавым кажусе запляскалі кулакі. Пад крыкі гэтыя выбраўся на волю, крывячыся, паказваючы, як баліць: вельмі ж пабілі, піскухі!

Прыстаў да хлапечага гурту:

– Які ето дурань будзе браць сабе такую пагібель у хату?

– А мы і не возьмем! Не будзем жаніцца! – заявіў весела Хоня.

– Не жаніцеся, хлопчыкі!

– Не будзем! Цвёрдае слово сказалі!

– Бацько і матка! Ты глядзі, ці пойдзе шчэ каторая ў твой кагал! Такую чараду глядзець!

– Сам дагледжу!

Васіль сядзеў між хлопцаў каля дзвярэй, але амаль не слухаў ні таго, пра што яны гаварылі раней, ні таго, аб чым жартаваў цяпер з імі Зайчык. Нават дружны іх рогат не выводзіў яго з таго стану насцярожанасці, з якім ён увайшоў сюды. Васіль упершыню пасля турмы быў на такім вялікім зборышчы, лавіў на сабе цікаўныя позіркі, бачыў, як жанчыны нядобра перашэптваюцца аб ім. Да таго ж да яго дайшло, што сёння будзе гаворка і пра перадзел зямлі. Гэта павінна было як бы напомніць людзям пра яго віну, і ён баяўся, – магло пры перадзеле пашкодзіць яму. Гэты неспакой яго мяшаўся з неадступным, насцярожаным чаканнем, што вось-вось можа ўвайсці ў хату Ганна. Ён чакаў яе, трывожыўся. Даўно, ледзь не адразу ж тады, як пабачыў, што няма Ганны, заўважыў, што няма не толькі яе, але і Карча Яўхіма! Ці можна было яму не думаць, што яны недзе разам!

Ужо было ледзь не поўна ў хаце, калі ў купку каля дзвярэй уціснуўся з сянец першы Яўхімаў прыяцель, здаравенны і дурнаваты Ларывон, вялікі ахвотнік выпіць, а выпіўшы, пабіцца. За Ларывонам Васіль адразу ж убачыў Яўхіма. Ледзь толькі ўбачыў – пачуў, як раптам стала горача, аж млосна, хутчэй адвёў позірк убок. Не мог глядзець на ненавісны твар.

Але і не пазіраючы, бачыў, які ён вясёлы, задаволены, і ад гэтага ў грудзях ныла.

– Раздайся, машкара! – загадваў Ларывон, рассоўваючы ў бакі хлопцаў. Плячысты, з чырвонай шыяй, па-бугаінаму выгнутай галавой, ён цяпер вельмі апраўдваў сваю мянушку, якой яго паціху хрысцілі людзі: Бугай.

– Казаў я, без нас не пачнуць, – прамовіў весела Яўхім. – Можно було б шчэ пасядзець!..

– Аге, толькі вас і чакалі! – закрыўляўся Зайчык. Ён крыкнуў Грыбку: – Ужэ можно пачынаць!

– І праўда, – падхапіла Зайчыкавы словы Сарока, – няўжэ ж да пеўняў ждаць будзем, пакуль прыцягнуцца ўсе?!

Як бы абуджаныя крыкам Сарокі, усе заварушыліся, загаманілі: час пачынаць! Грыбок пашаптаўся з крываротым – ад чырвонага рубца, што прарэзаў шчаку і падбародак, – старшынёй сельсавета Дубадзелам, сказаў да ўсіх, просячы:

– Дак, можа, давайце памаўчым трохі? І паслухаем, што скажа нам начальство з сельсавета?

– Можно і памаўчаць… Няхай кажа!.. Ціхо ж бо вы!.. – пайшлі галасы па хаце. Гоман стаў ападаць.

Начальства – маладое, з хваравіта касцістым, бледным тварам, вострымі плячыма, з гарачым, адважным позіркам – устала, абцягнула велікаватую гімнасцёрку і пачало з таго, што, па-першае, ад Алешніцкага сельскага Савета Юравіцкай воласці перадало прывітанне ўсім працоўным сяла Курані. Дубадзел перачакаў, пакуль сціхлі шум і воплескі, пачатыя Андрэем Рудым, аб'явіў:

– Па-другое, мы прыехалі, кеб пагаварыць з вамі пра дзело рознае. Пра школу нашу, – ён кіўнуў да настаўніка, – пра падатак, канешне. А таксамо – і пра грэблю. Пра грэблю тут павінен буў гаварыць з воласці, але па той прычыне, што ён не прыехаў, зноў буду гаварыць я…

– Прапаную спачатку выслухаць міжнароднае становішча, – падняў руку Андрэй Руды.

Дубадзел абвёў людзей вачыма, непахісна сказаў:

– Міжнароднае становішча я намалюю, калі буду гаварыць пра падатак і пра грэблю! Ясно?

Руды кіўнуў:

– Ясно.

Але тут гайнёю накінуліся, апанавалі Дубадзела іншыя галасы, прыдзірлівыя, злыя:

– А пра землю, пра дзяленне – нічого? Дзяліць калі?

– Перадзялілі ўжэ!

– Гаварылі, дурылі!.. Абяцанка – цацанка!..

– Дак якое ж цяпер дзяленне?! – крыкнуў Хоня. – Па такому снегу?

– Даждаліся!

Дарэмна Грыбок спалохана спрабаваў сцішыць людзей – гоман, крыкі, абурэнне, злосць, смех віравалі ў хаце. Уціхла на хвіліну толькі тады, калі Дубадзел цвёрдым тонам заявіў, што землеўпарадкаванне будзе зроблена вясною. Але не ўправіўся ён сесці, як шум зноў закіпеў.

Настаўніку Жалудку давялося пачынаць у гэтым гомане. Гаварыў ён нясмела, ціха, і спачатку нават зблізу мала што чулі з яго гаворкі. На тых, якія шумелі, пачалі шыкаць.

– Ціхо ж бо вы! Дайце сказаць чалавеку! – бухнуў нарэшце Пракоп.

– Ужэ месяц, як у школе ідуць заняткі, – стала вальней гаварыць настаўніку, – а ходзяць у школы з Куранёў толькі двое – Дзяцел Соня і Глушак Сцяпан.

– Добра хадзіць яму, бацьку такога маючы! – перабіў Хоня Жалудка, і згодны гоман зноў прыцішыў настаўніка.

Васіля вельмі мала цікавіла тое, што казаў Жалудок, куды з большай увагай сачыў хлопец за тым, хто паяўляецца з сянец. Ганны не было і не было. Нечакана позірк яго наткнуўся на іншую постаць, якая ўраз захвалявала хлопца. Васіль не паверыў, прыгледзеўся: не, памылкі тут не было, у дзвярах стаяў ён! Васіль мімаволі насцярожыўся: вось хто, аказваецца, павінен быць з воласці! Але чаго ён стаіць за другімі, упоцемку, не ідзе за стол? Перарываць сходу не хоча ці ахвота паслухаць адсюль, неўпрыкметку?

– Няхай Сцяпан з багатай сям'і, – пярэчыў настаўнік. – Але ж у школу ходзяць і бяднейшыя. Ну, от Дзяцел Соня з вашых, – Жалудок кіўнуў на Андрэя Рудога, Сонінага бацьку. – Багато бедных дзяцей ходзіць з Багуслаўца, з Глінішчаў. Я ўжэ не кажу пра Алешнікі. У Куранях болей за ўсё такіх, якія не ходзяць у школу…

– А з Мокуці богато ходзіць?

– З Мокуці таксамо, – прызнаўся Жалудок.

– А з Хвойнаго?

– І з Хвойнаго. Ім няма як дабрацца…

– А нам е як? Адзін чорт, што з Куранёў, што з Мокуці!

– Як мокро, дак лягчэй на той свет, чым у Алешнікі вашы!

Людзей зноў як прарвала. Жалудку не давалі слова сказаць: гаварылі, крычалі, не слухаючы нічога і нікога.

– Хай бы сам настаўнік сюды хадзіў, калі ўжэ так трэба…

– А хто мне за дзіця маё рабіць будзе? Ёсель юравіцкі?

– Сказаў: алешніцкія ходзяць! Кеб у нас була школа!..

– А рабіць хто школу тую будзе? Плаціць за яе?

– У чым жа яно пойдзе ў макрэчу да ў холад – голым свецячы!

– Добра казаць яму – на казённай палучцы!

– Мой дак меншых глядзіць усю зіму!..

Жалудок слухаў гоман моўчкі, цярпліва: спрачайся не спрачайся, усё роўна не пераможаш. У Дубадзела на гэта было іншае меркаванне – ён ускочыў, замахаў рукамі:

– Грамадзяне куранёўцы!.. Прашу!.. Заклікаю ўсіх!

Але куранёўцы не хацелі слухацца ніякіх просьб і заклікаў ні яго, ні тым больш Грыбка, які памагаў вяла, абы для выгляду:

– Дзядзькі, цёткі!.. Ей-бо, як малыя!..

Калі шум нарэшце апаў, Жалудок выняў з кішэні згорнутую паперку.

– Я от зараз пачытаю спісак дзяцей, каторым трэба хадзіць у школу, і яны не ходзяць. – У хаце зноў захадзіў гул, але ўжо не дружны, з перапынкамі. Настаўнік чытаў прозвішча за прозвішчам, выбіраючы цішэйшыя хвіліны. Калі ён скончыў чытаць, Дубадзел строга, тонам, у якім таілася нейкая рашучая пагроза, загадаў:

– Дай мне спісак еты!

Ён моўчкі перачытаў паперку, згарнуў і з той жа незразумелай, пагрозлівай затоенасцю паклаў у кішэню гімнасцёркі. Гэты загадкавы манеўр прыкаваў да яго ўвагу, прымусіў усіх прыціхнуць.

Тут папрасіў слова, незвычайна голасна, палымяна загаварыў Руды:

– Куранёўцы, усё, што тут, та-скаць, ізлажыў наш настаўнік і інцілігент Сцяпан Уласавіч, трэба кожнаму запомніць і ўзяць на заметку. Ён уцэліў правільно. Дзядзькі, а таксамо і жанчыны, маткі, падумайце, што скажуць нам нашы дзеці, калі вырастуць цёмнымі, так сказаць, невукамі. Не скажуць яны нам свайго «дзякуй». Бо, як пісаў вялікі расейскі паэт Мікалай Аляксеевіч Някрасаў, невукам у будушчым жыць будзе багато цяжэй, чым усім нам, таму што, та-скаць, наступіць новая епоха. І невучоным не будзе дарогі ні туды ні сюды!..

Куранёўцы слухалі яго без цікавасці, дзе-нідзе пасмейваліся: ведалі – Рудога хлебам не кармі, а дай слова сказаць. У гэты час і пайшла па дзядзьках і цётках навіна пра ціхага госця – усё больш і больш аглядвалася іх на сенцы, шукалі позіркам чужой постаці ў прыцемку каля дзвярэй. Перасталі аглядвацца, прыціхлі, калі Руды сеў і азваўся сіплым, скрыпучым голасам стары Глушак:

– Канешне, дзяцей трымаць дома ў цяперашні час – не вялікая патрэба. Не так тае карысці з іх і памогі, як шкоды. А ў школе – праўду кажуць тут – маглі б набрацца розуму…

Глушак не тое што на сходах, а і дзе-небудзь на прызбе гаварыць попусту не любіў; словы, як грошы, выпускаў неахвотна, і слухалі яго так уважліва, як бы ён даваў гэтыя лічаныя грошы. Васіль, ды, мабыць, і не адзін ён, падумаў – што ж гэта магло ўцягнуць старога ў такую трату? «Хоча, мабуць, кеб начальство пачула. Паддобрыцца хоча…»

– Дак так і пастановім, – сказаў Дубадзел, – штоб дзеці, каторыя тут вычытаныя булі, з заўтрага пайшлі ў школу. А каторых бацькі не выправяць дзяцей, то няхай дабра не чакаюць. І за ето прашу ўсіх падняць рукі.

Ён сачыў позіркам, які не даваў ніякай надзеі на літасць, – рукі куранёўцаў уздымаліся нялёгка, але ўсё ж уздымаліся. Толькі пасля гэтага галасавання дайшла да яго вестка, што Апейка ў хаце, і ён запрасіў госця з Юравіч к сталу.

– А цяпер, грамадзяне вёскі Курані, – мімаволі аглядваючыся на старшыню валаснога выканкома, прыкметна памякчэла загаварыў Дубадзел, – пяройдзем да другога пытання – аб тым, якое ў нас на сённяшні дзень міжнароднае становішча, і – пра падатак… Становішча наша на сённяшні дзень украпляецца. Рабочыя, усе гарадскія людзі сільней украпляюць змычку з сялом, а сяляне па ўсёй краіне ахвотна выконуюць падатак і ўсе іншыя абавязацельствы. Зноў жа нашы ворагі скрыгочуць зубамі, але баяцца паткнуцца да нас, бо помняць грамадзянскую вайну. Толькі адно пагано на сённяшні дзень, што наш народ – браты нашы і сёстры, каторых аддзялілі ад нас граніцаю паны, гібеюць пад прыгнётам і церпяць ад етых паноў пяты год усякія здзекі…

Васіль толькі падрыхтаваўся слухаць гаворку пра самае важнае, якое з усіх спраў на сходзе адно і турбавала, – пра падатак, – калі раптам не ўбачыў, а адчуў – увайшла Ганна. Увесь вечар, што б ні бачыў, аб чым бы ні думаў, чакаў яе, таму заўважыў адразу, як толькі паявілася яна ўслед за Хадоськаю.

Штосьці гарачае, як пара, заліло Васіля. З гэтага моманту ён амаль нічога не чуў, амаль нікога, акрамя яе, не бачыў. Ні Дубадзела, ні Апейкі, нікога іншага як і не было цяпер у хаце. Але калі ён, сам не хочучы таго, насуперак усяму, што казаў розум, як апантаны лавіў кожны яе рух, яна хоць не магла не думаць, што ён тут, нават вокам не кінула. Так, не тое што без увагі, але без хоць бы якой звычайнай цікаўнасці да Васіля, ганарлівая, непадступная, праціснулася яна між людзей паўз самага хлопца, дабралася да ложка, села побач з Хадоськай. Штосьці сказала Хадосьцы, кпліва ўсміхнулася, стала з тым жа ганарлівым выглядам пазіраць на Дубадзела, слухаць.

Да Васіля, як праз ваду, дайшло матчына прозвішча, імя, прачытаныя Дубадзелам, – сем рублёў трыццаць дзве капейкі нядоімкі…

Дубадзела ўвесь час перабівалі, перапытвалі, здзіўляліся, тлумачылі, а потым, калі ён нарэшце дацерабіўся да канца, акружылі, загаманілі, перабіваючы адзін аднаго. Цяпер часта гаварылі і да Апейкі, ён слухаў, глядзеў квіткі, пытаўся то ў Грыбка, то ў Дубадзела, нешта адказваў, запісваў. Да стала ціснуліся і жанкі, не толькі такія, як удава Сарока, гаспадыня, але і такія, мужчыны якіх былі каля Апейкі ці Дубадзела: ціснуліся, нібы чакалі, што іх паклічуць на помач. Хлопцы амаль усе стаялі каля дзвярэй ці ў сенцах, з якіх часам чуўся дзявочы піск і рогат. Васіль быў там, дзе і раней; паспрабаваў падысці да стала, але прабіцца не было як, і ён вярнуўся. Іншы раз ён, мусіць, не адступіўся б так проста, хоць бы таму, каб не пусціць цень на свой мужчынскі гонар, але цяпер не да нейкіх клопатаў аб гонары было яму. І не да нядоімкі.

З той жа неадольнай апантанасцю, у якой усе трывогі і надзеі былі з Ганнаю, ён стаў раз-пораз паглядваць туды, дзе аб нечым гаварыла з Хадоськаю гэтая ганарліўка. У нейкі момант іх позіркі сустрэліся, але яна адразу ж адвяла вочы…

Дым цыгарак вісеў так густа, што лямпа пачала хліпаць, калі Грыбок аб'явіў, што ад воласці пра грэблю скажа таварыш Апейка. Але Апейка і слова не ўправіўся прамовіць, як Хоня крыкнуў:

– Грэбля грэбляю, няхай бы сказаў хто – што з Маслаком?

– А то гавораць, гавораць, грэц яму, а толкам ніхто не ведае…

– А што гавораць? – ухапіўся Апейка.

– Ну, нібыто яго… пацерабілі нібыто… – няўпэўнена адказаў Ігнат.

– Пабілі, – знарок спакойна кіўнуў Апейка. – Добра пабілі. Трох палажылі, а пяцярых жывымі ўзялі, арыштавалі… Я таму і запазніўся сягоння – на допыце быў…

Васіль аж перастаў дыхаць: вось дык навіна! Вестку гэтую чуў ён упершыню, чуткі неяк абышлі яго, і навіна ўразіла хлопца незвычайна. І як яна магла не ўразіць, калі столькі папакутаваў з-за гэтай поскудзі з абрэзамі, калі яна, можна сказаць, свет яму закрыла! Даскакаліся, значыцца, гады! Атрымалі сваё! Тут жа ўслед за радасцю паявілася клопатнае: а можа, яны і пра Курані, пра яго што гаварылі?

– Мы, праўда, насціглі не ўсю зграю. Некалькім пашанцавала пакуль – у другім месцы былі…

– А з Маслаком што? – зноў крыкнуў Хоня.

– Маслака забілі, – адказаў Апейка.

У хаце загаманілі з палёгкай. Хоня перабіў гоман:

– А тых, што вылузнуліся, багато?

– Чалавек сем яшчэ. Але і іх чарга недалёка. І ім нядоўга бегаць па волі.

– Даўно трэба було! – голасна папракнуў Хоня.

– Трэба было. – Апейка памаўчаў момант. – З усімі скора кончым. Нам трэба жыць. І думаць пра тое, каб жыць лепей. Як вясна, ці восень, ці мокрае лета – да вашых Куранёў ні дайсці ні даехаць. І з Куранёў таксамо – нікуды. Свет канчаецца за ўзбалоткам. Свету не відаць. Праўду я кажу?

– Ісцінную праўду, так сказаць! – пацвердзіў Руды Андрэй.

Большасць людзей маўчала, чакалі, што будзе далей. Апейка пайшоў у наступ:

– Праўду. Сам не адкуль-небудзь, а з такога ж балота… Солі ці запалак трэба – дык лезь, грабіся па твані, пакуль да кааперацыі дападзеш!.. Краму дастаць – таксама грабіся, калі не запасся зімой ці летам… Або от тут пра школу казалі. Канешне, якая ж тут школа дзецям, калі цэлымі месяцамі ні праехаць ні прайсці! Ды і хто, шкадуючы сваё дзіця, пусціць яго, можа быць, на пагібель… – Апейка пачуў гоман згоды: дайшло слова да людзей. Загаварыў гарачэй: – Гэта не наша віна, а наша бяда, што лёс занёс нас на балоты. Што твань адарвала нас ад другіх сёл, ад гарадоў, ад свету. Мы жывём, як звяры. Але і звяры ходзяць з лесу ў лес. А чалавек не звер, чалавек не можа жыць без людзей. Чалавеку патрэбен свет цэлы. І таму нам трэба змагацца з бядой нашаю! Трэба прарваць балотнае акружэнне, звязацца з другімі сёламі! Трэба, каб у любы час, днём і ноччу, вясной і ўвосень, можна было ісці і ехаць куды хочаш: у краму, у школу, к сваякам!.. Адным словам, трэба, каб чалавек жыў як чалавек, а не як звер!.. Вось чаму наш урад аб'явіў вайну бездарожжу і заклікае, каб вы таксама ўступілі ў яе. – Апейка акінуў позіркам некалькі твараў, як бы чакаючы ўхвалы, чакаючы добраахвотнікаў для гэтай вайны, але куранёўцы адно адводзілі вочы. Хоць і ведаў, што гэта значыла, дакончыў упэўнена, з надзеяй: – Я прапаную між Куранямі і Алешнікамі збудаваць грэблю!

Як і думаў, хвіліну было ціха. Потым Сарока пацікавілася:

– А хто яе будзе будаваць?

– Хто?! Самі!

– Аге! Лёгко сказаць, ды – далёка дыбаць!

Па хаце пайшоў гоман:

– Тут і без таго: куды ні кінь – клін!.. Етаго шчэ толькі і не хапало!..

– І без таго, як уюн, круцішся!

– Не мела, грэц яго, баба клопату!..

– Столькі сілы ўпяць! Перарвацца! Коней замучыць!

– Мароз сам зробіць грэблю!

– Як ток, нібыто замуруе! Хоць малаці!

– Няхай той робіць яе, каму трэба! Не мужыцкая ето справа!

– Уласці трэба, няхай і будуе!

– Жылі, тым часам, і так! І нічого!

– Бацькі і дзяды звекавалі! І мы – не горай!

– Не прападзем!

Недарэмна адклаў Апейка ўсе свае справы ў валвыканкоме, дабраўся ў гэтую глухамань: узросшы сярод такіх жа, як гэтыя, людзей, загадзя прадчуваў, як яны могуць прыняць, здавалася б, такую добрую і такую патрэбную ім прапанову.

Дубадзел махаў рукамі, уціхамірваў:

– Грамадзяне куранёўцы!.. Грамадзяне!.. Ето ж не базар!.. Грамадзяне, прашу!..

– Дзядзькі! І цёткі! Ей-бо, перад чужым чалавекам! – памагаў яму Грыбок.

– Ціхо! Дайце сказаць! – уламіўся дужы, рашучы Хонеў голас.

– А чаго тут маўчаць! Чаго тут хавацца!

– Праўду трэба казаць!

– Не трэба яна, етая грэбля! І ўсё!

– Як пятае калясо!

– Абыдземся!

– Дайце сказаць чалавеку!

Не першы раз бачыў Апейка – на добрую, карысную для сябе справу людзі не хацелі даваць згоды. Не хацелі, ён ведаў, часткова таму, што яна парушала спакой, звыклы, надзейны, цягнула лішнія клопаты і невядомасць. Але гэтаму нехаценню была і іншая прычына: так ужо вялося – усякая новая справа выклікала тайнае ці яўнае недавер'е. Нібы загадзя вядома было, што нехта на гэтым добрым неяк выйграць мяркуе, нехта іншы, а не яны…

Апейка ведаў, адкуль гэтае недавер'е, заскарузлае, учэпістае, як балотнае карэнне. Ён не цешыў сябе надзеямі-падманкамі: не за дзень, не за год урасла ў людскія душы гэтая падазронасць – не за дзень і не за год выкараніш яе. Таму ён тут, на сходзе, не толькі не паддаваўся якому-небудзь расчараванню, але нават і не здзіўляўся. Не здзіўляла яго і тое, што ім так шкада было затхлага спакою: той, хто век жыве на балоце, не мог не прывыкнуць да ядавіта-зялёнага хараства раскі…

Апейка стаяў, моўчкі слухаў гамонку, чакаў: няхай пагавораць, адвядуць душу, астынуць. Астынуць – будуць слухаць разважна. Да таго ж Апейка пачуў і два-тры галасы, якія ўхвалялі думку пра грэблю.

– Канешне, можна і так пакінуць, як было, – загаварыў ён, калі гоман аціх, – можна не рабіць грэблі. Можна абысціся, як тут хтосьці казаў. Бацькі і дзяды жылі без яе, праўда. Сядзелі ў балоце, у твані, не было запалак, карасіны – абыходзіліся без іх. Не было хлеба – абыходзіліся і без хлеба. Кары, жалудоў, дзякуй Богу, удосталь. Анігадкі жылі бацькі і дзяды, як паны жылі! Душыліся дымам, пухлі з голаду, мерлі без помачы. Калі ж вельмі прыпякала, прабіваліся і цераз гэту душагубку. Ламалі калёсы, коней тапілі, самі, мусіць, тапіліся?!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю