Текст книги "Зорны спеў"
Автор книги: Уладзімір Калеснік
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 24 страниц)
Гаворка пераходзіць на палітыку. Яўген Іванавіч расказвае пра дзейнасць Палітычнага Каміэта ААН, у рабоце якога яму давялося прымаць удзел як дэлегату Беларусі. Мы з таварышам Курзавым распытваем пра жыццё і норавы амерыканцаў.
Заўважаю, што нават у захапленні палітыкай Максім Танк застаецца паэтам. Калі сакратар парткома, у вайну маёр бранятанкавых войск, падтрымліваючы «замежную» тэму, расказаў пра капітуляцыю квантунскай арміі і пра норавы японскіх вайскоўцаў, пра фанатызм афіцэраў-смяротнікаў, Максім Танк пачуў у яго словах сугучнасць: «Самурай – сам у рай...»
– Арыгінальная рыфма. Трэба запісаць! Можа, прыдасца.
Пазней, вярнуўшыся дамоў, я пачаў прыпамінаць сабе расказы паэта і параўноўваць іх з вершамі на тэму «заграніцы». Мяне ўразіла падабенства ацэнак. I раней я не сумняваўся ў шчырасці і праўдалюбстве музы паэта, цяпер атрымаў новае пацвярджэнне.
Заграніца ў паэзіі Танка тэма плённая і шматгранная. Недзе ў 50-я гады з'явіліся польскія матывы і па творах маладых паэтаў пайшла пошасць на слоўкі-вобразы з фальклору польскіх «гураляў», адкрытыя Танкам. Пазней ён пратоптваў сцежкі ў іншыя сацыялістычныя краіны і нарэшце трапіў у свет буржуазны, у «антысвет». Нават зборнік, першы зборнік пяцідзесятых гадоў, ён назваў «У дарозе».
З вандровак па свеце Максім Танк прывёз некалькі шэдэўраў, якія ўпрыгожылі нацыянальны фонд нашай лірыкі,– гэта «Ave Maria», «Гібралтар», «Венера Мілоская», «Чарнаморскія чайкі» – усіх няма сэнсу пералічваць, але варта парадавацца, што спіс гэты паспяхова расце: у шасцідзесятыя гады сюды ўключыліся: «Негрыцянка пяе», «Рэклама Брадвея», «У Парыжы», у найноўшай кнізе – «На радзіме Гамлета», «Фінская лазня» і іншыя.
У чым сакрэт мастацкай сілы гэтых твораў? У нагрэве спрэчкі? Так, напэўна! Не выпадкова Максім Танк выбраў сабе ганаровым, так сказаць, спадарожнікам па вуліцах і плошчах Парыжа Уладзіміра Маякоўскага. Спрачаецца Максім Танк з буржуазным антысветам горача, фантазія падказвае яму асацыяцыі і параўнанні нечаканыя, парадаксальныя:
Наша фірма,
Праслаўленая ва ўсім свеце,
Рамантуе электрапрыборы,
Нажы,
Спадарожнікі, бочкі,
Нат разбітыя сэрцы...
«Хто даверыцца нам,
Больш не будзе тужыць»... (III, 329)
Пародыя і гратэск, парадаксальнасць вобразаў тут выплывае з самой сутнасці ўласніцкага ладу жыцця. На беларускага чытача «замежныя» вершы Танка зрабілі моцнае ўражанне, акрамя ўсяго іншага, грунтоўным веданнем буржуазнай культуры, унутраных супярэчнасцей, якія ўласцівы масавай суперкультуры. Паэт умее вылучыць у гэтай культуры здаровае агульначалавечае, аддае належнае здабыткам матэрыяльнай культуры Захаду, але ў той жа час з горыччу бачыць паэт, як матэрыяльныя даброты, будучы прыватнай уласнасцю, губяць чалавечую годнасць гаспадароў, ператвараюць людзей у нявольнікаў уласнасці, пазбаўляюць здольнасці свабодна дыхаць, бескарысна марыць, радавацца жыццю. Смех і ганьбаванне шле паэт нявольнікам уласнасці, культу ўласнасці з яго рытуалам – усемагутнаю рэкламай. Пародыя і гратэск тут слушная мера смеху.
I тым не менш, калі прызнаць, што самабытнасць гэтых вершаў Танка толькі ў палемічнай вастрыні, грунтоўнасці спрэчак, дасціпнасці і г. д., дык нам давядзецца доўга параўноўваць іх з аналагічнымі творамі іншых савецкіх паэтаў. Здаецца мне, што стыль майстра, непаўторны почырк яго відзён у самабытнасці і глыбіні, з якою ўспрымае ён трагізм чалавечай асобы ў свеце адчужанасці, эгаізму, уласніцкага здзічэння... Сэрцам гуманіста, годнасцю савецкага чалавека Максім Танк выяўляе такія формы паніжэння і ўпадку чалавека, якіх той сам, прывучаны да здзічэлых нораваў, не заўважае, не адчувае.
Пяе негрыцянка.
Быццам ветрык гарэзлівы,
Цёплы, лагодны:
«Я хачу каб мяне
Ўсе хацелі сягоння...»
Чорны жаўранак Афрыкі,
Вуліц Гарлема,
I нашто табе ўсе —
Гэты зброд і багема?! (III, 323)
Мабыць, засвоенае аўтарам у маладыя гады пачуццё роднасці з простымі людзьмі падказвае яму такі чулы, даверлівы, трывожны і зацікаўлены тон размовы. Лірычны герой паэзіі Максіма Танка нясе ў сваім сэрцы побач з нянавісцю да ўласніцтва спагаду і боль за простага чалавека, ахвяры рафініраванага на сучасны лад і манер драпежніцтва. Ацэнкі сучаснай цывілізацыі ў Максіма Танка пранікаюць у нюансы з'яў і адносін, яны тонкія і сацыяльна акрэсленыя. Культура эксплуатаваць і прыгнятаць, сцвярджае паэт,– адна з функцый суперсучаснай буржуазнай культуры. Сучасная смерць, якую ўбачыла ўяўленне паэта на берагах Амазонкі, гэта не традыцыйны шкілет з касою за плячыма, а цалкам прыстонная асоба: яна выклікае давер, яе запрашаюць у госці:
У хатах племя Цікуна,
Калі падалі ёй люльку міру,
Яна зацягнулася раз-другі,
Потым, падсыпаўшы марыхуаны,
Атруту
Перадала па кругу.
I ўсё гэта таму,
Што за землю з магіламі індзейцаў
Даюць больш долараў (ХБС, 84).
Паэт не дае сябе звесці зіхоткім выслоўям, у якіх на ўсе лады скланяецца эпітэт «сучасны». Ён прыгадвае, як аднойчы прайшоў з Дантэ па пекле і той дзівіўся, сустрэўшы ў пекле новыя сучасныя кругі. Кругі тыя – таксама выпладак сучаснага прагрэсу, суперуласніцкай цывілізацыі...
А выйсце дзе? – слушна будзе пытацца чытач. Якую надзею дае паэт чалавецтву? Якую гарантыю?
Сам факт, што песні яго бачаць і чуюць, выкрываюць,– ужо надзея. Паэт не мірыцца з наяўнасцю зла і пагрозы, паэт не дае змірыцца чытачу. Надзея ва ўсеагульнай непрымірымасці са злом. Паэт-трыбун ідзе на бераг Іардана, у тыя мясціны, дзе, як гавораць біблейскія паданні, людзі нашай еўрапейскай цывілізацыі страцілі рай, дзе потым прарокі навучалі іх, як вярнуць гэтую страту, паэт ідзе, каб на гэтым адвечным месцы прароцтваў сказаць сваю бязбожную пропаведзь:
Раскрыўшы самую святую
Кнігу чалавецтва
На словах:
«Пралетарыі ўсіх краін,
Яднайцеся!»... (ХБС, 134)
Гарантыю на памыснае вандраванне чалавецтва на караблі «Зямля» да порта шчасця мастак бачыць у глыбіннай еднасці людзей. Тут дадамо яшчэ адзін штрых з верша «Фінская лазня», дзе амаль у сімвалічных абагульненнях паэт сцвярджае гуманістычную еднасць чалавецтва, якая праяўляецца ў сходнасці нораваў, натуральных чалавечых схільнасцей, адчуванняў. Паэтызацыя ідзе ў стылі «Калевалы»:
Прывалок ён для распалу
Корч, што пражыўся на скалах,
Дроў бярозавых удалых,
Палкіх, быццам маладзіцы.
Як пачаў агонь іх песціць
I смалу з бяросты гнесці,
Цалаваць іх, а нарэшце,
Кінуўся ў чырвоны тапец —
Жар такі пайшоў ад лазні,
Што і там, дзе чэрці гразлі,
Тлець пачаў з імхом дзяразнік,
Аж не ўлежаў яніс-заяц.
Уцякла лісіца – нету,
Сусі-воўк за ёю следам,
Потым з карху-медаедам
I вядзьмарка мойта-ака (ХБС, 144).
У гэтых ідэалізаваных на казачны лад абставінах вельмі натуральна праяўляецца еднасць чалавечай закваскі сяброў – беларуса і яго фінскага друга Арві. Здавалася б, што тут такога? Але без гэтай закваскі поспехаў у барацьбе за яднанне чалавецтва цяжка было б чакаць.
...Гравійка, па якой мы едзем, размалочана грузавікамі дашчэнту. Шафёр круціць за руль так спрытна, нібыта вучыўся маланкавасці рэагавання ў Чарлі Чапліна з фільма «Агні вялікага горада», дзе той іграў ролю амерыканскага рабочага, якога фабрычны канвеер ператварыў у жанглёра. Наша «Волга» грукоча збітымі амартызатарамі, але слухаецца руля і выкручваецца паміж лужынамі і калдобінамі ды прэ сабе даволі нават хутка і адносна плаўна. Пераскочылі сасоннік, поўны задубянелых маслякоў (ноччу быў замаразак), і выбраліся на шырокую, як вокам акінуць, раўніну. Асушанае тарфянішча. Наўзбоч прамое высокае грэблі, па якой пралягла дарога, серабрацца каналы, нібы казацкія пікі, пакіданыя ваякамі ў начных бойках з чарцямі, якія ў гэтых балотах мелі сваё царства.
На асушанай дрыгве – плантацыі цукровых буракоў. Поле ажно да гарызонта прыбрана. Пра ўрадлівасць зямлі сведчаць густа скучаныя бурты, прысыпаныя тонкім слоем глебы ад падмярзання і ад падсыхання, каб не страціў бурак ні ў вазе, ні ў цукровасці. За тыдзень-два грузавікі перавязуць дабро на станцыю, а там у Жабінку на завод.
– Вось гэта і ёсць наша «залатое дно», тарфянікі,– тлумачыць Сямён Васільевіч Курзаў.– Ураджай самі можаце ацаніць.
– Людзі ў вас працавітыя, народ залаты,– нібы дапаўняе субяседніка Максім Танк.
– О так, народ работу любіць. Угаворваць не даводзіцца. I сваю зямлю ўробяць як належыць і на Украіну дапруць у заробкі. Нават у Сібір ездзяць на лета, цяслярскай ды мулярскай справай зарабляюць там – уга. Праўленні калгасаў не пярэчаць – рабочых рук хапае. Хай чалавек працуе, дзе яму лепш.
– А не перасяляюцца туды?
– Не, можна сказаць, мала. Тутэйшы чалавек свае мясціны любіць.
Спыняемся ў сельсавеце. Дэпутат і сакратар парткома гутараць са старшынёю Савета наконт электрыфікацыі той вёсачкі. Рашэнне раённых інстанцый паступіла і будзе выконвацца. Старшыня, малады чалавек з дыпломам настаўніка. запэўнівае, што справу ўзяў пад свой нагляд і кантроль. Можна ехаць у Моталь.
8
Я ўпершыню тут. Вялізнае палескае сяло, амаль мястэчка, выгнулася паўз бераг возера. Вайну, відаць, перанесла нязгорш, бо побач стаяць старыя і новыя хаты. Вуліца выбрукавана, сялібы абсаджаны.
На канфлікт мясцовага значэння наткнуліся нечакана, там, дзе менш за ўсё чакалі яго,– у Мотальскай школе. Завуч, чалавек выбухны, з парога аглавушыў гасцей такімі звесткамі, што хоць ты затыкай вушы. Ён выкрыкваў «Старшыня калгаса самадурнічае, ненавідзіць інтэлігенцыю, дзе толькі можа, там стараецца зганьбаваць, прынізіць, абразіць. Публічна зневажае, абзывае дармаедамі, утрыманцамі, носьбітамі бандыцкай маралі... Загадаў святло абрэзаць у школе і на кватэрах настаўнікаў...»
Раз'ятраны завуч патрабуе неадкладнага ўмяшальніцтва дэпутата, абароны ад напасці. Яўген Іванавіч тактоўна пераадрасоўвае зварот сакратару парткома. Таварыш Курзаў, відаць, чакаў гэтага: усміхнуўшыся, дае знак згоды кіўком галавы, маўляў, справа не новая, разбяромся, уладкуем.
Па ўсім відаць, што нядаўна тут пранеслася навальніца і наш субяседнік бачыць увесь белы свет цераз прызму асабістай крыўды. Робіцца няёмка і неяк шкада гэтага паважанага педагога, які, астыўшы, будзе папракаць сябе за нястрыманасць. Прыходзіць дырэктар школы. Гадоў восем таму ён канчаў Брэсцкі педінстытут, праходзіў нават педпрактыку ў маёй групе. Антон Іванавіч Заяц як заўсёды ў форме: ветлівы, стрыманы, тактоўны. Гадоў пару таму назад ён дырэктарстваваў у Выганішчах, як кажуць, на канцы свету. I нічога, не скардзіўся: выбудаваў добрую школу і калектыў свой тогашні вывеў у людзі. Мы неяк з Янкам Брылём заязджалі да яго туды летам, ён паказаў нам Выганаўскае і Бабровіцкае азёры. Хораша рыбачылася і гаварылася ў таварыстве маладых тады настаўнікаў. Вечарам мы дапамагалі даяркам цягаць бідоны з малаком, а потым спявалі ў лодцы, любуючыся першымі зоркамі. Уражанні той паездкі леглі ў аснову апавядання Янкі Брыля «Шчодрая Ясельда».
Антон Іванавіч мала змяніўся, толькі ў валасах іскрыцца заўчасная сівізна, а твар такі ж маладжавы, асветлены добраю ўсмешкай. Просіць прабачэння ў гасцей, нібыта ён, а не завуч папсаваў настрой, супакойвае завуча, спрабуе перавесці гутарку на іншую тэму, але пытанне само па сабе занадта парадаксальнае, каб ад яго можна было ўхіліцца. Усё ж адключыў старшыня калгаса святло ад школы і ад настаўніцкіх кватэр. Аказваецца, электрыфікавалі Моталь па ініцыятыве калгаса на паявых асновах, а райана не ўнёс яшчэ свайго паю. Не хапіла бюджэту, каб разлічыцца з калгасам у гэтым годзе. А калгасны старшыня і не думае адтэрміноўваць уплату крэдыту.
Ідзём у праўленне калгаса. Старшыня свеціцца ад радасці, распасцірае рукі, паказвае на крэслы, усаджвае... Знарок хіліць размову на высокія тэмы, бліжэй да хмурынак паэзіі. Але мы ўпамянулі канфлікт, і наш зычлівы гаспадар бразнуў шчытом гаспадарніка, надзеў баявы шалом і апусціў забрала. Сапраўды, тэмбр голасу яго змяніўся, стаў аднатонна скрыпучым і гугнявым, нібы гукі прабіваліся з піскам праз шчыліны забрала. «Строіць нешта без разліку няможна, таварышы,– пачаў ён ні то тлумачыць, ні то адчытваць усіх нас за такое няведанне, якое роўна нявыхаванасці.– Камунізма без грошай я не прызнаю. Гэта проста балбатня. Настаўнікаў на ўтрыманне калгаса я не вазьму. Ніхто не прымусіць мяне марнатравіць калгасныя грошы. Грошы працаю даюцца. Электрыфікацыю правялі не на мае грошы, а на калгасныя. Склічам агульны сход калгаснікаў, і прасіце, хай адваліць чатыры тысячы настаўнікам... Тады я згаджуся даць святло...»
Колькі б нам давялося прыняць гэтых цвёрдых, нягнуткіх, як жалезныя пруты, фраз – не скажу, каб не тактоўны Антон Іванавіч. Ён звяртаецца да старшыні і ветліва растлумачвае: «Ніхто не просіць у калгаса грошай. Просьба адкласці на два месяцы аплату крэдыту. З бюджэту новага года райана заплаціць. У першых днях студзеня. На гэты бюджэтны год выдаткі на электрыфікацыю Мотальскай школы не планаваліся».
– А як жа вы, дырэктар, дажылі да такой жызні? Пра што раней думалі? Без разліку і без грошай святло захацелі мець? Вось я вас і навучу гаспадарчай дзейнасці... Грошы ў банк – будзе святло. А накуль што пасядзіце ў поцемках ды падумайце...
Але за школу і дырэктара заступаецца Максім Танк.
– Вось вы,– звяртаецца ён па імені і бацьку да старшыні,– адключылі святло ў школе, а школа возьме ды выключыць святло навукі – уявіце, якая цемра пойдзе па Палессі!..
Агульны смех падтрымлівае паэта. Непрабіўным астаецца толькі старшыня. Ён павяртае забрала да дырэктара школы і працягвае натацыю. Але наш смех прыкметна аслабіў яго ваяўнічы імпэт:
– Хай ідзе цемра. Яго, а не мяне будуць лаяць за стан адукацыі. I па заслугах. Электрычнасці без грошай захацеў...
Сакратар парткома спакойна, але настойліва прапануе калгаснаму старшыні разумна ўладкаваць канфлікт, не даводзіць спрэчкі да абсурду. Антон Іванавіч зноў запэўнівае, што цераз два месяцы грошы будуць заплачаны калгасу.
– Цераз два месяцы, кажаш,– пасміхаецца старшыня.– Давай у залог свайго ўласнага «Масквіча»! – Гэта ўжо мілы жарт у вуснах жалезнага гаспадарніка.
– Ладна,– чырванеючы за старшыню, згаджаецца дырэктар. А той хоць бы вокам міргнуў. У душы задаволены, што даў дырэктару школы ўрок па практычнай палітэканоміі.
– Заложым жонак і дзяцей! Здаецца, так у «смутное время» заклікалі ніжагародцаў Мінін і Пажарскі,– кідае знішчальную рэпліку Максім Танк. Іранічна пасмейваючыся, ён пераводзіць канфлікт у гратэскавы план: – У вас, таварышы, канфлікт, як мне бачыцца, не менш сур'ёзны, чым у нас з кітайскім кіраўніцтвам! Нават на арбітраж старшыня не згаджаецца!..
Усе смяяліся, а мацней за ўсіх рагоча інжынер-электрык. Цягне як быццам на ўхмылку і старшыню, ён чмыша носам і падымае сваё забрала.
Упершыню бачу Максіма Танка ў ролі дыпламата. Добра. А як для гэтага выпадку, дык аж занадта.
Ідзём абедаць у сталоўку. Старшыня калгаса прапануе пакаштаваць каўбасы мясцовага вырабу. «На яе даём адборную бычыну. Каўбаса славіцца ва ўсёй ваколіцы»,– захвальвае гаспадар.
Сапраўды, добры харч, нічога не скажаш. За накрытым сталом старшыня ўжо не вяртаецца да ролі ўпартага гаспадарніка, але фанабэрыстасці, якою моцныя гаспадарнікі любяць цвяліцца над «чыстымі» інтэлігентамі, ён усё ж не пазбыўся.
– Ну, Антон Іванавіч,– ушанаваў ён дырэктара ветлівым зваротам,– разам, значыць, пачнём будаваць: ты – школу, а я – клуб. У нас гэта ўсё ж такі лепш пойдзе... Інтэлігенцыя... I «Масквіч» твой ужо ўстарэў... Мае буракаводы за прэміяльныя шэсць аўтамашын навейшай маркі купляюць. Абганяюць калгаснікі інтэлігенцыю!
9
Вяртаючыся ў Драгічын, абменьваемся думкамі пра бачанае, чутае, зробленае за дзень.
– Ну вось,– уголас разважае Максім Танк,– калі б стаць на пазіцыю мотальскага завуча, дык да суда і міліцыі трэба апеліраваць... А тут і ўладкавалася спрэчка. Як часам засляпляе чалавека крыўда, гнеў.. А старшыня ў сваёй сферы нішто сабе... Круты, бясспрэчна...
– Ёсць такі грэх,– падхоплівае гаворку сакратар парткома.– Перагібае. Чуласці ў рабоце з людзьмі няма. Даводзіцца ў раён выклікаць, папраўляць... На «ўколах» трымаецца, як мы гаворым. А гаспадарнік уедлівы. Калгас з адсталых выцягнуў. Хоць на сённяшні дзень адной гаспадарнасці для кіраўніка і замала...
Максім Танк не пярэчыць. Яго, вядома, таксама не ачаравалі паводзіны калгаснага кіраўніка, але статус госця наказвае быць паблажлівым да непаладак у хаце гаспадара. Ён, мажліва, знарок перабіраў меру паблажлівасці, ільготных скідак у ацэнках, каб выклікаць сакратара парткома на прынцыповую строгасць, і зараз задаволены, што не памыліўся, што партыйная ўлада ў раёне на вышыні.
Карыстаючыся прывілеяй мудрасці, якой валодае час, я сёння не магу стрымацца, каб не расказаць пра канчатковую развязку таго жорсткага старшынёвага гаспадарання, пры якім каса як быццам і напаўнялася грашыма, але старшыня непрыкметна для сябе вычэрпваў той крэдыт даверу, які далі яму калгаснікі пры выбранні. Развязку бясконцага канфліктавання я пачуў ад настаўніцы Мотальскай школы, якая прыехала ў педінстытут на сесію як студэнтка-завочніца. Старшыню знялі. Звольнілі ад абавязкаў па ініцыятыве мотальскіх жанчын, якія дамагліся склікання нечарговага агульнага сходу. Старшыня ў гаспадарчым засляпленні забараніў пасвіць калгасніцкія каровы на калгасным выгане. Ведаць ён не хацеў, што ад гэтых кароў, акрамя ўсяго іншага, паступала многа малака ў дзяржаўную малачарню, не хацеў ведаць, што калгасніцкія каровы ўрэшце таксама калгасныя.
Смяяліся настаўнікі: мелі наглядны матэрыял для вывучэння раздзела з «Узнятай цаліны» Шолахава пра «бабскі бунт».
...Сутоніцца. Асенні дзень кароткі. На палях наўкол кіпіць работа. Людзі спяшаюцца выкапаць буракі. З абеду на падмогу дарослым прыбеглі дзеці-школьнікі. Цярэбяць бацвінне кухоннымі нажамі. Праца цяжкая. Механізаваць уборку старшыня не сабраўся, відаць, разлічвае на лішкі рабочых рук у калгасе. А калгаснікі ў сваю чаргу зарабіць лішні працадзень ахвочы. Больш тэхнікі – менш работы, а тут, у Моталі, работы давай ды давай. Праблему попыту на працу, зразумела, сіламі калгаса не вырашыць, не па сіле яна і раёну...
У вобласці намечана будаўніцтва некалькіх буйных заводаў, але пройдзе яшчэ пару год да таго свята.
– Так, так, а я думаў, што эканоміка тут слабейшая,– прызнаецца дэпутат.– Ажно глядзі – ураджай і заробкі! Прытым на нядаўна яшчэ непралазных балотах. Папрацавалі людзі, след знаць. Глядзіш на гэтыя адваяваныя ў багны палі, і вока радуецца... А галоўнае, што народ бяды не знае – хлеб ёсць, да хлеба... А праблем нявырашаных, канешне, процьма. Рады, што прыехаў. Бо на бясконцых пасяджэннях, нарадах засохнуць можна...
– Прыедзьце летам,– запрашае таварыш Курзаў,– калі прырода ў росквіце.
– Прыеду. Хочацца пешкі пахадзіць па гэтых палях, па вёсках, нагамі адчуць гэтыя тарфянікі. Абавязкова выберу час і прыеду.
У інтанацыі чуецца не толькі гатоўнасць прыняць гасціннае запрашэнне. Чуваць вострая патрэба быць у гушчы жыцця, працы і побыту земляробаў.
Недзе трымціць тое лермантаўскае дзівацкае замілаванне глядзець «с отрадой, многим незнакомой» на поўнае дабра гумно, на абжытую сялянскую хату, на сумленны дабрабыт і здаровую радасць яшцця, што на дабрабыце гэтым выраcтае.
Існуе ў душы мастака арганічная патрэба прыблізіцца да зямлі і зямнога клопату. Гэтую позву таленту і сумлення Танк вельмі проста і хораша выказаў у першых радках верша «Хоць раз у год»:
Трэба
Хоць раз у год
Прайсці басанож баразною за плугам,
Каб аднавіць
Сваю даўнюю сувязь з раднёй —
Зямлёй, камянямі, травой (ХБС, 123).
Ці стрымаў жа слова Максім Танк наконт яшчэ адной паездкі ў глыбінку Палесся – можа, сёння пацікавіцца чытач гэтых нататкаў. Можна сказаць, стрымаў, хоць і не літаральна. У красавіку 1970 года ён прайшоў у думках шляхам легенды ў Давыд-Гарадок. Легенду пачуў і ўвёў у літаратуру польскі паэт XIX стагоддзя Уладзіслаў Сыракомля. Максім Танк прадоўжыў яе, расказаў, як тутэйшая дзяўчына-паланянка прывяла ў свой родны Давыд-Гарадок рымскага паэта Авідзія, каб скрасіць горкі лёс выгнанніку.
Як жа адчуваў сябе рымлянін сярод простага і небагатага люду ў Краіне Светавіда? – ставіць пытанне Максім Танк і кажа Авідзію: «Ты не памыліўся», затым разважае:
Хоць быў тут далей
Ад радзімы сваёй,
Але быў далей і ад дружбы няшчырай,
Даносаў, хлусні,
Імператарскай ласкі,
Што едзе на клячы рабой.
А побач
Апошняя песня была
I цішыня,
За якой пачынаецца
Вечнасць (ХБС, 194).
Палессе ў вершы выступае як край натуральных, ясных і простых чалавечых адносін. Гэтая прастата супрацьстаіць цывілізаванаму пеклу імператарскага Рыма, і яна, на думку Танка, можа задаволіць генія, наталіць душу.
Калі параўнаць гэтую карціну Палесся з той ранняю, дзе «малоў гром над полем хмары», дык мы адчуем не толькі шырокі дыяпазон эстэтычных ацэнак у Танка, але заўважым і прынцыповую важнасць для паэта ацэначнай суб'ектыўнасці. Сапраўдны паэт, ствараючы новы твор, стварае нанова самога сябе. У яго столькі народзін, колькі выдатных твораў. Праўда, стыхія ацэначнай суб'ектыўнасці ў мастака не якісьці хаос. У прывідлівай зменлівасці светабачання і паэтычнай светабудовы прыкметна свая тыпалогія, свой падзел стыхій і сфер. Так і ў Максіма Танка.
У давераснёўскай творчасці ён малюе барацьбу двух антаганістычных светаў – свету ўціску і змагання. Але змаганне гэтае часта пераносіцца ў трэці свет – свет мары, казкі, дзе характары і падзеі ўзрастаюць да гераічных маштабаў, ачышчаюцца ад пылу штодзённасці. I ўзнік гэты цудоўны свет не з прыхамаці аўтара. Неабходнасць у такім свеце выцякае з эстэтычнай канцэпцыі жыцця і чалавека. Па словах паэта:
Дрэвы паміраюць,
Калі перастаюць паказваць
Змены года
I не адгукаюцца рэхам...
Чалавек – калі страчвае здольнасць
Здзіўляцца і захапляцца
Жыццём (ХБС, 223).
Сюды, у казачны свет, перамяшчаюцца глабальныя канфлікты і антаганізмы.
...Восенню змярканне млявае, маруднае. Ноч нібы вагаецца, ці сысці на зябкую зямлю, ці застацца там, у зорным прасторы, сярод звонкай цішыні. У пералеску, да якога прывяла нас усё тая ж калдобістая дарога, між соснаў крадзецца паўзмрок. Сямён Васільевіч у парыве гасціннасці прапануе:
– Можа, пройдземся па ўскрайку, ад поля, ды шарака пабудзім? На змярканні зайцы да палёў цягнуцца. Пальнём?
(У мяне ў машыне заўсёды ляжыць стрэльба).
Яўген Іванавіч завагаўся:
– Прайсціся... хіба так, для цікавасці. Паляванне ж на зайцоў пачынаецца толькі з заўтрашняга дня. А ведаеце, заяц пайшоў цяпер адукаваны, радыё па рэпрадуктарах, што на фермах скрозь грымяць, слухае і на вус матае. Вось збяруць сёння ноччу зайцы свой сход ды пашлюць дэлегатаў у Саюз паляўнічых – маўляў, тут, у Драгічынскіх лясах, начальства на сем гадзін з паловай раней тэрміну нашага брата страшыць пачало. Як тады мы апраўдаемся? Вось пытанне...
Жмурачыся ад усмешкі, ён глядзіць на Сямёна Васільевіча. Потым прымірэнча прапануе:
– Давайце, можа, лепш стрэльбу паспытаем на нежывой мішэні. Згода?
Павесілі на сасну кавалак паперы, адмералі дыстанцыю. Страляем па парадку – гаспадар, старэйшы госць і малодшы госць. Значыць, я завяршаю. Старанна падлічваюцца прабоіны ў мішэні: пасля першага стрэлу – чатыры, пасля другога – яшчэ тры. Я хітрую: даў ім па патроне з нулёўкаю, а сабе бяру двойку. Шаснаццаць дзюрачак пасля майго стрэлу.
– О, глядзіце! Як добра страляе,– шчыра дзівіцца Максім Танк.
А я, адкрыўшы ім сакрэт, усміхаюся: мой эксперымент выявіў, што Яўген Іванавіч бярэ паляўнічую справу паэтычна, а не практычна. У вершах ён куды лепшы паляўнічы, малюе паляванне як праяву чалавечага жыцця і трактуе як нейкі асаблівы тып адносін да прыроды.
Паляванне ў Максіма Танка – цэлая краіна. Яна размясцілася недзе на паграніччы паміж явай і казкай. Тут свабодна дзейнічаюць выпадковасці, іх прывідлівая мітусня пацясняе цвярозы жыццёвы разлік. Тут здзяйсняецца мара аб вяртанні чалавека ў глыбіні прыроды, у лона натуры. Праўда, у гэтым царстве прыроды добра адчуваюць сябе не ўсе людзі, а толькі тыя, каго лёс надарыў бескарысліваю фантазіяй, здольнасцю здзіўляцца і захапляцца жыццём. Паэт забараняе ў сваёй цудоўнай маляўнічай краіне стрэлы, страх і крыўды.
У вершы «На паляванні з вабікам» ён абарваў нітку паляўнічай гульні на тым месцы, дзе раз ятраны цецярук рынуўся з дрэва на зямлю, каб пакараць няўдаліцу-саперніка, які пасмеў пераймаць яго зорны спеў. Што было далей з гэтым гордым маэстра, паэт не сказаў, пакінуў на волю і ласку чытача.
Верш «Зімовая прырода» як бы спецыяльна напісаны на сённяшні выпадак, хоць адрасаваны дзецям. Падзея адбываецца ў першы дзень паляўнічага сезона. Лірычная, гарэзлівая і дзесьці сур'ёзная казка-быль. Паляўнічая забава, убачаная вачыма зайца, і атрымлівае назву паляўнічага няшчасця. Бедны шарак, напалоханы пагрозай, узяўся пісаць завяшчанне:
Як загіну – перадайце
Хвосцік мой маленькім зайцам,
Каб слядоў не пакідалі,
Снежным пылам замяталі.
Вушы – жоначцы, каб чула
Ўсе трывогі, шумы-гулы.
Ёй – і лапкі, каб было чым
Удаве уцерці вочы.
Хаўтурную інтанацыю зайцавага маналога аздабляюць іскрынкі ўсмешак, мажлівых толькі ў гэтым напаўказачным свеце. Усмешкі патрабуе несамавітасць трэцяга пажадання:
Ну, а шкурку – на каўнерык
Лесніковай ўнучцы Веры,
Што ўсіх шаракоў любіла
I гароднінай карміла...
Гэтая страфа падводзіць наша ўспрыманне да эмацыянальнага павароту. Пасля трывог і чулага развітання з белым светам – нечакана аптымістычная развязка. Развязка напалову казачная – не проста для разрадкі пачуццяў, а і для развянчання «практычнасці» зайца і падганятай гэтаю практычнасцю баязлівасці:
Глянуў заяц і здзівіўся —
Раптам віхрам снег узвіўся,
Снег – ратунак ад напасці,
Паляўнічага няшчасця.
Аж вачам сваім не верыць,
Пад ялінкай скача шэры.
А снег болей, болей, болей
Засыпае ў чыстым полі.
Гончых брэх, ражкоў ігранне,
Зайца след і завяшчанне (III, 386).
Ёсць нешта палемічнае ў карцінах казачнай рэчаіснасці, прыроднай нерушы, створанай паэтам. Каб гэтую палемічнасць адчуць, трэба параўноўваць казачнае царства прыроды не з рэальным светам, а з пэўнымі вытворамі чалавечага свету, вытворамі сацыяльнымі (пра іх мы гаварылі, прыгадваючы вершы пра заграніцу) і тэхнічнымі. Менавіта транзістарна-тэлекамерная мадэль свету, створаная ў наш тэхнічны век,– вось антыпод казачнага свету прыроды. Падлічыўшы баланс масавага шчасця, электронны робат прапануе замяніць натуральнае асяроддзе больш зручным – штучным. Але чалавек покуль што прыходзіць на свет натуральным шляхам і належыць натуры, адсюль яго недапасаванасць да рацыянальных абставін – драма жыцця.
Некалі пад сінтэтычнаю елкай
Дзед-мароз ці мы самі
Будзем...
Слухаць, як шуміць галасамі
Загубленых дрэў
Магнітафонная лента (ХБС, 163).
Покуль што гэта толькі прадчуванне, якое можа стаць, а можа не стаць явай. Але ўсе знакі на зямлі, на небе кажуць паэту, што стане явай. Вось вам і новы этап – прывыканне чалавека да штучных пейзажаў:
Усё часцей спыняюся я
Ля слупоў рэкламных,
Якія ўжо здаюцца мне
Сучаснымі бярозамі
З рознакаляроваю лістотаю афіш (ХБС, 125).
А затым ужо і юрыдычны канфлікт. Судовая справа паэту. Робаты абвінавачваюць яго за напісаные не прадбачанага імі верша. Ад штрафу паэта ратуе тое, што ён змог яшчэ даказаць, што
Быў яшчэ зачаты не штучна
I народжаны
Са стыхійнымі здольнасцямі і недахопамі...
Парадоксы мыслення робатаў павяртаюцца да чалавека пагрозай, гучаць злавесна. Фантазія робатаў адрозніваецца ад паэтычнай адною драбніцай – яна дужа дакладная, матэматызаваная, не дапускае гуманістычных «недарэчнасцей». I вось з-за сваёй «дасканаласці» гэтая фантазія стварае свет жахліва антыказачны. На фоне эмацыянальнай акамянеласці краіны робатаў асабліва паэтычным выглядае царства чалавечай казачнасці.
Вечарэе. У тумане
Граюць сполахі зары.
Каля самай глухамані —
Чарада бяроз старых.
А на іх сядзяць і ловяць
Дзюбамі цецерукі
Перад ночкаю зімовай
Сонечныя аганькі.
Зловяць, пад крыло схаваюць,
Каб цяплейшым быў начлег,
I з вяршынь бяроз ныраюць
У сыпучы, пульхны снег.
I хоць след цецеруковы .
Замятуць уміг вятры,
Аж да дня ў падснежных сховах
Цепліцца святло зары (III, 424).
Цецерукі тут – і сапраўдныя птушкі, і, нейкім чынам, зачараваныя духі, дзеці сонца, якія зберагаюць пад крыламі «сонечныя аганькі», не даюць астыць зімоваму халоднаму свету. Без гэтай паэтычнай выдумкі не было б верша. Адкіньце выдумку, і застанецца апісанне, пра якое нічога не скажаш, акрамя хіба таго, што яно нецікавае. Паэтычная фантазія ўдыхнула ў апісанне ідэю, увяла ў твор чалавека, здольнага здзіўляцца з праяў жыцця, напаўняць іх таямнічасцю – рэхам сваёй душы. «Добрая душа» ў таго, хто мог нешта падобнае «збаяць»,– скажа чытач, і гэта будзе яго ўласнае пазнаванне, пазнаванне чалавека ў фантастычнай карціне прыроды.
Як жа назваць нам гэтую добрую чалавечую душу? Назавём казачным імем Цярэшка і прыгадаем, што гэта яго выклікаў на суд робат-пракурор за напісанне непрадбачанага, а значыць, не пажаданага верша. Праблема робата і Цярэшкі, напэўна, адна з актуальнейшых сёння праблем. А па сутнасці яна такая даўняя, як анімізм і стыхійна-матэрыялістычнае дакладнае пазнанне.
Паэтычная фантазія – антыпод кібернетычнага прагназавання. Яна ўступае навуковаму прадбачанню ў дакладнасці, затое абганяе яго ацэначнай змястоўнасцю. Мастацкі вобраз у адрозненне ад чыстага і халоднага паняцця нясе двайны змест: ён выяўляе нейкую з'яву і асвятляе душу таго, хто тую з'яву ўспрымае, ацэньвае. Гуманістычная ацэначнасць пазнання – прывілея мастацтва. Ацэнкі рэчаіснасці даіоцца ў мастацтве з пункту гледжання чалавечай дасканаласці, мастак устанаўлівае градацыі гуманістычных каштоўнасцей – гэта спецыфічна мастацкія веды. Рэчаіснасць – паняцце бязмежнае, у яе ўваходзіць і той свет, які матэматычна аналізуюць, прагназуюць, канструіруюць Робаты, свет лагічнай дасканаласці. Максім Танк якраз і бярэ аб'ектам эстэтычнага пазнання і ацэнкі гэты свет кібернетычнай логікі. I што ж аказваецца? У лагічнай краіне Робатаў ёсць свае канфлікты і трагедыі, толькі трагедый гэтых няма каму перажываць. Робат не ўмее перажываць, а з Цярэшкам у яго адносіны толькі юрыдычныя, так што і навучыць або выручыць Робата няма каму. Робат пазваў Цярэшку на суд, а Цярэшка ў сваю чаргу пазваў Робата да маральнай адказнасці за «бацьказабойства». Робат забіў інжынера, які стварыў яго, забіў, жадаючы выказаць удзячнасць стваральніку. У Робата не аказалася сардэчнай прадбачлівасці. Жадаючы прынесці радасць, ён прынёс смерць. Пачуцці Робата сляпыя, не прасветленыя духам. Адухоўленасць пачуццяў – вось дзе перавага чалавека над Робатам. Царства Робата – царства халоднага разліку, царства жалезнай логікі. Жывая чалавечая істота гіне, трапіўшы ў гэтае царства, пазбаўленае сардэчнай бескарыслівасці. Дарэчы заўважыць, што клімат у краіне Робатаў падобны на клімат бюракратычнага разліку і ўліку.