355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Калеснік » Зорны спеў » Текст книги (страница 5)
Зорны спеў
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 06:00

Текст книги "Зорны спеў"


Автор книги: Уладзімір Калеснік



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 24 страниц)

Такія вывады дазволіў зрабіць мастацкі аналіз, праведзены Танкам. Краіна Робатаў павінна быць пад сталым чалавечым наглядам, гуманістычнай праверкай і кантролем.

Царства Робатаў стварыў не цэльны чалавек, а чалавек разарваны, чалавек мазгавы. Царства Цярэшкі па-над той разарванасцю, таму, нягледзячы на ягоную нелагічнасць, тут прывольна жыве чалавек, тут ён можа праяўляць і развіваць усе свае здольнасці – розум, пачуцці, душу і цела. I такому ўсебакова развітаму чалавеку, на думку паэта, можна даверыць лёс нашай маці-Зямлі. Робату даверыцца небяспечна.

Робат ведае больш за Цярэшку, ён можа растлумачыць, што Сусвет – гэта мірыяды планет, падобных і непадобных на нашу Зямлю, якія ўжо 15 мільярдаў светлавых год разлятаюцца ў бясконцыя далі Сусвету ад нейкага страшнага звышвыбуху нейкага звышцвёрдага рэчыва, якое было перад тым у адным месцы, у цэнтры Сусвету. Цярэшка нічога гэтага не ведае, а калі ведае, дык не патрабуе адмены ўсіх іншых тлумачэнняў. Яму, напрыклад, здаецца не менш, а можа, і больш каштоўнай «гіпотэза», паводле якой Зямля трымаецца на трох сланах, сланы на чарапасе, чарапаха на голубе, голуб на жытнім коласе, колас на сцяблінцы, сцяблінка на калысцы, калыска на матчынай песні. Чым жа каштоўная гэта «гіпотэза»? Ацэначнымі ведамі, гуманістычным хараством. Покуль будзе гучаць песня, гаворыць паэт у вершы «Касмалогія», покуль будзе гушкацца калыска, покуль будзе хістацца сцяблінка, покуль будзе сядзець на ёй голуб, покуль чарапаха будзе паўзці Млечным Шляхам, покуль сланы будуць стаяць на чарапасе —

Зямля будзе век

Зелянець, зелянець, зелянець.


Покуль будзе ў душы чалавека месца на бескарыслівую дабрату, на хараство, датуль Зямля можа адчуваць сябе бяспечнай. Вось у гэтым перавага Цярэшкі над Робатам.

Захоўваючы фальклорную канвенцыю, паэт любіць ставіць па-дзіцячы наіўныя, парадаксальныя пытанні свету:

I нашто цябе, Зямля,

Нехта вытачыў круглай?


Такія ж парадаксальныя адказы-здагадкі, напрыклад:

Ці каб цяжэй было знайсці

Пясчынку шчасця людскога,

Ці каб ніхто не мог бачыць

Канца сваёй дарогі?.. (ХБС, 70)


Парадаксальнасць разважанняў заснавана на тым, што нейкі нашчадак нашага знаёмага Цярэшкі ўжо не трактуе Зямлі як жывой істоты, хоць піша яе імя з вялікай літары. Ён звяртаецца да яе, разумеючы парадаксальнасць свайго звароту, больш таго, гэты нашчадак Цярэшкі ведае прынцыповую цяжкасць, нават і немажлівасць зрабіць чалавека шчаслівым толькі шляхам уздзеяння знешніх сіл і абставін. Так глыбінна, філасафічна асучасніваецца фальклор, нават не фальклор, а фальклорны анімізм, на які простыя героі з вершаў Танка глядзяць крыху зверху. Пранікліва і дасціпна. Яны ведаюць разам з чытачом, што цудоўнасць рэчаў мае не магічную, а грамадскую гуманістычную аснову. Паэт у адыым з вершаў просіць ювеліра аправіць у золата, як самую вялікую каштоўнасць, камень з бруку горада. Гуманістычнае мастацкае ўяўленне падказала яму, што камень гэты – паўнапраўны ўдзельнік гісторыі, сведка рэвалюцыі, вайны, будаўніцтва, ён ачалавечыўся, набыў у нашым успрыманні свой адменны лёс.

Калі адносіны лірычнага героя да прадмета адухаўляюцца, дык тут жа вызваляюцца гуманістычныя сутнасныя сілы, якія пранізваюць адносіны чалавечыя – суб'ект ураўніваецца з аб'ектам. «Я дружу з ветраком»,– заяўляе герой. I не толькі для таго, каб уразіць нас парадоксам. Ён хоча прымусіць нас падумаць, навошта патрэбна гэтая парадаксальная дружба. Ці не для таго, каб адстойваць права чалавека на паэтычную мару, права на высокую і ўсхваляваную думу пра жыццё і людзей, права на антыбюракратычнае і антыснабісцкае ўспрыманне свету. Паэт паказаў нам той вятрак, з якім дзесьці калісьці ваяваў высакародны дзівак Дон-Кіхот. Ветраку таксама, як і каменю з вуліцы горада, перадалася гістарычнасць існавання. Чалавеку, калі ён усё гэта заўважае, уласціва паэтычнае светабачанне.


10

Чытачу, які сачыў за паездкаю, апісанай у гэтых нататках, магло здацца, што я знарок дражню яго цікаўнасць, не гаворачы пра нейкі фінальны факт. Мушу расчараваць чытача. Больш такіх здарэнняў, якія б лажыліся ў кантэкст гэтых нататкаў, я не сустрэў. Паездка скончылася вельмі звычайна, без прыгод. Сёння, калі я прыпамінаю падзеі і думкі, выказаныя тады паэтам, і спрабую ставіць іх у кантэкст яго творчасці, яго разумення паэзіі і грамадскай місіі мастака, заўважаю ўсё новыя і новыя доказы глыбокай жыццёвасці, сапраўднай народнасці Танкавай паэзіі, дзіўлюся з цэльнасці натуры мастака, які ў кожнай жыццёвай сітуацыі, вялікай і дробнай, застаецца сабою – у жыцці і ў творах. Цэльнасць натуры – вось аснова абаяльнасці мастака. Зайздроснае багацце асобы лірычнага героя паэзіі Танка – адлюстраванне самабытнасці аўтара.

Што б мы ні гаварылі пра суадносіны лірычнага героя і асобы мастака, мусім прызнаць: каштоўнасць твора ў чалавечай каштоўнасці творцы. Гэтыя багацці душы раскрываюцца не заўсёды і не ўсім. Чытач, яго здольнасць разумець, яго патрэба ведаць, яго мэта жыць і тварыць, яго ідэал – вось другая сутнасная сіла ў творчым працэсе.

Асэнсоўваючы творчую працу, Максім Танк настойліва падкрэслівае яе сувязь з вытворчаю працай. Зразумела, аналогія і падабенства выступаюць не ў сутнасці працы і творчасці, а ў грамадскай функцыі. Мастацкая творчасць – гэта вытворчасць каштоўнасцей, патрэбных грамадству. На азначэннях сутнасці паэзіі і яе грамадскае ролі ў Максіма Танка прыкметны злабадзённыя павевы часу. Пад уплывам спрэчкі «фізікаў» з «лірыкамі» ён горача выступае супраць кожнага, хто супрацьпастаўляе працу хлебароба працы паэта. Паэзія – хлеб надзённы, глыток вады, кроў у жылах, паэзія – само жыццё. Стварэнне паэзіі – гэта будаўніцтва палацаў для душы сучаснікаў, жылля для нашых эстэтычных пачуццяў, адным словам – будаванне жыцця для індывідуальнай і нацыянальнай народнай душы. Паэтычная праца мае свае цяжкасці, свае пакуты і свае небяспекі. Цяжар таленту і працы паэта ў тым, што ён мусіць быць пры ўсялякіх абставінах праўдзівым, шчырым, адкрытым. Паэта не ахоўвае панцыр жыццёвай мудрасці, практычнасці, кампрамісаў, покуль ён паэт. Нават слава не заўжды ратуе яго ад помсты, зайздрасці тых, каго кранула яго праўдзівае слова. Максім Танк параўноўвае прафесію паэта з канатаходцам, які балансуе над проданню чалавечага сэрца. Сітуацыя двойчы небяспечная, бо ніхто нс бачыць гэтай небяспекі. Паэту-канатаходцу апладзіруюць там, дзе трэба заміраць ад страху за яго жыццё.

Значэнне сваёй творчасці Максім Танк ацэньвае сціпла – гэта адзін глыток вады, якім можна прагнаць смагу ў гарачы дзень. Паэзія патрэбная рэч, але сёння яшчэ не ўсе ўсведамляюць жыццёвую важнасць яе. Паэт гатоў пагадзіцца з гэтым. Ён не хоча ўгаворваць, а тым больш прымушаць любіць чытаць паэзію. Сціпласць паэта гордая. Адно толькі гарантуе ён – даць чытачу глыток чыстай вады. Наконт чысціні ён не прыме папрокаў. Вышэй за ўсё даражыць мастак праўдзівасцю сваёй песні, жывою душою, укладзенаю ў напевы. Таму і абурае яго, і раздражняе, і смешыць тупая самаўпэўненасць літаратурных мяшчан, гатовых падказваць паэту рашэнні цяжкіх тэм, падказваць дарогі, выбрукаваныя глыжамі банальных, але бясспрэчных ісцін. Паэту вальней дыхаць сярод простых людзей, якія не маюць да яго асаблівых прэтэнзій, лічаць яго проста знаёмым чалавекам, а не якімсьці фокуснікам-паэтам.

Паэтычная праграма Максіма Танка – гэта не сістэма нейкіх правіл, суджэнняў, паняццяў, гэта сістэма шуканняў. А дзе шуканне, там і супярэчлівасці, там і спрэчкі з праціўнікамі, з аднадумцамі, з самім сабою. Параўнайце вершы «Вясновая ода» і «Паядынак». На першы погляд яны пярэчаць адзін другому, даюць розныя адказы на пытанне, служыць ці не служыць паэзіі практычным патрэбам жыцця:

Напэўна, эстэты ды розныя снобы

Не згодзяцца з гэтаю одай маёй:

Глядзіце – паставіў Пегаса ў аглоблі,

Вазіць памагае калгаснікам гной (III, 180).


У «Паядынку» сатырычны персанаж, кан'юнктурны паэт Дон Пэдра, стаіць як быццам на той жа пазіцыі, што аўтар у «Вясновай одзе», і за гэта атрымлівае выклік на дуэль. Хіба за некалькі гадоў, што аддзяляюць гэтыя вершы, паэт змяніў погляды на пастаўленую праблему? Не. Паэт ніколі не быў супраць служэння паэзіі чалавеку і грамадству. Розніца паміж ім і Донам Пэдрам у нюансах, таму і спрэчка вырашаецца па-рыцарску. Паэзія павінна служыць чалавеку і грамадству, служачы праўдзе і красе. Іншыя формы служэння ператвараюць паэзію проста ў бяздумную служанку. Там, дзе пачынаецца чышчэнне батфортаў, няма паэзіі. Яснасць уносіць паэт у вершы «Абвяржэнне», заяўляючы: «Мне чалавечае ўсё было блізка». Так, чалавечае, а не кан'юнктурнае, прыслужніцкае. Дон Пэдра не ўлоўлівае гэтых «нюансаў».

Спецыялісты кажуць, быццам паэзія Танка развіваецца ў кірунку класічнай завершанасці формаў. Сам паэт як быццам пацвярджае гэтае меркаванне, заяўляючы:

Перш непакоіўся:

Як сваю думку ўпрыгожыць.

I, як дзікун той,

Стараўся абвешаць яе

Цацкамі... (III, 277)


Не будзем упадаць у наіўнасць і грэх літаральнасці. Не ўсякую думку прыхарошваў паэт на пачатку творчага шляху. У ранніх вершах гіпербалізаваліся хутчэй пачуцці, чым думкі. Паэт стаяў тады на барыкадзе, душа яго перапаўнялася рамантычнымі парываннямі. Успрыманне свету героем было гарачым, напружаным, але не такім складаным, як сёння. Хоць паэт і заяўляе, што імкнецца «вершу даць строгую форму ракеты», але на справе ён ідзе да ўсё большай і большай мнагастайнасці форм. Зрэшты, гэта азначае максімальнае вызваленне жанравай прыроды лірыкі як славеснага жывапісу пачуццяў. Сказанае можна лёгка пацвердзіць, калі прабегчы вокам змест пасляваенных зборнікаў: чым бліжэй да сённяшняга дня, тым радзей паэт дае загалоўкі вершам, а гэта бясспрэчнае сведчанне росту лірычнай экспрэсіі ў мастацкім самавыяўленні. У найноўшай паэзіі Танка мы сустракаем творы, вельмі розныя па манеры, ступені закончанасці, тэматычнай важнасці. Побач з вершамі, якія нагадваюць народную песню з яе стылізаванымі вобразамі дзяўчыны і хлопца, з паўторамі дэкарацыйных кампанентаў у сюжэце, з рытма-меладычнай каларытнасцю, стаяць зусім іншыя творы – пазбаўленыя меладычнасці, нерыфмаваныя, шурпатыя, моўленыя радкі, у якіх агеньчык паэзіі схаваны пад цвёрдаю шкарлупінаю думкі. Вершы гэтыя нагадваюць сілагізмы або афарызмы, а закранаюць яны такія вострыя грані жыцця, такія трывожныя роздумы сучасніка, што ім не патрэбна строгая форма ракеты, іх змест робіць уражанне выбуху бомбы. Дынамічная рухомасць, уздыбленасць выслоўя, экспрэсія радка і ёсць тут дасканаласцю формы, якая ўтварылася цераз адштурхоўванне ад традыцыйна паэтычнага выказвання:

Званілі:

На караблі касмічным

Ёсць месца для мяне...

Ужо хацеў бы ехаць на ракетадром,

Але на хроніку газетную зірнуўшы —

... I ўбачыўшы шмат спраў,

Неўладкаваных на Зямлі,

Я з жалем зноў да гэтых спраў

Вярнуцца мусіў.

Бо хоць я не прысутнічаў

Пры нараджэнні свету,

Але я не хацеў бы сведкам быць

Яго апошніх дзён (ХБС, 133).


Відавочна, было б з эстэтычнага пункту немэтазгодна спарадкоўваць менавіта гэтыя выслоўі ў рыфмаваныя радкі. Паэт спадзяецца на лёгкасць і дынамізм самой думкі. У «Трактаце аб паэзіі» Танк называе гэтае новаўвядзенне «нялёгкастраўнаю формай» і прадбачыць папрокі ў грахах «супраць традыцыі нацыянальнай». Тым не менш ён ідзе на канфлікт з традыцыяй. Не заўсёды, напэўна, наватворы паэта апраўданы, але пошукі новых сродкаў паэтычнага выяўлення – закон мастацкай творчасці. I тое, што паэт, уступаючы ў шаноўны ўзрост, абнаўляе вобразны арсенал больш смела, чым іншыя маладыя паэты, дзівіць і радуе як праява сілы таленту.

Апошнім часам наша літаратуразнаўства шмат зрабіла, вывучаючы паэтычнае майстэрства Максіма Танка. Паэта хваляць за асацыятыўнасць вобраза, за арыгінальныя прыёмы пабудовы тропа і верша ўвогуле. Стасуючы палажэнні сучаснай паэтыкі да твораў Танка, крытыкі выяўляюць высокі клас майстэрства. Чытаць гэтыя даследаванні цікава і карысна, бянтэжыць толькі часам адна акалічнасць: асобныя крытыкі дэманструюць такую тэарэтычную ўзброенасць успрымання, што пахвала аўтару міжвольна выклікае заклапочанасць. Парадокс у тым, што вялікая складанасць канвенцыі не прадугледжана паэтам. Паэт хоча выказвацца зразумела, ён жа гаворыць з народам, чыё ўспрыманне паэтычнай мовы абыходзіцца без коду асацыятыўнасці, як яго разумее сучасная паэтыка. Відавочна, мера як паказчык гармоніі патрэбна не толькі мастаку, але і нам, яго крытыкам.

Вяртаючыся да пачатку гэтых нататкаў, хачу яшчэ раз развеяць мажлівыя сумненні наконт таго, ці магло ўсё, напісанае тут, прыйсці ў галаву аўтару па дарозе з Брэста ў Моталь і назад. Вядома, не. Шмат што прыйшло раней і толькі выйшла на паверхню як вартае ўвагі ў часе асабістых кантактаў з паэтам. Паездка ў таварыстве паэта – толькі адзін з такіх кантактаў. Яна выкарыстана ў гэтых нататках як прыём для таго, каб наглядна паказаць, што Максім Танк не проста майстар складаць вершы, а выдатны мастак і чалавек.

Мне здаецца, што ў працах такога тыпу не так істотна, калі напісана тая ці іншая старонка, важна тое, ці граматнае і цікавае прачытанне мастацкіх твораў паэта, якое я асмельваюся прапанаваць чытачу, ці з'яўляюцца выказаныя тут ацэнкі і меркаванні прафесійнымі і самастойнымі. Адказ на натуральныя ў нашай прафесіі пытанні можа даць толькі чытач. Пра сябе як аўтара я магу хіба што сказаць – стараўся.

ВЯРТАННЕ ЗОР

Рупная праца беларускіх перакладчыкаў, якія літаральна здымаюць зоркі з неба сусветнай паэзіі, добра сведчыць пра творчую сталасць нашай літаратуры. Нядаўна ім пашчасціла перакласці на родную арбіту першую буйную зорку сваёй нацыянальнай паэзіі. Гэта – паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Патрыятычная паэма была створана ў эпоху Адраджэння на мёртвай сёння латыні. Факт гэты можа здацца сучаснаму чытачу парадоксам, дзіўнаю анамаліяй, хоць на самай справе тут усяго адна з праяў гістарычнай абумоўленасці развіцця і пашырэння мастацкага слова.

Заходняя Еўропа ў сярэднія вякі пісала на мове рымлян амаль усё – вучоныя трактаты і палітычныя дагаворы, палемічныя пасланні і нават эпіграмы, віншаванні. Будзённая латынь, пазбаўленая класічнай чысціні і ўрачыстай святочнасці, атрымала назву вульгаты. Валацужныя паэты-шкаляры, так званыя ваганты, складалі на ёй фрывольныя да непрыстойнасці вершы, абражаючы вушы пана бога і пачцівых слугаў яго ў гарадах і сёлах. Свабодай выказванняў такая латынь не ўступала кожнай жывой мове. Пазней, у часы Адраджэння, ужыванне латыні звузілася. На ёй гаварыла і пісала свецкая і духоўная арыстакратыя, імкнучыся вярнуць мове Гарацыя і Цыцэрона страчаную веліч і бляск. Латынь у гэтую пару заставалася мовай культуры, на ёй стваралася пераважна высокая паэзія, а клопатную штодзённасць пачалі абслугоўваць мовы нацыянальныя, якія па рымскай традыцыі належала б назваць варварскімі. Цераз родныя мовы, аднак, маглі далучацца да культуры і грамадскага жыцця шырокія масы просталюдзінаў, асабліва мяшчан, саслоў'я, якое цяпер вырастала ў магутную грамадскую сілу, здольную ўплываць на гістарычны працэс, надаваць аблічча эпосе.

Лацінская мова «Песні пра зубра» стварае прэцэндэнт, ці не залічыць гэты твор да арыстакратычнай паэзіі. Але як бы мог арыстакратычны твор уваскрэснуць у наш дэмакратычны час?

Сотні гадоў ляжала паэма ў фондах рэдкіх кніг, не часта адчувала цяпло пальцаў нейкага бібліяфіла ці вучонага паэта, але не астыла. Хіба гэта не пераканаўчы доказ мастацкасці?

Да з'яўлення паэтычнага перакладу літаратуразнаўцы не маглі гаварыць пра эстэтычную вартасць паэмы. Літаратура беларускага Адраджэння характарызавалася пераважна імёнамі Скарыны, Буднага ды Цяпінскага. Спадчына гэтых гуманістаў выключна каштоў-ная, аднак трэба лічыцца з тым, што яны выступалі пераважна ў жанрах публіцыстыкі, а найбольш паказальным жанрам літаратуры эпохі Адраджэння была паэзія. Уваскрошаная перакладам «Песня пра зубра» дорыць беларускаму Адраджэнню мастацкую паўнакроўнасць і эстэтычную культуру.

«Carmen de bisontis» – так скарочана гучыць лацінская назва твора – у 1968 годзе была перакладзена на рускую мову вучоным-лаціністам Якубам Парэцкім і таленавітым паэтам-перакладчыкам Язэпам Семяжонам, а на беларускую праз год – самім Семяжонам23. Упершыню паэма друкавалася ў 1523 годзе ў Кракаве, але да нядаўняга часу пра яе ведалі толькі асобныя польскія, чэшскія і нямецкія літаратары ды рускія вучоныя-прыродазнаўцы. У Польшчы і Расіі «Песня» нават перавыдавалася ў XIX стагоддзі. Але на лацінскай мове і маленькімі тыражамі, таму не выйшла з ліку рэдкіх кніг. Паэт Ян Каспровіч пераклаў яе на польскую мову і зацікавіў надрукаванымі ўрыўкамі шырэйшае кола аматараў мастацкага слова. Ён прызнаў «Песню» творам самародным і прыкмеціў уплыў Гусоўскага на творчасць Адама Міцкевіча, асабліва на паэму «Пан Тадэвуш». Сёння ў Полыпчы «Песня пра зубра» разглядаецца не толькі ў спецыяльных навуковых даследаваннях, але і у агульных працах па гісторыі літаратуры. Праўда, усё яшчэ прыкметна неўсталяванасць ацэнак. Так, выдатны літаратуразнаўца Юльян Кжыжаноўскі ў кнізе «Dzieje literatury polskiej», што выйшла ў 1970 годзе ў Варшаве, называе Гусоўскага сярэднім паэтам, мастацкую вартасць паэмы прымае з агаворкамі. У сваёй ранейшай, больш аб'ёмнай кнізе вучоны тлумачыў стрыманасць сваёй ацэнкі тым, што Гусоўскі лішне захапляецца жахлівасцямі, гэта значыць, дапускае пахібы густу, па майстэрству вучоны вышэй ставіць «Раксаланію» Фабіяна Кляновіча24. Даследчык польска-лацінскай паэзіі Мар'ян Плезія цэніць Гусоўскага вышэй: ён называе аўтара «Песні» самабытным мастаком эпічнага складу, хваліць яго за адвагу выяўляць уласныя пачуцці, арыентавацца на рэчаіснасць, а не на кніжныя ўзоры і аўтарытэты25. Даследчык любоўна вышуквае жывінкі нават у царкоўных агіяграфічных творах паэта, напрыклад, у «Жыцці святога Яцэка». Відавочна адно: творчасць Гусоўскага не месціцца ў рамкі польска-лацінскай традыцыі эпохі Адраджэння. Гэта акалічнасць схіляе да пошукаў новых аспектаў аналізу.

Ледзь не ўсе польскія даследчыкі лічаць Гусоўскага выхадцам з Беларусі. Дакладнасць адлюстравання жыцця нашага краю пацвярджае такое меркаванне. Але справа не толькі ў гэтым. Так бачыць свет і так ацэньваць жыццё, як гэта зроблена ў паэме, мог не проста жыхар Беларусі, а яе адданы сын. Верагодна, што рэчка Уса або назвы паселішч Налібоцкая Уса, Усоўшчына далі прозвішча Мікалаю Гусавяніну  –  Гусоўскаму, але яго характар і асобу, бясспрэчна, узгадавала родная глеба  –  прырода, гісторыя і звычаі Беларусі. Заманліва паставіць паэму ў рэчышча грамадскай і літаратурнай явы беларускага Адраджэння.


Заказ мецэната

У 1518 годзе, калі славуты палачанін Францыск Скарына, узброены доктарскімі дыпломамі, зарукай і грашыма віленскага бургамістра Якуба Бабіча, перакладаў, каменціраваў і друкаваў у Празе кнігі Беларускай бібліі з надзеяй узварухнуць грамадскую думку суайчыннікаў, з Кракава ў Італію ехала каралеўскае пасольства на чале з Плоцкім біскупам Эразмам Цёл-кам, каб схіліць папу Лявона X да стварэння кааліцыі хрысціянскіх дзяржаў супраць турак і татар, якія па-гражалі польскай Кароне і асабліва саюзнаму з ёю Вялікаму княству Літоўскаму. У свіце пасла аказаўсл зямляк Скарыны, чалавек таксама адукаваны і даравіты, улюбёны ў родны край і гатовы ахвярна служыць яму працай і талентам. Насіў ён імя самага папулярнага ў народзе святога, апекуна збажыны і гавяды – Міколы.

Гісторыкі кажуць, што польскі кароль Жыгімонт Стары дазволіў Эразму Цёлку падабраць для пасольства самых лепшых сакратароў дзяржаўнай канцылярыі. Сярод гэтых абраннікаў Мікола Гусоўскі не значыцца. Ён, відаць, быў на службе ў біскупа даўно, можа, з тае пары, калі той не насіў яшчэ пурпуровай мантыі, а ўзначальваў вялікакняжацкую канцылярыю ў Вільні. Біскуп-дыпламат паходзіў з мяшчанскага роду, гэта відаць нават па прасцецкім прозвішчы, а зайшоў так высока, бо меў выключныя здольнасці і авалодаў навукамі. Такія людзі звычайна ўмеюць прыблізіць да сябе здольных паплечнікаў і падначаленых. Мікалай Гусоўскі, у кожным разе, пасаваў да такога абранніка, ён даказаў неўзаюаве, што мог стаць кімсьці большым, чым сакратаром або нават кансультантам пасла па справах Вялікага княства Літоўскага і сваёй радзімы Беларусі.

Выпадак надарыўся нібыта сам сабою. Аднойчы дыпламаты забаўляліся боем быкоў на арэне рымскага цырка. У самы разгар відовішча хтосьці з пасольскае світы сказаў, што яму прыгадалася нешта знаёмае – паляванне на зубра. Гусоўскі падхапіў размову і расказаў пра свае паляўнічыя прыгоды. Апавяданне зацікавіла саноўнікаў не менш, чым арэна. Сам папа Лявон X, заядлы паляўнічы, звярнуўся да Эразма Цёлка з просьбай дастаць яму чучала гэтага звера. Біскуп адправіў ганца ва ўладанні Радзівіла, а Міколу Гусоўскаму загадаў «паўтарыць расказанае ў форме песні».

Нялёгкая справа – прыўзняць жывую гутарку да высокага гучання паэмы. Свецкая і духоўная арыстакратыя тагачаснай Еўропы густавала ва ўзнёслых радках Гарацыя, Віргілія, Авідзія і ад сучасных паэтаў патрабавала вучонасці, ведання класічных узораў і прынцыпаў, умення паднімацца да іх. Мікола Гусоўскі не мог ігнараваць тагачасных эстэтычных патрабаванняў і крытэрыяў, але свежы поспех яго жывога расказу ў знатных слухачоў спакушаў паэта «застацца сабою». Расказваючы паляўнічыя гісторыі, гэты бывалы ўжо чалавек па рэакцыі субяседнікаў мог упэўніцца, які важкі быў яго жыццёвы вопыт. Паэт меў аказію праверыць эстэтычную вартасць той асабістай і нацыянальнай адметнасці, якую ён увасабляў. Наспявала рашэнне не мудраваць, а даверыцца памяці сэрца, пакласці прыём успамінаў і расказаў у аснову будучай паэмы, яе сюжэта, кампазіцыі, стылю.

Памяць паэта звычайна захоўвае найбольш яскравыя ўражанні. У часе ўспамінаў як бы сам сабою праходзіць мастацкі адбор, і калі асоба мастака багатая, арыгінальная, то яму, бывае, хопіць сумленна паставіцца да перажытага, каб сам працэс творчасці навёў на выбар галоўнага, тыповага і атрымалася абагульненне жыцця. Канешне, палёт творчай думкі заўжды падтрымліваюць густы той эпохі ці асяроддзя, у якім мастак жыве, эстэтычныя ідэалы, праграмы і каноны. I чым лепш распрацавана сістэма правілаў, тым больш будуць яны абмяжоўваць творчую свабоду, бо ўся эстэтыка мінулага гістарычна абмежавана. Толькі ў пераломныя часы, на стыках эпох, на зломах традыцый узрастала новае, самабытнае. Паэма Гусоўскага лішні раз пацвярджае гэта.

«Песня пра зубра» захавала стылёвы каларыт вуснага расказу-гутаркі, адрасаванага слухачу. У стылі паэмы ёсць шмат чаго ад гутарковай жывасці казак, былін і дружынных прамоў з іх шчырай прастатою і непасрэднасцю зносін. Можна лічыць гэту размоўнасць адгалоскам сярэдневяковай літаратуры, дзе творы звычайна разлічваліся на вуснае чытанне і калектыўнае праслухоўванне. Аднак жа ў цэлым паэма як малюнак жыцця, арыентаваны на рэчаіснасць, належыць да новай эпохі – Адраджэння.

Сказавая форма патрабуе ад аўтара ўводзіць, акрамя аб'ектывізаваных характараў і малюнкаў жыцця, прынамсі два суб'ектыўныя вобразы: апавядальніка і ўяўнага слухача. У нашым выпадку апавядальнік і слухач– людзі далёкіх краін, прадстаўнікі розных культур і мастацкіх традыцый. Каб зразумець адзін аднаго, ім трэба дамовіцца, прыняць нейкія агульныя прынцыпы зносін. Гусоўскі прапануе пакласці ў аснову паэтычных зносін праўду і сэнсоўнасць – прынцып рэалістычны, рэнесансавы. Для аўтара гэта азначала добраахвотнае адрачэнне ад нацыянальнай радзімнай фальклорнай традыцыі, дзе асновай мастацкасці была фантастыка, выдумка, легенда, язычніцкае абагаўленне свету. Ці мажлівай была такая ахвяра?

Пафас шчырае праўды захоплівае паэта з першых радкоў, дзе ён адкрываецца як чалавек дзіўнага лёсу: у маладосці паэт быў спраўным і, у межах адпушчана-га чалавеку, адважным лаўцом, потым лёс зрабіў яго кніжнікам, даў пазнаць летапісы роднага краю і кнігі антычных пісьменнікаў, прывёў на двор біскупа, «вялікага мужа». Аўтар перажыў прыгоду жыцця якраз на меру бурнай эпохі Адраджэння, ён гэта ведае і не праміне выпадку расказаць пра сябе.

Мастак, яго чалавечы і грамадзянскі лёс часта апы-наецца ў кампазіцыйным цэнтры твора, адцясняючы тытульны эпічны вобраз зубра і зубрападобных князёў. Амаль выключна з тэксту паэмы нам дасталіся біяграфічныя звесткі пра аўтара, яны скупыя, але іх дастаткова, каб скласці пэўнае ўяўленне пра Міколу Гусоўскага – сына лясоў, які стаў сынам навук, і палюбіць яго за суровае, поўнае небяспечных выпрабаванняў юнацтва паляўнічага, за вопыт жыцця асвечанага мужа, які ўмее высакародна і мудра цаніць чалавека.

Мікола Гусоўскі ўдзячны мецэнату, які вывеў яго ў людзі, далучыў да культуры, але, у глыбіні душы, дзесьці скардзіцца на яго за тое, што саноўнік звёў яго, прастака, з роднага краю. Адважны лавец, сын лясоў пакутуе ад зменнасці свайго лёсу, прагне ранейшай прастаты і суровай інтэнсіўнасці жыцця. Яго паэму можна разглядаць як унутраны парыў злучыць разарванае жыццё, злучыць у думках, у фантазіі. Творчасць – тое ж паляванне, справа цяжкая, рызыкоўная, але і вартая мужчыны. Хіба паспрабую?..

Трэба злаўчыцца рукой, што да лука прывыкла,

Спрытнасць сваю праявіць і ў пісьменстве прыгожым.

З бояззю нейкай, прызнацца, са страхам душэўным

Пёрка нязвыклае ўзяў, адчуваю: пад ношай

Гэтай бязважкасці ніц упаду, бесталанны,

Бо, не адолеўшы страху, не здзейсню іх волі.

З гэтым сумненнем буджу я крыніцу натхнення:

Воля сіньёра – для служкі закон непарушны,

Так што тут спроба мая, а рашэнне – чужое. (7)


Чытач тут можа паціснуць плячыма: «Дзівак-чалавек гэты Мікола Гусоўскі, цяжка зразумець яго: ці ён рамеснік, што выконвае заданне сіньёра-заказчыка, ці паэт, які творыць паводле ўласнага натхнення?» Сам Гусоўскі не бачыў супярэчнасці ў гэтым маналогу. Адною нагою стаяў ён яшчэ ў сярэдневякоў'і, таму быў пэўны, што аўтарытэт знакамітага заказчыка пераходзіць і на майстра. Без аўтарытэтаў ён не можа абысціся, але абмежавацца аднымі аўтарытэтамі ўжо не хоча. Яму смялей брацца за пяро, адчуваючы за сабою маральны аўтарытэт апекуна, але аснова смеласці ў тым, што ён знае справу, пра якую трэба пісаць. Веданне справы цэніць дзелавіты рэнесансавы Захад, і паэт наш не такі прастак, ён ведае, як здабыць італьянскага чытача:

Край свой (цяпер ужо ўласнасць Кароны) калісьці

Я перамераў удоўжкі і ўпоперак пешшу.

Змалку ад бацькі вучыўся ў бясконцых абходах

Крокам нячутным ступаць, каб нішто не шурхнула.

I спасцігаў, як звяроў прыкмячаць па бярлогах

Нюхам, і вухам, і вокам. без якасцяў гэтых

Не напалюеш, бо звер палахлівы і пільны.

Колькі патоў ён, бывала, зганяў з мяне ў зімнюю сцюжу,

Коп'і шыбаць прымушаючы збегу наводмаш!

Колькі нагледзеўся смерці, наслухаўся енку

Ў пушчах, пакуль мяне, сына, вучыў палясоўшчык!

Рос і засвойваў усё: дзе сям'ёю мядзведзі

Сусляць маліннік, дзе пасвіцца дзік па дубровах,

Як на ласёў асцярожных нябачныя сеці

Ў лузе расставіць, каб трапіў у пастку сахаты.

Рэкі лясныя, Дняпра паўнаводнага строму

Пераплываў я з канём у пагоні за зверам.

ПІто там таіцца, карцела дзе-небудзь і збочыць;

Гнаў тую думку: на людзях і смерць не страшная.

Колькі нягод паспытаў я на тых паляваннях —

Каяцца б можна, ды хто ж калі каяўся ў мілым!

Быў і адважны, а дзе й неразважны, казалі:

Як ні было – не забыць сваю школу Міколу. (15)


Сутыкненне і сумяшчэнне нацыянальнай вусна-паэтычнай традыцыі з рэнесансавай кніжнай стала асновай кампазіцыі паэмы, яе ліра-эпічнай структуры. Падпарадкоўваючыся рэнесансаваму патрабаванню паслядоўнасці, яснасці, зграбнасці выкладання зместу, Гусоўскі стрымлівае лірычныя адступленні, але робіць гэта ўслых і таму на справе памнажае іх колькасць, узбагачае ліра-эпічную структуру твора.

Шануючы свайго чытача, называючы яго дапытлівым і разумным, паэт запэўнівае, што гаворыць толькі праўду:

Я ж разумею, што тым, для каго я спяваю,

Праўда за ўсё даражэй, і пагэтаму стаўлю

Кропку над «і»: невядомае мне невядома. (19)

Я ж не прыхільнік здагадак і розных фантазій,

Тое пяру давяраю, што сам неаднойчы

Бачыў, праверыў, зрабіў,—свой мазолісты вопыт. (32)

Я ўваскрашаю карціны былога і знаю:

Праўдаю гэта палічаць адны, а другія

Скажуць – манюка! Хай кажуць. (28)


Хто ж гэтыя другія? Як яны ўяўляюцца паэту? Другія—гэта, відаць, адукаваныя начытнікі, рутынёры, схільныя верыць літары кніжнай, прызнанаму аўтарытэту болын, чым жывому сведку і яго вопыту. Разбіць кніжную выдумку пра зубра– вось адно сярод запаветных жаданняў мастака. Былы паляўнічы выказвае не малую начытанасць, ён папраўляе некалькіх антычных аўтараў, якія апісвалі зубра паводле чутак і скрывілі яго вобраз. У гэтых спрэчках мы зноў бачым рэнесансавы погляд на паэзію як на родную сястру навукі і законную дачку прыроды (Леанарда да Вінчы).

Сын асвечанай эпохі, Гусоўскі пранікаецца пафасам палемікі, страсцю праўдамоўнасці:

Я прысягаюся: скрозь, да апошняга слова

Пець толькі праўду, хоць кожнаму добра вядома,

Што і ў дасціпныя выдумкі – байкі і казкі —

Вераць і дзеці і часам дарослыя людзі. (26—27)


Аднак жа паэт – не тое што сведка на судзе, якому даволі назваць некалькі новых фактаў, каб пакінуць залу з пачуццём споўненага абавязку: суд разбярэцца, складзе з розных сведчанняў праўдзівую карціну і вынесе аб'ектыўны прысуд, дасць справядлівую ацэнку. Паэту трэба быць і кампетэнтным сведкам, і мудрым суддзёю ў адной асобе. Адчуваючы, што прамога вопыту нават яму будзе замала, Гусоўскі называе дадатковыя крыніцы, з якіх ён чэрпаў звесткі для твора,– гэта старадаўнія беларускія летапісы і народныя паданні, легенды, павер'і. Да крыніц ускоснага вопы-ту ён ставіцца крытычна, але, як убачым, менавіта з беларускіх летапісаў возьме гераічную здаровую гра-мадзянскасць як узор жыцця, як эталон і крытэрый ацэнак сучаснасці.

Ацэнка – самы адказны момант у творчасці. Наш паэт шчыра прызнаецца, што звязаны пэўнымі празі-ламі: яго апякун і заказчык прызнае толькі тое, «што і прыстойна, і вартае сану духоўных». Паэт мусіць пісаць так, каб словы «богу і пану майму дагадзілі па густу». Хай не шукае чытач у паэме «ні асалоды жыцця, ні вяселля, ні ласкі». Тут важна адзначыць, што Гусоўскі адчувае розніцу паміж пазнавальнаю і эстэтычнаю функцыяй паэзіі, ён не ігнаруе апошняй, а толькі абмяжоўвае яе рамкамі хрысціянскай дактрыны, увогуле паслабленай гуманістычнымі павевамі жыцця. Якія ж асалоды ён лічыць прыстойнымі для чытача? Эмоцыі мужныя і высокія: адольванне страху, радасць паляўнічых удач, захапленне красой і сілай прыроды, знаёмства з экзатычным краем, сваёю радзімай. Радасць пазнання – вышэйшая сярод асалод, яна нясе перамогу над забабонамі. Праўдзівасць – вось крыніца асалоды і аснова хараства твора. Аўтар заклапочаны, што не можа адрасавацца да прамога вопыту чытача, расказваючы пра перажыванні паляўнічага, які сустрэўся з зубром:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю