355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Калеснік » Зорны спеў » Текст книги (страница 6)
Зорны спеў
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 06:00

Текст книги "Зорны спеў"


Автор книги: Уладзімір Калеснік



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 24 страниц)

Варта яму паказацца – і ў тое ж імгненне

Зведае лоўчы трывогу, і страх, і рашучасць,

Потам зальецца халодным. На жаль, і пачуцці,

I адчуванні не слухаюць нас у трывозе.

Што я расказваю ўсё гэта? Тым, хто не зведаў

Гэтых эмоцый, расказ мой нямым застанецца. (30)


Мастацкасць у разуменні Гусоўскага – гэта перш за ўсё праўдзівасць, а затым майстэрства. Ён па-сярэдневяковаму адчувае яшчэ блізкасць мастацтва і рамяства, таму не турбуецца думкай пра талент, а заклапочаны толькі няўмельствам, нявопытнасцю і бракам часу. Неспрактыкаванасць у вершаскладанні – вось адкуль ён чакае хібаў, а хібы – гэта мажлівыя адступ-ленні ад тэмы і складанага сюжэта:

Я адчуваю: бракуе мне, мабыць, майстэрства

Ў складзе і ладзе паэмы: сяку яе часта

Жычкай-закладкай з разваг ды і з хронікі нашай,

Быццам гуляю ў адклад і староннім шматслоўем

Зубы сваім чытачам незнарок замаўляю.

Вы мне даруйце, няўмеку. Развязка ўжо блізка. (73)


Паэт не хоча адступаць ад тэмы, але насуперак яго жаданню думка збіваецца з простай каляіны:

Гледзячы доўга назад, я паглыбіўся ў нетры

Даўняе даўнасці, збіўся з напрамку, а трэба

Брацца па сцежцы на поўнач, да свойскага лесу,

Ды і пара б мне дапець сваю песню пра зубра. (64)


Гусоўскі паважае розум, сэнсоўнасць, лад і зграбнасць, але ў натуры яго ёсць нешта такое, што перашкаджае яму рэалізаваць гэтыя прынцыпы ў паэме. Песняра заносяць пачуцці, ён абрывае сябе, дакарае і апраўдваецца, збіваецца і папраўляецца так часта, што гэта выглядае на знарокавую гульню. Але какетнічаць Гусоўскі не любіць. Мы пачынаем падазраваць: ён нешта скрывае. Не адразу, аднак, можна ўцяміць, што ў адступленнях засяроджана аўтарская ідэя. А яна шырэй, чым заказ біскупа і пажаданні шукальніка экзотыкі папы Лявона X.

Да заказное тэмы пра зубра, паляванне і экзотыку паўночных пушчаў паэт падключыў спачатку роздум пра творчасць, пра спосабы адлюстравання жыцця ў мастаптве. пра вартасць прамога і ўскоснага вопыту, праўды і выдумкі, пра віды асалод. Паэма набыла жывое дыханне, і тады паэт вельмі інтымна, асабіста ўвёў у твор тэму радзімы. Зубр стаў запаветным вобразам, які абудзіў памяць радзімьі, а радзіма – крыніцай натхнення. Заказ мецэната перарос у заказ сэрца, абавязак – у натхненне. Пясняр адчуў патрэбу выліць душу ў песні, выказаць тугу па далёкай і мілай Айчыне, па вольным жыцці паляўнічага, уздыхнуць па зухаватай маладосці, паляцець на крылах успамінаў з раскошных пасольскіх пакояў у родныя бары ці ў княжацкія замкі, да суровых, мужных і шчырых людзей, да вытокаў, да ўсяго таго, што зрабіла яго чалавекам, асобай.

Мікола Гусоўскі аказаўся настолькі самабытнаю індывідуальнасцю, што яму стала цесна ў рамках тэмы і задачы, пастаўленай мецэнатам, хоць і тая задача была яму блізкай. Далікатна агаворваючыся і апраўдваючыся перад чытачом, ён спакусіўся пакінуць «вечнаму гораду» свой вобраз радзімы, а менавіта не толькі дзівоснага краю, але краю пакутнага і мужнага, вартага болыпай увагі, лепшай долі. Па меры таго як песня ўзбагачаецца тэмай асабістага і нацыянальнага лёсу, Мікола Гусоўскі ўзыходзіць на арбіту нацыянальнага паэта, становіцца ўпоравень са Скарыною. Ахвярнаю асветніцкай работай Скарына ўзворваў беларускую глебу пад засеў гуманістычных ідэй, а Гусоўскі спадзяваўся ўвесці беларускае жыццё і гісторыю ў пантэон гуманістычнай культуры Еўропы. Ідучы з розных кірункаў, ужываючы розныя сродкі, абодва гуманісты, паэт і вучоны-першадрукар, выконвалі тую самую цывілізатарскую і патрыятычную місію.


Лясныя рыцары

Развіццё задумы ад абавязку да натхнення спарадзіла пэўную двухпланавасць твора Гусоўскага, надало спецыфічны падтэкст і ўскладніла структуру. Знарокавая спантаннасць, знешняя раскіданасць кампанентаў прыкрывае ўласцівую аўтару дваістасць мастацкага бачання свету.

Нават у заказной тэме зубра, палдвання і экзотыкі пушчаў скрыжоўваюцца рэалістычныя штрыхі, адпаведныя прынцыпам заходняга рэнесансу, і штрыхі фалькларыстычна-фантастычныя, уласцівыя тагачаснай нацыянальнай традыцыі аўтара.

У стылі рэнесансавай паэтыкі з яе ўстаноўкамі на дакладнасць і яснасць апісаны выгляд зубра, яго будова, пастава, спрыт. Рэліктавы волат, цар пушчы толькі здаецца непаваротлівым і грузным, на самай справе ён, бы віхар, імпэтны і жвавы. Паказваючы зубра ў руху, у дзеянні, паэт даходзіць да натуралістычных дэталяў:

З месца рванецца і ў момант, закінуўшы перад

Аж да хваста, перахопіць на рогі ляпёшкі

I растрасе, каб слядоў па сабе не пакінуць. (18)


Прыступаючы да палявання, паэт, нібыта медык на кансультацыі, раіць гэты занятак як лякарства ад усіх чыста недамаганняў цела і духу: заўчаснага старэння, кволасці, палахлівасці і нудоты. Паляванне апісана так дэталёва, што хоць перанось у падручнікі. Недарма паэму Гусоўскага біёлагі і паляўнічыя прызналі раней, чым гісторыкі літаратуры. Мастак склаў з дзесяткаў бачаных ім здарэнняў панарамную карціну: тут і ловы шляхецка-княжацкія, і мужыцкія, і каралеўскія. На першы погляд крыху назаляе таўталагізм адпраўных сітуацый: раз'ятраны волат-зубр і насупраць яго дружына смелых паляўнічых. Але паўтор тут апраўданы задумай: так жа было, так яно ўрэзаласл ў памяць і ўвайшло ў свядомасць расказчыка. Страхотлівы дынамізм бясконцых сутычак з волатам пушчаў павінен пераканаць чытача, што паляванне на зубра не забаўка і не проста забойства, а барацьба, рыцарскі занятак, проба смяротнай небяспекай. Той, хто не дрыгне,– здасць экзамен на годнасць рыцара:

Веліч хвіліны! Стаяць яны, храбрыя з храбрых,

Тварам да смерці, з надзеяй на гонар і славу.

Дражняць, клінкамі махаючы: ну, нападай жа!

Бліскае сталь ад узмахаў, аж свішча паветра. (65—66)


Рэалістычныя апісанні набіраюць новага каларыту і сілы ў суседстве з кампанентамі, створанымі на аснове фальклорнай ідзалізацыі. Спракаветная магічная заклінальнасць дзесьці нават бярэ верх над рэнесансавай разумнай яснасцю і хоча кіраваць творчымі намаганнямі паэта. Як шчыры хрысціянін, Гусоўскі адхрышчаецца ад небяспечнай спакусы, а памяць дзяцінства падшэптвае паданні, навязвае чарадзейныя ўяўленні:

Часта з трывогаю думаеш: чым растлумачыць

Сілу, што ў нас надаецца замовам і травам,

Песні і магіі слова? Адказу не знойдзеш

I мімаволі згаджаешся: мы яшчэ дзеці

Ў свеце хрышчоных і верым у казкі Медэі. (25)


Ідэалізуючы звера на казачны манер, паэт прыпісвае яму вышэйшыя маральныя пачуцці і грамадзянскія рысы характару. Цар лясоў становіцца сапраўдным царом. Сілач між звяроў, нястомны і чуйны, ён ніколі не нападае першы, «толькі праніжа вачыма, аж дрыжыкі проймуць», «кемлівы звер па прыродзе». Але як рыцар пальчатку, прымае зубр любы выклік пры адной толькі ўмове: змагацца чэсна, без хітрыкаў і падману:

Зубр, як мы лічым спрадвеку, хоць звер, але ж ратнік;

Ён прызнае перамогу, здабытую чэсна —

Сілай на сілу, урожкі, і мужнасць на мужнасць.

Гэта павер'е жыве ў нас ад веку да веку:

Лічаць, што рыцар пушчанскі адправіцца ўпрочкі

З тых запаветных урочышчаў, дзе ў паядынках

З ім сустракалася часта не дужасць, а хітрасць —

Будуць там пасткі, засады ці стрэлы з мушкетаў. (32)


Каб не выклікаць падазрэння, што ён сам забабонны язычнік, паэт перастрахоўваецца агаворкамі:

Я ж не прыхільнік здагадак і розных фантазій,

Тое пяру давяраю, што сам неаднойчы

Бачыў, праверыў, зрабіў – свой мазолісты вопыт. (32)


Аднак жа рацыяналістычныя адносіны да рэчаіснасці пясняр засвоіў толькі ў сталым узросце, ухваліў іх ісціну розумам, а не сэрцам. Розум, як вартаўнік, сочыць за паэтычнай фантазіяй, а тая заносіць песняра ў таемны, дзівосны, прывабны з дзяцінства свет народных легенд і павер'яў. I ён ідзе за голасам сэрца, каб сцвердзіць маральную каштоўнасць таго казачнага лзычніцкага свету.

Зубры жывуць стадам-абшчынай, кіруюцца спрадвечным ладам: важак здабывае права на ўладу ў пая-дынках, пераможца не распраўляецца з сапернікам, не помсціць пераможанаму, абы сышоў з гурту і хай пры-жываецца ў іншай «дзяржаве». Калісьці так пакідалі землі Жамойці літоўскія князі, уцякаючы ад гневу сапернікаў, і прыжываліся ў славянскіх землях. Нядаўна М. Ермаловіч выказаў меркаванне, што такім шляхам трапіў на княжы пасад у Наваградак легендарны Міндоўг. Адсюль вёў ён войны са сваімі крыўдзіцелямі, ствараючы Вялікае княства Літоўскае.

Зубрыны гурт ва ўяўленні Гусоўскага – мадэль ідэальнага калектыву, нават трамадства, нейкая багатырская дружына, якая кіруецца прынцыпамі вайсковай дэмакратыі. У гурце – роўнае права на ўладу, натуральная залежнасць слабых ад дужых і строгі абавязак дужых ахоўваць усіх, аддаваць свой вопыт і сілу на агульную карысць і дабро:

Тыя ж паданні сцвярджаюць, што трон верхавода

Дарма і ў іх не даецца, а вока за вока. (19)


Цікава адзначыць, што Гусоўскі ідзе тут за паданнямі і павер'ямі, хоць яны пярэчаць вопыту лаўца. Паляўнічы не мог не бачыць, што важакамі ў зубрыных стадах з'яўляюцца самкі, а не самцы. Але гэты матрыярхат, відаць, нельга было выстаўляць напаказ, жадаючы выдаць зубра за рыцара. I паэт, дзе толькі можна, падкрэслівае згуртаванасць і разумнасць зубрынай сям'і-дружыны, структура якой у яго апісанні стала патрыярхальнай:

... Там у іх выручка: гуртам за кожнага ў статку,

Кожны ж – за гурт і за ўсіх, беспарадкаў – ніякіях.

Дужы са слабым уладай дзяліцца не стане.

Права царова над статкам на пашы і ў спрэчках

Даў яму вопыт, набыты магутнаю сілай. (20)


Народныя павер'і, фальклорная ідэалізацыя ў паэме з'яўляюцца не толькі стыхійнаю праявай нацыянальнай традыцыі, а сродкам мастацкага мадэлявання ідэалу жыцця. Туга па гераічнай еднасці асобы і грамадства надае вобразу зубрынага статка і карцінам паляўнічых сутычак эпічнае ўзнёсла-рамантычнае гучанне і глыбокі надтэкст.

Узор гераічных характараў і адносін узяты паэтам з народных павер'яў пра зубра, з летапісаў і легенд роднага краю, асэнсоўваецца ў самым вялікім аўтарскім адступленні, якое прысвечана Вітаўту і яго часу.

«Песня» дае два вобразы ўладароў Вялікага княства Літоўскага – Вітаўта і Сігізмунда. Сігізмунд – сучасны паэту «бацька бацькаўшчыны», здавалася б, павінен заняць пярэдні план. А выйшла наадварот. Мімаходзь толькі паказаў мастак Сігізмунда як смелага паляўнічага, які першы кідаецца на раз'юшанага звера, парываючы за сабою лаўцоў. Сказаўшы, што асабісты ўдзел караля ў паляўнічым спаборніцтве аніяк не шкодзіць яго славе і годнасці, паэт прыпыніў сябе на паўслове і паабяцаў апець вялікую справу пануючай асобы другім разам, калі будзе мір, спакой і вольны час. Такі ход, на першы погляд, здаецца незразумелым, бо, акрамя ўсяго іншага, Сігізмунд Стары быў прыхільнікам рэнесансавай гуманістычнай культуры. Сам Эразм Ратэрдамскі хваліў яго мецэнацтва, а прыдворны паэт Кшыцкі вуснамі Рэчы Паспалітай заяўляў: «Маю такога ўладара, што больш знатнага не знайсці на свеце». Прыяцель Кшыцкага Ян Дантышэк уторыў яму: «Гэта муж, у якім можна бачыць згустак адных высокіх якасцей». Іншы прыдворны пясняр захоплена ўскрыкваў, што пры Сігізмундзе «дзікая Сармацыя (Польшча) стала другою Грэцыяй ці Італіяй». Чаму ж наш зямляк адклаў такую аказію? Можа, таму, што яму не хапала свецкай аглады? Але ж мы яго бачылі дастаткова працёртым, праніклівым і эрудыраваным. Справа, відаць, у ідэйнай пазіцыі Гусоўскага.

Сігізмунд Стары адступіў ад традыцыйнай палітыкі сваіх продкаў, якія наводзілі парадак у дзяржаве, абапіраючыся на шляхту. Ён зрабіў апорай улады магнат'аў і выклікаў крызіс даверу ў шляхты, заслужыў клічку «сенатарскага караля». Канфлікт гэты ў трыццатыя гады прыме форму адкрытага шляхецкага бунту «ракошу» і прывядзе да так званай «курынай вайны», а покуль што ў Рэчы Паспалітай шырыўся рух за «экзекуцыю правоў», г. зн. за строгае выконванне каралём усіх законаў і прывілеяў, якія даравалі шляхце яго папярэднікі. Апазіцыю шляхты узначальвау прымас Ян Ласкі, дарэчы, зацяты праціўнік Эразма Цёлка. Барацьба за «вольнасці шляхецкія» перакінулася і на Вялікае княства Літоўскае, дзе самавольства магнатаў не мела граніц. Сігізмунд стаяў на сваім. Толькі ў 1529 годзе ён даруе славуты «Статут Вялікага княства Літоўскага» – звод законаў, які меўся рэгуляваць адносіны паміж магнатамі, шляхтай і «персонай гаспадарскай», а выбарныя земскія суды прыйдуць на месца замкавых ажно ў палове стагоддзя. Шляхту Вялікага княства Літоўскага ў яе спрэчках з каралём і магнатамі падтрымлівала каралева Бона. Не выключана, што з надзеяй на заступніцтва ёй менавіта прысвяціў сваю паэму Гусоўскі. У кожным разе ідэалам вярхоўнага ўладара ён аб'явіў не Сігізмунда, а Вітаўта – пазіцыя ў лепшым сэнсе прынцыповая і для свайго часу прагрэсіўная. Паступіць так недыпламатычна, знаходзячыся ў складзе дыпламатычнай місіі, мог або наіўны прастак, або сапраўдны буйны паэт.

Вітаўт як ніхто ўзвысіў шляхту і пры яе падтрымцы скарыў гардыню ўдзельных князёў, дабіўся цэнтралізацыі ўлады. Пры ім Вялікае княства Літоўскае дасягнула найбольшых граніц і вяло адносна незалежную палітыку. Княжанне Вітаўта трактуецца ў паэме як час гераічных спаборніцтваў, дзе кожны чалавек меў поле для подзвігаў і сцвярджэння сваёй годнасці:

... Доблесць пры ім афіцыйна лічылася першай

Якасцю воіна, і на вайсковых вучэннях

Ён, як аптэкар на вагах, узважваў, хто лепшы,

Лепшаму там жа за доблесць і дзякаваў шчодра.

Ох, не любіў баязліўцаў і пестаў з магнатаў!

Будзь той баярын, але калі дрэйфіць у справе,

Лёс незайздросны ў такога – пагарда дружыны.

Строга і крута судзіў, і прытым – справядліва.

Сам справядлівы ва ўсім, ён па гэтай жа мерцы

Кожнаму мераў і нейкім сваім адчуваннем

Мог здагадацца адразу, дзе праўда, дзе крыўда:

Хлус перад ім не аднекваўся доўга: збялеўшы,

Змяк, затрымцеў, як асінавы ліст, і прызнаўся. (57)


Урачысты, спакойны, як у храністаў, расказ пра заслугі Вітаўта для краю пераплятаецца экспрэсіўнымі сцэнамі-прыкладамі. Перад намі праходзяць поўныя дынамікі і запалу спаборніцтвы па стральбе з лука, кіданні коп'яў у зубра, якога сяляне па загаду князя лавілі жыўцом і распісвалі кругамі-мішэнямі. Паэт адчувае попыт арыстакратычнага італьянскага чытача на экзотыку і ўмее дагадзіць яму, прыводзячы сенсацыйныя дэталі, малюючы поўныя небяспекі прыгоды і жахі (пакаранне смерцю прадажных суддзяў і ашуканцаў). Гусоўскі добра адчувае стыхію паэзіі, яе сілу і здольнасць перадаваць плынь часу, рух падзей, змену пачуццяў. Спаборніцтва воінаў на пераправе цераз раку апісана так яскрава, быццам паэт бачыў яго і хваляваўся за рызыкоўных юнакоў: а было ж гэта ў гістарычныя часы Вітаўта:

Боская воля! Нібы на вадохрышчы колісь,

Боўтнулі з берага голыя людзі на конях.

Бачыш – плывуць, пахаваўшыся ў плыні па шыі,

Толькі чутно, як пафыркваюць коні, а хлопцы

Недзе ўжо боўтаюць побач. Угледзішся – праўда;

Правай рукой учапіліся ў грыву, а левай

Горнуць, грабуць пад сябе белагрывыя хвалі.

Плёсу ж канца не відно і з паўмілі да мелі.

Гэтым таксама былі ўзнагароды, і першы

Першую дачу асушваў са срэбнага кубка,

Кубак жа браў на ўспамін. Не міналі нікога. (56)


Пахвала Вітаўту і. яго гераічнаму веку нечакана канчаецца жыційнаю фігурай, аказваецца, князя варта славіць да нябёс таму, што «ён быў набожным і першы з народамі княства сам ахрысціўся», «цэрквы богу адзінаму скрозь будаваў». Тут яўная ідэалізацыя жыційнага характару. Аўтар, напэўна, знаў, што Вітаўт адносіўся да веры так, як належала палітычнаму дзеячу – чыста утылітарна: ён дабіўся асобнай праваслаўнай мітраполіі ў Наваградку, бо хацеў, каб царква яго дзяржавы не падпарадкоўвалася замежным цэнтрам, але сам асабіста пераходзіў з язычаства на праваслаўе, потым двойчы на каталіцызм, у залежнасці ац палітычных абставін. Сын язычаскай жрыцы Біруты, якая, па словах летапісца, «на Полонзе была хвалена от людей за богнню», покуль яе сілай не ўзяў за жонку князь Кейстут, Вітаўт увабраў у сябе і захаваў тыповыя рысы племяннога правадыра: быў ваяўнічы, уладарны, суровы і просты ў побыце (не браў у рот ні віна, ні піва, ні нават мёду). Пасля Грунвальдскай перамогі, напрыклад, было загадана тут жа разбіць трафейныя бочкі з хмельным пітвом, і, па словах польскага летапісу. віно цякло ракою. абмываючы трупы крыжакоў. За гэту суровую грамадзянскасць, за ўзвышэнне воінскай мужнасці прававерны католік, але і шляхціц па духу Гусоўскі гатовы быў дараваць Вітаўту рэлігійную абыякавасць. Ён адхіляе пашыраныя ў народзе папрокі князю за смерць многіх людзей на вучэннях і паляваннях. Гусоўскі славіць вучэнні-спаборніцтвы як школу грамадзянскага выхавання:

У княжанне Вітаўта ў гады найвышэйшага ўздыму

Княства Вялікалітоўскага, нат і тады ўжо

Сілам яго падупалым патрэбен быў подзвіг. (50)


Крыніца і ўзор ідэалізацыі Вітаўта знаходзіцца ў летапісах, якія ўзносілі гэтага князя вышэй за ўсіх Князёў і каралёў. Аднак трэба заўважыць, што Гусоўскі падышоў да летапісу самастойна, творча, ён, для прыкладу, не выкарыстаў легендарных аповесцей аб паходжанні літоўскіх князёў і знаці ад рымлян. Такія егенды ствараліся ў яго часы па заказу вяльмож і ўключаліся ў пашыраную рэдакцыю беларускіх летапісаў. Яны меліся давесці перавагу літоўска-каталіцкіх вяльможаў над беларускай, у масе сваёй праваслаўнай, шляхтай, а гісторыю Вялікага княства Літоўскага падаць за працяг гісторыі Рымскай імперыі. Прыняць гэтыя легенды паэту, мабыць, не дазваляў шляхецкі дэмакратызм і пачуццё беларускай нацыянальнай годнасці. Зрэшты ён павінен быў узважваць, як бы аднёсся да такіх генеалагічных прэтэнзій нейкага «дзікага» княства рымскі арыстакрат, якому адрасавалася паэма. У кожным разе, Гусоўскі заявіў, што яго народ узяў пісьмо ў грэкаў і прыстасаваў чужыя літары да гукаў роднай мовы, застаючыся сабою. Ізноў жа – смелы і незалежны погляд католіка і слугі каталіцкага біскупа:

Кожны народ не без роду і племя і мае

Летапіс свой і гісторыі след на старонках. (10)


Намаляваная паэтам панарамная карціна гераічнай эпохі Вітаўта нясе смелы падтэкст: у даўнія добрыя часы край яго бачыў спаборніцты не такія, якімі захапляецца сучасны Рым. Ды і цяпер там, на радзіме, захаваліся гераічныя традыцыі, якія могуць спатрэбіцца і сёння для абароны хрысціянскага свету ад мусульманскай пагрозы.


Перазовы эпох

Эпохі, як жывыя істоты, маюць сваю маладосць і сваю старасць. Ёсць пэўнае падабенства паміж раннімі стадыямі розных фармацый: яны аптымістычныя, дзейсныя, акрылёныя духам пошукаў і стварэння. Эпоха Вітаўта была юнацтвам феадальнага грамадства ў карэннай Літве. Славянскія княствы, трапіўшы пад уладу літоўскіх князёў са сваім пераспелым феадалізмам, у нейкай меры як бы вярталіся ў маладосць, адраджаліся з попелу феадальнай распыленасці, цвілі другім цветам. Яны апладнілі маладую шматплямённую дзяржаву вопытам культуры і асветы, накопленым у часы Кіеўскай Русі. Беларуская народнасць, што ўзнікла ў гэтых спецыфічных умовах, дала княству Гедымінавічаў, акрамя ўсяго іншага, дзяржаўную мову, пісьменства і літаратурную традыцыю, поўную гістарычнага аптымізму і патрыятычнага пафасу. Літаратура Вялікага княства Літоўскага таксама стала выражаць ідэалы феадальнай дэмакратыі з характэрнымі для яе пачуццямі ўнутрысаслоўнай роўнасці, чэсці, доўгу, любві да радзімы.

Грамадскія ідэалы жывуць у характарах, поглядах і справах людзей. Гусоўскі лічыць Вітаўта выдатным і мудрым дзеячам за тое, што той заахвочваў падданых сцвярджаць сваю грамадзянскую прыдатнасць цераз удзел у вайсковых спаборніцтвах і сумленнае выкананне даручаных абавязкаў. Тады паміж князем і падданымі была згода, панаваў уздым і энтузіязм, цяпер жа феадалізм падыходзіў да свайго апагея – гераічныя традыцыі захаваліся сярод «паспалітай» шляхты, але ранейшай падтрымкі ў кіраўніка дзяржавы шляхта ўжо не мае.

Носьбітам даўніх гераічных ідэалаў Гусоўскі малюе сучаснага яму лаўца. Ён свабодны чалавек, бо «перад законам і правам лясным на здабытак роўныя ўсе»; ён вынослівы, смелы і ўмелы, бо на аблаве, як на вайне, «сваімі рукамі трымаеш дзіду ці лук ды і долю сваю пад сярмягай». Калі часам трапіцца сярод паляўнічьтх баязлівец, лык абавязкова нехта з радавітых, вяльможных. Схаваўшыся за куст, такі зушок бабахне з мушкета па зубру, ды тут жа і сам памрэ са страху. Па абавязку хрысціяніна, паэт спачувае няшчаснаму, але не праміне выпадку расказаць, як моладзь кпіла з ганебнай смерці вяльможнага баязліўца і напісала нават пацешную эпітафію на магільным крыжы.

Апынуўшыся ў Рыме, культурным цэнтры еўрапейскага Адраджэння, Гусоўскі мог з задавальненнем бачыць, што смелы, рызыкоўны, знаходлівы ў небяспечных пераплётах чалавек быў і тут героем дня. Паказальна ў гэтым сэнсе рэпліка Хрыстафора Калумба з пісьма каралю Фердынанду: «Цяпер нават краўцы хочуць быць адкрывацелямі мацерыкоў». Адраджэнне – досвітак буржуазнай эпохі, і, натуральна, аптымізм ранніх стадый рабаўласніцкага і феадальнага грамадстваў быў яму сугучны. Мікола Гусоўскі ішоў у ногу з духам новага часу, калі ідэалізаваў гераічную эпоху Вітаўта і трактаваў грамадзянскія ідэалы продкаў, захаваныя ў летапісах і народных паданнях, як запавет сучаснікам. Дарэчы, гуманісты заходнееўрапейскіх краін такім жа чынам трактавалі гісторыю і культуру старажытных Грэцыі і Рыма, а наш Францішак Скарына – біблейскія часы і паданні.


Сучаснікі

Перазовы ідэй у Гусоўскага і Скарыны ўбачыць лёгка, хоць гэта розныя людзі. У іх рознае грамадскае становішча, розныя пазіцыі, нават таленты і характары, а значыць, і канкрэтныя творчыя задачы. Скарына больш грунтоўна, чым Гусоўскі, вядзе пошукі ідэальнай дзяржавы, правіцеля і грамадзяніна. Скарына не задавальняецца нацыянальным вопытам, не асляпляецца веліччу літоўскіх князёў, ён перабірае ў думках вопыт сусветны. З пашанаю называе Скарына ў сваіх «предословнях» і «сказаннях» выдатных заканадаўцаў, што дзейнічалі ў Сяродземнаморскіх краінах на заранку гісторыі: гэта афінянін Салон, спартанец Лікург, рымлянін Нума Пампей. Яны далі прыклад заканадаўчай дзейнасці ўсім іншым народам. Называць нацыянальных заканадаўцаў Скарына не лічыць патрэбным. Яго цікавяць сусветныя маштабы. Думка вучонага-гуманіста лунае высока. Толькі раз упамянуў ён імя «наиласкавшего Жигимонта Казимировича, короля польского и Великого князя литовского и русского и жамонтьского»26і змясціў пад іконкаю багамаці мініяцюркі каралевы Боны і караля. Ды чаго ўсё гэта варта ў параўнанні з вялікімі гравюрамі – кожная на старонку – біблейскіх цароў, суддзяў, прарокаў або яшчэ лепш – з трыма ўласнымі партрэтамі. Сапраўды ідэальная дзяржава, валадары і грамадзяне, у разу-менні Скарыны, былі ў біблейскія часы. Гэта Маісей – «законодавець», што ўстанавіў людзям суды, «ими же ся мели  справовати межи  собою», гэта Саламон, які «не просил себе дней многих, ни  богатества, ни  душ врагов, но жадал собе мудрости к наученню судов».

Князю Вітаўту, па словах Гусоўскага, дастаткова было прыроджанай праніклівасці і цвёрдасці характару, каб трымаць парадак у дзяржаве. Скарына патрабуе ад уладара большага, а менавіта мудрасці, без якое нельга ўстанавіць справядлівыя законы і правільна, на падставе законаў, кіраваць людзьмі. Не будзе справядлівым той суддзя, які судзіць зверху. Суддзі, пастаўленыя Маісеем, каб кіраваць людзьмі, «не справовали суть их, яко цари или властители вышнии, силу нмеющне над ними, но яко ровнии и товарищи, раду им даючы и справедливость межи ними чинячи». Пра аднаго такога патрыярхальнага суддзю Скарына заўважае: «Сей имел тридцеть сынов, ездяшнх на тридцети ослех и княжаіцих во тридесяти градех».

Закон у Скарыны – гэта універсальны сродак выхавання людзей – і каралёў, і падданых, рэгулятар функцый грамадскага арганізма.

Універсальны закон адпавядае такому ж універсальнаму ладу жыцця, пад якім Скарына разумее гармонію паміж уладай і падданымі. Аснова гармоніі – божы і чалавечы розум, а яе інструмент – разумны закон. Даючы законы жыццю, розум божы і чалавечы імкнецца ператварыць жыццёвы хаос у суладную гармонію. Хаос – гэта аблада д'ябла, з якое нячысты выгнаў бога, а значыць, і розум, справядлівасць, хараство.

Тры гэтыя катэгорыі: розум, справядлівасць і хараство з'яўляюцца для Скарыны, як і для іншых вучоных людзей Адраджэння, трыма слупамі, на якіх трымаецца гармонія свету.

Дзяржава, якая кіруецца разумнымі і справядлівымі законамі,– гарманічная і прыгожая. Разумны і выхаваны чалавек, які выконвае законы без прымусу, гарманічна дапасоўваецца да грамадства і знаходзіць шчасце. Чалавек, які ўразумее універсальнасць гармоніі свету і сам разумна ўступіць у яе – знойдзе шчасце, спазнае любоў і эстэтычную асалоду.

Калі б папрасіць Скарыну напісаць прадмову да паэмы Гусоўскага, то ён мог бы заявіць, што ў гэтай кнізе сказуецца пра Вітаўта, князя лютага на ворагаў, які ліхаімцаў і крывапрысяжцаў строга судзіў, але не склаў заканадаўства, якім маглі б кіравацца ўсе людзі паспалітыя ў дзяржаве. Скарына блізкі да перадавых гараджан, саслоўя, што было зацікаўлена ў міры, законнасці, свабодзе рамёстваў і гандлю, вольнай змене месц і свабодзе думак.

Гусоўскі – выразнік настрояў шляхты, саслоўя воі-наў, якое патрабавала права кіраваць дзяржавай узамен за абавязак абараняць яе межы. Шляхта таксама дамагалася законаў, як і гараджане, купцы, толькі не універсальных законаў для ўсіх саслоўяў, а законаў-прывілеяў для сябе. Шляхта хацела абмежаваць усеўладных магнатаў, дабіваючыся ўсё новых і новых прывілеяў караля. Гараджане і шляхта мелі розныя становішчы і розныя функцыі ў феадальнай дзяржаве, але паколькі гэтыя функцыі былі ў эпоху Скарыны і Гусоўскага яшчэ, у асноўным, стваральнымі і карыснымі для грамадства ў цэлым, то ідэолагі гэтых саслоўяў сходзіліся на патрыятычных імкненнях, якія ўвасаблялі карысны характар гэтых саслоўяў. Разыходжанні датычылі разумення законаў і правоў. Скарына болып дэмакратычны за Гусоўскага. Ён – універсальны за-коннік. Кожнаму разумнаму чалавеку сама прырода, маўляў, 'напісала ў сэрцы закон, паводле якога трэба «то чинити иным всем, что самому любо ест... и того не чинити, чего сам не хощешм от мных мметм». На такой універсальнай аснове створаны пісаныя законы. Яны розныя, як і людзі, што розным «языком ся любят» ды займаюцца рознымі справамі, кіруючыся словамі апосталаў, «дабы иные на свете собирали сокровища, иные крепости, иные премудрости». Толькі ў адным людзі могуць сысціся: «абы были права их, или закон почтивый, справедливый... пожиточный подле прирожения, подлуг обычаев земли, часу и месту пригожий, явный, не имея в собе закрытости, не к пожитку единого человека, но к посполитому доброму написанный».

Чым табе не ўзор Сігізмунд Казіміравіч, якому належыць упарадкаваць суды і законы ў краіне? Не абыходзь міласцю ніводнага саслоўя, не ўзвышай магнатаў, не пестуй шляхты, а справядліва надзялі правамі ўсе саслоўі ў адпаведнасці з іх прыроджанымі абавязкамі і дзеля агульнай карысці.

У бібліі Скарына знайшоў і ўзорных грамадзян, выхаваных вялікімі царамі-заканадаўцамі і апосталамі. Добры чалавек павінен верыць у бога? Так, але «вере потребне суть добрые дела». Вуснамі апосталаў бог жа загадаў гнаць дармаедаў: «кто не хощет делати, да не ясть и к делу приставлен да будет». Скарына некалькі разоў пераказвае раннехрысціянскае правіла: «пребывати... во делании руками своими». Скарына вылучае ў каментарыях да біблейскіх кніг дзейсных, ініцыятыўных людзей, як узоры для пераймання: вось Ісус Навін – «муж мудрый, смелый, сильный и цнотливый... у своих справах .чуйный и порадный», або Самсон, «той единою щекою ословою тысещу филистымских мужей убил и иныи богатырскии многне дела чинил». Яшчэ вышэй ставіць Скарына грамадзянскую доблесць Юдзіфі. Яна – прыклад не толькі для жанчын, а і для мужчын, як трэба служыць радзіме. Стрыманы, спакойны мысліцель выбухае ўзнёслаю пахвалою на чэсць гэтай «удавіцы-патрыёткі» і выводзіць формулу патрыятызму, пачуцця таксама універсальнага, як і справядлівасць, уласцівага ўсяму жывому, а не толькі знатным людзям. Цікава, што Сігізмунд прысвоіў аднаму віленскаму купцу дваранскі тытул за тое, што той «во время нападу неприятеля крови и горла не пожалел», і нават зрабіў яго падскарбіем літоўскім, г. зн. міністрам фінансаў. Так што Скарына не дужа абстрактны ў сваіх поглядах на патрыятызм.

Генеральным паэтычным сімвалам Гусоўскага быў зубр – горды, мужны і вынослівы ратнік. Ён увасабляў ідэалы шляхецкай вайсковай дэмакратыі, сімвалізаваў чалавека, які бачыў сэнс свайго жыцця ў змаганні за бяспеку роднага краю, за яго гістарычны лёс, за добрае імя яго ў свеце. Вайсковае рамяство навучыла яго ідэалізаваць калектыў, падпарадкававаны разумнай волі важака. Важак – носьбіт усіх лепшых рыс калектыву. Лавец Гусоўскага яшчэ не быў крануты пошасцю шляхецкай анархіі, якая ў эпоху барока выльецца ў згубны культ марнавання жыцця.

У Скарыны ключавы вобраз-сімвал – пчала. Яна ўвасабляе не проста рупную працавітасць, а ідэю калектывізму, грамадскасць у шырокім сэнсе слова, пчала – гэта ўзорны грамадзянін. Скарына прагне, каб народ яго стаў рупным і дбайным, свядомым у сваіх дзеяннях пчаліным роем. Пчолы Скарыны ўмеюць не толькі дружна збіраць мёд, яны ўмеюць і дружна джаліць, баронячы вуллі свае. Такім чынам, герой Скарыны – зборны пчаліны рой-калектыў, а індывідуальнасці, якімі б несамавітымі яны ні былі,– толькі члены калектыву, падобныя на члены чалавечага арганізма. Гэта надзвычай важна.

Эпоха барока абыдзецца бязлітасна з сімваламі Гусоўскага і Скарыны. Барокавыя польскія паэты пераселяць пчолку ў любоўныя вершы. Збігнеў Морштын пабудуе верш «Аб пчаліным уджаленні» на мілым свецкім кампліменце: пчала, маўляў, зблытала румяную шчочку красуні з пялёсткамі ружы, таму ўджаліла. Велічная эпапея палявання, як яе маляваў Гусоўскі, пад пяром барокавага паэта Данеля Набароўскага таксама ператворыцца ў пацешную алегорыю любоўных прыгод: Купідон-паляўнічы хібіць у лань, ды падстрэльвае сэрца лоўчага.

Скарына і Гусоўскі маральна дысцыплінаваныя людзі. Першы не рашаецца заглянуць у інтымна-псіхалагічную падаплёку подзвігу Юдзіфі. Яму імпануе ідэальны подзвіг і ўзнятая над чалавечымі слабасцямі падзвіжніца. Можна ўявіць, як бы адхрышчваўся Скарына, калі б прачытаў, скажам, верш Межэйлайціса «Юднфь», дзе яе адносіны да Алаферна – раман з трагічным зыходам:

Но меж нами поселилась сила

(и она – любви сильней),

и меня с тобою разделила,

и тебе промолвила: «Убей»

27

 .


Напэўна, і Гусоўскі не зразумеў бы ўсёй трагедыйнасці і глыбіні гэтага маналога. I ён прыкрыўся б крысом мантыі свайго мецэната, калі б давялося апісаць прыгоду і подзвіг Юдзіфі. Беларускіл пісьменнікі ў тую пару яшчэ не заглыбляліся ў інтымнае жыццё герояў. Нават у Полыпчы паэтаў абавязвала стрыманасць. У каралеўскім замку ўзнік быў гурток вясёлых «братоў і сясцёр», члены якога, пераважна паэты, дазвалялі сабе непрыстойныя жарты пра духавенства, але Сігізмунд, дачуўшыся пра гэта, тупнуў нагою і забараніў наогул на сваім двары спрачацца пра рэлігію. Каралева Бона дазволіла акцёрам паставіць на замку п'есу «Суд Парыса», але паставіла ўмову, каб усе ролі ў спектаклі выконвалі мужчыны. На ўсход ад Буга панавалі яшчэ больш строгія норавы. Часы Гусоўскага і Скарыны патрабавалі ад пісьменнікаў дыстанцыі ў паказе асабістага жыцця.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю