355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Мележ » Людзі на балоце » Текст книги (страница 27)
Людзі на балоце
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:24

Текст книги "Людзі на балоце"


Автор книги: Иван Мележ



сообщить о нарушении

Текущая страница: 27 (всего у книги 28 страниц)

4

Калі ехала па вуліцы, хоць старалася не глядзець, у цемры краем вока заўважыла: на Васілёвым двары – ціха, пуста. І хоць не ўбачыла нікога, хоць госці радасна, на ўвесь свет галёкалі, штосьці кальнула сэрца, як пры паглядзе на яго браціка, – вінаватае і жывое…

Ад гэтага ўсю дарогу амаль не чула, не прыкмячала нічога. Толькі і запомнілася, як – ужо на Карчовым двары – мусіць, прытка зляцеўшы з воза, Сарока паслізнулася і ўпала ў гразь, але не разгубілася, борзда ўскочыла, заверашчала:

Выходзь, свякрухо губата, —

Прыехала нявестка багата!..

Свякруха і свёкар, якія ўжо стаялі на ганку, добра відныя ў святле, што падала з хаты, запелі наперабой:

– Заходзьце… Заходзьце… Нявестачко мая… Людзі ўсе добрыя… Пад нашу страху… Заходзьце…

Глушачыха ўгледзелася ў Ганну, па-мацярынску пацалавала. Тады п'яная, расчуленая мачыха прыліпла да гаспадыні:

– Ой, сваццечко бо мая! Рыбачко ты мая!..

Ледзь Ганна, акружаная гоманам і тлумам, ступіла ў цяперашнюю сваю дамоўку, вінаватасць перад Васілём адразу прапала. Ганна раптам пачула сябе дзіўна няўпэўненай, нясмелай, ішла з асцярогай, паглядвала неспакойна, быццам баялася непрыемнай нечаканасці. Здавалася, нібы ступіла на кладку, якую невядома як прайсці…

Тут усё было такое непадобнае на яе родны кут: і роўная, ганарлівая печ, і далікатныя, з хітра выразанымі спінкамі, пафарбаваныя канапы, і пільныя багі, і халодная карціна за шклом з зялёнымі гарамі і жоўтымі цэрквамі, і дзіўны пах, цеплаваты, душны, што прабіваўся нават праз пах смажэння. Яна ўжо бачыла гэты пакой некалькі разоў: прыходзіла наймацца рабіць, прыносіла мяшок з-пад пазычанага жыта – і кожны раз чула яна цеплаваты пах гэты, кожны раз брала яе тут нясмеласць, гняло неяк і хацелася хутчэй выбрацца на вуліцу, на волю. Можа, у гэтым вінаваты былі толькі непрыемныя згадкі, але і цяпер, хоць яна ўступала гаспадыняй, нясмеласць, даўкасць зноў дзіўна агарнулі яе.

Ганна заўважыла, што і другія "з яе рукі", хто ўваходзіў у хату, таксама прыціхалі, хутка хрысціліся на абразы.

– Заходзьце, заходзьце, людзі добрыя, – жвава тупаў, трос сухою галоўкай Глушак. – Світы от тут павесіць можно, на кручкі. Ці от на лаўку кладзіце…

– Каля печкі на палаці можно, – памагала Глушачыха. – Кладзіце, кладзіце…

– І не тапчыцеся, як у гасцях. Туды бо к сталам адразу… Заходзьце, садзіцеся… Усё даўно гатово ўжэ… Ідзіце…

– Аге, заходзьце і садзіцеся. Дзе каму лепей, спадобней…

Але людзі не ішлі, тапталіся каля дзвярэй, каля сцяны, як бы чакалі яшчэ нейкай каманды ці прыкладу якой-небудзь адважнай галавы.

– Садзіцеся, пакуль просяць, – выступіў раптам не заўважаны спачатку ў агульным тлуме Дубадзел, што стаяў каля акна на вуліцу. Ён стаяў, раскарачыўшы цыркулем тонкія ногі, дробны, гарбаносы, у вайсковай гімнасцёрцы, акінуў мутнымі вачыма гасцей і, як у прэзідыум, упэўнена пайшоў за стол. Усе моўчкі сачылі за ім: начальства.

– А то, мабуць, гарэлка ўжэ ўсохла, – адразу падтрымаў яго Яўхім. – Ну, чаго стала, як усё адно ў гасцях, – зарагатаў, штурхнуў ён пад локаць Ганну.

– Праўда ж бо, будзьце ўсе як дома! – запела Глушачыха. – От глядзіце, як Андрэйко, – кіўнула яна на Крываротага.

– Словам, бярыце прыклад з уласці! – кінуў стары Глушак. – Ідзіце бо, сваток і сваццечко, да дзяцей сваіх.

– Авечка да ягнят, а курачка – да куранят, – уставіла Сарока.

Мачыха і Ганнін бацька паслухмяна палезлі за стол, за якім ужо ўладкоўваліся ў куце побач з Крываротым Яўхім і Ганна. Правёўшы іх крыху нібы пад вартай, пасадзіўшы Сароку і Пракопа, стары Глушак вострым каршунячым позіркам глянуў на іншых: людзі ўжо не тапталіся каля дзвярэй, разыходзіліся, разбіраліся па лаўках.

Ганна сядзела на покуце ўсё з той жа нясмеласцю і асцярожлівасцю, якія не ападалі, не адступаліся, сядзела, амаль не варушачыся, нерухомая і прамая, як бы скамянеўшы, глядзела перад сабой. І так жа нерухома ляжалі на каленях яе рукі. Ад няёмкай, лішне прамой, нацятай паставы, ад нерухомасці чулася ёй у целе стома, але яна цярпела, трымалася так, як, вучылі яе, трэба было трымацца ў гасцях. Тут, у чужой хаце, у дзяржаве, дзе цараваў строгі Глушак, неяк асабліва адчувалася непарушная ўлада звычаяў і законаў.

Дзіўна, якія ўсе тут былі ціхія, паважныя, не толькі не крычалі, але амаль што і не гаварылі голасна, перашэптваліся ці найбольш маўчалі. Адзін Дубадзел трымаўся вольна – адваліўшыся на спінку канапы, засунуўшы рукі ў кішэні штаноў, аглядваў Ганну такім позіркам, што ёй было няёмка. Яна была рада, калі ён адвярнуўся, паблукаў вачыма па гасцях.

– А ты, Глушак, не промах!.. – прамовіў Дубадзел, не пазіраючы на Яўхіма. – Дзеўка – з перцам!

– Хто? Мая?.. З перцам – угадаў! – Ганна пачула Яўхімаў смех. – Вока ў цябе – з аднаго пагляду заўважыў!..

– Угледзеў! Як зірну, навылёт бачу – што да чаго!..

Гаворка на гэтым перарвалася, бо падышоў Яўхімаў бацька з пляшкаю, стаў наліваць гарэлку маладым. Пасля Ганны Глушак намерыўся напоўніць шклянку Дубадзелу, але той узяў за пляшку, паглядзеў на фабрычную наклейку, паморшчыўся:

– Ты што мне, бацько, етую гарадскую? Як усё адно анцілігенту – упаўнаважанаму якому… – Ён чуў, што ўсе сочаць за ім, і ўжо гаварыў нібы не аднаму Глушаку: – Ты мне – свойскай, куранёўскага вырабу! Простай мне – як усяму народу!..

Дубадзел павёў вачыма па людзях, як бы чакаў адабрэння. За сталамі шумелі прыхільна:

– Нашай яму! "Кустоўкі" куранёўскай!

– Свой чалавек! Па-простаму!..

Дубадзел улучыў момант, калі шум заціх, крыкнуў асцярожнаму Глушаку, які стаяў, вагаўся:

– Не бойся! Шабету не перакажу!

Грымнуў рогат. Яўхім сказаў са смехам:

– Дайце, тато! Не бойцеся! Чулі ж – кажа, што не перадасць у міліцыю!

5

Яшчэ да таго як Глушак управіўся наліць усім, Дубадзел падняўся, абцягнуў гімнасцёрку пад поясам, важна пакашляў у кулак. Яўхім крыкнуў:

– Ціхо! Улада хоча гаварыць!

Хоць адразу стала ціха, Дубадзел не спяшаўся гаварыць.

– Грамадзяне жыхары сяла Курані! – заявіў ён, вытрымаўшы належную паўзу. – На даным етапе, калі мы сабраліся тут у дзядзькі Глушака і сядзім за сталом, а таксамо тут сядзяць маладыя, каторыя ўступаюць тым самым у сумесную жызнь, – Яўхім Глушак і яго нявеста, а цяпер ужэ, можно сказаць, яго законная жонка, – хоць яны і вянчаліся ў царкве, а не рэгістрыруваліся ў сельсавеце, як ето раяць савецкая ўлада і бальшавіцкая парція ўсім свядомым алементам… На даным етапе савецкая ўлада і парція прызывае ўсіх сялян, каторыя сваім мазалём робяць на зямлі, арганізоўвацца ў кааперацівы, а таксамо, каторыя могуць, і ў камуну – кеб, значыць, абагульніць усё разам: і землю, і коней, і курэй, і ўсё іншае, як у Вадавічах. А тых, хто шчэ не ўступіў і чэсно робіць на сваёй зямлі сам, савецкая ўласць і парція прызывае так рабіць і далей і сплачуваць точно ў тэрмін падатак, не чакаць, як каторыя, напамінання і пены…

Выказаўшы гэту сваю дэкларацыю, якую госці слухалі хто з пачцівай, а хто з цярплівай увагай, Дубадзел момант перадыхнуў і вярнуўся зноў да маладых:

– А таму ад імя Алешніцкага сельсавета Юравіцкай воласці жадаю нашым маладым – Глушаку Яўхіму і яго нявесце, а цяпер жонцы Глушак Ганне, кеб булі здаровыя і жылі дружно і ў дастатку, як належыць па савецкаму закону! – Ён хацеў яшчэ штосьці сказаць, але думка, мусіць, не далася, і ён раптам крыкнуў: – Адным словам – горко!

За сталамі ахвотна закрычалі ўслед за ім, і Ганна зварухнулася, паслухмяна ўстала.

– Кеб жылося і кеб вялося! – не прамінула ўставіць Сарока.

Старому Глушаку і прамова, у якой былі непрыемныя, асабліва ў такі дзень, напамінкі пра падатак ды камуну, і тое, што чужы чалавек улез, паламаў законны парадак за сталом, адпіхнуў яго, гаспадара, убок, не спадабалася, але ён прымусіў сябе змаўчаць і нават выглядам не паказаць нездавальнення. Хай чорт яго чапае, Крываротага гэтага: які ён ні ёсць, а ўлада.

Разважыўшы, Глушак нават падышоў да кутка, дзе сядзеў Дубадзел, пахваліў:

– Разумны ты чалавек, Андрэйко! Як сказаў, аж заслухацца можно. Калінін чысто!

– Калінін далёко, а ён – блізко, наш! – адгукнулася Сарока, цягнучыся чаркай да Дубадзела.

– Калінін хоць далёко, ды – галава! Над усім народам – галава! Усесаюзны стараста!

– І ты, Андрэйко, галава!

– Усім галавам галава!

Дубадзел не стаў спрачацца: мутным, важным позіркам прайшоў па тварах гасцей, запыніўся на Ганне. Глушак падліў яму ў шклянку і сказаў да ўсіх:

– Тут сядзіць у гасцях наша савецкая ўлада. Андрэйко, таварыш Дубадзел – наш алешніцкі Калінін… Дак кеб ён буў жывы і здаровы!

Глушак ужо ўзяў да губ шклянку, ужо госці зашумелі: "Кеб буў жывы і здаровы!" – калі Дубадзел ускочыў, крыкнуў:

– Няхай жыве змычка горада з сялом!

Пад гул і крыкі адабрэння ён уліў у сябе поўную шклянку самагонкі, паставіў шклянку дагары, нібы паказваючы, як трэба піць за такую вялікую справу, – да кропелькі. Дубадзел не паморшчыўся, не адразу стаў закусваць, павёў на Ганну задаволеным, ганарлівым позіркам.

Ён быў нецвярозы, яшчэ заходзячы за стол, а цяпер, бачыла Ганна, хмель разбіраў яго больш і больш, і яго п'яныя позіркі выклікалі ў яе гідоту. Ёй і так было тут не вольна, не лёгка, а гэтыя позіркі дадавалі ёй няёмкасці. Добра яшчэ было, што хоць сядзеў ён не побач, за Яўхімам…

Але неўзабаве Дубадзел з п'янай адкрытасцю сказаў Яўхіму, каб Ганна села між іх.

– Не аднаму табе сядзець з ёй!..

– А мне што? Няхай і каля цябе пасядзіць! – Яўхім зарагатаў. – Я не раўнівы! – Ён загадаў Ганне: – Перасядзь сюды!

Ганна не адразу паслухалася. Думала спачатку, што не будзе прымушаць, зменіць усё на жарт, але ён маўчаў, і ў маўчанні яго чулася ўпартасць, злосць на яе непаслушэнства. Ён не збіраўся мяняць загад, чакаў, і яна перасела. Што ж, не свая хата, не вольная воля.

– Чаго не хацела перасаджувацца?

– А вам ето так важно знаць?

– Вы, бабы, любіце, кеб мужчына красівы буў?

– А вы не любіце красівых жанок!

– А таго не знаеце, што скалечыла мяне так за савецкую ўладу. Паляк шабляй ударыў пад горадам Баранавічы. Ясно?

– Чалавек кроў праліваў за савецкую ўладу!

– Правільно, Глушак!

Дубадзел памкнуўся да Яўхіма, задаволена, моцна ляпнуў яго – Ганна, як магла, адхілілася ад пляча, што ўткнулася ёй у грудзі. Ледзь прамаўчала.

Стары Глушак падліў гарэлкі, і Яўхім з Дубадзелам чокнуліся. Тады старшыня павярнуўся са шклянкай да Ганны, прымусіў і яе ўзяць чарку.

– Трэба піць! – заўважыў ён, што Ганна ставіць чарку на стол амаль некранутую.

– Я выпіла, сколькі хацела…

– Усю трэба!

– А калі я – не хочу?

– Усё адно. Госцю гадзіць трэба… – не адставаў Дубадзел.

– Усім не нагодзішся. Гасцей унь сколькі, а я адна…

– І ён адзін, – заўпарціўся Яўхім. – Ён такі адзін – гірой і начальство!

– Ну, можа, і адзін. Дак хай і п'е сабе адзін.

– А я не хачу піць сам з сабою!

– Дак выпіце з цёткай Сарокай! Яна будзе рада!

– А ён хоча з табою! – гарачыўся Яўхім.

– Тады – калі яму так хочацца – няхай пацерпіць. Да другога разу.

– А ён цяпер хоча! – насядаў Яўхім, шалеючы ад яе ўпартай непакоры.

За сталамі ўсе прыціхлі. Якія ні былі п'яныя, пачулі – наскочыла каса на камень. Яшчэ не згулялі вяселля, а ўжо счапіліся, так счапіліся, што, відаць, і адзін не саступіць, і другая не паддасца. Глядзі, як набычыўся Яўхім, – яму і цвярозаму слова папярок не кажы, а цяпер, п'яны, – як рысь той. І яна ж – белая-белая, толькі вочы агнём гараць!

– Выпі! – прасіпеў Яўхім.

– Не буду! – цвёрда сказала яна. Па тым, як сказала, чулася, што ні перад чым і ні перад кім не пераменіцца.

Дубадзел сам паспрабаваў уціхамірыць Яўхіма:

– Не хоча, ну, і няхай!.. Вып'ем удвух! – Ён сунуўся са шклянкай да Яўхіма, але той адвёў яго руку:

– І яна вып'е!

– Не буду!

Ганна раптам ускочыла, кінулася з-за стала. Адразу ўзнялася мітусня. Адны абкружылі Ганну, якая рвалася з хаты, суцяшалі, супакойвалі, другія трымалі, угаворвалі Яўхіма.

– Волі багато бярэ сабе! – крычаў Яўхім. – Слухаць нічога не хоча! Падумаеш, паненка!

– Не буду я тут! Не хочу! – не слухала жаночых угавораў Ганна. – Дадому пайду! Дадому!.. Пусціце! Дадому!.. Дадому!

– Ціхо ты, ціхо, Ганначко! – лагодна казала мачыха. – П'яны ён, п'яны. Выпіў, ну, хмель у галаву і пайшоў, замуціў. П'яны чалавек чаго толькі не нагаворыць!.. Выпіў, сама ж бачыш!..

– Працверазіцца – сам будзе нярады, – памагала ёй свякруха.

– Дадому! Дадому хочу! Тато, хадземце дадому!

– Ціхо ты, ціхо, Ганначко! Супакойся! Не ўбівай сабе ў галаву чаго не трэба!.. Усё будзе добра! Добра будзе, павер!.. – Мачыха зірнула на Ганнінага бацьку, які стаяў побач, гатовы любую хвіліну на падмогу дачцэ: – Адыдзі, без цябе разбяромся!.. Супакойся, Ганначко. Усё добра будзе!..

– Не хочу тут аставацца! Дадому хочу!

– На от выпі вады халоднай! Ці, можа, у сенцы пойдзем, астынеш? Хадзем, Ганначко, рыбко!

Калі вялі Ганну ў сенцы, мачыха супакоіла:

– Яшчэ не такое пабачыш. Усякае будзе, пажыўшы!..

Маладых супакоілі, прымірылі, пасадзілі зноў разам, і рэшту вечара дагулялі як трэба, па "закону". Толькі калі госці разышліся і маладыя засталіся адны ў прыціхлай чыстай палавіне, перад шырокім, купленым к вяселлю ў Юравічах жалезным ложкам Яўхім нагадаў спрэчку, але без злосці, згаворліва:

– Забываць бы трэба, што нічыя була. Мая цяпер і слухацца павінна б. Не ганьбіць.

– Помніш, што я табе адзін раз казала? – прамовіла Ганна ціха: ёй здавалася, што да іх з-за сцяны прыслухоўваюцца старыя Глушакі. – Што са мной трэба – кеб па-добраму!

– Па-добраму, па-добраму! Ну і цаца ж ты! Як бы Бог знае, дзе расла!

– Дзе ні расла, а такая вырасла. Урода такая. І другая не буду!

– Дрэвы з гадамі мяняюцца, не тое што людзі. Рэчка вунь якія алешыны выварочвае!..

– Ты не рэчка, а я не алешына. Помні – хоць і жонка я, не сваёй воляй жыць павінна б, а толькі – штоб па-добраму са мной!

Яўхім паглядзеў на яе – вось жа, скажы ты, упартая, яшчэ толькі ўвайшла, а ўжо камандуе, – але спрачацца не стаў, прымусіў сябе засмяяцца:

– Хопіць ужэ гаворкі етай! І так галава трашчыць! Лажыцца ж, можа, ужэ час?

У тую ноч, першую ноч замужжа, Ганна доўга не магла заснуць. Адсунуўшыся ад Яўхіма, адвярнуўшыся, стараючыся не чуць, як ён храпе, ляжала яна, спусцелая, стомленая, атупелая ад перажытага, ад нядаўняга гоману, ад самагоннага дурману. Ляжала ў душнай цемры, здавалася, забытая ўсімі, пакінутая, адна-адзінокая ў цэлым свеце.

"От і ўсё", – як бы прарываючыся праз туман, думала яна з такою тугою, нібы настаў канец свету. "Усё, усё, усё", – гаварылі, паўтаралі ёй бясконца ходзікі на сцяне. "Што – усё?" – губляла, намагалася яна зноў злавіць сэнс гэтага "ўсё" і часта не магла знайсці, вярнуць хоць якую яснасць галаве, якая поўнілася непадатным, нядобрым туманам.

"Усё адно. Рано ці позно… Ніхто не мінае… Прывыкну як-небудзь… Усе прывыкаюць, і я – таксамо…" – прадзіраліся часам у галаве важкія, цягучыя думкі, потым зноў усё прападала ў тумане і атупеласці.

На двары то адзін, то другі, то абодва разам звінелі ланцугамі, брахалі, вылі сабакі. Адзін – басавіта, паважна, другі – па-дзіцячы пісклява, але вельмі злосна, аж захліпваўся. Начныя старажы не спалі, пільнавалі Глушакова дабро, іх брэх сплятаўся з храпеннем побач, з храпеннем за сцяной, з мерным чыканнем ходзікаў – гукамі, якія ўвесь час напаміналі, што яна ў чужым доме, у чужым жыцці.

"Прывыкну, прывыкну… Усе прывыкаюць, і я – як усе…"

На трэці дзень, калі вясельны тлум сціх, свякруха разбудзіла яе яшчэ на досвітку і сказала:

– Ну от, пагасцявалі, пагулялі. Хопіць вылежвацца. Трэба свіней карміць!

Ганна слова не сказала, усхапілася, стала хутка адзявацца.

У канцы гэтага тыдня куранёўцы і алешнікаўцы, якія рабілі грэблю, нарэшце сышліся. Грэбля была скончана. Роўная, шэрая, а там, дзе толькі што кончылі, жоўтая ад свежага пясочку, ішла яна між багны, між згалелага хмызняку ад нізкага куранёўскага берага да шырокага адхону перад Алешнікамі, як добры знак чалавечай моцы. Яна ўжо нідзе не перапынялася рудой балотнай тванню, твань мокла толькі па баках – адступіла перад грэбляю, перад чалавечым жаданнем.

Дзядзькі з абедзвюх вёсак, сышоўшыся, задаволена пакурылі, пагаманілі, разышліся кожны сваёй дарогай. Праз дзень, у нядзелю, на адхоне перад Алешнікамі сабраліся на мітынг. Народу сплылося столькі, колькі не заўсёды было і на юравіцкім пляцы ў кірмашовыя дні. Былі не толькі з Куранёў і Алешнікаў, але нямала і з Глінішчаў, і з Мокуці, і з іншых сёл. З Юравіч на тачанцы прыехалі на свята Апейка і двое рабочых.

Сярод натоўпу там і тут чырванелі весела сцягі. Ігралі два гармонікі, басавіта грымеў вялікі бубен. Людзі гаманілі, спявалі, жартавалі – людзям было весела. У гэтым натоўпе, можа, аднаго Васіля тачыла туга; разварушаны агульнай весялосцю, як сам не свой снаваў ён між людзей, мімаволі чакаючы ўбачыць Ганну. Дзіўнае чуў пры гэтым – і нібы хацеў пабачыць, і не хацеў, злаваў, баяўся. Ведаў, што ўсё з ёй кончана яму, а душа ўсё трывожылася, як бы спадзявалася яшчэ на штосьці.

Замест Ганны ўбачыў Яўхіма. Лепш бы не прыходзіў сюды Васіль. Сэрца заныла балюча, як убачыў Карча: стаяў Яўхім з Ларывонам вясёлы, рагатаў, увесь аж свяціўся шчасцем. Нават лакаваны чорны казырок, ссунуты набок, шчасліва зіхацеў. У такім настроі Васіль мала чуў, што гаварыў Дубадзел, які першы ўзлез на прывезеныя калёсы, што былі замест трыбуны. Стаў слухаць толькі тады, як з калёс загаварыў Апейка:

– Дзядзькі і цёткі, хлопцы і дзеўкі! Дарагія нашы таварышы! Мы ўсе сягоння сабраліся тут, каля грэблі, як на свята… І праўда – хіба ж не свята: от ляжыць яна, роўная, сухая, новая грэбля – у дождж, у слату, зімой і ўвесну – едзьце па ёй калёсамі, ідзіце пешкі… Ідзіце – не будзеце не толькі што тануць па пояс, а і ног не замочыце… Не толькі мужчына, дзіця можа прайсці балота цяпер любой парою!.. Можна хадзіць у школу, можна ездзіць на кірмаш, можна ў госці – адзін к аднаму, абы зажадалася!.. Вялікая радасць – грэбля! І ўсе мы, уся воласць, радуемся з вамі і віншуем вас! – Апейка перачакаў гул задавальнення. – Грэбля гэтая звязвае Курані, якія па паўгода, можна сказаць, былі адрэзаны ад другіх сёл, з Алешнікамі, з Юравічамі, са ўсім светам. Цяпер Курані будуць заўсёды, як бы сказаць, у агульнай нашай сям'і… Але і для Алешнікаў грэбля таксама не абы-што. Я не кажу, што цяпер дарога ў лес, на сенажаці стала ім бліжэйшая!.. – Людзі, алешнікаўцы, зноў загаманілі з ухвалай. – Грэбля гэтая звязвае разам сёлы, лясы, сенажаці. Звязвае людзей з людзьмі!.. Па такіх грэблях пойдзе ў нашы балоты, у нашу цемру святло, новае жыццё! Культура і дастатак!.. Кніжкі, кіно і трактары!..

Рабочы, што гаварыў за Апейкам, сказаў толькі некалькі слоў, потым разгарнуў чырвоны сцяг, на якім былі намаляваны з аднаго краю – жоўтае поле і жоўты трактар, а з другога – жоўтая труба з дымам. Між трубы і поля былі ў моцным поціску дзве рукі. Рабочы перадаў сцяг Дубадзелу, па знаку якога гармонікі каля калёс пад важкае буханне бубна зайгралі "Інтэрнацыянал".

Апошнім, ад Куранёў, стаў на калёсы Міканор. Ён сказаў, што беднасць і цемра закрываюць жыццё ў Куранях, як раска закрывае балота. Раска заўсёды чапляецца за балота, за ваду, якая не варушыцца, стаіць. Каб разагнаць раску, трэба разварушыць жыццё! І грэбля – гэта першае "вочка", першы пробліск у моры векавечнай раскі! Трэба, не шкадуючы нічога, не баючыся, варушыць балота, затхлае жыццё – і цемра, і раска назаўсёды прападуць. Будзе адна чыстая, светлая вада, светлае жыццё!

Міканор сказаў апошнія словы асабліва горача, можа, на ўвесь голас, і тым сапсаваў сваю прамову. Хоць ён яшчэ хацеў, было відаць, гаварыць, музыкі дружна ўдарылі марш – хочаш не хочаш, прыйшлося злазіць з калёс…

Калі ішлі назад, ужо ў самым канцы грэблі Васіль убачыў Міканора зноў, з Міканорам быў Хоня. Васіль здагнаў іх, падаўся побач. Ішлі доўга моўчкі, паглыбленыя кожны ў свае думкі. Круціліся белыя снежныя матылі, мякка дакраналіся да твару, раставалі. Раставалі пад нагамі людзей – уся дарога была пярэстая ад чалавечых слядоў.

Блізка ад цагельні Васіль не ўтрываў, мімаволі прабег вачыма па Глушаковай паласе. Заныла ў грудзях: ажыла, як незагоеная рана, трывожная ноч, надзеі яе і страхі, як бы зноў пачуў пад нагамі цёмную мяккасць свежай разоры. Вунь тое месца, дзе наляцеў на яго Корч, дзе счапіліся, качаліся. Дзе гразіўся яму чалавек з воласці… Грозьба яго пакуль так і засталася грозьбаю, а толькі ўсё кончылася на карысць Карчу…

Як знарок усё напамінала Васілю ў гэты дзень пра крыўды, пра няўдачы.

– Грэблю от правялі! – прамовіў Васіль з папрокам. – А Корч як сядзеў на выгодзе, на лепшай зямлі, так і сядзіць!

– Што яна табе далася, етая яго зямля! – адгукнуўся Хоня.

– Што! Рассеўся, як рэпа, на добрай зямлі і – нігадкі! І ўпарадкаванне яму ніпачом! І не зачапі яго! Савецкая ўласць сама за яго!

– Савецкая ўлада тут не вінавата, – сказаў Міканор.

– А не сагналі ж!

– Сагналі б, кеб не ўлез ты!..

– Я – вінаваты! Найшлі вінаватаго!

– Вінаваты! Еты Зубрыч з воласці, калі заікнуліся адабраць паласу ад Глушака, адразу ўрэзаў: злачынство – патураць беспарадку, разбою! Трэба вучыць паважаць савецкі закон!.. І аставілі Глушаку, як було!..

Міканор дадаў з роздумам:

– Усё адно – кеб і адабралі ў Глушака і аддалі каму другому – мало хто б парадаваўся. Крыўды було б усё адно багата. Усіх не задаволіш адным кавалкам етым, не сакрэт. От штоб да балота падступіцца, ды асушыць, ды раздзяліць!..

– Ат, слухаць няма чаго! Абы пачасаць язык!

– Ето толькі ў нас дзіво! Балото цэлае! Падумаць – і то страшно! Нам усё – страшно! Усё – выдумка!.. Нічого – прыйдзе пара!

Недалёка ўжо віднеліся прыцярушаныя сняжком, як бы не такія панурыя, як заўсёды, куранёўскія стрэхі.

– Ты б от Ганну лепей трымаў пры сабе! – зачапіў Хоня. – Такую дзеўку ўпусціў.

– Упусціў не ўпусціў – што з таго! Чаго мне було дзяржаць яе!..

– Як ето – чаго?

– А так – сам голы!.. Ды шчэ голую браць на шыю!..

– Ета, не сакрэт, на шыі не була б! – сказаў Міканор. – От дзеўка – што ўродаю, што рукамі, першая мо на ўсю воласць! Мяне аж зайздрасць брала, што яна з табою! Упусціў!

– Упусціў! – Васіль раптам ускіпеў. – Ну, упусціў! Што вам!

Міканор сумеўся: упершыню чуў такі сум, такі боль у гэтым маўклівым, недаверлівым хлопцу. Каб суцешыць, супакоіць трохі Васіля, сказаў вінавата:

– Нічога, можа, шчэ і не ўсё кончылася! У жыцці, не сакрэт, усяляк бувае…

Васіль не адказаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю