355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Калеснік » Зорны спеў » Текст книги (страница 7)
Зорны спеў
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 06:00

Текст книги "Зорны спеў"


Автор книги: Уладзімір Калеснік



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 24 страниц)

Мікола Гусоўскі захоплена апісаў свята Венеры ў зуброў, юрнае рыканне ён назваў музыкай, што мілейшая сэрцу, чым гукі літаўраў і ліры. У карціне палявання аднойчы з’явіўся нават амур на сасне, але гэты жэўжык ледзь не нарабіў бяды каралеўству, бо раз'юшаны зубр паламаў памост, на якім сядзела каралева з дамамі. Матыў з амурам на сасне, мажліва, узяты, з карцін Тыцыяна, каб прыблізіць жывапіс паэмы да рэнесансавых густаў. Паэзія эпохі Адраджэння знаходзілася пад эстэтычным уплывам жывапісу, захаплялася апісаннямі і зрокавымі ўражаннямі, высока цаніла назіральнасць. Наш паэт, відавочна, стараўся згладзіць тыцыянаўскімі штрыхамі лішне жорсткі каларыт усяго твора, дзе суровы лавец выдае толькі адну чалавечую слабасць, ды і то пад уплывам такой небяспекі, калі ўжо застацца рыцарам проста немажліва. Паэт ставіцца да гэтых рэдкіх зрываў велікадушна. Скарына яшчэ больш суровы, ён мараліст непахісны: вышукоўвае ў бібліі строгія правілы, «абы люде чистоту заховали во случении телесном» і верыць у «зача-тие... Исус Христа без семени от непорушное девицы Марии», а пра вершы славутае «Песні песняў» кажа, што яны «трудны суть ко разумению». Скарына паблажліва ставіцца толькі да маладых удоў, падшукоўвае ім апостальскую параду «замуж да идуть».

Абодва нашы гуманісты глядзяць на чалавека выключна як на асобу грамадскую, і тут яны сходзяцца паміж сабою. Глыбіня разумення сутнасці чалавека абумоўлена ў абодвух эпохай, падабенствам і розніцаю ў поглядах і ў прыродзе іх творчага дару. Але важна тое, што Гусоўскі і Скарына пераадольваюць сярэдневяковую традыцыю, якая абвяшчала чалавека паслухмянаю забаўкай у руках бога. Пры ўсіх адрозненнях абодва гуманісты ўхваляюць чалавека як асобу паводле карыснасці грамадству. Іх ідэал – культываваны чалавек, прыдатны для здзяйснення высокай мэты росквіту грамадства і радзімы.


Ноша айчыны

Структура «Песні пра зубра» нагадвае аздобны ланцуг паляўнічых турніраў, упрыгожаны брэлокамі аўтарскіх адступленняў, роздумаў і разваг. Зіхцяць усё новымі гранямі звенні ювелірнага ланцуга, дапаўняецца паляўнічая эпапея новымі дзівоснымі і жахлівымі сцэнамі, узбагачаецца змест скразных метафар, паралеляў і алегорый: страла – пяро, паляванне – творчасць, зубр – рыцар, гурт – грамадства, важак – князь, кароль. І з'яўляюцца новыя: аблава – вайна, лавец – воін, паляўнічы клопат – пакута айчыны. Апошнія вобразы ўваходзяць у самую сарцавіну ідэі, Тэма радзімы гучыць у паэме драматычна: гледзячы здаля на родную старану, паэт уражаны кантрастамі і супярэчлівасцямі яе жыцця. Яе мінулае грыміць славай, будучыня здаецца няпэўнай і трывожнай. Родны край дзівосна багаты і прыгожы: усяго дала яму шчодрая прырода – бары карабельнай сасны і гаі векавечных дубоў, поўныя звярыны, зубрынага рыку, птушынага спеву і пчалінага гуду, палі, на якіх буяе збажына, лугі, усланыя дыванамі траў, рыбныя рэкі і азёры. Апісанне красы і багацця радзімы, зробленае ў стылі Гесіёда, паступова вычэрпваецца, інтанацыя высокага захаплення пераходзіць у недаўменне: поруч з гэтым даступным багаццем і красой жыве ў яго краі нешта таемнае: «Край наш – дзівосны прыстанак загадак і цудаў». Загадкай з'яўляецца само суседства рэальнага і цудоўнага, мройнага, забабоннага, аўтара здзіўляе наяўнасць неспазнаных сіл у глушцовым мясе, у травах і заклінальным слове. Жахлівымі загадкамі ўстаюць перад вачыма паляўнічага сцэны патаплення ведзьмакоў і ведзьмаў, калі «бедны тапельнік» б'ецца ў вірах, а натоўп на беразе «галёкае, свішча, плача і стогне і кленічы шле ў паднябессе». У такія моманты чуеш, «як сэрца з жаху мярцвее». Хто стварыў гэта суседства дабра і зла? Вопыт паляўнічага не можа адказаць на гэта пытанне: ён схільны бачыць тут водгалас адвечнай наканаванасці, неспазнаны цяжар лёсу:

Цяжкі ты, хлеб наш надзённы, у промысле цяжкім-

Бачыце самі, аднак жа і гора радзімы

Нават цяжэйшае. Дзе нам знайсці тыя лекі,

Каб ратаваць яе ў бедах,– і самі ве знаем. (77)


Паэт вярнуўся да паляўнічай эпапеі, нібыта баючыся, што еўрапейскаму чытачу не спадабаюцца яго скаргі на лёс далёкага і малазнаёмага краю. Толькі за новым захадам дазволіў сабе паэт роздум шырэйшы. Ён не хоча, каб яго народ і радзіму недаацэньвалі, таму сцвярджае, што фанатызм гэты зыходзіць ад царквы і афіцыйнай улады, паэту ж асабіста здаецца жахлівым, але гэча чыстая праўда: «У Літве ўсё гэта адбываецца на вачах». Не знайшоўшы адказу на пытанне, чаму так дзеецца, ён адкладвае гаворку.

Інтрыгуючы чытача адцяжкаю, Гусоўскі падрыхтаваў яго да разумення галоўнага цяжару тэмы. Пасля таго як была закончана карціна гераічных часоў Вітаўта і закрыта паляўнічая эпапея, паэт пад занавес рашыў сказаць пра тое, што набалела на сэрцы. Заключнае аўтарскае адступленне пабудавана ў выглядзе пропаведзі і малітвы. Нібыта натхнёны з неба прарок, шыбануў ён маланкі і громы на ўладароў свету:

Гонар, сумленне зямных уладарцаў, здаецца,

Спяць беспрабудна. Усе іх учынкі і справы

Людзям на гора, дзяржаве ж – на шкоду і страты.

Болей за ўсё непакоіць іх сверб панавання:

Вострыць мячы пастаянна сусед на суседа —

Ты або я запаную, дваім жа нам цесна.

Братазабойствы, грызня, міжусобныя войны—

Іхні занятак фізічны і свет іх духоўны.

Б'юцца князі-ваяводы, а стогнуць народы. (116)


Па сутнасці, тут ідзе гаворка не пра міжусобіцы на радзіме паэта, а пра звадкі і бойкі за ўладу паміж каранаванымі галовамі хрысціянскіх краін. Гусоўскі ўстрывожаны тым, што «свет хрысціянскі... трэснуў даўно, і расколіна вельмі глыбока ў стрыжань пайшла». За гэтымі радкамі можна падразумяваць падзел царквы на праваслаўную і каталіцкую, гусіцкі рух, агрэсіўныя войны, якія вялі з Літвою і Польшчаю крыжакі, але, перш за ўсё, рэфармацыю, якая была жывою расколінай каталіцкага касцёла і пайшла ў стрыжань.

Ці не наракае наш паэт на тое, што разбурылася сярэдневяковая канцэпцыя, згодна з якою ўвесь хрысціянскі свет – адзіцая дзяржава? Адраджэнне ж, як вядома, суправаджалася нацыянальна-вызваленчым рухам у Еўропе, а правадыры рэфармацыі Кальвін і Лютар сталі першымі дзеячамі на ніве нацыянальных культур. Як жа растлумачыць шкадаванне Гусоўскага аб расколе хрысціянскага свету? Каб даць належную ацэнку выказванням паэта, трэба дакладна ўявіць тагачасную палітычную сітуацыю і памятаць, што Гусоўскі не проста паэт, а ўдзельнік пасольства польскай Кароны.

Еўрапейскі кантынент раздзяляла тады барацьба караля Іспаніі Карла V і караля Францыі Францыска I. Карл, адзеўшы ў 19 год карону кесара Рымскай імперыі, распаліў у сабе прагнасць уладарнічаць над усёй Еўропай. Францыск сказаў яму «не» і, заключыўшы ў 1521 годзе саюз з Турцыяй, пачаў ваяваць Карла. У часе гэтай вайны двух прэтэндэнтаў на ўладарніцтва ў Еўропе войскі іспанскага караля занялі Італію і апусташылі Рым.

Пасольства Эразма Цёлка сустрэла шмат цяжкасцей у сваёй місіі схіліць папу на арганізацыю барацьбы супраць турак. Лявон X быў заняты іншымі праблемамі. Гадунец слаўнага роду Медычаў, шаляніца, любімчык фартуны, якая зрабіла яго кардыналам на 13 годзе жыцця, папа цураўся рэлігійнай дагматыкі, аддаваў перавагу палітыцы, а захапляўся святочнымі праявамі жыцця – мастацтвамі, паляваннямі і баляваннямі. Каталіцкі клер, гледзячы на такога папу, разбэсціўся неверагодна. Палетанскі сабор, што засядаў ажно пяць гадоў, з 1512 па 1517, так і не здолеў рашыць пытання пра рэформу царквы. Папа заключыў у 1516 годзе канкардат з Францыскам I, аддаўшы яму права вызначаць усіх вышэйшых духоўнікаў у Францыі. За гэта кароль абвясціў, што слова папы вышэйшае за пастановы сабораў. Аслеплены зарукай караля папа загадаў ксяндзам адпускаць грахі кожнаму, хто ахвяруе грошы на будаўніцтва базылікі святога Пятра ў Рыме. Гэта перабрала меру цярплівасці царкоўнай апазіцыі.

Доктар тэалогіі Вюртэнбергскага універсітэта Марцін Лютар (абараняў дыплом у тым жа годзе, што і доктар лекарскіх навук Скарына) абвясціў 31 кастрычніка 1517 года славутыя 95 тэзісаў апраўдання і разбурыў адзінства каталіцкага свету. Шаснаццаць дзён у Лейпцыгу вёў Лютар спрэчку з прыхільнікам папы Экам і перамог. Большасць удзельнікаў выказалася за яго тэзісы і прапанову адкінуць догмы аб непагрэшнасці папы і нават сабораў. Лявон X, гуманіст па духу, недаацаніў небяспекі, якая навісла над Ватыканам. У 1520 годзе ён выдаў булу, у якой асудзіў толькі 41 тэзіс Лютара, а той так увабраўся ў амбіцыю, што публічна спаліў папскую булу і пачаў друкаваць адну за адною палемічныя кнігі супраць папы і каталіцкага клеру. Ажно ў 1521 годзе паслаў Лявон X на збунтаванага манаха-аўгусцінца Лютара свой праклён і дабіўся пастановы Варнацкага сейма аб выгнанні Лютара з радзімы. Ды было ўжо позна, бунтаўшчык здабыў магутных мецэнатаў. Схаваўшыся ў Вартбургскі замак пад апеку саксонскага герцага Фрыдрыха Мудрага, ён пераклаў на нямецкую мову ўсю біблію і, высмейваючы саборы, пап, каталіцкіх багасловаў як фалыпывых інтэрпрэтатараў святога пісання, заахвочваў усіх веруючых самастойна вывучаць і асэнсоўваць тэксты святых кніг. Адраджаючы традыцыі раннехрысціянскіх абшчын, Лютар адкінуў царкоўную іерархію, увёў на месца ксяндзоў, якія лічыліся прадстаўнікамі бога на зямлі, звычайных пастараў, якім даручыў адкрьіваць школы і навучаць прыхаджан, упрасціў царкоўную службу да публічнага чытання бібліі, спявання псалмоў – усё на роднай мове прыхаджан – і каменціравання прачытанага ў казаннях, асудзіў інстытут манашанства, сам скінуў габіт аўгусцінца і ажаніўся з былою манашкаю Кацярынай фон Бора. Свае палемічныя творы супраць Лявона X Лютар адрасуе, аднак, не ніжэйшым саслоўям, а цару, шляхце і мяшчанам. Ён падтрымаў нямецкіх князёў у іх барацьбе супраць рыцарства, якое ў 1523 годзе падняло паўстанне пад кіраўніцтвам Франца фон Зікінгена, каб устанавіць шляхецкую рэспубліку накшталт польскай Рэчы Паспалітай. Лютар дапамог князям патапіць у крыві сялянскія хваляванні 1525 года, яго публіцыстычная кніга так і называлася: «Напамін аб міры супраць крывавых і разбойніцкіх бандаў мужыкоў».

Такім чынам, рэфармацыя была з'явай складанай, і непрыязныя адносіны да яе Міколы Гусоўскага не азначаюць, што ён быў за кансерватыўнае для таго часу разуменне свету як адзінай хрысціянскай дзяржавы. Гусоўскі робіць ацэнкі палітычнай сітуацыі з пазіцый дыпламата, які абавязаны адстойваць інтарэсы сваёй радзімы, што апынулася ў крытычнай сітуацыі. Чытаючы твор далей, лёгка пераканацца, што Гусоўскі добра разумее нацыянальныя інтарэсы краіны. Яго выкрывальная пропаведзь канчаецца вострай, як удар шаблі, ацэнкай унутранага становішча. Дэспатызм князёў, сваркі і бойкі паміж імі ды слабое супраціўленне нізоў влльмоЖнаму самавольстзу – зось дзе галоўны корань зла:

Мы – шчэ натоўп, грамада непісьменная, цемра.

Вы не зайздросце становішчу нашаму, людцы.

Князь і баяры – усе, каму льга заступіцца,

Глухі да нас і не горай, чым жорсткі татарын,

Душаць пятлёй галасы абурэння ў народзе.

Плаха і кат-выканаўца – вось доля любога,

Хто пастаяць за закон і за бога азваўся. (78)


Гэтыя радкі не пакідаюць сумніву, што Гусоўскі, як ужо гаварылася, лічыць, што ратунак і збавенне можа прынесці толькі шляхта, па яго разуменню – народ. Цяжка дакладна сказаць, якія канкрэтныя падзеі меў ён на ўвазе, апісваючы крызіс грамадскага жыццл. Падзей, што маглі навесці на горкія думкі, было шмат. Не выключана, што паэт меў на ўвазе нядаўнюю міжусобіцу паміж тураўскім князем Міхаілам Глінскім і троцкім ваяводаю Юрыем Забярэзінскім. Прэстыжная сварка магнатаў вылілася ў палітычны інцыдэнт. Здольны палкаводзец, праслаўлены перамогамі ў бітвах супраць татар, Міхаіл Глінскі выкарыстаў незадаволенасць беларускай праваслаўнай шляхты, якую зацірала прывілеяваная літоўска-каталіцкая знаць, і, сабраўшы ў 1508 годзе атрад, зрабіў наезд на рэзідэнцыю ваяводы. Адсекшы галаву саперніку, каралеўскаму фаварыту, інтрыгану, прыхільнікі Глінскага ўваткнулі яе на дзіду і паехалі па ваколіцах Гродна, Слоніма, Мінска вербаваць аднадумцаў. Паўстанцы апусташалі ўладанні караля і яго фаварыта. Міжусобіца набыла рысы нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Сігізмунд сам рушыў пакараць мяцежнага князя, але той перайшоў на службу да цара Васіля III і дапамог яму ўзяць Смаленск, Здача Смаленска ў 1514 годзе рускаму цару выклікала шок у каралеўстве, не дапамагло пакаранне смерцю былога кашталяна Салагуба, на дварах еўрапейскіх манархаў загаварылі пра пачатак канца Рэчы Паспалітай. У межы аслабленага Вялікага княства Літоўскага рынуліся татары і туркі. Калі ў 1506 годзе Міхаіл Глінскі дашчэнту разбіў войскі перакопскага хана пад Клецкам, дык улетку 1519 года яго пераемнік, на пасадзе літоўскага гетмана, Астрожскі пацярпеў поўнае паражэнне пад Сокалем. У 1523 годзе татарскія «галастры» без бою ўгналі з Падолі 9 тысяч бранцаў, а летам наступнага года туркі захапілі 20 тысяч. Зацятая сварка паміж літоўскім канцлерам Радзівілам, гетманам Астрожскім і новым троцкім ваяводаю Гашталдам да рэшты абяссіліла край. Вяльможных буянаў мірыла сама каралева Бона, а Сігізмунд мусіў абкласці ў 1523 годзе чопным падаткам кракаўскую зямлю, каб выплаціць «падарунак» татарам. Кароль настойваў у сейме

Гэтыя падзеі праліваюць новае святло і дапамагаюць вытлумачыць, чаму Мікола Гусоўскі назваў сваю радзіму краем «загадак і цудаў», а роздум пра яе напоўніў трывогай. Як ні цяжка было слузе біскупа і каралеўскага дыпламата гаварыць пра ўнутраныя балячкі радзімы, але ён сказаў сваё слова. Гусоўскі на баку тых, хто здольны «пастаяць за закон», падтрымліваць галасы абурэння ў народзе.

Ацэнкі Гусоўскага – выклік прыдворным польска-лацінскім паэтам таго часу. Андрэй Кшыцкі і Ян Дантышэк ва ўсім гучна падтрымлівалі караля, асуджалі барацьбу шляхты за грамадзянскія правы як пагрозу дзяржаве. У публіцыстычнай паэме «Скарга рэлігіі і Рэчы Паспалітай», якую напісаў Кшыцкі ў адзін год з «Песняй пра зубра», праводзіцца думка, быццам нерашучасць і мяккасць цэнтральнай улады асмельвае крыкуноў, спараджае «шум і гаману паспольства, разруху і бунты». У «Эпіталаміі» Дантышка, напісанай з выпадку шлюбу караля з Бонай, імя Міхаіла Глінскага прыведзена ў дакор і на навуку патэнцыяльным бунтаўшчыкам: зрсь, маўляў, «пагубіў сваім самаўпраўствам сябе і родзічаў, страціў усю маёмасць», так яму і трэба, хай ведае, як «самавольна абвяшчаць сябе незалежным князем Літвы». Гусоўскі глядзеў на сучасныя грамадскія падзеі глыбей і перажываў супярэчлівасці жыцця больш напружана. Паратунак ён бачыў не ў каралеўскім дэспатызме, а ў адраджэнні гераічных традыцый часоў Вітаўта, які ўмеў зацікавіць грамадскімі справамі шляхту і даваў доступ да спраў і пасад не радавітым, а здольным і здатным. Звяртаючыся ў канцы паэмы да дзевы Марыі, паэт на манер старых летапісцаў малітоўна просіць яе:

Нашым князям, што ў сваіх міжусобіцах розум

Нашай крывёй замуцілі, падай на пахмелле

Мысляў і ўчынкаў цвярозасць, вярні раўнавагу

Мудрых дзяржаўцаў, напомні пра іх абавязкі,

Гэтак злачынна забытыя,– карай напомні!

Свет вар'яцее, і ўсе міратворцы на словах —

Гэта ваўкі пад ягнячым руном красамоўства. (80)


Талент і эпоха ўсклалі на плечы Гусоўскага цяжкую ношу. Ён першы ў беларускай літаратуры адчуў і выказаў надыход крызісу ў феадальным укладзе жыцця ў сябе на радзіме, крызісу, які даў парасткі новага ладу ў еўрапейскіх краінах. Гусоўскі не мог яшчэ ведаць, што новае можа прыйсці толькі з пакутай.

У сярэдзіне стагоддзя тое, што Гусоўскаму здавалася загадкай, стане адкрытаю драмай. Канфлікт гэтай драмы напоўніць творы публіцыстаў, лёс краю стане трывожнаю тэмай беларускай літаратуры XVII стагоддзя.

Гэта будзе карціна шукання сродкаў абновы грамадства і змагання за абнову. Нашчадкі Скарыны і Гусоўскага трывожна задумаюцца над тым, як аздаравіць жыццё роднага краю, як асвяціць і ўзвысіць свой народ, вярнуць да гістарычнай славы. Сымон Будны і Васіль Цяпінскі запрапануюць як радыкальнейшы сродак – абнавіць веру і царкву, ахапіць сацыніянскім рухам увесь край. Тады ім здавалася – бясконцыя багацці, што сабраліся ў руках знатных марнатраўцаў, будуць добраахвотна павернуты на асвету і культуру. Народ наш, які, па словах публіцыста, «был зацный, славный, острый, довстнпный народ», цяпер падупаў, стаў пагарджаць навукамі і занядбаў родную мову. Гэты ўпадак напаўняе сэрца асветніка болем і рашучасцю змагацца за былую славу народа і радзімы.

Цыпрыян Камуняка ў «Прамове Мялешкі», «Лісце да Абуховіча» літаральна паўторыць заклік Міколы Гусоўскага: вярнуцца з гэтага аблуднага веку назад у век гераічны, адмовіцца ад раскошы, моды і любоўных брэдняў, што завозяць немцы ці ляхі, застацца сабою, захаваць суровую патрыярхальную прастату. Іван Мялешка выступіць як старамодны дзівак, але на справе ён разумны і смелы грамадзянін, праўдалюб, які самому каралю не збаіцца старым звычаем кінуць праўду, як соль у вочы.

Аршанскі кашталян Філон Кміта Чарнабыльскі таксама выкажацца ў сваіх «Отпісах» за прастату адносін, за давер і парадак у дзяржаве. Горка насміхаючыся з сучаснасці, дзе «вольнасці шляхецкія з'елі парадак», стары служака засумуе па былінных гераічных часах.

Дабіўшыся прывілеяў, за якія ішла барацьба ў часы Гусоўскага, шляхецкае «паспольства» не набыло патрэбнай грамадзянскай адказнасці, пачало злоўжываць свабодамі. Былыя паляўнічыя і воіны цяпер сталі буянымі палітыканамі, прыдворнымі спрытнягамі, абжорамі – кім хочаш, толькі не дысцыплінаванымі грамадзянамі. Кміта быў нават гатовы паклікаць на каралеўскі трон Івана Грознага, каб той навёў парадак сярод разбэшчанай знаці. 3 горыччу адказвае Чарнабыльскі сваім праціўнікам, якія захочуць абазваць яго здраднікам, што не пойдзе цар у гэткую дзяржаўную развалюху, з якое ўцёк назад у Францыю Генрых Валуа, нядаўна абраны каралём.

У перыяд прыбліжэння гістарычнай развязкі езуіты будуць прапаноўваць свае паслугі – увесці ўвесь край у рэчышча каталіцкай веры і культуры. Яны аблытаюць сеткай школ усю Беларусь і перавараць у сваім катле ўсё маладое пакаленне беларускай шляхты. Уніяты падтрымаюць езуітаў, выпрасяць толькі нейкую бачнасць нацыянальнай адрознасці ў формах царкоўнай службы. Пісьменнікі-палемісты з праваслаўнага лагера будуць упарта стаяць за старую веру, але без гераічнай традыцыі. Сарказмам і гневам прагучыць гэтая тэма ў трактаце Васіля Суражскага «О вере единой», крыкам адчаю ў «Фрынасе» Мялеція Сматрыцкага і «Дыярыушы» Афанасія Філіповіча. У цэлым гэта будзе малюнак пакутлівай дэградацыі ўсяго феадальнага саслоўя ад магнатаў мяча і крыжа да шляхты і радавога духавенства. Пануючае саслоўе не зможа годна кіраваць грамадствам, але захавае сілу і лютасць, каб падаўляць народную нязгоду. Так і не выпрацуе феадальная Беларусь радыкальнага сродку супраць крызісу. Распылепасць намаганняў так абяесіліць край, што перадавыя людзі будуць спадзявацца толькі на збавенне з-за мяжы. Цёплы вугельчык нацыянальнага духу захавае адна дрымотная патрыярхальная вёска.

Лёс «Песні пра зубра» і яе аўтара склаўся так непамысна, што вельмі цяжка гаварыць аб яе прамым уздзеянні на аўтараў і творы беларускай літаратуры. З упэўненасцю можна весці гаворку толькі пра сугучнасць ідэалаў і тэм. Гэта мы прасачылі ў публіцыстыцы і ў паэзіі XVII стагоддзя.

Варта яшчэ адзначыць, што цераз творчасць Адама Міцкевіча пранік адбіты прамень святла гэтае дзіўнае зоркі ў XIX стагоддзе, у творы пачынальнікаў новай беларускай літаратуры – Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Давялося чакаць цэлыя вякі, покуль беларуская літаратура набярэцца сілы кантынентальнага прыцяжэння каб блукаючая зорка, запаленая Гусоўскім, сышла на родную арбіту. Гэта здарылася тады, калі беларусы сталі сацыялістычнаю нацыяй, а іх літаратура састаўной часткай літаратуры новага свету, для якога блізка і родна ўсё лепшае ў культурнай скарбніцы чалавецтва.

Пасля смерці папы Лявона X і Эразма Цёлка ў часе эпідэміі 1521—1522 гадоў Мікалай Гусоўскі вярнуўся ў Кракаў, дапісаў там і надрукаваў паэму, звяртаючыся ўжо да новага папы Адрыяна. Аднак, відаць, не дагадзіў гэты твор густам духоўных і свецкіх вяльможаў, бо старасць сваю паэт скаратаў у галечы. Не ўдалося яму знайсці новага мецэната. Яго калегі па пяру Ян Дантышэк і Андрэй Кшыцкі зрабілі бліскучыя кар'еры, а ён застаўся белай варонай, адзінокім дзіваком, старамодным «літвінам». Да ролі прыдворнага паэта гэты самабытны чалавек падыходзіў так, як зубр да карэты. Цяжка было яму спаборнічаць у паэтычным рамястве з начытанымі і вымуштраванымі дваракамі. Вярнуцца ж у родныя мясціны Гусоўскаму, відаць, не дазваляў той самы халодны яшчэ клімат, ад якога вымушаны быў выехаць у Прагу Францыск Скарына, каб «даканаць жывата» на пасадзе каралеўскага батаніка.


Перастварэнне

Рускі і першая часопісная рэдакцыя беларускага перакладу паэмы значна адрозніваюцца паміж сабою. Па задуме перакладчыкаў Якава Парэцкага і Язэпа Семяжона, рускі тэкст максімальна набліжаны да арыгінала паводле зместу і мае нейкія рысачкі падрадкоўніка. Гэта відаць у грувасткасці стылю, у кніжнай цяжкаватасці сказаў і выразаў. Але найбольш дынамічныя карціны і ўсхваляваныя маналогі паэта атрымаліся пераканаўчымі і хвалюючымі. Перакладчыкі добра выкарысталі багацце ўзнёслага стылёвага пласта ў рускай мове і дабіліся ўрачыстага гучання адпаведных мясцін. «Песня пра зубра» гучыць у рускім перакладзе больш узнёсла, чым у беларускім, але ў гутаркова-бытавых сцэнах адчуваецца пэўная сухаватасць і штучнасць.

Беларускі пераклад з'явіўся ў выніку ўнутранай незадаволенасці мастака-перакладчыка, якім з'яўляецца Язэп Семяжон. Робячы з Якавам Парэцкім рускі пераклад, ён вымушаны быў стрымліваць фантазію, якая падказвала яму не лексічныя, а вобразна-эмацыянальныя эквіваленты. Адчуўшы нацыянальны дух твора і самабытнасць асобы аўтара, Я. Семяжон «убачыў» паэму ў беларускай нацыянальнай вогіратцы, больш таго, ён улавіў унутраную сувязь гэтага твора з сучаснаю літаратурай. Акрамя сказанага, паэт-перакладчык захацеў, і гэта натуральна, выступіць як творчая асоба, стаць адзіным пасрэднікам паміж талентам патрыярха беларускіх паэтаў і сучаснікамі.

Галоўная ўвага перакладчыка засяродзілася, як мне здаецца, на перадачы народнасці ідэйнай пазіцыі і вобразнага мыслвння Гусоўскага (дакладней – фальклорнай плыні ў гэтым мысленні). Семяжон адтварыў каларытны вобраз апавядальніка-сказіцеля, які ўмее хораша маляваць дынамічныя сцэны аблавы і экзатыч-ныя малюнкі прыроды, свежа пераказваць народныя паданні, устаўляць у тканіну твора аздобы – трапныя прыказкі і дасціпныя слоўцы. Народнасць – галоўная ідэйная стыхія твора – стала першым клопатам перакладчыка. Мажліва, гэтая праблема занадта асучаснена (народнасць жа мае свае гістарычныя класава-канкрэтныя граніцы), але сутнасць рашэння знойдзена.

Беларускі пераклад у паэтычных адносінах багацейшы за рускі. Язэп Семяжон знайшоў мастацкія сродкі, якія ўзрушаюць і экспрэсіўнасцю і ўрачыстай развагай і, галоўнае, народным досціпам, хоць часам і бянтэжаць прастарэкасцю, накшталт просьбы да маткі божай «падай на пахмелле мысляў», або ўжыванне выразу воўчая «ляпа» ва ўрачыстым кантэксце тае ж малітвы, урывак якое я вымушаны быў прывесці вышэй з увагі на яго змястоўнасць. Можна знайсці і іншыя выдаткі моўнай свабоды і асучаснівання: «бела ад хустак, кашуль і бравэрак», або «страўніку – ежу, а глузду – і кемнасць і мудрасць» (Падкрэсліванні мае.– У. К.). Недапушчальна скажоны пераклад той мясціны, дзе асуджаныя Вітаўтам хлусы «з ціхай пакорай лёс сустракалі – хутчэй бы вяроўку на шыю».

У рускім перакладзе гаворыцца: «...покорно вину сознавая, к смерти стремились – скорее веревку на шею». Гэта адпавядае гістарычнай праўдзе і звычаям часу. Ян Длугаш апісаў выпадак, як у часе Грунвальдскага паходу двое дружыннікаў Вітаўта абакралі касцёл. Князь загадаў ім павесіцца, і яны самі рабілі сабе шыбеніцу, яшчэ і падганялі адзін аднаго, каб хутчэй выканаць на сабе княжы прысуд.

Думаецца, што асучасніваць твор варта асцярожней, больш клопату праявіць, каб ачышчаць тэкст ад мнагаслоўнасці. Тут паказальны (праўда, залішне) польскі пераклад Яна Каспровіча.

Мне асабіста здаецца, што ў нас у мовазнаўстве і літаратуразнаўстве надта ўжо аксіяматычна трактуецца навукова абгрунтаваны прынцып, што паміж старажытнаю і сучаснаю беларускай мовай затрацілася сувязь. Вопыт Максіма Багдановіча, які стварыў такія цудоўныя рэчы, як «Апокрыф» ці «Апавяданне аб іконніку і залатару», на мове, блізкай да сярэдневяковай, гаворыць пра адноснасць гэтага разрыву. Не выключана, што інтэнсіўнае развіццё сучаснай беларускай літаратуры, узбагачэнне яе нацыянальна-стылёвай своеасаблівасці навядзе майстроў слова на неабходнасць больш грунтоўна асвоіць моўныя і вобразныя багацці старога пісьменства. Сімптомы, звястуючыя гэты працэс. я бачу ў стылёвым багацці перакладаў і філасофскіх вершаў Аркадзя Куляшова, у шэрагу твораў Максіма Танка, у прозе і паэзіі Уладзіміра Караткевіча і іншых пісьменнікаў. Не выключана, што працэс вобразна-стылёвага ўзбагачэння мовы беларускай паэзіі, які працякае цяпер, спародзіць прэцэдэнт для яшчэ адной рэдакцыі перакладу «Песні пра зубра». Я маю на ўвазе пераклад, які б шырэй выкарыстоўваў мову, сучасную Гусоўскаму, сёння, праўда, яна лічыцца безнадзейна ўстарэлай, але, дарэчы, Адам Міцкевіч называў яе паэтычнаю і блізкаю да жывой гаворкі беларускіх сялян XIX стагоддзя. Язэп Семяжон выкарыстоўвае архаізмы, але пераважна лексічныя, захаваныя ў паляўнічым жаргоне пэўнай мясцовасці. У другой рэдакцыі беларускага перакладу, падрыхтаванага Язэпам Семяжонам для выдання паэмы асобнаю кніжкаю, шмат чаго зроблена, каб прыдаць тэксту болып строгасці і, галоўнае, болып стылёвага каларыту даўніны. Так, прыведзены вышэй выраз пра выкананне Вітаўтавых прысудаў самімі асуджанымі гучыць у новай рэдакцыі болып прымальна: «Цяжкасць віны ўсведамляючы, з ціхай пакорай самі прыспешвалі час непазбежнае смерці». У тэксце эпілога-малітвы, дзе раней кідаліся ў вочы прастарэкасці і вульгарызмы, зараз чытаем:

Нашым князям, што ў сваіх міжусобіцах розум

Нашай крывёй замуцілі, падай на пахмелле

Мысляў і ўчынкаў цвярозасць, вярні раўнавагу

Мудрых дзяржаўцаў, напомні пра іх абавязкі,

Гэтак злачынна забытыя,– карай напомні!

Свет вар'яцее, і ўсе міратворцы на словах —

Гэта ваўкі пад ягнячым руном красамоўства. (80)


Пры чытанні новай рэдакцыі перакладу толькі зрэдку вока можна спыніць на стылёва-спрэчным слове ці выразе накшталт «пырне раганосца» – у кантэксце твора гэта азначае проста сутычку зубра з аленем, а падтэкст слова «раганосец», які бянтэжыць чытача, перакладчык скінуў з разліку. Таксама парушаюць цэласнасць эстэтычнага ўспрымання дыялектызм «цюкае пушча», неалагізм-калька з рускай мовы «верхнікі», русізмы «чуйны скакун» замест конь, «арланы» замест груганы і некаторыя іншыя. Засталіся ў шэрагу выпадкаў і дыялектныя або гутарковыя словы, якія перакладчык надзяляе аўтарытэтам даўніны. Так, нанрыклад, воі у часы Вітаута на вайсковых занятках у якасці мішэняў падкідаюць – «хтосьці свой брыль ці магерку». Слова «брыль» магло быць у лексіконе тых часоў, а «магерка» (народная этымалогія – мадзярка) прыйшла ў беларускую мову пазней, у часы Стэфана Баторыя.

Зусім зразумела, што новая рэдакцыя перакладу, якія б істотныя змены ні парабіў аўтар, не можа стаць тым новым варыянтам перакладу, пра які гаварылася вышэй. Каб стварыць такі пераклад, трэба ўявіць сабе, як бы выклаў свой твор сам Гусоўскі на тагачаснай мове, калі б доктар Францыск Скарына запрапанаваў яму «ціснуць» паэму ў сваёй друкарні віленскай «рускім языком і словы». Канешне, рабіць пераклад на мову Скарыны сёння не мае сэнсу, гаворка ідзе пра адтварэнне каларыту тагачаснай мовы пры захаванні даходлівасці тэксту для сучаснага чытача.

На сённяшні дзень перакладчык выбраў у цэлым правільны шлях, ён аддаў твор Гусоўскага шырокаму чытачу, а што дзе-нідзе, можа, пяройдзена мера – не так важна, другая крайнасць была б горшым злом, бо многае ў паэме магло б застацца глухім і мёртвым.

«Песня пра зубра» належыць да тых твораў паэзіі, якія прынята зваць паэмамі жыцця. У кожнага пісьменніка можа быць толькі адзін такі твор, часам ён з'яўляецца адзіным, і, тым не менш, імя аўтара назаўжды прапісваецца ў пантэоне роднай літаратуры. Гусоўскі пісаў паэму свайго жыцця па заказу, пісаў спяшаючыся, пісаў на чужыне і на чужой мове, але ствараў ён яе ўсё маладое жыццё і не на чужыне, а ў родньда краі, разам са сваім народам – вось чаму народ аказаўся на яго голас як сапраўдны адрасат і ўладальнік гэтага твора, звернутага фармальна да пап, каралёў і вяльмож.

ПЕРШЫ ВЫРАЙ

У апошнія гады нашы літаратуразнаўцы нямала пішуць пра польска-беларускія літаратурныя сувязі. Калі пайсці ў думках за даследчыкамі і паглыбіцца ў факты, якімі яны аперыруюць, дык можа здацца, што з нашага боку было тут нават штосьці ад любові без надзеі на ўзаемнасць. Маладзейшая па рангу і веку літаратура заўсёды першая робіць прызнанні сваёй старэйшй сястры – гэта зразумела. Але праходзіць час, і ўлюбёны падлетак вырастае ў паўнацэннага партнёра па творчым супрацоўніцтве.

Пачынальнікі новай беларускай літаратуры зайздросна і захоплена глядзелі на вызваленчую барацьбу польскага народа, які, апынуўшыся ў падобных да нашых гістарычных абставінах, умеў больш дзейсна змагацца за сваё месца ў сусветнай гісторыі і ў XIX стагоддзі здабыў імя народа-паўстанца, ахвярнага барацьбіта «за вольнасць вашу і нашу». Гераічная трагедыйнасць нацыянальнага лёсу ўвасобілася ў польскай літаратуры. Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Уладзіслаў Сыракомля, Марыя Канапніцкая – славутыя песняры польскай долі-нядолі – абудзілі ў пачынальнікаў новай беларускай літаратуры пачуцці пабрацімства, роднасці лёсаў і душ. Паэзія Адама Міцкевіча, поўная гордай пакуты за мільёны прыгнечайых, уяўлялася ўзорам грамадзянскай стойкасці перад абліччам гістарычных выпрабаванняў. У польскіх песняроў-будзіцеляў беларускія паэты бачылі адвагу і смеласць быць нацыянальнымі, народнымі, рэвалюцыйнымі. Беларускія перадавыя пісьменнікі таксама тварылі пераважна ў аспекце гераічнага, паэтызавалі свабодалюбства, будзілі ў рахманай душы мужыка-беларуса чалавечую годнасць, патрыятызм і класавую свядомасць. Такой мне ўяўляецца прэлюдыя нашага літаратурнага пабрацімства.

Сёння беларускае літаратуразнаўства распрацоўвае праблему паскоранага развіцця нацыянальнай літаратуры ў XIX—XX стст., і слушна бачыць ва ўзаемасувязях паміж перадавымі кірункамі братніх літаратур тую сілу, якая паскорыла творчы рост нашага маладога, кволага колісь пісьменства. Адсюль і павышаная цікавасць да польска-беларускіх гістарычных і культурных сувязяў.

Зразумела, ідэя паскоранага даспявання мастацтва засталася б неабгрунтаванай прыдумкай, калі б творы класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў не перакладаліся на мовы іншых народаў, у тым ліку на польскую мову. Цераз пераклады ўваходзіць нацыянальнае пісьменства ў скарбніцу сусветнай літаратуры, даказваючы на справе наяўнасць фарсіраванага росту.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю