355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Калеснік » Зорны спеў » Текст книги (страница 14)
Зорны спеў
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 06:00

Текст книги "Зорны спеў"


Автор книги: Уладзімір Калеснік



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 24 страниц)

Не толькі творы для дарослых, але і апавяданні для дзяцей – «Зорка на спраяогы», «Сняжок і Волечка», «Жыў-быў вожык», «Ветэрынар» – закранаюць падзеі, далёкія па часе, але сугучныя па гуманістычным каларыце. Жыццё паўстае ў іх як з'ява мнагапланавая, а чалавек – як істота, якая заслугоўвае і прызнання, і патрабавальнай спагады, і зразумення. Янка Брыль імкнецца не пераступіць той мяжы, за якою спачуванне можа стаць патураннем; ён мужна асуджае заганы, якіх дараваць нельга (апавяданне «Глядзіце на траву»). У імя ідэалаў чалавечага братэрства, на якіх стаіць свет сацыялізма, трэба быць справядлівымі ўсім і кожнаму. Героі Брыля праходзяць складаныя жыццёвыя кругі, гэтыя людзі памыляюцца і вяртаюцца да саміх сябе. Праўда, памылкі могуць стаць і сцяною і пропасцю, якая аддзяляе людзей, адлучае іх ад шчасця, бо шчасце мажліва толькі пры поўным зліцці чалавека з ідэалам нашага часу. Імкненне да ідэалу, да ўдасканалення пісьменнік з асаблівай любасцю выяўляе ва ўчынках яшчэ зусім маленькіх дзяцей. Яго цешыць, што гарадскі хлопчык Юрка затужыў недзе на чарнаморскім курорце па свойскіх жывёлах, па роднай прыродзе, якую нібы ілюстраваную кнігу гартаў, а цяпер яму так захацелася яе прачытаць. Другі хлопчык, герой апавядання «Зорка на спражцы», перажывае наіўны парыў грамадзянскай салідарнасці, ён ідзе «на падмогу» партызану. Нараджэнне вышэйшых чалавечых пачуццяў, маральных і патрыятычных ідэалаў часта з'яўляецца крыніцай глыбокай радасці, паэтычнага захаплення, якім свецяцца апавяданні Брыля для дзецей і пра савецкіх дзяцей.

Пошукі важкіх праблем, асваенне новых жанраў і прыёмаў пісьма, якія вёў пісьменнік у 50-я гады, абудзілі ў яго рашучасць зноў прыступіць да рамана. Трывога і адказнасць за праўдў веку прывялі мастака да няздзейсненага, ён крытычна агледзеў свае набыткі, і сумленне зноў спынілася на адкладзенай колісь тэме фашызму.

Апублікаваны раней цыкл апавяданняў «Ты мой лепшы друг» – толькі штрыхі таго, што ведаў і меўся сказаць пісьменнік пра зараджэнне і небяспеку карычневай чумы. Апавяданні гэтыя не зусім дэмантавалі аповесць «Жывое і гніль», адкуль іх павысмыкваў аўтар. Аповесць легла ў аснову рамана «Птушкі і гнёзды».

Паездкі ў 50—60-я гады за мяжу, блізкае знаёмства з жыццём Польскай Народнай Рэспублікі, дзе грамадская думка была асабліва чулай да сімптомаў адраджэння фашызму ў Заходняй Еўропе,– усё гэта дапамагло Янку Брылю глыбей адчуць актуальнасць таго жыццёвага матэрыялу, які захоўваўся ў дамашнім архіве і ў памяці. Тут, мабыць, дарэчы сказаць пра асабістае жаданне Янкі Брыля абнародаваць нарэшце біяграфію свайго пакалення, вынесці на грамадскі суд жыццё сумленных савецкіх людзей, чые складаныя дарогі да Радзімы нярэдка бянтэжылі суайчыннікаў, непакоілі адказных работнікаў, выклікалі перастраховачныя меры, крыўдныя і абразлівыя для чалавечай годнасці. Праўдаю мастацкага слова пісьменнік імкнуўся ўмацаваць маральна-палітычную згуртаванасць нашага народа, які ўзбагаціўся новым асэнсаваннем сваёй гісторыі на знамянальных партыйных з'ездах. Часта лічаць, нібыта права на аўтабіяграфічныя творы дае толькі шаноўны ўзрост і ўласцівая гэтаму ўзросту прыўзнятасць над дробнымі амбіцыямі, будзённаю таўкатнёй і над паказною ўяўнай сціпласцю. У гэтым жа выпадку пісьменнік атрымліваў паўнамоцтвы свайго пакалення і заказ ад самой сучаснасці.

У лірычным прадспеве да свайго рамана – «біяграфіі адной душы», аўтар сціпла агаварыў сваю ролю: «Кніга напісана не па праву заслуг і пакут. Толькі па праву любасці да Чалавека – які ён ёсць, які ён будзе або павінен быць»62.


* * *

У назве рамана Янкі Брыля – старадаўні вобраз-сімвал. Чатыры з паловай стагоддзі таму назад, выдатны гуманіст Францыск Скарына ўвёў гэты вобраз у прадмову да першай беларускай кнігі: «Птицы, летающие по воздуху, ведають гнезда своя...– тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Скарына зведаў гэтыя пачуцці пералётных птушак, калі ездзіў па навуку ў Польшчу і Італію, калі друкаваў у чэшскай Празе сваю «Библию руску», а потым вёз яе на радзіму, рызыкуючы трапіць на зубы фанатычным пратэстантам ці на касцёр каталіцкай інквізіцыі. Быццам рэха паўтарыла цераз стагоддзі гэтую адвечную ісціну пра птушкі і гнёзды ў рамане Янкі Брыля: «Птушка і тая з чужых краін дамоў ляціць, а гэта ж чалавек!» (321) У чалавека сувязь з радзімай мацнейшая, чым птушыны інстынкт. Гэта па сабе ведае земляроб з-пад Любчы Змітрук Саладуха, адзін з тых трох мільёнаў беларусаў, якія нават не спазналі на сабе сапраўднага клопату радзімы. Улады буржуазнай Польшчы адзелі Змітрука ў салдацкі мундзір, далі ў рукі вінтоўку і паслалі на вайну; так па злой чужой волі ён стаў палонным фашысцкай Германіі, выгнаннікам, бяспраўным нявольнікам, дармовым парабкам баўэраў і бюргераў. «Каб таму, браце, рукі адсохлі, хто гэты свет зрабіў такім дурным,– скардзіцца і абураецца іншы палонны Уладзік Бутрым.– I людскія і нелюдзі – на ліха яны мне, немцы? За якія грахі я павінен ім тут адрабляць?» (78) З Бутрымам дружыць галоўны герой рамана Алесь Руневіч. Думкі і пачуцці палонных ахоплены спачатку адным жаданнем – дадому, да родных гнёздаў, да новага жыцця. У верасні 1939 года гісторыя вярнула іх сем'ям радзіму. Вольная радзіма, Савецкая Беларусь парывае іх сэрцы. Палонныя дачакацца не могуць той шчаслівай мінуты, калі Радзіма назаве і іх сынамі, дапаможа вярнуцца дамоў, яны ўцякаюць з лагераў, цягнуцца, як птушкі па зорах, да родных гнёздаў, іх тропяць жандарскія аўчаркі, іх шлюць у штрафныя роты, а яны ізноў спрабуюць дапяць свайго! Руневіч з Бутрымам таксама рвануліся. Тры тыдні брылі яны праз палі, лугі і пералескі, узяўшы напрамак па зорах на ўсход. I таксама папаліся. Сябры гатовы паўтарыць усё ад пачатку, яны яшчэ не разумеюць, што такія стыхійныя ўцёкі – благое выйсце з іх цяжкой жыццёвай сітуацыі. Неўзабаве, аднак, фашысты размеркавалі палонных па нацыянальнай прыналежнасці і адправілі на вольнае пасяленне. Уцёкі, здавалася б, сталі лягчэйшымі, але на самай справе – немажлівымі: уцякач з вольнага пасялення, калі б яго злавілі, трапіў бы не ў штрафную роту таго ж лагера для палонных, а ў лагер смерці як палітычны вораг трэцяга рэйха. Падаўшы дакументы ў савецкае паспрэдства, заставалася адно – чакаць рашэння.

Да іх ужо падбіраюцца няпрошаныя апекуны. Буржуазныя нацыяналісты, што схаваліся ад гневу свайго народа пад крысо «вялікай Нямеччыны», называюць сябе землякамі, закідваюць вуды ў натоўп змардаваных няволяю людзей. Палонныя шукаюць выйсця. Ініцыятыўная група вырашае звярнуцца за парадай і дапамогай у Савецкае пасольства. Дэлегатам едзе Алесь Руневіч. У пасольстве раяць прасіць Савецкі ўрад прысвоіць ім савецкае грамадзянства, тады яны законным шляхам вернуцца дамоў. Усё тут проста, але нялёгка. Рознымі хітрыкамі пароблены фотаздымкі, употай запоўнены анкеты, напісаны заявы, засталіся яшчэ толькі нейкія дробныя фармальнасці. Палонныя сняць радзіму, жывуць прадчуваннем свабоды, рыхтуюцца стаць дастойнымі яе сынамі. Але Германія вераломна напала на СССР. Спачатку была надзея на хуткую перамогу Чырвонай Арміі, потым сэрцы апякаў боль нашага адступлення. Ізноў ажыў, падказаны адвечнай цягай птушак да гнёздаў, план уцёкаў. На гэты раз вырашылі ўцякаць арганізавана, прадумана – раствараючыся невялікімі групамі ў масе цывілыіых пасажыраў, якія, хоць была вайна, ездзілі з Германіі ў акупаваную Польшчу, а тым больш у Прусію.

Алесь Руневіч і яго сябры вярталіся на радзіму антыфашыстамі. Яны пазналі ворага, смяротна ненавідзелі яго, прагнулі расплаты з ім. Уцёкі ўдаліся, у эпілогу мы бачым галоўнага героя партызанам.

Эпілог рамана, як мне здаецца, спакусіў крытыкаў некалькі спрошчана трактаваць вобраз Руневіча: ён, маўляў, не стаў змагаром у Германіі, але ж вяртаецца на радзіму, каб тут разам са сваім народам змагацца супраць фашыстаў. Усё гэта як быццам слушна, бяда толькі ў тым, што такая канцэпцыя вобраза ўзнікла дзеля апраўдання героя, узнікла як антыпод іншай аднабаковай і тэндэнцыйнай канцэпцыі. Практычны чалавек часта разумее слова «барацьба» як знешнюю праяву фізічнай сілы, волі, адвагі. Для гераічных былінных часоў гэта слушна. Толькі Алесь Руневіч жыў доўга ў супярэчлівай негераічнай рэчаіснасці. Змаганне ў супярэчлівым грамадскім асяроддзі складаная рэч. Прыгадаем хоць бы крылатае выслоўе Маркса пра рэвалюцыю, якая спачатку адбылася ў галовах філосафаў, а потым на барыкадах.

Герой рамана Янкі Брыля змагаецца не толькі дома ў партызанах, ён змагаецца нават да пачатку дзеі рамана, адно змаганне ідзе часта на нябачным фронце свядомасці – гэта змаганне за сваю душу і душы сяброў, таварышаў. Духоўнае поле барацьбы мае не менш небяспекі і гераізму, чым партызанскі лес, дзе герой сеў на баявога каня. Скразною тэмай рамана якраз і з'яўляецца барацьба на гэтым унутраным фронце змагання, таму і называе мастак сваю кнігу «біяграфіяй душы».

Стаць антыфашыстам! Можа, камусьці гэта здаецца лёгкаю, стыхійнаю справай росту, якая і не варта пісьменніцкай увагі. Усе мы, маўляў, антыфашысты ад нараджэння... Аднак жа ўрокі гісторыі вучаць і іншаму. Даваенныя анкетныя дадзеныя ў шэрагу фашысцкіх паслугачоў былі як быццам нармальныя. Іх надзенне выглядае анкетным казусам. Раман Янкі Брыля, мне здаецца, і сцвярджае, як свайго роду подзвіг Руневіча, выпрацоўку ім антыфашысцкага светапогляду і дэманстрацыю антыфашысцкіх пазіцый, выхаванне словам і прыкладам сяброў, палонных. Здзейсніць усё гэта Руневічу дапамагала маральная падрыхтоўка, якую ён прайшоў у працоўнай сялянскай сям'і і ў роздумах над творамі Льва Талстога і класічнай літаратуры. Многае з таго юначага кодэксу давялося перагледзець. «Такіх не проймеш духоўнай вышэйшасцю,– з горыччу асэнсоўвае Алесь адну сваю сутычку з нацыстам.– Пры іх побач з імі ён быў бы жалю варты – твой юначы пацыфізм!..» (315) Ідзе ў Алеся працэс актывізацыі натуры, часцей і часцей выходзіць герой на арэну практычнага змагання.

Бой на пабярэжжы Балтыкі, двойчы паўтораныя ўцёкі з палону, бунт у нямецкім маёнтку, пагроза расстрэлу, штрафная каманда, турма і, нарэшце, партызанскі лагер – падзей хапіла б на прыгодніцкі раман. Аднак аўтар даў чытачу нешта іншае і нешта большае – прыгоды душы, мажліва, не менш значныя і каштоўныя ў грамадскіх адносінах.

Падзагаловак «Кніга адной маладосці» выражае асаблівасць задумы твора, у якім усё гуртуецца вакол лёсу аднаго героя. У нас у руках кніга-роздум пра шляхі маладых людзей, якім было не проста ўзняцца да пазіцыі антыфашыстаў. Роздум гэты ўзмацняецца адкрытым лірызмам, рамантычнаю марай і вострай усхваляванай публіцыстычнасцю, палемікай, сатырай. Мне здаецца, кнігу Янкі Брыля можна назваць інтэлектуальным раманам, па стылі гэта свайго роду раман-паэма, з уласцівай гэтаму паэтычнаму жанру актыўнасцю пазіцыі аўтара. Напружаны гуманістычны пафас твора скіраваны на ўзвышэнне чалавека і ачалавечанне свету.

Сутнасць мастацкага даследавання жыцця заключаецца ў здольнасці выбарачна-збіральнага бачання і ацэначнага адчування. У памяці пісьменніка, якая па самой сваёй прыродзе з'яўляецца «памяццю сэрца», адкладваюцца характэрныя і ў той жа час незвычайныя па сіле адчуванні і ўражанні. Урэзваючыся ў свядомасць, яны сутыкаюцца паміж сабою, выцясняюць адно другога, затым найбольш важкія сярод іх западаюць у глыбіню душы, томяць душу, покуль мастак не дасць ім выйсця ў словах, вобразах, творах. Нават самыя цяяшія, пякучыя ўражанні, становячыся вобразамі, аблягчаюць сэрца мастаку, даюць месца для новых перажыванняў. У Янкі Брыля-раманіста працэс даспявання і ўвасаблення задумы цягнуўся, як мы бачылі, доўга і праходзіў розныя этапы. Вышэй вызначаючы ідэю аповесці «Жывое і гніль», я адзначыў характэрны для яе маральна-этычны падыход і ацэнку фашызму, у рамане ж «Птушкі і гнёзды» ідэйны абсяг значна шырэй: фашызм і чалавек, фашызм і культура, фашызм і вайна, а таксама на новым узроўні старая праблема – фашызм і народ. Апошняя праблема засталася галоўнай.

Народ – гэта сіла, здольная перамагчы фашызм. Такі агульны вынік духоўных пошукаў мастака. Але, зразумела, справа не ў тэзісе, а ў пранікнёнасці і эстэтычнай пераканаўчасці вырашэння праблемы. Чаму народ і фашызм маюць несумяшчальнасць крыві, чаму фашызм лёгка распальвае грубыя інстынкты натоўпу, але не можа авалодаць душою народа? Адказваючы на гэтае і іншыя пытанні, мастак прымушае нас шмат перажыць і перадумаць, частыя трагічныя ўзрушэнні здымаюцца тут настроем узнёслай скрухі, малітоўным здзіўленнем перад багаццем жыцця і мажлівасцямі чалавека.

Мастацтва пазнае сутнасць жыцця пры дапамозе чалавека, чалавечага лёсу, характару. Чым багацей асоба, якая канцэнтруе ў сабе жыццёвую плынь, тым болып глыбокае і паўнакроўнае адлюстраванне рэчаіснасці ў мастацкім творы. Янка Брыль паставіў на пярэднім плане вобраз Алеся Руневіча, свайго аднагодка, маладога вясковага хлопца з чыстым вясёлым сэрцам і фантазіяй мастака. Паколькі асноўны герой па прыродзе мастак, дык і эстэтычнае даследаванне жыцця працякае ў творы як бы на двух узроўнях: спантаннасць пачуццяў шчырага, уважлівага, сумленнага юнака, прыхільніка маральна-філасофскіх ідэй Л. М. Талстога дапаўняецца канцэптуальнасцю мыслення, уласцівай ужо сталаму савецкаму пісьменніку, у якога – матэрыялістычнае светаразуменне, сучаснае ўяўленне пра эстэтычны ідэал, свой стыль і манера пісьма. Цікава адзначыць, што вобразы жыцця, якія ўзнікаюць у свядомасці Руневіча, носяць агульны характар, гэта вобразы-прынцыпы, даведзеныя ледзь не да ўмоўнасці сімвалаў, сам жа аўтар дапаўняе той юначы сінтэз аналізам на сённяшнім узроўні, ён як бы раскрывае, расшыфроўвае тыя сімвалічныя малюнкі, што ўзнікалі ва ўяўленні палоннага юнака ці прыходзілі да яго як успаміны-лятункі. У працэсе гэтай аўтарскай інтэрпрэтацыі зместу эмацыянальных сінтэтычных вобразаў паглыбляецца ідэйна-эстэтычнае ўспрыманне і ацэнка рэчаіснасці. Праўда, пісьменнік не ментар свайму герою, ён старэйшы друг, які ўмее захаваць некранутымі колішнія думкі і пачуцці Алеся, радуючыся сугучнасці іх са сваімі сённяшнімі.

У свядомасці Руневіча фашызм асацыіраваўся з разбушаваным натоўпам, тупым вахманам і хіжымі «казённымі вачыма».

Павадкі здзічэлага натоўпу Руневіч пабачыў у першы ж дзень палону, на турэмным двары, куды іх, жаўнераў польскага войска, загналі пераможцы. Цвяляцца эсэсаўцы, бушуюць малойчыкі з гітлерюгенда. Ударамі ботаў пад бакі яны паднімаюць змардаваных людзей, ставяць у шарэнгі і штурханцамі ды лаянкай заганяюць у турэмныя камеры. Асабліва агідным было для Алеся беспакаранае нахабства падлеткаў. Другі раз Алесь адчуў на сабе агідны юр натоўпу, калі ехаў у вагоне вузкакалейкі. Эсэсаўцы, якія занялі асобную частку вагона, пачалі гарлапаніць ваяўнічыя фашысцкія маршы. I гэтая оргія агрэсіўнасці была жахлівай, як масавае шаленства. Трэці выпадак – фольксфэст, «народнае гулянне». П'яная табала вайсковых і цывільных, старых і маладых мужчын буяніць, шалее, пагражае разваліць цэлы свет. Усе тры карціны напластоўваюцца адна на другую, Руневічу робіцца нязносна, ён пакутуе, ненавідзіць і пратэстуе кожнай клетачкай душы. Усё ўнутры ў яго пераварочваецца, яму сорамна і брыдка прысутнічаць пры выбухах цёмнай сілы ў натоўпе. Асабістыя ўспрыманні героя аўтар пашырае на ўвесь фашызм як сацыяльную з'яву, фашызм – гэта здзічэнне ўласніцкага грамадства, закон і розум заменены тут культам сілы і ўлады. Гэты культ мае свае рытуалы, якія асвячаюць манію ўладарніцтва, агрэсіі, разбою. Фюрэр у гэтых рытуалах замяняе бога.

Антыподам натоўпу з'яўляецца арганізаваная маса. У пачатку рамана мы бачым лагер ваеннапалонных салдат – шталаг, у ім кішыць разнамоўная табала людзей, калі можна так сказаць, чалавечы сырэц у стане нейкай касмічнай туманнасці. Алесь Руневіч глядзіць на гэтую стракатую мешаніну з унутранай дапытлівасцю: яна інтрыгуе хлопца нябачанай разнастайнасцю нацыянальных і расавых прыкмет, вабіць экзотыкай. Палоннаму нумар 133 нават прыемна загубіцца ў натоўпе і спакваля назіраць, слухаць, параўноўваць і думаць, «што ёсць жа на гэтым шалёным свеце куток, дзе любяць, нябось, і цябе» (27). Сноўдаючыся па шталагу, герой, як толькі ўмее, адганяе тугу і сумоту, чакае добрых вестак, перамен, нейкіх збавенных падзей. I недарма. У чалавечай стыхіі, дзесьці ў глыбінях, тлеюць грамадскія пачуцці, вось яны разгараюцца агеньчыкамі, і перад здзіўленым Руневічам адбываецца цуд нараджэння калектыву: самадзейны аркестр польскіх матросаў дае канцэрт у гонар палонных англічан, таксама матросаў, якія мужна абаранялі Нарвік. Руневіча расчуліла гэтая сцэна салдацкай салідарнасці, ушанаванне мужнасці. Залезшы на страху барака, ён слухае, як самадзейны аркестр іграе знаёмую мелодыю «Галубкі», і думае пра гераізм і герояў, пра нацыянальную годнасць, пра ганебны недахоп гэтай годнасці ў некаторых землякоў са шталага. Узнёслыя, радасныя настроі пераходзяць у смутак, боль і тугу па радзіме. Збліжаючыся з далёкімі, незнаёмымі людзьмі, ужываючыся ў іх настроі, палонны хоча глыбей зразумець самога сябе, усвядоміць сваю чалавечую вартасць, сцвердзіць сябе, сваю асобу, але яго намаганні нібы хада па лёдзе, юнак не знаходзіць счаплення з зямлёй, і гэта абвастрае духоўную драму.

Руневіч шукае выйсця, ён спрабуе аб'яднаць землякоў знаёмаю з маладых год ідэяй самаадукацыі. Гэты занятак супакойвае: землякі, якія раней былі проста натоўпам, цяпер набываюць нейкі воблік мэтанакіраванай грамады. Аднойчы згуртаванасць масы палонных беларусаў праявілася ў дзеянні. Яны выступілі з пратэстам супраць здзекаў скнарлівага адміністратара маёнтка пана Штундэра. Па збегу выпадкаў Алесь Руневіч быў аб'яўлены завадатарам «путчу». Збіты прыкладамі вахманаў, пастаўлены пад расстрэл, «памілаваны» адпраўкай у штрафную роту, юнак вытрымлівае гэтае выпрабаванне, ён удзячны калектыву, які маральна падтрымаў яго, і Алесь узвышаецца ў сваіх уласных вачах. Ён па-свойму шчаслівы, што ўзяў віну і пакуту на сябе і пастаяў за праўду.

Яшчэ больш моцны калектыў ваеннапалонных узнікае на шклозаводзе Баераў. Гэты калектыў ставіць больш высокую мэту: рыхтаваць палонных да вяртання ў СССР. Яны рашаюца вярнуцца пісьменнымі людзьмі і свядомымі грамадзянамі, каб не было ім сорамна перад новай сацыялістычнай радзімай. Руневіч і тут становіцца ініцыятарам вучобы, ён сам вучыць малапісьменных землякоў, хоць даводзіцца зносіць здзеклівыя прыдзіркі вахмана. Адчуўшы сябз настаўнікам, Алесь Руневіч смела змагаецца з нацыяналістычнымі агітатарамі, якіх засылае да іх, палонных-беларусаў, так званае «беларускае прадстаўніцтва» паляваць на «беларускія душы» яго вучняў. Руневіч перамагае і адчувае ўжо не слодыч пакуты за ўсіх, як тады ў маёнтку, а радасць пераможцы. Гэтую радасць раздзяляюць з ім і сябры няволі.

Такім чынам, Алесь Руневіч – гэта юнак са здаровымі і багатымі грамадскімі пачуццямі, калектывіст па схільнасцях і выхаванні. Асабістая абаяльнасць, адукаванасць і ініцыятыўнасць міжвольна выводзяць яго наперад у масе ваеннапалонных, ускладаюць абавязак быць правафланговым не толькі па росту.

Параўноўваючы функцыянальнае прызначэнне масавых сцэн, калі арганізавана дзейнічаюць палонныя, са зборышчамі натоўпу, дзе шалеюць фашысцкія фанатыкі, можна прадоўжыць агульныя разважанні: у калектыве асоба ўсведамляе сваю годнасць і грамадскую вартасць, а ў натоўпе яна разбэшчваецца і дзічэе. Каб заімпанаваць зборышчу на турэмным двары жорсткасцю, нейкі лейтэнант-эсэсавец зрывае акрываўленыя бінты з галавы палоннага паляка-касінера. У фінальнай сцэне фольксфэсту п'яны мардаты фельдфебель залез з нагамі на святочны стол і пад рогат натоўпу пачаў акрапляць прысутных і ежу, дэманструючы «культ натуры» ў дзеянні. Лейтэнант, фельдфебель, вахан – усё гэта ва ўспрыманні Алеся Руневіча абломкі звыраднелага антысвету – фашызму. Паказаўшы фашыстаў завадатарамі натоўпу, пісьменнік тонка выявіў сацыяльна-псіхалагічныя карэнні і сутнасць гэтага звыраднення.

Напружаная ўспрымальнасць Руневіча вылучае з акаляючай яго рэчаіснасці яшчэ трэці эстэтычна мінусавы вобраз-сімвал: «казённыя халодныя вочы». Вобраз гэты вузейшы, чым папярэднія, але таксама ёмісты, змястоўны. Сімвал гэты ўведзены ў канцы дзевятага раздзела, і яму даецца роля кампазіцыйнага вузла, пры дапамозе якога падводзяцца вынікі даследавання фашызму. Халодныя вочы і халодны стальны кінжал належаць канваіру, які суправаджае палонных чырвонаармей-цаў. Алесь Руневіч па аналогіі прыгадвае літаральна такія ж вочы Рудзі Драгайма, салдата-адпускніка, якога сантыментальная і набожная маці называла птушаняткам. Такія ж вочы былі і ў лётчыка, які ашукаў і зганьбіў наіўную шчабятуху Марыхен. «Якіх толькі зверстваў, чаго яны толькі не могуць бачыць спакойна, тыя прагныя і халодныя вочы?.. Кроў і слёзы людзей, і старых, і жанчын... На ўсё глядзяць яны з усмешачкай вышэйшасці...» (315) Гэта, напэўна, ацэнка не Руневічава, а Брылёва, сучасная ацэнка, выснаваная на падставе выкрытых сёння фашысцкіх зверстваў. А Руневіч тады, звяртаючыся ў думках да ўладальніка халодных і жорсткіх вачэй, да нацыста-звышчалавека, заяўляе: «Я цяпер ведаю, што цябе пройме. Толькі сапраўдная сіла – з зарадам святой чалавечай нянавісці!..»

Адказ на пытанне, адкуль жа бяруцца гэтыя людзі-аўтаматы з казённымі вачыма, людзі, якім варта толькі сысціся разам і яны тут жа ўтвараюць дзікі агрэсіўны натоўп, адказ мы знаходзім, знаёмячыся з побытам і норавамі нямецкіх мяшчан, бюргераў і баўэраў, каўбаснікаў і фабрыкантаў, наглядчыкаў і адміністратараў. Для вясковай і гарадской разнавіднасцей мяшчанства як сацыяльнага асяроддзя ўласціва агульная псіхалогія: яны – механічныя грамадзяне, вернападданыя, нявольнікі славутага «парадку». Псіхіку мешчаніна пісьменнік прасочвае ў зухаватым прыгажуне Хельмуце, што можа адзін раз паказырыцца салдацкаю «салідарнасцю» з палоннымі, за якімі наглядае, можа і падтрымаць іх пратэст супраць адміністратара маёнтка Штундэра, які абражаў годнасць былых салдат, трактуючы іх як жывёлу. Але гэтаму фанабэрыстаму зушку нічога не значыць перамяніцца, перакуліцца ў абаронцу інтарэсаў Штундэра і, пахваляючыся перад натоўпам вясковых разявяк сваёю бязмежнай уладай, разыграць расстрэл завадатара. Мяшчанствам навылет пратухлі вахманы, якія канваіруюць і вартуюць палонных. Гэта настолькі стандартныя людзі, што часам здаецца, быццам у рамане дзейнічае адзін вахман у розных сітуацыях і ў розных масках. Толькі вострая ўспрымальнасць Алеся робіць іх запамінальнымі. Сімвал веры гэтых людзей – парадак, яны слугі парадку, нявольнікі прускай дысцыпліны. Астаючыся сам-насам з палоннымі, канвойны можа часам выказаць і незадаволенасць вайною, ён хацеў бы, каб яна скончылася хоць заўтра, але пры адной умове: «Орднунг муст абэр зайн!.. Хто ж пакарае праклятую Англію?» (147)

Рахманая марудніца фрау Камрад на першы погляд дабрадушная, чуллівая, спагадлівая жанчына, яна і накорміць палонных і паспагадае пакутам, але, як толькі гаворка даходзіць і;а прычыны гэтых пакут, яна вінаваціць, канешне, палякаў, якія з упартасці, бачыце, не захацелі аддаць фюрэру «Данцыгскі калідор». Тое ж самае паўтарае і служанка Грубераў, гарэзлівая Марыхен, дадаючы яшчэ з поўным сур'ёзам, што нягодныя палякі выколвалі вочы нямецкім пасяленцам у тым «калідоры». На пытанне Алеся, адкуль яна ўсё гэта ведае. чуецца адказ: «I газеты пісалі, і па радыё гаварылі. Нам і ў школе пра гэта казалі» (182). Для прывучанага к «парадку» з дзяцінства, вымуштраванага механічнага чалавека любая хлусня стане абсалютнай ісцінай, абы яе сказалі афіцыйна, публічна. Думаць так, як трэба, так, як усе,– вось ідэал і стыль жыцця абывацеля. Гэта зручна, бяспечна і выгадна.

Фашызм, як заўважае Руневіч, не толькі імкнецца, але ўмее быць зручнаю формай свядомасці для мешчаніна. Праводзячы татальную стандартызацыю думак і паводзін, ён ураўноўвае індывідуальнасці, стварае ілюзію роўнасці, бяздумнага аднадумства. Няважна, што на справе гэта роўнасць робатаў, узаконеная бяздумнасць. Карткавая сістэма на думкі, на права выказвацца дзейнічае ў фашысцкай Германіі таксама спраўна, як і карткі на прадукты харчавання, толькі прычыны яе не ў нястачы духоўных прадуктаў, а ў забароне ствараць іх. Ва ўмовах, дзе ўкаранілася гэтая сістэма рэгулявання думак, дурнаваты робат Вольф можа лічыцца паэтам, яго рыфмаваная бязглуздзіца пра фюрэра – паэзія, таксама як і бяздумныя крыклівыя маршы «Гэгэн Франкрайх», «Гэгэн Энглянд», «Гэгэн Руслянд» – творы музычнага і паэтычнага мастацтва. Ураўноўваючы духоўныя запатрабаванні абывацеляў, фашызм забівае таленты і корміць масу эрзац-мастацтвам, эрзац-мараллю, эрзац-культурай.

Фашысты – самі выпладкі мяшчанства – добра ведаюць псіхіку абывацеля і танна купляюць яго. Сродкамі масавай інфармацыі, школьнымі падручнікамі і праграмамі, сцэнарыямі масавых зборышч, фольксфэстамі, звонам касцельным, пропаведзямі і малітвамі, а потым п'яным разгулам яны стваралі міраж далучэння натоўпу да ўлады. Абывацель – самалюбівая нікчэмнасць – павінен быў паверыць, што яму і фюрэру ў тую ж ноч таемныя сілы адкрылі карты перамог, што ён у асобе сваіх сыноў, зяцёў, унукаў – салдат фюрэра, здабываў перамогі ў Аўстрыі, Чэхаславакіі, Польшчы, Бельгіі, Галандыі, Францыі, Нарвегіі, Грэцыі, Афрыцы і, нарэшце, дабраўся да Расіі, што гэта ён, просты немец, абраны лёсам панаваць над светам. Псіхолагі заўважылі, што рэцыдывісты часта паўтараюць злачынствы ў сітуацыях, дзе няма ніякіх відаў на поспех. Аказваецца, у іх атрафіравана здольнасць уяўлення. Падуладныя нізкай страсці, заслепленыя ёю злачынцы, як мошкі на агонь, пруцца схапіць грубую, жывёльную насалоду ці выгаду, а далей хай будзе што будзе. Засляпіць, задурманіць, забіць здольнасць уяўлення – адна з мэт апрацоўкі свядомасці мас фашыстамі. I бяда ў тым, што перамогі вермахта на франтах, як злачынныя ўдачы, падмацоўвалі гэтую апрацоўку. Ва ўмовах тэрарыстычнага знявечання гістарычнай прадбачлівасці здаровая індывідуальная прадбачлівасць у людзей, якіх не паспелі ці не змаглі духоўна стэрылізаваць, вырастала да рангу палітычнай мудрасці – салдат Шмідтке, парабак Ракаў і многа тых безыменных немцаў, што так стаілі дыханне ў першы дзень вайны супраць СССР.

Як заўважыў Руневіч, у асобе мешчаніна вельмі лёгка ўжываюцца раб і дэспат. Дробныя мясцовыя фюрэры, ахоўнікі «чысціні расы», вартавыя парадку ў нейкім шалёным экстазе публічна задавальняюць цёмны інстынкт падпарадкавання і прагу ўладарнічання. Стрыжань фашысцкай дактрыны – гэта міф пра ўяўную перавагу немцаў над іншымі народамі. Ваеннапалонныя, змардаваныя паняверкай і голадам, якраз і павінны былі сваім выглядам і паводзінамі пацвярджаць тупому мешчаніну непаўнацэннасць людзей іншых нацый. Тых немцаў, у каго хапала розуму, каб не верыць у нацысцкія міфы,– прымушалі сілаю, «апрацоўвалі» духоўна і фізічна. Дзяўчыну, якая пасябравала з палонным, абстрыглі і вадзілі па вёсках на ганьбу ёй і на страх усім іншым, раённая газетка ганьбіла дабрадушную немку-салдатку толькі за тое, што яна падарыла палоннаму насоўку. Пагрозамі, страхам і хлуснёй фашысты дабіваліся свайго – адчужэння нямецкай нацыі ад цывілізаванага свету і ператварэння яе ў паслухмяную зброю імперыялістычнай палітыкі разбою. На сімпатыях абывацеля заважылі вайсковыя поспехі Гітлера ў Еўропе. Сіла і ўдачлівасць імпануюць вернападданым, а нястойкіх праціўнікаў прымушаюць змаўкаць.

Вельмі рэдкія выпадкі пратэсту супраць фашызму бачылі палонныя з боку немцаў. На шклозаводзе Алесь Руневіч нават сумеўся, калі ўбачыў, як малады рабочы тоўк дарагія хрустальныя вазы. Але гэта быў пратэст адчаю: бацьку гэтага рабочага расстралялі фашысты, а яго самога меліся прызваць у армію і паслаць на Усходні фронт. Бедалага Шмідтке, ужо мабілізаваны салдат фюрэра, перад адпраўкай на фронт прызнаўся палоннаму сам-насам, што не будзе ваяваць супраць Саветаў і пры першым зручным выпадку здасца ў палон. Парабак Ракаў шэптам расказаў Алесю антыгітлераўскі анекдот. Але ўсё гэта асобныя выпадкі. Ды хіба гэта – супраціўленне? Алесь разумее практычную мізэрнасць такіх праяў пратэсту і нязгоды. «Што ж,– гаворыць ён,– кожны з нас бачыў такога ці іншага Шмідтке. Аднак не яны вырашаюць» (301). Гэта сапраўды так. У часе, калі ў бюргераў і баўэраў кружыліся галовы ад перамог вермахта на еўрапейскім мацерыку і ў Афрыцы, пра сур'ёзнае супраціўленне нацызму ўнутры Германіі нельга было думаць. Вопыт гісторыі паказаў, што сваімі сіламі нямецкі народ не змог пазбавіцца ад дыктатуры нацыстаў аж да капітуляцыі Германіі. Толькі супольныя намаганні многіх краін і народаў, якія ўтварылі антыгітлераўскую кааліцыю, прынеслі вызваленне нямецкаму народу ад гітлерызму. Алесь Руневіч не быў дасведчаным палітыкам, але здароваю інтуіцыяй, прадбачлівасцю мастака ўлоўліваў заблытанасць грамадскіх працэсаў і пакрыўленасць асноўных маральных нормаў у фашысцкай Германіі. Ён сам, яго сябры заўважалі, што большасць сумленных немцаў не прымае «новага парадку» і ўпотай спадзяецца па сілу Чырвонай Арміі. Чакалі і яны, палонныя, нават не пасіўна. Алесь Руневіч і яго адзінадумцы шукалі спосабаў супраціўлення. Сваімі паводзінамі і нават выглядам яны імкнуліся падкрэсліць простым немцам, што не маюць у сабе комплексу ніжэйшасці, пра які трубілі нацысты. Яны давалі зразумець, што не мірацца з паніжэннем чалавечай і нацыянальнай годнасці. Формы іх супраціўлення часта былі наіўнымі, а маштабы сціплымі, але за гэта нельга вінаваціць людзей, якіх сама гісторыя паставіла ў канкрэтныя рамкі абмежаванасці – задоўга да палону і ў часе яго.

Са сказанага відаць, што добрыя пажаданні некаторых крытыкаў аўтару рамана – адлюстраваць арганізаваную барацьбу супраць фашызму ў Германіі 1939—1941 гадоў – не маюць падстаў. Гэта пярэчыць гістарычна-канкрэтнаму падыходу да рэчаіснасці, які абавязаны захоўваць пісьменнік і крытык, калі ён стаіць на грунце сацыялістычнага рэалізму.


* * *

У Алеся Руневіча – светлае разумнае сэрца мастака. Яно, як компас, падказвае, куды імкнуцца, як жыць. Ідучы за голасам сэрца, ён знаходзіць падтрымку і апору, калі не ў знешнім рвеце, дык у самім сабе, у сваёй дасціпнасці, назіральнасці, у асацыяцыях і, на благі канец, у сваёй памяці, ва ўспамінах аб вольным колішнім жыцці. Мы ўпершыню бачым Руневіча і знаёмімся з ім у штрафной роце, калі юнак ляжыць, прыпаўшы грудзьмі да зямлі па камандзе старшага унтэра Шранка. У вачах штрафнікоў зморанасць і схаваная нянавісць, «а вось смяшынкамі свецяць толькі адны вочы.

Усміхаецца правафланговы» (7). Нават грозны выклік яго прозвішча па лагернаму рэпрадуктару не гасіць у Руневіча гумару. Ён умее пасмяяцца над мізэрненькім выглядам канвойнага. «Ну і чмысік у фатэра,– сам сабе ўсміхаецца Алесь, супакоены не вельмі ўжо і прыкрым паваротам справы.– Як тая ціўка на вясельным караваі» (53). Нават у сцэне імітацыі расстрэлу Руневіч едка смяецца над ганарлівым пустальгой Хельмутам. «Мы мочымся серабром»,– успомніўся яму ў адказ на напышлівыя пагрозы трапны выраз Рэмарка (22). Іранічная ўсмешка не сходзіць з твару Алеся, калі ён сустракаецца з парадоксамі жыцця фашысцкай Германіі, звар'яцелай ад разбойных трыумфаў на пачатку другой сусветнай вайны. Ва ўменні абараняцца смехам ад уздзеяння масавых псіхозаў раскрываюцца духоўная сіла героя, устойлівасць яго маральных пачуццяў і перакананняў. Зразумела, у яго становішчы абараняцца не лёгка. Палонны падпарад-каваны сіле зброі, яму можна захоўваць пераважна незалежнасць погляду, унутраную нязгоду. Алесь помніць і пра гэта: інтуіцыя і самакантроль падказваюць яму водараздзел, за якім можа ісці паніжэнне, ганьба, падзенне.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю