Текст книги "Зорны спеў"
Автор книги: Уладзімір Калеснік
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 24 страниц)
Нялёгка стаць пісьменнікам сялянскаму сыну, якому трэба да сёмага поту працаваць, жывучы ў глухамані. Але ў сапраўднага таленту патрэба тварыць, адкрываць новае і дзяліцца з людзьмі запаветнымі думкамі, імкненнямі – неадольная. Янка Брыль пайшоў за сваім прызваннем. Хоць і даводзілася яму працаваць звыш сіл, не мог ён паступіць інакш, бо адчуваў сябе адкрывальнікам такіх вялікіх ісцін, бес якіх не толькі блізкія яму людзі, але і ўсё чалавецтва не знойдзе дарогі да шчасця.
Заходняя Беларусь у 20-я гады кіпела рэвалюцыйнай і нацыянальна-вызваленчаю барацьбой, народныя масы ахоплівала жаданне з'яднацца ў адзіную сацыялістычную дзяржаву, здабыць свабоду, выйсці на гістарычны прасцяг. Грамадскасць не саромелася даваць заказы пісьменнікам, бо лічыла іх, перш за ўсё, свядомымі грамадзянамі. Дэмакратычная прэса патрабавала ад песняроў выкрываць і ганьбіць паднявольнае жыццё, ствараць вобраз ідэальнага грамадства, у якім усе людзі збратаюцца і зажывуць свабодна, шчасліва. Голас грамадскага сумлення і абавязку быў тады такім моцным, што пісьменнікі без слова прымалі заказ часу і з радасцю выконвалі яго, адчуваючы сябе разбуральнікамі старога і стваральнікамі новага свету.
Зразумела, што ўсвядоміць гэтую высокую місію кожны мастак павінен сам, сваім сэрцам і розумам. Тут не бывае торных дарог.
Янка Брыль, вярнуўшыся з гімназіі, якая здавалася яму цудоўным акном у свет навукі, хараства, культуры, меў усе падставы скардзіцца на жыццё. Але, асеўшы ў вёсцы і агледзеўшыся навокал, ён заўважыў, што яго ліхадзейка-доля была для многіх сябрукоў і аднагодкаў яшчэ зайздроснай. Ён атрымае ў спадчыну некалькі гектараў зямлі, і гэтага як быццам і хопіць, каб размясціць вясковае шчасце. Чулы юнак робіць папраўку ў свае маральныя самаацэнкі. «Ты не найгорш пакрыўджаны,– кажа яму голас сумлення,– глядзі, каб сам не пакрыўдзіў іншых». Маральная пільнасць скіроўваецца са знешняга свету на самога сябе. Як жыць сумленна ў гэтым свеце, каб не выклікаць зайздрасці, не рабіць зла?
Разам з братам Міхаілам Янка Брыль шукае адказу на пытанні-злыбяды ў Льва Мікалаевіча Талстога. Ён прагна чытае мастацкія, публіцыстычныя і філасофскія працы Талстога, шле пісьмы В. Ф. Булгакаву – былому сакратару яснапалянскага мудраца, знаёміцца з дзеячамі антываеннага руху ў буржуазнай Польшчы, бярэцца за культурна-асветную працу на сяле і, галоўнае, сур'ёзна і напорыста пачынае пісаць артыкулы, вершы, апавяданні. Брат яго Міша штудзіруе жывапіс, вучыцца маляваць. У хаце пасяляецца творчы дух.
Праўда, на сямейным Парнасе Янка іграе другарадную ролю: па-першае, ён – малодшы, па-другое, мастацтва слова менш прыкметнае, чым жывапіс. Карціну кожны бачыць адразу і дзівіцца з умельства мастака, які паклаў штрыхі і фарбы так, што на палатне з'яўляюцца рэчы і людзі, «як жывыя». Янка зайздросціў славе брата, а той трактаваў яго як свайго асістэнта. Калі суровая маці казала старэйшаму прынесці дроў ці вады, Міша паварочваў галаву ад мальберта і пераадрасоўваў даручэнне Янку, гаворачы, нібы ігумен паслушніку: «Ванька! Древес!» Калі ж Міша пачаў яшчэ і «вершы» пісаць, дык Янкава душа не вытрымала, і ён з крыўдлівай слязінай у голасе стаў прасіць старэйшага: «Ну, пакінь хоць гэта мне. Ты ж малюеш... Ну навошта табе?..» Той велікадушна згадзіўся...
Самадысцыпліна, маральная пільнасць здольных юнакоў паднімае іх аўтарытэт у ваколіцы. Да «Брылёвых хлопцаў» цягнецца моладзь, іх стараюцца пераймаць, але ўжо не зайздросцяць, адчуваючы на сабе, які нялёгкі гэта шлях – спалучаць працу з самаадукацыяй і творчасцю. Маральныя пошукі і самаўдасканаленне на пэўны час займаюць галоўнае месца ў жыцці і творчасці маладога пісьменніка. Але разбуджанае сумленне выводзіць юнака на прастор сацыяльных і нацыянальных праблем. Ад агульначалавечага да нацыянальнага і класавага – такі шлях духоўнага росту і станаўленнл таленту Янкі Брыля.
Асаблівасць развіцця светапогляду пісьменніка адлюстравалася ў змесце, тэматыцы і ідэйнай скіраванасці яго ранніх твораў.
У заходнебеларускім друку Янка Брыль дэбютаваў як аўтар вершаў і артыкулаў на гуманістычныя і маральна-этычныя тэмы. Абвостранае, набалелае сумленне падказвала аўтару змест і пафас першых апавяданняў «Марыля», «Праведнікі і зладзеі». Відавочна, такі ж характар насілі і іншыя апавяданні той пары. Іх назбіралася цэлая кніжка, але рукапіс яе так і загубіўся ў віленскага выдаўца, не дачакаўшыся ператварэння ў кнігу, хоць маці згадзілася аплаціць гэтую аперацыю з сямейнага бюдджэту.
Раннія апавяданні пісьменнік стварае ў класічнай манеры, кладзе ў аснову кампазіцыі сюжэт, але ўжо там дае знаць аб сабе яго лірычная манера, часта ўвага скіроўваецца на ледзь улоўныя рухі пачуццяў, унутранай барацьбы ў душы героя. Пісьменнік здзіўляецца, чаму той самы чалавек бывае чулы і жорсткі, дзе яго віна і дзе бяда яго, чаму людзі не заўсёды могуць быць людскімі. На свой лад хварэе Янка Брыль тымі злыбедамі, якія грызлі душу яго духоўнага настаўніка Л. М. Талстога. Пазіцыю маральнага суддзі юнаку даводзіцца спалучаць з неадольнай цікавасцю да ўсяго чалавечага. Немажліва ўціснуць у строгія рамкі маральных правіл жывога чалавека. I Янка Брыль пачынае расшыраць прынцыпы ацэнак, захапляецца чалавекам без маралізатарскіх прыдзірак, характэрных для маладога ўзросту. Пісьменнік быў больш велікадушным за мараліста, і ён перамагаў.
Суровасць Талстога ажыўлялася гумарам Гогаля і Чэхава, маральная дысцыпліна – эстэтычнаю радасцю жыцця.
* * *
Новы жыццёвы вопыт прынесла Янку Брылю служба ў польскім войску, удзел у баях з гітлераўцамі на пабярэжжы Балтыкі, пакуты палону, паняверка ў «рабочых камандах», штрафных ротах, барацьба за атрыманне Савецкага грамадзянства і, нарэшце, дзве спробы ўцёкаў на радзіму. Усе гэтыя падзеі прыблізілі яго асабісты лёс да гістарычнага лёсу народа, пашырылі сацыяльны і псіхалагічны кругагляд, далі новыя стымулы творчасці, падказалі новыя праблемы.
Восенню 1941 года ўцякач піша ў матчынай хаце ў Загоры сваю адысею, месцамі неверагодную і скрозь праўдзівую гісторыю. Усё гэта ён спярша даверліва расказаў родзічам, сябрам і ўбачыў у іх вачах дапытлівасць, здзіўленне, хваляванне. Яму хацелася ўкласці ў мастацкія карціны і вобразы свой цяжар перажытага, каб аблягчыць душу і ўзбагаціць людзей вопытам уласнай, дасведчанай пакутамі душы. З-пад пяра выходзіць аповесць «Жывое і гніль». Пісьменнік пазваў фашызм на суд сумлення і вынес яму справядлівы прысуд: гніль, ракавая пухліна на жывым целе нямецкага народа. Фашыстам у аповесці Янкі Брыля супрацьстаялі простыя немцы, рупныя працаўнікі, добрыя спагадлівыя людзі. Беларускі юнак прыкмячаў у народных нізах рысы характару, норавы, звычкі, сугучныя з тымі, якія бачыў змалку год у сваёй роднай вёсцы. Пазнаючы сярод немцаў людзей і нелюдзяў, палонны юнак ажываў душою, мацнела яго вера ў чалавека і чалавечнасць. Людзі і нелюдзі – вось галоўная праблема аповесці, галоўны аспект бачання і даследавання жыцця. Мастака інтрыгуе ледзь прыкметнае ззянне, што выпраменьвае кожны чалавек, добры і злы, высакародны і подлы, як бы ні таіўся. Навучыцца ісці ад маральных імпульсаў, уражанняў да сутнасці – вось праграма мастака.
Ці ўдалося тады аўтару ўсебакова выявіць сутнасць фашызму? Напэўна, не. Маральна-этычны аспект пазнання быў істотным, але не самым галоўным аспектам пры даследаванні такой з'явы, як фашызм, з'явы перш за ўсё сацыяльнай. Роля шчырага сведкі на грамадскім судзе сумлення не задаволіць з цягам часу аўтара. Не раз будзе ён вяртацца да тэмы фашызму, будзе разбіраць раздзелы ненадрукаванай аповесці на матэрыял для апавяданняў, будзе пісаць новыя рэчы, мастацкія і публіцыстычныя, напрыклад, рэпартаж з залы суда над фашысцкімі злачынцамі ў Мінску. Аповесць «Жывое і гніль» была першым творчым крокам у антыфашысцкую тэму, крокам сумленным і на свой час смелым.
Трэба памятаць, што твор гэты з'явіўся ва ўмовах фашысцкай акупацыі, яго стварыў мастак, жывучы па-за законам. Пры занавешаных дзяругамі вокнах, пад сіпенне капцюха-газніцы ён разлічваўся з фашыстамі за здзек з людзей, абвінавачваў, сведчыў. Гэта была смелая работа. За сценамі днём і ноччу са зброяй у руках віжавалі тыя, на каго ён сведчыў, каго выкрываў. Нават калі б удалося схаваць ад іх рукапіс, яго ўсё роўна арыштавалі б, і добра, калі б адправілі толькі назад у лагер для палонных.
Каб забыцца на ўсё ліхое, што пагрозліва шчэрылася за роднымі вугламі, а галоўнае, каб перабіць уражанні, адысціся ад агіднае гнілі фашызму і глыбей выкрыць яго, мастак пераходзіць да свайго дзяцінства і юнацтва, каб так проста, бяспечна і ўтульна жылося на гэтым свеце, калі неба засланялі толькі пералётныя хмары. З'яўляюцца рукапісы аповесцей «У сям'і», «Сірочы хлеб» і замалёўкі лагоднага бясхітраснага даваеннага жыцця хлебаробаў. Атмасферай натуральнай чалавечнасці творьі гэтыя супрацьстаялі жахлівай яве акупацыі.
Праўда, і там не было абсалютнай гармоніі. Рана асірацелага Даніка Мальца ўшчувалі на пашы сыны багацея Палуяна, на яго даносілі і паклёпнічалі ў школе сынкі асаднікаў, чулую душу азмрочвалі відовішчы паліцэйскіх здзекаў з дарослых. Але там панявераны чалавек заставаўся яшчэ ўсё ж чалавекам, ён меў права публічна абараняцца на судзе, яму можна было спачуваць і дапамагаць збоку. А тут, у фашысцкім логаве, і тут, на акупіраванай імі зямлі, нармальныя пачуцці чалавечыя забараняліся. Кожны паслугач з вінтоўкай у руках быў панам яшцця і смерці людзей, якія апыналіся ў абсягу вінтовачнага стрэлу ад яго.
У «Сірочым хлебе» станоўчым героем выведзены даравіты хлапчук – Данік Малец, першы вучань у класе. Ён таварыскі, вясёлы і дасціпны хлопчык, але абвостранае пачуццё справядлівасці і ўласнай годнасці прыносіць яму пакуты. Пісьменнік заўважае, што чым ярчэйшы, змястоўнейшы чалавек, чым багацейшая яго асоба, тым драматычней складваюцца яго адносіны з уласніцкім грамадствам. Данік нажывае сабе ворагаў, але мае і надзейных сяброў. Ён падружыўся з камуністам-падпольшчыкам Міколам Кужалевічам, яго любіць настаўніца пані Мар'я, якая прадстаўляе ў аповесці перадавую польскую інтэлігенцыю. Але тым не менш яго выгналі са школы, пазбавілі права на асвету. Данік наймаецца пастухом да пана. Праўда, і там, ля панскага статка, ён сустракае родную душу – гэта стары парабак Мікіта, чалавек добры і вясёлы, мастак-дудар, родны брат Коласавага дзеда Курылы. Ён вучыць падлетка жыць з аглядкаю, раіць не заядацца з панамі, бо ў іх – сіла. Але Данік не хоча паўтараць горкага батрацкага жыцця свайго парадніка, ён не жадае пакарыцца лёсу. I мы верым, што хлопчык дойдзе свайго, выстаіць у змаганні за сваю чалавечую годнасць і за годнасць свайго прыгнечанага эарода.
Аповесць «У сям'і» як бы пацвярджае гэту здагадку. Яе герой, нібы старэйшы брат Даніка, Алесь Ганчарык, таксама прыроджаны мастак. Алесь жыве ў такой сялянскай сям'і, дзе кожны член мае свой дар: бацька – талент вясёлай дабраты, глабальнай дапытлівасці, спачування ўсяму чалавецтву, дзядзька Міхась – дар мастака, а малы Алесь – пісьменніка, гатовага выказаць лёс чалавечы. Бабка, цярплівая і вясёлая, але практычная па натуры жанчына, называе паводзіны гаспадара і астатніх мужчын-сямейнікаў народным выслоўем «як маленькія». Няма ў гэтых мужчын практычнай гаспадарскай хваткі, учэпістасці. Праўда, недзе ў глыбіні душы разумная кабета ўхваляе іх недахоп, бо і сама ж грэецца ля таго агеньчыка культуры, які яны запалілі ў хаце і ў вёсцы.
I гэтых светлых людзей праследуюць улады. Алесь, спагадаючы дзядзьку, пасаджанаму панамі ў турму, прыходзіць да высновы, што талент абавязвае кожнага, у каго ён ёсць, не толькі саграваць душы блізкіх людзей, але змагацца са злом, паняверкай, якая навісла над усім народам.
Амаль усё тое чалавечае багацце, якое радуе нас у гэтых аповесцях, аўтар назіраў у роднай хаце. На сям'ю Янку Брылю пашанцавала. Такім жа добрым, бясконца вясёлым і чулым да людзей і да слова, як бацька Алеся Ганчарыка, быў яго бацька Антон Данілавіч. «Мой, бывала, калі апранецца па-гарадскому, дык як гасудар які ідзе»,– любавалася, успамінаючы маладосць, маці. У сям'і захоўвалася памяць пра аднаго з памёршых у маленстве братоў Янкі – незвычайна здольнага дзіцяці. Яго звалі Мішам. Не могучы забыцца на тую страту, бацькі далі гэтае імя дзевятаму сыну, і ён аказаўся прыроджаным мастаком. Янка прыйшоў на свет цераз тры гады пасля Мішы, са школьных гадоў пацягнула яго ў паэзію. Аўтабіяграфічнасць аповесці вельмі выразная.
Сярод матчынай радні былі таксама вартыя ўвагі і наследавання людзі: матчын брат, калека-кравец, быў чулы, гаваркі, здатны на штукі. Ад яго пісьменнік пачуў шмат яскравых вобразных слоўцаў. Пра сваё калецтва той, напрыклад, мог сказаць так: «Я, калека няшчасны, тыя разы сцены цалаваў, бо хто ж за мяне, думаў, пойдзе...» або пра сваю пляменніцу: «Ганна ў Мір у бальніцу здароўя шукаць паехала».
Дзядзька Навум Чычук стаў правобразам краўца Лапінкі ў апавяданні «Праведнікі і зладзеі», у рамане «Птушкі і гнёзды» ён – чулы дзядзька Адам, што прыязджае забіраць Алеся і Толю Руневічаў з гімназіі. Увогуле ж у матчынай радні пераважалі людзі суровыя, баявітыя. Адзін з яе братоў Мікалай пайшоў у 1905 годзе ў рэвалюцыю, далучыў яго да палітыкі будучы цесць пісьменніка, у маладосці луганскі рабочы Міхаіл Вікенцевіч Клаўсуць. Матчын пляменнік Аляксей у сусветную вайну заслужыў чатыры Георгіеўскія крыжы. Радня ж па бацькавай лініі вызначалася дабрадушнаю лагоднасцю. Чычукі ганарыліся, што паходзілі з дзяржаўных сялян, а Брылі з дзеда-прадзеда былі дваровымі ў пана Гнаінскага. Янкаў прадзед Рыгор і асабліва дзед Даніла здароў'ем, сілаю і рахманаю натурай нагадвалі казачных асілкаў, апошні і памёр эпічна – задрамаўшы пасля ранняй касьбы. Бацька быў таксама пакладзісты і сціплы, адважыўся, аднак, пашукаць шчасця ў горадзе. Праўда, калі пайшоў у воласць прасіць пашпарт, дык на пытанне пісара: «Як твая фамілія?» – заместа Брылевіч вымавіў на вясковы лад скарочана – Брыль. З такім прозвішчам і застаўся, а блізкія родныя – Брылевічы. Аднак і Антон, папрацаваўшы чыгуначнікам, нажыў гарадскую растаропнасць; гэта ён пераправіў у 1907 годзе швагра Мікалая Чычука за граніцу, калі за тым пачалі віжаваць і ганяцца жандары.
Аднак важна памятаць, што галоўнае не праявы жыцця, якія трапляюцца на дарозе мастака, а яго душа, яго ўменне бачыць, чуць, запамятаваць, успрыняць і на свой лад ператварыць.
Аповесці часоў акупацыі пранізаны агульнай ідэяй асуджэння жорсткага і нялюдскага свету ўласніцтва і эгаізму. Але ёсць там яшчэ адна глыбінная тэма: галоўны герой іх – дзіця – падлетак – юнак – мае задаткі мастака, і талент наводзіць яго на думку і рашэнне: мала застацца толькі сузіральнікам і маральным суддзёй антыгуманнага свету, у якім ён жыве. Мастак абавязаны змагацца са злом. Гэта было ў традыцыях заходнебеларускай літаратуры, з якой выводзіўся Янка Брыль-пісьменшк.
У творах ваеннага часу актыўпа выступае лірычнае «я», часта ўжывае мастак прыём унутранага маналога-роздуму, маналога-лятунку ці ўспаміну. Пачуцці таго, хто многа перажыў, маюць права на ўвагу чытача. Творчы дух мастака чэрпае матэрыял са знешняга і ўнутранага свету, і гэта ўзмацняе эмацыянальную насычанасць пісьма і павышае якасць псіхалагічнага аналізу. Мастаку да самазабыцця добра смыкаць аблокі ўспамінаў, прасці шаўковыя ніткі для карункавай тканіны лірычнага адступлення. Але самазабыццё – не ратунак, а толькі ілюзія яго. За сценамі матчынай хаты ў Загоры бушуе завіруха. Прывіды ў шэрых і чорных шынялях спраўляюць свой дзікі шабаш. Вось яны ўжо ля весніц. Янку Брылю даводзіцца кідаць родную хату, уцякаць ад паліцыі, хавацца зімою з 1941 на 1942 год у добрых людзей у Мінску. Адно вясной 1942 года, калі наднёманскія лясы загрымелі партызанскімі стрэламі, можна было вярнуцца назад у сваю вёску. Але толькі жыць, аберагаць сябе для творчасці цяпер пісьменнік ужо не мог. Партызанская барацьба падхоплівае яго і нясе па сваіх шляхах. У лес рушылі ўсёю сям'ёю: сямідзесяцігадовая маці і старэйшыя браты са сваімі сем'ямі. Гаспадарку і дом абрабавалі паліцаі. Гаспадары нават рэчаў на першую патрэбу не захапілі: як жартавалі практычныя вяскоўцы – «адно два мяхі кніжак».
Янка Брыль становіцца адначасна партызанам-разведчыкам і журналістам, байцом пяра. Зрываць маскі з нелюдзяў-фашыстаў і сцвярджаць высакароднае хараство партызанскай вайны – таксама баявое заданне ад камандавання. Янка Брыль выконвае яго сумленна і з прыемнасцю. Ловячы моманты, калі сябры-разведчыкі адпачываюць пасля начных паходаў, ён піша інфармацыі, артыкулы і вершы для падпольных газет, ухітраецца нават нанова перапісаць аповесць «Жывое і гніль». Твор гэты чытаюць у штабе брыгады і ў Стаўбцоўскім міжрайцэнтры. Камандаванне вырашае паслаць рукапіс на Вялікую зямлю, лічачы, што кніга Брыля будзе патрэбна савецкім людзям: яна вучыць адрозніваць фашыста ад немца, глыбей разумець, за што і з кім мы ваюем. Аўтар задаволены такою ацэнкай, ён рады, што яго канцэпцыя пераклікаецца з крылатым у тую пору выказваннем галоўнакамандуючага пра гітлераў, якія прыходзяць і адыходзяць, і пра нямецкі народ, які застанецца. Народ – гэта вечнае, фашызм – часовае. Фашысты не загубяць нямецкі народ, ён перажыве фашызм і разам з намі будзе будаваць новы справядлівы свет.
На «малой зямлі» грамадскі лад пад уплывам усенароднага партызанскага руху прымаў выгляд народнай вайсковай дэмакратыі. Народ лічыў партызан сынамі, выразнікамі яго волі, выканаўцамі яго справядлівасці. Партызанскія баявыя атрады ўвасаблялі народныя ідэалы, былінныя ўяўленні пра гераічны калектыў, з'яднаны дружбай, даверам кіраўнікоў да радавых байцоў і ўзаемнай павагай партызанскай масы да важакоў, якіх сама маса вылучыла кіраваць ёю. Вылучыла за мужнасць і сумленнасць, знаходлівасць і самадысцыпліну, праяўленыя на вачах ва ўсіх. Улада партызанскіх важакоў не узвышаецца над людзьмі, яна жыла ў падначаленых, як часціна іх добрай волі. У гэтай добраахвотнай узаемнасці сакрэт асабістай свабоды кожнага і згуртаванасці калектыву добраахвотнікаў.
Прыўзнятасць чалавечых адносін, у якіх раслі і гартаваліся гераічныя характары, прыцягвае пачуцці мастака-партызана. У яго партызанскіх замалёўках, апавяданнях, нарысах разгортваецца глыбока жыццёвая, хоць і недастаткова ацэненая крытыкай праблема: абставіны партызанскай барацьбы, якая вядзецца часцей за ўсё малымі групамі, даюць байцам шмат асабістай свабоды, шырокую маяшівасць праявіць сябе, але і ўскладаюць вялікую асабістую адказнасць. Для таго каб дастойна карыстацца «вольнаю воляй», патрэбны маральныя ўстоі. Вядома, што маральная сіла чалавека праяўляецца там, дзе канчаюцца кантроль і прынука, знешняя дысцыпліна. Жыццё часта выпрабоўвала партызан такімі сітуацыямі. Яно прапанавала некалькі выйсцяў з цяжкай калізіі, заганяла і ў сітуацыі тупіковыя. Пры гэтым кожнае рашэнне магло быць апраўдана законам ваеннага часу, хоць рашэнні гэтыя мелі розную цану з пункту гледжання чалавечнасці і народнай маралі. Пра гэта ідзе размова ў апавяданнях «Мой зямляк», «Казачок», «Адзін дзень». Якбы ні вырашалі складаную канфліктную сітуацыю героі, пісьменнік настойвае на адным: кояшы нясе маральную адказнасць за зробленае ўсімі, і толькі недалёкія людзі могуць думаць, быццам вайна нешта «спіша». Для нас гэтая вайна справядлівая, народная, і яна не спісвае нічога, яна спаганяе і спагоніць усё і з усіх.
Камандаванне міжрайцэнтра папрасіла карэспандэнта «Правды» А. Л. Зямцова, які наведваў наша злучэнне перад адлётам у Маскву, каб ён перадаў рукапіс аповесці «Жывое і гніль» Максіму Танку. Прыехаўшы летам 1944 г. на славуты партызанскі парад у Мінск, Брыль даведаўся, што яго аповесць прачыталі акрамя Максіма Танка Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў і Максім Лужанін. I хоць ідэя твора здалася тады несвоечасовай і аповесць не пабачыла друку, талент Янкі Брыля быў заўважаны і належна ацэнены ў літаратурным асяроддзі. Неўзабаве аўтара запрасілі працаваць у рэспубліканскай газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». Ён стаў прафесійным літаратарам.
Савецкае грамадства будуецца на навуковай аснове, і мастак, які хоча праўдзіва адлюстроўваць яго жыццё, павінен авалодаць грамадскімі навукамі. Янка Брыль настойліва вывучаў у пасляваенныя гады марксісцкую тэорыю, займаўся ў вячэрнім універсітэце марксізма-ленінізма, штудзіраваў працы класікаў, покуль не адчуў сябе не толькі практычна і маральна, а таксама і светапоглядна злітым з новым светам. Цяпер ён савецкі чалавек не толькі па праву змагання і працы, цяпер ён узброены ведамі і вопытам баец ідэйнага фронту, здольны свядома ствараць духоўныя скарбы сацыялістычнай культуры і мастацтва.
У артыкулах, рэцэнзіях, у публіцыстычных выступленнях Янка Брыль праводзіць погляд на літаратуру як на мастацтва, у якім жыццёвая праўда і эстэтычнае хараство складаюць адно цэлае, ён выступае супраць павярхоўнасці, фальшывасці, супраць скідак на актуальнасць тэм, значнасць матэрыялу ці добрыя намеры аўтара. Аснову мастацкасці Янка Брыль бачыць у праўдзівасці твора і змястоўнасці ацэнак чалавечых паводзін, характараў і абставін. Псіхалагічна матываваць учынкі герояў, знаходзіць пераканаўчую моўную характарыстыку кожнаму персанажу – вось атрыманыя ад класікаў запаветы. Крытыкуючы рамесніцтва, літаратурны шырпатрэб, малады пісьменнік звяртаецца да вопыту Гогаля, Талстога і Чэхава, у якіх кожны твор непаўторны, бо сапраўды мастацкі.
Мастацтва не прызнае сярэдзіны, тут – крайнасці: або творчасць, або рамяство.
Нібыта жадаючы выпрабаваць мажлівасці свайго ўласнага таленту, які ўжо атрымаў прызнанне ў жанры навелы, нарыса і іншых малых празаічных форм, Янка Брыль бярэцца за раман. На выбар тэмы, мажліва, паўплывала тое, што антыфашысцкая аповесць «Жывое і гніль» не была надрукавана, партызанскія ўражанні ён разладаваў у дакументальнай аповесці «Нёманскія казакі», а раннія апавяданні, напісаныя на матэрыяле жыцця заходнебеларускай вёскі, літаратурная крытыка назвала ягоным «амплуа». Мастаку, натуральна, карцела ўзняцца над апавяданнямі і тады яшчэ не апублікаванымі аповесцямі «Сірочы хлеб», «У сям'і», сінтэзаваць накопленыя там здабыткі і вынесці на суд чытача сацыяльна-псіхалагічны раман пра жыццё, пакуты і змаганне працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць. Пісьменнік не пакладаўся ў такой важнай справе толькі на аўтабіяграфічную дасведчанасць, ён старанна вывучаў матэрыялы ў архівах, знаёміўся з ветэранамі рэвалюцыйна-вызваленчага руху, адным словам, працаваў грунтоўна. Аднак жа спроба стварыць шырокае эпічнае палатно не ўдалася пісьменніку. Першая частка яшчэ і цяпер не закончанага рамана «Граніца» нагадвае ліра-эпічную хроніку, у якой шмат яркіх, па-майстэрску напісаных кар-цін і матываў, але яны недастаткова моцна счэплены ў сюжэтны ланцуг. Першая часопісная публікацыя адной кнігі рамана была фактычна мастацкімі нарыхтоўкамі кампанентаў твора. Мажліва, Янка Брыль закончыў бы свой першы раман, дабіўся б дастатковай структурнай зладжанасці, калі б не аддаўся злобе дня. Значэнне работы над раманам «Граніца», як мне здаецца, заключаецца ў тым, што пісьмен-нік усё ж здолеў паглыбіць сваё ўяўленне пра сувязі чалавека з гісторыяй, якія складваюцца ў атмасферы рэвалюцыйнай барацьбы. У зборы твораў 1968 года ён змясціў «Граніцу» з пад загалоўкам «раздзелы з рамана», але выбраў і скампанаваў матэрыял так, што твор набыў большую структурную цэласнасць, чым у першай часопіснай публікацыі: ён наблізіўся па жанру да аповесці і добра дапасаваўся да дзвюх папярэдніх аповесцей – «Сірочы хлеб» і «У сям'і», як свайго роду абагульненне і сацыяльнае ўзвышэнне жыццёвага патоку.
Паралельна з працаю над раманам, адрываючыся ад яго, Янка Брыль выязджаў як журналіст у вёску, пісаў нарысы, артыкулы на актуальныя тэмы. Адзін з такіх нарысаў перарос у аповесць «У Забалоцці днее», якая вывела імя аўтара за межы Беларусі. Калі трактаваць аповесць гэтую як твор пра калектывізацыю ў заходніх абласцях рэспублікі, дык можна прыкмеціць пэўную зададзенасць тэмы і аблегчанасць канфлікту. Тут, як і ў цыкле апавяданняў «Дзеля сапраўднай радасці», пануе пераважна вясёлая дабрата. Але весялосць не абавязкова бывае бесклапотнай. У атмасферы чорствасці, якую спараджаў бюракратычны стыль адносін і дагматычны стыль мыслення, гумар становіцца своеасаблівым сродкам самаабароны героя і спосабам захаваць самастойнасць, уласную думку, свой стыль работы, жыцця.
Васіль Сурмак – чалавек цэльны і самастойны. Ствараючы калгас і становячыся яго стар-шынёю, ён не траціць сціпласці і прастаты, таварыскасці – той свойскасці, якая здольна прыцягваць да яго людзей. Ён добра адчувае сябе сярод калгаснікаў і не баіцца страціць аўтарытэт, ідучы з касою па лузе ці з сякераю на будаўніцтве. Васіль хоча застацца важаком, а не чыноўнікам. Здаровы народны сэнс дазваляе яму добра арыентавацца ў людзях, пачуццё гумару не дае зблытаць безадказных балбатуноў ці крыкуноў з ворагамі, а бяздушных дагматыкаў з пфынцыповымі і дысцыплінаванымі савецкімі і партыйнымі работнікамі. Пісьменнік спрабаваў стварыць менавіта ідэальную мадэль калгаснага жыцця, каб дапамагчы працы блізкіх сабе людзей. Ён дапамагаў уявіць ідэал калгаса ў разгар масавай калектывізацыі, калі наглядныя ўзоры былі практычна патрэбны. Канешне, Брыль дае перш за ўсё гуманістычную мадэль калгаса, у якім кожны чалавек зможа праявіць ініцыятыву і атрымае прызнанне калектыву. Аповесць Брыля – гэта твор пра ўзаемнае апазнанне асобы і новага калектыву. Мастак мадэлюе новы тып адносін паміж кіраўніком і радавымі калгаснікамі, твор пра калгас-сябрыну, якая ў першыя пасляваенныя гады, відаць, была на грані фантазіі, але як ідэал станавілася дакорам старшыням і брыгадзірам адсталых калгасаў, пра якія з болем, горкай усмешкай скажа пісьменнік у аповесці «На Быстранцы». Нават акадэмічнае літаратуразнаўства схільна бачыць толькі адрознае ў названых творах, а мне яны ўяўляюцца блізкімі, сугучнымі па гуманістычнай ідэі. Розніца ў спосабах рэалізацыі гэтай ідэі.
Не скажу, што названыя аповесці раўнацэнныя ў мастацкіх адносінах. Але без адной – не было б другой. А калі і была б, то не такая пяшчотна-горкая.
Аповесць «У Забалоцці днее» не выпадкова вырастала з нарыса, аўтар не па газетах і не па ўласнай фантазіі маляваў гэты важны паварот у жыцці заходнебеларускай вёскі. Янка Брыль ведаў гэтыя справы блізка, асабіста і зацікаўлена. Старшынёю калгаса ў тую пару быў абраны яго брат Мікалай, другі брат – Міша. працуючы ў райвыканкоме, прымаў непасрэдны ўдзел у арганізацыі калгасаў у Мірскім раёне. Былы партызанскі камісар і блізкі друг пісьменніка Павел Арсеньевіч Жалезняковіч як старшыня райвыканкома, а пазней сакратар райкома партыі некалькі раз усур'ёз прапанаваў Янку Брылю самому ўзначаліць адзін з калгасаў, верачы, што журналісцкі і пісьменніцкі вопыт дапаможа яму знайсці ключ да сэрцаў калгаснікаў і згуртаваць іх. А тады ў калгасным будаўніцтве гэта было самае важнае.
Некаторыя крытыкі дакаралі пісьменніка за аслабленне канфлікту ў аповесці пра калектывізацыю, але ніхто не здагадваўся, што гэта было вынікам журналісцкай дакладнасці адлюстравання. Янка Брыль не выдумаў такога канфлікту, ён яго выбраў з жыцця, і не для таго, каб аблягчыць сабе жыццё – людзям. На той паслаблены канфлікт, які ён намаляваў, папрацавалі два пакаленні рэвалюцыянераў перад вайной, а ў вайну – партызаны. Так што папракаць пісьменніка можна хіба за тое, што замала пераўтвараў жыццёвы працэс, пераносіў рэпартажнае адлюстраванне ў мастацкі твор і незнарок падвышаў абагульняючыя мажлівасці дакладных, але не зусім паказальных фактаў, узятых у сваім раёне, а раён быў перадавы, «не тыповы».
У пяцідзесятыя гады назіраюцца станоўчыя зрухі ў творчых адносінах Янкі Брыля да рэчаіснасці. Яны абумоўліваліся перш-наперш развіццём самой рэчаіснасці ў кірунку дэмакратызацыі і гуманізацыі чалавечых адносін. Пазіцыя мастака ў гэты час стала непрымірымай да маральнай знячуленасці, а гуманізм яго больш патрабавальным.
Пра блізкасць Янкі Брыля да народнага асяроддзя сведчыць той факт, што яму бадай што першаму з ліку беларускіх празаікаў удалося выявіць паварот у развіцці міжчалавечых адносін у нашым грамадстве, абвешчаны XX з'ездам КПСС. У гэтым наватарскі дух аповесці «На Быстранцы», якая нарадзілася з унутранай патрэбы мастака падказаць грамадству, што гуманістычныя прынцыпы, якія яно дэкларуе, не скрозь і не ўсюды пацвярджаюцца справамі. Моладзь, інтэлігенцыя, што так шчыра любіць свой край, глыбока пранікаецца святлом нашых ідэй, раптам бянтэжыцца, адчувае нейкую разгубленасць пры сутыкненні з праўдай фактаў, якую нясуць простыя людзі – калгаснікі. А гэта ж інтэлігенты з народа, людзі адукаваныя, сумленныя, ды і бывалыя – у мінулым партызаны, дык чаму ж ім так няёмка, чаму цяжка гаварыць з землякамі? Як перамагчы гэтае чужанне? Пісьменнік не даў гатовага адказу, ды і нельга патрабаваць ад яго вырашэння праблемы, якая знаходзіцца ў кампетэнцыі ўсяго грамадства. Мастак апеліруе да грамадскай думкі: пара вызваляцца ад пасіўнасці, знячуленасці і самапахвальбы, трэба глянуць праўдзе ў вочы. пранікаць у глыбіню жыцця, да яго чалавечых крыніц. Там крытэрыі. Шчыры сігнал пісьменніка выдаўся ў 1954 годзе заўчасным. Але ён быў актуальны. Мастак ішоў ад непасрэднага жыццёвага вопыту, кіраваўся творчым прынцыпам праўдзівасці, таму перамог і стаў прадвеснікам аднаўлення натуралыгых функцый літаратуры як сродку пазнання жыцця, яго гуманістычных каштоўнасцей. Янка Брыль умацаваў права пісьменніка быць не ілюстратарам гатовых ісцін, а даследчыкам сучаснасці і разведчыкам будучыні.
Напісаныя ўслед за «Быстранкай» апавяданні «Прывал», «Субардынацыя» ўзмацнілі крытычныя ацэнкі перажыткаў і заган, якія даймалі простага чалавека, атручвалі яму жыццё. Сатырычна-памфлетная манера не надта ўласціва таленту Янкі Брыля, аднак ён лічыў у тую пару сваім грамадзянскім абавязкам ачышчаць атмасферу ад бюракратычнай чэрствасці, тупой самазадаволенасці. Гэтыя перажыткі перашкаджалі партыі аднаўляць ленінскія нормы паводзін. Характэрна, што адначасова з сатырычнымі апавяданнямі Янка Брыль пісаў творы гераічнага плану – гэта апавяданні «Маці», «Memento mori», мастацкія нарысы «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша», у якіх ён узрушана і ўзнёсла расказвае пра гераізм чалавека з народа. Сціплы, непрыкметны чалавек неяк натуральна і хораша становіцца героем, калі толькі трапляе ў гераічныя абставіны.
У гэтую пару пісьменнік прывучае сябе да большай маштабнасці бачання, да шырыні ахопу падзей. Перадваеннае жыццё, ваенныя і пасляваенныя гады – усё звязвае творчая фантазія ў адну плынь, мастак вядзе героя да поўнага раскрыцця яго лёсу. У аповесцях «Апошняя сустрэча», «Галя» і шэрагу апавяданняў выкарыстана катэгорыя гістарычнага часу для мастацкага пазнання і ацэнкі чалавечых характараў. Паказ чалавека, уключанага ў плынь гісторыі, назіранне за яго самаразвіццём на працягу дзесяткаў гадоў павышае мажлівасці мастацкага сінтэзу, робіць болып важкай ацэнку. Час фармуе героя, герой па-свойму ўвасабляе плынь часу. Зразумела, што чалавеку не магчыма быць гатовым, закончаным ідэалам; добра, калі ён заўжды хоча ім быць, калі ідзе да вяршынь ідэалу праз перашкоды, захапленні і расчараванні, узлёты і зрывы, калі ўмее стаць героем у вырашальныя моманты жыцця або калі знаходзіць сілу прызнаць і выправіць дапушчаную памылку. Чалавек не можа быць іншым, бо ён жывы і ён жыве. Рух вобразаў-характараў у ранніх творах пісьменніка часта перадаваўся апісальна, цяпер ён робіць гэта заглыблена, у плане псіхалагічнага сінтэзу, як і належыць дасведчанаму чалавеку і мастаку.