355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Калеснік » Зорны спеў » Текст книги (страница 12)
Зорны спеў
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 06:00

Текст книги "Зорны спеў"


Автор книги: Уладзімір Калеснік



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 24 страниц)

Максім Танк у вершы «Павязлі цягнікі» намаляваў у 1937 годзе рамантызаваны вобраз рэвалюцыі. Весткі пра паўстанне рабочых кварталаў імчаць па краіне «ашалелыя з грывай агню цягнікі»...

Іх на кожным паўстанку,

Бы ўраджайнае лета,

Спатыкалі дзяўчаты

I хмары касцоў.

I з усёй Беларусі

Скрыпачы і паэты,—

А іх больш, бы ў краіне

Маёй каласоў!

58


Заключныя радкі верша не проста эфектная гіпербала, а трапнае адлюстраванне з'явы, якую аўтар добра ведаў як кіраўнік літаратурнага аддзела народна-франтавой газеты «Наша воля». Больш таго, Максім Танк асабіста ведаў многіх пачынаючых паэтаў, у тым ліку і песняроў з зачэпіцкага паэтычнага гнязда. Ні ў Максіма Танка, ні ў Валянціна Таўлая (апошні вёў літаратурную частку «Беларускай газеты») не было ілюзій пра маштабы талентаў зачэпіцкіх самадзейных паэтаў, але яны трымалі сувязь з гэтым асяродкам, разумеючы, якія ўплывы на вяскоўцаў маюць аматары мастацкага слова. Пятрусь Граніт быў нават запрошаны ў Вільню на з'езд Літаратурнага фронту сялянскіх і рабочых пісьменнікаў.

Сёння ён ледзь не адзіны жывы сведка гэтай немалаважнай у гісторыі беларускай літаратуры падзеі. Памяць яго захавала шэраг цікавых. драбніц. У размове са мною Пятрусь Граніт прыгадваў: «Усіх прысутных на з'ездзе было, напэўна, за дзесяць чалавек, але паэтаў было менш. Прывялі мяне з рэдакцыі «Беларускай газеты» ў нейкую хату, драўляная хата, але на два канцы і на падмурку высока паднятая. Там ужо сядзелі людзі, чакалі, разглядвалі фатаграфіі на сценах. Глянуў і я. Бачу – вельмі прыгожая паненка, я і ўставіў сваё слоўца па-вясковаму: «О, брат, глядзі ты, як гэтая во вырыхтавалася!» Усе – у рогат. Як аказалася, я тут – неўпапад, не разгледзеў, што вісела ікона нейкай святой.

Ачомаўшыся крыху, я ўбачыў пасярод пакоя круглы стол, на стале бутэлька гарэлкі і чаркі, талеркі. Я думаю: што тут такое? А потым выяснілася, што гэта для канспірацыі. Калі б наляцела паліцыя, дык просты адказ: імяніны ў гаспадыні. З'езд быў у доме Любы Асаевіч – будучай жонкі Максіма Танка.

Тут усе сабраліся, і рэдактар Аляксандр Карповіч усё растлумачыў. Потым устаў нейкі тоненькі, высмыглы, падобны на хлопчыка і пачаў гаварыць – гэта быў даклад, Але гаварыў разважна: скажа, потым спыніцца, і растлумачыць, і цытатаў прывядзе. Цытатаў даваў многа, асабліва з Маякоўскага. Потым ужо я даведаўся, што гэта быў Валянцін Таўлай. А тады не ведаў. Я ж быў членам КПЗБ яшчэ дагэтуль, то знаў, што работа канспірацыйная. I не дапытваўся.

Па дакладу, каб сказаць, то і не было спрэчак. Тут усе выказаліся як бы ў адзін голас: гаварылі – мы павінны браць прыклад з савецкай літаратуры, праводзіць сваю лінію, паднімаць беларускі народ і не ісці ў падхалімы да хадэкаў. Вось і ўсё»59.

Цяга да паэзіі настолькі захапіла зачэпіцкіх падпольшчыкаў, што між імі ўзнікла нават небяспечнае саперніцтва. Двух старэйшых друкавалі радыкальныя газеты, а трэцяга, малодшага, «вытрымлівалі». Тады ён з наіўнай горыччу напісаў рэдакцыі, што, маўляў, мы ж працуем у адной канспірацыі, а мяне вы абыходзіце ўвагай. Пісьмо пры налёце паліцыі на рэдакцыю «Беларускай газеты» было захоплена і трапіла ў следчы органы. Там жа апынуўся і калектыўны вершаваны пратэст зачэпіцкіх паэтаў супраць арышту Эрнста Тэльмана. Пратэст падпісалі акрамя Граніта, Праменя і Струменя Н. Жальба і Міхась Ліст (Васіль Камянецкі), таксама тады вясковы паэт з Краснага Лідскага павета. У часе суда над супрацоўнікамі «Беларускай газеты» Пятрусь Граніт быў пазваны абвінавачваннем як сведка і саўдзельнік «злачынства».

«Працэс праходзіў,– успамінае Граніт,– якраз пасля памятнага стрэлу Сяргея Прытыцкага, таму ў зал пасяджэнняў не пускалі больш як трох чалавек, а сведкаў вызвалі, напэўна, сотню. I вызвалі розных людзей, дык адразу сведкі неяк раздзяліліся: чыстая публіка направа, а даматканнікі – налева. Яны сабе сядзяць, чытаюць газеты, а мы чакаем. Пад вечар ужо зачытаныя газеты пераходзяць ад іх да нашага брата. Пачытаць жа пра ход суда ахвота. А карэспандэнты на зале былі ўвесь час. Нават рэдактар беларускай «Нашай волі» Склубоўскі прысутнічаў.

Пазвалі мяне. Я крадком глянуў на падсутных – сядзяць у сваёй вопратцы, як хто быў. Пазнаю, але не падаю выгляду: канспірацыя. Мяне пытаюць:

– На якой аснове падпісаў дэкларацыю?

– На звычайнай аснове,– гавару.– Прыехаў у рэдакцыю пасля таго, як змясцілі мой верш. Прашу, каб больш змяшчалі і каб зборнік выдалі. А там гавораць, што маюць намер выдаваць часопіс, калі збярэцца досыць аматараў. Я і падпісаў.

– Там жа антыдзяржаўныя выпады, у дэкларацыі.

– Якія там выпады. Ерунда там, за пшэпрашэннем, а не выпады. Я хацеў, каб вершаў больш друкавалі.

– А якая табе справа да Тэльмана?

– А звычайная справа. Сядзіць жа чалавек, немаведама чаго пакутуе. Такая і справа.

– Вытлумач, якую гэта канспірацыйную справу вядзе пан у Зачэпічах?

– Я і Струмень, мы не дужа адукаваныя, а пісаць вершы спрабуем, дык хочам, каб ніхто не ведаў ды не насміхаўся над намі – вось мы і трымаем прозвішчы ў канспірацыі.

Тады суддзя да пракурора: «Што яшчэ мае пан запытаць?»

– Ніц.

– Звольнёны.

Я зайшоў пасля ў рэдакцыю «Нашай волі», Склубоўскі пахваліў: «Але ж добра ты там адказваў»60.

Сын беднага селяніна, Пятрусь Граніт рана асірацеў: бацька яго памёр у 1923 годзе ад старых ран, прынесеных з грамадзянскай вайны. Паміраючы, былы чырвонаармеец пакінуў сыну апошні запавет – змагацца за ідэалы пралетарскай рэвалюцыі. I сын свята трымаўся бацькоўскага наказу, уступіў у гурток Грамады, потым у КПЗБ, пачаў супрацоўнічаць у левай прэсе, друкаваўся ў «Беларускай газеце» (вершы «Прывітанне», «Муяшцкая восень»), у штотыднёвіку «Poprostu» змясціў цэлую нізку вершаў і аўтабіяграфію, друкаваўся ў «Асве», «Нашай волі», «Беларускім летапісе».

Тады з-пад яго пяра выйшаў цікавы і незвычайны для заходнебеларускай паэзіі верш «Брукар», у якім паэт расказваў пра мазольную працу і гордыя думы рабочага-сезонніка. Ёсць у ім нешта з песень працы Цішкі Гартнага. Сам Граніт вымушаны быў улетку брукаваць дарогі, бо гаспадарка не давала належных сродкаў на пражытак. Паэт ведаў настроі і думы пралетарскіх пластоў заходнебеларускай вёскі і ў сваіх баявітых публіцыстычных вершах шчыра і востра выказваў іх кроўныя інтарэсы. Праўда, вершам брукара не хапала наэтычнай тэхнікі, многія з іх кампазіцыйна расцягнутыя, стракацяць рыторыкай, агульнымі мясцінамі, шурпатыя па гукамеладычнай структуры, але пры ўсім гэтым шчырыя і праўдзівыя як жывы голас чалавека, як балючы крык душы, таму захоўваюць каштоўнасць калі не эстэтычную, дык гісторыка-дакументальную.

Грамадзянская загартоўка, якую атрымалі заходнебеларускія самадзейныя паэты ў 30-я гады, дазволіла ім правільна ацаніць вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Усе яны ў меру сіл сталі актыўнымі ўдзельнікамі будаўніцтва новай сацыялістычнай явы. Пятрусь Граніт быў абраны старшынёю сельсавета, Герасім Прамень – старшынёю рэвізійнай камісіі, Васіль Струмень актыўнічаў у Заходняй Украіне, куды быў вымушаны выехаць у канцы 30-х гадоў з сям'ёю ў пошуках хлеба, Францішак Каравацкі – на Віленшчыне.

Многа знамянальных спраў прайшло тады праз іх рукі, думкі і сэрцы. Граніту давялося, напрыклад, сустрэцца з Янкам Купалам. Гэта было ў Лідзе, куды прыязджаў Народны паэт у таварыстве Пятра Глебкі і Алеся Кучара.

«Янка Купала,– успамінае Граніт,– быў у Лідзе тры дні, жыў у гасцініцы, а абедаў у сталовай, так званай «Амерыканцы». Мы з Валянцінам Таўлаем і Анатолем Іверсам пайшлі праведаць яго. Купала сустрэў нас ветліва і, пагутарыўшы, запрасіў разам паабедаць. Заказаў нам абед з чатырох блюд з чаркай і півам. Калі мы памкнуліся плаціць – перапыніў нас: «Хлопцы, хлопцы, у мяне, мабыць, больш грошай...» А потым усім нам даў падарункі: мне дасталася кніжка «Выбраныя паэмы», асобнае выданне «Над ракой Арэсай». Янка Купала быў негаваркі. Прачытаеш, помню, яму свой верш, ён паслухае. Пытаеш: «Ну як?», а ён далікатна гаворыць: «Верш як верш, трэба паправіць».– «А як яго паправіць?» – пытаю. «Хто яго ведае. Спярша трэба некалькі разоў прачытаць, тады можна раіць. Прыязджай, кажа, у Мінск, там параімся і наконт зборніка». Янка Купала стары ўжо быў у тыя гады, але паказаўся вельмі свойскім чалавекам, як родны. Так што розніца ў гадах не так і адчувалася. Гаварыў з намі сардэчна, шчыра. Падумаць толькі, гэта ж Народны паэт, а гаворыць як бы быў сам вясковым простым чалавекам»61.

Дастойна прайшлі ўсе паэты-пабрацімы і праз навалу фашысцкай акупацыі. Францішак Каравацкі працаваў у польскім патрыятычным руху, які шырыўся на тэрыторыі СССР, у 1943 годзе ён быў скінуты на парашуце ў акупіраваную Варшаву, скантактаваўся з сакратаром ЦК толькі што створанай у падполлі Польскай рабочай партыі таварышам Паўлам Фіндэрманам і выконваў яго спецыяльныя даручэнні. Паэты з Зачэпіч кожны ў меру сваіх сіл і мажлівасцей дапамагалі партызанам, у антыфашысцкім падполлі зносілі небяспеку і нягоды, хаваліся па лясных нетрах у часе блакадаў, аддалі антыфашысцкаму руху свой даўні вопыт канспірацыі, распаўсюджвалі партызанскія лістоўкі і газеты сярод насельніцтва, самі пісалі для ўжытку партызанскага друку, а пасля вызвалення горача браліся за адбудову роднага краю, сваім аўтарытэтам падтрымлівалі калектывізацыю ў вёсках, спрыялі росквіту роднай зямлі.

Энтузіязм і кроўная зацікаўленасць ва ўсім, што дзеецца ў калгасе, спараджалі ў іх не толькі хвалебныя вершы, але і словы едкай крытыкі. Прамень, як старшыня рэвізійнай камісіі, па асабістых уражаннях склаў цэлы цыкл сатырычных частушак.

Ёсць сярод іх некалькі, як на свой час і месца, даволі трапных:

Як з фінансавым агентам

Дзве літроўкі прапілі,

Дык мне гэтым самым летам

Маладзетныя знялі.


Але, вядома, аснову вершаў пасляваеннага часу складае ідэя сцвярджэння справядлівасці і хараства новага жыцця. Вось хоць бы верш таго ж Праменя пра адноўлены краявід родных ваколіц:

За кустом маліны

Працякае рэчка.

У канцы даліны

Поле – на ім грэчка.

Вецер па-над рэчкай

Ходзіць буйным ходам,

I да самай рэчкі

Пахне, пахне мёдам.


Да сённяшняга дня Пятрусь Граніт і Васіль Струмень застаюцца актыўнымі працаўнікамі на ніве народнай асветы: першы кіруе пачатковаю школай у родных Зачэпічах, другі – выкладае ўкраінскую літаратуру ў адной са школ горада Сарны. Вершы абодвух ажыўляюць старонкі раённых газет.

Самым важным дасягненнем іх цяжкага і пачэснага шляху я лічу вось гэту патрэбу жыць духоўным жыццём, дзяліцца думкамі і пачуццямі з людзьмі, любіць літаратуру і не па абавязку толькі, а па асабістай схільнасці прапагандаваць яе.

Мне прыемна атрымліваць лісты ад Васіля Струменя. Столькі ў іх энтузіязму, дапытлівасці і няспыннага клопату пра літаратуру!

У адным з іх ён паведаміў: «Ад Яўгена Іванавіча лісты атрымліваю часта. Я ўжо атрымаў па пошце першы і другі тамы яго збору твораў, а цяпер з нецярпеннем чакаю трэцяга і чацвёртага. Хачу Вас папрасіць, каб Вы паведамілі, ці выйшаў з друку другі том «Гісторыі Беларускай савецкай літаратуры». Я тады сам яго выпісаў бы».

У гэтым жа канверце, як бы між іншым, нумар сарнаўскай раённай газеты «Будівник комунізму» за 20 снежня 1969 года, дзе на здымку Струмень і кампазітар Ю. Раманенка працуюць над «Песняй пра Сарны». Надрукаваны тут жа тэкст і ноты:

Одягнулися

барвами квітів

Береги над Случем,

Правди Леніна

Сонцем зігреті,

Мы щасливо живем.


Калі аднесці гэтае прызнанне да самога Струменя, то ўрэшце гэта будзе сапраўды так, пры ўмове, што шчасцем будзем лічыць інтэнсіўнасць жыцця, уменне пражыць у момант век, як гаварыў Максім Багдановіч. Жыццё Струменя ідзе на той шпаркасці, на якую ён здольны. А хуткасць гэту прыдала перш за ўсё любоў да паэзіі і аматарскія заняткі творчасцю. Тое ж у астатніх сяброў. Мне давялося неяк пару год назад наведаць у таварыстве П. Граніта Н. Жальбу. Мы засталі яго за кнігай, чытаў «Сэрца на далоні» I. Шамякіна. Даведаўшыся, што я маю дачыненне да літаратуры, засыпаў пытаннямі, прытым пытанні ішлі не ад пустой цікаўнасці, а ад любві і ведання літаратуры. Стары, пасівелы чалавек прадаўжае адсвечваць святлом нашай мастацкай літаратуры. Хіба гэта не хораша?

ЗДЫМАК У ЖЫЦЕ


Ведаць яго

Калі ў нашу партызанскую стаянку на ўскрайку Налібоцкай пушчы прыйшлі ўсе тры браты Коля, Міша і Янка Брылі, неяк пасвятлела ў зямлянках пад кашлатымі елкамі. Вайсковая здатнасць мужчыны ў вачах партызан цанілася высока, а пра Брылёў усе ведалі, што яны служылі ў войску, што Міша з Янкам нават добра абстраляны на польска-нямецкім фронце. Брылі ўступалі ў партызаны, што называецца, «з музыкай»: дапамаглі нам разбіць свежаспечаны гарнізон у іх вёсцы Загора.

Партызаны здагадваліся пра гэта, камандны састаў (мне давялося быць тады начальнікам штаба аднаго з атрадаў) ведаў напэўна, што ўдзел гэтай сям'і ў партызанскім руху пачынаўся не тою сакавіцкаю ноччу 1944 года. Іх баявое хрышчэнне адбылося ўлетку 1942 года, калі адзін з першых партызан у ваколіцы, камандзір групы, былы настаўнік з Данской станіцы Ціхан Дуднікаў, зайшоў у іхнюю хату акрываўлены, з падвязанай рукой. Параненаму далі прытулак, схованку, лячылі некалькі месяцаў і так сталі сувязнымі атрада, у які перарасла група Дуднікава. Што датычыць стажу антыфашысцкай барацьбы Янкі Брыля, дык яго трэба лічыць з восені 1939 года, калі ён у лагерах для ваеннапалонных асабіста ўбачыў нялюдскае аблічча нямецкага фашызму і пачаў рыхтаваць сяброў па палону да маральнага супраціўлення нацызму, пачаў назіраць і запісваць свае ўражанні, збіраць абвінаваўчы матэрыял. Калі б тыя нататкі палоннага «паляка» трапілі ў рукі гестапа, ён быў бы пакараны, так, як каралі тады камуністаў і падпольшчыкаў, удзельнікаў супраціўлення.

У партызанскай брыгадзе Янка Брыль хутка праслыў добрым разведчыкам, дружным таварышам, з якім не страшна апынуцца ў вогненным пераплёце. Праўда, смеласці партызанам не трэба было пазычаць, адвагай не надта каго здзівіш. Тое новае, што прынеслі пад налібоцкія елкі Міша і Янка Брылі, мела стваральны характар.

У нашых наднёманскіх мясцінах (партызанская брыгада «Камсамолец» складалася пераважна з мясцовых жыхароў) сям'я Брылёў славілася, калі можна так сказаць, этычнаю культурай. З юнацкіх год браты займаліся самаадукацыяй, шукалі адказу на маральныя і сацыяльныя праблемы ў творах Талстога і Леніна, вялі спрэчкі з рэлігійнымі цемрашаламі, ладзілі спектаклі, вечары. Не дзіва, што да іх гарнуліся вясковыя хлопцы і дзяўчаты, давяралі свае сакрэты, раіліся, шукаючы сумленнага выйсця з трудных сітуацый. Міша захапляўся жывапісам, Янка – літаратурай. Ён перакладаў п'есы для аматарскіх спектакляў, пісаў вершы і апавяданні, нават друкаваўся ў беларускіх віленскіх часопісах. Мастацкія здольнасці братоў не былі таямніцай для партызан, але выхад у свет друкаванага сатырычнага лістка «Партызанскае жыгала» з дасціпнымі вершамі і малюнкамі быў прыемнаю нечаканасцю для ўсіх нас. Помню, раней камісар брыгады ўгаворваў выпускаць у атрадах насценгазеты, а мы агіналіся: ну, што тут можна пісаць, калі ўсе і так бачаць, дзе сёння кожны быў, што зрабіў, ведаюць, што сказаў, здагадваюцца, што падумаў, нават не сакрэт, каму якія сны сніліся... Аказалася, аднак, што пісаць можна, пісаць ёсць пра што. Толькі да нашага звычайнага жыцця трэба было дакрануцца мастаку. I сёння мы, былыя партызаны, адкрываем многа чалавечых жывінак у сваім лясным жыцці па творах Янкі Брыля.

Пасля вызвалення нашай мясцовасці раз-ведчыка і супрацоўніка партызанскага друку назначылі в. а. рэдактара газеты «Сцяг свабоды» (орган Мірскага РК КПБ). Так пачаўся яго шлях у журналістыку і мастацкую літаратуру.

Наша партызанскае сяброўства прадоўжылася пасля вайны на мінскім, як гавораць, бруку. Ён быў тады маладым абяцаючым пісьменнікам, я – студэнтам літфака. Заходзіў да яго на правах земляка. Янка тады якраз ажаніўся і здымаў кватэру ў драўляным доме за паркам Чалюскінцаў. Пакойчык быў цесны і такі цёмны, што за першым прыходам я больш па голасу чым па выгляду, пазнаў Ніну Міхайлаўну, маладую гаспадыню, якую ведаў яшчэ з партызанскіх лагераў, дзе яна вучыла дзяцей у так званай зялёнай школе.

Шырыня інтарэсаў, гасціннасць гаспадыні, таварыскасць і невычэрпны гумар гаспадара – прыкметы дабраты і сілы – тады ўжо стваралі нейкую асабліва цёплую каларытную атмасферу гэтай сям'і. У іх заўжды было людна і ўрачыста весела. Прыязджалі землякі, заглядалі знаёмыя, сходзіліся пісьменнікі, чыталі ўголас новыя творы, раіліся, абмяркоўвалі, спрачаліся... Было цесна, але ўтульна і хораша.

Зараз у Брылёў кватэра вялікая, добра абстаўленая. Але рэчы, хай самыя каштоўныя, не маюць тут улады над людзьмі. Ніхто не папракне ні позіркам, ні словам земляка-вяскоўца, калі ён, забыўшыся выцерці ногі, пройдзецца па дыване, пакідаючы сляды загорскай гліны. I не дзіва, што часта ўжо а шостай гадзіне раніцы чуцен стук у дзверы: з'язджаюцца далёкія і блізкія знаёмыя ў сталіцу па справах. Гаспадар дома вітае зычліва, з жартамі, не падаючы выгляду, што заснуў толькі а другой гадзіне, а наперадзе напружаны рабочы дзень. Асаблівыя прывілеі даюцца тым, хто прыехаў у Мінск палячыцца. Якая б тэрміновая праца ні ляжала на рабочым стале, якія б задумы ні прасіліся на паперу – усё ідзе набок. Янка Брыль нібыта зусім забывае, што ён пісьменнік, становіцца апекуном сваіх гасцей.

Часта даводзілася мне падарожнічаць з ім. Першы раз у 1951 годзе. На канікулах я вырашыў збіраць рэвалюцыйныя песні былой Заходняй Беларусі, а ён – сустрэцца з ветэранамі рэвалюцыйнага падполля, сабраць матэрыял для працягу рамана «Граніца». На веласіпедах мы аб'ехалі сотні вёсак і мястэчак, пазнаёміліся з бывалымі і цікавымі людзьмі. Начавалі пад стагамі ці проста ля вогнішча на партызанскай палянцы, аднаўляючы дружбу з зямлёй і цёмнаю ночкай. Час быў нялёгкі. Вакол былых членаў КПЗБ згушчалася атмасфера падазронасці і недаверу. Давялося выслухоўваць многа скаргаў. У вёсках яшчэ не ўляглася драма калектывізацыі. Людзі перажывалі трывогі перад новым. Але, слухаючы заліўныя галасы жней, што даносіліся з поля, мы радаваліся: новаму жыць і красаваць, песня пра залатую пшаніцу ўваходзіць у сэрцы жанок, становіцца яваю. Замест працягу «Граніцы» тады ў Брыля напісаўся працяг «Забалоцця», аповесць «На Быстранцы».

Іншы раз мы вандравалі па Палессі. У прамежку паміж першым і другім падарожжамі мой сябра аб'ездзіў больш чым паўсвету – Еўропа, Амерыка, савецкая частка Азіі,– і з радасцю прыкмеціў я, што яго цікавасць да сваіх людзей, да жыцця народа, да беларускай прыроды яшчэ ўзрасла, з'явіліся адкрытая чуласць і пяшчота.

Інтрыгуе мяне, як загадка, спосаб успрымання наваколля пісьменнікам, выбарнасць яго падыходу да з'яў і фактаў жыцця. Здаецца, адзіны клопат у яго – не перашкаджаць усім быць натуральнымі. Янка Брыль не выпытвае чалавека, не прыстае, нібы асцерагаецца, каб той не пачаў выдумляць, бо «выдумляць» – задача пісьменніка. Такі прыкметны ў сваім пісьменніцкім таварыстве, востры на слова, праніклівы жартаўнік і штукар, ён робіцца стрыманым і ціхім і неяк натуральна зліваецца з асяроддзем простых людзей. Успрымальнасць у яго вострая, памяць учэпістая. Янка Брыль не прапусціць ніводнага слоўка, нават інтанацыі, псіхалагічнага жэсту, калі ў гэтым праяўляецца чалавечы змест, здольнасць хваляваць. Праз дзесятак гадоў, нібы ў элеватары, захоўваюцца ў яго свядомасці сотні і тысячы зярнятак-фактаў, жэстаў, рухаў, выразаў, слоўцаў, такіх свяжуткіх, нібы яны трапілі ў памяць сёння раніцаю. I зноў жа пісьменнік часта прапускае такія, здавалася б, эфектныя эпізоды, складныя расказы людзей. Збоку гледзячы, дык такі матэрыял хоць жыўцом гані ў твор для займальнасці. Ён жа інтуіцыяй улоўлівае стрыжань з'явы, гуманістычны змест адносін паміж людзьмі і выражае гэта па-свойму, у адпаведнасці са складам свайго характару і таленту.

Злівацца душой з простымі людзьмі, якія выступаюць станоўчымі героямі яго твораў, Янку Брылю, відаць, дапамагае тое, што ён не адцураўся ад звычак свайго працоўнага вясковага дзяцінства і юнацтва. Вырасшы пры матцы, цяжкахворай удаве, ён навучыўся рабіць і паважаць і мужчынскую і жаночую работу. Мяне, як малодшага ўзростам, колькі раз бянтэжыла тая натуральнасць, з якою ён першы хапаўся за кацялок з-пад юшкі, ірваў траву на хвашчану і шараваў пасудзіну, нібыта гэта яго звычны занятак.

Вывучаць жыццё для Янкі Брыля азначае не толькі назіраць. Вывучаць – значыць удзельнічаць, думаць, даследаваць дзейнасць людзей на фактах і па дакументах гісторыі. Мне давялося працаваць побач з пісьменнікам у архівах Вільнюса, Гродна, Брэста, Слоніма і іншых гарадоў. Мушу прызнацца, я часта бянтэжыўся, не могучы датрымаць кроку яму ў чытанні, канспектаванні. Адчуваючы маю заклапочанасць, ён супакойваў: «Ты ж чытаеш грунтоўна, удумоўваешся, а я так сабе, проста для агульнага знаёмства». Гэтая самаацэнка не перашкаджала яму тактоўна падказваць мне факты, якія я «грунтоўна» і «ўдумліва» прапускаў. Гісторыю культуры Беларусі Янка Брыль ведае дасканала, ведае ў яе складаных сувязях з рускай, украінскай, польскай. I дзіўна было мне, што пры сваёй энцыклапедычнасці ведаў ён калісьці шкадаваў, што не сеў адразу пасля вайны за універсітэцкую парту. Тады я сядзеў на студэнцкай парце, але перавагі ў ведах не адчуваў, часцей было наадварот. Сістэматычная самаадукацыя для здольнага творчага чалавека – найлепшы універсітэт.

Творчасць Янкі Брыля з'яўляецца таленавітым сцвярджэннем духоўнага багацця беларускага народа, яго самавітага нацыянальнага характару, побыту, звычак, пявучага хараства яго мовы. Далёка за межы нашай рэспублікі нясуць творы мастака жывую праўду аб нашым народзе, народзе-партызане, народзе-працаўніку, які ўмее рабіць вялікія справы без крыку і ганарлівага самалюбавання.

Літаратурны шлях Янкі Брыля, як і кожнага сапраўднага мастака, толькі знешне лёгкі і бліскучы. Гэта лёгкасць даецца цаною вялікага духоўнага напружання, няспыннай працы. Я помню вечары, калі Янка Брыль па раздзелах чытаў у вузкім коле родзічаў і сяброў аповесць «У Забалоцці днее», апавяданні з цыкла «Ты мой лепшы друг» і іншыя творы. Гэта было ў гады літаратурнай маладосці. Голас пісьменніка выдаваў хваляванне, а ў моцных пальцах аркуш паперы дрыжаў, і чытальнік стараўся перахапіць дрыготкую паперу пасярэдзіне, каб слухачы не заўважылі яго трывогі. З такім жа маладым неспакоем, клопатам і нават страхам дае чытаць новыя рэчы і сёння прызнаны майстра слова. З высокай трывогай, якая дапамагае знаходзіць сэнс і хараство жыцця, нараджаецца славуты лірызм яго прозы, лірызм, які на самай грані чуллівасці шчасліва астужваецца то шчымліваю ўсмешкаю, то змаўканнем у пару. Лірызм ідзе ад сэрца, ад дабраты, любові; гумар і такт, мабыць, ад разважлівасці, ад пачуцця рэальнасці і самапавагі.

Янка Брыль – самавіты мастак, чалавек чулага сэрца, вясёлага нораву і крыштальна чыстага сумлення. Ён любіць жыццё і людзей. I працуе ён для таго, каб любіць свет яшчэ больш і навучыць чытача мудрай любові, у якой пісьменнік бачыць крыніцу сапраўднай радасці. Дзеля гэтай радасці, якою хочацца адарыць усіх добрых людзей, жыве і працуе кожны сапраўдны мастак.


Прызванне

Сям'я, родная хата, вёска для многіх людзей – такі ж цэнтр сусвету, як у Пталамеевай сістэме Зямля: ні высокія званні, ні абавязкі не аслабляюць у іх сямейных пачуццяў. Як бы ні вырасла кола знаёмых, як бы ні пашырыліся духоўныя інтарэсы, якія б сусветныя аўтарытэты ні сустрэліся ім на жыццёвым шляху, усё роўна і ў сталыя гады інтуіцыя памесціць іх уласнае «я» ў мікрасвет роднай сям'і і прымусіць ад бацькавага парога мераць шлях да вялікіх галактык, якія называюцца: культура і прызванне, народ і чалавецтва.

Аднойчы летам мы праязджалі міма яго роднай вёскі Загора, якая прыткнулася неяк наўскос да паўднёвага схілу пагорка, цераз які пралягаў стары кацярынінскі шлях Мінск – Навагрудак. За намі заставалася ціхая рачулка Вуша, што кіламетраў за восем адсюль упадае ў быстры Нёман, а перад намі з абодвух бакоў прыступкамі ўзыходзілі аж да небакраю пшанічныя ўзгоркі. Пад самым высокім прымасцілася Загора.

Мне падумалася: ці не турэцкі бацюшка з валасным старшынёй далі назву вёсцы. У Турцы – мураваная царква на горцы, адсюль відаць уся воласць і ўся парафія як на далоні, толькі адна гэтая вёска схавалася за гарою.

Марудніца-Вуша нанасіла за вякі ў шырокую даліну і суглінку, і торфу. Заліўныя лугі ды ўрадлівыя землі, як магніт, з давён-даўна напрыцягвалі сюды паноў. У гэтай ваколіцы сутыкаліся ўладанні князёў Мірскіх з абшарамі магната Кашыца. На сутыках паміж дзвюх латыфундый паўціскалася шляхецкая драбнота: некалькі маёнтачкаў, фальваркаў і два засценкі – Воўчае балота і Зарэчча.

– Бачыш, вунь грабеньчык вішняку сярод поля,– ажыўляецца Янка Брыль,– гэта ўсё, што засталося ад маёнтка пана Гнаінскага. Мой прадзед Рыгор дваровым у яго служыў. А дзед Даніла перасяліўся ў вёску адразу ж пасля адмены паншчыны. Сабраліся ў нашым Загоры мужыкі ад пяці паноў – Гнаінскіх, Ёдкаў, Анцутаў, Свідзінскіх, Лісіцкіх.

Янка Брыль яшчэ застаў нашчадкаў былых прыгоннікаў, браў нават прататыпамі ў свае творы, назіраў іх птаматлівае аджыванне. Але многа чаго з мясцовай хронікі яшчэ спеліцца ў памяці, чакае сваёй пары. Так, як «Гуртавое». Нядаўна напісанае апавяданне, поўнае філасофскага роздуму пра калектыўную касьбу лужка на аселіцах, што спрадвеку быў як закваска ў дзяжы агульнага каравая – сённяшняга калгаса, Гпра тое, як адзін загорац рыхтаваўся на пісьменніка ў часе той касьбы! Хоць часта піша Брыль пра свае мясціны, але не вычарпаў усяго цікавага. Ёп лтобіць пацвярджаць у размовах думку Кузьмы Чорнага, што пісьменніку на ўсё жыццё можа хапіць матэрыялу ў сваёй роднай вёсцы. Брыль, як і Кузьма Чорны, ахвотна расказвае пра сваіх землякоў вусныя апавяданні.

Адзін з тутэйшых панкоў шкодзіў і хаваўся ў 1920 годзе ад чырвонаармейцаў, але злавілі яго парабкі, загналі пад канвоем у Навагрудак і пасадзілі ў турму. Сядзіць панок, чакае рэвалюцыйнага прысуду. А разам з ім у камеры сядзіць тутэйшы кулак, таксама за падкоп пад Савецкую ўладу. Кулак, вядома, запаслівы быў, развяжа сабе торбу, там хлеб і да хлеба,– пад'есць, тады скруціць цыгарку і пускае дым. Пану жывот зводзіць сутарга, просіць хоць закурыць, а кулак пасміхаецца: «Адпішы на мяне дзесяціну зямлі – дам». Панок думае сабе: «Забяруць бальшавікі зямлю – давай, адпішу?» – I адпісваў, адпісваў ды так увесь маёнтак і пракурыў. Як Чырвоная Армія адступіла, дык той кулак сабраў паперкі-адпіскі – ды ў польскі суд. I адсудзіў маёнтак. Стаў панам на дурніцу.

Дзяцінства і юнацтва найбольш грунтоўна фарміруюць асобу чалавека. Як бы ні старалася сталасць, а не сцерці ёй таго, што накрэсліла дзяцінства. Янка Брыль змалку гадоў захаваў звычкі і пэўныя густы палявіка: жытняе поле мае над ім і сёння таемную ўладу, як вышэйшая праява красы. Ён можа ўзрушыцца і хараством дрымучага бору, і нетрамі пушчы, і разлівам ракі, ён ахвочы пераначаваць у лясной глухамані пад адкрытым небам, але доўга жыць сярод дзікай прыроды, як я заўважыў, яму не хочацца: нешта цягне да чалавечага жылля, да поля.

Не надта любіць ён фатаграфавацца, але ўгаварыць яго можна заўсёды, калі фонам для здымка выбераш жыта, нават сам запрапануе. Ёсць у мяне некалькі здымкаў яго з сябрамі ў жыце: на Любчаншчыне – з Паўлам Жалезняковічам, героем нарыса «Сэрца камуніста», на Навагрудчыне – з Уладзімірам Караткевічам, над возерам Нешчарда – з Алесем Адамовічам. Брыль рады выпадку брысці па жыце, прапускаючы паміж пальцаў казытлівыя маладыя каласкі, любіць вылузваць зярняты з падаспелага коласа – памятны ласунак пастухоўскага дзяцінства. Стомлены ў дарозе, Янка Брыль часта шукае месца, каб прылегчы недзе ля жыта і, лежачы наўзніч, глядзець, як на блакітным небе важна гойдаюцца залатыя каласы. Тут хутка праходзіць стома. Можа, спракаветнае хлебаробскае пачуццё ўнутранай бяспекі сыходзіць на чалавека: калі вырасла жыта, дык будзем жыць, перазімуем. Ля спелага хлеба бяспечна думаць пра нешта больш высокае, чым хлеб надзённы.

Бацька пісьменніка Антон Данілавіч пачынаў жыццё селянінам, але не змог утрымацца на пачацвераваным мужыцкім надзеле. Паехаў, як і многія загорскія мужчыны, у горад, на заработкі. Праўда, парваць сувязь з зямлёй-карміцелькай пабойваўся: маладая жонка заставалася ў вёсцы, гаспадарыла, гадавала дзяцей, чакала добрага ветру, што часам вяртаў мужа ў роднае гняздо з далёкай, загадкавай, апетай у дзявочай песні Адэсы. Разлуку абаім скрашвалі праца і мары пра дастатак. Маладзіца працавала зацята, як умеюць гэта валявыя мэтанакіраваныя натуры. Цяжкая праца рабіла яе суровай, а бясконцыя разлукі і трывогі – спагадлівай і пяшчотнай. Працы і клопатаў усё прыбаўлялася: старалася прыкупіць зямлі, расла сям'я, усё новыя абавязкі клаліся на яе нястомныя рукі.

Янка Брыль нарадзіўся ў Адэсе. Бацька працаваў тады правадніком класных вагонаў, няблага зарабляў. Самы меншы ў сям'і Янка, мабыць, стаў бы шаляніцаю, пестуном у старэйшых сясцёр, братоў і падстарэлых бацькоў, але час не любіў тады песціць нават дзяцей. Быў 1917 год, за ім прыйшлі трывожныя гады грамадзянскай вайны, а далей галодныя гады разрухі. Як на бяду, цяжка захварэў бацька. Вырашылі вяртацца ў Загора да сваёй зямлі.

Старэйшыя сыны Уладзік і Ігнат былі ўжэ сталымі людзьмі, яны выраслі на перадавых ідэях рускай літаратуры, адчувалі абавязак працаваць на карысць сацыялізма, яны не маглі змусіць сябе вярнуцца ў буржуазную Польшчу, у межах якой пасля Рыжскага міру апынулася ледзь памятная гэтым гарадскім інтэлігентам вёска. Старэйшыя сыны засталіся ў Савецкай Расіі і звязалі думкі ўсёй сям'і з загадкавай новай рэвалюцыйнаю краінай.

Вясёлы па натуры, яшчэ дужы, хоць і немалады, бывалы і дзелавіты Антон Данілавіч пачаў пакрысе абжывацца на гаспадарцы. Ён ужо прыкідваў, як бы збавіцца ад спадчыннага дзедавага цэпа, ад панараду на драўляных восях. У думках былі малацілкі, пружыноўкі, сячкарні: зямлі набіралася парадкам – і свая, і дваюраднага брата-чыгуначніка, што застаўся ў Адэсе,– братава як бы ў арэндзе, па даверанасці, да часу. Бацька ўголас марыў навучыць земляробству толькі старэйшага з траіх прыехаўшых з ім сыноў, Мікалая, а малодшых – Мішу і Янку – вучыць.

На жаль, смерць сустрэла яго амаль у самым пачатку гэтай новай і цяжкай дарогі. Удава спрабавала здзейсніць мары нябожчыка мужа: паслала малодшых у Навагрудскую польскую гімназію. Аднак задача аказалася вышэй яе сіл, бо ў часе крызісу земляробчыя прадукты страцілі ўсялякую цану. Пачуўшы, што маці захварэла, гімназісты кінулі вучобу, вярнуліся дамоў памагаць гаспадарыць.

Браты разумелі, з чым яны развітваюцца, але пачуццё абавязку перамагло, суцешылі сябе абяцаннем ісці да вяршынь чалавечага духу сцяжынамі самаадукацыі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю