Текст книги "Зорны спеў"
Автор книги: Уладзімір Калеснік
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 21 (всего у книги 24 страниц)
Зборнік вершаў М. Рудкоўскага пранізаны жаданнем адчыніць чытачам дзверы ў скарбніцу роднага краю, адкрыць вочы на хараство яго самавітай прыроды, багацце народных характараў, уваскрасіць героіку мінуўшчыны, выявіць усе ніці, што злучаюць запаветны астравок паэтавай зямлі з вялікай Радзімай, з усёй планетай.
I трэба сказаць, што задача злучаць блізкае і далёкае ў часе і прасторы не толькі пастаўлена, але шмат дзе паспяхова рашаецца, ды яшчэ на сучасным эстэтычным узроўні.
Пра тое, як нёс Міхась Рудкоўскі ар'ергардную службу ў паэтычным паходзе равеснікаў, можа засведчыць «Начны эскіз» – адзін з лепшых у сучаснай беларускай паэзіі вершаў пра партызан, убачаных вачамі дзіцяці. Твор гэты аўтабіяграфічны, яго эстэтычная сіла засяроджана ў падтэксце, схаваным пад дакладна выяўленыя падзеі, бытавыя падрабязнасці і эмацыянальна-псіхалагічныя рухі дзіцяці. Дзіця задае партызанам, якія, як заўсёды, вяртаючыся з задання, завіталі ў бацькаву хату падсілкавацца, такое пытанне, адказаць на якое звыш чалавечых сіл:
А дзядзька дзе?
А дзядзьку дзе вы дзелі? —
(О горкая дзіцячая наіўнасць!
Прашу вас, калі можаце, прабачце...)
Маўчалі, вочы апусціўшы, вы.
З парога ўжо, вінтоўку ўзяўшы ў рукі,
Сказаў хтось:
Спі, сынок... Ён заўтра прыйдзе...
А на стале, на ільняным абрусе,
Стаяў самотна кубак... (8)
Лепшыя вершы зборніка «Каменні цытадэлі», «Мой дзед быў сельскім кавалём», «Паядынак аленяў», «Балада пра аднагодкаў» і іншыя вызначаюцца навізною думкі, суадпаведнасцю зместу і формы, уласцівых сталаму мастацтву. Вобразы, створаныя паэтам, кранаюць чытача, бо нарадзіліся яны з унутранай чалавечай патрэбы ачышчаць душу ў разважаннях з самім сабою – бапькам сваіх дзяцсй, патрыётам, камуністам. Гэтыя роздумы ўголас гучаць як споведзь пакалення людзей, якія пераймаюць і бяруць на свае плечы вялікі цяжар адказнасці за будучыню Радзімы і свету.
Зразумела, шырыня паэтычнай ідэі запатрабавала і багатай вобразнасці для яе ўвасаблення. У зборніку мы сустракаем розныя віды верша: ад традыцыйных ямба і харэя да верлібра, свабоднага і белага вершаў, ад балады да ўнутранага лірычнага маналога і адкрыта публіцыстычнага выслоўя. Паэт карыстаецца зломамі рытму, асанансамі, але робіць гэта заўсёды з асцярогай, добраю мерай. Бадай-што ва ўсіх выпадках выбар таго ці іншага прыёму падказваецца і тлумачыцца задумай, зместам, ідэйна-тэматычнай накіраванасцю твора.
У М. Рудкоўскага, як і належыць у час даспявання, складваецца свой круг улюбёных вобразаў, свае прыёмы, якія ўтвараюць яго індывідуальны стыль і манеру пісьма. Калі спрабаваць вызначыць гэты аўтарскі стыль адным словам, дык я ўжыў бы слова «рамантычнасць». Рамантычна-задуменнае, рамантычна-ўзнятае, згушчанае да сімвалічных вузлоў бачанне навакольнага свету – істотная рыса паэзіі М. Рудкоўскага. Вершам яго ўласціва асаблівая натхнёнасць, цяга да вышыні, да ідэалу.
У «Каменнях цытадэлі» фармальна паэт выкары-стаў стары, як само рамантычнае мастацтва, прыём надзялення чалавечаю мовай нежывых прадметаў. Гэтым прыёмам, настаўнікі ведаюць, карыстаюцца звычайна ў сваіх сачыненнях вучні. Зразумела, што ісці такім шляхам прафесійнаму паэту рызыкоўна, па сутнасці гэта азначае знарок настроіць сябе на сутыкненне з банальнасцю. Рудкоўскі не збаяўся гэтага.
У яго каменні цытадэлі – не проста рамантычны сімвал памяці, яны набылі не толькі дар мовы, а дар гуманістычнай ацэнкі і сталі пасрэднікамі паміж пака-леннямі. У маналогу, звернутым да чытача, каменні апраўдваюцца і скардзяцца: лёс прымусіў іх сузіраць такія падзеі, ад якіх яны «за адну расстраляную ноч назаўсёды ссівелі», яны спрабавалі несці гуманістычную службу ў той пякельны час: «мы сабой засланялі жанчын і дзяцей», і цяпер найболыпая пакута для іх – маўчанне:
да крыку нам трудна маўчаць:
мы болем жывым перапоўнены,
перапоўнены словамі гневу,
што засмяглыя губы шапталі... (31)
Трэба быць не абы-якім рамантычным паэтам, каб, ажывіўшы руіны, так востра адчуць цяжар іх абавязку – сведчання. Сапраўды, калі б да сведак такіх падзей панізілася цікавасць нашчадкаў, гэта азначала б прадвяшчэнне яшчэ болыпай трагедыі, чым тая, пра якую сведчаць яны. Маналог каменняў завяршае павучальны зварот да сучаснікаў:
Не кляніцеся гучна,
а ў душы зірніце свае!
Не зайздросце героям, іх славе:
толькі раз чалавеку Айчына дае
на бяссмерце
свяшчэннае права. (31)
Не скрозь і не ўоё так удаецца паэту, як гэты спушчаны амаль да прозы маналог. Ці не юначы яшчэ максімалізм прыводзіць да характэрных хібаў,– я маю на ўвазе знарокавую інтэлектуалізацыю мовы. Сустракаецца і прамалінейна аголеная тэндэнцыйнасць у публіцыстычных вершах і лішняя камернасць матываў у інтымных. Аднак М. Рудкоўскі мае ўроджаную патрэбу няспыннага духоўнага абнаўлення, росту. Гэтая думка становіцца перакананнем, калі параўноўваеш з папярэднімі трэці зборнік яго паэзіі – «Позвы».
Развіццё паэтычнага таленту часам прасочваецца па ўдасканальванню майстэрства: асвяжэнню вобразаў, прыёмаў кампазіцыі, славесна-гукавой фактуры верша і г. д. Такі падыход, мне здаецца, мае нейкі сэнс у тых выпадках, калі сам паэт асабліва настойвае на тэхналогіі, бачачы ў ёй ніву для самазацвярджэння ў правах майстра. Міхась Рудкоўскі ў «Позвах» праявіў ранейшую стрыманасць да чыста фармальных пошукаў, хоць няцяжка заўважыць болыпую, чым раней, схільнасць выкарыстоўваць сучасныя тыпы верша і прыёмы пісьма такія, як верлібр, танічны верш, а ў традыцыйнай сілабатоніцы – пераносы, зломы рытму, жывыя гутарковыя інтанацыі, празаічныя звароты дзеля фону і неалагізмы для выдзялення галоўнага. Аднак усё гэта выкарыстоўваецца па-ранейшаму мэтазгодна, таму на першы позірк тэхніка верша М. Рудкоўскага здаецца натуральнай, традыцыйна-простай. Ды тут за вонкавай прастатой, а часам і знарокавай «безмастацкасцю» стаіць салідная вывучка і вопыт, назапашаны шляхам вывучэння і асваення творчасці майстроў слова – А. Блока, М. Багдановіча, М. Танка і нават вопыту класічнай паэзіі Усходу з яе хітраватай імпрэсіўнасцю, дзе непасрэднасць толькі скрывае важкі афарыстычны падтэкст – славутае стараіндыйскае «дхвані».
У вершы «Аб форме» М. Рудкоўскі выказваецца за класічнае адзінства формы і зместу і лічыць першаю прыкметаю дасканаласці формы акрэсленасць яе кон-тураў і пластычнасць аб'ёмаў. Толькі выразная, нерасплывістая форма яднаецца з жыццёвым ідэйным ядром:
У сонца форму шара забяры —
і сонца ператворыцца ў туманнасць,
Напэўна стане і мудрэц прафанам,
калі пачне нагамі дагары
хадзіць, забыўшы, што спакон вякоў
прырода любіць строгасць і разумнасць... (55)
Адсюль вынікае, што ацэнка працы паэта павінна быць абавязкова шматпланавай, каб улічвалася адначасо-ва навізна ідэі твора і акрэсленасць прыёмаў паэтычнага ўвасаблення задумы. Цэнтрам, адкуль праглядаецца адзінства зместу і формы, з'яўляецца асоба лірычнага героя, яго грамадская, чалавечая каштоўнасць, абумоўленая сілай і багаццем сувязяў з жыццём.
Змест паэзіі – гэта перад усім чалавек і жыццё, якое ў ім і супрацьстаіць яму, і творыцца ім. Пры гэтым сам чалавек як асоба, здольная адчуваць, мысліць і пераўтвараць навакольны свет, з'яўляецца часткай рэчаіснасці. Цераз асобу чалавека свет асэнсоўвае сябе. Лірычны герой у сапраўднай паэзіі – гэта цэлы свет, дакладней, тая часцінка свету, якую можа ўмясціць у сабе канкрэтны індывід, аднак жа, паводле спецыфічных умоў паэтычнага ўспрымання, паэт схільны лічыць свой свет светам універсальным, светам наогул, адзіным сапраўдным светам.
I не без падставы свет паэта называюць храмам яго душы. У тым храме, які малюе М. Рудкоўскі, пануе язычніпкая спрадвечнаснь. казачная таямнічаспь. да-верлівае сужыццё ўсяго жывога. Наэт вядзе нас у пушчу, дзе задуменна стаяць волаты-зубры, спакойна цягнуцца да вадапою палахлівыя алені, бесклапотна гуляюць нястомныя тарпаны, пасвяцца пахмурныя ласі. Няма тут толькі драпежнікаў. Свет спрадвечнай прыроды гарманічны і мудры, падобна як у казках з рэпертуару яго паэтавага продка і земляка Рэдкага або ў легендах Сымона-музыкі. Свет гэты не ведае каварства, жорсткасці, зла. Быццам жадаючы ўпэўніцца, што такое цуда можа быць, герой часам бярэ з сабою ў вандраванні па лясных гушчарах гарэзу сыночка і, далучыўшыся да яго свежай, наіўнай душы, растае ў адушаўлёнай дзіцячым уяўленнем прыродзе. Але часцей ён вандруе ў задуменні адзін, паглыбляючыся ў тайны існасці. Такія вершы, як «Палеская быліна», «Балада пра пушчанскі спакой», «Першагром», «Бала-да пра апошняга блакітнага аленя», «Дзіўлюся, дрэвы, вашай прастаце» і інш., з'яўляюцца, бясспрэчна, удачамі паэта, яны ўзбагачаюць рамантычны каларыт паэзіі М. Рудкоўскага. Сусвет паўстае ў іх як чарадзейная лабараторыя, дзе ствараюцца самыя вялікія каштоўнасці – жыццё і чалавечае шчасце. Там сціхае боль, адступае смерць, гасне зло. Душа героя схільна раскрывацца ў роздумах аб чалавеку перад тварам веч-насці, аб сэнсе быцця, аб вытоках шчасця.
Паэта наводзіць на роздум пра шчасце сяброўка, з якой ён сустракаецца, блукаючы ў думках па грыбных узлесках або па сцежках іх юначай дружбы. Інтымныя вершы М. Рудкоўскага падкупліваюць шчырай юначай паэтызацыяй кахання і сяброўства, натхнёнасцю чалаве-чых адносін. У любоўных закліках і прызнаннях пачуццёвы пачатак падпарадкоўваецца духоўнаму, каханне трактуецца як радасць адкрывання інтымнага свету другога чалавека, а свет гэты аказваецца невычарпальным у сваёй патаемнасці («У грыбных лясах кружыўся лістапад», «На плёсе», «Не вярнуў я цябе, не паклікаў»). У вершы «Слова з ночы спраўджаных летуценняў» аўтар прапануе ў духу П. Панчанкі даць увасобленыя назвы ўсім дням і начам года, каб яны лепш памяталіся людзям, павышалі адчуванне гуманістычнай сутнасці жыцця, яго чалавечага сэнсу. Сярод іншых дзён і начэй ён называе!
Ноч Блакітнай травінкі,
Дзень Высокіх агнёў,
Ноч Дыхання крыніц,
Дні Накрытых сталоў,
Сонцацвету,
Зажынкаў,
Ночы Памяці труднай
і Ражаніц.
Будуць ночы Чужых агародаў і вуснаў,
Дні Нябітага дурня
і Мудраца.
Ды не будзе між іх ночы тлустай распусты
і не будзе вар'яцкае ночы канца
107
.
М. Рудкоўскі настойвае на паэтызацыі прыроды і чалавечых адносін, гэта адзін з важнейшых і прынцы-повых крытычных акцэнтаў у яго наскрозь лірычнай паэзіі. Свет бездухоўны, празаізаваны, зведзены да абыдзёншчыны, уяўляецца паэту не толькі жахліва сумным, але проста несапраўдным светам – «Сустрэча ў лесе».
Сувязь лірычнага героя з жыццём была б аслабленай, калі б ён поўнасцю выжываўся толькі ў лятунках і марах. Герой М. Рудкоўскага не адрываецца ад рэаль-насці, ён толькі адыходзіцца часам ад яе канкрэтных праяў, каб лепш убачыць галоўныя падзеі, здольныя ўзвысіць душу,– героіку рэвалюцыі і Айчыннай вайны, няяркі гераізм штодзённай працы сучасніка і гераізм дабраты, сумленнасці, спагадлівасці. Народ стварыў асновы маралі, разумныя нормы адносін, на якіх заснавана ўсё жыццё чалавечага роду, іх нельга ні абысці, ні скасаваць:
З часоў дагістарычных і да новых.
свет усё-такі стаіць на трох кітах:
на дабраце, на працы, на любові.
Без іх Зямля – чужы халодны прах
108
.
Пачуццё справядлівасці, дабраты і любві да людзей палымнела ў сэрцы Леніна, нараджаючы ідэі абнаўлення свету,– «Прыйшоў я ў Разліў да Ільіча»; яно бушавала ў маладых сэрцах камісараў рэвалюцыі, чые вобразы сняцца лірычнаму герою,– «Мне сняцца маладыя камісары»; святая справядлівасць вяла ў бой воінаў, якія вызвалялі Палескі край ад фашыстаў,– «Ішлі нашы войскі», «Ліпеньскі роздум». Вера ў спра-вядлівасць, як спрадвечную ўстою жыцця, падказвае сялянцы-маці словы малітвы «сонцу, дрэвам і птушкам», калі сын яе трапляе ў кіпцюры смерці або перажывае ўнутраныя крызісы. Замілаванне да жыцця навеяла старому лесніку незвычайны запавет – паставіць на яго магіле не пакутніцкі крыж і не горды абеліск, а вясёлую звонкую шпакоўню.
Ваюючы з бездухоўнаю прозай жыцця, лірычны герой М. Рудкоўскага, як і належыць рамантыку, даходзіць ажно да крайнасцей. Канешне, сапраўдны паэт павінен хмялець ад расінкі, што мімаходам кранула яго губы, але ж паэзія абавязана ахмяляць і так званыя моцныя галовы.
Выпадкі рамантычных галопаў мастака відны ў кампазіцыйнай незавершанасці шэрагу твораў («Летняя ідылія», «О, доўгай зімняй ночы летуценне», «Там, за лясамі няўлоўных ценяў»). Пахвальныя самі па сабе пачуцці не знайшлі тут пераканаўчага вобразнага ўвасаблення. Паэтычныя падтасоўкі прыкметны і ў кампанентах тыпова каляндарных вершаў, як «Маёвая песня», «Балада пра жанчыну», тое ж можна прыкмеціць і на так званых «любімых» тропах-вобразах. Вось, напрыклад, вобразны рад, узяты мною з тэкстаў, якія стаяць у кнізе адзін ля аднаго: «Можаш быць ты і ціха пяшчотнай і разбуджана-радаснай быць». Хораша сказана, але ўжо «разбуджаны снежань» аслабляе дзеянне першага вобраза, а «разбуджаны халодны свежы квас» амаль што дыскрэдытуе ўвесь троп. Такія метамарфозы адбываюцца і з эпітэтамі «чысты, блакітны» («блакітны алень» – удалы вобраз, але «блакітныя гусі» – ?).
Часам лірычны герой быццам абуджаецца і пачы-нае заўважаць няёмкасць свайго хмялення ад крынічнай вады, ён спрабуе патушыць усмешкай гэтую беспрычын-ную зачараванасць, але тут жа палохаецца, каб не выглядаць празаічным: «Адвечных зор і вечных дум пастух».
Бясспрэчна, узвышаны погляд на жыццё лепшы за прагорклы скептыцызм або скнарны практыцызм – у апошніх пазіцыях няма ні высакароднасці, ні мудрасці, ні прыгажосці:
Ляніва, бы стары патрыцый Рыма,
жыву я ля падгор'яў белых Крыма
і п'ю віно, што ў цёмных паграбах
брадзіла годы; і гляджу звысоку,
калі афіцыянтка круглашчокая
мяне дурманіць на маіх вачах. (72)
Чытаючы гэтыя радкі, мы салідарны з паэтам, бо гутарка тут ідзе не пра сібарыцкую дабрадушнасць, а пра ўменне ўзняцца над капеечнымі свавольствамі афіцыянтак, бачыць жыццё шырока, пазбягаць усяго таго, што робіць душу дробязнай.
Радуючыся ўдачам М. Рудкоўскага, хочацца бачыць яшчэ болып адточаную думку, крытычнасць і баявітасць яго паэзіі. Той абмежаваны свет бездухоўнага практыцызму, якому паэт кідае выклік,– не такі слабы і марны, як гэта можа здавацца. Ваяваць з ім трэба і пачуццём, і розумам, і справай. Лірычны герой М. Рудкоўскага ваюе, але формы барацьбы пры ўсёй іх высакароднасці не заўсёды жыццёва дзейсныя. Часам ён, напрыклад, любіць замыкацца ў гордай адзіноце, задавальняючыся тым, што маральна ўзнёсся над дробязямі асабістых крыўдаў – «Зубр-адзінец», «Чучала арла». Гэтага, здаецца, замала: у штодзённых адносінах такія людзі безабаронныя і бездапаможныя...
Я не кажу, што лірычны герой павінен стаць практычным і ўедлівым, як фельетаніст з насценгазеты. Такія метамарфозы – рэч немажлівая, ды і непатрэбная. Гаворка ідзе толькі пра паглыбленне сувязі героя з жыццём, а паэта – яшчэ і з сакрэтамі жывога слова, з мажлівасцямі паэзіі, якія сёння пашыраюцца вельмі шпарка.
Дзе далейшая перспектыва творчага росту М. Рудкоўскага? На гэта адкаяса само жыццё, якое будзе напаўняць зместам душу мастака. М. Рудкоўскі адлюстраваў у сваіх вершах духоўны шлях чалавека ад юначых лятункаў да шпаркага бегу за сэнсам быцця ў высокі поўдзень. Канчаецца шпаркае ўзыходжанне бацькоўскаю радасцю, пазнаваннем у кволых усхваляваных кроках сына сваіх «першых вёрстаў». З пункту гледжання творчага лёсу мастака – гэта не закончаны круг, але зеніт. Ці далей жыццё пойдзе па траекторыі ракеты, ці апіша дугу бумеранга – усё залежыць ад самога паэта і толькі ад яго. Небяспека такіх паваротных пунктаў на жыццёвых шляхах перш-наперш у тым, іпто тут канчаецца падтрымка старэйшых... Старэйшых за бацьку людзей няма. Нават уплыў калеіітыву ў такім узросце абмежаваны. Адказны час зеніту чакае ад паэта новага, зусім асаблівага напружання сіл для ўзлёту на новыя віткі.
Дарога да сябе і да людзей
У Белаазёрску ёсць Лясны завулак. Падарожнаму лепш пытаць пра вёску Нівы: не так даўно гэты завулак быў вёсачкай, але, калі вы проста запытаеце маладых прахожых – а іх многа на вуліцах гэтага маладога гарадка,– як знайсці дом Ніны Мацяш, вам адразу пакажуць дарогу і назавуць прыкметы сялібы над старым зарослым каналам, ля высокіх бяроз.
Да адной з гэтых бяроз, самай вялікай, што расце наводшыбе, ужо за абсадай, любіць дабрацца паэтэса, акінуць вокам далягляды, падумаць, памарыць. Можа, з-за гэтай звычкі ў яе вершах дрэвы выступаюць сябрамі лірычнага героя, маўклівымі ахоўнікамі яго сардэчных таямніц, мудрымі дарадчыкамі ў цяжкія хвіліны жыцця:
Вучуся ў дрэў,
У ніцае ракіты
Глыбей у глебу весці карані,
А у бярозы, восенню акрытай,—
Вяртаць лістотай сонца з вышыні
109
.
Ніна Мацяш на фальклорны лад лічыць дрэвы такімі ж гуманістычнымі аб'ектамі жыцця і пазнання, як і людзей. Недзе абагнаў іх чалавек на прадаўніх трасах эвалюцыі, ён пайшоў, а яны ўраслі ў зямлю, засталіся на месцы. I ўрослыя ў зямлю дрэвы захавалі вернасць гуманістычнай місіі павялічваць біялагічную сілу планеты. Дрэвы нават у гэтай місіі пераважаюць жывёл і людзей, яны не спажываюць жывога, а толькі памнажаюць яго. Дзівосную вітальную місію дрэў Ніна Мацяш прымае пантэістычна ўслед за фальклорам, а яе равеснік і зямляк Алесь Разанаў робіць тэмаю філасофскіх роздумаў і асэнсоўвае ў духу сучаснага атамна-тэхнічнага веку, яго праблем і мажлівасцей:
Пляліся рукамі людскімі
і лапці
і кашалі...
Вы нашы браты, якія
па нашых слядах не пайшлі
110
.
Некалькі чалавек у апошнія гады прыйшло ў літаратуру з Бярозаўскага раёна – Раіса Баравікова, Алесь Разанаў, Анатоль Казловіч. Але Ніна Мацяш не перабралася, як яны, жыць у сталіцу. Лёс вярнуў яе ў бацькаву хату. Суровы карчагінскі лёс... Аднак не з літасці да пакут любяць яе землякі. Паважаюць за мужнасць і розум, любяць за талент. Скаваная цяжкаю хваробай, Ніна Іосіфаўна знайшла ў сабе дастаткова сілы і волі, каб завочна закончыць Мінскі педагагічны інстытут замежных моў і сёння ўпарта штодня ездзіць на ручной калясцы вучыць нямецкай мове дзяўчынак і хлопцаў у Белаазёрскае прафтэхвучылішча. А дома яна рыхтуецца да ўрокаў як да свята ды яшчэ перакладае з нямецкай, французскай, польскай і піша сваё. Вершы паэтаў Францыі, В'етнама, Польшчы, ГДР у яе перакладах можна сустрэць на старонках беларускіх літаратурных часопісаў, зборнікаў, альманахаў.
У 1970 годзе выйшаў уласны зборнік вершаў Ніны Мацяш «Агонь», а праз два гады новы – «Удзячнасць».
Старажытныя міфы кажуць, што агонь прынёс на зямлю Праметэй з любасці да чалавека, змардаванага жорсткаю барацьбой супраць варожых сіл прыроды. Агонь стаў сімвалам жыцця і дабра. Такім яго славілі нашы продкі-язычнікі ў купальскую ноч. Але прайшлі вякі, людзі падзяліліся на варожыя класы, скарэжаная класавым уціскам фантазія раба памясціла агонь у пекла, а рай засадзіла зялёнымі свечамі дрэў, кветак і траў. Агонь стаў сімвалам пякельнай кары і пакуты. На вачах сучаснікаў той пякельны агонь бушаваў у печах крэматорыяў, гойсаў на палях і джунглях В'етнама, бушуе і сёння на атамных палігонах імперыялізму.
Але гарыць Вечны агонь на магілах герояў. Гарыць добры праметэеў агонь у печах Белаазёрскай электрастанцыі на радзіме паэтэсы, зыркае святло яго бяжыць у хаты палеекіх калгаснікаў, светлыя вокны запрашаюць зморанага падарожніка зайсці сагрэцца:
Шыбуй сюды, знявераны і стомлены!
Тут рук сяброўскіх шчырае цяпло.
I падалося мне: сам шквал надломлены
Быў гэтым кволым прызыўным святлом.
Калі ў сваёй дарозе, часам здрадлівай,
Згублю з-пад ног збалелых цвёрды грунт,
Я так хацела б, каб і мне здагадліва
Агеньчык нечае душы спагадлівай
Выратавальна ў вочы заглянуў
111
.
Ніна Мацяш увяла ў паэзію праметэеў агонь, каб выказаць праграмную тэму– тэму чалавечнасці. Паэтэса знаходзіць праявы гуманізму вакол сябе і шукае ў сабе. Гуманізм – плод здаровага жыцця. Заклік паэтэсы да спагадлівасці, даверу і дружбы гучыць па дзявочы далікатна, як прывабліванне хараством.
Ясная вобразнасць, пластычнасць вершаў Ніны Мацяш выяўляе добрую вывучку ў школе савецкай і еўрапейскай класікі. Вось, напрыклад, верш «Дажджын-ка». У аснове задумы яго ляжыць быццам бы не новы вобраз: у кроплі вады адбіваецца цэлы свет. Але паэтэса ўбачыла ў кроплі, што коціцца па яблыку ў яе садзе, свет родны і любы. I як натуральна прагучала радасць эстэтычнага прысваення гэтага свету, адбітага ў дажджынцы:
А ў ёй – палова неба сіняга,
Крыло ўрачыстае вясёлкі,
I гай бярозава-асінавы,
Што прытуліўся да пасёлка.
I два камбайны – два караблікі —
На фоне яркага бяздоння.
... Зрываецца паўсвету з яблыка
I мне – ў далоні...
112
Жыццё ва ўяўленні паэтэсы не мляўкая ідылія, а напружаная драма, барацьба сіл тварэння і нішчэння, працэс, поўны чалавечага сэнсу. Ніна Мацяш вырасла ў працавітай сялянскай сям'і, дзе бацька прывучаў «быць скупою ў пачуццях услых», дзе бабуля рупна і нястомна «насіла асот у квяцістым прыполе», а святамі ў застоллі «высока вяла старадаўнія песні». Цнатлівы, шчыры і просты свет працоўнай сям'і паэтэса падключае да вялікага свету – чалавецтва. Яна разглядае сваю паэзію як працяг народнай песні. Гэта натуральна, бо яе душа – працяг народнай душы. Звяртаючыся ў думках да нябожчыцы бабулі, яна абяцае:
Усе твае песні аддам Беларусі,
Я толькі дабаўлю да іх тыя словы,
Што сёння лунаюць над краем вясновым
113
.
Ніна Мацяш выконвае гэту клятву, яна дапоўніла песню бацькоў не толькі малюнкамі роднага Белаазёрска – горада энергетыкі, магутнай фабрыкі святла на Палессі, але і малюнкамі пачуццяў і парыванняў інтэлігента і рабочага, сельскага механізатара – стваральнікаў красы жыцця.
У літаратурнай крытыцы пашырана думка, што сапраўдны экзамен для маладога пісьменніка – выхад другой кнігі. Першая можа быць вынікам бурлівага росту маладога чалавека ў моманты даспявання, другая – паказчык устойлівай даравітасці, таленту.
У другім зборніку Н. Мацяш «Удзячнасць» ёсць некалькі вершаў, якія выконваюць ролю праграмных запевак. Паэтэса нібыта вагалася, які з гэтых матываў болын важны ці блізкі ёй, і, не знайшоўшы адказу, уключыла ў кніжку ўсе. Тытульным вершам яна паставіла:
Кім бы я была,
Чым бы я была
Без твайго святла,
Без твайго крыла,
Мая Радзіма?..(5)
А на наступнай старонцы зноў радкі, якія могуць стаць ключом да зборніка або па меншай меры важным матывам яго:
Людзі, людзі!
Перад вамі нізка хілюся,
Бо адна я – нішто. (6)
Побач з шырокім рэчышчам такіх вось грамадзянскіх праграмных сцвярдлсэкняў у кнізе Ніны Мацяш можна вылучыць яшчэ адзін асаблівы напеў. Найбольш выразна выступае ён у пачатку верша «Прасветласць», твора ўвогуле пераўскладнёнага, але ў ключавых радках дастаткова яснага, нават афарыстычнага:
Відаць, з гадамі толькі спасцігаеш
Увесь бясцэнны скарб паняцця: друг. (15)
Напэўна, адно гэтае паняцце не ахоплівае ўсёй працягласці інтымнага струменя ў паэзіі Ніны Мацяш. Каб уявіць гэты струмень, трэба прыгадаць яшчэ хоць пару матываў. Вось адзін з верша «Адліга», твора алегарычнага, у якім тонка зашыфраваны таямніцы сэрца:
О, сэрца, ты такое рызыкоўнае:
У студзені адліга – не прадвесне.
Табе ж хапае промня выпадковага,
Каб ашукацца I каб уваскрэснуць. (14)
I яшчэ адзік акорд – з верша «Расчараванне»:
Расчараванне, як абвал.
Хіба ўгадаеш гэта ліха? (22)
Ідэалам паэтэсы з'яўляецца чалавек уражлівы, да-лікатны, які няспынна аналізуе і кантралюе свае пачуцці, думкі, паводзіны. Ніна Мацяж дае ўзоры пранікнёнага мастацкага самааналізу. Паэтаў-лірыкаў часам параўноўваюць з шаўкапрадамі, якія цягнуць залатую нітку творчасці з уласных грудзей. Самааналіз і самавыражэнне ў творах паэта-лірыка займае болып месца, чым у празаіка ці вучонага. На гэтай глебе часам узнікаюць нават ператрымкі, якія даюць повад дакараць самалюбаваннем або схільнасцю замыкацца ў сваёй шкарлупе. Лірычны герой Ніны Мацяш захоўвае разумную меру лірычнай спавядальнасці, ён болып праніклівы, але і болын глыбокі, чым у папярэдняй кніжцы. Пошукі сябе і свайго ў жыцці праходзяць тут напружана, часта драматычна:
Я кожны міг, хай падсвядома,—
Няма спакою! Вечны бой! —
Іду к сабе, к той не вядомай
Нікому, нават мне самой... (12)
Ніна Мацяш як бы шукае мяжу чалавечай уражлі-васці і душэўнай вынослівасці. У шэрагу вершаў яна намякае на шкоднасць перагрузак, якія ўзнікаюць у працэсе паскораных духоўных зносін, уласцівых сучас-насці. Гэта паскарэнне трэба кампенсаваць і дыялектычна ўраўнаважыць барацьбою за культуру зносін, за гумяніетычную чуласць. Пазтэса як бы папярэджвае; «Не грукайце часта ў дзверы душы – гэта кволы прадмет». Побач з гуманістычным папярэджаннем вершы Ніны Мацяш сцвярджаюць адметны тып духоўнага хараства чалавека, калі ён дасягае аптымальнай зраўнаважанасці эмоцый, жаданняў, парываў, паўсюдна здзяйсняючы маральны самакантроль.
Цікава выглядае ў гэтым аспекце падтэкст лірычнага верша «Я вас люблю». Шна Мацяш смела паўтарыла ключавы радок пушкінскага «Прнзнання». Такія набліжэнні да класікаў рызыкоўныя, іх можа дазволіць паэт толькі тады, калі ён унутрана перакананы, што яго думкі і перажыванні арыгінальныя. Ніна Мацяш свядома адштурхоўваецца ад пушкінскіх радкоў. Яна не піша варыяцый на памятную са школьных год тэму:
Мне не к лицу и не по летам...
Пора, пора мне быть умней!
Но узнаю по всем приметам
Болезнь любви в душе моей.
Штуршком для творчага ўяўлення з'явілася сэнсавая розніца слова «люблю» ў рускай і беларускай мовах. Рускаму «люблю» ў беларускай мове адпавядаюць два сінонімы: «люблю» і «кахаю». Тэму адкрыў гэты першы, шырэйшы па змесце сінонім. Лірычная гераіня як бы супакойвае кагосьці, мажліва старэйшага за сябе, у якога свой лёс і свае маральныя абавязкі, яна хоча ўнесці яснасць у іх адносіны: «Я не кахаю Вас, я Вас люблю». Гэта прызнанне накіроўвае зносіны блізкіх людзей у інтэлектуальную платанічную сферу, словы «Я Вас люблю» гучаць як уздыханне, у якім чуваць палёгка і смутак, а над усім – смуга высакароднай аддаленасці.
Філалагічная культура і творчая смеласць відаць у болыпасці літаратурных рэмінісцэнцый Ніны Мацяш. Побач з разгледжаным вершам варта спаслацца на «Ато іе...»9 эпіграфам да якога ўзяты лацінскі афарызм, што старажытныя рымляне выбівалі на абручальных пярсцёнках – «Люблю цябе, любі мяне, вернасць несмяротна». Верш падкрэслівае багаты чалавечы змест простай вернасці ў дружбе і каханні, аддае належнае так званым фундаментальным этычным нормам.
Літаратурныя крыніцы натхнення – пагроза арыгінальнасці. Ніколі не можа ў мастака быць абсалютнай пэўнасці, што ён пераадолеў уладу таго літаратурнага вобраза, які заразіў яго творчым настроем. Першасны асабісты вопыт жыцця, які б ён ні быў – знешні ці ўнутраны,– болын надзейная аснова творчай самастойнасці.
Ціха, ледзь прыкметна струменіцца праз кнігу Ніны Мацяш глыбока лірычны, напэўна асабісты, матыў смутку па сустрэчах з людзьмі, па гутарках, якія не адбыліся. Зносіны з людзьмі, гэта востра адчувае паэтэса, узбагачаюць душу, жаданне шукаць сустрэч – не капрызная прыхамаць. Чалавек прагне дружбы, так як зерне прагне пульхнай раллі і дажджу:
Я маўчу, як зерне ў баразне.
Прыйдзе ж час – адзіны ў свеце голас
Хваляй сонца ахіне мяне,—
I схілюся ў шчасці цяжкім коласам. (12)
Вось так іншасказальна і выключна шчыра, ажно да заплюшчвання вачэй, гучыць лірычны маналог у адным з вершаў, навеяных тугою па блізкай душы, роздумам пра гуманістычную вартасць сапраўды інтымных зносін. Бо толькі асабістае адчуванне прыналежнасці да свету людзей, адчуванне сваёй патрэбнасці дарагому чалавеку дапамагае ўсвядоміць уласную індывідуальнасць, жыццёвую вартасць свайго «я»:
Вы ёсць. Як пад нагамі ёсць зямля.
Як гэта неба ёсць над галавою.
Вы – нібы гарызонт, які здаля
Са мной жартуе блізкасцю сваёю. (31)
Гераіня прымае гэтыя «жарты гарызонта», яна га-това вытрымаць пробу на самастойнасць, на незалеж-насць свайго «я». Без гэтага пошукі родных душ і сувязяў з імі сталі б толькі праявай слабасці або нават духоўнага спажывецтва. Яна ведае гэтую суровую дыялектыку жыцця, таму загадзя адмаўляецца ад падарункаў:
Я проста ўведала даўно,
Што неяк спраўлюся з сабою... (21)
Натуральна і хораша пераходзіць Н. Мацяш ад сістэмы «яна і ён» у сістэму «я і людзі». Гэтая другая, шырэйшая сістэма зносін адпавядае і другой сістэме каштоўнасцей. Тут ужо героі ідуць па той скарб, які можа ўзбагапіпь не іх дваіх, я чадавецтва. На гэтай, больш высокай трасе сувязяў выяўляецца адноснасць асабістага адчування шчасця і гора, клопатаў і поспехаў, яго залежнасць ад грамадскага зместу жыцця. Прасветленая пачуццём яднання з людзьмі, паэтэса дзякуе жыццю нават за цяжкасці, за навал спраў і турбот, за тугу і пакуты, якія запаўняюць зместам будзён-ны дзень. 3 філасофскага асэнсавання асабістага ўдзелу ў грамадскім дзеянні, якасці сваіх адносін да жыцця людзей і краіны нараджаецца хвалюючае адчуванне ўласнага лёсу, яго цяжару і важкасці. Цяжар – непазбежны спадарожнік важкасці. Цяжар – паказчык у рэшце рэшт сілы чалавека, вынослівасці яго:
Лёс мой,
лёс мой,—
цяжкі колас,
часам —
цяжкі камень...
Мне люляць цябе
да скону
кволымі рукамі.
Мне з табою
быць сам-насам
і несці у людзі
то ў кароне промняў ясных
ды ў пчаліным гудзе,
то шукаць табе ратунку
ад навалы чорнай.
Час
падлічвае рахункі,
мелюць часу жорны. (37)
Ізноў жа міжвольна ўзнікае патрэба прыгадаць тут славутыя шаўчэнкаўскія «думы». Параўнанне, як і ў выпадку з пушкінскім вершам, дапамагае адчуць духоўны ўзровень і арыгінальнасць творчай думкі маладой паэтэсы, сучаснасць яе роздумаў пра дыялектыку сувязі асабістага лёсу і лёсу народнага:
I любіць ажно да болю,
Як матулін голас,
Беларусь, і сонца, й долю...
Лёс мой,
цяжкі колас! (38)
У вершах алегарычнага плана «Жыла-была рака», «Адліга», «Вучуся ў дрэў» псіхалагічна тонка асэнсоўваецца дыялектыка душэўных рухаў, якія спадарожнічаюць набліжэнню чалавека да знешняга свету. Смела і па-свойму цікава выкарыстоўвае Ніна Мацятті падтэкст. Яна рашуча адхіляе просталінейнасць, просіць чытача быць субяседнікам, сябрам па роздумах, саўдзельнікам па ўяўляемых знешніх і ўнутраных учынках. Паказальны ў гэтым сэнсе верш, які цалкам пабудаваны на падтэксце, верш-водгук на трагічную пагібель экіпажа касмічнага карабля «Саюз-11»:
У дубы,
У дубы найчасцей б'юць маланкі.
Скамянела ў жалобе Зямля.
...У палескай хаціне шпачок-немаўлятка —
Бачу —
цягне да цацкі свае ручаняткі,
Да міжзорнага карабля. (26)
Патрэба ў гераічным, высокім, якое спачатку нават жахае сваёй незвычайнай магутнасцю, але потым, падпарадкоўваючыся вышэйшым законам жыцця, нясе свету вызваленне ад спрадвечных загадак, пакутлівых пытанняў, дае радасць пазнання і веру ў сябе – з'яў-ляецца крыніцай натхнення паэтэсы. Тое, што прыве-дзеныя тут радкі верша аказаліся прарочымі ў прамым сэнсе, мажліва, і выпадковасць, але ў шырокім сэнсе яны заканамерныя. Нядаўна свет стаў сведкам, як узгадаваны ў палескай вёсцы юнак павёў зорны карабель па арбіце пазнання Сусвету. Гэта лепшае пацвярджэнне жыццёвасці летуценных прадбачанняў палескай дзяўчыны, паэтэсы з Белаазёрска, Ніны Мацяш.