355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Калеснік » Зорны спеў » Текст книги (страница 3)
Зорны спеў
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 06:00

Текст книги "Зорны спеў"


Автор книги: Уладзімір Калеснік



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 24 страниц)

Не толькі ў гады маладосці гераічнае было для Максіма Танка прывабным як вышэйшая мера прыгожага. Ён не адмовіўся ад сваёй даўняй любві да гераічнага і сёння, толькі любоў стала больш патрабавальнаю, удумліваю.

З году ў год гераічная плынь паэзіі Максіма Танка паглыбляецца, набывае філасофскую прасветленасць. Яна жывіцца і надалей сівымі легендамі і памятнымі падзеямі вызваленчай барацьбы ў Заходняй Беларусі, франтавымі і партызанскімі подзвігамі. Яна ўбірае і героіку сённяшніх дзён: змаганне народаў за мір і барацьбу супраць каланіяльнага рабства. Паглыбленае асэнсаванне подзвігу звязана ў творах Танка з духоўным узбагачэннем героя. У вершы «Стары мост» былы франтавік прыгадвае, як у ярасці бітвы ён перабег па мосце пад варожым агнём і не баяўся, не раздумваў. А вось пасля вайны ён ідзе па тым жа мосце, і яму робіцца сцішна, яму прыгледзелася, што ў праломах насцілу – не водарасці, а рукі яго колішніх баявых сяброў:

Працягнутыя з глыбіні

Да зелянеючых бяроз,

Да сонца, што зарой ўстае...

I мо таму сягоння мне

Праз гэты мост цяжэй ісці,

Як у той час, калі агонь

Шалеў над хвалямі, ў трысці,

Калі мы рваліся найбольш

Прайсці дарог, мастоў і рэк,

Калі ніхто не ведаў з нас,

З кім развітаецца навек... (III, 210)


Па тэме і задуме гэты верш Максіма Танка нагадвае шэдэўры беларускай ваеннай лірыкі: «Героя» П. Панчанкі, «Рану» П. Броўкі. Толькі ў сферу лірычнага дзеяння тут уведзены час. I час-лекар аказваецца не лекарам, а нязмоўклым сумленнем свету, сумленнем, якое расце разам з пагрозай знішчэння, разам з патрэбаю міру.

Асэнсаванне гераізму ў сучасных вершах Максіма Танка стала псіхалагічна ўзбагачаным, глыбей адцененым трагедыйнасцю. Відаць, не толькі суб'ектыўная паглыбленасць успрымання адыграла тут сваю ролю, не меншае значэнне мае ўплыў працэсу гуманізацыі грамадства, які шпарка развіваецца ва ўмовах барацьбы за мір. Няспынна расце цана жыцця чалавека. Працэс гуманізацыі грамадскай свядомасці асабліва сугучны сацыялізму, бо сацыялістычны ідэал вырас з пачуцця справядлівасці і спачування абнядоленаму і знявечанаму класавым уціскам чалавеку.

Максім Танк умее прымусіць чытача паўней адчуць і глыбей ацаніць заваяваную ў агні баёў свабоду, права на мірную працу, на простую чалавечую радасць. Радасць выцягнуцца ў траве недзе над Нёманам і над Нараччу, радасць вярнуцца з зорных палётаў пад родную страху:

Простае шчасце людское,

Так як і наша з табою,

Нэўна, складаецца з солі.

З хлеба, сабранага ў полі,

З поту, дарожнага пылу,

З роднага небасхілу,

З дружбы, мацнейшай ад смерці,

З песні... I так мне здаецца:

Каб з чаго іншага скласці,

Дык ці было б яно шчасцем (III, 221).




6

Тым часам мы ўжо і ў паўдарогі да Драгічына, цэнтра раёна, да якога належыць і вёска Моталь. Спыняемся ў Антопалі, невялікім мястэчку, заходзім паснедаць у чайную. Тут людна, але без таўкатні. Нядаўна Антопаль быў райцэнтрам, і чайная будавалася з прыкідкай на раённыя маштабы, цяпер працуе з недагрузкай. Палавіна сталоў не занята, але пры буфеце чарга чалавек дваццаць. Прывалілі, відаць, праезджыя калгаснікі, на плошчы іх чакае некалькі грузавікоў. Жанчыны заказваюць каву, аладкі, тварог са смятанай, зрэдку якая байчэйшая просіць бутэльку піва; мужчыны налягаюць на «свіныя плечы» і для апетыту бяруць па сто грамаў «Маскоўскай» ці па шклянцы віна. Толькі шафёры перасцярожліва косяцца на хмяльную спакусу. Адзін нейкі памяты, як смаржок, дзядуля настойвае на ста пяцідзесяці. Высыпаў на прылавак усё серабро і медзякі, падлічыў – не хапае пару капеек. Паглядае дзед на буфетчыцу як чалавек, якога сустрэла вялікая бяда. Буфетчыца паціскае плячыма: маўляў, нічога не будзе. Пры чым тут я? Аматар прычашчацца пачынае скуголіць. Чарга гамоніць: «Пэрэстань молытыся. Захотів зранку чортавай балбатухі! Не затрымлівай!» – Следушчы!..– строга кажа буфетчыца. Чарга салідарна ўсміхаецца. Але рухаемся марудна. Сёй-той з прысутных, мабыць, пазнае Максіма Танка і не верыць сабе. Людзі пазіраюць з цікаўнасцю і перашэптваюцца. Заўважаю, што яму робіцца няёмка ад гэтай наіўна-бесцырымоннай дапытлівасці. Прапаную ўзяць абслугоўванне на сябе як малодшы – рашуча адмаўляецца. Разумею... Учора вечарам на літаратурнай серадзе нашы брэсцкія пісьменнікі колькі ні прасілі яго сесці за стол старшыні, проста хацелі лепш бачыць шаноўнага госця, свайго любімага паэта – і нічога не выйшла.

Пры абмеркаванні твораў Максім Танк пазбягаў выступаць «завяршаючым». Усё рабіў для таго, каб яго слова ішло на роўных правах з меркаваннямі іншых удзельнікаў літаратурнай сустрэчы. Дэмакратызм – настолькі арганічная рыса яго свядомасці, што здаецца, нібыта гэта нешта ўроджанае, а не набытае. Безумоўна, ідзе гэта ўсё ад усведамлення ўласнае сілы. Моцная натура не мае патрэбы ў нейкіх дадатковых, штучных падпорках. Яна заўжды гатова даць фору іншым. I яшчэ цікавае назіранне: Танку яўна хацелася знайсці ў творах маладых як мага больш удалых мясцін, вобразаў, выслоўяў. Нават цалкам няўдалае апавяданне пра жыццё драматурга Грыбаедава ў Брэсце Танк не асудзіў як безнадзейную рэч. Ён старанна адзначыў усе, хоць крыху ўдалыя драбніцы – жвавае разгортванне падзей, эмацыянальныя мясцінкі ў дыялогах... Калі я занадта катэгарычна заявіў, што аўтар не справіўся з задумай ды ўвогуле гістарычная тэма не для яго пяра, Максім Танк запярэчыў:

– Чаму так? Для пісьменніка няма закрытых тэм.– I, парыруючы чыюсьці рэпліку, што для працы над гэтаю тэмай патрэбна эрудыцыя гісторыка, ён спаслаўся на Мерымэ, на яго выпадак з «Песнямі заходніх славян», якія той выдумваў сам. Таленавіта выдумаў. Талент аблягчае пазнанне.

У той вечар Максім Танк уразіў нас ведамі з гісторыі культуры, калі пачаў вытыкаць аўтару пралікі асучаснівання паводзін маладога Грыбаедава. Такім ведам мог бы пазайздросціць не адзін гісторык. Выключная дапытлівасць, шырыня навуковых зацікаўленняў Максіма Танка агульнавядомыя.

Вось і ўчора, даведаўшыся, што ў Брэсце праходзіць усесаюзная навуковая канферэнцыя па атэізму, ён адклаў на дзень паездку да выбаршчыкаў і слухаў даклады вучоных. Гаварыў, што было цікава.

Брэсцкім літаратарам асабліва спадабаліся дасціпнасць, знаходлівасць Танка ў часе абмеркавання твораў, палемічны запал і бляск слова. Калі ён захапляецца, дык пачынае гаварыць вобразна, гіпербалізуе крытычныя заўвагі, але ніколі не выходзіць за рамкі таварыскай ветлівасці, умее і ў крытычным захапленні захаваць павагу да апанента. Кантроль розуму над эмоцыямі? Не, відавочна, нейкая ўроджаная далікатнасць пачуццяў, іх здольнасць нават у моманты спантанных выбухаў захоўваць эстэтычную меру.

Танк рабіў шмат заўваг маладым. Але як! Без змрочных імператываў, без ментарскай катэгарычнасці, а з добраю ўсмешкай, па-сяброўску, з дасціпным далікатным жартам. Не папракнуў, напрыклад, аднаго пачынаючага: «У цябе, маўляў, банальная, збітая тэматыка», а страсна пераконваў, як важна і як цяжка ў паэзіі знайсці сваю тэму, набыць свой голас... Ён гаварыў, што маладыя паэты любяць брацца за вечныя тэмы, забываючыся, што тэмы гэтыя распрацаваны геніяльнымі мастакамі. А права на існаванне ў паэзіі мае толькі твор прынцыпова новы, непаўторны. Дык ці лёгка пачынаючаму спаборнічаць з майстрамі высокага класа? На рынг не выпускаюць жа барцоў рознай вагі! Кілаграм розніцы – і ўсё... У паэзіі ж часта мы бачым, як барцы найлягчэйшай вагі хочуць спаборнічаць з цяжкавагавікамі.

Яўген Іванавіч шчыра смяецца, уяўляючы сабе ход і вынікі такой спартыўнай сустрэчы. Смяецца адкрыта, забываючы пра дыстанцыю. гадоў і становішча.

Усведамленне ўласнай сілы і годнасці не дазваляе яму карыстацца прывілеямі, хай сабе яны нават і «належацца»...

Вось нарэшце надыходзіць наша чарга да буфетчыцы. Прабягаем вачыма меню. Не блага было б і нам разагрэць душу (дарога настройвае легкадумна), але ж я за рулём, а Максім Танк рэдка калі дазваляе сабе глыток сухога віна. Не любіць штучных ахмяленняў. Творчая актыўнасць і самадысцыпліна – родныя сёстры. Напэўна, засталася і старая звычка рэвалюцыянера-падпольшчыка: там строга захоўваўся сухі закон. Цвярозасць, пільнасць і канспірацыя лічыліся сярод членаў Кампартыі Заходняй Беларусі асноўнымі маральнымі запаведзямі. Максім Танк застаўся верны першай з гэтых запаведзей, затое трэцюю парушае са зразумелай прыемнасцю, не імкнецца скрываць сваіх пачуццяў і думак. Здаецца, Арыстоцель пісаў пра высакароднага чалавека: «Ён заўжды гаворыць праўду, бо грэбуе людзьмі». Думаецца, што любоў да людзей лепш, чым грэблівасць, прымушае гаварыць праўду... Афінскі мудрэц дазваляў арыстакрату духу рабіць адно адступленне ад праўдамоўнасці: ужываць іронію ў зносінах з натоўпам. Той, хто любіць людзей, не стане іранізаваць, пашкадуе, што тыя, каму належыць па праву гісторыі быць грамадой, калектывам, класам, народам, не ўтвараюць гэтых вышэйшых грамадскіх арганізмаў, а застаюцца натоўпам.

Помніцца мне адзін студэнцкі семінар, на якім абмяркоўваўся зборнік «Глыток вады». Распаленыя шчокі, пахарашэлы тварык студэнткі, якая гаворыць пра народнасць вершаў, што так узрушылі яе, нядаўна яшчэ вясковую дзяўчыну. Вершы былі пра людзей працы, родную прыроду, шчасце і гора. Народнасць не проста арганічная рыса паэзіі Танка, гэта стрыжань, які вызначае і характар паэзіі і напрамак пошуку. У вершах сучасных выражэнне любові да свайго народа набывае новыя формы, паэт любіць прыхаваць шчымлівыя пачуцці пад лёгкаю павалокай гумару, як у «Сямейнай фатаграфіі», «Гісторыі Пількаўшчыны». А ў тых творах, дзе аўтар рашаецца на прамы маналог, ён гаворыць пра гэтыя пачуцці з шырокім душэўным размахам, без крыклівай назолы, шчыра і з унутраным тактам. Такі тып маналога мне чуецца ў вершах «Стол», «Печ», «Топіцца лазня». Падабаюцца гэтыя вершы, часта прыходзяць у памяць радкі, дзе эпічны ўздым змяняецца гарэзлівай смяшынкай або пераходзіць у даверлівы спавядальны лірызм. У гэтых пераходах бачыш усяго Максіма Танка. Нельга без хвалявання сачыць, як прыжмуранае смяшлівае вока паэта становіцца вільготным ад чуласці.

Пакуль кабана смалілі,

Пакуль падрумянілі так,

Што і за сялом чуваць быў

Духмянай скваркі смак.

Вехці з гаручай саломы

Падкладвалі пад кумпякі,

Пад карак, пакрыты шчацінай,

Пад вышчараныя клыкі.

А потым скраблі нажамі,

А потым змывалі вадой

I ў хату, як п'янага бога,

Ўняслі кабана грамадой (III, 333).


Здаецца, так натуральна і проста, а па сутнасці вельмі рызыкоўнае апісанне: смакавыя адчуванні неэстэтычныя ў прынцыпе, а тут гучаць без прысмаку натуралізму, падрабязнасці апрацоўкі тушы кабана – таксама. Параўнанне кабана з п'яным богам, як нейкі цудоўны рэгістр, прыўзняло ўсю карціну на эстэтычную вышыню...

...Выбар у закусачнай не вялікі, заказваем па шніцэлю, аладкі і па шклянцы кавы. Порцыі салідныя, якраз пад наш дарожны апетыт. I згатавана добра. Дзякуем афіцыянтцы, якая сабірае посуд, не дзеля ветлівасці, а па заслугах.

У машыне размова вяртаецца на ранейшыя каляіны – пра жыццё, пра людзей, пра паэзію. А мажліва, і ўвесь час пра яе...

– Ёсць у мяне родны дзядзька, Фадзей, былы партызанскі сувязны (пазнаёмлю пры выпадку), ну цікавы, брат, чалавек! – Танк прыпаднімае галаву, прыжмурвае вочы і ўсміхаецца свайму ўяўленню.– Магутны стары, проста такі волат. У нарачанскіх барах вырас і да самага прызыву кароў над азёрамі пасвіў ды паляваннем бавіўся. Басанож, кашуля палатняная аж да костак: порткі ў тыя часы вясковыя дзецюкі толькі да прызыву або да вяселля агораюць... Ды на прызыўной яго, брат, у гвардзейскую часць залічылі – рост падышоў. Вярнуўся дамоў яфрэйтарам, абцёрся ў войску. А напярэдадні сусветнай вайны царскі ўрад групу сялян (з розных канцоў Расіі) паслаў у Маравію пераймаць вопыт гаспадарання, земляробства. Трапіў туды і мой дзядзька. Пачалася вайна, аўстрыйцы ўсіх гэтых сялян – падданых рускага цара – загналі ў лагер, патрымалі, памарылі голадам і прапануюць на вайсковых заводах працаваць. Адмовіліся ўсе да аднаго. Дык пасадзілі іх на такі рэжым, што мала хто вытрымаў. Дзядзька цудам выжыў. Пайку лагернага хлеба прывёз, чорнага, як зямля. Часта паказваў дома мужчынам той сувенір: глядзіце, на чым чалавек ліпець пры жыцці можа. Пасля ўтварэння Чэхаславакіі ён быў уяжо на волі, наведваў нейкія курсы. Дапытлівы чалавек, да вучобы здольны. Цяпер нават з дыпламаванымі заатэхнікамі сапернічае. Ад крываўкі ніхто карову не бярэцца лячыць, а ён вылечвае! Травамі, зёлкамі, адварамі...

Шмат цікавых рэчаў расказаў Танк пра гэтага чалавека. Слухаючы расказ, я падумаў: дык жа і ў вершах ён захапляецца такімі вось даравітымі арыгіналамі. Народныя майстры, мудрыя вопытам жыцця людзі, цягавітыя, дапытлівыя, людзі, поўныя радасці жыцця, дасціпныя, вострыя на слова – яго любімыя героі. Вобраз Люцыяна Таполі нарадзіла ў свой час менавіта гэткая скіраванасць паэтычнага ўяўлення, такі погляд на чалавека, яго жыццёвую годнасць. Таполя – сімвал непадуладнасці таленту ўладарам. Нейкі зусім новы, адменны тып купалаўскага гусляра з паэмы «Курган». Той жа непадатлівы на подкуп і пагрозу характар, толькі ўзброены замест рамантычнага максімалізму больш небяспечнаю для паноў жыцця зброяй – досціпам, гумарам, цудоўнай жывучасцю. Люцыян – гусляр з натураю Рымшы, героя народнай казкі «Пану навука». Купалаў гусляр загінуў, каб застацца мастаком, каб не загубіць, не «скурганіць» душы княжым «чырванцом». Высакародная пагібель яго звала на помсту нашчадкаў. Люцыян Таполя, як і казачны Рымша, сам умее адпомсціць, правучыць пана і не ўпадае, як Машэка, у помслівасць, застаецца мастаком, вартым несмяротнасці.

Гэта караннік сярод станоўчых вобразаў Танкавай паэзіі. Мае гэты характар-тып шматлікія разнавіднасці, разгалінаванні, часам вельмі далёкія ад стрыжнявога варыянта,– тут Вяль і стары лірнік з давераснёўскіх твораў, партызанская маці з ваеннага верша і бабка-«зельніца» з пасляваенных.

Ланцуг жаночых вобразаў... Ён ідзе ад маці як ад правобраза. Усе гэтыя вершы змыкаюцца ў маім успрыманні ў агульны цыкл гімнаў-малітваў пра маці і да маці. Ёсць у гэтым вялікая рэнесансавая традыцыя. Магутны Буанароці з незагойным смуткам сіроцтва, разлучанасці з матуляй, Буанароці за працай над «Піетай»... А хіба не ў парыве высокага піетэзму партызанская матуля

Чырвонай ніткаю закляцце

Тчэ на кужэльным палатне.


Гэта святое мацярынскае аберагальнае парыванне, за якім – паласа няўгойнага болю, трагічнае скрухі:

Закляцце ад варожай кулі,

Ад лютай смерці, ад пятлі,

Ад груганоў, каб праз кашулю

Дастаць да сэрца не змаглі (I, 409).


Звароты сялянкі да звышнатуральных сіл падаюцца так, што яны не аслабляюць сілы яе характару, не выдаюць якойсьці містычнай кволасці, а толькі яскрава выяўляюць звышчалавечую сілу абставін, у якіх несамавіта дзейнічае здаровы, нармальны характар. У новых мірных абставінах тая ж матуля стала лагоднаю, добраю бабуляй-«зельніцай» – верш «Бабка»,– што збірае лекавыя травы і розныя прыправы, нават варажбітны любізнік,– усё на карысць людзям:

А дубовы ліст – для бочкі,

Каб хрумсцелі агурочкі,

А бабоўнік кучаравы —

Каб не страціць смак да стравы,

Ліст малінавы – для чаю,

Што ад кашлю памагае (III, 370).


У найноўшым зборніку мы знаходзім на дзіва паэтычны фінал мацярынскага цыкла – «Мыццё бабкі Улляны». Перад апошняю дарогаю блізкія мыюць цела бабкі, але

Ніяк яе адмыць рук не маглі

Ад скіб зямлі,

Ад каласоў і сонца,

Ад пялёнак і апнуч,

Ад чорных і распаленых гаршкоў —

З бацвіннем, з бульбай,

Што болыш паўсотні год

Яна стаўляла і выцягвала з печы.

Глядзяць усе на рукі гэтыя,

Пасівераныя, парэпаныя,

I заходзяцца плачам:

Бо як рукамі гэткімі

Ды ў дзверы раю

Грукаць

22

.


Зноў думка вяртае мяне да тых вершаў пра сялянскую печ, стол, закопчаную лазню. I пра народны мастацкі прымітыў, разьбу прыдарожных каплічак... посуд... Звычайныя прадметы сялянскага побыту, а як яны ўбачаны і пададзены! Не мужыцкае, а каралеўскае жыццё так абстаўляць! Што тут – фальклорны прыём ідэалізацыі? Не можа быць. Фальклорныя ідэалізаваныя «ярэмцы буковыя, сошкі дубовыя, падсошнікі мядзяныя, паліцы срабраныя» ў вачах сучаснага чытача – мілыя тварэнні наіўнай дзіцячай фантазіі, аперанай магіяй слова. Максім Танк, паэтызуючы прадметы сялянскага побыту, умее пазбегнуць анахранічнасці, фальклорнай перастарэласці вобраза. Як гэта яму ўдаецца?

Ператвараючы прадмет у вобраз ці ў мастацкую дэталь, ён абавязкова шукае скрытай сувязі гэтага прадмета з чалавекам. Рэчы, зробленыя рукамі чалавека, нясуць у сабе адбітак здольнасці майстра, апрадмечваюць яго здольнасць тварыць. Малюючы рэч у аспекце эстэтычнай катэгорыі ўзнёслага, паэт узвышае не самую рэч, а чалавека, які гэту рэч стварыў і карыстаецца ёю ў жыцці. Гуманізацыя прадметаў народнага побыту і прыладаў сялянскай працы робіць іх прыгожымі, паэтычнымі, а творам надае глыбокую чалавечнасць гучання:

Колькі ў сваіх чорных сценах драўляных

Бачыла лазня людзей з нашай вёскі,

Колькі славутых байцоў, партызанаў!

Хоць вешай мемарыяльныя дошкі (111,416).


Натуральна, вершы Максіма Танка, створаныя на матэрыяле народнага жыцця, гучаць па-сучаснаму. За старымі сасновымі сталамі, у звонкіх сасновых хатах паселі землякі паэта. Яны рупяцца пра тыя ж справы, што і жыхары гарадскіх кватэр, застаўленых сучаснаю мэбляй. Людзі працы думаюць пра пагрозу міру, пра будаўніцтва камунізма, пра палёты чалавека ў космас. Паэт рады ўслухоўвацца ў гэтую гаворку, яго цешыць, што простыя калгаснікі таксама блізка прымаюць да сэрца справы планеты, як справы калгаса, іх выказванні зацікаўленыя, дзелавыя і кампетэнтныя.

Змест гэтых сялянскіх бясед адкрывае нам адну важную ісціну: сучасны свет адзіны. Трывогі сучаснасці востра адчуваюць людзі працы, дзе б яны ні былі: у мільённым горадзе ці ў лясной глухамані. I чым вышэй гэта адчуванне, тым ясней усведамляецца факт, што чалавечыя асновы зямнога бытавання адзіныя, спракаветныя і непарушныя – гэта мір, свабода і стваральная дзейнасць па законах розуму і хараства.

Насцярожаныя прывідам канфліктаў, якія, калі б іх не стрымліваць, маглі б стаць пачаткам канца зямное цывілізацыі, мы сёння навучыліся вышэй цаніць першапачатковыя асновы жыцця чалавечага. Новым хараством і новым сэнсам засвяціла нам няхітрая праца хлебароба і ўвесь нетаропкі ўклад яго побыту, мудрая прастата прадметаў дамашняга ўжытку. Нельга не пачуць у гэтай паэтызацыі святое мужыцкае прастаты ўнутранага супраціўлення, пратэсту супраць той падатлівасці на спажывецкі камфорт, якім вабіць і спакушае абывацеля сучасная прамысловасць.

Паэту падабаецца цнатлівая мудрасць народных звычаяў і абрадаў. У аснове сваёй – гэта векавая школа маральнага выхавання. Абрады і звычаі народа – антураж ідэальнага грамадскага асяроддзя, створаныя чалавекам для таго, каб у іх маглі жыць і расцвітаць этычныя нормы, узоры паводзін, здаровыя ўяўленні пра дабро і зло, праўду і крыўду, гонар і бясчэсце.

У шэрагу твораў Максім Танк асацыіруе творчасць са стваральнаю, карыснаю працай хлебароба. Мы бачылі гэта. Але яшчэ большаю ступенню абагульнення валодаюць тыя рэчы, дзе паэтычная творчасць асэнсоўваецца як нешта блізкае да пладаноснасці самое зямлі, прыроды:

Паміж мной і зямлёй

Толькі розніца тая:

З зямлі – травы, з мяне

Мары-сны вырастаюць (III, 500).


Вершы гэтыя філасафічныя, яны адкрываюць новыя формы ўзаемасувязей паміж далёкімі і рознымі пластамі жыцця. Такія сувязі ўзнікаюць ва ўмовах нябачанай інтэнсіўнасці жыццёвых працэсаў, уласцівых сучаснасці. Праблема сучаснасці не ў антынамічным канфлікце сённяшняга і ўчарашняга дня, а ў іх дыя лектычнай узаемасувязі. Сучаснае не канфліктуе з тым здаровым, што было створана рукамі, розумам і сэрцам народа ў даўнія вякі.

Лірычны герой, яго светаўспрыманне становіцца універсальным вузлом, які звязвае тое добрае, што мінула, з тым цудоўным, што творыцца сёння і будзе створана заўтра. Уменне бачыць жыццё перспектыўна, як напруяжаны рух цераз каскады супярэчлівасцей, рух ад простага, надзённага да вечнага,– вось шчаслівы: і адказны дар паэта.

Ажно не верыцца, што Максім Танк, паэт шырокага дыяпазону, незадаволены сабою менавіта за абмежаванасць свайго прамога жыццёвага вопыту, які не дазваляе з аднолькавай асабістаю кампетэнцыяй апяваць свет хлебароба і сталявара:

Я мог бы, сябры, звонкай одаю нават

Ці нейкай паэмай печ хатнюю славіць.

I ўсё ж я шкадую, што з доменнай печчу

Я меў мімалётную толькі сустрэчу.

Напэўпа, была б мая песня званчэйшай,

На тоны руды залатой багацейшай (III, 212).


Не варта без агаворак прымаць гэты самааналіз. Ён хутчэй будзе паказчыкам завышанай патрабавальнасці да сябе, чым сапраўднага зместу паэзіі Танка. Тэма працы ў яго лірыцы шматгранная. Не так істотна тое, што паэт свабодна і шырока знаёміць нас з паляводамі, касцамі, жывёлаводамі і з рабочымі на будаўніцтве, фабрыках, заводах, важна тое, што ён умее ўзняцца над вузка практычным успрыманнем чалавека, якое, скажам, натуральна для работніка аддзела кадраў, ды і то ў рабочы час, дэманструе нам гуманістычны, шматгранны, сапраўды мастацкі тып успрымання і ацэнкі чалавека. У гэткім успрыманні якраз і выяўляецца на ўсю сілу тое непаўторнае, што ўласціва чалавеку савецкаму, будаўніку новага тыпу грамадства. Сутнасць чалавека не ў тым, дзе ён робіць – на заводзе, у калгасе, навуковай лабараторыі,– і не ў тым, кім ён працуе – пастухом, сталяварам ці даследчыкам: людзі мяняюць прафесіі, перавучваюцца, жыццё перастаўляе людзей на розныя ўчасткі, перакваліфікоўвае, але пры ўсім гэтым сапраўдны чалавек застаецца асобай, і мастака цікавіць менавіта гэта. Ён даследуе, у якой меры прафесійныя метамарфозы або прафесійны рост чалавека супадае з эвалюцыяй яго чалавечай сутнасці, чалавечай годнасці, душэўнага багацця, хараства.

Мне думаецца, калі ўжо скардзіцца Танку на пэўную звужанасць тэматычнага дыяпазону сваёй лірыкі, дык хіба што ў вершах інтымных. Паэт звяртаецца тут да фальклорна-песеннай традыцыі і не заўсёды пераадольвае ўласцівую старой народнай песні традыцыйнасць характараў хлопца і дзяўчыны, з-за чаго пры чытанні ўзнікае эфект старамоднасці, не прадугледжаны аўтарскай задумай. I хоць лепшыя з вершаў фальклорнага тыпу сталі папулярнымі песнямі, усё ж такі асаблівыя сімпатыі моладзі заваёўвае тая плынь любоўнай лірыкі паэта, дзе героямі выступаюць сучасныя маладыя людзі, духоўна актыўныя і складаныя як індывідуальнасці. Мне здаецца, у гэтых менавіта творах праяўляюцца найбольш характэрныя рысы паэзіі Максіма Танка, яе мэтанакіраванасць, чысціня пачуццяў, з'яднанасць маральнай і эстэтычнай ацэнак рэчаіснасці. I хораша, што ў гэтых вершах няма пурызму, чорствай павучальнасці. Танк мае добрую зброю супраць маралізатарства – іранічную ўсмешку. На інтымныя адносіны ён глядзіць глыбока, адчувае іх тонкую складанасць, непаўторнасць, цяжкасць для асэнсавання. Да гэтага тыпу я б аднёс такія інтымныя вершы, як «Ты мусіш прыехаць», «Хай пішуць распуснікі посна і прэсна». Эпіграфам апошняму паслужылі радкі народнай песні, але ён малюе рамантычную дружбу челавека незвычайнага, чалавека з цяжкім лёсам. Гэтая дружба свеціцца цеплынёю дзявочага сэрца, якое ўзнялося да вяршынь ахвярнасці. Дзяўчына прытуліла змардаванага вандроўніка і змагара, скрасіла яго цяжкое змаганне з чорствым: суровым светам:

Сагрэла ў сцюдзёную,

Лютую восень...

Калі пагасіла святло —

Мне здалося:

На правай руцэ,

На якой спачывала,

Ўсю ноч, не заходзячы,

Сонца палала (III, 393).


Вядома, справа не толькі ў выбары закаханых, справа ў багацці самараскрыцця чалавека. Танк любіць абыгрываць сітуацыю разлукі, лічыць яе вельмі ёмістаю. Вось і ў новым зборніку ёсць верш на тэму разлукі – гэта «Ноч без цябе». Верш можна ставіць упоравень з узорамі інтымнай лірыкі ў сусветнай паэзіі. З яго вобразаў праменіцца хвалюючая веліч душы, прасветленай каханнем. Звычнае для Танка ўменне выяўляць чалавечую змястоўнасць інтымных адносін тут дапаўняецца вострым драматызмам. «Ноч без цябе – кашмарнаю здалася» – проста і важка гучыць першы радок. Адчуванне драматызму нарастае, калі мы слухаем працяг гэтай споведзі сэрца, устрывожанага пагрозай страціць блізкага чалавека:

I, быццам фра Анджэліка мадонну,

Прыкленчыўшы, малюю вобраз твой.

Мне рэўнасць кажа даць больш фарбаў цьмяных

Тваім вачам і валасам тваім...

Але непераможны золак ранні

Над галавой тваёй гарыць, як німб, (ХБС, 113).


Трэба мець высакародную душу і горача любіць справядлівасць, каб, як у лірычнага героя гэтага верша, цёмная рэўнасць адступіла перад ачараваннем хараства любімай істоты, хараства, якое засталося толькі ва ўспамінах, але якога не могуць засланіць нізкія падазрэнні.

Свет рэчаў і свет уражанняў імчыцца так шпарка, што цяжка ўлавіць гэты паток і назваць яго. Бо што значыць даць назву? Гэта значыць спыніць рух. Паэт жа арганічна адчувае, што вобразнае пазнанне, метафара як адзінка пазнання для таго існуе, каб не спыняць гэтага руху пачуццяў, а данесці яго дрыготкую сілу, навучыць здзіўляцца непаўторнай красою жыцця.


7

...Нарэшце мы ў Драгічыне. Раённы гарадок, старадаўняе мястэчка, якіх на Брэстчыне шмат: царква на плошчы ў цэнтры, праменні вузкіх вуліц, забудаваных аднапавярховымі, пераважна драўлянымі, дамамі. Вясною і летам шэрую аднастайнасць архітэктуры хаваюць прысады, кветнікі, садочкі. Восенню праз золата парадзелага лісця прабіваецца, як праз падзёртую вопратку, убогасць. Толькі некалькі сучасных цагляных будынкаў трымаюць фасон і ранг усё ж такі горада.

Будынак парткома, відаць, рабіўся яшчэ пры буржуазнай Польшчы спецыяльна для павятовых уладаў. Зроблена салідна – на вякі. Нічога не скажаш, хапала заказчыкам кемнасці, каб разумець выхаваўчую сілу архітэктуры. Дзесьці чытаў я, што мексіканцы, калі іх хочуць папракаць, маўляў, выбудавалі такі раскошны універсітэт, сцены распісалі манументальнымі карцінамі – Сікейрас, Дыега Рывера,– адказваюць: «Гэта не марнатраўства. Сын фермера з нейкай глухамані, правучыўшыся ў такім будынку пяць гадоў, стане патрыётам, калі нават не будуць гаварыць яму пра гэта». Пры буржуазнай Польшчы выстаўная шыкоўнасць будынкаў урадавых устаноў сімвалізавала тут, на «ўсходніх крэсах», аўтарытэт рэжыму і той афіцыйнай адзяржаўленай культуры, якую нёс польскі чыноўнік з дапамогай паліцэйскага на беларускія землі.

Заходзім да сакратара па сельскай гаспадарцы. Таварыш Курзаў Сямён Васільевіч сустракае госця сардэчна, відаць, што з Яўгенам Іванавічам яны добрыя знаёмыя.

– Што ж вы ў такі час завіталі,– жартам дакарае гаспадар госця.– Глухая восень, на рыбу з вудамі ўжо позна, а на звера са стрэльбай яшчэ рана.

– Усё лета ў раз'ездах,– апраўдваецца Максім Танк,– месяц быў на Поўначы з групай пісьменнікаў, двойчы выязджаў у Польшчу па літаратурных справах... Ды і сваёй непасрэднай работы...

Сакратар прымае апраўданне да ведама, але з дакорам усміхаецца: «Што ж, лепей позна, чым ніколі».

Аказваецца, дарога ў Моталь нашаму «Масквічу» не пад сілу. Размясілі дарогу, грэйдэр не паспявае раўняць: сотні цяжкіх грузавікоў валочаць цукровыя буракі на станцыю, да чыгункі. Сакратар хоча нас выручыць: прапануе перасесці на парткомаўскую «Волгу», сам думае за адным махам з'ездзіць у Моталь ды глянуць на ўборку буракоў.

– Як ураджай? – цікавіцца Максім Танк.

– Збожжавыя так сабе, на сярэднім узроўні, а бульба і буракі ўдаліся наподзіў. Адправілі ўжо бульбу для Брэста, Мінска, Ленінграда... Калгаснікі са сваіх дзялянак маглі б прадаць яшчэ столькі, але няма спажыўца. Спажыўцы-то, напэўна, знайшліся б, ды гандаль падводзіць нас. Што тут казаць пра бульбу, бульба пацярпець можа, а вось яблыкі... Навалам усё лета і ўсю восень ляжаць. Псуецца такі прадукт. Адзін жа толькі заводзік, дзе сок выціскаюць,– на ўвесь раён!.. Старшыні калгасаў ажно за голавы хапаліся: «Бяда! Садзілі сады, лепшыя землі занялі, а карысці, лічы, ніякай, адно расчараванне...»

Свініна ў Драгічыне з давён-даўна таннейшая, як ва ўсёй Беларусі. Дык у гэтым годзе пакупнік з Украіны самацёкам хлынуў. Рабочыя на сваю руку машыны бяруць на прадпрыемствах і едуць нарыхтоўваць мяса сабе на зіму. Цэны падскочылі – жах! Па тры рублі за кіло жывой вагі без скідкі – адно давай. I на ўкормленасць не глядзяць, абы галава ды хвост. Давялося мясцовай уладзе ўмешвацца ў гэты гешэфт. Суадносіны цэн у раёне парушаюцца... У эканоміцы анархія да дабра не вядзе. А, з другога боку, хто купляе? Рабочы люд. Не спекулянты ж... Абураюцца: «Дэ ж то бачэно, шчоб Украіна па сало за тры моры іхала? Вы, білорусы, мовчком, мовчком, а прысэлібнэ ділянкі заховалы да товар колгоспніцкій. А нашы ўсе бягом, бягом ды без аглядкі... Вось і добігалыся, шчоб по кусок сала ў біднэ Полісся мандруватыму».

– У Міністэрстве сельскай гаспадаркі гаворка была,– спыняе няёмкую хвіліну маўчання Танк,– абмежаванні на калгасніцкую жывёлу будуць адменены.

– Мы таксама калгаснікам растлумачваем.

– А як успрымае сяло,– пытаецца паэт,– пастановы кастрычніцкага Пленума?

– Станоўча. Ухваляюць калгаснікі, лічаць разумнымі і своечасовымі.

– А што вы скажаце пра намер аднавіць райкомы партыі на месца парткомаў і аб'яднаць сельскі і гарадскі абком?

– Вітаць будзем... Не апраўдаў сябе гэты падзел, ускладніў толькі сістэму кіраўніцтва. Узбуйненне раёнаў таксама праведзена часта жывасілам, не прадумана. Цяперашні наш Драгічынскі раён утвораны з двух механічна. Тэрыторыя вялізная. Ледзь паспееш па разу ў год у кожным калгасе пабываць, а для справы трэба было б разоў са тры заглянуць: перад пасяўной, у час сяўбы і ў час уборкі ўраджаю...

– Выказваюцца меркаванні, што некаторыя раёны будуць паменшаны ў граніцах, даведзены да аптымальных, эканамічна апраўданых памераў.

– Слушныя меркаванні.

– А як жа са стратамі садавіны думаеце вырашаць? – вяртаецца Максім Танк да ранейшай гаворкі.– Трэба кансервавы завод будаваць. Давайце разам будзем дабівацца,– прапануе дэпутат.– Складзіце абгрунтаванне, разлікі...

– Завод ужо будуецца. Толькі адзін завод на раён мала бядзе паможа. Тут бы ў кожным калгасе па заводзіку... Сховішчы садавінныя з халадзільнікамі патрэбны, а гэта вельмі дарагія і дэфіцытныя рэчы...

– Так, але ж іншага выйсця няма?! Акупяцца з часам... Амерыканскія фермеры, для прыкладу, такіх страт не вытрымалі б. Збанкрутавалі б як вокам міргнуць. Там цану прадукту ведаюць. Кожнаму яблыку якіясьці ўколы даюць, каб не гніло. Аж да наступнага лета можа ляжаць.

– А як там прадукты, танней, чым у нас?

– Даражэй, значна даражэй, канешне, калі браць паўнацэнныя прадукты. А танныя... Таннае, напрыклад, мяса з халадзільнікаў, вырашчанае на сінтэтычных кармах. Дык у ім ні паху ні смаку... Мясам яно і не аддае.

Перасеўшы ў парткомаўскую «Волгу», едзем на Моталь. Пытанне пра электрычнасць для глухой вёсачкі ўжо ўладжана. «Сельэлектра» запэўніла. Адзін клопат у дэпутата з плеч... Давядзецца толькі ўдакладніць у сельсавеце.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю