Текст книги "Зорны спеў"
Автор книги: Уладзімір Калеснік
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 24 страниц)
Annotation
У кнігу ўвайшлі літаратурныя партрэты М. Танка, Я. Брыля, заходнебеларускіх пісьменнікаў. Зацікавяць чытача артыкулы пра паэму Гусоўскага "Песня пра зубра", пра польска-беларускія сувязі, пра літаратурную Брэстчыну
БУДЗЁННЫ ДЗЕНЬ
ВЯРТАННЕ ЗОР
ПЕРШЫ ВЫРАЙ
СТАРОНКІ РАМАНТЫЗМУ
ГНЯЗДО ПАЭТАЎ
ЗДЫМАК У ЖЫЦЕ
БЕРАСЦЕЙСКАЕ ВОГНІШЧА
Уладзімір Калеснік
Зорны спеў
Літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды
БУДЗЁННЫ ДЗЕНЬ
З МАКСІМАМ ТАНКАМ
Той шчаслівы для мяне дзень надарыўся ў пачатку кастрычніка 1965 года. Максім Танк быў тады дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Іванаўскай акругі. Едучы на сустрэчу з выбаршчыкамі, ён прапанаваў мне падтрымаць яму кампанію ў паездцы па Брэстчыне. Я ахвотна згадзіўся. Мы дамовіліся ехаць на маёй машыне, каб не быць звязанымі раскладамі грамадскага транспарту.
1
Выязджаем рана, а восьмай. Шлях – на поўдзень, у глыбіню Палесся, да вялікага сяла Моталь. Седзячы ў машыне, Максім Танк дзеліцца дэпутацкімі клопатамі, кажа, што з плана электрыфікацыі Драгічынскага раёна неяк выпала адна вёсачка, і выбаршчыкі, жыхары яе, затурбаваліся, просяць памагчы ім, заступіцца. У Мінску і ў Брэсце даведаўся, што справа гэтая ў руках мясцовых уладаў. На месцы яе і вырашыць прасцей... А яшчэ – школа ў Моталі перапоўнена, у гэтым годзе набіраецца пад дзве тысячы вучняў. Дырэктар сігналіў: «Ратуйце, без новага будынка прападзём». Дэпутату ўдалося пераканаць адказных з Міністэрства асветы – уключылі ў план. Пачнуць будаваць яшчэ адзін корпус.
– Настаўнікі рады будуць,– разважае ўголас Максім Танк.– Добрыя навіны і перадаваць прыемна. А вось адна звестка...
Ён нібы не можа адшукаць належных слоў. Потым гаворыць неяк гняўліва, як бы незадаволены празмернай даверлівасцю, да якое даходзіць размова, ці, можа, сваёю немагатою нешта паправіць:
Жанчыну з дзецьмі павінны выселіць... Зацяўся сваяк – ці не родны брат нават, адсудзіў дом... Як я ні стараўся дапамагчы жанчыне, нічога не выйшла. Закон, кажуць юрысты, на яго баку. Аднавяскоўцы пісалі, што сведкаў той латрыга падкупіў, але ж гэтага не давядзеш...
Яўгену Іванавічу не лёгка гаварыць непрыемнае пра людзей. Канчае з натугаю, перамагаючы грэблівасць:
У вайну, кажуць, той тып перад акупантамі выслужваўся. Як прыйшлі нашы – судзілі, цяпер пад амністыю папаў, вярнуўся. I пачаў спаганяць сваю злосць... на сястры. Фармалізму яшчэ ў нас у судах...
I, нібы асекшыся на абстрактным папроку, для мастака не ўласцівым, пераводзіць гаворку на новы канкрэтны выпадак:
Тройчы пісаў просьбу, каб памілавалі аднаго чалавека. Баявы партызан быў. Пасля вайны арцеллю загадваў у нас на радзіме, у Мядзелі. Прыняў ён дзяўчынку адну там на працу. Бацька тае прынятае ці дзядзька пачаставаў яго з радасці. Зразумела, дзіця на свой хлеб пераходзіць!.. Ды, як на бяду, яшчэ пару кілаграмаў рыбы дамоў таму партызану прынёс: маўляў, драбніца, не пагрэбуй... У нашым азёрным краі – гэта звыклая справа. Ды галоўнае, што і не надта разбярэш, хто там каго частаваў: у партызана шырокая натура, не хацеў даўжніком застацца, таксама ставіў! Адным словам, частаваліся людзі. I знайшоўся нейкі злоснік ці зайздроснік – бух ананімку: подкуп!.. Засудзілі партызана. За хабар. А хабар пад Указ падыходзіць. Памілаванню не падлягае. Пажылому чалавеку пяць гадоў давялося адсядзець. Дык жа калі так фармальна падыходзіць – палавіну Мядзеля трэба было б перасадзіць за падобныя «хабары»!..
Я далучаюся да разважанняў. Сапраўды, выносілі б спачатку такія справы на суд грамадскасці. Паступова выпрацавалася б атмасфера маральнага асуджэння. У глухіх мястэчках, дзе работнікі перакуміліся, знаючы адзін аднаго па многа год, пачалі б адрозніваць дзелавыя адносіны ад таварыскіх, суседскіх, сваяцкіх. Тады ўжо справядліва было б і паступаць больш сурова. Прысуд падмацоўваўся б грамадскім асуджэннем. Суд і прысуд выхоўвалі б, а не толькі каралі. Фармалізм і таропкасць могуць скампраметаваць добрую ідэю. Выйшаў Указ пра хабар – давай шукаць хабарнікаў! Не знайшлі сапраўдных – давай уяўных для навукі астатнім. Занятак у швейкаўскім стылі: «Няма каму каяцца, давайце я пакаюся». Выходзіць з падобнага фармалізму навука навыварат. Фармаліст пераварочвае дагары нагамі задуму заканадаўца.
Змаўкаю, але думка ўсё трымаецца за тэму.
З любові да вяршынь склаліся поўныя іроніі, сарказму, «высокага» Танкавага смеху вершы «Заява ў гарсавет», «Прысніўся сон, што я – заканадаўца», «Ананім», «I ...іншыя». Што ж вам, людзі, не дае ўзняцца над сабою, узысці на вяршыні, жыць і думаць высока? Лянота сэрца? Беднасць фантазіі? Зласлівасць? У нас такое грамадства, што асабістая загана чалавека становіцца грамадскаю з'явай, бо яна паніжае культуру сужыцця людзей. Вось нейкі журналіст або арганізатар нейкага сходу назваў у інфармацыі толькі тых прамоўцаў, якія выказалі бясспрэчныя думкі, таго ж, хто сказаў нязвычнае і рызыкоўнае слова, інфарматар-бюракрат замаўчаў, схаваў, як паперу пад сукно, пад неўразумелае выслоўе – «і... іншыя». А што ж думалі, што сказалі, што прапанавалі рабіць гэтыя «іншыя»? Тут не проста цікаўнасць,
Бо сярод іх
Павінны быць
I новыя Капернікі,
Бетховены,
Купалы,
I Гагарыны,
I... іншыя
1
.
Пытанні паэта прадыктаваны жывым клопатам пра ўдасканаленне нашай сацыялістычнай дэмакратыі, пра ўзбагачэнне грамадскага жыцця і грамадскай думкі тымі каштоўнасцямі, якія нясуць у сабе ўсе людзі без выключэнняў. Клопат пра кожнага чалавека арганічны для мастака і мастацтва. На гэты раз гуманістычны клопат Максіма Танка супаў з абавязкамі дэпутата.
Так запланаваны сённяшні дзень.
2
Едзем. Пад рытмічнае фурчэнне матора ўспамінаюцца Нарач, маторка, ранейшыя сустрэчы і гутаркі з Танкам, моманты, калі ён аддаваўся ўспамінам і расказваў так яскрава, ды пра такія здарэнні, што можна было падумаць каму-небудзь збоку – каменціруе прыгодніцкі фільм.
...Мінулі Кобрын, вось і Гарадзец, невялікае мястэчка з сельмагам, сярэдняю школай, сельсаветам і праўленнем калгаса – усё гэта выстраілася па баках дарогі, якая адначасна выконвае ролю і галоўнай вуліцы – адзіная брукаваная, астатнія раскоўзаны аўтамабілямі і трактарамі да таго, што грунт ператварыўся ў рэдкую калатушу.
Я на правах гіда стараюся згладзіць уражанне, паведамляю Яўгену Іванавічу, што тут непадалёку быў маёнтачак Грушава, роднае гняздо і сяліба польскай пісьменніцы Марыі Родзевіч. Між іншым, знаёмыя Леапольда Родзевіча казалі мне неяк, што аўтар «Збянтэжанага Саўкі» быў, як сам прызнаваўся, далёкім сваяком, а не толькі аднафамільцам гэтай папулярнай даваеннай раманісткі.
– Сваяцтва ў гэтых Родзевічаў, відаць, далёкае,– жартаўліва падхоплівае размову Танк,– адлегласць такая, калі не большая, як паміж фацэціямі Леапольда і рамантычнымі аповесцямі Марыі. Дзіва толькі, як такія анахранічныя аповесці маглі падабацца? Нават галовы кружылі моладзі...
Я гавару, успамінаючы свае даўнія ўражанні ад «Грыўды», «Лета лясных людзей», «Дэвайціса», што пісьменніца ўмела зачараваць рамантычнай бескарыслівасцю, летуценнай высакароднасцю, хоць сацыяльныя пазіцыі часта былі ў яе невыразныя, нават старамодныя, кансерватыўныя. Ледзь не разам з ёю і пра той жа край пісала Ванда Васілеўская, а карціны зусім розныя. У Васілеўскай кіпіць барацьба палешукоў супраць асаднікаў, а ў Родзевіч усё цягнецца старая патрыярхальная ідылія. Рахманыя, забабонныя мужыкі і шляхетны пан дзедзіч, місіянер. Ён ідзе на кліч продкаў, ідзе цывілізаваць край і вяртаць былую славу свайму роду. Невядома толькі, ад каго яна чула такія легенды. Сама хіба што і была іх стваральніцай і адзіным прататыпам-дзіваком. Сяляне мясцовыя ўспамінаюць яе добра: абыходлівая была з людзьмі, дапамагала, у каго бяда ці патрэба, турыстаў заўсёды частавала ў Грушаве хлебам і малаком, любіла гойсаць вярхом на кані, стрыглася пад «польку» і насіла мужчынскія боты і галіфэ. Усё гэта інтрыгавала моладзь. Відаць, літаратурныя заробкі дазвалялі пісьменніцы рамантычна адносіцца да сваёй гаспадаркі і навакольных людзей. Зрэшты, тут справа не ў грошах, а ў характары чалавека. Яна не магла быць іншай, нават калі б не мела маёнтка ці не мела літаратурных заробкаў. Была б захопленым, бескарыслівым, крыху зухаватым фантазёрам. Гэта ўзнятасць над практычнымі справамі і ачароўвала маладыя душы. Лепшыя яе творы і сёння перавыдаюцца. Я неяк купіў у кнігарні «Дэвайціс», перачытаў – і пашкадаваў, што разбурыў свае юнацкія ўражанні.
...За акном цягнецца голая бязлесная раўніна. Сяды-тады аднастайнасць гэтай роўнядзі нераразаюць аж да гарызонта старыя канавы – гэта ўсё адгалінаванні ад асноўнага Каралеўскага канала, які мы перасячом далей, за Антопалем. Глядзіш на гэтую панылую аднастайнасць пейзажу і думаеш: «Далёка адгэтуль павінна была шукаць Марыя Родзевіч такія рамантычныя аб'екты, як свяшчэнны волат-дуб Дэвайціс, пад якім адбываецца таямнічая дзея ў рамане».
Максім Танк слухае мае разважанні, як ён заўсёды ўмее, з выразам ветлівай уважлівасці. Але, я ведаю, ён не можа слухаць пасіўна, зараз падкіне нейкае парадаксальнае пытанне, дасць такі паварот думцы, што адразу выявіцца ахілесава пята тваіх меркаванняў, з якімі ён быццам і згаджаўся. Я не памыліўся. Яўген Іванавіч павяртае гаворку на каляіну сучаснасці.
– А як ты лічыш,– нібыта пытае, нібыта прапануе разважыць яго сумненні і прыжмурвае вока (мне відаць яго лоб і вока ў люстэрку аўтамашыны),– ці не здаецца табе, што хваля гістарычных аповесцей, апавяданняў, вершаў, што зараз набірае сілу ў нас, таксама нечым нагадвае тую старамодную рамантычнасць, якая была ў Марыі Родзевіч? Таксама гэта як бы запозненая з'ява. Чытаеш іншы раз і шкадуеш, чаму не з'явіліся такія рэчы ў XIX ці хоць бы ў пачатку XX стагоддзя. Цяпер гістарычная літаратура такога тыпу мае меншыя шансы. Як да яе студэнты ставяцца? Не дужа, відаць, захапляюцца?
– Наадварот. Гісторыкі ў нас не любяць пісаць папулярна, а цікава пісаць мала хто ўмее. Таму ў моладзі, асабліва ў «філалагічнай» моладзі, моцны голад на даўніну. Мастацкія творы ў нейкай меры замяняюць і папулярную гістарычную літаратуру. Гістарычнымі аповесцямі зачытваюцца студэнты. Прытым успрымаюць мастацкія творы без скідкі на белетрыстычнасць.
– Дык там жа ідэалізавана, прыхарошана...– Яўген Іванавіч паблажліва ўсміхаецца,– ды часта не тое, што варта ідэалізаваць. Вось апісвае, напрыклад, адзін малады аўтар князя і захоплена ўскліквае: «Як ён прыгожа еў!» Хіба князь умее прыгожа есці? Арыстакратычная манернасць у застоллі прыгожая? Мужык, селянін есць прыгожа, са здаровым апетытам есць і крошкі акуратна сабярэ. Вось гэта прыгожа! А то – князь... Я рукапіс таго аўтара, хоць ён мо і пакрыўдзіцца, многа дзе скараціць прапанаваў, калі для «Полымя» вычытваў.
Мне здаецца, што недахопы літаратуры на гістарычную тэму – гэта адно, а пытанне пра яе запозненасць – другая справа, таму я перадаю Яўгену Іванавічу словы студэнтаў, ацэнкі канкрэтных твораў, гавару пра тое, як цікава і хвалююча праходзілі ў нас, у Брэсцкім педінстытуце, сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам. Мне здаецца, што ў яго рамантычных творах пэўная ідэалізацыя свету якраз і падабаецца моладзі. Канешне, важна, каб рамантызавалася вартаснае, гуманістычнае. Мне вядома, што студэнты і асабліва студэнткі захапляюцца ў рамантычных творах высакароднасцю герояў, адухоўленасцю штодзённых адносін паміж імі. Гістарызм тут – сродак узвышэння маральных праблем да маштабаў агульначалавечых. Не падабаецца дзяўчатам залішняя спрошчанасць асабістых адносін, развязнасць, якую пад выглядам дэмакратызацыі таварыскіх зносін практыкуюць некаторыя сучасныя маладзёны. Дэвальвацыя рыцарскай паставы ў нейкай часткі нашых маладых мужчын засмучае інтэлігентных дзяўчат.
Нешта падобнае, што ў вашым вершы «Сучасная дуэль»,– пераходжу я на канкрэтнасць і нават спасылаюся на афарызм Канта, які назваў мастацтва гульнёй, у часе якой высакародныя думкі становяцца звычкамі ды змякчаюць дзікасць нораваў.
Яўген Іванавіч, відаць, палічыў, што пазіцыі высветлены, пераводзіць размову на іншую тэму:
– Тут жа недзе павінен быць Дзівін?
Я здагадваюся, што гэты гарадок зацікавіў Максіма Танка ў сувязі з сялянскім паўстаннем 1933 года. Расказваю паважанаму госцю, як я першы раз трапіў у гэтыя мясціны ў маі 1950 года, цікавячыся вытокамі паэмы Таўлая «Кобрыншчына».
Пра Кобрынскае паўстанне Яўгену Іванавічу расказваў па свежых уражаннях Мікалай Дворнікаў, які арганізаваў тады дэманстрацыю сялян супраць голаду і кіраваў паходам на маёнтак Булькова. А ўзброены напад на пастарунак паліцыі ў Навасёлках і намер заняць Дзівін – гэта ўжо рэвалюцыйная ініцыятыва сялян, стыхійны парыў. Валянціну Таўлаю расказаў пра тую баявую ноч Канстанцін Грабайла, паўстанец, які сядзеў з ім у адной камеры на Лукішках.
Гаворка наша трапляе то ў давераснёўскія, то ў ваенныя часы, але па сутнасці яна пра адно – пра чалавека, пра яго здольнасць на гераічнае, высакароднае дзеянне, пра знаходлівасць, уменне знайсці выйсце і з кур'ёзных абставін.
Да сакратара Навагрудскага акругкома камсамола, у якога летам 1932 года спыняўся Максім Танк, тады інструктар ЦК КПЗБ, прывезлі з Вільні падпольную літаратуру. Дзяўчына-кур'ер у той жа вечар, выканаўшы даручэнне, стала маткаю. Аказалася, дзяўчына была служанкаю ў горадзе, і гаспадары прадбачліва звольнілі цяжарную з работы. Да бацькоў у вёску ехаць баялася. Падрадзілася перавезці літаратуру падпольшчыкам. Ці не разабраліся, што жанчына ў крытычным стане, ці, можа, думалі – менш падазрэнняў будзе выклікаць у паліцыі... Давялося маладым сябрам узяць не малы па тых умовах клопат на сябе.
Прыгадваецца Танку Нарачанскае паўстанне рыбакоў. ЦК КПЗБ даручыў яму выратаваць інструктара ЦК Аляксандра Багданчука, параненага паліцыяй. I ён уладзіў пераправу важака паўстання за граніцу – у СССР. Паэт дзівіцца сёння, але не са сваёй смеласці падпольшчыка, а з літаратурнай дзёрзкасці, з якою ён анісаў тыя падзеі ў паэме «Нарач».
– Калі б паліцыя была хітрэйшая, дык для яе лепшага матэрыялу і не трэба было б шукаць. Але мастацкіх твораў яны не разглядалі ў такім аспекце. Маё шчасце!.. А то маглі б цераз маю паэзію папасціся ўдзельнікі... Вось было б!..
3
Максім Танк задумаўся, маўчыць. Пад уражаннем пачутага я пачынаю неяк больш выразна адчуваць сакрэт мастацкасці. Часта, не толькі ў адказах школьнікаў ці студэнтаў, даводзіцца чуць выказванне, быццам мастак адлюстроўвае рэчаіснасць адною галавой – думкі, ідэі, доказы... або толькі адным сэрцам – пачуцці, любоў і нянавісць, захапленне і пагарда – у лепшых выпадках рацыянальнае прыплюсоўваецца да эмацыянальнага. А на самай справе мастак адлюстроўвае рэчаіснасць усёй асобай, жыццём сваім, сваёю рызыкай, сваімі чалавечымі поспехамі і няўдачамі, шчасцем і горам – сваім лёсам. Тут увесь сакрэт. Тут таямніца мастацкага ўздзеяння – чалавека на чалавека, лёсу на лёс.
Цяпер, рыхтуючы гэтыя нататкі да друку, мне хочацца ўвесці факты, якія тады, у 1965 годзе, я толькі пачынаў збіраць – факты архіўныя. Надта ўжо яны пасуюць сюды.
Інфармацыйны камунікат польскай паліцыі № 142: «Скурко Яўген, псеўданім «Сівер», сын Івана і Дамінікі з дому Хвалько, народжаны ў 1912 годзе ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскай воласці Пастаўскага павета, вучань, праваслаўны, кавалер, рост 172 см., светлы бландзін, вочы блакітныя, апошні час пражываў у Вільні, вул. Букавая, 14, кв. 1, дня ІІ.ІУ.1932 г. зволены з-пад арышту, з турмы на Лукішках акруговым следчым панам Булгакам, абвінавачаны па артыкуле 102 крымінальнага кодэкса. Уцёк у невядомым кірунку, відавочна, у СССР»2.
Згубленую нітку гэтай падзеі мне давялося знайсці ў «Кантрольнай кнізе арыштаваных дзісненскаю павятоваю паліцыяй у горадзе Глыбокім за 1931-1934 гг.». Супроць парадкавага нумара 131 там запісана:
«24 мая Скурко Яўген, сын Івана і Дамінікі... арыштаваны як суб'ект, на якога вёўся розыск. 26 мая 1933 г. а шостай гадзіне адпраўлен па этапу ў распараджэнне акруговага следчага суддзі ў Вільні, пана Булгака»3.
Суд ішоў два дні – 6 і 7 лістапада 1933 года, кастрычніцкімі святамі. Следчыя, як гаворыць сам Яўген Іванавіч, фабрыкавалі гэты працэс паспешліва, бо звялі ў адну кучу людзей, якія да суда, на волі, нават не бачылі адзін аднаго ў вочы. Злосная фантазія пракурора стварыла на паперы з гэтых людзей групу змоўшчыкаў, якія намерваліся адарваць ад польскай дзяржавы ўсходнія землі. Так была заведзена «Справа Серафіма Лавора і іншых». Лавор – гімназіст, абвінавачваўся за тое, што вёў камуністычную агітацыю ў часе перадвыбарчай кампаніі, а іншыя – хто ў чым. Пад націскам аргументаў, якія прывёў падсудны Яўген Скурко, суд вымушаны быў апраўдаць яго.
Але пракуратура і следства не збіраліся дараваць гэтую сваю няўдачу. Яны ведалі, каго трымалі ў руках. Пракурор патрабаваў кары, падаў на апеляцыю. Апеляцыйны суд сабраўся на пасяджэнне ізноў у знамянальную камуністычную дату – 1 мая 1934 года. Справу Танка тут абараняў стары віленскі адвакат, былы ўдзельнік I з'езда РСДРП Казімір Петрусевіч. У свой час ён быў абаронцам Якуба Коласа. Адвакату ўдалося адстаяць Максіма Танка. Апеляцыйны суд даў маладому паэту два гады турмы ўмоўна. Рашэнне матывавана «тым пераконаннем, што кара такога роду будзе для яго дастатковай перасцярогай»4.
Пракурор, аднак, зацяўся. Выпадак дапамог яму зноў абвінаваціць двойчы апраўданага падпольшчыка і пасадзіць на лаву падсудных. Чацвёртага лютага 1934 года, калі маці адходжвала Танка ад турэмнага раматусу, лукішскі наглядчык Аляксандр Трухан знайшоў у вентыляцыйных люках 175 камеры тайную перапіску палітвязняў, так званыя «грыпсы». Там былі перапісаныя гіесні «Мы пожара всемирного пламя», «Слезами залит мир безбрежный» і фрагмент паэмы «Як бог гуляў на ігрышчы».
Следчай службе няцяжка было дазнацца, хто мог пісаць і перапісваць такія рэчы. У свой час да вязняў, з якіх следчыя скалочвалі групу падсудных змоўшчыкаў, быў падсаджаны канфідэнт, нейкі Сіцько. Праўда, ён аказаўся няўдалым канфідэнтам, бо адразу пасля прысуду 7 лістапада напалохаўся і падаў суддзі заяву, у якой раскрыўся, стаў прасіць адмены прысуду, спасылаючыся на інструкцыі свайго шэфа, нейкага пана Лабяка з Навагрудскай дэфензівы. Паводле судовых законаў Польшчы інфармацыя платнага агента не лічылася доказам. Трэба было даводзіць іншымі, дазволенымі прыёмамі слушнасць такіх звестак.
Відаць, з гэтаю мэтаю 20 жніўня 1934 года са Сваткаўскага пастарунка ў Пількаўшчыну быў пасланы паліцэйскі Генрых Молюс. Паназіраўшы ноч за хатай бацькоў Яўгена Скурко, ён а шостай гадзіне правёў вобыск і захапіў 8 сшыткаў «з рознымі нататкамі падрыўнога зместу»5. Яфрэйтар Молюс арыштаваў маладога паэта, закаваў у кайданы і пагнаў у Паставы. Там 21 жніўня арыштаванага дапытваў следчы суддзя пан Салавей. Допыт нічога не даў, арыштаванага выпусцілі. Але ненадоўга. 19 верасня ў Паставы выехаў віленскі следчы, дапытаў паўторна і распарадзіўся арыштаваць паэта і пераслаць па этапу ў Вільню.
– А-а-а!.. Зноў вярнуўся стары госць,– насмешліва прывітаў вязня наглядчык Лукішскай турмы і замкнуў яго ў 164 камеры.
Змест захопленых пры вобыску сшыткаў і пратаколы допытаў не давалі, відаць, дастатковага матэрыялу для новага судовага абвінавачання. Следчы вырашыў выкарыстаць эксперта-графолага, якому даручыў любой цаной давесці, што грыпсы, захопленыя ў турме, пісаў Яўген Скурко.
Заключэнне графолага:
«...гэтае пісьмо аздобнае, старанна стылізаванае, пісанае павольна, чытабельна, з няроўнымі націскамі... графіка літар своеасаблівая, індывідуальная. Індывідуальныя рысы выступаюць у пераменных націсках... Даследаванне і параўнанне пісьма Яўгена Скурко з пісьмом захопленых грыпсаў паказала поўнае падабенства»6.
I ўсё ж следчым органам і пракуратуры не ўдалося пераканаць суд. Іх сістэму доказаў разбіў сам падсудны.
Памятаю, аднойчы расказваў Яўген Іванавіч, што ён заўважыў у акце абвінавачання яўную нацяжку. На гэта зрабіў націск у часе абароны.
Следчыя перастараліся, яны сцвярджалі, што падрыўны змест напісаных Танкам грыпсаў запазычаны з мінскай газеты «Звязда». Падсудны дачакаўся, калі суд пачаў дапытваць наглядчыка Трухана ў якасці сведкі абвінавачання, і спытаўся ў яго, ці трапляюць вязням на Лукішкі савецкія газеты. Той напалохаўся самой думкі пра такое і замахаў галавою: «Гэта немажліва». Наглядчык думаў перш за ўсё аб прэстыжы турмы, аб чэсці свайго мундзіра. Падсудны выкарыстаў яго прафесійнае зазнайства для самаабароны.
Максім Танк успамінае пра гэта з яўным задавальненнем, як пра ўдалы фокус. Наглядчык даў падсуднаму ў рукі козыр, і той загнаў у тупік суддзяў. Патрабаваў ад іх логікі: «Як жа я мог узяць падрыўныя выказванні з савецкіх газет, калі быў вязнем на Лукішках?» Аўтарства паэмы «Як бог гуляў на ігрышчы» ён з затоенаю ўсмешкаю пераадрасаваў так, на арапа, савецкаму сатырыку Кандрату Крапіве – пазавіце яго да адказнасці, панове...
Усё гэта вельмі лоўка выходзіць, калі глядзець здалёк. Але цікава ведаць, што ж на самой справе рабіў паэт на Лукішках? У літаратуры замацаваліся сцвярджэнні, што на яго ініцыятыве там пачаў выдавацца літаратурны часопіс «Краты», а не толькі рэфераты, лістоўкі, адозвы. На жаль, дагэтуль не знойдзены ніводзін экземпляр гэтага часопіса. Задавальняемся ўспамінамі былых палітвязняў. Нядаўна мне пашчасціла сустрэць дакумент, які пралівае новае святло на гэту падзею – «Інфармацыя аб камуне ў Лукішскай турме 1933—1934 гг.», адрасаваная ЦК КПЗБ. Без подпісу. Інфарматар гаворыць, што з чэрвеня 1933 года ў Лукішскай турме выходзіў рукапісны часопіс «Палітзак» (выйшла 7 нумароў), а з мая 1934 года яшчэ і «Бюлетэнь», прысвечаны палітыка-выхаваўчай і арганізацыйнай рабоце турэмнага камітэта.
«К канцу 1933 – пачатку 1934 года,– піша інфарматар,– сабралася ў турме некалькі таварышаў-літаратараў, публіцыстаў, якія далі пачын выдання літаратурнага часопіса. У лютым паявіліся першыя 2 нумары гэтага часопіса «Краты». Трэці нумар, ужо напісаны, трапіў у рукі адміністрацыі. Перад маім выхадам з турмы рыхтаваўся двайны нумар 4—5.
Паяўленне гэтага часопіса моцна закранула многіх таварышаў, якія раней не думалі пісаць, а зараз да будучых нумароў прыслалі свае вершы і допісы.
Гэты часопіс быў вельмі прыгожа выданы і як на турэмныя ўмовы нават раскошна: у двух колерах, з выдатнай па сваёй кампазіцыі вокладкай. Уплеценыя ў тэкст актуальныя лозунгі складаюць адно графічнае цэлае з графікаю тэксту. Усё пераплецена яшчэ ў ахоўную палатняную вокладку (усе выданні, выходзяць на рускай, беларускай і польскай мовах)»7.
Відаць, група літаратараў і публіцыстаў – гэта супрацоўнікі «Беларускай газеты», стваральнікі Літаратурнага фронту: Валянцін Таўлай, Алесь Рэдзька, Янка Патаповіч, Якуб Міско, якіх арыштоўвалі ў канцы 1933 – пачатку 1934 г.
З прыведзенага дакумента магло б вынікаць, што Максім Танк толькі падключыўся да выдання «Кратаў» у часе другога зняволення. На самай жа справе ён заснаваў часопіс, калі быў у турме першы раз, толькі інфарматар пра існаванне тых першых нумароў не даведаўся. Факт сумна-паказальны для характарыстыкі ўмоў, у якіх вымушана была пашырацца рэвалюцыйная заходнебеларуская паэзія.
Суд на пасяджэнні 5 снежня 1934 года прызнаў, што «абвінавачаны Скурко не вінаваты... і пастанавіў апраўдаць яго»8. Пракурор Ежы Яцэноўскі, незадаволены такім рашэннем, зноў падаў на апеляцыю. Відавочна, па ініцыятыве адваката апеляцыйны суд запрасіў паўторнае заключэнне графолага. Новы эксперт, нехта Мечыслаў Бжэскі, заявіў 20 лютага 1935 г.: «...почырк Скурко не мае асабліва характэрных рыс, гэта сярэдні тып хуткага канцылярскага пісьма»9.
На гэты раз абвінавачанне праігрывала яшчэ больш яўна, але суд, відаць, зрабіў жэст, разлічаны на супакаенне амбіцыі пракурора,– даў падсуднаму 2 гады турмы ўмоўна і пазбавіў грамадзянскіх правоў на 5 год.
Чым жа абурала пракурора тая паэма маладога аўтара? Да судовай справы прыкладзены як рэчавы доказ тэкст. Сапраўды крамольны, падрыўны, больш чым антырэлігійны.
У падарожжы, пры шпаркім руху, думкі часта набягаюць патокамі: нага прыціснула «газ»... «Хай думае пра сваё. Можа, згадаўся яму Рыгор Шырма, што калісьці бласлаўляў у паэтычную дарогу, або Васіль Труцька, выдавец першага яго зборніка «На этапах», разам праследаваны ўладамі. Абодва гэтыя хросныя бацькі паэта родам з Палесся».
Увайшоўшы ў пратаптаную каляіну, мая памяць высмыкнула з сярэдзіны 30-х гадоў яго верш «Над Прыпяццю»:
Меле гром над полем хмары,
Дождж густы, сцюдзёны сыпіць
На палескія імшары
I на Прыпяць...
Мы ідзем у час найгоршы
Смерці, волі на спатканне.
Гэта мо этап апошні —
Заўтра ўстанем!
10
У думках часцей здараюцца нечаканасці, чым у жыцці. Машынальна паўтараючы вершаваныя радкі, я раптам заўважыў, што яны даюць адказ на пытанне, як склаліся стыль і манера давераснёўскага Танка, дзе знайшоў паэт пункт адштурхоўвання, антыпод, якога не хапала яму. Традыцыяй, якую наважыўся пераадольваць Танк, сталі рэцыдывы нашаніўскай паэзіі – чуллівасць і мляўкі сум, нараканні і слёзы. Такое ж успрыманне нашаніўскай паэзіі ўласціва было маладнякоўцам. Адсюль, відаць, і пачуванне сваяцтва ў Танка. Толькі Танку ўдалося «зняць» гэты сум глыбей, чым маладнякоўцам. Замест знешняй павярхоўнай радаснасці ён даў жыццесцвярджальную трагедыйнасць. Яна ёсць і ў вершы «Над Прыпяццю», яна кіруе самавыяўленнем паэта, дзеяннем яго душы.
«Меле гром над полем хмары...» – у свеце ідзе ломка нейкіх каштоўнасцей, і мы ўключаны ў гэты працэс, таксама ідзём на спатканне смерці і волі.
Таямнічасць... У давераснёўскай паэзіі Максіма Танка цьмянае – неад'емны спадарожнік паэтычнага. Дзіўна, але факт. У зборніках савецкага часу паэт апублікаваў тыя вершы, якіх не дазваляла друкаваць польская цэнзура. Асабліва шмат такіх тэкстаў адноўлена ў «Лістках календара» – кнізе, створанай па матывах давераснёўскага дзённіка і іншых твораў тых год. Ніводзін новы тэкст, на жаль, не паднімецца да ўзроўню «Спаткання», «Песні кулікоў», «Паслухайце, вясна ідзе», «На пероне» і іншых шэдэўраў, вядомых з легальных віленскіх выданняў. Адмаўленне старых устояў і сцвярджэнне духоўных каштоўнасцей рэвалюцыйнага руху праводзіцца тут іншасказальна. У маналогах – цьмяныя выслоўі, частыя абрывы, шматкроп'і. Ці не супрацьпаказана рамантычнай паэзіі маляваць з'явы жыцця пры дзённым святле?..
Палітычны ўціск высмоктваў жыццёвыя сілы, але Максім Танк не быў бы вялікім паэтам, каб дазволіў загубіць свой дар. Праследаванні надавалі яго паэтычнаму самавыяўленню трагедыйную напружанасць. Цьмянае, таямнічае, забароненае было непазбежным кампанентам у штодзённых сувязях рэвалюцыянера з жыццём. Рэвалюцыя, што выспявала ў нетрах жыцця, была найвялікшаю таямніцай. Таму не магла рэвалюцыйная паэзія адмовіцца ад таямнічасці.
Танк любіць чамусьці «праясніваць» давераснёўскія тэксты пры перавыданнях і часта зніжае іх паэтычнасць. Цьмянымі ж павінны былі быць у тых умовах самыя глыбокія выказванні, спавядальныя прызнанні, прадказанні... Многа паэтычнасці было і ў шурпатасці радка, яна часта несла эфект спантаннасці выказвання.
Помніцца мне, у першым тэксце верша «На пероне» былі такія радкі:
Гляджу і гляджу з-пад рукі,
Як моладасць нашу вывозяць.
У найноўшых выданнях паэт замяніў «моладасць» на «юнацтва», бо, паводле правілаў беларускага літаратурнага вымаўлення, трэба гаварыць «маладосць», а не «моладасць», хоць у народзе кажуць так і гэтак. Слова «маладосць» не кладзецца ў радок, змена націску прывядзе да парушэння рытму. Паэт увёў слова «юнацтва». Чым жа яно горшае за «моладасць»? Тым, што расслабляе метафарычнасць выказвання. Па-беларуску «юнацтва» абазначае – маладосць і моладзь. Калі цягнікі вывозяць моладзь, дык метафарычнасць выслоўя прападае. Сакрэт экспрэсіўнасці тропа ў значнай сэнсавай дыстанцыі паміж прадметамі, якія ўступаюць у сэнсавую сувязь. Каб адлегласць перамагчы, патрэбна высокае напружанне духу, моцная іскра думкі, фантазіі і пачуцця, здагадлівасці, адчування. У апошнім варыянце паэт зменшыў дыстанцыю, самкнуў катоды, і аслабла іскра.
4
Маўчанне ў нас зацягнулася. Мне як гаспадару час аднавіць размову, хаця б для таго, каб мой пасажыр не падумаў, што я няўпэўнена сяджу за рулём. Гавару Яўгену Іванавічу, што знайшоў нядаўна новыя архіўныя дакументы пра яго ўдзел у рэвалюцыйным заходнебеларускім падполлі. Ёсць дакладная дата першага арышту. Паліцэйскія інфармацыі пра яго дзейнасць у Пількаўшчыне. Шкада, што позна знайшоў. Як бы ўсё гэта легла ў маю «Паэзію змагання».
Яўген Іванавіч ажыўляецца:
– Прышлі, браце, мне копіі. Можаш?
Я не чакаў такога павароту гутаркі.
– Пастараюся прыслаць.
Фотакопіі тых дакументаў я парабіў, а паслаць... Неяк не хапіла мяне на гэта.
Не паслаў, а сёння, дапрацоўваючы свае нататкі 1965 года, шкадую. Не ведаў я тады, што Максім Танк якраз недзе працаваў над кнігай «Лісткі календара». Атрымалася глыбокая кніга. Архіўныя звесткі, якія былі ў мяне на той час, не шмат дапамаглі б аўтару. Хіба што маглі б паслужыць дадатковым творчым штуршком, як вузельчыкі памяці. Але памяць у яго і без таго выдатная, учэпістая, па-мастацку канкрэтная, эмацыянальная. Недакладнасці ў датах падзей нязначныя, і, галоўнае, яны не парушаюць карціны ў цэлым.
Крытыка, мне сёння думаецца, хоць і высока ацаніла «Лісткі календара», але не ўдакладніла напластаванні гістарычнага і сучаснага аўтарскага мыслення ў гэтай складанай кнізе. Патрактавалі крытыкі яе ледзь не як твор давераснёўскай заходнебеларускай мемуарнай літаратуры, глухія намёкі на тое, што гэта як бы своеасаблівая паэма, нічога не ўдакладняюць11. Незразумела гэтае затоенае дыханне. Кніга выдатна дэманструе самой з'яднанасцю першаснага тэксту і сённяшняга разгорнутага асэнсоўвання мінулага цэльнасць асобы аўтара. Гэтым трэба дзівіцца, як цудам, феноменам жыцця. Шкілет фактаў ёсць у давераснёўскіх дзённіках, у артыкулах і нарысах паэта, але кніга завершана ў 60-я гады і належыць таксама гэтаму перыяду жыцця аўтара і жыцця народа. Тут ёсць над чым падумаць. Напрыклад, сустракаюцца ўсмешліва-паблажлівыя ацэнкі заходнебеларускай літаратуры як свайго ўласнага юнацтва: «Заходнебеларуская паэзія прадстаўлена нейкімі пастаралкамі. Аж дзіву даешся, адкуль яны бяруцца ў народа, жыццё якога поўна трагедый»12.М. Танк мае права на такую паблажлівасць. Але ніхто не пазбаўляе права і абавязку крытыкаў адзначыць асаблівасць яго пазіцыі і манеры ды паспрабаваць яе. вытлумачыць, пракаменціраваць, нават удакладніць. Бо атрымліваюцца кур'ёзы, калі вучоны прымае выказванні паэта без уліку іх вобразнай умоўнасці. Так у адной нядаўняй акадэмічнай кнізе наўпрост ужо гаворыцца, быццам М. Танку давялося ратавацца «ад фармалістычных уплываў польскай «авангарды» і ад прымітыву заходнебеларускай паэзіі»13.