Текст книги "Зорны спеў"
Автор книги: Уладзімір Калеснік
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 24 страниц)
У дарэвалюцыйную пару найвыдатнейшыя беларускія песняры не настойвалі на сусветным рэзанансе сваёй творчасці. Іх першым жаданнем было вырасціць паўнацэнную нацыянальную літаратуру, чулае, справядлівае і гордае сэрца народа. Нават Максім Багдановіч, самы еўрапейскі паэт на дарэвалюцыйным беларускім Парнасе, бачыў сваё прызванне ў тым, каб прышчапляць да радзімых дзічак чаранкі з сусветнага паэтычнага саду, а не раздаваць свету свае шчэпы. Канешне, усведамленне, што нацыянальная самабытнасць, і перш за ўсё яна, адкрывае мастацтву шляхі да агульначалавечай духоўнай сябрыны, у мастакоў было. Жыццё давала тады яшчэ адзіночныя, кволыя пацвярджэнні гэтага – першыя пераклады беларускіх вершаў на іншыя славянскія мовы. Сёння пацвярджэнні ідуць чарадой. Вось адно сярод найноўшых: у Лодзінскім выдавецтве выйшла анталогія беларускай паэзіі на польскай мове «Wiersze białoruskie»28 . Складальнікам, рэдактарам, аўтарам прадмовы, каментарыяў і многіх перакладаў з'яўляецца вядомы беларускім чытачам польскі паэт, добры сябар нашай літаратуры Ян Гушча.
У прадмове складальнік эскізна падаў некаторыя асаблівасці нашай культуры і прасачыў карціны польска-беларускага жыцця-быцця. Аўтар шырока выкарыстоўвае працу дацэнта Варшаўскага універсітэта Юзэфа Галомбэка, які яшчэ ў 30-я гады з акадэмічнай аб'ектыўнасцю гаварыў пра важную ролю беларускай духоўнай культуры ў Вялікім княстве Літоўскім, адзначаючы, што «мовай княжага двара і ўраду была беларуская мова, якая да XVII стагоддзя захавала гэта прывілеяванае становішча...». Тут я мушу спыніць цытату, каб настроіцца на спакойны акадэмічны лад і добразычліва ўдумацца ў яе працяг: «...ва ўпамянутым стагоддзі літоўска-беларускія паны пачалі часцей гаварыць і пісаць па-польску, а беларуская мова засталася і захавалася надалей у простым народзе».
Знешне яно так і было: магнаты адракаліся ад роднага, а просты народ заставаўся самім сабой. Толькі ці было гэта адрачэнне простай прыхамаццю паноў? I ці ад сціплай інертнасці простага люду залежаў лёс нацыянальнай мовы і культуры? Здаецца, зашмат гэта будзе нават на буйную прыхамаць такога свавольніка, як Радзівіл – «Panie kochanku». Мне б таксама хацелася прыняць бесканфліктнасць польска-беларускіх узаемаадносін у мінулыя часы, намаляваную Юзэфам Галомбэкам. Я хацеў бы без засцярог прыняць і далейшыя разважанні Яна Гушчы пра тое, што затуханне і адраджэнне беларускай культуры і літаратуры – гэта нібыта натуральны лёс яе, абумоўлены геаграфічным становішчам на стыку дзвюх болып моцных культурных стыхій – польскай і рускай, але паважаны аўтар прадмовы сам не мог утрымацца на такой дабрадушна:ідылічнай пазіцыі. Ды і выхад у свет анталагічнага зборніка, складзенага Янам Гушчам і выдадзенага ў Лодзі, падрывае аўтарытэт геаграфічнага прынцыпу. Літаратурная геаграфія розніцца ад звычайнай.
Разглядаючы артыкул Максіма Багдановіча «Хто мы такія», дзе паэт у палемічна завостранай форме, з эмацыянальнымі ператрымкамі выставіў рахунак крыўды свайго народа польскім і рускім рэакцыянерам-вялікадзяржаўнікам, Ян Гушча адчувае патрэбу каменціраваць і ўдакладняць, I, на мой погляд, рабіць гэта неабходна. Перакінуўшыся ў глыбіні вякоў, аўтар прадмовы спасылаецца на аўтарытэт вядомага лінгвіста Лера-Сплавінскага, які выявіў, што «кішаць ад рутэйізмаў (ці беларусізмаў) пісьмы такіх знатных асоб, як Жыгімонт Аўгуст, як Радзівілы ці Сапегі...». Вярнуўшыся да сучаснасці, Ян Гушча адзначае, што такія творы, як «Беларусь» П. Броўкі, дзе паэт, прыгадваючы Грунвальдскую бітву, назваў яе ўдзельнікамі толькі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў (а палякаў прамінуў),– стаяць за рамкамі палемікі.
Гэта добра, што Ян Гушча паставіў пытанне пра памылкі і хібы ў ацэнках польска-беларускіх адносін. Памылкі былі ў нашых мастацкіх, літаратуразнаўчых і гістарычных працах. Былі і ў польскіх. Яны, напэўна, ёсць і сёння і будуць далей – ужо як выдаткі згладжвання вострых кантаў, калі мы станем ухіляцца ад таварысцкай добразычлівай, але сур'ёзнай размовы. Варта падкрэсліць, што адной добразычлівасці будзе замала, каб знайсці ісціну, якая б растлумачыла дыялектыку нашых літаратурных сувязяў. Для гэтага патрэбна навуковая метадалогія. Мы не бачым іншай метадалагічнай асновы для пошукаў правільных ацэнак, акрамя ленінскай тэорыі культуры, якая сцвярджае барацьбу дзвюх культур у кожнай нацыянальнай культуры класавага грамадства як гістарычную непазбежнасць. Гэты погляд дае мажлівасць ацаніць як адну з даброт сацыялістычнай рэвалюцыі дружбу абноўленых нацый і культур, іх арганічнае збліжэнне дзеля ўзаемнага ўзбагачэння і памнажэння скарбніцы культуры сацыялістычнай, агульначалавечай.
Погляд у мінулае, кінуты з ленінскай метадалагічнай пазіцыі, дазваляе нам убачыць не ідылію са свавольнай зменлівасцю сімпатый, а драму, поўную вост-рых канфліктаў. Драма ж больш ёмісты жанр, чым ідылія, яе напаўняюць больш важныя ісціны.
Узаемаадносіны паміж нацыямі ў далёкім і не так далёкім мінулым былі больш драматычнымі, чым гэта нам бы хацелася. Унутрынацыянальныя класавыя су-пярэчлівасці тармазілі збліжэнне народаў, адводзілі працягнутыя рукі. Міжвольна прыгадваюцца тут радкі аднаго ранняга верша Максіма Танка:
Бродзяць паўночныя сагі
З песенным нашым віном,—
Колькі нявыпітай брагі
У нас за супольным сталом!
Хочацца сціснуць далоні,
Ў поглядзе дружбу спаткаць,
Поўныя накіпам, звонам
Хмельныя чары падняць.
Высячы іскрамі гукі
З нашых цымбалаў жывых,
Нат калі зраняцца рукі
Дротам на межах глухіх
29
.
Нам сёння не трэба выказваць прэтэнзій да польскіх каралёў, якія панавалі пасля Ягелонаў, за тое, што ў іх мове адсутнічалі беларусізмы, шчасліва выяўленыя ў пісьмах Жыгімонта Аўгуста і сучасных яму Сапегаў ды Радзівілаў: Сігізмунд Ваза ці Аўгуст другі і Аўгуст Трэці Сасы нават па-польску гаварыць не ўмелі. Варта, аднак, мець прэтэнзіі і палякам і нам да таго, што ніводзін з памянёных каралёў (не важна на якой мове) не змог паўтарыць сваім падданым славутага выслоўя Жыгімонта Аўгуста – «Я не кароль над вашымі сумленнямі». Канец дынастыі Ягелонаў, на жаль, быў канцом шматвяковай рэлігійнай і нацыянальнай талерантнасці (пануючыя класы шляхецкай Рэчы Паспалітай зліквідавалі тую цярпімасць да справы веры, якая ў часы Жыгімонта Старога дазваляла вырасці Скарыне і Гусоўскаму, а ў часы Жыгімонта Аўгуста – Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму). Рэлігійная нецярпімасць, прынесеная на Беларусь езуітамі пад канец панавання Жыгімонта Аўгуста і даведзеная да дзікіх формаў пры Вазах, не была праяваю толькі каралеўскай ці магнацкай прыхамаці або сваволу. Змярканне кожнай грамадскай фармацыі спараджае ў вярхах заслепленасць, фанатызм і цемрашальства. У гэтым сэнсе верхавінка шляхецкай Рэчы Паспалітай, якая выжыла беларускую мову з дзяржаўных устаноў Вялікага княства Літоўскага, а ў XVIII стагоддзі давяла да захірэння пісьмовую літаратуру беларусаў, істотна не адрознівалася ад пануючай касты ў памешчыцкай самадзяржаўнай Расіі XIX стагоддзя. Розніца была толькі ў тым, што рускі феадалізм лютаваў, хістаючыся ад напору рускай рэвалюцыйнай дэмакратыі, якая мела больш сувязяў з народнымі нізамі і болып сілы, чым польскія шляхецкія рэфарматары ў XVIII стагоддзі і нават рэвалюцыйныя рамантыкі ў пачатку XIX стагоддзя. Руская рэвалюцыйная дэмакратыя ўзнялася да разумення сацыяльных і нацыянальных праблем усіх народаў царскай імперыі, у тым ліку польскага і бела-рускага народаў. Тут сакрэт плённасці ўплыву яе ідэй на жыццё і змаганне прыгнечаных народнасцей. Пакаленне пралетарскіх рэвалюцыянераў пераняло і развіло нацыянальна-вызваленчыя ідэі рэвалюцыйнай дэмакра-тыі, выпрацавала ясную праграмную ўстаноўку – права нацый на самавызначэнне. Мне здаецца, менавіта тут трэба шукаць разгадкі тое таямнічасці лёсу Максіма Багдановіча і Змітрака Бядулі, якая інтрыгуе нашых літаратуразнаўцаў і шырока разважаецца Янам Гушчам у прадмове да анталогіі. На скрыжаванні сацыяльнага і нацыянальнага ляжыць разгадка літаратурных лёсаў Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Ядвігіна Ш., Максіма Гарэцкага і многіх іншых пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры, якія вырасталі пераважна з рускай прагрэсіўнай грамадска-культурнай традыцыі ды станавіліся песнярамі маладой Беларусі. Тут схована і разгадка літаратурнага лёсу Янкі Лучыны, Адама Гурыновіча, Алаізы Пашкевіч, Янкі Купалы – усіх тых пісьменнікаў, якія выхоўваліся ў дзяцінстве пад асабліва моцным уплывам польскай прагрэсіўнай культуры.
Польскія рамантыкі, сябры Адама Міцкевіча, слушна адзначас ўслсд за Юзэфам Галомбэкам Ян Гушча. кінулі першыя зерні ў беларускую глебу, зерні духоўнага адраджэння народа. Але варта памятаць, што шырока сеялі семя свабоды Герцэн, Чарнышэўскі, Дабралюбаў, Някрасаў. Ад іх непасрэдна перадаўся запал народалюбства Кастусю Каліноўскаму і Валерыю Урублеўскаму, маладому Францішку Багушэвічу. Ідэі Пляханава, Леніна, Горкага апладнялі светапогляд Адама Гурыновіча, Алаізы Пашкевіч, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Максіма Багдановіча.
Знамянальна, што ў канцы XIX стагоддзя Ф. Багушэвічу ўдавалася друкаваць свае кніжкі толькі ў Кракаве, але ўжо тады Пецярбургскі універсітэт станавіўся вогнішчам рэвалюцыйна-вызваленчага руху белару-скай моладзі, якая мела агульныя арганізацыі з паля-камі і літоўцамі. Беларускія кніжкі і працы пра Беларусь выдаваліся ў Кракаве, Пецярбургу, Маскве, Варшаве, Львове, Кіеве, Вільні і іншых гарадах. Праўда, публікацыі былі розныя. У дыскусіі аб беларускай мове «Нашу ніву» дружна атакавалі ў студзені – сакавіку 1909 года «Внленскнй вестннк», «Минское слово», пе-цярбургская «Новая Русь» і варшаўскі «Dzień» – усе з адных і тых жа шавіністычных пазіцый.
Слушна вылучае Ян Гушча два аб'ектыўныя фактары, якія абумовілі ўзлёт беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя: «Абуджэнне або паглыбленне нацыянальнай свядомасці, барацьба за нацыянальнае вызваленне, рэвалюцыйна-грамадскія працэсы. Пульсуючыя чырванню зоры надзеі і яшчэ чырванейшыя зарывы паражэнняў».
Сапраўды так. Варта толькі ўлічыць, што працэс нацыянальнага вызвалення на Беларусі аказаўся асабліва залежным ад ходу сацыяльных працэсаў. Тут, на маю думку, адно з істотных адрозненняў паміж зместам і практыкай вызваленчага руху пачатку XX стагоддзя ў Полынчы і на Беларусі.
Сацыяльны аспект прыкмячае аўтар прадмовы, хоць лічыць яго вытворным. Гаворачы пра Купалу і Коласа, ён сцвярджае: «Ставілі сабе простыя задачы, пашыралі і ўмацоўвалі нацыянальную свядомасць. Былі прагрэсіўнымі, бо ў прагрэсе і барацьбе бачылі шансы для свайго народа». Вылучэнне сацыяльнага пачатку як дамінанты і пашырэнне яе на усю гісторыю новай беларускай літаратуры дазволіла б яшчэ дакладней вытлумачыць яе загадкі.
Напісаная з любоўю да беларускага народа і культуры прадмова складальніка прапануе нам позірк на беларускую паэзію вачыма сучаснага польскага літаратара і ацэньвае яе па высокім рахунку. Прадмова цікавая самастойнасцю падыходу і ацэнак, хоць, зразумела, побач з бясспрэчнымі палажэннямі трапляюцца ў ёй моманты дыскусійныя і нават асобныя фактычныя недакладнасці. Так, напрыклад, Купала, а не Колас названы прафесійным настаўнікам, «Наша ніва» – прамой прадаўжальніцай «Нашай долі», а не паралельнай газетай іншага кірунку, месцам выдання зборніка вершаў Янкі Лучыны памылкова названы Мінск замест Пецярбурга і іншыя.
Добра ўсё ж, што Ян Гушча прыгадаў у прадмове працу Юзэфа Галомбэка, Для свайго часу яна была, відаць, не толькі праявай акадэмічнай сумленнасці ў адносінах да літаратуры прыгнечанай нацыянальнай меншасці. Яе, напэўна, можна звязаць з працэсамі радыкалізацыі польскай інтэлігенцыі, якая ў сярэдзіне 30-х гадоў уцягвалася ў антыфашысцкі народна-франтавы рух. Адчуўшы пагрозу з боку фашызму, лепшая частка польскай даваеннай інтэлігенцыі, і асабліва моладзь, знізілася з надкласавых эмпірэй свайго ўяўнага культурнага місіянерства, заўважыла і перажыла як сваю ўласную бяду ўціск працоўных мас Заходняй Беларусі, падала руку дружбы і салідарнасці радыкальным беларускім літаратарам, прайшла з імі поруч цераз агонь барыкад, залы судоў, турэмныя казематы, калючыя драты Картуз-Бярозы – на заваёву роўнай долі, роўнага шчасця. Літаратуру Заходняй Беларусі дастойна прадстаўляў у 1935 годзе на агульнапольскім Кангрэсе абароны культуры ў Львове віленскі адвакат, важак студэнцкай «лявіцы» Генрык Дэмбіньскі. Радыкальныя газеты «Poprostu» і «Sygnały» ўступалі свае старонкі заходнебеларускай паэзіі, народнай песні.
Тады ж у гадавіку навуковых прац аб'яднання асістэнтаў Варшаўскага універсітэта імя Юзэфа Пілсудскага з'явілася праца Марыі Рудзінскай-Фраэліховай «Думкі пра беларускую літаратуру», дзе была дадзена даволі трапная ацэнка ідэйна-эстэтычных тэндэнцый і кірункаў у літаратуры Заходняй Беларусі. Гаворачы пра літаратурны рух у Заходняй Беларусі, даследчыца адзначае: «...ён не з'яўляецца, можа, такі буйны, як у Савецкай Беларусі. Аднак ён і надалей з'яўляецца люстрам народнага жыцця і ўтварае як бы працяг нашаніўскай эпохі. Зусім выразныя ў ім два кірункі: адзін баявы, рэвалюцыйны, прадстаўлены маладымі пісьменнікамі на чале з Салагубам, другі выключна эстэтычны... яго прадстаўніцай з'яўляецца Н. Арсеньева.
Узаемасувязі літаратуры Заходняй Беларусі моцныя. Уплыў пралетарскай літаратуры шырыцца ў Заходняй Беларусі, дзе нацыянальны характар з'яўляецца крыніцай моцы і цікавасці для паэтаў з Усходу»30 .
Асабліва шмат рабіла ў справе перакладаў люблінская літаоатурная газета «Камэна» і яе рэдактар Б. Жыранік.
Увогуле, перакладзена было няшмат, а гаворка ў друку, як правіла, абмяжоўвалася дарэвалюцыйным пісьменствам ды літаратурай Заходняй Беларусі. Напрыклад, Янка Купала, які ў тую пару актыўна перакладаў польскіх паэтаў ад Адама Міцкевіча да Уладзіслава Бранеўскага і жыва цікавіўся літаратурным жыццём Польшчы, не мог разлічваць на такую ж узаемнасць. Палітыка санацыі не раз накідвала кайданкі на працягнутыя для братняга поціску рукі. Але рукам дружбы суджана было дацягнуцца і адчуць шчырае цяпло. Першы пралом, які зрабіла ў сцяне адчужанасці народна-франтавая інтэлігенцыя, стаў плацдармам у гады вайны і пасля яе заканчэння. Працягам той добрай традыцыі мне ўяўляюцца пераклады дзесяткаў беларускіх пісьменнікаў у Народнай Польшчы.
Паводле бібліяграфічнага даведніка Н. Ватацы, да 1968 года польскія выдавецтвы выпусцілі асобнымі кніжкамі творы 16 беларускіх пісьменнікаў. У іх ліку былі два паэты – Янка Купала і Максім Танк. Найбольш плённым годам беларускай кнігі ў Народнай Польшчы аказаўся 1951 год, калі выйшла ажно сем назваў. Затым наступіў пэўны спад, за 1959—1961 гг. не з'явілася ніводнай кнігі беларускага аўтара. Новае ўзрастанне цікавасці палякаў да беларускай кнігі назіраецца ў другой палове 60-х гадоў: 1968 год прынёс ужо тры перакладзеныя кнігі. Прычыны гэтай зменлівасці пагоды розныя, адна з іх – тое, што сярод перакладаў багатага 1951 года аказаліся творы, якія ў нас на радзіме не вытрымалі пробы часам ды залічаюцца сучаснай крытыкай у раздзел «бесканфліктных». Заніжаная патрабавальнасць да мастацкіх якасцей арыгінала пайшла на шкоду агульнай справе творчых узаемасувязяў паміж літаратурамі. Прыемна адзначыць, што за апошняе дзесяцігоддзе беларуская літаратура пераадолела той незнарок узнесены бар'ер і без ільготных тарыфаў прымаецца польскімі выдаўцамі, перакладчыкамі і чытачамі. Анталогія паэзіі – важнае пацвярджэнне сказанага.
Значнасць гэтай кнігі дыктуе і асаблівую патрабавальнасць да яе. Беларускую літаратурную грамадскасць, бясспрэчна, зацікавіць пытанне аб прадстаўнічасці і паказальнасці, а таксама пытанне пра якасць перакладаў. На першую тэму можна шмат гаварыць, выказаць шмат заўваг, пажаданняў. Аднак трэба глядзець на справу рэальна. Кніг, падобных на гэтую, нельга зрабіць на голым месцы, яна – вынік цэлага этапа ў бягучых літаратурных сувязях і кантактах. Тут, хочаш не хочаш, будуць адчувацца сіла і слабасць папярэдніх рабочых сувязяў. Як відаць з прадмовы Яна Гушчы, адбілася і недастатковасць сённяшніх дзелавых сустрэч. Складальнік, напрыклад, не меў мажлівасці папрацаваць у Мінску над найноўшаю беларускаю паэзіяй, асабіста пазнаёміцца з паэтамі. Патрэбна была настойлівасць і смеласць, каб у такой сітуацыі не адмовіцца ад задумы складаць анталагічны зборнік.
Складальнік растлумачыў сваю задачу так: «Вырашыў прадставіць класікаў, потым паклаў націск на вершы навейшыя і найноўшыя». А яшчэ клапаціўся ён «пра паказ разнастайных перажыванняў і хваляванняў, якія выражаюцца рознымі паэтычнымі спосабамі», г. зн. пра культуру паэтычнай творчасці, пра эстэтычнае багацце беларускай лірыкі. Ян Гушча разумее, што кожны прынцып адбору мае свае слабыя бакі, а прымяненне яго на практыцы стварае праблемы, якія можна назваць эстэтычным выпрабаваннем густу. Мне думаецца, што ў цэлым складальнік дабіўся паказальнасці адабранага матэрыялу і гэтым поспехам ён абавязаны не толькі адчуванню і веданню нашай паэзіі, але смеласці, якая спалучаецца з пачуццём адказнасці ўзятага на сябе абавязку. Ідучы па вертыкалі, ён вылучыў двух класікаў і двух сучасных паэтаў, гарызантальным ахопам увёў у кніжку 50 імён, амаль столькі, колькі ўвайшло ў першы зборнік літаратурных аўтабіяграфій, выдадзеных у нас.
Кніжку адкрывае купалаўскі верш «А хто там ідзе?», які даецца ў двух варыянтах перакладу (Яна Гушчы і Тадэвуша Хрусцялеўскага), у каментарыях змешчаны першы польскі пераклад гэтага верша, датаваны 1912 годам. Варыянты сучасных перакладаў не спаборнічаюць паміж сабою ў майстэрстве, яны дапаўняюць адзін аднаго і разам сведчаць пра добразычлівую рупнасць складальніка. Добры знавец беларусай мовы і паэзіі Ян Гушча выказаў ужо ў самым пачатку зборніка павагу да беларускага верша, які пры знешняй прастаце і даходлівасці не так проста паддаецца перакладу. Лексічная блізкасць пры фанетычнай аддаленасці беларускай і польскай моў стварае непрадбачаныя цяжкасці. Ян Гушча ў сваім перакладзе купалаўскага верша трымаецца бліжэй да зместу арыгінала, ахвяруе дзеля гэтага рыфмай. Тадэвуш Хрусцялеўскі як бы адыходзіць ад лексічнай асновы купалаўскага твора, каб данесці паэтычную задуму пры дапамозе кампанентаў спецыфічна польскіх, блізкіх успрыманню польскага чытача. Між іншым, два тыпы адносін да арыгіналаў характэрны ўсёй кніжцы. Які спосаб лепшы, гадаць не варта. Кожны мае свае плюсы і мінусы. Важна тое, што яны могуць дапаўняць адзін аднаго, пашыраючы мажлівасці эстэтычнага ўздзеяння нашай паэзіі на польскага чытача. Поспехі перакладчыкаў залежалі не так ад падыходу, як ад таленту і майстэрства. Талент дазваляе сінтэзаваць названыя прынцыпы. I гэта мы бачым у перакладах самога Яна Гушчы, якому асабліва ўдаюцца лірычна-роздумныя вершы, пабу-даваныя на вобразнасці народнага складу, напрыклад, «Песня зімы» Я. Коласа, «Позняя восень» П. Броўкі, «Восень» С. Дзяргая, «Красавік» А. Астрэйкі, «Пятля Кастуся Каліноўскага» Я. Сіпакова, «Добрай ночы» М. Танка, «Ранены» А. Коршака, «Перад дажджом», «Родная мова» П. Панчанкі, шэраг твораў Р. Барадуліна і іншыя. Мастацкай дасканаласцю радуюць пераклады Северына Поляка (можна толькі паіпкадаваць, што іх мала), Казімежа А. Яворскага, Конрада Фрэйдліха, лепшыя працы Леапольда Левіна, дзе ён не лішне вольна трактуе тэкст. Над стварэннем анталогіі сучаснай беларускай лірыкі на польскай мове працавала 30 паэтаў, сярод іх добра вядомыя беларускім чытачам Ежы Путрамент, Леан Пастэрнак, Віктар Варашыльскі, Уладзімеж, Слабоднік і іншыя. I ўсё ж дае пра Сябе знаць маладосць нашых паэтычных сувязяў і вымушаная таропкасць у рабоце над стварэннем анталогіі. З ліку 193 твораў, якія ўключаны ў яе, 107 пераклаў Ян Гушча. Якая гэта вялізная праца, хай пасведчаць перакладчыкі. Удзячнасць добраму сябру беларускай паэзіі за рупнасць, за ініцыятыву, за вялікі творчы ўклад у культурныя сувязі паміж польскім і беларускім народамі павінна быць выказана ад усіх нас – прадстаўнікоў літаратурнай грамадскасці, зацікаўленых чытачоў, аматараў паэтычнага слова. Без гэтай агромністай творчай працы
Паэзія Янкі Купалы прадстаўлена ў анталогіі 21 вершам, у перакладзе ўдзельнічала 12 паэтаў. Калі прыгадаць, што выдадзены да саракагоддзя. БССР на гектографе першы ў Польшчы зборнік паэта, а таксама і друкаваная яго кніжка 1968 года ўключаюць менш чым па дваццаць вершаў, то стане ясным, што падборка ў анталогіі самая багатая. Вершы тут выбраны з улікам сацыяльнай накіраванасці купалаўскай паэзіі. Мажліва, нават сялянская праблематыка некалькі засланяе агульнаграмадзянскую, патрыятычную. Складальнік зыходзіў з пасылкі, быццам самы моцны – ранні Купала, а ў ранняй творчасці, як вядома, багата сялянскай нядолі. Адсюль пэўная вясковая заземленасць купалаўскай музы. Мне думаецца, няма патрэбы пераглядаць прызнанага і відавочнага факта, што росквіт паэтычнага дару Купалы прыпадае на зборнікі «Шляхам жыцця», «Спадчына», «Безназоўнае», гэта значыць, на час, калі паэт мацней чым калі адчуваў сябе народным, нацыянальным вешчуном і песняром новай сацыялістычнай Беларусі. Між іншым, у нататцы пра Купалу зборнікі «Шляхам жыцця» і «Безназоўнае» апушчаны, не аздначана і вучоба Купалы ў Пецярбургу на курсах Чарняева. Савецкі перыяд творчасці Купалы прадстаўлены ў анталогіі ўсяго двума вершамі – «Дыктатура працы» і «Сосны». Купалаўскае патрыятычнае вешчаванне, а пазней азоранае радасцю апяванне новай явы сацыялізму недастаткова выяўлена ў анталогіі.
Муза Купалы па-сялянску сціплая, смутная, але і гордая, і страсная. Творчае крэда Купалы мае два акцэнты: «Зямлі і сонцу нізка пакланюся – Я сын зямлі, і сонца вольны сын!» Вось гэтая ўзнёсласць, палётнасць, рамантычная страснасць яго характару выяўлена слабавата.
На маю думку, варта было б уважлівей прыгледзецца да гектаграфічнага зборніка купалаўскіх вершаў 1949 года. Побач са слабымі, аматарскімі перакладамі там ёсць удалыя пераклады верша «Я не для вас», урыўка з паэмы «Яна і я» К. А. Яворскага, вершаў «Хмурыя думкі», «З дзён няволі» В. Дамброўскага. Яны маглі б узмацніць анталагічную падборку, надаць ёй больш паказальнасці.
Праўда, тое, што змешчана Янам Гушчам, характарызуецца добрым літаратурным узроўнем, асабліва звяртаюць увагу віртуозныя пераклады «На жалейцы» Северына Поляка, «За годам год» Багдана Жыраніка, «Дыктатура працы» К. А. Яворскага, «Сосны» Васіля Качнова. Леапольд Левін у перакладзе верша «Да беларускага паэта», як мне здаецца, лішне далёка адышоў ад арыгінала і не апраўдаў празмернай вольнасці перастварэння. Між іншым, даваенны цікавы пераклад «Пескі сонцу» Марыі Рудзінскай крыху псуюць два немілагучныя радкі, чамусьці непрыкмечаныя пры рэдагаванні кніжкі. Алітэрацыя «Upieść serce i duszy scisz» яўна перабірае меру свісцячых і шыпячых гукаў, вымаўляць такія збегі зычных амаль немажліва. Яны не ствараюць уражання пяшчоты і сцішанасці, а ўражваюць ненатуральнасцю зыку. Другі радок: «Odnów cały smęcący się lud» фанетычна грувасткі і невыразны, як мармытанне. Не зусім удалася замена ў перакладзе Яна Гушчы «Калі ў лесе зацвіталі» явара на чаромху. Явар у Я. Купалы не проста дрэва, а фальклорны сімвал хлопца-жаніха. Цяжкавата вымаўляецца таксама ў гэтым перакляляе рядпк «Z trzcinami wraz łozy».
Нашы заўвагі не маюць на мэце знізіць агульнае добрае ўражанне ад падборкі купалаўскіх вершаў, якая па-свойму паказальна мастацкай дабротнасцю, бо з'явілася ў выніку працяглай работы значнага калектыву мастакоў, кожны з якіх меў мажлівасць выбіраць сабе твор даспадобы і не таропячыся працаваць над перастварэннем.
Наколькі цяжка рабіць значную колькасць перакладаў аднаму мастаку пры абмежаванасці часу, мож-на заўважыць на падборцы вершаў Максіма Багдановіча. Складальнік асабліва сімпатызуе гэтаму паэту і ста-раўся прадставіць яго паўней і лепш. У лік вершаў ен аднёс нават «Апокрыф», які наша літарату-разнаўства разглядае як стылізаваную прозу. Усяго У Багдановічавай падборцы таксама 21 твор, з якіх 17 пераклаў Ян Гушча. Найбольш удалымі я лічу пераклады твораў «Змяіны цар», «Апокрыф», «Вы, што любіце натрапіць». Тут перакладчыку ўдалося перастварыць на польскай мове як паэтычнасць думкі, так і хараство гучання, своеасаблівае, неназолістае сугалоссе радкоў і актыўнае дзеянне Багдановічавай рытмікі, якая не спрачаецца з законамі інтанацыі. Перакладаючы вершы з цыкла «Старая Беларусь», Ян Гушча адкінуў рыфму. Без гэтага выяўленчага сродка пераклады, на мой погляд, набылі пэўную празаічнасць.
Празаізм адчуваецца на многіх перакладах, і асабліва на перакладзе «Ліста...». Павольны рытм александрыйскага верша, узмоцненага Багдановічам неназолістаю рыфмоўкай, быў свядома разлічаны на эфект спакойнай, але прыўзнятай задумнасці. Адмова ад рыфмоўкі ў перакладзе суправаджаецца пазбяганнем сінтаксічных інверсій і высокага стылёвага пласта лексікі, у выніку чаго гаворка набывае будзённую дзелавітасць, не верыцца, што дзея адбываецца ўначы пры лямпе. Багдановічавы радкі пра Сальеры «У творчасці яго раптоўнага няма, аснова для яе спакойна дума» перакладаюцца, напрыклад, так:
Niema w jego twórczości nic przypadkowego,
Jej zasadę stanowi zawsze przemyślenie.
У парадкоўным перакладзе гэта азначае “Няма ў яго творчасці нічога выпадковага, а прынцып складае заўсёды прадуманасць». Багдановіч гаварыў не пра выпадковае, а пра нечаканае, раптоўнае, натхнёнае.
Празаізацыя непазбежна прыводзіць да збяднення эмацыянальнай напоўненасці, а часамі да скажэння зместу. Вось радкі:
Таксама робіш ты, дума, і у паэта
Краснейшым кожны твор. Прывет табе за гэта!
Паэт вітае думу, роздум, удумлівасць, бо яны дапамагаюць яму зрабіць прыгажэйшым твор. Перакладчык прымусіў Багдановіча звяртацца не да думкі, а да адрасата ліста і сказаць:
Myślę, że i ty czynisz podobnie. Poeta
Ma pisać coraz lepiej. Z co cię pozdrawiam!
У каментарыі да анталогіі прозвішча адрасата названа, таму польскі чытач управе думаць, што Вацлаў Ластоўскі быў паэтам, а гэта не адпавядае сапраўднасці. Увогуле сэнс выказвання, як яно значыцца ў перакладзе, незразумелы. Багдановіч мае казаць Вацлаву: «Думаю, што і ты робіш падобным чынам. Паэт павінен пісаць што раз, то лепш. За гэта цябе вітаю!» Атрымліваецца, што ў «Лісце...» размаўляюць аднадумцы. Пачатак верша як бы схіляў да такога разумення: «Хоць значыць гэтае несць у Афіны совы,– усё ж такі пішу да вас, Вацлаве, словы нясмелага ліста». Але на самай справе тут ужыты традыцыйны ў эпісталярных жанрах прыём ветлівасці, паэт фактычна гаворыць: «Хоць вучонага вучыць – што мёртвага лячыць, але ж...» Далей Максім Багдановіч выказвае свой погляд на суадносіны думкі і пачуцця ў творчым акце, палемізуючы з Вацлавам Ластоўскім і крытыкамі яго круга, што гаварылі, быццам самому Багдановічу ўласцівы лішні рацыяналізм, які засушвае яго паэзію. Прызнанне еднасці рацыянальнага і эмацыянальна-інтуіцыйнага ў творчым пазнанні з'яўляецца праграмным эстэтычным прынцыпам Багдановіча. Апалогія еднасці думкі і пачуцця, працы і натхнення дае нам падставу разглядаць «Ліст...» у кантэксце дыскусіі пра паэзію, якая вялася ў 1913 годзе на старонках «Нашай нівы». Вацлаў Ластоўскі (Верашчака) – страчваючы сутнасць мастацтва – заклікаў там апяваць красу беларускай прыроды, несці асалоду чытачу, а не турбаваць яго панылымі думкамі пра нядолю і няволю. Янка Купала ад імя «парнаснікаў» адстойваў права і абавязак беларускай паэзіі напамінаць чытачу пра сацыяльную і нацыянальную несправядлівасць, рабіць паэтычнай жыццёвую ісціну, што большая частка гэтай прыгожай роднай зямлі – «не наша». Купала адстойваў святы абавязак беларускай паэзіі быць з працоўным людам, думаць і смуткаваць. Багдановіч быў салідарны ў гэтым з Купалам. Ён ганарыўся тым, што беларуская літаратура «не пойдзе чысціць боты капіталу». З увагі на ўсё сказанае хацелася б болып сціслай перадачы прыведзеных радкоў «Ліста...» пры перакладзе.
Недакладнасць закралася і ў каментарый. Упамянутая Багдановічам гераіня пушкінскай драмы «Пір У часе чумы», вясковая шатландская пявуння Мэры, чамусьці выдаецца за княжну Мэры з «Героя нашага часу» М. Лермантава, хоць кантэкст верша выключае падобныя здагадкі.
Паспешлівасць адчуваецца і на перакладзе «Слуцкіх ткачых», зробленым Т. Хрусцялеўскім. Эпітэтам «залаталітыя» тут надзелены паясы, а эпітэтам «залатыя» дзявочыя сны. Багдановічава рака, што лілася між гор, ззяючы срэбрам хваль, ператварылася ў струменьчык, які ў ferworze (парывістым запале.– У. К.) сцякае з гор пад парог хаты. Асабліва прыкметна недакладнасць у перакладзе канцоўкі:
I oto drżąca dloń bezwolnie,
Zamiast uczonych perskich wzorów,
Zaczyna tkać bławatny polne.
Цяжка ўразумець сэнс знаёмай нам з арыгінала верша сітуацыі, настолькі яна недакладна выказана. Чаму дрыжачая рука і чаму «bezwolnie», а не «bezwiednie»? У апошняй рэдакцыі Багдановіч напісаў: «і тчэ бязвольная рука», але ж гэта не тое самае, што «дрыжачая рука пачынае бязвольна ткаць палявыя васількі». Багдановіч доўга працаваў над канцоўкай верша, шукаў яе, бо яна тут кампанент, які тугім вузлом звязвае ўсе ніці паэтычнай задумы. Прыблізнасць неракладу канцоўкі Т. Хрусцялеўскім аслабляе грамадскі падтэкст і міжвольна пераводзіць задуму верша ў псіхалагічна-бытавы план.
Багдановіч намаляваў руку, якая, забыўшыся на загад і прымус, узнаўляе тое, што бачаць і чым любуюцца вочы за акном панскага двара. Ткачыха тчэ «цвяток радзімы васілька» – сімвал поля, прастору, роднага краю, адабранай свабоды. У «творчым» забыцці паднявольнай ткачыхі паэт убачыў праяву рэалістычнай прыроды мастацтва з яго нязменнай вернасцю жыццю, выказаў спагаду народнаму таленту, пазбаўленаму права на свабоднае самавыяўленне. Рука ткачыхі ў забыцці міжвольна выткала сваю мару і мару свайго народа – сімвалічны вобраз. Гэты сімвал супрацьстаіць другому сімвалу – персідскаму ўзору. Роднае, сціплае, праўдзівае супрацьпастаўлена чужому, пышнаму, экзатычнаму; народнае – панскаму, а не прасцецкае – «вучонаму», як выйшла ў перакладзе.
Т. Хрусцялеўскі ў пачатку верша падкрэсліваў сацыяльныя супярэчлівасці, можа, аж надта яскрава, а ў канцоўцы грамадзянскі падтэкст заглух, выяўленчая роля канцоўкі як ударнага кампанента змазалася.
Ян Гушча праявіў вялікі энтузіязм, узяўшы на сябе клопат упершыню азнаёміць польскага чытача з творчасцю М. Багдановіча. Відаць, любоў, з якою ён выконваў гэтую місію, штурхнула яго на празмернае асучасніванне тэхнікі верша, што прывяло да аслаблення рамантычнага струменя ў інтанацыях. Думаецца, што Ян Гушча прадоўжыць свае творчыя сувязі с Багдановічам. Жадаючы яму ўдачы, хацелася б падкрэсліць важнасць данясення ўсіх адценкаў Багдановічавага смутнага і мудрага гумару, яго рамантычнай іроніі, яго іншасказанняў, у якіх часта засяроджваецца ідэйны змест вершаў.