355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Калеснік » Зорны спеў » Текст книги (страница 9)
Зорны спеў
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 06:00

Текст книги "Зорны спеў"


Автор книги: Уладзімір Калеснік



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 24 страниц)

Гумару ўвогуле не пашанцавала ў анталогіі. Кандрат Крапіва адкрывае савецкі этап беларускай паэзіі адною толькі байкай «Дзед і баба», гумарыстычная тэма ў П. Панчанкі прадстаўлена толькі «Краем паэтаў». I, як назло, пераклады не паднялі афарыстычнай ёмістасці першага твора і зіхоткага падтэксту другога. Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Пятрусь Макаль зусім не ўсміхаюцца на старонках анталогіі.

Маральна-этычная і філасофская скіраванасць густу складальніка заважыла на змесце зборніка. Паэты, у творчасці якіх пераважае медытацыйна-роздумная лірыка, аказаліся лепш прадстаўленымі за іншых. У кнігу ўвайшло парадкам добра перакладзеных вершаў Сяргея Дзяргая, Янкі Сіпакова, Анатоля Вярцінскага, Аляксея Коршака, Дануты Бічэль-Загнетавай. Не пашанцавала, з другога боку, адкрыта публіцыстычнай паэзіі Аркадзя Куляшова, з якой выбраны толькі чатыры вершы, Уладзімір Дубоўка, Піліп Пестрак, Аляксей Пысін, Анатоль Вялюгін, Сяргей Грахоўскі маюць толькі па адным, прытым не дужа паказальным вершы. Шэрагу вядомых паэтаў, у тым ліку Міхася Чарота, Уладзіміра Хадыкі, Уладзіміра Жылкі і іншых, няма ў анталогіі. Апошняя акалічнасць не можа выклікаць персанальных прэтэнзій да складальніка: яна мае свае аб'ектыўныя прычыны ў слабасці польска-беларускіх паэтычных сувязяў. Калі падумаць пра ўзаемнасць, дык у нас атрымалася б амаль тое самае.

Я схільны прызнаць у цэлым рацыю Яна Гуцічы: відаць, так і трэба было, каб польскі чытач пачаў шырокае знаёмства з беларускай паэзіяй цераз узоры інтэлектуальна-заглыбленай лірыкі – грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай, інтымнай. Напэўна, можна знайсці і тут некаторыя ператрымкі. Напрыклад, на маю думку, не абавязкова было ўключаць у такую сціплую анталогію ажно тры аднатэмныя вершы – М. Танка, У. Караткевіча і А. Лойкі пра Венеру Мілоскую. I ўсё ж падборка лірыкі дае цікавы матэрыял для роздуму.

Дыферэнцыяцыя, ачышчэнне лірычнага жанру наступае тады, калі побач з паэзіяй літаратура развівае прозу і драматургію. Адбор лірыкі, зроблены Янам Гушчам, дазваляе акінуць агульным позіркам значную частку чыста паэтычнага плёну, сабранага болып як за паўвека нашымі паэтамі з нівы беларускага жыцця. Самыя вялікія ўраджаі прыпадаюць на савецкі час, і гэта выдатна сведчыць пра паэтычнасць нашага часу і пра сталасць літаратуры.

Выбарачнасць не арыфметычнага парадку падказала складальніку ўключыць -з багатай спадчыны П. Броўкі нізку вершаў 60—70-х гадоў. Сапраўды, роздумная лірыка П. Броўкі гэтага часу знамянуе ўзлёт яго таленту. Умудроны жыццёвым вопытам паэт выяўляе глыбокую добразычлівасць да свету, пошукі згоды з сабой і жыццём цераз падрахункі перажытага. Перад намі адкрываецца драма душы, напружанай усведамленнем непазбежнасці развітання і неўміручасці. У матывах развітання аптымістычныя інтанацыі гучаць шчыра і мудра, дапаўняючы той спантанны задорны аптымізм ранняй творчасці, які часам здаваўся знешнім і паказным.

Чытаючы такія, дарэчы удалыя, пераклады Яна Гушчы і Леапольда Левіна, як «Позняя восень», «Бабяе лета», «Бяроза, ах бяроза», «Я чалавек», міжвольна пачынаеш думаць, што лірычны герой П. Броўкі на-стойлівы і паслядоўны ў сваёй жыццесцвярджальнай дабраце, высакароднай гатоўнасці адысці, каб застацца.

Думаецца, калі перад складальнікам анталогіі стаяла неабходнасць выбару аднаго звяна з багатага набытку П. Броўкі, дык гэта звяно выбрана ўдала. З тое вышыні, на якую ўзняўся паэт у найноўшых сваіх вершах, многае бачыцца з папярэдніх яго каштоўнасцей.

Калі гаварыць пра якасць адбору паэтычнага матэрыялу, дык трэба прызнаць удалай падборку вершаў П. Панчанкі, якая даносіць яго цудоўную ўражлівасць на эмацыянальныя праявы жыцця, на буры, трывогі і пробліскі сонца.

Творча і трапна пераклаў Ян Гушча «Родную мову», верш, дзе задума і пафас будуць, відаць, своеасабліва ўспрымацца польскім чытачом, для якога праблема аджывання мовы можа мець хіба што характар дасціп-най фантастыкі ці ўспамінаў пра даўно забытую гісто-рыяй небяспеку.

Ян Гушча ўлічвае гэта пры перастварэнні верша. Радок «Калі ж хто загадвае: «Не трэба!» перакладзены «Калі нехта гаворыць: Не трэба!» і ў тым жа чатырохрадкоўі заключны радок «Асудзіце на безліч год» адпаведна – «Хай лёс мой будзе суровы». У выніку такіх далікатных, як бы чыста стылёвых мадыфікацый палеміка пра аджыванне мовы з адкрыта публіцыстычнага плана пераводзіцца ў план інтэлектуальны, аспрэчваецца чыёсьці порсткае прагназіраванне. Пры гэтым узнікаюць маральныя праблемы, пытанне пра адказнасць за знешне нявінныя, а па сутнасці некампетэнтныя і няўчасныя мазгаванні. Паслядоўна трымаючы ўяўленне чытача ў сферы вытанчаных думак, суджэнняў і маральных рухаў, перакладчыК адпаведна ўраўнаважвае канцоўку, якая пры літаральным перакладзе здалася б польскаму чытачу лішне чулліваю. Радкі:

Ці плачу я, ці пяю,

Ці размаўляю з матуляю —


перакладзены так:

Czy kiedy piszę, czy kiedy śpiewam,

Czy kiedy ze mną rozmawia matula...


Лірычны герой не плача, а піша (бо паэт), і не ён размаўляе з матуляю, а яна з ім, ён слухае мову яе.

Дзеянні героя набылі больш стрыманасці, а паічуцці ўнутранай годнасці, псіхалагічная сітуацыя стада па-свойму больш сэнсоўнай. Апошнія два радкі вельмі натуральна завяршылі кампазіцыю, хоць засталіся нязменнымі ў перакладзе:

Pieśń moją, mowę moją

Wciąż do pierci przytulam.


Песню сваю, мову сваю

Я да грудзей прытульваю.


Подых пяшчотнай улюбёнасці мастака ў роднае слова не можа не ўсхваляваць кожнага чытача. Бачыць мову такой ачалавечанай, напоўненай зместам народнага жыцця і лёсу – гэта, як кажуць, ад бога. Не са слоў складае мастак свае вершы, а з часцінак душы сваёй і свайго народа, увасобленых у мове як супольным бясцэнным скарбе. Паэту балюча, што даражыць такім скарбам не кожны ўмее. Ці не таму, што дастаецца гэты скарб лёгка і проста, задарам, механічна разам з нараджэннем? Даражыць духоўнымі скарбамі павінна вучыць грамадства. Гэта і робіць паэт, ствараючы верш пра родную мову і любоў да яе.

У вершы «Слёнскі танец» П. Панчанка як бы зухуе віртуознасцю, з якою ўмее карыстацца фарбамі роднай мовы. У перакладзе Конрада Фрэйдліха гэты верш прагучаў таксама задорыста і задумна, як у беларускім арыгінале. Трапны пераклад «блікаў – смяшынак» дае надзею на тое, што з цягам часу беларускі гумар шырэй будзе данесены польскаму чытачу.

Паміж «Слёнскім танцам» і «Краінай паэтаў», вершамі, што аблямоўваюць падборку, мы сустракаем роздумны, балюча ўсмешлівы, напоўнены гаркатой пачатку вайны верш «У сорак першым» і назіральны, як псіхалагічны дослед, «Перад дажджом», элегічны «Памяткі» і публіцыстычны «Раўнапраўе дрэў». Зразумела, дзевяць вершаў не вычэрпваюць усяго багацця эмацыянальнай палітры П. Панчанкі, але ўяўленне пра дыяпазон яго таленту чытач атрымае.

Мне здаецца, калі нават паэт прадстаўлены адным ці двума, але цікавымі і д©бра перакладзенымі вершамі, дык для першага знаёмства і гэтага дастаткова. Такой выпала сустрэча з польскім чытачом у А. Бачылы – верш «Над Свіслаччу», пераклаў К. Фрэйдліх і М. Шарган; у Еўдакіі Лось—«Голас дарог» – М. Шарган; у Аляксея Русецкага– «Воўк» і «Мястэчка» – М. Ю. Канановіч.

Паказальныя і ў многіх адносінах павучальныя старонкі анталогіі, адведзеныя Максіму Танку. Яны могуць пацвердзіць яшчэ больш красамоўна тыя вывады, якія мы зрабілі, аналізуючы пераклады паэзіі Я. Купалы. Трыццаць адзін верш Максіма Танка перакладала чатырнаццаць польскіх паэтаў. Нават не ўдакладняючы дат, пазнаеш тут памятныя з даваеннай польскай радыкальнай перыёдыкі пераклады «На шляху дзікіх гусей» – Ежы Путрамента, «Пад мачтай» і «Руёй» – Ежы К. Вайнтраўба. Яны добра дапаўняюцца перакладамі, робленымі ў розныя пасляваенныя гады («Каб ведалі», «Рукі маці» – Леан Пастэрнак, «Не будзь ніколі іншым» – Уладзімеж Слабоднік). На такім добрым падмурку лягчэй, чым у выпадку з Багдановічам, было Яну Гушчы ўзвесці тэматычнае скляпенне з даваенных («Лірнік») і найноўшых твораў – «Таварышу», «Спакойнай ночы», «А колькі ў вас», якія пераклаў ён сам для гэтай кнігі.

Падборка сучасных вершаў М. Танка мне падабаецца. Складальнік выявіў народнасць і філасафічнасць мыслення паэта, мудрасць народнай дабраты. У вершах адчуваецца шырыня кругагляду і цэльнасць характару сучаснага мастака, яго напружаны роздум над праблемай жыцця і чалавечага прызвання. У сённяшняга Танка шмат паэзіі, якая, застаючыся мастацтвам слова, выходзіць за звычайныя ўяўленні пра мастацтва, бо з'яўляецца нявыдуманым увасабленнем сутнасці чалавека як часцінкі сусвету і самастойнага свету, які складае феномен асабовасці істоты, усведамляючай трагічную дабрадзейнасць жыцця, шчасце і цяжар сваёй прысутнасці ў бязмежжы. Натуральныя па форме, часам знарок раскаваныя, ачышчаныя ад музычнага закалыхвання, даведзеныя ледзь не да прозы ў выразе і інтанацыях, вершы гэтыя кранаюць самою немажлівасцю гаварыць прыгожа, падспеўваючы там, дзе гаворка ідзе пра смяротную патрэбу для сучаснага чалавека быць заглыблена-сур'ёзным, праўдзівым, уважлівым да ўсяго, што дзеецца вакол, бо дзеецца нешта важнае, нават у малым і звычайным: кожная пылінка нясе ў сабе частку лёсу планеты, а глабальныя праблемы вырашаюцца і ў шэптах закаханых і ў ападанні сасновай шышкі, якая нагадвае падаючую зорку. Драматычныя спляценні з'яў і лёсаў адкрываюцца паэту на кожным кроку. Вось ён стаіць пад сасной і бачыць падобную на хмарку буслянку, але не чуе шуму галін і пытае: «Хіба я стаў у ценю сасны, якую колькі год як зрэзалі?» Пытанне «Дзе яны?» ставіць свету паэт як рахунак сумлення, ён просіць асцярожна выціраць шыбы старой камяніцы, каб:

Не сцерці і ценяў

Нам блізкіх людзей,

Якія апошні раз

Некалі ў гэтыя шыбы глядзелі.


Цераз такую, ачышчаную да самых сэрцавін, як бы спракаветную безмастацкую, не пявучую, а толькі моўленую вобразнасць паэт паднімае найцяжэйшыя тэмы – асмельваецца прамовіць да польскай маці, што ў задушны дзень прынесла грамнічную свечку на вуліцу, дзе фашысты расстралялі яе дзяцей:

Podziel się ze mną płomykiem twej świecy,

A może

I ja zobaczę tych,

Z którymi miałem się spotkać.

(Пераклаў В. Варашыльскі)


Прыемна адзначыць агульную дабротнасць перакладу як ранніх, .так і сучасных вершаў паэта. Звяртае увагу сатырычнай вастрынвй і сввжасцю рыфмау пераклад верша «Пачатак оды», зроблены Тадэвушам Хрусцялеўскім, цікавы смеласцю перастварэння «Лірнік» і ўдалай прыбліжанасцю да арыгінала пераклад «Спакойнай ночы», зробленыя Янам Гушчам. Уражанні раўнацэннасці з арыгіналамі пакідаюць пераклады «Перапіскі з зямлёй» і «Шыбаў старой камяніцы» – Яніны Бжастоўскай, верша «Далёкі снег» – Анны Камінскай, «Варшаўскія задушкі» – Віктара Варашыльскага.

Відаць, гэтых удач нельга вытлумачыць адной толькі даўнасцю і багаццем сувязяў М. Танка з польскімі літаратарамі. Мне думаецца, справе дапамагае і тое, што паэтычны вопыт Максіма Танка ўключае многа з лепшых традыцый польскай і еўрапейскай мастацкай культуры, нацыянальная самабытнасць яго паэзіі цесна суадносіцца з агульначалавечым, а вобразна-выяўленчыя структуры, болын чым у каго, пераклікаюцца з эксперыментальнымі вобразамі сённяш-няй польскай паэзіі.

Праўда, тут жа хочацца засцерагчы перакладчы-каў перад спакусай узмацняць агульначалавечы пачатак у вершах М. Танка за кошт нацыянальнай і светапогляднай канкрэтнасці яго пазіцыі. Напрыклад, перакладаючы верш «Дзе яны?», Уладзімеж Сэгаль, па-мойму, размыў яго ідэю ўжо ў самым пачатку перакладу. Радкі Максіма Танка:

У горадзе

Разбітым, апусцелым

Убачыў я ў прытворы

Спаленай фашыстамі царквы

Двух у блакітнай вопратцы Анёлаў.

перакладзены так (даю падрадкоўнік.– У. К.)


У гэтым пакінутым

I разбітым горадзе,

У храме —

Даўно ўжо ворагамі зруйнаваным,

Я выпадкова ўбачыў двух анёлаў,

Спавітых у блакіт —

З апаленымі тварамі.


Чытач заўважыць, што дзея ў перакладзе страціла канкрэтнасць часу і месца, адсюль і грамадзянская ідэя перайшла ў маральную. Далей перакладчык больш-менш уразумела пераказаў думку, што анёлы запісвалі прозвішчы людзей, якія ўваходзілі ў храм і выходзілі з яго. Апошніх на гэты раз у рэестры не аказалася. У сувязі з такою праявай паэт пытае:

Няўжо ніхто

Не выйшаў з гэтых сцен?

Скажыце:

Дзе яны?

Але маўчалі і анёлы

З апаленымі крыламі,

I іх таксама

Кулі

Не мінулі.


У перакладзе пытанне і адказ гучаць цьмяна і неўразумела, дапасоўваючыся да размытых пачатковых радкоў перакладу:

Дзе памёршыя? – пытаў я ў анёлаў,

Але іх маўчанне было такім смяротным,

Што апушчаныя крылы

Далі мне самі праўдзівы адказ.


Максім Танк пытаў не пра памёршых, а пра тых, што не выйшлі з царквы, спаленай фашыстамі, ён пытаў канкрэтна: «Дзе яны?», і падтэкст верша даваў такі ж канкрэтны адказ – фашысты спалілі іх тут разам з царквой. Слова «памёршыя» зусім не падыходзіць тут, бо мова ідзе пра памардаваных. Выпадкаў вандалізму, падобных на апісаны ў творы М. Танка, было на Беларусі шмат у часы гітлераўскай акупацыі, напрыклад, у славутай сёння сваім этнаграфічным хорам вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна, у вёсцы Прыбалавічы таго ж раёна фашысты загналі і спалілі ў цэрквах усіх жыхароў, якіх удалося ім захапіць і загнаць. Пытанне беларускага паэта «Дзе яны?» звернута да ўсяго свету, але нават анёлы, што вялі рэестр душ у храме, не могуць даць адказу: яны прабіты кулямі. Свецкі тып мыслення і чыста паэтычныя адносіны да біблейскіх і міфалагічных істот заканамерны ў паэта-атэіста. У яго ўяўленні анёлы не надзелены несмяротнасцю. Гэту пазіцыю патрэбна было выразней перадаць пры перакладзе верша. Перакладчык, як мне здаецца, пайшоў за хрысціянскім рэлігійным успрыман-нем і надзяліў анёлаў несмяротнасцю. Яны ў яго смяротна маўчаць. Апушчаныя крылы мбгуць увасаблятть жа-лобную немату. Людзям, якія прытрымліваюцца свец-кай маралі, такое зняменне і маўчанне не зразумела. Можна сумнявацца, ці будзе зразумелаю немата анёлаў і ўсім тым веруючым палякам, што былі ў гады акупацыі сведкамі гітлераўскага вандалізму.

Аналіз перакладу Танкавага верлібра наводзіць на думку, што сучасная тэхніка верша, яго рытміка-меладычная раскаванасць і, пераважна, моўленая вобразнасць не аблягчаюць справы перакладчыкам, а толькі накіроўваюць іх намаганні на змест, на дакладнасць перадачы найтанчэйшых нюансаў зместу і ідэйнай задумы. Добрыя ў цэлым вынікі перакладу сучасных Танкавых вершаў сведчаць пра высокую кваліфікацыю і творчую рупнасць польскіх калег.

Падобныя ўражанні не пакідаюць нас і пры чытанні перакладаў беларускіх паэтаў сярэдняга і малодшага пакалення. Яны не выклікаюць столькі засцярог, як класікі Аднолькава добра выглядаюць у перакладах паэты такіх розных характараў, як Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Караткевіч, Пятрусь Макаль і Рыгор Барадулін.

Апошняга, як і Максіма Багдановіча, пераклалі Ян Гушча і Тадэвуш Хрусцялеўскі, але вынікі творчай працы перакладчыкаў прыкметна больш плённыя. Насоўваецца нават думка, што сучасная беларуская паэзія дзесьці затрачвае той тып майстэрства, які падказваў мастаку эпохі Адраджэння маляваць галінку вінаграда так, каб птушкі зляталіся кляваць малюнак. Сучасны жывапіс уступіў птушыныя лаўры фатаграфіі. Паколькі фатаграфія фарміруе зрокавыя ўяўленні і «кадрыруе» наша сучаснае бачанне прадметаў, жывапіс становіцца свядома «антыфатаграфічным». Зрокавая вобразнасць у паэзіі – таксама. Тэхніка верша, мабыць, як і тэхніка жывапісу, ідзе на спрашчэнне формы, дзеля загЛыблення ў сутнасць з'яў адмаўляецца ад канкрэтызацыі самой з'явы. Парываецца і традыцыйная дружба паэзіі з музыкай. Праходзіць усебаковае самавызначэнне віду.

Тут мне могуць запярэчыць знаўцы таленту Р. Барадуліна і прыхільнікі незвычайнай маляўнічасці, пластычнасці яго вобразаў. Каб унікнуць папрокаў, хачу загадзя адзначыць спецыфіку гэтай маляўнічасці. Пры ўсёй вастрыні бачання прадмета малюнак у Рыгора Барадуліна прынцыпова антыфатаграфічны. У структуры верша трапляюць выбарачныя элементы і суадносяцца не па законах оптыкі і перспектывы, а па законах эстэтыкі, паводле эмацыянальна-мастацкіх паказчыкаў. Пры ўсёй віртуознасці сугалоссяў верш Барадуліна моўлены, а не спяваны. У верш Барадуліна ўваходзяць жывыя інтанацыі, але не ўтвараюць музычных мелодый, а застаюцца інтанацыямі гаворанымі, вострымі, незалюлянымі. Паэт натуральна ўзбуйняе, дэфармуе дэталь ці пачуццё дзеля ўзмацнення эстэтычнай выразнасці вобраза-пачуцця. Матчыны замёрзлыя пальцы параўнаны, напрыклад, з дзесяццю моркаўкамі, а пілаванне дроў апісана яшчэ збіральней: «два крокі ішоў за пілою і тры крокі з пілою назад». Не думаю, што апісанні такога тыпу лягчэйшыя за падрабязныя. Па-свойму яны цяжэйшыя, бо тэхніка малюнка, майстэрства пераймання не заменіць тут абавязковай мастацкасці трактоўкі з'явы, што было мажліва ў даўнім дафатаграфічным мастацтве.

Праўда, у Рыгора Барадуліна класічны ямб ці харэй часта адыгрываюць ролю гука-рытмічнага арганізатара выслоўя, і ў гэтым выпадку парушэнне рытміч-нага ключа адразу адчуваецца як расслабленасць унутранай энергіі выказвання. Параўнаўшы першы ключавы радок верша «Ты – мой трывожны ўспамін» і «Ту mojе trwożne wspomnienie», адразу адчуваеш неадпаведнасць не толькі рытмікі радка, а і рытмікі мовы, стану і настрою. Далейшы пераклад страфы падцвярджае хібу. У Барадуліна:

Шчыміш і не даеш спакою,

Нібыта ўдар тугіх галін,

Адпушчаных чужой рукою.


У Яна Гушчы:

Zamiast spokoju, czas udręki,

Jak gałęźmi uderzanie,

Puszczanych z nagła z czyjejś ręki.


Цьмяна бачыцца апісанае перакладчыкам дзеянне. Гэта «gałęźmi uderzanie» адчуваецца як мяккі выпадковы ўдар, бо галіны не тугія, як у Барадуліна, і адпусціла іх не чужая, а чыясь рука, цьмянасць выразу псуе і памылка ў склоне (патрэбна «puszczanymi», а не «puszczanych», а калі «puszczanych», то «gałęzi»). Увогуле выраз «puszczanych z nagła z czyjejś ręki» не вызначаецца фанетычнай яркасцю дзеля гэтых паўтораных побач прыназоўнікаў «z». Хібіў і пераклад канцоўкі, пабудаванай у Барадуліна на ўсячэнні рытмараду. I ўсё ж неадпаведнасці гэтыя не надта кідаюцца ў вочы, бо думка, пакладзеная ў аснову верша, зразумета перакладчыкам і выказана ў цэлым правільна.

Ян Гушча адчувае прыроду структуры так званага раскаванага верша і часта свабодна пераказвае яго. Напрыклад, у вершы «Дзверы» ён пераносіць думку трэцяга радка «Панура прапусцяць цябе як канвойныя» у пяты радок, а выраз «Ні слёзы, ні смех не прапусцяць яны...» перакладае: «Не чуюць яны ні слёз, ні смеху», і ад гэтага задума верша не парушаецца. Пераклад у цэлым успрымаецца як раўназначны з арыгіналам.

Пераствараючы «Сады», Ян Гушча пайшоў па той жа лініі акцэнтацыі агульначалавечага пачатку, што і Уладзімеж Сэгаль у Танкавым вершы «Дзе яны?», але, на маю думку, апраўдаў гэты падыход: верш стаў даступным масаваму польскаму чытачу, ад якога нельга патрабаваць ведання і рэагавання на спецыфічна нашыя хібы жыцця, якія пераадольваліся пасля XX з'езда КПСС. Дзеянне ў радку «Сякера секла, грыз іх заяц...» перанесена ў цяперашні час «siekiera tnie, podgryza zając...», і гэта заканамерна і апраўдана. На карысць пайшло і ўзмацненне перакладчыкам энергіі выслоўя цераз гэтае тугое кароткае «tnie». У перакладзе ўзмацніўся філасафічны роздум пра суадносіны чалавека з прыродай, верш ачысціўся ад публіцыстычнага, хоць і важнага, але прамінаючага элемента.

Цікавы рытміка-гукавы эксперымент перакладчыка можна назіраць у вершы «Заспаная раніца мжыстая». У Барадуліна ён напісаны трохстопным амфібрахіем, які надае вершу лішнюю аднастайнасць, цягучасць. Выручаюць бадай-што арыгінальныя кансанансавыя рыфмы. Перакладчык прапануе свабодны верш, але ўдакладняе рыфмоўку, дабіваючыся адначасна гутарковай свабоды і напеўнасці. Некалькі трапных знаходак лексіка-вобразнага парадку замацоўваюць удачу. Так, напрыклад, радкі арыгінала:

Лісцёваю дыхае брагаю,

Пакутуе восень застудай.


мне здаюцца няўдалымі, нават неэстэтычнымі (дыхаць брагаю, пакутуючы застудай,– гэта не для восені: усё ж такі кабета, хоць і старая) – у перакладзе яны набылі новы сэнс і паэтычную яскравасць:

Brahą liści oddychać wciąż trudniej,

Jesieni przeziębionej.


Тут прастуджаная восень выклікае спагаду, бо ёй усё цяжэй дыхаць брагаю лісця. Радок «Цвітуць успаміны верасам» таксама стаў у перакладзе болып выразным: «Przekwitają wrzosami wspomnienia», а канцоўка давяршыла ўдачу перакладчыка. Замест дзяжурнага:

I моцна жадаецца-верыцца,

Што ўсё да поўдня праясніцца.


– перакладчык сказаў з філасофскім падтэкстам:

Што да палудня сілай жадання

Усё гэта праясніцца.


Атрымаўся верш той і не той. Мацнейшы.

Мне думаецца, што перакладчыцкая праца Яна Гушчы заслугоўвае стараннага лінгвістычнага вывучэння. Аналіз моўна-вобразных эквівалентаў дасць нам вельмі многа для разумення моцных і слабых бакоў многіх вершаў і, мажліва, прымусіць перагледзець некаторыя нашы ўсталяваныя ацэнкі. У польскага перакладчыка маецца высокая эстэтычная культура, тонкае адчуванне спецыфікі паэзіі як мастацтва слова. Павучальны нават яго хібы, бо яны абумоўлены калі не таропкасцю, то пошукамі паэтычнай солі ў прэсным ці вадзяністым радку. Але найбольш увагі заслугоўваюць знаходкі перакладчыка.

Позірк польскага ўкладальніка на нашу паэзію, як кожны позірк збоку, дапамагае нам бачыць паэзію вынятай з той аправы, якою з'яўляецца шматгадовае напластаванне нашых дамашніх традыцый успрымання. Традыцыя ўспрымання ўносіць у тэкст верша дадатковыя змястоўнасці, дадатковыя камунікацыйныя і ідэйна-эстэтычныя вартасці. Верш, асвечаны традыцыяй, нават самы смелы крытык не паважыцца разглядаць без уліку той вартасці, якую надала тэксту традыцыя, асабліва калі гэта традыцыя стала стылем ці модай. Укладальнік і перакладчыкі менш звязаны нашай беларускаю традыцыяй успрымання паэзіі, яе ацэньвання. таму іх погляды ў большай меры могуць лічыцца чыста прафесійнымі, літаратурна-эстэтычнымі. Праўда, і яны, перастваральнікі, знаходзяцца пад уздзеяннем сваёй радзімай нацыянальнай традыцыі, адрознай ад нашай. Усё гэта падказвае натуральную патрэбу актыўных, крытычных адносін да зробленага Янам Гушчам і яго калегамі, патрэбу, з якой у значнай меры паўсталі і гэтыя радкі.

У сваіх нататках я вымушаны быў больш спыніцца на недахопах, разглядаючы «Анталогію» як першую ластаўку, якой патрэбна ў меру сіл падкарэкціраваць дарогу ў гняздо вялікай літаратуры.

Акрамя Яна Гушчы заслугоўвае ўвагі і работа пладавітага перакладчыка Леапольда Левіна. Ён спецыялізуецца на перакладах інтэлектуальна заглыбленай лірыкі, а яна з'яўляецца сёння аб'ектам асаблівай увагі і паэтаў, і крытыкі, і ўсіх аматараў паэзіі ў Беларусі.

Будзем спадзявацца, што спецыялісты ў галіне літаратурнай мовы і перакладу скажуць свае слова пра «Wiersze białoruskie», а такое слова можа быць дзейснай падмогай нашым паэтам.

Паэзія наша займела ў Польшчы некалькі шчырых сяброў, сапраўдных энтузіястаў, якія хочуць данесці яе скарбы да літаратурнай грамадскасці сумарна і выбарачна. За гэту добрую ініцыятыву трэба выказаць ім удзячнасць і прызнанне. Далейшы поспех паэтычнай дружбы будзе залежаць, мабыць, не ад адзінак, а ад шырокіх колаў нашых і польскіх паэтаў, ад інтэнсіўнасці літаратурных зносін увогуле.

Зацясненне творчых сувязяў з польскай паэзіяй – цалкам рэальная перспектыва. Яе, бясспрэчна, трэба рэалізоўваць на аснове ўзаемнасці.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла ў свет зборнік паэтаў Лодзі на беларускай мове. Гэта добра як першы крок на шляху да больш шырокага зацікаўлення сучаснаю польскаю паэзіяй нашага чытача.

СТАРОНКІ РАМАНТЫЗМУ


Стары незнаёмы

Слова рамантызм набыло за амаль дзве сотні гадоў ужывання такую шматзначнасць, што ўжо сам гэты факт наводзіць на роздум пра няяснасць паняцця. Рамантызм нібыта знарок дэманструе суб'ектыўнасць, уласцівую гуманітарным ведам, персанальнасць эстэтычных ацэнак жыцця і мастацтва.

У самым шырокім сэнсе рамантызмам называюць нязвычны тып адносін чалавека да рэчаіснасці, ён часта выступае як безразважнае, але высакароднае рэагаванне асобы ці калектыву на перашкоды жыцця, на затрымісі жыццёвага працэсу. Рамантычным назаве гамонка і подзвіг касманаўта, і адчайны замах тэрарыста, і стыхійны выбух паўстання, без шансаў на перамогу. Не меншы разнабой і ў сферы таго, што называюць рамантычным светаразуменнем: тут шмат месца займаюць высакародныя ілюзіі, утапічныя канцэпцыі свету і яго развіцця. Эстэтычнае сцверджанне рамантычнага спосабу дзеяння, рамантычнага стылю і смаку жыцця, рамантычнага светаўяўлення – задача рамантычнага тыпу мастацтва. У рамантычныя эпохі гісторыі гэты тып мастацтва разрастаецца, утварае свае кірункі, стылі і формы, нават можа заняць вядучае месца ў мастацкай творчасці, стаць узорам мастацтва наогул.

Рамантычнае адчуванне, мысленне, дзеянне і творчасць нясе ў сабе эмацыянальны выбух, парыў да новага, апантанасць будучыняй, інтуіцыйнае імкненне да яе, бурнае адмяжоўванне ад старога, дэманстрацыю абрыдласці яго. Рэвалюцыя як універсальны спосаб абнаўлення жыцця ў класавых грамадствах сугучна рамантызму. Не выпадкова рэвалюцыйныя дзеячы ня-суць у сабе ярка выражаныя рысы рамантычных герояў, гэта значыць, людзей, свабодалюбства і гуманістычныя парыванні якіх уздымаюцца над практычнаю разважлівасцю, над небяспекай і страхам смерці. I што цікава, у такіх бурных і складаных з'явах жыцця, як рэвалюцыя, сапраўды нярэдка не цвярозы разлік, а суб'ектыўныя фактары – мужнасць важакоў і апан-танасць мас, гатоўнасць на смяротныя ахвяры, безразважная рашучасць дзеянняў – прыносяць перамогу над дужэйшым ворагам, якому бракуе баявога запалу, веры ў сябе, высакароднай безразважнасці – тых якасцей, якія вялікі мастак рэвалюцыі выказаў словамі: «Безумство храбрых – вот мудрость жизни!».

Калі глядзець звонку, дык развіццё рэвалюцыйных тэорый, ператварэнне ўтапічных мар у навуковыя гіпотэзы, а стыхійных бунтаў у арганізаванае змаганне азначае змяншэнне рамантыкі ў рэвалюцыйным працэсе. Нашы ідэйныя праціўнікі нават выказваюць спачуванні з выпадку таго, быццам сучасную савецкую літаратуру пакідае рамантыка, што дасталася ёй у спадчыну ад рэвалюцыі31. Але дарма стараюцца нядобразычліўцы. Чарговы рамантычны выбух зарэгістраваны ў савецкім літаратуразнаўстве на пераломе 50-х і 60-х гадоў. Марксісцкі светапогляд крытычна асэнсоўвае рэвалюцыйныя утопіі, здымае з іх рамантычны ідэалізм, паднімае высакародныя мары да ўзроўню навуковых тэорый і гіпотэз сацыялістычнага ўладкавання свету. Але ці выжываецца рамантызм марксісцкаю тэорыяй і рэвалюцыйнаю практыкай камуністычнага руху? Ці не ачышчаецца ён у рэчышчы гэтага руху, ці не вызваляецца ад уціску ідэалістычнай суб'ектыўнасці, ці не набліжаецца да навуковай тэорыі і практыкі сучасных пралетарскіх рэвалюцый, ці не прасвятляецца сацыялістычным гуманізмам і інтэрнацыяналізмам?

Так, у працах савецкіх філосафаў настойліва падкрэсліваецца думка пра несумяшчальнасць метада-лагічных асноў рамантызму як светапогляду з марксізмам. Паказальны ў гэтым сэнсе параграф

Г. С. Бацішчава ў манаграфіі «Гісторыя марксісцкай дыялектыкі», дзе аўтар сцвярджае: «Пункт гледжання рэвалюцыйнай крытычнасці, уласцівы рэвалюцыйнай дыялектыцы, мог быць выпрацаваны толькі шляхам адмаўлення і зняцця гэтага рамантычнага крытыцызму. Бо яны глыбока розныя светапогляды»32. Сутнаснаю рысай новай рэвалюцыйнай крытыкі рэчаіснасці, да якое прыйшоў К. Маркс цераз адмаўленне крытыкі рамантычнай з яе безнадзейным максімалізмам і ідэалістычнай узнятасцю над светам, даследчык лічыць: «.... не пакланенне адчужанай магутнасці надзеленых самастойнасцю сутнасных сіл чалавека, а наадварот, практычнае пераадоленне іх адчужанасці  –  такі пафас Маркса»33. Але ці цалкам стасуюцца гэтыя вывады да мастацтва? Сёння савецкія літаратуразнаўцы ўдакладняюць адрас Марксавай крытыкі рамантызму, якую ў свой час прапагандысты марксізму Ф. Мерынг, П. Лафарг, Г. Плеханаў пашыралі на мастацтва без належнага ўліку эстэтычнай спецыфікі апошняга, а вульгарныя сацыёлагі ператварылі ў догму: «рамантызм – гэта ідэалізм».  З  гэтай догмы нарадзілася другая: «рамантычнае мастацтва непрымальнае для сацыялістычнага рэалізму». Яшчэ ў 50-я гады балгарскі філосаф-марксіст Тодар Паўлаў і класік латышскай літаратуры Андрэй Упіт стаялі на гэтай пазіцыі, хоць, пачынаючы з Першага з'езда савецкіх пісьменнікаў,  яна аспрэчвалася прызнаннем таго, што рэвалюцыйная рамантыка  –  эстэтычны кампанент літаратуры сацыялістычнага рэалізму.

У 50-я гады наша літаратуразнаўства ўзмацняе пошукі аб'ектыўных навуковых ацэнак мастацкага рамантызму, адкідае сацыялагізатарскія догмы.

Сучасная прагрэсіўная эстэтыка разглядае мастацтва як з'яву шматгранную: гэта і ацэначнае пазнанне свету, якое жывіць душу ісцінай і насалоджвае хараством, гэта і пераўтварэнне рэчаіснасці, якое ўражвае бязмежнасцю ідэалу, патрасае выключнасцю гераічных і трагічных лёсаў, гэта і... можна назваць шмат рыс, якія характарызуюць мастацтва і яго функцыі, але галоўнымі застануцца дзве: пазнанне і выхаванне, таму ў працах эстэтыкаў можна сустрэць падкрэсліванне альтэрнатыўна-сці азначэнняў мастацтва як з'явы34. Пазнавальны і выхаваўчы пачатак выступаюць не проста і як дзве рысы, гэта сілавыя лініі, якія дыялектычна ўзаемадзейнічаюць у мастацтве. Звычайна на глебе рэалізму, як яго разумее наша эстэтыка, усталёўваец-ца раўнавага абедзвюх функцыянальных рыс, гэта і дае падставу трактаваць рэалізм як норму, а рамантызм як анамалію. I тут ёсць свая логіка. Парадокс адно у тым, што рамантычная анамалія становіцца нормай для рамантычных момантаў гісторыі. Гэтыя моманты самі з'яўляюцца шчаслівымі анамаліямі, рэвалюцыйнымі выбухамі жыцця і мастацтва. Ёсць свая рацыя ў тым, што, напрыклад, тэарэтык рэалізму В. Дняпроў аддаў гэтаму метаду манапольнае ўменне і права выявіць нават саміх рамантыкаў у якасці жыццёвых тыпаў. Сутнасць агню выяўляе вада, але па-свойму гэта ж робіць і порах. Жыццёвую сутнасць паміраючага казака Астапа выявіў рамантык Тарас Бульба. Хіба ж жыццёвей зрабіў бы гэта рэаліст Чычыкаў? Само паняцце жыццёвасці ў рамантычныя эпохі зусім іншае, чым у рэалістычна-зроўнаважаныя. Нормы эстэтычных ацэнак не могуць стаць вечнымі і абсалютнымі эталонамі. Рэалістычныя нормы ўзаемадзейнічаюць з рамантычнымі анамаліямі, і недзе на скрыжаванні ў кожную эпоху паўстаюць рухомыя рэгістры. Рамантычныя эпохі паднімаюць рэгістры ацэнак як у жыцці, так і ў мастацтве, узводзячы рэалістычную тыпізацыю да ўзроўню рамантычнай ідэалізацыі, а індывідуалізацыю да  маштабаў звышнатуральнасці, абстрактнасці.

Слушна заўважае Д. Ліхачоў, што, ацэньваючы якасці мастацкага адлюстравання, нельга абмяжоўваць сябе пытаннем: правільна ці няправільна?—і задавальняцца адной толькі адпаведнасцю, дакладнасцю, правільнасцю. Унутраны свет мастацкага твора – вынік і дакладнага адлюстравання, і актыўнага пераўтварэння рэчаіснасці35. Праблема рамантызму ў літаратуры неаддзяліма ад рамантызму ў жыцці. Так, між іншым, і абмяркоўваецца яна ў сучасным польскім друку. На старонках літаратурнай і палітычнай прэсы там вядзецца гаворка пра рамантызм XIX стагоддзя,  яго суадносіны з пазітывізмам і нацыянальнай каштоўнасцю рамантычнай спадчыны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю