355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Калеснік » Зорны спеў » Текст книги (страница 2)
Зорны спеў
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 06:00

Текст книги "Зорны спеў"


Автор книги: Уладзімір Калеснік



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 24 страниц)

Варта было аўтару прыгадаць хоць бы агульны прынцып ацэнак, якога прытрымліваўся М. Танк, каб выказвацца асцярожней. М. Танк піша ў «Лістках календара»: «Агулам у паэзіі мне падабаецца ўсё, што я яшчэ не ў сілах стварыць сам» 14. Ён дадатна ацэньвае сімвалізм У. Жылкі і Л. Родзевіча і шкадуе, што «з ім размінуўся, калі ішоў за плугам...»15. Нарэшце такое выказванне: «У нас няма розніцы паміж літаратурай і забастоўкай, літаратурай і дэманстрацыяй, таму амаль на ўсіх палітычных працэсах разам з барацьбітамі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне на лаве падсудных знаходзілася і наша заходнебеларуская літаратура»16.

У адным месцы М. Танк закрануў вершы Ігната Дварчаніна, якія трапілі да яго, перапісаныя інжынерам Сцяпанам, што вучыўся ў Празе, а потым працаваў у віленскім камуністычным падполлі. Дварчанін не прэтэндаваў на паэтычнае імя. Друкаваў ён асобныя вершы, у тым ліку і прыведзены М. Танкам – «Вечнасць», у газетах ды студэнцкіх часопісах, падпісваючы іх крыптонімам «I. Д.», але не выдаў зборнікам, хоць у пачатку 30-х гадоў у Заходняй Беларусі выдаваліся і слабейшыя рэчы. Дварчанін друкаваў толькі «Хрэстаматыю беларускай літаратуры», друкаваў упарта, выпуск за выпускам. Гэтая праца адыграла выдатную ролю ў культурным жыцці Заходняй Беларусі. Па ёй вучыўся і Максім Танк. У мемуарах паэт не быў абавязаны даваць цэласны партрэт Дварчаніна, меў права даць адзін штрых, але крытыка абавязана растлумачыць мімалётнасць такога штрыха.

Ігнат Дварчанін не быў паэтам. Не мог ён стаць і вялікім грамадска-палітычным дзеячам, бо быў літаратарам і рамантыкам па духу. Неўраўнаважаны, чуллівы, ён ад нараджэння быў асуджаны на захапленні і расчараванні, хістанні і пакуты ад уласных памылак. Вось адна спавядальная гісторыя Дварчаніна, узятыя мною з пісьма да Уладзіміра Жылкі. Справа адбываецца ў 1924 годзе ў Пражскім універсітэце. Дварчанін адыходзіць ад эсэраў, уступае ў гурток студэнтаў-марксістаў:

«Жылачка!

Ты кажаш, што мы блізкія і па пераконаннях... Ці ж банкрут каму-колечы блізкі? Ці ж ён мае што-небудзь пазітыўнае, цвёрдае, моцнае? Між двух крэслаў!.. Ёсць адно: грунтоўная класавая свядомасць і, можа быць, трошкі «чэснасці» з сабою...

Адно ў мяне здаровае – інстынкт. Ніколі ў жыцці ён мне яшчэ не здрадзіў, спадзяюся, што і надалей паслужыць, верны таварыш... Скажаш: «Дзе ж марксізм, братка? Гэта лірыка ўсё!» I марксіст можа быць лірыкам. У яго сэрца б'ецца ва унісон з касою селяніна і малатком каваля... I ён мае чуццё!»17.

Здаецца дастаткова, каб адчуць, што Дварчанін – паэтычная натура. Вядома, гэтага мала, каб стаць паэтам на справе, але эмацыянальнасць самавыяўлення была яму ўласціва і, напэўна, перашкаджала ў палітычнай дзейнасці лідэру пасольскага клуба «Змаганне», але яна штурхнула яго на стварэнне ўпамянутай «Хрэстаматыі». Карацей кажучы, асоба Дварчаніна складаная і больш значная ў сваіх супярэчлівасцях, чым пра гэта засведчаць яго вершаваныя творы.

«Лісткі календара» заслугоўваюць, на мой погляд, больш уніклівай увагі крытыкі, чым тая, якая была ім аказана. Кніга выклікае вялікую павагу і вялікую дапытлівасць. Яна чакае грунтоўнага прачытання, каб сказаць шмат цікавага.

Вяртаюся да падарожжа.

Наша гутарка пра архіўныя дакументы навяла Максіма Танка на адзін успамін. I я пачуў развязку гісторыі, якая мяне даўно цікавіла.

Жыў у 30-я гады ў Вільні беспрацоўны, спачуваў камуністам. Партыя абсталявала ў яго на кватэры падпольны гектограф. Там друкаваліся лістоўкі і дэкларацыі Цэнтра нацыянальна-вызваленчага руху і Літаратурнага фронту сялянскіх і рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Памятаю, у архіўных дакументах мяне здзівіла рускае прозвішча гаспадара падпольнай друкарні – Цімафееў, а ў графе «веравызнанне» – старавер. У часе вобыску паліцыя знайшла ў яго толькі 12 чыстых клішэ ды некалькі пачкаў паперы. Судзіць няма за што. Як сведчаць дакументы славутага суда над удзельнікамі Літаратурнага фронту і легальнай камуністычнай прэсы, Цімафеева Івана Яўстафавіча апраўдалі. Але што з ім здарылася далей – я не ведаў. Не лёгка адшукаць сляды чалавека, які хоць раз апынуўся каля эпіцэнтра тых землетрасенняў, што калацілі наш край апошнія паўвека. Я не ведаў. Максім Танк, аказалася, знаў.

Тады, у 1936 годзе, паліцыя самаволяй выдварыла Цімафеева ў СССР – калі ты, маўляў, рускі, ды яшчэ старавер, ды яшчэ дапамагаеш камуністам – валяй туды... А там прынялі яго за шпіёна... Час быў даволі складаны, усялякія нечаканасці маглі ўпрыгодзіцца з чалавекам, тым больш калі ў яго самога было не ўсё проста ў жыцці... Пасля XX з'езда КПСС, каб вярнуць добрае імя чалавеку, органы пракуратуры звярнуліся да Максіма Танка, і ён прыпомніў гэтага чалавека, хоць прайшло больш за два дзесяткі гадоў.

Я слухаю і думаю сабе, як добра, што ў паэта такая памяць на добрых людзей і на добрыя справы. Гэта ж і ёсць тая зайздросная памяць сэрца, якою лёс надзяліў мастакоў.

У вершах Максіма Танка апошнім часам усё часцей і настойлівей гучыць гэта слова – памяць. Мне асабіста здаецца, што вяртанні да перажытага натуральныя ў чалавека, які разменьвае шосты дзесятак. Ды якіх жа гадоў!

Чытаючы ў свой час зборнікі «След бліскавіцы», «Мой хлеб надзённы», «Глыток вады», а сёння пераглядаючы гэтыя нататкі, хочацца дадаць яшчэ «Хай будзе святло», я неаднойчы адчуваў, што паэт не падмалоджваецца, не надзяляе лірычнага героя дарам вечнае маладосці, як гэта часам робяць некаторыя шаноўныя аўтары. Каму і навошта патрэбна ўзроставая паказуха: «Я, маўляў, чалавек у гадах, але душа маладая...» Хіба ў нас такая ўжо нястача маладосці і лішкі сталай мудрасці? Хутчэй наадварот. I на гэта ёсць невясёлыя гістарычныя прычыны.

Мне падабаецца, што Максім Танк неяк вельмі натуральна, я сказаў бы, сумленна і мужна пераходзіць са сваім лірычным героем з аднаго ўзроставага пакалення ў другое. Ёсць у гэтым нешта здаровае, нават прыгожае. Паэтычны дыялог з чытачом захоўвае праўдзівасць і ўнутраную чалавечую пераканаўчасць. Тры кругі зрабіла жыццёвая лодка паэта: першы – рэвалюцыйнае падполле ў Заходняй Беларусі, другі круг – Вялікая Айчынная вайна. Цяпер ідзе разварот на трэцім, самым высокім крузе.

Быў час, калі герой вершаў і паэм Максіма Танка ганарыўся і пакутаваў маладосцю, тым узростам, які асабліва балюча адчувае няволю, звязаныя крылы, немагату (паўтару прыгаданае):

На Захад ідуць цягнікі.

Лён, жыта, сасна і бяроза...

Гляджу і гляджу з-пад рукі,

Як моладасць нашу вывозяць

18

.


Гераічнае і трагедыйнае змаганне за права быць маладым, ісці ў будучыню, знішчаць і тварыць – скразная тэма і страсць паэзіі Танка на першых двух кругах. Слова яго закліковае, валявое, баявітае. Нават там, дзе герой толькі перажывае і думае, ён змагаецца, змагаецца з самім сабою, са сваёй нерашучасцю, сумненнямі, рыхтуе поле для змагання і перамог над знешнімі ворагамі. У праграмным вершы «На камні, жалезе і золаце» паэт выказаў адчуванне адрознасці гэтых трох кругоў. Ён улічвае тут розныя колеры знешняга жыцця і часу, таму на камні хоча ўвекавечваць мінулае народа, на жалезе – яго баявыя подзвігі, на золаце – славу стваральнае працы.

Стваральная праца даражэй за ўсё. Пачаўшы жыццё на чорных ад гневу сялянскіх барознах у Нарачанскім краі, пазнаўшы небяспечныя сцежкі падполля і турэмныя этапы ў Заходняй Беларусі, а потым вогненныя дарогі вайны, паэт дасягнуў тых высокіх трас, па якіх сёння імкне балючая прага пазнання, творчая азоранасць, палахлівае прадбачанне, трывога свету. Максім Танк здзіўляе даследчыкаў і захапляе чытачоў цэльнасцю свайго погляду на жыццё як на чалавечую каштоўнасць. У паэта такі ўніверсальны крытэрый, які падказвае цану ўсяму існуючаму, гэта крытэрый працы:

Хоць ніколі не быў стараверам,

Але нават і сёння, прызнацца,

Усе вартасці, ісціны меру

Я мужыцкім аршынам – працай.


Толькі не трэба браць гэтага паэтычнага выслоўя літаральна, як часам робяць крытыкі, прыпісваючы Танку сялянскі густ. Максім Танк даражыць светам хлебаробаў, светам свайго дзяцінства і першаснага жыццёвага вопыту. Свет гэты прыгожы сваёй натуральнасцю. Тут складваюцца натуральныя адносіны чалавека да працы, да хараства зямлі і людзей, але сялянскі свет усяго адна сярод многіх вядомых паэту сфер працоўнага жыцця і стваральнай дзейнасці. Не заўсёды, на жаль, і мы, крытыкі, выразна гаворым пра гэта. Вось, да слова, у нядаўнім цікавым артыкуле добры знаўца паэтыкі Максіма Танка звужана трактуе паняцце свету М. Танка. «...разуменне паэтам маралі,– піша ён,– дабра і зла, прыгожага трывала асноўваецца на этычных і эстэтычных поглядах селяніна-працаўніка, хлебароба». Далей крытык спрабуе пашырыць граніцы свету мастака. «Сучасную паэзію Максіма Танка,– дадае ён,– з поўным правам можна назваць агульнанароднай, нацыянальнай...»19.

Сялянскасць жа і народнасць – паняцці даволі далёкія. Мне здаецца, пра гэта гаворыць падтэкст, які закладзены ў цытаваных раней радках:

Усе вартасці, ісціны меру

Я мужыцкім аршынам – працай (IV, 9).


Нельга ўспрымаць іх як прамое самапрызванне паэта. Каменціруючы тэкст, крытык і напісаў, што ў гэтым вершы паэт «адкрыта заяўляе...». На самой справе М. Танк палемізуе. Ён ніколі не рабіў сакрэтаў са сваіх маральных і эстэтычных перакананняў, і ў гэтым выпадку яму не карціць зрабіць яўным тое, што было тайным. Паэт кідае выклік інтэлігентным снобам, сцвярджаючы, што яго крытэрый ацэнак просты, як мужыцкі аршын,– гэта крытэрый працы. Праца – стары, але безадказны аршын, якім можна вымераць грамадскую вартасць чалавека, яго перакананняў, яго спосабу жыцця. М. Танк настойвае на тым, што ў ацэнках людзей і жыцця важна не «мадэрнасць» гэтых ацэнак, а іх слушнасць, іх пазнавальная сіла, аб'ектыўнасць. Часам людзі, баючыся праслыць старамоднымі, гоняцца за інтэлектуальнай утончанасцю ацэнак. А ці не баяцца некаторыя прыхільнікі суперсучаснасці элементарнай аб'ектыўнасці «мужыцкага аршына»? Ці не хлусяць яны, калі грэбліва крывяцца на элементарнасць і старамоднасць гэтай меркі? Палемічны падтэкст выказвання народнага паэта шырокі: яго «мужыцкі аршын» можна прыкласці да новаавангардысцкіх міфаў, якія на нашых вачах плодзіць сучаснае буржуазнае «грамадства масавага спажывання», дакладней, люмпен-інтэлігенты на Захадзе. Прынцыпова варожыя працы, розуму і сумленню, гэтыя аблудныя міфы прызначаны спакушаць і цягнуць моладзь назад да жывёльнасці, да бяздумнай свабоды біялагічных асалод.

Калі настойваць на сялянскай аснове крытэрыяў паэта, дык міжвольна звузіш ацэначны абсяг яго твораў. «Мужыцкі аршын» у Танка – гэта і народны і агульначалавечы ацэначны крытэрый. Паэт ужывае яго вельмі шырока. Нават у такой далікатнай матэрыі, як любоўная лірыка, мы сустракаем гэты самы прынцып ацэнкі:

О, як бы жалі рукі такія,—

Ave Maria!


Зместам і формай Танкаў верш «Ale Maria» далёкі ад сялянскасці, але ацэнкі чалавека і жыцця ў ім вызначаюцца глыбокай народнасцю, таму яны аднолькава блізкія інтэлігенту, рабочаму і селяніну. Толькі снобы, аслепленыя модай, не ўбачаць тут мудрасці і глыбіні.

Я не звярнуў бы і ўвагі, можа,

Каб не пабачыў між іх прыгожай

Адной манашкі, якая мае

Не болыш хіба як семнаццаць маяў: —

Чорныя вочы, бровы густыя,—

Ave Maria!


У словах верша «семнаццаць маяў» (перыфраза «семнаццаць гадоў» – сімвал дзявочай сталасці ў народных песнях), як і ў словах «чорныя вочы, бровы густыя» – (традыцыйных вобразах дзявочай красы ў фальклоры) селянін уловіць подых народнага ідэалу дзявочай красы. Чаму ўвёў паэт народны крытэрый ацэнкі хараства? Відавочна таму, каб крытычна аднесціся да занябеснага хрысціянскага ідэалу, які ўвасабляе манашка. Эстэтычным поглядам народа арганічна ўласціва ўяўленне, што хараство чалавека – гэта росквіт яго фізічных і духоўных сіл, гатовых выліцца ў працы і барацьбе, у спяванні і каханні, у абавязках бацькоўства і мацярынства.

Такі менавіта рэнесансавы аспект ацэнак чалавека выступае ў «малітве» лірычнага героя. Яна звернута не да неба, а да зямное красы манашкі-затворніцы. У «малітве» ідуць побач праца, гулянне і мацярынства. З пункту гледжання вузка сялянскага гулянне было б лішнім, збыткоўным. Увайдзі паэт у натуру селяніна, і міжвольна збедніцца яго ідэал жыцця, вобразы верша страцяць тую чалавечую паўнату. якою мы захапляемся, ганарымся як заваёваю нашага савецкага стылю жыцця:

... О, як бы жалі рукі такія,—

Ave Maria!

... Як танцавалі б ножкі такія,—

Ave Maria!

... О, як кармілі б грудзі такія,—

Ave Maria!


Язычніцкая антымалітва сцвярджае чалавечы смак зямных цяжкасцей, асалод і абавязкаў. Адкрыта, але не груба супрацьпастаўляе паэт свецкую і царкоўную малітвы:

Глядзіць набожна на крыж пятровы,

А я малюся на яе бровы (III, 137).


Падобнае параўнанне, зробленае на прыстойнай адлегласці, адпавядае народна-фальклорнай традыцыі, тут няма нетактоўнага блюзнерства. Прыгадаем па аналогіі народную песню:

Як пайду я да касцёла,

А ў касцёле ксяндзоў многа,

Ксяндзы моляцца ды мыляюцца:

На мяне, маладую, заглядаюцца —

Што я тонкая, высокая, белая-румяная,

Белая-румяная, хораша прыбраная.


Малітва красе ў М. Танка дараўноўвае сваёй цнатлівасцю малітве богу. Голас пачуццёвасці паэт сублімаваў, зашыфраваў, зняў эротыку з пажаданняў героя. Яго герой моліцца нават не на твар прыгажуні, а на бровы, г. зн. на хараство як такое.

Варта звярнуць увагу на рэдкую ў Танка грацыёзнасць, падкрэсленую зграбнасць гэтай малітоўнай страфы. Па-народнаму разуметае каханне патрабуе святочнай прыбранасці ва ўсім. Кампанент, які ўвасабляе тут святочную аздобленасць жыцця,– інтанацыя, мелодыка-інтанацыйная пабудова выказвання. Уся страфа – адзін разгорнуты, але вельмі зграбна згарманізаваны сказ. Другі і трэці рытмарады прыпыняюць моўны паток не на стыках фраземаў, а на самой бруі, ствараючы зацёнлівы меладычны малюнак. Ажно тры інтанацыйныя паўзы ўвёў паэт замест адной, што належалася па простаму сэнсу выказвання. Моўны паток стаў перарывістым, набыў дадатковую напружанасць, у яго ўвайшло ўсхваляванае прыдыханне.

Танк, вядома, пайшоў далей фальклорнага вопыту ў эстэтычным асэнсаванні інтымных зносін. Спакушэнне зямным гуманізмам настолькі сінтэзавана ў яго вершы, што, не рызыкуючы ўпасці ў павярхоўнасць, мы не можам паставіць на месца лірычнага героя нейкага канкрэтнага чалавека. Нават д'ябал-спакуснік у кантэксце гэтага верша будзе здавацца заліпне канкрэтнаю фігураю. Паэт сумясціў у сваім лірычным героі рысы розных людзей, нават розных узростаў: ён надзяліў героя юначай сарамлівасцю і ў той жа час даў яму духоўны вопыт бацькоўства (юнак, мабыць, не падумае пра дзяўчыну пры першай сустрэчы: «О, як кармілі б грудзі такія...»).

Зямная малітва героя – гэта шкадаванне аб страце прыгожаю затворніцаю трох чалавечых радасцей: радасці працы, радасці гульні-забавы, радасці мацярынства.

Ідэалу царкоўнаму, які патрабуе аскетычнага, затворніцкага подзвігу, паэт супрацьпаставіў народны гуманістычны ідэал, які патрабуе ад чалавека подзвігу працы і абавязку. Манашка размінулася са сваім чалавечым прызваннем. Але яна не вінавата. Над ёю стаіць векавое заблуджэнне, адвечны аўтарытэт манастырскага падзвіжніцтва – «зводы цёмныя і глухія». Лірычны герой перажывае як высокую драму чалавечага духу здольнасць адступацца ад зямной будзёншчыны і пагружацца ў містыфікаванай ідэальнай дасканаласці, вяртацца ў сябе. Маладая манашка прыгожая неразбуджанай сілай жыцця. I тое, што нельга разбудзіць гэту сілу зямною спакусліваю малітвай, таксама ўражвае нас, бо выяўляе моц чалавечага духу, які трапіў у стан міжвольнага заблуджэння. Бачыць тут паражэнне лірычнага героя – недарэчна. Менавіта народная шырыня светаўспрымання дазволіла паэту знайсці сітуацыю, якая выражае складанасць чалавечых узаемаадносін і характараў.

Сваю паэтычную творчасць Максім Танк смела ставіць у адзін рад з працаю хлебароба, рабочага і называе паэзію то хлебам надзённым, то глытком вады, то чымсьці большым:

Без чаго, як без маці

Або без радзімы,

Ні нараджацца, ні жыць

На зямлі немагчыма (III, 61).


I да народнае мовы ён адносіцца так, як селянін да хлеба. У «Лістках календара» гаворыць: «Ледзь змусіў сябе дачытаць Хлебнікава. Мне здаецца, што падобнымі эксперыментамі могуць займацца паэты, перад якімі ніколі не стаяла пытанне: быць ці не быць іх мове».

Паэт умее без зухаўства і пахвальбы ганарыцца сваім жыццёвым вопытам як набыткам шматгадовай барацьбы і працы. Ён здабыў гэтую сталасць думак, пачуццяў, прадчуванняў, здабыў сваімі рукамі, сваімі пакутамі, сваёй ахвярнасцю:

Нават найменшую праўду

Я здабываў мазалямі,

Сеткай вылоўліваў з тоні,

Плугам выворваў з глебы.

Можа, таму мне сёння

Дорага кожная маласць:

Як на чале кропля поту,

Як на стале крошка хлеба (III, 469).


Неразменнасць светаўспрымання, якая сцвярджаецца тут, вырастае ў кантэксце народнай, працоўнай канцэпцыі жыцця, паднімаецца да ўзроўню праблемы агульначалавечай. Бялінскі прыкмеціў, што асоба таленавітага мастака канцэнтруе ў сабе і ўзбуйняе тыповыя рысы нацыянальнага характару таго народа, да якога належыць мастак. У складзе натуры і паэзіі Максіма Танка выступае беларускі народны характар, узбагачаны рэвалюцыйным гуманізмам, здабытым у горне вызваленчага руху, удзельнікам і песняром якога быў паэт, вопытам вайны і міру, гісторыі і сучаснасці.

Народнасць светавыяўлення, арганічна з'яднаная з сучаснасцю,– вось у чым сакрэт дзейснасці паэзіі Танка.

Паэт не стараецца быць модным, сучасным і маладым, хоць часам, жартуючы, і паскардзіцца на гады, што ў вырай адляцелі, ды застаецца сабою, чалавекам, які нялёгкаю працай і змаганнем здабыў сталасць думак, пачуццяў і ацэнак жыцця.

I ён выдатна сябе адчувае ў сталым узросце, шмат абяцае і многа дае:

Таму, пакуль свет велічны, барвовы

У маім сэрцы і грыміць, і ззяе,

Магу я абяцаць шмат песень новых

I толькі цішыні не абяцаю (III, 197).


З уласнага вопыту педагога знаю, што менавіта гэтаю сталасцю думак, пачуццяў і ацэнак жыцця ўся паэзія Танка, і асабліва сучасныя творы, кранае моладзь.


5

Пад калёсы кладзецца роўная, гладкая стужка дарогі. Дзьме вецер. Старыя вербы шпурляюць на мокры асфальт пажоўклыя бляшкі лістоў. Мінаем аднастайныя вёсачкі. Тыя, што пры лесе, забудаваны сасновымі домікамі амаль гарадскога тыпу. Пафарбаваныя белай, блакітнай, аранжавай фарбаю рамы і аканіцы, зухавата надзетыя кепачкі лёгкіх шыферных дахаў. Гэта ўзнятыя з попелу і друзу сялібы партызанскага краю. Пра баявую славу гэтых мясцін нагадваюць абеліскі над брацкімі магіламі партызан і мірных людзей, памардаваных захопнікам.

Не ведаю, мажліва, ад прысутнасці паэта ўвесь час прачынаецца патрэба мастацкага слова ці гэта мернае калыханне аўтамабіля наводзіць на рытм верша, сугучнага карцінам, што мільгаюць за ветраным шклом,– памятаю толькі, што зусім нечакана адчуў на губах гарэністы смак элегічных радкоў. Яго радкоў:

Дрэвы забылі пра буры і страты,

Раны свае залячыла зямля.

Толькі нічога забыць не змагла ты,

Памяць мая!


Другая страфа неяк выслізгваецца з галавы і ўсплывае адразу трэцяя:

Нават і сёння, калі зноў на золку

Я запяваю з птушынай сям'ёй,—

Чую, іржавыя ныюць асколкі —

У песні маёй (III, 384).


Размова наша цалкам пераходзіць на партызанскія тэмы. Размова гэта даўняя. Летам я збіраў матэрыялы пра антыфашысцкую групу, створаную ў гады акупацыі Валянцінам Таўлаем. Сяляне расказвалі пра адну загадкавую гісторыю, фінал якое застаўся не высветлены. У вёсцы Гаравічы, непадалёку ад Навагрудка, гавораць, з'явіўся зімою 1941 года савецкі разведчык. Прадаваў нібыта сахарыну ды фарбу парцяную і шарсцяную... Папрасіўся завесці ў горад. Там уладкаваўся манцёрам на электрастанцыі, прабраўся ў вайсковы гарадок і падсунуў міну пад вадакачку, ці што. Немцы нарваліся, як падкладваў, схапілі, гналі ў турму, дык ён з-пад канвою ўцёк. I не знайшлі. Прымчаўся назад у Гаравічы. А жандары следам. Дык Валянцін Таўлай, які ў той час для маскіроўкі сакратаром у валасной управе рабіў, змыліў пагоню, накіраваў фашыстаў на іншую дарогу. А разведчык уцёк у Налібоцкую пушчу...

– А як ён называўся, разведчык? – пытаю.

Паціскаюць сяляне плячыма: «А хто яго ведае. Такі з выгляду цыганаваты быў, высокі і на ўсіх мовах гаварыў... А як зваць, хто ж яго ведае... Так ён табе і скажа, о-го-го! Ды хто ж там дапытваўся тады? Ну, вось, хоць бы прымерна як і ў вас... Хто вас ведае, якая ваша фамілія».

Можна ўявіць маё здзіўленне і радасць, калі гэтым летам у размове з Максімам Танкам я пачуў тую ж гісторыю ды яшчэ і прозвішча героя – Адынец.

– Гэта той Адынец Ян, якому Вы ў вайну верш прысвяцілі? – зачапіўся я за тэму.

– Так, той. У 1942 годзе ён у Маскве ў шпіталі ляжаў. Разрыўною куляю быў у сківіцу паранены. Зраслася так, што зубы добра не сходзіліся. Давялося ўжо хірургам нанова ламаць і зрошчваць другі раз. Увесь твар, памятаю, у бінтах, а ён не траціць гумару. Толькі ўсё непакоіўся, хоць бы вайна без яго не скончылася! Мы яго наведвалі з Ежы Путрамантам. Яны таксама былі знаёмы з Вільні. Путрамант нават нарыс пра яго партызанскія справы напісаў: «Chłopiec z Wilna» – загаловак памятаю. Друкаваўся ў польскай газеце, што выходзіла ў Маскве.

Ухапіўшыся за гэтыя факты, я тады ж пайшоў у Архіў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Але тут узніклі новыя цяжкасці. У картатэцы значыцца некалькі дзесяткаў беларускіх партызан з прозвішчам Адынец.

– Удакладніце,– прапануюць мне,– як яго звалі: – Адынец, Одынец, Адзінец? Ян ці Іван?

Ізноў іду я ў рэдакцыю «Полымя» да Максіма Танка. Ён пытаецца па тэлефоне ў жонкі, Любові Андрэеўны.

– Ян псеўданім, а ён жа Паўлік,– чуем у адказ.– Ён на Новым Свеце20 камсамол арганізаваў, Мы ж поблізу жылі. Я часам хадзіць позна ноччу баялася, хуліганаў шмат было, вядома, на ўскраіне. Дык пазней Паўлік хваліўся: «Мы, камсамольцы, вас ахоўвалі. Здагадваліся, што вы ў партыйным падполлі працуеце...»

Сапраўды, камсамольцы не памыляліся. Паліцыя не спускала вачэй з Любові Андрэеўны. Ахова была, так сказаць, з двух бакоў: камсамольцы – сабе, паліцыя – сабе. У адным з архіваў мне трапіўся матэрыял, які сведчыць, што аж на радзіму суправаджала пільнае паліцэйскае вока сясцёр Асаевіч – Любу і Соню. Віленская паліцыя інфармуе 25 кастрычніка 1935 года павятовае паліцэйскае ўпраўленне ў Паставах: «Соня ў мінулым месяцы прыязджала да Асаевіча, затым пасля 2 дзён выехала назад у Вільню. Люба была каля 10 кастрычніка г. г. і, пераначаваўшы, таксама выехала цераз Мядзель у Вільню. У часе прабывання абедзве кантактаваліся... са Скурко Яўгенам»21.

Дзякуючы дапамозе Любові Андрэеўны мне тады ўдалося зрабіць больш дакладны заказ наконт Адынца ў Архіў і атрымаць звесткі менавіта пра таго чалавека, якім я цікавіўся: Адынец Павел Фаміч, беларус, 1916 года нараджэння, камандзір партызанскага атрада імя Суворава брыгады Аляксандра Неўскага, памёр ад ранаў і тыфу 12 красавіка 1944 года, пахаваны ў вёсцы Зачэпічы.

Восенню 1965 года я трапіў у тыя мясціны. Аб'ездзіў Ліпічанскую пушчу ля развілкі Шчары і Нёмана. Яшчэ ўсё ў памяці свежае ад тае паездкі. У мястэчку Орля прачытаў на абеліску чатыры прозвішчы партызан, усе з 1922 года – мае аднагодкі. Потым на памяць прыходзілі партызанскія сябры, якім не давялося дажыць да канца вайны. З'явілася недарэчнае адчуванне, быццам Паўла Адынца таксама сустракаў у партызанах, быццам разам хадзілі на падрывы, разам пераплывалі Нёман пад абстрэлам, хоць партызаніў я не тут.

Каля Орлі Нёман шырокі і быстры, у пойме – магутныя дубы над ціхаводдзем старыц. Урачыста рабілася на душы, стоячы ў засені гэтых волатаў. Маё верхняе Наднямонне дзівосна прыгожае, але хараство там іншае, больш пяшчотнае, лагоднае, коласаўскае хараство:

Дзе на свеце ёсць такая,

Як Нёман, рэчанька другая?

Тут хвалі светлы, срэбралітны,

А беражкі – ну аксамітны...


А тут усё велічнае, маштабнае. Ехаў нібы праз свяшчэнныя язычаскія гаі, разглядаўся, каб не наткнуцца дзе на святое вогнішча перуна. Мой добраахвотны памочнік у пошуках дзён былых – тутэйшы чалавек, ветэран партызанскай барацьбы Уладзімір Шымановіч глядзіць на рэчы больш празаічна. «Тут калгаснікі свіней на жалудах адкормліваюць, а дзеці паназбіраюць цэлыя тоны гэтага корму. Тут свіны корм не праблема». Я прыгадваю артыкул са старадаўняга юрыдычнага статута: «А хто свіней у чужы лес на жолудзь пагоніць, а той застанет, чый лес, то аднаго вепра з правам сабе забіць мае». Часы і норавы...

У размове з Танкам я не магу перадаць гэтай спракаветнай рамантыкі. Няёмка займацца паэтызацыяй у прысутнасці сапраўднага паэта. Расказваю толькі пару эпізодаў з жыцця Паўла Адынца (аказваецца, імя Ян – адзін з яго падпольных псеўданімаў, якімі ён карыстаўся і тут, у Шчучынскай зоне).

Другі раз Адынец трапіў у варожы тыл у сорак трэцім. Яго як інваліда доўга не хацелі залічыць у войска. Сакратар Беластоцкага абкома КПБ тав. Самуцін, выпраўляючыся ў тыл ворага, узяў яго ў сваю групу на ўласную руку. У 30-я гады Васіль Амельянавіч Самуцін узначальваў Беластоцкі падпольны акружком КПЗБ, таму паважаў былых капэзэбаўцаў, чые высокія маральныя якасці пазнаў яшчэ тады. Адынец жа выхоўваўся ў радах КПЗБ.

З партызанскім злучэннем генерала Капусты яны прайшлі летам 1943 года ад Старобіна, куды іх прывезлі самалёты, да Ліпічанскай пушчы. Мелі заданне прабрацца пад Беласток па тэрыторыі, якую акупанты ўключылі ва Усходнюю Прусію. На выхадзе з пушчы, у Зубераўскіх лясах, завязаўся бой. Дывізія эсэсаўцаў перарэзала шлях партызанскаму злучэнню. Праціўнік атакаваў, стараўся раздзяліць партызан, каб знішчыць па частках. Тры атакі адбілі за дзень партызаны. Ноччу немцы на пяці машынах вывозілі трупы. Назаўтра пайшлі ў бой нямецкія танкі. Партызаны вымушаны былі адступаць у глыб Ліпічанскай пушчы пад Орлю. Камандзір першай роты атрада імя Аляксандра Неўскага, нядаўні кадравы афіцэр Аляксандр Іванавіч Аношын атрымаў загад прыкрыць адыход злучэння. Павел Адынец вызваўся далучыцца да гэтага заслону, хоць камандаваў тады дыверсійнаю групай і мог адступаць з асноўнаю масай.

Заслон рушыў насустрач ворагу. Павел ішоў побач з камандзірам роты. Змяркалася. Раптам трасіруючая куля шмыганула паміж імі. Адынец усміхнуўся: «Добрая прыкмета, камандзір, жыць суджана!» Ледзь занялі прыстойны рубеж, а карнікі ўжо тут. Аношын шапнуў Адынцу: «Пашка, пагавары з імі па-нямецку». Аношын не чакаў такога – Адынец устаў і пайшоў у кірунку немцаў, адышоў, праўда, усяго некалькі крокаў і стаў падклікаць праціўніка на перагаворы. Карнікі спыніліся. Нямецкая мова дзейнічала на іх, як заклінанне. Завязаліся перагаворы, цэлая цырымонія знаёмства. На пярэднюю групу ворагаў сталі напіраць, падыходзячы ззаду, салдаты. Атрымалася табала. Тады Аношын урэзаў з аўтамата ва ўпор, на цэлы дыск... Адынец адскочыў да сваіх, а ўслед за ім шыбанулі гранаты. Загудзеў бор. Бой сціх глыбокай ноччу. Партызаны адышлі на новы рубеж.

Засталіся жывыя.

Неўзабаве Адынца назначылі інструктарам у Скідзельскі падпольны райком партыі. Ды там ён не прыжыўся, шукаў самай небяспечнай работы. Сакратар райкома таварыш Аўсейчык вярнуў Адынца назад у атрад да Аношына (першая рота перарасла ў асобны атрад імя Аляксандра Неўскага).

– Вазьмі ты, Аношын, калі ласка, гэтага чудзіка. Мне такіх забіякаў не трэба.

– А мне якраз патрэбны такія. Дыверсійная група Адынца ўзрывала эшалоны, чыгуначныя масты, не раз біла ворага з засадаў – і ўсё гэта акрамя асноўнай работы разведчыка. Капітан дзяржбяспекі Адынец меў спецдаручэнні. Як гаварыў мне партызанскі ўрач Іван Пляўко, яму часта даводзілася рабіць сяброўскія паслугі Паўлу – круціць ручку бабіны, каб той мог перадаць на Вялікую зямлю зашыфраваныя звесткі.

Незадоўга да трагічнай пагібелі Адынец прыняў камандаванне атрадам імя Суворава, пачаў падцягваць баявую дысцыпліну. Выхоўваў прыкладам. Яго паранілі белапалякі на Бярозаўскіх хутарах. А як, бывала, хітра ўмеў ён прашмыгнуць цераз іх зону! Прыкінецца якім-небудзь панам паручнікам Рысем, загаворыць на сваёй віленскай пальшчызне, дазнаецца пра размяшчэнне белых і пройдзе як па сваёй зоне. На гэты раз падвёў нейкі зацялёпа з ягонай групы. Не паслухаў камандзіра, самахоць зайшоў на польскі хутар і загаварыў па-руску. Гэтага хапіла. Адынец адбіваўся. Разрыўная куля прайшла па рэбрах. Заціснуўшы рану, ён выводзіў сваіх к Нёману. Пераплыў яшчэ Нёман у разліве. Дабрыў да свайго атрада і асунуўся непрытомны.

– Рана? Ён бы выжыў,– запэўніваў мяне доктар Іван Сямёнавіч Пляўко,– але тыф якраз падключыўся. Я, брат, сам тады,– нібы апраўдваецца медык,– на тыф злёг. У гарачцы бот за халяву схапіў і давай сваіх санітараў дубасіць... Выдалася, быццам яны немцы...

Дагарэў Павел Адынец за некалькі дзён. Трызніў, у гарачцы лаяў таго неслуха-партызана, то па-дзіцячы клікаў маці і жаласліва плакаў, што яна не прыходзіць.

...Плакаў не толькі непрытомны, у гарачцы камандзір. Яго дужа любілі. Бывала, як толькі ўбачаць – вяртаецца з задання,– бягуць насустрач хлопцы: «Пашка, прывет! Прыйшоў! Расказвай жа, што там?» Яго абкружаць і не адпусцяць, покуль не раскажа навін, прынесеных з паходу. А майстра быў на штукі, любіў пажартаваць... Гаварыў, праўда, шапялявячы – ніжняя сківіца ўстаўная, пасля першага ранення,– але ён не моцна бянтэжыўся з гэтай прычыны...

– Вось бы і напісаў пра яго,– гаворыць Яўген Іванавіч.– Варта ж?! Такі цудоўны хлопец.

Мяне прыемна кранае такая гарачая рэакцыя паэта на гераічнае. Хоць і ведаю, што героіка рэвалюцыі – адна з карэнных тэм яго творчасці. З яе пачынаўся струмень паэзіі Максіма Танка. Набраўшыся сілы, гэты струмень тады яшчэ вынес сціплую літаратуру Заходняй Беларусі ў рэчышча сацыялістычнага рэалізму. Азораныя рэвалюцыйнаю героікай творы Максіма Танка гулкім рэхам адазваліся ў польскай прагрэсіўнай літаратуры другой палавіны 30-х гадоў. Яго творы надавалі рэальны сэнс ідэі духоўнага яднання мастацкай інтэлігенцыі даваеннай Польшчы на платформе народнага антыфашысцкага фронту. У вершах і паэмах беларускага мастака польскія пісьменнікі бачылі зайздросны ўзор высокай ідэйнасці, народнасці, эстэтычнай дзейснасці. Яны слушна лічылі, што вызваленчы рух, да якога належаў Максім Танк, апладняў яго паэзію. Польскія літаратары ўлоўлівалі пэўныя аналогіі, паміж беларускім паэтам і сваімі славутымі рамантыкамі XIX стагоддзя, нацыянальнымі вешчунамі, будзіцелямі.

Прайшло больш за трыццаць гадоў, як Максім Танк увёў у літаратуру вобразы гераічнага асілка Вяля, вобраз важака народнага паўстання Кастуся Каліноўскага і вобразы сваіх сучаснікаў, падпольшчыкаў, што кіравалі паўстаннем нарачанскіх рыбакоў – Грышкі і Прахора. Гэта быў паэтычны і грамадзянскі подзвіг паэта. Так успрымалі паэтычную працу Танка той пары яго чытачы. Ён, відаць, моцна і высока адчуваў маральную падтрымку сучаснікаў, бо часта любіць прыгадваць падзеі, што леглі ў аснову паэмы «Нарач», і сам дзівіцца сваёй дзёрзкай маладой неўсвядомленай смеласці.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю