355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Калеснік » Зорны спеў » Текст книги (страница 19)
Зорны спеў
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 06:00

Текст книги "Зорны спеў"


Автор книги: Уладзімір Калеснік



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 24 страниц)

Толькі ноч...

I мохам заіневеў твар,

I яму каменную, яму ярма

Мераеш крокам, як вошчупам:

Раз-два, раз-два... (26)


З нацягнутымі, як струны, нервамі вядзе паэт героя ў апошні смяротны шлях:

Пружынься, крок мой, цвёрда!

Шумі,

паход,—

Хто ж, як не мы,

Галаву падыме горда,

Каб узысці на эшафот?! (30)


Зразумела, што пасля такіх эмацыянальных выбухаў вяртанне героя ў роднае сяло гучыць ледзь не ідыліяй, хоць і там, у роднай хаце,– драма. Герой часамі нібыта апраўдваецца за само жаданне вярнуцца да родных прастораў, да зманлівай утульнасці бацькоўскае хаты:

Я – падарожнік пастаянны,

З знакамі кайданнымі

На руках.

Прастор, прымі,

Загой мае раны,

Прытулі

Свайго бедняка (35).


Ён памятае суровы наказ роднай зямлі:

Нас недарма зямля паслала

У навальнічны авангард —

Цярплівасць нам дала і гарт

I наказала: «Быць

Інжынерамі барыкад» (28).


Герой не дазваляе сабе, змучанаму турмой, перавесці дух пад роднаю страхою. Адразу з турмы ён ідзе ў змаганне на волі, і калі на шляху барацьбы сустракае дзяўчыну, дык не дапускае думкі пра спалучэнне лёсу і шчасце:

Мы з табою ідзем да світання

Па разлогах пахучых палёў.

Я цябе абніму, уквячу красаваннем

Маладых палымнеючых сноў.

На ўтомленых веях тваіх

Матылёчкам світанне мігоча,—

Гоман ночы глухое заціх... (38)


Сапраўды, трэба было ачысціць душу турэмным аскетызмам, каб набыць такое чулае эстэтычнае ўспрыманне дзявочага хараства. Але ў канцы маналога нават гэтую платанічную асалоду красой змагар адхіляе як слабасць, ён гаворыць сяброўцы:

Пойдзем ў свет, патанулы у крыўдзе.

Пойдзем к дню мы, цвярозаму, жорсткаму

дню (39).


Толькі ў другой палавіне 30-х гадоў, відаць, пад уплывам ідэй народнага фронту лірычны герой Пестрака не то што мякчэе душою, але смялей адкрывае чалавечую чуласць душы У вершы «Пад Новы год», напісаным у гродзенскім астрозе ў 1937 годзе, паэт звяртаецца да маці:

Вітай мяне, матуля! У хаце цёпла, лёгка,

Пабелены і сцены, а на стале абрус,

I ты сядзіш, чакаеш, схіліўшыся на локаць,

Снуеш прывычную, гаротную журбу.

Умыюся з дарогі тым спосабам начоўным,

I ты сарочку зменіш мне.

Тады пагодлівы душою, цішы поўны,

Забудуся на момант аб свеце, аб ярме (84).


Але толькі на момант. Тут жа, адганяючы забыццё, сын кажа да маці агітацыйную прамову «пра наш забраны край заходні, пра бунты беднякоў... пра вольны край усходні». У зваротах да дзяўчыны паэт нібы збіваецца на аскетычнае супрацьпастаўленне пачуцця і абавязку, але на самай справе ён паэтызуе здольнасць спалучаць адно з другім, падпарадкоўваць каханне змаганню:

I не патрэбна нам белай акацыі —

Я з ружаў песень табе не пляту.

Мы ў шуме крывавых пацыфікацый

Бліснем іскрай пратэсту на смелым ляту (60).


Гэта з верша «На ветры», а ў вершы «Ты і я» – нібы прадаўжэнне ці новы варыянт той жа сітуацыі. Толькі прырода паспела абнавіцца, лета змяніла зімы, пачуцці ж засталіся гарачымі і высокімі, воля цвёрдай:

Бачыш пушчы аснежанай сховы,

Бачыш стрэхі, галодныя дні...

Ты і я, я і ты,– гартам слова

Распаляць будзем бунту агні.

Ты згаджаешся і расквітаеш,

Ціснеш руку і хочаш ісці,

Мае думкі, як песні, вітаеш,

Хочаш разам з сваімі сплясці (58).


Верш «Пад роднай страхой» зноў малюе сустрэчу закаханых рэвалюцыянераў, далучаючы да інтымнага эпасу падполля яшчэ адзін штрых:

Як там дзвярыма хто забразгаў —

На кожны стук,

На кожны рух

Ты ў вокны жвава паглядала.

Ты за мяне дазор вяла,

Мяне – паўстанца – сцерагла! (62)


Можна знайсці ў вершах Піліпа Пестрака і больш такіх жа трапных лірычных малюнкаў. Своеасаблівым аскетызмам і платанічнасцю кахання, падпарадкаванасцю пачуцця абавязку яны ўпісваюцца ў заходнебеларускую рэвалюцыйную паэзію арыгінальным, адметным штрыхом.

Шкада, праўда, што паэт не знаходзіў добрых аправаў для гэтых ювелірных самацветаў. Паэтычнае свячэнне ключавых вобразаў часта прыглушаюць доўгія дадаткі, рытарычна напышлівыя выклады праграмы барацьбы, агітацыйныя дэкларацыі. Так і ў апошнім з ліку цытаваных вершаў «паліўся спеў» закаханага паўстанца пра тое, «за што крывавімся цяпер, ланцужных дзён зрываем путы», і пра тое, як ён «люд працоўны горда вёў з задухі-цемры падняволля».

Толькі ў лепшых вершах Піліпу Пестраку ўдалося ўзняцца над рыторыкай. Гэта «Дарожка», «Нёман», «Сон аб аграноме». Тут уступіла ў свае правы паэзія з яе вобразнай іншасказальнасцю, метафарычнасцю і падтэкстам. Дарожка – гэта паэтычнае ўвасабленне прывідлівай долі Заходняй Беларусі. Нёман – сімвалічны вобраз магутнасці народа, на чыёй зямл;і цячэ гэтая паэтычная рака. Праўда, у апошнім: з ліку названых вершаў алегорыя народ – пушча выглядае надуманай, бо пушчы сніць пра агранома не ўласціва, яна абыходзіцца дружбай з леснікамі. Каб выблытацца з гэтай няўвязкі, аўтар падключыўся сам і на пару з пушчай стаў сніць вешчы сон пра агранома. Затое змест сну аказаўся паэтычны і пераканальны. Вось што сніць «вольны люд»:

Па рэках новых і па шынах,

Уздыхнуўшы вольнымі грудзьмі,

Сталёвым туркатам машыны

Па пушчы рэхам загрыміць!

I ўторыць будзе перабіўны

Крыніц радзімых спеў турбінны!..


А вось сам пясняр народнай волі:

Як будуць змыты ўсе сляды

Амшэлай, дзікай, горкай плесні

Краіны нашай, век забранай,—

Прыйду праменны я тады

З той падарожжы барацьбянай

На свята трактарнае песні (71).


Муза Піліпа Пестрака ваяўнічая, з прамяністым мячом помсты ў руках, з сэрцам, спрагнёным праўды і справядлівасці. Рамантык па тыпу творчасці, П. Пестрак імкнецца ўсвядоміць сябе як рэаліст, пясняр праўды. Такое спалучэнне было пашырана ў савецкай літаратуры і атрымала тэарэтычнае абгрунтаванне на I з'ездзе савецкіх пісьменнікаў у формуле сацыялістычнага рэалізму як мастацтва праўды, гістарычнай канкрэтнасці, якое ўключае ў сябе рэвалюцыйную рамантыку.

Заходнебеларуская прагрэсіўная літаратура і крытыка пасля разгрому Грамады выкінула слова «рамантызм» з ужытку, абвясціўшы галоўнаю задачай сувязь з жыццём, выяўленне сацыяльнай несправядлівасці і заклік да рэвалюцыйнага змагання. У дэкларацыі Літаратурнага фронту тэрміны «рамантызм» і «рэалізм» увогуле адсутнічаюць. Там гаворка ідзе пра класавы падзел мастацтва і мастацтва праўдзівае, звязанае з народам, супрацьпастаўляецца мастацтву фальшываму, адарванаму ад жыцця. Усё гэта – паказчык спрошчанага погляду на мастацтва, які ішоў ад сацыялагізатарскіх догмаў БелАПа і выліваўся ў атаясамліванні літаратуры з грамадскаю свядомасцю наогул: «Гісторыя літаратурна-творчага руху на Заходняй Беларусі з'яўляецца гісторыяй сацыяльнае і нацыянальна-вызваленчае барацьбы»95.

Праўда, тэарэтычнае спрашчэнне праблемы мастацтва ў дэкларацыі Літаратурнага фронту не перашкодзіла яго ўдзельнікам выпрацоўваць свае індывідуальныя стылі пісьма.

У паэзію Піліпа Пестрака ўсё больш пранікаюць рамантычныя ўмоўнасці, несамавітая асацыятыўнасць. Калі б чытач не ведаў біяграфіі аўтара, дык мог бы папракнуць за буйныя жэсты і трагедыйныя позы. Але якую жэстыкуляцыю можна вытыкаць чалавеку, які з 1925 па 1939 год толькі два гады змагаўся на волі, астатнія ж адзінаццаць правёў у турмах. Служба бяспекі буржуазнай Польшчы ў гэтым выпадку аказалася на ўзроўні. Ёй удалося ізаляваць ад непасрэднага ўдзелу ў грамадскім жыцці двойчы небяспечнага чалавека: рэвалюцыянера, які сам прызнаваўся ў схільнасці де. максімалізму і фанатызму – «Я – пурытанін-аскет» (59), і рамантычнага мастака, які меў права сказаць:

Для ніў запушчаных я знаю песню сонца,

Для душ абуджаных я знаю гімны зор! (53)


Любімы стылёвы прыём Піліпа Пестрака – рамантычная гіпербала і парадокс. Лірычны герой даходзіць у яго да экстазу, часам здаецца, што яму не хапае паветра, не хапае слоў, каб выказаць незвычайны стан узрушанасці. Паказальны ў гэтым аспекце верш «Моладзі»:

Мы —зары паланеючай раць,

Мы – агонь непамернага бунту,—

Мы ідзём разбіваць і зіяць,

Руйнаваць стары свет аж да грунту.


Эмацыянальная энергія ўтвараецца тут ад спалучэння дзвюх эстэтычных субстанцый – чырвані агню, крыві, зары «паланеючай» з чарнатою «цемры», стогнаў, «чорнай нэндзы». Праўда, сіла вогненнай стыхіі аслабляецца дарэмна ўведзеным, збітым сімвалам мора. Двойчы паўтораны ў другім чатырохрадкоўі, ён выдае ў асобе лірычнага героя чалавека, які лішне лёгка ўпадае ў экстаз і не кантралюе сваіх слоў. Незвычайнасць паэтычнай мовы даходзіць тут да неўразумеласці:

Гімны ў сэрцах нясем і хвалюем

Мора крыўды з падвалаў і хат.

А ў грудзях нашых мора бушуе:

Помста-ненавісць – родны наш брат.


I гэты экстатычны перабор меры таксама паказальны: ён дазваляе здагадацца, што Піліп Пестрак як паэт выступае выразнікам левай, ваяўнічай плыні ў падпольным рэвалюцыйным руху Заходняй Беларусі. Прыхільнікі гэтай тэндэнцыі занялі ў пачатку 30-х гадоў ключавую пазіцыю ў кіраўніцтве КПЗБ, а левая фракцыя на чале з Юльянам Ленскім перамагла і ў Кампартыі Польшчы. Левыя тэндэнцыі станавіліся тактычнаю нормай, а гэта накладвала адбітак на ход рэвалюцыйнай барацьбы і на змест публіцыстыкі партыйнага друку. Піліп Пестрак ішоў ад жыцця, даносячы мала каму вядомыя нюансы настрояў, што пашыраліся ў асяроддзі партыйнага актыву. Знаходжанне ў турме, відаць, перашкаджала паэту без насцярожанасці станавіцца на пазіцыі народна-франтавой тактыкі, якую распрацоўвалі на волі і праводзілі ў жыццё камуністы, вызваляючыся ад левых крайнасцей. Піліп Пестрак прайшоў гэты рубеж, толькі вынікі духоўнага росту дакладней адлюстраваў у эпічнай форме рамана «Сустрэнемся на барыкадах», чым у паэзіі.

Давераснёўская паэтычная спадчына Піліпа Пестрака змясцілася ў адным зборніку вершаў «На варце», які выйшаў у Мінску ў 1940 годзе, пасля ўз'яднання беларускага народа ў адзінай сацыялістычнай дзяржаве. Паэт-рэвалюцыянер быў прыняты тады ў члены Саюза савецкіх пісьменнікаў і ўзначаліў заходнебеларускае аддзяленне ССП БССР, якое размясцілася ў Беластоку. Паспытаўшы ў дзяцінстве горкага хлеба Сымона-музыкі, а ў маладыя і сталыя гады – турэмнай бясхлебіцы, Піліп Пестрак як дарунак лёсу прыняў гэты абавязак выхавання літаратурных талентаў у сваім краі. Вайна перашкодзіла весці гэтую пачэсную работу, аднак гісторыя не вярнулася назад.

Пасля перамогі над фашыстамі Піліп Пестрак жыў і працаваў у Мінску, але не парываў сувязі з родным краем, пра што сведчыць змест яго другога рамана «Серадзібор». Шлях пісьменніка-рэвалюцыянера застаецца станоўчым прыкладам для беларускай літаратурнай моладзі.


Нашы дні

У маі пяцідзесятага мне ўпершыню давялося ўба-чыць Брэстчыну сваімі вачамі. Я прыехаў сібды як няштатны лектар ЦК КПБ з намерам прачытаць даклад і сабраць звесткі пра колішнія хваляванні сялян на Кобрыншчыне ў 1933 годзе, якія паслужылі Валянціну Таўлаю матэрыялам для турэмнай паэмы. Твор гэты я ведаў на памяць, і не дзіва, што ў стомленай галаве ўслед за радкамі лічбаў чарговай пяцігодкі замітульжыліся трапныя вобразы і выслоўі з паэмы: «Эх ты, сукін заяц на адной назе» – гэта паўстанцы пра падстрэленага паліцэйскага, які паспеў уцячы ў поцемках. I на сваё суцяшэнне жарт: «Не журыся, хлопцы, трапіўшы ў пятку, можа мы падстрэлілі чортаву душу». Якія дабрадушныя хлопцы! Моцнай пароды жывуць тут людзі.

Вось і вёска, вызначаная мне ў райкоме. Брыгадзір вядзе паказаць ферму. За вёскаю на аселіцах вялікія падоўжныя капаніцы нібыта пад бульбяныя бурты. Гаспадар спакойна тлумачыць, што гэта вось так фашысцкія акупанты запалохвалі насельніцтва. Загадалі людзям падрыхтаваць ямы для калектыўных магіл на выпадак, калі хоць адзін хто з вёскі ўздумае дапамагаць партызанам.

– Всэ ніяк нэ заровняемо,– дзелавіта апраўдваец-ца брыгадзір.– Нэмае часу. Калгас будуемо. Рук мало.

Абмінаем страшыдлы-ямы, гатовыя чорнымі зяпамі праглынуць дзень. Паляшуцкая гаворка майго субяседніка нагадвае мне Міколу Засіма, якога сустракаў у Таўлая і Брыля ў Мінску. Ці не тут узяў гэты напаказ расхрыстаны паэт-партызан такія нязвыклыя ў яго грубавата-вясёлай паэзіі трагедыйныя вобразы:

Распухла зямліца

Ад людскіх магіл,

На сонца дзівіцца

Праз дым няма сіл.


Амаль трыста дваццаць тысяч чалавек знішчылі гітлераўцы на Брэстчыне, трыццаць тысяч вывезлі на работы ў Нямеччыну, дваццаць тысяч сем'яў засталося без даху над галавой, у грудах лягло 148 гарадоў і сёл. Акупанты разабралі і перавезлі ў рэйх усе прамысловыя прадпрыемствы, разбурылі каля 400 школьных будынкаў, пасевы скараціліся за гады акупацыі напалавіну.

Пакутліва, у слязах і ў поце адраджалася жыццё на здратаванай ворагам зямлі. Ферма, да якой мы падышлі, рабіла ўражанне затурбаванай бязладнасці. Брыгадзір вёў мяне, я здагадаўся, каб разам дабівацца нейкай дапамогі. Благенькі кароўнік, злеплены наспех з ацалелых старых гумнаў, меў нейкі непрытомны выгляд: страха з мятай саломы віхрылася, як нерасчэсаная пасля ночы чупрына бабыля. Тут жа, за кароў-нікам, цягнулася аж да гарызонта роўнае, парослае рудою асакою балота. Ля прымітыўнай кармакухні пад адкрытым небам корпаліся тры жанчыны. Корм рыхтавалі ўручную. Убачыўшы новага чалавека, людзі пацягнуліся са сваімі трывогамі і сумнівам: ці будзе толк ад іх працы?

Мы з брыгадзірам дапамагалі субяседніцам захаваць добрую надзею. Але ў душы адчувалі, што адных нашых слоў нават пры іхнім шчырым даверы і энтузіязме хопіць ненадоўга. Было відавочна, што адзін мясцовы запал не зможа змяніць аблічча палескай вёскі. Дзве трэці тэрыторыі вобласці складалі балоты. Патрэбна была вялікая дапамога дзяржавы. Але ці здолее краіна пасля такой вайны даць тэрміновую дапамогу Палессю?..

Сёння, калі на палях Брэстчыны працуюць каля дзесяці тысяч трактараў, некалькі тысяч аўтамабіляў, камбайнаў, тыя даўнія трывогі могуць выдацца пера-большанымі. Але тады яны спараджаліся рэальным жыццём, былі явай.

Мае роспыты пра Кобрынскае паўстанне далі мне пэўныя факты, якія пацвярджалі, што Таўлай мадэляваў у паэме матэрыял цалкам рэалістычна, але прыкрае адчуванне пакінуў тон даравальнасці. з якім адносіліся да маіх роспытаў сведкі гістарычных падзей. Мне здалося крыўдным, што людзі не ўсведамляюць каштоўнасці перажытага, не шануюць мінулага. Я не здагадваўся, што час не настройваў людзей на ўспаміны, ды і героіка партызанскай барацьбы ў нейкай меры засланіла ўспаміны больш далёкія. Тады гісторыя партызанскага руху ў Беларусі яшчэ толькі пачынала асвятляцца, і я не мог ведаць, што Палессе дало рэспубліцы першы партызанскі атрад пад камандаваннем В. З. Каржа, што атрад гэты перарос у Пінскае партызанскае злучэнне, якое налічвала сем брыгад і мела ў сваім складзе пяцьдзесят тысяч байцоў, што на Брэстчыне дзейнічаў адзін з магутнейшых падпольных антыфашысцкіх камітэтаў на чале з ветэранам рэвалюцыйнага руху Язэпам Урбано-вічам. Я не ведаў нічога пра слаўнага партызанскага падрыўніка Колю Гойшыка, я мала ведаў пра герояў Брэсцкай крэпасці, Таму, захапіўшыся літаратурай былой Заходняй Беларусі, рэўнаваў простых людзей з Брэстчыны да іх мінулага, а яны жылі сучасным і будучым дзеля таго, каб здабыць права на захоўванне таго мінулага. Патрэбна было падняць з попелу і пабудаваць нанава некалькі сот фабрык і заводаў, асушыць багны, стварыць сотні калгасаў, дзесяткі саўгасаў, адкрыць дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы, пасадзіць за школьныя парты 350 тысяч вучняў і забяспечыць іх навучанне. Усё гэта трэба было зрабіць, перш чым чакаць плёну ў мастацкай творчасці, якая здольна была надаць гораду ранг не проста адміністрацыйнага абласнога цэнтра, а цэнтра культурнага жыцця.

Найперш творчае жыццё пасляваеннай Брэстчыны стала выспяваць у тэатральнай і самадзейна-сцэнічнай галінах ды ў выяўленчым мастацтве.

Літаратура прарастала марудней. Гэта і зразумела. Базаю для яе з'яўляецца філалагічная адукацыя, моўная культура, а першае пасляваеннае пакаленне моладзі з сярэдняю адукацыяй Брэстчына дала праз дзесяць гадоў пасля вайны.

Родная сястра мастацкай літаратуры – журналі-стыка пракладвала ў нас дарогу мастацкаму друкаванаму слову. У вызвалены Брэст з партызанскіх баз прыбылі рэдакцыі дзвюх падпольных газет: органа абкома КПБ «Зара» і органа абласнога антыфашысцкага камітэта «За Родмну». Іх суіірацоўшкі і склалі ядро новай рэдакцыі абласной газеты «Зара», якая пачала выходзіць на беларускай і рускай мовах. Сярод партызанскіх журналістаў вылучыўся актыўнасцю А. Прыпатнеў, які і зараз трымае своеасаблівае шэфства над героіка-патрыятычнай тэмай на старонках газеты. Ён дапамог многім сваім партызанскім сябрам і знаёмым выступіць у друку з успамінамі пра перажытае.

Сям'я журналістаў і блізкіх да пяра людзей даволі хутка папоўнілася кваліфікаванымі прафесіяналамі, якія аблюбавалі Брэст ці Брэстчыну і прыехалі сюды жыць настала. Тут варта назваць паэтэсу Веру Сурскую і яе мужа, тэатральна-мастацкага крытыка Аркадзя Сурскага, нарысіста Васіля Праскурава, празаіка Аляксандра Авечкіна, настаўнікаў і паэтаў Зіновія Вагера і Мікалая Цялічку – ядро пасляваеннага літаратурнага аб'яднання. Душою гэтага калектыву на нейкі час стаў паэт Міхаіл Луконін, які служыў у Брэсцкім гарнізоне. У яго завязалася знаёмства з Міколам Засімам. Засім пасля сканчэння партыйнай школы быў абраны старшынёю абласнога літаб'яднання. Яго праца паэта і літкансультанта варта асобнай гаворкі, тут жа да месца будзе сказаць некалькі слоў пра Васіля Праскурава, Аляксандра Авечкіна і Мікалая Цялічку.

Васіль Фёдаравіч Праскураў родам з-пад апетых Купалам Ляўкоў, што на Аршаншчыне, пачынаў творчы шлях з вершаў, потым знайшоў сябе ў жанры невялікага, прасветленага лірызмам нарыса пра зямлю і людзей Палесся. Складаныя лёсы і суровыя выпрабаванні, што выпалі на долю яго герояў, не здолелі патушыць у іх душах рамантыкі, радасці жыцця. Такія людзі яго кніжкі нарысаў «Трое з-за Лані» – старшыня калгаса Аляксандр Старавойтаў, свінарка Вольга Монцік, садоўнік Мікіта Скарагод. Цяпер усё болыпае месца ў нарысах Праскурава займаюць прадстаўнікі сельскай інтэлігенцыі, аграномы, лясныя інжынеры, ветэрынарныя ўрачы, настаўнікі. Пісьменнік ставіць і вырашае ўсё болып складаныя мастацкія задачы. У новай кнізе «Людзі-суседзі» ён часта паднімаеццй над статычнасцю, дае вобразы людзей у развіцці, псіхалагічна абгрунтоўвае працэс духоўнага росту чала-века. Маладая работніца лясной службы Вера Буйкевіч збаўляецца ад уласцівай гараджанам адасобленасці, становіцца членам дружнай вялікай сям'і хлебасолаў, дзе дзень нараджэння кожнага жыхара – свята для ўсяе вёскі.

Гаварыць пра зжытыя і нязжытыя заганы, хібы і слабасці людзей Васіль Праскураў не баіцца ад свайго ўласнага імя, ад першай асобы, гэта надае яго творчасці ранг неабходнай грамадзянскай справы. Шукаць у жыцці сюжэты і вобразы пісьменніка штурхае вера ў гуманістычную моц маетацкага слова: «Вялікае шчасце ўмець марыць, але яшчэ лепш – навучыць марыць іншых людзей»96.

Мастак шукае запаветных слоў, здольных саграваць любоўю і хараством,– «ласкавае слова, што дзень ясны».

Заклапочаныя і добразычлівыя нарысы Праскурава адкрыта нясуць гуманістычную службу, чым падвышаюць якасць грамадскіх ацэнак паводзін і спраў, становяцца маральнымі стымулятарамі, сцвярджаюць ідэал чалавека, акрыленага стваральнай дзейнасцю, змагара за абнаўленне старажытнай зямлі Палесся. «Людзі растуць, старэюць, а зямля маладзее»,– прыходзіць да думкі мастак, убачыўшы за Ганцавічамі, дзе нядаўна буялі хмызнякі, новыя краявіды: «Палі ўрадлівыя, жыты растуць, як чараты, пашы траўлівыя, з такой ядкай травою, што статак не швэндаецца па іх, як непрыкаяны, а стаіць, як спутаны. I пастухам ніякавата: быццам паставілі іх тут для прыліку» (65).

Праскураву ўдалося стварыць рамантычны вобраз адроджанай зямлі, той, казачнай, з якое фалькларыст Сержпутоўскі яшчэ ў мінулым стагоддзі зняў багаты плён народнай паэзіі, зямлі, дзе жыў і марыў дзівосны народны паэт Рэдкі і дзе сёння жывуць яго запаветы. Тут, у Люсіне, пад Целяшовым дубам, натхняўся казкамі жыцця Якуб Колас. У нарысах Праскурава чуваць той зорны спеў пра Палессе, край экзотыкі, светлай явы і вялікіх перспектыў. Пісьменнік натхняецца адчуваннем даўняй паэтычнай традыцыі, адштурхоўваецца ад народных паданняў. легендаў, прыкмет. падключае ў кантэкст жыцця народныя прыказкі, прымаўкі, але разам з тым знаходзіць падзеі, якія не ўступаюць гуманістычнай'вымоваю легендам і казкам. Яго нарыс «Надзейка» гучыць чыста і хораша, як паэма.

Здавалася б, вычарпаны літаратурны сюжэт пра жорава, прыручанага дзіцём, сюжэт, які ў беларускай прозе на хрэстаматыйным узроўні падала Цётка, павінен быў адпалохаць сучаснага пісьменніка. Але спалучыўшы ўчэпістасць журналіста з эмацыянальнасцю паэта, Праскураў сказаў новае слова. Рамантычную быль пра жорава, які, перазімаваўшы зіму пад чулым доглядам лесніковай дачкі Надзейкі, стаў важаком і прывёў да дзяўчынкі па дарозе ў вырай свой жураўліны ключ, аўтар паставіў у кантэкст надзённых праблем сучаснасці. У нарысе дзейнічаюць дзве сілы – гуманістычныя і драпежніцкія адносіны да прыроды. Паміж гэтымі сіламі ідзе скрытая барацьба, што ўтварае ўнутраны канфлікт апавядання. Калі аўтар завёў у той лесніковай хаце гаворку пра жорава, яе падхапіў выпадковы кампаньён па паляванні:

«Каралеўская дзічына! – пацірае рукі Цацура.– Ніколі блізка не бачыў. От бы падстрэліць!..

«Упершыню,– падключаецца аўтар,– заўважаю вочы бабулькі, маленькія і, аж дзіўна, сінія-сінія, як сон-кветка раннім прадвеснем.

– Такога птаха! – пляскае старая ў далоні.– Няможна, саколікі. Вы адно згледзелі б, які то красун...»(57)

Бабуля – гэта тая ж Надзейка. Яна ўжо стала жы-вой гераіняй той даўняй жураўлінай гісторыі.

Першая задача пісьменніка-дакументаліста не паэтызаваць, а даследаваць жыццёвыя працэсы. Праскураў часта дае добрыя прыклады сацыяльнага аналізу, прасочвае працэс даспявання адвечнай палескай зямлі да сацыялізму, паказвае, як нялёгка было ёй стаць зямлёю, якая родзіць шчасце. Знявечыла гэтую зямлю вайна. «У многіх вёсках,– піша В. Праскураў,– Чудзіне, Макаве, Свяціцы – не засталося не толькі даху над галавой, а нават шула, да якога можна было б прывязаць жывёлу». (45) Як жыва пераклікаюцца гэтыя малюнкі з нататкамі ў дзённіку Якуба Коласа, які ў 1947 годзе ездзіў па вызваленым усходнім Палессі: «Усюды відаць сляды рязбурэння. Асабліва разбурана моцна мястэчка Леніна. Яго фактычна няма... Народ асунуўся, але цвёрда, мужна і свядома ставіцца да жыцця». (38)

Васіль Праскураў асэнсоўвае ў сваіх нарысах развязку гэтай сітуацыі, дае летапіс адбудовы: «Перш-наперш будавалі жыллё для людзей. Але ж праўду кажуць у народзе: «Як дом без сяней – не дом, так без жывёлы гаспадарка – адно тлум і сварка».

...Калі будуецца дом, аб жыцці думае чалавек, а ўзводзіцца хлеў ці іншая пабудова для жывёлы – аб дастатку мараць людзі.

...Чудзінскія будаўнікі першымі ў раёне пачалі бу-даўніцтва грамадскай жывёлагадоўчай фермы. I зрабілі гэта – што праўда то праўда – па-гаспадарску. Нават сёння, амаль праз дваццаць пяць год, гэтыя пабудовы вабяць вока сваёй трываласцю, прастатой і зручнасцю». (57—59)

Зямля ў Праскурава– скразны паэтычны вобраз: яна, як у казках, жывая істота, маці-карміцелька:

«Пад белаю коўдрай спіць, адпачывае, набіраецца сілы родная зямля, каб вясною сваімі грудзьмі ўскарміць добры ўраджай». (117)

На прозе Васіля Праскурава моцна адчуваецца колішняя школа паэта. Паэтычнасць яго нарысаў, лірызм у пейзажах і апісаннях, адкрытасць аўтарскай эстэтычнай ацэнкі складаюць адметную рысу стылю. Узважваючы эстэтычныя здабыткі і пралікі дакументальнай прозы Праскурава, прыгадваеш вядомы афарызм пра тое, як часта недахопы бываюць працягам дадатных рысаў. Перабор меры ў паэтызацыі нярэдка прыводзіць да пэўнай дэкларацыйнасці, саладжавасці, што непазбежна паслабляе праблемнасць і канфліктнасць твораў. Праўда, ёсць у апошняй кнізе В. Праскурава «Людзі-суседзі» творы, якія расказваюць пра вострую класавую барацьбу, пра канфлікты амаль дэтэктыўныя – кулацкія стрэлы з-за вугла, падкінутыя пагрозлівыя запіскі, пра цяжкасці і нягоды, ад якіх сівелі людзі, але ўсё гэта памяшчаецца ў мінулае.

Аднак жа лепшыя нарысы Васіля Праскурава хо-чацца паставіць на адной паліцы з вядомаю кнігай Веры Палтаран «Дзівасіл», ён таксама імкнецца дасягнуць таго сінтэзу лірыкі з драматычным бачаннем свету, які ў жыцці сведчыць пра паўнакроўнасць працякання жыццёвых працэсаў, а ў мастацкіх творах – пра гуманістычную сілу пачуццяў, жыццёвасць думак, адным словам – талент.

Васіль Праскураў звыш двух дзесяткаў гадоў узначальвае ганцавіцкую раённую газету «Савецкае Палессе», якая лічыцца лепшай «раёнкай» у рэспубліцы. Шмат увагі ўдзяляе рэдактар літаратурна здольнай моладзі. 3-пад яго крыла выйшаў паэт і журналіст Міхась Рудкоўскі, цяпер паспяхова стартуе ў паэзію сакратар рэдакцыі Віктар Гардзей і раённы бібліятэкар Уладзімір Марук. Сам Васіль Фёдаравіч пачынаў шлях у літаратуру з абласной газеты «Зара», праходзіў цераз рукі мала старэйшага за яго, але вышэйшага тады рангам Аляксандра Авечкіна.

Аляксандр Аляксеевіч Авечкін – чалавек дзвюх рамантычных прафесій: ён лётчык і юнацкі пісьменнік.

Ворагі з праклёнам называлі гэтыя самалёты д'яблавымі млынамі. Нашы воіны ўсмешліва называлі іх «кукурузнікамі». Прытаіўшыся дзе-небудзь ля кустоў, баявыя машыны чакалі ночы, а на змярканні падымаліся ў паветра, кружачыся над сваёй тэрыторыяй, набіралі вышыню, а потым, выключыўшы маторы, ціха, як кажаны, ішлі на цэль. Адбамбіўшыся, прашмыгвалі паміж нажніцамі пражэктараў назад. I так усю ноч да світання. I так усе чатыры гады вайны. Пад Старою Русаю Авечкін спраўляўся лятаць і на варожыя пазіцыі, і падкідаць патроны і тол партызанам. Там атрымаў першы ордэн Баявога Чырвонага Сцяга. На Паўночна-заходнім фронце быў першы раз падбіты. Усё гэта дало матэрыял для аповесці «Саломка», дзе гаворыцца пра дружбу падлетка Сашы Строціна з лётчыкам Воратавым, самалёт якога быў збіты ў павет-раным баі над варожаю тэрыторыяй. Кніга, нягледзячы на пэўную псіхалагічную спрошчанасць, карысталася попытам у юных чытачоў, якім падабаліся вострыя прыгодніцкія Штуацыі. У 1951 годзе А. Авечкіна прынялі ў Саюз савецкіх пісьменнікаў. У якасці ка-рэспандэнта газеты «Савецкі селянін» ён тады ж прыехаў у Брэст, а праз чатыры гады пачаў працаваць у рэдакцыі «Зары», дзе ўзначаліў аддзел культуры. У А. Авечкіна праявіліся даўнія якасці выхавацеля (перад вайною ён працаваў інструктарам авіяклуба ў родным горадзе Чудава Наўгародскай вобласці), чулага старэйшага сябра ў адносінах дя пачынаючых пісьменнікаў. Ен даваў і добры асабісты прыклад – пісаў апавяданні для моладзі на матэрыяле вайны. Яны выйшлі ў 1958 годзе асобнаю кніжкай пад назваю «Подзвіг сігналіста».

Праўда, літаратурны шлях А. Авечкіна не гладкі, задума рамана «Памылка дзікага зубра», прысвечанага людзям новабудоўляў Сібіры, куды аўтар выязджаў у 1959 годзе працаваць, знаёміцца з жыццём, не дала чаканага выніку. Пісьменнік вярнуўся да юнацкай тэмы і напісаў аповесці «Ля дзіўных гор» і «Прыгоды Колі Пікіна», але над іх першымі публікацыямі яшчэ патрэбна працаваць.

Трэба сказаць, што ў рэдакцыі «Зары» 50-х гадоў панавалі павярхоўна-утылітарныя адносіны да мастац-кай творчасці, перавага аддавалася так званай знач-насці прататыпа. Падобным утылітарна-ілюстрацыйным поглядам на мастацкую творчасць прасякнуты выдадзены ў 1959 годзе альманах «Брэст», які быў сустрэты маўчаннем прэсы. Эстэтычная некампетэнтнасць, памножаная на правінцыяльнае ўсёзнайства, давала горкі плён. 3 гэтым стылем не здолелі эфектыўна змагацца ні А. Авечкін, ні супрацоўнік яго аддзела М. Засім. Можна сказаць, што тыя абставіны былі спрыяльныя толькі для вылучэння літаратурных здольнасцей моладзі і мала прыдатныя для яе творчага навучання і росту.

Літаратуразнаўства той пары часта спрошчана разглядала праблему канфлікту. Паколькі класавы анта-ганізм мы пераадолелі, разважалі крытыкі, то ў нашым жыцці можа выступаць толькі адзін від канфліктаў: барацьба добрага з лепшым. Тэорыя бесканфліктнасці аслабляла сувязь літаратуры з жыццём, яна зашкодзіла перш за ўсё драматургіі, але і ў найбольш важным для літаратурнага жыцця Брэстчыны жанры – паэзіі – прыкметна знізіўся ўзровень аналізу пачуццяў.

У творах буйнейшых паэтаў пасляваенных гадоў тры вымярэнні часу – мінулае, сучаснае, будучае – як правіла, звязваліся ў адзіны паток. Зборнікі М. Танка «Каб ведалі», «На камні, жалезе і золаце», кніжкі П. Панчанкі «Далёкія станцыі», «Гарачыя вятры» заставаліся наглядным прыкладам і арыенцірам для маладых. Мы кажам наглядным, бо літаратурная тэорыя і крытыка не заўжды прыкмячала і прапагандавала тое лепшае, што было ў названых вышэй і неназваных кніжках паэзіі. Затое шчодрай рукою даваліся льготы і скідкі паэзіі знешне сучаснай па матэрыялу і тэмах, калі нават яна была цалкам ілюстрацыйнай, пазбаўленай творчага пошуку. Урачыста-святочны тон паэзіі прыкрываў беднасць зместу, а літаратурная мода гнала пегаса на асфальтаваныя шляхі каляндарнай святочнасці, напышлівай фразістасці. Так узнікала рытарычная стылёвая абмежаванасць, заглушанасць інтымна-лірычнага дыяпазону.

Як слушна заўважыў Уладзімір Гніламёдаў, лірыч-ныя героі многіх паэтаў канца саракавых – пачатку пяцідзесятых гадоў, «кранутыя паэтычнаю абязлічкай, да смешнага былі падобныя адзін на другога і, зразумела, не цікавыя»97. Нават буйныя савецкія паэты перажывалі ў тую пару творчы крызіс, не могучы прабіцца цераз браню уніфікаванасці, шаблоннасці, якая была наказана грамадскай думцы.

Трэба, аднак, мець на ўвазе, што паэзія, асабліва лірычная,– гэта голас усхваляванай пачуццямі душы чалавека. А моцнае пачуццё не хоча лічыцца з заказамі. Так і ў паэзіі пасляваенных год прабівалася нямала ўсхваляваных і хвалюючых твораў, хоць у цэлым лірыцы не хапала належнай з'яднанасці з чалавекам, якая адна толькі сведчыць пра эстэтычную паўнакроў-насць мастацтва. Паэты ахвотней размаўлялі з чытачом публічна, цураліся размовы сам-насам, унікалі спавя-дальных інтанацый, элегічных настрояў і г. д. Найбольш запушчаным жанрам аказалася інтымная лірырыка. Усё гэта змяншала месца паэзіі ў жыцці, не давала ёй права называцца школай пачуццяў. Да берасцейскага літаратурнага вогнішча пералічаныя з'явы таксама мелі дачыненне.

Паэтамі, якія адчулі на сабе ўплыў канонаў тагачаснай газетна-рытарычнай паэтыкі і вымушаны былі пераадольваць яго, аказаліся Зінові Вагер, Уладзімір Кулакоў, часткова Мікалай Цялічка. Пераможна выйсці з-пад гэтага ўплыву ўдалося бадай-што аднаму Цялічку. Але не без страт.

Само сабой зразумела: лепш сустрэць дрэнныя вершы, чым дрэннага чалавека ў якасці лірычнага героя. Аднак ці варта ўхваляць разважанні такога тыпу: паэт ён благі, затое ў яго добрая біяграфія. Ва ўмовах росту эстэтычных густаў і патрэб права на жыццё атрымліваюць толькі высокамастацкія творы, дзе ёсць і каштоўны чалавек і каштоўнае мастацтва.

Лірычны герой лепшых вершаў Мікалая Цялічкі цікавы сваёю адкрытай грамадзянскасцю, строгасцю маральных прынцыпаў і правіл. У яго натуры ёсць шмат ад характару самога аўтара. Сын вайсковага ўрача Мікалай Рыгоравіч Цялічка, маючы 17 гадоў, добраахвотна пайшоў на фронт, ваяваў ля Сіваша, у Карпатах, у Беларусі, Полыпчы і закончыў баявы шлях у Германіі ў званні капітана, камандзірам мінамётнай роты. Пасля вайны, працуючы настаўнікам у Кобрыне, ен завочна закончыў літфак Брэсцкага педінстытута, потым штудзіраваў лагапедыю ў Маскве. Жыццё паэта натуральна пераходзіць у вершы, надаючы ім адпаведны змест.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю